Вярнуцца: Анішчанка Я.К.

Сакрэты смаленскага следства


Аўтар: Анішчанка Яўген,
Дадана: 22-12-2014,
Крыніца: Анішчанка Яўген. Сакрэты смаленскага следства // Беларускі гістарычны часопіс № 1-1994. С. 53-56.



Падрабязнасці абставін падзелаў Рэчы Паспалітай i звязаных з імі спроб узброенага супраціўлення ўсё яшчэ схаваны ў архівах сакрэтнага справаводства царскіх канцылярый. У дадзеным артыкуле аўтар імкнецца абагульніць невядомыя дагэтуль матэрыялы следства над удзельнікамі паўстання 1794 г. у Вялікім княстве Літоўскім якія захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве i якімі даследчыкі не карысталіся.

Адразу ж у дзень утварэння паўстанцамі ў Вільні Найвышэйшай Часовай Рады Кацярына IІ зацвердзіла следчую камісію пад кіраўніцтвам смаленскага губернатара Р. Осіпава. У склад яе ўваходзілі генерал-маер I. Мамонаў брыгадзір I. Русанаў (пазней кіраўнік крымінальнага аддзялення Вярхоўнага Літоўскага праўлення - вышэйшай адміністрацыйнай установы царызму ў Літоўскай губерні), старшыня Смаленскай крымінальнай пялаты I. Мезянцоў, калежскі саветнік Смаленскага верхняга земскага суда Вайноў. Царыца патрабавала праводзіць дазнанні паводле спецыяльнай інструкцыі, якая надала б прысуду бачнасць фармальна-прававой працэдуры. На падставе паказанняў арыштаваных следчыя вызначылі мэты i галоўных кіраўнікоў паўстання. Імператрыца наказала мінскаму, ізяслаўскаму i брацлаўскаму генерал-губернатару Ц. Туталміну пільна сачыць за паводзінамі "всех вообще бывших в поветах по конституции 3 мая судей и попов" (1).

I царскія генералы пастараліся. Згодна падлікам гісторыка А. Кярсноўскага, яны ўзялі ў палон каля 19 тыс. удзельнікаў паўстання (2). Царскія ўлады арыштоўвалі людзей нават за нашэнне падазроных значкоў.

У Смаленску вызначаўся лес кіраўнікоў паўстання на Беларусі i ў Літве. Папярэдняе следства тут праводзілася з 10 мая 1794 да 21 сакавіка 1795 г. Яшчэ шпарчэй вяршылася расправа. Кацярына ІІ дала загад асобнаму камітэту ў складзе граФа А. Самойлава, графа П. Завадоўскага, князя М. Юсупава i намесніка Беларускай губерні П. Пасека рассартаваць падсудных па класах віны. 20 чэрвеня 1795 г. камітэт вынес прысуд 10 катэгорыям падследных - тым, хто асабіста ўдзельнічаў у паўстанні, хто садзейнічаў "змове", хто ведаў, але не данёс і г. д.

Першымі на допыт прыцягнулі 26 асоб разам з ix слугамі. Праз следчы канвеер прайшло 87 чалавек -17 шляхціцаў. 10 святароў, тры местачкоўцы, селянін, астатнія вайскоўцы. Свае паказанні яны давалі добраахвотна, ратуючы жыццё i маёмасць. Звестак пра тое, што іх катавалі, няма. Сярод абвінаваўчых папер фігуравалі "Воззвание к литовскому народу" i "Инструкция посланцам за российскую границу", падпісаныя 1 чэрвеня 1794 г. Я. Ясінскім (3). Арыгіналы былі напісаны на польскай i перакладзены на рускую мову.

"Воззвание" палымянымі словамі звярталася да патрыятычных пачуццяў ліцвінаў ратаваць рэшткі "бедного и посрамленного отечества" - Рэчы Паспалітай. Дакумент заклікаў неадкладна ўзброіцца i паўстаць разам з надзейнымі паплечнікамі, бо "даже когда ты не виновен, твой дом и твое имущество не есть уже твое. Тебя ждет голод, неволя жесточайшей ещё той, которые ты испытал". Карані ліха аўтары "Воззвания" бачылі ў рускіх i ix памагатых з мясцовых жыхароў. Сялянства ў дакуменце не ўпаміналася. Паводзіны царскіх войскаў, якія рабавалі ўладанні асоб, што супраціўляліся падзелам дзяржавы, сустрэлі адзкватную рэакцыю. "Ворвись в его край, соделывая ему то же, что он тебе", - заклікаў складальнік Віленскай адозвы.

"Инструкция", падпісаная Я. Ясінскім, абавязвала сотнікаў i ротмістраў пад пагрозай смерці i страты маёмасці на працягу 10 дзён сабраць па паветах узброеныя атрады шляхты i мяшчан, кожны не болей чым 300 чалавек. Акруговыя генералы маглі трымаць асобныя атрады, аднак не больш як 800 чалавек. Гэтыя вайсковыя адзінкі маглі дзейнічаць паасобку. Ад мабілізацыі вызвалілі суддзяў, грамадзянскіх камісараў, фізічна няздольных асоб. Аднак за сябе яны мусілі выставіць конніка, узброенага i абмундзіраванага на суму ў 100 злотых (каля 15 руб. срэбрам). За няяўку ў апалчэнне маёмасць пагражалі канфіскаваць i раздаць усім "охочим к обороне отечества, в пользу и в воздаяние спасителей". Стаўка яўна рабілася на тых, хто спадзяваўся пажывіцца за кошт "непатрыятычнага" суседа. Пад рэпрэсіі траплялі ўладанні той шляхты, якая "обвинена будет революционным судом и которая по упрямству не соглашается сесть на коня". Акрамя непатрыятычных суайчыннікаў, рабаванню падвяргаліся "все зборы и казенные имения, все имения российских дворян и военнослужащих, которые суть не польского происхож­дения".

Шляхціц, які асабіста сабраў 100-конны атрад, адразу атрымліваў чын палкоўніка, бо "не титул, а дела дают чин". Кожны такі актывіст надзяляўся неабмежаванай судовай уладай i мог караць да той пары, "пока не останется хоть одного русского солдата" ў краі. Святары, незалежна ад канфесіі, мусілі звонам склікаць прыхаджан i зачытваць ім Віленскі акт паўстання, копіі якога потым прыбівалі да царкоўных дзвярэй. Пры супраціўленні дом святара аддавалі жаўнерам "в добычу" або падвяргалі "разорению". "Инструкция" патрабавала "с чернью поступать обходитель­но" i нават пагражала смяротнай карай за забойства бяззбройнага чалавека, заклікала "поощрять" шляхту i народ да паўстання.

Літоўскі стражнік Іван Аскерка паказаў на допыце, што агітацыйныя лісты Т. Касцюшкі ўжо ў канцы 1793 г. распаўсюджваліся ў Мазырскім павеце. Яны заклікалі далучыцца да Кракаўскай канфедэрацыі. Зносіны з апошняй у ВКЛ ажыццяўляў Кароль Празор. Паводле сведчання Станіслава Касінскага, паўстанне ў княстве рыхтавалася патаемна, у выглядзе змовы: кіраўнікі атрымлівалі нумары, якія заносіліся ў сімвалічную табліцу, паплечнікі пры сустрэчах паказвалі адзін аднаму чырвонец паміж пальцамі, пісьмы пісалі малаком альбо шыфравалі накшталт: войскі - дакументы, абывацелі - сведкі, кулі - гарох, гарматы корцы, порах - крупа.

Ашмянскага судовага пісара Яна Вітунскага арыштавалі за тое, што "ему как письмоводителю нельзя было не ведать всего мятежниками предпринимаемого, да в бумагах канцелярии Ошмянской вовсе нет других дел, кроме мятежнических универсалов" (4). Вітунскі данёс на пісара Алаіза Сулістроўскага, мінскага старасту Міхаіла Брастоўскага, Станіслава Мірскага (усе - члены Часовай Рады), якія ў час кантрактавых з'ездаў [1] 19 i 30 сакавіка 1794 г. у Мінску i Навагрудку склалі дамсву ca смалвнскім ваяводам К. Жабам, генераламі [2] I. Завішам і І. Мураўскім, каштэлянам Я. Валадковічам, вяляціцкім старастам I. Тышкевічам, навагрудскім ваяводам I. Несялоўскім, князем М. Радзівілам, літоўскім пісарам Пяроўскім.

Шляхціц Томаш Вышамірскі пад пагрозай шыбеніцы выдаў на допыце аканома Паўлоўскага, які ў валожынскім уладанні князя А. Чартарыжскага агітаваў памешчыкаў "давать крестьян к бунту против России". Ён сам падаў прыклад, сагнаўшы каля 100 узброеных чым папала сялян з Фальварка Адамполь у мястэчка Валожын. Упраўляючага радзівілаўскім маёнткам Чачавіцы Юрася Руцкога абвінавацілі "в воздаянии рук к богу на истребление русских". Ён зваў сялян-касцоў "вот так же русских косить", як тую траву. Паводле сведчання шляхціца Матэвуша Рэута, смаргонскі мешчанін Міхась Куніцкі падбухторыў войта Антона Францышэўскага ўзброіць 200 сялян-касінераў. Войт жа заявіў, што сабраў сялян з-за страху i нават загадаў паставіць шыбеніцу... Куніцкаму. Пры набліжэнні расійскіх войскаў сяляне спалілі пікі, а кіраўнікі ix паўцякалі. Шляхціц Юстыніян Мацулевіч гаварыў, што паўстанцы прыходзілі атрадамі па 20-30 чалавек i пагражалі шыбеніцамі тым, хто не пойдзе ў апалчэнне. Адпаведным чынам набіраў сялян у маёнтку мінскага пісара Адама Свентаржэцкага генерал Ян Зяньковіч.

Сярод паўстанцаў распаўсюджваліся неверагодныя чуткі. Гаварылі аб атрыманні з галандскіх банкаў 25 млн. злотых i яшчэ аб 18 млн. з Францыі, аб тым, што хутка прыйдуць на дапамогу 15 тыс. венгерскіх гусараў, што царскія ўлады хочуць раззброіць усю шляхту "и чернь", потым адбяруць палову прапінацыі [3] ў казну, а сродкі ад яе пакладуць у замежныя банкі, што караля Станіслава Аўгуста наўмысна трымаюць у Гродна пад арыштам дзеля таго, каб аднавіць Канстытуцыю 3 мая 1791 г. i г. д. I вось тады, маўляў, узрушыцца коснае шляхецтва, відаць, нясхільнае да палымянай падтрымкі пачыну віленскіх кіраўнікоў паўстання.

Ракаўскі ксёндз Лявон Булгак сведчыў, што разам з віленскім ваяводам Міхалам Агінскім i ягоным сакратаром Дзядзеркам ён быў у мястэчку Івянец, дзе праводзіў разведку i раіў мясцовым яўрэям даць грошы "ради их собственной безопасности". Агінскі сам зачытаў там універсал Т. Касцюшкі. Затым ён прыбіў ліст да царкоўных дзвярэй i падбадзёрыў прысутных заявай, што захапіў у расейцаў 400 тыс. злотых, i на завяршэнне прадэманстраваў шаблю, сказаўшы: "Хороша для истребления русских".

Па падазрэнні ў зборы грашовых ахвяраванняў на мэты паўстання арыштавалі віленскага адваката Адама Вяржэйскага. Адвакат заявіў, што браў звычайны хабар, або "лишние деньги". На гэтым жа папаўся i валожынскі яўрэй Рубін Схор. Ён быў фактарам, або даверанай асобай, А. Чартарыжскага. Аднак Схор адвёў "паклёп", заявіўшы, што проста патрабаваў у мясцовага кагала аддаць яму доўг.

Палкоўнік Ігнаці Грабоўскі прызнаў на допыце, што па дарозе на Мінск ён са сваім атрадам гвалтам забіраў у навакольных сялян фураж i правіянт, вешаў яўрэяў-"шпионов".

"Недарэчнымі" лічыў абвінавачванні ў свой адрас М. Рэут, які нібыта "по наущению Зеньковича клал яд в мёд и пиво, чтобы отравить русских". Занатавалі следчыя i той факт, што аканом навагрудскага земскага пісара Адама Вяржэйскага Ёзаф Тарасевіч задушыў драгуна Пецярбургскага палка.

Разлік кіраўнікоў паўстання на патрыятычны пыл ліцвінаў не спраўдзіўся. Як зазначаў той жа Грабоўскі, па дарозе на Мінск розныя памешчыкі яго "ласково принимали, но помощи не давали" (5). Падпалкоўнік Ян Зяньковіч, насланы Віленскай радай у мястэчка Свір абраць на сейміку Завілейскага павета генерала, сустрэў толькі 70 прыхільных да "Воззвания" шляхціцаў. Шляхціц Ян Валіцкі гаварыў, што Рады ў Браслаўскім павеце ніхто не слухаўся, а ў мястэчка Браслаў на канфедэрацыю з'явілася толькі 11 шляхціцаў. Цікавы той факт, што для некаторых мясцовых шляхціцаў было характэрна неверагоднае самаўзвышэнне. Тураўскі селянін Юрась Лень сведчыў, што знаёмы камандзір эскадрона I. Штэйн запэўніваў яго, што сабраў вакол сябе сялян з чатырох уладанняў Магілёўскай губерні. А ўпраўляючы маёнткамі I. Салагуба Жукоўскі хваліўся. што яму "достаточно одного батальона, чтоб очистить всё место до Полоцка, убить в Могилеве губернатора, вице-губернатора, архиерея и всех чиновников" (6).

I асабістыя здольнасці кіраўнікоў паўстання, i памеры пагрозы паказаліся царскім следчым перабольшанымі. Аднак для ізаляцыі паўстанцаў царызм свядома скарыстаў шматвяковую прыгнечанасць мясцовых сялян, з якіх, паводле слоў Кацярыны II, паны-"полякі кровь сосут", а "черный народ нам единоверный, поляков господ своих ненавидит" (7). Каб супрацьпаставіць большасць сялян як "сапраўды адзінаверных падданых" сваім прыгнятальнікам, царскі ўрад неадкладна распачаў перавод ix з уніяцкага ў праваслаўнае веравызнанне. Рабілася тое са спасылкай на гвалтоўнае насаджэнне уніі з XVI ст. i жаданне вярнуць уніятаў да "рэлігіі продкаў," г. зн. праваслаўя.

Маючы на мэце абгрунтаваць свае вялікадзяржаўныя правы на анексіраваныя землі, царызм усё ж шукаў апоры пераважна сярод шляхецкага саслоў'я. Так, ад пакарання вызвалілі 19 асоб, у тым ліку I. Тызенгаўза, У. Дашкевіча, I. Ельскага. lx адпусцілі альбо пад уласнаручныя падпіскі аб лаяльнасці, альбо на парукі давераных асоб, Некаторыя з ix хутка апынуліся на адказных пасадах 1 ўдзельнічалі ў складанні вернападданых адрасоў на імя царыцы.

Старанныя пошукі вытокаў паўстання прывялі следчых у Віленскую акадэмію. Адзін з судовых чыноўнікаў раіў закрыць акадэмію, бо яе члены "суть самые опаснейшие развратители нравов, а академики Почобут, обоими польскими орденами украшенный, и Стройновский заседали в главном совете виленском, по которого велению лишен жизни гетман Коссаковский". Але царыца не палічыла магчымым ліквідаваць акадэмію.

19 красавіка 1795 г. царскі ўрад прыняў рашэнне аб далейшым лёсе падсудных. У штатныя каманды i гарнізоны імперыі было саслана 4 632 радавыя арыштанты (8). 62 кіраўнікі паўстання апынуліся ў буйных гарадах пад наглядам ваенных губернатараў. На ўтрыманне сасланых было выдаткавана з казны 8 тыс. руб. Маёнткі паўстанцаў секвестраваліся, але пакідаліся за нашчадкамі альбо тымі, хто не падпісваў паўстанцкіх актаў i з'явіўся з пакаяннем. Некаторым далі паўтара года турмы, ix уладанні прадаваліся лаяльным памешчыкам. Паколькі многія ворагі царскага рэжыму трымалі ўладанні пад закладам у "невиноватых", то апошнім дазволілі ix выкупіць. Закладзеную маёмасць невінаватых казна выкупляла сама.

Новы імператар Павел I прадэманстраваў сваю міласэрнасць у адносінах да сасланых паўстанцаў. 29 лістапада 1796 г. ён вызваліў 8 кіраўнікоў паўстання, а астатніх - 27 лістапада 1797 г. Амністыя расцягнулася, бо некаторыя маёнткі рэпрэсіраваных ужо належалі альбо рускім вяльможам, альбо даносчыкам. Ні першыя, ні другія не збіраліся вяртаць набытае. Да таго ж уладанні былі абцяжараны даўгамі, i патрабаваліся значныя сродкі на ix выкуп, Вясной 1798 г. ваенны дэпартамент Сената адпусціў на волю па пашпартах усіх "военнопленных поляков, служащих в полках" (9), г. зн. радавых удзельнікаў няўдалай спробы ўзброенага паўстання 1794 г.


(1) Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў (далей - РДАСА), ф. 7. воп. 2, спр. 2869, ч. 2. а. 109.

(2) Керсновский А. А. История русской армии. Т. 1. М., 1992, со. 159-160.

(3) РДАСА. Ф. 7. воп. 2, спр. 2869, ч. 1, аа. 238 адв. 240 адв.

(4) Там жа. а. 90.

(5) Там жа, а. 206 адв.

(6) Там жа.

(7) Русский архив. Кн. 2. М., 1873, с. 2289 (ліст Кацярыны II да Ц. I. Туталміна ад 19.04. 1794 г.).

(8) РДАСА. Ф. 7, воп. 2. спр. 2869. ч. 1. а. 326; ч 5. а. 7.

(9) Там жа. Ф 277. воп. 14. спр. 278. а. 2.



[1] Кантрактавыя з'езды - зборы, падчас якіх памешчыкі заключалі вусныя i пісьмовыя пагадненні (кантракты), звычайна фінансава-маёмаснага характеру.

[2] Акрамя вайскоўцаў гэта званне надавалі у Рэны Паспалітай таксама прызначаным на павятова-ваяводскія пасады чыноўнікам, якія рэгулявалі грамадзянска-крымінальныя працэсы.

[3] Прапінацыя - права на вытворчасць і продаж алкагольных напіткаў, манапольна замацаванае за шляхецкім саслоўем.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX