Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Архімандрыт Леў Гарошка 


Аўтар: Сіповіч Чэслаў,
Дадана: 26-12-2020,
Крыніца: Біскуп Чэслаў Сіповіч. Архімандрыт Леў Гарошка // Божым Шляхам №149. 1978. С. 2-4.



Архімандрыт Леў Гарошка (26.02.1911 - 28.07.1977)

Жывой стаіць перад нашымі вачамі постаць высокая, танклявая, з кустом сівой барады, з носам шырокім арліным, з вачамі чорнымі гаручымі, упартымі. Помнім ягоныя энэргічныя рухі, тараплівую паходку, французкі бэрэт на галаве ...

Айцец Леў!..

Пазнаеш яго здалёк. Быў ён заўсёды заняты, заўсёды сьпяшаўся, a калі й прысеў, то хутка выймаў з кішэні неадступны свой спадарожнік блакнот i натаваў. He расставаўся ён такжа з багата-складаным ножыкам, а-но ў патрэбе ёсьць чым i кусок хлеба адкроіць i яблыка адрэзаць, a то й корак выцягнуць з бутэлькі, каб пачаставаць сяброў напіткам, хаця сам нават не панюхае няхайсабе й найлепшага французкага віна ...

A ў пакоі айца Льва?

Архімандрыт Леў Гарошка.

Гэта няважна, дзе ён будзе жыць y манастыры Айцоў Лазарыстаў y Парыжы, ці ў Марыян Гаўз y Лондане, ці ў Марыянаў y Рыме. Усюды y яго на сьцяне будзе той самы любімы абраз Хрьгста, той самы крыж, тыя самыя абразы-малюнкі ягонага вернага прыслужніка Віктара Жаўняровіча. Усюды таксама знойдзеш y яго масу розных прыладаў: шылаў, далотаў, адвёртак..., бо-ж ён быў самавыстарчальным. Усё сам - як i ягоны бацька Юры - умеў, a калі й ня ўмеў, дык мусіў зрабіць. Як памятка ягонага рукадзельля дагэтуль стаяць плот ля гароду Марыян Гаўз i ў садзе пчаліная хатка, a таксама падлога-паркет з дубовых досак y школе сьв. Кірылы Тураўскага.

Так, шмат розных прыладзьдзяў меў а. Леў, але-ж гэта ўсё было толькі дабаўкай ці разрыўкай для ягонай кіпучай дзейнасьці. Што ён запраўды зьбіраў, вышуківаў, купляў - гэта кніжкі, асабліва беларускія. Пачаў ён ix зьбіраць будучы яшчэ вучням Беларускай Наваградзкай гімназіі. У доме янога бацькі ў Трашчыцах - як ён сам кажа ў сваіх успамінах - была ўжо значная бібліятэчка беларускіх кніжак i часапісаў, зь якой ён сам i ягоныя сябры карысталі для зладжаньня спэктакляў або дакладаў. Любоў да кніжкі - без сумніву гэта характэрная рыска айца Льва. Яны былі яму неабходныя дзеля ягоных шматлікіх зацікаўленьняў: багасловіе, гісторыя беларускай Царквы, гісторыя літаратуры, мовазнаўства, этнографія, прыродазнаўства, мэдыцына... - вось гэта галіны ведаў, якімі ён цікавіўся усей сваей душой. Годзе вокам акінуць ягоныя працы, архівы, розныя запіскі, каб пераканацца, што а. Леў быў волат працы i беларускі энцыкляпэдыст.

Абсяг зацікаўленьняў айца Льва быў так шырокі, што не хапала яму часу паглыбіць некаторых ведаў, a нават ужо i тое сабранае пусьціць y pyx, надрукаваць. Так яно сталася з ягоным »Зборнікам беларускіх народных прыказкаў i прымаўкаў«, якіх запісаных мае на 382 старонках машынапісу 8253. У прадмове да »Зборніка« чытаем: »Да гэтага часу ўжо зьявілася нямала большых i меншых зборнікаў беларускіх народных прыказкаў, але нажаль яны ўсе далёка ад таго, каб паказаць увесь скарб беларускае народнае мудрасьці. Гэты зборнік мае на мэце запоўніць гэтую нястачу - сабраць усе беларускія прыказкі i пагаворкі разам«. Значыць зборнік а. Л. Гарошкі меў сабраць y адно ўсё тое, што дагэтуль было расьцярушаным па розных кнігах этнографаў XIX- XX ст.ст. Нажаль, не хапіла а. Льву ані часу ані сілаў, каб урэчаісніць гэтакі вялізны плян. Зборнік а. Льва канчаецца літарай М, a ўсе ім запісаныя прыказкі знаходзяцца ў альфабэтычным парадку, пачынаючы ад А.

Вялікая, цікавая праца, але не закончаная i кульгае мэтадычна. Аўтар зусім не падае крыніцаў, з якіх ён запісаў y свой зборнік прыказкі.

Падобна маецца справа i ca слоўнікам больш патрэбных рэлігійна-царкоўных тэрмінаў y лацінска-грэцка-стара-славянскай-беларускай мовах. Невялікі, 18 старонак машынапісу рукапіс, але без сумніву ён быўбы вельмі карысны, каб выйшаў y сьвет друкам.

Шмат яшчэ іншых працаў пачатых i незакончаных пакінуў па сабе а. Леў, але мы яму ўдзячныя i за тую багатую спадчыну, якая ўбачыла сьвет y форме друкаў. Успомнілі мы ix пры ініпай нагодзе [1]. Тут варта яшчэ раз падкрэсьліць, што »Бож:ым Шляхам«, якога ініцыятарам i доўгалетнім рэдактарам быў а. Леў, ёсьць найлепшым для яго помнікам. Таксама шмат дабра зрабілі i яшчэ зробяць ягоныя кніжкі: жыцьцё сьв. Эўфрасіні Полацкай, Беларусь y датах i ліках i сама апошняя »Навука i рэлігія«, якая выйшла з друку даслоўна пара дзён перад сьмерцю аўтара.

Айцец Леў Гарошка пісаў простым стылям, чыстай прыгожай беларускай мовай. Ён карыстаў з твораў беларускіх пісьменнікаў, a таксама з беларускага фальклёру, які ён ведаў як рэдка хто іншы.

Быў ён добрым прапаведнікам i палкім прамоўцам, прыгатаваным дакладчыкам. Гаварыў ён з верай i пераконаньнем. Часам слухачы пабайваліся, што ягоныя грудзі i голас могуць надарвацца, асабліва, калі паносіў яго прыродны тэмпэрамант. Ад самага дзяцімства наш Леў ішоў змагарным цяжкім шляхам: перш, каб здабыць асьвету, пасьля, каб яе выкарыстаць для свайго народу. Як толькі распачаў сьвятарскую працу, польская паліцыя праславутага Наваградзкага ваяводы Костэк-Бернацкага не пакідала яго ў супакоі ані на крок, аж пакуль наканец выселіла з надгранічнай паласы. A ў Баранавічах, калі немцы-нацысты меліся вывесьці на работы ў Нямеччыну школьную моладзь, Гарошка ня гледзячы на пагрозу сьмерці, сказаў моладзі не прыхадзіць y школу i ратавацца ўцёкамі.

Усе, хто працаваў з а. Гарошкам, добра ведаюць, што ён быў адчайна-сьмелы i ў патрэбе быў гатовы прынесьці жэртву са свайго жыцьця.

У асобе айца Льва гарманійна аб'ядналіся рыскі добрага сьвятара i стойкага беларускага патрыёты. Пры ўсіх сваіх занятках, ён не выпускаў з рук іерэйската часаслова, ён заўсёды служыў сьв. Літургію i вельмі часта ахвяроўвываў яе за дарагую ягонаму сэрцу Беларусь. A сколькі-ж ён зрабіў дакладаў i меў прамоваў з нагоды урачыстых акадэміяў y дзень 25 Сакавіка i Слуцкага паўстаньня?! Патрыятызм айца Льва быў шчыры, бяз ніякіх кампрамісаў, абаснованы на паважных досьледах.

Ня мож:на прайсьці моўчкі i той важны дар y жыцьці чалавека - веданьне моваў. Апрача сваей роднай беларускай мовы, а. Леў добра ведаў украінскую, польскую, расейскую; бяз цяжкасьцяў чытаў i гаварыў па нямецку, па французку; ён чытаў i гутарыў y патрэбе па ангельску i італійску, студыяваў y Львоўскай акадэміі старую грэцкую i гэбрайскую. Заўсёды адчуваў недахоп лацінскай мовы, бо гімназія, якую ён скончыў, бьгла матэматычна-фізычнага тыпу i таму паміма сваей працавітасьці i пазьнейшых »давучаньняў« y лаціне ён ня быў моцны. Веданьне аднак столькіх i гэтак важных для эўрапэйскай культуры моваў уводзіла айца Льва ў асяродзьдзе эўрапэйскай эліты. A ведаючы добра гісторыю i дасягненьні свайго народу, ён ніколі не адчуваў перад іншымі камплексу ніжшасьці. I запраўды чужынцы, з якімі жыў ці спатыкаўся а. Леў (прыкладам Айцы Лазарысты ў Парыжы, працаўнікі Ватыканскага радыя розных нацыянальнасьцяў) высока яго цанілі i гаварылі пра яго як аб выдатным сьвятару, беларусе.

Калі а. Леў памёр так нагла i нячакана, даведаўшыся аб гэтым Папа Павал VI, прыслаў на рукі галоўнага кіраўніка Ватыканскіх радыяперадачаў тэлеграму, y якой выказваў спачуваньні з нагоды сьмерці Кіраўніка беларускіх радыяперадачаў самому галоўнаму Кіраўніку, супрацоўнікам, сваякам i Айцом Марыянам шчырыя спачуваньні, Апостальскае багаславенства i абяцаў помніць аб памёршым y сваіх малітвах. У капліцы Ватыканскага радыя а. Рабэрт Туччі, y прысутнасьці прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў, адправіў сьв. Літургію за душу сьв. Памяці Архімандрыта Льва Гарошкі.

Айцец Леў памёр y Парыжы ў шпіталі імя Нэкэр, які знаходзіцца непадалёк манастыра Айцоў Лазарыстаў, дзе праз доўгія годы ён пражываў. Апэрацыя ныркавых каменьняў не ўдалася. Есьць падозраньне, што да гэтай апэрацыі наш дарагі Леў ня быў належна прыгатаваны, бо апрача каменьняў меў заражэньне крыві. Трэба было перш лячыцца, ну, але-ж а. Леў ня меў часу ... A за паважны ён быў, каб хтосьці асьмеліўся яму даваць прыказы.

Ці а. Леў прачуваў сваю сьмерць? A вось як было. Дня 22 ліітня 1977 г. y законным Доме Айцоў Марыянаў, дзе ён апошнімі гадамі жыў i працаваў y Ватыканскім радыя, калі ён спакаваўся i выбіраўся ў Парыж: y шпіталь, зайшоў да мяне i передаў пачку іконкаў Маці Божай Вечнай Дапамогі, або »Страстной«. Арыгінал гэтай слаўнай з цудаў іконы знаходзіцца ў Рыме ў касьцеле Айцоў Рэдэмптарыстаў. Айцец Леў крыху сумны падаючы мне іконкі сказаў: »Вазьмі, табе прыдадуцца ... A што-ж я маю з імі рабіць?« Я ні слова ні сказаўшы ўзяў тыя іконкі, але цэлы час мяне мучыла думка: »Дрэнна будзе з айцом Львом. Ён i сам гэта прадчувае«. Калі хутка прышла з Парыжа ў Рым вестка аб сьмерці айца Льва - першы затэлефанаваў мне Віктар Жаўняровіч на просьбу Ул. Шыманца i гаварыў плачучы - едучы ў Парыж забраў я i тыя іконкі. A калі нам хацелася нейкім чынам мець памятку па сьмерці айца Льва, дык я ўопомніў пра іконкі, якія ён сам мне даў. Яны яму былі ўжо болльш непатрэбныя. Спадзяёмся, што Божую Маці ён ужо назірае тварам y твар, a нам яны прыдаліся

Жыў як леў, a памёр як ягнё. Божых шляхоў не льга сьцяміць нам маленькім...

ВАЖНЕЙШЫЯ ДАТЫ 3 ЖЫЦЬЦЯ АРХІМАНДРЫТА ЛЬВА ГАРОШКІ

1911.02.26 - радз. ў вёсцы Трашчычы, Стаўпецкага павету.

1911.02.27 - ахрышчаны i мірапамазаны ў царкве ў Турцы.

1928-1931 - вучыцца ў Наваградзкай Беларускай Гімназіі.

1931-1936 - студ'юе ў Львоўскай Украінскай Духоўнай Акадэміі.

1936/37 - прадаўжае вышэйшыя студыі ў Інсбруку, Аўстрыя.

1937.X.17 - рухапаложаны ў сьвятары Біскупам Мікітам Будкам y Львове.

1937-1939 - душпастырам y розных мясцох дыяцэзіі Пінскай: Любешаў, Грынічы, Гародна, Стоўпцы.

1939.V.15 - загадам Наваградзкага ваяводы выселены з г. зв. пагранічнай паласы; пражывае ў Збуражы каля Маларыты.

1939-1944 - працуе ў Баранавічах (Мэдыцынская Школа i інш.).

1942.V.2 - Эгзарх Антон Неманцэвіч назначае а. Льва Гарошку сябрам Эгзархальнай Рады.

1944.VI.27 - прыймае удзел y Кангрэсе ў Менску.

1945 - арганізуе беларускае душпастырства перш y Бэрліне, пасьля ў Мюнхэне.

1945.IX.20 - прыбыў y Рым.

1946 - выдае малітаўнік »Божым Шляхам«.

1946.X.16 - назначаецца Ўсходняй Кангрэгацыяй дла душпастырства сярод беларусаў y Францыі.

1946.X.24 - прыехаў y Парыж.

1947-1957 - выдае часапіс »Божым Шляхам«.

1959 - y навіцыяце Айцоў Марыянаў y Рыме.

1960.1.18 - злажыў першыя шлюбы.

1960.11.13 - а. генэрал Шкутанс пераносіць а. Льва y Лёндан.

1960.X.30 - біскупам Ч. Сіповічам назначаецца на Рэктара Б.К.М. y Вялікабрытаніі.

1962.VI.10 - злажыў вечныя шлюбы, Лёндан, капліца ў Марыян Гаўз.

1962-1969 - Рэктар Б.К.М. i ігумен законнага Дому ў Лёндане.

1965.XII.16 - атрымоўвае годнасьць Архімандрыта.

1970-1977 - Кіраўнік Бел. Сэкцыі Ват. Радыя i Рэктар Б.К.М. y Францыі.

1977.VII.28 - памёр y піпіталі ў Парыжу ў час апэрацыі.

1977.VIII.8 - паховіны на могілках сьв. Панкрацага ў Лёндане.



[1] Пра а. Льва Гарошку з біографічіныімі дадзенымі глядзі артыкул А. Дзедзінскі: »Айцец Леў Гарошка - архімандрыт«, »Божым Шліяхам«, Нр. 1 (94), студзень-люты 1966.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX