Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Мой успамін пра Мітрапаліта Шаптыцкага з Петраграду 1917 г.


Аўтар: Гадлеўскі Вінцэнт,
Дадана: 14-09-2019,
Крыніца: Гадлеўскі Вінцэнт. Мой успамін пра Мітрапаліта Шэптыцкага з Петраграду 1917 г. // Богословія, т. IV, кн. 1-2, Львоў, 1926. С. 252-253.



У 1917. годзе я прыехаў з Менска ў Петраград і тут даведаўся ад беларуса кс. Ф. Будзькі, што Яго Эксц. Мітрапаліт, варочаючыся з маскаўскай няволі да сябе ў Львоў, затрымаўся ў Петраградзе. Пры гэтым кс. Будзька (цяпер ужо нябожчык) разказаў мне, што відзеўся і гаварыў з Мітрапалітам і што Бацька Украіны вельмі цікавіцца нашай справай. Пастанавіў і я адведаць Высокага Гасьця.

Заходжу ў біскупскі палац, дзе быў затрымаўшыся Яго эксцэленцыя. Далажылі аба мне. Доўга чакаць не прышлося - зараз-жа сказалі, што Мітрапаліт просіць да сябе. Прывітаўшыся Мітрапаліт кажа: якай жа-ж мове будзем гаварыць? Я адказваю, што няхай Ваша Эксцэленцыя гаворыць па украінску, а я буду на беларуску. Дадаў пры гэтым, што украінцы і беларусы заўсёды зразумеюць адзін другога, а калі чаго і не зразумеюць, дык вычуюць сэрцам. Мітрапаліт ласкава усьмяхнуўея - і мы гаварылі праз увесь час кожны па свояму.

Мітрапаліт цікавіўся беларускай справай і распытваў пра той рух, які пачаўся пасля рэвалюцыі. Я разказаў яму пра зьезд беларускіх дзеячоў, які адбыўся у Менску, гаварыў аб народным руху, які пачаўся сярод сялянства і вайсковых. Яго Эксцэленцыя інтэрэсаваўся падрабязна усімі праявамі гэтага руху. Урэшце Мітрапаліт перайшоў да справы уніі і спытаўся, ці ў Беларусі мажліва пашырэньне уніі і калі б мажліва было, то якія спосабы найлепшыя былі б, каб гэтую сьвятую ідэю - ut omnes unum sint - зьдзейсьніць у жыцьці. Адказаў, што справа ў нас даволі трудная, бо расейскі ўрад пасеяў страшэнны антаганізм паміж беларусамі праваслаўнымі і каталікамі; гэты антаганізм перайшаў мейсцамі ў поўную ненавісьць аднэй часткі народу да другой; цяпер толькі, дзякуючы народнаму беларускаму руху, адна часьць народу пачынае пазнаваць другую і пазнаючы пачынаюць збліжацца. Гэтае збліженьне на грунце нацыянальным можа прывесьці да збліженьня і на грунце рэлігійным, але толькі тады, калі нацыянальнае усьвядомленьне абхопіць шырокія масы народу і інтэлігенцыі. Урэшце ў нас не разумеюць самога слова "унія" - так паблыталіся рэлігійныя паняцьці і адносіны. А на гэта трэба часу.

Пагаварыўшы яшче пра нашы супольныя справы, мы развіталіся. Сколькі вялікага думання крылася ў тых пытаньнях Мітрапаліта і сколькі было спагаднасьці для нас беларусаў! Выходзячы я цэлым сэрцам завідаваў украінцам і думаў, чаму гэта беларусы не маюць такога Бацькі?

- Счасьлівы Ты Украінскі Народзе, што маеш такога Бацьку, а як-жа-ж бяздольныя мы беларусы, што дагэтуль не маем свайго біскупа! - гаварыў я спаткаўшыся з кс. Ф. Будзькай.

а. В. Гадлеўскі (Жодзішкі)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX