Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Віцьбіч Юрка. 'Усіх не расстраляеце', 1918-1968 


Аўтар: Віцьбіч Юрка,
Дадана: 30-05-2014,
Крыніца: Віцьбіч Юрка. 'Усіх не расстраляеце', 1918-1968 // Спадчына №1-1995. С. 11-21.



Друкуецца паводле выданьня «Божым Шляхам», Лёндан, год XXIII, № 1 - 2 (143-144), 1975.

4 студзеня 1975 г. адыйшоў у лепшае жыцьцё Юры Стукаліч, выдатны беларускі пісьменьнік, гарачы патрыёт, вораг камуністычнай ідэалёгіі i марксістоўскага ладу, глыбока веручы хрысьціянін, які звычайна пісаў пад прозьвішчам Віцьбіч, радзей Алесь Крыжаніч.

Юрка Віцьбіч нарадзіўся ў Вяліжы на Віцебшчыне (цяпер навонкі межаў БССР) 2 чэрвеня (ст, ст.) 1905 г. у сям'і зь дзеда-прадзеда сьвятарскай. Вось вестка, перададзеная самым пісьменьнікам аб ягоным прадзеду: «Будучи сыном и внуком православных священников, замученных большевиками, я не в состоянии никогда забыть, что мой прадед - униатский священник, умер одиноким и слепым в ссылке, в Саравском монастыре Темниковского уезда, Тамбовской губернии. Это личное - капля в море страданий белорусского народа...» [1]. Дзед нашага пісьменьніка, праваслаўны сьвятар а. Алімп Гаворскі, быў сучасьнікам а. Міхаіла Красавіцкага, ведамага зь любові да старадаўніх беларускіх помнікаў, аб якіх пісаў у розных расейскіх часапісах [2]. Дачка а. Алімпа Гаворскага была замужам за Іванам Пановым, праваслаўным сьвятаром. Ягоная дачка Еўдакія вышла замуж за Аляксандра Стукаліча, каторы таксама быў праваслаўным сьвятаром, i ў ix сям'і 2 чэрвеня паводле ст. ст. 1905 г. прыйшоў на сьвет Юрка, які пазьней назаве сябе Віцьбіч - імя ўзятае ад ракі Віцьбы, прытоку Дзьвіны, ад якой i горад Віцебск.

Як бачым, чатыры пакаленьні (па лініі маткі) роду Стукалічаў належалі да сьвятарскага стану, таму можна яго назваць родам беларускіх левітаў.

Плодны пісьменьнік Віцьбіч быў скупы, калі гэта датычыла яго асобы або яго сям'і. Усё ж такі аб сваей маці ён крыху напісаў з нагоды яе сьмерці ў «Царкоўным Сьветачы» [3]. Радзілася яна 23 лютага 1877 г. у Полацку ў сям'і а. Івана Папова, абсальвэнта Духоўнае Акадэміі. Памерла ў 1971 г. у Злучаных Штатах Амэрыкі на 95-м годзе жыцьця.

Жыцьцё маці кідае шмат сьвятла на асобу i на жыцьцёвы шлях яе сына, таму варта нам пацікавіцца i Еўдакіяй Стукаліч. Прыказка кажа: якое дрэва - такі зь яго клін, якая матка - такі i сын.

Еўдакія, «скончыўшы выдатна віцебскае епархіяльнае жаночае вучылішча, шмат год яна працуе настаўніцай у вяліскай жаноцкай гімназіі. На долю нябожчыцы выпала перажыць некалькі войнаў, рэвалюцыю, а таксама ўсе тыя перасьледаваньні, якія чыніла бязбожная бальшавіцкая ўлада, акупаваўшы Беларусь». Еўдакія Стукаліч таксама перажыла «бязбожную пяцігодку, абвешчаную дэкрэтам 1 траўня 1932 г., у часе якой злачыннай бальшавіцкай рукой расстраляна, замучана, зажыва спалена ці ўтоплена соткі япіскапаў, тысячы сьвятароў, мільёны ў Бога веручых людзей. Турма, канцлягер i перасьледаваньне - вось той шлях, якім ішло духавенства, жывучы ў Савецкім Саюзе...». Духавенства было пазбаўлена выбарчага права, а таму іхныя сем'і былі пазбаўленыя права на прадуктовыя карткі, пазбаўленыя на працу i на школу, мэдыцынскую дапамогу i на права да кватэры.

«Духавенства цесьніцца ў знаёмых, родных, цэлымі сем'ямі ў куткох, на карыдорах, ды часам i гэтай магчымасьці ня мае, бо ад духоўніка ў Савецкім Саюзе ўцякаюць, пазьбягаюць яго, дзеля страху перад уладай... А таму шмат давялося перажыць гора i нябожчыцы, падзяляючы ўсе жахі перасьледаваньня з сынамі i мужам Аляксандрам, які ня раз арыштоўваўся за сваё сьвятарства, пакуль сьмерць ня выратавала яго ад непазьбежнай ссылкі ў канцлягер...».

«Сьв. п. матушка Еўдакія Стукаліч была высокай эрудыцыі, як матушка, як настаўніца, як мастачка, i ў той самы час была вельмі сьціплай, лагоднай, ціхай у абыходжаньні з людзьмі, ніколі не выстаўляючы сваіх ведаў i заслуг перад людзьмі».

Такое прыгожае сьветчаньне пакінуў добры сын Юры аб сваёй маці Еўдакіі. Усё тут сказанае пра маці ў роўнай меры адносіцца i да сына, ці дакладней - да сыноў. Няма сумневу, што Юрка мусіў жыць i здабываць асьвету ў вельмі неспрыяльных абставінах. Таму выкарыстоўваў веды сваіх бацькоў, высокую эрудыцыю сваёй маці, сваю ўласную кніжніцу (гэтак ён называе бібліятэку), якая мусіла быць значнай у гэтак задаўненай сьвятарскай сям'і.

Аб пару здарэньнях з часоў свайго дзяцінства Юрка Віцьбіч сам расказвае ў лісьце да а. Архімандрыта Л. Гарошкі [4].

Будучы васьмігадовым хлапчуком, адведаў ён разам са сваім бацькам мужчынскі манастыр на рацэ Мяжы, у якім мелася найвялікшая сьвятыня Вокаўскага Лесу - цудатворная ікона Ардынскае Божае Маці (копія Ўладзімірская). Каб памаліцца перад той іконай, сходзіліся масы народу. Часамі гэтую самую ікону абвозілі на вёсках i мястэчках. Пабывала яна таксама i ў хаце сьвятара Стукаліча ў Вяліжы. Магчыма, з тых дзён пачынае ў душы Юркі разгарацца асаблівая любоў да іконаў Багародзіцы i глыбокая да Яе пабожнасьць. Ён сам склаў некалькі малітваў да Найсьвятой Дзевы Марыі.

У 1919 г. Юрка Стукаліч вучыцца ў 5-ай школе другой ступені ў Вяліжы, дзе яго настаўнікам ёсьць Міхаіл Навіцкі, пазьнейшы пратаярэй Беларускай Аўтакефальнай Царквы, закатаваны пазьней бальшавікамі за подпіс, які злажыў у 1924 г. разам зь Мітрапалітам Мэльхізэдэкам, які ў тым часе арганізаваў Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву.

Што а. Навіцкі быў беларускі патрыёт i што агнём свайго пачуцьця мог запаліць іншых, сьведчыць наступны факт, самым Віцьбічом па-мастацку пераказаны.

«Аднойчы Навіцкі прыходзіць на лекцыю надзвычай усхваляваны і, разгарнуўшы апошні нумар «Правды», голасна чытае:

Демьян Бедный:

Янкин голос соловьиный
Превратился в шип змеиный,
Да, в змеиный.
Да, в змеиный.

I, чытаючы, Навіцкі добрасумленна стараецца данесьці да нас i падкрэсьліць усю нянавісьць крамлёўскага прыдворнага пісакі да нашага роднага паэты. З паўхвіліны ён маўчыць i рантам, узьняўшы дагары руку, зь вялізным натхненьнем чытае:

На сход, на усенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

Навіцкі чытае з такім пачуцьцём, што твар ягоны стаўся белым, але голас не згубіў моцы:

Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,
Як гібнеш зь дзецьмі ты ад катняе рукі -
Аддаці ўсё на суд, на усенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

Навіцкі закрыў далонямі твар i хутка выйшаў, амаль выбег з клясы. Шмат разоў пазьней чуў я, як чыталі «Па сход» Янкі Купалы, але ніколі ён не прагучэў для мяне з такой сілай, як тады ў 1919 годзе, у старадаўнім беларускім Вяліжы, што сьцякаў крывёю, змагаючыся з расейскім бальшавізмам».

Тут мы жадалі б паставіць адно важнае пытаньне: ці той дзень i тое натхнёнае чытаньне палымянага твору Янкі Купалы настаўнікам Навіцкім ня ёсьць начаткам нікім i ніколі ня зломанага патрыятызму Юркі Стукаліча-Віцьбіча?

Пасьля заканчэньня тэхнікуму астацца настаўнікам нашаму пісьменьніку не дазволілі дзеля «сацыяльна чуждага паходжаньня». Выяжджае ён тады ў Маскву i там праз 10 гадоў працуе на хэмічных заводах, каб здабыць права на вышэйшую асьвету. Аднак i там спатыкае яго няўдача: на вайсковым заводзе ў час аварыі ён атруціўся фасгенам i стаўся няздатным да працы. Вяртаецца на Беларусь i ў далейшым здабывае асьвету саматугам. Зь яго пазьнейшых твораў можна судзіць аб яго зацікаўленьнях i студыях у розных галінах веды, а перадусім у такіх, як літаратура, археалёгія, этнаграфія, фальклёр, гісторыя мастацтва i гісторыя наагул.

У верасьні 1939 г. бачым яго на чале навуковае экспэдыцыі на дасьледаваньні помнікаў рэвалюцыі, гісторыі i мастацтва ў Воршы. Тады ўлез ён i ў аршанскую пячору, якая знаходзіцца на калішніх землях Куцеінскага манастыра, а якую дасьледавалі перш у 1926 г. Сербаў, Даўгяла i Аніхоўскі.

У тым самым часе едзе ён у Крошын, дзе адшукаў магілу паэты Паўлюка Бахрыма. Аглядаў жырандоль у каталіцкім касьцеле, які Бахрым выкуў у сваей собскай кузьні i падарыў туды. Віцьбіч першы высьветліў дату сьмерці Бахрыма: 1891, што за ім паўтарыў Язэп Найдзюк у сваёй гісторыі, а пасьля савецкі дасьледнік Бас.

У студзені 1941 г. Віцьбіч трапляе ў НКВД-эшную катавальню за тое, што ўхітрыўся паставіць помнік на магілах вяліскіх паўстанцаў. Пра гэтае паўстаньне ён пазьней надрукуе ў «Бацькаўшчыне» прыгожы нарыс.

У час вайны Віцьбіч разам з маці i жонкай трапляе ў Нямеччыну. Перад ейнай капітуляцыяй працуе пад камандай нямецкага баўэра, які пасылаў яго двойчы зь вёскі Лібвальдэ капаць супроцьтанкавыя равы пад возерам Шпірдьшг. У выніку цяжкой працы наш пісьменьнік «ператварыўся ў жывога касьцяка». У 1945 г. знаходзіцца ў вёсцы Эмэркінгэн паблізу гораду Эгінгэну (Вюртэмбэрг) [5].

Новая эпоха пачалася для сьвету, а таксама i для беларускіх уцекачоў, калі Нямеччына, у пух разьбітая, здала аружжа. Ня значыць, аднак, што гора людзкое - асабліва ўцекачоў - скончылася. Для гэтых пачаўся г. зв. пэрыяд Ды-Пі,- людзей бяз хаты i месца, якія будуць праходзіць розныя скрынінгі, каб толькі выехаць кудысьці ў вольны сьвет, абы далей ад бальшавікоў, каторыя ніяк не марнуюць часу, каб вылавіць большыя рыбы i вывезьці ix падманам ці сіламоц на «родіну»... Паўстаюць у розных зонах акупацыйных Нямеччыны ДП-лягеры. Названы пэрыяд мае для нас вялікае значэньне, бо ў Нямеччыне, якая ляжала ў друзах, тысячы нашых суродзічаў - сяляне, былыя ўрадоўцы i жаўнеры, настаўнікі, духавенства, паэты i пісьменьнікі - усе яны знайшлі ня толькі змогу ўцёкі ад бальшавіцкай навалы, але маглі наладжваць сваё ўласнае грамадзкае, культурнае i рэлігійнае жыцьцё. Паўстала шмат розных арганізацыяў, а разам зь імі ажывіўся i беларускі друк, няхай сабе на дрэньненькай паперы i адбіты на рататары.

Панькоў, які першы зрабіў сьпіс беларускай пэрыёдыкі за гады 1945-50, падае больш чымся 40 назоваў, сярод якіх некаторыя, замест добрых вестак i пашырэньня веды, разносілі па лягерах, а пасьля i навонкі ix сваркі i грызьню беларусаў між сабой. Але былі i такія, што й да сяньня маюць сваю цану. Гэтага роду выданьні засьведчылі ня толькі аб беларускай апрычонасьці, але аб жывучасьці нашай культуры. Да такога роду часапісаў належыць «Шыпшына», літаратурна-мастацкі часапіс, орган літаратурнага аб'еднаньня той самай назвы. Выходзіў ён у гадох 1946-50, зьявілася ўсіх толькі 9 нумараў. Да той самай катэгорыі салідных часапісаў трэба ўлучыць i «Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі», які выдаваўся ў гадох 1946-47 i выйшла яго толькі 8 нумараў. Абодвых гэтых часапісаў рэдактарам i душой быў Юрка Віцьбіч.

Калі некаторыя беларусы пачалі саромецца рататарнага друку, дык Віцьбіч уважаў, што ён ёсьць вялікім дасягненьнем у параўнаньні з савецкай рэчаіснасьцю, дзе няма свабоды для вольнага слова. I падаў да агульнага ведама такі факт: «...Але адначасна прыгадваюцца латы на кажуху савецкага катаржніка Уладзімера Хадыкі, пад якія ён зашываў свае новыя вершы. Не забывайма ніколі пра гэтыя латы!»

Згуртаваньне «Шыпшына» паўстала ў адным зь лягераў ДП на ўскраіне Рэгэысбургу 9 красавіка 1946 г. Яе закладнікамі был i Віцьбіч, Арсеньнева, Золак (Даніловіч) i Сяднёў. Хутка яно згуртавала блізу ўсіх паэтаў i пісьменьнікаў на эміграцыі. Галінка шыпшыны з кветкамі i калючкамі стала сымбалям-эмблемай згуртаваньня, а ведамы верш узвышанца Ўладзімера Дубоўкі «О, Беларусь, мая шыпшына» - паэтычным маніфэстам.

У дэклярацыі беларускага літаратурнага Згуртаваньня «Шыпшына», якую падпісалі 12 паэтаў i пісьменьнікаў (Арсеньнева, Віцьбіч, Вярба, Золак, Ільляшэвіч, Кавалеўскі, Клішэвіч, Салавей, Сяднёў, Сядура i Чэслаўскі) аб яго шляхотных i высокіх мэтах было сказана:

Згуртаваць беларускіх актыўных i творча-дасьпелых пісьменьнікаў - бэлетрыстых, паэтаў, драматургаў i крытыкаў, што знаходзяцца на эміграцыі;

Працаваць над стварэньнем вялікай літаратуры, годнай нашага вялікага народу.

У той самай дэклярацыі далей чытаем паясьненьне, вельмі характэрнае як для Віцьбіча, так i для маладой ім створанай арганізацыі: «ШЫПШЫНА стаіць на варце поўнае свабоды творчых пошукаў, але для ейных сяброў зьяўляецца абавязковым крытэр высокае мастацкасьці літаратурнага твору, імкненьне да ідэёвае насычанасьці i арыгінальнасьці глыбокая пашана да нашае літаратурнае спадчыны i пачуцьцё спадкаемства да ўсяго лепшага ў ёй, узаемная пашана да творчасьці адзін другога, а ў галіне ідэёвай - самаахвярная адданасьць найвышэйшаму ідэалу нашага Народу».

У творах Віцьбіча ўсё тут выказанае мы знаходзім: ідэёвую насычанасьць, арыгінальнасьць i адданасьць найвышэйшаму ідэалу нашага народу - гэта значыць яго вольнасьці, незалежнасьці i дабрабыту.

Усяго чатырох чалавек прыгатаўляла глебу над «Шыпшыну», яе дэклярацыю падпісала 12 пісьменьнікаў, а друкавала свае творы ў часапісе больш за 30 аўтараў [6], ня лічачы аўтараў іншых нацыянальнасьцяў. Апрача таго, друкаваліся ў «Шыпшыне» творы 34 беларускіх пісьменьнікаў, якія жылі ў Беларусі або й цяпер там жывуць i твораць. Цікавая рэч, але на бачынках «Шыпшыны» мы не знаходзім ані аднаго твору Купалы, Коласа, Цёткі i іншых нашых клясыкаў, хаця ў артыкулах прыгадваліся i іхныя імёны. Гэта добра сьведчыць аб вылучнай сьпеласьці часапісу i яго рэдактара: Юрка Віцьбіч i ягоныя сябры на пяру задобра ведалі творы нашых клясыкаў, каб ix перадрукоўваць i запаўняць імі тую цяжка прыдбаную паперу. Таму друкаваліся ў «Шыпшыне» або зусім арыгінальныя творы, або мала ведамыя пераважна бальшавікамі закатаваных пісьменьнікаў.

Калі ўжо мелі сваю арганізацыю i свой часапіс пісьменьнікі i літаратурныя крьггыкі, тады пасьпела патрэба згуртаваць таксама актораў, маляроў, кампазытараў, скульптараў, мастацтвазнаўцаў, сьпевакоў, працаўнікоў народнага й іншых мастацтваў. Такога роду аб'еднаньне мела свой назоў: «Беларускі Фронт Літаратуры i Мастацтва», а яго заданьнем было: а) усебаковая i сталая дапамога працаўніком мастацтва ў іхнай творчай працы; б) захаваньне мастацкіх кадраў у часе далейшай эміграцыі i непазьбежнага зь ей расьцярушаньня.

Хаця ўжо ў палове 1946 г. была гутарка аб «Беларускім Фронце Літаратуры i Мастацтва», зварот да мастакоў, каб іменна яго стварыць, быў падпісаны Усеваладам Качанскім, Юркам Віцьбічом i Мікалаем Кругловічам толькі 1 лютага 1949 г., а надрукаваны ў «Беларускім Слове» дня 5 лютага 1949 г. Быў гэта апошні нумар газэты рэдактара Ю. Віцьбіча.

Нажаль, Беларускі Фронт Літаратуры i Мастацтва ня змог праявіць большай дзейнасьці, бо ж i арганізацыі з пэўнай ужо прошласьцю паволі ўміралі, як, прыкладам, «Шыпшына», каторай орган № 9 апошні (той самай назвы) выйшаў у 1950 г. Калі арганізатары згуртаваньня i супрацоўнікі разьехаліся на ўсіх куткох сьвету, некаторыя зь ix заціхлі назаўсёды, іншыя адыйшлі ў вечнасьць, а згуртаваньне «Шыпшына» само сабой ліквідавалася. Нядаўняя сьмерць яго закладніка Юркі Віцьбіча ліквідацыю толькi прыпячатала.

Блізу ў тым самым часе, што i «Шыпшына», выходзіў рэлігійны часапіс пад арыгінальным прыгожым назовам «Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі», якога рэдактарам таксама быў Ю. Віцьбіч. У гадох 1946-1974 існавала 12 праваслаўных беларускіх часапісаў рознай пэрыядычнасьці. Сярод усіх ix, без сумневу, найлепш рэдагаваным быў «Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі». Належную яго ацэнку падаў У. Глыбінны: «Ужо пры першым азнаямленьні з зьместам часапісаў «Зьв. Зв. Сьв. Сафіі», якіх мы ў часе пісаньня гэтай рэцэнзіі маем тры нумары, пераконваешся, што гэта паважны, вельмі зьмястоўны i надта патрэбны беларускаму грамадзтву часапіс. I хаця ж на вокладцы зазначана, што гэта часапіс праваслаўных беларусаў, аднак ягоны сур'ёзны беларускі зьмест, наяўнасьць, побач з матар'яламі рэлігійнага зьместу, багатых матар'ялаў з гісторыі нашай Бацькаўшчыны, літаратурна-мастацкіх i грамадзкіх матар'ялаў, датрыманых цалкам у дусе выразнага i пасьлядоўнага нацыянальнага выхаваньня, робіць гэты часапіс агульнабеларускім, каштоўным кожнаму беларусу бяз розьніцы веравызнаньня».

У часапісе «Зьв. Зв. Сьв. Сафіі» знаходзім, апрача артыкулаў рэлігійнага зьместу, цікавы падбор вершаў нашых паэтаў, у якіх як у люстры адбіваецца іхная вера ў Бога i вера нашага народу. Шмат надаецца вестак з жыцьця Бел. Прав. Царквы, добра абдуманы каляндар са сьвятымі днямі хрысьціянскіх урачыстасьцяў. Гэты часапіс ёсьць вельмі важным як адна з жывых крыніцаў для ўстанаўленьня агульнай беларускай царкоўнай тэрміналёгіі, якая дагэтуль мае непрыемны разнабой у праваслаўных i каталікоў.

Часапіс гэты заняў вельмі выразную i суровую пазыцыю супроць Уладыкаў, якія перш на Бацькаўшчьше арганізавалі БАПЦ, а пасьля яе адракліся i ўліліся ў Расейскую Зарубежную Царкву. Адносна берасьцейскай вуніі i сьв. Езафата Кунцэвіча маем цьвёрдыя сказы самога рэдактара, а перадусім іншых (а. Лапіцкага). Варта, аднак, заўважыць, што ў найбольш ярым сваім артыкуле «Можна зьнішчыць звон, але нельга зьнішчыць народ» Віцьбіч меў адвагу напісаць: «Крывёю герояў народнага паўстаньня 1623 году паліта тое месца, на якім знаходзіцца цяпер у Віцебску маленькі сквэр. Можа прыйдзе той час, калі тут будзе пастаўлены высокі гранітавы абэліек. А сёньня, каб зьдзейсьніць найлепшыя ідэалы нашае Маці-Беларусі, нам, незалежна ад нашых веравызнаньняў, патрэбны фанатызм i Навума Воўка i Ёзафата Кунцэвіча» [7] (Падкрэсьленьне маё.- А. Д-ка).

Варта тут таксама ўспомніць асаблівую пашану Віцьбіча да апошняга вуніяцкага Мітрапаліта Ёзафата Булгака (†1838), якому прысьвяціў адзін з найлепшых сваіх эсэяў [8], а ягоную пячатку зьбярог i перадаў у Беларускі Музэй імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

У тым самым часе напружанай літаратурнай дзейнасьці, калі ён рэдагаваў літаратурны i рэлігійны часапісы, упрогся (ці можа яго ўпраглі) i ў рэдактарства «Беларускага Слова», палітычнай газэты, якой першы нумар выйшаў 17.12.1948 г. У наступным годзе пад рэдакцыяй Віцьбіча выйшлі яшчэ тры нумары, а ўжо ад нумару пятага (1950) заступае яго Аляксандра Русак.

Быў гэта, магчыма, найбольш цёмны i сумны час у жыцьці беларускай эміграцыі. Сваркі ўсялякага роду - палітычныя, рэлігійныя, ненавісьць i даносы множыліся як тыя бацылы заразнай хваробы. Вынік, пэўна ж, перамучаньня людзей цярненьнямі вайны i жыцьцём у лягерах. Нажаль, тыя бацылы хутка перанесьліся за моры-акіяны, куды паволі траплялі нашыя суродзічы.

Віцьбіч унікаў палітыкі, хаця, можа, меў i рацыю Алесь Салавей, калі быццам мімаходам заўважыў: «...хоць Віцьбіч, думаецца мне, ня горшы палітык за тых, хто прэтэндуе на палітыка». Крыху пазьней, бо 31 траўня 1954 г. сам Віцьбіч аб гэтым пісаў да А. Змагара: «Вам пэўна ж вядома, што калісьці я належыў да Калегіі БЦР i дабраахвотна (без усялякага ціску з таго ці іншага боку) спакінуў яе. Проста я прыйшоў да высновы, што непараўнальна больш зраблю для нашага вызвольнага руху, як пісьменьнік, навуковец, журналісты. Няхай палітыкі займаюцца палітыкай». Віцьбіч быў пасьлядоўным: мы ня знаем ніякай партыі ці групоўкі, зь якой ён быў бы зьвязаны ці падпарадкаваны ейным лёзунгам. Наадварот - свае літаратурныя творы пасылаў ва ўсе паважнейшыя эміграцыйныя часапісы i газэты. Такім чынам ён споўніў ролю лучніка між беларусамі як чалавек, як хрысьціянін, як беларускі патрыёт.

* * *

Пасьля ўсяго таго, што мы тут сказалі аб жыцьці, пяройдзем цяпер да ня менш важнага - да спадчыны пісьменьніка. Ніхто яе i нідзе яшчэ ня пробаваў падсумоўваць. Можна было б, аднак, зарызыкаваць сьцьверджаньне, што ўсе творы Віцьбіча, дагэтуль апублікаваныя, каб сабраць ix у аднатомікі падобнай вялічыні, якімі цяпер у БССР выдаюцца Купала i Колас, склалі б добрыя 8-9 тамоў, пакідаючы пры тым навонкі вельмі ж багатую i цікавую карэспандэнцыю, радыёперадачы.

Першае апавяданьне Віцьбіча «Як загінуў Ясь» было надрукавана ў часапісе «Узвышша» (№ 9-10, 1929). Гісторыя яго вельмі характэрная для тагачасных умоваў. Перш паслаў яго аўтар у літаратурны дадатак «Савецкай Беларусі», у якім у рубрыцы «Паштовая скрынка» з'явіўся наступны адказ М. Чарота: «Вашае апавяданьне «Як загінуў Ясь», дарэчы, напісанае вельмі добра, друкавацца ня будзе, бо ў ім слаба адбіліся клясавыя супярэчнасьці на вёсцы». Тады Віцьбіч паслаў манускрыпт у часапіс «Узвышша». Белліта зьмяняе назоў на «Млынарова рука», але апавяданьне надрукавана. Пасьля аўтар яго атрымаў прачулы ліст ад Кузьмы Чорнага, i гэты, «па сутнасьці, зьяўляўся дыплёмам на годнасьць пісьменніка». Здольнасьці Віцьбіча надобна адзначылі Дубоўка i Язэп Пушча.

У далейшым творы нашага аўтара паяўляюцца ў розных часапісах у БССР, як «Узвышша», «Полымя Рэвалюцыі», «Маладняк». Аповесьць «Ціхая Руба» пачала друкавацца ў «Полымі Рзвалюцыі» ў 1932 г. Асобнымі кніжкамі выйшлі: «Сьмерць Ірмы Лаймінг» (1932), «Формула супраціўленьня касьцей» (1937) i на эміграцыі: «Плыве з-пад Сьвятой гары Нёман», ч. 1, 1956 г. «Як езьдзіў у Конга пан Прун'е» забраў сам аўтар зь Белдзяржвыдавецтва, бо не пагадзіўся з рэцэнзіяй ейнага рэдактара. Повесьць «Лшона габоа Бійрушалайм» (у наступным годзе ў Ярузаліме) друкавалася ў «Полымі Рэвалюцыі» (1932), а яе ўрывак «Як сацьмела золата найлепшае» - у «Бацькаўшчыне» (№ 196-197, 1954). Аўтар працаваў над такімі кніжкамі, зь якіх толькі невялікія часткі друкаваліся ў розных эміграцыйных часапісах або газэтах: «Антыбальшавіцкія паўстаньні й партызанскае змаганьне на Беларусі»; «Не чарнілам, а крывёю»; хрэстаматыя «Рэлігія ў творчасьці беларускіх пісьменьнікаў». Якая шкода, што гэтая хрэстаматыя ня ўбачыла Божага сьвету ў друку! Бо хто ж мог быць больш кампэтэнтным ад Юркі Віцьбіча, каб апрацаваць такую хрэстаматыю.

Спадчына Віцьбіча знаходзіцца сяньня расьсеяная ў розных эміграцыйных часапісах i газэтах, i важным было б для нашай ня толькі літаратуры, але культуры вогуле сабраць яе i выдаць асобнымі кніжкамі. Бяз сумневу, яна на гэта заслугоўвае.

Юрка Віцьбіч быў узвышанец i аб «Узвышшы», паўсталым 26 траўня 1926 г., а зьліквідаваным у 1931, ён ніколі не забываўся [9]. У 20-я ўгодкі ўтварэньня «Узвышша» ён пісаў у «Шыпшыне»: «Вакол літаратурнага згуртаваньня «Узвышша» ядналася усё самае патрыятычнае i таленавітае, што мела тады беларуская літаратура. Пад уплыў «Узвышша» адразу трапіў шэраг пісьменьнікаў зь іншых тагачасных літаратурных згуртаваньняў. «Узвышша» пераступіла ўсходнія i заходнія межы краіны... узвышэнцы закладалі падмурак тэй вялікай нацыянальнай літаратуры, якую, паводле іхніх «тэзісаў», павінны пабачыць вякі i народы».

Варта i нам прыпомніць тыя «тэзісы». «Магчымасьць утварэньня ўзвышша беларускай мастацкай літаратуры мысьліцца цераз:

а) культуру беларускае мовы,

б) жыцьцёвую сымболіку мастацкага твору,

в) яго канцэнтрацыйную вобразнасьць,

г) дынамічнасьць кампазыцыі.

д) беларускую жанравасьць,

е) адзінства творча-мастацкай ідэі,

ж) разнастайнасьць фармальных рэальнасьцяў i

з) аквітызм, як тую імклівасьць, якою прасякаецца мастацкі твор у сваім ідэале...» [10].

Юрка Віцьбіч - узвышанец, пасьля шыпшынавец (ідэёвай розьніцы ў гэтых сымбалічных назовах мы ня бачым) увайшоў у беларускую агульнанацыянальную літаратуру сваей уласнай тэматыкай, са сваім арыгінальным стылям. Крыніцамі яго творчасьці была тысячагадовая гісторыя Беларусі, яе легенды, фальклёр i звычаі. Ен знаў Беларусь у часе (гісторыя) i ў прасторы (археалёгія, этнаграфія, геаграфія). Ён быў глыбока рэлігійным, i таму цікавілі яго сьвятыні, жыцьці сьвятых, іконы, царкоўная архітэктура.

З-пад яго пяра выйшлі аповесьці, мастацкія нарысы, эсэі, фэльетоны, палемічныя артыкулы. Кожны яго нарыс апіраўся як на цьвёрдую базу на факт, гісторыяй устаноўлены або ім самым сьцьверджаны. Характэрнымі для яго кароткія творы з доўгім назовам. Нярэдка яны ёсьць сатырай, прыкладам, «Трубадур віцебскіх падпольных пацукоў», «Пра шылы тамтэйшае нэндзы», «Ці толькі абаранкі патрэбныя беларусам?». Часам называў аўтар свае творы пранікліва-сэнтымэнтальным сказам: «Ня змоўклі Віцебскія арганы», «Яны прасілі лусту хлеба» i інш. Але ёсьць i вельмі падбадзёрваючыя: «Урачыста панясём цымбалы мнагазвонныя», «Вышэй галаву, Дубавец», «Усіх не расстраляеце». Дзеля сваей моцы гэтыя тытулы твораў запамятваюцца лёгка i надоўга. У беларускай літаратуры Віцьбіч займае першае i выдатнае месца, калі йдзе гутарка пра мастацкі нарыс. Зусім слушна Багровіч назваў яго майстрам мастацкага нарысу.

Іншым жанрам у творах Віцьбіча зьяўляюцца эсэі. Усе, хто дагэтуль пісалі аб ягонай творчасьці, прайшлі паўзь ix i не заўважылі. Эсэям звыкла называюць кароткі літаратурны твор у прозе, у якім выяўляюцца глыбейшыя веды i пагляды аўтара на нейкі прадмет ці асобу. У эсэі неканечна мае быць апісаная поўнасьцю выбраная тэма, але аўтар у штосьці павінен углыбіцца i дайсьці да самай суці. Такі жанр літаратурнай творчасьці запачаткаваў француз Мішэль дэ Мантэнь у XVI ст, Ягоныя эсэі былі ў канцы таго самага стагодзьдзя перакладзеныя на ангельскую мову. У XIX ст. пісалі эсэі Чарль Лямб, Вашынгтон Ірвінг i іншыя. У наша стагодзьдзе былі ведамымі са сваіх эсэяў Чэстэртон, Бэльлёк, Мігель дэ Унамуна.

Што Віцьбіч сьведама працаваў у жанры эсэяў, сьведчыць той пратэст, які ён зрабіў, калі «Конадні» адзін зь яго абразкоў назвалі нарысам. Пры той жа нагодзе ён сам назваў некалькі сваіх эсэяў: «Завулка Янкі Купалы», «Каб я каршуном радзіўся», «I гарыць вачыма карымі горкі прыпамін», «Ходзіць на нашай краіне Рагнеда».

Апрача эсэяў, знаходзім у творах Віцьбіча абразкі, прыкладам «Мы дaйдзeм» [11], якія культываваў Бядуля; а таксама лірычную імпрэсію, якую ён сам называе «Так станецца» [12], а да якой таксама трэба ўлічыць цудоўна прыгожы твор «У той самы час».

Віцьбіч дасканала валодаў расейскай мовай i ў гэтай мове пакінуў больш за 200 твораў на розныя тэмы i розных жанраў. Яны друкаваліся ў «Новом Русском Слове». Там ён інтэлігентна, мужна i па-мастацку абараняў усё наша, беларускае, - вялікае i нам дарагое.


Калі мы ужо ўспаміналі аб шматлікіх дадатніх якасьцях i аб розных жанрах пісьменьніка Віцьбіча, дык варта было б сказаць хоць пару словаў аб некаторых ад'емных рысах. На нашу думку, стыль яго занадта грузны, сказы выпрацаваныя аж да штучнасьці. Віцьбіч - гэта слонь у цырку або молат у кузьні; першы цікавы, але трэба ўважаць, каб не наступіў на нагу, - а другі моцны; але абодвы цяжкія. Таксама ня ўсе ягоныя нарысы бяззакідна абгрунтаваныя з гледзішча гістарычнай навукі. Часам цяжка разабрацца, дзе у яго легенда, а дзе запраўдны факт. Мова яго багатая, сакавітая, але адчуваецца, што яна не зь беларускай гушчы, а зь нейкай акадэмічнай працоўні. Некаторыя словы ён вельмі ж часта паўтарае, прыкладам, «прачулы», «прыгадаць», «дарэчы».

Цяпер астаецца нам глянуць на Віцьбіча як на чалавека, якога мы пазнаём праз прызму яго літаратурнай спадчыны. Каб тут дайсьці да праўды, трэба было б узяць над увагу усю ягоную творчасьць улучна з той, што яшчэ знаходзіцца ў сховішчах. Гэта тымчасам немагчыма, таму карыстайма з таго, што ужо ім самым за жыцьця было апублікавана, дый тут мы мусім абмежыцца адно да некалькі пытаньняў.

У 1953 г. у мюнхэнскай «Бацькаўшчыне» № 28 (159) быў надрукаваны артыкул «Што нам патрэбна», у якім Віцьбіч парушыў шмат розных вельмі важных для беларускай эміграцыі праблемаў. Быў гэта адказ Вярбе на яго артыкул у той самай газэце: «Ці можам быць незадаволеныя?», але той адказ ня страціў вартасьці для ўсіх нас да сяньня.

У галіне палітычнай здарыўся нязвычайны выпадак у гісторыі Беларусі: прызнаньне Беларусі ў форме БССР як роўнага сябра Задзіночаных Нацыяў. Віцьбіч прызнае часткова рацыю М. Вярбе, што Беларусь «набрала міжнароднай вагі», аднак сьцьвярджае, што гэта сталася 35 год таму назад (ён пісаў у 1953 г.), калі яе рэпрэзэнтавалі нашыя дзяржаўныя мужы, упаўнаважаныя на гэта Першым Усебеларускім Кангрэсам, а не расейскі бальшавік разанскага паходжаньня Кузьма Кісялёў, які рэпрэзэнтуе цяпер БССР i прызначаны заняць месца ў палацы Аб'еднаных Нацыяў Масквой.

У галіне навукі было пастаўленае пытаньне: паколькі нам трэба лічыцца з вучонымі Захаду? Віцьбіч адказвае: ці мы падабаемся замежным вучоным, ці не - гэта усё другараднае. «Галоўнае, істотнае - спалучыўшы ўсе свае высілкі разам, стацца годнымі ў галіне навукі й мастацтва найлепшых традыцыяў свайго народу i Бацькаўшчыны, а значыцца i належным чынам рэпрэзэнтаваць ix на чужыне ў вачох усяго культурнага чалавецтва».

Аб падручніку д-ра Янкі Станкевіча ён выказаўся гэтымі словамі: «...не зьяўляючыся асаблівым сымпатыкам гэтага падручніка, я ўсё ж мушу сьцьвердзіць, што дагэтуляшняя крытыка яго выходзіла пераважна зь не навуковых крыніцаў, а з палітыканска-дылетанскіх».

З мэтадамі д-ра Я. Станкевіча Віцьбіч не згаджаецца. Ен кажа: «Нашая літаратурная мова ні ў якім разе ня спыніла свой пераможны рух наперад, але ейнае ўзбагачэньне зусім не павінна ісьці па лініі фабрыкацыі ва ўласнай мовазнаўчай лябараторыі наватвораў або па лініі засьмечваньня яе слоўнікам пэўнага самотнага засьценку, што знаходзіцца на нашых этнаграфічных паўзьмежжах...»

Хаця Віцьбіч сам стварыў арганізацыю пісьменьнікаў, аднак ён ня лічыць патрэбным мець толькі адну-адзіную арганізацыю, як гэта сталася ў Савецкім Саюзе, а што ён называе літаратурным калгасам. Многасьць розных арганізацыяў спрыяе розным кірункам, i пісьменьнік можа выбраць для сябе такую, якую сам сабе спадабае.

Віцьбіч не чураўся назову «Крывіч» i ўжываў яго ў аднясеньні да старадаўняй беларускай гісторыі, але ён быў наважаным праціўнікам уводзіць сёньня назоў «Крывіч», «Крывія». Аб гэтым ён выказаўся: «Сёньня прапаганда тэрміну «Крывіч» носіць ужо не акадэмічны характар, як у часы аднаго ca славутых беларускіх дзеячоў Вацлава Ластоўскага, а выключна палітычны». Між іншым, Віцьбіч вельмі цаніў Власта (Ластоўскага) i называў яго адным з найцікавейшых нашых пісьменьнікаў.

Віцьбіч быў рашучым ворагам камунізму, знаў усе яго нялюдзкія злочыны i біў па ix сплеча. За гэта ён атрымоўваў найбольш з усіх беларускіх пісьменьнікаў i журналістаў нападак i мянюшак з савецкага боку. Значьщь, пападаў метка.

Быў бы наш гэты нарыс незакончаным i крыўдным для сьв. п. Юркі Стукаліча-Віцьбіча, каб мы ня ўспомнілі аб яго асаблівай рэлігійнасьці. Годзе перагарнуць бачынкі часапісаў з артыкуламі Віцьбіча, асабліва рэлігійных часапісаў, каб пераканацца, што наш пісьменьнік ня толькі верыў у Бога, але ён быў у рэлігійных справах адукаваны на роўні сьвятара. Ен бараніў рэлігіі, сьвятыняў. Ен зьяўляецца найлепшым сьветкам паганьбаваных збураных на Беларусі цэркваў, касьцёлаў i сынагогаў. Віцьбіч - гэта вялікі паклоньнік Найсьвятой Божай Маці, ён ня толькі моліцца да яе ў традыцыйнай стараславянскай мове, але ён сам творыць новыя беларускія малітвы. Ен моцна праваслаўны і выкідвае Кавалю, што ў сваім даведніку ня ўспомніў аб сьв. Апанасу Берасьцейскім, але ён таксама піша прыгожы нарыс аб вуніяцкім Мітрапаліце Булгаку i аб каталіцкім сьвятым Антонім Падуанскім i то так, як гэта мог бы напісаць толькі добры каталік i добры пісьменнік.

Юрка Віцьбіч быў хрысьціянін. Ен знайшоў у сваёй душы даволі адвагі i сілы, каб абараніць чорных, якія куды раней, чым ён сам i чымся ўсе беларусы-эмігранты, былі ганебна перавезеныя ў Амэрыку i праз доўгі час не маглі дабіцца людзкіх правоў i тут,

«Незалежна ад колеру скуры - ці белыя, ці чорныя, ці жоўтыя, ці чырвоныя - мы ўсе адзінага Бога дзеці. Адзін за адным народы Афрыкі скідаюць зь сябе каляніяльныя ланцугі, становячыся дзяржаўнымі. Лепш пашукаем паміж імі сваіх сяброў, чым варожа да ix паставімся»,- пісаў Віцьбіч у адказ на закіды супроць чорных [13].

Віцьбіч - гэта наш выдатны пісьменьнік, не абцяжаны ніякімі ўпярэджаньнямі да ўсяго таго, што Беларусь мела i мае добрага i вялікага, непрымірымы вораг камунізму i расейскага насільля. Гэта слаўны сын Вяліжа, Віцебска... i ўсей Беларусі. Яшчэ няраз мы на чужыне будзем навяртаць да яго.

(А. ДЗЕ-КА)


Юрка ВІЦЬБІЧ: «УСІХ НЕ РАССТРАЛЯЕЦЕ» 1918-1968

(да 50-ых угодкаў Вяліскага паўстаньня)

«у Вяліжы дождж ідзе,
А ў Віцебску сьлізка -
Хавайцеся, бальшавікі,
Бо Нілёнак блізка»,-
З народнае песьні.

Каб прыгадаць суродзічам пра славутае Вяліскае паўстаньне, мне не патрэбная адпаведная літаратура - я-ж сам хлапчуком меў гонар удзельнічаць у ім i зьяўляюся ягоным жывым сьветкам. Таму з асаблівай пагардай стаўлюся да жалюгодных спробаў бэсэсэраўскіх калябарантаў выкрэсьліць яго зь гісторыі Беларусі. Між іншым, паказальны ў гэтай галіне нейкі Алесь Сіпка, які, спрачаючыся зы мной у № 332 газэціны «За вяртавьне на радзіму», даў свайму артыкулу загаловак «Міт аб Вяліскім паўстаньні». Аднак самыя-ж ягоныя гаспадары, хоць празь сьцятыя ад нянавісьці зубы, згадваюць пра вяліскіх антыбальшавіцкіх змагароў. I ці ня лепш цяпер абваліць іхнія вымушаныя жыцьцём сьветчаньні на галовы іхніхжа хлусьлівых наймітаў.

Дзеля гэтага бяру з паліцы свае кніжніцы савецкую кніжку на расейскай мове:

«Камітэт беднаты Беларусі. Зборнік дакумэнтаў i матар'ялаў. Архіўнае кір-ва Мін. Унутр. Справаў БССР. Выдавецтва Акадэміі Навукаў БССР. Менск. 1958 г.»,

- а ў ёй на бачынцы 146-ай чытаю:

«З 11 па 17 лістапада 1918 году амаль уся Віцебская губэрня была ахоплена контррэвалюцыйным паўстаньнем, што выбухла ў Вяліскім павеце i перакінулася ў іншыя месцы».

А можа гэтага яшчэ тым завяртанскім сіпкам замала, дык дастаю другую кніжку, а менавіта:

«П. Г. Софінаў. Нарысы гісторыі Ўсерасейскае Надзвычайнае Камісіі. 1917-1922. Дзяржаўнае Выдавецтва Палітычнае Літаратуры. Масква. 1960 г.»,

- дзе на бачынцы 118-ай адзначана:

«...У верасьні - лістападзе 1918 г. Усерасейская Надзвычайная Камісія выявіла i ліквідавала контррэвалюцыйныя змовы ў Разані, Кастраме, Вышнім Валачку, Вяліжы, Барысаглебску i ў шэрагу іншых гарадоў».

У крыві й сьлязох затапталі бальшавікі Вяліскае паўстаньне, у якім удзельнічала бязмала 50 тысяч змагароў, узброеных пераважна не карабінамі й маўзэрамі, а сякерамі й шворнамі. На ўскраіне Вяліжу - Пакроўскім полі, паводля прысудаў Выязных Тройкаў Віцебскае Губчэка й Рэўтрыбуналу 15-ае арміі, былi расстраляныя i ў вагульных магілах закапаныя амаль тысяча паўстанцаў i партызанаў. Першымі, яшчэ ў чэрвені таго нязабытнага 1918 году, палеглі тут аграном Шаганаў, гарбар Крупскі, гандляр Турык, натарус Норман i каморнік Брандт. На другі дзень паўстаньня, у будынку Чэка, быў у часе допыту застрэлены гімназісты, сын абшарніка з маёнтку Вярхоўе, дваранін Зьмітро Лаймінг. Тут ляжыць малады сьвятар зь сяла Глазамічаў айцец Васіль Лузгін, які ў прыгарадным Сямічоўскім бары прычашчаў Сьвятымі Дарамі сьмяротна параненых паўстанцаў. Вечная ім памяць!

Калі чакістыя вялі з турмы да Пакроўскага поля на расстрэл дыякана Вялікае Ільлінскае царквы Ціхана Абрадзіна, ён сам сябе сваім магутным басам адпяваў. Тутака-ж палёг высачэзнага росту 82-гадовы дзед, колішя грэнадзёр лейб-гвардыі Літоўскага палка Якуш Талан, што зь кійком у рукох ішоў разам з мужыцкай грамадой із свае далёкае Ўсмынскае воласьці ў Вяліж, каб навесьці ў ім парадак. Паміж тутэйшымі ахвярамі захаваліся ў маёй памяці - каваль Міхась Кавенскі, аснач Іван Галабурда, настаўнік Сымон Панцырны, каменячос Пятро Калінкевіч, ахвіцэр Аляксей Пятрушчанка, ганчар Стэська Шманцар, хлебароб Хведар Наўмёнак, выхаванцы старэйшых клясаў Вяліскае гімназіі Алег Хрулевіч, Сяргей Маханкевіч, Аркадзь Пупшарскі, Станіслаў Лясутыс... I сотні, сотні іншых. Іхныя імёны Ты адзіны, Госпаду, ведаеш, i просім Цябе супакой ix у Валадарстве Тваім.

У часе вайны, у жнівені 1941 г., на тым крывавым Пакроўскім полі, на старым крывіцкім кургане, што знаходзіцца паміж брацкімі магіламі паўстанцаў i партызанаў, якія саветчыкі спрабавалі засыпаць габлюшкай зь недалёкае суднаверфі, мне пашанцавала паставіць трохмэтровы мэталёвы крыж. Мы знайшлі яго ў сховішчы райкому камуністычнае партыі, i належаў ён паруганаму ёй Вяліскаму касьцёлу ў імя апосталаў Петры й Паўла. Да гэтага крыжу, аздобленага лілеямі й дзідамі, мы прымацавалі дошчачку з надпісам:

«Тут ляжаць бальшавікамі па зьвярынаму забітыя i бяз трунаў закапаныя блізу тысяча сыноў беларускага народу. Яны загінулі ў змаганьні за нашае шчасьце й волю. Вечная ім слава», - а ўнізе на ёй было эвангелыскае выслоўе:

«Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу за сяброў сваіх». Іоан, 15:13.»

I хай сабе навет i году не прастаяў той крыж-помнік. У лютым 1942 году, у часе свае Таропецкае наступальнае апэрацыі на Віцебск, яго зьнішчыла маскоўская арда. Не падлягае сумлеву, што новыя шматлікія ахвяры паклаліся тут да ранейшых. Але-ж затое ніхто ня ў стане зьнішчыць наш несьмяротны беларускі народ, аб чым сьветчыць уся ягоная гісторыя. I згадваеш, што яшчэ напярэдадні вайны звайшлі тут пагарджаныя каты сьціплы вянок, на якім быў гнеўны, да гасла падобны напіс: «Усіх нас не расстраляеце!».



[1] Юрий Стукалич. О белоруссах в кавычках и без кавычек. Новое Русское Слово, 25 января 1955, № 15613, с. 2-3.

[2] П. Красавицкий. Памятники церковной старины Полоцко-Витебского края и их охранение. Полоцко-Витебская старина, Витебск, 1911, кн. 1, с. 1-64.- Гэты самы артыкул у скароце у беларускім перакладзе быў надрукаваны у «Божым Шляхам», 1956, № 70-75, с. 7 - 28. Там жа i крыху вестак аб а. Красавіцкім.- Ліст Ю. Віцьбіча да а. Арх. Л. Гарошкі з дня 5 студзеня 1958 г. Архіў Беларускае Бібліятэкі ІМЯ Ф. Скарыны у Лёндане.

[3] № 1 (20). 1971, с. 28-30.

[4] Ліст з дня 5 студзеня 1958 г. Архіў ББ імя Ф. Скарыны ў Лёндане.

[5] Цяжкую працу сваю i сваіх сяброў апісаў Віцьбіч у мастацкім нарысе «Над возерам Шпірдынг», надрукаваным у: Ля чужых берагоў. Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў i пісьменьнікаў. Мюнхэн, 1955, с. 189-192.

[6] З эміграцыйных паэтаў i пісьменьнікаў: Арсеньнева, Віцьбіч, Сяднёў, Алесь Салавей, Клішэвіч, Юстапчык, Лявон Случчанін (Шпакоўскі), Золак (Даніловіч А.), Р. Крушына, Кавыль (Лешчэнка), Брага, Дудзіцкі, Залужны i інш.

[7] Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі, 1946, № 3, с. 14. Тут варта заўважыць, што ў кніжцы Ю. Віцьбіча «Нацыянальныя сьвятыні. Мастацкія нарысы», Бэрлін, 1944, с. 10-11, у нарысе «Можна зьнішчыць звон, але нельга зьнішчыць народ» зусім няма падкрэсьленага намі сказу. Таму дарэчы зацемка ва ўступе да зборніка, што ён «складзены бяз аўтаравага ўдзелу». Падобны сказ, аднак, знаходзім у нарысе «Узарванае барока», там с. 25.

[8] Паданьне аб таямнічым сьвятле. Бацькаўшчына, З ліст., 1951, № 15 -16 (94-95), с. 2. У лісьце да а. Архімандрыта Л. Гарошкі з дня 23.XI.1951 г. Віцьбіч пісаў: «Адначасна дасылаю Вам маленькую імпрэсію ці абразок «Паданьне аб таямнічым сьвятле», якое разам зь іншымі маімі творамі ідзе ў чарговы № 10 час. «Шыпшыны». Мяне вельмі цікавіць Ваш погляд на гэты мой твор. Хаця я вельмі старанна апрацоўваў яго, але ўсё-ж, магчымы памылкі як з гістарычнага, гэтак i з рэлігійнага пункту гледжаньня. Калісьці я пісаў пра аднаго Езафата, а цяпер пра другога. Між іншым, у маім асабістым архіве ёсьць сургучовы адбітак зь пячаткі Архіяпіскапа Ёзафата Булгака, ёсьць таксама малюнкі віцебскае катэдры да Савы Ціхамірава i пасьля яго. Калісьці ў маёй бібліятэцы былі 9-ці тамовыя «Запіскі Архіяпіскапа Харкаўскага Савы». 4 том прысьвечаны ягонаму архіпастырству на Віцебшчыне, i варта пазнаёміцца з ім, каб пераканацца што ён зьяўляецца зацятым расейскім цемрашалам. Нібы змагаючыся за чысьціню праваслаўя ўвогуле, ён змагаўся з сваеасаблівымі адзнакамі беларускага праваслаўя, падмяняючы яго расейскімі адзнакамі... У маёй сям'і захаваўся ўспамін, як мой прадзед сьвятар хаваў ад Савы, у часе ягонае паездкі па эпархіі, статую Збавіцеля, перад якой са сьлязьмі на вачох маліліся беларусы ўсіх веравызнаньняў i якую Савва разам з усімі статуямі хацеў зьнішчыць». - Дадаём заўвагу, што 10-ты нумар «Шыпшыны» ня выйшаў, i таму аўтар надрукаваў свой абразок у «Бацькаўшчыне».

[9] Аб «самаліквідацыі» літаратурна-мастацкага згуртаваньня была вынесена пастанова яго сяброў: «Узвышша», 1931, № 11 - 12, с. 178 - 180.

[10] Узвышша, Менск, 1927, № 1, с. 169-170.

[11] Беларус, 1969, № 151, с. 3.

[12] Конадні, 1954, № 1, с. 18. Гл.: Бацькаўшчына, 1954, № 32-33 (214-215).

[13] «У вабарону маіх суседзяў». Бацькаўшчына, 25 сакавіка 1959, № 11 -12 (447-448), с. 7.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX