Вярнуцца: Ваенная гісторыя

Грыцкевіч Анатоль. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход i вынікі


Аўтар: Грыцкевіч Анатоль,
Дадана: 22-12-2014,
Крыніца: Грыцкевіч Анатоль. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход i вынікі // Беларускі гістарычны часопіс № 1-1994. С. 39-47.



Вызваленчае паўстанне 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі было не толькі польскае, але і беларуска-літоўскае. Хаця тэрыторыя Рэчы Паспалітай пасля другога яе падзелу (1793 г.) I паводле Пецярбургскай канвенцыі паміж Расіяй і Прусіяй была скарочана да памёраў цэнтральнай i ўсходняй Польшчы, Заходняй Беларусі i Літвы, Валыні i Курляндыі (васала Рэчы Паспалітай), гэтая дзяржава па-ранейшаму складалася з самастойных Каралеўства Польскага i Беларуска-Літоўскай дзяржавы (Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага).

Паўстанне 1794 г. адбылося ў цяжкі для нашай краіны час. У 1792 г. імператрыца Кацярына IІ падтрымала рэакцыйную групоўку магнатаў, якія баяліся прагрэсіўных рэформ, начатых Чатырохгадовым сеймам 1788-1792 гп, i выступілі супраць шляхецка-буржуазнага блока грамадства Рэчы Паспалітай. Створаная на расійскай тэрыторыі, гэтая групоўка абвясціла канфедэрацыю ў мястэчку Таргавіца. Пасля непрацяглай вайны, якую вялі ў 1792 г. расійскія войскі (пазней да ix далучыліся i прускія войскі), улада патрыётаў-рэфарматараў была звергнута i перайшла да таргавічан. Усе прагрэсіўныя рэформы, у тым ліку i дэмакратычная канстытуцыя 3 мая 1791 г., другая пасля амерыканскай, былі скасаваны.

Зазначым, што прагрэсіўныя рэформы ў Польшчы і на Беларусі праводзілісп падчас Вялікай Французскай рэвалюцыі канца XVIII ст., і шмат яе рэвалюцыйных прынцыпаў-лозунгаў было ўзята рэфарматарамі Рэчы Паспалітай. На берагах Віслы i Немана ўтварыўся новы рэвалюцыйиы ачаг у Еўропе.

Менавіта страх перад рэвалюцыяй выклікаў Інтэрвенцыю Расіі i Прусіі супраць Рэчы Паспалітай. Каця­рына II i яе саюзнік - прускі кароль Фрыдрых Вільгельм - не збіраліся цярпець такую пагрозу побач з сваім дзяржавамі. Таму яны I выкарысталі магнатаў-таргавічан якія дзеля сваіх інтарэсаў ахвяравалі i тэрыторыяй, незалежнасцю дзяржавы. Пры гэтым таргавічане выступалі з прамовамі аб карысці сяброўства i саюза з Расіяй, якая, маўляў, дапаможа Рэчы Паспалітай выжыць у такі цяжкі час.

Скарыстаўшы таргавічан, Кацярына II правяла друті падзел Рэчы Паспалітай. На апошнім сейме ў Гародні (1793 г.) яна пад пагрозай сілы расійскіх салдат, якія абкружылі каралеўскі замак, а таксама занялі варту ў калідорах i каля ўвахода ў залу, дзе засядаў сейм, прымусіла зацвердзіць вынікі падзелу дзяржавы (1). Сейм быў прымушаны скараціць колькасць польскага войска да 8 тыс. чалавек, а беларуска-літоўскага - да 7 тыс. Гэта былі мізэрныя лічбы ў параўнанні з арміямі Расіі, Прусіі I Аўстрыі, дзе налічваліся сотні тысяч салдат.

Зазначым, што i эканоміка абедзвюх краін - Польшчы і Беларуска-Літоўскага гаспадарства шмат пацярпела ад ваенных дзеянняў, палітыкі рускага царызму i яго памагатых - таргавіцкіх канфедэратаў. Знешні гандаль, прамысловасць i сельская гаспадарка знаходзіліся ў заняпадзе з-за мытных тарыфаў, уведзеных суседнімі дзяржавамі (2).

Эканамічныя цяжкасці, скарачэнне тэрыторыі i войска, рабаванне гараджан i сялян - усё гэта выклікала рэзкі пратэст шырокіх колаў грамадства: гарадскіх нізоў, буржуазных пластоў, сярэдняй, дробнай i беззямельнай шляхты (яна служыла ў войску ці ў шляхецкіх маёнтках), сялянства, святарства, шырокіх колаў афіцэрства. Яны былі настроены рашуча: з патрыятычных пазіцый выступалі за ліквідацыю рэжыму інтэрвентаў i ix прыслужнікаў, за аднаўленне сапраўднай незалежнасці i суверэнітэту, за вяртанне захопленых Расіяй, Прусіяй i Аўстрыяй тэрыторый i за далейшае правядзенне рэформ, якія пачыналіся раней.

Падрыхтоўку паўстання пачалі тайныя патрыятычныя арганізацыі, якія аб'ядноўвалі прагрэсіўных прадстаўнікоў шляхты i мяшчан. Галоўнай сваёй мэтай яны ставілі вызваленне ад акупантаў i здрадніцкага ўрада тэрыторый Польшчы, Беларусі i Літвы i аднаўленне ix межаў, якімі яны былі да 1772 г. Цэнтр падрыхтоўкі паўстання знаходзіўся ў Варшаве. Кіраваў ім генерал Ігнацы Дзялыньскі (3). Стварыўся таксама цэнтр у Вільні, які рыхтаваў паўстанне на Беларусі i ў Літве.

Прыхільнікі паўстання падзяліліся на дзве групоўкі, або партыі. Адна з ix аб'ядноўвала памяркоўных прыхільнікаў рэформ Чатырохгадовага сейма. Яны імкнуліся да ўзнаўлення канстытуцыі 3 мая 1791 г. i вызвалення ўсёй Рзчы Паспалітай з дапамогай іншых дзяржаў, асабліва Францыі, ад залежнасці ад Расіі, Прусіі i Аўстрыі. На чале яе ў Варшаве былі банкір Е. Капостас, юрыст Ф. Барс, I. Патоцкі.

Левае крыло шляхецка-буржуазнага блока, або партыя "якабінцаў" (назва па ўзору Французскіх якабінцаў), займала больш радыкальныя пазіцыі. Яно ставіла сваёй мэтай падняць усенароднае паўстанне супраць акупантаў i прыцягнуць да ўдзелу ў ім не толькі шляхту i мяшчан, але i дробную гарадскую буржуазію, гарадскія нізы i сялянства. Для гэтага меркавалася правесці больш радыкальныя рэформы падчас паўстання i пасля яго. Групоўку "якабінцаў" у Варшаве ўзначалілі К. Канопка, ксёндз Ю, Мейер, Ю. Заёнчак, Я. Шаняўскі. Радыкальнае крыло патрыётаў выступала з лозунгам Французскай рэвалюцыі: "Свабода, роўнасць, братэрства".

Групу падрыхтоўкі паўстання ў Вільні летам 1793 г. узначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі, камендант (камандзір) корпуса інжынераў войска літоўскага. Віленскі цэнтр дзейнічаў актыўна, а яго члены былі настроены рашуча (4). Яны атрымалі назву "Віленскія якабінцы" i былі больш радыкальныя за варшаўскіх. Туды ўваходзілі разам з Я. Ясінскім капітан Ю. Гарноўскі, А. Грасмані, прафесар архітэктуры i картаграфіі В. Гуцэвіч, падпалкоўнік А. Гушкоўскі, ксёндз М. Карповіч, М. Тамашэўскі, I. Хадзькевіч i інш. Віленскія якабінцы заклікалі выкарыстоўваць вопыт Вялікай французскай рэвалюцыі, выступалі за адмену прыгону i аднаўленне Федэратыўнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., за адзінства над лозунгам "За нашу i вашу свабоду!" (5).

Рыхтаваўся да паўстання i цэнтр польскай эміграцыі ў Дрэздэне (Саксонія), дзе знаходзіліся Г. Калантай і іншыя прагрэсіўныя дзеячы з Польшчы, Беларусі i Літвы. У Лейпцыгу актыўна дзейнічалі Ігнацы, Станіслаў i Ян Патоцкія, С. Малахоўскі, К. Сапега, Ю. Нямцэвіч, М. Забела. Туды паехалі Храптовічы, Грабоўскія, Радзівілы (6).

Туды ж у канцы снежня 1792 г. прыехаў i генерал Тадэвуш Касцюшка (7). Усе групоўкі i паўстанцкія падпольныя цэнтры згадзіліся з яго кандыдатурай як кіраўніка (начальніка) паўстання, якое рыхтавалася. Чаму ж менавіта ён узначаліў паўстанне?

Герой амерыканскага, польскага i беларускага народаў Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (4.2.1746 - 15.10.1817) паходзіў са старажытнага белару­скага шляхецкага роду. Прозвішча яго часта пісалася Касцюшка-Сяхнавіцкі ад родавага маёнтка Сяхновічы ў Берасцейскім павеце (Вялікія Сяхновічы i Малыя

Сяхновічы ў цяпврашнім Жабінкаўскім р-не). Продак яго, Федар, які памёр яшчэ перад 1509 г., быў пісарам (дзякам) у вялікага князя Казіміра. Ягоны сын Касцюшка (Канстанцін) Федаравіч i надаў прозвішча ўсяму роду. У 1509 г. Касцюшка Федаравіч атрымаў ад вялікага князя маёнтак Сяхновічы (паводле некаторых звестак, маёнтак атрымаў яго бацька). У 1546 г. ён быў суддзёй i гараднічым камянвцкім. Яго жонкай была князёўна Ганна Гальшанская (8). Сынамі Касцюшкі былі Іван Касцюшка і Федар Касцюшка, ад якіх пайшлі дзве лініі роду - старэйшая (Іванавічаў) I малодшая (Федаравічаў). Да малодшай належалі i продкі Тадэвуша Касцюшкі. Федар Касцюшка згадваецца ў "попісах" войска Вялікага княства Літоўскага за 1565 i 1567 гг. (у 1565 г. разам з братам Іванам) (9).

Продкі Т. Касцюшкі ад пачатку роду былі праваслаўныя. Але ў першай палове XVII ст. яны былі ўжо католікі. Прапрадзед Тадэвуша - Ян, унук Федара Касцюшкі - быў кальвініст, яго першая жонка - Канстанцыя Арэшка (Ажэшка), прапрабабка Тадэвуша - была каталічка, дарэчы, пахавана яна была ў Сяхновіцкай царкве (уніяцкай). Яго другая жонка Зузана Ракоўская - арыянка (10).

Бліжэйшыя продкі Тадэвуша Касцюшкі займалі значныя дзяржаўныя пасады ў Берасцейскім павеце. Ягоны прадзед, Аляксандр Ян (1629 - пасля 1711), быў падсудкам берасцейскім, дзед Амброжы (1667-1722) - пісарам земскім берасцейскім i некаторы час войтам кобрынскім (меў таксама ганаровы тытул падчашага оўруцкага), бацька Людвік Тадэвуш (памёр у 1758 г.) быў мечнікам Берасцейскага ваяводства i палкоўнікам. Ён ажаніўся з Тэкляй Ратомскай, якая памерла ў 1768 г. Ад гэтага шлюбу было два сыны - ЮзаФ (1743-1789), абозны берасцейскі, i Андрэй Тадэвуш Банавентура - і дзве дачкі - Ганна (1741-1814), замужам за Пётрам Эсткам, і Кацярына (1744-1791) - за Жулкоўскім. Абодва браты не былі жанатыя (11).

Нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка ў Фальварку Марачоўшчына (цяпер Івацэвіцкі р-н), які належаў ягонаму бацьку. Тадэвуш скончыў Варшаўскі кадэцкі корпус у 1766 г., вучыўся ў Парыжскай акадэміі жывапісу i скульптуры ў 1769-1774 гг. У Францыі Т. Касцюшка ўдасканальваў свае ваенныя веды. Там пазнаёміўся з прагрэсіўнымі тэорыямі Французскіх матэрыялістаў, якія зрабілі значны ўплыў на Фарміраванне яго светапогляду.

У 1776-1783 гг. Т. Касцюшка добраахвотнікам удзельнічаў у вайне за незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы. Дзякуючы яго ваеннаму таленту амерыканская армія атрымала адну з важнейшых перамог пад Саратогай у 1777 г. У 1784 г. у чыне брыгаднага генерала амерыканскай арміі Т. Касцюшка вярнуўся на радзіму.

Аднак, нягледзячы на баявы вопыт, Т. Касцюшку не далі пасады ў войску літоўскім, i толькі ў канцы 1789 г. ён стаў генерал-маёрам войска польскага. У 1792 г. падчас вайны з Расіяй Т. Касцюшка камандаваў дывізіяй на Украіне і паказаў сябе здольным камандзірам у баях пад Зелянцамі i Дубенкай у чэрвені i ліпені 1792 г. У гэтым жа годзе ён стаў генерал-лейтэнантам. Пасля пераходу караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага на бок Таргавіцкай канФедэрацыі Т. Касцюшка падаў у адстаўку i выехаў за мяжу.

Падчас знаходжання ў Саксоніі ён увайшоў у кіраўніцтва падрыхтоўкай паўстання. У 1793 г. Т. Касцюшка наведаў Парыж, спадзеючыся на дапамогу Францыі. Але спробы атрымаць дапамогу ад Турцыі, Швецыі i Францыі вынікаў не далі. Трэба было разлічваць на свае сілы: падняць войска i пашырыць колькасць паўстанцаў за кошт узбраення народа, у тым ліку шырокіх мае сялянства.

Т. Касцюшка прызначыў пачатак паўстання супраць рускага царызму на сярэдзіну сакавіка 1794 г., але выбухнула яно раней, калі ў Варшаве пачаліся арышты членаў тайных арганізацый. Непасрэдна паўстанне пачалося 12 сакавіка 1794 г., калі брыгадзір Антоні Мадалінскі адмовіўся выканаць загад аб скарачэнні вайсковых сіл i на чале Першай Вялікапольскай брыгады, якой ён камандаваў, накіраваўся з Астралэнкі да Кракава, дзе павінна было пачацца паўстанне. Расійскі пасол i камандуючы расійскімі войскамі ў Польшчы i Вялікім княстве Літоўскім генерал-лейтэнант В. Ігельстром загадаў спыніць брыгаду i сканцэнтраваць расійскія карпусы ў раёне Варшавы i Радама. Расійскі гарнізон адступіў ад Кракава. Т. Касцюшка прыбыў у горад, i 24 сакавіка на плошчы галоўнага рынку Кракава быў абвешчаны Акт паўстання. Гэтым Актам Т. Касцюшка прызначаўся начальнікам паўстання - атрымаў найвышэйшую ўладу i станавіўся галоўнакамандуючым. Яму даручалася ўтварыць паўстанцкі ўрад - Найвышэйшую нацыянальную раду. Мясцовымі органамі ўлады станавіліся Парадкавыя камісіі ваяводстваў i паветаў, складзеныя са шляхты i мяшчан (12). Т. Касцюшка выдаў маніфест да войска, насельніцтва, духавенства, жанчын, у якім заклікаў да барацьбы за незалежнасць пад лозунгам "Воля, цэласць, незалежнасць".

4 красавіка каля вёскі Рацлавіцы (на поўнач ад Кракава) Т. Касцюшка разбіў дзве калоны расійскіх войск генерал-маёра А. Тармасава і падпалкоўніка Пуставалава. У гэтай бітве мужнасцю вызначыліся касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тырчком на дрэўках). Касінвры атакавалі цэнтр расійскай пазіцыі i захапілі 11 гармат (13). Гэтая перамога мела не толькі ваеннае, але вялікае маральнае значэнне. Паўстанне пашыралася, ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяводствы, Хэлмскую зямлю. 17-18 красавіка перамагло паўстанне польскага войска i жыхароў у Варшаве. Расійскія войскі былі разбіты, а рэшткі ix адступілі. Першыя поспехі паўстання дэзарганізавалі расійскае камандаванне i прадухілілі дзвянні прускіх войск.

7 мая 1794 г. Т. Касцюшка выдаў Паланецкі універсал (у лагеры Паланец, каля Сандаміра). Паводле яго, сялянам давалася асабістая свабода, калі яны разлічацца з панам i заплацяць дзяржаўныя падаткі; змяншалася паншчына (асабліва падчас паўстання); за сялянамі прызнавалася права на надзелы зямлі, якія яны апрацоўвалі.

Гэтыя меры, якія павінны былі ажыццяўляць паўстанцкія ўлады, на першым этапе прыцягнулі да паўстання шмат людзей. Усяго ў ім удзельнічала больш за 150 тыс. чалавек.

У Вялікім княстве Літоўскім паўстанне пачалося з выступлення аддзелаў войска літоўскага супраць гарнізонаў царскіх войск i прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі.

16 красавіка 1794 г. першымі выступілі аддзелы войска, якія стаялі ў Шаўлях (Шаўляй). Яны накіраваліся да сталіцы ВКЛ ВІльні, дзе ў ноч на 23 красавіка пачалося паўстанне, падрыхтаванае віленскімі якабінцамі на чале з Якубам Ясінскім. Невялікі гарнізон літоўскага войска (500 чал.), разам з рамесным людам, нечакана для расійскага войска (3 тыс. чал.) захапіў вайсковыя пастарункі i авалодаў горадам. Значная частка расійскага гарнізона (1 013 чал.) на чале з генерал-маёрам М. Арсеневым, а таксама вялікі гетман літоўскі, ён жа генерал-паручнік расійскага войска, Ш. Касакоўскі былі ўзяты ў палон (14). Ацалеў толькі аддзел маёра М. Тучкова, які стаяў на Пагулянцы. Разам з рэшткамі іншых аддзелаў ён адступіў у накірунку Гародні i далучыўся да корпуса генерал-маёра князя П. Цыцыянава. Туды ж адступілі i іншыя расійскія атрады з іншых мясцовасцей Заходняй Беларусі i Літвы (15).

24 красавіка Вільня была вызвалена ад расійскіх войск. На Ратушным пляцы пры вялікім сходзе грамадзян быў урачыста абвешчаны Акт паўстання. З патрыятычнай прамовай выступіў Я. Ясінскі,

Быў утвораны паўстанцкі ўрад - Найвышэйшая нацыянальная рада Вялікага княства Літоўскага на чале з палкоўнікам Я. Ясінскім. У склад яе ўвайшлі ў большасці прадстаўнікі левага крыла шляхецка-буржуазнага блока, а таксама прадстаўнікі асноўных тэрыторый Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Сярод ix -ваявода наваградскі Ю. Несялоўскі, стараста мінскі М. Бжастоўскі, падкаморы рэчыцкі С. Валовіч, маршалак аршанскі М. Храпавіцкі, дэлегаты ад гарадоў, ад Слонімскага, Наваградскага, Лідскага паветаў (16). Галоўным кіраўніком паўстання Найвышэйшая рада ВКЛ прызнала Т. Касцюшку.

Зазначым, што Найвышэйшая нацыянальная рада ВКЛ выступала з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, 24 красавіка яна звярнулася з адозвай да насельніцтва i пад лозунгам "За нашу i вашу свабоду!" заклікала жыхароў Беларусі i Літвы ўзяць у рукі зброю "з мэтай адваяваць свабоду i грамадзянскае раўнапраўе". (Для параўнання: у Акце паўстання Т. Касцюшкі слова "раўнапраўе" не было.) У адозве Рады нагадваліся сувязі з Французскім народам i з якабінцамі, абвяшчаўся лозунг Французскай рэвалюцыі "Свабода, роўнасць, братэрства".

Аднак Т. Касцюшка лічыў, што такі лозунг напалохае шляхту i адштурхне яе ад шырокага ўдзелу ў паўстанні. Ён папракаў кіраўнікоў Найвышэйшай нацыянальнай рады ВКЛ, што яны адышлі ад мэты паўстання, самазвана захапілі ўладу, не ўзгадніўшы дзеянні з ім, i што гэта ўносіць "дух нязгоды, які абражае унію братніх народаў" (17). Можна зрабіць выснову, што варшаўскае кіраўніцтва процідзейнічала самастойнасці Беларусі i Літвы. Тым не менш сярод сялян на Беларусі, як i спачатку у Польшчы, хадзілі пагалоскі, што Т. Касцюшка - "мужыцкі генерал".

Найвышэйшая нацыянальная рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах - грамадзянска-вайсковыя Парадкавыя камісіі, якім было даручана разгарнуць паўстанне на ўсёй тэрыторыі Беларусі i Літвы. На наступны дзень пасля ўтварэння Найвышэйшай рады па прыгавору суда былі пакараны смерцю на шыбеніцы здраднікі-таргавічане: вялікі гетман літоўскі Ш. Касакоўскі i маршалак Віленскай канФедэрацыі I. Швыкоўскі.

Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага аб'явіла рэкруцкі набор у войска сялян i добраахвотнікаў ca шляхты. Ствараліся новыя баявыя адзінкі. "Gazeta Narodowa Wileńska" ("Нацыянальная віленская газета") вяла рэвалюцыйную прапаганду, падтрымлівала радыкальныя мерапрыемствы ў краіне, выпускала адозвы да сялян з абяцаннем свабоды.

Найвышэйшая нацыянальная рада Вялікага княства Літоўскага стала выканаўчым урадавым органам. Пачалі стварацца дэпартаменты (потым - дэпутацыі) парадку (адміністрацыі I парадку), бяспекі, бюджэту i тайны (кіраваў вайсковай арганізацыяй). У паветах былі ўтвораны распарадчыя органы - грамадзянска-вайсковыя камісіі, якія вялі набор у войска, арганізоўвалі мясцовыя атрады для барацьбы з ворагамі i г. д.

На першым этапе паўстанне мела поспех. У Вільні з добраахвотнікаў была створана гвардыя ў 3 тыс. чалавек. Да паўстання далучылася большасць шляхты, а таксама частка мяшчан.

У канцы красавіка 1794 г. пачаліся хваляванні ў Гародні. Варожыя адносіны шляхты i гараджан Гародні вымусілі генерала П. Цыцыянава 26 красавіка вывесці войска (8 646 чал. i 30 гармат) з горада i стаць каля яго. Адыходзячы, П. Цыцыянаў забраў касы Гародзенскай эканоміі, скарбовай камісіі i запасы сукна ca складоў. Жыхары Гародні, пад пагрозай абстрэлу горада з гармат, выплацілі расійскаму генералу кантрыбуцыю памерам у 101 552 рублі 55 капеек серабром. Пасля атрымання кантрыбуцыі П. Цыцыянаў адступіў да Нясвіжа. 28 красавіка прадстаўнікі гарадзенскага мяшчанства сабраліся ў Саколцы, не занятай расійскімі войскамі, i заявілі аб далучэнні да паўстання i выбралі паўстанцкі орган кіравання - гародзенскую Камісію парадку, якая з 3 мая засядала ў Новым замку ў Гародні.

Паўстанне пашыралася. Размешчаны ў Бярэсці невялікі расійскі аддзел палкоўніка Чэсменскага 4 мая пакінуў горад і адступіў на ўсход, да Пінска. Расійскія войскі канцэнтраваліся ў некалькіх месцах за новай дзяржаўнай мяжой, вызначанай у выніку падзелу 1793 г. (18)

Неабходна была цэнтралізацыя кіраўніцтва паўстаннем. 3 мая ў Вільню прыбылі генералы беларуска-літоўскага войска, i Найвышэйшая нацыянальная рада абвясціла Я. Ясінскага галоўным камендантам узброеных сіл Вялікага княства Літоўскага. 11 мая ён атрымаў званне генерал-лейтэнанта. Аднак з-за раскіданасці трох дывізій, што складалі беларуска-літоўскае войска, Я. Ясінскі оактычна камандаваў толькі дывізіяй у раёне Вільні''(19).

Тым часам паўстанне набірала сілу. У красавіку-маі 1794 г. паўстанцы захапілі ўладу ў шэрагу паветаў, у тым ліку ў Бярэсці, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку, Пінску, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе (20). Цэнтрамі паўстанцкага руху былі перш за ўсё гарады. 9 мая да паўстання далучыліся жыхары Берасцейскага ваяводства. У Бярэсці быў утвораны мясцовы кіраўнічы орган - Парадкавая камісія. Зазначым, што кіраўніцтва Берасцейскага ваяводства i Кобрынскага павета яшчэ раней далучылася да Кракаўскай дэкларацыі Т. Касцюшкі, i калі прыйшлі загады з Вільні, мясцовае кіраўніцтва 11 мая накіравала да Т. Касцюшкі ліст з прапановаю аб падпарадкаванні Берасцейскага ваяводства непасрэдна яму. Такую ж пазіцыю заняло i паўстанцкае кіраўніцтва Гародзенскага павета. Але хутка канфлікт быў ліквідаваны: дзеля інтарэсаў паўстання мясцовае кіраўніцтва падпарадкавалася Найвышэйшай нацыянальнай радзе ВКЛ (21).

Галоўнай ваеннай задачай у гэты час Я. Ясінскі лічыў ліквідацыю пагрозы Вільні з усходу. Туды i накіраваў ён сваю дывізію. 7 мая ў бітве каля вёскі Паляны (цяпер Ашмянскі р-н) над націскам дывізіі Я. Ясінскага расійскае войска пацярпела паражэйне і вымушана было адступіць, хаця i бвларуска-літоўскае войска панесла страты. У бітве каля Палян удзельнічала да 5 тыс. сялян з сякераш, косамі, віламі i дзідамі. Сяляне ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях i каля Гародні, як сведчылі расійскія генералы.

У другой палове мая Я. Ясінскі зноў знаходзіўся каля Ашмян і арганізаваў партызанскія экспедыцыі на тэрыторыю Мінскай губерні. 27 мая яго дывізія сустрэлася ў бітве пад Ліпнішкамі (за 12 км ад Іўя) з расійскім вайсковым корпусам брыгадзіра Л. Бенігсена. Аднак, нягледзячы на некаторыя ваенныя поспехі, Вільня па-ранейшаму заставалася пад пагрозай расійскіх войск. Таму Я. Ясінскі загадаў вайсковым атрадам пераходзіць і тэрыторыю Мінскай губерні і ўзнімаць паўстанне ў тыле расійскіх войск.

У гэты час абвастраюцца адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных сіл Т. Касцюшка 4 чэрвеня адхіліў Я. Ясінскага ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і ў Літве як радыкала. Галоўнакамандуючым быў прызначаны няздольны генерал-лейтэнант М. Вельгорскі. Найвышэйшая нацыянальная рада Вялікага княства Літоўскага як радыкальная арганізацыя загадам Т. Касцюшкі была распушчана. Замест яе 10 чэрвеня 1794 г. была створана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага з больш памяркоўных элементаў. Яна складалася з сямі дэпутатаў, якія па чарзе ўзначальвалі яе, i 28 намеснікаў. Дэпутаты былі адначасова i начальнікамі аддзелаў (скарбу, парадку, вайсковага, бяспекі, юстыцыі, харчавання, асветы). Сярод ix адзначым Ю. Несялоўскага, А. Тызенгаўза, Е. Белапятровіча, С. Мірскага, Б. Марыконі, Д. Пільхоўскага, В. Гарэцкага. Дэпутацыя была абмежаваная ў сваёй дзейнасці. Яна Фактычна толькі выконвала загады начальніка паўстання Т. Касцюшкі i Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве, якім была цалкам падпарадкавана (22). Такім чынам, Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве i Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясцовых кіраўнікоў.

Палітыка ў дачыненні да сялян стала праводзіцца больш асцярожна i нерашуча. Гэта выкарысталі царскі ўрад i камандаванне расійскіх войск. Каб адцягнуць сялян ад паўстання, была паабяцана амністыя ўсім сялянам-паўстанцам, калі яны пакінуць войска i вернуцца дахаты. З дэмагагічнымі заклікамі да сялян звярнуўся брыгадзір Л. Бенігсен. Ён абяцаў перадаць ім землі і маёмасць, секвестраваныя ў паўстанцаў-памешчыкаў. Крыху пазней ён заклікаў сялян "перадаваць памешчыкаў, якія бунтуюць, у рукі ўлады". Многія сяляне паверылі гэтым абяцанням.

12-16 чэрвеня была зроблена спроба глыбокага рэйду на Меншчыну, каб падняць тут паўстанне. Яго ўзначаліў Міхал Клеафас Агінскі, былы падскарбі вялікі літоўскі. 13 чэрвеня ад расійскіх войск быў вызвалены Валожын. 15 чэрвеня М. Агінскі ў Івянцы абвясціў Зварот да грамадзян Менскага ваяводства з заклікам да паўстання. Аднак 16 чэрвеня аддзел М. Агінскага быў разбіты ў бітве пад Вішневам i адступіў да Вільні. І хоць экспедыцыя М. Агінскага пацярпела няўдачу, аднак была створана пагроза расійскім аддзелам у Менску i каля паўмесяца расійскія войскі не вялі актыўных баявых дзеянняў.

26 чэрвеня генерал Я. Ясінскі на чале сваёй дывізіі ў 4 тыс. чалавек у бітве пад Соламі, каля Смаргоні, не даў магчымасці Л. Бенігсену разбіць свае войскі I адступіў да Вільні, захаваўшы парадак i асноўныя сілы. За гэтую бітву Кацярына II надала Л. Бенігсену званне генерал-маера. Нягледзячы на ўсе спробы ліквідаваць пагрозу Вільні з боку расійскіх войск, гэтага не ўдалося зрабіць.

Для задушэння паўстання былі кінуты новыя расійскія войскі. Паўстанцы ў гэты момант мелі каля 10 тыс. салдат. Гэта былі атрады рэгулярных польскіх і літоўска-беларускіх войск, а таксама набраных з сялян рэкрутаў i мабілізаванай шляхты. Расійскія войскі на Беларусі, у Літве i Курляндыі мелі каля 30 тыс. чалавек. Таму паўстанцкі ўрад 20 чэрвеня 1794 г. загадаў сваім мясцовым органам правесці новы набор у войска - па аднаму чалавеку ад 25 сялянскіх гаспадарак, а шляхце абвясціў "паспалітае рушэнне". 3 ліпеня быў абвешчаны дадатковы набор рэкрутаў: ад 50 гаспадарак па аднаму чалавеку (23). Аднак ажыццявіць гэтыя рашэнні ў шырокіх маштабах не ўдалося.

У канцы чэрвеня 1794 г. паўстанне пашырылася на Курляндыю. Генерал-маёр П. Вайткевіч заняў Лібаву. Аднак значных памераў тут яно не набыло.

Ад канца чэрвеня да сярэдзіны жніўня найбольш актыўныя вавнныя дзвянні разгортваліся на тэрыторыі Гародзеншчыны i Віленшчыны. Расійскі генерал-маёр Б. Кнорынг з сваім 7-тысячным корпусам 19-20 ліпеня атакаваў Вільню, але горада ўзяць не здолеў i быў вымушаны адысці.

У гэты час М. К. Агінскі зрабіў спробу адцягнуць расійскія войскі на новы Фронт. На чале 2-тысячиага Зямянскага (конна-шляхецкага) атрада Завілейскага, Браслаўскага і Вілкамірскага паветаў, а таксама касінераў ён 1 жніўня рушыў з Вільні праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс). I хоць горада не ўзяў, але гэтыя дзеянні затрымалі новае наступление царскіх войск на Вільню. Падчас гэтага паходу да паўстанцаў далучыўся паўтысячны атрад мясцовай шляхты i сялян на чале з генерал'маёрам К. Беліковічам. 13 жніўня М. Агінскі скончыў свой рэйд.

У гэты ж час 2 жніўня паўстанцкі аддзел генерал-маёра К. Серакоўскага, прысланы Т. Касцюшкам на Беларусь, каля Слоніма правёў бой з расійскімі войскамі, але значных поспехаў не атрымаў.

Урэшце расійскае камандаванне сканцэнтравала тры корпусы (12 тыс. салдат) над камандаваннем генералаў Б. Кнорынга, І. Германа, П. Цыцыянава i кінула ix зноў на Вільню. 11 жніўня Вільня была абкружана i пасля бою 12 жніўня капітулявала. Пасля страты Вільні дывізіі літоўска-беларускага войска адступілі да Гародні. Камандаваць войскамі стаў генерал-лейтэнант С. Макраноўскі (24). Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага пераехала ў Гародню, якая стала часовай сталіцай Беларуска-Літоўскай дзяржавы.

У другой палове жніўня 1794 г. ва Усходнюю Беларусь, каб узняць паўстанне, была накіравана новая вайсковая зкспедыцыя - 3-тысячны аддзел пад кіраўніцтвам палкоўніка войска літоўскага СтэФана Грабоўскага, удзельніка паўстання ў Вільні i жнівеньскай бітвы за яе. Рэйд аддзела С. Грабоўскага праходзіў з 17 жніўня да 4 верасня. Пачаўся ён па старому віленскаму шля x у на Менск - праз Івянец i Ракаў. 24 жніўня на Ракаўскім гасцінцы, у 10 вярстах ад Менска, адбылася сутычка авангарда С. Грабоўскага з расійскім раз'ездам. С. Грабоўскі павярнуў на Койданава i адтуль пайшоў на Свіслач i Пухавічы. 26 жніўня ў Пухавічах адбылася вайсковая парада, на якой было вырашана ісці на паўднёвы ўсход Беларусі. Былі заняты Асіповічы. 30 жніўня паўстанцкім вайсковым аддзелам С. Грабоўскага быў вызвалены павятовы горад Менскай губерні Бабруйск. Але пад пагрозай нападу больш моцных расійскіх сіл С. Грабоўскі вымушаны быў адступіць на Глуск I Любань. 4 верасня каля мястэчка Любань адбыўся апошні бой аддзела С. Грабоўскага з расійскімі войскамі генерала П. Цыцыянава. Паўстанцы мужна вытрымалі некалькі атак, аднак вымушаны былі капітуляваць. Расійскія войскі захапілі 250 палонных I 5 гармат. Насуперак умовам капітуляцыі пераможцы аддалі палкоўніка С. Грабоўскага пад вайсковы суд у Смаленску. Ён быў сасланы I выйшаў на свабоду, калі Павел I выпусціў з турмаў i ссылкі ваеннапалонных, захопленых падчас паўстання 1794 г.

Летам 1794 г. у Польшчы ваенныя дзеянні працягваліся ўжо не толькі з расійскай, але і з прускай арміяй. 6 чэрвеня пад Шчакацінамі (на р. Піліцы, на поўнач ад Кракава) адбылася бітва корпуса Т. Касцюшкі (15 тыс. чал.) з аб'яднанай расійска-прускай арміяй генерал-маёра Ф. Дзянісава i прускага караля Фрыдрыха Вільгельма IІ (26 500 чал.). Польскае войска пацярпела паражэнне і вымушана было адступіць на Кельцэ i далей на Варшаву. У гэты час корпус генерал-лейтэнанта Ю. Заёнчака адбіваў атакі расійскіх войск каля Хэлма i Любліна. 15 чэрвеня 1794 г. пруская армія заняла Кракаў. Т. Касцюшка вымушаны быў сканцэнтраваць асноўныя сілы польскага войска каля Варшавы. Аўстрыя ўвяла свае войскі на Любліншчыну. У ліпені да Варшавы падышлі прускія войскі i пачалі яе аблогу, якая працягвалася да верасня. Аднак 5 верасня прускія войскі адышлі ад польскай сталіцы, бо пачалося паўстанне на раней захопленых Прусіяй польскіх землях, куды быў накіраваны Т. Касцюшкам корпус генерал-лейтэнанта Я. Г. Дамброўскага.

Для задушэння паўстання ў бой былі кінуты свежыя расійскія сілы. На Беларусь з Украіны прыбыў корпус генерал-аншэФа граФа А. Суворава-Рымнікскага (12 тыс. чалавек, 39 гармат) (25). А. Сувораў добра ведаў гэты тэатр ваенных дзеянняў, бо яшчэ ў 1769-1772 гг. ваяваў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай супраць барскіх канфедэратаў і атрымаў тут званне генерал-маёра. Корпус А. Суворава быў накіраваны на Палессе, дзе знаходзіліся аб'яднаныя сілы польскага і беларуска-літоўскага войска (у якім былі i касінеры). 14 верасня адбылася сутычка паўстанцаў з авангардам корпуса А. Суворава пад мястэчкам Дзівін (цяпер Кобрынскі р-н). На наступны дзень адбыўся бой кобрынскай павятовай міліцыі Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам генерал-маёра К. Рушчыца з сувораўскімі аддзеламі ў Кобрыне. 17 верасня адбылася найбуйнейшая бітва паўстанцкага корпуса К. Серакоўскага (каля 5 тыс. чалавек i 26 гармат) пад Крупчыцамі (Кобрынскі р-н) з больш чым удвая пераважаючым корпусам А. Суворава. К. Серакоўскі вымушаны быў адступіць. 19 верасня ў вырашальнай бітве пад Бярэсцем, каля Тэрэспаля, войска А. Суворава нанесла ўдар па корпусу К. Серакоўскага. Нягледзячы на падтрымку невялікага аддзела генерал-маёра К. Князевіча, корпус К. Серакоўскага быў разбіты (26).

Т. Касцюшка яшчэ намагаўся арганізаваць адпор войску А. Суворава i іншым расійскім карпусам. У яго быў план сканцэнтраваць на Падляшшы літоўскія дывізіі i рэшткі корпуса К. Серакоўскага, а таксама правесці новую мабілізацыю шляхты i мяшчан. Дзеля гэтага 29 верасня Т. Касцюшка прыбыў у Гародню. Тут, у каралеўскім замку, 30 верасня ён правёў параду вышэйшых камандзіраў. У ёй удзельнічалі Якуб Ясінскі, Тамаш Ваўжэцкі, Юрый Грабоўскі, Станіслаў Макраноўскі. Касцюшка раздаў узнагароды, даў суровую ацэнку дзеянням камандавання i рэрганізаваў яго. 2 кастрычніка Т. Касцюшка вярнуўся ў Варшаву.

Было сабрана новае войска, але лёс паўстання быў ужо прадвырашаны. Корпус расійскага генерал-паручніка I. Ферзена перайшоў Віслу ў раёне Мацяёвіцаў, ідучы на злучэнне з корпусам А. Суворава. Т. Касцюшка вырашыў спачатку разбіць корпус I. Ферзена, а потым корпус А. Суворава. Аднак пад націскам расійскіх войск рэшткі войска ВКЛ адступілі на тэрыторыю Польшчы.

10 кастрычніка 1794 г. каля Мацяёвіцаў, на правым беразе Віслы, адбылася бітва паміж польскім корпусам Т. Касцюшкі (каля 7 500 чалавек i 23 гарматы) i расійскім корпусам i. Ферзена (каля 14 тыс. чалавек i 56 гармат). Бітва скончылася паражэннем польскага корпуса. У палон трапілі цяжкапаранены Т. Касцюшка, генералы К. Серакоўскі, I. Каміньскі I К. Князевіч. Рэшткі польскага корпуса на чале з генерал-маёрам А. Панінскім адышлі да Варшавы. Т. Касцюшка i палонныя генералы былі перавезены ў Пецярбург, дзе кінуты ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Толькі пасля смерці Кацярыны II (лістапад 1796 г.) Павел I вызваліў палонных, вярнуў Т. Касцюшку шпагу i дазволіў выехаць за мяжу, у ЗША, адкуль Касцюшка вярнуўся ў Еўропу ў 1798 г. Замест узятага ў палон Т. Касцюшкі найвышэйшым начальнікам паўстання быў прызначаны другі ўраджэнец Беларусі - генерал-лейтэнант Тамаш Ваўжэцкі (1753-1816). Яго родавы маёнтак знаходзіўся ў вёсцы Відзы Лаўчынскія (цяпер Браслаўскі р-н). Але кіраваць паўстаннем яму прыйшлося крыху болей за месяц.

На Варшаву рушыла расійскае войска. А. Сувораў атрымаў загад камандаваць усімі расійскімі войскамі ў Польшчы. Аб'яднаныя расійскія карпусы 4 лістапада ўзялі прадмесце Варшавы Прагу (на правым беразе Віслы), знішчыўшы па загаду i абаронцаў, i насельніцтва (18 тыс. чал.). З 14 тыс. салдат i афіцэраў, што абаранялі Прагу, на левы бераг Віслы здолелі пераправіцца 4 тысячы. Пры абароне Варшавы загінуў і Якуб Ясінскі. 6 лістапада горад капітуляваў. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Т. Ваўжэцкім адступалі на поўдзень, дзе 16 лістапада пад Радошыцамі (на поўнач ад Кельцэ) былі рассеяныя расійскімі войскамі (27). Паўстанне 1794 г. закончылася.

Вызваленчае паўстанне 1794 г. мела вялікае значэнне ў гісторыі Беларусі. Гэта было нацыянальнае паўстанне, накіраванае на ўзнаўленне незалежнасці Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Яно мела самастойны характар, але каардынавалася з польскім паўстаннем i стратэгічна падпарадкоўвалася адзінаму камандаванню ў Варшаве ў асобе начальніка паўстання Т. Касцюшкі.

Паўстанне мела сусветна-гістарычнае значэнне, бо стварала рэвалюцыйны асяродак ва Усходняй Еўропе i стала працягам Вялікай Французскай рэвалюцыі. Яно выклікала нянавісць з боку манархаў суседніх дзяржаў, i перш за ўсё расійскай імператрыцы Кацярыны li. Мэты паўстання на Беларусі i ў Літве былі больш радыкальныя ў параўнанні з праграмай паўстання ў Польшчы. Віленская праграма была разлічана на больш паслядоўныя рэформы, у тым ліку прадугледжвала вызваленне сялян ад прыгонніцтва.

На Беларусі вайсковыя дзеянні ахапілі значную тэрыторыю Заходняй i Усходняй Беларусі. У ix удзельнічала прыкладна 30-40 тыс. чалавек з шляхты, гараджан, духавенства i сялян. Асноўную масу паўстанцаў складала шляхта. Паўстанне 1794 г. адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, які скончыўся ў 1863 г., калі было падаўлена трэцяе вызваленчае паўстанне на Беларусі пад кіраўніцтвам Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага.


1. Костомаров Н. И. Последние годы Речи Посполитой. СПб., 1870, с. 665.

2. Пичета В. И. К истории восстания Костюшко 1794 г.//Учёные записки Института славяноведения АН СССР. Т. 7. М., 1953, с. 182.

3. Bartoszewicz K. Dzieje Insurekcji kościuszkowskiej. Wiedeń, S. D., s. 126.

4. Leśnodorski B. Polscy jakobini. Warszawa, 1960, s. 156.

5. Грыцкевіч A. П. "Віленскія якабінцы" // Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя. Т. 1. Мн.. 1978, С. 149.

6. Bartoszewicz K.Dzleje.., s. 121.

7. Korzon Т. Kościuszko. Biografia z dokumentow wysnuta. Kraków, S. D., s. 121.

8. Там жа, cc. 1-7.

9. Русская историческая библиотека. Т. 33. Пг., 1915, стб. 303, 1190.

10. Korzon Т. Kościuszko... s. 16.

11. Там жа.

12. Zarys dziejów wojskowości polskiej do roku 1864. T. 2. Warszawa. 1966, s. 245.

13. Там жа. с. 254.

14. Polski słownik biograficzny. Т. 11. Wrocław, 1964. s. 43.

15. Zarys dziejów... s. 257.

16. Kosman M. Historia Białorusi. Wrocław. 1979, s. 198.

17. Ochmański J. Historia Litwy. Wrocław, 1967, s. 149.

18. Zarys dziejów.., s. 257.

19. Polski stownik biograficzny. T. 11, s. 43.

20. Пичета В. И. К истории восстания Костюшко 1794 г, сс. 196. 199-201.

21. Kosman М. Historia Białorusi, ss. 198-199.

22. Mościcki Н. Generał Jasiński і powstanie Kościuszkowskie. Warszawa-Lublin, 1977. ss. 227-229.

23. История Литовской ССР. Вильнюс, 1978, с. 169.

24. Zarys dziejów... s. 259.

25. Там жа.

26. Суворов А. В. Документы. Т. 3. М., 1952, сс. 372-375.

27. Zarys dziejów... s. 261.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX