Мэта гэтай публікацыі - звярнуць увагу на асаблівасці складання іканаграфіі Язафата Кунцэвіча, галоўнага святога грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі і Украіне. Разам з украінскімі даследчыкамі нам важна адказаць на пытанне, ці фактар царкоўнай Уніі спрыяў развіццю беларускай мастацкай школы, ці гэта быў для беларусаў і ўкраінцаў, паводле вядомага ўкраінскага даследчыка Д. Стэпавіка, «іх вольны выбар і іх адчуванне сваёй прыналежнасці да заходняй цывілізацыі».
Меркаваць пра мастацкую якасць афармлення культу святога, якая адпавядала ўзроўню яго сацыяльнай значнасці, з прычыны мэтанакіраванага знішчэння жывапісных твораў у ХІХ ст. вельмі цяжка. Звернемся да літаратурных сведчанняў і твораў графікі, тыражаванасць якіх забяспечыла іх фізічнае выжыванне.
Працэс захадаў да беатыфікацыі св. Язафата пачаўся ў наступны год па яго смерці (1624 г., лісты мітрапаліта Іосіфа Руцкага да Папы Урбана VIІI, караля Жыгімонта і канцлера Льва Сапегі, праца камісіі па даследаванні абставінаў забойства, а затым адпаведны ліст да Урбана VIІI караля Жыгімонта, яго сына Уладзіслава і Льва Сапегі ад 12 лістапада 1624 г.). Працэс працягнуўся пры ўдзеле створаных па вызначэнні Урбана VIІI (двойчы, у 1625 і 1635 гг.) камісій для даследавання жыцця, дзейнасці, смерці Язафата Кунцэвіча і цудаў, звязаных з яго апякунствам. Першая камісія працавала ў 1628 г. пад старшынствам полацкага архіепіскапа Антонія Сялявы, другая, што паўстала ў выніку рымскай місіі галіцкага біскупа Корсака, дзейнічала пад кіраўніцтвам віленскіх канонікаў В. Сялявы і А. Шчыта (з 3 чэрвеня 1637 г.). Вынікам працы другой камісіі , якая засведчыла выразнае складанне элементаў культу, была беатыфікацыя Язафата Кунцэвіча Папам Урбанам VIІI 16 траўня 1643 г. (ёсць розначытанні: Польскі біяграфічны слоўнік падае 1642 г., а аўтар апошняга жыцця, надрукаванага ў 1986 г., Т. Жыхевіч - 1641 г.). Днём памяці прызначаны дзень смерці Язафата - 12 лістапада. Працэс беатыфікацыі з 1641 г. вёў кардынал Ян Памфілі, у будучыні Папа Інакенці Х, агульнавядомы па знакамітым партрэце Веласкеса (і фразе пра гэты партрэт - «залішне праўдзіва!»).
Аглядзеўшы труну 21 жніўня 1637 г., камісія сярод іншага зафіксавала: над надтруннай плітой - вялікі абраз святога, на якім ён адлюстраваны ў пантыфікальных шатах, а вакол сярэдніка абраза - дванаццаць сцэнаў жыцця і пакутаў. Характэрным элементам культу можна прызнаць наяўнасць пры абразе залатых, срэбных і васковых вотаў, а адбіткам шляхецкіх традыцый - прысутнасць двух гербавых картушаў з выяваю белай ружы, герба Кунцэвіча.
Уявіць выгляд сярэдніка згаданага абраза дазваляе малюнак пяром першай паловы XVII ст. у зборніку тыпу Silva Rerum з графічнага збору Станіслава Аўгуста ў калекцыі Акадэміі мастацтваў у Пецярбурзе. Паводле подпісу, малюнак зроблены з вобраза Кунцэвіча, фундаванага каронным маршалкам Мікалаем Вольскім (пам. у 1630 г.) для кляштара камедулаў на Бялянах у Кракаве і быццам бы намаляванага ў Рыме. Кунцэвіч паказаны ў адзеннях, уласцівых на той час праваслаўнаму (і грэка-каталіцкаму) епіскапству на землях Рэчы Паспалітай, а таксама візантыйска-грэцкаму рэгіёну (мантыя з нахільнымі палосамі, вакол шыі - амафор, на галаве - мітра з камянямі, у руцэ - посах епіскапа).
Калі пашырэнне такой іканаграфіі не пярэчыць праваслаўнай традыцыі, то з'яўленне скульптурных выяваў св. Язафата ўказвае на тое, што Унія адчыняла шлях новым выразна-пластычным формам. Замацоўвалася імкненне беларускіх мастакоў да еўрапеізацыі спектру відаў мастацтва і фармальна-стылёвых прыкметаў, якія дапускаліся да ўжытку ў афармленні культа. Так, 12 лістапада 1642 г. у Вільні, падчас урачыстай працэсіі з удзелам Уладзіслава IV людзі неслі скульптуру благаславёнага Язафата з касцёла св. Станіслава да Траецкай царквы.
Характэрна, што афармленнем культу Язафата Кунцэвіча як галоўнага нацыянальнага святога аднаго з пашыраных у Беларусі кірункаў хрысціянскай веры апекаваліся, супернічаючы адна з адной, найбуйнейшыя магнацкія сем'і.
Казімір Лявон Сапега (1609-1656), літоўскі падканцлер, працягваючы справу бацькі, Льва Сапегі, вызначыўся шматлікімі фундацыямі для цэркваў розных веравызнанняў. Што да уніятаў, то яго галоўнай ахвярай быў заказ у гданьскага ювеліра за 63 тыс. талераў (іншыя крыніцы называюць суму ў 35 тыс.) срэбнага саркафага для мошчаў благаславёнага Язафата (1646-1650). Саркафаг быў аздоблены фігуркамі 4 анёлаў (ножкі), 4 рэльефнымі сцэнамі пакутаў па баках і выявай Язафата Кунцэвіча ў архіепіскапскім арнаце з сякерай у галаве - такім чынам, наследвалася больш уласцівая Касцёлу іканаграфія пакутніка за веру (напрыклад, св. Пятра Пакутніка з Вероны, кананізаванага ў 1253 г.). Труна спачатку была змешчана на алтары ў полацкай Сафіі, але потым з прычыны надыходу казацкіх войнаў і небяспекі рабавання святыня вандравала па краі (1648-1668).
Захады па падвышэнні статуса шанавання благаславёнага Язафата пачаліся падчас заканчэння вайны з Масквою, з місіі ў Рым хэлмскага біскупа Якуба Сушы (у 1665 г. ён выдаў там «Жыццё Язафата» - Cursus vitae et certamen martyrii B. Josaphat Kuncewicii…, Romae, 1655). Праўдападобна да 1665 г. належыць яшчэ адна выява бл. Язафата з сякерай у ране на старонках віленскага выдання Ст. Касінскага («Żywot i męczeństwo B. Jozaphata, biskupa i męczennika»). Затым полацкі архіепіскап Гаўрыіл Календа (1606-1674) у 1671 і 1672 гг. двойчы звяртаўся па гэтай справе да новаабранага Папы Клемента Х.
Па ініцыятыве наступніка Календы архіепіскапа полацкага і мітрапаліта кіеўскага Кіпрыяна Жахоўскага (1635-1693) шанаванне бл. Язафата пераносіцца на 26 верасня, што было зацверджана на саборы уніяцкай Царквы ў Замосці (1720). Жахоўскі прысвяціў Кунцэвічу некалькі казанняў, рукапісную кнігу якіх пад назвай «Kazania okazjonalne» можна бачыць адлюстраванай на партрэце Жахоўскага ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (1680). З Кіпрыянам Жахоўскім быў звязаны лепшы беларускі гравёр другой паловы XVII ст. Аляксандр Тарасевіч, які адлюстраваў вобраз полацкага архіепіскапа ў цэнтры гравюры «Тэза Глінды Ліберыюша» (1683). Можна меркаваць, што менавіта ў 1670-1680-я гг. і ў сувязі з дзейнасцю Жахоўскага ўзнікла недатаваная і падпісаная Тарасевічам гравюра з выяваю Кунцэвіча («B. IOSAPHAT MARTYR // A. Tarasewicz»), якая замацоўвае іканаграфію бл. Язафата-пакутніка ў епіскапскім убранні, з сякерай у ране, амафоры з крыжамі, пастараллю і лаўровай галінкай у руцэ. Адбіткам стылістыкі барока выглядае анёл, які карануе галаву Язафата вянком славы.
У 1705 г., пад пагрозай апаганення і знішчэння святыні маскоўскімі войскамі, базыльяне вывезлі мошчы святога з Полацка, а пазней даручылі іх ахове жаўнераў канцлера літоўскага Караля Станіслава Радзівіла (1669-1719). Па вайне апошні парушыў абяцанне вярнуць іх у Полацк і змясціў мошчы ў скарбцы замкавай капліцы ў радзівілаўскай Белай Падляскай. Адначасова Сапегам быў вернуты срэбны саркафаг. У 1743 г. разгарэлася суперніцтва паміж магнацкімі сем'ямі і базыльянамі за гонар захавання мошчаў. Змагаючыся за яго, Міхал Чартарыскі дэклараваў выбудаваць у Воўчыне уніяцкі кляштар і храм для змяшчэння мошчаў, тое ж самае збіраўся зрабіць літоўскі падканцлер Міхал Антоні Сапега (1711-1760) з чарэйска-ружанскай лініі рода. У кантэксце гэтай барацьбы ўзнікае гравюра Якуба Лабінгера (Jakub Labinger, дзейнічаў паміж 1726-1760-мі гг., з 1742 - у Львове), падпісаная «І. Labinger Sculpsit Lieopoli». У 1742 г. Лабінгер выконвае прысвечаную малым пляменнікам Міхала Антонія Міхалу Ксаверыю і Аляксандру Міхалу Сапегам навучальную гравюру «Шахматная дошка для лягчэйшага разумення геральдычнай навукі, ператворанай у забаўную гульню». Верагоднасць замовы абраза менавіта М. А. Сапегам у юбілейны (120 гадоў з дня смерці) год бл. Язафата выглядае праўдзівай. Выява насычаная тэатралізаванай патэтыкай позняга барока: Кунцэвіч адлюстраваны пагрудна, са складзенымі рукамі, з амафорам з крыжамі і сякерай у ране, у авальным медальёне, які на фоне аблокаў нясуць 4 анёлы (прыгадаем, што анёлы трымалі труну ў сапегаўскім саркафагу Кунцэвіча). У трох анёлаў у руках - лаўровая галінка, лілея і княская карона (у верхняга). Апошнюю таксама можна лічыць «сапегаўскім» элементам - дзед Міхала Антонія Казімір Ян (1642-1720) у 1720 г. атрымаў спадчынны княскі тытул ад імператара Леапольда І.
Урэшце, спрэчку пра мошчы бл. Язафата на карысць Радзівілаў вырашыў з'езд базыльянскага закону ў Дубне, які пагадзіўся ў якасці кампенсацыі на будаўніцтва Радзівіламі царквы і манастыра ў Белай і перадачу часткі мошчаў у Полацк. У перыяд пэўнай палітычнай стабілізацыі па выбарах каралём Станіслава Аўгуста мошчы з 1767 г. былі выстаўлены ў манастырскай царкве, і з 1768 г. паведамлялася пра шэраг звязаных з імі цудаў, а ў 1774 г. узнікла гравюра Тэадора Ракавецкага (працаваў у Бярдычаве паміж 1768 і 1780 гг.), якая фактычна паўтарала цэнтральную частку гравюры Лабінгера (медальён), толькі ў люстраным адбітку (вынік гравіравання) і са спрашчэннем формаў. Іканаграфію бл.Язафата можна лічыць канчаткова ўсталяванай у гравюрах Тарасевіча, Лабінгера і Ракавецкага і цесна звязанай з патранажам найбуйнейшых магнацкіх сем'яў Беларусі (Сапегі, Радзівілы), а таксама з абставінамі палітычнага, культурнага і рэлігійнага жыцця ВКЛ.
Сімптаматычна, што па скасаванні Уніі ў 1839 г. у межах Расійскай імперыі (і пры захаванні яе ў Падляссі, у межах Польскага кангрэсовага каралеўства), культ бл. Язафата ўзрастае і дасягае апагею ў пачатку 1860-х гг. Фактычна бл. Язафат стаў патронам вызваленчага паўстання 1863 г., і водгукам Ватыкана былі захады па яго кананізацыі. У гэтым жа годзе Папа Пій ІХ распачаў кананізацыйны працэс, а 29 чэрвеня 1867 г. на вялікім Саборы ў Ватыкане была абвешчана кананізацыя св. Язафата Кунцэвіча на аснове беатыфікацыі 1643 г. з пашырэннем культу для ўсяго каталіцкага Касцёла (святкаванне 12 лістапада). Па паразе паўстання і перад падпарадкаваннем холмскай уніяцкай епархіі РПЦ (1875) мошчы святога былі прымусова замураваны ў склепе царквы ў Белай. Вярнуць іх да рэлігійнага жыцця дазволіў толькі выбух вайны - у 1915 г. іх перанеслі ва уніяцкую царкву св. Барбары ў Вене, а ў 1949 г., далей ад камуністычнай экспансіі ў Еўропе, - у сабор св. Пятра ў Рыме, да алтара св. Васілія Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма.
Пачынаючы з 1620-х гадоў з лёсам толькі св. Язафата звязана дзейнасць найбольш значных мецэнатаў і царкоўных іерархаў ВКЛ, вядомых мастакоў. Пытанне пра ролю Уніі ў развіцці беларускага мастацтва, вынесенае ў пачатак артыкула, як мы бачым, носіць рытарычны характар.