Вярнуцца: Ваенная гісторыя

Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 15-11-2016,
Крыніца: Гродна, 2016.

Спампаваць




Леанід Лаўрэш

Паўстанчы дух

1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне


Гродна
«ЮрСаПрынт»
2016

Лаўрэш Леанід.
Л 79 Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне / Л.Л. Лаўрэш – Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2016. – 244 с.: іл.
У кнізе, грунтуючыся на шматлікіх ужо раней друкаваных і архіўных матэрыялах, а таксама на мемуарах таго часу, расказваецца пра падзеі 1812, 1831, 1863 гг. на Лідчыне.
Кніга будзе карыснай для чытача, які цікавіцца беларускай мінуўшчынай: настаўнікам і вучням агульнаадукацыйных школ, краязнаўцам, навукоўцам, выкладчыкам гісторыі і студэнтам.

© Лаўрэш Л., 2016

УДК 94.476
ББК (4 Беи)
ISBN 978-985-7134-13-7




Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але тут нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.

Яны аддалі нам меч і касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых...
І нам немагчыма пайсці адсюль
І пакінуць са смерцю іх.
У. Караткевіч



Змест

Прадмова

Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне

Падрыхтоўка і планаванне вайны

Пачатак вайны

Адраджэнне ВКЛ

Ліда і лідзяне

Ваенныя дзеянні

Паўстанне 1831 г.

Паўстанне ў Літве

Ашмянская разня

Далейшае развіццё паўстання на Літве

Дзеянні войскаў Хлапоўскага ў Літве

Паход Гелгуда

Заканчэнне паўстання

Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

Перад паўстаннем

Пасля 1830-31 гг.

Літва перад паўстаннем

Лідчына перад паўстаннем

За нашу і вашу свабоду

Бітва пад Рудняй

Падзеі ў Гродне

Бой паміж маёнткамі Дубічы і Глыбокае

Бітва пад Кавалькамі

Параза пад Дубічамі

Апошнія падзеі паўстання на Лідчыне

Пераслед сям'і Нарбутаў

Заканчэнне паўстання на Лідчыне

Лідскія ксяндзы ў паўстанні

Пасля паўстання

Дадаткі

Да главы «Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне»

Песня ўланаў Тышкевіча, 1812 г.

Да главы «Паўстанне 1831 г.»

Маёнткі, канфіскаваныя ва ўдзельнікаў паўстання (дадзеныя на 1837 г.)

Да главы «Паўстанне 1863 г. на Лідчыне»

Фрагмент артыкула дырэктара музея Францішка Багушэвіча

Алеся Жамойціна «Паўстанцкі шлях Францішка Багушэвіча»

«Божа, што ж Польшча...»

Chorał (Z dymem pożarów)

Паўстанцкая песня

Рапарт начальніка Віленскага атрада начальніку 2-й гвардзейскай дывізіі са спісам саўдзельнікаў мяцяжу. 29 красавіка 1863 г., № 15

Спіс маёнткаў, канфіскаваных у Лідскім павеце (1863-1873)

Маёнткі ў Лідскім павеце, якія пасля паўстання 1863 г. былі выкуплены рускімі абшарнікамі на падставе інструкцыі ад 23.VII. 1865 г.

Спіс маёнткаў, прымусова прададзеных па ўказу ад 10.12.1865 г.

Спіс маёнткаў, прададзеных ў 1864-1873 гг.

Да 70-х угодкаў паўстання

Памяць пра Людвiга Нарбута

Прэзентаціі кнігі



Прадмова

Кожны народ мае ў сваёй гісторыі падзеі, якімі ён ганарыцца. На гэтых невялікіх па часе эпізодах мінулага выхоўваюцца новыя пакаленні грамадзян, яны ўключаны ў кантэкст дзяржаўнай ідэалогіі, на іх прыкладах фарміруецца гістарычная памяць народа. Не выклікае сумненняў, што падобнымі вызначальнымі момантамі айчыннай гісторыі ХІХ ст. былі нацыянальна-вызваленчыя паўстанні і, у першую чаргу, паўстанне 1863 г.

(98KB) Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне.

У апошнія два дзесяцігоддзі незалежнай гісторыі Беларусі тэматыка падзей 1812, 1831 і 1863 гадоў пачала куды больш актыўна распрацоўвацца нашай гістарычнай навукай. За гэты час былі зроблены спробы іх новай ацэнкі і інтэрпрэтацыі, створаны некалькі абагульняючых прац па дадзенай праблематыцы, выдадзены шэраг зборнікаў па выніках тэматычных канферэнцый. Але нягледзячы на ўвесь паступальны рух наперад у вывучэнні гэтых момантаў нашай гісторыі, тут па-ранейшаму застаецца шмат «белых плямаў». Адным са спосабаў вырашэння тых пытанняў, што паўсталі на шляху вывучэння гэтых падзей, з'яўляецца распрацоўка рэгіянальнай гісторыі. Менавіта падобны падыход дазваляе нібыта праз павелічальнае шкло пабачыць тое, чаго зазвычай не відаць у акадэмічных выданнях і працах прафесійных гісторыкаў. Як вядома, на месцы бывае прасцей разабрацца з нейкай праблемай, убачыць яе спецыфіку, чым з далёкіх кабінетаў.

У дадзенай кнізе прадстаўлены нарысы гісторыі Лідчыны і яе жыхароў у барацьбе за незалежнасць свайго краю, супраць расейскага панавання. Аб'ектам аўтарскага інтарэсу былі абраны падзеі, звязаныя з вайной 1812 г. і паўстаннямі 1831 і 1863 гг.

Франка-расейскі канфлікт 1812 г. нельга лічыць нацыянальна-вызваленчым паўстаннем у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Хутчэй за ўсё, ён трапляе пад дадзенае вызначэнне з пункту гледжання тых надзей, якія падарыла для жыхароў нашага краю гэтая падзея. Той энтузіязм, з якім многія суайчыннікі прычыніся да аднаўлення былой дзяржаўнасці, іх удзел у баявых дзеяннях дазваляе нам сёння паставіць гэтую падзею ў шэраг іншых, звязаных з барацьбой за незалежнасць.

Што тычыцца непасрэдна паўстання 1831 і 1863 гадоў, то аўтар не абмяжоўваў тэрытарыяльныя межы свайго даследавання выключна Лідскім рэгіёнам. Дзеля лепшага разумення логікі развіцця падзеі, вылучэння пэўнай яе тэрытарыяльнай спецыфікі і параўнання з іншымі землямі, ім шырока выкарыстоўваюцца дадзеныя, што тычацца іншых, суседніх абшараў. Змест і, адпаведна, матэрыял кожнага з раздзелаў падпарадкаваны задачы ўсебаковага асвятлення развіцця таго ці іншага паўстання ад самага яго зараджэння аж да тых наступстваў, якія яно мела як на Беларусь у цэлым, так і на Лідчыну ў прыватнасці.

Адным з несумненых дадатных бакоў дадзенага выдання з'яўляецца досыць шырока прадстаўленая галерэя лідзян - удзельнікаў тых падзей. На жаль, некаторыя з тых асоб сёння ў нас несправядліва забытыя. Таму іх прысутнасць на старонках нарысаў, а таксама невялікія біяграмы некаторых з іх выглядаюць вельмі дарэчы.

У сваім бачанні таго, што адбывалася на Лідчыне ў тыя часы, аўтар далёкі ад ідэі манапалізацыі аднаго нейкага пункту гледжання на ўсе тыя падзеі. Адной з галоўных адметнасцяў нарысаў з'яўляецца прысутнасць у іх поглядаў розных бакоў канфлікту. З аднаго боку гэта расейскія афіцэры і цывільныя чыноўнікі царскай адміністрацыі, а з іншага - прадстаўнікі супрацьлеглага лагеру, мясцовыя жыхары. Асабліва каштоўнымі, на нашу думку, з'яўляюцца ўспаміны, у якіх характарызуецца тая абстаноўка, што панавала ў Лідзе напярэдадні выбуху паўстання 1863 г. У іх адлюстраваны не столькі палітычныя, колькі штодзённыя адметнасці тагачаснага жыцця гэтага горада і навакольнага рэгіёна.

Дадзенае выданне адрасавана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Лідчыны, а таксама мінулым нашай краіны.

Кандыдат гістарычных навук Радзюк А.Р.



Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне

«О год, празваны ў нас і надзвычайным,
І векапомным годам ураджайным!»
А Міцкевіч (пер. Я. Семяжона)

Падрыхтоўка і планаванне вайны

У лютым 1811 г. рускі генерал Бенігсен распрацаваў план вядзення вайны з Францыяй, у якім галоўная ўвага надавалася наступальным дзеянням. Сутнасць плана зводзілася да таго, што Расія павінна першай аб'явіць Францыі вайну, заняўшы Прусію і Польшчу. План прадугледжваў выхад рускіх войскаў на лінію Одэра і прыняцце генеральнай бітвы ў міжрэччы Вісла - Одэр. У студзені - сакавіку 1811 г. Аляксандр I даў указанні аб перакідцы рускіх войскаў з Фінляндыі, Малдовы і Валахіі да заходняй мяжы. Дадзеныя выведкі Герцагства Варшаўскага сведчылі аб высоўванні да мяжы і канцэнтрацыі ў раёнах Вільні, Гародні, Берасця і Беластока буйных вайсковых фармаванняў (да 200 тыс. чалавек). Напалеон абвінаваціў Аляксандра I у падрыхтоўцы вайны супраць Францыі і прыняў сустрэчныя меры. Ён распарадзіўся аб перакідцы ў Герцагства Варшаўскае зброі і ваеннага рыштунку, а таксама аддаў загад аб сфармаванні корпуса маршала Даву, які павінен быў прыкрыць Герцагства Варшаўскае. Улетку і ўвосень 1811 г. ішлі сакрэтныя руска-прускія перамовы. Аднак стварыць антыфранцузскую кааліцыю (Расея, Прусіі і Аўстрыя) не атрымоўвалася, Расія заставалася адна, без саюзнікаў, і таму ёй быў прыняты абарончы план будучай вайны [1].

Падрыхтоўка Напалеона да вайны была канчаткова завершана ў верасні 1811 г. Вайну адтэрміноўвала толькі надыходзячая зіма. Флігель-ад'ютант, палкоўнік Чарнышоў дакладваў у гэты час Аляксандру І: «Вайна вырашана ў галаве Напалеона, ён зараз лічыць яе неабходнай для ... уладання Еўропай».

Пачынаючы з 1811 г. у Расіі спешна будавалі на заходняй мяжы дзве новыя цвердзі: Бабруйск і Дынабург; узмацнялі ўжо наяўныя ўмацаванні Рыгі і Кіева, і паміж Дзвіной і Дняпром выбіралі месцы для будучых умацаваных пазіцый. Пяць дывізій з малдаўскай арміі, якія ваявалі з Турцыяй, атрымалі загад спешна вярнуцца назад да ракі Днестр, а адна дывізія з Фінляндыі перакідвалася ў Літву. Гэты адыход пяці дывізій з Дуная і шостай з Фінляндыі вельмі не спадабаўся Напалеону, і ён не прамінуў зрабіць аб гэтым належнае пасланне ў Пецярбург. Цар зараз жа адказаў, што верне дывізіі ў Валахію, калі, у сваю чаргу, Напалеон паменшыць залогу Гданьска напалову. Напалеон на гэта не мог пагадзіцца і адказаў, што ён узмацняе свае войскі ў Паўночнай Германіі « не дзеля пагрозы Расіі або з палітычнымі мэтамі, але адзіна ў намеры забяспечыць паўночныя берагі Германіі ад нападу ангельцаў, узмацніць мытную варту, захаваць грамадскі спакой у гэтым нованабытым краі і, нарэшце, там таней трымаць войскі, чым у Францыі».


Літоўская шляхта з нецярпеннем сачыла за дзеяннямі Напалеона. Шляхта перадавала адзін аднаму чуткі пра французскага імператара, бюлетэні «Вялікага войска» пераходзілі з рук у рукі; аднадумцы Напалеона вялі агітацыю на карысць яго. Рускі імператар Аляксандр І выдатна ведаў пра трывожныя настроі ў Літве. Губернатары даносілі, што з прыходам Напалеона ўсе павернуцца супраць Расіі, і ім загадвалі асабліва ўважліва сачыць за настроямі насельніцтва. Але знешне ўсё было спакойна.

У канцы красавіка 1812 г. імператар Аляксандр І аб'язджаў войскі ўздоўж заходняй мяжы і наведаў Вільню. Ён быў сустрэты натоўпамі насельніцтва: нават самыя вялікія скептыкі паддаліся на гэты раз надзеям на рэформы і аўтаномію ў межах Расіі - тую дробязь, пра якую ўсе марылі, але рускі імператар маўчаў і абмяжоўваўся толькі міласцямі да шляхты і незвычайнай ветлівасцю з арыстакратыяй.

У Лідзе ён зрабіў агляд 6-га корпуса генерала ад інфантэрыі Дохтурава. У Лідскім павеце ў раёне Эйшышак кватаравала руская армія ў 60 000 чалавек, карпуснымі камандзірамі ў ёй былі генералы Бахмецьевы 1-шы і 2-гі. На пачатку траўня імператар Аляксандр I, аглядаючы карпусы, суткі прабыў у Эйшышках. Потым імператар наведаў маёнтак Веранова (зараз - Воранава), які належаў 70-гадовай Клары Аляксандровіч. Гаспадыня, па няведанні, прыняла імператара за рускага паручніка. Непазнаны Аляксандр піў з ёй гарбату, і пані пажалілася яму на тое, што ў яе сілай забралі 6 коней для будучага праезду імператара. Аляксандр, не адкрыўшы сябе гаспадыні, загадаў вярнуць коней [2]. У Лідскім павеце імператар пешшу наведаў Ішчалну - маёнтак Караля Лясковіча, піў з Лясковічам гарбату, слухаў ігру дачкі гаспадара Ішчалны на арфе. Каля Ішчалны рускі імператар інспектаваў 4-ы корпус генерал-ад'ютанта Шувалава (штаб у Васілішках), які складаўся з 11-й і 23-й пяхотных дывізій, аднаго гусарскага палка з 2-й кавалерыйскай дывізіі і дзвюх артылерыйскіх брыгад [3]. 6-ты корпус Дохтурава меў 20,5 тысяч чалавек і ўключаў у свой лік яшчэ і 3-ці кавалерыйскі корпус. Авангард 6-га корпуса (генерал-маёра графа Палена 1-га) складаўся з двух егерскіх і двух гусарскіх палкоў з ротай коннай артылерыі і мясціўся каля мястэчка Лебяда [4].


29 траўня Напалеон прыбыў у Кёнігсберг для арганізацыі забеспячэння войска харчаваннем, а адтуль праз Велаў і Інстэрбург прыехаў у Гумбіен. Тут ён атрымаў вестку ад свайго амбасадара ў Расіі Ларыстона аб адмове Аляксандра I правесці перамовы ў Вільні і палічыў гэта найлепшай нагодай для неадкладнага пачатку вайны з Расіяй. «Справа вырашана! - кажа ён. - Рускія, якіх мы заўсёды перамагалі, прымаюць на сябе выгляд пераможцаў. Яны выклікаюць нас, але, вядома, пасля прыйдзецца нам аддзячыць ім за такую дзёрзкасць. Спыніцца ў дарозе - значыць не скарыстаць спрыяльнага выпадку. Палічым за міласць, што нас прымушаюць да вайны, пяройдзем Нёман».

Загадаўшы карпусам як мага хутчэй паспяшаць да Нёмана, Напалеон выдаў войску свой знакаміты загад: « Салдаты! Другая польская вайна пачалася. Першая скончылася пад Фрыдландам і Тыльзітам. У Тыльзіце Расія паклялася быць у вечным міры з Францыяй і ваяваць з Англіяй. Цяпер яна парушае свае клятвы і не жадае даць ніякага тлумачэння аб сваіх дзіўных паводзінах ... Расію вядзе рок! Лёс яе павінен вырашыцца. Ці не лічыць яна, што мы змяніліся? Хіба мы ўжо не ваяры Аўстэрліца? Расія ставіць нас паміж ганьбай і вайной. Выбар несумнеўны. Пойдзем жа наперад! Пяройдзем Нёман, прынясём вайну ў рускія межы. Другая польская вайна, як і першая, уславіць французскую зброю, і мір, які мы здабудзем, будзе трывалы і пакладзе канец пяцідзесяцігадоваму пыхліваму ўплыву Расіі на справы Еўропы»[5].

Яшчэ да пераходу Нёмана Напалеон у гутарцы з Каленкурам сказаў, што хоча закончыць кампанію за 2 месяцы. Якія ж планы былі ў Напалеона на гэтую кампанію?

Напалеон казаў Метэрніху: «Маё прадпрыемства належыць да ліку тых, рашэнне якіх даецца цярпеннем. Перамога будзе ўзнагародай больш цярплівага. Я адкрыю кампанію пераходам цераз Нёман. Скончу я яе ў Смаленску і Мінску. Там я спынюся. Я ўмацую гэтыя два гарады і займуся ў Вільні, дзе будзе мая галоўная кватэра ў працягу бліжэйшай зімы, арганізацыяй Літвы, якая прагне скінуць з сябе рускае ярмо. І мы ўбачым, хто з нас двух стоміцца першы: я ад таго, што я буду ўтрымліваць сваё войска за кошт Расеі, або Аляксандр ад таго, што яму прыйдзецца карміць маё войска за кошт сваёй краіны. І, можа быць, я сам паеду на самыя суровыя месяцы зімы ў Парыж». Метэрніх спытаў Напалеона, што ён будзе рабіць, калі акупацыя Літвы не вымусіць Аляксандра да міру. Напалеон адказаў: «Тады, перазімаваўшы, я рушу ў цэнтр краіны, і ў 1813 годзе буду такі ж цярплівы, як у 1812 г. Усё, як я Вам сказаў, з'яўляецца пытаннем часу». Напалеон не хітраваў з Метэрніхам. Ён, сапраўды, выкладаў план, які ён вырашыў ажыццяўляць на працягу лета і восені 1812 г. І яшчэ ў Вільні ён цвёрда трымаўся гэтага плана. Напалеон казаў там: «Я не перайду Дзвіну. Хацець ісці далей на працягу гэтага года значыць ісці насустрач сваёй гібелі». Нават ужо ў Смаленску маршал Даву пачуў ад імператара словы, якія так яго ўзрадавалі: «Цяпер мая лінія выдатна абароненая. Спынімся тут. За гэтай цвярдыняй я магу сабраць свае войскі, даць ім адпачынак, дачакацца падмацаванняў і забеспячэння з Данцыга… У два месяцы мы маем такія плады, якіх маглі чакаць хіба за два гады вайны. Даволі! Да вясны трэба арганізаваць Літву і зноў стварыць непераможную армію. Тады, калі мір не прыйдзе шукаць нас на зімовых кватэрах, мы пойдзем і заваюем яго ў Маскве».

І так, не далей Смаленска. Бо за Смаленскам пачынаюцца спрадвечна рускія землі, рускія афіцэры - удзельнікі вайны ў мемуарах пішуць пра тое, як змяніліся настроі мірнага насельніцтва пасля Смаленска: адразу знікла варожасць, адразу адыходзячую рускую армію пачалі сустракаць як родную. У Смаленску Напалеон зрабіў ужо шмат гадоў нечуваную рэч - ён сабраў ваенную раду. Ёсць сведчанне, што на маршалаў-удзельнікаў гэта мела гнятлівае ўражанне. Яны ўжо прывыклі да таго, што Імператар ведае ўсё сам.

Смаленск згарэў, і зімаваць у ім не было магчымасці. Армію трэба было адводзіць назад. Але Напалеон стварыў такі свой вобраз у Еўропе, што адыходзіць, хай нават на невялікую адлегласць, было немагчыма. Гэта ажывіла б усе незадаволенасці і хваляванні ў Еўропе і нават у Францыі. Акрамя таго Банапарт выдатна ведаў нацыянальны склад сваёй арміі, у ёй французаў было менш за палову. І ён уяўляў сабе, што будуць рабіць усе гэтыя баварцы, вюртэмбергцы, саксонцы і інш. на тэрыторыі Беларусі, да якіх рэпрэсій прыйдзецца звярнуцца для таго, каб гэтае войска ўтрымаць хоць у нейкім нармальным стане. І Напалеон пайшоў на Маскву, насустрач свайму канцу.

***

Трэба хоць пункцірам асвятліць жыццё нашых продкаў перад той страшэннай вайной. Велізарнае рускае войска на гістарычнай Літве ў значнай ступені ўтрымлівалася за кошт мясцовага насельніцтва. На гэты конт «Курьер Віленскі» пісаў: « Шляхта Віленскай губерні атрымала імператарскую ўдзячнасць за згоду забяспечваць размешчанае ў Віленскай губерні войска харчаваннем на працягу ўсяго года на вельмі зручных для казны ўмовах».

Паводле ўспамінаў капітана І.Т. Радажыцкага, у сакавіку 1812 г. падчас маршу 2-й артылерыйскай брыгады праз Пружаны - Слонім - Ваўкавыск - Масты - Ліду - Вільню правіянт здабывалі пагрозамі і сілай. Капітану запомніўся нейкі стары пан харунжы ў Беняконях Лідскага павета, які ніяк не хацеў забяспечваць расіян фуражом.

У траўні 1812 г. да « вышэйшага начальства дайшла інфармацыя, што ў месцах размяшчэння 4 корпуса (Васілішкі, Ішчална), жыхары маюць самую крайнюю патрэбу ў хлебе, і некаторыя ўжо ядуць траву»[6].

Знясільвалі край і рэкруцкія наборы ў рускае войска. Вялікія рэкруцкія наборы пачаліся ў Гарадзенскай губерні з 1802 г. У 1802-1806 гг. у рускае войска было ўзята 7 742 рэкруты, у 1808 г. з - 2 589 рэкрутаў (з Лідскага павета - 280), у 1809 г. - 2 190 рэкрутаў (з Лідскага - 255), у 1810 г. - 1 418 рэкрутаў (з Лідскага - 162), у сакавіку 1812 г. Аляксандр I загадаў правесці дадатковы набор, але дакладных звестак аб ім няма. Увогуле ў 1802-1811 гг. рэкрутчына каштавала Літоўска-Гарадзенскай губерні больш за 16 тысяч чалавек, што нават перавышала натуральны прырост насельніцтва. У гэтыя гады рэзка паменшылася саслоўе беларускіх «месцічаў» - колькасць гараджан-хрысціян скарацілася больш чым напалову, у той час як сялянскае насельніцтва павялічылася. У чатыры разы паменшылася колькасць гараджан-хрысціян у Берасцейскім і Лідскім паветах, у два з паловай разы - у Ваўкавыскім і Слонімскім паветах. Куды «разбеглася» беларускае мяшчанства, пакуль застаецца таямніцай для гісторыкаў [7].

А край усё напаўняўся рускімі войскамі. Ігнацы Яцкоўскі ў кнізе «Аповесць з майго часу» піша: « Ужо з сярэдзіны зімы, гэта значыць, з пачатку 1812 года пачаліся перамяшчэнні рускіх войскаў у розных кірунках. Але такое відовішча не было новым для Літвы. Выклікаюць яны нейкі страх і абмяжоўваюць свабоду, але з тае прычыны, што рухаліся яны ўсе на Захад, той, хто прыглядаўся да гэтага, міжвольна думаў пра Цюрых, Аўстэрліц і Ену [8], куды гэтаксама прыгожа і гэтаю самаю дарогаю ішлі войскі, але ніколі не вярталіся...», і калі нейкі малады афіцэр спытаў «бабулю, якая, абапіраючыся на кіёк, прыглядалася да палка, што праходзіў міма: "А што, маці, ці была б ты рада, калі б мы пабілі французаў? О, дай Божа, - пакорна адказала старая, - каб вы іх пабілі, а каб вас пярун пабіў!"»[9].

Пачатак вайны

Месца вышэй ад Коўні, там, дзе ў Нёман упадае маленькая рэчка Еся, імператар Францыі абраў для пераходу цераз Нёман для галоўнай часткі свайго войска. Напярэдадні, 23 чэрвеня, ён дбайна агледзеў берагі ракі ў наваколлях Коўні, але лепшага месца знайсці не змог. Пад вечар корпус Даву, які першым павінен перайсці мяжу, падышоў да ракі і заціх сярод узгоркаў і лясоў. Агнёў не разводзілі, і нішто не паказвала на тое, што праз некалькі гадзін дзясяткі тысяч людзей будуць на другім беразе ракі. У гэтую пару цямнее позна, і таму толькі з прыходам ночы падрыхтоўка пераправы пачалася. У цемры рота сапёраў пераправілася на правы бераг, знайшоўшы маленькую вёсачку, французы ўмацаваліся ў ёй. Калі адзін з казачых раз'ездаў спакойна наблізіўся да іх, рускі афіцэр спытаў, хто яны такія? «Французы» - быў адказ. «Чаго вы жадаеце і навошта вы ў Расіі?» - працягваў пытаць афіцэр. «Ваяваць з вамі, узяць Вільню, вызваліць Польшчу!». Афіцэр не пытаў далей, павярнуў каня, і патруль хутка схаваўся ў лесе. Сапёры паслалі яму наўздагон некалькі куль. Гэта былі першыя стрэлы той вайны…

У 11 гадзін вечара 24 чэрвеня тры масты цераз Нёман былі гатовыя, і ледзь пачаў святлець усход, вялікае войска пацягнулася жывой бясконцай стужкай. Напалеон пераправіўся адным з першых. Ступіўшы на непрыяцельскі бераг, ён доўга стаяў каля мастоў, падбадзёрваючы салдат і слухаючы крыкі «Vive l'Empereur!». Потым прышпорыў каня, ва ўвесь апор паскакаў у лес, доўга імчаўся наперад цалкам адзін... Нарэшце апамятаўся, павольна вярнуўся да мастоў, і, далучыўшыся да аднаго з гвардзейскіх атрадаў, накіраваўся ў Коўню [10].


24 чэрвеня ў Вільні быў дадзены раскошны баль, на якім Аляксандр І атрымаў весткі пра пераправу Напалеона цераз Нёман. Прабыўшы яшчэ трохі, ён з'ехаў з балю, а праз два дні рускі імператар выехаў з Вільні.

Такім чынам Напалеон з войскам перайшоў Нёман каля Коўні 24 чэрвеня, а 28-29 чэрвеня Вестфальскі кароль Жэром заняў Гародню.

Французская «Вялікая армія» хутка рухалася наперад, і рускія не маглі затрымаць яе наступленне. Ужо 28-га авангард Мюрата начаваў у Рыконтах, за 20 вёрст ад Вільні. На наступны дзень, 29-га, адбыліся тры невялікія сутычкі, якія завяршылі Нёман-Віленскую аперацыю, у ноч з 27 на 28 чэрвеня апошнія аддзелы рускага войска выйшлі з горада, а на наступны дзень Вільня была ўжо ў руках Напалеона.

Вось як апісвае ўваход французаў у Вільню відавочца гэтай падзеі гісторык М. Балінскі: « У гэтую ноч амаль ніхто з жыхароў горада не заплюшчыў вочы. Праўда, на вуліцы не было ніякага шуму, але менавіта начны сумны звон зброі, конскі тупат і глухі стук цяжкіх гармат па бруку, часам прыглушаныя галасы камандзіраў напаўнялі жахам мірных жыхароў, якія, загасіўшы святло і зачыніўшы вокны, прыслухваліся да ўсяго, што адбываецца, сочачы за рухамі войска пры бляску зорак і месяца. Да світанку гэты рух некалькі паменшыўся, а пасля сямі гадзін раніцы наступіла нават хвіліна поўнай цішыні. Наперадзе пешыя жаўнеры ішлі або, дакладней, беглі рыссю, каб не быць заспетымі ворагам у гэтых цесных вуліцах. Потым рухалася конная артылерыя ... лёгкіх гармат, шэсце замыкала кавалерыя, гусары і чырвоныя гвардзейскія казакі, з якіх кожны трымаў у руцэ пісталет з узведзеным курком ці аголеную шаблю. Менавіта гэты атрад быў першым, які сустрэўся з французамі на дарозе паміж Рыконтамі і Вільняй. Увесь гэты адыход працягваўся з паўгадзіны, а потым на вуліцах зрабілася цалкам глуха і пуста. Нідзе не было відаць ні душы, усе адчувалі, што ў такую рашучую хвіліну было б небяспечна быць сярод тых, хто кожную хвіліну мог уступіць у бой. Частка насельніцтва не адважвалася высунуцца з хаты, а больш адважныя і маладыя былі ўжо на Пагулянцы, каб убачыць Напалеона, а каля яго - сваіх землякоў. Але неўзабаве за горадам, каля 9 гадзін раніцы, было жахлівае гледзішча для жыхароў Сніпішак: казакі запалілі вялізныя хлебныя склады, прыгатаваныя для рускага войска, і Зялёны мост, які яшчэ за дзень да таго быў абвязаны саломай і абліты смалой. У 12 гадзін дня Напалеон уступіў у Вільню, сустрэты велічэзным натоўпам, які вітаў яго як свайго вызваліцеля ... Першым палком вялікага войска, які ўступіў у сталіцу Літвы, быў восьмы полк польскай кавалерыі Дамініка Радзівіла. Гэта была адна з урачыстых хвілін у жыцці Вільні, і разам з тым гэта быў тонкі тактычны прыём з боку Напалеона, які не рабіў ніякіх абяцанак у дачыненні Літвы, але як бы справай сведчыў аб будучыні, пасылаючы вызваляць горад ад рускага валадарства нашчадка літоўскіх князёў. У Панарах Напалеона сустрэла дэпутацыя мясцовых грамадзян з ключамі ад горада» [11].

Весткі аб наступе французаў выклікалі сумятню сярод рускага насельніцтва заходніх губерняў. Жыхары паспешліва збіраліся і ўкладваліся, ратуючы сем'і і маёмасць; не маючы належных распараджэнняў, службоўцы не ведалі, што рабіць з казённай маёмасцю [12]. « Адправіў з Гародні гарнізонны батальён, усіх земскіх службоўцаў і казённую маёмасць з вялікай цяжкасцю, - даносіць атаман Платаў Баграціёну, - таму што нічога не было тут прыгатавана, а некаторыя нават не мелі і загадаў аб адступленні адсюль ... я загадаў ім рухацца на Шчучын, Беліцу, Наваградак і далей да Мінска».

28 чэрвеня 1812 г. у Лідзе камандзір IV-га рускага корпуса Дохтураў атрымаў загад рухацца на Вільню. Аднак хутка даведаўшыся, што Напалеон заняў сталіцу Літвы, ён узяў кірунак на паўночны ўсход: Гальшаны - Смаргонь - Данюшава, дзе апынуўся ўжо 30 чэрвеня. За Дохтуравым з-над ракі Лебяды адыходзіў III-ці рускі кавалерыйскі корпус графа П.П. Палена 2-га, які каля Ашмян сустрэўся ў імклівым баі з французскай кавалерыйскай брыгадай К. Пажоля. Раніцай 30 чэрвеня кавалерыя Пажоля, якая ішла з боку Вільні, атакавала пад Ашмянамі атрад прыкрыцця корпуса Дохтурава. 30 чэрвеня ды 1 ліпеня французскія генералы паведамілі Напалеону, што на Лідскай і Ашмянскай дарогах бачны значныя сілы рускіх з усіх трох радоў войскаў: пяхоты, кавалерыі, артылерыі. Гэта былі адступаючыя з-пад Ліды VI-ы пяхотны і III-ы кавалерыйскі корпусы І-й рускай арміі. У Гальшанах з'явіўся невялікі атрад рускага генерала Дорахава (каля 4 тыс. чалавек), гэта быў авангард IV-га корпуса, які вайна застала каля Аран у Літве. Па нядбайнасці рускага камандавання Дорахаву «забыліся» паведаміць пра пачатак вайны, і ён сам пачаў як мага хутчэй прабірацца на ўсход, атрад адступаў у такім тэмпе, што ў егераў замест поту выступала кроў. Падчас гэтага маршу Дорахаў страціў ад стомы 60 чалавек. Частку адстаўшых рускіх егераў злавілі тутэйшыя сяляне і адвялі ў Вільню.

2 ліпеня вестфальскi кароль Жэром заняў Гародню. Вестфальскі кірасір Рункель адзначаў у лісце да родных, што ўся Гародня выйшла сустракаць караля Жэрома з падзякамі і ўшанаваннямі Напалеона. Дэпутаты ад Гародні паднеслі Жэрому ключы ад горада [13].

На кірунку Гародня - Ліда Жэрому Банапарту супрацьстаялі рускія карпусы Шувалава ў Алькеніках і Дохтурава ў Лідзе. Аднак рускія войскі пачалі хутка адступаць, і толькі пад Ліпнішкамі адбыўся ар'ергардны бой паміж французскімі драгунамі і часткамі корпуса Дохтурава. Напрасткi дарога з Гародні да Наваградка ішла праз Шчучын, Жалудок i Белiцу. Дарогу трымалі казакі генерала Платава, якія яшчэ 29 чэрвеня спалілі харчовыя магазіны (склады) у Лідзе. Па гэтай дарозе наступалі войскі караля Жэрома, у склад якіх уваходзіў i V-ы польскі корпус князя Юзафа Панятоўскага разам з VIII-м корпусам вестфальскага генерала Вандама [14].


3 ліпеня асноўныя сілы 2-й рускай арміі Баграціёна, адыходзячы, прайшлі Наваградак. У горадзе застаўся афіцэр, які павінен быў падпаліць вайсковы і харчовы склады. Гэта магло выклікаць вялікі пажар, і таму жыхары адкупіліся ад рускага афіцэра вялікай сумай грошай, а для бачнасці пажару падпалілі на гарадской ускраіне некалькі стагоў сена. Праз тры дні ў Наваградак увайшла французская лёгкая кавалерыя з IV-га корпуса генерала Лятур-Мобура [15].

«Кур'ер Літоўскі» пісаў: «Адступаючы, непрыяцель нясе жорсткія страты. Усюды, дзе ён ужо прайшоў, жыхары паўстаюць і наводзяць парадак. Толькі быў ачышчаны Ваўкавыск, там згуртаваўся ўвесь павет і далучыўся да Генеральнай Канфедэрацыі. У Янаве гараджане перавязалі ўсіх рускіх вартавых, якія ахоўвалі склады ... і ў цэласці перадалі французскім войскам. Тое самае спрабавалі зрабіць і жыхары Пінска, але сілы непрыяцеля былі занадта вялікія, таму атрымалася вывезці частку харчоў, усё, што засталося, было захавана і перададзена генералу Фрэліху ... войскам князя Шварцэнберга»[16].

8 ліпеня ў Мінск уступіў авангард французскага корпуса Л. Даву, які пасля прывітання мясцовай шляхты сказаў, што войскі Напалеона прыйшлі не прыгнятаць, а вярнуць былую Радзіму [17].


Войскі генерала Вандама пакiнулi аб сабе дрэнныя ўспаміны ў Лiдскiм павеце з-за рабункаў. 26 ліпеня Лідскі падпрэфект жаліўся на генерала Вандама, які пасылаў салдат рабаваць жыхароў. 28 ліпеня атрад вестфальцаў з 500 чалавек, пад камандаваннем Жулье, спыніўся ў Шчучыне, і хоць салдатам было дадзена ўсё, што яны патрабавалі: сена, ялавічына, хлеб, гарэлка, піва, - аднак яны з 11 гадзін вечара да раніцы, са згоды сваіх афіцэраў, па-варварску пачалі рабаваць хаты. Пры гэтым былі 3 чалавекі забітыя, 2 параненыя, мноства збіта [18].

Вестфальскі генерал Вандам (Дамінік Жазэф Рэне Вандам (фр. Dominique-Joseph Renе Vandamme, 1770-1830) быў жорсткім салдатам, які праславіўся рабункамі і непадпарадкаваннем. Напалеон аднойчы сказаў пра яго: « Калі б я страціў Вандама, дык не ведаў, што б я аддаў, каб зноў яго атрымаць, але калі б меў дваіх, я быў бы змушаны загадаць аднаго расстраляць». На пачатку паходу ў Расію ў 1812 г. Вандам быў прызначаны намеснікам камандзіра 8-га вестфальскага корпуса Жэрома Банапарта. Але паколькі неспрактыкаваны Жэром Банапарт камандаваў групай карпусоў, якія дзейнічалі супраць Баграціёна, Вандам фактычна аказаўся камандзірам корпуса. Аднак у самым пачатку кампаніі, у Гародні, Вандам быў адхілены Жэромам Банапартам ад камандавання корпусам з-за рознагалосся: жаўнеры яго корпуса былі пазбаўлены рэгулярнага харчавання і не маглі самі здабываць прадукты. Ён меў неасцярожнасць 3 ліпеня напісаць Жэрому даволі рэзкі ліст. «Сір, - пісаў генерал , - беды VIII-га корпуса дасягнулі сваёй мяжы, і, калі Ваша Вялікасць не зменіць сумную сітуацыю, у якой знаходзяцца ўсе карпусы, я буду змушаны прасіць дазволіць даць мне іншае камандаванне... Немагчыма больш выносіць тое, што дзеецца вакол мяне. Парадак знік, паўсюль пануе гвалт». Адпраўляючы гэты ліст, Вандам не ўлічыў, што вестфальскі кароль ужо неаднаразова жаліўся імператару на яго цяжкі характар. Раздражнёны гэтым, Напалеон у адзін з момантаў дрэннага настрою дазволіў свайму брату адхіліць камандзіра вестфальцаў [19].

Жэром Банапарт зняў генерала Вандама з пасады. Генерал прайшоў за войскам да Беліцы, паколькі ён яшчэ спадзяваўся, што яго адновяць на пасадзе. Аднак Напалеон не змяніў выраку, і потым шмат гадоў мясцовыя жыхары памяталі, як Вандам правёў цэлае лета за 30 вёрст ад горада Ліды, у маёнтку Лебяда ў абшарніка Горскага. Распавядалі, што Вандам, маючы пры сабе некалькі ад'ютантаў і паўтара дзясяткі салдат, займаўся сельскай гаспадаркай і вырашаў сялянскія справы, як самы клапатлівы гаспадар. Напалеон загадаў яму вяртацца дахаты за тое, што ён не перашкодзіў адыходу войска Баграціёна [20].

Толькі ў сакавіку 1813 г. Напалеон зноў прызначыў Вандама камандзірам 32-й вайсковай акругі, а 1 ліпеня ён быў прызначаны камандзірам I-га армейскага корпуса. Вандам зацята ваяваў і патрапіў у палон у бітве пры Кульме 30 жніўня 1813 г.

24 жніўня ў Горадню паступіла скарга ад пана В. Санкоўскага з Навадворскай парафіі Лідскага павета. Аўтар даводзіў, што ў парафіі затрымалася некалькі дзясяткаў французскіх конных егераў з 1-га корпуса Даву. Гэта былі параненыя салдаты альбо тыя, у каго скалечыліся коні. Салдат пакінулі падчас пераследу Баграціёна ды і забыліся. А французы нікуды не спяшаліся. Штодзень дванаццаць конных егераў з'ядалі ў пана Санкоўскага 24 пінты збожжа, выпівалі 1,5 гарнцы гарэлкі і абавязкова патрабавалі мяса. Уладальнік маёнтка, які ўжо пацярпеў ад вестфальцаў Вандама, цікавіўся, калі яго пазбавяць гэтага клопату [21].

26 верасня лідскі падпрэфект данёс у Адміністрацыйную камісію, што атрад французаў з 70 чалавек, праходзячы па шляху ў Гародню праз мястэчка Каменка, размясціўся там на два дні і на працягу гэтага часу рабаваў мястэчка: паўсюдна былі выламаны замкі, у насельніцтва забраны рэчы і харчовыя прыпасы: малако, сыр, масла, сена, авёс у снапах і да т.п. Французы білі сялян шаблямі, паранілі 20 чалавек. Гарадзенскі губернатар Ляброн абяцаў падпрэфекту ўсё нарабаванае вярнуць. Для спынення рабункаў было забаронена без дазволу паліцыі скупляць у вайскоўцаў рэчы. Урад меў у галоўных гарадах сваіх давераных асоб. Разрабаваным жыхарам прызначалася дапамога, а 12 снежня было загадана частку выкрадзенай маёмасці залічыць як падатак [22].

Для мясцовага насельніцтва сітуацыю ўскладнялі дэзерціры рускага войска, якіх было вельмі шмат, і якія таксама рабавалі мясцовае насельніцтва. «Кур'ер Літоўскі» пісаў: « Усюды сустракаюцца ў вялікай колькасці рускія дэзерціры, асабліва ў тых мясцовасцях, дзе праходзіў Баграціён. Усе дарогі каля Мастоў, Ружан, Салечнікаў поўныя імі» [23].

Цікавая гісторыя здарылася з распарадчыкам маёнтка Віктарышкі, які знаходзіцца на дарозе з Вільні на Ашмяну, Пятром Былінскім. У час, калі ён пачуў, што французы ўжо ў Вільні, маёнтак рабавалі 63 рускія жаўнеры. Былінскі сказаў ім, што французы побач, і... параіў рускім ратавацца ў кірунку Табарыйскай плаціны. Калі жаўнеры туды рушылі, ён з сялянамі з Віктарышак заняў дарогу і... прымусіў рускіх здацца. 55 з іх здалося, а 8 уцякло. Усіх палонных ён адправіў у Вільню і здаў вайсковым уладам [24].

Адраджэнне ВКЛ

1 ліпеня 1812 г. Напалеон падпісаў дэкрэт пра ўтварэнне дзяржавы - Вялікага Княства Лiтоўскага - i сфармаваў часовы ўрад - Камiсiю Часовага ўрада ВКЛ (Komisja Rzadu Tymczasowego Wielkiego Ksiestwa Litewskiego). Яна складалася з 7 камітэтаў, на чале кожнага з iх стаяў адзін з сяброў Камiсii: харчавання i складоў (магазінаў) - Станiслаў Солтан, палiцыi - Юзаф Серакоўскi, вайсковы - Аляксандр Сапега, судовы - Франц Ельскi, унутраных спраў - Аляксандр Патоцкi, асветы i рэлiгiі - Ян Снядецкi. Камiсiя Часовага ўрада з'яўлялася найвышэйшай уладай Княства, якое складалася з 4 дэпартаментаў, утвораных на месцы былых Вiленскай, Гарадзенскай, Мінскай губерняў i Беластоцкай акругі. Лiдскi павет уваходзіў у склад Гарадзенскага дэпартамента [25].

Адначасова Напалеон прызначыў і вайсковага генерал-губернатара Літвы, графа Гогендорпа (Hogendorp), як сказана ў дэкрэце, для таго, каб рашэнні ўрада мелі больш моцы, бо за імі стаіць камісар Імператара.

Адразу паўсталі два галоўныя кірункі дзейнасці: усталяванне законнага грамадзянскага ладу i стварэнне войска.

Сяляне, якія чакалі ад французаў волі, пачыналі бунтаваць і адмаўляцца выходзіць працаваць на пана. Хваляванні даходзілі да палення двароў і рабункаў. Рапарт Віленскага падпрэфекта да Часовай камісіі ад 6 ліпеня: « Сяляне хаваюцца па лесе, ... пачынаюць рабаваць, іншыя адмаўляюцца працаваць. Гэта прыводзіць да таго, што войска не атрымлівае неабходнай дапамогі, якая яму неабходна, … гіне ўраджай… што можа прывесці да голаду». Руская армія, адступаючы, вывозіла з сабой харчовыя магазіны ці нішчыла іх, прытым што харчавання было няшмат, бо 1811 г. быў неўрадлівы.

Часовы камітэт прымаў меры, каб спыніць марадзёрства жаўнераў і сялянскія хваляванні. 3 ліпеня ва ўсіх дэпартаментах былі створаны адмысловыя камісіі з аднаго старшыні i 4 сяброў, мэтай якіх было падтрымліваць грамадзянскі спакой. Рабаўнікоў i марадзёраў пачалі расстрэльваць на працягу 24 гадзін. Былі створаны «рухомыя калоны» (colonnes mobiles) па 10 чалавек кожная, пераважна з гвардзейцаў генерала Красiнскага цi з жандараў, якія шукалі рабаўнікоў i марадзёраў. Аднак меркаванне, што « ўжо праз 2 месяцы ў краі ўсталяваўся спакойны грамадскі лад»[26], верагодна, не мае рацыі, акрамя жаўнераў дзвюх армій, свой уклад у хвалю гвалтаў унеслі і мясцовыя жыхары. Асабліва небяспечнымі былі Гарадзенскі і Лідскі паветы, дзе пасля праходу арміі Жэрома Банапарта амаль не засталося войска. Вайсковец з Вестфаліі Рункель паведамляе, што ад Гародні летам 1812 г. аддаляцца было небяспечна, бо вакол горада бадзяліся масы бандытаў. Разбой квітнеў уздоўж дарогі Вільня - Ліда, у навакольных лясах з'явіліся банды па 4-20 чалавек. Яны нападалі не толькі на падарожнікаў, але і на асобныя двары, рабавалі, забівалі і калечылі людзей. Некаторыя з іх былі схоплены і пакараны ўладамі, напрыклад, за ўзброеныя рабункі шляхціц Скіндар з трыма сынамі і нехта Карэва [27]. Сіл 14-га польскага пяхотнага палка Эўзебія Семяноўскага, вылучанага са складу 17-й (польскай) пяхотнай дывізіі Дамброўскага і размеркаванага для падтрымання парадку залогамі ў Ваўкавыску, Лідзе, Наваградку, не хапала [28].

2 ліпеня Жэром Банапарт прызначыў губернатарам генерала Ражнецкага, які сабраў шляхту і стварыў Канфедэрацыю. Рада Канфедэрацыі павінна была кіраваць губерняй. Аднак днём раней сам Напалеон у Вільні аднавіў Вялікае Княства Літоўскае і заснаваў вышэйшую ўладу Княства - Камiсiю Часовага ўрада, а па губернях - Адміністрацыйныя камісіі. Таму князь Антон Гейдрайць, упаўнаважаны Часовым урадам, прыбыў у Гародню 17 ліпеня і, выказаўшы павагу да ўдзельнікаў, закрыў Раду Канфедэрацыі. Ён стварыў Адміністрацыйную камісію, падпарадкаваную Вільні, першае пасяджэнне якой адбылося 26 ліпеня [29].

Самастойна паўсталі і павятовыя рады Канфедэрацыі. У Лідскім павеце пад кіраўніцтвам маршалка Ігнацыя Скіндара рада была ўтворана 7 ліпеня. Паўстала на Лідчыне і другая рада сканфедэраванай шляхты - у Жалудку, пад кіраўніцтвам графа Рудольфа Тызенгаўза. Сябрамі рады ў Жалудку былі: Караль Лясковіч, Францішак Райскі, Ян Лясковіч, Ян Расудоўскі, Сымпліцыян Паплаўскі, Казімір Кастравіцкі, Адольф Шукевіч, Антоні Скіндар, Антон Крыдаль (былы харунжы Літоўскіх войскаў і былы дэпутат Літоўскага трыбуналу), Казімір Камінскі, Юзаф Сангайла, Вінцэнт Сякліцкі (стражнік Мсціслаўскага ваяводства). Сакратарамі канфедэрацыі былі выбраны Ігнацы Чачот і Аляксандр Крыдаль (сын Антона Крыдаля). Такім чынам у адным павеце былі створаны дзве Рады. Можна меркаваць, што Рудольф Тызенгаўз - чалавек французскай арыентацыі - хацеў супрацьпаставіць сваю канфедэрацыю канфедэрацыі ў Лідзе, якая была, па яго меркаванні, прарускай [30].

Павятовыя рады Канфедэрацыі былі таксама распушчаны, кіраўніцтва паветамі перайшло да падпрэфектаў. Звычайна падпрэфектам станавіўся маршалак павета, а калі ён быў не здатны да гэтага, дык падкаморы ці харунжы павета. Падпрэфектам Лідскага павета стаў Ігнацы Скіндар. Абавязкі падпрэфекта практычна нічым не адрозніваліся ад абавязкаў маршалка. Для дапамогі ў справах падпрэфект меў двух павятовых радцаў, ён жа кіраваў павятовай паліцыяй. Павятовая паліцыя складалася з інспектараў і іх памочнікаў-сотнікаў і дзясятнікаў. Паліцыя павінна была падтрымліваць грамадскі спакой і права ўласнасці. У гарадах былі арганізаваны муніцыпальныя рады на чале з мэрам. У галоўных гарадах дэпартаментаў мэры падпарадкоўваліся адміністрацыйным камісіям, а ў паветах - падпрэфектам. Муніцыпальныя рады кіравалі гарадской маёмасцю, паліцыяй, раскватараваннем войска, «богаўгоднымі справамі» [31]. Адным з сяброў Лідскай муніцыпальнай рады стаў Аляксандр Крыдаль - уладальнік маёнтка Мялужын.

29 ліпеня Камісія Часовага ўрада выдала адозву аб выбарах паслоў на сойм канфедэрацыі ў Варшаве. Выбары павінны былі адбыцца 15 жніўня, у дзень імянін Напалеона. У Лідскім павеце адначасова адбыліся два соймікі: першы ў Лідзе пад кіраўніцтвам падпрэфекта Скіндара, другі ў Жалудку пад кіраўніцтвам Рудольфа Тызенгаўза. Але паслы ад абодвух соймікаў у Варшаву так і не паехалі.

Да 1812 г., дзякуючы асабістым просьбам сенатара Агінскага і дэлегатаў Віленскай і Гарадзенскай губерняў Сулістроўскага і князя Ксавера Любецкага (са Шчучына), цар Аляксандр І дазволіў плаціць падаткі не срэбрам, а асігнацыямі, якія мелі значна ніжэйшы курс. З прыходам французаў падаткі зноў пачалі збіраць срэбрам, што азначала іх значнае павелічэнне. Падаткі збіраліся з вялікай цяжкасцю, аднак у Гарадзенскім дэпартаменце гэтая справа ішла лепей, чым у суседзяў [32].


Французскі імператар указам ад 5 ліпеня загадаў стварыць войска ВКЛ, ён меў вялікую надзею на гэтае войска.

Старшыня Вайсковага камітэта Камiсiі Часовага ўрада Аляксандр Сапега запэўніў імператара, што адноўленае Вялікае Княства можа выставіць да 100 000 жаўнераў. Аднак гэта было вельмі цяжка, бо край быў знясілены рэкруцкімі наборамі расейцаў і заняпадам гаспадаркі.

Узорам для арганізацыі i ўзбраення палкоў бралася польскае войска Варшаўскага Княства. Былі ўтвораны 18, 19, 20, 21, 22-ы пяхотныя i 17, 18, 19, 20-ы кавалерыйскія палкi. У кожным пяхотным палку па штату павінна было быць 2005 афіцэраў i жаўнераў, у кавалерыйскім (уланскiм) - 940. Усяго - 14 000 чалавек. Акрамя таго, па ўказу Напалеона, падпiсаным у Смаленску 24 жніўня, па 500 лiтоўскiх рэкрутаў папоўнiлi 129-ы лiнейны i 2-i iлiрыйскi палкi.

5 лiпеня 1812 г. Напалеон падпісаў загад аб сфармаванні 3-га гвардзейскага лёгкаконнага палка (5 эскадронаў па 2 роты, паспелi сфармаваць 4 эскадроны), якi камплектаваўся з добраахвотнiкаў - шляхты. У гэты полк запісаліся студэнты Вiленскага ўніверсітэта. Штатны расклад палка - 1280 чалавек. У гэты полк залічваліся мужчыны ад 18 да 40 гадоў добрага росту.

Добраахвотнік павінен быў сам купіць сабе амуніцыю. 3-цi гвардзейскі лёгкаконны полк атрымліваў той жа заробак, што i ўсе гвардзейскія палкі французскага войска. Абмундзіраванне было аналагічным 1-му гвардзейскаму палку польскіх уланаў, аднак прыборны метал формы ўстанаўліваўся не белага а жоўтага колеру. Загадам ад 5 чэрвеня на пасаду камандзіра 3-га гвардзейскага лёгкаконнага палка быў прызначаны генерал брыгады Канопка. 4 жніўня Вайсковая камісія Часовага ўрада прыняла пастанову аб наборы 1000 добраахвотнікаў - шляхты для гэтага палка [33].

«Кур'ер Літоўскі» ад 24 ліпеня 1812 г. пісаў: « Больш за 300 выдатных юнакоў з'явілася ў Гародню, дзе генерал Канопка, адзін з герояў Альпухары, ужо амаль што сфармаваў полк Літоўскай гвардыі»[34].

За фармаванне астатніх палкоў Вялікага Княства Лiтоўскага адказваў Вайсковы камітэт Аляксандра Сапегi (потым камітэт узначаліў Стэфан Грабоўскi). Напрыканцы жніўня Напалеон прызначыў камандаванне войска ВКЛ: генерал дывізіі князь Рамуальд Гейдройц стаў генералам-інспектарам, генералы брыгады граф Ксаверы Несялоўскi - iнспектарам пяхоты, Юзаф Ваўжэцкi - iнспектарам кавалерыi. Яны склалi штаб войска. Лiтоўскiя палкi не ўваходзiлi ў склад польскага войска, а падпарадкоўваліся свайму кіраўніцтву, якое ў сваю чаргу падпарадкоўвалася ў вайсковым плане Галоўнаму штабу Вялікай армii. Па адміністрацыйнай частцы войска кіравалася Вайсковым камітэтам, за выключэннем гвардзейскага палка Канопкi, якi быў часткай Імператарскай гвардыі і насіў французскую трохкаляровую кукарду з белым рыцарскім мальтыйскім крыжам.

25 чэрвеня 1812 г. Вайсковая камісія Часовага ўрада прыняла пастанову аб наборы рэкрутаў у пяхоту. Неабходна было сабраць у Вiленскiм дэпартаменце - 3 000 рэкрутаў, у Беластоцкiм - 1 500, у Гарадзенскiм - 2 500 чалавек, у Мінскiм - 3 000 чалавек, усяго 10 000 чалавек. Узрост - 17-34 гады, рост не меншы за 2 локці i 12 вяршкоў (140 см), тэрмін прызыву - з 5 па 30 жнiўня. 1 жнiўня была прынята пастанова, якая рэгулявала набор кавалерыстаў: кожны дэпартамент выстаўляў неабходную колькасць уланаў, забяспечваў iх коньмі ва ўзросце ад 5 да 8 гадоў, замест каня можна было заплаціць 500 злотых. Дэпартаменты былі павінны прызваць: Вiленскi - 1 327 чалавек, Гарадзенскi - 966 чалавек, Мінскi - 1 307 чалавек, Беластоцкi - 370 чалавек. Усяго - 4 000 кавалерыстаў, узросту 18-36 гадоў, рост не меней за 2 локці і 12 вяршкоў (140 см), тэрмiн набору - з 11 жнiўня па 25 верасня. Адзін цалкам укамплектаваны кавалерыст выстаўляўся з 75-ці дамоў уладальнікаў усіх саслоўяў. Сярод патрабаванняў да рэкрутаў была і ўмова, каб яны былі мясцовымі, выпрабаванымі людзьмі [35].

Тэрмiн службы ва ўсiх відах узброеных сiл - 6 гадоў. Вялікая ўвага звярталася на добрыя адносіны да жаўнераў з боку афіцэраў. Абшарнікі, адпускаючы рэкрутаў на службу, абяцалі, калі жаўнеры будуць добра служыць, даць ім па вяртанні дахаты зямельны надзел у маёмасць. Кожнаму жаўнеру выдаваўся паёк: 1,5 фунта хлеба, 0,5 фунта мяса, крупы, 0,1 фунта солi, 0,5 кварты гарэлкі (600 г), на кожнага каня 2 гарнцы аўсу (10 кг), 10 фунтаў саломы i сена (4 кг). Збор рэкрутаў праводзiўся хутка, i ўжо пад канец лiпеня, меней чым праз тыдзень пасля ўказу пра набор, войска налічвала 24 000 чалавек. Да сярэдзіны верасня палкi былі амаль што цалкам укамплектаваны.

Палкі фармавалiся ў наступных пунктах: 18-ы полк пяхоты - Вiльня, 19-ы полк пяхоты - Расіены, 20-ы полк пяхоты - Слонiм, 21-ы полк пяхоты - Беласток, 22-ы полк пяхоты - Мінск, 17-ы полк уланаў - Купiшкi, 18-ы полк уланаў - Нясвiж, 19-ы полк уланаў - Наваградак, 20-ы полк уланаў - Пiнск.

13 чэрвеня былі прызначаны палкоўнікі: 18-ы пяхотны полк узначаліў Аляксандр Хадкевiч, 19-ы пяхотны полк - Канстанцін Тызенгаўз, 20-ы пяхотны полк - Адам Бiшпiнг, 21-ы пяхотны полк - Кароль Пшаздэцкi, 22-ы пяхотны полк - Станiслаў Чапскi, 17-ы полк уланаў - Мiхал Тышкевiч, 18-ы ўланскі полк - Юзаф Ваўжэцкi, 19-ы ўланскі полк Канстанцін Раецкi, 20-ы ўланскі полк - Ксаверы Абуховiч. У канцы жнiўня Юзаф Ваўжэцкi быў прызначаны інспектарам кавалерыі і атрымаў чын генерала брыгады, таму камандзірам 18-га ўланскага палка стаў Кароль Пшаздэцкi. А 21-шы пяхотны полк узначаліў палкоўнік Антонi Гелгуд [36].

Палкоўнікі павінны былі быць з багатых радоў і мець традыцыйна добры ўплыў на жыццё краю, што дадавала веры жаўнерам і палягчала мабілізацыю, таксама яны часткова бралі на сябе і фінансаванне сваіх палкоў. Для шыхтавання рэкрутаў i агульнага ваеннага кіраўніцтва ў кожным палку быў прызначаны маёр, які меў баявы досвед.

Паводле пасляваенных падлікаў рускага гарадзенскага губернатара, з губерні ў войска пайшло каля 6400 чалавек, з iх па пастановах аб мабілізацыі - 2495 чалавек у пяхоту i 1103 у кавалерыю, астатнія былі добраахвотнікамі [37].

Фармаванне войска ішло не толькi з хрысціянскага насельніцтва. У №60 «Лiтоўскага кур'ера» была надрукавана адозва Вайсковага камітэта ад 2 жніўня «Да лiтоўскiх татар», дзе яны заклiкалiся фармаваць нацыянальныя аддзелы дзеля абароны супольнай Бацькаўшчыны. Амаль што за асабісты кошт пачаў фармаваць татарскія аддзелы падпалкоўнік Мустафа Мурза Ахматовiч, якi 23 кастрычніка ў №86 «Лiтоўскага кур'ера» надрукаваў адозву да адзiнаверцаў. Ахматовiчу дапамагалі капітаны Мурза Карыцкi i Самуэль Улан. Сваіх афіцэраў Ахматовiч разаслаў да татараў Лiдскага, Ашмянскага, Наваградскага, Мінскага, Ковенскага паветаў для набору жаўнераў. Але Ахматовiч паспеў сфармаваць толькi адзiн эскадрон, якi ў якасці вышуковага ўліўся ў склад гвардзейскага палка Канопкi [38].

Загадам ад 1 чэрвеня Напалеон распарадзіўся стварыць народную гвардыю [39] ў Вiльнi i зацвердзіў яе штат: штаб - 22 чалавекі (6 афiцэраў, 2 унтэр-афіцэры, 3 рабочыя, 2 медыкі, 9 музыкантаў), 2 батальёны (1450 чалавек) па 6 рот (у кожнай - 3 афіцэры, 14 унтэр-афіцэраў, 2 барабаншчыкі, 100 шарагоўцаў, усяго - 119 чалавек). У гарадах, якія раней мелі Магдэбургскае права, таксама стваралася Нацыянальная гвардыя з уладальнікаў маёмасці - купцоў, рамеснікаў і г.д. У Гародні нацыянальную гвардыю ў складзе 2 рот (290 чалавек) узначаліў Шастакоўскі. У Лідзе, як і ў большасці іншых гарадоў, стварыць гвардыю не паспелі, аднак камендантам лідскай нацыянальнай гвардыі быў прызначаны гараджанін Матусевіч (адступіў разам з французамі i на пачатку 1813 г. як службовая асоба атрымаў з імператарскай касы 300 злотых).

Служба ў нацыянальнай гвардыі была абавязковай для ўсіх гараджан мужчынскага полу, якія мелі маёмасць: уладальнікі дамоў i іншай нерухомасці, купцы i рамеснікі ўзростам з 18 да 50 гадоў, якiя не пайшлі на службу ў лiтоўскае войска. Трэцяя частка гвардзейцаў атрымоўвала вайсковае абмундзіраванне за кошт горада, астатнія куплялі за асабісты кошт. Зброя была часткова французская, часткова - трафейная, руская. Раз на тыдзень афіцэры павінны былі праводзіць абучэнне сваіх гвардзейцаў [40].

Нацыянальная гвардыя ВКЛ прызначалася для забеспячэння парадку ў гарадах і аховы важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў, удзел у баявых дзеяннях яна амаль што не прымала, за выключэннем Віленскай, якая бараніла ў снежні 1812 года свой горад ад рускага войска.

23 ліпеня Камісія Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага прыняла распараджэнне аб сфармаванні корпуса жандараў. У кожным дэпартаменце прызначаўся начальнік жандармерыі ў чыне палкоўніка, пры палкоўніку былі старшыя афіцэры ў чыне эскадронных шэфаў - па два ў Вiленскім i Мінскiм, па адным у Гарадзенскiм i Беластоцкiм дэпартаментах. У кожным дэпартаменце фармавалася адна рота жандараў. Роты камплектаваліся з шляхты, афіцэры прызначаліся Камісіяй Часовага ўрада. Афіцэрам грошы не плаціліся, а шарагоўцы мелі заробак у 1 злоты, абмундзіраванне куплялася за свае грошы. Жандары насілі сінія мундзір і рэйтузы, памяранцавы шалік, аксельбанты, чорны ківер з латуневай бляхай, на якой напісана: «Жандар», скураныя партупею і ладунку, на якой змешчаны герб «Пагоня». Хутчэй працэс фармавання жандарскіх рот ішоў у заходніх частках княства. Так, па пасляваенным данясенні рускага грамадзянскага губернатара Гародні штаты жандарскіх рот у Гарадзенскім дэпартаменце былі ўкамплектаваны з разліку па 107 чалавек у роце, а ўсяго - 856 чалавек. Мінская жандармерыя ж налічвала ўсяго 71 чалавек і 19 коней, г.зн. 6,6% ад штатнага складу. Усяго колькасць корпуса жандараў складала 1800 - 1900 чалавек замест меркаваных 3 541 (10 старэйшых афіцэраў і 33 роты па 107 чалавек). Палкоўнікамі былі прызначаны: у Віленскі дэпартамент Антоні Храпавіцкі, у Гарадзенскі дэпартамент князь Міхал Радзівіл, у Мінскі дэпартамент Леў Оштрап, у Беластоцкі дэпартамент Франц Арсеці [41].

12 жнiўня было вырашана сфармаваць 6 егерскіх (стралецкіх) батальёнаў па 6 рот [42], у кожнай роце па 9 афіцэраў i унтэр-афіцэраў i 130 шарагоўцаў. Для фармавання гэтых батальёнаў Вайсковая камісія вырашыла мабiлiзаваць 2/3 усіх ляснічых княства, якія не праходзілі дадатковага шыхтавання, бо па сутнасці гэта была рэгулярная пяхота. Егерам выдавалася зялёнае абмундзіраванне. Зброя - ружжо i сякера. Акрамя харчавання кожнаму жаўнеру плацілі 10 грошаў. Абмундзіраваны яны былі ў зялёную сярмягу з зялёным каўняром і адваротамі, суконныя порткі, скураныя боты і шапку. У верасні было вырашана ўлiць гэтыя батальёны ў склад рэгулярнага войска, у лістападзе з iх пачалi фармаваць два егерскiя палкі па тры батальёны, аднак паспелi сфармаваць толькi адзiн полк з 1-га i 2-га батальёнаў пад камандаваннем Касакоўскага. 3-цi батальён Плятэра так i не быў уведзены ў склад егерскага палка i да снежня працягваў фармаванне ў Вiленскiм дэпартаменце. У Гарадзенскім дэпартаменце фармаваўся 4-ы батальён на чале з маёрам Курчэўскім, але да снежня 1812 г. завяршыць яго арганізацыю не паспелі, 5-ы i 6-ы засталіся толькі на паперы. У Гарадзенскім дэпартаменце налічвалася 108 стралкоў, у Лідскім - 84, у Берасцейскім - 20, а ўсяго разам - 212 чалавек [43].

Iгнат Манюшка атрымаў дазвол сфармаваць за свой кошт кавалерыйскі полк, i 22 верасня ў «Лiтоўскiм кур'еры» была надрукавана ягоная адозва, полк атрымаў назву 21-га коннага-егерскага. Камандзірам палка стаў сам Манюшка, якi атрымаў чын падпалкоўніка. Рудольф Тызенгаўз пры дапамозе капітана Кастравіцкага за свой кошт сфармаваў у Вiльні батарэю коннай артылерыі. Яна налічвала 124 чалавекі і 131 каня і павінна была атрымаць на сваё ўзбраенне 12 гармат, потым гэтая батарэя была ў складзе войск Княства Варшаўскага.

Асабіста для імператара пад кіраўніцтвам князя Агiнскага была сфармавана Ганаровая гвардыя з 20 маладых шляхціцаў самых вядомых родаў Лiтвы, гэтая варта суправаджала Напалеона ў Маскву.

Для забеспячэння харчаваннем, былі створаны вялікія склады ў Лідзе і Наваградку. 8 жніўня Часовы ўрад загадаў стварыць харчовыя склады ў Скідалі, Шчучыне, Беліцы і Турцы, кожны на 10000 порцый. 13 жніўня гэтае распараджэнне было зменена, вырашана павялічыць запасы ў Гародні, Лідзе, Наваградку, а ў іншых складах мець сена, салому, гарэлку і жывую жывёлу [44].

Ліда і лідзяне

Нягледзячы на цяжкасці, насельніцтва чакала лепшага.

Геніяльны паэт Адам Міцкевіч, апісваючы ў сваім «Пане Тадэвушу» 1812 год, пісаў:

Хапае моладзь зброю - стрэльбы і ягдташы,
А маткі паўтараюць чутае з амбона:
"З Напалеонам Бог, і нам - з Напалеонам!"

Ва ўспамінах самога Міцкевіча, яго сяброў і аднагодкаў захаваліся надзвычай яркія карціны настрояў і чаканняў, звязаных з Напалеонам. Напалеона ў нас чакалі, можа быць яшчэ больш горача, чым у свой час у Варшаве.

Паўстанец 1863 г. М. Нарбут у сваiх мемуарах «Лiда i Лiдзяне» пiсаў: « У час уваходу ў 1812 годзе ў Лiтву французаў амаль уся тагачасная маладая шляхта Лiдчыны аб'ядналася пад айчыннымі харугвамі. Некаторыя вярнуліся пакрытыя ранамі, іншыя палеглі ў бітвах, а былі i такія, як Каспер Длускi, якія падаліся потым у Амерыку i там бiлiся за свабоду. Длускi, вярнуўшыся з Амерыкі паранены, стаўксяндзом. Быў пробашчам у Наваградку, а ў 1831 годзе пакiнуў месца пробашча i, як каплан мясцовага аддзела паўстанцаў пад кіраўніцтвам Кашыца, сеў на каня. Потым эміграваў з польскiм войскам у Францыю. У 1855 годзе пасля амністыі вярнуўся дадому, i тут, у Наваградскiм павеце, у свайго ваеннага сябра Уладзіслава Брахоцкага - маршалка Наваградскага... скончыў свой слынны жыццёвы шлях»[45].

Дзеля найхутчэйшага стварэння войска Часовы ўрад ВКЛ накiраваў у паветы дэлегатаў «агульна вядомых сваёй верай i патрыятызмам». У паветы Лiдскi, Ваўкавыскi, Наваградскi, Слонiмскi быў накіраваны Сегень. У выніку падпрэфект Лiдскага павета Скiндар адстаўлены, а на ягонае месца прызначаны Райскi. З тэрыторыі Лідскага павета рэкруты ў асноўным ішлі ў два палкі - 20-ы полк пяхоты Адама Бішпінга з штабам у Слоніме і ў 19-ы полк уланаў Канстанціна Раецкага са штабам у Наваградку. Стварэнне гэтых палкоў ішло дастаткова хутка. 20-ы полк пяхоты потым меў найвялікшую колькасць жаўнераў з усіх літоўскіх палкоў, а полк Раецкага быў гатовы ваяваць ужо ў кастрычніку. Адным з галоўных арганізатараў палка ўланаў быў стары воін капітан Ксавэры Рымша. Для абмундзіравання палкоў па ўсім краі вышуквалася сукно, скура і г.д. Таксама лідзяне паступалі на службу ў кавалерыйскі гвардзейскі полк генерала Яна Канопкі, у егерскі батальён, створаны з былых ляснічых, у батарэю коннай артылерыі Рудольфа Тызенгаўза і ў жандармерыю, якую ў Гарадзенскім дэпартаменце ўзначальваў Міхал Радзівіл [46].

Ігнацы Яцкоўскі ў кнізе «Аповесць з майго часу», якая доўгі час лічылася мемуарнай, апісаў некалькі эпізодаў с жыцця 19-га ўланскага палка ў Наваградку, якім кіраваў палкоўнік Канстанцін Раецкі: « ....ніхто больш удала за Раецкага не мог быць прызначаны на палкоўніка, бо фізічна ён адпавядаў усім патрабаванням, неабходным для рыцара: фігура стройная і здароўе жалезнае. З маральнага пункту гледжання - гэта быў персаніфікаваны розум, які не ведаў аніякае слабасці, аніякага хвалявання; гонару быў незвычайнага, але без абразы для іншых, бо ні з кім не быў запанібрата і ніколі не выказваў свайго меркавання, хоць такое меў, што даказваў не словамі, а справаю. Замкнуты ва ўласнай шкарлупіне, не меў ані зацятых непрыяцеляў, ані шчырых сяброў...»

Пра памочніка Раецкага капітана Рымшу: « Рымша гэткі ж самы ганарысты, толькі ад прыроды кплівы, ці неасцярожны, як жыхар павета ведаў Раецкага з дзяцінства; давёўшы сваю мужнасць і цвярозасць розуму ў папярэдніх кампаніях, думаў, што возьме верх над сваім новым палкоўнікам, і сам ... будзе камандзірам палка, пакідаючы тытул Раецкаму. Але апошні адразу разгадаў намеры і на першай нарадзе паказаў столькі ведання палкавое гаспадаркі, што Рымша ў той жа момант зразумеў, што мусіць быць падначаленым» [47].

Раецкі набіраў афіцэраў і ад'ютантаў, не раячыся з Рымшам. Было шмат ахвочых уступіць у полк, і нават маладыя сяляне ахвотна станавіліся ў шэрагі. Яцкоўскі апісвае навучанне шыхту, якое праводзіў капітан Рымша перад першым аглядам свайго палка палкоўнікам:

«Рымша на досвітку сабраў на пляцы сваіх добраахвотнікаў у старасвецкіх кабатах, капотах і сярмягах; а ва ўсім невялікім мястэчку (Наваградку - Л.Л.) адразу стала вядома, што будзе вайсковы парад... Рымша, расставіўшы сваю каманду ў дзве шарэнгі і скамандаваўшы: "Направа!", "Налева!", "Крок наперад!", "Крок назад!" - што не лёгка было выканаць згодна, стаў пасярэдзіне і закрычаў:

- Увага, полк! Як прыйдзе камандзір .... і запытаецца: "Як маецеся, дзеці?", - адказвайце: "Здароўя жадаем камандзіру!" Потым - апусціць рукі малым пальцам да бёдраў (па-польску)! А тым часам у шарэнгах адзін другога штурхалі локцямі і пыталіся: "А што гэта ён кажа?"

Зразумеў Рымша, што слова "бядро" незразумелае для большасці ліцвінаў. Дык сам становіцца перад фронтам, энергічна апускае рукі і крычыць:

- Вось так! Малыя пальцы да клубоў! Не кланяцца нікому, стоячы ў шарэнзе! Не здымаць шапак! Разумееце цяпер?

А тут, як наперакор, прынамсі, чацвёртая частка навічкоў, мяркуючы, што інструкцыя скончаная, змяніла паставу і, хапаючыся за шапкі ды нізка кланяючыся, адказала:

- Разумеем, дабрадзею!

- Стаяць! Стаяць! - крычыць камендант. - А што ж я вам сказаў?

- А пан сказаў "не надзімаць" шапак, - адазваліся тыя, каго ён лаяў.

- Ціха! Зважай! Аніякіх у шэрагу размоваў! Няхай у вас пярун лясне, калі не разумееце па-польску! Стаяць проста, вось так!

І зноў выпрастаўся:

- Не кланяцца і не знімаць шапкі! Рукі прыціснуць да клубоў!

Але не было ўжо часу праверыць яшчэ раз гэтыя каманды, бо з Базыльянскае вуліцы ішоў палкоўнік... Палкоўнік, выступіўшы наперад, выгукнуў, як прадказваў Рымша: "Як маецеся, дзеці?" Але няшмат хто памятаў інструкцыю і адказаў: "Жадаем здароў'я камандзіру!" Большасць, схапіўшыся за шапкі, закрычала: "Няхай будзе пахвалёны Хрыстус!" альбо "На векі вякоў. Аман"...

Палкоўнік, нібыта не зважаючы на неналежныя паводзіны, якія ў хуткім часе выправяцца, і не камандуючы: "Крок наперад!", "Крок назад!" - пачаў іх аглядаць з фронту. А заўважаючы людзей са сваіх вёсак, якія стаялі ў адной або другой шарэнзе, пытаўся: "А ты, Юрка, што тут робіш? І ты, Яська, тут? А ці не пойдзеце дадому сваю раллю араць? Гляньце, і яны сабраліся на вайну! Ідзіце мне зараз жа дадому!" І больш за дзясятак падобным чынам настрашаных, названых па імёнах са смуткам пакінулі шарэнгі. Закончыўшы на гэтай селекцыі ўвесь свой агляд, ... дадаў, каб выказаць сваю павагу: "Дзякую пану, пан капітан, усё ў парадку, няхай жа іх пан муштруе"» [48].

Яцкоўскі апісвае жарт, які ўчынілі аднапалчане над сваім баявым таварышам, лідскім шляхціцам: «У двары Гнаінскіх, які знаходзіўся насупраць францішканскага кляштару, ... мясцілася каля трох дзясяткаў маладых людзей, сярод якіх быў ... Багушэвіч, юнак з шляхетнае сям'і з Лідскага павета, флегматычнага тэмпераменту, таўсматы; ён вельмі любіў навуку. Анішто пустое яго не цікавіла, і калі іншыя вечарам бавіліся картамі альбо шклянкаю, ён распранаўся, клаўся ў свой ложак ды браў у рукі кніжку, досыць значную колькасць якіх меў з сабою, і чытаў, пакуль не засынаў...

Меў ён слугу, які чысціў яму адзенне і складваў у парадку, а прачытаныя кніжкі забіраў у клункі.

Пэўнага ранку прыходзіць аднаму з калегаў - Міхалу Корбуту - ідэя пажартаваць з Багушэвіча. Дык паклікаўшы шарагоўца Янкоўскага, які быў па прафесіі краўцом, ... шапнуў яму, каб завузіў Багушэвічу порткі і мундзір, хутка сфастрыгаваўшы швы па баках... Калі гэта зрабілі, дык пра ідэю адразу расказалі іншым калегам, каб пераконваць Багушэвіча, што ён апух... І дамовіўшыся, у адпаведнасці з гэтым планам, самі ўдаючы сонных, штурханулі Багушэвіча, каб ён прачнуўся.

Багушэвіч, першы раз у сваім жыцці прачнуўшыся, як яму здавалася, вельмі рана, помсцячы за даўнейшыя жарты і турботы, пачаў будзіць іншых, каб уставалі, і кожны абуджаны, нібы спрасонку, праклінаў Багушэвіча, што іх непакоіць, але адзін за другім, як бы нехаця падняўшы на яго вочы, крычалі:

- Што з табою, Богуш? - Бо гэтак яго коратка называлі. - Як ты апух!

І зноў клаліся спаць.

Багушэвіч, якога ўжо столькі разоў раней падманвалі, лічыў гэта за жарт і не верыў гэтаму, бо адчуваў сябе як найлепей (і) ... праз нейкую хвіліну гукнуў лёкая, каб даваў яму апранацца.

Той, не ведаючы нічога пра змову, у прастаце душы, падстаўляе яму, як гэта называлася ў той час, панталоны, але нага толькі да паловы ўлазіць, а далей не ідзе.

- Што гэта такое, Янку, - закрычаў спалоханы Багушэвіч. - Ці я не апух?.. Пакажы мне, ці гэта не чужыя?

А пабачыўшы на падкладцы ўласнаю рукою напісанае сваё імя і прозвішча, упаў на ложак і абліўся потам. Лёкай, які быў моцна прывязаны да свайго пана, трымаючы ў руках тыя няшчасныя порткі, не спускаў з яго вачэй. Урэшце ўстрывожаны пан жаласна закрычаў:

- Янку, я захварэў, кінь тое, што трымаеш у руках, і бяжы па доктара.

Што ён, не трацячы часу, і выканаў.

Усю тую размову чулі, нібыта сонныя, маладыя свавольнікі і толькі тады адзін за другім, нібы абуджаючыся, пытаюцца:

- Што з табою, Богуш?

Але Багушэвіч ні слова не адказваў ім на гэта, толькі цяжка ўздыхаў...

- Ці ж вы не бачыце, што я захварэў?

- Які ты там хворы! - кажуць іншыя. - Аб'еўся ўчора, а сёння на муштру ісці не хочаш!

На гэты закід Богуш не адказаў.

А тут і доктара прывёў запыханы лёкай. Той, наблізіўшыся да пацыента, пытаецца ў яго паважна:

- Што з панам такое?

Багушэвіч адказвае:

- Я сам не ведаю, але мне здаецца, што гэта вадзянка.

- Хто гэта пану сказаў? - пытаецца доктар.

А ён яму на гэта:

- Навошта пытацца пра тое, што відаць.

Доктар пытаецца, ці баліць яму што. Маркотны Багушэвіч адказвае, што нічога.

Доктар лічыць яму пульс, пульс - добры. Дык пытаецца яго зноў:

- Што ж дало повад думаць, што гэта вадзянка? Ці не саснілася яму гэта?

- Дзе там саснілася! - адказвае Богуш. - Дык жа ногі так апухлі, што не лезуць у порткі.

- Пакажы ж мне, пан, свае ногі.

Богуш, асцярожна адхіліўшы коўдру, выстаўляе сваю мясістую лытку. А тут ужо ўсе калегі абступілі ложак пацыента і пераконваюць, што Богуш прыкідваецца. Доктар паціскаў пальцам у нагу і кажа, што цела здаровае, а Богуш сцвярджае іншае.

Тым часам Янкоўскі, уціснуўшыся паміж гледачамі, выцягнуў нітку з аднае і другое калашыны і паклаў порткі на ранейшае месца. Доктар, раззлаваны ... кажа:

- Хто пана ўпаўнаважыў тэрмінова падымаць мяне і весці сюды, калі не было прычыны?

Багушэвіч тлумачыць, што ён апух, і што ягоныя ногі не лезуць у порткі.

Доктар заяўляе, што хацеў бы гэта пабачыць, а пацыент стаіць на сваім, што і спрабаваць няма чаго, бо ён упэўнены ў сваёй апухласці. Нарэшце, каб пераканаць доктара ў факце, кліча Янку:

- Падай порткі!

Янка зноў іх падставіў яму, але - о! дзіва! - улезлі ў іх ногі без аніякае цяжкасці. Богуш крычыць:

- Янку, што гэта такое?

Янка адказвае:

- Я не ведаю, пане.

- Аднак жа ногі раней не лезлі?

- Не лезлі, пане.

Доктар, страціўшы цярпенне, кажа:

- Пане, пан з мяне пажартаваў, а я ў пана не заслужыў на гэта. Дык заяўляю пану, што буду скардзіцца на яго палкоўніку.

Калегі бяруць на сябе ролю пасярэднікаў і націскаюць на Багушэвіча, каб заплаціў доктару і захаваў сакрэт. Богуш, які не мог зразумець, што з ім сталася, дастаў дукат, упіхнуў доктару ў руку і, калі той адыходзіў, самым пераканаўчым чынам яго запэўніў, што гадзіну таму насамрэч быў апухлы.

Пасля таго, як доктар выйшаў, - калегі ў смех і сцвярджаюць, што Богушу апрыкла ўжо вайсковая служба, і ён хоча вызваліцца ад яе, выдумаўшы сабе хваробу. Але той, засмучаны, не адказвае, спяшаецца з туалетам, каб як хутчэй пазбыцца калегаў. Моўчкі памыўшыся і выцершыся, ён напаўголаса кліча Янку, каб падаваў яму мундзір. Янак падае мундзір, але, уздзеўшы, той не хоча зашпіляцца ні якім спосабам. Дык Богуш крычыць:

- Янку! Што тут за халера? ...

Але цяпер ужо, узяўшыся той мундзір уважліва разглядаць, абодва разам выкрылі нітку-фастрыгоўку, што звужала шво на плячах. Толькі цяпер раз'ясніўся твар Богуша, пачаў ён смяяцца разам з іншымі, бо не быў запальчывы, і кіраваўся больш непакоем пра ўласнае здароўе, каб мог служыць Айчыне, чым якою помстаю...

... праз два гады шмат хто з тае самае моладзі, ужо ў чыне афіцэраў, пасля завяршэння вайны, вярнуўся дадому аздоблены крыжамі. Між імі быў і Багушэвіч, бо даказаў пры нагодзе, што мог быць мужны, і яго любілі ўсе калегі»[49].


15 жніўня ва ўсіх беларускіх гарадах былі зладжаны ўрачыстасці з нагоды дня нараджэння Напалеона. Пра святкаванні ў Лідзе пісаў «Kurier Litewski» № 68, 1812:

«15 жніўня дзень нараджэння і тэзаімянінства Яго Імператарскай Вялікасці, Найусеміласцівага Імператара і Караля Вялікага Напалеона, быў адсвяткаваны ў нас у Лідзе з пышнасцю, прыстойнай нашага вялікага збаўцы. Словы, вымаўленыя гэтым Манархам, што ён уступае ў зямлю Ягелонаў, каб вызваліць яе ад ярма рабства, абудзілі ў жыхарах Літвы самыя шчырыя пачуцці адданасці, падзякі, павагі, пакланення і здзіўлення. Пачаўся і скончыўся гэты знамянальны дзень наступным чынам:

У 10 гадзін раніцы падпрэфект Лідскага павета, Ігнацы Скіндар, акружаны абывацелямі і мясцовымі службоўцамі розных ведамстваў, адправіўся з прэфектуры ў Фарны касцёл для прынясення самых гарачых малітваў Каралю Каралёў за цуд, створаны Яго творчай правіцай для нашай Радзімы.

Шматлікія дамы занялі ў касцёле пярэднія месцы, а натоўп простага народу напоўніў бакавыя прыдзелы. Па знаку, дадзенаму гарматным стрэлам, у Касцёл увайшоў атрад размешчанага ў горадзе 14 палка фузілераў і пашыхтаваўся пасярэдзіне касцёла ў два шэрагі. Прыгожы выгляд жаўнераў і іх пакорлівыя паводзіны перад алтаром Усявышняга расчулілі ўсіх прысутных, якія ўжо больш за дваццаць гадоў не бачылі свайго войска.

Пасярэдзіне храма быў усталяваны транспарант з вензелем Найусеміласцівага Імператара і Караля з надпісам пад вензелем: "Magne Cesar! Vive diu felix locuplexque omnium prosperitatum".

Пасля другога гарматнага стрэлу пачалася абедня, якую служыў, са шматлікім клірам, Станіслаў Нарбут, канонік Смаленскі і ён жа пробашч Косаўскі. Падчас набажэнства патрыятычную і адпаведную акалічнасцям прамову сказаў ксёндз Гаўлоўскі, прафесар мясцовай вучэльні піяраў.

Пасля блаславення Св. Дароў, пасля трэцяга гарматнага стрэлу, атрад войска выйшаў з касцёла і пашыхтаваўся на могілках, дзе Вікенці Нарбут, канонік Інфлянцкі, пробашч і дэкан Лідскі, са шматлікім клірам праспявалі "Te Deum", пад бесперапынны салют з гармат і ручной агнястрэльнай зброі. Пасля Набажэнства ўсе прысутныя былі запрошаныя на абед да падпрэфекта.

Увечар, на шырокай Віленскай вуліцы была бачна трохкантовая піраміда, упрыгожаная шматлікімі агнямі.

На пярэднім боку яе гарэў транспарант з вялікім вензелем Імператара і Караля, унізе быў надпіс: "Найяснейшаму, Магутнейшаму, Непераможнаму Герою, Імператару і Каралю, Вялікаму Напалеону, свайму Збаўцу, зямля магутных некалі Ягелонаў, вызваленая яго магутнай правіцай, жніўня 15 дня 1812 г."

На паўночным баку піраміды, на транспаранце, было чатырохрадкоўе наступнага зместу:

"За нашу Айчыну велікадушны мсцівец,
Ганарлівай Поўначы магутны пераможца,
Хай польскі Арол і Літвы Пагоня
Служаць тваім намерам, Напалеон!"

На трэцім баку піраміды, звернутай да сцен старажытнага замка, якіх не маглі разбурыць амаль пяць стагоддзяў, быў вершаваны надпіс:
"У нашых мурах племя Ягелонаў
У пятнаццатым стагоддзі
атрымлівала перамогі.
Калі зараз татары ўварваліся ў Радзіму,
Імя ліцвінаў астрашыла ворагаў.

Цяпер прыйшоў герой Сусвету
Вызваліць вас, мужы, ад кайданаў,
Спяшаецеся ж на поле славы,
Вярніце сабе зямлю, права і зброю.

Тады рака Лідзея цякла крывёй чужакоў.
Цяпер з ёю змешваюцца Нёман, Днепр і Дзвіна.
Спраўджваюцца надзеі Пагоні,
Мінуў час нашага цярпення."

Пасля новага гарматнага стрэлу шматлікія дамы і гараджане, быўшыя на абедзе ў падпрэфекта, адправіліся да піраміды, каб каля яе ўшанаваць таго, каму яна была прысвечана. Падчас агляду раздаваліся воклічы: "Жыве, на многія гады, Імператар і Кароль, Наш Збавіцель" і грукатаў салют з гармат і стрэльбаў. Пасля агляду піраміды і надпісаў, падпрэфект, разам з усімі гасцямі, вярнуўся дахаты, дзе адкрыў баль паланезам.

Вясёлыя танцы працягваліся да вячэры, на якой падпрэфект (пад бесперапынны салют з гармат і стрэльбаў) абвясціў тост за здароўе Найусеміласцівага Імператара і Караля. Усе прысутныя па чарзе паўтарылі гэты тост.

Асвятленне і ілюмінацыя вуліц ператварала ноч у светлы дзень. Вароты Фарнага касцёла былі хораша ўпрыгожаны зелянінай і агнямі.

Пасля вячэры баль у падпрэфекта працягваўся да світанку, а крыкі народа: "Жыве Імператар і Кароль, Вялікі Герай, Наш Збаўца!" - спыніліся толькі з узыходам сонца».[50].


У лістападзе падпрэфектам Лідскага павета быў прызначаны Раецкі [51].


Думаю, неабходна дадаць некалькі ваенных біяграфій лідзян:


Граф Ваўжынец Путкамер (1794-1850), будучы ўладальнік маёнтка Больценікі, муж Марылі Верашчакі, маршалак шляхты Лідскага павета ў 1847-49 гг., якраз паспеў у 1812 г. закончыць філасофска-матэматычны факультэт славутага Віленскага ўніверсітэта. Як большасць ягоных сяброў, Ваўжынец запісаўся ў зноў створанае войска Вялікага Княства, у гвардзейскі кавалерыйскі полк генерала Канопкі, а потым у полк лёгкай кавалерыі імператарскай гвардыі Вінцэнта Красінскага. Васямнаццацігадовы юнак быў з войскам Напалеона ў Маскве, выжыў у катастрофе на Бярэзіне. Адступаючы з войскам каля Вільні, заехаў дахаты і тут захварэў тыфам. А калі вылечыўся, вайна ўжо ішла далёка на захад ад дому. Гонар жаўнера і вера ў зорку Напалеона не дазволілі яму адсядзецца ў хаце, праз тылы рускіх войскаў, абмінуўшы казацкія патрулі, ён прабраўся ў Мерач на Нёмане і ў люты мароз перайшоў Нёман, па спустошаным вайной краі Путкамер ішоў да сваіх. Час ад часу злазіў з каня і, каб сагрэцца, бег побач. Сілы ўжо пакідалі юнака, калі ён сустрэў інспектара дывізіі кавалерыі, які ехаў у Варшаву ў полк Красінскага. Афіцэр падабраў задубелага маладзёна і давёз яго ў полк.

Малады вайсковец ваяваў усю кампанію 1813 г., трапіў у прускі палон і пасля амністыі ў 1814 г. вярнуўся дахаты ў чыне паручніка. Напалеон застаўся кумірам Ваўжынца Путкамера да канца жыцця, потым ён часта расказваў: « Вы маладыя, не разумееце, што з намі адбывалася… у нас ускіпела кроў, і мы былі здольныя на ўсё, калі вялікі чалавек ... у шэрым сурдуце галапіраваў перад фронтам нашага палка і, паказваючы на непрыяцеля, казаў: "Mes braves et fideles Polonais en avant!"».

Паражэнне пад Ватэрлоа прывяло Путкамера да гарачкі, а калі ён пачуў пра вяртанне імператара, так званыя «сто дзён Напалеона», дык ужо прыгатаваў свой уланскі мундзір, гатовы быў ехаць ваяваць. Нават будучы ў сталым веку, ніколі не мог спакойна расказваць пра тыя часы і пра Напалеона [52].

Граф Ігнацы Тызенгаўз (1750-1822), палкоўнік і шэф літоўскай гвардыі, за службу Вялікаму Княству Літоўскаму быў узнагароджаны ордэнамі Белага Арла і Св. Станіслава. Падчас Напалеонаўскай кампаніі атрымаў Залаты Крыж Ганаровага Легіёна. Ва ўладанні графа Ігнацыя, апроч Жалудка і Паставаў з навакольнымі вёскамі і фальваркамі, былі дзясяткі тысяч гектараў зямлі і населеныя пункты з тысячамі сялян у розных паветах. Быў жанаты з Марыянай Марыяй Пшаздзецкай, меў трох дачок: Юзэфу, Эльфрыду і Эмеранцыю - і двух сыноў - Рудольфа (1783-1830) і Канстанціна [53].

Граф Канстанцін Тызенгаўз нарадзіўся 3 чэрвеня 1786 г. у радавым маёнтку ў мястэчку Жалудок. Верагодна, у 1804 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Любімым выкладчыкам у маладога Тызенгаўза быў знакаміты батанік Станіслаў Баніфацы Юндзіл. Другім вядомым настаўнікам Канстанціна быў выдатны мастак Ян Рустэм, які ў гэты час працаваў ад'юнктам на кафедры малярства.

У 1812 г. 19-ы пяхотны полк, які фармаваўся ў Расіёнах, узначаліў 26-гадовы палкоўнік граф Канстанцін Тызенгаўз. Яго брат граф Рудольф Тызенгаўз на свае грошы сфармаваў конна-артылерыйскую роту. Канстанцін Тызенгаўз разам са сваім палком мужна змагаўся пад Вільняй, Кёнігсбергам, прымаў удзел у знакамітай абароне цвердзі Модлін, а потым і ў бітвах у Германіі. У 1813 г. ён быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. Вайна для яго скончылася вясною 1814 г. Канстанцін Тызенгаўз спачатку застаўся ў гарадку Клермон, а пасля ўказу аб амністыі Аляксандра І ад 30 жнiўня 1814 г. вярнуўся ў Паставы.

У гэтым 1815 г. Ігнацы Тызенгаўз падзяліў большую частку сваіх уладанняў паміж сынамі. Старэйшы Рудольф атрымаў Жалудок і бліжэйшыя да яго землі, а Канстанцін - графства Паставы з навакольнымі фальваркамі. Менавіта пры Канстанціне быў дабудаваны Пастаўскі палац Тызенгаўзаў. Паўстанцам 1831 г. дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі і супрацоўнічаў з Дзісненскім Урадавым камітэтам.

Асноўным заняткам Канстанціна Тызенгаўза сталася заалогія, найперш - арніталогія. Ён з'яўляецца бацькам беларускай арніталогіі [54].

Месцам пахавання К. Тызенгаўза, па адной версіі, лічыцца родавы склеп у парафіяльным Жалудоцкім касцёле, па другой - крыпта касцёла Св. Мацвея ў літоўскім горадзе Рокішкіс.

Ваенныя дзеянні

Тым часам з усходу пачалі прыходзіць весткі аб узяцці Масквы Вялікай Арміяй і пажары, потым аб надыходзе з поўдня рускай Дунайскай армiі Чычагава, пагрозе Мінску і камунікацыям. З паловы лістапада звесткі перасталі прыходзіць, а 28 лістапада як гром з яснага неба ўсіх ускалыхнула чутка пра адступленне Вялікай Арміі ад Масквы. Пануючым стаў прыгнечаны настрой і страта веры ў перамогу. Па загаду Часовага ўрада на месцах пачалі рыхтаваць фураж і харчаванне для войска, якое, як планавалася, павінна было зімаваць у Літве. Хочучы зрабіць усё, каб неяк змяніць сітуацыю, Часовы ўрад выдаў ухвалу аб «паспалітым рушэнні», але часу ўжо не заставалася.

Калi з поўдня пачала набліжацца армія Чычагава, галоўныя сілы літоўскага войска: 18-ы, 19-ы, 20-ы, 21-ы пяхотныя, 17-ы, 19-ы, 20-ы ўланскія палкі, 21-ы конна-егерскі полк, 3-і егерскі батальён i конна-артылерыйская рота сканцэнтраваліся ў Вiльнi. Гвардзейскі кавалерыйскі полк Канопкi і татарскі эскадрон дафармоўваліся ў Варшаве. 1-ы егерскi i 22-i пяхотны полк, а таксама частка 23-га пяхотнага i 18-га ўланскага палка пад камандаваннем генерала Касецкага мясціліся ў Мінску. Усяго да сярэдзіны лістапада, не ўлічваючы гвардзейскіх аддзелаў (уланаў Канопкi i татар Ахматовiча), лiтоўскiя войскi налiчвалi 18 батальёнаў, 15 эскадронаў, 1 артылерыйскую роту - агульным лікам, разам з жандарамі, 19 000 чалавек - за вельмі малы тэрмін было створана войска, якое па колькасці было роўным войскам іншых саюзных дзяржаў.


Атрад генерала Касецкага (5 батальёнаў, 4 эскадроны - каля 3500 чалавек) дзеля прыкрыцця быў накіраваны Мінскім губернатарам Бранiкоўскiм да Новага Свержаня. Тут атрад быў атакаваны войскамі генерала Ламберта, якія колькасна значна пераўзыходзілі атрад Касецкага: раніцай 13 лістапада рускія егеры выбілі Касецкага з занятых пазіцый, на наступны дзень пасля яшчэ адной сутычкі войскi ВКЛ зноў адышлі (тут 18-ы ўланскі полк супрацьстаяў Жытомiрскiм драгунам). На працягу 48 гадзін атрад Касецкага быў амаль цалкам знішчаны, рэшта адышла да Мінска. Вораг быў значна мацнейшы якасна і колькасна. Маладыя, хутка сфармаваныя палкi ВКЛ пакуль што не маглі супрацьстаяць кадраваму войску. Тое ж бачым i ў справе каля Барысава 18 лістапада: палкоўнік Лафiт у сваім рапарце дакладваў аб 2 лiтоўскiх батальёнах з нізкай дысцыплінай і нізкай баявой загартаванасцю падчас бою [55].

Гвардзейскі полк генерала Канопкі быў далучаны да 7-га армейскага корпуса Ранье. Гэты корпус спачатку дзейнічаў на Валыні, а потым адступіў на Беларусь. У Слоніме ў 5 гадзін раніцы 20 кастрычніка гвардзейскі полк Канопкі быў нечакана атакаваны рускімі войскамі і разбіты рускім атрадам генерала Чапліца (28-мы і 30-ты егерскія, Паўлаградскі гусарскі, Данскі казачы Дзячкіна палкі, тры эскадроны Цвярскога драгунскага палка і 13-я конна-артылерыйская рота), які нечакана напаў на Слонім. Гвардзейцы не здолелі ўратавацца і былі разбіты ўшчэнт. Сам Канопка быў паранены дзідаю казачым палкоўнікам Дзячкіным і ўзяты ў палон, у палон таксама трапілі 13 афіцэраў i 253 жаўнеры. Рэшткі гвардзейцаў адступілі ажно да Нёмана, перайшлі раку і спалілі мост. Канопка абвінаваціў у сваім паражэнні мясцовую адміністрацыю і жыхароў, якія не папярэдзілі яго аб надыходзе непрыяцеля. На гэта Чапліц - паляк на рускай службе - рэзка адказаў, што Канопка сам «змарнаваў полк і згубіў людзей». Пасля перамогі Чапліц адпачываў у Слоніме ў доме Пуслоўскага. Ён хацеў развіць свой поспех і прарвацца праз Беліцу да Ліды, каб « паспець знішчыць розныя палкі, якія тут фармуюцца ў розных месцах, а таксама і магазіны іх забраць на сваю карысць». Аднак Чычагаў загадаў Чапліцу вярнуцца да Ружанаў [56].

Загадам ад 22 сакавiка 1813 г. гвардзейскі полк Канопкі быў расфармаваны як самастойная частка, а ў ліпені таго ж года як 7-ы эскадрон быў далучаны да 1-га гвардзейскага польскага палка. Пасля адрачэння Напалеона 1-шы гвардзейскі полк вярнуўся дахаты і ўвайшоў у склад войска Царства Польскага як 4-ы ўланскi.


Татарскі эскадрон Ахматовiча таксама панёс вялікія страты пад Cлонiмам, але потым, у снежнi 1812 г., бараніў Вiльню. Ад эскадрона засталася адна рота, якая ў 1813 г. у колькасці 3 афіцэраў і 15 жаўнераў была далучана да палка польскiх уланаў Красiнскага як 15-я рота, потым, 9 снежня 1813 г. нашы татары былі далучаны да 3-га палка гвардзейскіх разведчыкаў і ў ягоным складзе прымалі ўдзел у апошняй бліскучай кампаніі Напалеона ў 1814 г.

18-ы i 19-ы ўланскія палкі ахоўвалі пераправу цераз Бярэзіну.

Агульную карціну фармавання палкоў пяхоты войска ВКЛ на канец лістапада дае рапарт, падпісаны старшынёй вайсковай камісіі генералам Стэфанам Грабоўскім:


Палкі пяхоты

Месца фармавання

Стан палка

Колькасць адсутных ад штату

афіцэры

падафіцэры і жаўнеры

разам

афіцэры

падафіцэры і жаўнеры

разам

18 полк

Вільня

64

1854

1918

2

156

158

19 полк

Расіены

51

1694

1745

15

316

331

20 полк

Слонім

59

2009

2068

7

1

8

21 полк

Беласток

43

1844

1887

23

166

189

22 полк

Мінск

30

53

83

36

1957

1993

Агулам

247

7454

7701

83

2596

2679

З табліцы бачна, што да поўнага штату пяхоты (10 380) чалавек не хапала 2 697 жаўнераў. Трэба аднак улічваць, што 22-гі полк да часу складання табліцы быў ужо разбіты і налічваў толькі 83 чалавекі. Рапарт Грабоўскага мае некалькі рэдакцый, трошкі пазнейшая версія рапарта паказала змены ў дыслакацыі палкоў пяхоты: 18-ы полк - Салечнікі і ваколіцы, 19-ы полк - Свянцяны і ваколіцы, 20-ы полк - Ліда і ваколіцы, 21-ы полк - Кодзень і ваколіцы, 22-гі полк у дарозе да Вільні [57].

Напрыканцы лістапада 1812 г. для забеспячэння камунікацый з войскамі Ранье і Шварцэнберга з Вільні на поўнач былі пасланы тры пяхотныя палкі. 20-ы пяхотны полк заняў Ліду, 21-ы пяхотны полк - Воранава, а трэці полк размясціўся ў Рудзішках [58].

З 5 на 6 снежня Напалеон перадаў камандаванне войскам аднаму са сваіх лепшых маршалаў, Мюрату, i ад'ехаў у Францыю ствараць новае войска. 10 снежня ў абароне Вiльнi разам з французскімі войскамі прымала ўдзел жандармерыя, нацыянальная гвардыя палкоўніка Казельскага i егеры. Мюрат пакінуў Вiльню і пачаў адход на Коўню. Разам з ім сталіцу пакінуў і Часовы ўрад з архівамі.

Прэфект Лiдскага павета адступаў разам з часткамі аўстрыйскага войска генерала Мура. Войскі Мура налічвалі 3 батальёны пяхоты пры 7 гарматах і 8 эскадронаў гусараў Хесен-Хомбурскiх. Некалькі дзён аўстрыйцы стаялі для адпачынку ў Беліцы. За войскамі Мура ішлі рускія войскі ў складзе 4-га корпуса кавалерыі генерал-ад'ютанта Васiльчыкава і казацкія палкі генерал-ад'ютанта графа Ажароўскага [59].

Ажароўскi 3 снежня ў Лiдзе напісаў рапарт генерал-ад'ютанту Васiльчыкаву: « Я з атрадам, якім непасрэдна камандую, знаходжуся ў горадзе Ліда, маючы два данскія палкі ў мястэчку Беліца, а адзін у Ішчалне. Аўстрыйскі генерал Мур пакінуў Беліцу трэцяга дня і пайшоў па гасцінцы да Гародні, а прыбылы сюды са Слоніма яўрэй данёс мне, што там яшчэ знаходзіцца князь Шварцэнберг, але ўсе абозы і лазарэты ён накіроўвае ў Беласток.

Я ўчора атрымаў загад спыніцца ў Беліцы. Спадар генерал-лейтэнант Канаўніцын піша, што генерал Тармасаў рухаецца з атрадам генерал-маёра Тучкова ад Мінска да Новасвержаня, а Ваша Правасхадзіцельства будзеце з лятучым атрадам знаходзіцца направа ад мяне, у Мастах»[60].

У палове снежня Ажароўскi арганізаваў паштовую сувязь паміж мястэчкам Каменка i Вiльняй, праз Шчучын, Iшчалну, Радзiвонiшкi, Лiду, Жырмуны, Воранава [61].

Усiм войскам не хапала харчавання, захаваўся рапарт палкоўніка рускіх драгунаў Дзiмiтрыя Юзяфовiча ад 1 снежня да генерал-ад'ютанта Васiльчыкава: «Розныя часткі войскаў пачынаюць ужо паміж сабой сутыкацца... Сёння ў Табарышках размяшчаецца пяхота 6-га корпуса, у дзвюх вёрстах ад мяне прыбыў атрад Юркоўскага, мноства каманд фуражыраў арміі Чычагава, усе наязджаюць адны на другіх ... такія тры каманды сустрэліся мне на дарозе ... не мелі яны пісьмовага дазволу, і я іх запасы адабраў для нашых войскаў. ...заўважыць трэба, што ад Нарвялішак да Вільні наогул ідуць дробныя вёсачкі ... ужо пройдзеныя ... злачыннымі натоўпамі казачых марадзёраў... Тым часам вельмі багатая крыніца знаходзіцца ... у абшарніка Умястоўскага, які мае двор у Жэмаслаўлі, валодае ён 10 багатымі фальваркамі»[62].

Маршалкам Лідскага павета зноў стаў Аляксандр Нарбут, які 26 снежня 1812 г. у Лідзе атрымаў спецыяльны ліст ад камандзіра II кавалерыйскага корпуса генерал-лейтэнанта Панчулідзева, дзе падкрэслівалася, што А. Нарбут «у дні смутнага часу паехаў у свае вёскі, не займаўся ніякімі справамі, зараз жа аказвае войску разнастайныя дапамогі».

4 лютага 1813 г. лідскі спраўнік падаў ваеннаму губернатару Літвы генералу ад інфантэрыі А.М.Рымскаму-Корсакаву рапарт, які, думаю, цікава будзе прывесці тут з невялікімі скаротамі:

«У выкананне прадпісанняў Вашага правасхадзіцельства ад 21 студзеня за № 542 гонар маю ... данесці:

1-е, што разам з атрыманнем гэтага прадпісання прыбылі ў горад Ліду кватараваўшыя перад гэтым у павеце 1-шы і 12-ты запасныя рухомыя паркі артылерыі, якія далей рушылі ў Мерач. […] у горадзе Лідзе застаецца адзін 11-ы запасны рухомы парк, які мае 91 каня і 51 чалавека, яго камандзір, унтэр-цэйхвахтар Зейдаль адправіўся ў Вільню для прыняцця дадатковых коней і людзей...

2-е, аб дастаўленні звестак у Віленскую правіянцкую камісію пра магазіны і прадукты, сабраныя для войска, я паведаміў у часовую камісію Лідскага павета, бо яна з даўняга часу ведае наогул усімі магазінамі і прадуктамі.

3-е, сабраныя мною звесткі аб змешчаных у горадзе Ліда хворых воінскіх чынах маю гонар прадставіць на разгляд вашага высакароддзя.

Земскі спраўнік Кузімовіч» [63].


Ведамасць аб колькасці хворых, пакінутых у горадзе Лідзе непрыяцельскімі войскамі, складзена 27 студзеня 1813 г.[64]

Імя і прозвішча

Якіх каманд і палкоў

З якога часу

Хто за імі мае нагляд

Хто лечыць

Адкуль атрымліваюць харчаванне

1

Сымон Калюта

20-га пяхотнага палка, набранага з Гарадзенскай губерні

10 лютага 1812 г.

Былі пад наглядам утворанай падпрэфектуры, а цяпер 1-га павятовага маршалка

Раней лячыў вольны практыкант 1-шы лекар Янкоўскі, а цяпер з-за яго хваробы лечыць старэйшы лекарскі вучань Маеўскі

Харчаванне атрымліваюць з Лідскага магазіна, які знаходзіцца ў падпарадкаванні спадара павятовага маршалка, а лекі былі пакінутыя камандзірам іх палка

2

Тадэвуш Мазура

3

Юры Кучка

4

Стэфан Яршэвіч

5

Іван Дарафеіч

6

Лаўрын Годл

7

Тодар Грыматовіч

8

Стэфан Кучков

Рускі казак, які служыў у 20-м пяхотным палку


Колькі ўсяго паступіла з 10 лістапада мінулага 1812 г., паправілася, з іх ліку колькі памерлых і колькі цяпер у лазарэце знаходзіцца на лячэнні Лідскага старэйшага лекарскага вучня Маеўскага

Паступіла ў нагляд

Паправіліся

Памерлі

Зараз на лячэнні

350

272

60

8

У межах Гарадзенскай губерні пасля вайны 1812 г. знаходзілася каля 2 900 ваеннапалонных напалеонаўскай арміі. Палонныя дзяліліся на дзве катэгорыі: улічаныя вайсковымі і цывільнымі ўладамі і тыя, хто адстаў пры адступленні «Вялікай арміі» і шукаў выратавання ад голаду і холаду ў мясцовага насельніцтва. Жыхары адносіліся да «французаў» лаяльна. Напрыклад, Лідскі земскі суд 17.11.1813 г. даносіў гарадзенскаму грамадзянскаму губернатару Ленару, што пры пошуку ваеннапалонных у Лідскім павеце ў маёнтку Крупа (зараз вёска Крупава) памешчыка Казіміра Шукевіча быў знойдзены прускі ўраджэнец Віктар Склароўскі: «... знойдзены ў маёнтку Крупа ў памешчыка Шукевіча Віктар Склароўскі, які раней служыў у польскім войску, Шукевіч тлумачыць, што прыняў яго да сябе на жыхарства, таму што сказаў пра сябе, што паходзіць з Прусіі, а ... Прусія знаходзіцца з намі ў саюзе. Такое яго тлумачэнне знаходжу ... марным і не заслугоўваючым ніякай павагі, ... саюз наш з Прусіяй не дае нікому права хаваць у сябе бяспашпартных, ды і думаць яму пра справы такога роду, яго не датычныя, не варта,... а павінен быў выконваць тое, што ад начальства неаднаразова патрабавалася ... прыкладаецца пры гэтым у арыгінале яго тлумачэнне. Прашу Вашае правасхадзіцельства загадаць ў прыклад іншым аштрафаваць яго за ўтрыманне названага ... Склароўскага на 200 рублёў...»[65]

Антонi Грымайла-Прыбытка ў артыкуле «Год 1812 у павеце Лiдскiм» пiсаў: «Край, адданы на ласку ворага, аплакваў свае мары і надзеі і чакаў страшнай помсты за свае дзеянні. Волатаўскі сон скончыўся». Нягледзячы на амністыю, якую цар Аляксандр I абвясціў 24 снежня i ў якой ён вызначыў тэрмін вяртання тых, хто ваяваў на баку Францыі ў 2 месяцы (потым гэты тэрмін быў падоўжаны), улады накладалі секвестры i канфіскоўвалі маёнткі. Асабліва вылучыліся гэтым вiленскiя генерал-палiцмайстар Эртэль і губернатар Лапiцкi. Эртэль падчас вайны праявіў сябе няздольным генералам, аднак пасля вайны ён пачаў слаць даносы ў Пецярбург і пачаў рэпрэсіі супраць мясцовай шляхты. Князь Чартарыйскi так характарызаваў гэтага чалавека: «Чалавек бяздушны, без пачуцця справядлівасці, але ад яго залежала жыццё жыхароў Лiтвы. Меў правы пакараць i выслаць кожнага, хто яму быў недаспадобы, людзi гiнулi, не могучы нават даць аб сабе весткі родным».

Разрабаваны i вынішчаны край утрымліваў вялізарныя войскі Расеі. Рэпрэсіі рускай адміністрацыі адштурхнулі насельніцтва ад супрацоўніцтва, і ў 1813 г. нават пайшлі размовы аб новым паўстанні. Але гады загойвалі раны, жыццё ўваходзіла ў сталае рэчышча [66].

***

А армія ВКЛ працягвала ваяваць. На пачатку 1813 г. дыслакацыя літоўскіх войскаў была наступная:

- каля Варшавы - 18-ы пяхотны полк Хадкевiча, 20-ы Бiшпiнга, 21-ы Гелгуда, рэшта 22-га палка Чапскага;

- накіроўваліся да Варшавы - 18-ы полк уланаў Пшаздзецкага, 20-ы полк уланаў Абуховiча, рота коннай артылерыі Тызенгаўза, конна-егерскi эскадрон Манюшкi, 4-ы егерскi батальён Курчэўскага, аддзелы конных жандараў i нацыянальнай гвардыі;

- да Кёнігсберга адступалі 17-ы i 19-ы палкі ўланаў, 19-ы пяхотны полк Тызенгаўза, рэшта егерскага палка Касакоўскага i батальён егераў Плятара, ад Кёнігсберга войскі пайшлі да Варшавы.

Уся гэтая армія налічвала каля 6 000 чалавек пры 2 000 коней. У сярэдзіне студзеня 1813 г. Напалеон узяў літоўскія палкі на сваё ўтрыманне: Часовы ўрад паведаміў, што літоўскія палкі захоўваюць сваю нумарацыю, але пераходзяць на французскае фінансаванне. Усім чыноўнікам, службоўцам, адміністрацыі i жыхарам, вымушаным адступіць разам са сваімі войскамі, было прызначана грашовае ўтрыманне ажно да вяртання дахаты.

20-ы полк уланаў быў накіраваны ў Гданьск і злучаны з 9-м польскім палком уланаў. Эскадрон Манюшкi стаў часткай 5-га польскага конна-егерскага палка, артылерыйская рота Тызенгаўза ўвайшла ў склад польскай артылерыі, 17-ы i 19-ы палкі прымалі ўдзел у ваеннай кампаніі 1813-14 гг. у Германіі. У ноч з 11 на 12 лютага 1813 г. 17-ы полк уланаў быў атакаваны ў мястэчку Цырк на рацэ Варце i страціў шмат жаўнераў. У палон патрапіў сам князь Рамуальд Гейдройц, генерал-інспектар літоўскага войска. Полк біўся мужна, бо расейцы нават завысілі ўзровень баявой адзінкі, назваўшы ў «Журнале баявых дзеянняў» полк «двухтысячнай дывізіяй» [67].

Літоўскія пяхотныя аддзелы, у тым ліку i 20-ы полк Бiшпiнга, у якім было шмат лідзян, увайшлі ў 5-тысячную залогу цвердзі Модлiн. Цвердзь была адбудавана ў 1811-12 гг. i мела вялікае стратэгічнае значэнне. 6 кастрычніка 1810 г. у запісцы «Аб цвердзях княства Варшаўскага» Напалеон пісаў: « Гэта будзе галоўная цвердзь княства. У ёй можна будзе захоўваць арсенал, артылерыйскія магазіны, правіянт, фураж, і ўсе запасы так, што калі б і Варшава была бы страчана, то гэтая цвердзь засталася б і панавала бы над абодвума берагамі Вiслы i Нарава». Рускае войска ў 50 000 жаўнераў блакіравала Модлін, але цвердзь здалася толькі 25 снежня 1813 г., калі войска антынапалеонаўскай кааліцыі было ўжо на берагах Рэйна і рыхтавалася да ўступлення на тэрыторыю Францыі.

17-ы i 19-ы палкі ўланаў прымалі ўдзел у славутай абароне Гамбурга, дзе непераможаныя войскі здалі горад толькі пасля адрачэння імператара Напалеона i асабістага загаду новага караля Францыі Людовіка XVIII.

Пасля вайны літоўскія войскі ўліліся ў склад арміі Царства Польскага.

***

Вайна 1812 г. была адной з найбольш хуткіх і разбуральных у гісторыі Беларусі. Яна доўжылася паўгода, але пасля яе наш край аднаўляўся амаль чвэрць стагоддзя. Агульныя страты насельніцтва Гарадзенскай губерні ацэньваюцца гісторыкамі ў 8,6%, прычым мужчынская палова насельніцтва страціла 17,7% сваёй колькасці. У 1802 г. шляхта Лідскага павета налічвала 9 809 чалавек, Гарадзенскага - 6 384. У 1816 г. засталося ў Лідскім павеце 5 523, у Гарадзенскім - 4 357 шляхціцаў. Так сказаліся ваенныя страты, эміграцыя і ад'езд значнай колькасці шляхты ў Варшаўскае княства. Сярод мужчынскага насельніцтва губерні па саслоўных групах страты падзяліліся наступным чынам: шляхта страціла 43,7% сваёй колькасці, мяшчане хрысціяне - 26,67%, яўрэі - 17,64%, сяляне - 14,04%. Агульныя страты мужчынскіх рэвізскіх душ у Лідскім павеце склалі 21,4%. - гэта найбольшыя страты ў губерні (другое месца па агульных стратах мужчынскіх рэвізскіх душ займаў Наваградскі павет - 14,3%.).

З гарадоў найбольш пацярпелі Кобрын, Ваўкавыск і Ашмяны, якія апынуліся ў эпіцэнтры баёў. У Кобрыне з 1 187 дамоў было спалена 927. У Ваўкавыску не засталося ніводнай прыстойнай пабудовы, і павятовыя ўлады вымушаны былі пераехаць у Ізабелін. Цяжка давялося Бярэсцю, Пружанам, Слоніму, дзе затрымліваліся значныя сілы. Амаль не пацярпелі Гародня і Ліда. У Гародні, як цэнтры дэпартамента, падтрымліваўся адпаведны парадак, а Ліду вялікія войскі абмінулі.


Лепшыя сыны Вялікага Княства Літоўскага дзеля адраджэння Бацькаўшчыны сталі пад сцягі кааліцыі дзяржаў, якой кіраваў Напалеон. Але ў 1812 г. зорка Напалеона ўжо схілялася. Паражэннем скончылася другая, пасля паўстання 1794 г., спроба адрадзіць дзяржаўнасць, наперадзе былі паўстанні 1831 i 1863 гг.



Паўстанне 1831 г.

Уж Польша вас не поведёт:
Через ее шагните кости!...
Пушкин А. С.


Паводле рашэння Венскага кангрэса частка Варшаўскага Княства, якое стварыў Напалеон, увайшла ў склад Расійскай Імперыі і атрымала назву Польскае Каралеўства. Гэтая дзяржава ўяўляла сабой канстытуцыйную манархію і кіравалася соймам ды царом, якога ў Варшаве прадстаўляў намеснік. Пасаду намесніка заняў паплечнік Касцюшкі генерал Заёнчак, а галоўнакамандуючым польскага войска напачатку стаў брат цара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Пасля смерці Заёнчка ў 1826 г. Канстанцін Паўлавіч стаў таксама і намеснікам. Царству Польскаму была нададзена канстытуцыя, якая, аднак, неаднаразова парушалася рускімі ўладамі. Так, другі сойм у 1820 г. адхіліў законапраект, які скасоўваў уведзены яшчэ Напалеонам у Польшчы суд прысяжных. На гэта Аляксандр заявіў, што ён, як аўтар канстытуцыі, мае права быць яе адзіным тлумачальнікам. У 1819 г. была ўведзена папярэдняя цэнзура, якой да гэтага часу тут не ведалі. Скліканне трэцяга сойму доўгі час адцягвалася - абраны ў 1822 г., ён быў скліканы толькі ў пачатку 1825 г. Выбары адмяняліся, калі ў сойм праходзілі непажаданыя людзі, напрыклад, пасля таго, як у Калішскім ваяводстве быў абраны Вінцэнт Немаеўскі, выбары былі касіраваны і прызначаныя новыя, калі ж Каліш зноў выбраў Немаеўскага, ён быў наогул пазбаўлены права абірацца, а калі ён усё ж прыехаў у сойм, каб заняць сваё месца, дык быў арыштаваны на варшаўскай заставе. Царскім указам скасавана публічнасць пасяджэнняў сойму, і ў такой сітуацыі трэці сойм прыняў усе законы, прадстаўленыя ў яго царом. Неабходна дадаць, што іншыя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, гэта значыць Літва, Беларусь і Украіна (так званыя «восем ваяводстваў»), не мелі ніякіх канстытуцыйных правоў і гарантый.

У 1819 г. маёр Валяр'ян Лукасінскі, князь Ябланоўскі, палкоўнікі Кржыжаноўскі і Прондзінскі заснавалі Нацыянальнае масонскае таварыства, сябрамі якога стала каля 200 чалавек, у асноўным афіцэры. Пасля забароны масонскіх ложаў у 1820 г. яно было пераўтворана ў глыбока заканспіраванае патрыятычнае таварыства. Адначасова існавалі таемныя таварыства і за межамі «канграсовай» Польшчы: патрыётаў, сяброў, філаматаў (у Вільні), тампліераў (на Валыні) і інш. Рух быў неаднастайным па сваіх сацыяльных мэтах і падзяляўся на дзве варожыя партыі: арыстакратычную з князем Чартарыйскім на чале і дэмакратычную, кіраўніком якой лічыўся прафесар Лелявель - лідар і кумір універсітэцкай моладзі. Вайсковае крыло ўзначаліў падпаручнік гвардзейскіх грэнадзёраў Высоцкі, інструктар школы падхарунжых, які стварыў заканспіраваную вайсковую арганізацыю ўнутры самога нацыянальнага руху. Гэтыя дзве партыі раздзялялі толькі планы на будучыню Польшчы, але ўсе яны мелі адзіныя ўяўленні пра паўстанне і пра будучыя межы (1772 г.).

Надзеі палякаў ажывіліся пасля аб'яўлення Расіяй вайны Турцыі ў 1828 г. Ліпеньская рэвалюцыя 1830 г. у Францыі ўзмацніла гэтыя надзеі. 12 жніўня адбыўся сход, на якім абмяркоўвалася пытанне аб неадкладным паўстанні, аднак было вырашана чакаць, бо трэба было схіліць на свой бок высокапастаўленых вайскоўцаў. Удалося дамовіцца з генераламі Хлапіцкім, Станіславам Патоцкім, Крукавецкім і інш. Рух ахапіў амаль усіх афіцэраў, шляхту, жанчын, рамесныя цэхі, студэнцтва. Быў прыняты план Высоцкага, па якім сігналам для паўстання павінна было паслужыць забойства Канстанціна Паўлавіча і захоп казармаў рускіх войскаў. Выступленне прызначылі на 26 кастрычніка. У першых днях кастрычніка на вуліцах былі расклееныя пракламацыі, з'явілася нават аб'ява, што Бельведэрскі палац у Варшаве (месцазнаходжанне вялікага князя Канстанціна Паўлавіча) з новага года будзе вольным і здаецца ў наём. Вялікі князь перастаў выходзіць з Бельведэра [68].

Апошняй кропляй з'явіўся маніфест цара Мікалая з нагоды бельгійскай рэвалюцыі, з якога палякі дазналіся, што іх войска прызначана стаць авангардам у паходзе супраць паўстаўшых бельгійцаў. Пасля гэтага паўстанне было канчаткова прызначана на 29 лістапада.

З надыходам вечара 29 лістапада ўзброеныя студэнты сабраліся ў Лазянкоўскім лесе, а ў казармах войскі ўзяліся за зброю. У 6 гадзін вечара Пётр Высоцкі ўвайшоў у казарму падхарунжых і сказаў: «Браты, гадзіна свабоды надышла!» - яму адказвалі крыкамі: «Жыве Польшча!»

Напад на Бельведэрскі палац быў даручаны Людвіку Набяляку з курсантамі школы падхарунжых. Высоцкаму і Урбінскаму было даручана арыштаваць рускіх генералаў і афіцэраў, ксяндзу Бранікоўскаму - звярнуцца да народа ў горадзе.


29 лістапада каля 8 гадзін вечара Набяляк разам з 5-ю падхарунжымі і 8-ю выкладчыкамі адправіўся ў Бельвядэр. Не сустракаючы супрацьдзеяння, змоўшчыкі праніклі ў палац і кінуліся ва ўнутраныя пакоі шукаць вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. Вялікі князь у гэты час знаходзіўся ў сваім кабінеце разам з віцэ-прэзідэнтам Варшавы Любавіцкім і генералам Жандрам. Калі раздаўся шум у суседнім пакоі, Любавіцкі і генерал Жандр выбеглі з кабінета, каб даведацца, з якой нагоды шум, і былі забітыя паўстанцамі, але Любавіцкі паспеў крыкнуць: «Князь, ратуйцеся, дрэнная справа». Стары камердынер князя вывеў яго ў суседнія пакоі і зачыніў за сабой масіўныя дзверы на засаўку, але, зрэшты, змоўшчыкі і не думалі шукаць вялікага князя, прыняўшы за яго генерала Жандра. Між тым вялікі князь выйшаў чорным ходам і ўцёк пад ахову рускага коннагвардзейскага палка.

Паўстанцы адразу захапілі 40 000 патронаў і выдалі іх сваім войскам, а потым без бою авалодалі самай важнай цвердзю ў Польшчы - Модлінам, пра якую Напалеон казаў: «Хто валодае цвердзю Модлін, той будзе валодаць і ўсёй Польшчай». У цвердзі паўстанцы знайшлі 5 000 000 патронаў і 60 гармат. Аднак становішча паўстанцаў не было ўстойлівым. Большая частка польскага войска не спяшалася далучыцца да іх, і яны не мелі агульнага кіраўніка. Таму многія сучаснікі лічылі, што калі б вялікі князь Канстанцін Паўлавіч адразу скарыстаўся вернымі яму войскамі і энергічна прыступіў да задушэння паўстання, то з вялікай верагоднасцю выйграў бы. Тым больш, што сярод кіраўнікоў паўстання пачаўся разлад. Але вялікі князь Канстанцін на наступны дзень, 30 лістапада, разам з усімі рускімі войскамі пакінуў Варшаву, стаў лагерам за тры вярсты ад сталіцы, у мястэчку Вержб і пачаў чакаць далейшага развіцця падзей [69].

Пасля зыходу расейцаў з горада ўзмацнілася арыстакратычная партыя, якая спадзявалася ўступіць у перамовы з урадам імперыі і мірным шляхам дасягнуць жаданага выніку - стварэння незалежнай дзяржавы ў межах 1772 г. пад пратэктаратам Расіі. 4 снежня была сфармавана Адміністрацыйная рада з 7 чальцоў, уключаючы Яўхіма Лелявеля, Юльяна Нямцэвіча і генерала Хлапіцкага, які стаў галоўнакамандуючым польскіх войскаў. Узначаліў раду князь Адам Чартарыйскі. Найбольш актыўных левых лідараў, Заліўскага і Высоцкага выдалілі з Варшавы, першага - для арганізацыі паўстання ў Літве, другога - капітанам у войска. Узяўшы ўладу ў свае рукі, Адміністрацыйная рада адправіла дэпутацыю да вялікага князя з тлумачэннем прычын, выклікаўшых хваляванні, і ўмоў, на якіх паўстаўшыя гатовыя іх спыніць. Аднак вялікі князь лічыў, што палякі павінны быць удзячныя расейцам за тое, што для іх зроблена, таму ў перамовы ўступаць адмовіўся і разам з войскамі пакінуў тэрыторыю Царства Польскага.

18 снежня Адміністрацыйная рада была распушчана і замест яе створаны Часовы ўрад на чале з Адамам Чартарыйскім, у гэтым урадзе міністрам народнай асветы стаў Лелявель. Быў скліканы сойм, на якім не ўдалося выпрацаваць агульную палітыку дзяржавы на будучыню, і ў сувязі з гэтым генерал Хлапіцкі абвясціў сябе дыктатарам. Генералу Хлапіцкаму ў час паўстання было 60 гадоў. Ён лічыўся адным з самых выдатных людзей свайго часу - меў велічную знешнасць сапраўднага генерала, быў сумленным, адкрытым і прамым чалавекам, меў харызму лідара, яго любілі жаўнеры. З ранніх гадоў Хлапіцкі служыў у войску, пры Напалеоне ён удзельнічаў у вайне ў Іспаніі, і французскі імператар цаніў яго таленты і зрабіў генералам. Шанаваў яго і рускі ўрад, пры імператары Аляксандры I ён працягваў служыць, пры Мікалаі I выйшаў у адстаўку і жыў у Варшаве як прыватная асоба, атрымліваючы ад французскага ўрада 6 000 франкаў пенсіі [70].

Стаўшы дыктатарам, Хлапіцкі паспрабаваў уступіць у перамовы з рускім імператарам і з еўрапейскімі ўрадамі. Але Мікалай I адмовіўся ад перамоваў з польскім пасольствам і сустрэўся толькі з яго кіраўніком - князем Любецкім, як з міністрам фінансаў Царства Польскага. Праз яго цар перадаў палякам, каб яны неадкладна здавалі зброю і прасілі яго літасці. З гэтым адказам 25 студзеня 1831 г. дэпутацыя вярнулася ў Варшаву.


Хлапіцкі сабраў сойм і паведаміў аб рашэнні рускага цара, пасля чаго прапанаваў сойму пайсці на кампраміс, бо разумеў, што ў выпадку поўнамаштабнай вайны ў Польшчы шанцаў не будзе. Але «чырвоныя» ў сойме асвісталі дыктатара і запатрабавалі канчатковага разрыву з імперыяй. «Што будзе, тое будзе», - крычалі дэпутаты. Па парадзе графа Рамана Солтыка, сойм пастанавіў пазбавіць рускую імператарскую фамілію права на польскую карону. Таму Хлапіцкі склаў з сябе званне дыктатара і камандуючага войскамі. Камандуючым арміяй сойм прызначыў Міхала Радзівіла - чалавека добрага, сумленнага, але мяккага і падатлівага і зусім не палкаводца. Таму польскае кіраўніцтва ўпрасіла Хлапіцкага заўсёды быць пры Радзівілу і дапамагаць яму ва ўсім.

Рускі імператар успрыняў рашэнне сойма як асабістую абразу. 24 студзеня стотысячная руская армія з 336 гарматамі, пад камандаваннем фельдмаршала Дзібіча-Забалканскага, уступіла на тэрыторыю Польшчы. Акрамя гэтых войскаў, да межаў Польшчы рухаліся 13 казацкіх палкоў з Дона, і такім чынам усё рускае войска налічвала каля 180 000 чалавек. З супрацьлеглага боку было выстаўлена 140 000 чалавек і 146 гармат.

Паўстаўшымі быў прыняты план, паводле якога галоўныя польскія сілы (каля 70 000 чалавек) размяшчаліся на поўнач ад Варшавы, кантралюючы дзве дарогі - Ковенскую і Берасцейскую. Пры набліжэнні непрыяцеля польскае войска павінна было, не дапусціўшы ворага да Варшавы, уступіць у генеральную бітву.

1 лютага рускае войска першы раз сустрэлася з польскім, пасля гэтага невялікія сутычкі адбываліся штодня, пакуль нарэшце 19 лютага каля Ваўра (у XIX ст. у гэтым месцы была карчма на дарозе Мінск - Варшава, за 7 вёрст ад тагачаснага прыгарада Варшавы - Прагі) не адбылася першая значная бітва, якая працягвалася 7 гадзін, расейцы ў гэтай бітве страцілі каля 4 000 чалавек. 25 лютага рускае войска ў 76 000 чалавек пры 250 гарматах падышло да паселішча Грохаў (каля Варшавы), дзе па раней прынятым плане іх ужо чакала польская армія ў 60 000 чалавек. Адбылася знакамітая Грохаўская бітва. Яна пачалася ў 9 гадзін раніцы і працягвалася да 5 гадзін вечара. Палякі зноў біліся мужна і стойка, але ўсё ж у выніку адступілі да Варшавы. У бітве быў паранены генерал Хлапіцкі [71]. Рускі галоўнакамандуючы тры дні прастаяў на поле бітвы, чакаючы здачы Варшавы, але на чацвёрты дзень ён даведаўся, што палякі ўмацоўваюць сваю сталіцу і здавацца не думаюць. Пасля гэтага рускае войска адступіла на поўдзень ад Варшавы і пачало чакаць прыбыцця асаднага парку, каб прыступіць да аблогі горада.

Польскі сойм зняў Радзівіла з пасады камандуючага войскам і прызначыў на гэтае месца Скржынецкага. Новы галоўнакамандуючы меў 45 гадоў, быў родам з Галіцыі, адукацыю атрымаў у Львове. Ва ўзросце 23 гадоў ён уступіў у войска Напалеона і ўдзельнічаў у паходзе на Расію 1812 г. Пасля стварэння Царства Польскага Скржынецкі жыў у Варшаве і быў камандзірам 8-га пяхотнага палка.

Скржынецкі загадаў свайму войску выйсці з Варшавы, і пачаўся шэраг больш-менш значных бітваў, у адной з іх, пры Дэмбе-Велькай рускі 6-ы корпус барона Розена быў разбіты і страціў каля 4 000 забітых і 3 000 параненых. Рускія аўтары сцвярджаюць, што параза была б яшчэ мацнейшай, каб не ўстойлівасць 47-га рускага егерскага палка, якім камандаваў палкоўнік Квіцінскі - паляк па нацыянальнасці. Але 26 траўня ў бітве пад горадам Астраленкай польская армія, якая мела 40 000 супраць 70 000 рускіх, была разбіта і адступіла да Варшавы. Аднак пасля бітвы рускае войска таксама было не ў лепшым стане, і таму Дзібіч не праследаваў польскае войска, а адступіў да Пултуска [72].

Паўстанне ў Літве

Пасля падзей у Польшчы адбылося паўстанне ў Літве і на Валыні. Ужо 1 снежня 1830 г. рускія ўлады ўстанавілі ваеннае становішча ў Віленскай, Гарадзенскай і Мінскай губернях і ў Беластоцкай акрузе. Пачаліся арышты патэнцыйных удзельнікаў паўстання і канфіскацыя зброі, але ўсё роўна, напрыканцы 1830 г. па паветах пачалася падрыхтоўка да паўстання. У канцы студзеня 1831 г. з ініцыятывы Лелявеля ў Вільні паўстаў Цэнтральны камітэт, які быў павінен арганізаваць і ўзначаліць паўстанне на Літве. У склад камітэта ўвайшлі Антоні Гарэцкі, Станіслаў Шумскі, Людвік Забржыцкі, Эдвард Ромер, Юстын Грабніцкі, Міхал Балінскі і Леан Рагалінскі.

Кожны павет трымаў сувязь з камітэтам праз свайго дэлегата. У Дзісненскім павеце гэта быў Аляксандр Лапацінскі, у Браслаўскім - Віктар Грынцэвіч, у Расіенкім павеце на сувязі з камітэтам былі Юліюш Грушэўскі і Дабраслаў Каліноўскі, ва Упіцкім - Казімір Трускоўскі. Пачатак паўстання Ігнат Дамейка сустрэў у Лідскім павеце, знаходзячыся пад наглядам паліцыі ў маёнтку Заполле. У пачатку красавіка да Дамейкі прыбыў пасланец Віленскага камітэта для каардынацыі дзеянняў [73]. З мемуараў Дамейкі вядома аб стасунках камітэта з Гарадзенскай губерняй. Напрыклад, па рашэнні камітэта паўстанцы павінны былі сабрацца ў трох месцах губерні: у Лідскім павеце каля Васілішак, у Слонімскім у Харабравецкай пушчы і ў Навінскіх лясах пад Наваградкам. Шчапінскі, адзін з паўстанцаў з Белавежскай пушчы, прыязджаў у Вільню ў сакавіку, каб скаардынаваць свае дзеянні. Але ў цэлым камітэт не змог каардынаваць дзеянні паўстанцаў і пасля выбуху паўстання ў Жмудзі страціў уплыў [74].

На пачатку паўстання рускіх войскаў у Літве было адносна не многа. У Вільні знаходзілася брыгада 5-й пяхотнай дывізіі (2-га корпуса) сілай каля 3 200 чалавек, у гарадах стаялі невялікія залогі (напрыклад, у Мінску была пакінута залога - батальён Архангельскага палка з 2-ма гарматамі). Аднак праз нашу тэрыторыю ў гэты момант рухаліся ў Польшчу войскі 3-га рускага корпуса, і ў выпадку неабходнасці яны павінны былі аказаць падтрымку мясцовым залогам. У палове сакавіка рускі ўрад на нашай тэрыторыі прызначыў рэкруцкія наборы і планаваў узяць хлеб і фураж для войска. Гэта ініцыявала паўстанне. Напрыклад, у Жмудзі пасля абвяшчэння 9 лютага рускага ўказа пра мабілізацыю рэкрутаў шмат мужчын схавалася ў лесе, з іх пачалі фармавацца першыя паўстанцкія аддзелы.

26 сакавіка аддзелы паўстанцаў, якія складаліся са шляхты і сялян, з трох бакоў напалі на Расіены і занялі горад. Пры гэтым была абяззброена залога (60 чалавек) і захоплены скарб. Адразу была абвешчана незалежнасць Літвы. Вызваляліся рэкруты і арыштанты, рускіх чыноўнікаў бралі ў палон, людзі пачалі насіць трохкаляровыя кукарды. Было вырашана, каб кожныя два дымы выставілі па адным ратніку, была арганізавана вытворчасць зброі, нарыхтоўка абмундзіравання і рыштунку. Блізкасць Прусіі палегчыла набыццё пораху і свінцу.

28 сакавіка былі ўзяты Шаўлі, Тэльшы і Панявежа. Калі ў Коўні пра гэта даведалася руская адміністрацыя, было вырашана ўжыць жорсткія меры. Палкоўнік Барталамей, які з лейб-гвардзейскім конна-піянерным эскадронам чакаў прыбыцця пантонаў, атрымаў загад 29 сакавіка выступіць супраць інсургентаў са сваім эскадронам і дадатковымі 4-ма ротамі з 4-ма гарматамі (усяго 1 200 чалавек). У той жа дзень камандзір паўстанцаў Ігнат Станевіч сабраў некалькі тысяч чалавек і рушыў у Эйраголу насустрач Барталамею, аднак 31 сакавіка паўстанцы былі разбіты, частка аддзела разбеглася ў розных кірунках, а частка адступіла. Барталамей заняў Расіены. Аднак ён не змог доўга ўтрымацца ў Расіенах, пакінуў горад, быў прыціснуты інсургентамі да мяжы з Прусіяй і праз некаторы час са сваім атрадам інтэрнаваны ў Прусіі.

Тэльшынскія паўстанцы ўздоўж мяжы рушылі да Палангі, па дарозе абяззбройваючы памежныя заслоны. Іх мэтай было ўзяць Палангу і арганізаваць марскія пастаўкі ад знешніх сяброў. Горад удалося ўзяць, але неўзабаве паўстанцы былі адтуль выбіты. У канцы сакавіка інсургенты спрабавалі злучанымі сіламі ўзяць Коўню, але былі адкінуты ад горада [75].

У Літву пачалі сцягвацца рускія войскі: I-я ўланская дывізія (3 500 шабель) знаходзілася на маршы, II-я пяхотная брыгада займала Жамойць, III-я пяхотная брыгада брала пад кантроль Гародню, Мерач, Коўню, V-я пяхотная дывізія знаходзілася ў раёне Вільні, VI-я пяхотная дывізія ішла да Слоніма, VII-я рухалася да Бярэсця. Між тым паўстанне не сціхала, а разгаралася вакол Вільні: 4 красавіка паўсталі Ашмяны, 11 красавіка Свянцяны, а таксама Відзы, Трокі, Гальшаны. Паўстанне пачыналася і ў Гарадзенскай ды Мінскай губернях [76].

Ашмянская разня

Паўстанне ў Ашмянах перапыніла сувязь Вільні з Расіяй. На чале паўстання стаў П. Важынскі і былы палкоўнік французскай арміі Караль Пшаздзецкі [77]. Пад іх камандаванне сабралася каля 2 500 інсургентаў. Паўстанцы былі разбіты на роты і эскадроны, праходзілі паскоранае вайсковае навучанне. Між тым у Вільню ў якасці падмацавання з Каўказа прыйшоў зводна-лінейны казацкі полк, спрактыкаваны ў баях з горцамі. Вайсковы губернатар Вільні Храпавіцкі 14 красавіка адправіў да Ашмян аддзел у 300 казакоў, 5 000 чалавек пяхоты і 4 гарматы пад камандаваннем палкоўніка Вярзіліна.

Даведаўшыся аб прасоўванні рускіх войскаў, інсургенты вырашылі адступіць у лясы каля Вішнева, але пакінулі ў горадзе ў якасці ар'ергарду 600 чалавек, якія павінны былі адступіць пазней. Па рускай версіі, ар'ергард выступіў насустрач непрыяцелю і прыняў бой, быў разбіты і адкінуты ў горад, і ў горадзе інсургенты разам з гараджанамі «ожесточенно» абараняліся, таму казакі зрабілі «зачыстку горада», прычым «у запале сутычкі рэдка хто атрымаў літасць», як пісаў палкоўнік Пузырэўскі А.К. у сваёй кнізе [78].

Вось як апісвае падзеі паўстанец І. Клюкоўскі: «Маскалі затрымаліся перад горадам... і пачалі кананаду. Было зроблена 80 артылерыйскіх стрэлаў і пабіта шмат дамоў. Каб прадухіліць абстрэл, кавалерысты... спрабавалі атакаваць, але стрэлы карцеччу знішчылі некалькі кавалерыйскіх звязаў, асуджаных на смерць… Менавіта гэтае знішчэнне слабога заслону, які імкнуўся прадухіліць разбурэнне горада артылерыяй, і было паднесена Вярзіліным як штурм горада, які моцна бароніцца. Пасля таго, як невялікі аддзел Сцяльніцкага быў разбіты, неўтаймаваны зброд уварваўся ў горад, быццам яго захапілі штурмам, не прапускаючы ні слабога полу, ні састарэлых. Для іх не было нічога святога. Жанчыны і дзеці, якія схаваліся пад Боскай аховай у касцёле, палі ахвярай лютасці раз'юшаных дзікуноў. I была гэта ахвяра, апырсканая крывёю бязвінных! Не прыпыняліся забойствы на вуліцах. Былі забіты два ксяндзы, жыхары Завадскі, Ган і шмат іншых. Аднак сама смерць яшчэ не знішчала ў вачах полчышч акупантаў выступлення з узняццем зброі за вольнасць. Ім патрэбны былі яшчэ пакутніцкія забойствы. У якасці трафеяў перамогі варвараў над бяззбройным народам застанецца ўспорванне нутра ў аднаго з жыхароў, калі дапытваліся ў яго пра грошы; рассяканне доктара Закржэўскага, і забойства каля двухсот простых жыхароў. Іх кроў цяжарам ляжа на галаву віноўніка ўсяго гэтага - Храпавіцкага ... наўмысна паслаўшага зборышча катаў для таго, каб спалохаць паўстанцаў!»[79].

Іншы паўстанец успамінаў: «Маскалі даведаліся, што Пшаздзецкі адвёў усе сілы на мінскі тракт, пакінуўшы толькі 200 кавалерыстаў і да батальёна стральцоў і касінераў пад камандай Сцяльніцкага [80]. Праз гадзіны тры, вялікім струменем на гэтую малую жменьку надышлі маскалі... Калі мы расстралялі ўсе патроны, то кінуліся на ўцёкі, а маскалі, хутка абкружыўшы цэлыя Ашмяны, кожнага чалавека, хоць і бяззбройнага, забілі. Маскалі ўехалі ў горад з вялікім крыкам. Яўрэі сустракалі іх з вялікай радасцю, але яны ўсё роўна пачалі ўзломваць крамы яўрэяў, за што іх лаяў палкоўнік. Потым пачалі рабаваць касцёлы. Дамініканскі ўзламалі, абрабавалі, чатырох людзей, якія схаваліся ў касцёле, зарэзалі. Дзверы і замок мураванага касцёла ніяк не маглі ўзламаць, дзверы высадзілі стрэлам з гарматы, потым спалілі архіў і забілі трох чалавек. Францішканаў таксама абрабавалі… забраўшы дарагія рэчы. Абрабавалі дамы гараджан, у дамах не засталося нават ні падлог, ні аконных шыбаў. Гараджаніна, якога знаходзілі ў хаце, не разбіраючыся, забівалі.... іншых..., збілі неміласэрна бізунами і агаліўшы палову галавы, адпускалі...»[81].

Сучасны рускі гісторык Матвееў А.У. піша: «Яшчэ 1 снежня 1830 г. быў сфармаваны зводна-лінейны полк. Камандзірам палка быў прызначаны будучы атаман Каўказскага лінейнага казацкага войска палкоўнік П.С. Вярзілін, баявы афіцэр, які меў багаты досвед вайны з горцамі і туркамі. 13 снежня 1830 года зводна-лінейны полк... выступіў з Стаўрапаля ў горад Гародню. Лінейцы былі ўключаны ў мерапрыемствы, накіраваныя супраць паўстанцаў у Літве... Неабходны былі рашучыя меры. Асабліва буйныя сілы паўстанцаў былі сканцэнтраваны ў раёне г. Ашмяны, дзе гаспадарыў аддзел графа Пшаздзецкага, які налічваў 2,5 тыс. чалавек. 1 красавіка (14 па новым стылі - Л.Л.) Храпавіцкі паслаў у Ашмяны аддзел з 300 лінейцаў, 500 чалавек пяхоты пры 4-х гарматах пад агульным камандаваннем палкоўніка Вярзіліна ... бой быў непрацяглым, за некалькі гадзін справа скончана, адноўлены спакой, які абышоўся інсургентамі коштам 350 чалавек... з тых часоў... слова «чаркес» рабіла жахлівае ўздзеянне... Гэтая атака лінейцаў, як пісаў польскі мемуарыст, перайшла ў пагром: казакі не шкадавалі нікога на сваім шляху, рабавалі яўрэйскія крамы, касцёлы, дамы. Многіх жыхароў Ашмян прывязалі да гармат і прывялі ў Вільню, іншым галілі галовы. На справу ў Ашмянах цар Мікалай I адрэагаваў наступным чынам: "Справы літоўскія выпраўляюцца, урок Ашмянаў быў дзейсны"»[82].

Адам Міцкевіч у кнізе польскага народа і польскага пілігрымства - у «Літаніі пілігрымскай» пісаў: «Праз пакутніцтва жыхароў Ашмян, забітых у касцёлах і дамах Пана, Вызвалі нас, Пане»[83].

Далейшае развіццё паўстання на Літве

Асноўнае харчовае забеспячэнне рускай дзейнай арміі ішло з Літвы, і таму паўстанне ў Літве моцна ўплывала на поспех баявых дзеянняў у Польшчы. З ліку 11 паветаў Віленскай губерні 9 кантралявалася інсургентамі, а праз нейкі час пад іх кантроль перайшлі і астатнія Свянцянскі і Брацлаўскі паветы. Пад поўным кантролем рускіх заставалася толькі 3 гарады - Вільня, Коўня і Відзы (тут аддзел палкоўніка Кахоўскага перашкаджаў пераходу горада інсургентам), але менавіта ў гэтых гарадах знаходзіліся галоўныя дзеячы паўстання.

У Мінскай губерні паўстанне пачалося пазней, чым у Віленскай, - на пачатку красавіка з Дзісненскага і Вілейскага паветаў [84]. Аднак пры набліжэнні 2-га Тэпцярскага казацкага палка вілейскія інсургенты пад камандаваннем былога палкоўніка французскай арміі Радзішэўскага адышлі да Мядзеля, дзе занялі зручную пазіцыю ў лясістай і балоцістай мясцовасці. Аддзел папоўніўся і дасягнуў колькасці ў 3 000 чалавек пяхоты і 300 вершнікаў. Радзішэўскі меў нават артылерыю - адна шляхетная дама падарыла яму дзве 4-фунтовых гарматы, якія былі закапаны ў зямлі і чакалі сваёй пары з часоў апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.

З трох гарадоў, якія кантраляваліся расейцамі, найбольшае значэнне мела Вільня. Вызваленне Вільні, акрамя сімвалічнага, мела і вялікае практычнае значэнне: у горадзе былі сканцэнтраваны вялікія запасы зброі, амуніцыі, прадуктаў харчавання. Аднак штурм горада быў вельмі складанай справай, бо залога Вільні складалася з 3 000 салдат рэгулярнай арміі, і тым не менш інсургенты вырашылі штурмаваць горад. Аб'яднаныя сілы ўзначаліў камандзір упіцкіх паўстанцаў Караль Залускі - чалавек, які карыстаўся ўсеагульнай павагай і даверам, але не меў ваеннага досведу і неабходных ведаў. Быў выпрацаваны план, згодна з якім Залускі зрабіў наступныя распараджэнні: Віленскі павет павінен засяродзіць свае ўзброеныя сілы на вількамірскай дарозе, каля Мейшаголы, у адным пераходзе ад Вільні, Свянцянскі і Брацлаўскі паветы - на такой жа адлегласці ад горада, каля Няменчына, па дынабургскай дарозе, Ашмянскі павет - па мінскай дарозе, нарэшце ўзброеныя сілы Троцкага, Вількамірскага і Панявежскага паветаў павінны былі засяродзіцца каля Еўя на ковенскай дарозе. Такім чынам спадзяваліся сабраць 16-20 тысяч чалавек на адлегласці 20-30 вёрст вакол Вільні, а потым дзейнічаць па абставінах. Каб засцерагчы сябе звонку, ковенскім інсургентам пад камандай Прозара было даручана назіраць за расейцамі з боку Коўні і ахоўваць рачныя пераправы. Вількамірцы павінны былі ўтрымліваць расейцаў з боку Дынабурга, а паўстанцы Жамойціі - з боку Курляндыі. Кожны аддзел зрабіў запас харчавання на 14 дзён і арганізоўваў забеспячэнне ўсім неабходным.

16 красавіка Залускі з аддзеламі з Трок і Панявежы, якімі камандавалі Агінскі, Матусевіч і Білевіч, пераправіўся цераз Вілію каля Чабішак і да вечара заняў пазіцыю недалёка ад Еўя [85]. Тут сабралася да 3 000 чалавек, з іх 150 вершнікаў, аднак толькі 1 000 была ўзброена стрэльбамі а 2 000 былі касінерамі. Рускі камандуючы Храпавіцкі атрымаў звесткі пра тое, што вялікая колькасць інсургентаў збіраецца на левым беразе Віліі і 18 красавіка выслаў туды палкоўніка Вярзіліна, які толькі што вярнуўся з Ашмян, з 300 казакамі, двума ротамі Белазерскага палка і двума гарматамі. Інсургенты, даведаўшыся пра набліжэнне расейцаў, вырашылі атакаваць першымі. Залускі рушыў наперад з конніцай, а Білевіч ішоў за ім з пяхотай. Казакі заўважылі кавалерыю інсургентаў і імітавалі адступленне, прывёўшы такім чынам паўстанцаў да сваёй пяхоты і артылерыі. Сустрэтыя кулямі і карцеччу, інсургенты адступілі. Білевіч паспешна заняў абарону каля паселішча Аўсянішкі і адкрыў моцны ружэйны агонь па расейцах. Вярзілін, пазбягаючы страт, загадаў запаліць паселішча, пасля чаго пяхота Білевіча адступіла з селішча ў лес. Казакі праследавалі інсургентаў да лесу, пасля чаго вярнуліся ў Вільню. Пасля падыходу некалькіх свежых аддзелаў інсургенты вырашылі ўмацавацца каля Аўсянішак, але ў гэты час ім стала вядома аб падзенні Ашмян і разгроме расейцамі паўстанцаў Прозара каля Коўні. Гэта інфармацыя прымусіла інсургентаў 24 красавіка адысці за Вілію.

У красавіку да Вільні падышлі рускія падмацаванні: 1-шы егерскі полк, 1-я і 2-я брыгады І-шай уланскай дывізіі, Ладажскі полк. Для дзеянняў супраць інсургентаў з Пецярбурга даслалі план, сэнс якога быў у тым, каб выкарыстоўваць Вільню ў якасці базы і дзейнічаць «як для ачышчэння найважнейшых шляхоў, так і для пераследу інсургентаў невялікімі рухомымі калонамі». Частка войскаў пад камандаваннем генерала Атрошчанкі павінна была ахоўваць Ашмянскі павет і дарогу на Мінск і Гародню, іншая частка пад камандаваннем генерала Хілкова павінна была ўзяць пад кантроль дарогу на Пецярбург праз Відзы і Дынабург, а генерал Суліма са сваімі войскам павінен быў заняцца пацыфікацыяй Жамойці. Невялікія аддзелы планавалася выкарыстаць для «ачышчэння» наваколляў Вільні.

20 красавіка з Вільні выступіў Атрошчанка з паўтара батальёнамі 11-га егерскага палка, эскадронам гусарскага эрц-герцага Фердынанда палка і 6-цю гарматамі, трохі пазней выйшаў генерал Шырман з аддзелам, складзеным з 7-га і 8-га егерскіх палкоў, і 4 гарматамі. У кожным з гэтых аддзелаў было каля 1 200 чалавек. Атрымаўшы звесткі, што інсургенты Пшаздецкага збіраюцца ў Вішнеўскіх лясах, Атрошчанка рушыў туды, і 24 красавіка інсургенты, не прымаючы бой, адступілі ў густыя лясы да Рума. Аддзел Атрошчанкі, узмоцнены ўланскім Вялікага князя Міхаіла Паўлавіча палком, вырашыў дзейнічаць супраць паўстанцаў у двух кірунках: з Бакштаў і з Валожына. Для гэтага ён рушыў палкоўніка Севасцьянава з 2-ма ротамі, эскадронам уланаў і 2-ма гарматамі праз Валожын, а частка ўланаў і казакоў заступіла дарогу інсургентам на Бакшты. Севасцьянаў напаў каля вёскі Рум на інсургентаў (каля 2 000 чалавек). Пасля бою, страціўшы да 100 чалавек, інсургенты рассеяліся. Пузырэўскі пісаў: « галоўныя дзеячы паўстання ў Ашмянах альбо былі ўзятыя ў палон, або збеглі. Паўстанню ў Ашмянах быў нанесены рашучы ўдар».

Генерал Шырман, сустракаючы па шляху толькі невялікія аддзелы паўстанцаў, перш рушыў на Панявежу, адкуль, аднаўляючы па дарозе рускую адміністрацыю, пайшоў на Шаўлі, каб злучыцца там з войскамі генерал-губернатара Палена, якія ішлі туды з Мітавы. Залускі спрабаваў заступіць Шырману шлях на Шаўлі, але не змог гэтага зрабіць [86]. Барон Пален выступіў з Мітавы з войскамі, складзенымі з палкоў 4-й рэзервовай дывізіі (Неўскі, Сафійскі, Нараўскі, Капорскі, 2 эскадроны і 6 гармат) у колькасці 2 000 чалавек. Разбіўшы паўстанцаў Тышкевіча і пад Янішкамі, паўстанцаў Херубовіча і Шаміёта, Пален 8 траўня злучыўся з Шырманам у Шаўлях.

Войскі князя Хілкова (12-ы егерскі полк, і Сібірскі ўланскі полк з 8 гарматамі) выступілі 29 красавіка з Вільні да Вількаміра, дзе 30 красавіка разбілі інсургентаў каля Мейшаголы. Пасля гэтага ён рушыў да Свянцянаў, але паўстанцы Барткевіча загадзя сышлі з горада, і 7 траўня рускія войскі ўвайшлі ў Свянцяны.

29 красавіка рускія войскі (Ладажскі пяхотны і два ўланскія палкі) выйшлі з Вільні на Кейданы. На наступны дзень інсургенты Прозара разабралі мост цераз раку Нявяжу і спрабавалі не прапусціць войскі, але да вечара расейцы пераправіліся на другі бераг.

Генерал Суліма таксама выправіўся да Шаўляў, каб прыняць у Шырмана вялікі транспарт з боепрыпасамі, прыведзенымі з Дынабурга. Залускі, дазнаўшыся пра набліжэнне рускіх, загадаў Прозару адысці да Бейсаголы і назіраць за рухамі непрыяцеля, сам жа сабраў злучаныя сілы і падышоў да Панявежы. 5 траўня сутыкнуліся з рускімі войскамі і атрымалі паразу [87].

Пасля гэтага паўстанцы адмовіліся ад вялікіх бітваў з рускімі войскамі, было вырашана разысціся і, падобна іспанскім гверыльясам, кожнаму весці на сваёй малой радзіме цяжкую для расейцаў партызанскую вайну. Аднак сур'ёзныя сутыкненні не спыніліся.

Палкоўнік А. Пузырэўскі так апісаў сітуацыю, якая склалася ў той час у нашым краі: «Падчас гэтых падзей у заходняй частцы краіны, г.зн. Жамойці, справы інсургентаў ва ўсходняй яе частцы, г.зн. уласна ў Літве, былі не ў лепшым становішчы. Залускі, пасля вяртання… знайшоў ва Упіцкім павеце поўную анархію і павінен быў заняцца перш за ўсё ўсталяваннем там хоць якога парадку. Тое самае было і ў Вількамірскім павеце... у Віленскім, Троцкім паветах засталіся ранейшыя камандзіры, якія працягвалі весці дробную партызанскую вайну. Ашмянскі, Свянцянскі і Барацлаўскі паветы ўтрымлівалі (расейцы - Л. Л.) Атрошчанка, Хілкоў і Кахоўскі. У Троцкім і Вількамірскім паветах захаванню парадку садзейнічалі калоніі рускіх раскольнікаў, філіпаўцаў… якія пасяліліся ў краіне яшчэ пры Жыгімонце Аўгусту»[88].

У гэты час найбольшую ваенную моц мелі інсургенты Віленскага, Свянцянскага і Дзісненскага паветаў. Віленскія паўстанцы, пад кіраўніцтвам Радзішэўскага, базаваліся каля Мядзеля. Калі да іх далучыліся рэшткі ашмянцаў, раней разбітых каля Рума, было вырашана зрабіць напад на Вілейку. 5 траўня інсургенты ўварваліся ў горад з двух бакоў, але там у гэты час знаходзіўся генерал Саф'янаў з двума рэзервовымі батальёнамі. Пасля бою паўстанцы адступілі да Глыбокага, каб злучыцца з паўстанцамі Дзісненскага павета.

9 траўня дзісненскія паўстанцы напалі на свой павятовы горад, руская залога пасля некалькіх стрэлаў адступіла, але праз тры дні падышоў палкоўнік Маркаў з трыма батальёнамі пры 2-х гарматах і зноў авалодаў Дзісной. Інсургенты вярнуліся ў Лужкі, дзе і злучыліся з Радзішэўскім. Такім чынам у гэтым месцы сканцэнтравалася каля 5-6 тыс. інсургентаў.

Між тым генерал Саф'янаў атрымаў падмацаванне - два эскадроны ўланаў, і 16 траўня яму ўдалося разбіць паўстанцаў Радзішэўскага. З-за наступу рускіх войскаў і набліжэння рэзервовай арміі графа Талстога інсургенты вырашылі адыходзіць у Вількамірскі павет, каб быць бліжэй да мяжы. Каб падмануць рускіх, адна, лепш узброеная частка інсургентаў павінна была рушыць у абраным кірунку, а другая, для дэманстрацыі, - у Віцебскі павет. 19 траўня абедзве калоны выступілі з Лужкоў. Меншая частка інсургентаў напала на Лепель, выцесніла адтуль залогу і паспрабавала падняць паўстанне ў Віцебскай губерні, але ўжо праз некалькі дзён была акружана брыгадай 4-й гусарскай дывізіі генерала Каблукова і разбіта. Другая частка (2 500 чалавек) 24 траўня падышла да Віжунаў і з'ядналася з вількамірскімі інсургентамі. У гэтым раёне знаходзілася мноства дробных, добра ўзброеных і самастойна дзеючых аддзелаў паўстанцаў, але аб'яднацца пад агульным камандаваннем яны не змаглі. Вілейцамі працягваў камандаваць Радзішэўскі, у свянцянцаў і дзісненцаў Брахоцкі камандаваў пяхотай, а Барткевіч кавалерыяй. Паўстанцы падзяліліся: 25 траўня Брахоцкі і Барткевіч рушылі насустрач польскаму генералу Гелгуду, і злучыліся з ім 12 чэрвеня. Паўстанцы Радзішэўскага некаторы час праследаваліся расейцамі, але здолелі злучыцца з польскімі войскамі генерала Хлапоўскага каля Чабішак. З пяхоты Радзішэўскага былі сфармаваны 26-ы пяхотны, а з конніцы 12-ы ўланскі палкі, пяхота двух іншых паветаў была далучана да 19-га пяхотнага палка, а з конніцы сфармаваны 10-ы і 11-ы ўланскі палкі. Таксама трокцы, вількамірцы, упітцы і іншыя былі далучаны да войскаў Гелгуда. Усе гэтыя інсургенты павялічылі рэгулярныя войскі на 10-12 тысяч чалавек [89].

Сярод вількамірскіх інсургентаў да войскаў генерала Хлапоўскага далучыўся і аддзел знакамітай Эміліі Плятэр - Жанны Д'Арк паўстання 1831 г. Менавіта ёй Адам Міцкевіч прысвяціў верш «Смерць палкоўніка».

Асаблівая тэма 1831 г. - віленскія студэнты. Яны доўга чакалі паўстання ў самім горадзе. Не дачакаўшыся, самастойна ўзброіліся і выйшлі з горада для вядзення партызанскай вайны. Высланы супраць іх аддзел Крагельскага 20 траўня нанёс паразу частцы студэнтаў у Рудніцкім лесе, праз 4 дні студэнты ўдала адбілі напад роты Віленскага палка, але недалёка ад Барбарышак былі нагнаны палкоўнікам Севасцьянавым і рассеяны, страціўшы да 200 чалавек. Тым не менш вялікая частка студэнтаў далучылася да войскаў генерала Хлапоўскага.

Галоўнай бядой паўстанцаў была недасведчанасць камандзіраў і жаўнераў, слабое ўзаемадзеянне паміж сабой, што прыводзіла да няздольнасці супрацьстаяць рэгулярнай арміі. Аднак палкоўнік рускага генеральнага штаба Пузырэўскі адзначаў, што сярод паўстанцаў былі і дасведчаныя камандзіры. Напрыклад, кіраўнік Расіенскага павета Станевіч сур'ёзна займаўся арганізацыяй сваіх войскаў і нарыхтоўкай баявых прыпасаў. А найбольшыя таленты ў партызанскай вайне праявіў правадыр тэльшынскіх інсургентаў Яцэвіч, ён першы зразумеў, што паўстанцкім войскам немагчыма дзейнічаць вялікімі масамі і даваць рашучыя бітвы, а варта абмежавацца малою вайною. Таму ён падзяліў свае войскі на невялікія, але самастойныя аддзелы і размясціў іх уздоўж курляндскай мяжы, так што параза аднаго з іх не магла шкодзіць іншым, а войскі і начальнікі мелі магчымасць альбо ўхіляцца ад бою, альбо прымаць бой - у залежнасці ад таго, ці спрыяльна складвалася сітуацыя [90].


У Гарадзенскай губерні рэвалюцыйны рух быў слабейшы, чым у Віленскай, часткова таму, што з пачаткам паўстання большая частка моладзі з'ехала ў Варшаву і ўжо прыняла ўдзел у паўстанні.

Інсургентаў на Гарадзеншчыне ўзначаліў Т. Краскоўскі, асабісты сакратар цывільнага губернатара, арганізатарамі былі таксама берасцейскі маршалак К. Нямцэвіч, адвакат Ю. Гацыскі, засядацель гарадзенскага суда Я. Жылінскі. Патрыёты мелі некалькі варыянтаў выступлення. Планавалася захапіць мясцовую залогу або, стварыўшы ў Белавежскай пушчы партызанскі аддзел, пашырыць яго дзеянні на ўсю губерню [91]. Склалася так, што базай паўстання стала Белавежская пушча, дзе галоўны ляснічы інспектар швейцарац Я. Ронка загадзя пачаў рыхтаваць усё неабходнае. Белавежская пушча мела 160 вёрст у акружнасці, да 50 вёрст у даўжыню і каля 40 у шырыню. У пушчы было 3 галоўныя населеныя пункты: у цэнтры - Белавежа, на паўночным усходзе - Рудня і на паўночным захадзе - Нараўка, яны ж з'яўляліся і вузламі шляхоў, якія вялі праз пушчу.


Капiтан Я. Жылiнскi заняўся фармаваннем паўстанцкага войска, абсталяваннем лагера, нарыхтоўкай узбраення і харчавання. Па ўспамінах інсургентаў, у 4 лагерах сканцэнтравалася каля 250-300 чалавек, сярод якіх знаходзіліся беластоцкія, берасцейскія, ваўкавыскія, пружанскія, лідскія паўстанцы, палкоўнік Пузырэўскі кажа пра 800 інсургентаў, падзеленых на некалькі аддзелаў, значную частку паўстанцаў склалі ляснічыя.

Рускі генерал Розэн, даведаўшыся, што мясцовая шляхта збіраецца ў сяле Крыніцы (усходняя частка пушчы), 11 траўня выслаў туды падпалкоўніка Горскага з 2-ма эскадронамі Валынскага ўланскага палка, затым даведаўшыся, што да паўстанцаў прыходзіць усё больш мясцовай шляхты і сялян, Розэн 14 траўня выслаў для ўзмацнення Горскага яшчэ падпалкоўніка Сарабію з 3-ма ротамі Мурамскага палка, 1 гарматай і 14 казакамі. Сарабія прыбыў 17 траўня ў Белавежу і знайшоў яе пакінутай жыхарамі. Адтуль ён рушыў у Каралеўскую Альтону, дзе, па атрыманых звестках, знаходзіўся галоўны зборны пункт інсургентаў. Тут Сарабія захапіў лагер з запасамі зброі, аднак у гэты час рускі транспарт з 418 фурманак, які рухаўся з Берасця ў Скідаль, быў атакаваны ў лесе каля рэчкі Гвозна і знішчаны, прычым з аховы ў 53 чалавекі ўратавалася толькі 28, таму Сарабія, лічачы сваё становішча ў лесе небяспечным, вырашыў адступіць на поўдзень да Дзмітравіч. Пераканаўшыся, што інсургенты мацнейшыя, чым ён меркаваў, Розэн 19 траўня адправіў генерала Ліндэна з Жытомірскім палком, паўэскадрон уланаў з 2 гарматамі, загадаўшы злучыцца з аддзеламі Сарабіі і Горскага, пасля чаго ачысціць лес і аднавіць сувязь Гародні і Берасця. Пад Гайнаўкай Ліндэн нечакана сутыкнуўся з Хлапоўскім. Такім быў стан спраў на момант прыходу рэгулярных польскіх войскаў генералаў Гелгуда і Хлапоўскага [92].

Дзеянні войскаў Хлапоўскага ў Літве

Хлапоўскі прыйшоў у Літву з аддзелам у 800 чалавек: 1-шы ўланскі полк (500 чалавек), 100 чалавек 1-га егерскага палка, 100 афіцэраў і унтэр-афіцэраў і 2 конныя гарматы. З ім былі адпраўлены інструкцыі рэвалюцыйнага ўрада, згодна з якімі паўстанцы павінны былі пазбягаць баёў у адкрытым полі, пакуль не падыдуць новыя значныя сілы, заміж баёў неабходна было займацца арганізацыяй і навучаннем паўстанцаў для таго каб быць гатовым узяць пад кантроль балтыйскае ўзбярэжжа для прыёму транспартных караблёў.

Палкоўнік рускага генеральнага штаба так характарызаваў Хлапоўскага: «Дэзыдэры Хлапоўскі, былы ад'ютант Напалеона, як сваім вайсковым дарам, так і па ўласцівасцях характару цалкам быў здольны да выканання небяспечных і цяжкіх заданняў»[93]. Пры прасоўванні сваіх войскаў Хлапоўскі распускаў чуткі, што з'яўляецца толькі авангардам вялікай арміі, якая ідзе следам. Перайшоўшы ўначы з 22 на 23 траўня мяжу Царства Польскага, ён затым праз Бельск прайшоў у Белавежскую пушчу для злучэння з інсургентамі. 24 траўня ў Гайнаўцы Хлапоўскі сутыкнуўся з аддзелам рускага генерала Ліндэна (700 чалавек пры 2 гарматах) і атрымаў перамогу. У выніку ў палон трапілі 150 вайскоўцаў, было захоплена ўзбраенне і амуніцыя, якую паўстанцы выкарысталі ў далейшым. Расейцы адступілі да Белавежы, злучыліся там з аддзеламі Сарабіі і Горскага і адступілі да Шэрашава. Хлапоўскі рушыў на Свіслач, па дарозе да яго далучылася некалькі аддзелаў інсургентаў, паўсюдна яго палымяна віталі. У Нараўцы з навакольных вёсак прыходзілі людзі і прыносілі паўстанцам харчаванне. У Масеве да фармавання Хлапоўскага далучыўся Ронка з 200 байцамі.

26 траўня пачалося фармаванне з прыбываючых ліцвінаў 25-га пяхотнага палка, які ўзначаліў С. Мацэвіч [94]. 27 мая фармаванне Хлапоўскага ўвайшло на тэрыторыю Ваўкавыскага павета, у Мсцібаве яно налічвала болей за 4 000 чалавек. Каб увесці ў зман расейцаў, ён прадэманстраваў намер рухацца да Слоніма, дзе знаходзіўся цэсарэвіч Канстанцін Паўлавіч, а потым пайшоў на Масты, дзе 30 траўня пераправіўся цераз Нёман. Затым з мэтай дэманстрацыі рушыў на Гародню, але развярнуўся і, ідучы дзень і ноч праз Шчучын, Жалудок і Арлянку, 31 траўня падышоў да Лiды. Капітан Камарніцкі, які знаходзіўся ў Лідзе з двума ротамі Віленскага рэзервовага батальёна пры двух гарматах, з набліжэннем Хлапоўскага адступіў па віленскай дарозе, але быў затрыманы ў адкрытым полі конніцай Хлапоўскага і пасля невялікага супраціву склаў зброю.

Генерал Хлапоўскі так апісаў бой за Ліду:

«Ад жыхароў Ліды мы даведаліся, што ў горадзе стаіць батальён пяхоты. Мне цяжка было атакаваць у горадзе, бо меў толькі 100 пешых стральцоў і новы, яшчэ не вымуштрафаваны батальён. Ноччу выслаў некалькі аддзелаў абыйсці горад і раніцай з другога боку горада патурбаваць рускі батальён, а сам падышоў да горада. Камандзір батальёна, відочна, спужаўшыся акружэння, вывеў сваіх жаўнераў з горада. Даведаўшыся пра гэта, мы рыссю прайшлі праз Ліду і нагналі батальён у 1500 крокаў за горадам. Пабачыўшы ўланаў, рускія перашыхтаваліся ў карэ... Пачалася перастрэлка. Тады я паслаў адзін эскадрон атакаваць іх прама на дарозе, а другі ўлева праз поле, каб атакаваць правы фланг карэ... Маскалі пакідалі зброю. Рускі камандзір пачаў уцякаць у лес, але ўланы яго злапалі.

Сярод жаўнераў было некалькі дзясяткаў літвінаў, якія адразу перайшлі на наш бок. Ксёндз Лога павёў іх у касцёл і прыняў прысягу. [...]

Гэты бой даў дзве гарматы з зараднымі скрынямі і амуніцыяй, а таксама каля 400 мундзіраў, у якія мы апранулі новых добраахвотнікаў. [...]»[95].

З Жырмунаў да Ліды выступіў аддзел палкоўніка Гаферланда, які прыбыў туды напярэдадні. Хлапоўскі, знішчыўшы аддзел Камарніцкага, атакаваў Гаферланда, расейцы ўмацаваліся на краі лесу і адбілі атаку толькі што сфармаванага літоўскага батальёна. Хлапоўскі, не губляючы тэмпу, павярнуў і рушыў праз Мыто на Араны [96].

31 траўня кур'еры аддзела заехалі ў Заполле, дзе Дамейка аказаў ім неабходную дапамогу і праз Жыбуртоўшчыну таксама накіраваўся ў Ліду [97]. Пасля паўстання, «адстаўны капітан-інжынер» Тэадор Нарбут абвінавачваўся рускімі ўладамі ў тым, што падчас побыту Хлапоўскага ў Лідскім павеце напісаў «пасквіль супраць Расеі». Вядома гэтак жа, што пазней, перад планаваным штурмам Вільні Нарбут чарціў планы горада для генерала Гелгуда, таксама засталіся ўспаміны паўстанцаў, што адстаўны капітан Нарбут арганізаваў ліццё гармат у Варнях [98].

З усей Літвы на злучэнне з Хлапоўскім спяшаліся аддзелы паўстанцаў: з Ізабелінскага лесу прыйшоў аддзел у 40 чалавек, з-пад Слоніма аддзел графа А. Солтана і памешчыка Мікульскага, да фармавання Хлапоўскага пачала далучацца дробная шляхта. У гэты ж час І. Дамейка быў прызначаны ад'ютантам 25-га пяхотнага палка, у размове з Хлапоўскім ён тлумачыў генералу, што не ведае вайсковай службы, аднак польскі генерал, высока ацэньваючы навуковыя здольнасці і шляхетны характар апошняга, загадаў: «Павінен навучыцца, бо толькі салдатаў павінен тут мець»[99].

Між тым Храпавіцкі, не маючы дакладнай інфармацыі аб сілах Хлапоўскага, прымаў меры абароны Вільні, ён быў гатовы пакінуць горад з ненадзейным насельніцтвам і абараняцца ў гарадскім арсенале, акружаным валам. Былі пасланы загады генералу Суліме прыбыць з Вількаміра ў Вільню, а Атрошчанку з Ашмянаў адысці ў Салешнікі і, сабраўшы там рускія аддзелы, утрымліваць горад. Неўзабаве было атрымана данясенне Гаферланда, пра сапраўдны лік паўстанцаў, таму Атрошчанку было загадана знайсці і разбіць Хлапоўскага. Атрошчанка сабраў больш за 1 000 чалавек пяхоты, эскадрон уланаў, 400 казакоў і 9 гармат і рушыў праз Яшуны на Ганушышкі, але польскі генерал рухаўся хутчэй, і перахапіць яго не ўдалося. Ліцвіны, падбадзёраныя прыходам войскаў Хлапоўскага, зноў паўсталі, і Хлапоўскі рухаўся да Кітавішак для сустрэчы з аддзелам Агінскага. 7 чэрвеня каля Кітавішак Агінскі далучыў да аддзела Хлапоўскага 1 000 інсургентаў і аддзел віленскіх студэнтаў, які налічваў да 350 чалавек. Неўзабаве ў аддзеле Хлапоўскага было ўжо 5 000 чалавек, што дало яму магчымасць сфармаваць 2 пяхотныя і 4 кавалерыйскія палкі і артылерыйскую батарэю з 5 гармат. Мясцовае насельніцтва забяспечвала паўстанцаў усім неабходным і дастаўляла выведвальную інфармацыю. Хлапоўскі прыводзіў свае войскі ў парадак у Жыжморах, адкуль пагражаў як Вільні, так і Коўні. Аднак ён планаваў абысці Вільню і рушыць праз Мінск на Мазыр, да балот Прыпяці, дзе паўстанне ўжо было падрыхтавана. У гэты час ён даведаўся аб прыбыцці атрада Гелгуда.

Генерал Гелгуд быў прызначаны камандзірам і над Хлапоўскім. Хлапоўскі прапаноўваў Гелгуду хутка рухацца да Вільні, каб злучанымі сіламі авалодаць старажытнай сталіцай Літвы. Аднак Гелгуд пераправіўся цераз Нёман далёка ад Вільні (каля Гелгуцішак) і запатрабаваў, каб Хлапоўскі са сваімі войскамі ішоў да яго [100].

Паход Гелгуда

27 траўня, на другі дзень пасля бітвы пад Астраленкай, генерал А. Гелгуд рухаўся на злучэнне з галоўнымі сіламі польскай арміі, калі Дэмбінскі прыбыў да яго з кавалерыйскім эскадронам і перадаў славесныя інструкцыі аб далейшых дзеяннях. Такім чынам Гелгуд, на думку сучаснікаў, не самы лепшы генерал польскай арміі, стаў на чале важнай экспедыцыі ў Літву. Польскія войскі пад ягоным кіраўніцтвам рушылі спачатку ў Аўгустоўскае ваяводства, 29 мая яны дасягнулі Граева, дзе Дэмбінскі сустрэў свой аддзел і зноў узначаліў яго. Аддзелы Гелгуда і Дэмбінскага дасягалі колькасці 12 000 чалавек пры 26 гарматах. Па дарозе, недалёка ад Граева польскія войскі разграмілі аддзел рускага генерала Сакена, (расейцы страцілі 1 500 чалавек) [101]. Далей, праз Аўгустоў, польская армія рушыла на Марыямпаль, дзе было прынята рашэнне перапраўляцца цераз Нёман каля Гелдуцішак (7 вёрст вышэй па плыні ад Юрбурга), пры гэтым спадзяваліся дапамагчы паўстанню ў Жамойціі і сустрэць у Паланзе англійскі карабель са зброяй. Гелгуцішкі былі фамільным местам генерала Гелгуда, і ён хацеў праславіць гэтай пераправай сваіх продкаў. Для дэманстрацыі быў высланы да Коўні авангард Дэмбінскага, які павінен быў замаскіраваць рух на Гелгуцішкі. 4 чэрвеня Дэмбінскі прыбыў у Алексоцін, насупраць Коўні, і пачаў абстрэльваць горад з супрацьлеглага берага, аднак пераправіцца на другі бераг і ўзяць горад не адважыўся, таму што хадзілі чуткі пра набліжэнне вялікай масы рускіх войскаў. 7 чэрвеня войскі Гелгуда з далучыўшымся авангардам Дэмбінскага, ужо былі на правым беразе Нёмана [102]. 10 чэрвеня адбылося аб'яднанне войскаў Гелгуда і Хлапоўскага. Асноўныя сілы аддзела Хлапоўскага маршам праз Кейданы пайшлі да Рыконтаў і пачалі рыхтавацца да наступлення на Вільню, у той час як два ўланскія і 25-ы пяхотны палкі ў адпаведнасці з загадам Гелгуда былі накіраваны да Коўні [103].

10-11 чэрвеня ў Зеймах было абвешчана пра заснаванне так званага Часовага паўстанцкага ўрада для беларуска-літоўскіх зямель. Узначаліў урад генерал граф Т. Тышкевiч. Паўнамоцтвы новага ўрада распаўсюджваліся толькі на землі Віленскай губерні, у тым ліку і на Браслаўскі, Свянцянскі і Ашмянскі паветы. Адным з першых крокаў Цэнтральнага паўстанцкага ўрада стала распрацоўка 11 чэрвеня 1831 г. прынцыпаў фармавання «паспалiтага рушэння» і фармаванне апалчэння [104].

Рух войскаў Гелгуда на Вільню выклікаў энтузіязм жыхароў горада. Святары ў поўным уборы бласлаўлялі войскі, насельніцтва абсыпала іх шлях кветкамі. Узяцце старажытнай сталіцы мела б каласальнае маральнае значэнне для развіцця паўстання, сталіца мела і велізарнае ваеннае значэнне - у ёй былі вялікія арсеналы са зброяй, запасамі вайсковай маёмасці і 200 гармат. Аднак канцэнтрацыя паўстанцаў каля Вільні ішла павольна, і рускія паспелі сцягнуць да сталіцы амаль усе свае войскі з Літвы.


У чаканні інсургентаў войскі пад камандаваннем Сакена размясціліся на Панарскіх гарах пад Вільняй. Толькі 19 чэрвеня Гелгулд падышоў да Вільні і пачалася бітва, якая працягвалася каля 8 гадзін і скончылася паражэннем войскаў паўстанцаў. З 21 чэрвеня да Вільні пачала падыходзіць рэзервовая армія графа Талстога (44 000 чалавек) і магчымасці паўтарыць штурм больш не было [105].

Войскі на чале з Гелгудам пачалі рухацца ў кірунку Жамойці, разам з імі былі і сябры Часовага Літоўскага ўрада. Аддзел Хлапоўскага атрымаў загад галоўнакамандуючага накіравацца ў Коўню і аб'яднацца з аддзеламі, якія прыбылі туды раней. 21 чэрвеня Хлапоўскі быў на месцы, аднак 22 чэрвеня быў атрыманы новы загад, паводле якога ў Коўне неабходна было пакінуць 25-ы пяхотны полк Мацэвіча, а асноўным сілам адысці на Кейданы. Гэты аддзел (у яго складзе знаходзіўся Дамейка), планавалася выкарыстаць для прыкрыцця адступаючай арміі [106]. Пасля Кейдан паўстанцы пачалі адыходзіць да Шаўляў, дзе стаяў аддзел генерала Крукава ў (2 500 чалавек). Выбіць расейцаў з горада не атрымалася, і прыйшлося адступіць да Куршанаў. У Куршанах ад паўстанцаў засталося не болей за 11 000 чалавек. Тут была склікана ваенная рада. Пасля доўгіх спрэчак вырашылі падзяліць войска на 3 аддзелы: Дэмбінскага, Роланда і Хлапоўскага. Гелгулд быў адхілены ад камандавання і далучыўся да аддзела Хлапоўскага. Сярод паўстанцаў павялічвалася нервовасць, і польскі афіцэр Скульскі стрэлам ва ўпор забіў генерала Гелгулда. Рускія войскі працягвалі ціснуць з усіх бакоў, і аддзелы паўстанцаў Роланда і Хлапоўскага перайшлі ля Палангі прускую мяжу, склаўшы зброю [107]. 13 ліпеня ў складзе 25-га пяхотнага палка ў Прусіі апынуўся і Дамейка.

Аддзел Дэмбінскага здолеў вырвацца. На сваім шляху ён разграміў некалькі рускіх атрадаў, пераправіўся цераз Нёман ля Збойска (каля Іўя) і 22 ліпеня прыбыў у Варшаву. Па дарозе да Дэмбінскага далучыліся некалькі сотняў паўстанцаў з Наваградчыны. Пры ўступленні ў горад аддзел меў самы стракаты выгляд: паўстанцы былі апранутыя ў польскія і рускія мундзіры, у студэнцкія сурдуты і сялянскую вопратку, былі абарваныя і босыя, але шмат хто ўзброены дарагой зброяй. Кавалерысты сядзелі на вялікіх і маленькіх конях: жамойцкіх, рускіх, казацкіх, з рознымі сёдламі. Сагнутая і ржавая зброя, худыя і змучаныя коні, падраная збруя - усё паказвала на тыя цяжкасці, якія перанесла армія, сярод якой можна было сустрэць жанчын і дзяцей.

Апошнім уздымам паўстання было ўзброенае выступленне Мазырскага, Рэчыцкага і Пінскага паветаў у чэрвені і ліпені. На ўсходзе, у Віцебскай і Магілёўскай губернях паўстанне мела форму непрацяглых хваляванняў шляхты. На пачатку жніўня паўстанне закончылася, і ўвосень па лясах хаваліся ўжо толькі рэшкі разбітых паўстанцаў [108].


Так скончылася паўстанне на Літве.


Паўстанне на Валыні таксама пацярпела паразу.

Заканчэнне паўстання

Між тым галоўная руская армія пасля бітвы пад Астраленкай адступіла да Пулстуска і ў канцы траўня (праз два тыдні) была папоўнена. Вайна зацягвалася, а руская армія так і не магла дасягнуць вырашальнага выніку. У Расеі распаўсюджваліся самыя нявыгадныя чуткі пра фельдмаршала Дзібіча, яго нават абвінавачвалі ў здрадзе.

Таму фельдмаршал вырашыў у чэрвені прыступіць да аблогі Варшавы, але 29 траўня ён памёр ад халеры. Пасля смерці Дзібіча рускую армію ўзначаліў начальнік штаба Дзібіча генерал Толь. Але хутка на змену Толю (25 чэрвеня) прыехаў Паскевіч-Эрыванскі, які раней добра зарэкамендаваў сябе ў вайне з туркамі. Па прыбыцці ў Пулстуск ён загадаў сцягнуць да горада максімальную колькасць войскаў і потым рушыў на Варшаву. 5 ліпеня руская армія чатырма калонамі выступіла да Варшавы. З-за дажджоў і бездаражы шлях да польскай сталіцы заняў больш за месяц.

Польскі камандуючы Скрыжынецкі не супрацьдзейнічаў прасоўванню рускіх войскаў да Варшавы, таму яго бяздзейнасць выклікала незадаволенасць. Скрыжынецкі вымушаны быў пайсці ў адстаўку, і на яго месца быў прызначаны генерал Дэмбінскі, які толькі што прывёў свой аддзел з Літвы. У гэты час узбунтаваліся нізы Варшавы, у выніку рэвалюцыйных пературбацый дыктатарам Варшавы стаў генерал Крукавецкі. Ён зняў з пасады Дэмбінскага і ўвязніў яго ў турму, а Адама Чартарыйскага і Лелявеля прысудзіў да шыбеніцы, і ім абодвум прыйшлося ратавацца ўцёкамі за мяжу. Новы дыктатар прызначыў камандуючым войскамі свайго сябра генерала Малахоўскага [109].

Між тым рускія войскі (60 000 чалавек і 200 гармат) набліжаліся да Варшавы. Каб не дапусціць іх пераправы на левы бераг Віслы, Малахоўскі адправіў супраць рускіх войска ў 20 000 чалавек пад камандаваннем генерала Рамарына. Супраць Рамарына Паскевіч высунуў войскі двух рускіх генералаў: Красоўскага і Розэна. У серыі сутычак рускія войскі прыціснулі аддзел Рамарына да аўстрыйскай мяжы. Польская армія ў 14 000 чалавек з 42 гарматамі перайшла мяжу і была інтэрнавана.

Напрыканцы жніўня - у пачатку верасня Паскевіч аблажыў Варшаву. Пасля чатырох дзён блакады ён склікаў ваенную раду, на якой вырашылі штурмаваць горад. У гэты час быў атрыманы зварот цара з патрабаваннем да паўстанцаў скласці зброю і змірыцца. Зварот быў перададзены палякам з прапановай пачаць перамовы. Для перамоў з Варшавы прыехаў генерал Прандзінскі, якому і было ўручана пасланне цара. На наступны дзень расейцам перадалі ліст ад дыктатара Крукавецкага, які заканчваўся словамі: «Палякі ўзнялі зброю за незалежнасць Айчыны ў тых межах, якія спрадвеку аддзялялі яе ад Расеі, народны ўрад чакае адказу ў якой меры Яго Імператарская Вялікасць можа выканаць гэтае жаданне». Паскевіч загадаў рыхтавацца да штурму.

У 5 гадзін 6 верасня рускія войскі калонамі, пад гукі музыкі, маючы наперадзе 92 гарматы, рушылі на штурм. Даўжэй за ўсіх супраціўлялася Воля, камандзір якой, генерал Савінскі, на прапанову здацца адказаў: «Адно з вашых ядраў адарвала мне нагу пад Барадзіно, і я зараз не магу зрабіць ні кроку назад», - ён быў забіты пры штурме. Паскевіч зладзіў сваю стаўку ў Волі, на працягу ночы з 6 на 7 верасня расейцы бамбардавалі другую лінію; польская артылерыя адказвала слаба - за недахопам зарадаў. Раніцай 7 верасня Паскевіч аднавіў штурм. Але па просьбе польскага боку да 3 гадзін дня было абвешчана перамір'е. Паколькі пасля заканчэння гэтага тэрміну паўстанцы не здаліся, штурм быў адноўлены. Падчас бою Паскевіч быў кантужаны, і рускую армію ўзначаліў генерал Толь. Да вечара амаль усе ўмацаванні Варшавы былі ўзятыя. На наступны дзень паміж бакамі была складзена ўмова, паводле якой Варшава здаецца непрыяцелю, а польскія войскі адыходзяць да Плоцка і чакаюць далейшых рашэнняў.

Апоўдні 8 верасня рускія войскі ўвайшлі ў Варшаву.

Польскі ўрад пераехаў у Закрочын і пачаў пасяджэнне пад кіраўніцтвам Немаеўскага. На гэтым пасяджэнні быў дэзавуяваны акт аб падначаленні рускім, галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал Рыбінскі. Ён сабраў разрозненыя аддзелы ў адно войска ў 30 000 чалавек і спрабаваў аднавіць ваенныя дзеянні, але сур'ёзна ваяваць польская армія ўжо не магла. Таму на пачатку кастрычніка пад ціскам расейцаў апошнія польскія войскі перайшлі прускую мяжу і былі інтэрнаваны.

26 лютага 1832 г. з'явіўся «арганічны статут», паводле якога Польскае Царства аб'яўлялася часткай Расеі, скасоўваўся сойм, і замест сойма засноўваўся дзяржаўны савет, члены якога прызначаліся самім імператарам, скасоўвалася польскае войска. Старое адміністрацыйнае дзяленне на ваяводствы было заменена дзяленнем на губерні. Намеснікам Царства Польскага быў прызначаны граф Паскевіч, які атрымаў тытул князя Варшаўскага. Фактычна гэта азначала прыняцце курсу на ператварэнне Царства Польскага ў рускую правінцыю - на польскую тэрыторыю распаўсюджваліся руская манетная сістэма і сістэма мер і вагаў.

На тэрыторыі гістарычнай Літвы быў ліквідаваны Віленскі ўніверсітэт. Было вырашана, каб ва ўсіх навучальных установах кіраўнікамі былі толькі расейцы, павялічана колькасць гадзін вывучэння рускай мовы, а выкладчык рускай мовы заміж малодшага выкладчыка стаў старэйшым, гісторыя і статыстыка сталі выкладацца на рускай мове. Віленская навучальная акруга была паменшана, вялікая яе частка адышла да Кіеўскай і Беларускай навучальных акруг.

Была ліквідавана ўніяцкая царква.

Для паслаблення ўплыву каталіцкага духавенства рускі ўрад пастанавіў:

• Каб ад змешаных шлюбаў католікаў і праваслаўных (былых уніятаў) дзеці былі праваслаўныя.

• Кандыдаты на епіскапскія пасады выбіраліся ўрадам.

• Каталіцкія духоўныя асобы без згоды свецкай улады «не мелі права кроку зрабіць з свайго месцазнаходжання» [110].


Рымскія папы, спачатку Рыгор XIV а потым Пій IX дасылалі свае пратэсты, але ў Расеі не звярнулі на іх ніякай увагі і, «як непатрэбны дакумент, здалі ў архіў»[111].


У 1840 г. на тэрыторыі Беларусі было канчаткова скасавана дзеянне Статута 1588 г.



Паўстанне 1863 г. на Лідчыне


У крыві краіны нашай бель,
Прыходзіць час смяротных сноў,
I нашай волі карабель, -
Няскораны, - ідзе на дно.
У. Караткевіч

Перад паўстаннем

Пасля 1830-31 гг.

Пасля паразы паўстання 1830-31 гг. на эміграцыі пад уплывам руху карбанарыяў была створана арганізацыя «Помста народа», якая займалася падрыхтоўкай новага паўстання. Для гэтага на пачатку 1833 г. на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны былі накіраваны эмісары, якія павінны былі падрыхтаваць новае ўзброенае выступленне. У адпаведнасці з распрацаваным у эмігранцкіх колах планам, у Гарадзенскі і Лідскі паветы быў накіраваны ўраджэнец г. Гародні Марцэлі Шыманскі - актыўны ўдзельнік паўстання 1831 г. Яму ўдалося завязаць кантакты з многімі жыхарамі Лідчыны, звяртае на сабе ўвагу вялікая колькасць каталіцкага святарства, далучаная эмісарам да канспіратыўнай дзейнасці. Аднак Шыманскі не паспеў распачаць рэалізацыю распрацаванага ў Парыжы плана, бо 25 траўня 1833 г. быў схоплены ўладамі. На следстве ён выдаў усіх асоб, з якімі сустракаўся на працягу некалькіх месяцаў. У чэрвені 1833 г. былі арыштаваны Ваўжынец і Марыля (з Верашчакаў) Путкамеры з Бальценікаў за дапамогу эмісару Шыманскаму. Яны спачатку знаходзіліся пад вартай у Вільні, а са жніўня па лістапад 1833 г. - у гарадзенскім астрозе. Марылю абвінавачвалі, спасылаючыся на сведчанні Шыманскага, але яна не прызнавала сябе вінаватай. Толькі зімой 1833 г. Путкамеры змаглі вярнуцца ў Бальценікі [112]. Па гэтай справе некалькі дзясяткаў асоб з Лідчыны былі высланы ў цэнтральныя губерні Расіі ці на Каўказ, у дзейную армію. Гэта быў першы прыклад масавай палітычнай высылкі ў гісторыі Беларусі. Лёс некаторых ссыльных (як, напрыклад, А. Каролька) падзялілі іх сем'і, якія добраахвотна адправіліся на ўсход разам са сваімі мужамі і бацькамі. Цікава, што каталіцкае святарства атрымала з большага мяккія прысуды і пазбегла высылкі. У асноўным святары пераводзіліся ў кляштары Усходняй Беларусі. Шыманскі пазбегнуў пакарання, за сваё супрацоўніцтва з уладамі быў перавезены ў Пецярбург, адкуль у канцы 1833 г. высланы ў Парыж у якасці шпега. У Парыжы ён адразу публічна пакаяўся ва ўсім. Далей яго сляды губляюцца.

У 30-40-я гады ХІХ ст. на Беларусі ў якасці эмісараў дзейнічаў Ш. Канарскі, Рэр і інш. Некаторыя жыхары Лідскага павета былі арыштаваны за кантакты з эмісарам Рэрам. Напрыклад, шляхціц Балтазар Калясінскі за кантакты з Рэрам і іншымі эмісарамі, распаўсюджванне нелегальнай літаратуры, а таксама за выказаную згоду прыняць удзел у паўстанні, якое планавалася на 1846 г., быў арыштаваны і аддадзены ў Арэнбургскія лінейныя батальёны.

Некаторыя выхадцы з Лідчыны былі членамі «дэмакратычнага таварыства» Ф. Савіча. Так, пад псеўданімам «Альфонс» у ім значыўся сын праваслаўнага святара Яўстафі Вароніч, які вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі [113].

Увесь час пасля 1831 г. не парывалася сувязь лідскай шляхты з эміграцыяй. Напрыклад, у 1834 г. лідскі земскі спраўнік даносіў гарадзенскаму губернатару М. Мураўёву, што абшарнік Станіслаў Лясковіч, які жыве ў маёнтку Няцеча Лідскага павета, атрымлівае лісты ад сваяка Ігната Дамейкі (у 1833 г. 2 ці 3 лісты): « Гэты Дамейка набыў вялікі давер у тутэйшых жыхароў, і да яго меркаванняў прыслухоўваюцца»[114]. Перапіску са сваякамі, якія жылі за мяжой ці ў эміграцыі, мелі і іншыя сем'і на Лідчыне, што ўплывала на агульныя настроі шляхты.


Будучая галоўная дзейная асоба паўстання 1863 г. на Лiдчыне - Людвiк Нарбут - нарадзіўся 26 жнiўня 1832 г. у бацькоўскім маёнтку Шаўры Лiдскага павета, яго бацька - знакаміты гісторык Тэадор Нарбут, мацi - Крысціна Садоўская. Тэадор, сын Яўхiма i Iзабелы з Наневiчаў, нарадзiўся ў Шаўрах 8 кастрычнiка 1784 г. i паходзiў са старажытнага лiцвiнскага роду. У той час маёнтак Нарбутаў Шаўры складаўся з ворнага ўчастка i двара, меў 75 прыгонных. Гэты маёнтак перайшоў да Нарбутаў як пасаг Iзабэлы з Наневiчаў. Сусветна вядомы гісторык быў яшчэ i руплівым гаспадаром, пад яго кіраваннем маёнтак Шаўры квітнеў сапраўдным дабрабытам. Тэадор меў навуковы падыход да сельскай гаспадаркі i быў у курсе ўсiх сусветных навiнак. Мала таго, ён з'яўляўся аўтарам шэрагу артыкулаў, у якiх пiсаў пра рацыянальнае вядзенне сельскай гаспадаркi i пра апошнiя дасягненнi прыродазнаўчых навук.

Мацi Людвiка - Крысціна Кацярына з Садоўскiх, была дачкой шарачковага шляхцiца, былога жаўнера Касцюшкi. Першапачаткова ў хаце Нарбута яна працавала як прыслуга, i толькi пасля нараджэння некалькiх дзяцей Тэадор узаконiў свае адносiны з ёй. Людзi, якiя ведалi Крысціну, пiсалi пра яе як пра добрую, сардэчную i богабаязную жанчыну, якая дала Тэадору сямейнае шчасце: «Была маладой, вясёлай, чарнавокай i прыгожай, хоць была малаадукаванай, але прыродны розум i тонкасць душы кампенсавалi гэты недахоп… Пакуль думы першага гiсторыка Лiтвы былi ў мiнулым, яна кiравала хатай i маёнткам»[115].

Запiс пра нараджэнне Людвiка зроблены ў метрычных кнiгах парафiяльнага касцёла ў Начы. У паперах Вандалiна Шукевiча [116] захаваўся выпiс з метрычнай кнiгi пра нараджэнне i хрышчэнне старэйшага сына: «№ 166. Гасподняга году тысяча восемсот трыццаць другога, месяца верасня, чацвёртага дня, у касцёле рыма-каталiцкiм парафiяльным Нацкiм ксяндзом Адамам Страповiчам, аўгустынам, вiкарыем гэтага ж касцёла, хрышчоны вадой i св. алеем немаўля, названы Людвiк. Работнiцы Крысцiны Падэўскай няправага ложы сын - 1832 г., месяца жнiўня 26 дня ў двары Шаўры народжаны. Падчас хросту трымалi (хросныя - Л.Л.) Юзаф Сегень i Петранэла Драздоўская, панна». Пасля таго як Тэадор Нарбут ажанiўся з Крысцiнай (каля 1840 г.), метрычны запiс перапiсалi, а прозвiшча мацi з Падэўскай змянiлi на Садоўскую (сапраўднае дзявочае прозвiшча Крысцiны застаецца пад пытаннем, бо ў некаторых аўтараў да замужжа яна - Падэўская [117]).

Таксама перапiсаны былi i метрычныя запiсы iншых пазашлюбных дзяцей Нарбутаў: Аляксандры, Францiшка i Тэадоры. Станiслаў i Амеля нарадзiлiся ўжо ў шлюбе.

Першыя шчаслiвыя гады дзяцiнства Людвiк правёў у бацькоўскiм маёнтку. Бацька выхоўваў дзяцей у старашляхецкiх традыцыях, вучыў паважаць звычаi свайго краю, распавядаў дзецям пра гiсторыю i герояў старажытнай Лiтвы. Экспанаты яго шматлiкай калекцыi мясцiлiся ў маёнтку i былi звыклым асяроддзем для малога Людвiка, узбуджаючы дзiцячыя мары i цiкаўнасць да гiсторыi. Людвiк меў 4 братоў (Аляксандра, Францiшка, Баляслава, Станiслава) i 3 сясцёр (Яну, Амелю i Тэадору), - гэта не лiчачы дзяцей, памерлых у дзяцiнстве. Ён быў старэйшым сынам i лiдарам для Баляслава, Францiшка i Тэадоры, -гэтыя чацвёра дзяцей падыходзiлi адно аднаму па ўзросце i раслi разам. З 1831 г. у Шаўрах увесь час жыў стары чалавек па прозвiшчы Гератоўскi. Хто ён такі i чаму жыў у Шаўрах - невядома, але ён вельмi любіў дзяцей i шмат часу праводзiў з iмi. Стары ведаў шмат цiкавых гiсторый, распавядаў пра паўстанне 1831 г., удзельнiкам якога быў, дзецi разам з iм гулялi ў вайну, прычым Касцюшкам звычайна быў Людвiк, Баляслаў - яго ад'ютантам, а Тэадора - Эмiлiяй Плятэр, хоць Плятэр была гераiняй iншай вайны. Аднойчы, калi недалёка ад Шаўраў праязджаў эскадрон расiйскай кавалерыi, дзецi з кустоў пракрычалi патрыятычныя лозунгi i нават пакрыўдзiлiся, што кавалерысты нiчога не пачулi.

Людвiк Нарбут пачаў вучыцца ў Лiдскай павятовай вучэльнi, а каля 1846 г. паступiў у Вiленскую гiмназiю. Прыязджаць дахаты даводзілася толькi на святы ды ўлетку. Падчас вакацый ён вучыў малодшых братоў i сясцёр, пiсаў вершы, чытаў кнiгi па гiсторыi. Мацi ўспамiнала, як 12-гадовы хлопчык, гледзячы ў люстэрка, казаў: «Мацi, супакой цi зганьбуй, бо дзве будучынi для сабе бачу: будзе з мяне цi вялiкi чалавек, цi вялiкi злодзей». Назад на вучобу ў Вiльню яго звычайна адвозiла мацi, па дарозе спынялiся ў Бутрыманцах, дзе на мясцовых могiлках разам адведвалi магiлы дзеда i бабулi (недалёка ад каплiцы) i хатку, якая стаяла побач з могiлкамi, у гэтай хатцы некалі гадавалася Крысцiна.

Людвiк добра вучыўся, але яго знаходжанне ў гiмназii (1846-1850) супала з рэвалюцыйным уздымам у Еўропе, атрымаўшым назву «Вясны народаў». Водгаласы еўрапейскiх падзей даходзiлi да Вiльнi, у Лiтву таемна прыязджалi эмiсары эмiграцыi, распаўсюджвалася забароненая лiтаратура, якую гiмназiсты чыталi з вялiкiм уздымам. У 1846 г. вiленская турма напоўнiлася арыштантамi з так званага спiса Рэра. Турмаў бракавала, i таму нават вокны дамiнiканскага кляштара былi замаляваны белай фарбай, яго на час таксама ператварылi ў турму, каля кляштара стаялi кiбiткi жандараў - з усяго краю звозiлi арыштантаў. У лютым 1848 г. эмiсара Рэра разам з iншымi датычнымi да справы публiчна пакаралi палкамi, а пасля, прывязаўшы да воза, правялi па вулiцах Вiльнi i саслалi на катаргу. Гэта ўсё назiралi i абмяркоўвалi гiмназiсты.

Падчас вакацый у Шаўрах у 1850 г. уся сям'я заўважыла змену ў паводзiнах Людвiка - малады чалавек стаў сур'ёзным, паважным i задуменным.

Падчас вучобы ў апошнiм класе гiмназii пасля дыспутаў з гiмназiчнымi таварышамi пра справы ў краi ў лiстападзе 1851 г. Людвiк вырашыў стварыць сярод гiмназiстаў патрыятычнае таварыства, якое мела за мэту рыхтаваць узброенае паўстанне. У снежнi на кватэры Людвiка адбылося першае пасяджэнне таварыства. З прычыны ўласнай легкадумнасцi чальцы таварыства Гаварчэўскi i Падхарэцкi распавялi пра сустрэчы iнспектару гiмназii, пасля чаго ўначы перад Калядамi палiцыя арыштавала Нарбута. На яго кватэры была знойдзена картка з надпiсам «Арол i крыж» - гэтыя словы ў таварыстве былi паролем. Людвiк потым распавядаў, што пасля арышту ён адразу быў пасаджаны ў цёмную i цесную камеру. Праз некалькi дзён у камеру прыйшоў сам генерал-губернатар Бiбiкаў [118] i параiў раскаяцца i дапамагаць следству. Тое самае ён казаў i праз некалькi дзён, калi юнага арыштанта прывялi да яго ў кабiнет. Бiбiкаў зноў пераконваў арыштанта, што i так усё вядома i толькi дзеля формы трэба ўсё распавесцi следству i падпiсаць пратаколы, ён даваў генеральскае слова, што не кране яго сяброў. Дастаткова доўгi час Нарбут не згаджаўся, але нарэшце сазнаўся ў тым, што гэта ён аўтар надпiсу на картцы. Пасля чаго Людвiка перавялi ў сухую i светлую камеру, а ў Пецярбург паслалi падрабязны даклад. Фактычна гульня ў канспiрацыю сталася чарговай паспяхова выкрытай «крамолай» [119].

З надрукаваных архiўных матэрыялаў справы юнага Нарбута можна зразумець, як iшло следства. Справа № 4 ад 1851 г. «Ученика виленской гимназии Людвика Нарбута» пачата 11 студзеня i скончана 19 сакавiка 1851 г. У данясеннi генерал-маёру Кучынскаму ад 11 студзеня 1851 г. паведамляюцца агульныя папярэднiя вынiкi справы пра антыўрадавыя дзеяннi Людвiка Нарбута сярод вучняў вiленскай гiмназii: пра прызнанне яго саўдзельнiкаў Мельхiёра Бакшанскага i Казiмiра Нарвойша i пра адмову Нарбута прызнацца нават пасля прызнання яго былых сяброў. На вочнай стаўцы Бакшанскi катэгарычна сцвярджаў, што не браў удзелу ў злачынных справах Нарбута, на што Нарбут адказаў, што ёсць сведкi, якiя могуць пацвердзiць адваротнае, бо Бакшанскi некалькi разоў удзельнiчаў у нарадах арганiзацыi. Жандар, якi склаў дакумент, канстатуе, што ў цэлым сведчаннi Бакшанскага i Нарвойша не вымусiлi Нарбута да дачы сведчанняў па справе. З рапарта падпалкоўнiка корпуса жандараў Данiлава да выканаўцы абавязкаў начальнiка 4-й акругi корпуса жандараў генерал-маёра Кучынскага ад 12 лютага 1851 г.:

«…з 8 снежня бягучага года… вядзецца следства па справе вучня мясцовай губернскай гiмназii Людвiка Нарбута, якi абвiнавачваецца ў распаўсюдзе сярод сваiх калегаў шкодных пагалосак i замове iх да ўзброенага выступу.

Справа скончана… стала вядома наступнае:

На пачатку мiнулага снежня вучнi Гаварчэўскi i Падхарэцкi данеслi класнаму iнспектару, што вышэй названы Нарбут падчас гутаркi з iмi i некаторымi iншымi пытаўся ў iх, цi любяць яны сваю Айчыну, а пасля пачаў iм распавядаць, што вучнi варшаўскай гiмназii рыхтуюцца да паўстання, што ў Лiдскiм павеце ўся шляхта да яго ўжо гатовая i той, якi не пагодзiцца далучыцца да паўстанцаў, будзе пiць горкае пiва… На наступны дзень для адмысловай гутаркi Нарбут запрасiў iх да сябе на кватэру. Потым, нагадваючы Гаварчэўскаму пра сваё запрашэнне, даслаў яму картку, у якой прасiў запомнiць пароль "Арол i крыж".

…арыштаваны Нарбут (гадоў 19, са шляхты) прызнаўся, што ў канцы мiнулага месяца лiстапада меў намер стварыць разам са сваiмi калегамi патрыятычнае таварыства, якое мела за мэту падняць паўстанне. Гэтая думка з'явiлася ў яго падчас спрэчкi з вучнем Нарвойшам на яго кватэры… Паводле сведчанняў Нарбута, галоўнымi саўдзельнiкамi яго злачынных намераў былi: вышэй згаданы Нарвойш i Мельхiёр Бакшанскi, з якiх апошнi прапанаваў прыняць для iх таварыства пароль "Арол i крыж" i прапанаваў напiсаць статут таварыства. Акрамя таго, Нарбут прызнаўся, што пра свой намер ён паведамiў вучню Казлоўскаму, якi як бы пагадзiўся ўзяць удзел у гэтай справе i збiраўся ўгаварыць сваiх калегаў Кублiцкага, Прэкера i Тышкевiча, з якiмi пачаў перамовы, але не паспеў схiлiць iх да ўдзелу ў арганiзацыi, бо быў арыштаваны… для змовы запрашаў да сябе на кватэру вучняў Пабаеўскага i Пашкевiча… i нарэшце пiсаў… картку да Гаварчэўскага, у якой прасiў не забываць пароль "Арол i крыж". Нарбут катэгарычна сцвярджаў, што да моманту яго арышту былi толькi гутаркi i моцныя спрэчкi, але не рабiлася анiякiх дзеянняў… угаворваючы сваiх калегаў, нiякiх пагроз не прамаўляў, i адзiным дзеяннем у гэтай справе было прыняцце разам з Бакшанскiм пароля "Арол i крыж", яны толькi жадалi даведацца, як будзе прыняты такi пароль сярод калегаў. Пра гатовасць шляхты Лiдскага павета да паўстання Нарбут казаў таму, што падслухаў у месяцы лiпенi… у мястэчку Дубiчы, на выхадзе з касцёла гутарку землеўладальнiка Ваўка з незнаёмым чалавекам, якому Воўк паведамiў, што неабходна было б прыгатаваць спiс, што ён, Воўк, выставiў бы 2000 шляхты.

Выклiканыя для допыту Казiмiр Нарвойш i Мельхiёр Бакшанскi прызналi, што Нарбут у канцы мiнулага года паведамiў iм пра свае намеры, а яны… не пагадзiлiся прыняць у iх удзел… нiчым яму не дапамагалi i самi жадалi данесцi пра яго ўладам, што i зрабiлi праз сваiх калегаў Гаварчэўскага i Падхарэцкага… На вочнай стаўцы Нарбут не пярэчыў супраць довадаў Нарвойша i Бакшанскага. […] Што да землеўладальнiка Ваўка, то па распараджэннi… генерал-губернатара ў яго хаце быў праведзены ператрус, але не знойдзена нiчога, што магло б пацвердзiць яго вiну. […]

Прымаючы да ўвагi ўсё вышэйпададзенае, следчая камiсiя прыйшла да пераканання, што ў дадзенай справе вiнаваты вучань Людвiк Нарбут… таму… ён за такiя ўчынкi падлягае суровай кары…».

З рапарта… падпалкоўнiка Данiлава да выканаўцы абавязкаў начальнiка корпуса жандараў 4-й акругi… генерал-маёра… Кучынскага, дня 14 сакавiка 1851 г. № 31:

«У якасцi дадатку да рапарта ад 12 лютага… № 21 у справе палiтычнага зняволенага Людвiка Нарбута маю гонар дакласцi Вашаму Высокаправасхадзiцельству, што падчас знаходжання генерал-ад'ютанта Бiбiкава 2-га ў Пецярбургу, на… дакладзе Яго Iмператарскай Вялiкасцi, насупраць параграфа… пра справу вучня вiленскай гiмназii Людвiка Нарбута… з прапановай вылупцаваць розгамi i аддаць яго на службу шарагоўцам, не пазбаўляючы, аднак, дваранскага звання, Яго Iмператарская вялiкасць зрабiў надпiс "згодны". …Нарбут будзе аддадзены на службу ў адзiн з палкоў 6-га корпуса пяхоты пры ўмове строгага нагляду за iм…

Падпiсаў пплк. Данiлаў»[120].

Экзекуцыя адбылася ў будынку гiмназii, Нарбут атрымаў 25 удараў розгамi. Пасля экзекуцыi яму дазволiлi развiтацца з бацькамi i назаўтра, 30 сакавiка, да ўзыходу сонца адправiлi ў Калугу да месца службы [121].

Абставiны вайсковай службы Людвiка добра адлюстроўвае паслужны спiс:

«…падпаручнiк Людвiг Фёдаравiч Нарбут, паводле фармуляра пра яго службу… ад нараджэння 29 гадоў, з дваран Вiленскай губернi, рыма-каталiцкага веравызнання, кавалер ордэна Св. Ганны IV ступенi, узнагароджаны… медалямi за вайну 1853-56 гг. i медалём Св. Георгiя з надпiсам "За мужнасць".

На службу паступiў па… распараджэннi за палiтычны выступ… 19 красавiка 1850 г. шарагоўцам… за заслугi ў баях з туркамi 8.IX.1855 г. стаў унтэр-афiцэрам, за заслугi ў службе 29.IX.1857 г. ва ўзросце 25 гадоў атрымаў першае афiцэрскае званне - прапаршчыка. Пераведзены ў Рэвельскi полк пяхоты 18 красавiка 1859 г., але ў сувязi са звальненнем са службы ў полк не прыбыў.

Браў удзел у дзеяннях супраць непрыяцеля:

У вайне з туркамi ў 1854 г. з 24.VII. да 20.XI. у Александропальскай i Ахалкалакскай кампанiях i за заслугi ў бiтве 24.VII. пад Курук-Дарункай праiзведзены ў унтэр-афiцэры i ўзнагароджаны трыма срэбнымi рублямi, у 1855 г. з 6.V да 3.XII у Александропальскай кампанii, за штурм 17.XI. Карскiх фартоў узнагароджаны 1 срэбным рублём, з 13.XII.1856 г. да 1.I.1857 г. супраць горцаў на Лезгiнскай дэмаркацыйнай лiнii, з 1.IV.1857 г. да 1.I.1858 г. i ў 1858 г. з 1.I. да 1.IX. абодва разы на той жа лiнii, прычым браў удзел: 27.VIII. - ва ўзяццi штурмам аула Цыбаро, 29.VIII. - у акцыi пры форце Купрыс-Шаво i за высокую мужнасць, выяўленую ў той экспедыцыi ўзнагароджаны ордэнам Св. Ганны 4 ступенi з надпiсам: "За мужнасць", у тым жа годзе ў складзе войскаў левага крыла каўказкага войска, з 25.X. па 18.XII. бярэ ўдзел у дзеяннях у ваколiцах Уладзiкаўказа, Назранi, Несцераўскага паста i ў Чорных горах Малой Чачнi… прычым: 2.XI пры злучэннi аддзелаў пры Акпортаўскiм перавале, у справе пры Мутыч-Анкунь каля перавалу Асы, а адтуль… для ўзяцця апошнiх непакорных аулаў Малой Чачнi, Акiнсаў i Мерадзiнаў… 28.XII. пры ўзяццi варожых пазiцый каля аула Агашты, 29 - пры адбiццi нападу непрыяцеля на войскi, якiя ўдзельнiчалi ў работах на дарозе каля аула Агашты, 31 - пры ўзяццi гэтага аула. У 1859 г. у складзе галоўнага аддзела браў удзел у экспедыцыi супраць горцаў: 1.I у наступе… у кiрунку аула Агашты, 11.I - у бамбардаваннi, 14 - ва ўзяццi пазiцый, пабудаваных супраць непрыяцеля каля ракi Баль i ўзяццi аула Тнузень.

Раненняў не мае i ў палоне не быў. Спагнанняў… не меў.

У 1858 г. заслужыў Найвышэйшую Пахвалу за ваенныя дзеяннi ў складзе… войскаў лезгiнскага аддзела…

Выхоўваўся ў Вiленскай гiмназii, ведае: рэлiгiю, граматыку, арыфметыку, гiсторыю ўсеагульную, геаграфiю Расii i ўсеагульную, мову французскую.

Падчас службы пакаранняў судовых, несудовых не меў i пад следствам не быў.

У 1859 г. найвышэйшым Яго Iмператарскай Вялiкасцi ўказам, выдадзеным 26.VII, звольнены са службы, з прычыны сямейных акалiчнасцяў у чыне падпаручнiка… з правам нашэння ваеннага мундзiра, хоць i не выслужыў неабходны для гэтага тэрмiн. <…>

Генерал-маёр Лiдэрс» [122].

Да такога дакумента цяжка яшчэ нешта дадаць, такому паслужному спiсу пазайздросцiў бы любы афiцэр, але цiкава, што жаўнерская служба Нарбута пачалася з таго, што камандзiру роты, якi абазваў яго «палякам-бунтаром», Нарбут адказаў аплявухай. Ён быў аддадзены пад ваенны суд, але, на шчасце, нейкi з указаў цара Мiкалая I забараняў такiмi словамi зневажаць салдат, таму Людвiк адкараскаўся толькi арыштам i пераводам 05.08.1854 г. у полк, якi адпраўляўся на Каўказскi фронт. Потым у лiстах з Каўказа ён прасiў сястру Тэадору прыслаць хоць бы засушаную кветку або жытнi каласок з родных палёў.

Падчас службы ў войску Нарбут адбыўся як прафесiйны вайсковец высокага класа, удзельнiчаючы ў супрацьпартызанскiх дзеяннях рускага войска, да тонкасцяў спасцiг мастацтва партызанскай вайны. Усё гэта яму хутка спатрэбiцца.

У 1859 г. у чыне падпаручнiка Нарбут звальняецца са службы з прычыны «хатнiх акалiчнасцяў», i на пачатку красавiка 1860 г. ён ужо ў родных Шаўрах. За час яго адсутнасцi ў сядзiбе нiчога не змянiлася - тая ж шляхочая хата з ганкам на падмурку, тыя ж гаспадарчыя пабудовы, той жа лес навакол. Моцна пастарэў бацька, ён амаль аглух, пастарэла мацi, вырасла i стала прыгожай паненкай сястра Тэся. Людвiк заняўся гаспадарскiмi справамi, нанова, як сталы чалавек, перазнаёмiўся з суседзямi, а праз некаторы час на паўгода паехаў у Варшаву i Кракаў.

У самым блiзкiм суседстве з Шаўрамi знаходзiўся маёнтак Сербянiшкi, якi належаў маладой удаве Амелi Седлiкоўскай (з Кунцэвiчаў). Амеля вылучалася сярод жанчын свайго кола добрай адукацыяй. Яшчэ раней яна сябравала з сям'ёй Нарбутаў i часта бывала ў Шаўрах, таму пасля вяртання Людвiка маладыя людзi хутка зблiзiлiся i ў 1861 г. пабралiся шлюбам, пасля чаго маладая сям'я пасялiлася ў маёнтку Сербянiшкi. Iх адзiнае дзiця - дачка Марыя - памерла немаўлём.

Гэтыя некалькi гадоў, калi Людвiк вёў жыццё жанатага чалавека, займаўся гаспадаркай, чытаў кнiгi i газеты, вёў перапiску з сябрамi, паляваў, праляцелi вельмi хутка. Кiм бы ён мог стаць, калi б не паўстанне? Невядома. Але менавiта ў гэты кароткi перыяд свайго жыцця ён пачаў пiсаць вершы i артыкулы для прэсы i, хто ведае, можа быць, з часам атрымаў бы вядомасць не меншую, чым яго бацька? Але толькi досвед аднаго занятку гэтага перыяду - палявання - хутка спатрэбiўся баявому афiцэру. Менавiта падчас палявання Нарбут вывучыў кожную сцежку на Лiдчыне i пазнаёмiўся з многiмi людзьмi.

Мiрон Бранiслаў Нарбут у нявыдадзенай частцы сваiх мемуараў так апiсваў Людвiка: «Бачыў яго, здаецца, у 1860 г. у Лiдзе на кантрактах, быў ён невялiкага росту, худы, лысаваты бландзін, з меланхалiчным выразам на твары, прычым вылучаўся вялiкай разважлiвасцю, пачцiвасцю i павагай да людзей - гэта былi яго галоўныя якасцi. Негаманлiвы, сцiплы, гатовы дапамагчы кожнаму, быў ён усiмi паважаны гэтак жа, як i яго бацька». Падчас паўстання стаў ён «як бы iншым чалавекам, знiкла меланхолiя, а ўсё яго аблiчча выяўляла… радасць ад таго, што ён дачакаўся горача жаданага часу, пра якi марыў раней» [123].

У 1862 г. да яго з Вiльнi прыехаў брат Баляслаў, каб перадаць адозву варшаўскага Цэнтральнага нацыянальнага камiтэта. На наступны ж дзень Людвiк паехаў у Вiльню, сустрэўся з сябрамi рэвалюцыйнага камiтэта i выказаў iм сваё жаданне ўзяць удзел у будучым выступе, пасля чаго вярнуўся дахаты i пачаў чакаць загаду на ўзброенае паўстанне [124].

Літва перад паўстаннем

У 1855 г. памірае Мікалай І, Расія атрымлівае ганебную паразу ў Крымскай вайне. Сітуацыя, у якой у 1855 г. быў каранаваны новы цар Аляксандр II, адназначна дыктавала неабходнасць рэформаў і лібералізацыі рэжыму. Улады на той момант не мелі праграмы пераўтварэнняў, але «польскае пытанне» непазбежна адразу апынулася ў цэнтры іх увагі. Расея прайграла Крымскую вайну, але на Парыжскай мірнай канферэнцыі рускі прадстаўнік граф А.Ф. Арлоў рашуча адмовіўся разглядаць «польскае пытанне» як міжнароднае. Але Крымская вайна скончыла з Венскай сістэмай міжнародных адносін, заснаванай пасля паразы Напалеона на альянсе Раманавых, Габсбургаў і Гогенцолернаў. А імператар французаў Напалеон III дэклараваў сабе як абаронца правоў нацыянальнасцей.

У канцы 1850-х і пачатку 1860-х гг. у Расіі складалася сітуацыя, тыповая для перыяду лібералізацыі цвёрдых аўтарытарных рэжымаў: улады не давяралі падданым, а грамадства - уладам.

У студзені 1856 г. памёр найсвятлейшы князь варшаўскі намеснік Паскевіч І.Ф., які для Царства Польскага сімвалічна быў амаль такой жа фігурай, як цар Мікалай I для ўсёй імперыі. Яго змяніў князь М.Д. Гарчакоў, які добра ставіўся да палякаў, ён імкнулася знайсці агульную мову з мясцовай свецкай і касцельнай арыстакратыяй, прыцягнуць яе да ўдзелу ў кіраванні краем. Напачатку траўня 1856 г. Аляксандр II упершыню пасля каранацыі наведаў Варшаву. Гэта было буйной палітычнай падзеяй еўрапейскага маштабу, у Варшаве Аляксандр прыняў спецыяльных прадстаўнікоў вялікіх дзяржаў, якія віталі яго як новага цара. Прысутнічала і еўрапейская радня імператара. Прымаючы эліту Царства Польскага - сенатараў і вышэйшых іерархаў каталіцкага касцёла, - Аляксандр выступіў на французскай мове і запэўніў аўдыторыю, што прыбыў «забыўшы мінулае, натхнёны найлепшымі намерамі для краю,.. перапоўнены рашучасці працягнуць справу свайго бацькі». Найболей гучнай фразай царскага выступу былі двойчы ці нават тройчы вымаўленыя словы перасцярогі: « Pas de reveries», г.зн. «ніякіх летуценняў». Тым не менш неўзабаве серыя дзяржаўных мер асцярожна, але выразна карэктавала былую палітыку Мікалая I.

Традыцыйная для пачатку новага царствавання палітычная амністыя вярнула з высылкі дзекабрыстаў, удзельнікаў украінскага Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва, петрашэўцаў, удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. Было адменена ваеннае становішча ў Царстве Польскім і ў заходніх губернях. У 1858 г. у Віленскай, а ў 1860 г. у Кіеўскай навучальных акругах аднавілася вывучэнне польскай мовы (па выбары саміх навучэнцаў) як адной з замежных. Важныя наступствы меў дазвол у 1857 г. на адкрыццё ў Варшаве Земляробчага таварыства (Towarzystwo Rolnicze) на чале з графам Анджэем Замойскім, пляменнікам Ажама Чартарыйскага. Яно прыступіла да працы ў студзені 1858 г. і ўжо неўзабаве налічвала каля чатырох тысяч сяброў - дваран-землеўладальнікаў. Таварыства мела аддзяленні прыкладна ў 80 паветах Царства і планавала распаўсюдзіцца на Вільню і Кіеў, але ўлады згоды не гэта далі. Не планавалі ўлады і аднаўленне аўтаноміі Царства ў ранейшым аб'ёме, асабліва з самастойным войскам.

Тым не менш як жэст прыязнасці манарха грамадскасцю было ацэнена прызначэнне ў канцы 1855 г. новага генерал-губернатара Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губерняў. Ім стаў даўні прыбліжаны Аляксандра, адзін з яго ваенных настаўнікаў у маладыя гады, генерал-ад'ютант У.І. Назімаў. Ён ужо меў у нас добрую рэпутацыю: яшчэ ў 1840 г., калі Мікалай І паслаў яго ў Вільню для палітычнага дазнання пра быццам бы выяўленую тагачасным генерал-губернатарам Ф.Я. Мірковічам шырокую змову. Тады Назімаў, разабраўшыся на месцы, не даў ходу высунутым абвінавачанням, чым уратаваў шмат чалавечых лёсаў. Назімаў здолеў усталяваць добрыя адносіны да сябе і сваіх блізкіх вайсковых і цывільных супрацоўнікаў з боку мясцовай арыстакратыі. Балі, прыёмы, абеды з удзелам самых бліскучых дам вышэйшага свету (за адной з іх пры Назімаве нават замацавалася свецкая мянушка «літоўская каралева» [125]) спачатку стварылі атмасферу даверу і ўмацавалі ў мясцовай шляхце думку пра сябе як пра партнёра рускай адміністрацыі. Адным з буйных адміністрацыйных поспехаў Назімава стала падахвочванне віленскага, ковенскага і гарадзенскага дваранства да выступу з ініцыятывай адмены прыгоннага права. Аляксандр II улетку 1858 г. здзейсніў паездку па шэрагу губерняў і ў выступах перад прадстаўнікамі дваранства ў Вільні быў падкрэслена ласкавы і міласцівы: «Вы першыя паказалі прыклад, і ўся Імперыя за вамі рушыла ўслед. …Мне прыемна бачыць сябе, аточаным вамі»[126].

Аднак па-іншаму адносіўся Назімаў да простых беларускіх сялян - тых самых, па рускай міфалогіі, «исконно русских» людзей. У ліпені 1861 г., адразу пасля адмены прыгоннага права, генерал Назімаў выехаў з Вільні праз Ліду і Слонім у Брэст-Літоўск і потым на Беласток і Гродна. Ва ўсіх павятовых гарадах і шматлікіх паштовых станцыях паміж гэтымі гарадамі яго чакалі сабраныя шматлікія навакольныя сяляне на чале з чыноўнікамі, павятовымі маршалкамі шляхты і вялікай колькасцю паліцыі. Усюды генерал звяртаўся да сялян заўжды паўтараючы адны і тыя ж словы. Пасля ветлівага прывітання вышэйшы саноўнік звычайна казаў: «Ці ведаеце вы, што зараз вы вольныя (усё казаў па-руску). Ніхто зараз не мае правы вас караць, улада паноў ужо скончылася. Яны вас ва ўсім прыгняталі. Памятаеце, што яны з вамі рабілі ... эканомы апошні дух з вас выбівалі. Зараз гэтага не будзе: вы вольныя! Я гэта для вас зрабіў. Маліцеся за цара. Толькі падумайце самі, што для вас зроблена ў гэтыя апошнія гады, калі такое было, каб на працягу пяці гадоў не браць рэкрута. Да гэтага як было? О, усё гэта вашы паны (сціскаючы кулакі). Яны вас... Урад даўно думаў пра вашу волю, але паны… Але зараз іх панаванне скончылася. Ужо ні над чым у іх няма ўлады! Гэта ім непрыемна, вельмі непрыемна… але хопіць ужо гэтага, з імі баста! Яны зараз спяваюць па касцёлах… просяць бога, каб вярнуліся ранейшыя тыранскія часы, каб ізноў маглі прыгнятаць! ...»

На ўсіх паштовых станцыях ад Воранава да Слоніма царскі саноўнік паўтараў амаль тое ж самае, і толькі адзін раз, як кажуць, атрымаў ад аднаго з абшарнікаў рэзкае папярэджанне. Невядомы абшарнік, пра якога пісалі, што ён паважаны чалавек, які мае навуковыя заслугі, быццам бы адказаў губернатару: «Я не жадаю дыскутаваць з вамі, спадар генерал, ці было ўсе так, як вы кажаце. З таго піва, якое вы, спадар генерал, наварыце, мы, Бог дасць, як-небудзь выйдзем. А ці выйдзе Расія цэлай, пра гэта, здаецца, вы не думаеце».

У іншым месцы селянін з вёскі, якая належала Пілецкаму, сказаў (мова сялян прыводзіцца па-беларуску): «Хоць ты, панначку, і кажаш, што паны нас душылі… але мы памятаем таксама, што былі і бацькамі (дабрадзеямі), што нам дапамагалі». Генерал чмыхнуў на яго з гневам і абуранасцю: «Дурань». А пра іншую гутарку сведкі распавядалі наступнае. Генерал: «Ці ведаеце, што вы зараз вольныя, што ніхто не мае правы вас караць?» Селянін: «Якая там воля, б'юць, на паншчыну і гвалты [127] гоняць». Генерал: «Пэўна не слухаліся, вось і добра, што б'юць (абарочваецца), але біць нельга, я забараніў, я аб усім ведаю». Селянін: «Ды што з гэтага… у нас яшчэ сяк-так, а вось у Іўе (маёнтак Замойскай) як панаехалі маскалі… канямі тапталі, народ да смерці пазабівалі». Генерал: «Так, так, так было…гэта… я сам загадаў добра біць… гэта па маім загадзе. Але гэта нічога! Вы зараз вольныя… Пайшоў прэч!» І, гледзячы на селяніна, заўважыў свайму ад'ютанту: «Чуў, як я ім растлумачваў? Вось калі б кожны не шкадаваў працы, а імкнуўся б тлумачыць мужыкам, дык зразумелі б, што такое воля, і быў бы парадак». А ў Слонімскім павеце генерал асабіста паламаў свой кіў, збіваючы да крыві селяніна, які задаў «не тое» пытанне, і потым прыказаў: «Стараста! Даць яму 50 палак». Прысуд адразу быў публічна выкананы. Пасля гэтага здарэння сяляне, дапамагаючы выцягнуць цяжкую губернатарскую карэту, казалі паміж сабой: «Маскаль заўсёды па-маскоўску: набраўся ад паноў грошаў, так што і карэты не паднімеш, і народ збівае. Учора, пакуль яшчэ не накармілі, не напаілі і не заплацілі, казаў іншае».

На адваротным шляху, бліжэй да Вільні, верагодна, зноў на Лідчыне, генерал-губернатар у яшчэ горшым настроі закрычаў на паштовай станцыі ў прысутнасці сабраных сялян: «Пасрэднік! Лупі гэтых разбойнікаў палкамі, колькі ўлезе»[128]. З-за чаго «яго губернатарская вялікасць» так узлавалася, засталося загадкай для прысутных. Такой была «народная воля» ў разуменні самага «ліберальнага» царскага чыноўніка.

Лідчына перад паўстаннем

Параза паўстання 1830-31 гг. дэмаралізавала людзей і ўвяла наш Край у апатыю. Пра агульны маральны стан гараджан Мірон-Браніслаў Нарбут, аўтар найцікавейшых мемуараў, чалавек адукаваны і назіральны, умеючы пісаць цікава і з гумарам, заўважаў: « Пасля падзелу Краю пры панаванні Аляксандра І, на якога ліцвіны ўскладалі вялікія надзеі паляпшэння будучыні Краю, існавалі шумныя казіно і забавы. Пазней з гэтага развілося шулерства, разбэшчанасць і п'янства так, што гэтыя беды панавалі тут болей, чым дзе-небудзь у другім месцы». Мемуарыст маляўніча апісвае «вінярню» яўрэя Азіка. Гэтую ўстанову Нарбут памятаў яшчэ з часоў вучобы ў павятовай шляхецкай вучэльні. Шынок наведвалі прыезджыя ў горад людзі, каб падсілкавацца, а некалькі жыхароў горада праводзілі тут цэлыя дні. Гэтыя «агульнікі» - пастаянныя наведвальнікі, шынкару плацілі стабільную плату «поўную квоту» і «мелі права піць у яго гарэлку без разліку, зразумела, нікога не частуючы. Гаспадар шынка дасканала ведаў ступень жадання і мажлівасці кожнага дарослага жыхара наваколля і таму ніколі не меў страт». Апісвае Нарбут і адмысловую гульню, якая «праводзілася толькі ў вінярні Азіка». Кола гуляк - «бібулаў» - сядала вакол стала, у келіхі налівалася віно, а потым у поўным маўчанні, з вялікай увагай, пільнаваўся палёт мух: на чый першы келіх сядала муха, той выйграваў і «меў права выпіць віно з усіх налітых келіхаў. Гульня гэтая называлася "мушка"». Страціўшых прытомнасць гулякаў Азік укладваў спаць у асобым «алькове» і потым, калі жонкі прыходзілі шукаць сваіх мужоў, выдаваў ім з алькова іхніх гуляк. Таксама мемуары Нарбута данеслі да нас адмысловы «Гімн перад піццём гарэлкі»:

Вiтай змест над крышталём!
Усе цябе хваляць.
Ты суцяшаеш у смутку.
Ты саграваеш у азнобу.
Цябе паны, цябе панi
За пасiлак маюць ранні,
Табе цэлае людское племя,
Носам рыючы, б'е ў зямлю.
О радасць, о вяселле!
Поўнай губай пейце смела!

Гэты гімн склаў жыхар горада Маркевіч - «чалавек, які меў востры розум і язык». Ён жа быў і заснавальнікам «Трубна-Бібулярнага» таварыства, для якога напісаў статут, які складаўся з вельмі камічных парад для сяброў. Сам Маркевіч быў маршалкам гэтага таварыства. «Аднаго разу, вяртаючыся ад знаёмага ўранку, заехаў да касцёла на рараты [129], і, усеўшыся на лаўку, убачыў увайшоўшага ў касцёл хіcткім крокам мажнога і напалову п'янага мужчыну, які сеў на суседнюю лаўку. Гэта быў граф Плятэр, дзедзіч Шайбакполя і знаўца Бахуса». Пасля набажэнства Маркевіч зайшоў да гвардыяна [130] францішканаў на гарэлку і зноў сустрэўся там з графам і з іншымі наведвальнікамі касцёла. Гвардыян пазнаёміў Маркевіча і Плятара. «Маркевіч, аддаўшы паклон, спытаў Плятэра: "Пане граф! Міла мне ў асобе пана пазнаць мужа сапраўднай дасканаласці. Дагэтуль я быў маршалкам Таварыства Трубна-Бібулярнага і ўпіваўся звычайна каля 10-й раніцы, першым за любога іншага сябра; сёння я пераканаўся, што нягодны гэтай пасады і аддаю яе ў больш прыстойныя рукі пана, які ўмее быць п'яным ужо на раратах. Прашу толькі распавесці, як можна дайсці да такой дасканаласці?" На што ўзрадаваны Плятэр адказаў: "Вельмі проста - наогул ня трэба ніколі цверазець". Потым былі моцныя пацісканні рук, абдымкі і запрашэнні Маркевіча з суседзямі... дзе Плятэр паіў усіх адборным віном тры дні»[131].


Аднак ужо ў 1846 г., калі Мірон-Браніслаў Нарбут пасяліўся ў Лідзе, «п'янства ўжо амаль не было, але шулерства існавала». Асабліва сітуацыя памянялася, калі бурмістрам горада стаў Ян Андрушкевіч, ці «Иван Степанович Андрушкевич» [132], - «чалавек праўдзівы, энергічны і разважлівы», а пробашчам і дэканам Лідскім у 1846 годзе - кс. Дзіянісій Хлявінскі [133], які служыў на працягу 20 гадоў, ён «сваімі трапнымі прамовамі навучаў паству ў касцёле, значна паўплываў на падвышэнне маральнасці гарадской супольнасці»[134].

Тым не менш, у 1859 г. у суседняй Гарадзенскай губерні доля даходаў дзяржаўнага бюджэту ад продажу і вытворчасці алкагольных напояў даходзіла да 55% ад усіх даходаў. У любой іншай краіне гэты паказчык не перавышаў 24 %, Віленская губерня, куды ўваходзіў Лідскі павет, мела прыкладна тую ж статыстыку, што і Гарадзенская.

Каталіцкім касцёлам у 1850-х гадах быў ініцыяваны рух за цвярозасць, які разглядаўся ўладамі як пагроза напаўненню бюджэту і небяспечная «польская» грамадская ініцыятыва. Аднак ураду прыйшлося пайсці на пэўныя захады, каб зменшыць спажыванне алкаголю, у тым ліку даўшы палёгку піваварам, бо да гэтага часу падаткавая палітыка стымулявала перавагу гарэлкі над усімі іншымі алкагольнымі напоямі [135]. На месцах былі створаны «Камітэты для назірання за правільным продажам алкагольных напояў». У Лідзе такі камітэт пад кіраўніцтвам павятовага маршалка шляхты (прадвадзіцеля дваранства) Рамуальда Казіміравіча Кастравіцкага (кавалер ордэна Св. Уладзіміра 4-й ступені) з'яўляецца ў 1846 г. Акрамя маршалка, камітэт утваралі 3 сябры камітэту і 13 дэпутатаў, папяровымі справамі камітэту займаўся «пісьмавадзіцель» павятовага маршалка шляхты [136]. Сярод «дэпутатаў» камітэта ў 1850 г. з'яўляецца і «Мирон-Бронислав Фридрихович Нарбутт» - чалавек, чые найкаштоўнейшыя мемуары цытуюцца ў гэтым артыкуле. Ён пісаў: «З 1860 года, калі ў цэлым Краі пачаў абуджацца разумовы рух, актыўна клапаціліся пра заснаванне народных школ і лідзяне, а духавенства пашырала таварыства цвярозасці з даволі паспяховым вынікам, так што побыт лідзян значна палепшыўся, і ў 1862 годзе спаткаць п'янага лідзяніна было ўжо рэдкасцю». Неабходна заўважыць, што ідэя народнай цвярозасці прыйшла ў наш край з Еўропы, і асаблівы ўздым гэтага руху прыйшоўся на 1858-63 гг., г. зн. перад самым паўстаннем: «У Царства Польскае цвярозасць прыйшла ў 1857 г. і адтуль у канцы 1858 г. распаўсюдзілася ў сумежных губернях: Ковенскай і Гарадзенскай. ...у снежні 1858 цвярозасць прыйшла і да нас ... і да 1 сакавіка 1859 г. цвярозасць распаўсюдзілася па паветах: Віленскім, ...збольшага па Ашмянскім і Лідскім»[137]. Да канца 1859 г. 39 408 чалавек на Лідчыне публічна, у храмах, прынялі на сябе абавязак устрымлівацца ад ужывання алкаголю [138]. Барацьба за волю - справа цвярозых людзей.


Мірон Браніслаў Нарбут, сын Фрыдэрыка, скарбовага камісара Гродзенскай губерні па межах, нарадзіўся ў маёнтку Варонічы ці Нікадымава Сабакінскай воласці (зараз Першамайск) Шчучынскага павета ў 1822 г. Яго дзед Караль Нарбут быў земскім пісарам у Лідскім павеце, прадзед Ігнат - земскім суддзёй, прапрадзед Іосіф Казімір Нарбут у 1759-1768 гг. - маршалкам Лідскага павета. Пасля заканчэння 5-класнай павятовай вучэльні ў Лідзе Мірон Браніслаў Нарбут паступіў служачым канцылярыі на службу да павятовага маршалка ў Лідзе, і тут у 1853 г. ён стаў сакратаром той жа канцылярыі. У 1863 г. пераведзены на такую ж пасаду ў Навагрудак. У 1863 г. прыняў удзел у паўстанні і быў сасланы ў Арэнбургскую губерню, дзе і пачаў пісаць гэтыя мемуары. Праз нейкі час пасля амністыі вярнуўся ў родны край і памёр, жывучы ў сваякоў. Быў жанаты з Канстанцыяй Марачэўскай і пакінуў патомства. Мемуары атрымаў у 1913 г. з рук Мацея Марачэўскага, ганаровага суддзі лідскага павета, лепшы знаўца лідскай гісторыі Міхал Шымілевіч і надрукаваў іх цалкам у даваеннай «Лідскай Зямлі» [139].


Напрыканцы 1850-х гг. цэнтрам грамадскага жыцця горада становіцца так званая цукерня (кандытарская) Андрушкевіча. З мемуараў Януша Сегеня мы ведаем, што «па правым баку вуліцы Віленскай ... стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і фруктовы сад за ім пляцы і дамы п. Андрушкевіча ...»[140]. Такім чынам, цукерня знаходзілася недалёка ад фарнага касцёла, каля перакрыжавання Віленскай і Каменскай вуліц.

Рускі афіцэр Любарскі [141], які служыў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г., пісаў пра лідскую цукерню: «Па-за сямейнымі дамамі, грамадскае жыццё, па ўсталяваным звычаі... канцэнтравалася ў цукерні (кандытарскай), якая служыла прыцягальным цэнтрам для ўсёй Лідскай інтэлігенцыі. Тут можна было не толькі напіцца гарбаты ці кавы, але падсілкавацца гарэлкай з закускамі, а ў суседнім памяшканні, якое злучалася з цукерняй унутранымі дзвярыма, адпускаліся "гаспадарчыя абеды". Клуба ў гэтым горадзе не было, але кандытарская цалкам яго замяняла, тым больш, што тут да паслуг гасцей былі два більярды, некалькі шахматных дошак і ў бакавым пакоі нават карты. Аматары чытання знаходзілі тут некалькі польскіх газет і адну французскую; рускай не было ні адной, хоць афіцэры былі пастаяннымі гасцямі кандытарскай. Грамадзяне, як халастыя, так і сямейныя, лічылі сваім абавязкам штодня пабываць тут; чыноўнікі забягалі ў гэтае месца, ідучы на службу, каб выпіць гарбаты і прачытаць тэлеграмы, а са службы - перакуліць чарку гарэлкі. Калі трэба было пабачыцца з некім, то ісці на кватэру было не варта; значна прасцей было сустрэць неабходнага чалавека ў кандытарскай, асабліва ў вячэрнія гадзіны. Тут абмяркоўваліся ўсе навіны і адбываліся бясконцыя і гарачыя спрэчкі з нагоды падзей ... у Італіі»[142].

У цукерні мясцовая інтэлігенцыя ў прадчуванні будучага паўстання шукала паразумення з рускімі афіцэрамі: «Нашы шчырыя сябры і добразычліўцы спакваля імкнуліся ўносіць ідэі ў розум афіцэраў, прадстаўляючы становішча ў такім выглядзе, што нашы народы - натуральныя браты, але што ўрад над абодвума - нямецкі або, … знаходзіцца пад уплывам немцаў, іх мэта - душыць славян, ... не даваць ім грамадзянскай свабоды і не дапускаць ніякага ў іх разумовага развіцця». Асабліва вылучаўся сярод лідзян адзін з камандзіраў будучага паўстання - Баляслаў Колышка[143]: «Асабліва гарачым прапагандыстам падобных ідэй паміж афіцэрствам выступаў у цукерні Колышка, той самы, які пасля (у 1863 годзе) камандаваў ... спачатку самастойна, а потым разам з Серакоўскім і разам з ім быў узяты ў палон пасля паразы паўстання. Колышка быў малады чалавек гадоў 25-ці, невялікага росту, мажны, з круглым і румяным тварам. Якая была яго прафесія ў Лідзе, я не цікавіўся; здаецца, ён ... быў сынам забяспечанага памешчыка[144]. Гэта быў гарачы ... патрыёт, цытаваў цэлыя маналогі з Міцкевіча ... . Ён увесь час даставаў аднекуль памфлеты Герцана і даваў іх афіцэрам, захоплена адклікаўся пра нібыта незвычайна светлыя і здаровыя меркаванні рэвалюцыйных лісткоў адносна палітычнай будучыні Расіі і Польшчы ... і ўвесь час паўтараў: "Прашу вас, спадары, не змешваць палітычных паняццяў. Рускі народ гэта адно, а рускі ўрад - другое. Гэты апошні - наш агульны непрымірымы вораг. Абавязак кожнага патрыёта сваёй краіны змагацца з ім аслабляць яго, каб зрынуць тыранію, інакш Расія ніколі не вызваліцца ад унутраных кайданоў рабства. І ў гэтых адносінах рускія могуць смела разлічваць на нашу братэрскую і энергічную дапамогу»[145].

Іншы рускі афіцэр, Мяжэцкі [146], які разам са сваім Нараўскім пяхотным палком у 1861 г. быў пераведзены на Лідчыну, таксама пісаў пра цукерню: «Афіцэрства наша жыло замкнёна, у сваёй палкавой сям'і і з абшарнікамі не збліжалася. Афіцэры ж ... з ліцвінаў і палякаў, якіх было даволі шмат у палку, вядома, знаёміліся з гэтымі землеўладальнікамі... Таму і нам ... здаралася сустракацца з імі часам у нашых таварышаў, а часцей у адзіным у Лідзе тракціры, ці, як тутэйшыя называлі гэтую ўстанову, "цукерні" ... шляхціца пана Андрушкевіча, куды паны заходзілі са сваімі знаёмымі афіцэрамі. Пры гэтых сустрэчах абшарнікі спачатку бывалі стрыманыя ..., але калі віно развязвала языкі, пачыналіся гарачыя запэўніванні ў неабходнасці збліжэння двух ... народаў»[147].


Да сярэдзіны 1850-х гг. у рускім грамадстве склалася адпаведнае ўяўленне пра заходнія губерні і Царства Польскае як пра старажытную частку Расіі. Таму рускі афіцэр І.В. Любарскі, які праз два дзесяцігоддзі пасля забароны уніі трапіў у наш Край, з роспаччу заўважаў: « З падручніка геаграфіі засталося ў мяне такое ўражанне, што нашы заходнія губерні да самай мяжы царства Польскага - суцэльна рускія… Меў жа я вялікае расчараванне … калі ў 1860 г. апынуўся ў Паўночна-Заходнім краі … Насельніцтва - і праваслаўнае, і каталіцкае - размаўляе беларускім прыслоўем рускай мовы, але навучаецца польскай грамаце, і ўсякі мужык, як толькі высунуўся з сялянскага становішча, наровіць размаўляць па-польску і апранае канфедэратку… Паўсюль багата ўпрыгожаныя велічнай архітэктуры касцёлы, і рэдка-рэдка трапляліся драўляныя, трухлявыя цэрквы з падпоркамі і латамі, падобныя больш на адрыны, чым на храмы пануючай рэлігіі»[148]. Пра царкву ў Лідзе: "Праваслаўная царква ў Лідзе была ў несамавітай, драўлянай, бедна абстаўленай хаце з нізкай столлю. У царкве адначасова магло маліцца не болей за 50 багамольцаў, таму салдаты прыходзілі ў храм Божы па чарзе камандамі. Служыў святар без дыякана, а спявалі на клірасе салдаты, як ім Бог "положил на душу" … Адсутнасць панікадзіла ў храме, бляшаныя пагнутыя падсвечнікі, чорныя абразы на сцяне, падраныя рызы на святары - усё гэта так не падобна было на звыклыя ўражанні праваслаўнага чалавека, і мімаволі глыбокая нуда ахоплівала душу»[149].

Ён жа запісаў найцікавейшую размову з тутэйшым праваслаўным святаром вёскі Дакудава: «Праваслаўнае духавенства знаходзілася ў поўным загоне, яно было прыніжанае сваёю беднатой … Знаёмячыся з мясцовымі святарамі і імкнучыся ўразумець сабе ўмовы іх побыту, я заўважаў агульную ім усім характэрную рысу нейкай вінаватасці ў тым, што яны існуюць у "чужым краі". […] Трапляліся паміж святарамі і такія … якія проста дзівілі сваім цынічным стаўленнем да царквы і рэлігіі. Гэта былі дажываўшыя свой век апошнія магікане уніі 1839 г. … Яны ўплывалі вельмі разбэшчана на сваю паству, прыводзячы яе паступова да поўнай рэлігійнай абыякавасці. З адным такім тыповым уніятам … пад святарскай маскай я выпадкова сустрэўся ў Лідскім павеце Віленскай губерні. Спатрэбілася мне з'ездзіць у роту нашага палка, нядаўна размешчаную ў вялікай праваслаўнай вёсцы Дакудава з прыходскай царквой. Ротны камандзір і абодва субалтэрны[150]ў гэтай роце былі палякі [151].

- Поп тутэйшай парафіі[152] (так у тэксце, святар размаўляе пераважна па-беларуску - Л.Л.), - адрэкамендаваўся ён… падаючы мне руку. Гэта быў сухі маленькі чалавек, рухавы і гаманкі, які захаваў нейкую дзіцячую наіўнасць, нягледзячы на свой стары век …, рускай мовы не ведаў. За тое, што я не мог размаўляць з гэтым дзіўным святаром на яго мове, ён адразу, без цырымоніі, абразіў мяне "заўзятым маскалём".

Вось, пане, абрэвізуйце яго роту памацней, - сказаў святар, паказваючы на капітана, - ды прайміце яго добра за тое, што напужаў мяне, калі прыйшоў сюды з ротай. Уявіце, у нас па вёсцы пайшла чутка, што ідзе ў Дакудава з ротай архіправаслаўны камандзір. Прыпляліся сюды яны як раз пры канцы тыдня. Я на другі дзень, досвіткам, давай званіць спачатку ў адзін звон, потым ва ўсе, думаю сабе: "Каб не прынесла яго нялёгкая ў такую рань", - а сам сяджу ў алтары ды выглядваю, таму што боязна было. А калі б прыйшоў, я пачаў бы казаць: "Госпадзі памілуй". Мінула гэтак з палову гадзіны, нікога з маскалёў няма. Ну, значыць, спіць пудзіла, задраўшы ногі, і стараннасці маёй не чуе, замкнуў я царкву і пайшоў каву піць. А потым дазнаўся, што ён такі ж "д'ябел", як і я.

- Чаго ж Вы, ойча, так баяліся?

- Як чаго? А калі б ён і на самай справе аказаўся б "бла-го-на-ме-рен-ный" ды паслаў куды патрэбна цыдулку, што дакудаўскі поп імшу не спраўляе, то ізноў прыйшлося бы ў манастыр ісці на пакуту.

- Дык чаму ж Вы не служыце? - спытаў я, вельмі здзіўлены.

- Вельмі проста, пане каханы, па-вашаму не ўмею, а па-нашаму нельга. Вось пахрысціць, павянчаць, пахаваць - гэта я з поўным задавальненнем, інакш папу з дочкамі не было б чаго есці. І ў нядзелю царква мая заўсёды адчыненая, прыйдуць, памоляцца, паспяваюць нашы хлопцы, і даволі з іх. Ды Вы не думайце, зрэшты, што я такі ўжо адшчапенец, у царскі дзень рэдка калі набажэнства не "адкатаю". Вось толькі з кадзілам не магу зладзіць. Сапраўдны поп спрытна так "фуркае" ім наперад і назад, а ў мяне не выходзіць.

- Я дзіўлюся, што Вам цяжка служыць па-праваслаўнаму, - заўважыў я. Наколькі мне вядома, па ўмовах Берасцейскай царкоўнай дамовы, … ўся абраднасць павінна быць тая ж, што і ў праваслаўных.

- Калі гэта было! - запярэчыў ён. У той час, калі я стаў уніяцкім святаром, у нас … былі арганы, ружанцы, гадзінкі, "здровась Марыя", "анёл Панскі", званочкі … А зараз што: "Госпадзі, памілуй, ды падай, Госпадзі". Адзін раз, усё ж, паплаціўся я за сваё няўменне. Прыязджае неяк праваслаўны біскуп такі важны, увесь у чорным, на галаве каўпак з шлейфам. Адслужы, кажа, а я пагляджу. Я ні жывы, ні мёртвы, пачаў плесці абедню і ўсё пазіраю на страшнага аргуса. Ён як быццам бы і нічога, прымасціўся ў кутку алтара ды ўсё паклоны робіць. Мая старанная праца, можа, і сышла бы, калі б не гэтая фатальная экценія. Тут ужо я зусім заблытаўся і пачаў мармытаць імёны, якія толькі прыйшлі ў галаву. Па заканчэнні ўсяго біскуп праняў мяне да дзясятага поту і, падзякаваўшы, з'ехаў, а потым піша: дакудаўскі "ксёндз ніцма не розуме", паслаць яго ў навуку на два месяцы ў кляштар. А якая мне навука? Адлежаўся я тамака, … а потым такім жа … прыйшоў у Дакудава, якім і быў.

- Чаму бы Вам, "баценька", не павучыцца служыць, як належыць, - параіў я, - гэта зусім не цяжкая справа. Глядзіце ў трэбнік, і ўсё выйдзе добра.

- Позна мне вучыцца, ды і няма сэнсу. Бо палякі выхваляюцца, што адваююць сабе ўсю Літву. Тады мы ўжо не ў унію, а прама ў каталіцтва пойдзем …»[153].


Але вернемся да гарадскіх спраў. Мяжэцкі данёс да нас лідскую прымаўку тых часоў: «Не пабачыўшы Ліду, не пазнаеш бяду»[154]. Ён так апісваў горад на пачатку 1861 г.: «Гэта невялікі ліцвінскі горад, населены пераважна яўрэямі і размешчаны ў невясёлай мясцовасці; у ім быў адзін ... касцёл і праваслаўная царква, змешчаная ў нізенькім, драўляным, несамавітага выгляду дамку. У горадзе не знайшлося нават хоць колькі-небудзь зручнай кватэры для сямейства палкавога камандзіра, таму ён быў прымушаны пасяліцца ў абшарніцкай сядзібе, вёрстаў за дзесяць ад горада». Гэта не дзіўна, бо горад быў перапоўнены рускім войскам, аднак яшчэ было спакойна, і камандзір палка адчуваў сябе ў небяспецы, жывучы за горадам, «яшчэ не раздаваліся знакамітыя патрыятычныя гімны "Boźe, coz Polska" і "Z dymem poźarow", пакуль усё абмяжоўвалася ўзмоцненымі раз'ездамі і з'ездамі адзін у аднаго абшарнікаў і з'яўленнем іх, хоць і рэдка, у нацыянальным гарнітуры - канфедэратцы і чамарцы»[155].

19 лютага 1861 г. быў апублікаваны маніфест цара пра адмену прыгону і палажэнне, якое апісвала, якім чынам зямля будзе перадавацца ў карыстанне сялянам. Механізм перадачы зямлі праз выкуп выклікаў незадавальненне сялян, што прывяло да выбуху сялянскага пратэсту ўвесну - улетку 1861 г. Вось менавіта з мэтай задушэння сялянскіх хваляванняў у Лідскі павет і быў перакінуты Нараўскі пяхотны полк, дзе служыў Мяжэцкі, ён пісаў: «Прайшло толькі некалькі месяцаў з дня маніфеста пра вызваленне сялян, і ў абшарнікаў пачаліся з імі непаразуменні, якія ўвесь час патрабавалі ўмяшання вайсковай сілы, ... гэта і было прычынай паспешнага выкліку нашага палка з Курляндыі ў Літву. Падчас знаходжання ў Лідскім павеце полк, як кажуць, быў у разгоне: роты, па адной ці па дзве, знаходзіліся амаль у бесперапынным перасоўванні, робячы пераходы з аднаго паселішча ў другое для ўціхамірвання ... сялянскіх бунтаў, уціхамірванні гэтыя суправаджаліся, як звычайна, розгамі»[156]. Да восені 1861 г. вайсковыя падраздзяленні, ужываючы масавыя пакаранні розгамі, задушылі выбух сялянскага пратэсту, «гадавое знаходжанне палка ў Лідзе і павеце нічым асаблівым не адзначылася, і ўвесну 1862 г. мы з задавальненнем рассталіся з гэтай глухменню, асабліва таму, што змянялі яе на Вільню, куды полк атрымаў прызначэнне»[157]. Карнікі былі патрэбны ў Вільні, станавілася ўсё «гарачэй».


Цяжка было рускаму патрыёту ў той час у нашых краях: «Рускія людзі ў цывільнай адміністрацыі краю сустракаліся вельмі рэдка, большай часткай толькі ў губернскіх гарадах, у павятовых рускі чалавек уяўляў сабой выключную з'яву. Прытым тутэйшы рускі службовы люд быў зусім адмысловага гатунку. Карэнных выхадцаў з Расіі заносіла сюды якая-небудзь выпадковасць, у бальшыні ж рускія службоўцы былі рускімі толькі па сваёй афіцыйнай прыналежнасці да праваслаўнай рэлігіі, але нарадзіліся ў краі ад змешаных шлюбаў і першыя ўражанні дзяцінства ўспрынялі ад маці ... . Такія назіранні я вынес з вельмі многіх гарадоў Паўночна-Заходняга Краю, куды мяне кідаў лёс. Усяго даўжэй мне прыйшлося пражыць з батальёнам нашага палка ў горадзе Лідзе Віленскай губерні. Тут у цывільнай адміністрацыі, пачынаючы з гараднічага, усе былі тутэйшыя. Праўда, знайшоўся адзіны рускі, наглядчык павятовай вучэльні, званы па польскай тэрміналогіі "панам прэфектам", ды і той быў горкі п'яніца[158]. Гэта быў карэнны русак, але ў маральных адносінах зусім бесхарактарны. Відаць, яго схавалі ў гэтую глухмень за п'янства. Да сваёй вучэльні ён амаль не меў дачынення, і ... настаўнікі выкладалі так, як хацелі, без усякага кантролю; балазе ў той час яшчэ не была ўсталявана, як зараз, сістэматычная рэвізія выкладання з боку акруговых начальнікаў. У "присутственных" месцах паперы пісаліся па-руску з перакручанай граматыкай, але ў паветры канцылярый не насілася ніводнага рускага слова. У нашым палку з 60 афіцэраў роўна палову складалі палякі, другая палова была рускімі, літоўскімі татарамі і немцамі. Польская гаворка да такой ступені ўкаранілася ў афіцэрскім ужытку, што нават калі выпадкова сыходзіліся два-тры рускія афіцэры, то па засвоенай звычцы гаварылі паміж сабой па-польску. Афіцэры-палякі, ... з юнкераў, да таго дрэнна валодалі рускай гаворкай, што ў зваротах сваіх да ніжніх чыноў неміласэрна ламалі мову. Памятаю, як адзін субалтэрн, выходзячы са звязам на палкавое вучэнне, сустрэўся са знаёмым і, спыніўшыся, загаварыў з ім, а салдатам загадаў: "Ідзі, ідзі, другі ўзвод, я це даганю", - выйшла ні па-руску, ні па-польску»[159].

Як ужо згадвалася вышэй, у той жа час мясцовая інтэлігенцыя шукала паразумення з рускімі афіцэрамі: «У той час польскія абшарнікі і службоўцы не толькі не чужаліся рускіх людзей, але імкнуліся зблізіцца з імі і ўсталяваць добрыя адносіны; таму запрашалі рускіх у свае сямействы і аказвалі ім самую вялікую ўвагу. Я, напрыклад, зусім яшчэ юны і халасты чалавек, быў проста збянтэжаны тым, што да мяне першым прыехаў з візітам прадвадзіцель дваранства[160](маршалак) - асоба, якая карысталася вялікай вагой у мясцовым грамадстве. Сталася так, што для збліжэння з афіцэрамі польскае дваранства падрыхтоўвала раскошны баль, і з гэтай мэтай заводзіліся знаёмствы нават з тымі з вайскоўцаў, хто па недахопе сродкаў трымаўся ўбаку ад павятовага грамадства»[161]. На дваранскі баль былі запрошаны ўсе афіцэры, нават так званыя «"бурбоны" (з ніжніх чыноў мужыцкага звання), якіх тады яшчэ было нямала ў палках, хоць гэтыя кавалеры зусім не вызначаліся ведамі свецкіх далікатнасцяў». Любарскі не быў на лідскім баляванні, але з захапленнем яго апісвае: «Баль выйшаў на славу, грацыёзныя шляхцянкі ўвесь час выбіралі для мазуркі вайскоўцаў, аддаючы ім відавочную перавагу перад цывільнымі кавалерамі, а за агульнай вячэрай з морам шампанскага ласкавыя гаспадары раз-пораз выгуквалі тэндэнцыйныя тосты "за братэрства, еднасць, вспульную працу на ніве славянскага прагрэсу, за шляхетных рускіх афіцэраў", прычым з чоканнямі і абдымкамі. ...у той час ніхто з нас яшчэ не здагадваўся пра палітычныя задумы нашых мілых сабутэльнікаў, мы прымалі ўсе гэтыя ласкі ... як праявы вытанчанай ... адукаванасці, і прыемна бавілі свой час. Асабліва спадабалася вайсковай моладзі чароўнае стаўленне да яе прыгожых паненак, і хоць сур'ёзнае заляцанне некаторых зухаў з матрыманіяльнымі мэтамі за багатымі нявестамі атрымала фіяска ...тым не менш афіцэрства плыло ў задавальненні безуважлівага жыцця і было ў захапленні ад непараўнальнага ... грамадства»[162]. У адказ расейцы далі свой баль: «Са свайго боку, у якасці рэваншу, афіцэры адказалі "затейливым" пікніком, на які з'ехаліся абшарніцкія сямействы ледзь не з усяго павета. У маляўнічым лесе недалёка ад горада была ўладкавана платформа пад падстрэшкам для танцаў і расстаўлены намёты для буфетаў і прыбіральняў. Дастаўлены вялікі транспарт ласункаў, закусак і вінаў, гульбішча асвятлялася рознакаляровымі ліхтарамі, штохвілінна ўзляталі ракеты, трашчалі і іскрыліся феерверкі, палкавая музыка агалошвала паветра на вялікую прастору. ...пад канец балю ... разгарачаныя танцамі і багатым узліваннем абшарнікі, службоўцы і афіцэры навідавоку ва ўсіх бесперашкодна чокаліся куфлямі, абдымаліся і цалаваліся, выкрыкваючы звычайнае пры гэтым "kochajmy sie" (будзем любіць адзін аднаго) і кляліся ўзаемна ў вечным і нязменным сяброўстве, нягледзячы ні на якія акалічнасці, ні на якія выпадковасці»[163]. Аднак знайсці паразуменне з рускімі афіцэрамі не ўдалося, калі прыйшоў час паўстання, на бок паўстанцаў перайшлі ў асноўным афіцэры ўраджэнцы нашага краю. Не давяраючы ім, урад загадзя перавёў гэтых афіцэраў «у войскі, размешчаныя ў сярэдзіне імперыі»[164].


У 1861-1862 гадах на тэрыторыях ранейшай Рэчы Паспалітай узмацніліся патрабаванні аграрных рэформаў, дэмакратызацыі і незалежнасці. Радыкальныя дэмакратычныя і патрыятычныя групоўкі (так званыя «чырвоныя») выступалі за адкрытую ўзброеную барацьбу і рыхтавалі паўстанне. Узброенаму паўстанню 1863-1864 гадоў папярэднічаў даволі доўгі падрыхтоўчы перыяд. Пачатак гэтага перыяду прымяркоўваюць звычайна да 1859 года, калі вайна Францыі з Аўстрыяй быццам бы падала надзею, што пасля Італіі Напалеон III захоча вызваліць і Польшчу. Аднак агульны ўздым пачаўся яшчэ да 1857 года, пасля стварэння Земляробчага таварыства, якое ўзначаліў граф Анджэй Замойскі, і пасля вяртання з Сібіры ссыльных па амністыі і па заканчэнні 25-гадовых тэрмінаў высылкі паўстанцаў 1830-31 гг. У марах пра волю мясцовая інтэлігенцыя спадзявалася абаперціся на новага французскага імператара Напалеона ІІІ, які абвясціў прынцып аб'яднання народнасцей, і напружана сачыла за кожным крокам Гарыбальдзі, які ў той час аб'ядноўваў Італію, вызваляючы яе ад улады дробных валадароў.

Любарскі ў сваіх мемуарах не абходзіць бокам ролю касцёла пры падрыхтоўцы паўстання (ён піша пра наяўнасць у горадзе трох касцёлаў): « У Лідзе, якая налічвала ў той час дзве з невялікім тысячы жыхароў, былі тры велічэзныя мураваныя касцёлы выдатнай архітэктуры, якія высока і ганарліва ўздымалі да неба свае прыгожыя шпіцы. Адзін з іх стаяў пусты, за непатрэбнасцю, бо вернікаў на ўсе касцёлы бракавала»[165]. Пустымі стаялі два з трох касцёлаў: кляштар піяраў - пасля пажару 1842 г. - і кармеліцкі кляштар, зачынены яшчэ пасля паўстання 1831 г. і перададзены спачатку ўніятам, а пасля ліквідацыі уніі стаўшы праваслаўным. Аўтар расказвае, як аднойчы ў нядзелю ён зайшоў у фарны касцёл і замест напалову пустога храма «тут прысутнічаў літаральна ўвесь горад, нібы на адпуст (храмавае свята). Не могучы растлумачыць сабе гэтую з'яву, я адчуваў, што бесперапынна прыбываюць усё новыя і новыя багамольцы і ўтвараюць суцэльную масу, якая ціснула з усіх бакоў. Тым не менш, я цярпліва пераносіў ціск і задуху, сочачы з цікаўнасцю за ходам імшы, каб параўнаць яе з праваслаўнай». Каталіцкая служба скончылася, але людзі не разыходзіліся, і вось «на высокай кафедры на бакавой сцяне з'явіўся невядомы прапаведнік у сутане капуцына і адразу прыкаваў да сябе агульную ўвагу. Капуцынскага кляштара ні ў горадзе, ні ў суседстве не было; такім чынам, новы твар з'явіўся здалёку. Гэта быў чалавек гадоў пад трыццаць, з паголенай па-манаску галавой, высокі і сухарлявы, апрануты ў тоўстае цёмна-шэрае сукно і падперазаны вяроўкай; на левым запясці - буйныя пацеркі, у выглядзе ланцуга, з вялікім крыжам. Даўгаваты твар, рэзкая зморшчына паміж бровамі, нос гарбінкай, тонкія стуленыя вусны і глыбокія, іскрыстыя вочы, абведзеныя сіняватымі кругамі, - усе гэтыя рысы выяўлялі ў капуцыне розум, энергію, рашучасць. Ён схіліўся над кафедрай як бы ў нямой малітве, потым выпрастаўся на ўвесь рост, абвёў фасфарычным поглядам прысутных, падняў уверх правую руку і загаварыў. Гаворка яго, спачатку ціхая і спакойная, паступовае прымала гарачае адценне, часам прыпадабнялася бурнай хвалі і кідала на слухачоў грамы заклікаў». Ксёндз прамаўляў пра Радзіму і да такой ступені меў магнетычны ўплыў на людзей, што «натоўп, здавалася, гатовы быў рынуцца туды, куды ён пакажа. Дастаткова сказаць, што я, старонні і выпадковы слухач, мімаволі адчуваў нервовую дрыготку ва ўсім целе, а з масы слухачоў няспынна вырываліся гучныя ўздыхі, і сотні кулакоў шчыра стукалі ў замілаваныя грудзі. Сцісла гэтае палітычнае казанне можна прыблізна фармуляваць так: "Бог пасылае выпрабаванні нават сваім абраным народам. Мы ... заўсёды вызнавалі праўдзівую каталіцкую веру ... - тую веру, па-за якой няма выратавання чалавечым душам, і тым не менш Богу заўгодна было выпрабаваць свой упадабаны люд, дазволіць, каб яго заняволіла варварская і ерэтычная ўлада, якая адняла грамадзянскія правы і свабоду сумлення, усё, што складае самы дарагі і святы здабытак чалавека на зямлі. Мы бясконца доўга і цярпліва пераносілі свае пакуты, і Выратавальнік свету зараз пераканаўся ў непахіснай пэўнасці свайго народа Яго святым запаветам. Слухайце ... ! Імем Усемагутнага Бога ўзвяшчаю вам, ... што надышоў канец катаванням. Набліжаецца хвіліна, калі Бог разаб'е вашы кайданы і даруе нам згубленае зямное шчасце. Збавіцель ідзе да нас, і блажэнны той муж, якога ён сустрэне падрыхтаваным. Будзьце ж гатовыя прынесці ўсякія ахвяры на алтар Айчыны; ахвяруйце ўсім, хто чым валодае, нясіце давераным людзям грошы, рэчы, увесь здабытак, а калі прыйдзе час - жыццё. У імя святога нашага касцёла і дарагой Айчыны бацькі павінны на час адмовіцца ад сваіх сямействаў, мужы ад жонак, мацярэй і дзяцей, нявесты ад жаніхоў, падначаленыя ад свайго начальства і дружна выступіць на справу вызвалення Бацькаўшчыны .... Але гора таму, хто па абыякавасці ці ад страху застанецца ў баку ад усеагульнага руху. На іх абрынецца з неба гром і ўразіць на смерць без пакаяння, зніч ператворыць у попел усю іх маёмасць, а на тым свеце чакае здраднікаў вечная пякельная пакута. Маліцеся, ды хай Ісус Хрыстос і Маці Божая асвятляюць сэрцы вашыя і накіроўваюць вас на богаўгодныя вычыны… На калені!» Афіцэр піша, што ўвесь касцёл, уключна з гараднічым [166] і ўсімі павятовымі ўладамі ўкленчыў, не сталі на калені «толькі я і адзін з паліцэйскіх, які стаяў наперадзе мяне. Капуцын бліснуў вачамі і ўладна прагаварыў: "Я бачу, што тут, у гэтым святым храме, прысутнічаюць іншаверцы; але ўсё роўна, замаўляю і іх злучыцца ў агульнай малітве, інакш яны адразу панясуць кару Божую". Становішча выйшла крытычнае. ....паліцыянт пачаў уладкоўвацца на калені, ... а я, скарыстаўшыся гэтай паўзай, прасунуўся за шырокую калону, каля якой стаяў. Ксёндз супакоіўся і зноў працягваў сваю блюзнерскую і абуральную прамову, пратрымаўшы на каленях пакорлівую паству з чвэрць гадзіны». Пры канцы капуцын выйшаў з алтара «з выразам смутку і стомы на твары і, сціпла патупіўшы вочы, пачаў прабірацца праз натоўп з велізарным падносам на руках. Яго суправаджаў павятовы суддзя[167], суддзя з запасным падносам, апушчаным уніз. З усіх бакоў працягнуліся рукі, і ахвяраванні багатым дажджом пасыпаліся на паднос прапаведніка: медзякі, срэбра, асігнацыі, нават вельмі буйныя, кашалькі і партманетка з усім змесцівам, бранзалеты, завушніцы, гадзіннікі адразу ўтварылі такую кучу, што класці больш не было куды. Напоўнены паднос змяняўся запасным з рук суддзі, які адносіў усё сабранае ў алтар і зноў спяшаўся да капуцына з пустым падносам»[168]. Тут Любарскі, пэўна, каб не ўдзельнічаць у зборы грошай, уцёк з касцёла, таму не пачуў, як першы раз у горадзе там заспявалі новыя песні, «быццам бы рэлігійныя, але па сутнасці рэвалюцыйнага зместу».

Капуцын больш не з'яўляўся ў Лідзе. Але гэта быў «адзін з самых фанатычных эмісараў польскага "жонду". Ён бесперашкодна пераязджаў з горада ў горад, з мястэчка ў мястэчка, усюды прамаўляў свае казанні і збіраў багатыя ахвяраванні. Калі ж успыхнула паўстанне, дык гэта ... (ён) апынуўся ў аддзеле Лелявеля[169], натхняў паўстанцаў з крыжам у руках і, нарэшце, у адной сутычцы быў забіты» [170]. Вядома, што ў атрадзе Лелявеля шараговым байцом ваяваў ксёндз Бжоска, верагодна, менавіта ён і выступаў у Лідзе і ўсхваляваў насельніцтва горада. Бжоска вучыўся ў Янашскай семінарыі (былой Люблінскай губерні), у 1857 г. яго высвяцілі ў ксяндзы і прызначалі вікарыем у Саколку, потым у Луцк (былой Сядлецкай губерні). У 1862 г. ён сышоў да паўстанцаў, увесь час выступаў перад насельніцтвам. У 1863 г. быў у аддзеле Левандоўскага, а потым у Лелявеля, пасля разгрому аддзела Лелявеля сам узначаліў аддзел паўстанцаў. Арыштаваны толькі 17 красавіка 1865 г. і 11 траўня пакараны смерцю ў Саколцы [171].


Пасля расстрэлу ў 1861 г. дэманстрацый у Варшаве, асабліва пасля красавіцкай масакры, вулічныя дэманстрацыі змяніліся зборамі ў касцёлах, дзе спяваліся патрыятычныя гімны і адзначаліся памятныя даты з гісторыі Рэчы Паспалітай. «Маральная рэвалюцыя» набывала форму кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання і ставіла ў тупік прадстаўнікоў імперскай адміністрацыі, якія ніколі не сутыкаліся з такімі формамі палітычнага жыцця. Жанчыны ў памяць аб красавіцкіх ахвярах нязменна насілі жалобную вопратку. Тыя, хто не насіў жалобы, падвяргаліся на вуліцах маральнаму ціску.

У Лідзе, як і паўсюдна, пад уплывам варшаўскіх расстрэлаў мужчыны апранулі канфедэраткі і чорныя чамаркі, а жанчыны жалобу. Гімн «Boźe, coś Polska» быў перакладзены на беларускую, літоўскаю, яўрэйскую і ўкраінскую мовы і стаў вельмі папулярным [172]. « Улетку 1861 года ўсякія забавы, як грамадскія, так і ў прыватных хатах, раптам спыніліся. Нават замоўкла музыка на фартэпіяна, граліся адны толькі навучальныя гамы. Усе дамы апрануліся ў глыбокую жалобу, дэспатычны ўплыў якой адбіваўся і на нешматлікіх рускіх прадстаўніцах чароўнага полу, жонках афіцэраў, бо паказвацца ў каляровых гарнітурах, пры агульным панаванні чорных, значыла прыцягваць да сябе ўвагу. ...пайшлі глухія размовы пра зневажанне хрысціянскіх святынь рускімі...»[173]. У Лідскім фарным касцёле замест устаноўленай малітвы за царскі дом усе станавіліся на калені і спявалі патрыятычны гімн «Boźe, coś Polska», што пачынаўся словамі: «Божа, Ты гэтулькі стагоддзяў атачаў нас арэолам магутнасці і славы, вярні нам Айчыну і волю». Гэта песня - малітва за аднаўленне незалежнай дзяржавы - была нагэтулькі папулярнай, што спявалася на вуліцах пры кожнай касцельнай працэсіі, якія асабліва часта здзяйснялася ў той час; мала таго, матыў яе можна было чуць з расчыненых вокнаў кожнай хаты, дзе было фартэпіяна: «…збяруцца пані на прэферанс, засядуць за зялёны стол і, перакідаючыся картамі, …напяваюць заклік да Бога за Бацькаўшчыну». У Лепельскім павеце паліцыя адшукала друкаванае выданне на беларускай мове «Песні пабожныя». Сярод песень - гімн паўстання «Божа, што ж Польшча...» Беларускі варыянт аднак істотна розніцца ад арыгінальнага, і яго даволі ўмоўна можна назваць перакладам (гл. дадаткі). Не меней папулярная была і іншая песня, якая пачынаецца словамі: «З дымам пажараў…» (гл. дадаткі).


Нават калі паліцыя пачала забараняць «вакальныя маніфестацыі», натоўп не слухаўся і яшчэ гучней пеў «блюзнерскі гімн», так што яго чуваць было крокаў за сто ад касцёла праз расчыненыя дзверы і вокны. Тады паліцыя для ачысткі сумлення перапісвала тых, хто найбольш выдзяляўся ў спеве, але пакуль нікога не каралі, « вынікам было хіба тое, што кіраўнічая асоба давала сяброўскую параду свайму падначаленаму паўплываць на жонку ці дачку, каб яны паводзілі сябе асцярожней»[174].

Мемуарыст цікава расказвае пра настрой гараджан перад паўстаннем. Паступова рэвалюцыйнае ўзбуджэнне ў горадзе ўзрастала: « Па меры таго, як яно больш і больш набірала моц, рускае значэнне ў краі паступова змяншалася. Выходзіла так, як быццам бы гаспадарамі становішча былі яны, а часовымі гасцямі, прышэльцамі ці, мабыць, нават паразітамі на чужым целе з'яўляліся мы». Гледзячы на Італію, якая заваявала свабоду, чакаючы падтрымкі Францыі, ужо амаль што ўсе верылі ў хуткае незалежнае існаванне. Любарскі, у гэты час вайсковы палкавы лекар і добры хірург, даслоўна запісаў сваю размову з лідскім прадвадзіцелем дваранства Буткевічам (сябе Любарскі тут называе ў трэцяй асобе «доктарам»):

- Скажыце, каханы кансільяжу (ласкавы доктар), спадзяюся, Вы застанецеся ў нас, калі Літва адыдзе ад Расіі?

- Як гэта адыдзе ад Расіі? - спытаў збянтэжаны доктар, - я штосьці не ясна сабе ўяўляю.

- Вельмі проста; адлучыліся ж ад Аўстрыі Ламбардыя і Венецыя і ўвайшлі ў склад Італьянскай дзяржавы. Чаму ж мы не можам утварыць незалежнай дзяржавы ў межах сваёй народнасці? Зараз да таго ідзе ўся еўрапейская палітыка.

- Але Расія - не Аўстрыя, - заўважыў доктар, зачэплены за жывое, - і паменшыць яе будзе пацяжэй, чым разнамасную імперыю Габсбургаў?

- Вядома, - спахапіўся маршалак, - я і кажу гэта. Але могуць быць розныя палітычныя кампрамісы для аб'яднання народнасцей. Відаць, час такі надышоў. Ды не пра гэта ўласна гаворка. Я толькі хацеў сказаць, што Вы, ласкавы доктар, карыстаецеся такім заслужаным даверам у нашым грамадстве, што пажадана, каб Вы засталіся ў нас, якія б ні адбыліся палітычныя змены.

- Вельмі ўдзячны за ўвагу, але, прызнаюся, я б не застаўся.

- Чаму ж? - здзівіўся суразмоўца, - для адукаванага чалавека жыць у краіне з ліберальнымі ўстановамі, якой будзе наша незалежная дзяржава, і працаваць у культурным грамадстве павінна быць прывабна.

- Ды па-просту хоць бы таму, што я, як праваслаўны, быў бы не зусім свой паміж вамі, і польскай мовы добра не ведаю, а быць абмежаваным у выказванні сваіх думак непрыемна.

- Э, глупства; варта Вам ажаніцца з кімсьці з нашых прыгажунь - і адрозненне ў веравызнанні згладзіцца, а мовай Вы авалодаеце. Я ведаў афіцэра, які прыбыў у Вільню з глыбіні Расіі і не разумеў аніводнага слова, а праз некалькі гадоў пісаў у альбомы такія выдатныя вершы, што, сапраўды, пад імі самімі Вікенці Поль падпісаўся б»[175].

Прадвадзіцель дваранства (маршалак шляхты) Сцяпан Буткевіч не будзе ўдзельнічаць у паўстанні. На сваёй пасадзе ён заставаўся да 1875 г. - роўна 20 гадоў. У запісцы віленскаму генерал-губернатару А.Л. Патапаву ў сакавіку 1868 г. Буткевіч пісаў, што заробку ад казны ён не атрымліваў і выкананне сваіх службовых абавязкаў каштавала яму двух маёнткаў, якія ён прадаў, каб пакрыць расходы па гэтай пасадзе [176]. У гісторыі горада Сцяпан Буткевіч застанецца як чалавек, які ў 1870-я гг. прапанаваў генерал-губернатару разабраць наш замак Гедзіміна на будаўнічыя матэрыялы ...


Аднак былі і песімісты, якія, як паказала практыка, як мінімум рэальна ставіліся да вайсковага аспекту паўстання. Любарскі прыводзіць размову са сваім знаёмым, якога ён называе «капітан З-скі». Дарэчы, нягледзячы на некаторыя недакладнасці (напрыклад, «капітан» замест «падпалкоўнік»), гэты самы «капітан З-скі» мог быць Юзафам Залескім, дзедам будучага міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратовіча: «За некалькі вёрстаў ад горада жыў у сваёй сядзібе адстаўны капітан З-скі, ён быў тутэйшым, я аказаў яму некаторыя паслугі і праз гэта зблізіўся з ім. Падчас службы ў адной з унутраных губерняў ён ажаніўся па каханні з рускай дзяўчынай, а па выхадзе ў адстаўку засеў гаспадарыць у маленькім сваім фальварку. Ён не перашкаджаў жонцы выхоўваць дзяцей у духу праваслаўнай веры, у палітыку не ўмешваўся і таму не меў сяброў сярод сваіх "родакаў"». Капітан расказаў, што яго як прафесійнага вайскоўца інсургенты спрабавалі залучыць у вайсковую арганізацыю: «Прыязджае раз у фальварак невядомы маладзён і заяўляе, што мае да мяне важную справу ... ён развёў такую матэрыю, што пад стаць хоць бы самому Пальмерстону[177]. Паўстанне, маўляў, зусім падрыхтавана, ва ўсіх ... землях па Днепр, і поспех яго забяспечаны. Сабрана 100 мільёнаў злотых, чаго на першы раз больш, чым досыць, затым будуць захоплены велізарныя сумы ў розных казначэйствах; зброя ўвесь час падвозіцца з-за мяжы, і ўжо ўтвораны вялікія і надзейныя склады. Ва ўсёй Расіі таксама чакаецца ўзброенае паўстанне, якое развяжа рукі... Рэвалюцыйная сетка там, як і ў нас, ... арганізавана надзейнымі людзьмі і распасціраецца нават за Волгу. Ва ўсіх нашых ваяводствах адразу стане пад стрэльбу 100 тысяч адборнай моладзі, і акрамя таго ў межы Царства Польскага ўварвуцца два вялікія польскія войскі - адно з Галіцыі генерала Лангевіча, другое з Познані з фельдмаршалам Мераслаўскім; чакаецца і Гарыбальдзі з атрадам італьянцаў. А як толькі мы падымем зброю, Напалеон (Напалеон III - Л.Л.) адразу абвесціць вайну Расіі; гэта гэтак жа дакладна, як Бог на небе. Англія ўжо рыхтуе свой флот і адцягне да прыморскіх гарадоў масу рускіх войскаў. Вось нашы шанцы, - выклікнуў маладзён ... - і толькі ў адным мы маем праблему - знайсці неабходную колькасць дасведчаных у ваеннай справе камандзіраў. Таму "жонд нарадовы" камандзіраваў мяне заявіць Вам, што мае да Вашых ваенных талентаў і Вашага патрыятызму асаблівы давер і рыхтуе Вам намінацыю ў палкоўнікі[178]і даручае камандаваць палком Віленскага ваяводства, пра што, калі надыдзе час, будзе адмысловае распараджэнне. Прызнаюся, - сказаў капітан, - я зусім разгубіўся ад гэтай нечаканасці, але сказаў эмісару "жонду" напрасткі, што такія фантазіі, якія я цяпер выслухаў, выбачальныя ў маладой і гарачай галаве, але ў адносінах да людзей, дасведчаных у ваеннай справе, якія глядзяць цвяроза на рэчы, проста недарэчныя. У рэчаіснасці... Вы можаце набраць невялікія партыі людзей, хоць рашучых, але зусім недасведчаных, з якіх большасць нават страляць не ўмее. А ці ведаеце Вы, што значыць бязладны натоўп супраць арганізаванага войска? Я, як вайсковец, ведаю гэта, і таму менавіта мне і сумленне, і патрыятызм не дазваляюць весці сваіх братоў на дакладную смерць» [179]. Калі пачалося паўстанне, капітан З-скі з'ехаў з сямействам да родных жонкі ў Цвярскую губерню.


Пасля падзей у Варшаве бурліла сталіца краю Вільня. Яшчэ раней, чым у Варшаве, у жніўні 1861 г. генерал-губернатар Назімаў увёў ваеннае становішча ў Вільні і шэрагу іншых гарадоў і паветаў краю, аднак праз год ваеннае становішча было знята, тым не менш «раман» Назімава з мясцовай шляхтай рэзка абарваўся. Ужо ўвесну 1861 г. віленскі павятовы прадвадзіцель дваранства граф І. Тышкевіч, які арганізаваў некалькі маніфестацый, быў неадкладна зняты з пасады па ініцыятыве генерал-губернатара. Арыштавалі і саслалі 8 студэнтаў [180].

Першая маніфестацыя ў Вільні адбылася 20 траўня 1861 г. [181] Пасля яе пратэсны рух пракаціўся па ўсёй гістарычнай Літве: арганізоўваліся паніхіды па загінуўшых у Варшаве, хросныя хады, адзін з якіх у Коўні прайшоў па мосце праз Нёман і сімвалізаваў унію Літвы і Польшчы. 12 жніўня 1861 г. у Вільні пасля службы ў касцёле і спеваў гімнаў, каля 5 000 чалавек - шляхты, гараджан і сялян - прайшлі па горадзе ў знак «сардэчнага збліжэння». Вось яе, гэту маніфестацыю, апісвае адзін з карнікаў: «Пачаліся спевы рэвалюцыйных гімнаў у касцёлах каля Вострай Брамы ... і іншыя палітычныя дэманстрацыі... Так ... была працэсія з харугвамі, сцягамі, гербамі Літвы і Польшчы, працэсія са спевам гімна "Boźe, coś Polska" ў суправаджэнні масы народу рушыла на сустрэчу працэсіі, якая па чутках, павінна была ісці ... ад Коўні ў Вільню. Па распараджэнні начальства войскі - пяхота і казакі - загарадзілі ... дарогу з горада ... дэманстранты, маючы наперадзе фанатычных паненак, імкнуліся прарвацца скрозь шэрагі войскаў. ...паненкі дзейнічалі парасонікамі, ... казакі прыняліся за бізуны, і натоўп рассеяўся»[182]. Але 18 жніўня, падчас мірнай маніфестацыі 6 000 чалавек на Пагулянцы рускае войска па камандзе Назімава ўжыло зброю, загінула 11 чалавек.

У 1862 г. вайсковую частку, дзе служыў мемуарыст Любарскі, цераз Гародню перакінулі ў Берасце, а адтуль у Польшчу - паўстанне пачыналася. Па дарозе з Ліды ў Гародню «наш батальён выпадкова набыў фурманку са зброяй для паўстанцаў. У адным мястэчку, дзе мы спыніліся на начлег, батальённаму камандзіру, зразумела, адвялі самую лепшую кватэру ў заезным двары. Там пад падстрэшкам ужо стаяла фура з нейкай паклажай, пакрытаю рагожамі і шчыльна ўвязанаю вяроўкамі. Увечар дзяншчык, не заўважаючы каля фуры гаспадара, запусціў туды руку, верагодна, мяркуючы чым-небудзь пажывіцца, і раптам намацаў стрэльбу. Зразумеўшы, у чым справа, дзяншчык даклаў пра сваю знаходку маёру. Пачалі шукаць уладальніка фуры, але ён знік. Яўрэй, гаспадар заезнага двара, на допыце паказаў, што перад нашым прыходам да яго пакарміць коней заехаў невядомы спадар у шэрым сукмане і высокіх ботах. Распрогшы коней, ён увайшоў у залу і запатрабаваў сабе яечню, а тут з'явіліся "панове" з войскам. Ён, гаспадар, замітусіўся і не заўважыў, калі і куды дзяваўся ягоны госць. У возе было больш за 200 стрэльбаў, некалькі дзясяткаў шабель, багнетаў, шашак і пісталетаў рознага калібру. Далі ведаць мясцовай паліцыі, але пан у сукмане так і не быў знойдзены. Было жаданне перадаць знаходку бургамістру мястэчка, але потым агульнай радай разважылі, што такім шляхам зброя зноў патрапіць да будучых паўстанцаў, і вырашылі ўзяць фуру з коньмі з сабой, для прад'яўлення начальству вышэй»[183]. Як бачым, Лідскі паўстанцкі камітэт таксама рыхтаваўся да справы.

Закончу цытаванне цікавых, але блытаных і вельмі «па-імперску» ангажаваных мемуараў ваеннага лекара І.В. Любарскага двума эпізодамі аднадзённага побыту яго батальёна ў Гародні, з апісанымі ніжэй адносінамі да сабе рускія афіцэры пачалі сутыкацца ў той час паўсюдна. «У Гародні ... наша афіцэрства валам паваліла ў адну немудрагелістую карчму - хто паабедаць, хто пагуляць у більярд, а хто проста папацягацца за дачкой карчмаркі, прыгожай паненкай, якая стаяла за прылаўкам, распараджалася гарэлкай і закускамі і перадавала замовы гасцей прыслузе. Афіцэрства рассыпалася на польскай мове ў ласках, на якія какетлівая дзяўчына адказвала направа і налева з павабнай добразычлівасцю. Адзін толькі бязвусы прапаршчык, нядаўна выпушчаны з корпуса, не мог прымаць удзелу ў вясёлых гутарках, таму што зусім не ведаў па-польску. Ён сціпла падышоў да паненкі і сказаў, каб яму падалі абед, але тая не адказала яму звычайным: "У тэн момант, пане". Прачакаўшы беспаспяхова з паўгадзіны, афіцэрык ізноў падыходзіць да панны з гэтай жа замовай, але яна застаецца нямая і не рухаецца з месца. Здзіўлены маўчаннем, прапаршчык спытаў: ці яна не разумее рускай мовы? На гэта паненка з пагардай працадзіла: "Я гэтай сабачай мовы не жадаю разумець". "Як вы смееце абражаць мяне, - зычна ўскрыкнуў малады афіцэр, стукнуўшы кулаком па прылаўку, наліваючыся крывёй. - Ды я вас так абражу, што ўсё жыццё памятаць будзеце". Паненка пабляднела і павалілася на крэсла ў істэрычных рыданнях. Але прапаршчык не сцішаўся і гучна заявіў, што ідзе да губернатара асабіста прынесці скаргу. ...Сцэна выйшла ... цяжкая, асабліва, калі бледную, як смерць, паненку выносілі ў поўнай непрытомнасці. Нарэшце ў справу ўмяшаліся афіцэры і з вялікай цяжкасцю ўгаварылі таварыша пакінуць без наступстваў "дурную выхадку", за якую ... жанчына магла б адчувальна паплаціцца». А вось другі гарадзенскі інцындэнт з афіцэрам у той жа дзень : «Праз грамадскі сад ён убачыў ідучых супраць яго трох цывільных маладзёнаў, якія спляліся рукамі і занялі ўсю шырыню алеі. Наблізіўшыся да афіцэра, усе ў адзін голас крыкнулі: "Прэч з нашай зямлі". Апынуўшыся тварам да твару з нахабнікамі, афіцэр пасля хвіліннай нерашучасці сышоў у бок … як растлумачыў ён, каб не ўздымаць скандалу, а можа быць, і таму, што сам быў тутэйшы і не хацеў падвяргаць непрыемнасці сваіх...» Падобныя сцэны ў гэты час апісваюцца ў мемуарах рускіх афіцэраў па ўсім краі [184].


На працягу 1862 г. прастора непасрэднага кантролю ўлады ў Царстве Польскім няўхільна сціскалася, і да сярэдзіны года яно ўжо не кіравалася з адзінага цэнтра рускай уладай. Да лета 1862 г. быў утвораны падпольны Нацыянальны цэнтральны камітэт, які ў верасні абвясціў сябе сапраўдным польскім урадам. Яму падпарадкоўвалася разгалінаваная арганізацыя ў колькасці прыкладна 20 тысяч чалавек, меўся ўласны адміністрацыйны апарат і падатковая служба [185]. Павялічвалася напружанне і на тэрыторыі былога ВКЛ. Падрыхтоўку паўстання ўзначаліў створаны ў Вільні Літоўскі правінцыйны камітэт. У склад камітэта ўваходзілі капітан генеральнага штаба Людвік Звяждоўскі (1829-1864, псеўданім Тапор), чыгуначны службовец Францішак Далеўскі (1825-25.04.1904 г., нарадзіўся ў фальварку Руднікі Лідскага павета), інжынер Уладзіслаў Малахоўскі (1827-1900, псеўданім Леан Варнэрке), студэнт матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта Эдмунд Вярыга (1840?-1902), доктар і мастак Баляслаў Длускі (1826-1905, псеўданім Ябланоўскі) і Кастусь Каліноўскі.

Рускі гісторык XIX ст. Бранцаў П.Д. пісаў пра Каліноўскага: « ...малады чалавек, 26 гадоў ад роду, сярэдняга росту, дужага целаскладу, меў стромкі, высокі лоб, чысты твар і выразныя вочы; насіў кароткія русыя валасы, зачасаныя назад. Каліноўскі меў вялікі розум і незвычайную сілу волі і характару. Гэта адзіны чалавек з усёй карпарацыі Літоўскага жонду, які быў бескарысліва адданы сваёй справе. Чалавека гэтага нельга было ні спалохаць, ні збіць з толку. Каліноўскі прама ішоў да сваёй мэты, не здрадзіў і не зганьбіў сябе ... баязлівасцю да самай смерці»[186].

31 ліпеня 1862 г., як і ў мінулым годзе, па ўсім краі прайшло святкаванне ўгодкаў Люблінскай уніі. У Вільні, каля Вострай Брамы, «сабралася шмат людзей рознага звання», сярод іх многія мужчыны былі апранутыя ў нацыянальныя строі, а жанчыны « ў белых сукенках, канфедэратках ці капялюшыках, упрыгожаных жывымі кветкамі і стужкамі...» Пасля малітвы частка людзей разышлася па хатах, а частка выправілася да Зялёнага моста, аднак паліцыя ім гэта не дазволіла. У той жа дзень у Лідзе «на звычайнай літургіі, сабралася ... багамольцаў больш, чым звыкла, прычым дамы былі апранутыя ў каляровыя сукенкі»[187].

10 жніўня 1862 г. віленская паліцыя затрымала адстаўнога службоўца Фелікса Колышку (брата Баляслава Колышкі). З дакладу сакрэтнага аддзела: « Адстаўны калежскі рэгістратар Фелікс Колышка, у адметным гарнітуры, а менавіта: у чамарцы шэрага сукна, падперазаны шырокім лакавым рамянём з белай металічнай бляхай, на якой намаляваны Арол і Пагоня ... у ботах з доўгімі лакавымі халявамі. Пры ператрусе ў Колышкі знойдзены ... заклік да жыхароў Вільні». Знойдзеная папера заклікала да супольнай малітвы за душы чарговых загінулых маніфестантаў. Са справы вынікае, што Колышка паходзіў з лідскай шляхты, скончыў 5 класаў Віленскай гімназіі, потым служыў у войску, звольнены з войска па асабістым рапарце, пры звальненні атрымаў чын калежскага рэгістратара і першапачаткова прыехаў да сваёй маці ў Ліду, а потым пераехаў у Вільню. Лідскі гараднічы сведчыў, што падчас жыхарства ў Лідзе паводзіў сябе добра, але падчас дэманстрацый у Лідзе разам з іншымі спяваў «абуральныя гімны» і насіў недазволеныя строі [188].


Для нас, беларусаў, вельмі цікавыя культурніцкія акалічнасці тых падзей. Менавіта зацікаўленасць да нашай мовы перад паўстаннем з боку мясцовай інтэлігенцыі прымусіла Назімава напісаць прапанову, якая абмяркоўвалася ў верасні 1862 г. у Радзе Міністраў. У сваёй запісцы ён прапанаваў выдаць маніфест, які б дазволіў кожнай народнасці даць «сродкі вольна і бесперашкодна развівацца ва ўласцівых ёй формах, характары і межах», атрымліваць адукацыю на сваёй мове ў мясцовасцях, дзе яна складае большасць насельніцтва. Назімаў спасылаўся на добры прыклад «аўстрыйскай Галіцыі», дзе праводзілася палітыка падтрымкі этнічнай самабытнасці галіцыйскіх русінаў - групы, што займала адну з нізавых пазіцый у сацыяльнай іерархіі Аўстра-Венгерскай імперыі. Такая палітыка праводзілася Габсбургамі ў піку тамтэйшаму польскаму дваранству (яна ўключала ў сябе і падтрымку духоўнай апоры заходніх украінцаў - уніяцкай царквы, якая, як мы памятаем, у нас была гвалтам ліквідавана яшчэ ў 1839 г.).

Кіруючыся гэтай схемай, віленская адміністрацыя зрабіла крок да прызнання этнічнасці летувісаў, кампактная маса якіх засяляла Ковенскую губерню. Апякун Віленскай навучальнай акругі ў верасні 1861 г. прапанаваў дапусціць у пачатковых школах «навучанне жмудскай грамаце» і пашырыць выданне малітоўнікаў, календароў і іншых кніг для «народнага» чытання на «жмудскай мове» (гэта мова да таго часу ўжо была прызнана ў якасці мовы пропаведзей у касцёле і пры навучанні Закону Божаму). Ці не першым сярод імперскіх адміністратараў Назімаў, хай і асцярожна, падняў пытанне і пра моўную самабытнасць беларусаў, якія афіцыйна лічыліся «рускімі». Назімаў дапускаў беларускасць як прамежкавую прыступку на шляху да выпрацоўкі рускай нацыянальнай самасвядомасці. Яшчэ ў 1859 г. вышэйшае цэнзурнае начальства забараніла друкаванне кніг на «беларускім прыслоўі» «польскімі літарамі», улада баялася польскай асіміляцыі беларускага насельніцтва. А ў 1862 г., у сувязі з абмеркаваннем праблемы польскага панавання ў каталіцкім касцёле, віленская адміністрацыя прапанавала перавесці асноўныя малітвы і кароткі катэхізіс на «беларускае прыслоўе». Па яе меркаванні, гэта павінна было прыпыніць пагрозу паланізацыі насельніцтва, якое руская адміністрацыя больш-менш устойліва называла «беларусы». Увесну 1863 г. па ініцыятыве апекуна Віленскай навучальнай акругі былі выдадзены «Аповяды на беларускім прыслоўі» - кніжка кароткіх павучанняў, закліканых даказаць, што беларусы - не палякі, а рускія. Гэта быў адзіны досвед праўрадавай прапаганды на нашай мове. Таксама пад эгідай Назімава была зроблена спроба заснаваць часопіс для народа на «мясцовым русінскім» прыслоўі (г.зн. на беларускай мове) [189].


У студзені 1863 г. у Царстве Польскім з нападаў паўстанцаў на кватэры рускіх войскаў у ноч з 10 на 11 студзеня (з 22 на 23 н. ст) пачалося масавае і зацятае паўстанне. Да вясны «мяцеж», як называлася паўстанне ўрадам, распаўсюдзіўся на Літву, заходнія і цэнтральныя мясцовасці Беларусі і нават Правабярэжнай Украіны. Часовы нацыянальны ўрад (Rząd Narodowy) абвясціў волю і роўнасць усіх грамадзян адноўленай дзяржавы, незалежна ад веравызнання і паходжання, а сялянам абяцаў права на зямлю, якую яны апрацоўваюць, з неадкладнай адменай усіх павіннасцей перад панамі. У асобных закліках да русінаў (г.зн. насельніцтва Беларусі і Украіны) ішла гаворка пра поўнае вызваленне і надзяленне зямлёй, а да яўрэяў - пра братэрскую любоў. Такім чынам, была зроблена спроба да згуртавання шырокага фронту сіл. Нягледзячы на недахоп узбраення і недастатковы досвед ваеннай арганізацыі ў баявых дзеяннях, нацыянальны ўрад, не выходзячы з падполля, здолеў узяць пад свой кантроль вялікую частку тэрыторыі, кантраляваць выкананне сваіх распараджэнняў, мець вялікую сетку надзейных агентаў у паштовым ведамстве і на чыгунках. Намеснік Царства Польскага, вялікі князь Канстанцін казаў: « Законны ўрад існуе толькі там, дзе ёсць войска. Дзе няма, там поўная самаўпраўнасць рэвалюцыі... Цэнтральны камітэт усюды і нідзе». Паўстанне прыняло аблічча партызанскай вайны, баявой адзінкай выступаў невялікі аддзел (у тэрміналогіі рускага ўрада, «шайка» ці «хеўра»), пераслед і знішчэнне якога ў лясістых і багністых мясцовасцях былі вельмі цяжкай задачай [190].


Імператар Аляксандр II у Пецярбургу асабіста паведаміў гвардыі пра пачатак паўстання. Вось як успамінаў пра гэта афіцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў (гэты полк і асабіста Воранаў потым удзельнічалі ў задушэнні паўстання на Лідчыне):

«Чуткі пра хваляванні ў Польшчы, якія распаўсюдзіліся напачатку 1863 г., пацвердзіліся пасля 11-га студзеня... Весткі пра тое, што здарылася ў Польшчы, былі перададзены ў Пецярбургу афіцэрам гвардыі асабіста Яго Імператарскай Вялікасцю, пасля таго, як яны атачылі Манарха ў Міхайлаўскім манежы, па заканчэнні разводу л.-гв. Ізмайлаўскага палка.

"Шматлікім з Вас, спадарства, - пачаў ... Імператар, - верагодна, не вядомы апошнія здарэнні ў Царстве Польскім. Я жадаю, каб вы даведаліся пра іх ад Мяне Самога.

Пасля таго як быў добра праведзены рэкруцкі набор ... у Варшаве з 6-га сталі з'яўляцца мяцежныя хеўры на абодвух берагах Віслы, для рассейвання якіх былі неадкладна пасланы атрады. Нарэшце з 10-га па 11-га па ўсім царстве, за выключэннем Варшавы, былі зроблены раптоўныя напады на войскі нашыя, якія стаяць па кватэрах... Аднак і пасля гэтых новых зладзействаў Я не жадаю абвінаваціць у тым увесь народ Польскі, ва ўсіх гэтых сумных падзеях Я бачу працу рэвалюцыйнай партыі, якая імкнецца паўсюдна да руйнавання законнага парадку. ...Я перакананы, што ... кожны з вас, адчуваючы і разумеючы ўсю святасць прысягі, выканае свой абавязак, як гонар нашага сцяга таго патрабуе... "»[191].

За нашу і вашу свабоду

Лідскі павет быў гатовы да паўстання, яго рыхтаваў Павятовы рэвалюцыйны камітэт у складзе:

- Канстанцін Геншаль з Волдацішак - старшыня камітэта, так званы «цывільны начальнік»;

- Вітольд Гажыч з Сегенеўшчыны - прадстаўнік Цэнтральнага камітэта ў Варшаве, з траўня павятовы камісар;

- Тамаш Шукевіч (павятовы суддзя) - павятовы камісар;

- Ксаверы Александровіч з Нявішы;

- Кароль Тышкевіч з Жырмунаў;

- Адольф Краінскі з Палашак;

- Эдвард Бердаўскі з Няпрахі;

- Юзаф Сумарок з Вярсокі;

- Уладзімір Паплаўскі з Ваўчынак;

- Эдвард Лазоўскі з Гірак;

- Стэфан Вільбік з Ліпкунцаў;

- Ансельм Патрыкоўскі з Ліды.

Усю перапіску і допісы павятовага камітэта захоўваў войт Тарноўскай воласці Севярын Якубоўскі. Лідскі камітэт непасрэдна падпарадкоўваўся Віленскаму рэвалюцыйнаму камітэту, які ўзначальваў Мікалай Гедройць (ваявода), а пасля яго арышту - Францішак Канаплянскі. Віленскі ваявода падпарадкоўваўся Рэвалюцыйнаму камітэту Літвы і яго старшыні - Зыгмунту Даленгу-Серакоўскаму [192].

Канстанцін Геншаль, сын Людвіка і Стэфаніі з Пуцілоўскіх, пасля заканчэння курса гімназіі ў Вільні вывучаў спачатку медыцыну, а потым матэматыку ў Пецярбургскім універсітэце. Ва ўзросце трохі болей за 20 гадоў стаў старшынёй павятовага паўстанцкага камітэта. Пасля паразы аддзела паўстанцаў Людвіка Нарбута перабраўся спачатку ў Вільню, а потым эміграваў у Парыж, дзе скончыў адукацыю і атрымаў дыплом доктара медыцыны. У 1870 г. браў удзел у французска-прускай вайне. На Лідчыну, у Волдацішкі, у 1920-х гадах вярнуліся яго сыны.

Гажыч Вітольд, сын Ежы, маршалка Берасцейскага павета, і Канстанцыі з Якубоўскіх, вучыўся ў Пецярбургу, а пасля паўстання - у Сарбоне (Парыж). У 24 гады вярнуўся на Лідчыну і стаў павятовым камісарам на Лідчыне. Быў арыштаваны і сасланы ў глыб Расіі, дзе і памёр ад тыфу.


Лідскі камітэт вербаваў прыхільнікаў, збіраў грошы, зброю, адзенне, правіянт i іншае, неабходнае для вядзення баявых дзеянняў. Камiтэт працаваў вельмі энергічна, i была сабрана дастатковая колькасць грошай, але ўзнiкалi праблемы з закупам узбраення i рыштунку, i тым не менш зброя таемна паступала з Прусii.

На пачатку лютага 1863 г. практычна ва ўсiх парафiях ксяндзы з амбона ўрачыста прачыталi манiфест Народнага камiтэта пра паўстанне, у цэлым манiфест быў прыняты з запалам.

Мiрон Бранiслаў Нарбут у нявыдадзенай частцы мемуараў пiсаў: «У Забалацкiм касцёле ксёндз-пробашч Зарэцкi пасля патрыятычнага казання прачытаў вернiкам манiфест. Пасля гэтага зазванiлi касцельныя званы i народ заспяваў "Цябе, Божа, хвалiм". Мне распавядалi, што на наступны дзень на пляцы перад касцёлам сабралiся больш за 300 сялян, якiя там чакалi тры днi, каб атрымаць зброю, якой, аднак, не было». Нарэшце некалькi дзясяткаў чалавек самастойна рушылi ў бок Марцiнканцаў i 16 лютага пад Нашкунцамi напалi на варту партыi рэкрутаў, якiх сiлком адпраўлялі ў глыб Расii. Канвой быў раззброены, а рэкруты адпушчаны па хатах. Пра вызваленне рэкрутаў дакладваў старшыня Эйшышскага рэкруцкага ўчастка лiдскаму земскаму спраўнiку [193].

Для пакарання з Вільні быў высланы моцны атрад. Назімаў загадаў начальніку Віленскай жандарскай каманды штабс-капітану Сямёнаву: « З-за ўзніклых беспарадкаў у некаторых мясцовасцях Лідскага павета прадпісваю ... неадкладна адправіцца з нададзенай у Ваша распараджэнне ваеннай камандай па чыгунцы да Алькенік, адкуль, праз Калеснікі і Салтанішкі, у вёску Забалаць і мястэчка Васілішкі, маеце арыштаваць там плябанаў Забалацкага і Васілішскага касцёлаў і даставіць іх у Вільню, таксама як абшарнікаў Гедройця, які пражывае ў Казіміраўцы, Шалевіча - у Сабакінцах, іншага Шалевіча - у Хадзілонях і Жураўскага - у Вензаўшчыне, эканома з маёнтка Гедройця - Шчуку, і пражываючага ў яго шынкара Міхала Балевіча, і маляра Фрыдрыха ... зрабіць у іх самы строгі ператрус, а гэтак жа зняць сведчанні з яўрэяў-сталяроў, якія знаходзяцца ў маёнтку Казіміраўка, ім вядомы падрабязнасці пра начальнікаў хеўры зламыснікаў, пра месца іх збору... Маеце дзейнічаць па акалічнасцях, затрымоўваючы ўсіх узброеных і падазроных асоб...»[194]. Штабс-капітан Сямёнаў 21 лютага арыштаваў Казіміра Гедройця з Казіміраўкі, Герарда Жураўскага з Вензаўшчыны, Цыпрыяна Шалевіча з Сабакінцаў, эканома маёнтка Казіміраўка Стэфана Шчуку і Фрэдэрыка Петарсона з Хадзілоняў. Ксяндзоў з Забалаці і Васілішак, а таксама Юзафа Шалевіча і шынкара Міхала Балевіча не арыштавалі, бо яны загадзя схаваліся. Віленская следчая камісія не змагла даказаць віну арыштаваных, а паколькі Мураўёў-вешальнік яшчэ не змяніў губернатара Назімава, усе былі адпушчаны пад строгі нагляд паліцыі.

Падобным жа чынам сітуацыя развівалася і ў Новым Двары: для арышту «падбухторшчыкаў» сюды быў высланы камандзір 42-га Данскога казачага палка падпалкоўнік Епіфанаў. 17 лютага ён арыштаваў ксяндза-пробашча Райцэвіча, ксяндза-вікарыя Каржанеўскага, капітана рэзерву рускага войска Уладзіслава Ваяводскага, жыхароў Дубічан Стэфана і Канстанціна Янкоўскіх, Эдвард Бердаўскага, Францішка Бжазінскага з сынамі Эдвардам і Зыгмунтам, Валентыя Мікульскага з сынам Баляславам, Яна Жавеўскага з Глыбокага, селяніна Аляксандра Арцюшкевіча і каваля Іосіфа Максімовіча, усіх «за ўдзел у бунце». У выніку ваенны суд прысудзіў ксяндза Каржанеўскага і Стэфана Янкоўскага да смяротнага пакарання (прысуд быў заменены на 12 гадоў катаргі), капітана Ваяводскага на 6 месяцаў арышту ў цвердзі Дынабург, Яна Жавеўскага да прымусовай службы на 3 гады ў войску, астатніх, за адсутнасцю доказаў, адпусцілі пад паліцэйскі нагляд [195].

У сваю чаргу, інфармацыйны бюлетэнь паўстанцаў № 4 ад 6. 03.1863 г. iнфармаваў пра падзеi на Лiдчыне: «У Лiдскiм павеце ў некалькiх каталiцкiх i ўсходняга абраду парафiях быў зачытаны манiфест i дэкрэты Цэнтральнага Камiтэта i Часовага Народнага ўрада. У вынiку чаго сяляне самi сабралiся ў лесе каля Забалацi, пачалi самастойна ўзбройвацца i чакаць указанняў. Пасля трох дзён… 11 лютага… высунулiся да Марцiнканцаў, дзе 16 лютага адбiлi рэкрутаў, якiх везлi па чыгунцы з Кангрэсуўкi [196]. Далейшы лёс рэкрутаў пакуль не вядомы. Потым 12, 13, 14 i аж да 24 лютага прайшлi арышты мясцовых жыхароў… Арышты рабiлiся ўзброенымi казакамi, якiя пры гэтым рабавалi вёскi i двары. Агiднасцi салдатаў дайшлi да найвышэйшай кропкi. Да 40 арыштаваных адвезена ў вiленскую цытадэль»[197].

Пра гэтыя падзеі на Лідчыне генерал-губернатар Назімаў пісаў біскупу Красінскаму, забараняючы ксяндзам зачытваць маніфесты рэвалюцыйнага камітэта: «Дайшлі да мяне звесткі, што ў Лідскім павеце, у мястэчку Васілішкі і ў вёсцы Забалаці, а таксама ў іншых касцёлах гэтай жа мясцовасці тамтэйшыя пробашчы і ... рыма-каталіцкае духавенства ... публічна зачытвае сялянам абуральны маніфест, у якім рэвалюцыйныкамітэт аддае ў іх поўную ўласнасць зямлю, якой яны карыстаюцца, і вызваляе сялян ад выканання рэкруцкай і іншых дзяржаўных павіннасцяў.

У выніку гэтага была адпраўлена ваенная каманда для спынення зламысных дзеянняў, я лічу абавязкам звярнуцца ... аказаць архіпастырскае Ваша садзеянне да ўстрымання духавенства ... ад дзеянняў нязгодных з пакліканнем духоўнага сану, для ахілення тым самым духавенства ад хуткай адказнасці за беспарадкі, якія ўзніклі ў выніку іх супрацьзаконных учынкаў»[198].


На Лідчыне стала неспакойна, «з'явіліся групы мяцежнікаў», і 21 лютага генерал-губернатар загадаў губернскаму паштмайстру адпраўляць пошту праз Мінскі і Лідскі гасцінцы толькі раз на тыдзень пад аховай моцнага канвою [199]. 22 лютага лідскі земскі спраўнік данёс Назімаву пра з'яўленне каля Начы « хеўры ўзброеных мяцежнікаў», невядома «адкуль яны прыбылі і куды ідуць... аднак носяцца чуткі, быццам бы накіроўваюцца ў вялікія лясы, прылеглыя да Троцкага павета», спраўнік паскардзіўся, што падначаленыя яму тутэйшы прыстаў 5-га стану маўчыць і не робіць аніякіх захадаў супраць паўстанцаў [200]. 6 сакавіка губернскі сакратар прыстаў 5-га стану Сухоцкі [201] быў звольнены за спагаду да паўстання, загадана правесці расследаванне і перадаць яго справу ў ваенны суд [202].


Людвiк Нарбут бываў на канспiрацыйных сходах у Лiдзе [203], весткi пра манiфестацыi ў Варшаве i Вiльнi ён пракаментаваў коратка: «Дарэмна трацiцца запал». Баявы афiцэр чакаў. I вось пры канцы 1862 г. брат Баляслаў прывёз яму ў Сербянiшкi адозву Цэнтральнага нацыянальнага камiтэта ў Варшаве з заклiкам да паўстання. Прачытаўшы адозву, Людвiк зняў са сцяны шаблю i пацалаваў. Хутка пасля гэтага ён паехаў у Вiльню, дзе сустрэўся з сябрамi рэвалюцыйнага камiтэта Лiтвы, якi рыхтаваў паўстанне ў Беларусi. Камiтэт шукаў афiцэраў з досведам i таму не захацеў адразу раскрываць Нарбута, яго баявы вопыт яшчэ спатрэбiцца. Людвiк вярнуўся дамоў i пачаў чакаць загаду i патаемна рыхтаваць i арганiзоўваць людзей, праводзiць вучэннi пад выглядам паляванняў. 13 лютага 1863 г. да яго прыбыў ганец Вiленскага камiтэта з загадамi, адным з загадаў Людвiк прызначаўся вайсковым начальнiкам Лiдскага павета. Атрымаў ён i загад пра пачатак паўстання. На кароткай сямейнай радзе бацька, стары Тэадор Нарбут, сказаў, што «належыць даць сваiх дзяцей на алтар Айчыне, бо яна ў iх мае патрэбу».

Нядоўга доўжылася падрыхтоўка да ад'езду, усё ўжо было гатова. Перад ад'ездам сабралася ўся вялiкая сям'я Нарбутаў. Людвiк быў апрануты ў старую камiзэльку, падбiтую аўчынай, i ўзброены рэвальверам, на баку вiсела старая каўказская шабля. Сястра Тэадора ўручыла яму харугву, вышытую ўласнымi рукамi, а ён перадаў ёй манiфест Камiтэта для ксяндза з Начы, каб заўтра прачытаць вернiкам. Людвiк захоўваў поўны спакой i пасля блаславення бацькамi i развiтання з маладой жонкай i сваякамi ў суправаджэннi брата Баляслава i шасцi блiзкiх паплечнiкаў - сяброў маладосцi i сялян роднага маёнтка - з'ехаў з хаты. Праз некалькi кiламетраў ад хаты, у Салапацiскiм лесе, каля эйшышскага гасцiнца, атрад спынiўся - тут было месца збору паўстанцаў.

Назаўтра, 14 лютага, сястра Тэадора прыехала да нацкага пробашча ксяндза Готаўта i перадала яму манiфест. Готаўт у той жа дзень зачытаў манiфест паўстанцаў, а потым нейкую афiцыйную паверу, падпiсаную губернатарам Назімавым. Гэта яго i ўратавала, бо ўся парафiя потым пад прысягай пацвердзiла, што ён чытаў нейкi ўказ генерал-губернатара i больш нiчога [204].


У першы лагер нарбутаўцаў, заложаны за тры вярсты ад Начы, у ноч з 13 на 14 лютага з групай у сем чалавек прыйшоў Леў Краiнскi з Грышанiшак. Усе разам перайшлi ва ўрочышча Сабалюнцы, хутка сюды ксёндз-вiкары эйшышскага касцёла Стэфан Юзаф Гарбачэўскi прывёў з сабой 17 сялян, i такiм чынам атрад вырас да 32 байцоў [205]. Да канца лютага атрад павялiчыўся да 70 чалавек, i ў Сабалюнцах ксёндз Гарбачэўскi прывёў байцоў да прысягi. Палова атрада складалася з дробнай шляхты Лiдскага i Ашмянскага паветаў, другой паловай былi школьная моладзь, адстаўныя вайскоўцы i сяляне.

Сяляне забяспечвалi атрад харчаваннем i паведамлялi пра перасоўваннi рускiх войскаў. За дапамогу Нарбуту пасля паразы паўстання было пакарана ўсё насельнiцтва чатырох вёсак: Паддуб'е, Кракшлi, Зубрава i Лiнiца - знiшчаны ўсе пабудовы гэтых вёсак, а сем'i сасланы ў Сiбiр [206].

Галоўнай зброяй атрада былi паляўнiчыя стрэльбы, шмат хто быў узброены толькi косамi. Лепшага ўзбраення таго часу - штуцараў i карабiнаў з наразной руляй - было няшмат, у асноўным гэтую палепшаную зброю закуплялi за мяжой цi здабывалi ў баі. Галоўны склад зброi атрад меў у Як'янцах (каля Шаўроў) у леснiка Юзафа Банюшкi, былi склады ў Казiмiра Гедройця ў маёнтку Казiмiраўка i ў Альфонса Шэлкiнга з Забалацi.

Аднастайнага абмундзiравання не было. Большасць амунiцыi iшла ад Вiленскага камiтэта праз доктара Тэраевiча з Салтанiшак, пастаўкамi займалася i сястра Людвiка Тэадора Манчунская (у расейскiх дакументах - Манджунская). Яна разам са сваёй сяброўкай Антанiнай Табенскай тры разы ездзiла ў Вiльню да агента камiтэта Верблеўскага. У яго яна брала порах i свiнец, а потым цэлымi вазамi прывозiла ў атрад. Адзiн раз Тэадора прывезла нават дзве гарматы. Гэтыя дзве мужныя жанчыны залучылi ў атрад двух расiйскiх афiцэраў - падпаручнiкаў Нiкалаi i Клiмантовiча, праз iх прыйшлi да Нарбута i некалькi лiтоўскiх патрыётаў (Скiрмунт i iнш.). Рэгулярна прадукты падвозiў стары селянiн з Шаўроў - Мацей Някрэтовiч. За ўсе пастаўкi ад сялян Нарбут плацiў гатоўкай [207].

Любыя выпадкi недысцыплiнаванасцi, дэзерцiрства i непаслушэнства з самага пачатку камандзiр сурова караў. Паказальным стаў выпадак з дэзерцiрам шляхцiцам Рыло з фальварка Рубiкi (з-пад Тарнова). Ён далучыўся да атрада на пачатку паўстання i служыў пры камандзiру як выведнiк. Разам з селянiнам па прозвiшчы Iкасала ён прыйшоў да пробашча дубiцкага касцёла Калiкста Ставiцкага i перадаў яму нiбы просьбу Нарбута аддаць камандзiру гадзiннiк, бо свой ён нiбы страцiў. Калi ксёндз адмовiўся аддаць гадзiннiк, дэзерцiры адвялi яго ў пушчу i прывязалi да дрэва, а самi вярнулiся ў плябанiю i абрабавалi яе. Якраз у момант рабавання яны былi арыштаваны байцамi атрада. Пасля кароткага ваенна-палявога суда рабаўнiкоў высеклi розгамi i пакаралi: яны сабе самi выкапалi магiлу i былi жыўцом закапаныя дагары нагамi.

Малады паўстанец Навiцкi (20 гадоў) заснуў на пасту, i суд прысудзiў яго да расстрэлу. Толькi заступнiцтва ксяндза-капелана Гарбачэўскага выратавала жыццё маладому байцу, але назаўтра, падчас бiтвы пад Руднiкамi, Навiцкi гераiчна загiнуў. Нарбут даводзiў мясцовым жыхарам, што злачынцаў i рабаўнiкоў трэба затрымоўваць i перадаваць паўстанцам, а калi паўстанцаў побач няма, дык перадаваць iх нават камандзiрам частак рускага войска для пакарання.

Людвiк Нарбут не шкадаваў i сябе. Па ўсёй Лiтве людзi пераказвалi наступную гiсторыю: «Паўстанцы даведалiся, што адзiн са зборшчыкаў грошай - здраднiк, якi ў чаканнi, што да яго за грашамi прыедзе сам камандзiр, схаваў у сябе 40 казакоў. Ведаючы гэта, паўстанцы атачылi двор здраднiка, i толькi пасля гэтага камандзiр разам са сваiм ад'ютантам Краiнскiм прыехаў да яго. Гаспадар радасна сустрэў Нарбута з ад'ютантам i правёў яго ў хату, дзе паўстанцы былi схоплены казакамi. Афiцэр казакоў, дэманструючы сваю павагу да палоннага Нарбута, прапанаваў яму, як баявому афiцэру, застрэлiцца, i таму пакiнуў палоннага аднаго ў пакоi з рэвальверам. Нарбут зачынiў дзверы i… стрэлiў у акно. У двор з усiх бакоў уварвалiся паўстанцы i хутка раззброiлi казакоў. Тады прыйшоў час Нарбуту выявiць шляхетнасць. Ён адпусцiў усiх i нават аддаў казакам здраднiка, якога яны самi правучылi бiзунамi»[208].


Праз тое, што большасць байцоў не мела баявой вывучкi, атрад стаў абозам у Нацкай пушчы (ва ўрочышчы Сенiца), памiж Дубiчамi i Грыбашамi, i Нарбут пачаў навучаць сваiх байцоў ваеннай справе.

Падчас знаходжання ў Дубiцкiм лагеры Нарбут зрабiў са свайго атрада баявую адзiнку: прызначыў афiцэраў i унтэр-афiцэраў, даў людзям першасную баявую падрыхтоўку.

Прыкладная структура аддзела:

Пяхота:
2-3 звязы стральцоў. Не больш за 250 чалавек;
3-4 звязы касінераў;
1 звяз карабінераў.

Кавалерыя:
1-2 звязы. Каля 30 шабель.

Тыл, штаб і г.д.:
20 чалавек.

Усяго: Каля 300 чалавек.

Штаб складаўся з:

• ад'ютанта камандзiра, якi быў адначасова начальнiкам штаба, - Леон Краiнскi [209] з Грышанiшак;

• другога а'ютанта - Баляслаў Нарбут, родны брат Людвiка;

• iнтэнданта, так званага ваеннага камiсара - Ансельм Патрыкоўскi з Лiды;

• капелана атрада - ксёндз Стэфан Юзаф Гарбачэўскі;

• лекара атрада - доктар Аляксандр Бразоўскi з Гурнофеля;

• майстар па зброi атрада - невядомы паўстанец.

Камандзiрамi звязаў былi Баляслаў Францкевiч, Аляксандр Скавiнскi, Уладзiслаў Пiлецкi, Уладзiслаў Навiцкi, Пётр Янкоўскi, Уладзiслаў Нiкалаi i iнш. Наогул, афiцэрскi корпус складаўся пераважна з былых афiцэраў рускага войска, але быў i эмiгрант, выпускнiк школы падхарунжых у Гунеа - Бразоўскi. Непасрэдна падчас баявых дзеянняў, за заслугi, афiцэрамi сталi Мiхал Андрыёлi, Баляслаў Нарбут, Пiлецкi.

Касiнеры, узброеныя косамi, паходзiлi ў асноўным з сялян. Каса, выстаўленая паралельна тронку, была звыклай сялянскай халоднай зброяй пры рукапашнай сутычцы, касой рабiлiся страшэнныя раны. Падчас бою мастацтва камандзiра складалася ў тым, каб не падставiць касiнераў пад агонь агнястрэльнай зброi i ўвесцi iх у бой толькi для рукапашнай сутычкi. Па-за боем касiнеры неслi вартавую i выведвальную службу, прычым часта iх выкарыстоўвалi парамi са стральцамi: адзiн касiнер i адзiн стралец.

Стральцы атрада паходзiлi з шляхты i леснiкоў. Зброя - паляўнiчыя стрэльбы, на якiя мацавалi самаробныя багнеты для рукапашнага бою.

Карабiнеры - адборная пяхота паўстанцаў, большасць карабiнераў раней служылi ў войску. Узброены былi ненаразнымi карабiнамi i наразнымi штуцарамi, зброя для iх адмыслова закуплялася або здабывалася ў баі. З прычыны малой колькасцi ўзбраення карабiнераў было няшмат.

Кавалерыя - галоўным чынам шляхта на ўласных конях, з уласным рыштункам i зброяй. Узброены кавалерысты паўстанцаў былi па-рознаму, у асноўным - паляўнiчымі стрэльбамі, рэвальверамі або старымі пiсталетамі, шаблямі.

Байцы абозу, тылу, дапаможны аддзел пры неабходнасцi ваявалi як звычайная пяхота. Пра паўстанцаў напiсаў сябра Народнага жонду Гiлер: «…ад станка, ад плуга, са школы, з бацькоўскай хаты… кожны з iх ведаў, што калi яго зловяць маскалi, то ён будзе павешаны або высланы ў Сiбiр. I ледзь апынуўшыся ў лесе, быў змушаны неадкладна ваяваць, не валодаючы зброяй i не ведаючы тактыкi бою»[210].


У 1863 г. расiйскае войска на нашай тэрыторыi складалася з дывiзii лейб-гвардыi генерала Быстрома, якая прыбыла з Пецярбурга ў Вiльню, i з 1-га корпуса пяхоты генерала Лабанцава, якi складаўся з трох дывiзiй пяхоты, дывiзii кавалерыi, корпуснай артылерыi i некалькiх палкоў казакоў. Корпус размяшчаўся па ўсiм краi, ад Лiбавы да Мінска i Смаленска. Агульная колькасць расiйскага войска ў гiстарычнай Лiтве была каля 60 000 чалавек, гэтыя войскi былi добра ўзброеныя, абучаныя i мелi рэальны баявы досвед.

У сувязi з выбухам паўстання ў Царстве Польскiм генерал-губернатар Назімаў 10 лютага ўвёў ваеннае становiшча. Даведаўшыся пра «хеўру», генерал-губернатар Назімаў яшчэ 18 лютага выслаў атрад штаб-капiтана Струкава ў складзе роты пяхоты i паўэскадрона ўланаў «для ачышчэння Лiдскага павета ад бунтароў». Але Струкаў не знайшоў паўстанцаў. Тады быў высланы лятучы атрад палкоўнiка Вiмберга ў складзе роты пяхоты i 30 казакоў.


У канцы лютага ад паселiшча да паселiшча, начуючы ў шляхецкiх фальварках, атрад Нарбута пайшоў у Руднiцкую пушчу, натуральны стан якой рабiў з яе прыродную крэпасць. Недалёка ад Начы за iнфармаванне расiйскiх улад паўстанцамi быў павешаны нацкі тысячнiк Антонi Казёл [211]. У 1933 г. у Кавальках быў запiсаны аповед селянiна гэтай вёскi Францiшка Сянкевiча (84 гады). Ён распавёў, што тысячнiк Казёл пiсьмова паведамляў уладам пра атрад Нарбута. Калi пра гэта стала вядома, Нарбут дараваў яму жыццё, прыняў ад яго прысягу i далучыў да атрада. Падчас знаходжання атрада ў Салтанiшках Казёл знаходзiўся ў пiкеце. Калi па дарозе праходзiў жабрак, ён перадаў праз яго цыдулку расiйскiм уладам з iнфармацыяй пра месцазнаходжанне атрада. Жабрака затрымаў на дарозе iншы паўстанец i знайшоў цыдулку. За здраду Казёл быў павешаны каля населенага пункта Высокае [212]. З рапарта начальнiка штаба 2-й гвардзейскай пяхотнай дывiзii ад 2 (15) сакавiка 1863 г.: «Хеўра гэтая, iдучы з вёскi ў вёску, начуючы ў абшарнiцкiх фальварках i шляхецкiх ваколiцах, аб'яўляла сялянам розныя пракламацыi рэвалюцыйнай партыi i вербавала саўдзельнiкаў…»[213] А вось як апiсваў перасоўванне атрада Нарбута адзiн з ягоных iнсургентаў: «Наперадзе атрада хутка рухалiся два маладыя байцы. Карабiны iх гатовыя да бою, канфедэраткi схаваны, яны ўважлiва аглядаюць мясцовасць. За iмi на адлегласцi 300-400 крокаў iдзе авангард атрада, за авангардам - асноўныя сiлы. …паўстанцы па-рознаму апрануты, што надае атраду дзiўны выгляд, вось шляхцiц у сiняй вопратцы з накiнутым на плечы лiсiным футрам, у яго дарагая паляўнiчая стрэльба, новы рэвальвер i прадзедаўская шабля на баку. Побач з iм селянiн. На iм доўгая, да каленаў белая камiзэлька, падперазаныя чорным поясам, блакiтная канфедэратка, абабiтая чорным футрам, праз плячо на шпагаце замест рэменя старая крамянёвая стрэльба… i побач з iмi маленькi худы яўрэй» [214].

Бітва пад Рудняй

У першых днях сакавiка недалёка ад Воранава быў арганiзаваны напад на пошту, якая рухалася з Вiльнi ў Лiду, аднак напад быў няўдалы.

9 сакавiка ў вёсцы Вясенчы расiйскiя атрады Струкава i Вiмберга злучылiся.

Цэлы дзень 8 сакавiка паўстанцы адпачывалi. Досвiткам 9 сакавiка, пасля звыклага ранiшняга набажэнства, якое правёў ксёндз Гарбачэўскi, атрад выступiў у паход, а праз дзве гадзiны выйшаў да Вiленскага гасцiнца. Тут, зусiм блiзка ад Вiльнi, было вырашана зрабiць засаду i такiм чынам паведамiць пра сябе насельнiцтву i ўладам. Нарбут выслаў узвод карабiнераў Скавiнскага для дэманстрацыi ў напрамку Руднi, каб падняць пярэпалах i прымусiць сцягнуць туды рускiя войскi. Мястэчка Рудня знаходзiцца на рацэ Мерачанка, недалёка ад Руднiцкай пушчы, на берагах ракi ў той час ляжалi ствалы дрэў, прызначаныя для сплаву. Нарбут паставiў два ўзводы стральцоў у засаду на лясной высечцы сярод складзеных ствалоў дрэў, а касiнераў пакiнуў у лесе, як меркавалася, у тыле будучага баявога парадку маскалёў. Рускi атрад рушыў на Нарбута дзвюма калонамі. Першая калона - войскi штаб-капiтана Струкава - рухалася праз Папiшкi, Калiтанцы, Рудню на Гудэлi. Другая калона пад камандаваннем палкоўнiка Вiмберга спрабавала перакрыць шляхi адыходу на поўнач i атачыць паўстанцаў. У Руднi свайму атраду Вiмберг зрабiў адпачынак, i толькi каля 18.00 iзноў рушыў у бок лесу, дзе казакi раптам наткнулiся на ўзвод Скавiнскага. Адстрэльваючыся, карабiнеры пачалi адыходзiць да паляны, дзе ў засадзе знаходзiлiся галоўныя сiлы. Калi казакi наблiзiлiся, Нарбут закамандаваў: «Агонь!» Казакi пачалi адыходзiць, а маладыя байцы, натхнёныя гэтым, кiнулiся iх пераследаваць. Тым часам з iншага боку, ад лiдскага гасцiнца, з'явiлася калона Струкава i пачала перакрываць атраду адыход да лесу. Таму Нарбут адвёў свой атрад да лесу, падчас гэтага адступлення пад iм быў забiты конь. Пачаўся новы бой, перастрэлка перайшла ў рукапашную сутычку. I калi паўстанцы пачалi адыходзiць, у левы фланг рускiх з крыкамi «Езус! Марыя! Юзаф!» ударыў атрад касiнераў. Бой разгарэўся з новай сiлай. У вынiку рускiя войскi адышлi да Руднi. Паўстанцы страцiлi 4 чалавек забiтымi, i пасля iх пахавання з набажэнствам кс. Гарбачэўскага атрад Нарбута адышоў углыб Руднiцкай пушчы. У гэтым баі iнсургенты захапiлі некалькi штуцэраў [215].

Паводле iнфармацыi «Вiленскага веснiка» № 24 ад 07(21).03.1863 са спасылкай на «Рускага iнвалiда» № 44, страты рускiх войскаў склалi: 3 салдаты лейб-гвардзейскага маскоўскага палка i 1 казак, былi ўзяты трафеi: 3 фузii i 3 касы [216].

Начальнiк штаба 2-й гвардзейскай пяхотнай дывiзii ў рапарце ад 2 (15) сакавiка 1863 г. пра гэты бой дакладваў: «У нас паранена падчас перастрэлкi i… пры наступе на лес чатыры чалавекі: трое радавых л.-гв. Маскоўскага палка i адзiн казак. З iх адзiн радавы… атрымаўшы рану ў жывот, памёр на наступны дзень, iншыя… лечацца. У мяцежнiкаў забiта чатыры чалавекі, лiк параненых невядомы… На наступны дзень у лесе i каля вёскi захоплена… 10 чалавек. Па сведчаннях захопленых… мяцежнiкi падчас сутычкi мелi каля 80 чалавек»[217].

На наступны дзень Вiмберг шукаў паўстанцаў па ўсёй пушчы, але знайсцi не змог, былi ўзяты ў палон байцы, якiя iшлi на выведку ў бок Вiльнi. А Нарбут у гэты ж дзень напаў на роту лейб-гвардыi на дарозе да Нацкай пушчы, у сутычцы некалькi гвардзейцаў былі забiтыя, паўстанцы захапiлi некалькi штуцэраў i хутка адступiлi. Менавiта пасля гэтых баёў на вулiцах Вiльнi з'явiлiся атрады рускiх войскаў з гарматамi. У горадзе хадзiлi радасныя чуткi пра тое, што Нарбут разбiў маскалёў, у касцёлах служылася «Te Deum» [218].

З Вiльнi сталi пасылаць роту за ротай для падмацавання войскаў на поўначы Лiдчыны. На дапамогу Вiмбергу з Вiльнi на вазах прывезлi роту пяхоты лейб-гвардыi, а па чыгунцы ў Алькенiкi прыбыла рота Фiнляндскага палка пяхоты.

Вiмберг са сваiмi войскамi вярнуўся ў Вiльню шукаць атрад Нарбута, замест яго з Вiльнi прыбыў палкоўнiк Епiфанаў з ротай пяхоты Паўлаўскага гвардзейскага палка i казакамi. Паўстанцы, не ўступаючы ў бой, адступiлi ў Дубiцкую пушчу, i рускiя войскi не змаглi iх знайсцi. У «Вiленскiм веснiку» № 30 ад 7(21).03.1863 г. была абвешчана iнфармацыя наступнага зместу: « Камандзiр 42-га Данскога палка палкоўнiк Епiфанаў, высланы знiшчыць рэшткi банды Нарбута, разбiтай палкоўнiкам Вiмбергам пад Рудняй, прайшоў на працягу 10 дзён у розных напрамках вялiкую частку Лiдскага i Троцкага паветаў, але нiдзе не знайшоў паўстанцаў. Як вынiкае з гэтай iнфармацыi, банда Нарбута канчаткова рассыпалася, а ён сам i кс. Гарбачэўскi збеглi ў Царства Польскае».

Тым часам iнсургенты даведалiся, што партыя рэкрутаў павiнна прайсцi праз Шчучын на Гродна, i пакiнулi дубiцкi лагер, каб стаць у засаду каля Берштаў. Аднак iнфармацыя пра рэкрутаў была памылковая, таму атрад спынiўся ў новым лагеры ў раёне Зубрава - Дубiчаны, тут камандзiр iзноў заняўся баявой падрыхтоўкай.

Падзеі ў Гродне

Увечары 14 сакавiка начальнiк чыгуначнай станцыi Гродна капiтан рэзерву расiйскага войска Лявон Кульчыцкi разам з некалькiмi дзясяткамi добраахвотнiкаў захапiў гатовы да ад'езду цягнiк, каб даехаць да Парэчча i злучыцца з атрадам Нарбута. У Парэччы iх ужо чакаў Баляслаў Нарбут. «Вiленскi Веснiк» № 25, 09(22).03.1863: «У суботу… у 10 гадзiн вечара, начальнiк станцыi чыгункi ў Гродне Кульчiцкi, сабраўшы зламысную банду, спрабаваў выклiкаць беспарадкi на станцыi i з'ехаць з горада на падрыхтаваным цягнiку… Аднак размешчаная на станцыi рота не дапусцiла гэтага. Начальнiк станцыi i 8 чалавек здолелi з'ехаць на лакаматыве. Кульчыцкi i яго таварышы, не даехаўшы да станцыi Парэчча, кiнулi лакаматыў на дарозе i сышлi ў лес. Машынiст i качагар не пагадзiлiся iх везцi i збеглi».

З рапарта флiгель-ад'ютанта палкоўнiка графа Бобрынскага да камандуючага войскамi бачна, што 15 сакавiка, каля 10 гадзiн вечара, патруль, пасланы з гродзенскай станцыi чыгункi ў напрамку моста праз Нёман, паведамiў, што каля дзяжурнага лакаматыва знаходзяцца невядомыя людзi. Незвычайнае ў начны час перасоўванне людзей i паравоза зацiкавiлi камандзiра роты, i ён, пакiнуўшы варту каля тэлеграфа, са сваiмi салдатамi рушыў да паравоза. Салдаты былi сустрэты стрэламi iнсургентаў (каля 100 чалавек). Машынiст паравоза Вiнтар i качагар адчапiлi паравоз ад падрыхтаваных для ад'езду вагонаў, таму калi Кульчыцкi сам пусцiў паравоз, дык з'ехалi толькi 8 паўстанцаў, якiя былi на паравозе. Астатнiя былi акружаны расiйскiмi войскамi, 2 чалавекі ўзяты ў палон, астатнiя схаваліся ў горадзе, расейцы «захапiлi 16 ружжаў, косы, шаблi, 1 пуд 30 фунтаў пораху». Потым у горадзе былi арыштаваны яшчэ 46 iнсургентаў [219].

Аналагiчны выпадак адбыўся i з выправай вiленскай моладзi: 21 сакавiка 60 паўстанцаў былi атакаваны атрадам (рота пяхоты i сотня казакоў) палкоўнiка Алхазава каля вёскi Мiцкiшкi Троцкага павета. У вынiку няроўнага бою 17 паўстанцаў былі забiтыя, частка трапiла ў палон i толькi меншая частка на чале з мастаком Мiхалам Эльвiрам Андрыёлi здолела вырвацца i дайсцi да Нарбута [220].

Пра сустрэчу з паўстанцамі Андрыёлі пазней распавёў у лісце да Уладзіслава Міцкевіча, сына знакамітага паэта: « Сярод бору бліснуў ствол стрэльбы, а пасля мы ўбачылі пешы пікет. Мы яшчэ не дайшлі да яго, як з глыбіні лесу пачуліся воклічы і праз хвіліну адтуль вывалілася купка ўзброенай моладзі. Разнастайнасць адзення, чырвоны колер, старыя світкі, упрыгожаная срэбрам і золатам зброя, дзёрзкія загарэлыя асобы і гучная весялосць так уразіла нас, што ад гэтага жывапіснага відовішча мы доўга не маглі апамятацца». Лагер знаходзіўся на востраве сярод балот Нацкай пушчы. Прыбыўшых па грэблі правялі ў лагер, дзе іх з'яўленне выклікала агульнае ажыўленне. У невысокім чалавеку ў шэрай вопратцы і белай канфедэратцы на галаве, з шабляй на баку Андрыёлі пазнаў «некалі майго калегу, а цяпер правадыра Нарбута. Ведаў яго маладым хлопцам, а тут пабачыў пасталелым, дарослым чалавекам... Людзі, адарваныя ад знешняга свету, убачыўшы каго-небудзь, хто адтуль прыбыў, з цікавасцю ловяць навіны. Чалавек, які быў табе абыякавы, цяпер робіцца дарагім. Міжволі марыш аб спакойных часах, а тут вакол лес і царскія салдаты, і ты не ўпэўнены ў тым, ці не будзе раніцай на гэтым месцы ляжаць твой труп. Агонь, які падтрымліваецца вялікімі калодамі, весела трашчыць і гуляе з ветрам. Варушацца галіны дрэў над нашымі галовамі. Пад магутнымі стваламі хаваюцца дзеці Літвы. Дзівяцца навакольныя дрэвы, бо тут гучна і весела, а з іх верхавін бачныя маскоўскія штыкі, што неўзабаве будуць пратыкаць грудзі адважнай моладзі. Пытанні і адказы сыплюцца як шалёныя.

Пад шатамі высокіх дрэў ляжаць у беспарадку дываны і скураныя падушкі, сакваяжы, зброя, карты, паперы, алей і гарэлка. Месца начальніка выслана лепш. Ён сам, прыжмурыўшы вочы, сядзіць, абапіраючыся на пень, і прыслухоўваецца да размоў. З іншага боку вогнішча разліваецца чай, і дзяжурны афіцэр з абозным разносяць яго і частуюць сяброў. Так моцна, жыва, шырока - упершыню за многія гады, гучна і свабодна вымаўляем мы: Свабода, Літва, Братэрства. Усё вельмі радуюцца, не відаць сумных асобаў».

Узбуджаныя паўстанцы не жадалі спаць. Андрыёлі на гармоніку зайграў нешта вясёлае, ногі пусціліся ў скокі. Нарбут дазволіў танцаваць: « Ну, хлопцы, хоць да раніцы, бітвы раніцай не будзе». І Андрыёлі граў, пакуль не стаміліся рукі. Толькі пасля гэтага паўстанцы ляглі спаць [221].


У палове сакавiка Нарбут выслаў частку свайго атрада ў раён Забалаць - Нача - Волдацiшкi для папаўнення добраахвотнiкамi. Тут, на загад камандзiра, за здраду быў павешаны пiсар з Забалацi. 21 сакавiка ў Сурконтах да атрада далучыліся 10 сялян, а Нявера з Пелясы прывёў 11 добраахвотнiкаў у Волдацiшкi, маёнтак Геншаля. Стэфан Вiльбiк [222] як вандруючы музыка, са скрыпкай у руках, абышоў увесь раён Нача - Эйшышки - Радунь, усюды вербаваў байцоў i накiроўваў iх у атрад да Нарбута. Пра з'яўленне iнсургентаў 27 (14) сакавiка ў Вiльню паведамiў i лiдскi ваенны начальнiк: «Па атрыманых мною звестках, у… павеце, у Радунскiм прыходзе, якi мяжуе з лясамi Гарадзенскага павета, блукаюць групы мяцежнiкаў… у ваколiцу Сурканты… мяцежнiкi ў значнай колькасцi, узброеныя пiсталетамi i двухстволкамi, прыйшлi ў суботу 9 сакавiка каля поўдня… увялi 10 чалавек, праходзiлi таксама праз Пелясу Барцянскую ў ½ вярсты ад Суркантаў, дзе былы дзясятнiк Нявера… угаварыў на мяцеж 10 чалавек казённых сялян, абяцаў прывесцi iх у вёску Волдацiшкi абшарнiка Геншаля, дзе мяцежнiкi збiралiся начаваць, (але) быў прагнаны абшарнiкам Геншалем.

…гонар маю дадаць, што для пераследу… фармаванай… абшарнiкам Нарбутам i ксяндзом Гарбачэўскiм мяцежнай хеўры, якая павялiчылася на даволi значную колькасць людзей, я свае часткi камандзiраваць не рашаюся, бо… неабходна мець варту ў астрозе, у казначэйстве, пры парахавым склепе i ў iншых месцах - для гэта неабходны дзве роты, а калi адкамандзiраваць адну роту, дык астатняе войска… будзе слабой абаронай горада, не магчыма будзе мець начныя патрулi… i таму для пераследу мяцежнiкаў я маю гонар прасiць распараджэння Вашага Высакаправасхадзiцельства.

За ваеннага начальнiка Маёр /подпiс/».

Рэзалюцыя генерал-губернатара на рапарце:

«Адначасова паслаць з Вiльнi i Гродна два атрады, у кожным па адной роце пяхоты i па 50 казакоў. Даручыць камандаванне падпалкоўнiку Епiфанаву…»[223]

З даклада добра відаць працу паўстанцаў па дэзынфармацыi супрацiўнiка, Геншаль якраз i быў «цывiльным начальнiкам Лiдскага павета».

Бой паміж маёнткамі Дубічы і Глыбокае

Вось як апiсваў выправу з Вiльнi на Лiдчыну афiцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў: «Збор рот у экспедыцыю не абцяжарыў адпраўлення, таму што быў самым кароткiм; людзi не бралi з сабой ранцаў, a замест iх мяшкi з сухарамi, хлебам i самымi неабходнымi рэчамi, на арцельныя вазы паклалi катлы, крупу i розныя запасы. Афiцэры таксама не дазвалялi сабе запасацца нiчым лiшнiм: лямец са скураной падушкай, лiшняя пара ботаў… былi iх адзiным камфортам. Праз тры гадзiны атрад выступiў з кашараў, a ў 7 гадзiн ужо ехаў па чыгунцы. Перад адпраўкай цягнiка капiтан Цiмафееў распарадзiўся спыняць цягнiк па яго камандзе, a на лакаматыў загадаў паставiць 5 выдатных стралкоў з зараджанымi стрэльбамi»[224].

Нарбут не планаваў новых сутыкненняў, бо думаў, што на Вялiкдзень, які ў той год святкаваўся ў адзін дзень (12 красавiка - каталiцкi i 30 сакавiка (па старым стылі) - праваслаўны), улады не будуць пачынаць баявых дзеянняў. 7 красавiка атрад паўстанцаў знаходзiўся ў маёнтку Рачкоўшчына, адтуль пайшоў да Шчучына, дзе нейкi час стаяў лагерам, а далей праз Новы Двор перайшоў да Глыбокага, побач з Гарадзенскай пушчай.

Ужо 10 красавiка капiтан Цiмафееў на чале дзвюх рот Паўлаўскага лейб-гвардзейскага палка i паўсотнi казакоў выйшаў з Лiды да Берштаў для пошуку Нарбута, 13 красавiка з той жа мэтай з Гродна высунуўся палкоўнiк Вернер на чале трох рот Калужскага палка пяхоты, эскадрона Курляндскага палка ўланаў i сотнi казакоў. Нарбут, дазнаўшыся пра гэтыя перасоўваннi расiйскiх войскаў, разбурыў мост на рацэ Котры каля Берштаў i праз Пiлоўню (Пiлоўня - засценак на рацэ Нявiша, 10 км ад Новага Двара) накiраваўся да лагера ў Гарадзенскай пушчы.

Капiтан Цiмафееў 11 красавiка прыбыў у Бершты, тут рускiмi войскамi быў павешаны солтыс i пiсарчук [225]: «…неўзабаве была атрымана iнфармацыя, што каля вёскi Бершты мяцежнiкi разабралi мост на рацэ Котра. Даведаўшыся пра гэта, начальнiк атрада загадаў ротам паскорыць крок i разабраць хлеб на рукi з пакiнутых фурманак, на падводы пасадзiць людзей з шанцавымi прыладамi для папраўкi моста, сам жа з 35 казакамi накiраваўся рыссю ў Бершты… мост… быў разбураны; палi моста засталiся ў цэласцi, бэлькi былi надсечаныя, a насцiл скiнуты i ўнесены плынню». Казакi перайшлi раку бродам, а салдаты па бэльках моста, i рускi атрад фарсiраваным маршам пайшоў на Пiлоўню. «З роспытаў сялян… нiчога нельга было дамагчыся; ад iх увесь час мы атрымлiвалi аднастайны адказ: "далi Буг, нiцма не ведаю". Аднак казакi даведалiся, што ў фальварку Глыбокае Нарбут з ксяндзом Гарбачэўскiм прыводзiлi да прысягi навербаваных сялян, акрамя таго, даведалiся, што хеўра рушыла лясамi ў в. Дубiчы». Iдучы следам, Цiмафееў дагнаў атрад Нарбута i пачаў пошукi iнсургентаў: спачатку войскi агледзелi паўночную частку лесу, якая знаходзiлася памiж Дубамi i Глыбокiм, i не сустрэлi ў гэтай частцы лесу нiкога, але салдаты дашлi да фальварка Дубiчы абшарнiка Янкоўскага, «пры аглядзе якога знойдзена ў свiранах велiчэзная колькасць харчоў для разгавення, бо гэта было напярэдаднi Вялiкадня. Яўрэi шапталi, што гэта прыгатавана для мяцежнiкаў. Мiтусня, якая зрабiлася ў фальварку пры з'яўленнi войскаў, прымушала мiмаволi меркаваць, што паўстанцы толькi што яго пакiнулi». Далей «капiтан Цiмафееў вырашыўся агледзець паўднёвую частку лесу ў… баявым парадку. Толькi наш ланцуг стаў падыходзiць да ўзлеску, як быў сустрэты залпам; падпусцiўшы нас на 30 крокаў, мяцежнiкi далi яшчэ залп, якi перайшоў у беглы агонь. Мяцежнiкi стралялi, затуляючыся пасекамi, складзенымi з напалову надсечаных дрэў. Яны так майстэрскi карысталiся гэтым, што iх практычна не было бачна, i нашым салдатам даводзiлася страляць на дымок». Пачаўся няроўны бой, атрад паўстанцаў меў не больш за 150 чалавек супраць 500 салдат, прычым занятая пазiцыя ўсё ж не была зручнай для абароны. Пасля перастрэлкi паўстанцы хутка адступiлi ўглыб лесу. «Пераслед… быў спынены з прычыны густога лесу, з прычыны цемры i моцнай стомы людзей. У нас былi забiтыя: радавы Панькоў i Матвееў: paнены унтэр-афiцэры Любiмаў, Лiтвiнаў, i радавыя Малацiлаў i Залыгiн»[226]. Рускi атрад, якi стамiўся ад 50-кiламетровага маршу i бою, заначаваў у суседнiм Новым Двары.

Сам Людвiг Нарбут так апiсаў гэты бой у рапарце да Народнага жонда:

«Рапарт ваеннага начальнiка

Лiдскага павета ад 16.IV.

Выконваючы марш з маiм атрадам у паўднёвай частцы Лiдскага павета, быў атакаваны маскалямi ў лесе Даўнiна, памiж маёнткамi Глыбокае i Дубiчы. 10 красавiка стаў на пазiцыю i паслаў кавалерыйскую частку да Берштаў знiшчыць мост на рацэ Котра, каб перапынiць камунiкацыю ад чыгуначнай станцыi Парэчча, пра што маскалям адразу стала вядома. Ранiцай 11 красавiка з'явiўся вораг у колькасцi 5 рот пяхоты i казацкай сотнi.

Высланая выведка паведамiла пра наблiжэнне рускiх войскаў. Хоць мясцовасць мне не спрыяла, i я не меў дакладнай iнфармацыi пра сiлу ворага, вырашыў прыняць бой. Бог блаславiў нашу зброю. Вораг, маючы больш жывой сiлы і лепшую зброю, пачаў нацiскаць. Я, зразумеўшы, што магу быць атачоны, загадаў адыходзiць, адыход быў праведзены вельмi ўдала, бо прыйшлося адыходзiць на вачах у ворага на працягу 6 вёрстаў адкрытым полем. Страцiлi ў баі 1 забiтага i 5 параненых, вораг страцiў 15 забiтых i 13 параненых, памiж iмi паранены адзiн ад'ютант i палкоўнiк.

Ваенны начальнiк Лiдскага павета

Нарбут» [227].


Пасля гэтага бою лiдскi ваенны начальнiк палкоўнiк Амсараў так апiсаў тактыку паўстанцаў: «Хеўра гэтая добра арганiзаваная i ўзброеная, падчас дзеянняў яны высылаюць ланцугi i з дасканаласцю карыстаюцца мясцовасцю, нават уладкоўваюць пасекi для ўласнай абароны. Не маючы абозу, лёгка апранутыя, знаёмыя з мясцовасцю, яны займаюць у лесе цяжкадаступныя пазiцыi. Пры наблiжэннi войскаў хоць не i выказваюць вялiкага супрацiву, але, сустракаючы войскi, яны… хутка адыходзяць у гушчар i зноў займаюць iншую пазiцыю, пры гэтым… нашы войскі, не маючы магчымасцi нагнаць iх у густым лесе, могуць несцi бескарысныя страты…» Амсараў прапанаваў пазбавiць паўстанцаў магчымасцi пераходзiць з аднаго лесу ў другi i для гэтага накiроўваць супраць iх адначасова некалькi атрадаў урадавых войскаў [228].

На наступны дзень рускiя войскi займалiся эвакуацыяй параненых у шпiталi Вiльнi i пахаваннем забiтых. Забiтыя былi пахаваны з вялiкай пашанай, у трунах, абабiтых атласам. Таксама назаўтра, пасля бою, салдаты абшукалi маёнтак Глыбокае Валенты Мiкулiцкага, пры гэтым яны разрабавалi яго гаспадарку на 13 000 зл. Быў арыштаваны Стэфан Янкоўскi з Дубiчаў: «…ранiцай казакi атрада ўбачылi каляску, з якой пры iх наблiжэннi выйшаў спадар i распарадзiўся, каб каляска працягвала ехаць далей. Сам жа ён пайшоў на сустрэчу казакам i прасiў iх накiравацца ў блiзкi лес, дзе ён як быццам толькi што бачыў, як некалькi чалавек адлучылiся ад хеўры мяцежнiкаў. Казакi не паддалiся на зман i, не давяраючы словам спадара, затрымалi яго, а потым дагналi каляску, у якой знайшлi больш за пуд пораху i зброю»[229]. Мiкулiцкага i Янкоўскага аддалi пад суд i саслалi ў Сiбiр.

Нарбут выкарыстоўваў наступны пасля бою дзень для адыходу: у Якубавiчах паўстанцы раскiдалi за сабой мост i далей праз Зубрава i Ганелькi атрад адышоў да Нацкай пушчы, да свайго старога лагера памiж Дубiчамi i Грыбашамi, на так званай гары Сенiца. Паводле неапублiкаваных запiсак Вандалiна Шукевiча, менавiта тады насельнiцтва вёскi Зубрава дапамагло Нарбуту арганiзаваць удалую засаду, за што вёску спалiлi, а жыхароў выслалi ў Сiбiр.

Генерал-губернатар Назімаў у першы дзень Вялiкадня заявiў, што ўсё скончана - на Лiтве адноўлены парадак, бо застаўся толькi адзiн Нарбут [230].

Бітва пад Кавалькамі

Кавалькi - вёска над ракой Нача.

Адразу пасля Вялiкадня рускiя зноў выступiлi на пошукi Нарбута наступнымi сiламi: Капiтан Цiмафееў iшоў з Новага Двара на Сабакiнцы на чале дзвюх рот Паўлаўскага палка пяхоты i ўзвода 42-га казачага палка, разам 550 чалавек.

Палкоўнiк Вернер загадзя выступiў з Гродна на Новы Двор на чале трох рот Калужскага палка пяхоты, эскадрона Курляндскага палка ўланаў, узвода казакоў, разам 850 чалавек.

Палкоўнiк Алхазаў [231], чарговы ваенны начальнiк Лiдскага павета, сабраў у Лiдзе атрад з роты Фiнляндскага палка пяхоты i эскадрона казакоў лейб-гвардыi, разам каля 300 чалавек, i рыхтаваўся выступiць з iмi на Дубiчы для сумесных дзеянняў з атрадам Цiмафеева.

З поўначы, з боку адзiнай у той час у нашых краях чыгункi, з Алькенiк, выйшаў лятучы атрад капiтана Кавера ў складзе роты Неўскага палка пяхоты, паўэскадрона Курляндскага палка ўланаў i паўузвода казакоў, разам 300 чалавек. Ён павiнен быў не дазволiць Нарбуту адступiць з Руднiцкай пушчы на поўнач [232].


Палкоўнiк Вернер праз Новы Двор прыбыў у Бершты i тут даведаўся, што паўстанцы стаяць лагерам каля вёскi Шумы. Далей 17 красавiка ён праз Зубрава рушыў дзвюма калонамi, а менавiта: 1-я калона - дзве роты пяхоты, рушылi праз вёску Мастэйкi i чыгуначную станцыю Марцiнканцы, 2-я калона - уся iншая частка атрада, праз вёску Даржэлi да чыгуначнай станцыi Марцiнканцы. Злучыўшыся, атрад пайшоў да вёскi Шумы.

Пяхота Алхазава 18 красавiка ўвайшла ў Дубiчы, а яго кавалерыя ў Начу i Салтанiшкi. У гэты ж дзень пяхота Вернера заняла Рудню, а кавалерыя - Грыбашы. У 19.00 адбылося сутыкненне расiйскага патруля з выведкай паўстанцаў каля вёскi Дручмiны. З ранiцы 20 красавiка расейцы апытвалi мясцовае насельнiцтва, каб даведацца, дзе знаходзяцца галоўныя сiлы iнсургентаў, але «нi пагрозы, нi пераконванне на iх не падзейнiчалi»[233]. У гэты момант Нарбут меў у атрадзе ад 200 да 300 байцоў. Зразумеўшы, што бою не пазбегнуць, ён адышоў у яшчэ больш лясiстую i багнiстую частку пушчы - да вёскi Кавалькi. Гэтае месца не было iдэальным для бою, бо з тылу iшлi велiзарныя балоты, а на правым флагу было возера Думбла, i, адпаведна, не было манеўру для адступлення. Тут паўстанцы размясцiлiся ў гатоўнасцi да бою: 3 узводы стральцоў размясцiлiся паўкругам, камандзiр з карабiнерамi размясцiўся пасярэдзiне, а касiнеры занялi пазiцыю ззаду ўсiх. У такiм стане атрад правёў ноч з 18 на 19 красавiка, байцы спалi са зброяй, гатовыя ў любы момант да бою. Ранiцай на выведку з патрулём быў высланы Пiлецкi.

Вернер, разумеючы, што мясцовае насельнiцтва сочыць за iм, пакiнуўшы толькi некалькi казакоў для падтрымання гарэння вогнiшчаў на стаянцы, увечары рушыў у бок Начы. З Начы 20 красавiка ён адправiў кавалерыю праз Салтанiшкi на Дубiчы з мэтай абысцi пазiцыi Нарбута i не даць яму магчымасці адступiць, а сам з пяхотай пайшоў на вёску Буды. У Будах былi выяўлены сляды атрада паўстанцаў, вядучыя да балота каля возера Думбла. Схоплены ляснiк з вёскi Буды па прозвiшчы Нядзведзкi не вытрымаў катавання i пагадзiўся правесцi войскi да лагера Нарбута.

У 15.30 Вернер выслаў пяхотны ўзвод да вёскi Паддуб'е i роту да вёскi Кавалькi. Селянiн Мацкевiч распавёў рускаму афiцэру пра тое, што яго сусед, ляснiк Барталамей Кандрат з Паддуб'я, дапамагае Нарбуту як выведнiк i кур'ер. Ляснiк быў арыштаваны, а вёска Паддуб'е разрабавана. Далей войскi рушылi да Кавалькаў, дзе i былi абстраляны патрулём Пiлецкага. Руская рота тры разы хадзiла ў штыкавы бой, але была тры разы адбiтая. Даведаўшыся пра гэта, Вернер адправiў да Кавалькаў падпалкоўнiка Манцейфеля з ротай пяхоты на дапамогу, па дарозе падпалкоўнiк павiнен быў аб'яднацца з кавалерыяй. Сам Вернер з iншай пяхотнай ротай рушыў на гук стрэлаў i праз 2 кiламетры патрапiў пад абстрэл паўстанцаў. Скаардынаваўшы свае дзеяннi, войскi пачалi наступаць па ўсёй лiнii абароны Нарбута. Але наступаць у такой у багнiстай мясцовасцi было складана, салдаты правальвалiся ў багну, i паўстанцы стрымлiвалi нацiск. Да канца бою з боку Дубiчаў падышоў атрад падпалкоўнiка Манцейфеля i таксама адразу ўступiў у бой.

Пад нацiскам усiх сiл непрыяцеля паўстанцы пачалi адыходзiць, выкарыстоўваючы пры гэтым сваю перавагу ў веданнi мясцовасцi. Адарваўшыся ад войскаў, у Дубiцкай пушчы Нарбут падзялiў атрад на часткi i, паведамiўшы кожнаму камандзiру пра месца збору ў Гарадзенскай пушчы, загадаў адыходзiць паасобна. З прычыны наступiўшай цемры i стомленасцi царскiя войскi не змаглi пераследаваць iнсургентаў па багнiстай мясцовасцi i таму заначавалi ў Дубiчах. «За выключэннем некалькiх стрэльбаў i кiнутых катлоў на вазах, iншых трафеяў не было», - пiсалася ў афiцыйным паведамленнi. Паўстанцы страцiлi 7 чалавек забiтымi i 5 параненымi [234].

А вось як бой пад Кавалькамi апiсаў яго ўдзельнiк Мiхал Эльвiра Андрыёлi: «Акружаныя i зацiснутыя маскалямi, якiя мелi за справу гонару разбiццё аднаго аддзела, якi меў славу на Лiтве, цэлую ноч адступалi без дарог, змучаныя, галодныя, замёрзлыя. Ксёндз Гарбачэўскi, Краiнскi, Нарбут i праваднiк са свечкаю ў руках шукаюць дарогi па пушчы. Мы парамi, хiстаючыся ад стомы i сплючы на маршы, чапляючыся за калоды i вываратнi, сунемся следам за агеньчыкам. Бываюць хвiлiны, што нашы праваднiкi губляюцца ў вялiзарнай пушчы, кажуць аддзелам спынiцца, а самi разыходзяцца шукаць слядоў дарогi: тады адны стоячы, другiя прысеўшы, iншыя абапёршыся зноў засынаюць чуткiм сном. Зноў каманда: "Марш" - i цягнецца сонная, змучаная дружына.

Пад ранiцу, пераканаўшыся, што кружым вакол, кiдаем асцярожнасць i, галодныя, спыняемся недалёка ад хаты леснiка ва ўрочышчы Лакштунцы. Пра выбар пазiцыi няма гаворкi. Бо мы думаем, што маскалi, збiтыя нашым начным бадзяннем, пакiнуць нас у спакоi. Затрымалiся ў сярэдзiне вялiзнага лесу, маючы за сабой балота, а перад вачамi невялiкую прасеку, цераз якую вiлася сцежка да леснiка. Сонца пачынае прыпякаць, пад адзiнаццаць ранiцы становiцца горача. Кожны размясцiўся як мог, захоўваючы, аднак, баявую лiнiю, павернутую фронтам да прасекi. Адны спяць, другiя ядуць, iншыя выграваюцца на сонцы, некаторыя чытаюць кнiжкi альбо лiсты.

Каля другой пазiцыi ад паўдня зменены пiкеты, цiшыня ў лагеры нечуваная, чуцён пiск мух i камароў. Нарбут на хвiлiну адышоў за зараснiк, звыклая пiльнасць на гэты раз аслабла, цяпло i стома апанавалi ўсiмi.

Раптам стрэл здалёку, а за iм два iншыя, "за зброю, за зброю!". Нарбут ужо памiж намi. Забурлiла, як у катле, падхоплiваюцца задрамаўшыя… пытаннi, неспакой, замяшанне. Толькi начальнiк спакойны, гаворыць пасунуцца наперад на 300 крокаў i заняць баявую лiнiю па трое ўздоўж краю лесу i прасекi.

Пераканалiся тады, што можа халодная адвага аднаго чалавека. Усе, хвiлiну назад трывожныя, неспакойныя, гатовыя ўцякаць, зараз прытомныя, зручна пазаймалi прызначанае сабе месца. Касiнеры з афiцэрам у баявой калоне залеглi праз 200 крокаў за стралкамi. Тыя ж, хаваючыся за пнямi i ў кустах, галавой наперад з руляй перад сабой i пальцам на пуску, чакалi каманды да стральбы, а здалёку ўжо гралi маскоўскiя трубы баявы сiгнал: "Рассыпались молодцы! За камни, за кусты, по два в ряд!" Знаёмы той сiгнал дагэтуль гучыць у вушах. У лесе, дзе кожны куст, кожнае дрэва хавае засаду, дзе нiколi нельга палiчыць непрыяцеля, дзе кожнаму здаецца, што толькi ён i некалькi блiжэйшых яшчэ бароняцца, а рэшта ўжо ўцякла, дзе рэха сто разоў паўтарае стрэлы i рык маскалёў, а небяспека, здаецца, атачае з усiх бакоў - вайсковая труба робiць немалое ўражанне. "Пане Пiлецкi, - гукае Нарбут, - вазьмi 10 чалавек i марш на рэкагнасцыроўку, - а праз хвiлiну: - Калi ласка, не рызыкуй". Пiлецкi, былы студэнт Пецярбургскага ўнiверсiтэта, смелы, талковы, разважлiвы, а прытым ветлiвы i далiкатны хлопец, быў улюбёнцам усяго аддзела. Яму то Нарбут давяраў найрызыкоўнейшыя справы, пэўны ў тым, што з iх смела i разважлiва выйдзе.

Пасля адыходу Пiлецкага наступiла цiша, якой нават маскоўская труба не прарывала. Толькi сэрцы бiлiся хутчэй. Нарбут перабягае ўздоўж усёй лiнii з шашкай у адной i шапкай у другой руцэ, спыняецца, слухае i зноў выглядае, цi ўсе на месцы.

Страшную цiшу неспадзявана разрываюць выбухi некалькiх стрэлаў, загралi трубы i даляцела: "ура-ўра", якое лес падхапiў i на тысячу таноў паўтарыў. Зашамацелi кусты i з стрэльбамi, якiя яшчэ дымiлiся, выскачылi нашы рэкагнасцыроўшыкi. Твары белыя, дыханне прыспешанае: "Пане начальнiк! Iдуць шасцёркамi, лiнiя вялiзарная, займаюць крылы!" - "Добра! На месца! Цiха… нiякiх галасоў! Хто крыкне - расстраляю! Страляць прыцэльна! Чакаць, пакуль не загадаю! Каб мне нiхто не пiскнуў!" А ад стрэлаў маскоўскiх здавалася, што ломiць лес, кулi капаюць зямлю. Ужо сям-там чуваць: "Езус, Марыя! Правядзiце мяне на воз!" Але загадана не страляць. I кожны сэрцам, што гучна б'ецца, з стрэльбай наперад чакае, пакуль яму пакажацца маскаль.

Гулка грымiць лес. Стрэлы i крыкi ў 100 раз гусцейшыя i блiжэйшыя, ломяцца галiны, чуваць марш цяжкай масы. Праз хвiлiну ўбачым маскоўцаў, а перад намi прасека, цiхая аблiтая сонцам.

Замiгалi шэрыя шынялi, блiснула зброя i белыя акруглыя аблочкi на фоне лесу. Маскалi займаюць супрацьлеглы край прасекi. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, нягледзячы на загады афiцэраў, не рухаюцца. Вiдаць, iх непакоiць цiш з нашага боку. Нарэшце з трэскам i стрэламi рухаюцца шасцёркамi. Была то хвiлiна збавення, сэрцы бiлiся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў - i вытнуць у штыкi, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: "Агонь, хлопцы, усёй лiнiяй!" I ад канца да канца праляцеў выбух больш сотнi стрэлаў, а потым цiша i дым.

Не граюць трубы, маўчыць "ура!".

- Добра, добра, спраўна, набiць зброю, востра, хлопцы! - гукае расчырванелы Нарбут, абабягаючы ўсю лiнiю.

Зноўку граюць трубы i чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы i "Ура, вперёд, ребята!" Ломяцца кусты. Прымушаныя, гнаныя сiлай паслушэнства, кiдаюцца маскалi галавою ўнiз з штыкамi наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвiлiна - i ўсе кiнемся наўцёкi. Але на выгук "Агонь, прыцэльна!" запаляюцца 150 стрэльбаў на нашай лiнii. Воблака дыму закрывае ўсё, уцiхае трэск, чуваць толькi енкi раненых i канаючых з абодвух бакоў.

Але не доўга трывае цiшыня, падходзiць падмога. Зноў заенчыў лес, стрэлы, крыкi, панiка… Даём агню некалькi разоў, яшчэ трымаемся. Раптам пабегла левае крыло, зламанае нацiскам маскалёў, стараемся ўтрымацца, але ўжо позна. Кiдаемся направа, за малое балотца, дзе ўсё фармуецца вакол начальнiка… Агонь аддаляецца, чуваць толькi адзiночныя стрэлы, галасы цiхнуць, лес замаўкае, цiша, але як адрознiваецца ад ранейшай. Бiтва скончылася. Пунцовае сонца села за лесам. Здалёк даходзiць да нас глухi шум размоў, водгалас трубы i ад часу да часу далёкi стрэл. Ноч…»[235]

Карбоўскi дае iнфармацыю пра гiбель у гэтай бiтве 7 iнсургентаў, у тым лiку крэўнага Людвiка Нарбута - Войцэха Нарбута, былога капiтана расiйскай армii, i Уладзiслава Навiцкага, жыхара Мiхайлаўкi [236]. Палкоўнiк Вернер у рапарце пры гэтую сутычку пiша пра ўдзел у ёй уз'яднаных сiл двух атрадаў Нарбута i Навiцкага, прычым называе Навiцкага камандзiрам над уз'яднанымi сiламi i дакладвае пра яго гiбель у гэтай бiтве [237]. Навiцкi i яго атрад - да гэтага часу загадка ў справе гiсторыi паўстання на Лiдчыне. Пра гэты атрад няма нiякай iнфармацыi ад абодвух бакоў тых падзей, пры тым што аддзел Навiцкага ўдзельнiчаў у вялiкай сутычцы з царскiмi войскамi на полi памiж вёскамi Малое Ольжава i Мохавiчы: тут паўстанцы панеслi вялiкiя страты i адступiлi праз балоты ў бок Нёмана.


20 красавiка аддзелы Алхазава i Цiмафеева, якiя таксама дзейнiчалi супраць Нарбута, злучылiся i, даведаўшыся пра бiтву пад Кавалькамi, рушылi на Рудню i Шумы, каб не даць паўстанцам адысцi да Гарадзенскай пушчы. Каля Каняваў былi выяўленыя сляды адной з груп атрада Нарбута (камандзiр - Чудоўскi), войскi iшлi за гэтай групай да вёскi Станюнцы. Тут 21 красавiка паўстанцы былi атакаваны, забiты 12 iнсургентаў, астатнiя рассыпалiся на дробныя групкi, у палон патрапiлi Канапацкi (хутка памёр ад ран), Франскевiч i Цымерман (вучань Вiленскай гiмназii).

23 красавiка Вернер прайшоў участак ад Руднi ды Марцiнканцаў, але паўстанцаў не знайшоў. Нарбут з малым атрадам прабiраўся лясамi да Гарадзенскай пушчы, i байцы ўсiмi магчымымi спосабамi хавалi свае сляды. У пушчы, недалёка ад Зубрава, група Нарбута каля тыдня адпачывала.

Пасля бiтвы пад Кавалькамi iмя Нарбута праславiлася на ўсю Лiтву: з годнасцю вытрымаў ён сутыкненне са значна пераўзыходзячым яго па колькасцi сапернiкам. Народным жондам Нарбуту было прысвоенае званне палкоўнiка, у дэкрэце аб прысваеннi звання было напiсана: «Маючы на ўвазе вiдавочныя заслугi перад справай незалежнасцi… ваеннага начальнiка Лiдскага павета афiцэра Людвiка Нарбута… намiнаваць палкоўнiкам паўстанцкага войска… з прымацаваннем да сiл Вiленскага ваяводства»[238].

Расейскi афiцэр пiсаў: «Але Нарбут не быў яшчэ забiты, i дзякуючы энергii гэтага чалавека ўжо да 20 красавiка (на пачатку мая па новым стылі. - Л. Л.) ён з'явiўся на чале адборнай i выдатна ўзброенай хеўры»[239].

Параза пад Дубічамі

Пошукамi Нарбута акрамя сталага Лiдскага гарнiзона займалася значная частка дывiзii лейб-гвардыi генерала Вельямiнава: (Паўлаўскi полк пяхоты, эскадрон Курляндскага палка ўланаў, эскадрон драгунаў лейб-гвардыi, сотня казакоў, дзве батарэi палявой артылерыi (8 гармат), палова батарэi лёгкай коннай артылерыi (дзве гарматы), у цэлым каля 3 000 чалавек. 1 мая войскi маршам iшлi ад Эйшышак на Дубiчы. Спынiўшыся каля леснiчоўкi недалёка ад Дубiчаў, вайскоўцы дапыталi леснiка Адама Карпавiча - сталага сувязнога Нарбута. Яго доўга збiвалi, адначасова абяцаючы добрую ўзнагароду, i прымусiлi паказаць месца стаянкi iнсургентаў у раёне Станюнцаў. Пасля начлегу ў Дубiчах войскi па гасцiнцы праз Начу дэманстратыўна рушылi на поўнач, тым часам меншая частка пад камандаваннем капiтана Цiмафеева (тры стралковыя роты, узвод казакоў 42-га Данскога палка - каля 700 чалавек) засталiся каля Дубiчаў у засадзе.

1 мая Людвiк напiсаў апошнi лiст да жонкi:

«Мая найдаражэйшая.

Дзякуй табе стакротна за тое, што памятаеш пра мяне, лiст, напiсаны тваёй каханай ручкай, праз Тосю дайшоў да мяне i напоўнiў вялiкай радасцю маё спрагненае сэрца весткай пра Маю Найдаражэйшую котачку. Ужо пачаў сумнявацца, цi кахаеш мяне, але сёння Тося ўпэўнiла мяне, што памятаеш пра мяне i кахаеш яшчэ больш, чым раней. Гэта для мяне вялiкае шчасце i гэта дае моцы i далей несцi пакуты за край i за цябе, мой анёл. Бясконца рады, што тваё здароўе, мой малыш, палепшылася, я таксама на сваё не магу наракаць… Цалую i абнiмаю цябе, маю Наймiлейшую i Найдаражэйшую, мiльён разоў. Думаю пра цябе i ў думках размаўляю з табой. Бог ласкавы, Матка яго Святая, што баронiць Нашу Лiтву, можа дазволiць нам дачакацца той шчаслiвай хвiлiны, калi мы зноў сустрэнемся i будзем кахаць адно аднаго i дзякаваць Найвышэйшаму тварцу за дабрыню яго да нас. Сумна мне, што мушу скончыць свой лiст, бо i хвiлiна ў мяне на ўлiку. Цябе кахаючы, заўжды моцна i шчыра, прывязаны да сваёй Дарагой.

Людвiк».

Развiтваючыся з сястрой Тосяй, Людвiк сказаў ёй: «…вяртайся той жа дарагой. Мы пяройдзем блiжэй да Дубiчаў, там да нас прывязуць хлеб. Потым, можа, пойдзем пад Гародню. З-пад Дубiчаў будзе мала што чуваць пра нас, перадай вось гэтыя кветкi бацьку i жонцы». Людвiк правёў сястру да краю лесу i развiтаўся, потым сеў пад дрэва i нейкi час сядзеў задуменны i сумны…

2 мая Нарбут, пакiнуўшы падпаленыя вогнiшчы, сышоў са стаянкi каля Станюнцаў. Атрад пераправiўся праз Котру i перамясцiўся на 10 кiламетраў на поўдзень. Паўднёвей возера Пеляса, памiж Дубiчамi i Раманавым, атрад спынiўся. Тут уначы з 2 на 3 мая Нарбут атрымаў важныя загады ад Народнага жонда, у тым лiку манiфест жонда Лiтвы ад 30 сакавiка, якi заклiкаў народы Лiтвы i Беларусi да паўстання 3 мая. Атрымаў палкоўнiк i наступны дакумент: «Народны жонд намiнуе грамадзянiна Людвiка Нарбута вярхоўным камандуючым узброеных сiл Вялiкага Княства Лiтоўскага ўсюды, дзе такiя будуць з iм у кантакце…»

Адзiн з бiёграфаў Нарбута пiсаў, што з самага моманту атрымання загаду Народнага жонда пра ўсеагульнае паўстанне Людвiк страцiў свой звычайны спакой i запаў у нейкую цяжкую задуменнасць, якая ўжо не адпускала яго да апошняй бiтвы. Нешта яго гняло i адбiрала жыццёвую энергiю. Можна выказаць здагадку, што палкоўнiк разумеў, што ўсеагульнага народнага паўстання не будзе, што i на гэты раз агульная справа будзе прайграная. Што ж, яму заставалася толькi да канца выканаць свой абавязак. Пэўна, ён ужо прадчуваў сваю хуткую смерць, нездарма, атрымаўшы ад сястры Тосi новую чамарку, сказаў, што знасiць яе ён ужо не паспее.

Тым не менш у той дзень Нарбут разаслаў загады да зноў арганiзаваных груп паўстанцаў пад Лiдай, Трокамi (камандзiр - Вiславух), Ашмянамi (камандзiр - Парадоўскi), Навагрудкам, Слонiмам i т. д. Атрадам была пастаўленая задача рухацца да Дубiчаў, далей палкоўнiк планаваў сустрэцца з царскiмi войскамi каля балот Котры i Пелясы i даць там рашучы бой.

Становiшча паўстанцаў у непраходнай Дубiцкай пушчы было амаль што iдэальнае, пачуваючы сябе ў бяспецы, атрад займаўся баявой падрыхтоўкай, а дубiцкi пробашч i мясцовая шляхта пераконвалi Цiмафеева, што чутныя часам стрэлы - гэта стрэлы паляўнiчых-старавераў.

Адам Карпавiч ад сялян дазнаўся, што атрад Нарбута знаходзiцца ў Дубiцкай пушчы каля возера Пеляса, i данёс уладам. Цiмафееў таемна вярнуўся з Забалацi, ранiцай 4 мая войска адпачылi ў Дубiчах i досвiткам увайшлi ў пушчу. З дапамогай падкупленых сялян Адама Карповiча i Антона Талiкоўскага (цi Талочка) былi знойдзены сляды iнсургентаў [240]. Ранiцай атрад Цiмафеева праходзiў праз мястэчка Забалаць, дзе «абывацелi… глядзелi на нас звярамi, ад iх, зразумела, звестак пра хеўру мы не атрымалi. Толькi роты сталi выходзiць з паселiшча, як прыскакаў казачы раз'езд… якi перадаў, што Нарбут хаваецца недалёка ад Дубiчаў каля возера Пеляса; пасля гэтай весткі атрад накiраваўся да возера Пеляса, куды хутка прыбыў i размясцiўся ў Дубiчах, якiя аддзялялiся ад лясоў ракой Котрай». Для пошуку паўстанцаў быў пасланы на iншы бераг выведнiк. Вярнуўшыся, ён расказаў, што за ракой ёсць пiкет паўстанцаў. Выведнiку з мясцовых не асаблiва давяралi, i таму штабс-капiтан Рэнвальд, камандзiр 1-й стралковай роты, выклiкаўся праверыць гэтае данясенне. Пераапрануты паляўнiчым, ён узяў з сабой стрэльбу i сабаку i, сеўшы ў човен, загадаў двум веслярам, таксама ўзброеным стрэльбамi, плыць унiз па рацэ. Пад'ехаўшы да таго месца, дзе першы выведнiк бачыў пiкет, афiцэр выйшаў з лодкi i пачаў аглядаць процiлеглы бераг, быццам бы адшукваючы дзiчыну, i неўзабаве ўбачыў пiкет iнсургентаў. Складзеныя ў сошкi стрэльбы з развешанай на iх бялiзнай даказвалi, што паўстанцы не чакалi з'яўлення выведнiка. Аднак вартавы заўважыў Рэнвальда i пацэлiў у яго, тады афiцэр хутка знiк з берага, дабег да чоўна i паплыў да сваiх [241].

Нарбуту паведамiлi пра з'яўленне нейкiх падарожнiкаў са стрэльбамi, ён нават агледзеў iх у бiнокль. «Паляўнiчыя, нiчога больш, iдуць на качкi», - сказаў камандзiр i пайшоў у iншую частку лесу [242].

4 мая каля 17.00 рускiя войскi рушылi да лагера паўстанцаў, вёў iх Адам Карповiч, чалавек, якi дасканала ведаў мясцовасць. Пераправiўшыся праз Котру па кладках i на лодках, яны пачалi атачаць лагер Нарбута. Першымi iшлi салдаты, апранутыя ў сялянскую адзежу, у балоцiстай мясцовасцi iм часам даводзiлася iсцi па пояс у вадзе.

Нарбут якраз у гэты час каля пiкета з некалькiмi iнсургентамi чакаў транспарт з хлебам. Паўстанцы заўважылi «сялян», iдучых у iх бок, Андрыёлi сказаў камандзiру, што зашмат тых сялян iдзе i нейкiя яны дзiўныя. Нарбут агледзеў iдучых у бiнокль i ўбачыў, што вядзе «сялян» Адам Карповiч, свой для паўстанцаў чалавек. Тым не менш палкоўнiк загадаў байцам пiкета падрыхтавацца да бою. Калi «сяляне» падышлi блiжэй, Карповiч, лiтаральна паўтараючы словы Юды, паказаў камандзiра, сказаўшы: «Вось гэта Нарбут». Салдаты выхапiлi зброю i з крыкамi «ўра!» кiнулiся наперад. Камандзiр амаль адразу быў паранены ў нагу, але кiраваў боем: ён загадаў адыходзiць назад i ўлева. Пасля рукапашнай сутычкi iнсургенты вырвалiся да дубiцкiх балот. Тым часам другая рота ўрадавых войскаў выцягнулася ланцугом правей першага, атакуючага атрада i не дала паўстанцам магчымасцi адыходзiць убок [243]. Удзельнiк бою з расiйскага боку падпаручнiк Воранаў пiсаў пра гэта: «Жадаючы прыцiснуць хеўру да возера i вынiшчыць яе, начальнiк атрада загадаў камандзiру 2-й роты штабс-капiтану Лорыс-Мелiкаву высунуцца направа i ахапiць iх левы фланг… мяцежнiкi пачалi адыходзiць. На адкрытых месцах iх ланцуг i рэзервы адыходзiлi надзвычай павольна, каля кустоў усе яны рассыпалiся i адкрывалi ўзмоцнены агонь…» Штабс-капiтан Рэнвальд, жадаючы паказаць, як трэба страляюць, узяў вiнтоўку ў параненага салдата i прыцэлiўся ў ляжачага за купiнай паўстанца, якi пасля стрэлу застаўся ў ранейшай позе. Рэнвальд думаў, што прамахнуўся, стрэлiў iншы раз - i тое самае, калi ж ён з ланцугом салдат кiнуўся наперад, то ўбачыў, што ў iнсургента ў галаве дзве кулi [244].

Паводле словаў Цiмафеева, паўстанцы змагаліся так упарта i па-майстэрску, што ён здзiвiўся. «Нарбут распараджаўся малайцом: загадаў адыходзiць перакатамi, гэта значыць у дзве лiнii: адна залягала ззаду, iншая, адстрэльваючыся, перабягала за першую, пасля чаго другая лiнiя пачынала стральбу, i гэтак далей. Але паўстанцы былi дрэнна ўзброеныя, большай часткай паляўнiчымi стрэльбамi, таму вельмi баялiся нашых стралковых рот, якія былі названыя iмi "чорныя паясы". Рускiя штуцера выраблялi спусташэнне…»[245] Калi ж паўстанцы пабеглi, Нарбут скамандаваў: «Спакайней! З годнасцю, панове, непрыяцель нас бачыць!» Вакол палкоўнiка сабралася групка самых верных байцоў. Яны адыходзiлi, падтрымлiваючы камандзiра i адстрэльваючыся. На гэтую групку быў накiраваны агонь большай часткi салдат. Амаль што ўсе, хто быў разам з Нарбутам, былi забiты. Апошнiмi да палкоўнiка падбеглi Уладзiслаў Клiмантовiч i Севярын Якубоўскi, яны i пачулi яго апошнiя словы: «Dulce est pro patria mori» («Салодка памерцi за Радзiму») [246]. Пра тое самае Воранаў: «…яны не гублялi бадзёрасцi, пакуль Нарбут, iх начальнiк, быў з iмi. Калi куля трапiла яму ў лапатку, ён яшчэ iшоў, прычым яго падтрымлiвалi прыхiльнiкi. Гэта прыцягнула да яго стрэлы нашага ланцуга, i ён, прабiты чатырма кулямi, упаў мёртвы. Калi Нарбут звалiўся, то пяць чалавек моладзi з яго хеўры кiнулiся ратаваць яго цела, але, зраненыя ў сутычцы, яны патрапiлi ў палон. Са смерцю Нарбута бурылася надзея не толькi ў людзей, якiя складалi банду, але ва ўсiх мяцежнiкаў Лiтвы. Пераслед мяцежнiкаў працягваўся да самай поўначы i скончыўся недалёка ад вёскi Дварчаны»[247].

Капiтан Цiмафееў дакладаў свайму камандзiру дывiзii: «Восем разоў з крыкам "ура" атрад пад моцным агнём аднаўляў наступ i… пераследаваў мяцежнiкаў па купiстым, вышэй за калена балоце, якое пазарастала высокай i густой лазою, i наогул па мясцовасцi, да крайнасцi цяжкай. Пераслед працягваўся да наступлення цемры… атрад нейкi час блукаў у балотах… i нарэшце ў 3½ гадзiны ночы сабраўся на начлег у м. Дубiчы.

Нарбут забiты i хеўра знiшчана, у лiку 61 забiтых i ўзятых у балотах i лясах акрамя Нарбута знойдзены: яго памагаты Леў Краiнскi, Iгнат Тарашкевiч, Франц Бразоўскi, Ян Ёдка, Сцяпан Губарэвiч i iнш. Параненымi ўзяты: Пётр Янкоўскi, лекар Цыпрыян Пясецкi, Андрэй Навагондскi (гiмназiст з Вiльнi), Фелiкс Войша i iнш., акрамя таго, узята 6 палонных, з якiх адзiн, 14-гадовы хлопчык Iосiф Жалягоўскi… Захоплены без зброi ў в. Салтанiшкi Жукоўскi прызнаўся, што ён таксама быў у хеўры»[248].

На месца бiтвы, каб дапамагчы параненым, прыехалi жанчыны з закрытымі густымi вэлюмамi тварамi. «Памiж iмi былi дзве сёстры Нарбута; малодшая, убачыўшы цела брата, заплакала, але старэйшая прысаромiла яе за гэта (памылка, гэта была сястра Нарбута з сяброўкай, гл. нiжэй. - Л.Л.). Абедзве яны прасiлi выдаць забiтага…» Пры Нарбуце знойдзены сцяг, якi меў выгляд харугвы, шмат розных папер, асабiсты дзённiк, а таксама каса атрада i малiтоўнiк. Сярод папер была знойдзена i цыдулка наступнага зместу: «Камандзiр. З Вiльнi паслалi з паўлаўцамi капiтана Цiмафеева. Беражыся! Яму загадана дастаць цябе жывога цi мёртвага». Салдаты ўшчувалi палонных - мемуарыст апiсвае такiя сцэнкi: «Чаго вы бунтуецеся, што вам трэба, грошы ў вас ёсць, фальваркi ёсць - глядзi якое ў цябе пуза, пан. Вiдаць, ужо ты з тлушчу ў "сургенты" пайшоў», салдат паказвае на палоннага 14-гадовага хлопчыка Жалягоўскага : «Ну глядзiце, браткi, якi ж ён ваяр, ён зусiм хлопчык». «Доўгi i хударлявы паўстанец з энергiчным тварам злосна пазiрае на нашага ўгаворшчыка, якi, убачыўшы яго погляд, сказаў: "Ох ты, пан, пан, што ты на мяне так злосна глядзiш, вось сам ты якую кашу заварыў, a што выйграў? Цябе ж павесяць". Палонныя iнсургенты былi прыведзены на станцыю Марцiнканцы i адпраўлены ў Вiльню»[249].

На наступны дзень на поле бiтвы целы забiтых iнсургентаў [250] сабралi сяляне i перавезлi пад касцёл у Дубiчы. Потым Цiмафееў расказваў, што Нарбут быў сцiпла апрануты, у «чамарке шарачковай», без усякiх адрозненняў, абуты ў доўгiя боты, твар меў прыгожы, з высокiм лобам i правiльнымi рысамi, а на твары застыла задуменная ўсмешка [251].

Знаёмая сям'i Нарбутаў - Антанiна Табенская - запытала дазвол на пахаванне паўстанцаў у Дубiчах. Генерал-губернатар Назімаў даў дазвол тэлеграмай, дазволiў ён i правесцi набажэнства. Сястра Нарбута Тэадора разам з Антанiнай Табенскай, доктарам Тэраевiчам з Салтанiшак i мясцовым пробашчам кс. Ставiцкiм занялiся арганiзацыяй пахаванняў. Весткi хутка разышлiся па ўсім павеце, i таму ў дзень пахавання, 6 траўня, у Дубiчы з'ехалася каля 300 чалавек. Нефарбаваныя труны ў касцёле былi ўсталяваны пiрамiдай: 6 трун нанiзе, зверху на iх яшчэ 4 труны, вышэй - 2 i на самым версе труна з целам Людвiка Нарбута. Пасля службы ў касцёле ўсе труны былi пастаўлены ў шэраг у адной магiле i пахаваны. Усю вялiзарную магiлу людзi засыпалi кветкамi. Аднак ледзь скончылася пахаванне, як у Дубiчы ўвайшоў казачы аддзел атамана Уласава, якi меў заданне не дапусцiць вялiкi сход людзей, а калi людзi сабралiся - разагнаць iх. Але казакi спазнiлiся i толькi зраўнялi ўпоравень з зямлёй магiльны ўзгорак [252].

Мiрон Бранiслаў Нарбут так апiсаў пахаванне: «У 1863 годзе, калi пачалося народнае паўстанне, лiдскi аддзел пад кiраўнiцтвам Людвiка Нарбута часта быў у Дубiцкiх лясах i ў гэтых лясах… адбылася бiтва з расейцамі на чале з Цiмафеевым, у якой цэлая партыя паўстанцаў здолела перайсцi ў iншае месца, але яе кiраўнiк з трынаццаццю ваярамi з блiзкага атачэння лiдскай шляхты паляглi. Салдаты маскоўскiя абадралi трупы на полі бiтвы i да Дубiч прывезлi iх нагiя целы. Тагачасны генерал-губернатар вiленскi Назімаў дазволiў ушанаваць памерлых пахаваннем у касцёле. Была сабраная патрэбная адзежа i зроблены труны. Целы гэтыя ляжалi тры днi ў бабiнцы касцельным. Рыцарскi катафалк з дванаццацi простых трун паставiлi ў касцёле, а слёзы люду вiленскага i грамадства, енкi мацярок, сясцёр i сiрот палеглых былі найвыразнейшай мовай на iх пахаваннi. Усе прысутныя мелi за гонар несцi гэтыя дарагiя труны да месца iх вечнага спачывання, i, укладзеныя, яны ўсе былi ў адной агульнай магiле пры касцёле, а людзi ўпрыгожылi гэтае месца найпрыгажэйшым помнiкам, бо курган быў насыпаны ўласнымi рукамі з роднай зямлi. Магiла абаронцаў Волi была страшнай для ворагаў: людзi збiралiся ля магiлы i чыталi малiтвы. Рускiя зняслi касцёл i, не баючыся святакрадства, раскiдалi курган, зруйнаваўшы яго з зямлёй. Аднак не згiнула праз гэта памяць пра верных сыноў Краю, захоўваецца яна ў сэрцах усiх справядлiвых i годных лiцвiнаў…» [253]

Нарбут меў гэткую папулярнасць, што доўга па Лiдчыне хадзiлi чуткi пра тое, што насамрэч ён не забiты, дзесьцi яго ўжо бачылi i хутка ён вернецца з новым атрадам.

* * *

Па прыбыццi ў Вiльню атрад Цiмафеева быў сустрэты генерал-губернатарам Назімавым, начальнiкам дывiзii генерал-ад'ютантам Быстромам i камандзiрам палка Свiты Яго Вялiкасцi генерал-маёрам Вельямiнавым з аркестрам i ў прысутнасцi велiчэзнага натоўпу жыхароў горада, якiя, даведаўшыся пра смерць знакамiтага Нарбута, былi ахопленыя жахам. Губернатар расцалаваў начальнiка атрада, падзякаваў афiцэрам i салдатам за паход i хвацкiя справы. Потым было адслужана набажэнства. Хутка начальнiк атрада капiтан Цiмафееў атрымаў чын палкоўнiка i быў адпраўлены з данясеннем пра сваю перамогу ў Пецярбург. «Тут ён меў шчасце прадставiцца Яго Iмператарскай Вялiкасцi, прычым Гасудар Iмператар сказаў: "Дзякую за хвацкую справу, i прызначаю цябе флiгель-ад'ютантам. Уладзiмiр будзе iншаю ўзнагародаю за другую справу". Потым Яго Iмператарская Вялiкасць падаў палкоўнiку Цiмафееву руку i сказаў: "Яшчэ раз дзякую"». Неўзабаве пасля гэтага палкоўнiк Цiмафееў прысутнiчаў на прыёме iмператарам генерала ад iнфантэрыi Мураўёва, прызначанага губернатарам у Лiтву. Цар, прадставiўшы Цiмафеева Мураўёву, сказаў: «Вось чалавек, якi будзе табе карысны».

Шмат афiцэраў i шарагоўцаў атрада былі ўзнагароджаны за бой памiж маёнткамi Дубiчы i Глыбокiм:

штабс-капiтанам Рэнвальду i Лорыс-Мелiкаву - Св. Ганны 3-й ст. з мячамi i бантам;

Св. Ганны 4-й ст. з надпiсам «За адвагу» - паручнiкам Шталю, Зубараву, падпаручнiкам фон Эндэну, Леўману i Арбузову 2-му;

Георгiеўскiя крыжы 4-й ступенi - фельдфебелю Яфрэмаву, унтэр-афiцэрам Фiрсаву, Любiмаву, Лiтвiнаву, шараговым Малацiлаву i Бушмялёву.

За бой пад Дубiчамi:

штабс-капiтанам Рэнвальду i Лорыс-Мелiкаву - Св. Уладзiмiра 4-й ст. з мячамi i бантам, Св. Ганны 3-й ст. з мячамi i бантам: паручнiкам Шталю, Зубараву, Леўману, Шэрнвалю i падпаручнiку фон Эндену.

Георгiеўскiя крыжы 4-й ст.: фельдфебелю Каравiну, унтэр-афiцэрам Верашчагiну, Фёдараву, Лабачову i шараговым Пятрову, Мiронаву, Сэрыкову, Недаступу, Канстанцінаву, Палатову, Жукаву i Бандарчуку [254].

Вось так высока ацэньваўся факт разбiцця «нейкай хеўры» на Лiдчыне.

Апошнія падзеі паўстання на Лідчыне

Байцы адной часткi атрада Нарбута схавалiся ў лесе i праз некаторы час далучылiся да iншых атрадаў iнсургентаў. Другую частку атрада брат Людвiка - Баляслаў Нарбут - сабраў у Гарадзенскай пушчы. Але ён не мёў ваеннага досведу i не мог замянiць старэйшага брата. 12 траўня рускiя войскi пад камандаваннем ваеннага начальнiка Лiдскага павета палкоўнiка Алхазова знайшлi атрад пад Ганэлькамi (над ракой Котра) i зноў разбiлi паўстанцаў. Толькi нешматлiкiя байцы змаглi пазней далучыцца да атрада Астрог-Парадоўскага. Сам Баляслаў Нарбут быў арыштаваны каля Друскенiкаў i адвезены для ваеннага суда ў Гродна.

Археолаг Вандалін Шукевіч запісаў у сваім дзённіку цікавы выпадак вясны 1863 г. у Лідзе. На падставе загадаў Нарбута, выдадзеных на стаянцы ў лесе пад Дубічамі, Лідскі рэвалюцыйны камітэт арганізаваў новую партыю паўстанцаў пад камандаваннем Станіслава Калясінскага і вахмістра Каэтана Дарашкевіча. Збор аддзела быў прызначаны на 27 красавіка ў лесе каля Крупава, куды агенты камітэта Тамаш Шукевіч і Стэфан Вільбік загадзя даставілі зброю і харчаванне, а ў Гудэлях падрыхтавалі лодкі для пераправы на другі бераг Дзітвы. У землеўладальніка Зяновіча ў вёсцы Аўсядава сабраліся кіраўнікі зноў арганізаванай партыі інсургентаў. Тут здраднік Ігнат Каліноўскі напалохаў людзей аповядамі пра тое, што з Ліды сюды ўжо выйшлі казакі з салдатамі, і таму паўстанцы хутка разышліся па хатах. Дарма Нарбут чакаў гэтай партыі паўстанцаў у Дубіцкім лесе. Не абышлося і без элементарнага казнакрадства: швагер Ігната Каліноўскага - Баляслаў Шукевіч, родны брат Тамаша Шукевіча, сябра Лідскага камітэта, завалодаў мандатам скарбніка камітэта, які належаў Ансэльму Патрыкоўскаму, і прысвоіў сабе 30 000 рублёў - грошы, перададзеныя з Вільні, і складкі, сабраныя ў Лідзе. За ўчынак Баляслава да адказнасці быў прыцягнуты яго брат Тамаш Шукевіч. Завочным прысудам Нацыянальны ўрад прысудзіў іх абодвух да смерці. Прысуд не быў выкананы, але Тамаш Шукевіч быў высланы ў Сібір уладамі.

1 чэрвеня па прысудзе Народнага жонда ў вёсцы Мантаты быў павешаны Адам Карповiч. Потым былi запiсаны апошнiя словы Карповiча, i мы ведаем, на якой мове паўстанцы размаўлялi памiж сабой. Калi iнсургенты шукалi вяроўку, каб павесiць здраднiка, ён сказаў iм лiтаральна наступнае: «Паны, нашто шукаеце вяроўку, я маю дзяжку, тай павесiце», у тэксце кнiгi за гэтымi словамi, запiсанымi лацiнкай, iдзе польскi пераклад. Здраднiк вiсеў два тыднi перад хатай Баневiча ў Мантатах, пакуль яго не знялi рускiя салдаты [255].

Пераслед сям'і Нарбутаў

Пасля паразы пад Дубiчамi пад рэпрэсii падпала сям'я Людвiка Нарбута.

Бацька, вялiкi гiсторык Лiтвы Тэадор Нарбут, у гэты час жыў у Вiльнi, у жонкi сына Людвiка, i быў настолькi слабы, што нават не ўставаў з ложка. Браты Францiшак i Баляслаў ваявалi ў шэрагах паўстанцаў. У Шаўрах тым часам жылi мацi Крысцiна, дачка Тэадора Манчунская i малодшы брат Станiслаў [256].

З акта справы Вiленскай следчай камiсii № 148 пра знаходжанне зброi ў маёнтку Нарбутаў Шаўрах:

Стараста вёскi Шаўры Гергi Чаркоўскi паведамiў, што фурман Нарбутаў Томаш Радзюк ведае, дзе закапана зброя. Радзюка прымусiлi прызнацца, i ён паказаў месца ў вазоўнi, адкуль было выкапана 18 бутэлек пораху i каля 20 фунтаў волава. Потым ён паказаў iншае месца за ½ вярсты ад двара, у леснiчоўцы Клеменса Банюшкi, дзе былi выкапаныя 2 гарматы, закручаныя ў рагожу, i бочка пораху вагой каля 3 пудоў. У наступных прызнаннях Томаш Радзюк паведамiў, што гэтая зброя была прывезена спадарынямi Манчунскай i Табенскай з Вiльнi, з хаты Верблеўскага. Яны таксама залучылi ў партыю 2 расiйскiх афiцэраў i прывезлi iх з Вiльнi ў Шаўры.

Радзюк прызнаўся, што Iзабела Альшэўская, стрыечная сястра Людвiка Нарбута, разам з Радзюком ездзiла да суседзяў i заклiкала iх далучацца да паўстання. Таксама збiрала правiянт i адзежу для партыi i Антанiна Табенская, якая працавала настаўнiцай у Сербянiшках, дзе жыла жонка Людвiка Нарбута, якая сябравала з Манчунскай, яна залучыла ў партыю Скiрмунта.

Вiленская следчая камiсiя пасля заканчэння следства пастанавiла:

1. Удава Тэадора Манчунская з дома Нарбутаў - вiнаватая ў тым, што брала чынны ўдзел у фармаваннi партыi яе брата Людвiка Нарбута, даставiла ў Шаўры 2 гарматы, порах i волава i намовiла 2 афiцэраў да ўступлення ў партыю паўстанцаў: падпаручнiка Нiкалаi [257] i iншага, прозвiшча якога невядома. Аднак Манчунская ўцякла невядома куды, таму… аддаць яе пад суд завочна…

2. Антанiна Табенская ўжо асуджана ваенна-палявым судом за дастаўку распараджэнняў рэвалюцыйнага камiтэта, гэта яна ўчынiла пад уплывам кахання да аднаго з паўстанцаў… вiнаватая ў тым, што падтрымлiвала кантакт з Манчунскай, прывозiла ў Шаўры гарматы i порах i вербавала ў партыю невядомага пакуль па прозвiшчы расiйскага афiцэра. Пакаранне, раней накладзенае ваенна-палявым судом, падлягае ўзмацненню ў жорсткасцi.

3. Удава Iзабела, дачка Адольфа, Альшэўская з дому Нарбутаў, гадоў 50, вiнаватая ў заклiках да ўдзелу ў паўстаннi i павiнна быць аддадзена пад ваенна-палявы суд.

4. Крысцiна Нарбут, гадоў 60. Як відаць са справы, не магла быць недатычнай да паўстання: двое яе сыноў сфармавалi атрад, адзiн быў начальнiкам, iншы ў iм афiцэрам, дачка Манчунская i пляменнiца Альшэўская дапамагалi фармаваць партыю, Манчунская дастаўляла зброю i амунiцыю, у цэлым маёнтак Нарбутаў у Шаўрах служыў складам для паўстанцаў.

Усё гэта не магло не быць вядома i Тэадору Нарбуту, якi хоць i ў пажылым узросце, але не мог не бачыць, што робiцца ў яго ў хаце, i, вiдавочна, адмыслова выехаў з Шаўроў у Вiльню… У сувязi з вышэй апiсанымi справамi сям'i ён вiнаваты ў тым, што як гiсторык Лiтвы даў сям'i такi шкодны кiрунак выхавання.

Камiсiя пастанавiла аддаць пад ваенна-палявы суд: Крысцiну Нарбут i яе мужа Тэадора Нарбута паводле II катэгорыi… для таго, каб iх маёнтак перадаць ва ўласнасць урада, а хату для прыкладу i застрашвання iншых знiшчыць, месца, дзе яна стаяла, заараць плугам [258].

Хутка прыступiлi да выканання гэтага прысуду. Аднак Тэадор Нарбут ужо не ўставаў з ложка, i яго, каб везцi ў ссылку, «патрэбна было б толькi разам з ложкам уладкаваць у кiбiтцы». Мураўёў-вешальнiк вырашыў сам убачыць Тэадора. Сведкам гутаркi вялiкага гiсторыка i ката быў князь Шырынскi-Шахматаў. Паводле яго словаў, калi прынеслi старога, Мураўёў вiтаў яго бруднымi абразамi, але гiсторык быў глухi i не дачуў генерала, як потым стала вядома, ён зразумеў толькi асноўныя моманты гутаркi. «А ведаеш, падлец, твой сын забiты!» - сказаў Мураўёў у канцы. «Маю яшчэ некалькi сыноў, i ўсiх iх выхоўваў кахаць Радзiму», - адказаў гiсторык. «Прэч!» - закрычаў Мураўёў i аддаў каманду вынесцi Нарбута.

Вялiкi гiсторык Лiтвы памёр 26.11.1863 г. i быў пахаваны каля свайго парафiяльнага касцёла ў Начы.

Мацi Людвiка, Крысцiна, афiцыйна абвiнавачаная ў «няправiльным выхаваннi» сваiх дзяцей, была арыштавана палкоўнiкам Алхазавым, якi кiраваў ператрусам маёнтка, i, «хворая, выдраная з ложка без неабходнай адзежы», яна была вывезена на суд у Вiльню, адразу пасля суда трапiла ў турэмную лякарню, а пасля яе адпраўлена па этапе ў Сiбiр. Пяць гадоў знаходзiлася ў Пензенскай губернi, потым ёй было дазволена вярнуцца ў родны край, дзе яна i памерла 16 лiпеня 1899 г.

Брат Людвiка - Баляслаў - пайшоў у паўстанне адразу пасля гiмназii. Перад самай бiтвай пад Дубiчамi ён быў пасланы па дапамогу да Вiславуха i, верагодна, таму выжыў. Арыштаваны ў Друскенiках, ваенны суд у Гродне прысудзiў яго да смерцi, аднак з прычыны непаўналецця (яму было 17 гадоў) прысуд змянiлi на высылку ў Краснаярскую губерню. Пасля амнiстыi вярнуўся ў родны край з падарваным здароўем i памёр у 1889 г.

Iншы брат Людвiка - Францiшак - пасля заканчэння дваранскага iнстытута ў Вiльнi вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнiверсiтэта. За ўдзел у падпольнай арганiзацыi ў 1861 г. быў арыштаваны i быў змушаны хавацца за мяжой. Пасля вучобы ў ваеннай школе для паўстанцаў, арганiзаванай эмiгрантамi ў iтальянскiм горадзе Гунеа, вярнуўся дахаты i ваяваў у атрадзе Лангевiча, дзе атрымаў званне капiтана. Пасля паразы паўстання эмiграваў у Аўстрыю. Памёр у Венгрыi ў 1892 г.

Сястра Тэадора, удава службоўца Манчунскага, як адзначалася вышэй, брала чынны ўдзел у паўстаннi. «Людвiк Нарбут дасылаў да сястры розныя даручэннi i заяўкi для атрада, якiя яна заўсёды хутка i дакладна выконвала, нягледзячы на небяспеку. Праз яе iшла да iнсургентаў розная iнфармацыя, харчаванне, зброя i амунiцыя. Мела ва ўсiх ваколiцах адданых сабе людзей, мела сваiх iнфарматараў i даверных асоб, паслугамi якiх карысталася там, куды не магла патрапiць сама. З адвагай, якой маглi б пазайздросцiць мужчыны, iшла яна на самыя небяспечныя аперацыi», - пiсаў сучаснiк. Была аддадзена пад ваенны суд, але здолела збегчы, спачатку хавалася ў Гродне, потым жыла ў Парыжы. Пражыла вялiкае жыццё, на пачатку 1920-х гг. польскi ўрад ёй, як удзельнiцы паўстання, даў пенсiю i ўзнагародзiў ордэнам «Адраджэнне Польшчы». Памерла ў 1925 г. у Кракаве i тамсама пахавана [259].

Заканчэнне паўстання на Лідчыне

Пасля паразы пад Дубічамі паўстанне на Лідчыне згасала. Напачатку чэрвеня новы ваенны кіраўнік Лідскага павета Астрога-Парадоўскі прыбыў са сваім аддзелам з Ашмянскага павета ў Доцішкі, да яго далучыліся паўстанцы аддзела Людвіка Нарбута. Аднак узброены супраціў згасаў, не змог узняць людзей і новы энергічны цывільны начальнік павета Вітольд Гажыч.

6-я рота лейб-гвардыі Паўлаўскага палка пад начальствам капітана Уладзімірава 2 чэрвеня зноў выступіла з Вільні на пошукі паўстанцаў на поўначы Лідскага павета. 15-га чэрвеня гэты атрад у Рудніцкім лесе каля ракі Вясенча спаліў тры лагеры, а каля засценка Пакернаў, 17-га чэрвеня, рота нагнала і знішчыла невялікую групу паўстанцаў. Лік забітых інсургентаў невядомы, бо безупынны бой адбываўся ў такіх балотах, у якіх некаторыя салдаты правальваліся з галавой. Пасля гэтай справы рота вярнулася ў Вільню.

15-га чэрвеня ў Алькенікі прыехаў палкоўнік Уласаў з загадам ад Мураўёва « узяць ... 2 роты з 35 казакамі і ачысціць мясцовасць у наваколлях Эйшышак, Дубічаў, Забалаці і Радуні ад мяцежнікаў». У склад гэтага атрада ўвайшлі 4-я і 2-я стралковая рота лейб-гвардыі Паўлаўскага палка і 25 казакаў. 16-га чэрвеня атрад выступіў з Алькенікаў і да 21 чэрвеня шукаў інсургентаў, спачатку па памежных частках Гарадзенскай губерні, потым у лесе Гарадзенскай пушчы каля рэчкі Котры, але нікога не знайшоў.

16 чэрвеня расейцы атрымалі інфармацыю пра месцазнаходжанне аддзела Віславуха. Паўлаўцы разам з атрадам палкоўніка Алхазава 18 чэрвеня каля Пашышак нагналі аддзел Віславуха і «прымусілі да ўцёкаў»[260]. У палон трапілі 6 паўстанцаў, з іх адзін цяжка паранены 15-цігадовы хлопчык. Яго пакінулі ў мясцовых людзей, бо ён не меў шанцаў выжыць. Сярод палонных - начальнік штаба аддзела Віславуха Задора (Ваньковіч) і фуражыр Палівода (Пяроўскі) [261].

20 ліпеня 2-я стралковая рота паўлаўцаў была адпраўлена ў Алькенікі для канваявання палонных, a палкоўнік Уласаў з 4-й ротай лейб-гвардыі Паўлаўскага палка і ротай Інгерманландскага палка пайшоў у Эйшышкі, куды на раніцы 21 ліпеня прыбыла 2-я стралковая рота. Тут Уласаў атрымаў звесткі, што на поўначы Гарадзенскай пушчы з'явіўся аддзел Астрогі-Парадоўскага. Расейцы, пасля поўдня 21 чэрвеня, выступілі па знаёмай дарозе да Начы, потым, 23 чэрвеня праз Дубічы яны прыйшлі да Шумы, «тут, пасля грунтоўнага распытвання, атраду было паказана месца, дзе знаходзілася хеўра. Па прыбыцці туды войскаў вогнішчы яшчэ гарэлі, і шматлікія кінутыя гаспадарчыя прылады паказвалі, што хеўра нечакана і хутка пакінула лагер». Расейцы амаль што без перапынку пайшлі па следу паўстанцаў, спыняючыся толькі, каб зварыць абед ці адпачыць некалькі гадзін. Афіцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў пісаў: «За суткі атрад рабіў значна больш за 50 вёрст, не маючы ніводнага адстаўшага... Калі 25-га ў 11 гадзін атрад прыбыў у Парадунь, тут след хеўры згубіўся. Казакі паехалі адшукваць сляды, a атрад пачаў рыхтаваць абед. Толькі селі абедаць, як прыскакаў казак з весткай, што ў фальварку Доцішкі зноў бачныя сляды. Катлы вывернулі, і роты пайшлі фарсіраваным маршам. Прыбыўшы ў фальварак, пачалі рабіць ператрус. Яе гаспадар раней незвычайна папераджальна і ласкава сустракаў атрад, папярэджваючы ўсе жаданні і патрэбы салдатаў і афіцэраў. Салдаты яго звалі "повстанчик". ...у адной з адрын знайшлі воз з харчаваннем для інсургентаў, акрамя таго казакі данеслі, што за садам, на плаціне, відаць незвычайна шмат слядоў, туды і рушыў атрад. У лесе за плацінай палкоўнік Уласаў загадаў рассыпацца 2-й стралковай роце, a астатнім ісці ў рэзерве. Раптам пасярэдзіне ланцуга раздаўся залп, атрад увесь рынуўся на стрэлы, пачалася перастрэлка. Мяцежнікі пачалі адыходзіць. Вялікая колькасць пакінутых імі запасаў сведчыла, што хеўра моцна стомленая. Атрад праследаваў яе безупынна да ночы, прычым яны страцілі ўвесь абоз, шмат забітымі і параненымі. Узятыя ў палон паказалі, што хеўрай камандаваў Астрога.

У другой палове чэрвеня роты варочаліся ў Вільню.

Узнагароды за справу былі наступныя:

Палкоўніку Уласаву - Св. Уладзіміра 4-й ст. з мячамі і бантам. Св. Ганны 3-й ст. з мячамі і бантам - капітанам Юр'еву, Македонцаву і падпаручніку Леўману»[262].

Гаспадар Доцішак, актыўны паўстанец Аляксандр Звяровіч арыштаваны, падчас бою пад Доцішкамі быў паранены заснавальнік беларускай літаратуры новага часу Францішак Багушэвіч - ён ваяваў у атрадзе Нарбута [263].

Паўстанне сціхала, але камандзіры рускіх атрадаў чамусьці лічылі, што галоўныя бітвы яшчэ наперадзе, і чакалі з'яўлення вялікіх паўстанцкіх аддзелаў. Захаваўся цікавы загад Мураўёва-Вешальніка ад 21 (7) чэрвеня 1863 г., у якім ён звяртае ўвагу на «частыя рапарты начальнікаў войскаў, якія ў сваіх данясеннях часам паказваюць, быццам бы мяцежнікі з'яўляюцца ... велізарнымі хеўрамі ў некалькі тысяч. Гэта зусім неверагодна ... таму я прапаную ... паведамляць весткі пра колькасць хеўраў з большай дакладнасцю»[264]. Але гледзячы па колькасным складзе войскаў, якія суправаджалі перавозкі, страх не праходзіў. Так, напрыклад, « 22 чэрвеня ў 2 гадзіны раніцы выступіў з Вільні атрад з 2 рот Кастрамскога палка пры 9 казаках, пад камандаваннем маёра Вількена, для канваявання палітычнага злачынца і транспарта ў Ліду»[265].

Пасля некалькіх няўдалых сутыкненняў у чэрвені (Рудня, Шумы) Астрога-Парадоўскі адышоў пад Шчучын і ў Дэмбраўскім лесе злучыўся з аддзелам Аляксандра Лянкевіча, злучаны атрад пайшоў у Гарадзенскую пушчу, потым пад напорам царскіх войскаў 9 жніўня перайшоў Нёман і аказаўся ў Аўгустоўскай губерні. Гэта быў апошні акт трагедыі паўстання, бо ў чэрвені паўстанне на Лідчыне скончылася. Але рэпрэсіі новага губернатара Мураўёва-Вешальніка супраць непакорнага краю толькі пачыналіся [266]. Мірон-Браніслаў Нарбут пісаў: «У ... паўстанні 1863 г. засцянковая шляхта пастаўляла найвялікшы кантынгент моладзі ў шэрагі народныя, несла апошні грош на ахвяру дзеля Краю, таму засцянковая шляхта цярпела найбольшы пераслед з боку ўрада. Спальваліся дамовыя пабудовы, забіраліся маёнткі, і цэлыя сем'і шляхецкія высылаліся этапам у Сібір альбо ў глыб Расеі, нават без aніякай прычыны, дастаткова было даносу першага жандара альбо паліцыянта, што захоўваецца зброя, альбо што калісьці ў засценку хавалі паўстанца. Так у Лідскім павеце ў Дэмбраўскай парафіі вынішчана цэлая ваколіца Шчукі і некалькі іншых»[267].


У чэрвені ў Вільні на Лукішках быў павешаны лідзянін Баляслаў Колышка, пра дзеянні якога ў Лідзе перад паўстаннем пісалася раней. Чыноўнік адміністрацыі Мураўёва Масолаў пісаў пра яго: «... малады чалавек 22 гадоў дваранін Лідскага павета ... вызначаўся сваімі здольнасцямі, характару быў адважнага, з цвёрдай воляй, як кажуць, сарві-галава. Ён стаяў на чале адной з трох галоўных хеўраў на Жмудзі...»[268]А відавочца пакарання, рускі афіцэр, князь Імерацінскі занатаваў: «...трымаў сябе ... з годнасцю і памёр без страху, без маладушных ваганняў: ён сам выштурхнуў лаўку з-пад сваіх ног»[269].

11 студзеня 1864 года ў Вільні на Лукішскім пляцы быў расстраляны Цітус Далеўскі, які нарадзіўся 13 траўня 1840 года ў фальварку Кункулка Лідскага павета. Цітус Далеўскі - удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Маскве і Пецярбургу, дзе вучыўся ва ўніверсітэтах. З лета 1863 года быў найбліжэйшым памочнікам Кастуся Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем.

Яшчэ адзін удзельнік паўстання Кастусь Кашыц (1828-1881 гг.), сын Юзафа Кашыца, маршалка Наваградскага. Кастусь Кашыц - выпускнік Дэрпцкага ўніверсітэта, беларускі пісьменнік, уладальнік Тарнова, Белагруды, Малога Ольжава. За ўдзел у паўстанні быў сасланы і да 1866 года быў у высылцы. Яго маёнтак Тарнова быў прададзены расейцу, графу Маўрасу.

У раёне Аўгустоўскага канала ў шэрагах паўстанцаў ваяваў Валеры Тукала з Ольжаўскіх Тукалаў. У яго быў канфіскаваны маёнтак Рачкоўшчына.

Найбольш таленавітым ваеначальнікам паўстання быў Валеры Урублеўскі. Валеры Антоні Урублеўскі (15 снежня 1836 - 5 жніўня 1908) - дзеяч польскага, беларускага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок Лідскага павета (цяпер гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Беларусі) у сям'і безмаянтковага шляхціца Антона Урублеўскага і Разаліі з роду Юраўскіх. Бацька яго працаваў лесніком, потым скарбнікам у графа Тызенгаўза.

Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбургскі лясны інстытут. У час вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў членам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі польскія рэвалюцыянэры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. У 1861 годзе Урублеўскі накіраваны інспектарам лясной школы ў вёску Саколка Гарадзенскай губерні (цяпер Польшча). У 1861-1862 гадах ён актыўна ўдзельнічаў у стварэнні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную газету «Мужыцкая праўда».

У час паўстання 1863-1864 гадоў Урублеўскі кіраваў паўстанцкімі аддзеламі. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных» - найбольш актыўных барацьбітоў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў: апоры на сялянскія масы, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, роўных правоў усіх народаў краю.

В. Урублеўскі вёў актыўную партызанскую барацьбу на Гарадзеншчыне, у Белавежскай пушчы, на Любліншчыне ажно да 19 студзеня 1864 года, калі ў баі каля в. Руды Карыбутаўскія ў Люблінскім ваяводстве быў пасечаны шаблямі і прызнаны забітым. Па ім былі надрукаваны некралогі ў прэсе, але Валеры выжыў, стаў генералам Парыжскай камуны і першым марксістам Беларусі.

Лідскія ксяндзы ў паўстанні

Большасць рыма-каталіцкіх святароў падтрымала паўстанне.

Ксёндз-вікары Эйшышскага касцёла Стэфан Юзаф Гарбачэўскі (1837-1895) стаў капеланам у аддзеле Нарбута. Прысутнасць святара ў аддзеле падымала дух змагароў, давала ўпэўненасць у недарэмнасць высілкаў i ахвяр. Згодна з паказаннямі палонных інсургентаў, ксёндз Гарбачэўскі быў забіты ў баі [270]. Але паўстанцы (можа адмыслова) і карнікі памыліліся. Паранены ксёндз Гарбачэўскі выжыў, сяляне ўратавалі ягонае жыццё, і яму ўдалося эміграваць у Францыю. Гарбачэўскі працягваў пастырскае служэнне ў Парыжы, дзе нават меў дазвол ад біскупа адпускаць самыя цяжкія грахі ад яго імя [271], у 1880 г. пераехаў у амерыканскі горад Мілуокі, адтуль перабраўся ў Вільню штата Мінесота, а потым вярнуўся ў Мілуокі і працаваў выкладчыкам у школе.

У ліку першых пакаранне смерцю атрымаў ксёндз Станіслаў Ішора, вікары з парафіі ў Жалудку. Ксёндз прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест і сам здаўся ўладам. Ён быў асуджаны ў Вільні на 5 гадоў катаргі, нягледзячы на амністыю для тых, хто сам здасца ўладам. Генерал-губернатар Назімаў змякчыў пакаранне да 5 гадоў высылкі. На няшчасце, 26 траўня ў Вільню прыбыў новы генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў-Вешальнік i замяніў прыгавор карай смерці. 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксёндз Ішора быў расстраляны на Лукішках і стаўся першай ахвярай Мураўёва ў Вільні [272]. Інспектар Віленскай гімназіі Кулін В.П. успамінаў: « 22 траўня ... Ускалыхнулася ўся Вільня. З раніцы на вуліцах, кірмашах і пляцах б'е барабан: аб'яўляе пра смяротнае пакаранне... На вуліцах незвычайны рух - усе імкнуцца ... на Лукішкі... З натоўпам народу бягу туды ж і я. Вось і пляц з фатальным слупам, уся плошча заліта народам, на атачаючых яе вышынях віднеюцца шматлікія групы жанчын у жалобе. Пачуліся крыкі: "Вядуць, вядуць". Наступілі страшныя хвіліны. Сэрца б'ецца пачашчана, цяжка дыхаецца. Чытаюць прысуд, шматтысячны натоўп здранцвеў. Раздаўся залп, за ім стогны жанчын»[273].

А вось як апісаў пакаранне ксяндза Ішоры чыноўнік Мураўёва Масолаў: «…па вузкай Дамініканскай ... вялі на пакаранне смерцю ксяндза Ішору. Наперадзе ехалі жандары і казакі, далей, акружаны салдатамі, бадзёра ішоў высокі, малады ксёндз прыемнага выгляду, ражкі маркотна дудзелі, побач з асуджаным ішоў духоўнік, а за працэсіяй і вакол яе кіпеў неаглядны натоўп народу. Жанчыны былі ў чорным і гучна рыдалі. ...казалі, што да 20 тыс. народу сабралася на вялікае поле Лукішкі... У гэты дзень у горадзе было змрочна... Віна пакаранага была ў чытанні абуральнага маніфесту народу ў касцёле. Падобнае чытанне ... адбывалася амаль паўсюдна... Ішора быў затрыманы адным з першых, і таму на яго ўпаў лёсік. Праз два дні былі расстраляныстары ксёндз Зямацкі і малады шляхціч Ляскоўскі. Я бачыў, як яны ішлі на пакаранне смерцю...»[274]

4 чэрвеня 1933 г. у касцёле Св. Якуба ў Вільні была пасвенчана мемарыяльная дошка памяці ксяндза з такім надпісам: «S. p. ks. Stanislaw Iszora, urodzony w Wilnie 12 kw. 1838 r., wikarjusz w Zoludku, kaplan bohater za sprawe Kosciola i Narodu, stracony w Wilnie na Lukiszkach 3 czrw. 1863 r. Czesc jego pamieci.» («С. п. кс. Станіслаў Ішора, народжаны ў Вільні 12 крас. 1838 г., вікары ў Жалудку, каплан-герой за справу касцёла і народа, страчаны ў Вільні на Лукішках 3 чэрв. 1863 г. Слава яго памяці»)[275].

Mypaўёу замяніў пробашчу парафіі Ваверка ксяндзу Раймунду Зямацкаму прыгавор, які асуджаў яго на цяжкія працы, смяротнай карай праз расстрэл. Гэты святар таксама прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест, быў арыштаваны 4 сакавіка (19 лютага) 1863 г. лідскім вайсковым начальнікам падпалкоўнікам Пініцкім і пад канвоем адпраўлены ў Вільню, дзе i быў расстраляны 5 чэрвеня [276]. Відавочца ўспамінаў: «...Зямацкі - высокі, прыгожы ксёндз з блакітнымі вачыма, у якіх блішчала натхненне ... памёр мужна, ён увесь час ішоў цвёрдым крокам, не глядзеў ні на кога, толькі на неба, і да апошняй хвіліны то ціха, то гучна маліўся»[277].

23 ліпеня 1933 г. на касцёле Св. Рафала ў Вільні адкрыта памятная дошка памяці ксяндза: «S. P. Ks. Rajmund Ziemacki, ur. w Losku 19 wrzesnia 1810 r. Uczestnik powstania 1831 r. Wikarjusz parafji sw. Rafala w Wilnie, nastepnie proboszcz w Wawiorce, powiatu Lidzkiego, Kaplan-Bohater, zginal smiercia meczeсska, rozstrzelany na placu Lukiskim w Wilnie 5 czerwca 1863 r.» («С. п. кс. Раймунд Зямацкі, нар. у Лоску 19 верасня 1810 г. Удзельнік паўстання 1831 г. Вікары парафіі Св. Рафала ў Вільні, пазней пробашч у Ваверцы Лідскага павета, каплан-герой, загінуў смерцю пакутніка, расстраляны на пляцы Лукішкі ў Вільні 5 чэрвеня 1863 г.»)[278].

Адам Фалькоўскі, пробашч Ішчалны, прачытаў паўстанчы маніфест i заклікаў сялян да паўстання. Арыштаваны 2 сакавіка 1863 г. i высланы з Ліды ў Вільню. Ён быў расстраляны ў Лідзе 24 (13) чэрвеня. Так пра гэтую падзею піша ксёндз-дэкан Гіпаліт Баярунец: «...каля 6 гадзін раніцы с.п. ксёндз Адам Фалькоўскі ішоў на месца страты засяроджаны і чытаў малітвы з кантычкі. Яго прывялі з Лідскай вязніцы да месца, дзе была выкапана яма і падрыхтавана свежая вапна ў вялікай бочцы. Яму зачыталі смяротны прыгавор, пасля чаго яго прывязалі да слупа і завязалі вочы. Грымнуў залп з казацкіх карабінаў. Ксёндз абвіс, як ужо мёртвы, потым яго адвязалі, укінулі цела без труны ў яму і залілі вапнай. Магілу закапалі, эскадрон казакаў на конях зацёр усялякі след магілы. Наш люд ціха назіраў і, стоячы ў розных пунктах, перасячэннем ліній акрэсліў месца магілы, а пасля адходу катаў аблажыў магілу камянямі. Паліцыя шматкратна раскідвала каменне, але наш добры народ заўсёды пазначаў тое месца чатырохвугольнікам з камянёў... У 1919 годзе лідскія чыгуначнікі пры ўдзеле лідскіх абывацеляў задумалі ўшанаваць магілу ксяндза і паставіць помнік. Чыгуначнік Стэфан Лоўкіс узяў тую справу блізка да сэрца, зрабіў крыж з жалезных труб і падрыхтаваў цэмент для пастаноўкі помніка. Тады наступіла хвіліна, калі трэба было адшукаць магілу. Тыя людзі - жывыя ў 1919 годзе сведкі падзеі - паслухаўшы мае парады, сталі на тыя самыя месцы, як у 1863 годзе, і на скрыжаванні ліній знайшлі магілу. Пры капанні ямы пад фундамент помніка натрапілі на камяні, а глыбей - на вапну. Месца гэтае - бясспрэчна магіла страчанага ксяндза».

У міжваенныя гады імя Фалькоўскага насіла адна з цэнтральных вуліц горада. У 1940 годзе савецкія ўлады знеслі крыж і зруйнавалі магілу ксяндза Адама Фалькоўскага [279]. З 1996 г. грамадскасць горада вяла барацьбу за існаванне помніка на магіле Фалькоўскага, і ў выніку ў 2010 г. помнік на магіле ксяндза быў адноўлены.

Да смерці прыгаварылі таксама ксяндза Яна Кажанёўскага, вікарыя з Новага Двара. Ён таксама прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест. Генерал-губернатар Назімаў выступіў, аднак, да цара з просьбай аб замене пакарання смерцю i атрымаў дазвол на кару 12 гадоў катаргі ў шахтах i пазбаўленне духоўнай годнасці. Ксяндзу пашчасціла, што яго выслалі з Вільні ў Табольскую губерню перад прыездам Мураўёва.

Апрача ўпамянутага ўжо ксяндза Кажанёўскага яго сусед, пробашч з парафіі Васілішкі ксёндз Сырвід Ануфры, быў пакараны за прачытанне маніфесту 12 гадамі катаргі ў шахтах Тамбоўскай губерні (Антоні Гжымала-Пшыбытка ў «Ziemi Lidzkiej» № 1 за 1937 г. сцвярджае, што гэта менавіта ксёндз Сырвід быў памілаваны па просьбе жонкі губернатара Патапава, у дзявоцтве княжны Абаленскай).

Ксяндза Рамуальда Скібінскага, пробашча парафіі Дэмбрава, пакаралі васьмігадовай катаргай у сібірскіх фабрыках. Асуджаных на смерць ці на катаргу пазбаўлялі святарскай годнасці [280].


Адразу пасля страты 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксяндза Ішоры паўстанцы страцілі некалькі праваслаўных святароў, якія дапамагалі царскаму ўраду. Ужо 4 чэрвеня (23.05) за дапамагу ўраду быў забіты праваслаўны святар г. Суража Беластоцкага павета Гарадзенскай губерні Канстанцін Пракаповіч, 14 чэрвеня 1863 г. павешаны паўстанцамі псаломшчык Фёдар Юзяфовіч, які служыў у в. Святая Воля Пінскага павета, ён уваходзіў у так званы «атрад самаабароны» і таму для інсургентаў лічыўся жаўнерам варожага боку. Здаецца, да страты ксяндза Ішоры паўстанцы не забівалі праўрадавых праваслаўных святароў, ім галілі бароды, падвяргалі маральнай абструкцыі і г.д. [281]

Улады, і ў першую чаргу вышэйшае праваслаўнае духавенства, вельмі пільна сачылі за падпарадкаванымі ім святарамі, не дапускаючы ніякіх ваганняў. Калі два маладыя праваслаўныя святары з Гарадзенскай губерні за непісьменных сялян падпісалі прысягу Нацыянальнаму ўраду, яны адразу ж былі пазбаўлены сану. Вядомы таксама выпадак святара Скабалановіча. Яго і дзвюх яго дачок (хрышчаных і выгадаваных у каталіцтве) западозрылі ў сувязях з паўстанцамі, і ў выніку святар адразу быў сасланы ў Гарадзенскі манастыр.

Пра нейкія ўчынкі праваслаўнага святарства супраць інсургентаў і, адпаведна, рэпрэсіі з боку паўстанцаў на Лідчыне, інфармацыі няма, да шчасця, паўстанне тут не набыло элементаў грамадзянскай вайны.

Пасля паўстання

Мураўёв М.М. 7 чэрвеня 1864 г. забараніў насіць жалобную вопратку і розныя «рэвалюцыйныя знакі», вянгеркі, канфедэраткі і доўгія боты пад пагрозай значных штрафаў: на першы раз - 25 руб., у другі раз - 50 руб., а на трэці раз - арышт. Калі заплаціць не было магчымасці, прадавалася маёмасць. Нават жалобу па родных дазвалялася насіць толькі пры наяўнасці адпаведнага дазволу ад паліцыі. Каб пазбегнуць штрафаў, жанчыны, выходзячы на вуліцу, падгортвалі жалобныя спадніцы каля поясу і на вачах паліцыі былі ў каляровых, а заходзячы да сваіх аднадумцаў, апускалі схаваныя спадніцы і зноў былі ў жалобе. Заканчэнне паўстання не адмяняла загадаў наконт жалобнага адзення, гэта была своеасаблівая помста з боку ўладаў і надзейная крыніца хабару для мясцовых чыноўнікаў [282].

Усе міравыя пасрэднікі ў паветах з тутэйшых адмовіліся ад сваіх пасад, і на іх месца панаехалі чыноўнікі-абрусіцелі. Вось як адзін з іх, Палявы М., апісвае перасячэнне ўсходняй этнічнай мяжы Беларусі ў 1864 г. і свой праезд да Вільні: «Адразу за Смаленскам, як толькі я заехаў у Магілёўскую губерню, я трапіў у новы свет. З'явіліся палякі, беларусы, яўрэі з іх чужымі для мяне мовай, звычаямі і варожым да ўсяго рускага настроем. Я, рускі гвардзейскі афіцэр, сваёй формай выяўляў сваю нацыянальнасць і адразу адчуў злосны настрой, варожасць ўсіх гэтых людзей. Яны наўмысна гаварылі са мной па-польску, хоць усе выдатна размаўлялі і разумелі рускую мову. Яны абцяжарвалі мяне ва ўсім: у куплі хлеба, абаранкаў, у падліку грошай, лічачы на злотыя, а часта і зусім адмаўлялі ва ўсім, кажучы: "Не разумеем!" ... Ужо з самай мяжы Смаленскай губерні было прыкметна ваеннае становішча ў краі. У мястэчках бачныя былі войскі, на паштовай дарозе стаялі месцамі заставы і ваенная варта пры іх. На станцыях правяралася мая падарожная. Але калі я заехаў у Мінскую губерню, ваеннае становішча убачылася ва ўсёй сваёй сіле і строгасці...»[283]

Яскрава адлюстроўвае рэжым, усталяваны на Лідчыне, прашэнне адстаўнога рускага падпаручніка Міхаіла Васільевіча Страескі на імя Мураўёва ад 29 лістапада 1863 г., якое збераглося ў паперах былога набліжанага да Мураўёва ў Вільні афіцэра Чарэвіна [284]. Страескі ехаў з Бесарабіі ў Пецярбург праз Беларусь і зазнаў шмат грубасці і здзеку - спачатку ў Пінску, а пасля ў Лідзе - ад вайсковых начальнікаў Ліды і Пінска і п'яных рускіх жаўнераў. Адстаўны падпаручнік спачатку быў упэўнены, што рэжым, які ён бачыў на сваёй дарозе, усталяваны без ведама генерал-губернатара і парушае законы, таму, як чалавек чэсны і які жадае дабра Расеі, ён напісаў рапарт да генерал-губернатара. Пра тое, што бачыў на Лідчыне, Страеска пісаў: «Калі сп. Алхазаў (лідскі ваенны начальнік - Л.Л.) абыходзіўся са мною так, ... не-палякам, маючы перад вачыма 5-6 дакументаў - сведчанняў пра маю асобу, то чаго пасля гэтага можна чакаць ад яго няшчаснаму паляку? Панове Алхазавы [...] прымусяць іх кінуць усё і шукаць выратавання "do lasu"... Паверце, Ваша Высокаправасхадзіцельства, - піша далей Страескі, - што ў войсках губерняў нельга ўгледзець прастадушнага, заўжды рахманага рускага салдата; грубасцю і жорсткасцю яны пераўзышлі там, мабыць, дзікія татарскія орды, што лютавалі некалі на Св. Русі.Калі б да Вас маглі даходзіць стогны і скаргі прыгнечаных варварствам нашага хрысталюбнага воінства, Вы, напэўна, з жахам адмовіліся б ад такіх паплечнікаў»[285]. Верагодна хутка адстаўны падпаручнік усвядоміў, што ўсе робіцца з дазволу Мураўёва-Вешальніка і з'яўляецца часткай ягонага плана пацыфікацыі краю.

Вось што казаў Мураўёў камандзіру аднаго з карных атрадаў князю Імерацінскаму: « Не верце нічаму, што Вам будуць казаць пра ласку, гуманнасць, недаказанасці віны ... няпраўда, усе яны вінаватыя больш ці менш, і самае малое пакаранне - калі хто пасядзіць у каменным мяшку!.. Нам трэба вырваць ім зубы да вясны, а то прыйдзецца пачынаць зноў! Я даў ваенным начальнікам самыя шырокія паўнамоцтвы, распараджэнняў сваіх не змяняю, наадварот пацвярджаю і заўсёды падтрымліваю. Таму не бойцеся адказнасці, не саромейцеся і не глядзіце на тое, што скажа следчая камісія... Яшчэ раз кажу: калі хто з гэтых ... выглядае невінаватым, малая справа!.. Няхай пасядзіць, падумае, гэта самае меншае з таго, што ўсе яны заслугоўваюць! Калі ўбачыце … дапамогу або хоць найменшае патуранне гэтым мярзотнікам, загадваю вам усё спаліць, зраўняць з зямлёю - была б гэта вёска, сядзіба, што б ні было! Асабліва строга прыглядайце зa панамі і ксяндзамі, за гэтымі шляхецкімі ваколіцамі, не варта цырымоніцца з-за іх шматлюднасці: напішыце мне, і я іх выселю ўсіх да аднаго! Ну-с, я рады, што магу вам даць выпадак паслужыць у такі час Гасудару і рускай справе!»[286]

Як бачым, задоўга да бальшавікоў і фашыстаў Мураўёў дэ-факта ўвёў прынцып калектыўнай адказнасці.

Нездарма ўжо сучаснік Мураўёва, выбітны рускі бібліёграф Мяжоў В.І. у сваёй «Рускай бібліяграфіі» пасля смерці генерала адзначыў: «У грамадстве і гісторыі ён (М.М. Мураўёў) застаўся пад імем Мураўёва-Вешальніка і наогул вядомы быў сваёю крыважэрнасцю»[287].

***

Знакаміты польскі палітык Раман Дмоўскі (1864-1939), пісаў пра фатальную ролю «польскага пытання» для гісторыі Рускай Імперыі: далучэнне земляў Рэчы Паспалітай да Імперыі зрабіла немагчымым нармальнае палітычнае развіццё гэтай краіны: «Колькі разоў Расія ўступала на шлях разумных памяркоўных рэформаў і ў часы Аляксандра I, і ў часы Аляксандра II, альбо ў перыяд станаўлення Думы, і кожны раз сыходзіла з гэтага шляху. Галоўнай прычынай было "польскае пытанне", а дакладней небяспека, што палякі выкарыстаюць палітычныя правы дзеля ўмацавання ўласных пазіцый і падрыву рускай дзяржаўнасці... Трэба было выбіраць паміж эвалюцыйным і рэвалюцыйным шляхамі развіцця. У выніку таго, што "польскае пытанне" фактычна заблакіравала першы з іх, Расія была прыгавораная да рэвалюцыі. Магчыма, апошнія падзеі ў Расіі (маецца на ўвазе рэвалюцыя 1917 г. - Л.Л.) з'яўляюцца расплатай за панаванне над Польшчай»[288].


Разгром паўстання абярнуўся ўзмацненнем русіфікацыі. 10 снежня 1865 г. быў прыняты закон, які забараняў «асобам польскага паходжання» набываць зямлю. Забаранялася распаўсюджванне польскіх выданняў. Часовыя правілы для народных школ краю стваралі выключна вялікарускую сістэму адукацыі. Шэраг загадаў гарантаваў масавы прыток чынавенства з этнічна рускіх губерняў. Нельга было размаўляць па-польску ў публічных месцах: у нашых гарадах можна была пабачыць аб'явы накшталт: «Говорить по-польски запрещено». Пасля паўстання адбылася хуткая пераарыентацыя палітычна і культурна актыўных людзей, прыхільнікаў ліцвінскай традыцыі: замест працы на патрэбы свайго краю яны ў значанай ступені пачалі арыентавацца на Польшчу і яе культурныя патрэбы.

У 1863 г. этнограф Павел Баброўскі прапанаваў галоўным крытэрыем вызначэння этнасу лічыць мову. Тады ж пры падтрымцы ўлад пачалося хуткае развіццё так званага заходнерусізму (яго сэнс - Беларусь этнічная, культурная і дзяржаўная частка Расіі, «сапсаваная» палякамі). У той жа час рускія ўлады дазволілі друкаваць на беларускай мове этнаграфічныя даследаванні, якія павінны былі спрыяць ўмацаванню плыні менавіта заходнерусізму. Былі праведзены шматлікія навуковыя даследаванні народнай культуры. Але этнаграфія, як і любая аб'ектыўная навука, у перспектыве толькі пацвердзіла існаванне асобнага беларускага этнасу. Другая палова XIX ст. стала для Еўропы часам нацыянальнага абуджэння, усе нашы суседзі прачыналіся ад сну і стваралі нацыі ў сучасным разуменні гэтага слова. Агульны культурны кантэкст указваў кірункі для далейшага развіцця і нам, беларусам.

Развіццё беларускай культуры ішло ў межах ліцвінскай і заходнерускай культурных традыцый, і беларускасць шмат у чым з'явілася іх сплавам. Ужо ў 1870-80-х гадах беларускія народнікі выступілі з абгрунтаваннем тэзы пра беларусаў як асобны народ. Сімвалічна, што на канчатковае афармленне беларускай культурнай традыцыі сваёй творчасцю моцна паўплываў паўстанец 1863 г. Францішак Багушэвіч [289]. Пасля яго станаўленню беларускай нацыі ўжо не было альтэрнатывы, гэтае станаўленне можна было замарудзіць, але ўжо было немагчыма адмяніць.



Дадаткі

Да главы «Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне»

Песня ўланаў Тышкевіча, 1812 г.

17 полк Літоўскай кавалерыі
(са збораў Івана Луцкевіча)


Што там за жаўнеры, ці ж гэта не ўланы?
Гожыя ўсе хлопцы, пышна паўбіраны.

Уланы, уланы, сівых коней многа,
Я да вас прыстану, як дасце такога.

Ты зважай, васпане, што там за пастава,
Ну а што за мужнасць, ну а што за слава.

Стануць на пастоі, ці там на кватэры,
Тышкевіча ўлана любяць тут без меры.

Крыўды ён не ўчыніць і не зробіць шкоды,
Я да іх прыстану і пайду ў паходы.

Як ссядаюць з коней, звякаюць астрогі,
А дзяўчаты гуртам следам ва ўсе ногі.

Памірала дзеўка, аб адным пытала,
А ці б на тым свеце ўлана не спаткала.

Дзеўчына-дзяўчына, вось душа адлеце,
Што ўжо з тых уланаў ды на там-тым свеце?

- І на там-тым свеце, вам хачу сказаці,
Тышкевіча ўланаў буду я кахаці.

Пераклад Станіслава Судніка

Да главы «Паўстанне 1831 г.»

Маёнткі, канфіскаваныя ва ўдзельнікаў паўстання (дадзеныя на 1837 г.)[290]

Імя гаспадара

Назва

маёнтка

Павет

Колькасць душ

Гарэцкі А.

Біскупцы

Лідскі

88

Грабоўскі М.

Гімбуты

Лідскі

53

Каржанеўскі А.

Сапунцы

Лідскі

27

Коркуць Д.

Цяцянкі

Лідскі

без сялян

Круповіч Г.

Янавічы

Лідскі

без сялян

Лейка Ф.

Крупаўшчызна

Лідскі

2

Лейка Ф.

Крупы

Лідскі

3

Міхалоўскі А.

Востраў

Лідскі

3

Пац Л.

Ражанка

Лідскі

1351

Да главы «Паўстанне 1863 г. на Лідчыне»

Фрагмент артыкула дырэктара музея Францішка БагушэвічаАлеся Жамойціна «Паўстанцкі шлях Францішка Багушэвіча»[291]

1863 год. Нават біёграф Багушэвіча Напалеон Роўба з палітычных меркаванняў не мог нічога сказаць пра дзейнасць паэта ў тыя гады. Шчаслівая выпадковасць напаткала аўтара гэтых радкоў. Жыхарка Доцішак Бенядыкта Янаўна Свечка перадала ў мае рукі паперы свайго бацькі, актыўнага ўдзельніка левага сялянскага руху ў буржуазнай Польшчы. Цікавая яго аўтабіяграфія, напісаная па-польску. Яе цытую амаль цалкам у сваім перакладзе.

«Свечка Ян. Нарадзіўся 6 красавіка 1896 года паводле старога стылю. Бацька меў некалькі гектараў зямлі, сам на ёй працаваў. Займацца ў школе магчымасці не было. Вучыўся толькі дома.

...Зімовымі вечарамі падвучыўся як-кольвек чытаць па-польску і па-руску ад майго бацькі Міхала - былога першага вучня польскай нелегальнай школы, арганізаванай Жвіровічам у вялікім двары ў Доцішках у 1861-1862-1863 гадах. З апавядання майго бацькі Міхала Жвіровіч на свой кошт трымаў у двары ў Доцішках двух настаўнікаў - педагогаў дворных: прафесара Багдзевіча Адама і ... Багушэвіча Францішка.

Жвіровіч з прафесарам Багдзевічам параконна ездзілі ў Варшаву па польскія школьныя чытанкі, якія давялося распакоўваць у той час вучню Міхалу (майму бацьку). З апавядання старых людзей і... майго бацькі, Міхала, Жвіровіч быў кіраўніком паўстання на Віленшчыне 1863 года. Разам са Жвіровічам актыўны ўдзел у паўстанні браў і малады ў той час Багушэвіч Францішак - настаўнік майго бацькі... Бацька мой быў сведкам (меў тады 12 поўных гадоў), калі аднойчы летнім днём 1863 года рота царскіх казакаў наляцела на двор Жвіровіча ў Доцішках і граміла заспетых знянацку паўстанцаў Жвіровіча, узброеных пістаноўкамі, шляхецкімі шаблямі і пікамі. Паўстанцы спрабавалі схавацца ад казакаў у дворскі лес Зялёная Сола. Там атрымаў рану ў нагу Багушэвіч Францішак - настаўнік майго бацькі ў Доцішках, які, на сваё шчасце, паспеў схавацца за забітага каня. Жвіровіча казакі схапілі. Пасля царскага суда яго вывезлі на Сібір. Маёнтак Жвіровіча канфіскавалі і аддалі царскаму палкоўніку жандармерыі ІІІпееру, які жыў у Вільні [...]».

У аўтабіяграфіі цікавае сведчанне аб сутычцы казакаў з паўстанцамі каля Доцішак. З рапарта палкоўніка Уласава вынікае, што сутычка адбылася 12 чэрвеня 1863 года (ЦДГА Літ. ССР. Ф. 438. Воп. 1. Спр. 102. Арк. 211). З архіўных дакументаў мы даведаліся, што ў той час каля Доцішак знаходзіўся атрад Астрогі (ЦДГА Літ. ССР. Ф. 1248. Спр. 200. Арк. 9-10). Вось паказанні паўстанца з гэтага атрада А. Янкоўскага: « З Гарадзенскай пушчы пайшлі да мястэчка Эйшышкі, але на шляху былі мызы абшарніка Звяровіча. Калі мы стаялі на адпачынку, не болей, чым тры гадзіны, дагнала нас войска, і мы пайшлі ад яго праз балота да мястэчка Шчучын, наўмысна блудзячы, заходзілі ў вёскі, але ў якія менавіта не памятаю; але па мызы не заходзілі таму, што гэта было забаронена, здаецца, Камітэтам».

Як бачым, дакументы і ўспаміны не пярэчаць адно другому. Ёсць толькі недакладнасць у прозвішчы (Жвіровіч - Звяровіч) або рускі чыноўнік мог свабодна перакруціць тутэйшае прозвішча паводле свайго разумення. У памяці жыхароў Доцішак жыве Жвіровіч. I яшчэ народная памяць данесла апавяданне пра тое, што ў хмызняку ля маёнтка інсургенты свежавалі жывёлу, ахвяраваную Жвіровічам для паўстанцаў.

Зыходзячы з успамінаў і архіўных дакументаў, адновім ход падзей 12 чэрвеня 1863 года.

Атрад Астрогі пасля паходаў папаўняў запасы правізіі ў абшарніка Аляксандра Жвіровіча. Асноўныя сілы паўстанцаў былі размешчаны на адпачынак у лесе, прыблізна за паўкіламетра ад маёнтка. А выдзеленыя людзі, сярод іх і Багушэвіч (як знаёмы з гаспадаром), нарыхтоўвалі правізію і, магчыма праз Жвіровіча, даведваліся аб загадах камітэта.

Аляксандр Жвіровіч у рэвалюцыйнай арганізацыі займаў, відаць, важную пасаду. Яшчэ ў лютым, згодна з паўстанцкім маніфестам ад 22 (10) студзеня 1863 года, ён вызваліў часоваабавязаных сялян вёскі Доцішкі ад паншчыны. Асмеліцца на такое ў самым пачатку паўстання мог толькі чалавек вельмі цвёрды ў сваіх перакананнях. Разам са Жвіровічам асмеліўся па такі ўчынак і Тодар Нарбут. [...]

... вернемся да падзей 12 чэрвеня 1863 года. У мяне пад рукамі польская вайсковая карта 1923 г. На ёй яшчэ значыцца лес Зялёная Сола, дзе стаялі на адпачынку паўстанцы. Ад яго не засталося і следу [...]. Дык вось, з пункту гледжання тактыкі палкоўнік Уласаў не мог заспець асноўныя сілы паўстанцаў Астрогі знянацку. Маглі трапіць у сутычку толькі людзі, занятыя нарыхтоўкай правізіі, і тыя, хто з картамі прыйшоў у маёнтак зверыць далейшы маршрут атрада з указаннямі камітэта. Таму і значацца ў рапарце палкоўніка Уласава захопленыя перапіска і карты.

А цяпер узнікае пытанне: калі Багушэвіч уступіў у паўстанцкі атрад? Пытанне амаль без адказу, але... Перад намі фотаздымак Ф. Багушэвіча, зроблены ў 1863 г. У сям'і паэта лічылася, што ён сфатаграфаваны перад выхадам на паўстанне. Што ж рабіць, як вызначыць месяц ці пару года?.. I раптам бліснула здагадка: а што, калі...

Людзі пажылога веку адразу вызначылі, што чалавек на фотаздымку апрануты ў верхняе адзенне, якое насілі ці ранняю вясной, ці ўвосень, пад зіму.

Значыць, Багушэвіч мог пайсці да паўстанцаў у сакавіку 1863 г. Тады ўспомнены тут атрад узначальваў Людвік Нарбут.

Аб дзейнасці атрада Нарбута, а затым Астрогі ёсць звесткі ў справе Уладзіслава Пілецкага - хатняга настаўніка Нарбутаў, аднаго з першых інсургентаў. « Першага лютага прыбыў туды (у Шаўры - А.Ж.) Людвік Нарбут і ўгаворваў мяне далучыцца да шайкі, якая раніцай 2 лютага налічвала 8 чалавек і знаходзілася ў лесе на адлегласці трох вёрст ад мястэчка Нача» (ЦДГА Літ. ССР. Ф. 494. Спр. 233). З архіўных матэрыялаў відаць, што Л. Нарбут меў гарантаваную падтрымку ў многіх маёнтках і вёсках аж да самай Гародні. Аб тым, што атрад дзейнічаў не стыхійна, а пад кіраўніцтвам камітэта, сведчаць паказанні інсургента А. Янкоўскага: « ...я прысягаў не кідаць шайку і быць верным Народнаму Ураду» (ЦДГА Літ. ССР. Ф. 1248. Спр. 206. Арк. 8).

22 красавіка 1863 г. пасля даносу здрадніка царскія войскі напалі на атрад пад мястэчкам Дубічы. Людвік Нарбут у гэтым баі загінуў. Асноўным сілам атрада ўдалося адарвацца ад ворага. Цікава, што паранены У. Пілецкі, хатні настаўнік Нарбутаў, знайшоў прытулак у маёнтку А. Жвіровіча. Ці не пасрэднічаў тут Ф. Багушэвіч? Вельмі магчыма. Пілецкі скончыў Віленскую гімназію і вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, які пакінуў адначасова з Багушэвічам. Вельмі магчыма, што яны разам уступілі ў паўстанцкі атрад.

Пасля 12 чэрвеня 1863 г. баявы шлях Ф. Багушэвіча пралёг цераз Нёман у Аўгустоўскую (Сувальскую) губерню. Рана, атрыманая пры Доцішках, магла быць лёгкай, але з-за адсутнасці кваліфікаванай медыцынскай дапамогі магла і загнаіцца. Таму Напалеон Роўба ўспамінае нейкіх Крушэўскіх, у якіх знайшоў прытулак паранены інсургент.

Вось каб Крушэўскія захавалі гэтак памяць сваіх продкаў, як захавалі Свечкі памяць дзеда пра свайго настаўніка!..

Паколькі Багушэвіч дзейнічаў у мясцовасці, дзе яго амаль ніхто не ведаў, то, паводле законаў канспірацыі, у атрадзе ён мог мець мянушку. Таму вельмі мала надзеі, што праз такі прамежак часу можа дайсці да пас прамое сведчанне ўдзельніка падзей.

Цяжка задаволіцца набыткам. Мала яшчэ мы ведаем пра Францішка Багушэвіча. Вельмі цікавымі былі б для нас і паэтычныя творы Ф. Багушэвіча таго часу. Не магла маўчаць муза ў такі час, не магла! З успамінаў малодшага сына Міхала Свечкі, вучня Багушэвіча, вынікае, што настаўнік яго бацькі чытаў сваім вучням уласны сатырычны верш пра пана з Эйшышкаў, які зусім бязбожна абдзіраў просты люд. На вялікі жаль, гэты твор у памяці не захаваўся. Даследчыкаў чакае яшчэ шмат працы.

«Божа, што ж Польшча...»

Аўтэнтычны беларускі тэкст 1863 г.

Божэ, Ты Польшчы праз доўгія векі
Даваў чэсьць, хвалу, сьцярог ад няволі,
Не паскупіу Ты айцоускай апекі,
Сіліў пацеху в нешчасьлівой долі.

Перэд аутары малітву прыносім!
Вольносьць, Айчызну вараці нам, просім!

Ты пажалеушы яе у злой прыгодзе
Нераз пабіці врага давау сілу,
Серод нешчасьця у правюнэм родзе
Дадау больш хвалы, хоць пашла у магілу.

Перэд аутары...

Божэ, ты сілу цароу розгузданых
Роуно былінку зломіш в сваём судзе
Сатрыж у порах тыраноу паганых
Дай нам пацеху што Польшча жыць будзе.

Перэд аутары...

Вярні ей сьветносьць як дауней была,
Дай уражай на родненькой межы
Каб у пакоі шчасьліва зажыла
Благаславі ты в дзеле маладзежы

Перэд аутары...

Ты Бялыніцка Найчыстша Дзева,
Сьвятая Маці сіроцкаго роду,
Літвы і Русі можна Каралева,
Упрасі Сына, каб дау нам Свабоду.

Перэд аутары...

У Жыровічах, Барунах маскалі
Цябе з намі у казёншчыну скулі;
Спраў каб од сызмы ты і мы адсталі,
Зрабі каб з Польшчай Унію вярнулі.

Перэд аутары ...

Chorał (Z dymem pożarów)

Muzyka Józefa Nikorowicza
Słowa Kornela Ujejskiego

Z dymem pożarów, z kurzem krwi bratnej,
Do Ciebie, Panie, bije ten głos,
Skarga to straszna, jęk to ostatni,
Od takich modłów bieleje włos.
My już bez skargi nie znamy śpiewu,
Wieniec cierniowy wrósł w naszą skroń,
Wiecznie, jak pomnik Twojego gniewu,
Sterczy ku Tobie błagalna dłoń.

Ileż to razy Tyś nas nie smagał!
А my nie zmyci ze świeżych ran,
Znowu wołamy: "On się przebłagał,
Во On nasz Ojciec, bo On nasz Pan!"
I znów powstajem w ufności szczersi,
А za Twą wolą zgniata nas wróg,
I śmiech nam rzuca jak głaz na piersi:
"А gdzież ten Ojciec, а gdzież ten Bóg?"

I patrzym w niebo, czy z jego szczytu
Sto słońc nie spadnie wrogom na znak...
Cicho i cicho - pośród błękitu
Jak dawniej buja swobodny ptak.
Owóż w zwątpienia strasznej rozterce,
Nim naszą wiarą ocucim znów,
Bluźnią Ci usta, choć płacze serce:
Sądź nas ро sercu, nie według słów!

О Panie, Panie! ze zgrozą świata
Okropne dzieje przyniósł nam czas:
Syn zabił ojca, brat zabił brata,
Mnóstwo Kainów jest pośród nas.
Ależ, о Panie! oni nie winni,
Choć naszą przyszłość cofnęli wstecz,
Inni szatani byli tam czynni,
О, rękę karaj, nie ślepy miecz!

Patrz! Му w nieszczęściu zawsze jednacy,
Na Twoje łono, do Twoich gwiazd.
Modlitwą płyniem jak senni ptacy,
Со lесą spocząć wśród własnych gniazd.
Osłoń nas, osłoń ojcowską dłonią,
Daj nam widzenie przyszłych Twych łask,
Niech kwiat męczeński uśpi nas wonią,
Niech nas niebiański otoczy blask.

I z archaniołem Twoim na czele
Pójdziemy wszyscy na straszny bój,
I na drgającym szatana ciele
Zatkniemy sztandar zwycięski Twój!
Zbłąkanym braciom otworzym serca,
Winę ich zmyje wolności chrzest,
Wtenczas usłyszy podły bluźnierca
Odpowiedź naszą: "Bóg był i jest".


Беларускі пераклад: З дымам пажараў
Музыка Юзафа Нікаровіча
Словы Карнеля Уейскага

З дымам пажараў, з кроўю ран братніх
Мы табе, Пане, б'ём наш паклон,
Скаргаю страшнай, енкам астатнім
Ад нашых модлаў сыходзіць стогн.
Мы ўжо без скаргі не знаем спеву,
З церну вянок уразаецца ў скронь,
Вечна як помнік Твайго, Пан, гневу
Цягнем к Табе мы просьбы далонь.

Колькі разоў Ты нас не адсцёбваў,
Мы, не адмыўшыя свежых ран,
Зноўку гукаем: "А Ён жа добры,
Бо Ён наш Бацька, бо Ён наш Пан".
І зноў да паўстання нас вера будзіць,
Каб Тваёй воляй нас вораг змог
І смеху кінуў камень на грудзі:
"А дзе ж той Бацька, а дзе ж той Бог?"

Гляньма ж у неба, ці там з зеніту
Сто сонц не ўпадзе на злыдняў знак,
Ціха і ціха сярод блакіту
Як колісь грае свабодны птах.
І мы ў сумнення злой паняверцы,
Перш, чым нам веру Ты вернеш зноў,
Блюзнім губамі, хоць плача сэрца:
"Суд чынь па справах, а не са слоў".

О, Пане, Пане! З прадоння шатаў
Жудасці весткі прынёс нам час:
Сын забіў бацьку, брат забіў брата,
Каінаў мноства ёсць паміж нас.
Толькі ж, о, Пане, віна не іхня,
Хоць нашу прышласць цягнуць заплеч,
Іншыя д'яблы таму прычынай,
Вытні далонню, не рушай меч.

Глянь, мы ў няшчасці заўжды адзіны,
На Тваё лона, да тваіх зор,
Модлы плывуць, як клін жураўліны,
Да родных гнёздаў, сваіх азёр.
Крый жа нас моцны, магутны Пане,
Дай дачакацца Тваіх нам ласк,
Кветка пакуты вянком хай стане,
Хай нас нябесны асветліць бляск.

Мы з арханёлам тваім на чэле
Пойдзем усе на смяртэльны бой
І на шайтана дрыгуткім целе
Мы ўздымем сцяг пераможны свой.
Змучаным браццям адчынім сэрцы,
Віны іх змые вольнасці дождж,
Вось тады ўчуе подлы блюзнерца
Водпаведзь нашу: "Бог быў і ёсць".
(Пераклад Станіслава Судніка)

Паўстанцкая песня[292]

У ваколіцах Новага Двара, што ў Шчучынскім раёне (колішні Лідскі павет) яшчэ ў 1929 годзе спявалі песню з часоў паўстання 1863 года. Песня амаль што на чыстай беларускай мове.

Hejze chlopcy dosi spac,
Para kosy prybirac,
Kosy, kosy i siakiery,
Baranici swajej wiery.
Para.

Herod naszy dzietki bje,
A krou naszu jak wuz pje,
Lepiej byci menczanikam,
Niz cesarskim niewalnikam.
Para.

Wy za pieczkaju, na polu,
A my u lesie ziemlu holu
Prytulilib jak piarynku,
Choc zasnuci, choc hadzinku.
Para.

Рапарт начальніка Віленскага атрада начальніку 2-й гвардзейскай дывізіі са спісам саўдзельнікаў мяцяжу. 29 красавіка 1863 г., № 15[293]

У выкананне прадпісання вашага правасхадзіцельства маю гонар прадставіць спіс асобаў, якія наклікалі на сябе падазрэнне ў саўдзеле ў мяцяжы.

1) Сястра Нарбута, с-ня Манджунская спрыяла набору паўстанцаў, сама бывала даволі часта ў хеўры і рабіла часам з ёю пераходы, дастаўляла мяцежнікам харчы. Усё гэта па сведчанні паўстанца, які знаходзіцца ў генерал-маёра Шамшава.

2) Вільбік, шляхціц, жыве ў Ліпкунцах, галоўны вярбоўнік.

У гэтай вёсцы ёсць адзін паранены паўстанец.

3) Абшарнік Янкоўскі жыве на фальварку Дубічы каля Новага Двара. Дакладна вядома, што на яго мызе было прыгатавана шмат харчоў для разгавення мяцежнікаў.

4) Абшарнік Мікульскі - мыза Глямбок, прымаў і частаваў мяцежнікаў, на яго мызе Нарбут і Гарбачэўскі прыводзілі зноў набраных паўстанцаў да прысягі.


Разам з тым лічу абавязкам далажыць і пра асобаў, якія спрыялі адшукванню мяцежнікаў і сваёй стараннасцю звярнулі на сябе асаблівую ўвагу, a менавіта:

Станавы прыстаў 5 стану Ільін.

Соцкі мястэчка Нача шмат спрыяў да выведвання пра месцы збору мяцежнікаў.

Стараста і соцкі вёскі Салтанішкі забіралі палонных і параненых пасля справы 22 красавіка і прыводзілі іх да мяне.

Іосіф Жэгздрын, селянін вёскі Смільчыны, Васілішскага стану. Быў не толькі пры маім атрадзе, але і пры раней пасыланых ад Паўлаўскага палка, у гэты час вярнуўся з атрадам у Вільню з асцярогі быць павешаным мяцежнікамі. Шмат спрыяў пры выведванні і вышуках, захапіў і прывёў вярбоўніка Няверу і параненага Іосіфа Рачука ў справе 30 сакавіка.

Антон Талыкоўскі, Каняўскай грамады, дзяржаўны селянін, быў сілком узяты ў паўстанцы, уцёк ад іх і далучыўся да майго атрада. Дастаўляў звесткі, ездзіў па вёсках выведваць і ў дзень справы 22 красавіка з другім мужыком накіраваўся выглядваць след хеўры, след прагледжаны потым штабс-капітанам Рэнвальдтам, па якім атрад і напаў на Нарбута.

Адам Базылевіч, дзяржаўны селянін мястэчка Дубічы. Пры руху маім 21 красавіка на Забалаць прыведзены быў казацкім вахмайстрам Кузняцовым як паказаўшы, што хеўра Нарбута знаходзіцца за возерам Пеляса. З прычыны гэтага апавяшчэння і быў зроблены мною зваротны рух на Дубічы.

Не магу прайсці маўчаннем міма стараннасці жыхароў-габрэяў мястэчка Эйшышкі. У дзень нараджэння Гасудара Імператара 17 красавіка ўсё мястэчка было ілюмінавана, у школах пры поўным асвятленні былі спяваныя гімны ў гонар Яго Вялікасці і Гасударыні Імператрыцы, таксама павінен згадаць пра сына віленскага святара Багдана Брэна, які выказаў жаданне паступіць у вайсковую службу, і ўзятага мною для перакладаў з польскай мовы. Падчас абедзвюх спраў і пры пераследзе знаходзіўся ўвесь час пры ротах і часам нават у ланцугу пад агнём мяцежнікаў.

Начальнік Віленскага атрада лейб-гвардыі Паўлаўскага палка палкоўнік Цімафееў.

Спіс маёнткаў, канфіскаваных у Лідскім павеце (1863-1873)[294]

Назва маёнтка

Былы ўладар

Дзесяцін

Вільбікі

Вільбік Стэфан

23

Ачкевічы

Гжымайла Фелікс

33

Пакулішкі

Эйсмант Леанард

76

Мажэйкаўшчына (дзялка)

Тубілевіч Мацей

1

Жылічы

Рудзіцкі

46

Казіміраўка

Рудзіцкі

84

Нявіша

Александровіч Ксаверы

468

Сасноўшчына

Бердаўскі Адольф

145

Аленшчына

Дабраўлянскі

205

Дылева (дзялка)

Цыдзік Міхал

12

Ліпкунцы

Трушунскі Юзаф

4

Рытаневічы (дзялка)

Кміта Антоні

4

Кіюнцы

Ёч Багуслаў

90

Грышанішкі (дзялка)

Краінскі Леон

97

Грышанішкі (дзялка)

Трушчынскі

52

Кракшлі (дзялка)

Бадер Ян

68

Кракшлі (дзялка)

Бадер Юзаф

68

Кракшлі (дзялка)

Сярэйчык Ваўжынец

½

Галадоўка

Ёч Эдмунд

29

Члоўшчына

Пулоўскі Напалеон

41

Разам

21 маёнтак

Маёнткі ў Лідскім павеце, якія пасля паўстання 1863 г. былі выкуплены рускімі абшарнікамі на падставе інструкцыі ад 23.VII. 1865 г.[295]

Прозвішча

пакупніка

Назва маёнтка

Дзесяцін

Кошт, руб.

Дата акта куплі

Заўвагі

Плаксенка Мікалай

Ачковічы

33

522

1868

Трапіцын Міхаіл

Пакулішкі

76

806

1868

Расільян Леў

Ражанка

505

10 173

1869

Трубецкі, князь

Радзевічы

320

5 412

1869

Навагродскі Федар

Багушевшчына

87

1 107

1869

Грыгор'еў Маісей

Даўклеўшчына

288

2 730

1870

Шпэер Апаланінары

Калеснікі

288

2 637

1870

Нікіцін Аляксандр

Тракелі

3 169

25 805

1870

Лівэн Вільгельм, барон

Дворышча

3 088

33 856

1870

Гічэла Міхаіл

Паплавы

113

1 603

1870

Маўрас Дзмітры

Ерамеевічы

191

1 182

1870

Піксанава Надзея

Гілвінішкі

106

2 471

1870

Кісела-Загоранскі Караль

Памедзь

315

2 371

1870

Гера Леапольд

Смілгіні

361

1 069

1870

Асаўкейка Разалія

Паўлока

264

1 206

1870

Пенкіна Алена

Забалаць

308

2 277

1871

Цыпін Мітрафан

Дварчаны

77

607

1871

Ушакоў Пётр

Сакоўшчына

141

1 656

1871

Анісімаў Аркадзь

Клунцы

90

682

1871

Чэкалкін Сцяпан

Дубінцы

199

846

1872

Лідскае гарадское таварыства

Ліда

110

5 606

1873

Крылоў

Жылічы

130

1 650

1873

Разам

22 маёнтка

10 199

106 274

-

Кошт дзесяціны 6 руб.

Спіс маёнткаў, прымусова прададзеных па ўказу ад 10.12.1865 г.[296]

Новы ўладар

Былы ўладар

Назва маёнтка

Дзесяцін

Кошт, руб.

Дата куплі

Маўрас Дзмітры

Кашыц Канстанты

Тарноўшчына

2 500

56 300

1866

Шванебах Фёдар

Тышкевіч Караль і Алівія

Жырмуны

4 000

41 000

1867

Маўрас Дзмітры

Табенскі Яраслаў

Малкоўцы

22

300

1867

Стаховіч Пётр

Пілецкі Юзаф

Лаўчылавічы

200

6 000

1867

Васюхноў Іван

Ласковіч Юльян

Малыя Стокі (Чаплеўшчына)

68

2 600

1867

Львова Тацяна

Грабоўскі Вільгельм

Семякоўшчына

880

-

1870

Львова Тацяна

Грабоўскі Вільгельм

Рогачоўшчына

115

40 000

1870

Станскі Сцяпан

Геншаль Людвік

Волдацішкі

438

10 601

1868

Джанееў Мікалай

Сямашка Ян

Гернікі

320

4 800

1868

Шпэер Апалінары

Аранскі Антоні

Лаўсюны

11

90

1868

Дэмбавецкі Ал.

Захватовіч Вінцэнт

Бердаўка

1 576

17 501

1868

Маўрас Дзмітры

Табенскі Яраслаў

Зенавічы

487

9 055

1868

Шпэер Апалінары

Звяровіч Аляксандр

Доцішкі

451

11 100

1868

Элсен Юліян

Ржансніцкі Эрнест

Здановічы

488

8 000

1868

фон Фейліцар Мік.

Нарбут Баляслаў

Нікадземава

191

3 000

1868

Кукаранаў Мікалай

Табенскі Яраслаў

Утольнікі

330

6 220

1868

Кукаранаў Мікалай

Дроблячэвіч Ал. Ролукрад Юзаф

Больсі

9

76

1868

Міхайлаў Іван

Вайсят Антоні

Цецянцы

66

317

1868

Ушакоў Пётр

Вільканец Тодор

Псярцы

122

1 271

1870

Агулам

19 маёнткаў

12 274

218 231

Кошт дзесяціны 18 руб.


Спіс маёнткаў, прададзеных ў 1864-1873 гг.[297]

Від продажу, назва маёнтка

Дзесяцін

Назва маёнтка

Дата куплі

Заўвагі

Вольны продаж

Ельня

34

1 900

1 868


Вялікая Лебяда

3 0552




Малое Ольжава

714

37 000

1870


Парачкоўшчына

182

4 400

1870


Балкуны

320

6 300

1870


Вярцянёўка

183

4 100

1872


Ельня

85

900

1872


Буячкі

1 060

7 000

1873


З аукцыёна

Папішчы

40

1 474

1866


Міканцы

46

795

1867


Жыжня

46

795

1867


Андрушкі

221

3 150

1867


Нецяч

1 858

11 910

1868


Балічы

199

4 578

1869


Мелегава, альбо Ельня

868

7 444

1870


Лычкава

760

18 010

1872


Вавёрка

357

13 185

1873


Дубічы

838

22 332

1873


Баранаўцы

350

5 506

1873


Агулам, 21 маёнтак

11 213

150 779


Кошт дзесяціны 13 руб.

Да 70-х угодкаў паўстання

У красавіку 1925 г. прэса паведаміла пра смерць Тэадоры Манчунскай - удзельніцы паўстання 1863 г., дачкі Тэадора Нарбута. У прэсе друкавалася біяграфія сястры Людвіка Нарбута.


Тэадора Манчунская - дачка знакамітага гісторыка Тэадора Нарбута, сястра камандзіра лідскіх паўстанцаў Людвіка Нарбута і сама паўстанка 1863 г.

Тэадора (Тося) нарадзілася ў маёнтку Шаўры Лідскага павета 1 красавіка 1830 г. Атрымала выдатную хатнюю адукацыю. У 18 гадоў выйшла замуж за Альберта Манчунскага, але ў 21 год стала ўдавой і вярнулася ў бацькоўскі дом. Займалася грамадскай працай, прымала чынны ўдзел у падрыхтоўцы паўстання.

Калі пачалося паўстанне - апынулася сярод актыўных удзельнікаў (у шэрагах паўстанцаў, акрамя старэйшага брата Людвіка, былі браты Баляслаў і Францішак). Тэадора ўзяла на сябе матэрыяльнае забеспячэнне аддзела, якім кіраваў Людвік Нарбут. Збірала грошы, даставала і прывозіла зброю, вопратку, харчаванне, знаходзіла добраахвотнікаў. Пасля паразы паўстання моцны аддзел казакоў атачыў маёнтак у Шаўрах, каб арыштаваць Тосю, але яна даведалася пра засаду і ў мужчынскай вопратцы ўцякла ў Гародню, а потым далей за мяжу. За мяжой доўгі час жыла ў сям'і графа Пшаздзецкага. Потым пераехала ў Кракаў, дзе апеку над ёй узялі манахіні-феліцыянкі. Напісала кнігу ўспамінаў. Памерла 27 сакавіка 1925 г.


9 жніўня 1928 года газета «Лідскае жыццё» змясціла артыкул наступнага зместу: «Ушанаванне палеглых у 1863 годзе. Дня 5 жніўня ў Шчытніках Тарноўскай гміны адбылося ўрачыстае асвячэнне магілы палеглых герояў, удзельнікаў баёў 1863 года.

Крыж і надмагільны камень [298] зафундаваў вайсковы асаднік п. Кілінскі. Яго стараннем пры дапамозе асаднікаў п. Бердаўскага і палкоўніка Ардылоўскага была арганізавана ўрачыстасць.

Прыгожую і ўзнёслую прамову сказаў ксёндз Гародка, звяртаючыся да баёў 1863- 64 гадоў.

Ва ўрачыстасці брала чынны ўдзел люднасць, мясцовая Белагрудская школа са сваёй харцэрскай дружынай і дзятва з Горнага Шлёнска, якая прыбыла ў Белагруду ў летні лагер» [299].

Зараз тут, каля вёсцы Мохавічы, штогод збіраюцца лідзяне, каб ушанаваць памяць загінуўшых паўстанцаў.


На працягу ўсяго 1933 г. шырока святкаваўся юбілей паўстання 1863 г.

У той час яшчэ дзейнічала таварыства Ветэранаў паўстання 1863 г., у якім ад гістарычнай Віленшчыны прымалі ўдзел 8 чалавек. Старшынёй таварыства быў Станіслаў Ёдка, які жыў у той час у Вільні (вуліца Серакоўскага, 25).

Станіслаў Ёдка нарадзіўся ў 1847 г. у фальварку Петрашунцы Лідскага павета. У паўстанцкі атрад пайшоў са школьнай лавы разам з сябрамі - вучнямі Лідскага павятовага вучылішча. Паўстанцам быў і ягоны бацька, таму пасля паразы паўстання фальварак Петрашунцы быў канфіскаваны, а бацька сасланы ў Сібір. Акрамя Ёдкі ўдзельнікамі паўстання 1863 г. з Лідчыны былі Мацей Знамяроўскі з Бастуноў [300] і Валерыя Цехановіч з Ліды.

Валерыя Цехановіч (з Цыбульскіх) - удзельніца паўстання 1863 г. Памерла ў Лідзе 23 студзеня 1933 г. ва ўзросце 93 гадоў. Труна з целам паўстанкі была перанесена з дома жалобы (дом яе сына, вул. Лідская, 38) у фарны касцёл 24 студзеня ў 18.00. Жалобнае набажэнства і пахаванне адбылося 25 студзеня ў 10.00 [301]. «Навагрудскі Кур'ер» пісаў: «Вялікая колькасць людзей на пахаванні ветэрана паўстання 1863 г. 25 студзеня ў Лідзе адбылося пахаванне Валерыі Цехановіч (з Цыбульскіх), якая памерла 23 снежня, у гадавіну паўстання. С.п. Цехановіч нарадзілася ў Мінску 1 снежня 1840 г. і ва ўзросце 23 гады ўзяла ўдзел у паўстанні»[302].

18 лютага 1933 г. у Бастунах адбылося ганаровае ўзнагароджанне паўстанца 1863 г. Мацея Знамяроўскага. Калі пачалося паўстанне, Знамяроўскі меў 18 гадоў і вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адразу ўступіў у атрад Людвіка Нарбута і браў у ім чынны ўдзел. Каб узнагародзіць ветэрана, у Бастуны адмыслова прыехаў стараста Багаткоўскі, маёр 77 п.п. Казлоўскі і старшыня лідскага Звязу Стральцоў Бажок [303].

На пачатку траўня ў Дубічах быў ганарова адкрыты помнік Людвіку Нарбуту. На свяце прысутнічаў навагрудскі ваявода Свідэрскі, віленскі віцэ-ваявода Янкоўскі, генерал Літвіновіч і дэлегацыі ад гмін Лідчыны [304].

Пры канцы траўня прэса паведаміла, што «старшыня Таварыства Ветэранаў 1863 г., кавалер Крыжа Незалежнасці і Крыжа паўстанцаў 1863 г., былы жыхар Лідскага павета Станіслаў Ёдка памёр у Вільні 20 траўня ва ўзросце 86 гадоў»[305].

На пачатку жніўня 1933 г. быў адкрыты помнік загінуўшым паўстанцам у Дубічах, прэса шмат пісала пра паўстанне і Людвіка Нарбута [306].


Валерыя Цехановіч з Цыбульскіх (1841-1933). Нарадзілася 28 красавіка 1841 г. у Мінску. Была дачкой суддзі. Закончыла мінскую гімназію, з хатнімі настаўнікамі паглыблена вывучала музыку. Перад 1863 г. разам з іншымі мінчанкамі ўдзельнічала ў патрыятычных маніфестацыях. За ігру на аргане і спевы патрыятычнай песні была збіта казакамі.

Выйшла замуж за Гераніма Канстанты Цехановіча (1844-1898), які нарадзіўся ў Мураванай Ашмянцы, і мела з ім дзевяцёра дзяцей: Людвіку Марыю, Вацлава Міхала, Люцыяна Пятра, Багуслава, Валяр'яна, Ядвігу, Юзафа, Станіслава, Антона Стэфана.

Перад выбухам паўстання 1863 г. маладыя сужэнцы пераязджаюць у Плоцк, галава сям'і працуе ў скарбовай управе. Геранім і Валерыя Цехановічы прынялі чынны ўдзел у паўстанні 1863 г. Геранім ваяваў у паўстанцкім аддзеле, а Валерыя хавала параненых, збірала прыпасы і падтрымлівала сувязь з паўстанцамі.

У другой палове жыцця Гераніма спаралізавала, і да канца жыцця ён не мог самастойна рухацца. Пасля смерці мужа, каля 1900 г. Валерыя пераехала ў Пултуск, а потым у Насельск, дзе жыла да пачатку 1920-х гг. Потым пераехала да сваёй дачкі Станіславы ў Гародню. Няшчасны выпадак у гарадзенскім касцёле прывёў да калецтва Валерыі, яна перастала хадзіць і да канца жыцця была прыкута да ложка ці інваліднага вазка. Як ветэран паўстання атрымлівала пенсію ў 110 злотых.

Адзін з яе сыноў - Люцыян - быў выкладчыкам Маскоўскага ўніверсітэта, расстраляны ў 1937 г.

З Лідай Валерыю Цехановіч лучаць два апошнія гады жыцця. Сюды яна пераехала да свайго сына Антона, начальніка ўправы скарбовага кантролю. У Антона Цехановіча ў Лідзе, у 1930 г. нарадзіўся адзіны сын - Лех Цехановіч, інжынер-магістр хіміі, аўтар некалькіх кніг і шматлікіх публікацый па прафесіі. Ён таксама з'яўляецца сталым аўтарам сучаснай "Ziemi Lidzkaj", дзе надрукаваў шэраг базавых артыкулаў з гісторыі Лідчыны.

Памяць пра Людвiга Нарбута

Праз семдзесят гадоў адзiным бачным знакам, якi паказваў на месца паўстанцкай магiлы, быў камень з надпісам «Лявон Краінскі, 1863», які ўсталявала сям'я аднаго з 13 пахаваных.

Праз увесь час няволi мясцовы люд стала клаў кветкi да каменя. У 1933 г. дзякуючы iнiцыятыве жаўнераў i афiцэраў 76-га Лiдскага палка пяхоты паставiлi ў Дубiчах помнiк памяцi Людвiка Нарбута i палеглых паўстанцаў. Сродкi на яго пабудову былi сабраны спецыяльным, для той мэты сабраным Камiтэтам Лiдчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Смiглы. Праект выканаў прафесар Унiверсiтэта iмя Стэфана Баторыя Фердынанд Рушчыц. Камень, якi да таго часу сведчыў пра магiлу паўстанцаў, умуравалi ў падножжа абелiска. Адкрыццё помнiка 6 жнiўня 1933 г. было вялiкай падзеяй i святам для мясцовага люду. З гэтай нагоды з'явiлiся спецыяльныя публiкацыi, прысвечаныя Людвiку Нарбуту i студзеньскаму паўстанню, а таксама гiсторыi 76-га Лiдскага палка пяхоты, якому было нададзена iмя геройскага камандзiра (полк дыслакаваўся ў Гродне) [307].

У 1938 г., на 75-я ўгодкi студзеньскага паўстання, жыхары Лiдчыны ўшанавалi памяць свайго героя. Было вырашана заказаць памятную дошку i ўмураваць яе ў сцяну касцёла пiяраў у Лiдзе. Месца размяшчэння дошкi гарантавала трываласць i ахову ад вандалаў, але далейшы лёс дошкi паказаў, якая зменлiвая наша гiсторыя.

У «Ziemi Lidzkiej» у нумары 5-6 з мая - чэрвеня з'явiўся артыкул Аляксандра Снежкi, названы «Людвiк Нарбут - нацыянальны герой». Гэтым тэкстам пачалася падрыхтоўка да адзначэння 75-годдзя студзеньскага паўстання. Аўтар расказаў пра лёс Людвiка Нарбута. У тым самым нумары знаходзiліся i ўспамiны Юлiя Грымайлы-Прыбыткi. Яго аўтар, якi ў 1863 г. быў малым хлопцам, згадваў, што для яго i ўсёй яго сям'i вялiкай падзеяй было наведванне Людвiкам Нарбутам iхняга дому. Грымайла-Прыбытка так успамінаў тое спатканне: «…мы мелi вялiкае шчасце бачыць героя, правадыра ўсяго народа…» З пададзенага фрагмента выразна вiдаць, якое значэнне мела ў часы паўстання i ў наступныя семдзесят пяць гадоў для жыхароў Лiдчыны i нават i ўсёй Лiтвы постаць Людвiка Нарбута. Яшчэ раней Аляксандр Снежка ў першым нумары «Ziemi Lidzkiej» за 1937 г. змясцiў артыкул, у якiм расказаў пра маёнтак Шаўры - радавое гняздо Нарбутаў. У многiх перадваенных нумарах «Ziemi Lidzkiej» друкавалiся фрагменты запiсак Бранiслава Нарбута, якi апiсваў жыццё Лiды i ваколiц трыццатых i саракавых гадоў пазамiнулага стагоддзя [308].

Справамi фундавання мемарыяльнай дошкi, прысвечанай Людвiку Нарбуту, актыўна цiкавiлася грамадскасць Лiды. У красавiцкiм нумары 1937 г. рэдакцыя змясцiла тэкст пад загалоўкам «Толькi з годнасцю, панове». Выданне iнфармавала чытачоў, што Лiда i Лiдчына рыхтуецца да ўгодкаў выбуху студзеньскага паўстання на наступны год. Кульмiнацыйным пунктам мерапрыемстваў будзе адкрыццё памятнай дошкi, прысвечанай Людвiку Нарбуту. Каб надаць урачыстасцi вагу i забяспечыць спраўную арганiзацыю, быў створаны камiтэт мерапрыемстваў. Апроч нагляду за ходам урачыстасцi перад камiтэтам паўстала складаная задача - збiранне фундушаў на пакрыццё кошту дошкi. Сябры камiтэта адразу звярнулiся з гарачым заклiкам аб дапамозе. Збор грошай арганiзавала рэдакцыя «Ziemi Lidzkiej». Акцыя збiрання iшла спраўна. Ужо ў травеньскiм нумары 1937 г. быў змешчаны артыкул, якi прадстаўляў праект будучай дошкi. Выканаў яго мясцовы скульптар Ежы Кацешчанка. Надпiс змешчаны на дошцы, паведамляў:

«1832-1863.
Вучню былой школы
айцоў пiяраў у Лiдзе
Людвiку
Нарбуту,
правадыру студзеньскага
паўстання на Лiтве
ў 75-годдзе
геройскай смерцi.
1863-1938.
З пашанай, Лiдчына»

Акрамя iншага, надпiс на дошцы тлумачыў, чаму было вырашана размясцiць яе на сцяне касцёла: Людвiк Нарбут вучыўся ў той школе, хоць тады яна не належала пiярам. У той школе, але яшчэ пiярскай, вучыўся бацька Людвiка - Тэадор Нарбут. У гэтым месцы патрэбна тлумачэнне: касцёл, у сцяну якога ўмуравалi дошку, пабудавалi пiяры, пераведзеныя ў Лiду Iгнацыем Сцыпiёнам дэль Кампа, падстолiем Вялiкага Княства Лiтоўскага. Першы касцёл, драўляны, паўстаў у 1758 г., у 1770 г. ксёндз Аляксандр Вольмар купiў фальварак Пастаўшчына, дзе праз восем гадоў, г. зн. у 1778 г., было распачата будаўнiцтва ўласнага касцёла i калегiума. Работы, асаблiва па будаўнiцтве касцёла, iшлi вельмi павольна. У 1801 г. ксёндз Казiмiр Нарбут асвяцiў кутнi камень i фундаменты будынка. Святыня да канца была завершана i асвечана ў iмя Св. Юзафа Каласантага ў 1829 г. Пiярам касцёл i калегiум доўга не належалi. У 1834 г. зачынiлi школу. А пасля 1843 г. царскiя ўлады аддалi касцёл i кляштарныя будынкi праваслаўнай царкве. Праз тры гады пiяры пакiнулi горад. Пасля заняцця Лiды польскiм войскам у 1919 г. святыню нанава памянялi на касцёл рымска-каталiцкi i аднавiлi даўнi калегiум з пачатковай школай, гiмназiяй i гандлёвым лiцэем. У вераснi 1939 г. касцёл быў зноў адабраны ў пiяраў. Камунiстычныя ўлады зрабiлi ў святынi планетарый. У 1993 г. пачалiся стараннi за вяртанне касцёла айцоў пiяраў. Аднак улады Беларусi пасля паразумення з папскiм нунцыем у Беларусi, бiскупам Гарадзенскай дыяцэзii i генералам ордэна пiяраў вырашылi зноў перадаць яго праваслаўнай царкве [309].

Аднак вернемся да тэмы. У артыкуле, дзе расказвалася пра праект дошкi, змешчана iлюстрацыя, з якой i ўзяты далучаны надпiс.

За падрыхтоўкай да ўрачыстасцей адкрыцця дошкi наглядаў спецыяльна з той мэтай створаны камiтэт, якi ўзначальваў сам Эдвард Рыдз-Смiглы. Постаць маршала надавала дзейнасцi камiтэта характар агульнадзяржаўны. Акрамя выканаўчага камiтэта, каб падняць ранг мерапрыемства, склiканы быў яшчэ i ганаровы камiтэт. У склад ганаровага камiтэта ўвайшлi: Адам Сакалоўскi - навагрудскi ваявода, ксёндз арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi - Мiтрапалiт Вiленскi, генерал Альшына-Вiльчынскi, М.Б. Гадэцкi - вiленскi школьны куратар, Людвiк Бацiнскi - ваявода вiленскi, Мар'ян Янкоўскi - вiцэ-ваявода беластоцкi, прафесар доктар Вiтольд Станевiч - прарэктар Унiверсiтэта Стэфана Баторыя, ксёндз Геранiм Стусiнскi - правiнцыял пiяраў; Юзаф Пшылускi - старшыня апеляцыйнага суда ў Вiльнi, а таксама Юзаф Iгнацы Парчэўскi - пракурор апеляцыйнага суда ў Вiльнi.

Кошт выканання дошкi склаў каля 1500 злотых, што на тыя часы было немалой сумай. Аўтар дошкi атрымаў ганарар у памеры 480 зл. Адлiўку яе выканаў адмысловец з Вiльнi Савул Пупко, за сваю працу ён атрымаў 300 зл. Гранiтную плiту, да якой была прымацавана адлiўка з бронзы, зрабiў камнярэз з Мiра - Антонi Грыневiч. Яго аплата склала 350 зл.

У дзень адкрыцця дошкi вулiцы Лiды выглядалi выключна святочна. Галоўнае месца свята - касцёл пiяраў - быў iлюмiнаваны. Ва ўрачыстасцi ўзялi ўдзел ваявода вiленскi Адам Сакалоўскi, арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi, генерал Альшына-Вiльчынскi, куратар М. Гадлеўскi, правiнцыял пiяраў Геранiм Стусiнскi, стараста Станiслаў Гансоўскi, князь Людвiк Чацвярцiнскi, а таксама Эмiль Томас, цесць маршала Рыдз-Смiглага. Дэлегатам ад палка iмя Людвiка Нарбута быў палкоўнiк Станiслаў Чурыла. Перад касцёлам пiяраў адбыўся парад войска i розных арганiзацый, якiя дзейнiчалi на Лiдчыне. Прысутных ад iмя арганiзацыйнага камiтэта прывiтаў яго старшыня - суддзя Юльян Грымайла-Прыбытка. Далей вайсковы аркестр сыграў дзяржаўны гiмн, пасля якога прамову сказаў прафесар Люцыян Брыльскi - выкладчык польскай мовы ў пiярскiм калегiуме. У выступе ён нагадаў сабраным асноўныя факты з жыцця Людвiка Нарбута. Адкрыў умураваную ў франтальную сцяну касцёла шыльду генерал Альшына-Вiльчынскi. Ад iмя палка, якi носiць iмя героя свята, прамовiў палкоўнiк Чурыла. Да ўдзельнiкаў мерапрыемства прыйшла вiншавальная дэпеша з Варшавы, прыслаў яе сваяк Людвiка Нарбута - Нестар Нарбут. Урад горада Лiды даў на тую высакародную мэту 200 зл., а Красовы саюз земляробаў, аддзел Лiдска-Валожынскi ў Лiдзе, сабраў i перадаў 125,50 зл. На лiсце ахвярадаўцаў аказалася некалькi дзясяткаў прозвiшчаў i назваў структур i арганiзацый, якiя пералiчылi грошы. Змешчаны спiс не быў поўны. Рэдакцыя абяцала, што ў наступных нумарах будзе пададзены працяг лiста.

Адкрыццё шыльды было вялiкiм святам i для лiдскiх пiяраў. Дзеi падрыхтоўкi да ўрачыстасцей занатаваны ў «Кронiцы калегiума айцоў пiяраў у Лiдзе». На мерапрыемства ўжо за дзень прыехаў ксёндз-правiнцыял Геранiм Стусiнскi ў кампанii асiстэнта Польскай правiнцыi - ксяндза Банавентуры Кадэi, а таксама рэктара калегiума ў Кракаве ксяндза Людвiка Руска. Лiдскiх пiяраў рэпрэзэнтаваў ксёндз Антонi Чабаноўскi. Падчас урачыстасцi ксяндзу правiнцыялу i ксяндзу Чабаноўскаму былi ўручаны адзнакi 76-га Лідскага пяхотнага палка iмя Людвiка Нарбута, які дыслакаваўся ў Гродне. Як занатавана ў «Кронiцы…», папаўднi ў калегiуме адбыўся раскошны прыём, у якiм узялi ўдзел годныя госцi, сабраныя на ўрачыстасць адкрыцця шыльды.

Атмасферу тых дзён перадае «Ziemia Lidzka». У майскiм нумары «Ziemi Lidzkaj» 1938 г. пададзена справаздача з урачыстасцi. Рэдакцыя падкрэслiвала выключна ўзняты настрой, якi панаваў сярод сабраных, для ўдзелу ў мерапрыемствах на вулiцы Лiды выйшла вельмi шмат жыхароў. У тым жа нумары газеты быў змешчаны спiс ахвярадаўцаў на шыльду. На першым месцы рэдакцыя памясцiла вiленскага ваяводу Адама Сакалоўскага. Ён ахвяраваў суму 100 зл. Адвакат Вiшнеўскi, напрыклад, даў 30 зл., а нейкi Мiхал Слюсарскi - 1 зл.

Пасля верасня 1939 г. новая ўлада пачала знiшчаць помнiкi, якiя сведчылi пра гiсторыю краю. Абелiску ў Дубiчах удалося перажыць Другую сусветную вайну. Ён ацалеў, хутчэй за ўсё, дзякуючы таму, што гэтая мясцовасць ляжыць па ўзбоччы, далёка ад галоўны дарог. Помнiк той стаiць і сёння [310].

18 верасня 1939 г., калi да Лiды наблiжалiся бальшавiцкiя войскi, ксёндз Чабаноўскi вырашыў дошку затынкаваць. Неўзабаве Саветы зачынiлi пiярскую гандлёвую школу. Людзi, вывучаныя ў iншым стылi i ў духу iншай улады, не былi патрэбныя. Падчас шматлiкiх бамбардзiровак горада ў перыяд 1941-1944 гг. касцёл амаль не пацярпеў, пасля вайны быў адрамантаваны. Але ў 1958 г. улады пастанавiлi яго зачынiць i зрабiць у будынку спачатку спартовую залу, а потым планетарый. Разам з касцёлам адабралi i ордэнскi дом. Было дадзена некалькi дзён, каб упакавацца i забраць мэблю. Ксяндзам не далi нiякага памяшкання ўзамен. Дошка хоць i была схаваная, аднак яна iснавала ў сэрцах i думках мясцовай супольнасцi, i людзi пра яе памяталi ўвесь час. Яна была сiмвалам гарачага патрыятызму, i не толькi польскага, але i беларускага.

Католiкi нiколi не перапынялi барацьбы за вяртанне касцёла. Пiсалiся шматлiкiя петыцыi ў Мінск i Маскву. Найчасцей яны заставалiся без адказу. Сiтуацыя змянiлася з пачаткам перабудовы. У 1989 г. быў зняты тынк з дошкi, адбылося яе другое адкрыццё. У 1990 г. з iнiцыятывы Таварыства беларускай мовы пад асноўнай дошкай была памешчана мармуровая дошка з перакладам тэксту на беларускую мову. У снежнi 1990 г. аддзел Саюза палякаў у Лiдзе разам з вернiкамi прасiў улады Беларусі i горада вярнуць святыню. На Грамнiцы, 2 лютага 1991 г., лiдскiя католiкi пасля набажэнства ў фарным касцёле рушылi пад касцёл пiяраў. Агулам звыш 200 чалавек, укленчыўшы пад мурамi святынi, накiроўвалi да Бога малiтвы аб справядлiвасцi. У кастрычнiку 1993 г. Таварыства польскай культуры на Лiдчыне (ТПКЛ) зынiцыявала штотыднёвыя малiтвы пры касцёле. У першую нядзелю прыйшло каля 20 чалавек. Але з кожнай наступнай iх колькасць расла. Калi на малiтву пачало прыходзiць да ста чалавек, быў накiраваны лiст (9.11.1993 г.) да гарадскiх улад з просьбай аб вяртаннi святынi вернiкам. Паколькi не было нiякай рэакцыi ўлад на зборы вернiкаў, копii лiста былi высланы апостальскаму нунцыю ў Мінск, бiскупу Аляксандру Кашкевiчу, а таксама дыякану Станiславу Роеку. Праз колькi дзён пасля лiста старшыня ТПКЛ быў запрошаны ў гарадскi савет, i гарадскi пракурор у прысутнасцi намеснiка старшынi савета паведамiў, што ТПКЛ праводзiць нелегальныя акцыi, арганiзуючы малiтвы пры публiчным будынку. Хоць для католiкаў гэты будынак заўсёды заставаўся святыняй, рацыю ў гэтай краiне заўсёды мела ўлада, i таварыства фармальна адмовiлася ад правядзення тых акцый. Але вернiкi, як i сябры ТПКЛ, арганiзоўвалi малiтвы ажно да перадачы касцёла праваслаўным. Улада фармальна не заўважала лiстоў, так жа, як i лiстоў-водгукаў на заклiк таварыства, надрукаваных у многiх польскiх газетах (у т. л. у «Ladzie», «Тygodniku Powszechnym», «Slowie - Dzienniku Katolickim», «Mysli Polskiej»).

Адначасова перадачы будынка пад царкву дамагалiся праваслаўныя вернiкi. Пасля згоды каталiцкага духавенства ў знак паяднання гарадскiя ўлады рашэннем ад 7.03.1996 г. перадалi будынак праваслаўнай парафii. Пасля перадачы касцёла адразу была знята беларуская дошка (была замацаваная на шрубах). Прадбачачы пагрозу для польскай дошкi, ТПКЛ зынiцыявала шэраг дзеянняў. Супольна з беларускiмi арганiзацыямi i аддзелам Саюза палякаў на Беларусi (разам 7 няўрадавых арганiзацый) накiравалi лiсты да гарадскiх улад, у Мiнiстэрствы культуры i адукацыi Рэспублiкi Беларусь, праiнфармавалi старшыню Таварыства аховы помнiкаў у Гароднi Змiцера Аляшкевiча. Паводле яго слоў, ён таксама звяртаўся да гарадскiх улад i быў запэўнены, што дошка не будзе парушана i застанецца на месцы. 7 траўня 1996 г. у гарсавеце абылося спатканне з прадстаўнiком Мiнiстэрства культуры, якi прыбыў у горад па той справе. У спатканнi ўзялi ўдзел прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый (падпiсанты лiстоў) кiраўнiк гарадскога аддзела культуры, настаяцель праваслаўнай парафii. Адназначна было сцверджана, што гэты будынак з'яўляецца помнiкам культуры i знаходзiцца пад аховай дзяржавы, i бацюшку абавязалi падпiсаць ахоўны дакумент (аднак ён гэтага не зрабiў, а перадача будынка без гэтага дакумента не мае праўнай моцы). Прысутныя на сходзе былi запэўнены, што з дошкай нiчога не станецца. Звыш таго, вялiся размовы пра паўторнае замацаванне беларускага тэксту таблiцы. Аднак 17 чэрвеня 1996 г. каля 17.30 сябар ТПКЛ Мечыслаў Хвайнiцкi заўважыў, што салдаты выбiваюць дошку з муру. Адразу пад будынак з'явiліся некалькi iншых сяброў ТПКЛ (Аляксандр i Андрэй Сямёнавы, Ганна i Тадэвуш Комiнчы, Лiля Тумялевiч, Мечыслаў Хвайнiцкi, Часлаў Колышка - старэйшы), якiя засведчылi, што выбiты дзве дзiркi ўздоўж дошкi. Салдатаў ужо не было. Гэтыя людзi былi каля касцёла да 21-й гадзiны. У гэты ж час старшыня ТПКЛ А. Колышка спрабаваў скантактаваца з прадстаўнiкамi ўлад. Аднак час працы ўжо скончыўся. Вечарам дамовiлiся са старшынёй гарадской рады Беларускага народнага фронту Станiславам Суднiкам, што ранiцай наступнага дня разам пойдуць да гарадскiх улад. Назаўтра а 9-й гадзiне былi пры касцёле - дошкi ўжо не было. Гаварылi, што была вырвана недзе каля 6-й ранiцы. Нейкi час захоўвалася пры ўваходзе ў царкву, пазней была перанесена ў гарадскi краязнаўчы музей, дзе ляжала каля музейнага хлевушка, пакуль на яе збольшага не забылiся.

Вiзiт да гарадскiх улад быў бессэнсоўны. У гэтай сiтуацыi былi напiсаны заявы пракурору аб узбуджэннi крымiнальнай справы, былi паiнфармаваны Мiнiстэрства культуры, а таксама Таварыства аховы помнiкаў у Гароднi. Адказ з аддзела ўнутраных спраў быў цiкавы:

«Старшынi Лiдскай рады БНФ

Суднiку С. В.,

г. Лiда

В. А. Лiдскага мiжрайпракурора,

Дарадцу юстыцыi Скакуну В. В.,

г. Лiда

Паведамляем, што па Вашай заяве праведзена праверка. Мемарыяльная дошка як помнiк удзельнiку паўстання Л. Нарбуту ўтрымоўвае дзяржаўную сiмволiку "Белы арол з каронай i Пагоня", у непашкоджаным выглядзе вернiкамi знята са сцяны храма. Пра зняцце дошкi даведзена да ведама Лiдскаму гарвыканкаму, якi павiнен прыняць рашэнне аб пераносе яе ў дазволенае законам месца.

Гэтая дошка была ўстаноўлена на Саборы ў 1938 г. i да пабудаванага ў 1863 г. праваслаўнага храма не мае дачынення. Згодна з арт. 7 Канстытуцыi РБ у месцах набажэнстваў не дапускаецца выкарыстанне дзяржаўнай сiмволiкi, правядзенне сходаў i iнш.

Згодна з рашэннем Лiдскага гарвыканкама № 38 ад 07.03.96 г. будынак перададзены ў безаплатнае карыстанне праваслаўнай рэлiгiйнай грамадзе Свята-Мiхайлаўскай царквы.

Начальнiк аддзела - В. Г. Макаранка» [311].

У адказе на наступную заяву старшынi ТПКЛ пракурор паведамiў, што ён цалкам згаджаецца са зместам адказу аддзела ўнутраных спраў. Справа была скандальная, уся незалежная прэса пiсала пра гэта. Гарадзенская рэгiянальная газета «Пагоня» пракаментавала здарэнне наступным чынам: «Людвiка Нарбута спрабуюць забiць у другi раз». У Лiдзе з'явiлiся ўлёткi на беларускай мове, надрукаваныя на звычайнай друкарскай машынцы: «Шаноўныя жыхары. У Лiдзе ўчынены чарговы акт вандалiзму i бяспраўя супраць нашай гiсторыi, гонару i годнасцi беларусаў i палякаў, усiх патрыётаў Лiдчыны. Поп Аляксандр i тыя, хто сарваў з будынка планетарыя дзве памятныя дошкi ў гонар героя паўстання 1863 г., змагара за незалежнасць Беларусi, паплечнiка Кастуся Калiноўскага, кiраўнiка паўстання на Лiдчыне Людвiка Нарбута, абразiлi нашыя нацыянальныя i патрыятычныя пачуццi. Шаноўныя лiдзяне, праваслаўныя i католiкi, заклiкаем вас пратэставаць усiмi мажлiвымi спосабамi супраць злачынства, учыненага ворагамi беларускасцi, супраць бяспраўя i беспакаранасцi злачынцаў гарадскiмi ўладамi. Не слухайце тых, хто заклiкае да маўчання. Iдзiце ў выканаўчы камiтэт, пiшыце ў газеты, звяртайцеся да пракурора, пачынайце судовыя справы. Сёння яны топчуць нашую гiсторыю, заўтра будуць таптаць нас».

Узнiкла некалькi iнiцыятыў упарадкавання справы з нарбутаўскай дошкай. Улады разумелi, што трэба нешта рабiць. Падчас будаўнiцтва Дома польскага ў Лiдзе была высунута прапанова, каб памясцiць дошку на сцяне гэтага будынка. Аднак што агульнага мае новы будынак Дома польскага на вул. Кiрава з той дошкай? Акрамя таго, супраць такой прапановы выступiлi ўсе беларускiя арганiзацыi, якiя супрацоўнiчалi з Таварыствам польскай культуры, але не надта давяралi Саюзу палякаў, магчыма беспадстаўна, i баяліся, што калi дошка трапiць у iхнiя рукi, то можа быць вывезена ў Польшчу. У сакавiку 1997 г. у лiстах да старшынi Лiдскага гарвыканкама У.М. Мальца Таварыства польскай культуры i Лiдская гарадская арганiзацыя БНФ «Адраджэнне» ўзгоднена звярнулiся з прапановамi паставiць каля касцёла пiяраў помнiк з размяшчэннем на iм дошкi Людвiка Нарбута, а таксама дошак: а) Валерыю Урублеўскаму i сям'i Далеўскiх - удзельнiкам паўстання 1863 г. на Лiдчыне; б) сям'i Нарбутаў - Казiмiру Нарбуту, аўтару першага падручнiка логiкi на польскай мове, якi нарадзiўся на Лiдчыне i якi ў 1801 г. пасвяцiў фундаменты касцёла айцоў пiяраў, а таксама Тэадару Нарбуту, аўтару знакамiтай гiсторыi старажытнай Лiтвы; в) ксяндзам пiярам - таму ж Казiмiру Нарбуту i Станiславу Банiфацыю Юндзiлу, вучню пiярскай школы ў Лiдзе, батанiку, арганiзатару першых батанiчных садоў у Шчучыне i Вiльнi, аўтару першага падручнiка па батанiцы ВКЛ. Не атрымалi на тыя прапановы нiякага адказу.

Тым часам гiсторыя з дошкай пачала патроху забывацца. У адзiн з летнiх вечароў да будынка музея падышла грузавая машына, дошка была загружана ў кузаў i вывезена. Нiхто яе не спахапiўся. Можна было думаць, што дошку ўкралi. На самай справе па ўзгадненнi памiж Таварыствам польскай культуры i Лiдскай гарадской арганiзацыяй БНФ «Адраджэнне» i з вуснага дазволу супрацоўнiкаў музея дошка была вывезена ў раён аднаго з касцёлаў, дзе была пакладзена да лепшых часоў. Лепшыя часы пачалi наступаць, калi ў Лiдзе на месца перададзенага праваслаўным касцёла пiяраў на iмя Юзафа Каласантага па вулiцы Савецкай пачалося i было завершана будаўнiцтва касцёла пiяраў на iмя таго ж Юзафа Каласантага ў мiкрараёне Iндустрыяльны. У 2011 г. Таварыства польскай культуры на Лiдчыне, Лiдская гарадская арганiзацыя ТБМ iмя Ф. Скарыны i Лiдская раённая арганiзацыяй ГА БНФ «Адраджэнне» прынялi ўзгодненае рашэнне аб устаноўцы дошкi пры гэтым касцёле як спадкаемцы былога касцёла пiяраў [312].

21 красавiка 2013 г. у лiдскiм мiкрараёне Iндустрыяльны была адкрыта i асвечана адноўленая мемарыяльная дошка памяцi Людвiка Нарбута - вайсковага начальнiка Лiдскага павета падчас паўстання 1863 года, паўстаніцкага палкоўнiка, прызначанага за некалькi дзён да смерцi галоўнакамандуючым войскаў ВКЛ.

Дошку адкрывалi бiскуп Аляксандр Кашкевiч, генеральны консул Польшчы ў Гароднi Анджэй Хадкевiч, лiдскi дэкан Вiнцэнт Лiсоўскi, пробашч фарнага касцёла айцец Уладзiмiр Гуляй, пробашч касцёла Святога Юзафа Каласантага айцец Ян Асiповiч. Менавiта каля новазбудаванага касцёла ордэна пiяраў на iмя святога Юзафа Каласантага ў форме адмысловай каплiцы (праект Рычарда Грушы) i была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з 1938 г.

Многiя з тых, хто змагаўся за вяртанне дошкi, не дажылi да гэтага дня, таму яна стала помнiкам не толькi Людвiку Нарбуту, але i ўсiм лiдзянам-патрыётам Бацькаўшчыны i горада [313].



Прэзентаціі кнігі

Тры гістарычныя эпохі ў адной кнізе

Лідская газета № 58(12715), 27 ліпеня 2016 г.; НАША СЛОВА № 30(1285), 27 ліпеня 2016 г.

20 ліпеня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша "Паўстанчы дух". Гэта сёмая кніга аўтара. У ёй, грунтуючыся на шматлікіх, ужо раней друкаваных і архіўных матэрыялах, на пісьмовых успамінах удзельнікаў і сведкаў падзей, аўтар расказвае аб вайне 1812 года і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў у разрэзе Лідчыны. На прэзентацыі кнігі прысутнічалі работнікі бібліятэкі, краязнаўцы і проста тыя, каго цікавіць гісторыя Лідскай зямлі.

Спачатку некалькі слоў аб аўтары кнігі. Леанід Лаўрэш - аўтар каля сотні гістарычных артыкулаў, сямі кніг, заснавальнік і адміністратар першага ў Беларусі гістарычнага інтэрнэт-сайта - "Pawet". Дзякуючы шматлікім гістарычным працам Леаніда Лявонцьевіча вернуты з забыцця многія імёны ўраджэнцаў не толькі Лідчыны, але і ўсёй Гарадзеншчыны - дзеячоў навукі і культуры, прадстаўнікоў улады і духавенства, удзельнікаў грамадскіх рухаў і сацыяльных хваляванняў. Вядомасць Леаніда Лаўрэша як краязнаўца даўно перасягнула межы Лідчыны і нават Гарадзеншчыны.

- Задумка кнігі "Паўстанчы дух" узнікла ў мяне яшчэ ў 2010 годзе, на парозе юбілеяў трох падзей - вайны 1812 года (2012) і двух паўстанняў (2011 і 2013), - расказвае Леанід Лявонцьевіч. - Збіраючы інфармацыю, паглыбляючыся ў тэму, я вывучаў гістарычную літаратуру, працаваў у Гарадзенскім архіве, кансультаваўся з прафесійнымі гісторыкамі. Назву кнігі - "Паўстанчы дух" - падказаў мне лідскі краязнавец, паэт, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік.

Як адзначалася ў час прэзентацыі, апісваемыя ў кнізе падзеі - вызначальныя вехі гісторыі Лідчыны і ўсёй Беларусі XIX стагоддзя, барацьбы беларусаў за незалежнасць свайго краю. Развіццё той ці іншай гістарычнай падзеі паказана ад самага яе зараджэння да тых наступстваў, якія яна мела для Лідскай зямлі, для ўсёй Беларусі.

Асабліва падрабязна расказваецца пра падзеі паўстання 1863 года. Для Лідчыны гэтыя падзеі асацыююцца ў першую чаргу з імем Людвіка Нарбута - камандзіра першага на тэрыторыі Беларусі паўстанцкага аддзела тых часоў. Дарэчы, у аддзеле Нарбута змагаўся і бацька беларускай нацыі Францішак Багушэвіч (яго паўстанцкі шлях таксама паказаны ў кнізе). А ўвогуле, галерэя лідзян-удзельнікаў тых падзей у кнізе вельмі багатая.

Аўтар грунтуецца выключна на фактах і не выказвае, не навязвае чытачу свой асабісты пункт погляду на падзеі. У нарысах пададзены погляды розных бакоў канфлікту: расійскіх царскіх афіцэраў і чыноўнікаў - з аднаго боку, удзельнікаў і прыхільнікаў паўстання - з другога. Такім чынам, чытачу даецца матэрыял для супастаўлення, аналізу, роздуму.

А яшчэ - аўтар у сваім даследаванні не абмяжоўваецца толькі Лідчынай. Як адзначае аўтар прадмовы, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк, "дзеля лепшага разумення логікі развіцця падзеі … ім шырока выкарыстоўваюцца дадзеныя, што тычацца іншых, суседніх абшараў" (напрыклад, нарыс "Ашмянская разня" ў раздзеле "Паўстанне 1831 года", нарыс "Падзеі ў Гродне" ў раздзеле "Паўстанне 1863 г. на Лідчыне" і г. д.).

Дапаўненнямі да раздзелаў кнігі служаць трапныя эпіграфы, тэксты песень тых часоў, спісы маёнткаў, канфіскаваных ва ўдзельнікаў паўстанняў.

Кніга Леаніда Лаўрэша "Паўстанчы дух" ужо папоўніла фонды лідскіх бібліятэк. Электронны варыянт кнігі да канца бягучага года павінен з'явіцца ў Інтэрнэце. Удзельнікі прэзентацыі спадзяюцца, што яна, як і папярэднія кнігі аўтара, будзе запатрабавана чытачамі - у першую чаргу тымі, хто цікавіцца гісторыяй Лідскага краю, мінулым Беларусі.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Прэзентацыя кнігі "Паўстанчы дух"

НАША СЛОВА № 38 (1293), 21 верасня 2016 г.

12 верасня у Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага прайшла прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша "Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне" (Гродна, 2016. 244 с.).

Як адзначыў у прадмове да кнігі кандыдат гістарычных навук, дацэнт А.Р. Радзюк, у апошнія два дзесяцігоддзі незалежнай гісторыі Беларусі зроблены спробы новай ацэнкі і інтэрпрэтацыі падзей 1812, 1831 і 1863 гадоў. Але нягледзячы на паступальны рух наперад у іх вывучэнні, па-ранейшаму застаецца шмат "белых плямаў". Адным са спосабаў іх ліквідацыі з'яўляецца распрацоўка рэгіянальнай гісторыі. Падобны падыход дазваляе нібыта праз павелічальнае шкло пабачыць тое, чаго зазвычай не відаць у акадэмічных выданнях і працах прафесійных гісторыкаў. На месцы бывае прасцей разабрацца з нейкай праблемай, убачыць яе спецыфіку, чым з далёкіх кабінетаў. Менавіта такую функцыю выконваюць нарысы гісторыі барацьбы жыхароў Лідчыны за незалежнасць свайго краю лідскага даследчыка, якія нядаўна выйшлі з-пад выдавецкага варштата.

Прэзентацыя была арганізавана сумесна з факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, чые выкладчыкі і студэнты ўдзельнічалі ў абмеркаванні кнігі. Прысутнічалі так-сама гарадзенскія краязнаўцы. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі да прэзентацыі выставу апублікаваных работ Л. Лаўрэша.

Прэзентацыю распачала дырэктар бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Мальцава Л.В. Вяла прэзентацыю прафесар, доктар гістарычных навук С.В. Марозава. Пра працу гарадзенскага выдавецтва "ЮрСаПрынт", у якім выйшла кніга, распавёў яго дырэктар А. А. Рыжы. Пасля гэтага аўтар адказаў на шматлікія пытанні і расказаў пра свае творчыя планы: ужо ў выдавецтве знаходзіцца кніга пра Маламажэйкаўскую царкву, рыхтуецца вялікая кніга "Лідчына ў прэсе: 1906 - 1939 гг.".

Даведка.

Леанід Лаўрэш (нарадзіўся ў 1963 г. у Лідзе, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут) - беларускі краязнавец, даследчык гісторыі Лідчыны, аўтар 7 кніг і больш сотні артыкулаў, стваральнік гістарычна-краязнаўчага сайту pawet.net, пастаянны аўтар газеты "Наша слова", удзельнік шматлікіх навуковых канферэнцый. Сфера навуковых зацікаўленняў - краязнаўства і гісторыя прыродазнаўчых навук на Беларусі. Сваімі даследаваннямі Л. Лаўрэш робіць значны ўклад у пашырэнне ведаў пра гісторыю Лідчыны, пазнанню яе месца і значнасці ў еўрапейскім гістарычным кантэксце.

Наш кар.


З 2m 53s:



Спасылка: https://youtu.be/4VAUj8N1yHs?t=2m53s




[1] Лукашевич А.М. Проекты восстановления Речи Посполитой и Великого Княжества Литовского и их место в военно-стратегическом планировании Российской империи (1810-1812 гг.) // Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы международной научной конференции. Минск: «Адукацыя і выхаванне», 2002. С. 46-59.

[2] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. С. Петербург, 1909. С. 444.

[3] Бутурлин Д. История нашествия императора Наполеона на Россию. Т.1. С. Петербург, 1837. С. 88-89.

[4] Бутурлин Д. История нашествия императора Наполеона на Россию. Т.1. ... С. 122.

[5] Бутурлин Д. История нашествия императора Наполеона на Россию. Т.1. ... С. 128.

[6] Кудринский Федот. Вильна в 1812 году. В память столетней годовщины Отечественной войны. Вильна, 1912. С.45.

[7] Швед В., Данскіх С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805-1815 гады. Гродна, 2006. С. 32-35.

[8] Бітва пад Енай, якая адбылася 14 кастрычніка 1806 г. у час французска-прускае вайны. У абодвух перамогу атрымаў Напалеон.

[9] Яцкоўскі, І. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды. Варшава, 2010. C. 125.

[10] Дживелегова А. К. Вторжение. План Наполеона // Отечественная война и Русское общество. Том III. Москва, 1911. 143-148.

[11] Погодин А.Л Наполеон и Литва // Отечественная война и Русское общество. Т. III. ... 162-170.

[12] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 446.

[13] Швед В., Данскіх С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805-1815 гады. ... С. 76-77, 74.

[14] Харкевич В. Война 1812 года. От Немана до Смоленска. Вильна, 1901. С. 124-132.

[15] Гайба Н.П. Белорусские земли в войне 1812 года (на примере города Новогрудка) // Времена (СПБ). 2004. № 14. С. 127-132.

[16] Kurjer Litewski № 53 - 1812.

[17] Гайба Н.П. Белорусские земли в войне 1812 года (на примере города Новогрудка) ... С. 127-132.

[18] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 442.

[19] Попов А.И. Генерал Вандам в России // Материалы II-ой научной конференции. Москва, 29 апреля 1999 г.

[20] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 447.

[21] Швед В., Данскіх С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805-1815 гады. ... С. 158.

[22] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 447.

[23] Kurjer Litewski № 53 - 1812.

[24] Kurjer Litewski № 55 - 1812.

[25] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 133-141.

[26] Ziemia Lidzka. № 39 - 1999.

[27] Iwaszkiewicz Janusz. Litwa w roku 1812. Kraków, 1912. S. 152. 252.

[28] Швед В., Данскіх С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805-1815 гады. ... С. 160.

[29] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 133-141.

[30] Iwaszkiewicz Janusz. Litwa w roku 1812. ... S. 114

[31] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 434.

[32] Ziemia Lidzka. № 39 - 1999.

[33] Tomaszewicz Andrzej. Wojsko Wielkiego Księstwa Litewskiego w roku 1812 // Nasz Czas № 18 (692) - 2006.

[34] Kurjer Litewski № 55 - 1812.

[35] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 436.

[36] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 207-209.

[37] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 436.

[38] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 231-232.

[39] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 229.

[40] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 436.

[41] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 212.

[42] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 223-224.

[43] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 438.

[44] Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. ... С. 439.

[45] Pamiętnik Mirona Bronisława Narbutta // Ziemia Lidzka. Czerwiec-sierpień, № 26-27., 1997.

[46] Ziemia Lidzka. № 39-1999.

[47] Яцкоўскі І. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды. ... C. 145.

[48] Яцкоўскі І. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды. ... C. 146-147.

[49] Яцкоўскі І. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды. ... C. 148-150.

[50] Litwa i Rus. 1912. Maj-czerwiec. T. II. Zeszut II/III. S. 150-152.

[51] Iwaszkiewicz Janusz. Litwa w roku 1812. ... S. 284.

[52] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 6.

[53] Дзьмітры Вінчэўскі. Канстанцін Тызенгаўз // Состояние и перспективы охраны животного мира Гродненской области и сопредельных территорий: сборник материалов II Гродненской областной открытой зоологической конференции учащихся, посвященной 220-летию со дня рождения Константина Тызенгауза (17-19 февраля 2006г., г. Гродно). Гродно, 2006. С. 5-23.

[54] Пракаповіч І. М. Чароўны край - Пастаўшчына. Мінск. 2009. С. 108-111.

[55] Кудряшов И.Ю. Вооруженные силы Литовского княжества 1812 года // Старый барабанщик. №1. С. 20-27.

[56] Швед В., Данскіх С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805-1815 гады. ... С.158.

[57] Dariusz Nawrot. Litwa i Napoleon w 1812 roku. Katowice, 2008. С. 549-550.

[58] Швед В., Данскіх С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805-1815 гады. ... С. 183. 111.

[59] Ziemia Lidzka. № 39-1999.

[60] АВАК Т. 37 С. 22.

[61] АВАК Т. 37 С. 25.

[62] АВАК Т. 37 С. 21.

[63] Отголоски войны 1812-1813 гг. в Северо-Западном крае. Вильно, 1912. С. 163-164.

[64] Там жа.

[65] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф 1. Воп. 23. Сп. 276.

[66] Ziemia Lidzka. № 39-1999.

[67] Кудряшов И.Ю. Вооруженные силы Литовского княжества 1812 года ... С. 20-27.

[68] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна. 1896. С. 4.

[69] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 5-6.

[70] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 7-8.

[71] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 9-13.

[72] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 13-16.

[73] Rabinowiczowna Sara. Wilno w powstaniu roku 1830/31. Wilno. 1932. S. 37-41.

[74] Rabinowiczowna Sara. Wilno w powstaniu roku 1830/31. ... S. 52 - 53.

[75] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. С-Петербург. 1886. С. 137-138.

[76] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 139.

[77] Zbior pamietnikow o powstaniu Litwy w r. 1831. Paryz. 1835. S. 233.

[78] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 141-141.

[79] Zbior pamietnikow o powstaniu Litwy w r. 1831. ... S. 240.

[80] Каментатар выдання піша, што такой колькасці войскаў не было.

[81] Zbior pamietnikow o powstaniu Litwy w r. 1831. ... S. 241-242.

[82] Матвеев О.В. Под Варшавой и Вайценом. http://slavakubani.ru/print.php?table=1&type=1&id=1337

[83] Mickiewicz Adam. «Dzieła poetyckie». Czytelnik. Warszawa, 1979. T. 2. S. 265.

[84] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 261.

[85] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 262.

[86] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 265.

[87] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 266.

[88] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 270.

[89] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 271.

[90] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 263.

[91] Гарбачова В. Паўстанне 1830-1831 гг. у лёсе Ігната Дамейкі // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў. г. п. Мір, 12 вер. 2002 г. http://www.lingvo.minsk.by/skc/vydanni/damiejka/harbachova.htm

[92] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 272-273.

[93] Пузыревский А.К. Польско -русская война 1831 г. ... С. 273.

[94] Chłapowski D. Pamiętniki. Poznań. 1899. S. 60.

[95] Dezydery Chłapowski. Pamiętniki. Część II. Wojna 1830-1831 roku. Poznań. 1899. S. 63.

[96] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 274.

[97] Domeyko I. Pamiętniki. Kraków, 1908. S. 15-17.

[98] Rabinowiczowna Sara. Wilno w powstaniu roku 1830/31. ... S. 83.

[99] Гарбачова В. Паўстанне 1830-1831 гг. у лёсе Ігната Дамейкі // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў. г. п. Мір, 12 вер. 2002 г. http://www.lingvo.minsk.by/skc/vydanni/damiejka/harbachova.htm

[100] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 275.

[101] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 304.

[102] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. ... С. 306.

[103] Chłapowski D. Pamiętniki. Poznań. 1899. S. 70.

[104] Гарбачова В. Паўстанне 1830-1831 гг. у лёсе Ігната Дамейкі // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў. г. п. Мір, 12 вер. 2002 г. http://www.lingvo.minsk.by/skc/vydanni/damiejka/harbachova.htm

[105] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 19.

[106] Chłapowski D. Pamiętniki. Poznań. 1899. S. 87.

[107] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 21.

[108] Латышонак А., Мірановіч Я. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. Вільня. 2010. С. 71.

[109] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 22-25.

[110] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 27-30.

[111] Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. ... С. 27-30.

[112] Gulczyński E. Sprawa Marcelego Szymańskiego emisariusza wyprawy Zaliwskiego. Wilno, 1933. S. 328.

[113] Радзюк А. Р. Лідчына ў нацыянальна-вызваленчым руху першай паловы ХІХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук. практ. канф. Ліда, 2008. С. 115-116.

[114] Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска - палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772-1863 гг.). Гродна, 2001. С. 186.

[115] Karbowski W. Ludwik Narbutt. Życiorys wodza w powstaniu styczniowem na Litwie. 1935. S. 31-34.

[116] Там жа. S. 182.

[117] Гл. напрыклад: Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. Warszawa - Lida, 1999. S. 9.

[118] Дарэчы, сам былы «дзекабрыст» памiлаваны Мiкалаем I.

[119] Karbowski W. Ludwik Narbutt… S. 35-41.

[120] Там жа. S. 192-195.

[121] Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. ... S. 9.

[122] Там жа. S. 196-198.

[123] Там жа. S. 206.

[124] Там жа. S. 44-47.

[125] Шляхцянка Вількамірскага павета Ковенскай губерні Пац-Памарнацкая.

[126] Западные окраины Российской империи. Сборник. Научные редакторы: М. Долбилов, А. Миллер. Москва, 2006. С. 126-135.

[127] Гвалты (згоны) - прыцягненне абшарнікам усяго працаздольнага насельніцтва маёнтка для выканання тэрміновых панскіх прац, звычайна падчас уборкі ўраджаю.

[128] Письмо неизвестного корреспондента в «Отель Лямбер» с информацией о поездке В.И. Назимова по Виленской и Гродненской губерниям для проверки результатов проведения крестьянской реформы // Революционный подъем 1861-1862 гг. в Литве и Белоруссии. (Восстание 1863 года: Материалы и документы). Москва, 1964. С. 37-41.

[129] Пачатак а 8-й раніцы.

[130] Гвардыян - у дадзеным выпадку эканом.

[131] Narbutt M. Lida i Lidziane // Ziemia Lidzka. 1997. № 26-27.

[132] Памятная книжка Виленской губернии на 1850 г. Вильно, 1850. С. 82.

[133] Гл: Лаўрэш Л. Ксёндз Дзіянісій Хлявінскі, Філамат // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). 2010. С. 172-175.

[134] Narbutt M. Lida i Lidziane // Ziemia Lidzka. 1997. № 26-27.

[135] http://be.wikipedia.org/wiki/Харчаванне_беларусаў_у_Расійскай_імперыі

[136] Памятная книжка Виленской губернии на 1846 г. Вильно, 1846. С. 103-105.

[137] Памятная книжка Виленской губернии на 1860 г. Вильно, 1860. С. 157-158.

[138] Там жа. S. 166.

[139] Ziemia Lidzka №5-1936.

[140] Сегень Януш. Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя // Лідскі летапісец №20. С. 26.

[141] Любарскі Іван Васільевіч (1832-1901), закончыў медыцынскі факультэт Харкаўскага ўніверсітэта, ваенны лекар, гісторык, журналіст, у Лідзе служыў палкавым лекарам.

[142] Любарский И.В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. 1895. Т. 59, № 3. С. 819-820.

[143] Баляслаў Вікенцевіч Колышка (7.VIII.1837-9.VI.1863) нарадзіўся ў фальварку Карманішкі (паводле Чэслава Малеўскага - у ваколіцы Гуды) Лідскага павета. З 1860 г. вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага студэнцтва, прапагандаваў ідэі рэвалюцыйнага саюзу народаў у барацьбе з самадзяржаўем, у 1861 г. вёў агітацыю ў Лідзе, потым удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях студэнтаў з паліцыяй. Ратуючыся ад пакарання, выехаў за мяжу, наведваў ваенную школу эмігрантаў у Італіі. У сакавіку 1863 г. сфармаваў паўстанцкі аддзел у Ковенскім павеце, меў некалькі паспяховых сутычак з царскімі войскамі. Пасля разгрому паўстанцаў узяты ў палон і павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі.

[144] Паходзіў з небагатай шляхты.

[145] Любарский И.В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) ... С. 820-821, 822.

[146] Межэцкі Мітрафан Парфіравіч, афіцэр, потым судовы следчы.

[147] Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах // Исторический вестник. 1898, Т. 73, № 9, C. 826.

[148] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) ... С. 813.

[149] Там жа. S. 824.

[150] Субалтэрн - малодшы афіцэр у роце.

[151] Для Любарскага, аўтара гэтых мемуараў, усе выхадцы з Беларусі, нягледзячы нават на іх веравызнанне, - палякі.

[152] Верагодна, гэта былы ўніяцкі святар Ян Сцяпура. У 1835 г. дакудаўскія вернікі разам са святаром Язафатам Александровічам «аказалі супраціў зменам у інтэр'еры свайго храма». Пасля адмовы прыняць маскоўскі служэбнік Александровіча замянілі Янам Сцяпурам, жонка якога з чатырма дочкамі нарабіла клопату мясцовым уладам тым, што да ліквідацыі уніі паспела перайсці ў рыма-каталіцтва і не хацела «вярнуцца» ў праваслаўе - веру, у якой заканадаўствам імперыі прадпісвалася быць спаведнікам знішчанай уніі. Ян Сцяпура лічыўся нядобранадзейным, у 1839 г. яго дзеля пакарання выклікалі ў Жыровічы.

[153] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) ... С. 813-816.

[154] Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах ... C. 826.

[155] Там жа.

[156] Там жа.

[157] Там жа.

[158] Наглядчыкам 3-класнай павятовай дваранскай вучэльні ў Лідзе ў 1860 г. быў надворны дарадца Аляксандр Аляксеевіч Шахаў (гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1860 г. Вильно, 1860. С. 39.), з 1861 г. пасаду заняў калежскі асэсар Людвік Людвікавіч Ігнатовіч. (гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. Ч. 1. С. 59.).

[159] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) ... С. 818.

[160] Прадвадзіцель дваранства ў Лідзе 1861 г., калежскі асэсар Сцяпан Дзяменцьевіч Буткевіч. (Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. ч. 1. С. 110.). Буткевіч С.Д. (1815 г.н.) выконваў абавязкі прадвадзіцеля з 12 кастрычніка 1855 г., адукацыю атрымаў у Шчучынскай павятовай вучэльні, быў узнагароджаны ордэнам Св. Станіслава 3 ст., медалём у памяць вайны 1853-56 гг. і знакам за 15 год службы (гл.: Адрес-календарь Виленского генерал-губернаторства на 1868 год. С.-Петербург, 1868. С. 90.).

Сцяпан Буткевіч, сын Дамініка і Эміліі з Шукевічаў, меў жонку Эмілію з Адамовічаў. Валодаў маёнткам Косаўшчына з фальваркам Качанава і вёскамі Косаўшчына, Болтуці, Цвермы, Татарцы, Навіцкія, Былінская, усяго 1363 дзесяціны і 150 душ. Пасля смерці маці ўспадкаваў маёнтак Мінойты з вёскай (570 дзесяцін, 52 душы). Гл.: Malewski Czeslaw. Rody szlacheckie na Litwe w XIX wieku. Powiat lidzkim. Wilno, 2005. S. 92.

Пра галоснага Лідскай гарадской думы Сцяпана Буткевіча ўзгадваў Францішак Багушэвіч. Гл.: Содаль Уладзімір. Францішак Багушэвіч на Лідчыне // Лідскі летапісец № 3 (31). 2005. С. 10.

На старых лідскіх могілках у 1885 г. былы маршалак Лідскага павета пабудаваў новую, ашаляваную і крытую гонтам званіцу. Разам з жонкай Эміліяй Буткевіч (1813-1879) Сцяпан Буткевіч (1815-1896) спачывае недалёка ад уваходу на могілкі, там, дзе была фундаваная імі званіца. Гл.: Szymielewicz Michał. Z tamtego świata // Ziemia Lidzka. № 11. 1937. S. 117-120.

[161] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) ... С. 818.

[162] Там жа. С. 819.

[163] Там жа.

[164] Там жа. С. 822.

[165] Там жа. С. 823.

[166] Гараднічы ў Лідзе 1861 г., падпалкоўнік Балонін. Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. Ч. 1. С. 110.

[167] Павятовы суддзя ў Лідзе 1861 г., калежскі асэсар "Фама Иванавич Шукевич". (Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. Ч. 1. С. 111.), Тамаш Шукевіч - адзін з кіраўнікоў паўстання на Лідчыне, павятовы камісар.

[168] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) ... С. 824-826.

[169] Марцін Мацей Баралоўскі (1829-1863), палітычны і ваенны дзеяч, палкоўнік у паўстанні 1863 г. (мянушка - Лелявель).

[170] Параўнай, у той жа час у Бярэсці: «Напачатку 1862 г. я быў дома. Першае, што я тут пачуў, гэта казанні нейкага капуцына, які сваёй патрыятычнай і займальнай гаворкай збіраў народ у касцёл з розных паветаў. Гэты капуцын малады, высокі, прыгожага выгляду, пасля, знаходзячыся ў хеўры Лелявеля, быў забіты ў адной з сутычак. На наступны ж дзень я пайшоў паслухаць гэтага прапаведніка, хоць і не думаў, што ўражанне будзе вялікім, асабліва пасля таго, што я чуў раней. Народу было шмат. Не толькі касцёл, але і каля касцёла ўсе было перапоўнена. Ксёндз-капуцын, увайшоўшы на амбон, пачаў сваё казанне. Народ то валіўся, заломваючы рукі, на калені, то зноў уставаў рыдаючы. Сапраўды, прамова яго, дыхаўшая нянавісцю да ўрада, малявала становішча ... такімі змрочнымі фарбамі, малявала такія пакуты Айчыны, што, здаецца, калі б ён сказаў: "Бярыце нажы і прыступайце да справы", я першы пайшоў бы за ім. Калі служба скончылася, і капуцын выходзіў з касцёла, дык жанчыны і мужчыны кідаліся цалаваць яго руку, а некаторыя абрывалі яго верхнюю сутану, так што павінны былі сшыць яму новую. І тут таксама, як і ў Варшаве, абшарнікі, мяшчане і ў рэдкіх выпадках сяляне спявалі гімны і насілі жалобу". - Ягмин А. Воспоминания польского повстанца 1863 года // Исторический вестник. 1892. Т. 49. № 9. С. 583-584.

[171] Брянцев П. Д. Польский мятеж 1863. Вильна, 1891. С.79.

[172] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 7.

[173] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). ... С. 830.

[174] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). ... С. 833.

[175] Там жа. С. 827-828.

[176] Тамара Байрашаускайте. Институт предводителей дворянства в западных губерниях Российской империи во второй половине XIX в. - начале XX в. (Виленская и Ковенская губернии) // Беларускі гістарычны зборнік № 41. 2014. С. 71.

[177] Пальмерстон Генры Джон Тэмпл - прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1855-65 гг.

[178] Палкоўнікам потым стаў Людвік Нарбут.

[179] Любарский И.В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) ... С. 829.

[180] Западные окраины Российской империи. Сборник. Научные редакторы: М. Долбилов, А. Миллер. ... С. 148, 162.

[181] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 9.

[182] Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах ... C. 827.

[183] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) ... C. 830-831.

[184] Параўнай, у той жа час у Вільні: «У сафійскім палку адной з намі 1-й дывізіі быў пераведзены з Каўказа паручнік Вернер, родам прусак ... аднойчы даволі позна ўвечары ... ён прыйшоў да мяне... галава яго была павязана акрываўленай белай хусткай.

- Я ўвечар шпацыраваў па садзе... маладыя людзі ... праходзячы міма мяне ... адпускалі ў мой бок абразлівыя насмешкі... Пры браме мяне ўжо чакаў натоўп ... пачуліся абразы ... у мяне кінулі камень ... Тады я выхапіў шаблю ... камусьці з бліжэй стаячых шабля патрапіла па галаве, ён упаў, натоўп расступіўся..." (Гл.: Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах... C. 830.).

[185] Западные окраины Российской империи. Сборник. Научные редакторы: М. Долбилов, А. Миллер. ... С. 154.

[186] Брянцев П.Д. Польский мятеж 1863 г. ... С. 157.

[187] Архивные материалы Муравьёвского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края. Составил Миловидов А.И. Вильно, 1913. Кн. 4, Ч. 1. С. 122.

[188] Там жа. С. 141-144.

[189] Западные окраины Российской империи. Сборник. Научные редакторы: М. Долбилов, А. Миллер. ... С. 168-170.

[190] Там жа. S. 179-180.

[191] История Лейб-гвардии Павловского полка составлена подпоручиком Вороновым. СПб., 1890. С. 406-407.

[192] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 55.

[193] Архивные материалы Муравьёвского музея… Вильно, 1913. Кн. 4. Ч. 1. С. 252.

[194] Там жа. С. 244-245.

[195] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 53-54.

[196] Царства Польскага.

[197] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 199.

[198] Архивные материалы Муравьёвского музея ... Вильно, 1913. Кн. 4. Ч. 1. С. 246.

[199] Там жа. С. 253.

[200] Там жа. С. 259-260.

[201] «Пристав 5-го стана, провинциальный секретарь Райнольд Флориан Фаддеев Сухоцкий, становая квартира в м. Эйшишках, в 36 верстах от г. Лиды». Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1862 год. Вильно, 1862. Ч. 1. С. 120.

[202] Архивные материалы Муравьёвского музея ... . Вильно, 1913. Кн. 4. Ч. 1. С. 293-294.

[203] Швед В. В. Вайсковы начальнiк Лiдскага павета грамадзянiн Нарбут // Наш радавод. Кн. 6. Лiда, 1994. С. 84.

[204] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 63-65.

[205] Швед В. В. Вайсковы начальнiк Лiдскага павета… С. 85.

[206] З успамiнаў Мiрона Бранiслава Нарбута: «Вясковае насельнiцтва Лiдскага павета мае глыбокую веру ў Бога i працавiтасць… У часы апошняга паўстання 1863 года не толькi сiмпатызавалi народнай справе, але нават сяляне скарбовыя ў многiх мясцовасцях станавiлiся ў шэрагi, i многiя з iх загiнулi на полi славы цi былi высланы на пасяленне ў Сiбiр. Я сам у Арэнбургу сустрэў дастаткова вялiкую партыю сялян з парафiй Эйшышскай, Нацкай i Радунскай, якiх гналi на пасяленне ў Башкiрыю за ўдзел у паўстаннi».

[207] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 67-68.

[208] Там жа. S. 69-72.

[209] «Леон Антонович Краинский» Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1862 год. Вильно, 1862. Ч. 1. С. 119.

[210] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 73-77.

[211] Там жа. S. 83-86.

[212] Там жа. S. 204.

[213] Архивные материалы Муравьёвского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края. Составил Миловидов А. И. Вильно, 1913. Кн. 6. Ч. 2. С. 78.

[214] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 207.

[215] Там жа. S. 87-91.

[216] Там жа. S. 208.

[217] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 78.

[218] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 92.

[219] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 80-81.

[220] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 94.

[221] Тарас Анатоль. Восстание 1863-64 гг. на беларуских землях. К 150-летию восстания // Деды. № 11-2012. C. 71.

[222] Пра Стэфана Вiльбiка пiсаў Мiрон Бранiслаў Нарбут: «У вязнi ў Вiльнi ў кляштары Св. Пятра бачыў шляхцiца засцянковага з-пад Лiды Стэфана Вiльбiка. Ён набiраў добраахвотнiкаў у аддзeлы Людвiка Hарбута ў Лiдскiм павеце i дастаўляў жывёлу. Арыштаваны расейцамi з мандатам Урада Народнага, пасаджаны быў у вязню i адданы пад ваенны суд. Захоўваў поўны спакой i моцную волю i нiкога не скампраментаваў. У калегi па вязнiцы, які яго мне прадставiў, Вiльбiк пытаўся: "Скажы, Пан, якi можа мне быць дэкрэт?" "Могуць павесiць" - той адказаў. Задумаўся трошкi Вiльбiк, але праз хвiлiну спытаў: "А цi я буду ў гiсторыi?" - "Абавязкова - гiсторыя пераказвае нашчадкам iмёны ўсiх, хто заслужыў у Айчыны", - адказаў той. На што Вiльбiк з усёй энергiяй выказаў: "Хвала Богу - няхай вешаюць!" Потым яго выслалi на цяжкiя работы ў Сiбiр» - гл. Miron Bronisław Narbutt. Szlachta okoliczna // Ziemia Lidzka. 1997. № 6 (28).

[223] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 89-90.

[224] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 89-90.

[225] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 96.

[226] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 413-415.

[227] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 97.

[228] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 104.

[229] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 416.

[230] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 98.

[231] Якаў Кайхосравіч Алхазаў (Алхазішвілі, Алхазян, 1826-1896). Пасля заканчэння курса ў 2-м кадэцкім корпусе Алхазаў 10 жніўня 1844 г. атрымаў чын прапаршчыка лейб-гвардыі Фінляндскага палка, 10 красавіка 1848 г. - падпаручніка. У тым жа годзе ўдзельнічаў у падаўленні паўстання ў Венгрыі. 6 снежня 1853 г. атрымаў чын штабс-капітана. Падчас Крымскай вайны знаходзіўся ў складзе войскаў, якія ахоўвалі ўзбярэжжы Пецярбургскай і Выбаргскай губерняў ад высадак саюзнага англа-французскага дэсанту. У мірны час, у 1856 г. атрымаў ордэн Св. Станіслава 3-й ступені, у 1859 - ордэн Св. Ганны 3-й ступені і ў 1861 - ордэн Св. Станіслава 2-й ступені. 30 жніўня 1860 г. атрымаў чын капітана. 19 лютага 1863 г. стаў палкоўнікам, удзельнічаў у падаўленні паўстання 1863 г., быў вайсковым начальнікам Лідскага павета. У памяці лідзян застаўся жорсткім дэспатам і хабарнікам. За гэтыя «подзвігі» ўзнагароджаны ордэнамі Св. Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам, Св. Ганны 2-й ступені з мячамі і імператарскай каронай і Св. Уладзіміра 3-й ступені.

12 мая 1864 г. Алхазаў быў прызначаны камандзірам 4-га пяхотнага Капорскага палка, 30 жніўня 1873 г. узведзены ў генерал-маёры і прызначаны камандзірам 2-й брыгады 19-й пяхотнай дывізіі на Каўказ. У 1876 г. атрымаў ордэн Св. Станіслава 1-й ступені. У руска-турэцкую вайну 1877-1878 гг. Алхазаў спачатку быў прызначаны начальнікам Кутаіскага атрада (12 красавіка 1877 г.), а потым злучаных Кутаіскага, Сухумскага, Інгурскага і Гурыйскага атрадаў, з якімі ўціхамірыў хваляванні сярод абхазцаў і прымусіў адступіць турэцкі дэсант; за гэта быў узнагароджаны ордэнам Св. Георгія 4-й ступені.

13 снежня 1878 г. Алхазаў быў прызначаны начальнікам 41-й пяхотнай дывізіі, 27 лютага 1883 г. атрымаў у камандаванне Каўказскую грэнадзёрскую дывізію, 6 ліпеня 1885 - 3-ці армейскі корпус і 30 жніўня 1891 г. стаў генералам ад інфантэрыі. 19 кастрычніка 1894 г. ён быў прызначаны членам Ваеннага савета. Памёр 3 лістапада 1896 г.

[232] Там жа. S. 99.

[233] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 117-118.

[234] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 99-102.

[235] Суднiк Станiслаў. Людвiк Нарбут // Наша Слова. № 37 (1084). 12 верасня 2012 г.

[236] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 102.

[237] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 119.

[238] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 103-105.

[239] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 417.

[240] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 111-119.

[241] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 418.

[242] Имеретинский Н. К. Воспоминания о графе М. Н. Муравьеве // Исторический вестник. 1892. Т. 50. № 12. С. 613.

[243] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 120.

[244] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 419.

[245] Имеретинский Н. К. Воспоминания о графе М. Н. Муравьеве. … С. 614.

[246] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 121-123.

[247] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 419-420.

[248] Архивные материалы Муравьёвского музея… С. 128-129.

[249] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 420-421.

[250] Паўстанцы, загiнулыя пад Дубiчамi:
1. Нарбут Людвiк, 32 гады.
2. Бразоўскi Аляксандр, 32 гады, лекар з Гурнофеля.
3. Бразоўскi Францiшак, 35 гадоў, жыхар Гурнофеля.
4. Грэмза Казiмiр, 25 гадоў, селянiн з Лiпкунцаў.
5. Губарэвiч Стэфан, 35 гадоў, жыхар Галавiчполя.
6. Ёдка Станiслаў Ян, 22 гады, жыхар Петрашунцаў.
7. Краiнскi Леон, 35 гадоў, жыхар Грышанiшак.
8. Пакемпiновiч Юзаф, 22 гады, студэнт Кракаўскага ўнiверсiтэта.
9. Паплаўскi Уладзiмір, 28 гадоў, жыхар Капцюха.
10. Скiрмунт Томаш, 30 гадоў, з Пiншчыны.
11. Тарашкевiч Iгнат, 38 гадоў, фельчар з Лiды.
12. Жукоўскi Уладзіслаў Вандалiн, 27 гадоў, жыхар Лацка.
13. Адам, прозвiшча невядомае, сябар Нарбута.

[251] Имеретинский Н. К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве… С. 614.

[252] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 123-124.

[253] Miron Bronisław Narbutt. Dubicze // Ziemia Lidzka. 1998. № 2-3 (30-31).

[254] История лейб-гвардии Павловского полка… С. 422-423.

[255] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 128-130

[256] Karbowski W. Ludwik Narbutt. … S. 131-133.

[257] Нiкалаi Уладзiслаў, падпаручнiк Нарваўскага палка, шляхцiц Вiленскай губернi, паранены ў бiтве пад Дубiчамi, трапiў у палон, 13 верасня 1863 г. расстраляны ў Вiльнi на Лукiшскiм пляцы.

[258] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 219-220.

[259] Там жа. S. 134-137.

[260] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 436-4379.

[261] Архивные материалы Муравьёвского музея … Кн. 6. Ч. 2. С. 223.

[262] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 438-439.

[263] Жамойцін А. Паўстанцкі шлях Францішка Багушэвіча // Літаратура і мастацтва, 14 студзеня 1983.

[264] Архивные материалы Муравьёвского музея … Кн. 6. Ч. 2. С. 224.

[265] Архивные материалы Муравьёвского музея … Кн. 6. Ч. 2. С. 227.

[266] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 128-130.

[267] Miron-Bronisław Narbutt. Szlachta okoliczna // Ziemia Lidzka. 1997, № 6 (28).

[268] Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863-1865 гг. С. Петербург, 1898. С. 30-31.

[269] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве … С. 612.

[270] Архивные материалы Муравьёвского музея … Кн. 6. Ч. 2. С. 404.

[271] Быў так званым "penitencjarzem"

[272] Колышка Аляксандр. Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 ... С. 6-7.

[273] Кулин В. П. Из записок виленского старожила. // PC, 1893. Т. 79. № 7. С. 79.

[274] Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863-1865 гг. ... С. 28-29.

[275] Колышка Аляксандр. Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 ... С. 6-7.

[276] Архивные материалы Муравьёвского музея ... Кн. 4. Ч. 1. С. 285.

[277] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве ... С. 619.

[278] Колышка Аляксандр. Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 ... С. 6-7.

[279] Суднік Станіслаў. Адам Фалькоўскі // Лiдскi Летапiсец. № 6. С. 8-10.

[280] Колышка Аляксандр. Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 ... С. 6-7.

[281] Страдания Православного духовенства Литовской епархии от польских мятежников // Литовские Епархиальные Ведомости. 1863. № 13. С. 459-460; № 14. С. 512-513.

[282] Лісейчыкава Наталя. Штодзённае жыццё жыхара Гродна ў 1860-я гг. // Веснік ГрДзУ. № 4. 2006 - http://harodnia.com/a260.php

[283] Полевой Н. Два года, 1864 и 1865, из истории крестьянского дела в Минской губ. // Русская старина. 1910. Т. 141. № 1. С. 48-49.

[284] У час задушэння паўстання 1863 г. Пётр Чарэвін палкоўнік, потым генерал-лейтэнант, таварыш міністра ўнутраных спраў і шэфа жандараў, набліжаны імператара Аляксандра ІІІ.

[285] Чарэвін Пётр. Паўночна-Заходні край (Успаміны) // Спадчына № 3. 1998. С. 31-64.

[286] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве ... С. 628-629. З-за важкасці гэтага тэксту даю яшчэ раз словы Мураўёва без пераклада:

«Не верьте ничему, что вам будут говорить о снисхождении, гуманности, недоказанности вины... неправда! Все они виноваты более или менее, и самое малое наказание - если кто посидит в каменном мешке!.. Нам надобно вырвать им зубы до весны, a иначе опять придется начинать сызнова! Я дал военным начальникам самые широкие полномочия, распоряжений своих не изменяю, a напротив подтверждаю и всегда поддерживаю. Поэтому не бойтесь ответственности, не стесняйтесь тем, что скажет следственная комиссия...

Выговорив последние слова, он энергично прихлопнул рукою кипу следственных дел, перед ним лежавших, и продолжал:

- Все это для вас не обязательно, и соображаться с тем, что могут или могли бы сказать, вам не следует. Еще раз говорю: если кто из этих... по виду покажется невиновным, нужды нет!.. Пускай посидит, одумается, это самое меньшее из того, что все они заслуживают! A если увидите пристанодержательство, пособничество или хоть малейшую поблажку этим мерзавцам, приказываю вам все сжечь, сравнять с землею - будь то деревня, усадьба, что бы ни было! Особенно строго присматривайте зa панами и ксендзами, a с этими шляхетскими околицами не следует церемониться по их многолюдству: напишите мне, и я их выселю всех до единого! Ну-с, я рад, что могу вам дать случай послужить в такое время государю и русскому делу!»

[287] Русская историческая библиография за 1865-1876 гг. Сост. В. И. Межов. Т. II. Спб., 1882. С. 292.

[288] Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864-1917 г. Гродна, 2001. С. 50.

[289] Там жа. С. 43-46.

[290] Радзюк Аляксандр. Паўстанне 1830-1831 г. на Гродзеншчыне: ход, задушэнне, наступствы // Białoruskie zeszyty historyczne. 2010. № 34. S. 39-71.

[291] Жамойцін А. Паўстанцкі шлях Францішка Багушэвіча // Літаратура і мастацтва. 14 студзеня 1983.

[292] Beresewicz A. Historja Szczuczyna (Na podstawie materjalow ks. Romualda Swirkowskiego) // Orli Lot № 8-9, pazdziernik-listopad 1929. S. 173.

[293] Архивные материалы Муравьёвского музея ... Кн. 4. Ч. 1. С. 422-423.

[294] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 178.

[295] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 175.

[296] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 176.

[297] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 177.

[298] Той крыж прастаяў да канца 1990-х гадоў, на ім была пазначана дата: 1925 год, і старыя людзі апавядалі пра камяні з надпісамі, якія пры Саветах патапілі ў балоце, і месца паказалі. Такім чынам можна лічыць, што першы крыж на магілах паўстанцаў паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі, каля якога былі пастаўлены новыя крыжы ў 1995 годзе, быў пастаўлены ў 1925 годзе, а надмагільны камень, якога няма, - у 1928 годзе. Аўтэнтычны камень 1863 года захаваўся на адной з магіл праз усе часы і ўлады.

[299] Zycie Nowogrodzkie №183(217). 9 sierpnia 1928.

[300] Kurjer Wilenski № 18 (2559). 22 stycznia 1933.

[301] Kurjer Wilenski № 19 (2560). 24 stycznia 1933.

[302] Kurier Nowogródzki № 27 (444). 28 stycznia 1933.

[303] Kurjer Wilenski №44 (2585). 19 lutego 1933.

[304] Kurjer Wilenski №118 (2659). 7 maja 1933.

[305] Kurjer Wilenski №133 (2674). 22 maja 1933.

[306] Słowo № 213 (3351). 7 sierpnia 1933.; Słowo № 214 (3352). 8 sierpnia 1933.

[307] Там жа. S. 152-155.

[308] Наша слова. № 38 (1085). 19 верасня 2012 г.

[309] Kałamajska-Saeed Maria. Kosciol p. w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2. Cz. III. S. 143.

[310] Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. S. 18-21.

[311] Там жа. S. 27-31.

[312] Суднiк Станiслаў. Людвiк Нарбут // Наша слова. № 40 (1087). 3 кастрычнiка 2012 г.

[313] Грынкевiч Яраслаў. Адноўлена мемарыяльная дошка памяцi Людвiка Нарбута ў Лiдзе // Наша Слова. № 17 (1116). 24 красавiка 2013 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX