Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Грыцкевіч А. Вайсковыя традыцыі беларусаў у XVI - XVIII стст. 


Аўтар: Грыцкевіч Анатоль,
Дадана: 20-03-2012,
Крыніца: падчына №5-6 - 2000. С.46-51.



Вайсковыя традыцыі народу - адзін з элементаў нацыянальнае культуры. Пра іх шмат пішуць у наш час, але толькі ў дачыненні да XX ст. Прытым больш увагі ўдзяляюць гэтаму пытанню прапагандысты ў вайсковых вучэльнях, чым гісторыкі. Амаль зусім не закранаюцца яны, калі адносяцца да больш далёкага часу.

Вайсковыя традыцыі беларусаў XVI-XVIII стст. развіваліся на падставе баявога досведу продкаў ранейшых стагодцзяў, часоў Полацкага княства й Беларуска-Літоўскае дзяржавы. Ужо адышлі ў мінулае змаганне супраць нямецкіх крыжакоў і крымскіх татараў. У шматлікіх бітвах беларускія вайскоўцы набывалі вопыт. Склаліся новыя формы вайсковай арганізацыі, змяняліся віды зброі, метады фармавання воінскіх адзінак, характар баявых дзеянняў. Адышло ў гісторыю ўсеагульнае апалчэнне мужчынаў племянной эпохі. Да XVI ст. вылучыліся людзі ваенна-служылага стану, асноўны абавязак якіх - абарона Радзімы ад нападаў ворагаў. Сяляне ўжо не ўдзельнічалі ў бітвах феадальнага перыяду больш позняга часу. Гэткі парадак захоўваўся да канца XVIII ст., пакуль Беларусь не была далучана да Расеі з яе рэкруцкаю павіннасцю.

Такім чынам, вайсковая справа ў XVI-XVIII стст. належала аднаму стану - шляхце. У XVI ст. яшчэ ў паходах удзельнічалі й іншыя ваенна-служылыя людзі - баяры панцырныя, баяры путныя, слугі путныя, блізкія сацыяльным станам да шляхты, але з цягам часу гэтая катэгорыя вайскоўцаў змяншаецца і ў XVII-XVIII стст. ужо не вылучаецца асобна, бо часткова ўвайшла ў шэрагі шляхты, часткова склала прамежкавую групу паміж шляхтай і сялянамі. Толькі ў баях на сваёй зямлі ўдзельнічалі гараджане й сяляне.

Гісторык XVII ст. Шымон Старавольскі ў сваёй кнізе пра Рэч Паспалітую, выдадзенай у 1632 г., пісаў: "Ніколі захопніцкіх войнаў з суседнімі народамі ня вядзём, калі толькі іх сілай спачатку нас не справакуюць, і то толькі, каб адпомсціць за крыўды і вярнуць захопленыя землі, а не для заняцця іх уладанняў і панавання над імі" 1. Гаворачы пра ўсю Рэч Паспалітую, аўтар заўважыў: "Таму наша войска больш да абароны айчыны прыстасаванае, чым для здабывання гарадоў іншаземных... Таму таксама войска наша ў большасці складаецца з конніцы, амаль выключна са шляхты, і служыць для бітвы ў адкрытым полі, каб, ідучы наперад, супрацьстаяць непрыяцелю раней, чым ён прыйдзе да нашае граніцы" 2.

Са старажытных часоў адной з вайсковых традыцыяў у беларусаў была конная атака.Таму з маленства шляхціцы рыхтаваліся да ваенных дзеянняў, пераважна ў конных шэрагах і ў паядынках на полі бою. Пачуццё годнасці выхоўвалася не толькі ў доме, але й на вайне. Валоданне тэхнікай блізкага бою, фехтаванне, уменне карыстацца агнястрэльнаю зброяй, тактыка коннага і пешага бою загартоўвалі шляхціца з маладых гадоў, развівалі пачуццё мужнасці, адказнасці, патрыятызму 3.

Менавіта гэтыя рысы беларускае шляхты й дапамагалі перамагаць колькасна большага ворага. Класічным прыкладам ёсць перамога беларускага войска на чале з гетманам найвышэйшым Канстанцінам Астрожскім над маскоўскімі ваяводамі й войскам у бітве пад Воршай 8 верасня 1514 г. У ёй і падчас уцёкаў маскоўскае войска страціла палову свайго складу - 40 тыс. чалавек з 80 тыс. А К. Астрожскі меў толькі 30 тыс. вайскоўцаў 4. У гэтай бітве праявілася маральная падрыхтоўка вайскоўцаў. Так, гетман найвышэйшы князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі вёў сваё войска ў бой са сцяжкамі-вымпеламі (на дзідах) бел-чырвона-белага колеру, пра што сведчыць першая батальная карціна ва Ўсходняй Еўропе пра Аршанскую бітву (1520). Такім чынам, беларускія вайскоўцы ішлі ў бой са старадаўнімі баявымі сцягамі нацыянальных колераў. Войска Беларуска-Літоўскае дзяржавы выступала паддзяржаўным чырвоным сцягам з сярэбранаю выявай Пагоні на адным баку і выявай Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам - з другога. Побач быў і гетманскі сцяг блакітнага колеру. З аднаго боку на ім была Пагоня ў чырвоным полі, з другога - абраз святога Станіслава.

Як сведчыць гісторык XVI ст. М. Стрыйкоўскі, а 9 гадзіне раніцы ў пятніцу 8 верасня 1514 г., "на Рожество Пресвятыя Богородицы", князь К. Астрожскі паставіў войска ў баявых парадках. Як заўсёды тэта рабілася, праваслаўныя святары правялі багаслужбу за перамогу, бо бальшыню беларускага войска складалі праваслаўныя баяры-шляхта, але было нямала і каталікоў, то імшу служылі і ксяндзы.

Адзін з элементаў падрыхтоўкі - "гарцы" на пачатку бітвы. Гэта асобныя паядынкі паміж коннікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх вайскоўцаў да бою.

I, урэшце, перад наступам Канстанцін Астрожскі звярнуўся да свайго войска з заклікам ісці наперад. У адказны момант бою, калі войска Івана Чалядніна пайшло ў атаку й нечакана было расстраляна з гарматаў, пра якія не ведала, К. Астрожскі павёў войска ў контратаку. Скачучы на кані перад коннікамі, гетман звярнуўся да рыцараў: "Вось цяпер наперад, дзеці!" (яму было ўжо 54 гады). Ён казаў маладым рыцарам пра недалёкую перамогу і трыумф, што непрыяцель ужо "млее". Ён заклікаў "мілых братоў" аднавіць мужнасць у гэтай хвілі: "Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля паблыталіся ўжо. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону". Астрожскі заклікаў усіх смела ісці ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ён напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў 5. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на беларуска-літоўскіх вайскоўцаў, і яны рушылі ў пераможную атаку.

На наступны дзень пасля праваслаўнае багаслужбы ў "гонар святое Тройцы і на хвалу Госпада Бога" і каталіцкай імшы падчас урачыстага абеду, на які прывялі палонных, К.Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. Калі князь вярнуўся ў Вільню, ён зрабіў багатую фундацыю царкве Свята-Духаўскага праваслаўнага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму пад Воршай перамогу "над непрыяцелем і супастатам Праваслаўнае Царквы" - вялікім князем маскоўскім Васілём III. У памяць прымацавалі дошку з надпісам па-беларуску пра фундацыю К.Астрожскага 6.

Меншымі сіламі беларускія вайскоўцы выйгравалі й іншыя бітвы. Так, падчас Лівонскае вайны ў бітве на Іваньскіх палях над ракою Улай (на поўнач ад Чашнікаў), у сераду вечарам 26 студзеня 1564 г., гетман вялікі Мікалай Юр'евіч Радзівіл Руды са сваёю конніцай у 4 тыс. рыцараў і каля 6 тыс. казакоў і сялянаў напаў знянацку на лагер маскоўскага войска князя Пятра Шуйскага. Падчас бою загінулі 25 тыс. маскоўскіх вайскоўцаў, а 5 тыс. уцяклі ў Полацк. Ваяводу Пятра Шуйскага забіў сякерай просты селянін 7. У бітве пад Кірхгольмам (Саласпілсам) 26 верасня 1605 г. коннае войска гетмана вялікага Яна Караля Хадкевіча з 8 тыс., з іх 1 тыс. пяхоты, цалкам разграміла войска шведскага караля Карла IX з 14 тыс. чалавек. Пры гэтым вызначылася конніца Яна Пятра Сапегі на правым крыле. 9 тыс. шведаў загінулі, некалькі сотняў узялі ў палон. Перамога была дасягнута дзякуючы ўдарам у флангі й тыл шведскае пяхоты разам злабавой атакай 8. Яшчэ адзін прыклад перамогі малымі сіламі - гэта бітва пад Клушынам 4 ліпеня 1610 г., калі 35-тысячная армія няздатнага палкаводца князя Дзмітрыя Шуйскага (брата цара) пацярпела паразу ад арміі гетмана Станіслава Жулкеўскага, з амаль цалкам коннага войска з 6,5 тыс. чалавек, у якое ўваходзілі атрады польскае і беларускае шляхты і ўкраінскіх казакоў 9. У выніку ў Маскве адбыўся дзяржаўны пераварот. Дваране на чале з Захарам Ляпуновым скінулі са стальца цара

Васіля Шуйскага, і ў Маскве ўсталявалася ўлада сямібаяршчыны на чале з князем Ф.Мсціслаўскім 10.

У абарончых войнах бралі ўдзел і гараджане. Беларускія гарады апаясвалі моцныя фартыфікацыі, якія вытрымлівалі абарону на працягу некалькіх месяцаў. Для абароны выкарыстоўваліся гарнізоны з вайсковых людзей і наёмнае пяхоты. У буйных гарадах з мяшчанаў ствараліся палкі, якія баранілі вызначаныя ўчасткі гарадское сцяны й бліжэйшыя кварталы падчас штурму. Палкі падзяляліся на сотні й дзесяткі. Мяшчане ўзбройваліся мушкетамі, пісталетамі, бердышамі, шаблямі, а бедныя рыхтавалі і кідалі на штурмуючых вялікія камяні. Падчас штурму забаранялася крычаць і лаяць ворага, а трэба моўчкі змагацца, слухаючы каманды прыкамандзіраваных да апалчэння афіцэраў. У мірны час для гараджанаў ладзіліся вучэбныя стрэльбы з вызначэннем пераможцаў і ўзнагародамі для іх (напрыклад, вызваленне на год ад усіх падаткаў). Пераможцам спартовыя суддзі выдавалі адмысловыя атэстаты. Такія спаборніцтвы праводзілі рэгулярна (устава Слуцка 1621 г., у Нясвіжы згодна дэкрэту Міхала Казімера Радзівіла Рыбанькі ў 1731 г., у Быхаве ў XVIII ст. і г.д.) 11. Асабліва актыўна гараджане абаранялі гарады падчас вайны паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. Калі гарады захопліваў вораг, то гараджане паўставалі і знішчалі варожыя гарнізоны (у 1661 г. у Магілеве, Дзісне й Себежы).

Падчас ваенных дзеянняў, якія суправаджаліся рабаваннем і масавым знішчэннем насельніцтва, супраць ворага паўставалі звычайна ціхія й паслухмяныя сяляне. Так, ужо з першых месяцаў вайны 1654-1667 гг. маскоўскім ваяводам прыйшлося ліквідаваць сялянскія паўстанцкія атрады, якія дзейнічалі партызанскімі метадамі (паводле расейскай тэрміналогіі - "шышы"). Гэтыя атрады часта аб'ядноўваліся з шляхоцкімі атрадамі й рабавалі й білі тую частку шляхты, якая падчас вайны прыняла прысягу на імя Аляксея Міхайлавіча. Яны дзейнічалі разам з казакамі, асабліва пасля Гадзяцкае вуніі 1658 г. 12 Некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў тады ж атрымалі ад сойму Рэчы Паспалітае шляхоцтва, напрыклад, браты Дзяніс і Андрэй Мурашкі, Карпелій і Яўдоксій Драні (у шляхоцтве - Дранеўскія)13.

У другой палове XVIII ст. войскі Вялікага Княства Літоўскага паступова прымаюць тактыку й арганізацыю, уласцівую іншым еўрапейскім краінам, нават вайсковая форма ў гэты час таксама падобная да вайсковага адзення еўрапейскіх арміяў. Баявыя традыцыі захоўваліся, што праяўлялася падчас войнаў гэтага перыяду, падчас шляхоцкіх канфедэрацыяў і падчас паўстання 1794 г.

Заўвагі

  1. Starowolski Sz. Polska. W Krakowic, 1976. S. 138.
  2. Тамсама.
  3. Грыцкевіч А. Беларуская шляхта. Спадчына, 1993, № 1, с.13.
  4. Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. Спадчына, 1992, № 6, с. 2-9.
  5. Stryjkowski М. Kronika Polska, Litcwska, Zmudzka i wszystkicj Rusi. Tom II. - Warszawa, 1846. - S. 728.
  6. Грыцкевіч A. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. Спадчына, 1992, № 6, с. 9-10.
  7. Грыцкевіч А. Бітва каля Улы. Беларускі гістарычны часопіс, 1994, №3, с. 91-92.
  8. Kukiуl М. Zarys historii wojskowosci w Polscc. - Londyn, 1949. - S. 84 - 87.
  9. Zarys dzicjow wojskowosci polskicj do roku 1864. Tom I. - Warszawa, 1965, -S. 426.
  10. Соловьев С. Сочинения. Книга IV. - М" 1989. - С. 556-557.
  11. Грицкевич А. Частновладельческие города Белоруссии в XVI- XVIII вв.- Минск, 1975. -С. 218-241.
  12. Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654-1667. - Мінск, 1995. - С. 75-77.
  13. Volumina Legum. Tom IV. - Petersburg, 1859. - S. 319.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX