Папярэдняя старонка: Ваенная гісторыя

Грыцкевіч А. Заканчэньне савецка-польскаи вайны ў другой палове 1920 г. 


Аўтар: Грыцкевіч Анатоль,
Дадана: 30-06-2014,
Крыніца: Грыцкевіч Анатоль. Заканчэньне савецка-польскаи вайны ў другой палове 1920 г. // Спадчына №5-1995. С. 90-115.



Гісторыя Беларусі багатая на падзеі, на бітвы, на гістарычныя фігуры. Людзі, што дзейнічалі на палітычнай сцэне ў розны час, мелі свае заслугі, станоўчыя i адмоўныя рысы характару, дзейнічалі ў абставінах, якія не заўсёды ім спрыялі, самі ўплывалі на гэтыя абставіны i пакінулі свой сьлед у гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Ацэнкі іхнае дзейнасьці, дадзеныя сучасьнікамі i ўдзельнікамі падзеяў адразу ж або неўзабаве, не заўсёды могуць быць аб'ектыўнымі. На ix уплывалі розныя фактары, у тым ліку барацьба паміж прыхільнікамі аднаго руху за права на ўладу, асабістыя дачыненьні, палітычныя варункі таго i больш позьняга часу, варожыя адносіны з супрацьлеглага боку, ацэнка тых, хто выйграў у барацьбе, падтрымка пераможцамі сваіх поглядаў на працягу дзесяцігодзьдзяў, канцэпцыя, накінутая ад галоўнага ідэалягічнага начальства беларускім савецкім гісторыкам, i г.д.

Да гэтага трэба дадаць абмежаваны доступ дасьледнікаў да крыніцаў, абмежаванасьць саміх крыніцаў, асабліва ў ваенныя гады i больш за ўсё ў гады грамадзянскай вайны, калі гісторыя стваралася не за сталамі бюракратаў, а на палёх баёў - штыхом i шабляю.

Гісторык, калі ён сапраўдны дасьледнік, павінен таксама аб'ектыўна ацэньваць разнастайныя дакуманты, правяраць, ці ўсё, што ў свой час было запісана, адпавядае рэчаіснасьці, зь якою мэтаю складаўся дакумант, што ў яго тэкст маглі б i не ўвайсьці i зь якой прычыны. Я ўжо не кажу пра абмежаваньне беларускага савецкага гісторыка, які займаўся гісторыяй камуністычнай партыі ці гісторыяй савецкага пэрыяду, зададзенай задачай. Такога гісторыка перш за ўсё вучылі ва ўнівэрсытэце, як падбіраць факты для сваёй канцэпцыі, як не заўважаць «няёмкія» факты як падмацоўваць загадзя складзеныя высновы, падганяючы падабраныя факты, каб паказаць пераможнасьць камуністычных ідэй, сацыялістычнага ладу жыцьця i г. д У вышэйшай школе студэнтаў-гісторыкаў вучылі фактычна адмоўна ставіцца да ранейшых дасьледнікаў, бо ўсе яны дапускалі цэлы набор ідэалягічных памылак; яшчэ ж ранейшыя нават не валодалі марксісцка-ленінскай мэтадалёгіяй, а значыць, ад пачатку пісалі памылкова. Такім чынам студэнту-гісторыку разам з дагодлівасьцю да савецкіх гісторыкаў, што былі ў той момант «на хвалі», прышчапляўся i нігілізм да ўсіх вучоных, якія не падабаліся партыйнаму кіраўніцтву. Пры гэтым выхоўваўся ўтылітарны падыход да Навукі, верхаглядзтва. Калі студэнты самі зь цягам часу cтaнaвiлicя кандыдатамі ці дактарамі навук, яны былі маральна падрыхтаваныя ваяваць супраць сваіх былых настаўнікаў, каб самім заняць «цёплыя месцы».

Пасьля сканчэньня вышэйшай навучальнай установы ўжо выкладчык ВНУ ці настаўнік у школе павінны былі падаваць набор фактаў паводле зацьверджанай у ЦК КПСС або, адпаведна, у міністэрстве асьветы праграмы. Гэта былі пасыўныя перадатчыкі фальсыфікаванай гісторыі камуністычнай партыі або гісторыі савецкага пэрыяду - як СССР, так i Беларусі, але яны перадавалi свой набор фактаў шырокім масам школьнікаў i студэнтаў.

Навуковыя работнікі, якія займаліся дасьледаваньнем гэтага парыяду ў розных установах, пачынаючы ад Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта (які правільней трэба было назваць з гэтай нагоды Университетом Северо-Западного края), ужо актыўна «стваралі» i «пераўтваралі» гісторыю Белорусі савецкага пэрыяду, мяняючы арыентыры i ацэнкі ў сувязі са зьменамі генэральных сакратароў ЦК ці паводле новых гістарычных пастановаў чарговых зьездаў i пленумаў, а то i простых указаньняў зьверху ад высокага ідэалягічнага начальства i ягоных памагатых з апарату. Апошнія, хоць у большасьці не былі нават гісторыкамі, але заўсёды добра ведалі, што трэба пісаць у гісторыі i як трэба пісаць яе. Прычым ідэалягічнае начальства ведала гісторыю лепш за ўсіх акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, прафэсараў, дактароў i кандыдатаў навук, разам узятых. То i давала загад: вучоным напісаць манаграфію на такую ці іншую тэму i раскрыць там тое, што сёньня патрэбна ў нашай ідэалягічнай барацьбе з клясавым ворагам.

Гістарычная навука савецкага (і ня толькі. савецкага) пэрыяду была падпарадкаваная прынцыпу сталінскіх часоў: «Гісторыя - гэта палітыка, абернутая ў мінулае».

I ўсім было добра. Начальству, паслухмянай адміністрацыі i структурам навуковых i навучальных установаў зь іхнымі штатамі i выканаўцамі, якія баранілі дысэртацыі, атрымоўвалі званьні, прэміі, а значыць, падвышалі свой матэрыяльны статус i прэстыж.

Нездарма ж, як падлічыў I. Шаўчук, каля 90 % доктарскіх i кандыдацкіх дысэртацыяў гісторыкаў у БCСP за 27 гадоў (1961 - 1987 гг.) былі прысьвечаныя савецкаму пэрыяду гісторыі Беларусі, прычым больш за 58 % былі абароненыя па гісторыка-партыйнай тэматыцы. Нездарма ж у 1990 г. першы сакратар ЦК КПБ Я. Сакалоў, называючы некаторыя тэмы з гісторыі Кампартыі Беларусі, сказаў, што «гэга наш сацыяльны заказ».

Я спэцыяльна зрабіў такі доўгі ўступ, каб чытач лепей зразумеў, у якіх варунках рабілася гістарычная навука ў БССР i якім мэтам служыла гэтая навука. Ящчэ знаходзяцца гісторыкі з навуковымі дыплёмамі, якія зацята бароняць свае былыя пазыцыі, бо ім шкада прызнацца сабе, што яны займаліся фальсыфікацыяй гісторыі. Спадзяюцца таксама, што ўсё былое вернецца, i яны зноў будуць на кані, зноў на кіруючых пасадах, з тымі ж прывілеямі, зноў будуць «ствараць» гісторыю па-ранейшаму i ранейшымі мэтадамі.

У беларускай савецкай гістарычнай навуцы за некалькі дзесяцігодзьдзяў усталяваўся цэлы шэраг мітаў, пачынаючы ад старажытнай мінуўшчыны i да нашага часу. Адным з такіх мітаў, створаных афіцыйнай гісторыка-кампартыйнай навукай, зьяўляецца міт пра нібыта адмоўныя, рэакцыйныя, антынародныя дзеяньні беларускага нацыянальна-вызваленчага руху напачатку XX ст., у 1917 г. i падчас грамадзянскай вайны. А ў процілегласьць гэтаму руху Расейская камуністычная партыя бальшавікоў нібыта несла беларускаму народу свабоду.

Гэты міт яшчэ моцна трымаецца ў навуковых колах, а тым самым i ў школьных падручніках. Абвяргаць гэты, як i іншыя міты, гісторыкі, якія раней належалі да афіцыйных структураў гістарычнай i гісторыка-партыйнай навуковай намэнклятуры, пакуль што не сьпяшаюцца. Але гістарычная навука Беларусі патрабуе ўсебаковага аб'ектыў нага дасьледаваньня розных пэрыядаў, у тым i падзеяў гра мадзянскай вайны.

Частка I
БЕЛАРУСЬ У САВЕЦКА-ПОЛЬСКАЙ ВАЙНЕ

Адной зь цікавых гістарычных фігураў часоў грамадзянскай вайны ў Расеі i ў Беларусі зьяўляецца генэрал Станіслаў Булак-Булаховіч. Гэта быў чалавек свайго часу, якога ўзгадавала першая сусьветная вайна і якому абставіны грамадзянскай вайны далі магчымасьць праявіць здольнасьці партызана, вайскоўца й палітыка.

У савецкай гістарычнай літаратуры пра яго напісана мала i ў рэзка адмоўным стылі. Пра дзеяньні Булак-Балаховіча супраць савецкіх войскаў на паўноічна-заходнім кірунку ў 1918 - 1919 гг. напісана няшмат. Больш падрабязна пра гэта напісаў М. Карнатоўскі. Пра барацьбу войскаў Заходняга фронту супраць дывізіяў Булак-Валаховіча ў 1920 г. гаворыцца ў кнізе вайсковых гісторыкаў М. Какурына i У. Мелікава пра вайну Савецкай Расеі з Польшчай. Невялічкія энцыкляпэдычныя артыкулы палітычнага характару з паўтарэньнем фактычных памылак пра Булак-Балаховіча зьмяшчаліся пачынаючы з 20-х гг.

Першым сярод беларускіх савецкіх гісторыкаў пра Булак-Балаховіча напісаў у 1931 г. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ А. Зюзькоў у кнізе з характэрнай назвай «Крывавы шлях беларускай нацдэмократыі», калі кіраўніцтва КПБ i чэкісты на загад Сталіна й ягонага апарату распрацавалі й выконвалі плян зьнішчэньня беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, абвінавачваючы яе ва ўяўнай змове (якую самі ж i прыдумалі) «нацдэмаў». Для падмацаваньня сваёй рэпрэсіўнай палітыкі яны зрабілі сацыяльны заказ Гістпарту - напісаць гісторыю «крывавага руху нацдэмаў», каб «тэарэтычна» падмацаваць законнасьць сваіх рэпрэсіяў (на справе - свой уласны «крывавы шлях»). Вось А. Зюзькоў, выконваючы заданьне, i напісаў сваю кнігу. Гэтая кніга фактычна была публікацыяй дакумантаў зь пераказам некаторых i камэнтарамі. Булак-Балаховічу адведзена некалькі старонfк камэнnараў i дакумантаў. Пры гэтым гаворыцца пра «банды» Булак-Балаховіча, а не дывізіі ягонай арміі, фактаў прыводзіцца вельмі мала. Мова кнігі - прымітыўны набор клішэ палітпрапаганды для малаадукаваных байцоў чырвонай арміі часоў грамадзянскай вайны. Гісторыі паходу Булак-Балаховіча ў кнізе няма.

Потым пра Булак-Балаховіча гісторыкі доўгі час маўчалі i нават ня згадвалі яго ў навуковых працах. Быццам бы яго i не было.

Урэшце Ў 1963 г. у сваей манаграфіі пару абзацаў пра яго (амаль бяз фактаў) зьмясьціла Н. Каменская. I мова палітпрапаганды 20-х гг., i эпітэты шаблённа паўтараліся. Н. Каменская назвала гэты паход «мяцяжом», хаця Булак-Балаховіч не ўздымаў паўстаньня на тэрыторыі, кантраляванай чырвонай арміяй i рэўкамамі, а ішоў звонку вызваляць гэтую тэрыторыю ад улады бальшавікоў. Яна ж у некалькіх радкох згадала ў акадэмічным выданьні «банды Булак-Балаховіча», якія за некалькі дзён былі разгромленыя чырвонай арміяй.

У нашым кароткім артыкуле ўпершыню ў савецкай гістарычнай літаратуры было ўрэшце расказана пра біяграфію С. Булак-Балаховіча i паход ягонай арміі ў лістападзе 1920 г. на Беларусь, прыведзены склад арміі, ход ваенных дзеяньняў. Аўтар таксама ўпершыню прывёў знойдзены ім каштоўны дакумантальны матэрыял - у першую чаргу «Гісторыка-стратэгічны нарыс XVI арміі». Але аб'ём артыкула невялікі, некаторыя пытаньні дадзеныя канспэктыўна. Аўтар у рэчышчы тагачаснай беларускай гістарычнай навукі даў падзеям ацэнку аднабаковую а постаць генэрала пададзена ў чорнай афарбоўцы, з гледзішча савецкіх гісторыкаў, хаця аўтар i тады распавёў пра ўдачу, якая суправаджала Булак-Балаховіча ў ягоных вайсковых справах. Гэты ж аўтар апублікаваў невялікі біяграфічны артыкул i артыкул пра паход Булак-Балаховіча на Палесьсе ў Беларускай энцыкляпэдыі.

Больш шырока аўтар гэтых радкоў расказаў пра генэрала С. Булак-Балаховіча ў сваёй кнізе «Вакол слуцкага паўстання». Тут прыведзеныя былі больш поўныя зьвесткі, чым раней, выкарыстаныя крыніцы ня толькі савецкага боку, падрабязна разгледжаныя баявыя дзеяньні войскаў пад камандаю генэрала. Але i ў гэтай кнізе аўтар, хоць i аб'ектыўна прыводзіць усе факты перамогаў дывізіяў арміі Булак-Балаховіча над чырвонымі войскамі, не адышоў ад традыцыйных адмоўных ацэнак генэрала ў беларускай caвецкай гістарыяграфіі. Менавіта аўтару ўдалося прарваць маўклівую блякаду савецкіх беларускіх гісторыкаў, якія замоўчвалі i вайсковыя дзеяньні Булак-Балаховіча, i ягоную палітычную дзейнасьць. Упершыню былі дастаткова поўна выкарыстаныя «Гісторыка-стратэгічны нарыс XVI арміі» i вялікі вайсковы нарыс П. Сіманскага пра паход арміі С. Булак-Балаховіча ў Палесьсе ў лістападзе 1920 г. у польскім вайсковым часопісе «Bellona» ў 1931 г. (не заўважаным амаль усімі беларускімі гісторыкамі), а таксама зьвесткі ў Польскай вайсковай энцыкляпэдыі. Аднак аўтар кнігі знаходзіўся пад уплывам агульнага кірунку савецкіх гісторыкаў у адмоўных ацэнках як дзейнасьці генэрала, так i тагачасных нацыянальных дзеячоў.

Зь іншых аўтараў яшча ў 1968 г. В. Круталевіч у сваім нарысе у часопісе «Неман» таксама паказаў ход ваенных дзеяньняў на Палесьсі ў лістападзе 1920 г., даючы Булак-Балаховічу рэзка адмоўную характарыстыку як авантурысту, здрадніку i антыбальшавіцкаму элемэнту.

Апошнім часам зьявіліся яшчэ публікацыі пра С. Булак-Балаховіча. Гэта невялікі артыкул А. Бяляцкага ў газэце беларусаў у Эстоніі «Грунвальд» У 1990 г. Публіцыстычны артыкул грунтуецца на матэрыялах вышэйзгаданай кнігі А. Грыцкевіча i некалькіх дакумантаў у часопісе «На чужыне», што выдаваўся ў Рызе ў пачатку 20-х гг. Аўтар паставіў пытаньне аб пераглядзе ацэначных пазыцыяў гісторыкаў у дачыненьні да Булак-Балаховіча з улікам усіх бакоў ягонай дзейнасьці. I з гэтым трэба згадзіцца.

Пра паход С. Булак-Балаховіча ў Палесьсе i зьвесткі зь ягонай біяграфіі апублікаваў свой невялікі артыкул у аб'ектыўным стылі гісторык А. Латышонак.

У 1991 г. з дакладам пра Булак-Балаховіча на кампілятыўнай аснове выступіў на Браслаўскіх чытаньнях В. Ермалёнак.

Зьявіліся навукова-публіцыстычныя газэтныя артыкулы, часам зь пераказам працаў папярэдніх дасьледнікаў, напісаныя А. Хацкевічам i А. Літвіном.

Урэшце ў 1994 г. у Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (Т. 2) былі зьмешчаныя два вялікія артыкулы з указаньнем твораў С. Булак-Балаховіча i гістарычнай літаратуры пра яго аўтарства А. Грыцкевіча. Гэтыя артыкулы ўжо былі напісаныя аб'ектыўна, зыходзячы з больш аб'емнай дакумантальнай базы, у тым ліку i замежнай, улічваюць пазыцыі розных гісторыкаў. Матэрыял апошніх артыкулаў дае падставы для раскрыцьця фігуры С. Булак-Балаховіч як шматбаковага дзёяча.

Такім чынам, расцрацоўка пытаньня пра гістарычную ролю генэрала С. Булак-Балаховіча пачалася адносна нядаўна - як навуковая, так i публіцыстычная. Аднак спэцыяльнае аб'ектыўнае навуковае дасьледаваньне з улікам усёй гістарычнай літаратуры, а таксама i дакумантальных крыніцаў, застаецца неабходным. Гэтая праца i зьяўляецца сынтэтычным адказам на пастаўленае пытаньне. Аўтар даставіў перад сабой задачу, прааналізаваўшы i ацаніўшы дакумантальны матэрыял i літаратуру, даць найбольш поўны гістарычны нарыс пра Булак-Балаховіча.

З усёй гістарычнай літаратуры, акрамя нашай кнігі 1987 г. выданьня, патрэбна вылучыць па насычанасьці фактаграфічным матэрыялам чыста вайсковага характару згаданыя вышэй кнігу М. Какурына i У. Мелікава пра вайну з Польшчай у 1920 г. i вайскова-гістарычны артыкул П. Сіманскага пра паход Булак-Балаховіча на Палесьсе, напісаныя на аснове шматлікіх вайсковых дакумантаў з процілеглых бакоў. Параўноўваючы ix, можна ўзнавіць сапраўдную карціну баёў.

Да гэтага трэба далучыць «Гісторыка-стратэгічны нарыс XVI арміі», складзены ў штабе гэтай арміі на аснове палковых дакумантаў i выдадзены ў друкарні гэтай арміі ў траўні - чэрвені 1921 г. у Магілёве. Але паколькі гэта вайсковае выданьне, дык яго няма ў бібліятэках i каталёгах Беларусі, i яно заставалася невядомым беларускім гісторыкам да нашага артыкула 1966 г.

Есьць таксама гістарычная крыніца, да якой трэба ставіцца зь вялікім сумневам (і да якой аўтар гэтых радкоў раней ставіўся некрытычна) з-за спэцыфічнасьці ўмоваў яе ўзьнікненьня. Гэта пратаколы судовага працэсу Барыса Савінкава ў Маскве ў 1924 г. пасьля захопу яго ў Менску чэкістамі ў выніку правакацыі з завабліваньнем яго на caвецкую тэрыторыю. Перад судом вайсковай калегіі Вярхоўнага Суда СССР Б. Савінкаў, расказваючы пра паход арміі Булак-Балаховіча ў Палесьсе, у якім сам удзельнічаў, даваў паказаньні супраць Булак-Балаховіча, называючы яго бандытам. Ен ратаваў тым самым сябе (і, дарэчы, атрымаў 10 гадоў турэмнага зьняволеньня замест расстрэлу).

Яшчэ адной гістарычнай крыніцай ёсьць публіцыстычныя кнігі й брашура самога С. Булак-Балаховіча, дзе ён дае некаторыя зьвесткі пра сябе й вайсковыя дзеяньні падначаленых яму вайсковых частак i злучэньняў.

Гэтая гісторыяграфічная прадмова дае магчымасьць пазнаёміцца з гісторыяй навуковых дасьледаваньняў i

публіцыстычных нарысаў, з ацэнкай дакумантаў таго часу.

* * *

Тэрыторыя Бел ару сі была арэнаю баёў падчас савецка-польскай вайны ў 1920 г. У ліпені 1920 г. войскі чырвонай арміі перайшлі тут у наступ, занялі тэрыторыю Беларусі i імкліва сталі набліжацца да Варшавы. Камандуючы войскамі Заходняга фронту М. Тухачэўскі аддаў загад, які заканчваўся словамі «Даёшь Варшаву! Даёшь Берлин!». Мэтай наступу было заваяваць Польшчу i ўсталяваць там савецкую ўладу (у занятым чырвонай арміяй Беластоку ўжо была абвешчаная Польская савецкая сацыялістычная рэспубліка на чале зь Ю. Мархлеўскім i Ф. Дзяржынскім), а потым перанесьці рэвалюцыйную вайну ў Германію, каб i там усталяваць савецкую ўладу, хаця Савецкая Расея мела прыязныя дачыненьні зь пераможанай у сусьветнай вайне Германіяй. Словам, заняцьце тэрыторыі Беларусі чырвонай арміяй было толькі пачатковым зьвяном у ланцугу падзеяў, якія павінны былі паскорыць сусьветную пралетарскую рэвалюцыю і запанаваньне бальшавізму з цэнтрам у Расеі над усім сьветам.

Аднак войскі Заходняга фронту (а на Ўкраіне - Паўднёва-Заходняга) былі вельмі аслабленыя ў папярэдніх наступальных апэрацыях i стомленыя, адарваныя ад тылавых базаў забесьпячэньня штабы страцілі кіраваньне. Савецкае камандаваньне абодвух франтоў дапусьціла шэраг грубых апэратыўных памылак, перацаніўшы свае посьпехі i недацаніўшы сілы праціўніка.

У Польшчы пачаўся шырокі нацыянальна-патрыятычны рух за выратаваньне незалежнасьці краіны ад пагрозы расейска-бальшавіцкай акупацыі. У войска запісваліся тысячы дабрахвотнікаў, нават вучні старэйшых клясаў школы. Англія i Вугоршчына дапамаглі Польшчы зброяй, а Францыя вайсковымі інструктарамі (сярод ix быў малады капітан Шарль дэ Голь). Польскія войскі перагрупаваліся на лініі Віслы i ў сярэдзіне жніўня 1920 г. у раёне Варшавы нанесьлі савецкім арміям сакрушальны контрудар. Арміі Заходняга фронту пацярпелі паразу. Адпаведна каля Львова пацярпелі паразу i войскі Паўднёва-Заходняга фронту, а 1-я Конная армія пад камандай С. Будзённага нанесла цяжкія страты ў баёх над Замосьцем.

Арміі Заходняга фронту (як i Паўднёва-Заходняга) вымушаныя былі ў жніўні 1920 г. імкліва адступаць на ўсход. А 4-я армія Заходняга фронту была адрэзаная ад асноўных сілаў i адступіла ва Ўсходнюю Прусію, дзе немцамі была абяззброеная i інтэрнаваная ў лягерох да канца савецка-польскай вайны.

Тут прыводзяцца факты і ход падзеяў канчатковага пэрыяду вайны паміж Польшчай i Савецкай Рясеяй у 1920 г., таму што ў беларускай савецкай гістарычнай літаратуры няма пераказу гэтых падзеяў (за выняткам кароткага пераказу ў нашай згаданай кнізе), а таксама таму, што ў гэтых баёх браў актыўны ўдзел генэрал С. Булак-Балаховіч з сваім войскам, пра што будзе далей.

У канцы лета i ўвосень таго ж году становішча на Заходнім фронце склалася неспрыяльна для чырвонай арміі. Савецкія войскі ў верасьні - кастрычніку, хаця i павальней, чым у жніўні, працягвалі адступаць па ўсім фронце. А ў гэты час з 21 верасьня 1920 г. у сталіцы Латвіі - Рызе - ішлі перамовы аб міры паміж польскай дэлегацыяй, з аднаго боку, i савецкай расейска-ўкраінскай дэлегацыяй, з другога. Кіраўнік расейска-ўкраінскай дэлегацыі Адольф Іофэ, члены дэлегацыі Сяргей Кіраў, Дзьмітры Мануільскі на загад з Масквы не дапусьцілі да ўдзелу ў перамовах з польскім бокам прадстаўніка абвешчанай у другі раз 31 ліпня 1920 г. БССР (з усходняй мяжой на Бярэзіне) А. Чарвякова. Савецкі бок намагаўся хутчэй заключыць замірэньне з Польшчай, бо на паўдні яшчэ ішла вайна з войскамі П. Урангеля. I таму расейскі савецкі ўрад на чале з У. Леніным быў гатовы пайсьці на тэрытарыяльныя саступкі за кошт Беларусі. Менавіта разглядаўся варыянт перадачы Польшчы ўсей тэрыторыі тагачаснай БССР (бязь Віцебска, Полацка, Воршы, Магілева, Гомля й Рэчыцы, якія ўваходзілі ў склад РСФСР). Таму А. Іофэ паведаміў А. Чарвякову, што ягоная прысутнасьць на перамовах зусім непатрэбная, бо калі гэта будзе прызнана неабходным у Маскве то палякам аддадуць усю тэрыторыю БССР. А. Іофэ нават прапанаваў польскай дэлегацыі мяжу па Дзьвіне й Дняпры. Аднак старшыня польскай дэлегацыі Ян Домбскі адмовіўся ад тэрыторыі Меншчыны.

Агульнае становішча на савецка-польскім фронце вымусіла савецкі ўрад Расеі прыняць надзвычайныя меры. Старшыня рэўваенсавету рэспублікі (Расеі) Л. Троцкі ў загадзе 242 ад 24 верасьня 1920 г., перададзеным у штабы франтоў сакрэтнаю тэлеграмаю, указваў войскам, што расейскі цэнтральны выканаўчы камітэт (УЦВК) 23 верасьня пастанавіў зьвярнуцца да польскага ўраду з прапановай у 10-дзённы тэрмін заключыць замірэньне i падпісаць асноўныя ўмовы міру. Пры гэтым, каб пазьбегнуць зімовай кампаніі, расейскі ўрад У. Леніна ішоў на значныя тэрытарыяльныя саступкі (коштам тэрыторыі Беларускай ССР i Ўкраінскай ССР).

Яшчэ напачатку 1920 г. У Ленін i ягоны ўрад двойчы пpапaноўвaў Польшчы мір зь мяжой на Бярэзіне, толькі тады начальнік Польскай дзяржавы (была такая пасада) Ю. Пілсудзкі, не давяраючы Леніну, адмовіўся.

Яшчэ 11 жніўня 1920 г., калі баі польскіх войскаў з чырвонай арміяй ішлі ў раёне Варшавы, Рада абароны Польшчы на чале зь Ю. Пілсудзкім выпрацавала інструкцыі для дэлегацыі на мірных перамовах з дэлегацыямі cавецкіх урадаў Расеі i Ўкраіны ў Рызе. Паколькі 12 ліпеня 1920 г. у Маскве была падпісаная мірная дамова: паміж Расеяй і Літвой, паводле якой Вільня, Горадня i беларускія землі на поўнач ад Немана фармальна перадаваліся Літве (фактычна яны не былі перададзеныя, літоўцы амаль у апошні момант адступленьня чырвоных самі захапілі Вільню, прымусіўшы чырвонаармейцаў пакінуць горад), то ў інструкцыі польскай дэлегацыі былі два асноўныя палажэньні: 1) Польшча не прызнае правоў бальшавікоў на Вільню, Віленскую й Горадзенскую землі i сама будзе весьці зь Літвою перамовіны пра іхны лёс; 2) калі прадстаўнікі Саветаў уздымуць пытаньне пра Беларусь, дык польская дэлегацыя павінна прыняць прынцып яе незалежнасьці. Калі ж польскія войскі амаль дасягнулі лініі Керзана (прыкладна цяперашняя лінія дзяржаўнай мяжы паміж Польшчай i Беларусьсю, Польшчай i Украінай), дык 27 жніўня 1920 г. Рада Польшчы выказалася за пераход гэтае мяжы, а Ю. Пілсудзкі сказаў: "Прасунуцца так далека наперад, як толькі можна будзе ўтрымацца, да зімы аж да Шчары... Калі мы парушым лінію Керзана, то лягічна адсюль вынікае выснова аб саюзе з Урангелем i дамова аб сфэры ўплыву». На прапанову міністра замежных справаў Э. Сапегі Рада абароны прыняла пастанову: лічыць лініяй замірэньня лінію старых нямецкіх акопаў (г. зн. лінію расейска-германскага фронту 1915 - 1918 гг.). Ba ўмовах далейшага польскага наступу Вайсковая рада Антанты ў Парыжы в верасьня 1920 г. прапанавала Польшчы ня ісьці на тэрыторыю Расеі (куды Рада ўключала i Беларусь), якую будзе вызваляць ад бальшавікоў генэрал П. Урангель, а потым ужо будуць створаныя аўтаномныя «ўкраінская Расея» Беларусь і г. д» як стадыя ў стварэньні вялікай Расеі. Пры гэтым, адзначаў польскі міністар замежных справаў, толькі Францыя згаджалася на ўсходнюю граніцу Польшчы па лініі нямецкіх акопаў (на ўсход ад Браслава - Мядзела - Баранавічаў - Пінска). Англія прыкладна займала такую ж пазыцыю; ЗША былі за «адзіную i непадзельную Расею», куды ўключаліся i «няпольскія землі» (г. зн. i Беларусь). Таму Польшча была абмежаваная ў сваіх тэрытарыяльных прэтэнзіях.

Дарэчы, А. Чарвякоў быў уключаны ў склад савецкай расейска-ўкраінскай дэлегацыі (але не беларускай) толькі празь месяц пасьля падпісаньня савецка-польскае папярядняе дамовы і ўдзельнічаў у далейшых перамовах толькі з 17 лістапада 1920 г.

Савецкае галоўнае камандаваньне, паставіўшы асноўнай задачай ліквідацыю Урангеля, прапанавала ў дырэктыве ад 24 верасьня 1920 г. войскам Заходняга фронту па магчымасьці стрымліваць напор польскіх войскаў «маючы на ўвазе ўсямернае захаваньне жывой сілы...». Вырашальны контрудар па польскіх войсках разам з войскамі Паўднёва-Заходняга фронту плянаваўся на сярэдзіну лістапада. Камандзер Заходняга фронту Тухачэўскі загадаў адступаючым арміям фронту да 2 кастрычніка заняць лінію старых расейска-германскіх акопаў 1915 - 1918 гг., дзе доўгі час утрымлівалася лінія фронту ў першую сусьветную вайну, i затрымацца на гэтай лініі. Ажнак задача нё была выкананая.

Польскія войскі ўзмацнілі тэмп наступу, каб заняць больш тэрыторыі да моманту заключэньня замірэньня і папярэднік умоваў міру, паколькі перамовіны ў Рызе былі ўжо ў канцавой фазе. Кіраўнік Польскай дзяржавы маршал Юзаф Пілсудзкі вырашыў заняць Вільню i бліжэйшую тэрыторыю, а таксама важныя стратэгічныя пазыцыі: пераправы па Нёмане паблізу Менска, тэрыторыю на ўсход ад чыгуначнай лініі Вільня Ліда - Баранавічы - Лунінец, а таксама ўтварыць шырокі калідор паміж савецкімі войскамі i саюзнаю тады Расеі ў савецка-польскай вайне 1920 г. Дэмакратычнаю Літвою, пачынаючы ад Маладэчна i на поўнач Менску. З-за палітычных матываў (не жадаючы псаваць дачыненьні з Антантай i Ўрангелем, які прэтэндаваў на Менск i Беларусь) Ю. Пілсудкі вырашыў не займаць надоўга ў часе наступу.

Ю. Пілсудзкі быў вымушаны адмовіцца ад плянаў утварэньня моцнай фэдэрацыі на ўсходзе Эўропы, якая б складалася з дэмакратычных рэспублік Польшчы, Беларусі, Украіны i Літвы ня толькі з-за адмовы Літвы, незалежнай пазыцыі партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, імпэрскіх плянаў аднаўленьня «адзінай i непадзельнай» белага ўраду П. Урангеля. Галоўным у адмове ад дзяржаўнай мяжы Рэчы Паспалітай 1772 г. была нутраная апазыцыя Пілсудзкаму ў сойме i стаўленьне да тэрытарыяльнага пытаньня партыйных фракцыяў польскага сойму, перш за ўсё нацыянал-дэмакратаў i людоўцаў (сялянскай партыі), якія i вылучалі склад дэлегацыі на мірных перамовінах у Рызе.

У канцы верасьня - пачатку кастрычніка 1920 г. войскі Заходняга, як i Паўднёва-Заходняга фронту, пад націскам польскіх войскаў адыходзілі на ўсход. 25 верасьня польскія войскі занялі Горадню, 27 - Дарагічын i Янаў-Палескі, 28 - Ліду i Слонім. У раёне Пінска 4-й арміі савецкіх войскаў (ці, як тады яе называлі, 4-й чырвонай арміі) былі нанесеныя вялікія страты, а ўвесь яе штаб (за выняткам камандуючага арміяй i начальніка штабу) узятыя у палон. У раёне Ліды часткі адной з савецкіх дывізіяў перайшлі на польскі бок, перабіўшы сваіх камісараў. 30 верасьня палякамі былі занятыя Баранавічы (пакінутыя чырвонай арміяй 29), 1 кастрычнка - Наваградак, 2 - Мір, Лунінец, Давыд-Гарадок, 3 - Нясьвіж, Клецак i тэрыторыя да ракі Лані, 4-га перадавыя раз'езды польскай кавалерыі даходзяць да Койданава й Станькава.

За адзін тыдзень войскі чырвонай арміі, якія перад гэтым стаялі ля Беластока, Берасьця, Замосьця i Львова (на Ўкраіне), былі адкінутыя на 100 - 150 км на ўсход i страцілі 42 тысячы палонных, 160 гарматаў, 950 кулямётаў, 18 браневікоў, 7 бронецягнікоў, 3 самалёты, 21 паравоз, 2540 вагонаў i 10 аўтамабіляў. На загад Ю. Пілсудзкага перасьлед войскаў чырвонай арміі працягваўся.

Галоўнакамандуючы войскамі чырвонай арміі С. Каменеў, як i камандзер Заходняга фронту М. Тухачэўскі, лічылі, тым ня менш, што войскі фронту баяздольныя і трэба ўтрымліваць прастору (пра тэрыторыю БССР не гаварылася), каб ня даць праціўніку да замірэньня заняць яе як мога болей. Аднак член рэўваенсавету Заходняга фронту I. Сьмілга ў размове «па прамым дроце» з галоўнакамандуючым i камандзерам фронту паведаміў ім, што «сапраўднай баявой моцы ў дывізіяў безумоўна няма». Тухачэўскі

3 кастрычніка 1920 г. загадаў да вечара 4 кастрычніка камандарму 3-й арміі адысьці да Смаргоняў, 15-й арміі - да лініі Гарадок - Волма - Койданава, 16-й арміі - на фронт да мястэчка Семежава i 4-й арміі - да лініі рэк Морач i Случ, а 5 кастрычніка войскі фронту, адышоўшы далей, павінны былi заняць фронт: возера Нарач - Смаргоні - Маладэчна - Краснае - Заслаўе - Самахвалавічы - Лоша - Раманаў - Старобін - рака Случ на поўдзень да яе ўпадзеньня ў Прыпяць. Як бачым, Менск заставаўся па-за лініяй гэтага фронту, хаця часткі баявой аховы былі на захад ад горада, у раёне Койданава.

Паводле гэтага загаду 16-я армія Заходняга фронту адыходзіла да Менска i Слуцка. 8-я дывізія, што ўваходзіла ў склад гэтай арміі, вымушана была галоўнымі сіламі адступіць у раён Сьмілавічы - Дукора, выставіўшы на захад толькі ахоўную варту. Далей на поўдзень яе ахоўная варта разьмясьцілася па рацэ Птыч да Кабылічаў. 17-я дывізія гэтай арміі 5 кастрычніка адышла на лінію Грэск - Бранава - Селішча (8 вёрстаў на захад ад Слуцка) - Пагост, стварыўшы дугу на захад ад горада Слуцка. Гэтая дывізія ўтрымлівала стратэгічна важную Слуцкую шашу (Масква - Варшава). Яе заслон знаходзіўся ў мястэчку Ўрэчча. На паўднёвым участку адзінкі 7-й дывізіі пад націскам польскіх войскаў адышлі на раку Мерач (у раёне м. Семежава). Ніа левым i правым флянгах гатая дывізія сувязі зь іншымі чырвонымі дывізіямі ўжо ня мела. А гэта давала магчымасьць праціўніку наносіць удары ў стыкі паміж флянгамі савецкіх дывізіяў.

Ад 5 да 7 кастрычніка на слуцкім кірунку савецка-польскага фронту настала зацішша. Польскія войскі, згодна з загадам Ю. Пілсудзкага ад 4 кастрычніка 1920 г., пачалі перагрупоўку, каб асноўныя сілы кінуць на поўнач для захопу Маладэчна i раёнаў да Дзьвіны аж да мяжы з Латвіяй. Адначасова Ю. Пілсудзкі падрыхтаваў акцыю захопу ў літоўцаў Вільні.

А ў гэты час перамовіны аб міры ў Рызе даходзілі ўжо да канца. 5 кастрычніка 1920 г. адбылося паседжаньне старшыняў польскай i расейска-ўкраінскай дэлегацыяў Я. Домбскага i А. Іофэ, якія пастанавілі падпісаць дамову аб замірэньні i прэлімінарных умовах міру паміж Польшчай i Расеяй з Украінай не пазьней за 8 кастрычніка.

7 кастрычніка 1920 г. дырэктывай камандзера 16-й арміі Салагуба паведамлялася, што на наступны дзень, 8 кастрычніка, ў Рызе адбудзецца падпісаньне замірэньня i папярэдніх умоваў міру, прычым замірэньне мела ўступіць у сілу толькі 18 кастрычніка. Было зразумела, што польскае камандаваньне разьлічвала на працяг наступу, каб яшчэ далей адцясьніць пацярпелыя i часткова дэмаралізаваныя войскі чырвонай арміі i тым самым зрабіць вайскова-палітычны націск на савецкую расейска-ўкраінскую дэлегацыю пры распрацоўцы канчатковых умоваў міру. Аднак заканчэньне перамовінаў у Рызе зацягвалася.

5 кастрычніка ў 2 гадзіны 30 хвілін ночы С. Каменеў зноў даў дырэктыву камандуючаму Заходнім фронтам М. Тухачэўскаму ўтрымліваць як мага болей тэрыторыі i не здаваць Менск (ад якога камандаваньне фронтам зьбіралася адвесьці войскі на ўсход), а абараняць подступы да яго. У сувязі з гэтым Тухачэўскі 7 кастрычніка даў загад 27-й стралковай дывізіі (якая была перададзеная 16-й арміі) прыкрыць бліжэйшыя подступы да Менска, заняўшы лінію Ратамка - Новы Двор - рака Птыч да Самахвалавічаў. Адначасова 3-й i 16-й арміям ён загадаў перайсьці ў наступ супраць польскіх войскаў i да раніцы 9 кастрычніка выйсьці на лінію; возера Нарач - Смаргонь- Хоўхлава.

А ў гэты час разгарнуўся шырокі наступ польскіх войскаў на поўнач Беларусі, на полацкім кірунку, адначасова не спыняў€я націск на савецкія войскі на ўсходзе. Павадыр польскіх войскаў маршал Ю. Підсудзкі 4 кастрычніка загадаў 2-й польскай арміі (камандаваў ёю генэрал-паручнік Э. Рыдз-Сьміглы) заняць важны чыгуначны вузел Маладэчна, а 4-й польскай арміі (камандаваў генэрал-падпаручнік Скерскі) заняць лінію Койданава - Гулевічы (на Слуцкай шашы) - Лахва. Пачаўся марш польскіх войскаў на поўнач. Націск на Койданава і Слуцак быў толькi прыкрыцьцём руху на Маладэчна, Вялейку, Радашкавічы i далей.

7 кастрычніка паўночная група польскіх войскаў заняла Ашмяну i Солы, перарэзаўшы чыгуначную лінію Маладэчна - Вільня. Некаторыя часткі 3-й дывізіі легіёнаў ад 8 да 10 кастрычніка прайшлі 120 км. 3-я дывізія легіёнаў 10 кастрычніка заняла раён Лынтупы - Сьвянцяны, адрэзаўшы савецкім войскам доступ да Вільні, якая была ў руках у літоўцаў. 11 красавіка польская кавалерыйская група ля Ракава некалькі гадзінаў вяла баі з часткамі 2-й савецкай дывізіі i заняла мястэчка. Чырвоныя войскі некалькі разоў пepaxoдзілi ў контратаку, але Ракава сабе не вярнулі i адступілі на Заслаўе й Радашкавічы. 12 кастрычніка пасьля паўдня 2-я дывізія польскіх легіёнаў заняла з бое Маладэчна. Савецкія часткі адышлі на ўсход у раён Менска.

Сталася так, што на пачатку кастрычніка 1920 г. у раёне Менска адбыўся наступ абодвух бакоў у савецка-польскай вайне. Камандаваньне чырвонай арміі на загад Саўнаркама РСФСР на чале з У. Леніным патрабавала ад Тухачэўскага абараняць Менск, які спачатку абараняць не зьбіраліся. Польскія ж войскі павінны былі наступаць, не абавязкова займаючы Менск, але каб зьвязаць тут баямі войскі чырвонай арміі i ня даць ім магчымасьці прасунуцца ў раён Маладэчна i далей да Вільні. У раёне Койданава польскае камандаваньне стварыла ўдарную групу. Тут сканцэнтраваліся 15-я i 14-я вялікапольскія дывізіі пяхоты. Ім супрацьстаяла а дна з найлепшых дывізіяў чырвонай арміі - 27-я Омская, якая складалася пераважна зь сібіракоў. 8 кастрычніка польскія войскі знаходзіліся ўжо за 10 - 12 км ад Менска. 9 кастрычніка 27-я дывізія нанесла праціўніку кароткі контрудар і выйшла ў раён Койданава. На працягу 10 кастрычніка ішлі цяжкія баі за Койданава. Асабліва жорсткі бой за Койданава адбыўся 10 кастрычніка. Мястэчка некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Часткі 14-й i 15-й пяхотных дывізіяў польскага войска страцілі ў гэты дзень каля 200 забітых i параненых, а 27-я дывізія чырвонай арміі - каля 600 забітых (бо наступала) i каля 700 палонных.

11 кастрычніка, яшчэ на досьвітку, польскія войскі буйнымі сіламі абедзьвюх вялікапольскіх дывізіяў перайшлі ў наступ у раёне Койданава. Як адзначае камандзер 27-й Омскай дывізіі В. Путна, гэта было зусім нечакана для чырвоных, бо выведка нічога пра гэта ня ведала i камандаваньне не папярэдзіла. Койданава канчаткова занялі польскія часткі. Савецкія войскі вымушаныя былі адысьці ад Койданава. 12 кастрычніка польская 4-я армія займала пазыцыі на лініі Койданава - Узда - Слуцак.

Польскія войскі, згодна з загадам Ю. Пілсудзкага, наступалі ўздоўж Слуцкай шашы. Слуцак абаранялі 49-я i 51-я брыгады, якія ўваходзілі ў склад 17-й дывізіі чырвонай арміі. На ix наступалі часткі ІІ-й польскай пяхотнай дывізіі. Пасьля вулічных баёў да вечара 11 кастрычніка польскія войскі занялі Слуцак. Аднак савецкія войскі на наступны дзень, 12 кастрычніка, уварваліся на вуліцы горада i зноў вялі баі ў ім. У выніку моцнай контратакі 21-й i 22-й брыгадаў, што ўваходзілі ў склад 11-й польскай дывізіі, часткі 17-й дывізіі чырвоных адступілі на ўсход ад Слуцка, а польскія войскі прасоўваліся далей аж да 18 кастрычніка.

Адначасова маршал Ю. Пілсудзкі правёў акцыю захопу польскімі войскамі Вільні, якую ўрад РСФСР на чале з У. Леніным паводле дамовы паміж Расеяй i Літвой ад 12 ліпеня 1920 г. перадаў Літве (і якую літоўскія войскі захапілі толькі падчас адступленьня чырвонай арміі, ультыматыўна патрабаваўшы саюзьнікаў - чырвонаармейцаў пакінуць горад). Ю. Пілсудзкі ўвогуле ня вельмі ахвотна падпісваў дакуманты, у тым i зьвязаныя зь дзяржаўнаю таямніцаю. Ён больш любіў аддаваць загады вусна.

Таксама ў таямніцы ён падрыхтаваў вайсковую віленскую апэрацыю. Ёй папярэднічалі наступныя падзеі. Падчас савецка-польскай вайны, пасьля падпісаньня міру паміж Расеяй i Літвой 12 ліпеня 1920 г. i афіцыйнага прызнаньня савецкім урадам Вільні, Горадні, Ліды i іншых мясцовасьцяў Беларусі літоўскімі, армія Літвы стала саюзьніцай чырвонай арміі i вяла вайсковыя дзеяньні супраць войска польскага, праўда, неактыўна, бо чырвоная армія ані Вільні, ані Горадні, ані іншых раёнаў літоўцам не перадавала. Урэшце літоўскія войскі самі занялі Вільню. 7 кастрычніка 1920 г. пад націскам краінаў Антанты было падпісана польска-літоўскае замірэньне i ўсталяваная дэмаркацыйная лінія. Вільня заставалася на літоўскім баку лініі.

У 3-й польскай арміі (штаб якой знаходзіўся ў Горадні) на чале з камандуючым генэрал-падпаручнікам В. Сікорскім знаходзілася перадавая група генэрал-падпаручніка Л. Жалігоўскага, нацэленая на віленскі кірунак. Адбылася патаемная сустрэча Ю. Пiлcyдзкaгa з Л. Жалігоўскім, які атрымаў ад галоўнакамандуючага вусныя патаемныя інструкцыі (пра гэта потым, у 1923 г., у Вільні расказаў сам Пілсудзкі), як i што трэба зрабіць, каб польскія войскі занялі Вільню. Пра гэтую размову ведала i найвышэйшае камандаваньне польскага войска.

8 кастрычніка 1920 г. галоўнае камандаваньне польскага войска атрымала ад камандуючага 3-й арміяй генэрала В. Сікорскага паведамленьне, што ўсялякая сувязь з групай генэрала Жалігоўскага спынілася. Толькі пасьля паўдня на тэлефонную станцыю зьявілася камандаваньне групы генэрала Жалігоўскага, i начальнік штабу гэтае групы палкоўнік Бабіцкі перадаў маёру Стаміроўскаму дзьве патаемныя дэпэшы для перадачы асабіста камандуючаму арміяй. Генэрал Л. Жалігоўсі, сам ураджэнец Віленшчыны, камандуючы групай польскага войска, у складзе якой была Літоўска-Веларуская дывізія, абвясьціў, што ён i ягонае войска, якое складаецца з ураджэнцаў Віленскай, Горадзенскай i Лідзкай земляў, ня згодныя зь лініяй замірэньня, вызначанай урадамі Польшчы i Коўна (Каўнаса), што ягоныя войскі лічаць Вільню польскім горадам (а не літоўскім), i пастанавілі збройна дабівацца права самавызначэньня жыхароў сваёй бацькаўшчыны. Таму Л. Жалігоўскі бярэ на сябе галоўнае камандаваньне салдатамі, якія паходзяць з гэтых земляў. Пры гэтым генэрал з жалем абвяшчае пра сваю адстаўку з польскага войска i з пасады камандуючага групы, i цяпер падначаленае яму войска слухае толькі ягоных загадаў. Начальнік штабу групы палкоўнік Бабіцкі заявіў, што штаб падпарадкоўваецца цяпер толькі яму. Ён таксама паведаміў, што ў той дзень а 17-й гадзіне войска генэрала Л. Жалігоўскага заняло Вільню бяз бою. Генэрал В. Сікорскі дадаў ад сябе Ю. Пілсудзкаму, што ён ведаў пра незадавальненне Літоўска-Беларускай дывізіі замірэньнем зь літоўцамі, але нічога ня мог зрабіць, бо падчас вайны зь імі не служыў. Праведзенае за адзін дзень галоўным камандаваньнем фармальнае сьледзтва прызнала, Што самастойная акцыя генэрала Жалігоўскага i ягоных вайсковых частак мела свае падставы, бо афіцэры i салдаты, рэкрутаваныя зь Віленшчыны й Горадзеншчыны, былі ўзрушаныя зьвесткамі зь Вільні пра рэпрэсіі i гвалт супраць іхных сем'яў i наогул супраць палякаў. На гэтым справа бунту войска была скончаная. Генэрал Л. Жалігоўскі правёў плебісцыт на занятай ягонымі войскамі тэрыторыі i абвясьціў утварэньне незалежнай дзяржавы Сярэдняя Літва са сталіцай у Вільні. У склад гэтай дзяржавы ўваходзілі Віленскі, Троцкі i Сьвянцянскі паветы, частка тэрыторыі Лідзкага, Ашмянскага i Браслаўскага паветаў. У лютым - сакавіку 1922 г. гэтая дзяржава была далучаная да Польшчы.

У тых вайскова-палітычных абставінах урэшце 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе ўрадавыя дэлегацыі Польшчы на чале зь Я. Домбскім, з аднаго боку, i РСФСР i ЎССР на чале з А. Іофэ, з другога (у складзе расейска-ўкраінскай дэлегацыі падпісвалі С. Кіраў i Д. Мануільскі), падпісалі дамову аб замірэньні i пралімінарных умовах міру. Паводле дамовы была афіцыйна вызначаная ўсходняя дзяржаўная мяжа Польшчы з Украінай i Бёларусьсю. Дарэчы, ва ўсіх навуковых працах савецкіх гісторыкаў пра гэтую дзяржаўную мяжу гаворыцца толькі згодна з канчатковаю мірнаю дамоваю 18 сакавіка 1921 г. (менавіта Заxoдняя Беларусь, маўляў, знаходзілася афіцыйна ў складзе Польшчы з 1921 г.; але, як бачыць чытач, гэта зусім ня так). Паводле дамовы аб прэлімінарных (папярэдніх) умовах міру Заходняя Беларусь i Заходняя Ўкраіна афіцыйна, на міжнародным узроўні, уключаліся ў склад Польскай дзяржавы. У гэтай дамове няма ні слова пра ўдзел дэлегацыі БССР у перамовінах ці пра згоду ўраду БССР на гэты ганебны падзел беларускай тэрыторыі. Дэлегацыя БССР не была дапушчаная ня толькі да падпісаньня дамовы, як i пазьней, у сакавіку 1921 г., але i да самых перамовінаў. Урад БССР, дарэчы, афіцыйна i не пратэставаў супраць гэтага, чым садзейнічаў падзелу. Янка Купала крыху раней пісаў пра такі падзел тэрыторыі Беларусі паміж суседзямі ў вершы «Новы год» (30.XII.1919 г.):

Ідзеш у край, які бязбожна

Жыўцом парэзалі на часьці,

А брат проць брата стаў варожна

I памагае край раскрасьці.

Дзяржаўная мяжа паміж тагачаснай тэрыторыяй БССР (у складзе якой былі толькі Барысаўскі, Менскі, Ігумёнскі, Слуцкі, Мазырскі i Бабруйскі паветы былой Менскай губэрні) праходзіла на поўнач i на захад ад Бягомля i далей на захад ад Плёшчаніцаў, Заслаўя, Негарэлага. Далей мяжа ішла ад вёскі Коласава (у Польшчы), потым на поўдзень да сярэдзіны дарогі зь Нясьвіжа (у Польшчы) на Цімкавічы (на баку БССР), далей на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Клецка (у Польшчы) на Цімкавічы, далей на поўдзень да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яго на захад ад Філіпавічаў, далей найкарацейшым шляхам да ракі Лані ля вёскі Чудзін (у Польшчы), далей па рацэ Лань да яе ўпадзеньня ў раку Прыпяць, далей на ііоўдзень да Ўкраіны. З буйных населеных пунктаў на баку Беларуci заставаліся Полацак, Лепель (тады йшчэ ў складзе БССР), Вягомель, Заслаўе, Негаралае, Узда, Цімкавічы, Семежііва, Вызна, Тураў.

Дадаткам да гэтае дамовы была дамова аб замірэньні, паводле якой ваенныя дзеяньні на фронце спыняліся праз 6 дзён ад моманту падпісаньня дамовы аб прэлімінарных варунках міру, гэта значыць 18 кастрычніка 1020 г. а 24-й гадзіне паводле сярэднеэўрапейскага часу. Войскі абодвух бакоў застаюцца на пазыцыях, якія зоймуць да моманту спыненьня ваенных дзеяньняў. Але была i неспрыяльная для чырвонай арміі ўмова: «Расейска-ўкраінскія войскі павінны знаходзіцца не бліжэй за 15 км ад зафіксаванага да моманту спыненьня ваенных дзеяньняў польскага фронту». Гэта значыць, што польскія войскі мел i права наступаць яшчэ 6 дзён, а пасьля гэтага савецкія войскі павінны былі адступіць яшчэ на 15 км. Такім чынам, паміж абодвума франтамі (польскім i расейска-ўкраінскім) вызначалася нэўтральная ў вайсковых адносінах зона шырынёй 15 км. Яна мела знаходзіцца ў адміністрацыйным кіраваньні краіны, якой гэтая тэрыторыя належыць паводле прэлімінарнай дамовы. На паўночным участку дзяржаўнае мяжы ад раёну Нясьвіжа да Дзьвіны польскія войскі павінны былi спыніцца на лініі дзяржаўнае мяжы, расейска-ўкраінскія - за 15 км на ўсход ад гэтай лініі, а на поўдзень ад згаданага раёну польскія войскі спыняліся на лініі найбольшага прасоўваньня. Усе перасоўваньні войска у сувязі з гэтымі ўмовамі павінны былі пачацца на працягу 24 гадзінаў пасьля спыненьня ваенных дзеяньняў, каб хутчэй разьяднаць войскі i прадухіліць сутычкі.

Пасьля ратыфікацыі прэлімінарнае мірнае дамовы войскі абодвух бакоў мелі паступова адыходзіць і кожнае на свой бок, за мяжу сваей тэрыторыі i размящчацца не бліжэй за 15 км па абодва бакі мяжы. Ад гэтага часу паабапал мяжы ўсталёўвалася нэўтральная ў вайсковых адносінах зона шырынёй 30 км, якая адміністрацыйна кіравалася кожным бокам на сваёй тэрыторыі. Замірэньне заключалася на 21 дзень, але кожны з бакоў меў права адмовіцца ад яго з папярэджаньнем за 48 гадзінаў. Калі ж ніхто не адмаўляўся ад замірэньня, дык яно аўтаматычна працягвалася да ратыфікацыі канчатковае мірнае дамовы.

Трэба дадаць, што дамова аб замірэньні i прэлімінаркых умовах міру паміж РСФСР i УССР, з аднаго боку, i Польшчай 3 другога, падпісаная 12 кастрычніка 1920 г., была даволі хутка ратыфікаваная усімі бакамі: 21 кастрычніка - Украінскім цэнтральным выканаўчым камітэтам, 22 польскім сэймам (соймам), 23 - Усерасійкім цэнтральным выканаўчым камітэтам i 27 кастрычніка начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудзкім. Пасьля гэтага быў праведзены абмен ратыфікацыйнымі граматамі, i дамова ўступіла ў сілу.

Фактычна гэтае замірэньне давала перавагу польскім войскам, бо яны за 6 дадатковых дзён занялі значную частку тэрыторыі Беларусі на поўдні, чым маглі ўплываць на далейшую хаду перамовінаў у Рызе.

Савецкі ўрад Расеі пайшоў на заключэньне міру з Польшчай дзеля таго, каб усе сілы кінуць на разгром Урангеля. На гэта ўплывала i нутраное становішча, цяжкасьці у харчовым забесьпячэньні гарадоў Расеі i арміі, неўраджай 1920 г., пра што гаварыў старшыня Саўнаркама РСФСР У. Ленін у заключным слове на нарадзе старшыняў павятовых, валасных i сельскіх выканаўчых камітэтаў Маскоўскай губэрні праз тры дні пасьля падпісаньня замірэньня, 15 кастрычніка 1920 г. Ён адкрыта заявіў: «Становішча Савецкай рэспублікі надзвычай цяжкое, што нас i прымусіла сьпяшацца зь мірам перад зімоваю кампаніяй. Нас прымусіла сьпяшацца з мірам жаданьне пазьбегнуць зімовай кампаніі, разуменьне таго, што лепш мець горшую мяжу, г. зн. атрымаць меншую тэрыторыю Беларусі i мець магчымасьць меншую колькасьць беларускіх сялянаў вырваць з-пад прыгнёту буржуазіі, чым паддаць новым цяжкасьцям, новай зімовай кампаніі сялянаў Расеі. Вось прычыны». Такім чынам, старшыня расейскага савецкага ўраду недвухсэнсоўна заявіў, щто ён ахвяруе тэрыторыяй i насельніцтвам Беларусі, i перш за ўсё лесам беларускіх сялянаў, беларускага народу (дарэчы, i не пытаючы яго), каб выратаваць уладу бальшавікоў Расеі ад працягу вайны зімою (а армія на Заходнім i Паўднёва-Заходнім франтох не магла ўжо, дый не хацёла ваяваць) i дзеля спакою сялянаў Расеі, бо чырвонаармейцамі былі змабілізаваныя сяляйскія сыны.

Разам з тым у прамове на той самай нарадзе У. Ленін зазначыў, што мір з Польшчай падпісаны на варунках, менш карысных для Польшчы, чым умовы, якія прапанаваў савецкі ўрад Расеі ў пачатку 1920 г., калі «...палякі стаялі на фронце ад 50 да 150 вёрст на ўсход ад лініі, якую яны цяпер палічылі як лінію папярэдняга міру...». I тут старшыня ўраду РСФСР прызнаў, што ён прапанаваў Польшчы ўзяць сабе тэрыторыю Беларусі, зноў-такі бяз згоды беларускага народу.

Цікавае, хоць i ўскоснае, сьведчаньне таго, што чырвонаармейцы не хацелі больш ваяваць, належыць камандуючаму Заходнім фррнтам М. Тухачэўскаму, які адзначыў, што ў траўні 1920 г. на Заходнім фронце было 49 474 штыкі i 3993 шаблі (як тады азначалі пяхоту й коньніцу), а ўсяго 53 467 чалавек; дэзартыраў жа ў тылох фронту ў чэрвені 1920 г. было знойдзена каля 100 тысячаў чалавек, у тым ліку ў вёсках Беларусі - 40 тысячаў. Гэта ня лічачы тых дэзэртыраў, якіх не знайшлі i якія знаходзіліся ў аддзелах «зялёных» на тэрыторыі, кантраляванай чырвонаю арміяй ва ўсходняй частцы Беларусі перад яе ліпёньскім наступам. Ix, можна меркаваць, было гэтулькі сама. Для параўнаньня, у гэты ж час на большай частцы тэрыторыі Беларусі, акупаванай да ліпеня 1920 г. польскімі войскамі, партызанаў розных кірункаў (сялянскіх дружынаў, падпарадкаваных партыі беларускіх эсэраў i Беларускай камуністычнай арганізацыі; чырвоных партызанаў, падпарадкаваных Цэнтральнаму камітэту кампартыі Літвы i Беларусі ў Смаленску) было ўсяго некалькі тысячаў.

Пра нежаданьне ваяваць нават у адной зь лепшых дывізіяў чырвонай арміі - 27-й Омскай - гаворыць i яе камандзер В. Путна.

Такое нежаданьне ваяваць у шэрагах чырвонай арміі за дыктатуру партыі бальшавікоў было пашырана сярод шматлікіх масаў сялянства Расеі, якое пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 г. i надзяленьня памешчыцкаю зямлёю ў асноўнай сваёй масе складалася зь сераднякоў. Ня толькі адносна малалікія кулакі, але й сераднякі ў Расеі i ва ўсходняй частцы Беларусі (не акупаванай польскімі войскамі i ўключанай у склад РСФСР) добра зьведалі палітыку ваеннага камунізму i асабліва харчразьвёрстку, калі ў сялянаў адбіралі амаль увесь хлеб ды іншыя прадукты. Гэты настрой сялянства асабліва ўзмацніўся ў канцы грамадзянскай вайны.

Ня толькі барацьба супраць войскаў белай арміі барона П. Урангеля патрабавала ад ураду У. Леніна хутчэйшага заключэньня міру, але i стаўленьне сялянства да працягу савецка-польскай вайны.

З другога боку, i кіраўніцтва Польскай дзяржавы таксама было зацікаўлена ў падпісаньні мірнае дамовы з-за напружанасьці эканамічнага становішча падчас вайны, а галоўнае - з-за таго, што тэрытарыяльныя мэты ў час апошняга наступу ў асноўным былі дасягнутыя. Улічвалася, што працяг вайны прывядзе да новых людзкіх стратаў.

Аднак, падпісваючы дамову, польскі ўрад не адмаўляўся ад сваіх анэксіянісцкіх плянаў у дачыненьні да ўсходняй часпсі Беларусі. Міністар замежных справаў Польшчы князь Э. Сапега 10 кастрычніка 1920 г. характарызуючы асноўныя кірункі ўсходняй палітыкі Польшы, у інструкцыі польскім дыпляматычным прадстаўнікам за мяжой падкрэсьліваў: «Нам таксама не абыякавы лёс зямель, якія гістарычна належалі Польшчы i якія адрываюцца ад яе паводле будучага Рыскага дагавору». А праз два дні ў лісьце да старшыні польскай дэлегацыі на мірнай канфэрэнцыі ў Рызе Яна Домбскага міністар пісаў: «Вашае разьвязаньне ўсходняга пытаньня зьяўляецца часовым. Канчаткова яго можна было б вырашыць толькі пры ўдзеле Антанты».

Польскі ўрад не давяраў савецкаму ўраду Расеі. Ён рабіў стаўку на генэрала Ўрангеля ды іншыя нацыянальныя сілы, якія выступалі супраць савецкай улады ў Расеі. У згаданай інструкцыі польскім дыпляматам князь Эўстафі Сапега пісаў: «1. Нягледзячы на тое, што пралімінарныя ўмовы міру падпісаныя, мы ня маем аніякіх падставаў разьлічваць на добрую волю праціўніка; яго саступлівасьць мы ўспрымаем як вынік нашых перамог i сьведчаньне ягонай нутраной слабасьці. Таму нам трэба i надалей падтрымліваць элемэнты, варожыя Савецкай Расеі, як расейскія, так i ўкраінскія, беларускія, каўкаскія, намагаючыся ўсталяваньня якіх заўгодна кантактаў, скіраваных супраць пагрозы, якая зыходзіць для нас адтуль».

На пытаньне, чаму Польшча не прасунула сваю дзяржаўную мяжу далей на ўсход тады, у кастрычніку 1920 г., міністар замежных справаў у згаданай інструкцыі польскім дыпляматам адказаў: «2. Мы ня верым у трываласьць бальшавіцкай сыстэмы ў Расеі... Што да генэрала Урангеля, то неабходна рашуча падкрэсьліць, што пазыцыя, якую мы; маглі б занаць у дачыненьні да шырокай кампаніі i ягонай барацьбы за вяртаньне страчанай уласнасьці, зaлежыць перадусім ад прызнаньня ім нашых межаў, зацьверджаных прэлімінарнымі ўмовамі міру, пра.памяркоўны характар якіх можа сьведчыць той факт, што мы мелі магчымасьць заняць Менск, Жытомір i Камянец, аднак не зрабілі гэтага, улічваючы інтарэсы будучай Расеі».

Маршал Ю. Пілсудзкі, які быў адначасова i начальнікам дзяржавы, i галоўнакамандуючым польскімі войскамі i такім чынам каардынаваў кірунак мірных перамовінаў у Рызе i вайсковыя дзеяньні на фронце, 8 кастрычніка загадаў польскім войскам наступаць далей i пасьля падпісаньня замірэньня, асабліва на паўночным участку фронту. Дзеля гэтага 9 кастрычніка ён прыбыў у, галоўную кватэру 2-й польскай арміі i загадаў адразу наступаць. У ходзе гэгата наступу польскіх войскаў на поўнач 10 касТрычніка былі занятыя Лынтупы i Сьвянцяны, 11 - Ракаў, 12 - Радашкавічы i Маладэчна, 13 - Вялейка, 14 - Даўгінава i Крывічы. На поўнач ад Радашкавічаў у баёх 13 i 14 кастрычніка польская кавалерыя захапіла 5 тысячаў палонных. 17 кастрычніка на поўначы Беларусі польскія войскі па лініі ад Нясьвіжа да Дзьвіны выйшлі на дзяржаўную мяжу. Да 18 кастрычніка чырвоная армія адступіла за лінію Дзісна Арэхаўна - Кублічы - Беразіно.

Прарваўшы фронт чырвоных, 15 кастрычніка 55-ты пяхотны полк 14-й полькай дывізіі на чале з падпалкоўнікам Пашкевічам з поўдня захапіў Менск, нягледзячы на тое, што горад знаходзіўся за 35 - 40 км ад толькі што вызначанай лініі дзяржаўнае мяжы, а таксама не зважаючы на тое, што польскае камандаваньне не дазваляла сваім войскам браць горад. У Менску было вызвалена каля 300 палонных польскіх жаўнераў, узята ў палон некалькі сот чырвонаармейцаў, узята больш за дзясятак кулямётаў i розныя вайсковыя матэрыялы.

79-я брыгада чырвонай арміі адступіла ад Менска на ўсход, на Магілеўскую шашу, i спынілася за 5 км ад горада, бо палякі далей ужо не прасоўваліся; Астатнія войскі чырвонай арміі адступілі за раку Птыч да лініі Гайна - Бяларучы - Гарадок - Шацак. Пасьля гэтага кароткага ўдару баёў у раёне Менска ўжо не было, i 17 кастрычніка падразьдзелы 55-га польскага палка на загад свайго камандаваньня адступілі ад Менска за лінію дзяржаўнае мяжы.

Пры гэтым з горада разам з палякамі пайшлі вызвалэныя імі з турмы людзі, арыштаваныя паводле палітычных матываў, а таксама щмат прадстаўнікоў інтэлігенцыі, буржуазіі й абшарнікаў, якія ратаваліся ад улады бальшавікоў.

Як толькі польскія жаўнеры адышлі ад Менска на лінію дзяржаўнае мяжы, часткі 27-й дывізіі чырвоных занялі Менск і, згодна з умовамі замірэньня, наблізіліся да лініі мяжы на адлегласьць не бліжэй за 15 км (г. зн. на 8 вёрстаў на ўсход ад Койданава). На гэтым кірунку i на поўдзень польскія войскі адышлі да лініі Нарэйкі - Навасёлкі - рака Уша - Узда - Лоша - Шацак - Вяркалы.

На паўднёвым участку Заходняга фронту (на поўдзень ад Нясьвіжа) польскія войскі таксама наступалі да апошняга моманту, вызначанага замірэньнем, г. зн. да 24 гадзінаў 18 кастрычніка, даходзячы за 70 км на ўсход ад дзяржаўнае мяжы. 13 кастрычніка яны занялі Тураў, 16-га - Жыткавічы i Даманавічы, да 18 кастрычніка польскія войскі былі ўжо ў Капцэвічах (на рацэ Птыч). На ўсход ад Слуцка да 18 кастрычніка пасьля ўпартых баёў часткі 17-й дывізіі Заходняга фронту былі адціснуты яшчэ далей, на лшію за 25 вёрстаў на ўсход ад Слуцка. Да поўнага спыненьня вайсковьіх дзеяньняў часткі гэтае дывізіі вялі баі на ўсход ад Слуцка. Нават 19 кастрычніка ўвечары (пасьля афіцыйнага спыненьня баявых дзеяньняў) часткі 11-й польскай дывізіі пацясьнілі на ўсход адну з чырвоных расейскіх частак у гэтым раёне. Да спыненьня вайсковых дзеяньняў войскі чырвонай арміі ў Беларусі разьмяшчаліся за 15 км ад лініі дзяржаўнае мяжы 3 Польшчаю ад Дзьвіны да раёну на поўдзень ад Негарэлага. На паўнач ад Узды лінія фронту адыходзіла на паўднёвы ўсход на Вяркалы (на поўдзень ад Шацка), далей нa ўсход да Амговічаў (Слуцкі раён) i Дарасіна-Запальнага (Любанскі раён), на Палесьсі - па лініі Камаровічы Вобрык - Галубіца на Прыпяці i далей праз Maxновічы на Ельск. Такім чынам, польскія войскі на поўдні Беларусі кантралявалі раёны на ўсход ад толькі што вызначанай дзяржаўнай мяжы паміж Польшчай i Беларускай ССР. Яны адразу i не адыходзілі, бо трэба было яшчэ ўзгадніць тэрміны адыходу ў спэцыяльнай Вайсковай камісіі з прадстаўнікоў абодвух бакоў. Адыход польскіх войскаў затрымліваўся. Гэта давала магчымасьць розным палітычным сілам выкарыстаць няпэўную палітычную сытуацыю ў Беларусі i ў Расеі.

Адной з такіх акцыяў, даволі хутка падрыхтаваных у кароткі пэрыяд пераходу ад вайны да міру, i быў паход генэрала Станіслава Булак-Балаховіча ў лістападзе 1920 году на Палесьсе.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX