Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Грудзіна А. Царкоўная унія і гісторыя некалі галоўнага храма Шклова


Аўтар: Грудзіна А.П.,
Дадана: 03-05-2012,
Крыніца: НАША СЛОВА № 18 (1065) 2 траўня 2012 г.



Менавіта на Беларусі, у канцы 16 стагоддзя, пасля няўдачы ўсяленскай Фларэнційскай Уніі 1439 года, была заключана унія рэгіянальная. Праваслаўныя і католікі зноў парадніліся.

Прыхільнікі унійскай ідэі - людзі высокаадукаваныя, якіх перастала задавальняць культурная канцэпцыя праваслаўя і прываблівала жыццяздольнасць каталіцкага Захаду. Задуманная царкоўная рэформа абяцала, без страты дзяржаўных пасад, выхад з праваслаўнага ізаляцыянізму і далучэнне да багатых інтэлектуальных і культурных набыткаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.

Унія была прынята не паспешна і бяздумна, а пасля працяглых роздумаў і шматлікіх сустрэч. Яе падрыхтоўка доўжылася шэсць гадоў. Упершыню іерархія Кіеўскай метраполіі зрабіла заяву аб з'яднанні з каталіцкім касцёлам на сінодзе 1590 года. Тады ж паўстала і пытанне аб гарантыях забяспячэння самабытнага аблічча, асобнасці, правоў і прывілеяў сваёй царквы. На сінодах і нарадах, у розных дакументах і пастановах наступных гадоў выкрышталёўваліся патрабаванні да дзяржаўных улад Рэчы Паспалітай і Ватыкана, пры ўмове выканання якіх кіраўніцтва беларускай і ўкраінскай праваслаўнай царквы згаджалася прыступіць да Уніі. Заходняя пазіцыя навязвання нераўнапраўнага саюзу была разбіта на перамовах 1590 - 1596 гадоў.

Звесткі пра існаванне хрысціянскіх храмаў у гэты час у Шклове можна знайсці ў даследванні польскага навукоўца Марыі Тапольскай. Яна піша, што ў сярэдзіне 17 стагоддзя ў Шклове існавала Уваскрасенская царква, на прадмесці Задняпроўскім - Троіцкая, а на прадмесці Аршанскім - Св. Прачыстай з манастыром. Так-сама яна паведамляе, што два храмы належылі да уніяцкай плыні. Згадваюцца прозвішчы жыхароў Шклова: Прасаловічава, Мазурычава, Касабуцкай, Грасулевіч, - якія ў 1726 годзе "хадзілі да касцёла ўніяцкага замест рыма-каталіцкага".

Сёння адносна месца знаходжання гэтых храмаў дакладна можна сцвярджаюць толькі пра два з іх. Захаваліся муры Ўваскрасенскай царквы на сучасным паўднёвым "Рыжкаўскім" ускрайку горада і муры Троіцкай царквы на Вялікім Зарэччы. Пра Троіцкую царкву захаваліся вельмі сціплыя звесткі. Вядома, што будынак яе быў драўляны, галоўны фасад быў прадстаўлены порцікам з франтонам. Драўляныя калоны дарычаскага ордэна, антаблемент, франтон імітавалі камень. Пад камень распісаны і драўляныя сцены царквы. Такія формы культавай архітэктуры назіраліся ў перыяд устанаўлення класіцызму на Беларусі. Звесткі пра тое, што Троіцкая царква мае нейкае дачыненне да Уніі, у гістарычнай літаратуры не сустракаюцца.

У сваю чаргу Ўваскрасенская царка доўгі час была галоўным шклоўскім храмам і, безумоўна таму, пра яе існаванне захавалася значна больш паведамленняў. Пачнем з таго, што існуе два паданні пра ўзнікненне Ўваскрасенскай царквы ў Шклове. Былы старажыл рэлігійнага жыцця Шклова Хрысціна Іванаўна Краснагорская (яе расказ быў запісаны яшчэ ў 1993 годзе) распавядала, што штуршком для пабудовы царквы былі наступныя падзеі. У старадаўнія часы ў Шклове, на беразе Дняпра, быў стары сасновы лес. Тут заўсёды любілі гуляць у свае гульні мясцовыя дзеці. Аднойчы яны закінулі чаравік у дупло дрэва і колькі потым не стараліся, не змаглі яго адтуль дастаць. Паклікалі на дапамогу дарослых, і тыя ўбачылі, што на дне гэтага дупла ляжыць дзівосны Божы абраз. Запрасілі да дрэва святара, аднак выцягнуць абраз знутры дрэва ніхто не змог. Вырашыла тады мясцовая грамада па-будаваць на гэтым месцы царкву. Дрэва з абразом захавалі, і яно засталося ўнутры памяшкання пабудаванага храма. Абраз атрымаў назву "Утоли моя печали". Пры храме дзейнічаў манастыр. Манахі пачалі рабіць копіі гэтага абраза, якія потым пачаў разыходзіліся па іншых мясцінах.

У пабудаваным будынку храма ўнутры памяшкання сапраўды існавалі дзве калоны з выявамі святых. Безумоўна, ў першую чаргу гэтыя калоны выконвалі будаўніча-архітэктурныя функцыі і дадаткова, ў сваю чаргу, маглі нагадваць вернікам і пра існаванне тут некалі дзівоснага дрэва. Абраз з назвай "Утоли моя печали" сапраўды мае вядомасць у хрысціянскім свеце. Кніга "Земная жизнь Пресвятой Богородицы и описание святых чудотворных её икон", якая ўпершыню пабачыла свет у 1897 годзе, дае пералік святых цудадзейных абразоў Прасвятой Багародзіцы і паведамляе, што абраз "Утоли моя печали" знаходзіцца ў Шклове Магілёўскай епархіі. Таксама кніга паведамляе і пра іншыя абразы з аднолькавай назвай. Абраз "Утоли моя печали" быў прывезены ў Маскву казакамі ў 1640 годзе ў час праўлення цара Аляксея Міхайлавіча. У маскоўскай царкве Мікалая Цудатворца нават захоўваліся пісьмовыя сведкі пра цудадзейнасць гэтага абраза, аднак пасля чумы 1771 года ўсе паперы былі знішчаны агнём. У кнізе таксама паведамляецца, што акрамя Масквы абразы з аднолькавай назвай захоўваюцца ў Санкт-Пецярбурзе, у манастырах Арлоўскай і Падольскай епархій. Выява гэтага абраза прадстаўляе Божую Маці, якая правай рукой трымае Правечнае Дзіця, а левую руку прытуліла да сваёй галавы, некалькі нахіленай на бок. Божы сын трымае перад сабой разгорнуты звітак. У сучасны момант адна з копій гэтага абраза захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Шклова.

Другое паданне расказвае, што штуршком для пабудовы Уваскрасенскай царквы стаў іншы выпадак. Аднойчы гандляр спяшаўся дамоў, і яму прыйшлося плысці па Дняпры ноччу. Пачалася навальніца, ды такая моцная, што карабель разбіўся, а сам гаспадар цудам ацалеў і выбраўся на бераг. У гонар свайго выратавання ён і распачаў справу пабудовы царквы непадалёк ад месца, дзе ён з Божай ласкі выбраўся на бераг. І сапраўды, Уваскрасенская царква знаходзілася непадалёк ад ракі. Паданне таксама сцвярджае, што нібыта ў царкве існавала шыльда, або пліта з прозвішчам гэтага гандляра.

А зараз звернемся да гістарычных крыніц. У "Магілёўскай хроніцы Трафіма Раманавіча Сурты і Юры Трубніцкага" паведамляецца, што ў 1690 годзе "Пан Бог адведаў агнём горад Шклоў, амаль увесь замак з вялікай вежай, фарны касцёл і крамы пагарэлі". "Магілёўская хроніка" паведамляе таксама пра Ўваскрасенскую царкву, што пасля пажару 1690 года "... месяца 15га панамар Данііл запамятаваў патушыць у царкве свечкі, ад якіх згарэла багатая шклоўская царква з усімі скарбамі, кнігамі, начыненнем, званамі, нічагусенькі не засталося. І так гэты здраднік ўцёк, бо быў бы сам спалены." І чытаем далей, што ў 1701 годзе: "Шклоўская царква змуравана і дакончана панам Базылём Аўсяевічам, шклоўскім купцом, ягоным коштам, толькі падобна, не без дапамогі іншых".

Пра гэтага чалавека крыніцы паведамляюць, што ў 1670-1680 гадах Аўсяевіч займаўся буйнымі гандлёвымі аперацыямі. Скупляў лес, пяньку, каноплю ў мяшчан Магілёва, Шклова, таксама ў духавенства і шляхты. У яго былі свае стругі, эканомы, слугі.

К гэтаму часу новая царква ў Шклове паўстала, безумоўна, ва ўніяцкай традыцыі, і новы велічны мураваны храм быў асвечаны ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла. Пры ўвядзенні Уніі не было радыкальнай ломкі рэлігійных традыцый і звычаяў, якая б груба і балюча закранула рэлігійную свядомасць вернікаў. У адваротным выпадку яе творцы засталіся б у ізаляцыі. Вера ўтваралася шляхам трансфармацыі праваслаўя з захаваннем дастатковай пераемнасці. Яна аддалілася ад праваслаўя і не злілася з каталіцтвам - у гэтым яе спецыфіка. Гэта была спроба ўзгадаваць новую форму рэлігіі на візантыйска-ўсходне-славянскай аснове з выкарыстаннем заходніх традыцый. Яна складвалася, не адмаўляючы і не разбураючы папярэднюю, а толькі дабудоўваючы яе.

Унія была з'ява беларуская не толькі тэрытарыяльна. Пасля пастановы Сойму 1696 года, калі на тэрыторыі Княства быў афіцыйна замацаваны статус дзяржаўнай мовы выключна польскай, толькі ўніяцкае духавенства захавала вернасць Беларусі. Вось што пісаў выдатны пісьменнік Максім Гарэцкі - вялікі знаўца гістарычных рэаліяў: "Палажэнне нашай мовы ў 17 - 18 стагоддзях у школе было добрае толькі ў школах уніяцкіх. У праваслаўных жабрацкіх школах вучыліся ёй мала дзе, а часам дык забаранялі вучням гаварыць на лекцыях "па-просту". …наша кніжная мова існавала і далей, аж да канца 18 века. Найперш у уніяцтве… Уніяцкія ж духоўнікі, хоць і дужа падпалі пад уплыў польскай мовы, цвёрда дзяржаліся мовы свае паствы, казанні казалі і навуку ў школе выкладалі па-беларуску…" Няцяжка зразумець, якое вялікае значэнне ў свядомасці беларусаў і захаванні іх нацыянальнай ідэнтычнасці мела мова ў самай шматлюднай на той час (к 1795 году да Уніі належыла 72% вернікаў) царкве на Беларусі.

Расійскае самадзяржаўе ўвесь час мэтанакіравана праводзіла барацьбу з уніяцкай царквой і ў 1839 годзе царкоўная Унія на землях Беларусі была скасавана. Пасля гэтых падзей, гістарычныя крыніцы, называюць царкву Пятра і Паўла як Уваскрасенскую царкву, пры якой дзейнічае адпаведна Уваскрасенскі манастыр.

У 19 стагоддзі гэты духоўны прыстанак у Шклове вядомы тым, што ігуменам Шклоўскага Уваскрасенскага манастыра двойчы прызначаўся знакаміты Арэст - Летапісец. Першы раз з ліпеня 1818 года па люты 1820 года і другі раз з 7 жніўня 1837 года магілёўскім архіепіскапам Смарагдам Арэст зноў прызначаецца ў гэты манастыр. Ігумен Арэст вядомы тым, што пакінуў унікальны матэрыял па гісторыі, культуры, побыту Магілёва і наваколля ад старажытнасці да сярэдзіны 19 стагоддзя. "Запіскі ігумена Арэста" знаходзяцца ў адным шэрагу з такімі вядомымі артэфактамі па гісторыі Магілёўшчыны, як Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, "Магілёўская хроніка" і іншыя. У 1841 годзе ігуменам уласнаручна быў складзены спіс пад назваю "Формулярная ведомость Шкловского Воскресенского монастыря, с показанием оной числа братіи (игум., 2 свящ., 4 посл.), их поведенія и принадлежащих оному монастырю угодий." Праіснаваў Шклоўскі Ўваскрасенскі манастыр да 1847 года. Праз тры гады ў 1850 годзе ў Аршанскім Богаяўленскім манастыры адышоў у іншы свет у якасці іераманаха і сам Арэст.

Савецкая ўлада з першых дзён свайго існавання вяла барацьбу з рэлігіяй. Пачаліся ганенні на святароў, а з 1930 года "изъятие культовых сооружений у верующих."

З успамінаў Аляксандра Андрэевіча Рэвякі, хата якога знаходзіцца непадалёк ад адпаведнага храма: "У мясцовых жыхароў была вельмі моцная рэлігійнасць. Пры закрыцці тутэйшай Уваскрасенскай царквы ў гады ваяўнічага атэізму 30-х годоў жыхары баранілі храм і нават скінулі са званіцы аднаго з актывістаў-бязбожнікаў. Царкоўныя абразы і кнігі вернікі абаранілі і захоўвалі ў сваіх хатах. У пачатку вайны (лета-восень 1941 года) на Рыжкаўскім ускрайку фашысты зрабілі яўрэйскае гета. Людзей размяшчалі не толькі па хатах, а і проста на прыдняпроўскім лузе побач з будынкам Уваскрасенскай царквы. Царкоўны будынак быў адзіным прытулкам для гэтых змучаных людзей у непагадзь. Пад час вайны, нямецкія акупанты, так-сама выкарыстоўвалі будынак царквы як майстэрню па рамонту зброі і іншых гаспадарчых патрэб" .

У пасляваенны час мураваны будынак Уваскрасенскай царквы са званіцняй па-ранейшаму ўзвышаўся над наваколлем. Вышэй згаданая Хрысціна Краснагорская распавядала выпадак, які здарыўся з яе родным братам. На вайне ён страціў нагу і ў пасляваенны час уладкаваўся на працу ў мясцовы калгас вартаўніком агародаў, якія знаходзіліся непадалёк ад царквы. Аднойчы ноччу ўзнялася страшэнная бура. Вецер вельмі моцна гуў і пачаў выкідваць з храма сена, якое напярэдадні тут злажылі працаўнікі калгаса. Потым над царквой засвяцілася выява Божай Маці. Напалоханы мужчына пачаў маліцца. Аб тым, што яму ўдалося ўбачыць у тую ноч, ён падрабязна расказаў тагачаснаму шклоўскаму святару айцу Уладзіміру.

Шклоўскія старажылы сцвярджаюць, што ў 50-х гадах на будынку храма яшчэ знаходзілася нават шыльда, якая паведамляла, аб архітэктурнай каштоўнасці збудавання. Але дзесьці ў пачатку 60-х гадоў царкву ўзарвалі. Тагачаснаму кіраўніцтву напрыканцы 50-х гадоў вельмі карцела ўсё знішчыць, што не адпавядала "истинно русской истории". Гэта зразумела, калі пазнаёмішся з асобнымі архіўнымі дакументамі Дзяржаўнага архіву Магілёўскай вобласці. Як прыклад, гісторыя замаху на славуты касцёл кармелітаў у горадзе Мсціславе ў 1959 - 1962 гадах. Дакумент паведамляе, што архітэктура будынка (Мсціслаўскі касцёл) і роспісы "не маюць гістарычнай каштоўнасці для беларускага народа і яго нацыянальнага развіцця". І гэта напісана пра найцікавейшы помнік архітэктуры барока і ракако рэспубліканскага значэння, храм, які закладзены яшчэ ў 17 стагоддзі і рэканструяваны вядомым архітэктарам І. Глаўбіцам. І чытаем далей: "…У сувязі з выказанымі абставінамі нямэтазгодна трымаць на ўліку, як помнік архітэктуры …падлягае зняццю". Подпіс: Упаўнаважаны савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце міністраў СССР пры Магілёўскім аблвыканкаме К. Вярбіцкі". Прыкладна так напэўна і была знішчана Ўваскрасенская царква ў Шклове, якая таксама не адпавядала "русской истории".

Аб тым, як выглядала Уваскрасенская царква, успамінае жыхарка вёскі Загор'е Марцянкова Марыя Андрэеўна. Яна распавядала, што ў храме знаходзіліся дзве калоны, на якіх знаходзіліся фрэскі з выявамі ў поўны рост Мікалая Цудатворца і прарока Іллі. Таксама была распісана алтарная частка, іканастас выраблены з дрэва. У нутры купала-барабана знаходзілася фрэска "Недреманное Око Спасово" і выявы чатырох святых евангелістаў: Мацвея, Іаана, Лукі і Марка. У вокнах знаходзіліся рознакаляровыя вітражы, а падлога царквы была мармуровая. Левая частка (прыдзел) храма была асвечана ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Тут знаходзілася фрэска з выявай "Страшны суд», а каля памянальнага стала знаходзілася распяцце Ісуса Хрыста. Правы прыдзел з фрэскай "Спас на водах" быў асвечаны ў гонар Мікалая Цудатворца. Побач з храмам была драўляная званіца, на якой знаходзілася шэсць званоў. Доўга, амаль да 70-х гадоў, абраз Мікалая Цудатворца з гэтага храма на рэлігійныя святы пераносілі ў наваколлі з хаты ў хату. Між тым, старажылы Шклова, да гэтага часу памятаюць, што раней царква была ўніяцкая і згадваюць "старую назву" - Святых Пятра і Паўла. Не згасла ў беларусаў і мара пра аб'яднанне хрысціан. Прайшло больш за два дзесяцігоддзя як Уніяцкая (грэка-каталіцкая) супольнасць афіцыйна аднавіла сваю прысутнасць на Беларусі.

Дзякуючы Абраму Наліваю, больш вядомаму як Анатоль Аляксандравіч Наліваеў, захаваўся знешні выгляд царквы. Чалавек неверагоднага лёсу. Яўрэй па маме, беларус па бацьку і адначасова ўнук шклоўскага праваслаўнага святара Філіпа Налівая па мянушцы "Поп-маслёнка". Менавіта дзед у 1941 годзе ўратаваў сваю нявестку і маленькага Абрама за паўгадзіны да таго, як нямецкія карнікі ўжо вялі калону мясцовых яўрэяў на расстрэл. Святар змог пераканаць нямецкага афіцэра, што ў яго не можа быць унук-яўрэй. І вось у 1945 годзе, яшчэ будучы падлеткам, Абрам зрабіў малюнак храма, які зараз захоўваецца ў Шклоўскім раённым гістарычна-краязнаўчым музеі.

У верасні 2008 года Абрам Налівай, ужо вядомы мастак, наведаў родныя мясціны. Захоўваючы памяць пра свайго дзеда Філіпа Налівая, памяць пра жудасныя падзеі пачатка вайны, ён перадаў Спаса-Праабражэнскай царкве Шклова чатыры абразы. Абразы напісаны ў даволі рэдкім старадаўнім стылі. Менавіта гэтага кірунку напісання абразоў, прытрымліваўся ў свой час і яго дзед айцец Філіп. З'яўляючыся сынам двух народаў, беларускага і яўрэйскага, Абрам Налівай стаў не толькі вядомым мастаком, але і выканаўцам старадаўніх яўрэйскіх кантарскіх спеваў, самыя раннія з якіх адносяцца да 16 стагоддзя.

У 2003 годзе на месцы былога храма (зараз вуліца Замкавая) праводзіліся археалагічныя даследванні навукоўцамі з Акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара, доктара гістарычных навук Вольгі Ляўко. Быў закладзены шурф на плошчы 8 квадратных метраў з унутранага боку на паўднёва-усходнім участку храма. Навукоўцы выявілі манеты першай паловы-сярэдзіны 17 стагоддзя, рэшткі пліткавай падлогі, вялікую колькасць цвікоў і металічных пласцін, якія нагадваюць прыстасаванні да трунаў. Драўляныя вуглі, якія знаходзіліся амаль на ўсёй плошчы распрацоўкі, сведчылі аб адбыўшымся тут пажары. Амаль на ўзроўні мацерыка былі выяўлены тры пахаванні. Як лічаць навукоўцы, верагодней усяго гэтыя пахаванні належаць часу, калі тут знаходзілася яшчэ драўляная царква да пажару 1690 года.

Па-ранейшаму на месцы былога храма ўзвышаюцца курганы. Безумоўна, гэта не адзінае месца былога духоўнага асяродка Уніі на Шклоўшчыне. Таксама ў невялікай адлегласці знаходзяцца курганы былога касцёла і кляштара каталіцкага ордэна Дамініканцаў, а праз штучны роў, бліжэй да ракі Днепр, некалі мясціўся старажытны замак. Усе гэтыя мясціны патрабуюць далейшых навуковых даследванняў.

У Шклоўскім раёне, прыблізна адначасова з будынкам Уваскрасенскай царквы, быў знішчаны і велічны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Фашчаўка. Пасля знішчэння храма, ў Фашчаўцы, як і над Уваскрасенскай Царквой, нібыта з'явіўся вобраз Божай Маці, якая плакала. Шмат каго ўсхвалявалі тады гэтыя падзеі. Праз пэўны час ў раённай газеце "Ударны фронт" з'явіўся артыкул Яўгена Меркушэвіча-Саськаўскага пад назвай "Рэквіюм Фашчаўскаму касцёлу". Аўтар з смуткам і горыччу распавядаў пра мясцовую святыню, знішчэнне якой, на яго думку, стала вялікай духоўнай стратай мясцовага люду. Ен піша: "Прайшоў праз лясок і ўбачыў вялізную кучу цэглы і смецця - гэта былі руіны касцёла. Вёска Фашчаўка выдалася не той. Стаялі маленькія, жабрацкія хацінкі, пуні, хадзілі куры, мычэлі каровы, снавалі людзі. Але гэта здавалася шэрым, змрочным, бессэнсоўным і нікому непатрэбным. Я заплакаў …". На прыканцы артыкула артыкула аўтар піша вершаваныя радкі:

И я прошу: прости нас, Боже,

Мы в чем-то виноваты тоже,

Что не смогли тот храм спасти.

Прости нас, Господи, прости.

Гэтую людскую споведзь можна лічыць як рэквіем усім хрысціянскім святыням знішчаным на Шклоўшчыне.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX