Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Надсан А. Магдалена Радзівілава і грэка-каталіцкая царква 


Аўтар: Надсан Аляксандар,
Дадана: 22-03-2012,
Крыніца: Спадчына №5-6 - 2000 С.152-162.



Сярод выдатных постацяў беларускага нацыянальнага і рэлігійнага адраджэньня пачатку XX ст. княгіня Магдалена Радзівілава (1861-1945) займае не апошняе месца. На жаль, ейнае жыцьцё і дзейнасьць да гэтага часу засталіся па-за ўвагаю нашых гісторыкаў 1.

Магдалена Радзівілава нарадзілася ў Варшаве, але сваімі каранямі яна была глыбока злучаная з беларушчынай. Бацька яе, Ян Завіша (1820-1887), быў вядомым археолягам, які рабіў раскопы й дасьледаваў помнікі каменнага веку на Ігуменшчыне і Наваградчыне, браў удзел у міжнародных археалягічных кангрэсах у Вэнэцыі (1871) і Будапэшце (1876) 2. Ен належаў да тых прадстаўнікоў знаных беларускіх родаў, якія, нягледзячы на вонкавую палянізацыю, засталіся патрыётамі сваёй бацькаўшчыны і ўнесьлі паважны ўклад у вывучэньне гісторыі і культуры Беларусі. Такімі былі браты графы Канстантын і Астап Тышкевічы, Уладыслаў Сыракомля, Ганоры Кіркор і іншыя. Звычайна яны размаўлялі між сабою па-польску, хоць добра ведалі беларускую мову, якою карысталіся пры зносінах зь сялянамі. Некаторыя зь іх, як Аляксандар Ельскі, спрабавалі пісаць па-беларуску.

Асноўная частка зямельных уладаньняў Завішаў знаходзілася на Меншчыне ў Ігуменскім павеце, з галоўнай сядзібай у Кухцічах, прыблізна ў пяці вёрстах ад Узды. Там прайшла значная частка маленства Магдалены. Відаць, не без уплыву бацькі зарадзілася любоў да Беларусі і бела- рускага народу, якая пасьля прывяла яе да ўсьведамленьня сваёй нацыянальнай прыналежнасьці.

Магдалена Радэівілава разам з консулам БНР у Польшчы Лявонам Вітан-Дубейкаўскім (справа) і сьвятаром а. Ісафатам Жанам. Варшава. 1920 г.

Згодна са сьведчаньнем Магдалены, дачыненьні між ёю і ейнаю маці, якая была полькай, склаліся ня вельмі шчасьліва: "Я сама ў дзяцінстве глыбока адчула розьніцу, якую мая маці рабіла між мною і маёю сястрой, ейнаю любіміцай, і адтуль паўстала ўва мне нянавісьць да такога фаварытызму. Трэба яго перанесьці, але горыч па ім застаецца..." (Ліст да а. Андрэя Цікоты ад 27 ліпеня 1929 г.) 3 Магчыма, гэтая акалічнасыдь паўплывала на рост нацыянальнае сьвядомасьці Магдалены. Цікава, што нічога ня ведама пра нейкія беларускія зацікаўленьні ейнае старэйшае сястры Евы.

У 1881 г. Магдалена выйшла замуж за польскага графа Людвіка Красінскага. У пасаг атрымала маёмасьць Жарноўкі (таксама ў Ігуменскім павеце) з больш як 27 тысячамі дзесяцінаў зямлі... 4 У 1895 г. Магдалена застаецца ўдавою з малою дачкой Люізай. Яна шмат падарожнічае па Эўропе і ў 1906 г. у Лёндане выходзіць другі раз замуж за князя Міколу Радзівіла, на дзевятнаццаць гадоў малодшага за яе. Гэта быў няўрымсьлівы малады чалавек, які сярод палякаў меў рэпутацыю масквафіла. Пачатковую асьвету ён атрымаў у езуітаў, пасьля працягваў навуку ў прэстыжным Пажскім корпусе ў Пецярбурзе. Васемнаццацігадовым юнаком пайшоў добраахвотнікам у брытанскае войска, каб узяць удзел у паўднёва-афрыканскай (бурскай) вайне (1899-1902). Калі ў 1904 г. выбухнула расейска-японская вайна, ён зноў у войску, гэтым разам расейскім. Ягоны шлюб з багатай удавой польскага арыстакрата, якая магла б быць ягонай маці, быў сустрэты непрыхільна ў польскіх вышэйшых колах. Магчыма, гэта і паўплывала на канчатковы разрыў паміж Магдаленай Радзівілавай і ейным мужам, з аднаго боку, і польскім грамадзтвам - з другога. Шчасьлівым трафам у тым самым 1906 г. выйшлі першыя легальныя беларускія газэты "Наша доля", а пасьля яе "Наша ніва", і беларускі адраджэнскі pyx пачаў набіраць моцы. Прыблізна ад гэтага часу ўсё часьцей прыгадваецца Магдалена Радзівілава як апякунка і дабрадзейка беларускага руху.

Сямейнае жыцьцё ня мела, відаць, вялікага ўплыву на характар Міколы Радзівіла. У 1912-1913 гг. ён быў на Балканах, дзе ў шэрагах баўгарскага войска змагаўся перш супраць туркаў, а пасьля супраць сэрбаў і грэкаў. Пачатак першае сусьветнае вайны ў жніўні 1914 г. засьпеў яго ў Нямеччыне. Праз Францыю і Англію ён дабраўся дамоў, дзе адразу ўступіў у расейскую армію. Але нядоўга яму давялося паваяваць: 17 лістапада (паводле старога стылю) 1914 г. ён быў забіты ва Усходняй Прусіі. Пахаваньне адбылося 26 лістапада ў Кухцічах. Хаваў беларускі каталіцкі сьвятар а. Аляксандар Астрамовіч. У сваёй надмагільнай прамове па-беларуску ён, між іншым, сказаў, што князь "любіў і простую беларускую мову і прычыніўся да яе пад'ёму і да адраджэньня беларускага народу... Сьмерць князя - гэта вялікая страта для ўдавы княгіні. Гэта страта для ўсіх людзей дваровых і ўсяго беларускага народу. У асобе нябожчыка князя беларусы трацяць шчырага абаронцу справы іх адраджэньня, трацяць яго ў тым часе, калі займаецца зара новага лепшага жыцьця, калі заглядае сонца і ў наша ваконца" 5.

Айцец Астрамовіч (1878-1921) быў сьвятаром у Анапалі каля Менску. Ён лепш вядомы як паэт Андрэй Зязюля. Яго пяру належыць верш "Божа, што калісь народы на асобкі падзяліў", які праз доўгі час уважаўся за беларускі рэлігійны гімн. Toe, што ён, - а не сьвятар Узьдзенскае парафіі, да якой належалі Кухцічы - выканаў абрад пахаваньня, сьведчыць ня гэтулькі пра беларускасьць нябожчыка, колькі пра нацыянальныя перакананьні ягонае ўдавы.

У тым часе Магдалена Радзівілава жыла пераважна ў Кухцічах або ў Менску. Тыя, хто яе ведаў, сьведчылі, што дзьверы ейнага дому былі заўсёды адчыненыя для беларусаў. У 1917-1918 гг. дом княгіні на Захараўскай вуліцы ў Менску быў месцам зборак беларускага актыву.

Глыбока рэлігійная і перакананая каталічка, Магдалена Радзівілава разумела важнасьць свайго нацыянальна сьвядомага духавенства і патрэбу як найшырэйшага выкарыстаньня роднае мовы ў царкоўным жыцьці. Яна падтрымлівала сувязь зь беларускімі сьвятарамі, лік якіх, нягледзячы на цяжкасьці, няспынна павялічваўся. Сярод сьвятароў яна асабліва паважала а. Францішка Будзьку (1884-1920) і прафэсара Пецярбурскай каталіцкай духоўнай акадэміі Язэпа Белагаловага (1883; загінуў у савецкай турме прыблізна ў 1928 г.). 3 а.Фабіянам Абрантовічам яна пазнаёмілася найхутчэй пасьля 1914 г., калі той вярнуўся з навукі ў

Князь Мікалай Радзівіл, другі муж Магдалены. 1914.

Лювэне і быў прызнаманы прафэсарам Магілёўскае духоўнае сэмінарыі, якая знаходзілася ў Пецярбурзе. Калі маладыя сьвятары, студэнты Пецярбурскай акадэміі (Адам Станкевіч, Андрэй Цікота, Віктар Шутовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Лукіян Хвецька і інш.), заснавалі гурток, княгіня дала грошы на стварэньне беларускае бібліятэчкі 6. Яна таксама дапамагала грашова першай беларускай каталіцкай газэце "Беларус" 7, якая выходзіла ў Вільні ў 1913-1915 гг. Дзякуючы ейнай падтрымцы выйшла некалькі рэлігійных кнігаў па-беларуску, у тым ліку першы сур'ёзны малітоўнік "Бог з намі" (Вільня, 1915), аўтарам якога быў рэдактар газэты "Беларус" Баляслаў Пачопка.

У выніку бальшавіцкай акупацыі Беларусі ў канцы 1918 г. Магдалена Радзівілава змушана пакінула Беларусь назаўсёды. Пасьля кароткага прабываньня ў Варшаве і Коўне яна выехала ў Нямеччыну, дзе спачатку жыла ў горадзе Гэрмсдорф на Сілезіі, а пасьля ў Годэсбэргу над ракой Рэйн, недалёка ад Кёльну. У лісьце да а. А.Цікоты яна патлумачыла, чаму не магла застацца ў Польшчы, у склад якое тады ўваходзіла Заходняя Беларусь: "Ня раз раблю сабе закіды за спакойнае жыцьцё ў той час, калі ў маёй беларускай Бацькаўшчыне кіпіць вайна (w mojej biatoruskej Ojczyznie wrze wojna). Але, хоць здаровая, я так падупала на сілах, што ні на што б там не здалася, нават калі б мае нэрвы вытрывалі ў зносінах з абрыдлымі караняжамі (z przebrzydtymi koroniarzami, г.зн. з жыхарамі Кароны, або палякамі, у адрозьненьне ад жыхароў Вялікага Княства. - А.Н.)". (Ліст вд 27 ліпеня 1929 г.)

Абставіны ейнага жыцьця моцна зьмяніліся: "Мне здаецца, што шаноўны Айцец не здае сабе справы з майго фінансавага становішча. Большасьць таго, што я мела, цяпер у руках бальшавікоў па тым баку мяжы. Toe крыху, што маю ў самой Польшчы, паменшала яшчэ больш празь нечуваныя падаткі, дары для Айчыны, рэквізыцыі і т.д., таксама празь несумленную адміністрацыю. Маю вялікія запазычанасьці, а таго, што застаецца ад даходаў, пасьля адлічэньня працэнтаў за пазыкі і пэнсіі для старых слугаў і іхных удоваў, стае мне на сьціплае жыцьцё ў кляштары на вёсцы. Прашу ад мяне нічога не спадзявацца, бо нічога не магу даць". (Ліст да а. А.Цікоты ад 22 студзеня 1929 г.)

Тым ня менш, нягледзячы на цяжкасьці, княгіня не пакідала дапамагаць беларусам, хоць не ў такой меры, як раней. Так у лютым 1928 г. а. Ф.Абрантовічу, які зьбіраўся ў Маньчжурыю, яна выслала 1.000 злотых, а ў жніўні, перад самым ягоным ад'ездам, - 400 нямецкіх марак. 5 студзеня 1929 г. яна выслала трыста злотых а. А.Цікоту з пажаданьнем, каб ён выкарыстаў іх на "якія-колечы патрэбы нашага народу". Былі і іншыя ахвяры: 6 лістапада 1929 г. - 300, а 8 ліпеня 1930 г. - 500 нямецкіх марак.

Але не заўсёды просьбіты атрымлівалі, што хацелі. У жніўні 1928 г. а. А.. Цікота прасіў дапамогі на выданьне "Гісторыі" а. В.Гадпеўскага, - забыўшыся, відаць, сказаць, што гэта мела быць "Гісторыя сьвятая Старога Закону", - а таксама на патрэбы кляштару новазаснаванага жаночага закону ў Друі. Адказ княгіні быў напэўна для яго нечаканасьцю: "Гісторыя - гэта прадмет, які залежыць ад поглядаў аўтара... я ўпэўненая, што а. Гадлеўскі і я не глядзім на яе з аднаго пункту гледжаньня, і таму адмаўляюся даць фонды для ейнага выданьня. Калі ж ідзе пра жаночы кляштар, дык, магчыма, некалі ён станецца аздобаю Царквы, але гэта музыка будучыні, а тымчасам я буду лепш дапамагаць закону, які ўжо існуе і дае багаты плён, будучы заснаваным каля 80 год таму..." (Ліст ад 13 жніўня 1928 г.)

Адзіным кантактам з бацькаўшчынай для княгіні была карэспандэнцыя, але многія з тых, хто некалі карыстаўся зь ейнае шчодрасьці, забыліся на яе. Адзін зь нешматлікіх, хто падтрымліваў зь ёю сувязь, быў Баляслаў Пачопка. Жанаты і бацька шматлікай сям'і, у 1926 г. ён стаў сьвятаром усходняга абраду і быў прызначаны біскупам пінскім Зыгмунтам Лазінскім на грэка-каталіцкую парафію ў Бабровічах на Палесьсі. Магдалена Радзівілянка са сваіх сьціплых фондаў дапамагла яму збудаваць царкву, якая была высьвечаная ў 1932 г. 8 Гэта, аднак, не перашкаджала ёй крытычна ставіцца да некаторых мэтадаў ягонае пастырскае працы.

У часе ад 1927 да пачатку 1932 гг. княгіня вяла даволі ажыўленую перапіску з аа. Фабіянам Абрантовічам і Андрэем Цікотам.

Царкоўнае жыцьцё ў Беларусі, асабліва пытаньне царкоўнай еднасьці, займала шмат месца ў думках Магдалены Радзівілавае. Яна мала верыла ў здольнасьць польскае Рыма-Каталіцкае Царквы дапамагчы збліжэньню праваслаўных і каталікоў: "У цьвярозыя хвіліны разумею, што праца ці ахвяра для Веры хоць бы ў Японіі ёсьць такім добрым учынкам, які можа паклікаць блаславенства на краіну, блізкую нашему сэрцу. Калі Пінская сэмінарыя (пра што не сумняюся) спрычыніцца да паляпшэньня лацінскага духавенства, то гэтым самым можа прыцягнуць праваслаўных да лона сапраўднае Царквы; але прыходзяць хвіліны, калі за лацінскім сьвятаром бачу фанатыка паляка (ale przychodzachwile, kiedy za lacinskim ksiedzem widze fanatyka Polaka)". (Лicr да а.Фабіяна Абрантовіча ад 18 траўня 1928 г.)

Наогул яна даволі крытычна глядзела на Каталіцкую Царкву ў Польшчы: "Ва ўсёй Эўропе цывілізацыя выйшла з Царквы. Яна вучыць людзей думаць, а ня цэлы дзень праседжваць у храме. А ў Польшчы, апроч пабожнасьці ў яе найбольш сьціслым сэнсе, г. зн. прысутнасьці на богаслужэньнях, пастоў і прыманьня сакрамантаў, людзі нічога не навучыліся". (Ліст да а. Ф.Абрантовіча ад 25 красавіка 1928 г.)

Між іншым, хоць гэта не зусім датычыць тэмы, каб лепш зразумець характар Магдалены Радзівілавай, варта прывесьці ейную думку пра антысэмітызм: "Уважаю антысэмітызм за рэч дрэнную хоць бы з тае прычыны, што для Найсьвяцейшае Дзевы ня можа быць прыемнаю нянавісьць да племя, зь якога Яна сама паходзіла, і што толькі гэбраі, якія былі прысутныя ў Ерусаліме пры ўкрыжаваньні Сына Божага, сьцягнулі праклён на сваіх нашчадкаў. Не маглі быць у гэтым вінаватыя гэбраі, якія жылі тады ў іншых частках Рымскае дзяржавы. Спадзяюся, што не кажу гарэзіі". (Ліст да а. Ф.Абрантовіча ад 15 люгага 1928 г.)

3 такімі перакананьнямі Магдалене Радзівілавай цяжка было заставацца ў краіне, дзе антысэмітызм адчувальна ўзрастаў разам з ростам вагі ў палітычным жыцьці нацысцкай, у аснове сваёй антыхрысьціянскай, ідэалёгіі. У 1932 г. яна пераехала ў Швайцарыю, дзе правяла рэшту свайго жыцьця.

Магдалена Радзівілава балюча перажывала царкоўнае разьяднаньне, якое прыйшло на Беларусь у выніку зьнішчэньня Ўніі, і уважала, што адказнасьць за гэтую трагедыю нясуць у вялікай меры прадстаўнікі беларускіх вышэйшых клясаў, якія пакінулі свой народ: "Мяне заўсёды мучыць думка, што, пакінуўшы ўсходні абрад, мае продкі зрабілі страшную крыўду Каталіцтву, што праз злучэньне з Царквой, моцнай дзеля сьвецкіх меркаваньняў, яны тым самым дарэшты аслабілі Ўнію, якая патрэбавала большай апекі і якая, з прычыны адыходу ад яе адукаваных клясаў, дайшла да ўзроўню, калі ня стала ёй сілаў для змаганьня са схізмаю. Маю ўражаньне, што на нас, нашчадках уніятаў, што праз снабізм здрадзілі сваёй Народнай Веры, ляжыць у нейкай меры адказнасьць за адступленьне ад Каталіцтва адных, за страшныя цярпеньні другіх простых людзей, верных першаснаму вучэньню сьвятых Кірылы і Мятода". (Ліст да а.Ф.Абрантовіча ад 18 траўня 1928 г.)

Марачы пра аднаўленьне Ўніі, княгіня не магла ўхваляць мэтады, якімі карысталіся некаторыя новыя "апосталы" гэтай ідэі: "Годнасьць вымагае, каб прадстаўнікі Праўды не ўжывалі для яе пашырэньня мэтадаў, якімі карыстаюцца герэтыкі (do jakich sie uciekaja kacerzy). Я перапісваюся з адным пачцівым беларускім парахам, які наіўна хваліцца, што перацягвае да Царквы схізматыкаў тым, што бярэ за духоўныя паслугі менш за папоў. Гэта геройскі ўчынак з ягонага боку, бо бедалага мае шматлікую сям'ю, але такога роду прапаганда мала абяцае: хай папы абніжаць цэны, і будуць мець назад сваіх былых прыхаджанаў". (Ліст да а.А.Цікоты ад 9 красавіка 1928 г.)

Напачатку XX ст. ідэя Ўніі мела шмат прыхільнікаў сярод дзеячоў беларускага адраджэньня. Сярод сьвятароў імі былі Адам Станкевіч, Язэп Германовіч (паэта Вінцук Адважны), Канстантын Стэповіч (паэта Казімер Сваяк) і іншыя. У каталіцкай газэце "Крыніца" ў пачатку 20-х гадоў быў навет рэгулярны "Куток аб Уніі". У палове 20-х гадоў адносіны да Ўніі выразна зьмяніліся на горшае. Рэч у тым, што ў Рыме кіраўніцтва ўнійным рухам у Заходняй Беларусі было даручанае Папскай камісіі "Pro Russia". Гэты назоў, як выясьніў польскаму епіскапату старшыня камісіі францускі езуіт біскуп Дэрбіньі, азначаў у сапраўднасьці "Ргo Russia Ecclesiae unienda", або "За далучэньне Расеі да Царквы". Адной з установаў для падрыхтоўкі будучых місіянэраў для Расеі быў езуіцкі кляштар у Альбэртыне каля Слоніма, заснаваны ў канцы 1924 г. Беларусаў не магло не насьцярожыць падпарадкаваньне іхных інтарэсаў расейскім, і яны з падазрэньнем глядзелі на польскіх езуітаў у адзеньні расейскіх бацюшкаў. Ім стала зразумела, што гэтая дарога не магла прывесьці да адраджэньня Ўніі на Беларусі 9.

Княгіня Радзівілава выказалася на гэты конт з характэрнай ёй бескампраміснасьцю: "Прызнаюся, што ня маю даверу да фантастычнай падтрымкі Ўніі польскімі езуітамі ў маскараднай усходняй вопратцы (polskich Jezuitow maskaradujacych w ubraniu wschodnim). Уважаю, што сапраўднае дабро Ўніі вымагае беларускіх сьвятароў, усім сэрцам адданых ёй, і з намерам вытрываць у ёй да сьмерці (Sadza, ze prawdziwy interes Unii wymaga Xiezy biatoruskich, z serca do niej przywiazanych i z zamiarem wytrwania wjej do smierci); а мяне абурае сыстэма наёмнікаў-лаціньнікаў, якія служаць Уніі на двух-, трохгадовы тэрмін. Атрымліваю лісты ад аднаго Баляслава Пачопкі, жанатага і сямейнага, якога біскуп Лазінскі пасьвяціў на параха. Ён мае, прынамсі, тую перавагу, што зьяўляецца беларусам, але, будучы вельмі бедным, напэўна мусіць дзеля матэр'яльных меркаваньняў працаваць над палянізацыяй сваіх парафіянаў, а апалячаны ўніят напэўна пяройдзе на лацінскі абрад. Усё гэта не выкліча даверу ў і так недаверлівых праваслаўных, і таму мару пра хвіліну, калі сапраўдны ўніят, пасьвечаны ўніяцкім біскупам, пасьля навукі ва ўніяцкай сэмінарыі, будзе ўжыты для гэтае мэты. Наш народ збыт разумны, каб яго маглі ашукаць лацінскія камэдыянты (Nasz narod zbyt madry by dac oszukac przez komediantow laciriskich)... A ці царкоўныя дастойнікі ў глыбіні душы ня мараць аб Уніі як аб мосьце, па якім перавесьці схізматыкаў ва ўлоньне лацінскай Царквы?..." (Ліст да а.А.Цікоты ад 27 ліпеня 1929 г.)

Камэнтары, як кажуць, лішнія. Варта, аднак, зьвярнуць увагу на галоўную думку княгіні, менавіта, што для адраджэньня Ўніі нам патрэбныя не наёмнікі, а свае ахвярныя сьвятары, усім сэрцам адданыя ідэі хрысьціянскай еднасьці. А для гэтага неабходная свая ўніяцкая сэмінарыя, дзе будучыя апосталы Ўніі могуць атрымаць адпаведнае ўзгадаваньне.

Думка пра беларускую грэка-каталіцкую сэмінарыю не была новай для Магдалены Радзівілавае: яшчэ ў 1916 г. яна зрабіла вялікі дар на заснаваньне такой установы ў Рыме. I не яе віна, што беларусы да гэтага часу ня маюць нічога ў Вечным Горадзе. Аднак сумная гісторыя пра нязьдзейсьненыя мары і змарнаваныя магчымасьці выходзіць за межы гэтага артыкулу.

Заўвагі

1 Да гэтага часу існуюць наступныя даўжэйшыя артикулы пра Магдалену Радзівілаву на беларускай мове: І.М., Княгіня Магдалена Матыльда Радзівіл, "Студэнцкі Кліч", № 9, Мюнхен, 1947, с. 8-12; Г.Піхура., Княгіня Магдалена Радзівіл, "Божым шляхам", № 2, Лёндан, 1965, с. 8-9; Ст. Г., Да ўспамінаў аб княгіні Магдалене Радзівіл, "Божым Шляхам", №6, Лёндан, 1965, с.19; Мікола Багадзяж., Я - беларуска. "Беларуская мінуўшчына", № 1, Менск, 1996, с. 37-39. Аўтар першага артикулу (цяпер амаль недаступнага) Юстын Мурашка ў 1917-1918 гг. працаваў у адміністрацыі маёнткаў княгіні Радзівіл у Кухцічах. Артикулы Г.Піхуры і Ст. Г. апошнім часам былі перадрукаваныя ў даведніку "Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагодзьдзя", Менск-Мюнхен, 1999, с. 350- 353.

2 Беларуская Энцыклапедыя, т. 6, Менск, 1998, с. 493; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 5, Менск, 1996, с. 393 (дата нараджэньня Яна Завішы ў гзтым выданьні «амылкова пададзеная як 1852).

3 Коліі гэтага й іншых лістоў, выкарыстаных у гэтым артыкуле, захоўваюцца ў архіве Бібліятэкі Ф.Скарыны ў Лёндане ў тэчцы "Магдалена Радзівіл". Магдалена Радзівілава магла размаўляць па-беларуску, але не магла ці не асьмельвалася пісаць на гэтай мове, і ў перапісцы з беларускімі і літоўскімі дзеячамі карысталася мовай польскаю.

4 Stownik geograficzny Krolewstwa Polskiego. Tom XIV. -Warszawa, 1895. -S. 745.

5 Bietarus. № 52, Vilnia, 1914.

6 Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. -Vilnia, 1939. -S. 66.

7 Stankievic A., op.cit. S. 70.

8 Poczopko P. Kaptan unicki rodem z Wilenszczyzny. -Jabtonna, 1999. -S.29.

9 Справядлівасьць вымагае сказаць, што альбэртынскія айцы самі зразумелі недарэчнасьць свайго становішча, і ў пачатку 1930-х гг., не пакідаючы сваёй прарасейскай арыентацыі, пастараліся наладзіць пастырскую і выдавецкую працу сярод беларусаў на іх роднай мове. Аднак гэтае ўсьведамленьне лрыйшло запозна, і беларусы надалей ставіліся да іх зь недаверам. Айцец Адам Станкевіч даў суровую ацэнку іхнай дзейнасьці: "Рабілі і робяць спробы беларускай рэлігійнай працы на выдавецкай ніве і ўніяты. Работай гэтай кіруюць польскія езуіты. Праз даўжэйшы час яны выдавалі месячнік (гражданкай) "Да Злучэньня", а цяпер выдаюць такжа месячнік - лацінкай! - "Злучэньне". Работа гэтая, аднак, заўсёды для беларускасьці была няшчырая і для рэлігійнай культуры беларускага народу не прынесла бадай нічога" (Stankievic А., op.cit. S. 211.).

а. Аляксандар НАДСАН.
Лёндан, 31 жніўня 2000 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX