Вярнуцца: Анішчанка Я.К.

Даклад суіскальніка доктарскай ступені Анішчанка Я.К.


Аўтар: Анішчанка Я.К.,
Дадана: 13-04-2016,
Крыніца: pawet.net.



Даклад суіскальніка доктарскай ступені Анішчанка Я.К.
па дысертацыі "Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай"
на пасяджэнні савета Д 02.21.03 па абароне дысертацый на суісканне вучонай ступені доктара навук пры Установе адукацыі "Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка" ад 21 мая 2004 года

Шаноўныя старшыня і члены Савета. Паважаныя калегі і прысутныя!

Пра актуальнасць у навуцы тэмы падзелаў Рэчы Паспалітай і іх наступстваў можа сведчыць уражваючы рост публікацый адпаведнай праблематыкі. Прынамсі, у 1888 г. прафесар Варшаўскага ўніверсітэта М.Карэеў выдаў знакаміты гісторыка-бібліяграфічны агляд пад назвай "Падение Польши в исторической литературе", дзе разгледзіў 66 адных толькі манаграфій пра падзелы 1772, 1793 і 1795 гг., напісаных на асноўных еўрапейскіх мовах. У 1971 г. ужо польскі гісторык М. Сярэйскі ў аналагічным аглядзе пад назвай "Еўропа і падзелы Полыпчы" налічвае больш за 2 рознамоўных прац манаграфічнага, публіцыстычнага і археаграфічнага характару наконт гэтых падзелаў.

У такіх умовах адзін толькі пералік аўтараў, іх твораў і крыніц заслужана заняў бы увесь тэкст дысертацыі. Безмоўна, гэта дарэмны занятак, не гаворачы ўжо пра заканамерныя змены ў яе аб'ёме і назве пры болып падрабязнай характарыстыцы літаратуры. А між тым гаворка ідзе аб дасягненнях у даследаванні пераважна агульнаеўрапескіх міжнародных абставін знікнення Рэчы Паспалітай і адказнасці за гэта трох галоўных удзельнікаў яе падзелаў - Прусіі, Расіі і Аўстрыі. Таму, пры напісанні гістарыяграфічнага агляду прадстаўленай дысертацыі давялося спыніцца толькі на самых базавых, найбольш істотных працах, якія вылучаюцца сваёй факталагічнай змястоўнасцю і на якіх дагэтуль, так сказаць, пладаносяць і квітнеюць шматлікія абагульняючыя і проста кампілятыўныя творы. Зрэшты, значная частка падобных твораў многія дзесяцігоддзі не адыходзіла ад стэрэатыпаў папярэднікаў або, як гэта было ў савецкай навуцы, ад абавязковых канонаў класікаў, якія не спрыялі прадуктыўнаму асэнсаванню праблемы. Савецкая гістарычная навука, якая ганарылася самым перадавым у свеце метадалагічна-філасофскім аснашчэннем, тым не меней не адважвалася ўвасобіць яго хаця б у адно значнае манаграфічнае даследаванне пра падзелы Рэчы Паспалітай. Той жа гістарыяграфічны агляд паказаў і літаральнае супадзенне ацэнак падзелаў класікамі марксізма-ленінізма і класікамі, к прыкладу, расійскай дваранска-манархічнай школы гісторыкаў. Як бы гэта горка і сумна не гучала, аднак гэта навука многія і многія дзесяцігоддзі займалася звычайным палітыка-ідэалагічным маралізатарствам вакол падзелаў, іх справядлівасці і выключнасці, гістарычнай непазбежнасці і амаральнасці, гвалтоўнасці і пазітыўнасці - словам, перажоўваннем тых самых прапагандысцкіх пастулатаў, якімі некалі абгрунтоўвалі законнасць сваіх учынкаў самі удзельнікі расчлянення Рэчы Паспалітай і ад якіх яшчэ на рубяжы XIX - XX ст. адмовілася большасць еўрапейскіх даследчыкаў.

Можна сказаць і так, - маралізатарска-павучальныя ацэнкі тыпу гэта добра ці дрэнна, пазітыўна ці негатыўна, станоўча ці адмоўна выдаваліся за адзіна правільныя навуковыя прынцыпы і крытэрыі, вакол якіх круціліся і на якія нанізваліся агульныя разважанні вакол характару падзелаў і іх паследстваў. Аднак нават і такія высілкі ўсё роўна завяршаліся прызывамі да аб'ектыўнасці і непрадузятасці, заклікамі пакончыць са згаданым пустаслоў'ем, і, галоўнае, адыйсці ад кан'юнктурнага абслугоўвання інтарэсаў, так сказаць, сваёй дзяржавы, якая ўдзельнічала ў падзелах рэспублікі. Згаданае асабліва тычыцца тлумачэння паводзін і палітыкі самадзяржаўнай Расіі часоў панавання Кацярыны II, бо менавіта пры яе цараванні Расія дабілася заканадаўчага ўсталявання сваёй апекі або пратэктарату над усім грамадскім ладам Рэчы Паспалітай і таму, натуральна, менавіта яна адказвала за тэрытарыяльную цэласнасць васальнай рэспублікі, бо менавіта пры гэтай імператрыцы Рэч Паспалітая аказалася тройчы распаласаванай, а беларускія землі цалкам і канчаткова трапілі ў склад Расійскай імперыі. З гэтага і паўсталі даследчыцкія мэты, задачы і храналагічныя межы майго дысертацыйнага даследавання.

Паколькі вырашальніцай лёсаў беларусіх зямель апынулася імператарская Расія, то, натуральна, што галоўная увага надавалася вывучэнню пераважна расійскіх архіўных першакрыніц, якія дазвалялі зразумець імператывы палітыкі гэтай дзяржавы. Беларускія землі падпарадкоўваліся ўладам Расіі, а не Прусіі ці Аўстрыі, а таму па-за ўвагай пакідаліся паводзіны адпаведных манархаў, з якіх прускаму каралю Фрыдрыху старанна прыпісвалася нават роля ініцыятара усіх падзелаў, які быццам бы прымушаў Кацярыну II паступіцца тэрыторыяй апякаемай рэспублікі і паслядоўна адмовіцца ад стратэгічнага дамінавання тут адной Расіі. У гэтай геапалітычнай гульні вялікадзяржаўных інтарэсаў з вынікаючымі перспектывамі узаемнай вайны паміж агрэсарамі вельмі паказальным з'яўляецца план маланкавай узброенай анексіі усходняга абшару BKJI у 1764 г., пры чым усяго толькі кавалка, за якім у Расійскую імперыю паслядоўна, а не разам, трапяць і астатнія часткі княства. Беларускія землі BKJI, як гэта было урачыста заяўлена ў канцы XVIII ст., далучаліся да імперыі навечна і пры добраахвотным імкненні іх жыхароў пад уладу выратавальнага самадзяржаў'я, напачатку XIX ст. падвергнуцца рэцыдывам чарговай тэрытарыяльнай перакройкі на Венскім кангрэсе, апынуцца прадметам гандлю з Напалеонам пад абяцанні вярнуць ім іх гістарычныя граніцы і правы.

Абазначаныя абставіны і акалічнасці прымусілі паставіць у цэнтр увагі працы беларускія землі BKJI і разглядаць іх месца і ролю у агульным кантэксце падзелаў Рэчы Паспалітай. А тое, што знікненне з палітычнай карты Еўропы цэлай дзяржавы і змена беларусамі сваёй дзяржаўнай прыналежнасці пры гэтым з'яўляюцца пераломнымі палітычнымі падзеямі, вымушала разглядаць абодва гэтыя працэсы на ўзаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці. Аднак гэты спецыяльны інтарэс не можа разглядацца крытэрыем выключнай вартасці праведзенай мной работы, хаця для таго, каб заявіць, што вось, нарэшце, у нацыянальнай гіетарыяграфіі з'явіўся адпаведны дослед палітычнай трансфармацыі Беларусі ў эпахальны перыяд яе гісторыі, для гэтага давялося папярэдне апрабіраваць у навуковых выданнях каля 180 артыкулаў і выдаць асобна 6 манаграфій і 3 зборнікі дакументаў агульным аб'ёмам каля 2 тыс. старонак. Я палічыў такі аб'ём інфармацыі і абагульнення уласных архіўных вышукаў дастатковым для абгрунтавання навізны наступных высноў даследавання.

Праца прысвечана цалкам аналізу асноўных палітычных працэсаў і з'яў на беларускай зямлі пад час падзелаў Рэчы Паспалітай і падпарадкавання іх уладам царскай Расіі.У гэтым значэнні яна не прэтэндуе на так званае комплекснае і ўсебаковае асвятленне тагачаснай гістарычнай рэчаіснасці, хаця зразумела, што менавіта палітычныя сферы вызначалі накірунак і характар перамен у жыцці падуладных народаў. 3 палітычных фігурантаў падзей - і гэта асэнсаваная пазіцыя ў дысертацыі - цалкам выключана працоўная, сацыяльна прыгнечаная і палітычна бяспраўная сялянская маса, або той самы народ, добрай волі якога затым былі прыпісаны гістарычныя наступствы падзелаў.

Пры усім сваім грамадска-палітычным бяспраў'і і немагчымасці, пагэтаму, адказваць за палітычнае перарапарадкаванне краіны, мужык-беларус, тым не меней, аказаўся у самым эпіцэнтры прыняцця лёсавызначальных рашэнняў усімі удзельнікамі падзелаў. Гэта высвятляецца пры правядзенні расійскай дыпламатыяй так званай дысідэнцкай справы. Апошнюю ў літаратуры прынята прыраўноваць да сродкаў Расіі на права пастаяннага ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай пад сцягам забеспячэння тут рэлігійнай талерантнасці або ўраўнавання ў правах іншаверцаў з каталікамі. Вывучэнне ж механізму першага падзелу паказвае, што для дасягнення сваіх вялікадзяржаўных мэтаў і для дэманстрацыі сваіх сапраўды талерантных намераў расійскай дыпламатыі давялося залічыць да дысідэнтаў уніятаў, якія ў большасці складалі паднявольнае і пазбаўленае элементарных чалавечых правоў прыгоннае сялянства. У гэтым пытанні царызм выступаў як вызваліцель, чым вельмі напалохаў мясцовае панства і чым заслужыў затым славу абаронцы прыгнечаных. Аднак на практыцы перамаглі саслоўныя інстынкты прыгоннікаў, бо і афіцыйныя вярхі Расіі і іх памагатыя з магнацка-урадавых колаў рэспублікі аднолькава пабаяліся ўраўноўваць у рэлігіійных, а тым больш грамадска-палітычных правах, сялян- уніятаў з боязі такім шляхам прыводзіць прыгнечаных да ўлады. Бакі па інтарэсах саслоўнага эгаізму проста замоўчылі ўніятаў у перамоўна-змоўніцкай працэдуры падзелаў, каб вырашыць іх прыналежнасць на ўласную палітычную карысць, на карысць пануючага у сваіх краінах веравызнання - будзь то каталіцтва або праваслаў'е.

З гэтай высновы лагічны наступны вывад у дысертацыі. Для расійскай дыпламатыі ўніяты - гэта спрадвек праваслаўны люд, які, як яна меркавала, па адным закліку самадзяржаў'я хутка і ахвотна перакінецца у веру продкаў. Раз іх не ўдалося шляхам такой лёгкай рэлігійнай канверсіі абярнуць у праваслаў'е нават ва ўмовах поўнага падпарадкавання Расіі далучаных зямель, значыць штучнымі прапагандысцкімі дэклямацыямі аказваюцца заявы аб добраахвотнасці імкнення беларусаў да злучэння з Расійскай імперыяй. Гэты вывад трапляе ў шэраг тых крытэрыяў, па якіх можна меркаваць пра прычыны маруднай уніфікацыі далучаных зямель з агульнарасійскімі парадкамі ў наступным стагоддзі.

У гэтым напрамку дзейнічалі і іншыя адмысловыя сродкі ў палітыцы новага ўрада. Адным з іх стала правядзенне ў 1783-1785 гг. Генеральнага межавання на абсягу першага падзелу у Магілёўскай і Полацкай губернях. Спецыяльнае даследаванне гэтага мерапрыемства паказала, што новы ўрад наўмысна скарыстаў дзесяцігадовую даўнасць па Статуту ВКЛ для таго, каб распачаць з 1767 г. адлік законнасці правоў землеўладання за раздадзенымі тут маёнткамі ў рукі рускіх дваран і чыноўнікаў. Такім вось шляхам царызм імкнуўся зрабіць насаджанае рускае землеўладанне легальна існуючым на далучаным абшары загадзя да самога першага падзелу Рэчы Паспалітай. Такі палітычны інструмент удаўся на тэрыторыі першага падзелу, аднак ён не спрацаваў на іншых абшарах на ўсім працягу першай паловы XIX ст.

Вельмі выразным паказчыкам рэальнага зместу палітычных акцый царызму на далучаных землях можа служыць увядзенне мяжы аселасці для яўрэяў. Пасля С. Дубнова і Ю. Гессэна прынята лічыць, што ініцыятарамі недапушчэння яўрэяў углыб Расіі ў 1791 г.выступіла маскоўскае купецтва, якое быццам бы забаялася новых канкурэнтаў. Аднак у 1791 г. мінула ўжо амаль 20 год з часу першага уключэння беларускіх насельнікаў у расійскае падданства, а таму слушна думаць, што за гэты тэрмін яўрэі настолькі праніклі ў поры расійскай эканомікі, што і сапраўды стварылі для яе нейкую небяспечную ці дэструктыўную сілу. А між тым на момант забароны 1791 г. было выяўлена запісанымі ў купецтва расійскіх гарадоў усяго толькі 5 яўрэяў, якія ніяк не маглі нанесці падрыву фінансам і гандлю вялікай дзяржавы з яе моцна цэнтралізаваным апаратам кантролю і сачэння. Аказваецца, яшчэ ў 1772 г. адначасова былі выдадзены два ўказы: адзін з іх публічна дэкляраваў свабоду яўрэям з Беларусі пасяляцца і гандляваць па ўсёй прасторы імперыі, а другі неафіцыйна забараняў дапушчаць іх углыб Расіі. Гэты двайны стандарт урадавай палітыкі сведчыць не проста пра разыходжанне дэклярацый з рэальнасцю. Прыведзены прыклад дастаткова ясна паказвае, што адразу ж у 1772 г. далучаныя да імперыі беларускія землі захавалі у ёй статус непаўнапраўнай тэрыторыі са сваімі адметнасцямі, а іх жыхары аказаліся гэта жа нераўнапраўнымі яе грамадзянамі. Такім чынам, асобны тэрытарыяльна-прававы статус новаўтвораных беларускіх губерняў у складзе Расійскай імперыі зараз недастаткова звязваць толькі з захаваннем дзеяння Статута BKЛ паралельна з агульнаімперскім заканадаўствам. Гэта прынцыповая выснова дысертацыі, па якой таксама можна меркаваць і пра характар далучэнняў і пра сутнасць палітычных працэсаў напярэдадні іх.

На авансцэне тагачаснага палітычнага жыцця і адказнасці за яго радыкальныя змены дзейнічае выключна шляхта і яе эліта (магнаты, ураднікі розных узроўняў адміністрацыйна-судовай улады, шляхецкія дэпутаты ці паслы на агульнадзяржаўных сеймах), якія афіцыйна называюцца "народам польскім ці літоўскім" у залежнасці ад дэманстрацыі ім сваіх цэнтралісцкіх ці аўтанамісцкіх намераў і ўладных амбіцый. Гэты афіцыйны народ пастаянна клапаціўся пра нязменнасць існуючага грамадска-палітычнага ладу і ў спрыяльны для рэфармавання краіны перыяд 1776 - 1791 гг. Гэты народ з думкі ў дасканаласць старадаўняга ладу не паступаўся сваім саслоўным эгаізмам на карысць паднявольных станаў пры узброеных вызваленчых рухах у часы Барскай канфедэрацыі або паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі.

Не менш за шляхту і на карысць яе клопату аб непарушнасці залатых вольнасцяў дзейнічаў таксама расійскі ўрад, апякаючы выгадную для сябе так званую анархію у рэспубліцы. Пры абгрунтаванні непазбежнасці падзелаў, самадзяржаў'е Расіі выстаўляла гэтую анархію сінонімам згубнасці дэмакратыі ўвогуле, для ўкаранення думкі аб тым, што правапарадак забяспечвае толькі аўтарытарны рэжым абсалютысцкага тыпу з яго жалезнай рукой. Кан'юнктурная навука затым нязменна паўтарала гэтыя штампы замест канкрэтна-гістарычнага аналізу фактаў і падзей. А між тым згаданая анархія, ці як яе называюць інакш безуладдзе, панавала ў Рэчы Паспалітай некалькі стагоддзяў загадзя да падзелаў дзяржавы. I трымалася рэспубліка і не правальвалася ў палітычны нябыт увесь гэты час якраз на аснове базавых прынцыпаў і інстытутаў шляхецкай дэмакратыі. А гэта значыць, пры высвятленні вытокаў, прычын, рухаючых сіл і механізму падзелаў краіны мы маем або збег надзвычайных абставін, або прапагандысцкі камуфляж пры іх тлумачэнні. Усё праведзенае даследаванне пераконвае мяне ў тым, што пры аналізе палітычнай гісторыі Беларусі часоў падзелаў Рэчы Паспалітай неабходна ў першую чаргу крытычна аддзяляць канкрэтна-гістарычны змест падзей ад іх кан'юнктурнай інтэпрэтацыі, у якія б часы яны не ствараліся і кім бы свядома яны не падтрымліваліся.

Паважаныя члены савета.

У гэтым кароткім выступленні я пазначыў толькі некаторыя прынцыповыя моманты і палажэнні свайго дысертацыйнага даследавання. Трэба думаць, што да іншых з разуменнем і ўнікліва аднесліся мае апаненты. Спадзяюся, што іх справядлівая і непрадузятая ацэнка упэўніць у карысці і недарэмнасці затрачанай працы.

Я. К. Анішчанка

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX