Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Якунін Глеб. Праўдзівае аблічча Маскоўскай патрыярхіі


Аўтар: Якунін Глеб,
Дадана: 07-10-2012,
Крыніца: Якунін Глеб. Праўдзівае аблічча Маскоўскай патрыярхіі // Спадчына № 6-1996. С. 119-155.



УСТУП

Пасьля сямідзесяці гадоў дзяржаўнага атэізму мільёны расіянаў, сілаю адарваныя ад веры бацькоў, ніколі не трымаўшы ў руках Эвангельля, пазбаўленыя элемэнтарных пазнаньняў у рэлігійнай сфэры, пацягнуліся да царкоўнай агароджы, сьвята верачы, што, ступаючы пад скляпеньні старажытнага храма, яны далучаюцца да той самай Царквы, што бярэ свой пачатак ад сьвятога князя Ўладзіміра, які пахрысьціў Русь у 988 г., - Царквы найпадобных Сергія Раданескага й Серафіма Сароўскага. Дзіва што, бо яны пакланяюцца тым жа абразам, сьпяваюць тыя ж песьні, моляцца так, як сотні гадоў таму маліліся іхныя продкі. І ведама, яны зусім не сумняюцца ў тым, што патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II, абкружаны бізантыйскай пышнасьцю, ёсьць законным спадкаемцам у шэрагу сьвяціцеляў ад першых кіеўскіх мітрапалітаў да сьвятога патрыярха Ціхана.

Але насамрэч гэта зусім ня так. Пасьля сьмерці Найсьвяцейшага Ціхана законнае цэнтральнае кіраваньне Праваслаўнай Расійскай Царквы было перарванае бальшавіцкім гвалтам, а рэшткі гнаных хрысьціянаў, ратуючыся ад зьніштажэньня, пайшлі ў катакомбы.

На месцы разгромленай сапраўднай Царквы была ўтвораная Сталіным і Берыем у 1943 г. Маскоўская патрыярхія - тая самая, што сёньня ва ўсіх увушшу. Фармальна захаваўшы пераемнасьць епіскапату ад гістарычнага праваслаўя, выкарыстоўваючы традыцыйныя набажэнствы і абрады, Патрыярхія фактычна была падразьдзяленьнем дзяржбясьпекі, асноўнаю функцыяй якой стала абслугоўваньне таталітарнага камуністычнага рэжыму. Стварэньне такой рэлігійнай арганізацыі было адным з этапаў антырэлігійнай і антыхрысьціянскай палітыкі савецкай улады. Таму й дасюль Маскоўская патрыярхія застаецца падобнаю да памаляваных трунаў, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякае нечысьці (Мацьв. 23, 27).

Паколькі Патрыярхія была створаная дзеля далёка не рэлігійных мэтаў, прынцыпы яе арганізацыі таксама не маглі быць саборнымі, то бок адкрытымі для вернікаў, для ўсямернага ўдзелу ўсіх праваслаўных хрысьціянаў у царкоўным жыцьці. Уладкоўваньне Патрыярхіі праводзілася паводле іншых канонаў, у выніку чаго зьявілася і дагэтуль існуе ваенізаваная структура: сымбіёз КГБ і дарэвалюцыйнага Найсьвяцейшага Сыноду, спалучэньне прапагандысцкіх, даказьніцкіх, выведных функцыяў з казённай царкоўнасьцю ХІХ стагодзьдзя.

Глыбокая патрэба сучаснай Расіі ў духоўным аўтарытэце і маральным стрыжні напіхваецца на коснасьць унутрыцаркоўнай спэцслужбы, якая цягам дзесяцігодзьдзяў ажыцьцяўляла пастаўленую перад ёю мэту: прыкрываючыся рэлігійнай чыннасьцю, абслугоўваць антырэлігійную дзяржаву. У выніку гэтай падмены кіраўніцтва РПЦ дэманструе сёньня поўную няздольнасьць да гэтак неабходных царкве рэформаў, а спробы царкоўнага адраджэньня здолу, з боку грамадаў, шараговога духавенства, цывільных людзей, жорстка спыняюцца царкоўным начальствам. Дый пра якую казань, жывую і сучасную, пра якое сацыяльнае служэньне, пра якое адраджэньне можа йсьці гаворка, пакуль на чале Расійскай праваслаўнай царквы стаяць упартыя ў сваёй нераскаянасьці агенты драздовы і адаманты, падмяняючы праўдзівую духоўнасьць абрадавераньнем і рэлігійным бюракратызмам?

Гісторыя Праваслаўя ў СССР замоўчваецца імі або ўсяляк скажаецца дзеля ўтрыманьня ўлады. Памагчы чытачу, мала знаёмаму з трагічнаю гісторыяй Царквы ХХ стагодзьдзя, убачыць, што хаваецца за добрапрыстойным фасадам Маскоўскай патрыярхіі - задача гэтай публікацыі.

ЦАРКВА Ў РАСІІ: крыху гісторыі

З 988 г. праваслаўе стала на Русі дзяржаўнаю рэлігіяй. Разам з хростам князем Уладзімірам была прынятая бізантыйская мадэль дачыненьняў дзяржавы й Царквы - цэзарапапізм, які азначае фактычнае падначаленьне Царквы абсалютнай вялікакняскай, надалей царскай, уладзе.

Але ў той жа час Царква жыла й паводле сваіх нутраных старажытных правілаў: усе яе найважнейшыя праблемы разьвязваліся саборна. Сьвятары і япіскапы выбіраліся самымі вернікамі, а пасьвячаліся ўжо сьвятарскімі вярхамі. Трохразовае "Аксыёс!" ("Годны!") народ прамаўляў, добра ведаючы кандыдата на духоўнае пасьвячэньне.

У 1721 г. імпэратар Пётар І скасаваў саборнасьць Царквы, стварыўшы падначалены сабе Найсьвяцейшы Кіраўнічы Сынод. Гэты незвычайны для Царквы орган складаўся зь некалькіх чалавек і быў надзелены ўладай большай, чым Патрыярх і Памесны Сабор разам узятыя, што сталася адкрытым патаптаньнем кананічных асноваў Царквы. Пры гэтым архірэі пісьмова пагадзіліся з падрыхтаваным указам імпэратара. Паказальна, у прыватнасьці, што духавенства абавязвалася даказваць у паліцыю пра палітычную неляяльнасьць вернікаў, калі нават тая стала ведамаю з споведзі. Архірэі прысягалі на вернасьць імпэратару як "старшыню і крайняму судзьдзі Кіраўнічы Сыноду". Чальцы Сыноду былі поўнасьцю прыраўнаваныя да чальцоў Сэнату, атрымалі гэткія ж самыя рэгаліі, прывілеі, вялізныя жалаваньні, прыгонных, залочаныя карэты, спэцмэдабслугоўваньне. Імпэратар вярнуў ім лятыфундыі, на якіх іхнае райскае існаваньне - дарма што абавязковы для архірэяў манаскі пострыг - забясьпечвалася працаю тысячаў сялянаў.

Гвалтоўнае спыненьне ў ХVІІІ стагодзьдзі асновы праваслаўя - саборнасьці, і, найперш, выбарнасьці духавенства, ператварэньне япіскапаў у прызначаных урадавых саноўных чыноўнікаў і рабаўладальнікаў, а сьвятароў - у наглядчыкаў рабоў, - усё гэта спрычыніла найглыбейшую духоўную крызу ў Расіі, непераадольны разрыў паміж асьвечанаю элітай і народам, і, нарэшце, катастрофу 1917 г. Царква траціла аўтарытэт, расла бездань паміж вернікамі і сьвятаром, паміж шараговым духавенствам і епіскапатам. Усякі, хто быў у апазыцыі ўраду, апынаўся і па-за адзяржаўленаю, зьбюракрачанаю Царквой. Дык жа, бальшыня насельніцтва апынулася ў выніку за царкоўнаю агароджай. Як пісаў І.С.Аксакаў: "Царква ператварылася ў нас у падабенства нямецкай канцылярыі, што прыкладае … зь непазьбежнаю маной парадак нямецкага канцылярызму да ўратаваньня чарады Хрыстовай".

АДНАЎЛЕНЬНЕ САБОРНАСЬЦІ

Толькі ў жніўні 1917-га, упершыню пасьля 1690 г., распачаўся Памесны Сабор Праваслаўнай Расійскай Царквы. Ва ўмовах падзеньня праваслаўнай манархіі было адноўленае патрыяршаства, але не ў адзінадзяржаўнай, а ў саборнай форме: усе найважнейшыя праблемы царкоўнага жыцьця зноў пачалі разьвязвацца волевыяўленьнем веруючага народу. Патрыярх - толькі "першы сярод роўных". Кіраўнічыя архірэі Петраграду і Масквы былі выбраныя самым народам на епархіяльных зьездах. У 1918 г. Саборам былі прынятыя статуты епархіі і прыходу, згодна зь якімі кандыдатуры настаяцеля і архірэя вылучаліся народам, часьцей за ўсё на альтэрнатыўнай аснове. Перавядзеньне япіскапа на іншую катадру, а сьвятара ў іншы храм разглядалася як асаблівае выключэньне з правілаў. Патрыярха належала вызначаць па-апостальску - жэрабем з трох кандыдатураў. Сьвяты патрыярх Ціхан, меўшы найменшую сярод трох кандыдатаў, што апынуліся на чале сьпісу, падтрымку пасьля таемнага галасаваньня, стаў воляю Божай - паводле жэрабя - Патрыярхам усяе Расіі.

На тым жа Памесным Саборы павінны былі разглядацца пытаньні кананічнай і набажэнскай рэформы (Мінея - кніга для набажэнстваў - была ўжо перакладзеная на расійскую мову), але ўвосень 1918 г. работу Сабору перарвалі бальшавікі.

Найвышэйшая ўлада ў царкве была абмежаваная на карысьць саборнага пачатку. За Сынодам засталіся толькі каардынацыйныя функцыі. Упершыню выканаўчая ўлада ісьцілася зноў створанай Найвышэйшаю Царкоўнаю Радай з старшынём Патрыярхам, у якую ўваходзілі на роўнай аснове япіскапы, сьвятары і цывільныя людзі.

У жніўні 1918 г. Памесны Сабор вызначыў, што духавенству недапушчальна займацца палітыкай, выступаючы ад імя Царквы. Але як грамадзяне дзяржавы архірэі, сьвятары і цывільныя людзі мелі права ўдзельнічаць у палітычнай чыннасьці індывідуальна. Уціскаць каго-колечы ў Царкве з прычыны рознасьці палітычных поглядаў было забаронена.

Сабор пракляў ганіцеляў Царквы і забараніў вернікам зь імі супрацоўнічаць.

МІТРАПАЛІТ ПЁТР (ПАЛЯНСКІ) - ПАТРЫЯРШЫ МЕСЦААХОЎНІК

Памесны Сабор пастанавіў, што ў выпадку сьмерці Патрыярха прызначаецца месцаахоўнік патрыярхавага пасаду, адной з задачаў якога каардынацыя дзеяньняў Царквы па скліканьні Памеснага Сабору для абраньня новага Патрыярха. Найсьвяцейшаму Ціхану Памесны Сабор даверыў фармаваньне таемнага сьпісу кандыдатаў на пасаду Месцаахоўніка. У кастрычніку 1920 г. Сьвятарны Сынод на чале з Ціханам дэталізаваў гэты парадак.

Пасьля сьмерці Патрыярха Ціхана ў 1925 г. месцаахоўнікам патрыярхавага пасаду стаў мітрапаліт Пётр (Палянскі), які быў першы зь ліку чатырох япіскапаў, названых у тэстамэнце сьвятога Патрыярха ў якасьці кананічна паўнамоцных правапераемнікаў. Сану месцаахоўніка патрыярхавага пасаду зь мітрапаліта Пятра ніхто не здымаў, арышт жа сьвяціцеля бязбожнымі ўладамі ня мог быць перашкодай для нашэньня духоўнага званьня. Мітрапаліт Пётр (Палянскі) прыняў пакутніцкую сьмерць у 1938 г. ў сталінскіх лягерах якраз як законны Месцаахоўнік патрыярхавага пасаду.

СТАНЬНЕ ЦАРКОЎНАГА САМАЗВАНЦА

Ва ўмовах жахлівага перасьледу і рэпрэсіяў з боку ОГПУ мітрапаліт Сергій (Старагародзкі) ў 1927 г. скарыстаўся арыштам месцаахоўніка патрыярхавага пасаду сьвятога пакутніка мітрапаліта Пятра і аб'явіў сам сябе, насуперак канонам і статуту Царквы, "намесьнікам патрыярхавага месцаахоўніка", хаця ў сьпісе кандыдатаў на пасаду законнага месцаахоўніка ён ня значыўся. Самазванец стварыў пры сабе антыкананічны "часовы сынод", які на дзіва хутка быў прызнаны Савецкаю ўладай і зарэгістраваны галоўным ганіцелем вернікаў - ГПУ.

З дапамогай ГПУ мітрапаліт Сергій (Старагародзкі) прысвоіў адміністрацыйную ўладу над Царквой, фактычна скасаваўшы адроджаную тады саборнасьць. Так мітрапаліт Сергій заняўся забараненьнем у служэньні і нават адлучэньнем іншых япіскапаў, у тым ліку толькі за тое, што тыя адмаўляліся прысягнуць на вернасьць Сталіну, хаця права забараняць і адлучаць архірэяў маюць вылучна Архірэйскі і Памесны саборы. Тым самым мітрапаліт Сергій з сваім "часовым сынодам" прысвоіў сабе ўсю ўладу ў Царкве, ня маючы на тое, натуральна, належных паўнамоцтваў ад царкоўнай паўніні. Усе ягоныя паўнамоцтвы вынікалі толькі з собскага самазванства і з пастановы пра рэгістрацыю ягонага"сыноду" карным органам багазрыннага рэжыму. Уведзенае мітрапалітам Сергіем бяз згоды Месцаахоўніка адміністрацыйнае кіраваньне было незаконным, таму што мітрапаліт Пётар (Палянскі), перабываючы ў высылцы, працягваў заставацца адзіным законным галавою Праваслаўнай Расійскай Царквы. А пасьля пакутніцкага скону мітрапаліта Пятра кананічная пераемнасьць афіцыйнай найвышэйшай улады ў Царкве і зусім была перарваная.

Згодна з Пастановаю Памеснага сабору 1918 г., найвышэйшае царкоўнае кіраваньне ў выпадку немагчымасьці яго кананічнага працягу касавалася наагул, а япіскапы мусілі скіраваць усе намаганьні на захаваньне паствы і грамадаў у сваіх епархіях, пакуль ня выпадзе правесьці законны Памесны сабор і вызначыць волю Бога што да асобы Патрыярха. Але мітрапаліт Сергій патаптаў і Статут Расійскай Царквы, і правілы Ўсяленскіх сабораў у частцы пастаўленьня япіскапаў.

І такім чынам, згодна з нормамі Ўсходняй Царквы, усе акты мітрапаліта Сергія і ягонага сыноду, пачынаючы з абвяшчэньня Сергіем сябе "намесьнікам патрыярхавага месцаахоўніка", - гэта царкоўнае злачынства. За праведзены раскол мітрапаліт Сергій падлягае паводле апостальскіх правілаў пазбаўленьню сану і адлучэньню ад Царквы.

НОВЫ ЗАПАВЕТ ЮДЫ З Д'ЯБЛАМ

У 1927 г. новы Юда - мітрапаліт Сергій апублікаваў сваю знакамітую Дэклярацыю, дзе радасьці савецкай дзяржавы аб'явіў радасьцямі Царквы. "Вашыя радасьці - нашыя радасьці", - пісаў ён камуністычным уладарам. Паколькі Сталін як адну з "радасьцяў" краіны саветаў назваў другую пяцігодку "бязбожнай", з чаго вынікала, што к 1937 г. слова "Бог" павінна было зьнікнуць з савецкай навамовы, то ясна, якімі "радасьцямі" пачала жыць сергіянская ерархія. Дэклярацыя ўяўляе сабою "дабравесьце" пра яе апастасію (вераадступніцтва) - духоўную салідарнасьць з ганіцелямі Царквы, "вунію" праваслаўя з антыхрыстам.

Пасьля апублікаваньня Дэклярацыі афіцыйны і канчатковы раскол у Царкве стаў непазьбежны. Звыш 60 архірэеў, якія не падтрымлівалі "радасьці" бязбожнікаў і таму знаходзіліся ў Салавецкіх лягерах, Дэклярацыі не прызналі. Не прызналі яе й найаўтарытэтнейшыя мітрапаліты, якія мелі кананічныя паўнамоцтвы ад Памеснага Сабору на ачоленьне цэнтральнага апарату царквы ў адсутнасьць Патрыярха, а таксама й тыя, што апынуліся ў выніку грамадзянскай вайны ў выгнаньні. Законныя архіпастыры дабраславілі вернікаў на непадпарадкаваньне самазванцу і на адыход у катакомбы.

У 1930 г. мітрапаліт Сергій заявіў замежным журналістам, што ў Расіі Царква не перасьледуецца. І гэта ў тым самым г., калі быў закрыты апошні манастыр, а колькасьць навамучанікаў стала вымярацца дзесяткамі й сотнямі тысячаў!

У 1934 г. новы Юда пачаў па-блюзьнерску менаваць сябе месцаахоўнікам пры жывым і законным месцаахоўніку мітрапаліту Пятру, які цярпеў за Хрыста ў зьняволеньні.

Д'ябал як бацька ўсякай маны зусім не даваў літасьці й прымкнулым да былога мітрапаліта адступнікам: к 1939 г. ў СССР легальна дзеялі крыху больш як 100 праваслаўных прыходаў і толькі чатыры падначаленыя мітрапаліту Сергію архірэі. Усьлед за спавядальнікамі веры і сумленнымі сьвятаслужнікамі былі рэпрэсаваныя й многія вераадступнікі, калябарацыяністы й царкоўныя стукачы. На волі "на запас" пакінулі толькі жменьку самых старанных і адданых Сталіну сергіянаў.

З ІІІ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛУ - У ІІІ РЫМ

У 1943 г. ва ўмовах ваеннай крызы выгнаны тыфліскі сэмінарыст І.Джугашвілі намысьліў разыграць перад хаўрусьнікамі "рэлігійную карту". Пры гэтым Крэмль меркаваў скарыстаць праваслаўе для задзіночаньня краінаў постбізантыйскай прасторы (Усходняя Эўропа і Балканы) пад крылом Масквы як Трэцяга Рыму, а заразом праз адраджэньне імпэрскай ідэалёгіі прывабіць да СССР дзесяткі мільёнаў расійцаў за мяжой.

4 верасьня 1943 г. на лецішчы Сталіна адбылася нарада з удзелам Берыі і іншых высокіх чыноў НКГБ. На сакрэтную сустрэчу запрасілі мітрапаліта Сергія (Старагародзкага). Пасьля ўзгадненьня асноўных прынцыпаў дзейнасьці новай псэўдацаркоўнай структуры тады ж сама, уначы з 4 на 5 верасьня, захавалыя актывісты раскольніцкай групоўкі мітрапаліты Сергій, Алексій (Сіманскі) і Мікалай (Ярушэвіч) былі прынятыя Сталіным і Молатавым. Разьвіцьцё нованароджанай Маскоўскай патрыярхіі пайшло бальшавісцкімі тэмпамі.

Правадыр выдзеліў урадавы самалёт і наказаў сабраць па канцлягерах ляяльных япіскапаў для абраньня новага савецкага патрыярха. Тэрмінова правялі шчэ некалькі хіратоніяў, і ў выніку 19 чалавек аб'явілі сябе як бы праваслаўным саборам, на якім абвясьцілі Сергія Старагародзкага "патрыярхам усяе Русі".

Фарсавы характар "сабору" 1943 г. добра ілюструе дакладная запіска наркама дзяржаўнай бясьпекі У.Мяркулава генэралісымусу: "Заўтра, 8-га верасьня, аб 11 гадзіне раніцы распачнецца сабор япіскапаў, на якім мітрапаліту Сергію будзе нададзены сан патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі".

З гледзішча праваслаўных канонаў, добрым парадкам царкоўнае кіраваньне магло быць адноўленае толькі паводле дзейных на той момант правілаў, а менавіта - у адпаведнасьці з пастановамі Памеснага Сабору 1917-1918 гадоў. І толькі затым, у выпадку патрэбы, саборнаю пастановай і ў адпаведнасьці з гэтымі правіламі яны маглі быць зьмененыя. Але пры парушэньні ўсіх кананічных нормаў багазрыннаю ўладай у 1943-1945 гг. была створаная чыста новая, чужая праваслаўнай традыцыі рэлігійная арганізацыя таталітарнага тыпу з новымі, раней не існавалымі правіламі, з структурай кіраваньня, якая капіявала сталінскае палітбюро ("мітрапалітбюро"). Арганізацыя абсалютна падыходзіла пад моднае цяпер азначэньне "таталітарная секта" і ня мела нічога агульнага ні з расійскімі, ні з усяленскімі правіламі праваслаўя.

Новаўтвораную рэлігійную арганізацыю - Маскоўскую патрыярхію - Сталін і Берыя назвалі таксама па-новаму: "Русская Православная Церковь" заместа традыцыйнага "Российская". У замене тэрытарыяльнага называньня на нацыяльнае была закладзеная тэндэнцыя разьвіцьця новай структуры ў нацыянальна-шавіністычным кірунку, абазначаная яе роля ў барацьбе з так званым "касмапалітызмам" і ў сьцьверджаньні вялікадзяржаўнай ідэалёгіі. Паводле праваслаўнай традыцыі, угрунтаванай на ўсяленскім, звышнацыянальным значэньні хрысьціянства, памесныя цэрквы менаваліся й мянуюцца паводле тэрытарыяльна-дзяржаўнага, а не нацыянальнага прынцыпу. Назоў "Савецкая праваслаўная царква" больш бы падыходзіў для Маскоўскай патрыярхіі, улічваючы яе паходжаньне і стараннае служэньне савецкай уладзе.

Такім парадкам, Царква, заснаваная на Русі ў дзясятым стагодзьдзі, з 1943 г. існавала вылучна ў катакомбах і ў выгнаньні за мяжой.

Для ажыцьцяўленьня ўзаемадзеяньня паміж дзяржорганамі і іхным рэлігійным падразьдзяленьнем таго ж г. была заснаваная спэцыялізаваная Рада па справах РПЦ. Ролю обэр-пракурора - старшыні Рады даручылі начальніку 3 аддзелу НКГБ палкоўніку дзяржбясьпекі (пазьней генэрап-лейтэнанту) г.Г.Карпаву. Былы сэмінарыст, у 1937-1938 гг. Карпаў ачольваў Пскоўскі аддзел НКВД, дзе (як гэта было ўстаноўлена камітэтам партыйнага кантролю пасьля ХХ зьезду КПСС) "праводзіў масавыя арышты ні ў чым не вінаватых грамадзянаў, выкарыстоўваў ненармальныя мэтады вядзеньня сьледзтва, а таксама фальсыфікаваў пратаколы допытаў арыштаваных" (цыт. паводле кн. М. Шкароўскага "Расійская праваслаўная царква і Савецкая дзяржава ў 1943-1964 гг.", Санкт-Пецярбург, 1995).

Гэты берыеўскі кат стаў выбраным прыяцелем мітрапаліта (з 1945 г. - патрыярха) Алексія (Сіманскага). Паводле прызнаньня самога першаерарха, з садыстам Карпавым у яго "назаўжды" ўстанавіліся "найлепшыя дачыненьні", якія перарасьлі пазьней у "прывязанасьць" і "глыбокую любасьць". У парыве любасьці Алексій І пісаў крываваму чакісту:

"Дарагі Георгій Грыгор'евіч! Пасылаю Вам: 1) ад Дз.С.Солада з Дамаску скрыначку з усходнімі прысмакамі; 2) ад мяне для Вашага кабінэту дыван - ва ўсякім разе чыста пэрсыдзкі; 3) падушку з зычэньнем, каб яна служыла Вам верай і праўдай. Я думаю, можна зрабіць, каб яна была мякчэйшаю. Яна таксама ўсходняга паходжаньня - з Каіру. Сардэчна Вам адданы П. Алексій. 28.VІ.1945 г."

У адказ друг пасылаў патрыярху парчу, маляхітавыя скрынкі, "цудоўныя вазы".

У лютым 1945 г. "Вялікі Правадыр Іосіф Вісарыёнавіч, які з такім даверам і з такою спагадай ставіўся да ўсёй царкоўнай работы ў нашым Саюзе" (зь ліста патрыярха Алексія), надумаў надаць зноў створанай рэлігійнай арганізацыі, кішэннай чырвонай секце, усесаюзны маштаб і міжнародны аўтарытэт і за казённы кошт арганізаваў у Маскве так званы "Памесны Сабор РПЦ". Да дзейнага, нікім не адмененага статуту Расійскага Праваслаўя парадак скліканьня і правядзеньня памянёнага сабору ня меў ніякага дачыненьня: арганізатары растапталі і патрабаваньні дзейнага статуту, і правілы Ўсяленскіх сабораў. Прыбылых на так званы "сабор" замежных гасьцей, перш за ўсё прадстаўнікоў усходніх праваслаўных цэркваў, Сталін падкупіў даляраваю падзякай і шчодрымі дарункамі: дзесяткамі канфіскаваных з музэяў, а раней нарабаваных бальшавікамі ў гістарычнай Праваслаўнай Расійскай Царквы сьвятых рызаў і ўпрыгажэньняў з золата й каштоўных камянёў.

20 лістапада 1947 г. патрыярх Алексій І дзяліўся разважаньнямі з г.Г.Карпавым: "Разам з ідэйнаю цягай да Масквы, Антыохійскі Патрыярхат мае надзею, што Расійская царква і асабліва Расійскі Ўрад адновяць даўнюю традыцыю сыстэматычнай матэрыяльнай дапамогі беднай Антыохійскай царкве - на школы, на цэрквы, на паасобных асабліва немаёмных ерархаў і г.д. Якраз сама дзяржава, не праз царкву, субсыдыявала Антыохійскую царкву ў дарэвалюцыйны час, сыходзячы зь дзяржаўных меркаваньняў пра неабходнасьць падтымкі праваслаўя на Ўсходзе. (…) Мітрапаліт Ільля вызваўся быць нашым афіцыёзным (не афіцыйным) пасярэднікам паміж намі патрыярхамі-грэкамі; і тут, паводле яго думкі,вырашальны фактар - гэта ступень нашай магчымасьці соваць ім грошы…".

У 1948 г. тав. Карпаў дакладваў тав. Сталіну: "Для паралізацыі спробы стварэньня блёку праваслаўных цэркваў Блізкага Ўсходу і абмежаваньня сфэры дзеяньняў Грэцкай царквы дамэтная пэрыядычная грашовая дапамога праваслаўным цэрквам: Антыохійскай, Александрыйскай і Ерусалімскай з боку Расійскай царквы".

Падтрымка Канстанцінопальскага патрыярха Максіма, які доўга не хацеў ісьці на змову з "чырвонаю Масквой", каштавала савецкаму ўраду 50 тысячаў даляраў. Гэткая цана "ўсеправаслаўнага прызнаньня" Маскоўскай патрыярхіі!

Пад уплывам каштоўных дарункаў, зьедзенай ікры і выпітых каўкаскіх вінаў і каньякоў, што падаліся чальцам "сабору" 1945 г. маннай нябеснаю сярод пасьляваенных голаду і разрухі, было прынятае "Часовае палажэньне пра кіраваньне РПЦ", поўнасьцю супярэчнае ўстанаўленьням Праваслаўнай Царквы. Гэтае палажэньне ператварыла Маскоўскую патрыярхію ў нейкае падабенства таталітарнай секты, дзе тры чалавекі на чале з так званым "патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі" атрымалі ўладу большую, чым Памесны сабор, і права адміністрацыйна кіраваць царквой яшчэ больш па-дыктатарску, як пятроўскі сынод. Але калі імпэратары да 1917 г. лічыліся ўсё ж праваслаўнымі хрысьціянамі, дык цяпер афіцыйныя структуры Царквы цалкам падначаліліся волі правадыроў багазрыннага рэжыму. Такога падзеньня царкоўная гісторыя за 2000 гадоў хрысьціянства шчэ ня ведала!

"Патрыярхам ўсяе Русі" на "саборы" 1945 г. ўзамен памерлага ў 1944 г. Сергія некананічным адкрытым галасаваньнем без альтэрнатыўных кандыдатураў абралі (фактычна прызначылі) мітрапаліта Алексія Сіманскага, які быў найбліжэйшым паплечнікам Сергія Старагародзкага і дыскрэдытаваў сябе калябарацыянізмам з камуністычнаю ўладай у 20-30-я гады. За вернае і доўгае служэньне савецкаму рэжыму Алексій Сіманскі ўвесь час атрымліваў свае трыццаць срэбранікаў: урадавыя ЗІСы, лецішча, адпачынак у Крыме, круізы на камфартабэльных параплавах, спэцвагон для чыгуначнага перамяшчэньня, харчовае і мэдычнае абслугоўваньне. Да самага распаду СССР Маскоўская патрыярхія забясьпечвалася дэлікатэсамі і алькаголем з крамлёўскай базы. Усе кіраўнікі сталінска-брэжнеўскай царкоўнай ерархіі нагараджаліся за заслугі ў справе будаваньня камунізму ордэнамі, мэдалямі і ганаровымі граматамі, у тым ліку і ад КГБ СССР. Патрыярх Алексій І стаў рэкардсмэнам сярод савецкіх архірэеў па ордэнах: 4 ордэны Працоўнага Чырвонага Сьцягу! Дапраўды - бацькі Зараніі!

Як паказалі архівы, сама чырвоная Патрыярхія пад прыкрыцьцём набажэнска-рэлігійнай дзейнасьці фактычна была падразьдзяленьнем МГБ. І вось чаму пасьля таго, як пупавіна, што зьвязвала Маскоўскую патрыярхію з яе мацярынскай арганізацыяй - 4 аддзелам 5 упраўленьня КГБ, у 1991 г. была парваная, РПЦ аказалася няздатнаю да самастойнага царкоўнага служэньня. Спраўдзіліся словы Хрыстовыя: "Ніхто ня можа служыць двум валадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці пра аднаго пачне рупіцца, а не пастараецца для другога".

У 1947-1948 гг. сталінская царква спадзявалася на правядзеньне ўсеправасланага сабору, на якім з дапамогай няўгледна прысутнага МГБ маскоўскі патрыярх быў бы ўзвышаны з тагачаснага пятага месца ў ерархіі патрыярхаў на першае і стаў бы Ўсяленскім. Тады Масква зноў была б абвешчана Трэцім Рымам, а Іосіф Сталін - другім Канстанцінам Вялікім. Аднак Бог не дапусьціў такога блюзьнерства з хрысьціянства.

ВЯЛІКІ ПРАВАДЫР І НАСТАЎНІК УСІХ ЧАСОЎ І НАРОДАЎ - РОДНЫ БАЦЬКА МАСКОЎСКАЙ ПАТРЫЯРХІІ

Але і ў статусе бальшавісцкага правадыра сталінская Патрыярхія ўслаўляла свайго хроснага бацьку больш, як усіх сьвятых. Вось як апісваюць уражаньні ад сустрэчы з І.Сталіным 10 красавіка 1945 г. патрыярх Алексій і мітрапаліт Мікалай: "Поўныя шчасьця бачыць вочы ў вочы таго, адно імя якога зь любасьцю гаворыцца ня толькі ва ўсіх куткох нашай краіны, але й ва ўсіх свабадалюбных і міралюбных краінах, мы выказвалі Іосіфу Вісарыёнавічу нашую падзяку… Гутарка была зусім нязмушанаю гутаркай бацькі зь дзецьмі". Што можа быць больш красамоўным за гэтае бязьлітаснае самавыкрыцьцё?

У 1947 г. з выпадку царкоўнага (?) сьвяткаваньня 800-годзьдзя Масквы патрыярх Алексій І заявіў, што ведзеная ім рэлігійная арганізацыя зьдзяйсьняе "шырую ўсецаркоўную, усерасійскую малітву аб дзяржаве, перамозе, міру, здароўі і ўратаваньні… усіх доблесных кіраўнікоў нашай краіны на чале з нашым Вялікім мудрым Правадыром, які цьвёрда вядзе нашую Бацькаўшчыну па спрадвеку сьвятым шляху магутнасьці, велічы й славы".

Сьмерць заснавальніка РПЦ генэралісымуса І.В.Сталіна ў 1953 г. стала цяжкім ударам для яго духоўных дзяцей - патрыярха Алексія і яго памочнікаў, увагнала іх у глыбокі смутак. Памінаньне свайго боства як "раба божага Іосіфа" (звычайная фармулёўка царкоўнага памінаньня) падалося з "багаслоўскага" гледзішча ўніжальным. Таму на службе нябожчыка паміналі як "генэралісымуса Іосіфа". У слове перад паніхідай патрыярх Алексій І дабразьвесьціў: "Вялікага Правадыра нашага народу Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна ня стала. Сышла сіла вялікая, грамадзкая: сіла, у якой народ наш адчуваў собскую сілу, якою ён кіраваўся ў сваіх пачынаньнях і стваральнай працы, якою ён цешыўся цягам многіх гадоў. Няма абсягу, куды б не пранікаў глыбокі позірк вялікага Правадыра… Ніводнае пытаньне, зь якім мы да яго зьвярталіся, не было ім адхіленае; ён задавальняў усе нашыя просьбы. Памяць пра яго для нас незабыўная…"

Нават у хрушчоўскую пару, калі КПСС на ХХ і ХХІІ зьездах "пакаялася" ў кульце асобы, савецкія ерархі засталіся верныя незабыўнай памяці свайго Бацькі - "Вялікага Правадыра". "Служнікі культу" застаюцца адданыя культу свайго заснавальніка й дасюль. Ад імя Маскоўскай патрыярхіі ні разу не прагучала ні слова каяты за гэтую ганьбу.

ХРУШЧОЎ - НОВЫ ЮЛІЯН-АДСТУПНІК

Прыйшоўшы да ўлады, першы перабудоўнік М.С.Хрушчоў наважыў паставіць праваслаўных служнікаў культу Сталіна на месца. Помсьцячы, ён прапанаваў ім самым пачаць новае масавае закрыцьцё прыходаў, сэмінарыяў і манастыроў. Ардэнаносныя савецкія ўладыкі пачалі старанна даводзіць непатрэбнасьць рэлігіі сацыялістычнаму грамадзтву і сьпешна закрываць храмы. Архірэі, якія дасягнулі ў гэтым вялікіх посьпехаў, уганароўваліся нагародамі і падвышэньнем па службе.

У 1959 г. тыя ж Алексій Сіманскі і Мікалай Ярушэвіч (сумесна з кіраўніком справаў Патрыярхіі протапрэсьвітарам Калчыцкім), практыкуючыся ў адданасьці, дакладвалі непатапляльнаму г.Карпаву: "Мы спадзяемся, што распрацаваны Вамі плян паступовага скарачэньня назначанага раду манастыроў будзе ўхвалены і прыняты Ўрадам нашым, які не адзін раз праяўляў прыхільнае стаўленьне да Праваслаўнай Царквы, і што такім чынам безбалесна пройдзе меркаванае скарачэньне нашых прыстанкаў у пазначаных абласьцях нашага Саюзу".

З 1958 да 1964 г. колькасьць прыходаў скарацілася больш, як у два разы! Архіяпіскап Калускі Гермаген Голубеў, запрацівіўшыся гэтаму, быў беззаконна пазбаўлены катадры і зьняволены ў манастыр на турэмных умовах.

Сергіянская ерархія, зьліўшыся з КГБ, была ў прынцыпе няздатная клапаціцца пра інтарэсы вернікаў. У 1961 г. рукамі патрыярха Алексія І і будучага патрыярха Пімена ўсё духавенства было поўнасьцю адхілена ад уплыву на гаспадарча-адміністрацыйнае жыцьцё Царквы, дык жа прыходзкія сьвятары сталі наёмнымі работнікамі ў сфармаваных савецкімі выканкамамі "дваццатак" прыходзкіх заснавальнікаў, якімі насамрэч былі ня вернікі, а часьцяком вэтэраны КПСС і КГБ. У выніку на патрабаваньне ўладаў так званая "дваццатка" магла ў любы момант закрыць храм або скасаваць дагавор з палітычна неляяльным сьвятаром і зрабіць яго фактычна беспрацоўным. У 60-я гады сьвятары пазбаўляліся месца пастырскага служэньня нават за тое, што выдавалі характарыстыкі маладым вернікам для паступленьня ў дазволеную Духоўную сэмінарыю. А архіяпіскап Пімен Ізьвекаў, што быў адным з галоўных праваднікоў укараненьня ў Царкве гэтага бязбожнага парадку, атрымаў у нагароду ад сацыялістычнай Бацькаўшчыны званьне мітрапаліта, ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу і другую паводле значнасьці катадру - Ленінградзкую, а пазьней быў узвышаны ў патрыярхі.

Упаўнаважаны Рады па справах РПЦ па Ленінградзе і енінградзкай вобласьці г.Жарынаў так схарактарызаваў Пімена Ізьвекава ў 1963 г.: "Правільныя паводзіны і рэакцыя самога Пімена спрыяла таму, што пры закрыцьці раду цэркваў, у тым ліку капліцы Ксеніі Блажэннай, не было непажаданых праяваў з боку духавенства і вернікаў. Пры судзеяньні Пімена ў ленінградзкіх цэрквах скарацілася колькасьць акафістаў і так званых раньніх абедняў. Памацніўся кантроль прапаведніцкай дзейнасьці духавенства, што ў канчатковым выніку прывяло да скарачэньня прамаўляных казаняў. Казані і выступы самога Пімена носяць у асноўным патрыятычны характар" (цыт. па ўспамінанай кнізе М.Шкароўскага). А паводле царкоўных правілаў нядбаньне пра казань караецца пазбаўленьнем сьвятога сану!

МАСКОЎСКАЯ ПАТРЫЯРХІЯ І КГБ

За Хрушчова працэс вербаваньня сьвятаслужнікаў пашырыўся й на ніжэйшыя паверхі царкоўнай структуры. Праз вярбовачнае сіта спэцслужбаў прапускаўся ня толькі епіскапат, але й значная частка шараговога духавенства, а таксама цывільныя асобы, якія служылі ў царкве, - чальцы "дваццатак", аўтарнікі, пеўчыя, вартаўнікі, прыбіральніцы.

Яшчэ ў 1922 г. ў органах ЧК была падрыхтаваная сакрэтная інструкцыя пра тое, як мэтадам бізуна й перніка вербаваць праваслаўных сьвятаслужнікаў, каб яны сталі "вечнымі рабамі ЧК":

"Спавешчаньне памочніка ўпаўнаважанага сакрэтнага аддзелу ВЧК аб агентурнай і асьведамляльнай рабоце сярод духавенства за 1921 г.

1. Карыстацца ў сваіх мэтах самым духавенствам, асабліва тымі, што займаюць важнае службовае палажэньне, як: архірэямі, мітрапалітамі й г.д., змушаючы іх пад страхам суровай адказнасьці выдаваць дачынна духавенства тыя ці іншыя распараджэньні, якія могуць нам быць карысныя, напрыклад: спыненьне забароннай агітацыі з нагоды дэкрэтаў, закрыцьця манастыроў і г.д.

2. Высьветліць характар паасобных япіскапаў, вікарыяў, каб на рысе славалюбства разыгрываць рознага роду варыянты, заахвочваючы іхныя жаданьні й задумы.

3. Вербаваць паведамляльнікаў па духавенстве прапануецца пасьля пэўнага азнаямленьня з духоўным сьветам і высьвятленьнем падрабязных рысаў характару па кожным служніку культу ўпаасобку. Матэрыялы могуць быць здабытыя рознымі спосабамі, а галоўна праз канфіскацыю карэспандэнцыі пры ператрусах і праз асабістае знаёмства з прадстаўнікамі духоўнага асяродзьдзя.

Матэрыяльнае зацікаўленьне таго ці іншага паведамляльніка з духавенства канечне патрэбнае, пры тым жа субсыдыі грашовыя і натурай, без сумлеву, будуць больш зьвязваць іх з намі і ў другім сэнсе, а менавіта ў тым, што духоўная асоба будзе вечным рабом ЧК, баючыся раскансьпіраваць сваю дзейнасьць.

Праўда, спосаб даволі ненадзейны і можа быць карысны толькі ў тым выпадку, калі аб'ект для вербаваньня слабахарактарны і бязвольны".

З такіх "рабоў ЧК" і былі сфармаваныя вярхі савецкай царквы, а затым і ўсе яе верхнія эшалёны. Адзін з стаўпоў сергіянства, першы старшыня аддзелу замежных царкоўных стасункаў (АЗЦС) Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Мікалай ужо ў 1940 г., за тры гады да заснаваньня Патрыярхіі, упамінаецца ў лісьце Л.Берыі І.Сталіну як "агент НКВД Ярушэвіч Б.Д., архіяпіскап Ленінградзкай епархіі". "Пад прыкрыцьцём" Ярушэвіча Берыя прапаноўваў "стварыць нелегальную рэзыдэнтуру НКВД СССР для арганізаваньня агентурнай работы сярод царкоўнікаў" (гл. архіўную публікацыю М.Вострышава ў "Московской правде" ад 12 сакавіка 1996 г.).

Гэтая праца прыйшлася даспадобы бальшыні патрыярхійных дзеячоў, чыя стукацкая рупнасьць у першую чаргу была прыкладзеная да духавенства і вернікаў, якія ня здрадзілі царкоўнай праўдзе і не прызналі сергіянскай арганізацыі, - да аўтакефальнай царквы пасьлядоўнікаў мітрапаліта Іосіфа (Пятровых), да катакомбнай (праўдзіва-праваслаўнай) царквы. Вось што пісаў, прыкладам, у 1944 г. чалец Рады па справах РПЦ г.ткін у дакладной запісцы пра наведваньне Горкаўскай вобласьці: "22 чэрвеня прыняў япіскапа Красоўскага Зіновія. У гутарцы япіскап прасіў узяць увагу на наяўнасьць у вобласьці сярод вернікаў плыні, якая не прызнае існуючай праваслаўнай царквы, многія сьвятары, манахі, што вядуць агітацыю супраць патрыяршай царквы, называючы яе чырвонаю й г.д., у малітвах памінаюць япіскапа Васілія Ленінградзкага". А сьвятар Маскоўскай патрыярхіі А.Фёдараў, відаць, таксама разьлічваючы на царкоўную кар'еру, даказваў упаўнаважанаму Рады па Тульскай вобласьці: "Просьба узяць увагу на "дзікіх" сьвятаслужнікаў, якія самачынна паяўляюцца ў раёне, абслугоўваюць вернікаў дома, ня маюць дабраславенства Патрыярха і ставяцца да яго нэгатыўна, называючы "бальшавіком" ад царквы. Так, да прыкладу, у вёсцы Аляксеева Заокскага раёну ёсьць нехта Мярцалаў Ціхан Аляксандравіч, які называе сябе "аўтакефалістам", а ў ісьце гэта сапраўдны анархіст" (1944 г.).

У пяцьдзясятых-шэсьцьдзясятых гг. запаветы першых чакістаў рэалізаваліся ў поўным аб'ёме. І ня дзіва - уся ерархія была створаная "органамі". Асаблівую сілу гэты працэс набыў пасьля ўступленьня РПЦ у Сусьветную Раду Цэркваў, Хрысьціянскую Мірную Канфэрэнцыю і іншыя міжнародныя арганізацыі. Вербаваньне сьвятаслужнікаў РПЦ набыло такі размах, што ўжо цяжка было адрозьніць, дзе разьвязваліся рэлігійныя, дзе выведкавыя, а дзе партыйныя праблемы. Нават "асуджэньне папізму з дагматычнага гледзішча" ўваходзіла ў "прынцыповыя пытаньні замежнай работы" патрыярхійнай агентуры і шчэ ў 1946 г. спавяшчалася ЦК ВКП(б) Радаю па справах РПЦ.

Пра маштабы зьліцьця царкоўных і чакісцкіх пасадаў і заданьняў, што стаялі перад РПЦ СССР, можна меркаваць хаця б паводле наступных матэрыялаў з справаздачаў 4 аддзелу 5 упраўленьня КГБ, перахоўваных у Цэнтральным архіве дзяржбясьпекі.

У ліпені 1983 г. "ў Ванкувэр (Канада) на VІ Генэральную асамблею ў складзе рэлігійнай арганізацыі СССР (120 чалавек) накіравана 47 (!) агентаў органаў КГБ зь ліку рэлігійных аўтарытэтаў, сьвятаслужнікаў і тэхнічнага пэрсаналу". У ліпені 1984 г. "ў Швайцарыю ў складзе дэлегацыі Расійскай Праваслаўнай Царквы на ЦК Сусьветнай Рады Цэркваў выязджалі агенты, якія мелі заданьне праводзіць на пасаду Генэральнага сакратара СРЦ прымальнага для нас кандыдата. На гэтую пасаду абраны Эміліё Кастра, абраньне яго, апрача РПЦ, падтрымалі цэрквы сацкраінаў".

У 1983 г. было апублікаванае адкрытае пасланьне патрыярха Пімена прэзыдэнту ЗША Р.Рэйгану з асуджэньнем амэрыканскай палітыкі і абаронай палітыкі СССР. У архівах КГБ ёсьць інфармацыя пра тое, як насамрэч рыхтавалася гэтае пасланьне: "Праз агентаў "Астроўскага" і "Кузьняцова" быў падрыхтаваны адкрыты ліст патрыярха Пімена прэзыдэнту ЗША Рэйгану. Ліст апублікаваны ў газэце "New York Times", перадрукаваны ў "Известиях" і накіраваны сябрам для публікацыі ў іхных газэтах".

Паводле зьвестак камісіі Вярхоўнага Савету РФ, галоўнымі цэнтрамі дзейнасьці КГБ СССР пад царкоўным "дахам" былі ХМК, якую шмат гадоў ачольваў цяперашні патрыярх Алексій ІІ (Рыдзігер), і АЗЦС. Агент КГБ па мянушцы "Араміс", што працаваў у АЗЦС перакладчыкам, пазьней адважыўся пакаяцца і на бачынах "Аргументов і фактов" (N 8, 1992 г.) расказаў, што блізу ўсе супрацоўнікі АЗЦС "працавалі або на Маскоўскае УКГБ, або на саюзны КГБ". Абавязковымі былі справаздачы "пра тое, калі й куды заходзілі іншаземцы. Справаздача падавалася ў 5 паасобніках, адзін зь якіх ішоў на стол старшыню АЗЦС (мітрапаліту Нікадзіму, пазьней мітрапаліту Ювэналію й г.д.), другі - у Раду па справах рэлігіяў, якая фактычна была філіяй КГБ, засталыя паасобнікі перадаваліся беспасярэдне ў КГБ". Мітрапаліт Ленінградзкі Нікадзім (Ротаў) яшчэ ў 1969 г. падвёў пад практыку падаваньня памянёных справаздачаў у 5 паасобніках своеасаблівае багаслоўскае абгрунтаваньне. Вынік 50-гадовага будаваньня камунізму ён бачыў у тым, "што ў гэтым новым сьвеце ўвасабляюцца і атрымліваюць рэальнае быцьцё ідэалы, прыўнесеныя ў сьвет Увасобленым Словам".

Мэты і задачы агентаў не абмяжоўваліся простым стукацтвам і лжывым сьведчаньнем. Так, напрыклад, у кастрычніку 1969 г. дэлегацыі Маскоўскай патрыярхіі на паседжаньні Хрысьціянскай Мірнай Канфэрэнцыі было дадзена заданьне "скампрамэтаваць на пасадзе Генэральнага сакратара ХМК Ондру (грамадзянін ЧССР, пад час падзеяў 1968 г. ў гэтай краіне выступіў з антысавецкімі заявамі) і дамагчыся ягонага адыходу з гэтай пасады". Заданьне было выканана, дык жа бацькі Зараніі атрымалі шчэ па адной зорцы або ганаровай грамаце.

Здараліся даручэньні й палітычна-стратэгічнага характару. "У рамках супольнага пляну з Службай "А" ПГУ КГБ СССР па выгадным Савецкаму Саюзу ўплыве на клерыкальныя колы Захаду празь вядучую агентуру органаў КГБ па рэлігійных каналах ажыцьцяўляўся комплекс акцыяў для ўзьдзеяньня на грамадзка-палітычную крызу заходнеэўрапейскіх краінаў" (1981 г.). Праўда, нагэтулькі складаная місія аказалася для Маскоўскай патрыярхіі задужа "цяжкім крыжом" - "комплекс акцыяў", праведзены вядучаю агентурай у рызах, спрычыніў процілеглы вынік - у безвыходнай крызе апынуўся сам Савецкі Саюз.

У той жа час і органы КГБ чульліва клапаціліся аб прыярытэце інтарэсаў хроснай дачкі - Патрыярхіі. "Для навучаньня ў тэалягічых навучальных установах СССР, СФРЮ, ЧССР, НРБ і ПНР накіраваныя агенты… Перад імі пастаўленая задача давесьці да духавенства цэркваў гэтых краінаў інфармацыю пра гегеманістычныя памкненьні Канстанцінопальскага патрыярха на шкоду інтарэсам праваслаўных цэркваў, устанавіць кантакты з духавенствам і выявіць памкненьні супраціўніка" (сьнежань 1988 г.!). З прыведзенага фрагмэнту, народжанага на на чацьвертым г. перабудовы, праз паўгоду пасьля афіцыйных урачыстасьцяў у гонар тысячагодзьдзя Хросту Русі, лінію водаразьдзелу паміж інтарэсамі КГБ і Патрыярхіі правесьці ўжо немагчыма.

І сёньня пры царкоўным стырне стаяць тыя ж самыя стырнавыя, тыя ж самыя кадры "вырашаюць усё". Патрыярх Алексій ІІ ў красавіку 1995 г. (у інтэрвію радыёстанцыі "Раданеж") працягвае асуджаць "гегеманістычныя памкненьні Канстанцінопальскага патрыярха!"

МІТРАПАЛІТБЮРО - ГАЛОЎНЫ ШТАБ БАРАЦЬБЫ З РЭЛІГІЯЙ У СССР

Органы КГБ дабіваліся ня толькі духоўнай дэградацыі епіскапату празь вербаваньне, але й павязвалі агентуру ў рызах кругавою парукай амаральных паводзінаў. На шэраг кіраўнічых пасадаў былі прасунутыя гомасэксуалісты, якія пацягнулі за сабою ўгору падобных да сябе. Ясна, гэткія архіпастыры ня толькі не маглі служыць маральным узорам для вернікаў, але, наадварот, часьцяком адпужвалі людзей ад царквы. Асьцерагаючыся выкрыцьця сваёй нячыстай работы, агенты "сапфіры" і "ультрамарыны" дбайна выконвалі ўсякія заданьні сваіх цывільных кіраўнікоў.

Сьвятароў багабойных і сумленных, не ахвочых да супрацоўніцтва з тайнай паліцыяй і не заангажаваных у палітыку наагул, рэпрэсавалі толькі за тое, што тыя хацелі належна выконваць свае пастырскія абавязкі. Найбольш паказальны тут прыклад айца Аляксандра Меня, які доўгія гады ўціскаўся царкоўным начальствам. І такіх прыкладаў нямала. Калі сьвятароў і цывільных людзей каралі за "празьмерную" рэлігійную актыўнасьць, Маскоўская патрыярхія ня толькі не хадайнічала за іх перад роднаю ёй уладай, але й адмяжоўвалася ад іх, пісьмова абвяргала факты пераьследаў за веру, чым яшчэ больш разьвязвала рукі карным органам для ўдушэньня рэлігіі.

Вельмі значэнная характарыстыка архірэеў РПЦ, дадзеная Радай па справах рэігіяў пры Саўміне СССР у справаздачы ЦК КПСС у 1978 г. Найбольш станоўчымі для камуністаў ёсьць "тыя архірэі, якія і на словах, і на практыцы пацьярджаюць ня толькі ляяльнасьць, але й патрыятычнасьць да сацыялістычнага грамадзтва, рэальна ўсьведамляюць, што нашая дзяржава не зацікаўленая ва ўзвышэньні ролі рэлігіі і царквы ў грамадзтве, і, разумеючы гэта, не праяўляюць асаблівай актыўнасьці ў пашырэньні ўплыву праваслаўя сярод жыхарства. Да іх можна залічыць патрыярха Пімена, мітрапаліта Талінскага Алексія (цяперашняга патрыярха "усяе Русі" - г.Я.), мітрапаліта Тульскага Ювэналія (цяпер мітрапаліта Круціцкага і Каломенскага - г.Я.), архіяпіскапа Харкаўскага Нікадзіма…" Ня дзіва, што незаконны арышт, пазбаўленьне грамадзянства і высылку з краіны вялікага расійскага пісьменьніка А.І.Салжаніцына ў 1974 г. мітрапаліт Алексій (Рыдзігер) назваў вельмі "гуманнаю" акцыяй савецкага ўраду! Ня дзіва, што якраз Алексій зьмяніў Пімена на пасту патрыярха "ўсяе Русі".

У тым жа 1974 г. Алексій Рыдзігер, які кіраваў таксама й навучальным камітэтам РПЦ, шчыруючы ў дагаджпньні рэжыму, атрымаў дабро Рады па справах рэлігіяў на ўвядзеньне новых "багаслоўскіх" дысцыплінаў у падведамствавых яму духоўных сэмінарыях:

"Выхаваньне паствы ў духу любові да Бацькаўшчыны, савецкага патрыятызму, сумленнага стаўленьня да працы на карысьць Айчыны - задача праваслаўнага пастыра",

"Што такое савецкая Бацькаўшчына, савецкі грамадзянін".

Уражваюць адны толькі назовы прачытаных у духоўных сэмінарыях паводле духоўнага пачыну памкнёнага да патрыяршаства Алексія Рыдзігера лекцыяў:

"У.І.Ленін і культурная рэвалюцыя",

"Камуністычная мараль пра стаўленьне да працы і сацыялістычную ўласнасьць",

"Выхаваньне новага чалавека - найважнейшая задача камуністага будаваньня".

Рада па справах рэлігіяў пры Саўміне СССР у 1975 г. мела ўсе падставы шчыра радавацца таму, што дзякуючы праведзенай цяперашнім патрыярхам Алексіем рабоце паявілася "магчымасьць узьдзейнічаць на будучых служнікаў культу ў патрэбным для нас кірунку; пашырыць яго тэарэтычныя і практычныя пазнаньні ў матэрыялістычным духу. А гэта будзе падрываць рэлігійна-містычныя ідэалы будучага пастыра; можа прывесьці … да разуменьня сваёй бескарыснасьці як служніка культу".

За гэткія працы аднаго ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу яўна недастаткова! І гаспадары плацілі "вечнаму рабу" па заслугах: "8. Падрыхтаваныя запіскі ў КГБ СССР: аб нагароджаньні агента "Драздова" ганароваю граматай ГБ СССР; падрыхтаваны загад Старшыні КГБ СССР аб агароджаньні агента "Драздова" ганароваю граматай" (з даведкі пра вынікі работы за люты-сакавік 1988 г. за подпісам начальніка 4 аддзелу 5 упраўленьня КГБ У.І.Цімашэўскага).

18 сакавіка 1996 г. найбуйнейшая эстонская газэта "Postimees" апублікавала артыкул "Цень КГБ кладзецца на патрыярха Алексія" з вытрымкамі з справаздачаў КГБ ЭССР, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Эстонскай Рэспублікі: "Агент "Драздоў" 1929 г. нараджэньня, сьвятар праваслаўнай царквы, з вышэйшай адукацыяй, кандыдат багаслоўя, дасканала валодае расійскай, эстонскай і слаба нямецкай мовамі. Завербаваны 28 лютага 1958 г. на патрыятычных пачуцьцях для выяўленьня і распрацоўкі антысавецкага элемэнту зь ліку праваслаўнага духавенства, сярод якога ён мае сувязі, апэратыўна цікавыя органам КГБ. Пры вербаваньні ўлічвалася ў будучыні (пасьля замацаваньня на практычнай рабоце) вылучэньне яго праз наяўныя магчымасьці на пасаду япіскапа Талінскага і Эстонскага. За пэрыяд супрацоўніцтва з органамі КГБ "Драздоў" зарэкамэндаваў сябе з дадатнага боку, у станьнях акуратны, энэргічны і таварыскі. Добра знаецца на тэарэтычных пытаньнях багаслоўя і міжнароднай сытуацыі. Да выкананьня нашых заданьняў ставіцца з жаданьнем і ўжо прадставіў шэраг матэрыялаў, якія заслугоўваюць на ўвагу… Пасьля замацаваньня агента на практычнай рабоце з органамі дзяржбясьпекі ў канкрэтных агентурных распрацоўках назначаем таксама выкарыстаньне яго ў нашых інтарэсах шляхам накіраваньня ў капіталістычныя краіны ў складзе царкоўных дэлегацыяў".

Параўноўваючы біяграфічныя зьвесткі А.М.Рыдзігера з даным матэрыялам, цяжка суміцца ў тым, што патрыярх Алексій ІІ і агент "Драздоў" - адна й тая асоба.

Мала чым астаўся ад свайго старэйшага таварыша цяперашні кіраўнік Украінскай Праваслаўнай Царквы ў складзе Маскоўскай патрыярхіі мітрапаліт Уладзімір (Сабадан), які таксама зрабіў кар'еру на ніве духоўнай адукацыі. На прыёме ў Радзе па справах рэлігіяў пры Саўміне СССР 23 сьнежня 1974 г. Ўладзімір Сабадан, быўшы тады рэктарам Маскоўскай духоўнай акадэміі і сэмінарыі, Рыдзігеравым падначаленым, заявіў:

"Вы ведаеце, што ў асяродзьдзі нашых навучэнцаў яшчэ нямала юнакоў з адмоўнымі паглядамі на зямное жыцьцё, выхаваных фанатычнымі бабулямі й бацькамі. Гэтыя пагляды канечне трэба пераламіць. Нас турбуе, што ў асяродзьдзі завочнікаў, сёньняшніх сьвятаслужнікаў, яшчэ даволі шмат людзей з адсталымі і нават варожымі паглядамі, якія яны ўмела хаваюць і раскрываюць толькі ў нашым коле".

Тыя пастыры, што насуперак начальству не прыйшлі да разуменьня собскай марнасьці і насьмельваліся раскрываць не матэрыялістычную, а рэлігійную веру, "пераломліваліся" патрыярхам і мітрапалітамі тым, што адпраўляліся ў аддаленыя селавыя прыходы, а то й сілаю за штат бяз права служыць і прапаведаваць. Тыя ж, што мелі сьмеласьць адкрываць веру ў Бога ў шырокім коле, станавіліся аб'ектамі дзейнасьці карных органаў, выклікаліся на "апрацоўку", допыты, адпраўляліся ў турмы і лягеры; запалохваліся нават іхныя сваякі. Маскоўская патрыярхія заўжды выракалася неляяльных сьвятаслужнікаў і недухоўных, асуджаючы іх на доўгі перасьлед.

МАСКОЎСКАЯ ПАТРЫЯРХІЯ СЁНЬНЯ

Пасьля таго, як у 1988 г. генэральны сакратар КПСС М.С.Гарбачоў загадаў чальцам мітрапалітбюро заняцца "маральным адраджэньнем" шараговога складу сацлягеру, ідэолягам у мітрах давялося тэрмінова перабудоўвацца.

У 1990 г. на Памесным саборы РПЦ таемным галасаваньнем Аляксей Міхайлавіч Рыдзігер быў абраны патрыярхам "усяе Русі", прычым зноў быў парушаны парадак, устаноўлены на Памесным саборы 1917-1918 гадоў. Чальцы сабору 1990 г. пабаяліся даверыць Богу, "які глядзіць ня так, як чалавек…не на аблічча, а на сэрца" (ІІ Царств., разьдзел 16), лёсавызначальную для Расіі справу. У выніку на саборы абіралі начальніка з двух спадужнікаў з "адсталымі й варожымі паглядамі" (то бок з рэлігіяй): з мітрапаліта Алексія (Рыдзігера) і Ўладзіміра (Слабадана), якія выгадавалі не адно пакаленьне савецкіх пастыраў у духу ленінскай маралі і сацыялістычнага стаўленьня да ўласнасьці. Мітрапаліт Алексій, які меў больш ордэнаў, ганаровых знакаў і граматаў, атрымаў заканамерную перамогу.

Яшчэ ў кастрычніку 1990 г. былі прынятыя саюзны і расійскі законы пра свабоду веравызнаньняў, што прадставілі царкве права юрыдычнай асобы і неабмежаваную свабоду як рэлігійна-асьветніцкай, так і выдавецкай, і вытворча-гаспадарчай дзейнасьці.

Як выкарыстала Маскоўская патрыярхія гэтую свабоду? Праблемы афіцыйнай сацыяльнай дактрыны і пропаведзі царквы ў грамадзтве (місіянерскай дзейнасьці) зацікавілі Маскоўскую патрыярхію толькі праз чатыры гады (!) пасьля набыцьця паводле заканадаўства правоў. Практычна ўсе магчымасьці для гэтага, адкрытыя дзякуючы блізкім кантактам з кіраўніцтвам краіны ў 1991-1994 гг., не былі рэалізаваныя. Заместа гэтага меў месца толькі клопат аб атрыманьні ўсемагчымых матэрыяльных ільготаў, а таксама масавае адкрыцьцё разбураных храмаў і манастыроў, нават калі ў іх практычна няма вернікаў і няма сродкаў для рэстаўрацыі - абы толькі яны не дасталіся сапраўдным правапераемнікам Праваслаўнай Расійскай Царквы - царкве катакомбнай, з фанатычнаю ўпартасьцю гнанай КГБ, і царкве сынадальнай зарубежнай ("Белай царкве").

Босы РПЦ не праяўляюць асаблівага запалу ў аднаўленьні храмаў. Яны і ў гэтай справе, маючы за ўзор сацыялістычную эканоміку, больш гоняцца за валавым аб'ёмам, чым за якасьцю, клапоцячыся пра тое, каб на чарговым "пленуме ЦК РПЦ" патрыярх Алексій, пералічваючы свае заслугі, мог назваць вялікую лічбу. Тыповы адказ кіраўнічага архірэя на зварот аднаўлянага прыходу па падтрымку такі: "Што да дапамогі, то наперад папярэджваю, што спадзявацца на нашую дапамогу бескарысна, бо мы не валодаем дастатковымі сродкамі і абмежаваныя ў сродках, майце гэта на ўвазе і ня цешце сябе ілюзіямі нашай дапамогі. Апрача таго, узьнікне патрэба ў сьвятаслужніку, якога ў Епархіі няма, і наўрад ці ён будзе на працягу некалькіх гадоў. Япіскап Віктар." (з адказу Цьвярскога епархіяльнага ўпраўленьня грамадзе храма с. Рашкіна Таржоцкага раёну; стыль пры перакладзе захаваны - заўв. перакладчыка).

Цягам амаль шасьці гадоў поўнай, нават бескантрольнай свабоды Патрыярхія ўсе намаганьні засяроджвала на паляпшэньні ўмоваў жыцьця адміністрацыйных вярхоў царкоўнага кіраваньня, а таксама займалася масіраваным лябіраваньнем усемагчымых льготаў для розных камэрцыйных і паўкамэрцыйных структураў, якія дзеляцца часткай "ценевага" прыбытку з царкоўнымі апаратчыкамі. Маскоўская патрыярхія, сынадальныя аддзелы, чальцы Сыноду выступаюць сузаснавальнікамі, чальцамі ўправаў або акцыянерамі сумлеўных банкаў, прадпрыемстваў па збыце каштоўных мэталаў, нафты і інш., пры гэтым ня ўносячы ні капейкі ці ўносячы чыста сымбалічную сладку. Банк БІН у тэлерэкляме гандлюе дабраславенствам патрыярхавым як фірмавым знакам. "Хрысьціянскі" банк, сузаснавальнікам якога выступіў аддзел па дабрачыннасьці і хрысьціянскім служэньні Маскоўскага патрыярхату, бясслаўна "кінуў" сваіх укладнікаў. Банк храма Хрыста Збаўцы засьвяціўся на перапампоўваньні грошай узброеным фармаваньням у Чачні, ён старанна фінансаваў і выданьне чарнасоценнай літаратуры ў Расіі (напрыклад, у 1994 г. антысэміцкага "дасьледаваньня" "Расія перад другім прышэсьцем").

Падатковыя льготы для рэлігійных аб'яднаньняў, а таксама пролябіраваныя прыватныя льготы, спэцліцэнзіі на экспарт нафты і іншай сыравіны - гэта й ёсьць доля Маскоўскай патрыярхіі ў ценевым бізнэсе. Так, у 1996 г. Алексій ІІ, не саромеючыся, просіць ва ўраду 650 тысячаў тонаў нафты для продажу за мяжу. Аднак прыбытак, атрымліваны за кошт гэтага, бясьсьледна зьнікае, калі мова заходзіць пра фінансаваньне духоўнай адукацыі, асьветы, дабрачыннасьці, сацыяльнага служэньня, тэлеперадачаў. На гэта грошай у Патрыярхіі няма. І паправіць дахавае крыцьцё на старажытных храмах-помніках, умацаваць развальваную муроўку Патрыярхія ня можа, дык жа манахі і прыхаджане вымушаныя хадзіць па міласьці ў падземных пераходах і на рынках. Затое ў архірэеў, як манна зь нябёсаў, паяўляюцца раскошныя аўтамабілі замежнай вытворчасьці. Мітрапаліт Смаленскі Кірыл, шэф АЗЦС, у адным з дакумэнтальных фільмаў, седзячы за рулём новенькага джыпа "Гран Чырокі", заклікаў "дапамагаць бедным".

Алексій ІІ мае два браніраваныя ўрадавыя ЗІЛы, прэзыдэнцкую ахову, крамлёўскую спэцсувязь. Нават па краёх ягонай патрыярхавай катадры ў храме стаяць цяпер двое ў цывільным бяз бачных прыкметаў рэлігійнасьці. Гэткага няма ні ў воднага грэцкага патрыярха, няма нават у Папы Рымскага!

У пагоні за багацьцем Патрыярхія адважылася нават на разрыў з Усяленскім праваслаўем, прыпыніўшы ў лютым 1996 г. эўхарыстычнае сумоўе з Канстанцінопальскім патрыярхам, які прыняў пад сваю юрысдыкцыю Эстонскую Апостальскую праваслаўную царкву, што аднавіла сваю, гвалтам зьнішчаную ў 1944 г., аўтаномію. Разам з прыходамі Алексій ІІ, які быў шмат гадоў мітрапалітам Талінскім, разьлічваў атрымаць ладную долю ўласнасьці, вяртанай праваслаўнай царкве паводле эстонскага закону пра рэстытуцыю. Аднак урад Эстоніі разумна не пажадаў перадаваць камуністычнай РПЦ, што ўехала на прыбалтыйскія землі на савецкіх танках, маёмасьць, прыналежную праваслаўнаму жыхарству незалежнай дзяржавы.

Як зазначыў адзін пісьменьнік, вобраз Маскоўскай патрыярхіі ўяўляецца яму так: сярод гінучых вёсак, убогага насельніцтва і селавага бездарожжа стаіць урадавы "членавоз", зь якога ў белым куколі вызірае кіраўнік Маскоўскай патрыярхіі і чакае ўсенароднага яму пакланеньня.

ПЕРАСЬЛЕД САПРАЎДНАЙ ВЕРЫ Ў БОГА ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Усё новае, што спрабуе прабіцца праз бэтонную пліту сталінска-брэжнеўскай ерархіі, падпадае пад ганеньні. Змаглі сьвятары Аляксандар Барысаў і Георгій Качаткоў павярнуць да Бога па некалькі тысячаў чалавек, прычым у асноўным моладзь, і вось указам патрыярха айцец Георгій пераводзіцца ў маленькі храм, дзе яго грамада фізычна ня можа разьмясьціцца. Пры гэтым Патрыярхія ўсяляк патурае розным каля царкоўным экстрэмістам, антысэмітам, людзям, схільным да адмаўленьня свабоды выбару і да гвалту ў пытаньнях веры. Паколькі нічога пазытыўнага Патрыярхія і яе служнікі сучаснаму грамадзтву прпанаваць ня могуць, то ўся іхная "казань" зводзіцца да заклікаў "забараніць", "адлучыць", "праклясьці", і ўсё часьцей выклікаецца на помач такой псэўдаказані дзяржаўны гвалт. У 1994-1995 гг. Маскоўская патрыярхія ўчыніла нейкія блізу сакрэтныя дагаворы з усімі сілавымі структурамі: зь Мінабароны, МУС, пагранвойскамі і нават з ФАПСІ (Фэдэральнае агенцтва ўрадавай сувязі і інфармацыі). Да чаго, напрыклад, дагавор з такой экзатычнаю арганізацыяй? Патрыярх жа мае наўпроставую сувязь з прэзыдэнтам, а таксама "вертакі" (АТС-1 і АТС-2). Для таго, відаць, каб увесь корпус япіскапаў меў магчымасьць падключыцца да тэлефонна-намэнклятурных дабротаў, а заразом і да падслухоўваньня размоваў духоўных братоў.

З ФСБ дагавор учыняць у Патрыярхіі няма патрэбы, бо ўсе агенты КГБ, што праходзілі ў якасьці "ерархаў", або засталіся на тых жа пасадах, або нават падняліся шчэ вышэй. Таму органы ўлады ўсяляк перашкаджаюць свабоднаму разьвіцьцю кананічных структураў Праўдзіва-праваслаўнай царквы, Расійскай праваслаўнай свабоднай царквы, Расійскай праваслаўнай царквы за мяжой, гэтак жа сама, як і іншым, неправаслаўным канфэсіям. Так, на тэрыторыі Расіі адміністрацыі не дапускаюць стварэньня прыходаў Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату ў той час, як Маскоўская патрыярхія свабодна мае ва Ўкраіне некалькі тысячаў храмаў. Хаця ўсе рэлігійныя аб'яднаньні паводле Канстытуцыі роўныя перад законам, Патрыярхія ўвесь час мяшаецца ў дачыненьні дзяржавы зь іншымі, нават нехрысьціянскімі веравызнаньнямі, і такім чынам, абыходзячы закон, Сьвяты Сынод РПЦ набывае саноўныя рысы Кіраўнічага Сыноду. Так "вечныя рабы" ўсё больш прэтэндуюць на вонкавае панаваньне над шараговымі расіянамі.

Сярод духавенства чакісты з панагіямі хочуць бачыць бяздумных выканаўцаў, "праваслаўных шаманаў", якія падтрымліваюць, будучы закансэрваванымі на роўні сельскага жыхара ХІХ стагодзьдзя, усемагчымыя забабоны і магізм.

5 траўня 1995 г. ў царкве "Ўсіх тужлівых радасьці", у цэнтры Масквы, сьвятар Алег Сьцяняеў разам з добрапрыстойным а. Барысам Гузьняковым правялі сярэднявечнае дзейства "выгнаньня духаў", а затым, у панадворку, "чын ачышчэньня агнём", які практыкаваўся каталіцкаю інквізыцыяй. На вогнішчы а. Алег спальваў неправаслаўную літаратуру. І гэта трансьлявалася на ўсю краіну па расійскім тэлебачаньні.

Поруч з гэтым квітнеюць антысэмітызм і чарнасоценства пасьлядоўнікаў сталага чальца Сьвятога Сыноду мітрапаліта Санкт-Пецярбургскага Іаана, што заклікаў да этнічных чыстак у сыстэме дзяржустановаў накшталт нямецкіх 1933 г.

Неталеранцыя і фанатызм спараджаюць у многіх служнікаў Патрыярхіі нянавісьць да дэмакратыі і, як вынік, ідэйную цягу да камунізму і нацыяналізму. Унутры РПЦ набірае сілу рух, які можна назваць "праваслаўным бальшавізмам". Рад ерархаў, у прыватнасьці, тыя, што займаюць афіцыйныя пасады ў Царкве (напрыклад, старшыня Выдавецкага аддзелу япіскап Ціхан, мітрапаліт Стаўрапольскі Гедэон) адкрыта падтрымалі прэзыдэнцкіх выбарах 1996 г. кандыдата ад Камуністычнай партыі г.Зюганава.

Канстанцінопальскі (Усяленскі) патрыярх Варфаламей 12 ліпеня 1995 г. пісаў патрыярху Алексію ІІ: "Маці Царква Канстанцінопалю з болем сачыла цягам семдзесяці гадоў савецкай тыраніі праводжаныя антыкананічныя дзеяньні, думаючы, што ўсё гэта адбываецца пад дыктоўку і з прымусу ігеманічнай тактыкі атэістычнага рэжыму, і таму што спачувала вам, асуджала гэта паблажліва". Але вось сёньня, у абнаўлянай Расіі, калі, гаворачы словамі з таго ж ліста патрыярха Варфаламея, "вецер Хрыстовай свабоды падзьмуў зноў і назаўжды", "працяглае і навязанае сужыцьцё з гэтым рэжымам перашкаджае" Расійскай праваслаўнай царкве аднавіць саборны лад і быць дапраўды Царквой, здатнай служыць маральнаю апорай людзям.

АПАГАНЕНЬНЕ СЬВЯТЫНЯЎ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

На асноведзі ўсяго гэтага трагічным фасам становіцца будаваньне пасярэдзіне Масквы пародыі на храм Хрыста Збаўцы. Калі ў цэнтры гораду амаль не засталося жыхароў, калі няма сродкаў закансэрваваць, ня тое што адрэстаўраваць сапраўды старажытныя храмы - і тыя далей разбураюцца, ставіць новы бэтонны (упершыню ў Расіі!) храм-калёс дзеля палітычных амбіцыяў гарадзкіх кіраўнікоў проста амаральна.

Дапраўды, паліятыў храма Хрыста Збаўцы будуецца на народныя грошы. Гэта грошы сотняў тысячаў расіянаў, якія знаходзяцца за рысай беднасьці. Грошы, адабраныя ў вэтэранаў, інвалідаў, шматдзетных сем'яў. І Царква заместа таго, каб адмовіцца ад несвоечасовай раскошы ў імя служэньня немаёмным, кампрмэтуе сябе ўдзелам у гэтым капітальным будаўніцтве.

Гавораць: "знак пакаяньня". Чыйго? Хто, уласна кажучы, пакаяўся? Ці па-хрысьціянску падмяняць пакаяньне яго вонкавым знакам?

Насамрэч бэтонная новабудоўля - гэта знак зусім іншых зьяваў. Пад аўтаром, пад месцам для малітваў пабудаваны вялізны гараж на 600 месцаў, дзе месцы для іншамарак у цэнтры Масквы будуць здаваць за валюту, прычым за аўтаматычнае асьвятленьне кожнага аўтамабіля, які ўедзе ў храм-гараж, будзе, пэўне, адмысловая нацэнка. Тамсама, пад сьвятынямі, размесьцяцца рэстараны, сауна, душавыя павільёны, канфэрэнц-заля, бізнэс-цэнтар… З гаража "новых расійцаў" у пажыўныя месцы пад аўтаром будуць падымаць 28 завезеных з-за мяжы ліфтоў коштам 1,3 млн. даляраў. Адзін ліфт для асабліва важных пэрсонаў будзе падымацца беспасярэдне ў аўтар! Ясна, што гэты праект ня мае нічога агульнага з сапраўдным храмам Хрыста Збаўцы, падарваным у 1931 г. Але камэрсантаў ад палітыкі і чакістаў у рызах гэта ані не бянтэжыць.

Стаўлены будынак ня толькі мае шанец быць першым храмам "на мэрсэдэсах", але ня зь меншаю падставай можа мець і традыцыйны назоў "на курыных ножках" з прычыны наступных абставінаў. 13 ліпеня 1995 г. патрыярх Алексій ІІ зьвярнуўся да старшыні Дзярждумы І.Рыбкіна з просьбай паспрыяць у бясмытавым правозе пад выглядам гуманітарнай дапамогі шматтоннай партыі курыных кумпячкоў. Заместа сапраўднай перадачы дзіцячым дамам, састарэлым, многім іншым людзям, што жывуць у нястачы, патрыярх папрасіў утаргаваныя ад камэрцыйнага продажу гуманітарнага грузу грошы накіраваць на аднаўленьне храмаў, бессумлеўна маючы на ўвазе храм Хрыста Збаўцы. У цяжкія для народу часы праўдзівая Царква заўсёды дапамагала ўбогім, прадаючы сваю маёмасьць для іхнага пражытку (што, напрыклад, рабіў сьвяты патрыярх Ціхан у часе голаду ў 1921-1922 гг.). Патрыярхія ж, наадварот, прысвойвае гуманітарную дапамогу для ўзьвелічэньня сваёй намэнклятурнай ерархіі.

У 1837 г. для будаўніцтва храма Хрыста Збаўцы быў узарваны стары жаночы манастыр, настаяцелька якога пракляла гэтае месца, па-прароцку заявіўшы, што нічога добрага на ім стаяць ня будзе. Быў зьнесены таксама гістарычны храм, у якім найпадобны Сергій Раданескі дабраславіў сьвятога князя Дзьмітрыя Данскога на перамогу. Амаль праз сто гадоў, у 1931-м бальшавікі зьнішчылі храм Хрыста Збаўцы, разьлічваючы пабудаваць на яго месцы грандыёзны Палац саветаў. Праект камуністычнага храма ня зьдзейсьніўся. Але ці ня станецца так, што якраз у гэты няправедна пастаўлены храм-саркафаг прыйдзе той, пра якога сказана: "У храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога".

ПАСЬЛЯСЛОЎЕ

Хай не зьбянтэжыцца сэрца чытача ад некаторай долі іроніі ў гэтых нататках - іроніі, якая дапамагае мне пераадольваць застарэлы боль па цяжкім лёсе расійскага праваслаўя.

Ужо больш як 30 гадоў я адкрыта бараню маю Царкву ад унутраных і вонкавых варагоў, што разбураюць яе, бесстаронна гавару пра яе хваробы, таму што верады, загнаныя ўсярэдзіну, вядуць да загубы.

І вернікам, праваслаўным хрысьціянам, якія, уласна, і складаюць Царкву ў яе паўніні, і ўсяму расійскаму грамадзтву канечне трэба ведаць праўду пра Маскоўскую патрыярхію, што крывадушна аб'яўляе сябе спадчыньніцай айчыннага праваслаўя, якою б горкай гэтая праўда ні была.

У 1965 г. пасьля майго першага выступу (сумесна з а. Мікалаем Эшліманам) з адкрытым лістом пра становішча Царквы ў СССР дзяржбясьпека рукамі патрыярха Алексія І забараніла мяне ў сьвятарскім служэньні на 21 г., павёўшы сябе ўсё ж гуманьней за Алексія ІІ і ягоны сынод, якія ўжо з собскай ініцыятывы аб'явілі пра пазбаўленьне мяне сану. Гэтай пастановы я не прызнаў, бо яна груба парушае каноны ўсяленскага і расійскага праваслаўя. Быў і застаюся сьвятаром Праваслаўнай царквы і чакаю справядлівага выроку па маёй справе ад найвышэйшай царкоўнай улады - Памеснага сабору, правамоцнага адмяніць беззаконны акт патрыярхійнай адміністрацыі.

Без адраджэньня праваслаўя немагчымае адраджэньне Расіі. Але праўдзівае адраджэньне - гэта не статыстычныя справаздачы пра перададзеныя дзяржавай храмы і манастыры, ня колькасьць асьветленых офісаў іне дэманстрацыйнае стаяньне дзяржаўнай намэнклятуры ў храмах зь сьвечкай у правай руцэ.

Праўдзівае адраджэньне - гэта духоўная самасьвядомасьць грамадзтва, знаходжаньне вышэйшых маральных аыенціраў, чаго ня можа быць без адрачэньня ад злачынстваў мінуўшчыны.

Прыклад такому памкненьню да праўды першаю павінна паказаць Расійская праваслаўная царква, якой зь лішкам ёсьць у чым каяцца. Аднак Маскоўская патрыярхія ўпарта адмаўляецца ад прызнаць праўду пра самую сябе, у карысьлівых мэтах скажае сваю гісторыю, вынаходзячы собскую міталёгію з абгрунтаваньнем уяўнага свайго паходжаньня ад сьвятых князя Ўладзіміра, найпадобнага Сергія, патрыярха Ціхана.

Пасьля публікацыі камісіяй Вярхоўнага Савету Расіі часткі архіўных матэрыялаў КГБ пра агентурнае служэньне найвышэйшага кіраўніцтва РПЦ пад напорам публічнасьці Патрыярхія ў 1992 г. змушаная была стварыць камісію (ачольваную архіяпіскапам Аляксандрам Кастромскім) для расьсьледаваньня фактаў супрацоўніцтва прадстаўнікоў Царквы з спэцслужбамі. Але за мінулыя гады гэтая камісія не прадставіла ніякіх сьлядоў сваёй дзейнасьці; абышоў маўчаньнем вынікі расьсьледаваньняў і Архірэйскі сабор 1994 г. Без сумлеву, існаваньне патрыярхійнай камісіі мае сапраўднаю мэтай (у цяперашнім часе, бо яна фармальна не ліквідаваная) не раскрыцьцё праўды пра ганебныя заслугі кіраўніцтва РПЦ перад "сацыялістычнаю Бацькаўшчыай", а, наадварот, скрываньне.

Лідары Маскоўскай патрыярхіі не адмаўляюць сваёй шматгадовай працы на КГБ, але выбіраюць маўчаньне, мяркуючы, што няма каму змусіць іх гаварыць. Патрыярх і сынод зноў і зноў праяўляюць злачынную абыякавасьць да паствы і адарванасьць ад народу. Зь ерархаў толькі літоўскі архіяпіскап Хрызастом знайшоў мужнасьць адкрыта пацьвердзіць сваю агентурную мінуўшчыну пад мянушкай "Рэстаўратар".

У 1992 г. парляманцкая камісія па расьсьледаваньні прычынаў і абставінаў ГКЧП прапанавала кіраўніцтву РПЦ забараніць шляхам унутраных устанаўленьняў выкарыстаньне духавенства ў якасьці сакрэтных супрацоўнікаў спэцорганаў. На маю прапанову Вярхоўным Саветам Расіі была прынятая дзейная й дасюль папраўка да заканадаўства, якая ўлучае сьвятаслужнікаў ў катэгорыю асобаў (у іх ліку пракуроры, судзьдзі, дэпутаты), вербаваньне якіх адпаведнымі дзяржаўнымі службамі забароненая. Аднак прапанова парляманцкай камісіі пра ўвядзеньне самой Царквой такіх забаронаў не было падтрымана Патрыярхіяй.

Пасьля крушэньня СССР "Савецкая праваслаўная царква" церпіць заканамерную паразу ў блізкім замежжы, паколькі ўяўляецца ў сьвядомасьці вернікаў былых саюзных рэспублік двайніком камуністычнага таталітарызму, у выніку чаго ня можа мець там сур'ёзнага духоўнага ўплыву на грамадзтва, як яна ня мае яго і ў самой Расіі. Праз нежаданьне Патрыярхіі стаць на шлях ачышчэньня і адраджэньня грамады Эстоніі, Украіны, Латвіі, Малдовы ў значнай частцы аддзяляюцца ад "маскоўскага пасаду" або шляхам аднаўленьня самастойных аўтакефальных цэркваў (як гэта адбываецца ва Ўкраіне), або (як у Эстоніі) атрымліваючы аўтаномію пад юрысдыкцыяй Усяленскага патрыярха.

Гістэрычныя заявы Алексія ІІ пра некананічнасьць гэткіх незалежных памкненьняў грунтуюцца вылучна на фэадальна-бальшавісцкіх уяўленьнях пра царкоўнае права і мала чым розьняцца ад аналягічных заяваў прыхільнікаў аднаўленьня Савецкага Саюзу ў былых граніцах. Між іншага, трэба памятаць, што атрыманьне пасьля 1917 г. незалежнасьці праваслаўнымі цэрквамі Фінляндыі і Грузіі, якія перад гэтым былі ў падпарадкаваньні Расійскай царквы, паслужыла толькі супольнаму дабру, і ніколі, з палітычных меркаваньняў, не аспрэчвалася РПЦ.

Маскоўская патрыярхія, адмовіўшыся ад саборнага ладу, сама як спараджэньне таталітарнага рэжыму ёсьць арганізацыяй таталітарнага тыпу. Натуральна, яна не знаходзіць сабе месца ў дэмакратычным грамадзтве, унікае дэмакратычных каштоўнасьцяў і паводле самой сваёй прыроды выяўляе цягу да палітычных утварэньняў камуністычнага і нацыянал-патрыятычнага кірунку, якія маюць аналягічную таталітарную структуру сваіх арганізацыяў. Нездарма Яраслаўскае епархіяльнае ўпраўленьне на выбарах у абласную думу ў лютым 1996 г., заявіўшы, што РПЦ ня мае нічога агульнага з Хрысьціянска-дэмакратычным саюзам ("Хрысьціяне Расіі"), фактычна падтрымала кандыдатаў ад Камуністычнай партыі, зь якой царкоўная намэнклятура працягвае, як відаць, непарыўную роднасную сувязь.

Шматвяковая гісторыя хрысьціянства ведае мноства прыкладаў таго, як, патрапіўшы ў палосы цяжкой крызы, цэрквы выходзілі зь яе жыцьцяздольнымі толькі ў выпадку шырокага ўдзелу ў справе царкоўнага адраджэньня самых вернікаў. Ня можа быць выключэньнем з гэтай заканамернасьці й трагічны лёс Расійскай праваслаўнай царквы.

Вось чаму аднаўленьне ў Расіі такой Праваслаўнай царквы, якой яна паводле заслугаў сваіх павінна быць, немагчымае без глыбокіх унутраных рэформаў і вяртаньня да дэмакратычных прынцыпаў Памеснага Сабору 1917-1918 гадоў, на аснове якіх трэба перабудаваць сыстэму царкоўнага кіраваньня: адмяніць усеўладзьдзе патрыярха і сьвятога сыноду, адрадзіць кананічную выбарнасьць духавенства па ўсёй вэртыкалі ерархіі. Аднак зрабіць гэта немагчыма без люстрацыі найвышэйшага кіраўніцтва Патрыярхіі: асобы, прызначаныя на высокія цакоўныя пасады паводле ўказаньняў спэцслужбаў, мусяць адказаць перад вернікамі за сваё дапамаганьне бязбожнай уладзе, прынесьці публічнае раскаяньне за сваю юдаву мінуўшчыну. Толькі спабыўшыся спадчыны камунізму, Царква зможа стаць грамадзкаю сілай, адкрыць вусны для казані і быць пачутаю народам, служыць сьвету прыкладам сваёй добрай дзейнасьцю. У адваротным выпадку РПЦ ператворыцца ў рэліктавы этнаграфічны запаведнік, у краму, дзе гандлююць абрадамі для цёмнага неацаркоўленага народу.

1996 г., Масква.

Пераклад Юрася Бушлякова

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX