Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Аб уніі на беларускіх землях 


Аўтар: Зенюк Я.,
Дадана: 20-09-2019,
Крыніца: Зенюк Я. Аб уніі на беларускіх землях // Беларуская Культура. 1927. № 1. С. 42-55.



Уніоністычным рухам ёсьць імкненьне да злучэньня ўсіх хрысьціянскіх касьцёлаў.

Распачаўся ён у апошнюю чэцьверць XIX ст., прыпынены падзеямі вайны ўзрос нанова па вайне. Якраз сёлета ў Чэхаславаччыне, ў ліпні адбыўся ўніоністычны кангрэс, на якім былі прадстаўнікі ўсіх хрысьціянскіх касьцёлаў.

Мэта кангрэсу - вырашэньне дарог, па якіх ідучы можна асягнуць аб'яднаньне ўсіх хрысьціян у адным Касьцёле.

Імкненьне гэнае зьяўляецца гістарычнаю неабходнасьцяй.

Вынікае яно з досьледаў над мінуўшчынай ХVІ-ХІХ стагодзьдзяў i выразна праяўляецца з тэндэнцыі гістарычнага разьвіцця.

Цяпер ужо немагчымыя хатнія i міжнародныя войны, якія вяліся з прычынаў рэлігійных розьніц i неаднальковага талкаваньня навукі Хрыстовай.

Нечым далёкім i дзіўным вее для сучаснага грамадзяніна з указаў i эдыктаў, на падставе якіх выганяліся з граніц дзесяткі тысяч найлепшых грамадзян, для якіх ня было месца ў дзяржаве i праўнае абароны толькі дзеля адменнага спосабу аддаваньня хвалы i чэсьці Усявышняму.

Агульны поступ чалавецтва, якое шукае сынтэтычных формаў укладу свайго жыцьця, кіруючыся прыродазнаўчым правам захаваньня энэргіі, выкінуў далёка ў прошласьць справы сумленьня i веры, як прычыны i повады войнаў i ўціску. Грамадзянская праваздольнасьць не апіраецца ўжо цяпер на прыналежнасьць да тае, ці іншае веры.

Відзім шуканьне спосабаў злучэньня ўсіх галін хрысьціянства ў адно.

Пытаньне аб Уніі зьяўляецца адной з праблемаў заўтрашняга дня.

* * *

Унія ў Беларусі мае сваю вялікую гісторыю. На землях беларускіх стыкаліся ад XIII ст. аж да сяньняшняга дня дзьве найбольшыя галіны хрысьціянства: Заходняя i Ўсходняя яго часьці, Рымска-Каталіцкі Касьцёл i Праваслаўная Царква.

Каталіцтва прыйшло ў Беларусь пазьней. Нацыянальным беларускім касьцёлам ад X веку ёсьць праваслаўе, прыйшоўшае да нас з Канстантынопалю. Найстарэйшыя цэрквы, манастыры i першыя беларускія мучанікі, сьвятыя Антон, Астап i Іван (1346-7 г.) сьведчаць аб гэтым [1].

Уплывы Заходняга Хрысьціянства пранікаюць у Беларусь з Нямеччыны цераз Мечаносцаў i Крыжаносцаў у ХП i ХШ стагодьздзях. Аднак, дзеля розных прычын, уплывы гэныя былі слабыя аж да 1386 г.

Гэты год прыносіць збліженьне Вялікага Княжства Літоўскага з Польшчай, хрост літоўцаў i заснаваньне каталіцкага біскупства. Пачаўшы ад Ягайлы, закладаюцца ў Беларусі каталіцкія манастыры, будуюцца касьцёлы i побач з праваслаўем расьцьвітае каталіцтва, якое пранікае з Польшчы.

З гадамі рымска-каталіцкія ўплывы ў Беларусі ўзрастаюць, асабліва сярод сацыяльна вышэйшых слаёў насельніцтва Вялікага Княжства Літоўскага.

Трэба адзначыць, што так званы "хрост Літвы" 1386 г. абмяжоўваўся выключна да самых літоўцаў, якія былі паганцамі; беларускія славянскія плямёны ўжо даўно жылі ў хрысьціянстве, мелі свае цэрквы, рэлігійную пісьменнасьць i нацыянальных сьвятых.

Каталіцкія ўплывы, захапіўшы вышэйшыя кругі, пранікаюць да "паспалітага люду", вядуць наступ на асьвячоныя традыцыяй хрысьціянскія ўплывы праваслаўнае царквы.

Гэны характар ваюючага хрысьціянства (ecclesia militans) Каталіцкі касцёл захавае праз увесь час істнаваньня Незалежнага Вялікага Кн. Літоўскага.

У гэным характары Каталіцкага Касьцёлу, ня гледзячы на вонкавы яго расьцьвет, крылася перашкода злучэньня яго ў адно з Праваслаўнаю Царквою.

Побач i разам з каталіцтвам ішлі ўплывы польскія, - каталіцтва ў Беларусі заўсёды было зьвязана з польскім нацыяналізмам.

За Беларускія землі ў працягу значнага часу йдзе барацьба двох імпэрыялізмаў - маскоўскага i польскага. Апошні з Ягайлавічаў, пры ix разумнай палітыцы, мае пасьпех i як-бы вырашае перавагу Польшчы над Масквою. Ягайлавічы, зьвязаныя паходжаньнем i псыхікай з В. Кн. Літоўскім i пранікнутыя любоўю да яго справаў, вялі разумную палітыку, не дапускалі лішняга ўсіленьня польскіх уплываў на справы Вялікага Княжства, апіраючыся ў гэтым на апінію ўсяго насельніцтва Княжства. Праваслаўе i каталіцтва мае поўную свабоду ў Беларусі, тады калі на Захадзе Эўропы пануе дагмат: чыя ўлада, таго i вера - Cuiue regio, eius religio, - i праводзіцца ганеньне проціў усіх вызнаньняў, адменных ад веры караля i двара.

Розьніца рэлігіі пры Ягайлавічах не іграе ніякае ролі ў дапушчэньні грамадзян княжства да высокіх урадавых пасадаў. Уплывы праваслаўнага баярства i князёў у жыцьці Вялікага Княжства Літоўскага былі вялікія. Праваслаўныя займаюць высокія пасады i пакідаюць свае імёны ў гісторыі краю. Так напр., К. I. Астрожскі, ваявода літоўскі пабіў маскоўскае войска пад Оршай у 1513 г. i затрымаў паход Масквы проціў В. Кн. Літоўскага. Праваслаўныя сядзяць на староствах, вядуць скарб княжства - гэта вялікія патрыёты краю. Разам з гэтым, праваслаўнае грамадзянства Вялікага Княжства адчувае рожніцу, якая яго дзеліць ад Маскоўшчыны, дзе істнуе адна пануючая рэлігія - праваслаўная вера. Аж да 1596 году бачым добрае сужыццьцё праваслаўных з каталікамі ў граніцах Княжства. Ягайлавічы аднолькава дбаюць аб праваслаўных цэрквах i каталіцкіх касьцёлах, граматамі сваімі пацьвярджаюць роўнае трактаваньне абедзвюх рэлігіяў. У прывілеі, выданым каралём Жыгімонтам-Аўгастам у 1563 годзе гаварылася:

"Прымаючы пад увагу, што каталікі, так сама як i праваслаўныя за панаваньня яго продкаў i ў дні панаваньня яго самога заўсёды выпаўнялі службы свае верна i шчыра, са згоды Дзяржаўнай Рады пастаноўлена, што ад цяпер усе павінны карыстацца ў В. Кн. Літоўскім аднымі i тымі шляхоцкімі й земскімі правамі i прывілеямі: ня толькі шляхта i баяры, каторыя з патомства знаходзяцца ў паслушнасьці рымскай царкве i якіх продкі атрымалі ад Польшчы гэрбоўныя клейнаты, але i ўсе йншыя асобы хрысьціянскага народу, якіх продкі не запазычалі ад Польшчы гэрбаў. Дзеля гэтага як ліцьвіны, так i рускія, якія паходзяць з баярства i вызнаюць хрысьціянскую веру, бяз розьніцы каталікі яны ці праваслаўныя, - павінны быць назначаны да выпаўненьня ўрадаў дзяржаўных, прыдворных i земскіх, кожны па меры сваіх здольнасьцяў і выказаных заслуг перад дзяржавай, i ўжо ніхто ня можа быць аддалены ад урадаў з прычыны рэлігійных сваіх пракананьняў."

XVI стагодзьдзе - гэта расьцьвет дзяржаўнага жыцьця Польска-Лiтоўскага гаспадарства. Уплывы яго пашыряюцца на Мадзьяршчыну i Чэхію, дзе на троны ўзыходзяць Ягайлавічы. У ва ўсіх галінах жыцьця бачым красаваньне i разьвіцьцё. Францішак Скарына друкуе i выдае першыя друкаваныя кніжкі. Укладаюцца i выдаюцца вялікія правадаўчыя акты: 3 Літоўскія Статуты, ў якіх скодыфікавана мясцовае літоўскае права, збудаванае на найлепшай сыстэме рымскага права.

Дапусьціўшы шырокую толеранцыю ў справах веры i сумленьня, В. Кн. Літоўскае ўзрастае ў моц i сілу.

Ведама, істнуючае на землях Княжства праваслаўе, каталіцтва і лютэранства вядуць барацьбу, але ў межах дапушчанае для агітацыі свабоды, дзяржава ня ўмешваецца ў гэта, стаіць з боку, пакідаючы самым вызнаньням вырашэньне перавагі i пашырэньня ўплываў сярод народу.

Дзеля гэткіх адносін дзяржавы да справы сумленьня і веры, у Беларусь прыбываюць лепшыя інтэлектуальныя сілы таго часу з Заходняе Эўропы, дзе яны ня могуць пражываць пры панаваньні аднае толькі веры.

Тагочасныя адносіны дзяржавы да справы веры ў Літве i Беларусі прыпамінаюць тое, што будзе блізка за 3 вякі абвешчана французскай рэвалюцыяй.

Усе ўстаўныя акты, выдаваныя ў В. Княжестве, выяўляюць імкненьне да захаваньня асаблівасьцяў краю i абарону перад наплывовымі элемэнтамі з Польшчы.

Аднак разам з каталіцтвам чужыя, з Кароны людзі, здабываюць што-раз то большае значэньне.

Дзеля абароны перад гэнымі ўплывамі польскасьці мае такое пашырэньне ад паловы XVI ст. ў Беларусі лютаранства i кальвінізм.

Краёвыя патрыёты імкнуцца аслабіць значэньне каталіцкаго кліру, які ўасабляе польшчыну ў Беларусі.

Да барацьбы з рэфармацыяй прыбываюць у Беларусь езуіты. З ix прыходам пачынае ў дзяржаўнае жыцьцё Княжства пранікаць заходня-эўропэйскае падтрымліваньне i асаблівая апека аднае толькі веры - каталіцкай паводле тэзісу: cuius resrio, - eius religio.

I ўжо ў канцы XVI ст., калі ня стала старое дынастыі Ягайлавічау на Польска-Літоўскім троне, ў Княжстве іншыя запанавалі адносіны. Акт дысыдэнцкай конфэранцыі 1599 г. (праваслаўных i рэфарматараў) рысуе сумны абраз. Акт гэны адбыўся з мэтай:

"каб кроў абыватэляў за веру бязьвінна ня было пралівана, не была канфіскат маетнасьцяў, пазбаўленьня чэсьці, вязьненьня й выгнаньвя"... "бараніць ад уціскаў, крыўд i гвалтаў, a найболей ад духоўнага стану i некаторых сьвецкіх людзей рымскага закону... што немаль ніводнага кутка ў абшырнай гэтай дзяржаве і ніводнага чалавека ўсякага стану няма ад ix бясьпечнага, што ва ўласных дамох бываюць нападаны, граблены i зьдзекаваны i па вялікіх дарогах ix хапаюць, з рожнымі нячуванымі, для большай мукі, ўдручэньнямі, б'юць, топяць i забіваюць... i прымушаюць слухаць пастыраў, якіх мы лічым за адступнікаў ад патрыархаў ўсходных... За рознасьць у веры у гарадох адбываюцца інквізыцыі... калі просім справядлівасьці i абароны, то адтрымліваем пагарду i насьмешкі"...

Акт гэны падпісалі: ваявода кіяўскі Аляксандар Астрожскі, ваявода валынскі Канстантын Астрожскі, ваявода брацлаўскі князь Сангушка, князі Міхал i Адам Вішнявецкія, віленскі ваявода Крыштоф Радзівілл i інш. 14 ваяводаў i 80 каштэлянаў.

Праўда, што якраз у гэтыя гады на беларускіх землях завастрыліся адносіны паміж уніятамі i прыхільнікамі праваслаўя, аднак акт гэны ясна сьведчыць, што мінула пара толеранцыі, якая была за Ягайлавічаў.

Езуіты зламалі рэфармацыю, ўзяўшы ў свае рукі выхаваньне маладога пакаленьня.

Аднак-жа трудна было адарваць народ ад нацыянальнае "рускае" веры, якая абыймала большасьць насельніцтва. Паўстае сярод самых праваслаўных думка аб злучэньні Царквы з Рымска-каталіцкім Касьцёлам у форме ўніі.

Думка аб уніі насоўвалася дзеля шмат якіх прычын, ідэя гэтая ня была новай, бо ўжо ў мінуўшчыне была спроба злучэньня праваслаўя з каталіцтвам, г. зв. Флёрэнцкая унія 1438 г.

Ў 1596 годзе на саборы ў Берасьці праваслаўныя біскупы з мітрапалітам Рагозаю на чале ўступілі ў унію i прызналі над сабою ўладу папы Клімэнта VIII. У Грамаце 8 верасьня 1596 г. гаварыцца, што:

"...царигородскіе патриархи колі отъ соединенія церковнаго отступилі за таки свой грех отступленія і разорванія едности церковной въ моцъ поганьскую Турецкую впали: зачымъ много блудовъ и злыхъ поступковъ, и занеханьне дозору правага и въ сих краехъ Руских, и много брыдкого святокупства наступило, иж ся ереси розсеяли и всю праве Русь опановали, церкве пустошачы и хвалу Божую псуючы. Мы нехочечи быти участнками греху так великого и неволи поганьской, которая затым и прійшла на царигородских патрхарховъ, и не хотечи им росколу и розорвашя въ церкви святое единости помогати и забегаючи спустошешю церквей и спасешю душъ людьских, через ереси, которые ся теперь поднесьли, маючи о то советъ и небезпеченство спасешя своего и стада словеснага... выправили семо до отца святейшага Климентія осмога, папы Рымскага послы... просячи, абы нас до своего послушенства, яко навышній пастыр церкви вселеньской католической принял, и от зверхности патріарховъ Царигородских вызволил и разрешил, заховуючи нам обряды и церемоніе церквей Восточных Греческих и Руских, а ни якое отмены въ церквах нашых не чинячи, только по преданію святых отецъ Греческих вечне нас оставилъ. Што и учинил..."

Перайшоўшыя ў унію біскупы i мітрапаліт мотывуюць злучэньне царквы з Рымам дабром для самае царквы i жаданьнем падняць яе аўторытэт i абнавіць духоўнае жыцьцё.

Паводле акту, ўніяты захавалі ўсе абрады, язык i літургію ў такім стане, які быў да 1596 г., прызналі толькі главенство папы.

* * *

Дасьледчыкі Берасьцейскае Уніі дзеляцца на два напрамкі.

Праваслаўныя робяць закід падпісаўшым ў 1596 г. акт біскупам, быццам яны кіраваліся карыснымі матар'яльнымі мэтамі.

Польскія гісторыкі прапушчаюць той момэнт, што акт уніі быў спосабам самазахаваньня народу ад чужых уплываў, паводле тварцоў уніі, i то ўплываў польскіх.

Нам здаецца, што падпісаўшыя акт 1596 г. біскупы былі перш за ўсё краёвымі патрыётамі В. Кн. Літоўскага. Раўнапраўнае палажэньне праваслаўных яшчэ да уніі пачало ўступаць прывілегірованаму палажэньню каталіцтва; тварцы уніі бачылі пасьпех езуітаў сярод прыхільнікаў рэфармацыі з аднаго боку, a з другога, баючыся ўзросту маскоўскае орыентацыі ў праваслаўным грамадзянстве Вялікага Княжства, пастанавілі, злучыўшыся уніяй з Рымам, не дапусьціць аднаго й другога.

Апрача таго, беларускія рэфарматары царкоўнаго жыцьця, прыхільнікі уніі, думалі пры помачы замены Канстантынопольскага старшынства на рымскае, зрэфармаваць i падняць сваю царкву i ўтрымаць яе, як нацыянальна рускую ў процівагу царкве каталіцкай - польскай.

"Рэлігійная унія 1596 году ня была прыпадковым, ці накінутым фактам у жыцьці нашага народу, але саўсім натуральным вынікам ходу тагочаснага жыцьця. Была гэта нацыянальная "руская" справа, паднятая ініцыятарамі яе з добрай верай i надзеямі ўратаваць сваё грамадзянства пры помачы яшчэ аднэй рэлігійнай спробы, ў той час, калі надзеі, ўскладаныя на рэфармацыю, пачалі падаць, i каталіцкая рэакцыя стала загартаць пад сябе штораз то шырэйшыя масы, a з другога боку пагражаў узрост маскоўскіх уплываў. Пры самых сваіх нарадзінах, унія апынулася паміж двома варожымі ёй абозамі, - між рэфарматарамі i праваслаўнымі, якія ціснулі яе з двух бакоў, заганяючы ў штораз то большую залежнасьць ад Рыма - каталікоў. I хоць унія ня здужала ўтрымаць у сваіх руках кіраўніцтва адраджэньнем нашага грамадзянства, але ў пачатках палажыла вялікія заслугі, бо прычынілася да разбуджэньня дрэмлючых сіл у нашым народзе, як у грамадзкім жыцьці, так i ў пісьменнасьці. Адзін з абаронцаў праваслаўя, Лаўрын Дрэвінскі у соймавай прамове 1620 году кажа:

"Каб ня было сталася атступленьне некатарых з нашага духавенства ад свайго ў веры пастыра, каб выйшаўшыя з нас не паўсталі супроць нас, то такія навукі, школы i так дастойныя i вучоныя людзі ня выйшлі-бы з нашага народу".

Унія выступіла сьпярша пад знакам адраджэньня царквы і свае народнасьці, але, дзякуючы лішне памылковай апецы над уніяцтвам каталікоў, чым далей, тым больш выпушчала ніці кіраўніцтва "рускай" справай на карысьць праваслаўя, якое ўрэшце штораз-то часьцей, пачынае выступаць у ролі адзінага праўдзівага прадстаўніцтва "рускай" народнасьці" [2].

Уніяцкая Царква праявіла вялікую жыцьцяздольнасьць, асабліва пасьля заснаваньня закону Базыліянаў, які вёў культурную работу сярод беларусаў.

Адносіны польскага каталіцкага духовенства да уніятаў ня былі шчырымі. Уніяцкія біскупы не атрымалі тых месцоў у польскім сэнаце, якія займалі біскупы каталіцкія.

Духавенства каталіцкае паходзіўшае з шляхоцкага стану, лічыла сябе за нешта вышэйшае як уніяцкія сьвяшчэньнікі, якія выходзілі з "паспалітага люду" [3].

Аднак, да падзелу Польшчы, унія не прасьледавалася.

Пасьля падзелаў, пачынаецца прасьледаваньне i ліквідація уніі.

Ужо за Кацярыны II на землях, адышоўшых да Расеі, бачым прасьледаваньне уніяцкаго духавенства, за Паўла I яно слабне, аж урэшце надыходзе 1839 год, калі наступае ліквідацыя уніі.

Расейскі царскі ўрад апіраўся на праваслаўі, падобна-ж, як цяпер польская правіца на нацыяналізьме. Стараючыся зьнішчыць унію, ня мог прыступіць да гэтага, пакуль не знайшліся выканаўцы ягоных плянаў. Аказаліся імі уніяцкія пралаты, гадунцы духоўнага сэмінара пры Віленскім Унівэрсытэце на чале з біскупам Семашкай.

Уніяцкі архімандрыт Лужынскі піша да Семашкі такую заяву:

"На жаданьне Вашае Эксцэленцыі сьпяшу заявіць, што розніцу ў догматах Усходняга i Заходняга Касьцёлаў уважаю за вынік людзкіх мудрстваваньняў, a толькі не за скутак істотных праўдаў хрысьціянскіх, i жадаючы шчасьця Касьцёла й Бацькаўшчыны, гатоў у кожную хвілю прылучыцца да нашаго праайцоўскага Грэка-Расейскага Касьцёла; ўрэшце здаюся цалком на мудрасьць улады, верачы, што мой паступак будзе спрыяць агульнаму злучэньню грэка-уніяцкага народу з гэтым Касьцёлам i не абудзіць у ім жахлівасьці да субратоў i ўласнае Бацькаўшчыны-Расеі" [4].

Другі уніяцкі архімандрыт Зубко яшчэ ясьней матывуе сваё адступленьне ад уніі i пераход у праваслаўя.

"Вашая Эксцэленцыя (у пісьме да Семашкі) аддаўна ведае мой спосаб думак i пачуцьцёў, якія жыўлю адносна Грэка-Расейскага Касьцёла, - ведае мае моцныя перакананьні аб праўдзе дагматаў гэтага касьцёла i аб памылках Рымлян, - знае маё абурэньне на прадзелкі Лаціньнікаў i Палякоў, тварцоў уніі, - знае мой жаль з прычыны вынарадаўленьня 1½ міліона Рускіх, якія будучы ў уніі, ўтрацілі сваю мову i народнасьць, - ведае мой шчыры ўдзел у добрым дзеле наварачываньня уніятаў на лоно Праваслаўнага Касьцёла, - ведае маю гатоўнасьць хуткага прылучэньня да нашае супольнае Маці - Праваслаўнае Царквы, - ведае мае поўнае давер'е да сродкаў, якія ўлада захоча застасаваць у справе ўніяцкай, - усё гэта ёсьць знана Вашай Эксцеленпыі сьцьвярджаю гэта на пісьме" [5].

Маючы падобных выканаўцаў замераў "улады ў справе ўніяцкай", што без засьцярог згары годзяцца на ўсе спосабы ліквідацыі ўніі, Расейскі Урад, дзе ня было разгранічэньня ўплываў улады сьвецкай i духоўнай, 12.II-1839 г. на зьезьдзе ў Полацку духоўных уніятаў прыгатовіў акт аб "воссоедіненіи церквей".

Лужынскі i Зубко, цяпер ужо як біскупы разам з Семашкай, усім жыравецкім уніяцкім духавенствам падпісалі акт аб зьліквідаваньні Уніі i пераходзе ўніятаў да Грэка-Расейскае царквы.

Да акту гэнага далучана 1305 абавязаньняў аб пераходзе на праваслаўе, здабытых ад уніяцкіх сьвяшчэньнікаў па прыказу Семашкі i яго памоцнікаў.

Апіраючыся на акт 1839 г., расейскі ўрад сілаю нішчыпь унію на мясцох, часта гвалтам i ашуканствамі здабывае подпісы ад уніятаў аб пераходзе ix на праваслаўе. Уніяты былі моцна прывязаны да свайго Касьцёла, ня мала пралілося крыві пры злучэньні уніяцкаго каталіцтва з праваслаўем, ці з рускай верай, як яе назваў беларускі народ.

Ф. Багушэвіч у вершы "Хрэсьцьбіны Мацюка" якраз паказвае спосаб ліквідацыі уніі, якая староньнікамі яе прымае характар веры "польскай".

Ізноў спатыкаем адгалоскі 2-х уплываў на нашых землях - маскоўскага i польскага.

Пасьля ліквідацыі Уніі, царскі ўрад, пры помачы справаджанага з Расеі духавенства, вядзе ўзмоцненую русыфікацыю беларускага насельніцтва i выдае ўказ аб забароне друкаваньня па беларуску.

Што кіравала расейскім урадам, які так востра ліквідаваў уніяцкі Касьцёл? Істнуе баламутная багаслоўская літэратура, выданая пры дапамозе сыноду. Усе працы стараюцца сьцьвердзіць вялікі нахіл быўш. уніятаў да Маці-Праваслаўнае Царквы, ад якой былі адарваны стараньнем лаціньнікаў i палякоў. Масы нібы дабравольна пакідалі унію.

Аднак жыцьцё паказвае другое. Запярэчаньнем гэтага ёсьць прывязаньне да уніі, любоў i вернасьць свайму абраду другое часьці б. В. Кн. Літоўскаго, дзе не маглі пашырыцца ўплывы св. Сыноду, Семашкі et соnsortes, - унія ўва Ўсходняй Галіччыне.

Пасьля 1905 г., калі быў дапушчаны пераход б уніятаў з праваслаўя, яны тысячамі прымалі каталіцтва, ня маючы свайго ўніяцкага Касьцёла. Запярэчвае тэзе сынодальных дасьледчыкаў маса судовых справаў i прыгавараў на уніятаў, што байкатавалі накінены ім сілаю новы Касьцёл.

Ужо энунцыяцыі Лужынскага i Зубка насоўваюць адказ на пастаўленае пытаньне. Уніяцкія пралаты здаюць сабе справу, які чыньнік будзе верхавадзіць у справе уніяцкай - улада - расейскі ўрад.

Лужынскі "давярае цалкам мудрасьці ўлады", a Зубко яшчэ ясьней заяўляе, што "годзіцца на тыя сродкі, якія ўлада захоча застасаваць у справе ўніяцкай".

Падзяліўшы Польшчу, захапіўшы абшар з чужым па духу, звычаях i прававым парадку насельніцтвам, маскоўскі імпэрыялізм імкнецца да сьцісьлейшага злучэньня набытых земляў з Расеяй, якія ніколі перад гэтым да Масквы не належалі.

Гісторыкі, служкі пануючых дынастыяў, у працах сваіх даказваюць расейскі характар беларускіх земляў, ствараецца фікцыя, нібы землі гэныя належалі да Масквы, доказам чаго зьяўляецца мэдаль, выбіты за Кацярыны II пасьля першага падзелу Польшчы з напісам: "атторженныя возвратіх" (адарванае вярнула). Уся палітыка Масквы ў Беларусі аж да сусьветнае вайны кіруецца дэнацыяналізацыйнымі мэтамі, зроджанымі імпэрыялістычным імкненьнем пашырэньня ўлады цароў.

Маскоўскі абсолютызм будаваўся i апіраўся на самадзяржаўі i праваслаўі. Праваслаўе было служкай царскага абсолютызму i імпэрыялізму Расеі. У русыфікатарскім пляне, паводле якога мела быць зацёрта розьніца паміж беларусамі i маскоўцамі, ўдарную i галоўную ролю павінна была адыграць праваслаўе. Цераз царкву i ўплывы духавенства мела адбывацца злучэньне Беларускіх земляў з Масквою.

Дзякуючы асаблівай будове Ўсходніх Касьцёлаў i спэцыяльна будове Царквы ў Расеі, дзе істнавалі найбольшыя ўплывы сьвецкай улады на справы духоўныя, цераз царкву дзеець урад, a палітыкай царквы кіруе сьвецкая ўлада.

* * *

Унія 1596 г. захавалася ўва Ўсходняй Галічыне, якая пасьля разьдзелаў Польшчы адыйшла да Аўстрыі. Гісторыя грэка-каталіцкага галіцкага Касьцёла, сучаснае яго палажэньне i значеньне для украінскага народу, a таксама i роля ўніяцкага духавенства ў справе адраджэньня украінцаў-галічан, - пацьвярджае пастаўленую намі тэзу аб краёвым беларускім патрыятызме тварцоў уніі 1596 г.

У Галічыне істнуе 1 мітраполія і 2 уніяцкія біскупства. Уніяты маюць 1906 прыходаў [6]. У кожным прыходзе (парахвіі) дом параха (плебанія) зьяўляецца цэнтрам культурна-асьветнае працы сярод украінскага народу. Зьвязаныя паходжаньвем i працай са сваім народам, уніяцкія сьвяшчэньнікі, украінцы родам, сапраўды стаяць на чале ўсіх культурных пачынаньняў украінцаў, прынамсі бяруць у іх дзейны ўдзел. Уніяцкі Касьцёл ува Усходняй Галічыне шмат прычыніўся да адраджэньня свайго народу Львоўская грэка-каталiцкая мітраполія аказала вялікія заслугі для ўкраінцаў, a мітрапаліты ад 1848 г. лічацца апякунамі вялікіх культурна-асьветных таварыстваў.

Дасьледчык грэка-каталіцкага Касьцёла Др. Л. Колянкоўскі, паляк, так адзываецца аб значэньні для ўкраінцаў уніяцкае царквы i ўплывах уніяцкага духавенства: "Палажэньне i значэньне кожнага ўніяцкага ксяндза сярод ўкраінскага грамадзянства без параўнаньня значнейшае чымся рымска-каталіцкіх ксяндзоў сярод грамадзянства польскага, пражываючага на тэрыторыі Усходняе Галічыны. Уніяцкае парахвіяльнае духавенства як цэласьць, мае ў украінскім народзе без параўнаньня большыя ўплывы ніж каталіцкае духавенства ў народзе польскім. Уніяцкая царква павялічваецца коштам парахвіян рымска-каталікоў" [7].

Выясьняючы прычыны перавагі ўплываў, гэты досьледчык кажа: "Вялікая роля ўніяцкага духавенства выплывае з яго соцыяльнае i грамадзкае пазыцыі сярод свайго народу. Гэта ёсьць лічная інтэлігэнтская група, аб якой ані сьніцца польскаму грамадзянству. Плебанія ўкраінскага пароха зьяўляецца культурнай народнай пляцоўкай, зьвязанай тысячамі вузлоў са сваім грамадзянствам. Уплывы ўкраінскіх плебанаў колёсальныя".

Голас гэтага аб'ектыўнага дасьледчыка пацьвярджае выстаўленую намі тэзу аб краевым патрыятызьме тварцоў акту 1596 г., a з другога боку пераконвае аб патрэбе уніі.

Бо нават ортодоксальныя польскія нацыяналістыя павінны згадзіцца што ўплывы ўніяцкага духавенства для дзяржавы выгаднейшыя, чымся безаўтарытэтнае становішча духавенства сярод масаў i што за гэтым ідзе бяручы сучаснае палажэньне, ўзрост уплываў III Інтэрнацыяналу. Расейскі нацыяналізм зглум ў унію ў Беларусі i гэта наша вялікая страта, але, нашчасьце для суседняга братняга народу, яна асталася ў украінцаў, стаўшы нацыянальнай украінскай царквою.

Пераходзячы да пытаньня аб уніі ў Беларусі ў нашыя дні, лічым неабходным абазначыць розьніцу структураў Рымска-Каталіцкага Касьцёла i Праваслаўнае Царквы, a таксама адносіны ix да сьвецкае ўлады.

Каталіцкі Касьцёл адзіны; ў арганізацыі i гіерархічнай будове яго праведзена стройная сыстэма з кіраўнічым цэнтрам у Рыме, найвышэйшым і найбольш аўторытэтным органам Касьцёла - Папежам.

Каталіцтва, падобна да сыстэмы рымскага права, перайшло праз цэлы рад разьвіцьцёвых фазаў, ня трацячы характару адзінства, выкрысталізаваўшыся ў барацьбе са сьвецкай уладай - нямецкімі цэзарамі, кіруецца цяпер паводле адных i тых самых спосабаў, апіраючыся на новым скодыфікаваным у 1917 г. канонічным праве. мае аднолькавы падзел тэрыторыяльны - арцыбіскупства i біскупства.

У адносінах да сьвецкай ўлады Рымска-Каталіцкі Касьцёл, пакінуўшы свае імкненьне падпарадкаваць меч сьвецкі мячу духоўнаму, лічыць сябе роўным з уладай сьвецкай, якая ня можа мяшацца ў справы духоўныя i з імі зьвязаныя. Адносіны да дзяржавы Касьцёл гэны ўкладае паводле дагавораў з ёю - конкордатаў, якія маюць характар міждзяржаўных трактатаў.

Папеж мае пры сваім двары - Ватыкане акрэдытаваных паслоў i сам высылае сваіх прадстаўнікоў - нунцыяў i легатаў. Ад 1870 г. папа зьяўляецца неабходным сябром i правадыром усяленскіх сабораў, i без ягонае згоды пастановы сабораў ня маюць вагі абязуючага права. Традыцыя XIX вякоў істнаваньня хрысьціянства, прывязаная да рымскага біскупа, выбарны спосаб крэацыі папы высокім сабраньнем кардынальскага Collegium'y - конклява, i вялікая пашана, што акружае найвышэйшага прадстаўніка Каталіцкага Касьцёла, ствараюць папежу надзвычайнае палажэньне i аўторытет.

Папеж ўрэшце, зьяўляецца ў дарозе comitas gentium прызнаным суб'ектам міжнароднага права. Вялікія маральныя вартасьці суцэльна вяжуцпа ў разуменьні хрысьціяніна з імем намесьніка сьв. Пётры на біскупскай мітраполіi, i ў гэтым ужо залог сілы каталіцтва, збудаванага на прынцыпе паслушнасьці (reverentiam et oboedientiam) ніжэйшых духоўных палаженьняў адносна вышэйшых пры загварантованай незалежнасьці ад сьвецкае ўлады.

Інакш укладаліся абставіны жыцьця ўсходняе галіны хрысьціянства. Перш за ўсё Праваслаўная Царква ня знае адзінства гіерархічнага. Усходні Касьцёл падзелены на незалежныя, аўтокефальныя цэрквы.

Гэны падзел, падобна да адзінства каталіцтва, вырабіўся гістарычна. Цэлы рад чыннікаў уплываў на вытварэньне такога стану. Адным з найболей галоўных фактаў было тое, што заходняя часьць Рымскае дзяржавы ўпала пад націскам барбарскіх плямёнаў. Усходняя часьць - Візантыя істнавала яшчэ 1000 г. бяз мала i лічыла сябе за прадаўжэньне Рымскае Імпэрыі. З даўных давен патрыархі ў Канстантынопалі лічылі сябе роўнымі з рымскімі Папамі. Гэта ў значнай меры паслужыла прычынай разьдзелу хрысьціянства. Рымскія Папы вялі барацьбу са сьвецкай уладай i запэўнілі незалежнае палажэньне ад апошняе Каталіцкаму Касьцёлу. У Канстантынопалі патрыархі прызналі вышэйшасьць візантыйскіх цароў. Калі пасьля ўпадку Рыму, папества было сымболем б. велічы Рыму i яго культуры i ўзмацніла павагу рымскае эпіскапаліі, у гэты самы час Усходні Касьцёл падпарадкаваўся сьвецкай ўладзе. Цар візантыйскі, Лявон Мудры, напр., выпаўняў царкоўныя абрады, гаварыў пропаведзі, адзяваў біскупскую вопратку. Другі цар, Канстантын V, сваім дэкрэтам скасаваў пачытаньне абразоў, якое ізноў увяла гэтай самай формай дэкрэту царыца Ірэна.

Тагочаcныя візантыйскія хронікі сьведчаць аб падпарадкаваньні духоўнае ўлады сьвецкай, i гэта лічыцца за нармальны стан. У кроніцы Нікэтэса, напр. чытаем, што паміж Богам a царом няма ніякае розьніцы. У XIII стаг. Дымітры, цар баўгарскі, кажа, што цар у справах веры зьяўляецца вышэйшым за сабор, цар гэта - pontifex maximus (вышэйшы сьвяшчэньнік).

Другой прычынай перавагі ўлады сьвецкай над духоўнай на Ўсходе ёсьць паяўленьне і пашырэньне там сэктаў. Арыяне, сэкта заходняя не пашырылася, a на ўсходзе бачым цэлы рад сэктаў: нэстарыне, монофізыты, монотэліты i іншыя. З пашырэньнем сэктаў малела значэньне канстантынопольскага патрыарха яшчэ до разьдзелу ў Касьцёле.

Дзеля такой перавагі сьвецкай улады i паменьшаньня аўторытэту патрыарха ў Канстантынопалі, паўстае цэлы рад аўтокефальных цэркваў якімі кіруе дзяржава. Другія патрыархаты, як антыохійскі, ерусалімскі i александрыйскі, догматычна падобныя да патрыарха ў Канстантынопалі і імкнуцца да аддзяленьня, што ім i ўдаецца. I толькі за турэцкага панаваньня наступае збліжэньне ix дзеля таго, што гэныя партыархаты ў касьцельных справах маглі зьвяртацца да турэцкага султана толькі цераз Канстынтынопальскага патрыярха.

Тыповым прыкладам аўтокефалізму ўва Ўсходняй Царкве ёсьць манастыр на гары Сынай, якім кіруе незалежны біскуп.

Касьцёл у Расеі аказаўся ў найбольшай залежнасьці ад сьвецкай улады. У 1721 г. за панаваньня Пётра І скасаваны патрыархат a кіраўніцтва царквою перайшло да Сыноду. Сталася гэта на моцы ўказу цара. Сынод складаецца з біскупаў i арцыбіскупаў, нарады-ж яго праходзяць пад кіраўцтвам пракурора Сыноду, які ўваходзіць у склад Рады міністраў. Гэтым спосабам дзяржава мае ўплыў на Царкву, a з другога боку духоўныя ўплывы сплятаюцца цесна з дзяржаўным правапарадкам.

Духоўнаю галавою Царквы быў цар. Такое палажэньне праваслаўя істнавала до бальшавіцкае рэвалюцыі. Формы царкоўнае арганізацыі С.С.С.Р., як і ўсё жыцьцё пры камуністычным ладзе, зламавы i здэзарганізовавы.

Праваслаўная Царква ў Польшчы лічыцца аўтокефальнай (незалежнай). На чале яе стаіць мітрапаліт у Варшаве i дэпартамэнт у міністэрстве. Ад 1919 г матар'альна праваслаўная царква ў Беларусі панясла шмат стратаў. Царкоўныя землі, якіх да 1914 г. было шмат, адыйшлі ў чужыя рукі, шмат цэркваў "рэвіндыкована" - вернена назад i абернена на касьцелы.

У працягу 8 гадоў ішла адплата "вока за вока", "зуб за зуб" дужа часта з крыўдай для праваслаўных i без ніякае патрэбы для дзяржавы. Польскі нацыяналізм імсціўся за быўшыя старыя крыўды, дазнаныя ад нацыаналізму маскоўскага, вызываючы гэтым новыя крыўды.

Праваслаўнымі ў Беларусі зьяўляецца беларускае насельніства. Невялікая група абмаскоўленных беларусаў i расейскае эміграцыі складае малы толькі працэнт.

Пасьля 1921 г., калі Польская дзяржава пачала ладзіць сваё жыцьце, паднялося пытаньне аб уніі ў Беларусі. Разгляданая тэорытычна ў публікацыях, унія знайшла практычнае зрэалізаваньне толькі ў 1925 г., калі архімандрот Філіп Марозов (расеец) перайшоў на ўнію.

Аднак да сяньня унія, пачатая арх. Марозовым, да якога прылучылася было некалькі сьвяшчэньнікаў, пасьпеху ня мела i не пашырылася ані званьня. Мала таго сам Марозов, разам з другімі пачынальнікамі ўніі у нас вярнуўся назад у праваслаўе, шырока матывуючы адыход ад уніі.

Разьбіраючы гэтую спробу злучэньня Праваслаўя з Рымска-Католіцкім Касьцелам у Беларусі, трэба з'аналізаваць абставіны яе, грунт, на якім рабіўся і робіцца яшчэ гэны экспэрымент, здаць справу з дзеючых чыньнікаў, псыхалёгіі праваслаўных масаў у сучасны момэнт, a галоўнае разабрацца ў спосабах зьдзейсьненьня уніі, якія ужываюцца і яе мэтамі.

І сам арх. Марозов i тыя польскія чыньнікі, што дзеялі цераз яго, падходзілі да уніі, ня бяручы пад увагу досьведаў гісторыі аб уніяцкім пытаньні, не разумелі, не хацелі разумець вывадаў яе, а галоўнае адразу праяўлялі гіпокрызію, самаабман, ужываючы унію як спосаб, не падходзілі да гэтае справы як самамэты.

Унія ў Беларусі ня можа мець поспеху, калі ня будзе ўзяты пад увагу характар таго людзкога матар'ялу, верных, якія маюць захапіцца ёю, беларускага праваслаўнага насельніцтва. Ад 1596 г. прайшло шмат гадоў, цяпер ужо іншыя адносіны верных да сваіх пастыраў, і пераход сьвяшчэнніка ці біскупа на унію, ня цягне за сабой народу. Асобліва так ёсць пры сучасных адносінах праваслаўнага беларускага насельніцтва да пануючага правапарадку, пры дазнаных крыўдах з боку ўлады і каталіцкага духавеньства, якое ў разуменьні праваслаўных зьяўляецца органам польскае ўлады і праводзіць яе пляны.

Рэалізацыя уніі ў форме тк. зв. Марозаўшчыны адкрыла ясна, што мэты уніі перш за ўсё палітычныя а не касьцельныя.

Злучэньне Праваслаўнае Царквы з Рымскім Касьцёлам у Беларусі мела-б вялікія пасярэднія вынікі ў галіне нацыянальнага разьвіцця беларусаў, але ня дасьць ніякіх рэзультатаў і ня можа быць зьдзейсьнена, калі ў самым залажэньні ставяцца уніі іншыя, чужыя яе характару і мэты. Рагоза, Рутскі і др. творцы акту 1596 г. імкнуліся да адзінства свае Царквы з Рымам, думаючы аб рэформе царкоўнага жыцьця і захаваньня народу ад дэнацыяналізацыі.

Унія 1925 г. мела якраз мэтай дэнацыяналізацыю беларусаў і была далёкай аж усялякіх рэформаў. Нацыянальныя імкненьні праваслаўных беларусаў зусім ня былі ўзяты пад увагу, мала таго, дзейнасць арх. Марозава і інш. уніяцкіх ксяндзоў, насіла чыста русіфікатарскі характар і як-бы прадзначалася для невялікае групкі монархічнае расейскае эміграцыі ў Вільні.

У чужой для справы ўніі Вільні, без падгатоўкі грунту, месьце, дзе наймацнейшыя традыцыі ліквідацыйнае палітыкі Семашкі, пачаў сваю місійную працу Марозаў, патрымліваны віленьскім каталіцкім духавенствам

Апошняе-ж, у масе сваёй нацыяналістычнае, пранікнутае шовінізмам без граніц і далёкае ад магчымасьці зразумець значэньне уніі. Сама сабой выцякаўшая неабходнасьць зьвязаньня уніяністычных пачынаньняў у Беларусі з істнуючай у Ўсходняй Галічыне сільнай і жыцьцяздольнай грэка-каталіцкай Царквою ня толькі ня была праведзена ў жыццё, але арх. Марозаву было "сурова забаронена" мець якія небудзь зносіны з мітрапалітам Шэптыцкім.

Польскія нацыяналісты, чужыя і варожыя справе уніі 1596 г., хацелі йсьці слядамі Семашкі і чорнае расейскае сотні, ствараючы самаабман, гіпокрызію "польскай уніі" на грунце, так няпрыязна ўвасобленым імі-ж да ўсяго польскага.

Нармальная дарога падходу да уніі цераз беларускае духавенства, якое адно толькі магло-б х посьпехам праводзіць гэтую вялікую справу, зьяўляецца чужою для высокіх касьцельных чыньнікаў. Яны карыстаюцца амбітнымі расейцамі, як архім. Морозов, або выкаляенцамі, быўшымі есауламі, гатовымі на ўсё i далёкімі ад звычайнае хрысьціянскае этыкі, як кс. Леснабродзкі, але перш за ўсё б. царскімі служкамі, манархістымі па пераконаньню, варожымі i чужымі Беларускаму народу i насельніцтву.

Канцэпцыя польскага нацыяналізму, ў найгоршай ягонай форме, створанай эндэцыяй - вынарадаўленьня беларусаў праз касьцёл, так добра знаная з практыкаў расейскага чорнасоценства i да яго падобная, ўлілася ў новую форму, форму ўніі ў Беларусі, пачатую архім. Морозовым.

Эндэцыя жыве самаабманам. Гэныя мяшчанскія па духу палітыкі, польскія эндэкі, захапіліся каўтунскім поглядам на каталіцтва, як на "польскую" веру, не разрожніваючы рэлігіі i нацыянальнасьці. Няздольны адказацца ад гэтага самаабману. Нацыяналізм - гэта, па выражэньні вялікага філёзафа i глыбокага ўніяністага Ул. Соловьёва, "сыфіліс хрысьціянства". Нацыяналізм забіў унію 1596 году i дыскваліфікуе яе цяпер.

* * *

Арх. Морозов, полянізатар праваслаўнае духоўнае семінарыі i русыфікатар уніі, судзячы па прошлай ягонай дзейнасьці быў чужы справе уніі. Але ня будзем, ідучы па лініі найменшага апору, відзець у ім толькі кар'ерыстага, які адважыўся парваць з праваслаўем дзеля карысных матываў. Бязумоўна інтэлігентны чалавек, вучоны багаслоў, перарастаў усіх іншых уніяцкіх ксяндзоў i шырэй заглядаўся, стаўшы уніятам, на справу уніі.

Морозов меў плян уніястычнае працы i імкнуўся да зьдзейсьненьня яго. У сваіх мэморыялах, складаных духоўнай уладзе, ён дамагаўся пэўнай формы гіерархічнае незалежнасьці ад віленскага каталіцкага духавенства ў постаці эгзархату i захаваньня для грэка-каталікоў назовы "праваслаўны". Гэнае жаданьне вікарнае уніяцкае біскупскае мітраполіі наводзіць нас на думку, што арх. Морозов разгадаў ігру эндэцкага нацыяналістычнага клеру ў справе уніі.

Зьезд каталіпкіх біскупаў, калі адыйшоў з Вільні найлепшы для уніі біскуп Ю. Матулевіч, адкінуў пляны Морозова адносна эгзархату, паказваючы істотныя свае адносіны да уніі. Ужо i да гэтага раскрыцьця "карт", Морозов ня меў падтрыманьня ў польскіх групах. Нацыяналістыя баяліся паважнага падыходу да уніі нават такім далёкім ад беларусаў чалавекам, як арх. Морозов. Адмова эпіскапату згоды на пляны Морозова адчыніла яму вочы на ягоную ролю i на няшчырасьць каталіцкіх духоўных вярхоў да вялікай справы злучэньня Касьцёлаў. Морозову аставаўся толькі адзіны натуральны выхад з створанага палажэньня, i ён яго зрабіў: вярнуўся назад у праваслаўе.

Таго, што робіцца цяпер у справе уніі, ніхто, ані каталікі-палякі, ані праваслаўныя, не трактуюць паважна. Унія ўзята ў недастойныя рукі, (Гапановіч, Леснабродзкі), якія як найхутчэй павінны яе выпусьціць для дабра i павагі справы.

Сваё аўторытэтнае слова мусіць сказаць Рым.

* * *

Унія ў Беларусі зьвязана з такім ці іншым паглядам на яе мясцовага каталіцкага духавенства. Выходзячы з вечнасьці імкненьня за ўсялякую цану да адзінства Касьцёлаў пад гістарычна апраўданай рэпрэзэнтацыяй Рымскага Папы, самі каталікі мусяць перамяніць свае адносіны да уніі, шчыра яе хацець.

Унія можа мець пасьпех, калі яна будзе самамэтай, a ня спосабам. Да яе трэба падходзіць, маючы на мэце ўсіленьне духоўнага жыцьця, праз цяснейшую лучнасьць духавенства з вернымі, праз павялічэньне ўплываў яго ў справе культурна-асьветнага поступу прыхажанаў.

У сучасны мамэнт ад сьвяшчэньніка вымагаецца глыбокая веда, вялікая інтэлігэнцыя, практычнае азнаямленьне з патрэбамі верных дбаласьць аб палепшаньні ix дабрабыту - прыстасаваньне i здольнасьдь грамадзкае працы. Нічога не накідаючы згары, a вядучы сваю паству праз труднасці штодзеннага жыцьця, здабывае сабе духавенства ўплыў i пашану.

Перш за ўсё зьяўляецца неабходнасьцяй дзеля асягненьня такога становішча духоўных вытварэньне свайго нацыянальнага духавенства.

Праца духавенства будзе мець пасьпех калі абапрэцца на ўзаемным давер'і i шчырасьці. Народ заўсёды крытычна адносіцца да ўлады, i ўсё тое, што вяжацца ў яго разуменьні з уладай, што накідаедца яму згары ўрадоўцамі, ці кругамі, ад ураду залежнымі, сустракаецца з той ці іншай мерай падазроннасьці.

Асабліва-ж жыва гэта выяўляецца ў нас, у Беларусі дзеля спэцыфічных варункаў, якія выкапалі цэлую прорву недавер'я паміж народам i ўладай. Напрамак палітыкі, практыка ўрадоўцаў як-бы зумысьльна паглыблялі гэную прорву.

Дзеля гэтага ніякая спроба уніі ня прымецца ў Беларусі, калі за яе возьмуцца ўрадовыя чыньнікі, нават калі яны яўна стануць памагаць староньнікам уніі.

Справа рэлігіі i дзяржаўны правапарадак цесна, праўда, зьвязаны з сабою, але сувязь гэная носіць іррацыянальны характар, абодва зьявішчы гэныя ляжаць у рожных плошчах. Апанаваньне духоўнае сфэры сьвецкаю ўладаю - залог аслабленьня рэлігійнасьці ў краі i паменшаньыя ўплываў клеру.

Дзеля гэтага ўнія, якая праводзіцца старастамі i паліцыяй, будзе загублена ў самым яе пачатку.

* * *

Унія ў Беларусі цесна вяжацца з нацыянальным характарам праваслаўнага насельніцтва - беларусамі, i кожная спроба пашырэньня уніі бязумоўна з гэтым нацыянальным характарам народу павінна лічыцца.

Дзеля таго, што ў нас, дзякуючы масе прычынаў сярод насельніцтва істнуе пагляд, што каталіцтва i польскасьць аднолькавыя рэчы, дзеля таго, што самі польскія нацыяналісты лучаць гэныя два разуменьні i праз Каталіцкі Касьцёл стараюцца вынарадавіць беларусаў, a таксама, бяручы пад увагу узрост сьведамасьці Беларускага Народу, - справа уніі павінна быць аддана ў рукі беларусаў. Уніяцкая царква тады толькі стане на правідловым шляху, калі яна будзе насіць характар "беларускае" Царквы.

Дзеля гэтага павага уніястычнага руху вымагае з боку Рымскае духоўнае ўлады распараджэньня, якое забараніла-б польскім нацыяналістым карыстацца уніяй, як спосабам i не дапусьціла-б ix да уніоністычнага руху нават пасярэдна, бо польскі нацыяналізм шкодзіць i толькі адцягвае справу злучэньня касьцёлаў.

Прапагатарамі уніі мусілі-б быць не перабежчыкі ад праваслаўя, якім грозіць выдаленьне з Царквы, не рэнэгаты i кар'ерыстыя, a адданыя глыбока сваёй справе ідэйныя людзі, выхаваныя ў гэтым абрадзе i адбыўшыя працу на грунце уніяцкага Касьцёла ў-ва Ўсходняй Галіччыне. Ад ix вымагаецца вялікая місыйная ахвярнасьць, моральная чыстата i вялікая этычнасьць.

Далей трэба вясьці ўмелую прапаганду уніі сярод насельніцтва ў роднай яго мове, каб народ зразумеў i пераняўся гэтай справай. Бяз верных ня будзе касьдёла, бо з трох элемэнтаў, з якіх складаецца разуменьне Царквы: догматы, гіерархія i верныя, апошні мо' найважнейшы.

Мэтодамі Семашкі унія ня можа быць рэалізована.

Нельга да уніі падходзіць з прадузятым поглядам, што ўсё ў Праваслаўнай Царкве мае толькі нэгатыўную ацэнку. Злучэньне Касьцёлаў магчыма толькі тады, калі каталікі пераймуцца пашанай таго, што ў праваслаўі варта яе, a гэтага бязумоўна там шмат.

Беларускае грамадзянства мусіць горача жадаць уніі. Адраджэньне Беларускага Народу, яго культурнае i матэр'яльнае разьвіцьцё суцэльна вяжацца з рэалізацыяй уніі, паводле прадстаўленай намі концэпцыі.

Для дзяржаўных інтарэсаў Польшчы унія, гэтак сама мае вялікае значаньне, бо яна аслабіць i выключыць маскоўскія ўплывы, якія ідуць у праваслаўныя масы ад сучаснага праваслаўнага духавенства, якое ў большасьці сваёй орыентуецца на "Великую, Единую i Неделимую" Расею.

Я. Зенюк.

Літэратура:

Кипріяновіч -Историческій очерк Православія, Католичества и Уніі въ Белоруссіи и въ Литве. Вильна 1899.

А. Ластоўскі - Гісторыя Беларускай (Крыўскай) Кнігі. Коўна 1926.

Wiatrowski - Greko-unici hrubieszowscy. Lublin 1926.

Walerian Charkiewicz - U grobu unji kościelnej. Kraków 1926.

Kolankowski Ludwik - Koscioł a cerkiew w Galicji Wschodniej. Kraków 1909.

Ks. Edward Likowski - Dzieje Kościoła Unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX w. Warszawa 1906.



[1] Сьвятая Еўфрасінія Полацкая жыла ў ХІІст. М. Дуброўскі. Жытіе преподобной Ефроснніи 1887.

[2] В. Ластоўскі. Гісторыя Беларускай кнігі. Коўна 1926 г. Стар. 249.

[3] Стандартная памылка, уніяцкае духавенства ў сваёй масе з'яўлялася шляхтай - Лаўрэш Л.

[4] Православный Собеседнік 1884 г. стр. 32. Запіскі Васілія Лужынскага, архіепіскопа Полацкага.

[5] "Літоўскія Епархаільныя Ведомости" № 6-7, стр. 48. 1884 г. "А. Зубко".

[6] Паводле дадзеных за 1903 г.

[7] Dr. L. Kolanko wski. Koscioł a Cerkiew we Wschodniej Galicji. - Kraków 1909 r.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX