Папярэдняя старонка: Анішчанка Я.К.

Акоп уздоўж мяжы 


Аўтар: Анішчанка Яўген,
Дадана: 01-11-2012,
Крыніца: Анішчанка Яўген. Акоп уздоўж мяжы // Спадчына № 3 - 1992. С. 14-15.



Матэрыял падрыхтаваны на падставе справы, якая захоўваецца ў Архіве знешняй палітыкі Расіі. Гэта дзённік, які вёў рускі бок на чале з пскоўскім губернатарам М. Крачэтнікавым. Выкарыстаны таксама дакументы з аддзела рукапісаў былой Дзяржаўнай бібліятэкі СССР.

Як вядома, у 1772 г. у выніку змовы імператарскіх двароў Расіі, Прусіі i Аўстрыі тэрыторыя паўночна-ўсходніх зямель Беларусі была анексіравана пецярбургскім дваром. У адпаведных канвенцыях i трактатах мяжа паміж Расійскай імперыяй i Рэччу Паспалітай была ўмоўна праведзена па Заходняй Дзвіне i Дняпры, а паміж імі - «по прямой линии до истока р. Дручи» па тэрыторыі Аршанскага павету. Цікавыя абставіны зацвярджэння граніцы ў натуры, або яе легітымацыя.

Размежаванне праводзіла сумесная руска-польская камісія, якая ўпершыню сабралася пры базылянскім кляштары мястэчка Чарэя 4 сакавіка 1775 г. У яе ўвайшлі: з рускага боку - пскоўскі губернатар, генерал-маёр М. Крачэтнікаў, магілеўскі палкоўнік У. Кахоўскі, каморнікі-інжынеры - секунд-маёр Я. Сіверс i Цэймерн; з боку Рэчы Паспалітай - надворны маршалак граф Гуроўскі, каліжскі ваявода Твардоўскі, вайсковы Талочка i падкаморы Ромер.

На першым жа з'ездзе камісары дамовіліся, што карту мяжы зробяць рускія каморнікі. Апошнія адразу выправіліся да вытокаў р. Друць з сакрэтным загадам Крачэтнікава «издержать остаток Витебского (ваяводства.- Я. А.) в границах Российских» пры правядзенні размеркавальнага акопа ўздоўж сухадольнай граніцы. Гэта хутка заўважыў Ромер, які запярэчыў самавольным дзеянням. М. Крачэтнікаў некалькімі лістамі да кіраўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства М. Паніна дамогся замены скаржніка на больш паслухмянага Марыконі.

Адначасова Крачэтнікаў перадаў, што каліжскі ваявода просіць у Кацярыны II «подарки» i ордэн св. Аляксандра. Губернатар утаймаваў сквапніка тым, што купіў на 1 тыс. рублёў табакерак, да якіх дадаў яшчэ 180 руб. Спрэчкі крыху сцішыліся. 8 мая каморнікі нанеслі на карту частку мяжы па Аршанскім павеце такім чынам, каб «удалить от пограничных обоих сторон жителей» i тым зменшыць «пограничную стражу». У той жа дзень хворага Кахоўскага змяніў полацкі камендант Мейснер, які меў задачу загадзя, да рэвізіі граніцы камісарамі, «искать гораздо далее в Литве у них» зямлю. Мейснер паступіў згодна з правіламі субардынацыі: 27 мая слупы з двухгаловымі арламі на гербах ужо стаялі ўздоўж акопа на мяжы.

Успыхнулі чарговыя спрэчкі. Польскія камісары нават раз'ехаліся, не жадаючы падпісваць карту, каб «не навлечь на себя взыскания» караля. Іx «великое колебание» Крачэтнікаў, як сам пісаў у рапарце да М. Паніна 12 чэрвеня 1775 г., зламаў наступным аргументам: «Чем далее король от соглашения, тем важнее их услуга, если согласятся выпрямить границу. И хотя колебание их было велико, но однако ж благомыслие и угождение к интересам высочайшего... двора одержали поверхность». «Угождение» склала сума - 25 тыс. руб. Першыя два камісары атрымалі па 7 тыс. руб., Марыконі далі 3500, Талочку - 2500, двум інжынерам i сакратару Нямцэвічу - па 2 тыс. руб. Рэшту грошай Крачэтнікаў размеркаваў сярод афіцэрскай світы.

Але бок Рэчы Паспалітай абвінаваціў Крачэтнікава ў захопе 8 вёсак (амаль 400 сялянаў) i тэрыторыі каля 6 кв. міляў паблізу мястэчка Арава. Камісары патрабавалі знішчыць роў i правесці акоп «работниками Речи Посполитой». Сіверс абараніўся тым, што роў быў пракладзены «по причине безвождия в нынешнем лете» па высахлай багне. Сам Крачэтнікаў адмовіўся ехаць на рэвізію, бо яму «не желалось быть свидетелем такому месту, где начало реки (Друць.- Я. А.) сыскать трудно», ды i карэта там не пройдзе. Для апраўдання ён спаслаўся таксама на тое, што захоп часткі зямлі выконваўся на падставе тарыфу Віцебскага ваяводства 1753 г., звестак пра які рускі бок «не мог знать» у 1772 г.

Поўнае апісанне граніцы было складзена ў Бешанковічах. 4 ліпеня 1775 г. у мястэчку Холм Крачэтнікаў раздаў апошнія грошы. Гуроўскі адмовіўся ад хабару, але астатнія члены камісіі, як пісаў Крачэтнікаў, узялі «с удовольствием». У той жа дзень яны падпісалі акт размежавання, у якім пагадзіліся не ўпамінаць аб адрэзках. 8 ліпеня бакі падпісалі канчатковыя пратаколы, нягледзячы на заявы Гуроўскага аб тым, што рускія салдаты тройчы пераносілі кардон «по своей воле мимо трактата».

Крачэтнікаў з задавальненнем пісаў М. Паніну, што польскія камісары згадзіліся i на знос млыноў па р. Друць, i на перадачу вострава Экімань, насупраць Полацка, пад рускую крэпасць. Заключным акордам дзейнасці сумеснай камісіі стала распараджэнне М. Крачэтнікава наогул спусціць балота i тым самым назаўсёды знішчыць спрэчнае месца.

Прыведзеныя звесткі, здаецца, пакуль не патрабуюць каментарыяў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX