Папярэдняя старонка: Анішчанка Я.К.

Інкарпарацыя Беларусі ў Расейскую імперыю за Кацярынаю II 


Аўтар: Анішчанка Яўген,
Дадана: 21-09-2015,
Крыніца: Анішчанка Яўген. Інкарпарацыя Беларусі ў Расейскую імперыю за Кацярынаю II // Спадчына №3-1996. С. 34-70.



Пад крылы двухгаловага арла

Як Рэч Паспалітая апынулася здабычай трох агрэсараў - Расеі, Прусіі ды Аўстрыі - напісана шмат. Менш вядома, якія захады рабіў царскі ўрад, каб замацавацца на захопленых землях ды ўпэўніць жыхароў яшчэ не далучаных тэрыторыяў у сваёй "вызвольнай" місіі.

Пачаткова правы на паўночна-ўсходні абшар Рэчы Паспалітай як на сваю гістарычную спадчыну ўрад імператрыцы Кацярыны II заявіў на сакрэтнай канферэнцыі двара ў 1763 г., карыстаючы з смерці Аўгуста III. Тады віцэ-прэзідэнт ваеннай калегіі i будучы генерал-губернатар беларускіх губерняў З.Чарнышоў раіў "захватить" Ліфляндыю, Мсціслаўскае, Полацкае ваяводствы - словам, тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага "от местечка Ула" на правабярэжжы Дзвіны i на левым беразе Дняпра. Гэты абшар меркавалася аб'яднаць са Смаленскай губерняй, каб адразу распаўсюдзіць на яго агульнаімперскія парадкі. Праўда, план гэтак хуткага абрусення да пары адклалі, бо палічылі за лепшае дамагчыся пратэктарату i апекі над нутраным ладам слабай суседкі.

Перамагла лінія кіраўніка замежнай палітыкі Расеі М.Паніна, які раіў трымаць на залежнай мясцовасці войскі, каб "страхом вырвать у поляков то, чего от них ласково добиться не можно". Каб не патураць умацаванню якой-небудзь адной партыі, здольнай на незалежныя дзеянні, i каб раскалоць наагул магчымы супраціў, у Пецярбургу вырашылі "держаться coвешено вне сцены и предоставить действовать своим друзьям". Такімі былі шэфы дысідэнцкіх (Слуцкай i Торуньскай) канфедэрацыяў. На подкуп надзейных крэатураў надалей выдаткоўвалася блізу 8% бюджэту. А ўжо на заклік або добраахвотнае запрашэнне хаўруснікаў ці пакрыўджаных царскі двор дамагаўся права мірыць варожыя групоўкі ў імя прадухілення анархіі i братазабойчай вайны, дзеля абароны залатых вольнасцяў шляхты, каб праславіцца заступнікам прыгнечаных.

Зайздрасць царадворцаў выклікалі прыклады манархаў Прусіі, i Аўстрыі, якія ў 1769 - 1770 гг. узвялі санітарныя кардоны вакол сваіх доляў захопу Рэчы Паспалітай для вынішчэння ўзброеных канфедэрацыяў. Такі ж кардон 24 снежня 1770 г. паставілі па Дзвіне i царскія войскі. Напачатку 1771 г. Дзвіну i Дняпро рашылі злучыць простаю мяжою, выціснуць канфедэратаў з аточанага абшару i потым далучыць яго да імперыі. Аднак сярод саўдзельнікаў разбору доўжыліся спрэчкі вакол ураўнаважання тэрытарыяльных апетытаў i часу сумеснага выступления. На сакрэтных нарадах 7 лютага i 16 траўня 1771 г. у прысутнасці імператрыцы Кацярыны ІІ успыхнулі звадкі, бо царадворцы ніяк не маглі вызначыць, на які беларускі абшар распасцерці свае прэтэнзіі. Найбольш заўзяты абрусіцель граф Р.Арлоў нават папракаў М.Паніна за бяздзейнасць. Таму ў студзені 1772 г. рада загадала Паніну тэрмінова "трудиться", каб падаць адпаведныя гістарычныя доказы.

З-за непадрыхтаванасці інтэрвенцкага корпусу вырашылі наяўныя сілы ўводзіць часткамі, разбітых канфедэратаў вывезці ў Казанскую губерню на перахрышчэнне i нават сабраць батальён з навербаваных дэзерціраў або гайдамакаў. 12 сакавіка 1772 г. Кацярына ІІ загадала выставіць на будучай мяжы захопу 9 легіёнаў, 24 пяхотныя роты, 9 эскадронаў i тысячу казакоў - блізу 50 тыс. войска над наглядам генерал-маёра М.Кахоўскага. Войскі ставіліся ў Віцебску, Друі, Лядах, Лоеве, Магілёве, Менску, Мсціслаўі, Воршы, Полацку, Рагачове, Себежы. Палявым камандзірам загадалі ператварыць кожны пост дыслакацыі ў "гауптвахту и наглухо запереть" яе гарматамі ды пікетамі. (Праз тыя гаўптвахты потым трапяць у Сібір блізу 5 тыс. канфедэратаў!)

Шляхту ваяводстваў i паветаў занеслі ў спісы, падзяліўшы на лаяльных i няверных. Рэгістрантам абвяшчалі, каб яны ўстрымаліся "от возмутительных сборищ". Забараняліся ўсялякія збройныя наезды. Каму ж карцела ўсчыніць суд над сапернікам, то ён мусіў прасіць дазволу расейскага начальніка. Апошні сачыў, каб наезд "не обратился под сим предлогом в возмутительное собрание". Шпіёнскія абавязкі ўсклалі нават на гэбрайскія кагалы, а там, дзе ix не было, - на рабінаў, якія "за своим выбором и поруками давали надежных людей, чтобы разведать о приближении какой возмутительской шайки".

Сартаванне шляхты на два лагеры падмацавалі бізуном i пернікам. Пры вайсковых гарнізонах стварылі 12 вайсковых магазінаў. Кожны з іх поўнілі 21 тыс. чвэрцяў збожжа i 64125 пудоў сена - прыблізна на 40 тыс.руб. срэбрам. Вываз хлеба за мяжу быў прыпынены, пакуль "не будут обеспечены наши войска". Грошы за правіянт i фураж выдавалі толькі лаяльным пастаўшчыкам, а з астатніх бралі кантрыбуцыяй або гвалтам. Планавалася нават забараніць вінакурэнне тым, хто адмовіцца ад рэквізіцыяў або пры недахопе грошай у дзяржаўным скарбе.

Хаця З.Чарнышоў планаваў апанаваць край у траўні - чэрвені 1772 г., аднак М.Панін падаў абгрунтаванне анексіі толькі 21 траўня. Свае вялікадзяржаўныя доказы царская рада ўхваліла 11 чэрвеня разам з маніфестам i дзкларацыяй. Акружэнне Кацярыны ІІ выказала прэтзнзіі на 825 208 дзесяцін "лутчей и плодоноснейшей земли", якія з 1712 г. трымала Рэч Паспалітая. Гэты абшар абвяшчаўся "издревле России принадлежавшим с 1523 года". Да гэтага дадалі фiнąнcaвыя страты за ўтойванне 300 тыс. расейскіх уцекачоу i розныя гандлёвыя перашкоды. Уся шкода расейскай дзяржаве i памешчыкам ацэньвалася ў 21 млн.руб. Гэтыя рэпарацыі Рэч Паспалітая мусіла задаволіць добраахвотнымі тэрытарыяльнымі саступкамі, каб усё выглядала "без компрометирования в публике и было только следствием насильственного угнетения" папярэдняй дзяржавай. Сам З.Чарнышоў тлумачыў, што далучэнне патрэбна "не по договорам, но оружием либо по правам имеющихся... В удолетворение тех претензий, каике Россия от Польши из давних лет имеет...".

Між тым камплектаванне акупацыйнага корпусу сустракала цяжкасці з-за дэзерцірства рэкрутаў. Іx месца занялі 5 тыс. башкіраў, якія вылучаліся асаблівай жорсткасцю. Нарэшце, 13 жніўня 1772 г. З.Чарнышоў атрымаў загад увесці войскі ў Беларусь паміж 1 - 7 верасня 1772 г. i пасунуць фармаванні ажно пад Берасце.

Пасля дамоўленасці з Прусіяй i Аўстрыяй аб долях захопу кожным манархам у лютым 1772 г. Пецярбург адсунуў раздзельную мяжу з левабярэжжа Дзвіны ў Полацкім ваяводстве на ўсход, на ўскрай Аршанскага павета. Новую граніцу сумесная камісія зацвердзіла на месцы ў 1775 г., бо на той год сойм Рэчы Паспалітае мусіў узаконіць захоп. Расейская доля набыцця адразу атрымала назву "атрыманых... далучаных ад Польшчы, ...беларускіх" у адрозненне ад астатніх земляў - "Литвы" або "Польши". Яшчэ да соймавай згоды 28 траўня 1772 г. Кацярына II распарадзілася пачаць у верасні практычныя дзеянні для замацавання набытых земляў як "издревле к империи законно принадлежащих", іx падзялілі на Пскоўскую i Магілёўскую губерні. Новапрызначаным пскоўскаму губернатару М.М.Крачэтнікаву i магілёўскаму М.В.Кахоўскаму загадвалася сакрэтна апісаць далучаную тэрыторыю дзеля ўвядзення новай адміністрацыі i абкладання. Губернатары мусілі да 15 студзеня прывесці жыхароў да вернападданай прысягі, вызначьщь колькасць падатковага насельніцтва, велічыню дзяржаўнага зямельнага фонду i яго даходы, віды i праўны стан землеўладанняў, інвентарызаваць маёмасць езуітаў, акрэсліць стан гандлю i заняткі жыхароў, закартаграфаваць землі i падзяліць ix на паветы адпаведна агульнаімперскаму ўзору.

Усё тое рабілася пад сакрэтам i спрытна, каб паставіць сойм Рэспублікі перад фактам акупацыі i атрымаць ад яго толькі фармальную санкцыю ў выглядзе добраахвотнага сыходу сойму i караля, а таксама дамагчыся адначасовай добраахвотнай прысягі новападданых. Усё мела выглядаць як мірнае i добраахвотнае "присоединение". Ажыццяўляў першасныя акцыі згаданы З.Чарнышоў, пастаўлены царскім намеснікам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі спачатку на два гады. За абачлівасць i кемлівасць ягоныя паўнамоцтвы падоўжылі да 1772 г. Як кіраўнік ваеннага ведамства імперыі З.Чарнышоў распачаў сваю дзейнасць армейскімі сродкамі i пры дапамозе адпаведных кадраў. Дадатковыя войскі ўводзілі на захоплены абшар пад нагодай "справедливой импортации" (размеркавання) фуражу i правіянту. Адразу разгарнулі дывізію або палявы корпус (звыш 10 тыс. чал). З ix на пастаянную дыслакацыю або гарнізонамі паставілі батальёны ў Дынабургу, Старым Быхаве, Віцебску, Полацку, Рагачове, Сянне (кожны па 807 чал. у складзе 6-ці рот). З прычыны некамплекту яны лічылі ў 1792 г. 4824 чал., у 1795 г. - 6094. З-за адсутнасці чыноўнікаў уведзеныя армейскія злучэнні выконвалі розныя гаспадарчыя паслугі, вайскоўцамі запаўнялі кіроўныя пасады губернскіх установаў.

Прысяга i новы падушны ўлік насельнікаў праводзіліся разам. За адмову ад вернападданай прысягі шляхце i духавенству прыгразілі канфіскацыяй маёмасці i прымусовым высяленнем за мяжу ў трохтыднёвы тэрмін. Лічылі насельніцтва вайсковыя каманды на падставе вусных i дакументальных дэклярацыяў уладальнікаў, але з абавязковым пацверджаннем ix сапраўднасці прыходскімі святарамі. Апошнія падпісвалі прысяжныя лісты за непісьменных, асабліва сялян.

Новая ўлада жорстка абышлася з праціўнікамі. У Сібір, што праўда, не высялялі. Аднак прыватныя войскі магнатаў запісалі ў дваровыя - гэта значыць распусцілі i аддалі на ўтрыманне гаспадарам. Фальваркавую паслугу (войтаў i інш.) абклалі сямігрыўнавым акладам (70 кап. срэбрам), а зямян - 40-алтынным (1 руб. 20 кап.). Ад падушнага падатку вызвалілі беззямельную шляхту, што служыла ў панскіх дварах, ды маёмную шляхту, якая не мела сялян. Можна ўявіць, які поспех займела сярод дробнае шляхты гэтая ўрадавая акцыя. Бо царызм засцярог яе ад зраўнавання з прыгонным людам. Да таго ж пры рэвізіі жыхары ваколіц лічыліся асобнымі спісамі, якія падавалі самастойна "с подробным описанием фамилий, гербов и со всеми свиде­тельствами" аб сваім непадатковым становішчы i высакародным паходжанні. Так распачаўся г.зв. разбор шляхты, якой у 1782 г. на далучанай тэрыторыі лічылася больш як 24 тыс. чал. Сартаванне рабілі з мэтай, "чтоб впредь без высочайшей воли никто себе тем (дваранскім. - Я.А.) достоинством не почитал и потому бы принадлежащим только дворянству правом, кроме действительных дворян, не мог никто пользоваться".

Можных жа паноў новы ўрад прыхіліў да сябе тым, што абвесціў пададзеныя рэвізскія даведкі вечнымі прыгоннымі актамі на запісаныя ў ix сялянскія душы. А паколькі падліковыя каманды пісалі ўсіх "где кого ревизор застал" ці пажадаў застацца, то гэта падахвоціла ўласнікаў запрыгоніць за сабой чужых сялян - наймітаў, розныя станы раней вольных людзей (чыншавую шляхту, іншаземцаў, зямян, вольнаадпушчаных, бабылёў, нават мяшчан i гэбраяў). Такіх людзей у 1782 г. сам Чарнышоў налічыў 12 тыс. чал. Заняволеныя змагаліся за вяртанне ранейшага становішча, часам праз уцёкі.

Пасля рэвізіі ўсялякія самавольныя пераходы ападаткаваных душаў забараняліся, а дзеля кантролю за ix рухам уводзілася пашпартная сістэма. Пашпарты друкавалі ў Пецярбургу, прыблізна па 20 тыс. штогод, выдавалі ix на прамысловы адыход самі ўладальнікі. У гарадах дазвол давалі магістраты. Па ваколіцах паставілі выбарных "начальнікаў". Недазволены выхад з месца запісу расцэньваўся як уцёкі, жабрацтва i бадзяжніцтва, што вяло да непажаданых сварак за рабочыя рукі, да недабору падаткаў, разладжвала фіскальную сістэму дзяржавы. Таму новая ўлада звязала падначаленыя ўстановы i жыхароў кругавой адказнасцю за парушэнне новых парадкаў. Дзеля гэтага сам З.Чарнышоў загадаў надзяліць бабылёў зямлёй на дзяржаўных уладаннях ці здаць ix у работнікі заможным гаспадарам. З таго часу бабыльства змяняецца новай праслойкай - дваровымі, якія ў 1782 - 1785гг. складалі каля 0,03% усіх сялян. Калектыўную адказнасць за прадухіленне вольнага руху неслі практычна ўсе насельнікі.

Вынікі рэвізіі расчаравалі пецярбургскі ўрад, які лічыў, што вяртае тэрыторыі, населеныя "по большей части ее [Расеі. - Рэд.] подданными, привлекавшимся путем всяких соблазнов и набегов на русскую землю и насильственного похищения ее жителей польской стороной". З усіх зарзгістраваных 1,2 млн. чал. выхадцаў з Масковіі налічылася толькі 1%. I тут выявіўся сапраўдны намер акупантаў. Расейскія памешчыкі займелі права не вывозіць назад сваіх уцекачоў, а проста закладваць ix пад банкаўскія пазыкі. Дзеля гэтага ўказам ад 15 лістапада 1776 г. дваранскім банкам загадалі не адрозніваць беларускіх падданых ад вялікарасейскіх. З таго часу ў Беларусі расквітнеў гандаль людзьмі i продаж ix без зямлі.

Асабліва ходкім таварам аказаліся выхадцы з межаў Рэчы Паспалітай, якія спакусіліся царскімі маніфестамі аб амністыі з дазволам запісвацца ў гарадскія таварыствы беларускіх губерняў. З 1779 да 1792 гг. толькі ў Полацкую губерню вярнулася 10 тыс. чал. - пераважна галота, якая тулялася "в Польше и Литве" сярод чорнарабочых. Пагнала ix адтуль уведзеная у 1789 г. соймам Рэчы Паспалітай рэкруцкая павіннасць. Беларускія ж магістраты пазбаўляліся ix з-за боязі крадзяжоў i дармаедства. А на мяжы гэтых людзей пераймалі армейскія вярбоўшчыкі. Адбывалася гэта так. Гандляр душамі паіў, карміў вяртальніка... i закоўваў у жалеза. Або пісаў таго сваім дваровым i тую квітанцыю даваў расейскім уладам пры надыходзе ягонае чаргі на пастаўку рэкрута. Так памешчыкі набывалі прыгонных, а расейская армія... некамплект i мёртвыя душы. Такая хітрая практыка дазваляла расейскаму дваранству пазбавіць уласныя ўладанні ад цяжару рэкруцкіх пабораў за кошт беларускага сялянства, а мясцовыя паны гэткім чынам пазбаўляліся непрацаздольных. Згаданая сістэма дазваляла да пары (да 1794 г.) не ўкараняць на далучанай тэрыторыі рэкрутчыны. Пасля поўнага заняцця беларускіх земляў расейскім уцекачам не стала дзе хавацца ад урадавага вышуку i рэвізскага ўліку. Гэта i дазволіла ўвесці тут рэкруцкае ярмо на галаву беларускага селяніна.

Рэвізія i апісанне далучанай тэрыторыі мелі мэтай таксама ўвесці новы тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел на адзінкі з падобнай колькасцю рэвізскіх душаў. Пскоўская i Магілёўская губерні адразу былі падзеленыя на правінцыі на чале з ваяводамі, набранымі пераважна з камандзіраў раскватараваных войскаў. Паводле ўказу ад 22 ліпеня 1773 г. правінцыі падзялілі на паветы па 20-30 тыс. рэвізскіх душаў кожны. Велічыні паветаў пераразмеркавалі ў 1776 г. паводле "Учреждения для управления губерний" (1775 г.). У 1777 г. утварылі Полацкае намесніцтва (губерню) у складзе 11 паветаў i Магілёўскае - з 12 паветаў, але ўжо без правінцыяў.

Сэнс перабудовы быў у наступным. Са скасаваннем у 1772 г. ранейшых ваяводстваў i паветаў знікалi адпаведныя ім судова-адміністрацыйныя структуры, у тым ліку i шляхоцкія соймікі як органы рэгіянальнага самакіравання, немагчымыя ў самадзяржаўнай краіне. Утварэнне правінцыяў перад падзелам на паветы ставіла мэтай адразу запоўніць кіраўнічую адміністрацыю расейскімі кадрамі.

Генерал-губернатар або намеснік, надзелены неабдымнымі паўнамоцтвамі, залежаў непасрэдна ад царыцы i засядаў у Сенаце падчас знаходжання ў Маскве. З.Чарнышоў наогул кіраваў Беларуссю з уласнага родавага маёнтка Яраполч, што за 130 км ад Масквы. Наязджаў на падначаленую тэрыторыю ён толькі дзеля сустрэчы каранаваных асобаў i надзвычайных распараджэнняў. Чарнышоў надта любіў цырыманіялы, помпу i нямецкі - прускі - парадак. У Магілёве ён паставіў сабе сапраўдны царскі трон, а паштовыя тракты абсадзіў так, што яны нагадвалі "сады".

З.Г.Чарнышоў

Непасрэднае кіраўніцтва на месцах ажыццяўлялі губернатары (правіцелі), пераважна генеральскага звання, людзі зазвычай пажылыя i трупехлыя, але выхаваныя ў кавалерыйскіх сёдлах захопнікаў. Згодна штатнаму раскладу 1772 г., правіцелі ўзначальвалі губернскую канцылярыю ў складзе 247 чал., якія выконвалі распараджэнні i намесніка, i Сената, i імператарскага двара. Тут даводзілася круціцца i трымаць нос па ветры. Для неадкладных камандаў правіцель трымаў 132 вайскоўцаў, у тым ліку 112 шараговых. Фінансамі распараджалася камерная экспедыцыя (пазней - казённая палата) на чале з дырэктарам дамаводства i ў складзе 55 чыноў. Крыгс-камісар на чале 5 чал. даглядаў мытні (у кожнай - 24 штатныя адзінкі i 28 аб'ездчыкаў) i заставы (12 вартаўнікоў мяжы i 24 аб'ездчыкі). Кватараваннем i забеспячэннем войска займаліся правіянцкі магазін (20 чал.) i правіянцкі дзпартамент (5 чал.). Увесь штат, прыкладам, Пскоўскай губернскай канцылярыі лічыў 379 чал., на якіх выдаткоўвалася чвэрць губернскіх даходаў .

У правінцьіях расейскую адміністрацыю складалі таксама канцылярыі - блізу 450 чал.,кожная на чале з ваяводам, i пастаянныя гарнізонныя батальёны. Апошнія былі пастаўленыя ў Полацку, Віцебску, Дынабургу, Талачыне, Рагачове, Хіславічах. Кожны батальён меў 595 шараговых, якіх дапаўняла рота інвалідаў (ветэранаў). Агулам першы штат царскай улады у абедзвюх губернях лічыў больш за 9 тыс. чал. Усе пасады запаўняліся простым прызначэннем з маскоускага Сената паводле рэкамендацыяу намесніка i правіцеляў губерняў. У хатнія справы шляхоцкага саслоўя царызм умешваўся рэдка. Іx вырашалі правінцыйныя земскія суды ў складзе двух суддзяў, рэгента i пісара. На кожную губерню прыходзілася 12 такіх суддзяў. Свае чыннасці з расейскай адміністрацыяй земскія суды вялі на расейскай мове а ўласныя рашэнні афармлялі на польскай. Суддзі абіраліся з мясцовых абываталяў, але ix прызначэнне залежала ад волі вышэйшай улады (ваяводаў i губернатараў). Разам з падзелам правінцыяў на паветы i ўсталяваннем двухступеннай сістэмы кіравання (губерня-павет), што распачалося пасля 22 ліпеня 1773 г., для шляхты адчыніліся дзверы i да губернскіх пасадаў. Выбары ў вышэйшыя, ніжэйшыя земскія i павятовыя суды рэгламентавала спецыяльная працэдура, якая нагадвала шчыльнае сіта, праз якое не мог праскочыць ніводзін ненадзейны кандыдат. Пасля 1778 г. мясцовае шляхоцтва атрымала магчымасць выбіраць павятовых i губернскіх прадвадзіцеляў дваранства для рэпрэзентавання сваіх краевых i карпарацыйных інтарэсаў. Новая ўлада надта клапацілася, каб на выбарныя пасады трапілі асобы, якія б маглі адказваць уласнай маёмасцю. Таму ў 1773 г. да дваранскіх выбараў дапусцілі шляхту, якая мела больш як 10 прыгонных. Затым у 1782 - 1785 гг. выбарчых правоў пазбавілі тых, хто трымаў чужых сялян праз залог-заставу i арэнду. Уведзеныя цэнзавыя абмежаванні выкраслілі немаёмную шляхту з палітычнага жыцця - гэтаксама, як пазней тое ж зробіць сойм Рэчы Паспалітай 1788 - 1792 гг. Аднак гэтым разам не выявілася ніякай апазіцыі ці адпору.

З самага пачатку царызм дэкляраваў нязменнасць саслоўных правоў. Аднак урад Кацярыны ІІ афіцыйна не прызнаваў Статуту Вялікага Княства Літоўскага ў якасці крыніцы права. У 1785 г. у Магілёве яго для даведак расейскіх чыноў пераклалі на расейскую мову. Хаця земскія суды кіраваліся статутавымі нормамі, аднак апошнія даўно састарэлі i мелі абмежаваны ўжытак. Царская адміністрацыя магла прыпыніць або наогул забараніць выкананне ўсялякага рашэння шляхоцкіх выбарных суддзяў, калі яно пярэчыла імперскаму заканадаўству. Усе спрэчкі i скаргі спачатку апеляваліся ў Юстыц-калегію Ліфляндскіх, Эстляндскіх i Фінляндскіх справаў пры Сенаце (нешта накшталт вярхоўнай юрыскансультацыі), а з 1780 г. - у спецыяльны беларускі дэпартамент. Апошні практычна разгледзеў толькі адну справу. Як непатрэбны інстытут яго зачынілі ў 1782 г., а права канчатковых рашэнняў перадалі агульнасаслоўным губернскім палатам грамадзянскага i крымінальнага судоў (верхнім земскім судам), якія для прысуду чакалі рэзалюцыі губернатара. Згаданы тыпова імперскі, а не дэкляраваны статутавы, парадак судаводства дазваляў царызму надзейна кантраляваць паводзіны шляхты.

М.М.Крачэтнікаў

Аднак шляхта паспрабавала-такі не скарыцца. Асаблівае абурэнне ў яе выклікала ўвядзенне ў 1773 г. пасадаў соцкіх i дзесяцкіх, абіраных з сялян у дапамогу расейскім ваяводам ды камісарам. Апошнія камісарылі здзекліва, маглі пакараць кожнага фанабэрыстага шляхцюка з дапамогай ягонага ж уласнага прыгоннага. Незадаволенасць дробнай шляхты выдатна скарысталі мажнаўладцы, адсунутыя ад вагароў улады расейскімі чынамі. Падчас выбараў у 1776 г. земскіх суддзяў мсціслаўскай правінцыі аршанскі стараста І.Язафовіч i камергер польскага двара І.Галынскі падбілі незадаволеных на калектыўны пратэст супраць гвалтаў тамтэйшага губернатара М.Кахоўскага.

Апошні публічна назваў павадыроў пратэсту "пугачоўцамі i бунтаўнікамі" i забараніў павятовым прадвадзіцелям без ягонага дазволу склікаць шляхту "для совещания об общественных надобностях", а тым больш скардзіцца "наверх". Намеснік заявіў, што з часу далучэння ўдвая выраслі пасевы жыта, што памешчыкі замест 1 руб. з сялянскай душы зараз бяруць 3 руб. падатку, што свае вёскі яны цяпер прадаюць утрая даражэй дый няма недабораў. Маўляў, пры такой спрыяльнай уладзе скаргі беспадстаўныя. Сенат валаводзіў справу да 1780 г., імкнучыся ўзгадніць забарону самавольных шляхоцкіх сходаў з папярэднім заканадаўствам Рэчы Паспалітай. Дзеля гэтага скарысталі статутавае палажэнне, паводле якога павятовыя соймікі склікаліся каралямі i мелі трымацца вызначанай тэматыкі. Сенат увогуле забараніў склікаць тыя соймікі без царскага дазволу. Пакрыўджаныя маглі скардзіцца асабіста, але не калектыўна. Агульныя інтарэсы дазвалялася з таго часу рэпрэзэнтаваць толькі губернскім i павятовым прадвадзіцелям.

Менавіта яны складалі спісы выбаршчыкаў, якія прыбывалі ў губернскі горад на выбары прадвадзіцеляў. Выбары пачыналіся з выслухоўвання прамоваў намесніка i губернатара i поўнага тэксту Установы для кіравання губернямі. Пасля выбаршчыкі ішлі шыхтом (па два ў рад) у царкву служыць урачысты малебен дый складаць прысягу перад Усявышнім. Урачыстасць віталі званамі й гарматамі. Затым на раздзельных паседжаннях прадстаўнікі кожнага павету выбіралі свайго прадвадзіцеля i земскіх суддзяў. Кандыдатаў балатавалі чорнымі i белымі шарамі. Вынікі зацвярджалі губернатары. У апошні дзень пад гарматныя громы губернскі дваранскі сход выносіў агульныя пастановы i пажаданні, якія да ног царыцы адвозіла спецыяльная дэпутацыя.

Новая ўлада дамаглася паслухмянасці дзякуючы секвестру i канфіскацыям уладанняў. На працягу 1772 - 1775гг. у дзяржаўны скарб было забрана 45 маёнткаў пятнаццаці можных асобаў (гл. табліцу).

ПАМЕРЫ СЕКВЕСТРУ 1772 ГОДА (СЯЛЯН-МУЖЧЫН)

Уласнік

Уладанне

У мястэчках

У вёсках

Разам

хрысціян

гэбраяў

хрысціяй

гэбраяў

І.Агінскі

(кашталян

віленскі)

Бялынічы

468

167

1090

1725

Стараселле

192

60

252

Коханава

133

5

1212

1350

Мікуліна

237

80

3891

42

4250

Копысь

521

6

527

Калышкі

270

1731

2001

І.Агінскі

(стараста дзярэчынскі)

Рудня

135

95

607

180

1017

Лёзна

256

192

1313

80

1841

М.Агінскі

(гетман)

Круглае*

258

70

2519

15

2862

Паўловічы

119

3

122

Кс.Агінскі

(стражнік)

Вяледзічы i Тадуліна

1100

16

1116

Л.Пацей

(стражнік)

Яновічы

380

249

6455

26

7203

Астроўна

121

138

3697

26

3982

Кадзін

251

90

2004

14

2359

Расна

71

194

338

712

Беразятня

473

480

А.К. Сапега (ваявода)

Прыдруйск

4

70

2532

28

2804

Дуброўна i Ляды

767

722

15726

87

18602

К.Радзівіл (ваявода)

Копысь*

794

248

6436

327

7805

Раманава*

173

74

1779

64

2090

Невель*

1013

123

9846

192

11174

Себеж*

349

52

4617

88

5106

Тарантова*

3006

3006

Казадаўе*

182

182

А.Чартарыскі (канцлер)

Буева*

1104

9

1113

Серуты*

488

9

497

Шклоў*

12150

12150

І.Якавіцкі

Дабея

120

120

Л.Пац (пісар)

Галаўчыно* i Княжыцы*

557

191

6822

106

7676

Мнішка (маршалак)

Халаблін*

64

5

69

Г.Аскерка

Эйзбахаўшчына

1015

49

1064

Л.Борх

Рамшына

11947

12257

Друцкія-Любецкія

Любавічы*

420

215

3233

24

3892

Я.Юдыцкі

Хелч*

226

226

Разам прыватных

8019

3035

108234

2212

121500

Віленская капітула

Стрэшын*

2926

2926

Сорыца*

2754

2754

Падгор'е

1986

1986

Рэжыцкая плябанія

1241

1241

Чэпельская плябанія

1986

1986

Гуфы базылянаў

Махрова*

147

147

Горспля*

203

203

Парэчча*

161

161

Разам духоўных

11404

11404

Разам дзяржаўных

143067

143067

Агулам

8019

3035

262705

2212

275971

Складзена паводле: БЭФ, Мн., 1961. Т.З. С.42 - 43; РБАСА, ф.248, воп.64, спр.5607, арк.96, 137, 430, 451, 516, 662 - 669, спр.5625, арк.170. 790; НГА РБ, ф.3219, ВОП.1, спр:2035, арк.1 - 21
* Уладанні, цапкам адабраныя ў дзяржаўны скарб.

З прыведзеных звестак вынікае, што ў нелаяльнай знаці царызм адабраў 108 234 сялян-мужчын, або амаль палову (48%) зарэгістраванага сялянства. Але пасля хадайніцтваў ранейшым гаспадарам было вернута 46102 душаў, ці палова секвестраванага. Другая палова разам з дзяржаўным сялянствам была падараваная высокім дастойнікам ды чыноўнікам з унясеннем 10 кап. за даравальную грамату. Граматы выдавалі за ваенныя подзвігі, службовую стараннасць, адданасць трону, асабістыя паслугі, у гонар урачыстасцяў венцаноснага дома. Напрыклад, контр-адмірал Ф.Ушакоў атрымаў 500 душаў з Гомельскага староства "за оказанные им искусства и храбрость", адмірал В.Я.Чычагаў - 1388 сялян "в награждение долговременной и усердной службы". Адным з першых атрымаў буйное падараванне (3902 душы сялян Нішчанскага, Ліснянскага i Клясціцкага войтаўстваў) кіраўнік дыпламатычнай падрыхтоўкі першага падзелу Рэчы Паспалітай i задушэння паўстання Е.Пугачова граф М.І.Панін. Перад самай смерцю, 24 сакавіка 1779 г., ён прадаў царскую ўзнагароду свайму сакратару, вядомаму драматургу Дз. Фанвізіну - усяго 350 двароў, 3183 душы сялян i 13373 дзес. зямлі. Актыўны ўдзельнік следчай камісіі для расправы над пугачоўцамі, тады малады капітан, Г.Р.Дзяржавін атрымаў 321 душу сялян.

Быў адораны царскай ласкай прыдворны Алімп. Пералічу найбуйнейшыя падараванні: Г.Р.Пацёмкін - 10912 двароў, 78854 сялян абодвага полу, 110740 дзес., С.Г.Зорыч - 3453 двароў, 25132 сялян, 85580 дзес., І.М.Рымскі-Корсакаў - 1548 двароў, 11196 сялян, 71862 дзес., З.Р.Чарнышоў - 1565 двароў, 12502 сялян, 115152 дзес., А.А.Безбародка - 307 двароў, 2829 душаў, 22307 дзес., К.Р.Дашкава - 326 двароў, 5354 душаў, 16410 дзес., М.В.Кахоўскі - 297 двароў, 1710 душаў, 7531 дзес. i г.д. Увогуле Усходняя Беларусь стала палігонам насаджэння расейскага землеўладання. Кацярына II раздала тут 155 440 сялян-мужчын - 77% усіх яе падараванняў.

Паводле спісаў 1782г. усе 120 расейскіх саноўнікаў i дваран складалі толькі 2% землеўладальнікаў. Трымалі яны 168424 сялян (36% памешчыцкіх сялян) i звыш 2,1 млн. дзес. зямлі, ці 30% далучанага абшару. Гэтыя падарункі азмрочваліся даўгамі, спагонамі ды спрэчкамі папярэдніх трымальнікаў i спадкаемцаў. Існавала пагроза ix адчужэння праз мясцовыя суды ў ранейшыя рукі. Каб таго не адбылося, у 1777 г. урад абвесціў усё секвестраванае ды сканфіскаванае неадчужальным да часу Генеральнага межавання. Апошняе ў 1783 - 1785 гг. выканала Смаленская межавая кантора, якая правяла суцэльнае вымярэнне, картаграфаванне i статыстычнае апісанне земляў. Усе ўладальнікі самі або праз давераных распісаліся ў межевых дакументах за сапраўднасць дзеянняў землямераў. Тым самым яны добраахвотна i пад калектыўнаю парукаю прыраўнавалі насаджанае расейскае землеўладанне да спрадвечнага тутэйшага. Такія вось хітрыкі адных i згодлівасць другіх дазволілі паслядоўна зрусіфікаваць існы зямельны лад ды падарваць шляхоцкае саслоўе.

М.І.Панін

Праўда, пры арышце збанкрутаваных гаспадарак, пры сялянскіх хваляваннях, сваволі гаспадароў царызм умешваўся ў дачыненні між панамі i сялянамі. Дзіўна, але да Паўла I такіх хваляванняў амаль не было. Гэта тлумачыцца насаджэннем эканомікі сацыяльнай філантропіі: новападданым далі часовыя падатковыя льготы, утварылі багадзельні для калек i ўбогіх, на іхнае ўтрыманне збіралі харч i дровы, забаранялі вывозіць хлеб, калі здараўся неўраджай, заводзілі вясковыя запасныя крамы на ўтрыманне заняпалых i згалелых сялян i г.д. Падчас рэвізіі 1772 г. М.Крачэтнікаў збіраўся акрэсліць памеры сялянскіх надзелаў i павіннасцяў, каб абмежаваць уціск адзінаверных. Але хутка амовіўся, "снисходя на просьбу шляхетсва, чтоб первыя те ведомости не сделались им затруднительны". Таму шляхта пазбегла нежаданай перспектывы прымусовага пераразмеркавання зямлі на карысць сялян i рэгулявання павіннасцяў ненавіснай Расеяй. А беларус-селянін застаўся панам сахі i касы на поўнай волі свайго пана. Так што інвентары, якімі зазвычай кіраваліся паміж сабой паны, не сталі афіцыйна прызнанымі дакументамі, абавязковымі для выканання.

У адрозненне ад папярэдняй дзяржавы, падаткі з 1772 г. сталі выбіраць з рэвізскіх душаў. За кошт увядзення падушных збораў падаткі з далучанай тэрыторыі ўзраслі з 172825 руб. срэбрам да 1,3 млн. - г.зн. у 7 разоў. Але гэта сведчыла не аб драпежніцтве царызму, а пра памеры падману скарбу Рэчы Паспалітай пры ранейшьім падворным i пазямельным абкладанні (калі не лічылі, колькі чалавек жыве ў хаце ці на зямлі). Натуральна, што знаць сустрэла навіну абурэннем. Шэраг знакамітых асобаў звярнуліся ў Пецярбург з заявай аб немагчымасці выплочваць драпежніцкія падаткі... з-за голаду i галечы сялян. Прычым апошняе звальвалі на якасць глебы i нават на гэбраяў. Каб высветліць сапраўднае становішча на месцах, Кацярына II 8 снежня 1772 г. выклікала генерал-дырэктара Ліфляндскай эканоміі барона i калежскага саветніка А.І.Энгельгарта. На чале 8 экспертаў-немцаў ён да сакавіка 1774 г. правёў рэвізію дзяржаўных уладанняў i прапанаваў шэраг захадаў для "поправления худаго домостроительства" ў вёсцы.

Камісія засведчыла гаспадарчую запушчанасць старостваў i параіла кампенсаваць падушны падатак аднаўленнем i завядзеннем фальваркаў - усё на карысць пасэсараў. Фальваркі заводзілі i каб выкараніць галечу, i каб вызваліць дзяржаву ад харчовага ўтрымання беднаты i не турбавацца аб спагнанні недабораў непапулярным гвалтам. Спаганяць мусілі самі пасэсары праз паншчыну. А паколькі трымальнікі старостваў ведалі толькі адзін спосаб кіравання - пугу ды бізун, то новая ўлада папрасіла ix ужываць цялесныя пакаранні так, каб яны "не походили на тиранство, но... были сносные и умеренные". Каля 7% дзяржаўных сялян раздалі ў бясплатнае карыстанне арандатарам, бо маёнткі былі аблытаныя даўгамі, што ў 9-10 разоў перавышалі гадавыя даходы. Сяляне проста мусілі выплаціць тыя даўгі, каб ужо затым перайсці ў дзяржаўны скарб. Зразумела, што пасэсары дзяржаўных арэндаў імкнуліся замацаваць гэтак выгадны набытак у спадчыну, а сяляне стараліся як маглі вызваліцца з-пад прыватнай залежнасці.

Каб унікнуць хваляванняў i недабораў падчас арэнды, улада заключала з пасэсарамі старостваў пяцігадовыя кантракты. Пасэсар меў здаць уладанне не разораным i без даўгоў, спаганяць якія непазбежна мусіла дзяржава. Чыноўнікі як маглі ўхіляліся ад такой перспектывы, бо за заняпаласць гаспадарак іх каралi вылічэннямі з заробнай платы. Таму ў кантрактах загадзя абгаворвалі перыядычную рэвізію арандаваных маёнткаў з апытаннем сялян. Пры справядлівасці сялянскіх скаргаў недаборы спаганялі з арандатара. Каб пераадолець боязь памешчыкаў арандаваць староствы (звычайна ўжо разрабаваныя папярэднікамі), царызм заахвочваў паншчыну.

Ц.І.Тутамлін

Адрозна ад сваіх папярэднікаў, Кацярына ІІ талерантна паставілася да 52 тыс. усходнебеларускіх гэбраяў, бальшыня якіх жыла ў вёсках, а не ў мястэчках ці гарадах краю. Праўда, напачатку мясцовыя ўлады спакусіліся зваліць на ix "поголовное убожество" сялян. Бараніць адзінапляменнікаў пры царскім двары ўзяўся магілёўскі купец Б.Шпеер. З ягоным актыўным удзелам i пад старшынствам пскоўскага губернатара М.Крачэтнікава ў Полацку 6 - 7 верасня 1773 г. прайшла нарада дэпутатаў ад кагалаў губерні. Яна выпрацавала Установу аб арганізацыі кагалаў, якая фактычна дзейнічала да часу знішчэння кагалаў (1884 г.). Згодна з праектам, кожны кагал узначальвалі 6 старшыняў з 3 памочнікамі. Чацвёра старшыняў выбіраліся агульным сходам падаткаплатнікаў, а два - брацтвамі рамеснікаў. У кожнай правінцыі быў свой кагал, якому падпарадкоўваліся філіі-прыкагалкі. Працэсы паміж гэбраямі i хрысціянамі разбіралі земскія суды, а духоўныя справы вырашалі рабіны з уласнымі суддзямі. Выбары суддзяў ва ўсе кагалы былі штогадовыя. Першыя выбары ў кагалах Магілёўскай губерні адбыліся 1 чэрвеня, а ў Пскоўскай - 10 снежня 1774г. Усяго ў 13 кагалаў i 63 прыкагалкі было абрана 483 суддзі.

Гэбрайскім грамадам нядоўга давялося зведваць карысці ад захавання сацыяльнай аўтаноміі. Прапінацыя (права вінакурэння i продажу напояў) раней лічылася традыцыйнаю прэрагатываю шляхты. 30 снежня 1772 г. Чарнышоў дазволіў прапінацыю ўсім асобам свецкага i духоўнага стану, акрамя дробнае шляхты. Для карыстання гэтым правам было дастаткова заплаціць спецыяльны вінакурны падатак з колькасці рэвізскіх душаў. У гарадах i мястэчках вінакурэнне на водкуп здавалі магістраты, а ў паветах - памешчыкі. Паколькі ў 1779 г. гэбраям дазволілі запісвацца ў купцы i мяшчане наваствораных гарадоў Полацкай i Магілёўскай губерняў, то паміж магістратамі i дваранамі разгарэлася барацьба за гэбраяў-падаткаплатнікаў.

Пасля выбараў прадвадзіцеляў у 1779 г. дваранскія сходы запатрабавалі захаваць прапінацыю за шляхтаю, бо скардзіліся, што гарады марнуюць палову ўраджаю i тым даводзяць сялян да галечы. Гарадскія магістраты кінуліся бараніць свае старадаўнія прывілеі, але коштам выключэння з ix гэбраяў. Хрысціянская верхавіна гарадоў адмаўляла гэбраям у прапісцы як дарэмным утрымальнікам, выганяла з пляцаў i сядзібаў, не дапушчала да выбарных пасадаў i вінных водкупаў i г.д. Цар не прыняў боку пакрыўджаных, хаця задаволіў некаторыя іхныя скаргі. У 1786 г. гэбраяў пазбавілі права вінакурэння ў гарадах, дазволіўшы трымаць корчмы i шынкі па панскіх маёнтках з умовай "не отвлекать крестьян" ад паншчыны, - прасцей кажучы, не спойваць ix.

Аднак памешчыкі разгортвалі ўласнае вінакурэнне ды марнавалі грошы. Практычна палова дзяржаўных сродкаў асядала ў бязмерных панскіх кішэнях, што, разам з няспыннымі захопніцкімі войнамі, спрычыніла рост бюджэтнага дэфіцыту. Яго пагашалі бесперапынным выпускам папяровых асігнацыяў. Золата i срэбра знікалі з абарачэння. Квітнелі фальшываманецтва ды кантрабанда, апошняя - асабліва на мытнях беларускіх губерняў, дзе замежныя тавары прапушчалі без мыту. Паколькі тутэйшыя гэбраі актыўна пасярэднічалі ў замежным гандлі, дык яны i трапілі ў спіс галоўных злачынцаў i кантрабандыстаў.

Судны дзень надышоў у кастрычніку 1789 г., калі ў Маскве ў магілёўскага купца Вольфа Мойшавіча знайшлі 700 руб. падробленых асігнацыяў. Маскоўскае купецтва скарыстала момант i запатрабавала забараніць гэбраям запісвацца ў расейскіх гарадах на жыхарства як несумленным гандлярам. Кацярына II загадала беларускаму намесніку П.Пасеку знайсці i знішчыць "гнездо" фальшываманетнікаў у Шклове ці каля мяжы з Польшчай. Але марна. Тады ўлады вырашылі штогод рабіць генеральны ператрус усіх кірмашоў ды лавак імперыі, каб выкараніць кантрабанду й злодзеяў. Першую рэвізію зрабілі ў Маскве, але тутака знайшлі запісанымі ў купецтва толькі трох гэбраяў. Справа набыла галоснасць, бо канфіскацыя тавараў спыняла гандаль ды наносіла страты. Дый ці варта тады наагул штогод спыняць увесь гандаль дзяржавы з-за нейкіх там гэбраяў? I царскія ўлады сталі на звыклы шлях забаронаў. 23 снежня 1791г. Кацярына II забараніла гэбраям запісвацца ў грамадзянства расейскіх гарадоў. Яны маглі жыць толькі ў межах беларускіх i іншых заходніх губерняў. Так усталявалася знакамітая мяжа аселасці.

Я.Сіверс

З першых дзён далучэння новая ўлада запэўніла ўсе станы жыхароў у захаванні не толькі маёмасных правоў, але i свабоды веравызнання. Аднак да далучаных земляў паставіліся як да пераважна праваслаўных, з часу вуніі XVI ст. гвалтоўна або падманам адарваных ад адзінавернай Расеі, а насельніцтва ix захавала ў сэрцах нястомнае жаданне зноў вярнуцца да веры продкаў. Між тым падушныя перапісы паказалі іншае. Паводле стану на 1782 г. каталіцтва вызнавала 114 тыс. вернікаў (9%), лютэранства - 5 тыс. (0,5%), праваслаўе - 481 тыс. (38%), але палова насельніцтва (665 тыс., ці 52%) была ўніятамі. Матэрыяльны стан канфесіяў розніўся вельмі значна. У тым жа 1782 г. 674 духоўнікі-каталікі трымалі 474439 сялян i 255460 дзес. зямлі, тады як звыш 2300 праваслаўных святароў валодалі 2717 сялянамі i 10127 дзесяцінамі. Каб зрабіць далучаную прастору сапраўды адзінавернаю, патрабавалася змяніць канфесійную структуру насельніцтва на карысць праваслаўя.

Самым моцным бастыёнам Ватыкану, які Кацярына II не адважылася закрануць, быў езуіцкі ордэн. 200 законнікаў Полацкай, Дынабургскай, Віцебскай, Аршанскай калегіяў ды 2-х рэзідэнцыяў (у Магілёве i Мсціслаўі) валодалі 40% усяе ўласнасці рыма-каталіцкага духавенства. Яны першыя прысягнулі на вернасць двугаловаму арлу, які ахаваў ix ад вынішчальнага папскага брэвэ (загаду аб роспуску ордэну ў 1774 г.). Праўда, рэктар Полацкай калегіі С.Чарневіч тады ж хадайнічаў перад уладамі аб самароспуску ордэну, які, меркавалася, пры малалікасці манаства i без падтрымкі Вярхоўнага пантыфіка "нядоўга пратрымаецца". Тады ўлады падпарадкавалі ордэн залежнаму ад ix каталіцкаму біскупу С.Сестранцэвічу. Яго ў 1783 г. зрабілі арцыбіскупам магілёўскім, чыёй касцельнай уладзе падлягалі ўсе каталікі імперыі.

З. Карнееў

Навастворанае арцыбіскупства царызм акружыў шчыльным даглядам. Каталіцкім святарам катэгарычна забаранілі схіляць у сваю веру іншаверцаў. Парафіяльных плябанаў забавязалі даносіць на замежных пастыраў, што гасцявалі ў краі. Калі ж апошнія ўязджалі без дазволу ўладаў, то ix спрытна вытуралі. У 1785 г. уладанні каталіцкай царквы былі прыраўнаваныя да дзяржаўнай маёмасці, што дазваляла сэкулярызаваць ix у кожны момант i засцерагчы ад адчужзння фундатарамі (заснавальнікамі).

Узвышэнне праваслаўя да стану паноўнага вызнання даводзілася рабіць, так бы мовіць, з нуля. Бо толькі ў адной Магілёўскай губерні ў 1772 г. праваслаўныя інакі трымалі ледзьве 2% сялян пад юрысдыкцыяй усіх цэркваў i кляштараў i самі станавіліся за саху. Субсідыі двара, заснаванне гарнізонных цэркваў, падтрымка саноўнікаў у падараваных маёнтках не змянілі сітуацыі. Вялікую надзею ўрад усклаў на Генеральнае межаванне, падчас якога збіраўся даць кожнай прыходскай царкве стандартны выдзел у 36 дзес. зямлі. Але памешчыкі-каталікі адвялі належныя нормы мізэрнай колькасці праваслаўных цэркваў. Давялося атакаваць іншаверную іерархію.

Для ўніятаў настаў судны дзень. Яшчэ ў 1767 г. ва ўрадзе ўніятаў цвёрда лічылі сектай, "отщепенцами нашей веры, отнюдь к католицкой прямо не присоединившихся". У 1780 г. канцлер імперыі А.Безбародка наважыўся "дать последний и решительный удар секте, происшедшей от хитрости папистов и от крайнего невежества наших единоверных", скарыстаўшы звальненне з пасады полацкага ўніяцкага біскупа Я.Смаржэўскага. У царскіх кабінетах вырашылі цягнуць з намінацыяй пераемніка, а тымчасам навярнуць у праваслаўе як мага больш уніятаў-сялян, якія толькі чакаюць царскага слова i падтрымкі. Рабілася тое пад выглядам апытання адшчапенцаў i ix добраахвотнай згоды вярнуцца да рэлігіі продкаў. Настроі ў прыходах высвятлялі "сколь возможно осторожнее, не говоря нигде ни о каком обращении к благочестивой церкви".

Аднак схаваць намеры не ўдалося. Шырыліся чуткі аб пагалоўным галенні бародаў. Сялян застрашалі павелічэннем аброкаў за непадтрымку ўрадавай акцыі i наагул чым толькі не пужалі. Сам перавод нярэдка гвалтам выконвалі вайсковыыя каманды. Сакрэтны вышук выявіў, што з 1772 г. вернападданую прысягу не склала палова манахаў-базіліянаў! Зачыніць уніяцкія кляштары не адважыліся, бо за надзейнасць ксяндзоў заступілася заможнае купецтва. Каталіцкі клір скарыстаў урадавы дазвол на апытанне прыхаджан-уніятаў i стаў перацягваць ix у сваю веру. Нягледзячы на цяжкасці, царызму ўдалося з 1780 да траўня 1783 г. навярнуць у праваслаўе 95 уніяцкіх прыходаў з 111573 вернікамі. У параўнанні з 1777 г. гэта было амаль двухразовае павелічэнне праваслаўнае паствы. Аднак усё роўна праваслаўе не трыумфавала, i бальшыня сялянства так i трымалася пасяродкі паміж каталіцтвам i верай "вызваліцеляў".

Далучаны край у Пецярбургу называлі Беларускімі губернямі, Белай Расеяй. Соймавая згода, вернападданая прысяга, пераважна мірнае прырашчэнне праваслаўя - усё разам мусіла пераконваць свет i нашчадкаў аб добраахвотным далучэнні насельнікаў усходнебеларускіх земляў да Расейскай імперыі. Адтуль i павялася i старанна выпястоўвалася канцэпцыя "воссоединения"...

"Запрашэнне" агрэсара

Паноўны стан ацалелай пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай усведамляў неабходнасць рашучых дзеянняў як адзінага шанцу выжыць.

Ратунку ад скону дзяржавы шукаў Чатырохгадовы (Вялікі) сойм 1788 - 1792 гг. Увасабленнем ягонае рэфармацыйнае працы стала Канстытуцыя 3 траўня 1791 г. Радыкалы замацавалі ў ёй дэкларацыю аб перадачы сялян пад апеку закона i дзяржавы. Аднак асабістую волю атрымалі толькі імігранты-новапасяленцы. Свайму ж сялянству волі не далі, баючыся агаліць панскія маёнткі. Вызваленне сялян пакінулі на асабістую ініцыятыву валадароў прыгонных, якія, натуральна, заенчылі ўжо ад самай дэклярацыі абмежавання панскага свавольства. 2 жніўня 1791 г. кароль паспяшаўся загадаць пры найменшым з'яўленні бунтоў прыводзіць сялян у паслушэнства.

Свае пастановы сойм лічыў рэвалюцыйнымі крокамі дзеля выратавання i будучага росквіту. Ён скінуў палітычны дыктат Расеі (пратэктарат) - "путы няволі i безуладдзя" - ды паабяцаў вызваліць абываталяў "ад дэспатызму мажнаўладцаў". Праўда, каб пазбавіць магнатаў звыклай кліентуры, давялося... адабраць у немаёмнай шляхты права выбарчага голасу. I хаця такім чынам касавалася векавечная шляхоцкая роўнасць, але вярхі рабілі ўсё, каб надаць прысяганню новай Канстытуцыі характар усеагульнай, аднадушнай i шумнай акцыі. Соймавыя павадыры абвесцілі праціўнікаў Канстытуцыі "ворагамі Айчыны, здраднікамі i бунтаўнікамі" дый забаранілі яе нават тлумачыць.

Атмасфера эйфарыі аказалася паказной i часовай. Соймавы замах на састарэлы лад i шляхоцкую роўнасць зноў раскалоў грамадства i стаў выгаднай зачэпкай для замежнага ўмяшальніцтва. Найбольш скарыстала з сітуацыі Расея, за якой ранейшыя соймы (1768 i 1775 гг.) замацавалі канстытуцыйнае права гаранткі i ахоўніцы існага ладу Рэчы Паспалітай. Ужо ў сакавіку 1790 г. Кацярына II пасунула 25-тысячнае войска да заходніх межаў імперыі. Сваім дыпламатам яна загадала дзейнічаць на сойме "через приятелей так, чтоб не обвинил свет нас, яко начинателей новой войны, а союзники не уклонились от соучастия" у прадугледжанай агрзсіі. З 500 дэпутатаў Вялікага сойму ў спіс надзейных хаўруснікаў Расеі трапіла 56 паслоў i 34 сенатары: інфлянцкі біскуп Язэп, кашталян Антон, віцебскі ваявода Міхал Касакоўскі, жмудскі біскуп Стэфан Гедройц, троцкі кашталян Казімер Канстанцін Плятар з братам Аўгустам, мсціслаўскі ваявода Ксавэры Хаменскі, віленскі ваявода Міхал Геранім Радзівіл, віленскі біскуп Ігнацы Масальскі, наваградскі ваявода Язэп Несялоўскі, берасцейскі ваявода Лявон Швыкоўкі, менскі ваявода Адам Хмара, з Ашмянскага павета пасол Ігнацы Хаменскі, з Браслаўскага - граф Станіслаў Мануцы i Ян Швыйкоўскі, з Лідскага - лоўчы Язэп Забела, з Аршанскага - маршалак Вінцэнт Язафовіч, з Менскага - Сымон Шыдлоўскі, а таксама літоўскі стольнік Язэп Чартарыскі i кащталян Сымон Забела. Варта ведаць гэтыя імёны.

Пасля таго, як у жніўні 1790 г. Сойм прыняў закон аб непадзельнасці тэрыторыі Рэчы Паспалітай i ўвёў пакаранне за хабар для лабіравання чужаземных імтарэсаў, каранаваныя драпежнікі прыспешылі свае ўгоды. У сакавіку 1791 г. прускі i расейскі манархі ўзгаднілі зоны анексіі тэрыторыяў Рэспублікі. Анексія мела быць кампенсацыяй за страты ў войнах супраць Турцыі i Францыі. У студзені 1792 г. царызм завершыў вайну з Турцыяй i вызваліў войскі для запланаванай інтэрвенцыі. Пецярбург разлічваў на радасны прыём з боку адзінаверцаў i на "черный народ, который... поляков господ своих ненавидит". Для інтэрвенцыі падрыхтавалі 6 конных, 10 пяхотных, 5 казачых палкоў i Эстляндскі корпус над камандай генерал-аншэфа М.Н.Крачэтнікава. Гэтую сілу забяспечылі 10-дзённым запасам харчу, які меў быць дастаўлены з Полацка, Дынабурга, Рагачова i Талачына на паўтары тысячах фурманак.

27 красавіка 1792 г. незадаволеныя магнаты падпісалі ў Пецярбургу так званы Таргавіцкі акт. Соймавыя новаўвядзенні Канстытуцыі 3 траўня там называліся гвалтоўным парушэннем кардынальных правоў Рэспублікі, якое трэць дэпутатаў навязала i самому сойму, i ўсяму народу. Перад уварваннем войскаў у ВКЛ таргавічане вырашылі стварыць лаяльныя шляхоцкія канфедэрацыі, каб інтэрвенцыю "можно было объяснить просьбою о помощи со стороны народа" i прадэманстраваць, што канфедэрацыі "составляются добровольно шляхетством, угнетенным и лишенным прав своих и вольности беззаконною и насильственною конституциею 3 мая". (Вось вам i "народ", які вечна прагнуў "яднання".) Да таго ж Кацярына II загадала Крачэтнікаву спяшацца "занять как можно скорее і более княжества Литовского", каб апярэдзіць скліканне там паспалітага рушання i не дапусціць пранікнення ў імперыю агалошанай соймам "вольности между крестьянами". Такі быў страх нават перад тым, чаго папраўдзе сойм не абвяшчаў!

Крачэтнікаў рушыў 73-тысячную армію 11 траўня 1792 г. з загаданай хуткасцю. Гэта адбылося адразу пасля пышнага святкавання гадавіны Канстытуцыі 3 траўня ў Вільні, адкуль варшаўскі Сойм запэўнівалі аб рашучасці ліцьвінаў бараніць закон i караля. Аднак рашучасці не хапіла, i літоўскае войска ратавалася панічнымі ўцёкамі з мяжы. Склікаць паспалітае рушанне Сойм не спяшаўся: упзўнены ў масавай падтрымцы сваіх рашэнняў, ён не жадаў узбройваць сялян i мяшчан ды асцерагаўся справакаваць супольнае ўварванне агрэсіўных суседзяў.

Між тым прускі манарх, ужо патаемна звязаны з Пецярбургам, адмовіўся ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. Нарада пры каралю спрабавала праз літоўскага канцлера І.Храптовіча ўлагодзіць Кацярыну II абяцаннем аддаць трон ейнаму ўнуку. Аднак царыца рашуча запатрабавала капітуляцыі i вуснамі свайго пасла Я.Булгакава абвесціла вайну. Сойм 19 траўня прыпыніў дзейнасць да перамогі i абвесціў ваеннае становішча. Але ініцыятывай ён не валодаў. Зрэшты, не ўбачылі святочнага прыёму i наездцы.

Спісы шляхты, якая выступала з антысоймавымі адозвамі i добраахвотнымі запрашэннямі царскіх войскаў у ВКЛ, збіраў генерал-паручнік Сымон Касакоўскі. Ад кіраўнікоў мясцовых канфедэрацыяў патрабавалі залучаць туды шляхту, нават калі яе будзе "хотя небольшое число". Спісы абвяшчаліся ў гарадскіх канцылярыях, каб, як пісаў Крачэтнікаў, усё выглядала "по законам древней их конституции" - так сказаць, законна i прыстойна. Праз разасланых эмісараў абвяшчалася, што царскія войскі маршыруюць "не для разорения и угнетения поселян, а выступают защитниками их вольности и охранителями от всякого угнетения". Уласнікаў запэўнівалі аб непарушнасці прыгону. Не маючы прыгонных i супакоеная адсутнасцю пагрозы зраўнавання з імі, шляхта ў бальшыні абыякава назірала за парадным шэсцем "вызваліцеляў". Патрыёты дзівіліся на ўцёкі ўласных войскаў i пыталіся: "Які-такі ёсць намер нашага войска, што адступае, будучы з непрыяцелем у роўнай сіле, перавышаючы яго мужнасцю i ахвотаю?"

11 чэрвеня паў Нясвіж з 500 гарматамі, 1569 стрэльбамі, 277 цесакамі, 266 шаблямі, 26 бочкамі пораху. 29 афіцэраў i 803 жаўнераў прывялі да прысягі i распусцілі па хатах. Пад Шчучынам Крачэтнікаў выдаў загад, што за супраціў ён "употреблять будет войско", а палонных накіруе ў Цвер. Рэшткі літоўскай арміі пакінулі альбо практычна кінулі край без абароны.

25 чэрвеня 317 чал. стварылі канфедэрацыю Менскага ваяводства. 30 чэрвеня 500 чал. падпісалі акт Горадзенскага звязу. 8 ліпеня свае подпісы паствілі 1400 чал. Берасцейскага ваяводства. Свой корпус Крачэтнікаў размясціў так: 3 палкі стаялі па лініі Берасце - Нараў, 3 - паміж Пінскам i Горадняй, 5 - на лініі Слуцак - Наваградак - Ліда - Вільня. Крачэтнікаў неадкладна паведаміў царыцы, што зараз "в целой Литве не найдется таких, кои бы способны были предпринять что-либо против покровительствуемой конфедерации".

Генеральную канфедэрацыю ВКЛ абвесцілі ў Вільні 14 чэрвеня 1792 г. пад старшынствам вялікага літоўскага канцлера Аляксандра Сапегі. Абраны польным гетманам княства С.Касакоўскі адвёў на прысягу гэтай канфедэрацыі 2 тыдні. Дэпутатам i прыхільнікам Вялікага сойму далі 2 месяцы скласці рэцэсію (адрачыся ад падтрымкі Сойму) пад пагрозай секвестру маёмасці. Гетман загадаў хапаць "агітатараў вольнасці сялян" як бунтаўнікоў i адсылаць ix на суд канфедэрацыі. Гараджан, местачкоўцаў i гэбрайскія кагалы заахвочвалі даносіць на тых, хто абцяжарваў ix новымі соймавымі падаткамі. З "праціўнікамі волі літоўскага народу" Касакоўскі патрабаваў абыходзіцца як з "партызанамі i няпрыяцелямі сваёй Айчыны". Духавенства мусіла 4 тыдні бласлаўляць абаронцаў "рэспубліканскіх свабодаў" i абвяшчаць забарону распаўсюджваць лісты супраць "Вольнай канфедэрацыі ВКЛ"

Праўда, неўзабаве водцы канфедэрацыі ўбачылі "на амбонах касцельных не апосталаў... а партызанаў, а ў некаторых плябаніях не пастыраў, а бунтаўнікоў". Ксяндзам параілі не блытаць палітыку з догмаю, абавязаўшы "даносіць верна i сумленна на парушальнікаў публічнага спакою i тых, хто не па-людску абыходзіцца са сваімі падданымі". У імя захавання цэласці каталіцкае веры была ўведзеная цэнзура. Для пашырэння адукацыі меркавалася ўзнавіць езуіцкі ордэн. Аднак для гэтага трэба было адабраць прыватызаваныя маёнткі...

Настаў час пець Лазара. Ва ўніверсале ад 29 жніўня 1792 г. павадыры Вольнай канфедэрацыі ВКЛ ахвотна заявілі, што канфедэрацыю падтрымлівае "40 тысяч народу літоўскага, брацці шляхты рознай ва ўрадах у самім княстве". I гэта пры тым, што аднае шляхты ў ВКЛ лічылася блізу 86 тыс., а сярмяжнага люду каля 630 тыс. З Вільні канфедэрацыю ВКЛ перавялі ў Берасце. 31 жніўня йе злучылі з кароннаю канфедэрацыяй, каб узнавіць скасаваны Вялікім соймам лад. Урачыстасць віталі 51 гарматным стрэлам. Для ўзнагароды паслугачоў з Масквы выпісалі 15 партрэтаў царыцы...

Царскія войскі апанавалі абшар прыблізна ў 3 тыс.кв.км i з насельніцтвам больш як 7 млн.чал. Менавіта гэты абсяг царскі ўказ ад 8 снежня 1792 г. назваў "издревле России принад­лежавшим", дзе гарады пастаўленыя расейскімі князямі, а "народы общаго с россиянами происхождения, нам единоверные". Тым не меней Крачэтнікаву загадалі "не открывать никому истинных видов" таго "вяртання", хаваючы планы "всегда под предлогом удобнейшего пропитания или же движением со со стороны турков". З гэтымі землямі адразу абыходзіліся як з заваяваным краем. Польска-літоўскае войска подкупам "и силою оружия" распушчалі, непаслухмяных слалі ўглыб Расеі. Крачэтнікаву даверылі пасаду генерал-губернатара далучаных земляў, ваенная i цывільная ўлада не размяжоўваліся. Да апошняй дапушчаліся "прйродныя тамошнйя жители, в коих более привязанности к империи нашей усмотрено будет".

Чыноўнікаў бралі з Маларосіі, Тульскай i Калужскай губерняў. Адміністрацыю i суды стваралі на ўзор Установы 1775 г. Усе захады нацэлілі на ўкараненне "правосудного, кроткого, чело­веколюбивого правления", каб новападданыя самі тлумачылі далучэнне да Расеі анархічным ладам папярэдняе дзяржавы. З таго часу "анархію" стала модна проціпастаўляць выратавальнай ролі цэнтралізаванага імперскага кіравання.

Афіцыйна пра далучэнне царская ўлада абвесціла 27 сакавіка 1793 г. На апанаваным абшары паводле указа ад 3 траўня 1795 г. была ўтворана Менская губерня. Астатнюю Рэч Паспалітую было вырашана ўладкаваць на сойме ў Горадні. Таргавічане не адважыліся склікаць сойм, баючыся скасоўваць тэрытарыяльную цэласць дзяржавы, i даручылі зрабіць тое сталай радзе, складзенай пераважна з вялікакняскіх прадстаўнікоў. Але i яны адмовіліся. За гэта расейскі пасол у Варшаве О.Ігельстром ахрысціў ранейшых сяброў "шулерами, разбойниками и плутами".

Тады націснулі на караля, якому захопнікі абяцалі сплаціць 33 млн. ягоных уласных даўгоў ды даць 200 тыс. чырвоных (каля 396 тыс.руб. срэбрам) штогадовай пенсіі. I Станіслаў Аўгуст Панятоўскі павёў Айчыну ў небыцце. Ён аддаў загад аб капітуляцыі польска-літоўскага войска. Панятоўскі прыстаў да аб'яднанай канфедэрацыі, а Вялікі сойм назваў згубай. Кароль склікаў у Горадні сойм, загадаўшы выбіраць на яго толькі таргавічан. Выбары прайшлі пад акампанемент дзяжурнай патрыятычнай рыторыкі, гарматных стрэлаў i піўных струмянёў. Панятоўскага са світай у 153 асобы прыдворных прывезлі ў Горадню i пасадзілі пад хатні арышт. Да 5 студзеня 1797 г. ён бавіўся тут паляваннямі, балямі, гульнёй у більярд, пісаннем мемуараў.

Горадзенскі сойм адбыўся пад аблогай расейскіх войскаў у прамежак з 17 чэрвеня да 23 кастрычніка 1793 г. З 140 ягоных паслоў амаль палова кармілася грашовымі падачкамі Пецярбурга, хаця паслы натхнёна абураліся вераломствам запрошаных войскаў i агітавалі адзін аднаго не саступаць ніводнага кавалка зямлі. Нават кароль адважна заявіў, што ён падтрымаў таргавічан дзеля захавання цэласці Рэчы Паспалітай i пазбавіць яе братазабойчай грамадзянскай вайны. Сойм аднагалосна забараніў расчалясоўваць Рэспубліку, паклікаўшы на дапамогу Бога i еўрапейскія дзяржавы. Тады расейскі пасол Я.Сіверс арыштаваў 5 паслоў i наклаў секвестр на ўладанні Л.Тышкевіча i М.К.Агінскага. У выніку 74 галасамі супраць 59 сойм вылучыў паўнамоцную дэпутацыю для падпісання анексійнага трактата з Расеяй.

22 ліпеня дэлегацыя падпісала вочны дагавор з Расеяй, саступіўшы ёй захопленыя землі. Узамен Кацярыну II прасілі абараніць рэшткі тэрыторыі краіны ад тэрытарыяльных дамаганняў прускага караля. Дзеля паскарэння злучэння Панятоўскі нават пагаджаўся аддаць карону вялікаму князю Канстанціну. Кацярына ІІ паабяцала захаваць тэрытарыяльную цэласць рэштак дзяржавы i не перашкаджаць ix канстытуцыйнаму ўладкаванню.Гэта было сустрэта захапленнем i адзначана святочным абедам на 77 прыбораў. 17 жніўня 1793 г. сойм ратыфікаваў дамову з Расеяй. Толькі 12 паслоў пратэставалі супроць ганебнага акту. Астатнія для заспакаення ўласнага сумлення перад нашчадкамі заявілі, што саступілі сіле i запабеглі пагрозе грамадзянскае вайны.

Тут i прускі манарх запатрабаваў сабе падобнае дамовы. Расейская імператрыца загадала паслам згадзіцца. Што тут пачалося! Абураныя паслы нават выгналі Падгорскага за прапанову пагадзіцца з гвалтам. Тады Сіверс атачыў замак 2 батальёнамі, навёў на яго гарматныя жаралы i загадаў прынесці дэпутатам літоўскага народу сена для начлегу, Пры поўным маўчанні залы Сойм ухваліў дамову з Прусіяй. Наступныя справы. рушылі лягчзй. Быў ухвалены 15-тысячны штат войска. Л.Тышкевіча паслалі да царыцы нагадаць прапанову аб персанальнай уніі дзяржаваў.

Аднак у Пецярбургу ўжо не лічыліся з таргавічанамі - гэтым "рассадником коррупции и бесправия". Тады сойм назваўся Горадзенскай канфедэрацыяй i без абмеркавання прыняў Канстытуцыю ацалелай Рэчы Паспалітай. Апошняя засталася ўнітарнаю дзяржаваю (без падзелу на Карону i BKЛ), падзеленаю на роўнавялікія ваяводствы. Ваяводствы складаліся з трох паветаў або земляў. Ca спадчыны Вялікага сойму засталіся зямянскія суды, пазбаўнемаёмнай шляхты выбарчых правоў, а таксама права мяшчан буйных гарадоў набываць землі i шляхоцкую годнасць. Ствараўся аднакаморны сойм, які склікаўся што 4 гады на 8-тыднёвыя сесіі. З кожнага павета выбіралі па 2 паслы. Каралю пакінулі дэкарацыйныя функцыі. Рэальную ўладу забрала сталая Рада, якая магла склікаць сойм нават без згоды караля. На месцах кіравалі парадкавыя камісіі, куды выбіралі па 12 чал. з кожнай зямлі.

У апошнія дні сесіі сойм ухваліў пастановы наконт Галоўнага Літоўскага трыбуналу, спадчыны Радзівілаў i лёсу Кракаўскага арцыбіскупства. Ліцвіны абаранілі сваю аўтаномію i дабіліся, каб у кароне i ВКЛ было па 4 каталіцкія арцыбіскупствы, а аднаму з уніяцкіх біскупаў далі сенатарскае крэсла ў годнасці мітрапаліта. Каб не звязваць вынікі другога падзелу такімі заканадаўчымі путамі, Кацярына II з маўклівай згоды горадзенскай Рады 17 студзеня 1794 г. забараніла друкаваць соймавыя пастановы - усе!

Як ix ні хавалі, але ў лютым надышлі выбары ў парадкавыя камісіі. Удзельнікі Таргавіцкай канфедэрацыі мелі на ix першынство. Гэта азначала поўную рэстаўрацыю рэжыму, што існаваў да канстытуцыі 1791 г.

Адчайныя спробы выратаваць Айчыну ўзброеным паўстаннем на чале з Т.Касцюшкам, як вядома, не мелі поспехаў. Манархі Расеі, Аўстрыі i Прусіі супольна рушылі душыць паўстанне. Венцаносцы Расеі i Аўстрыі першымі пажалі карысці i таропка заявілі, што "убежденные опытом прошедшего времени и решительной неспособности польской республики устроить у себя сильное правление или же жить в состоянии какой-либо независимости, признали за благо выполнить совершенный раздел этой республики". У снежні 1794 г. царскі двор акрэсліў заходнюю мяжу сваёй анексіі - па рацэ Буг да Берасця i "до пограничной черты воеводства этого имени в Подляхии, затем она направится до прямой линии границами воеводства Брестского и Новогрудского до р.Немана напротив Породно, откуда она пойдет вниз по этой реке до места, где она вступает в прусские владения".

Такім чынам, тэрыторыя расейскай анексіі сутыкалася з прускай. Іx сутыкненне прывяло нават да сур'ёзнай падрыхтоўкі да вайны. Прадухіліць апошнюю мелі планы захавання Рэчы Паспалітай у якасці буфернай дзяржавы. Але бакі не пайшлі на захаванне самастойнасці Рэспублікі. Яны вырашылі канчаткова i цалкам падзяліць ахвяру у якасці узнагароды самім сабе за саюзныя дзеянні супраць рэвалюцыйнай Францыі. У пошуках паразумення з Прусіяй Пецярбург вырашыу адступіцца ад спрэчнага горадзенскага прадмесця i ад часткі горадзенскай эканоміі. У рэшце рэшт пруска-расейскія чыноўнікі акапалі мяжу 371 слупамі i падпісалі акт аб яе дэмаркацыі 3 жніўня 1796 г. Раздзельчы трактат усе тры манархі падпісалі 13 кастрычніка 1795 г. Праз тыдзень польскі кароль адрокся пасаду i апошнія гады правёў у Пецярбургу. Памёр ён 12 лютага 1798 г. Начамі стагнаў, рыдаў, клікаў Бога i сваімі енкамі прыводзіў прысутных у жах. Хавалі яго з належнымі ўрачыстасцямі: пашану аказала 20-тысячнае войска, а малебства чыніў арцыбіскуп С.Сестранцэвіч. 15 студзеня 1797 г. удзельнікі апошняга падзелу абавязаліся не ўжываць у сваіх тытулах назвы "Польскае Каралеўства". Рэч Паспалітая знікла.

17 снежня 1794 г. па ўсіх цэрквах ВКЛ быў абвешчаны царскі маніфест аб "освобождении Литвы от мятежников" i вечным далучэнні рэштак Княства да імперыі. Падзячны малебен спраўлялі выхадныя дні запар адначасова з прынясеннем вернападданай прысягі ўсімі саслоўнымі станамі. У мэтах увядзення новай адміністрацыі i падаткаў ВКЛ спачатку падзялялася на тры часткі: Горадзенскую (з Горадзенскім, Ваўкавыскім, Слонімскім, Наваградскім, Берасцейскім паветамі), Ковенскую - усяго ў складзе 17 паветаў. Гэтую будову перайначылі ўказам ад 8 жніўня 1796 г., калі княства падзялілі на Віленскую (11 паветаў) i Слонімскую (8 паветаў) губерні. Адчынілі ix у якасці намесніцтваў, але без назначэння генерал-губернатараў: кожная мела асобнага губернатара.

Аднак i такі падзел праіснаваў нядоўга. Не хапала сродкаў на выкуп Ліды, Наваградка, Ваўкавыска дзеля пераводу ix у разрад павятовых цэнтраў. Вырашылі браць сродкі з секвестраваных уладанняў. Аднак пасля звароту арыштаваных маёнткаў ранейшым гаспадарам грошай стала не хапаць. Тады, 12 снежня 1796 г., Віленскую i Слонімскую губерні аб'ядналі ў Літоўскую ў складзе 11 паветаў. Згодна рэвізіі 1795 г. тут лічылася 1567893 чал. падатковага насельніцтва.

Матывы ваганняў ураду наконт тэрытарыяльнае будовы далучанага дазваляе зразумець ліст літоўскага генерал-губернатара М.Рапніна. У ім царскі намеснік раіў цалкам змілітарызаваць суды i адміністрацыю i часова не дапушчаць шляхту да выбараў на пасады. У прыватнасці, у кожны земскі суд меркавалася ўвесці расейскага афіцэра "под видом укрощения могущих случиться от проходящих и квартирующих войск обид". Намеснік жадаў дапусціць выбарных асобаў толькі для разгляду спрэчак Галоўным Літоўскім трыбуналам, а затым усё судаводства падпарадкаваць Сенату. Але такі план яўнай русіфікацыі супярэчыў урадавым абяцанням захаваць існае с/даводства i мясцовыя асаблівасці. Дый сам Рапнін неўзабаве стаў наракаць на празмерную загружанасць ад цэнтралізацыі ўлады. Давялося шукаць іншыя шляхі абрусення.

Ва ўрадзе загаварылі пра такую адміністрацыю, дзе сядзелі б не адныя "русопяты", а разам з імі i адданая мясцовая знаць. З гэтага б вынікала прызнанне моцы Статута ВКЛ. Канцлер імперыі А.Безбародка пагаджаўся на такі сімбіёз з наступных меркаванняў: "Власть самодержавная будет в полной силе и святости с Литовским статутом столько же, сколько и с Уложением (1649 г. Расейскай імперыі. - Я.А.) ни нравам, ни времени несообразным. Искать педантически единообразия была бы таковая же химера, как и предполагать равенство между людьми". Здаецца, зразумела.

У адпаведнасці з гэтым разлікам у снежні 1795 г. у Горадні ў якасці найвышэйшай мясцовай установы паставілі Вярхоўнае літоўскае праўленне, падначаленае трэцяму дэпартаменту Сенату. Яго склалі 154 чал. у чатырох галіновых аддзяленнях. Кожнаму начальніку аддзялення вылучылі трох экспедытараў з мясцовых дваран i 5 перакладнікаў з польскай мовы - усяго 17 "польских" асобаў. Кіраваў праўленнем царскі намеснік. Выканаўчую ўладу здзяйснялі карпусныя камандзіры з дапамогай камісараў, абраных ад розных станаў. Суд i расправу чынілі ранейшыя земскія i гродскія суды, ратушы i магістраты. Яны дзейнічалі імем царыцы "на древних их правах". Да выбараў дапусцілі толькі тых суддзяў, хто засядаў да 3 траўня 1791 г., або да Вялікага сойму.

Судовыя спрэчкі па апеляцыі ішлі ў Літоўскі трыбунал, але ён адсылаў свае рашэнні на канчатковы нагляд Вярхоўнага праўлення або намесніка.З-за забароны смяротнага пакарання ў імперыі даводзілася стасаваць працэдуру ранейшай дзяржавы - прыцягваць сведкаў, прымаць прысягі, наймаць адвакатаў, следчых. Тым самым у спадчыну царызму дастаўся распаўсюджаны хабар, валакіта, пратэкцыянізм. А паколькі расейскія чыноўнікі служылі за мізэрнае.жалаванне, то прадажнасць судова-адміністрацыйных установаў, так бы мовіць, падвоілася.

Як пісаў віленскі губернатар Я.Булгакаў, мясцовыя жыхары не спяшаліся займаць выбарныя пасады без перспектывы атрымаць чыны i ленты. Яны не з'яўляліся на позвы, абскарджвалі прысуды, пераносілі працэсы ў іншыя паветы. Судовыя працэсы зацягваліся з-за некамплекту суддзяў, розначасовасці сесій, абавязку разглядаць прэтэнзіі па чарзе. Суды дзейнічалі беспакарана, бо заканадаўства самой імперыі патрабавала не датыкацца цела i годнасці высакароднай асобы. А мясцовая шляхта надта ж паважала ўласную недатыкальнасць. На Вярхоўнае праўленне хлынула такая безліч блытаніны ды валакіты, што Рапнін у роспачы загаласіў: "Боже, вынеси меня отсель. Лучше как можно скорее ввести ваш образ правления, нежели настоящий, половинный, который никак слажен быть не может".

Аднак згаданы парадак задавольваў усіх удзельнікаў сваім бюракратызмам i беспакаранасцю. Літоўскае праўленне выдавала ўказы за пячаткай "з арлом i літоўскай пагоняй". Сваволя i ўверсе i ўнізе асвячалася імем царыцы i "польским законом".

Давялося шукаць паразумення нават з відавочнымі ўдзельнікамі касцюшкоўскага паўстання, уладанні якіх Кацярына II меркавала прадаць паслухмяным асобам. Усяго ў Менскай губерні было секвестравана 67 тыс. дзяржаўных сялян i 28 тыс. сялян каталіцкага i ўніяцкага духавенства. Разам з папскімі маёнткамі дзяржаўны скарб забраў 140 тыс. сялян (22% усіх прыгонных). У межах Літоўскай губерні пад секвестр трапіла звыш 175 тыс. сялян, або 35% ападаткаванага сялянства, у маёнтках "дерзких, развратных бунтовщиков, изменяющих присяге и Отечеству своему". Ім далі год i 6 месяцаў на прысягу i продаж уладанняў, нават дазволілі вывезці даходы i выкуп закладзенай маёмасці.

Ba ўрад хлынулі слязлівыя лісты аб добранадзейнасці i звычайныя даносы. Як ні лічыла царыца заганным, каб памешчыкікаталікі валодалі праваслаўным людам, як ні імкнулася яна, каб на далучаных землях "все имения составить во владении русских помещиков", але планы русіфікацыі землеўладання засталіся папяровымі марамі.

С.Забелу маёмасць вярнулі "...по старости и дряхлости". А.Чартарыскаму - таму, што ён быў "безосновательно оклеветан и совсем не знал о восстании". Уладанні К.Агінскага ўзялі ў апеку, "ибо он не в полном состоянии ума". Латыфундыі М.Радзівіла пакінулі ў спакоі таму, што той сядзеў у паўстанцкай радзе непрыкметным радцам ды выявіў "непоколебимую к престолу ея императорского величества верность" i г.д.

Аднак вырашальнымі аказаліся даўгі ўласнікаў. Яны заявілі 130 прэтэнзіяў на суму больш як 2,7 млн. злотых. Прычым 1,4 млн. прыпадала на двух Агінскіх - віленскага ваяводу i падскарбія ВКЛ. Ліквідаваць тыя даўгі хвораму царскаму скарбу азначала павялічыць падатковы ўціск i справакаваць сялянскія хваляванні. Расейскія саноўнікі i чыноўнікі не спяшаліся займаць збанкрутаваныя маёнткі. Таму нязначнымі аказаліся i поспехі абрусення маёнткаў. Да 1796 г. у Менскай губерні у рукі расейскіх памешчыкаў трапіла 43 тыс. сялян - 61% секвестраваных ці 11% усіх зарэгістраваных падушным перапісам. Да моманту смерці Кацярына II паспела раздаць 65 тыс. душаў, або 12% ападаткаванага сялянства, у Літоўскай губерні.

Сярод адораных зноў-такі апынуўся цвет расейскай бюракратыі: 24 вайскоўцы - ад брыгадзіра да генерал-фельдмаршала i 12 чыноў - ад калежскага асэсара да сапраўднага стацкага саветніка. Самыя буйныя падарункі дасталіся графу М.Салтыкову - 4701 душа з уладанняў М.Агінскага, сапраўднаму стацкаму саветніку І.Остэрману - 4167 з уладанняў Віленскага капітула, вядомаму А.Сувораву - 6927 у Берасцейскай i Кобрынскай эканоміях, генерал-аншэфу М.Рапніну - 3995 сялян з Пінскай эканоміі, генерал-фельдмаршалу П.Румянцаву - 5718 з Берасцейскай эканоміі. Палову падараванняў царыца выканала коштам каталіцкіх i ўніяцкіх валоданняў.

А вось як урад захоўваў сваё чалавекалюбнае аблічча перад сялянамі, якіх аддаў у пажыццёвае трыманне пасэсарам. Такія маёнткі здалі пад заклад пасэсарскіх прыватных сялян "с тем, что всегда их взять можно, когда заблагорассудится". Дакладней, як толькі здараліся злоўжыванні, спадчынныя ўладанні ўпраўляючых адбіралі ў дзяржаўны скарб, а недаборы выкалочвалі з прыватнаўласніцкіх сялян. Упраўляючыя кіраваліся інструкцыямі, якія забаранялі абыходзіцца з дзяржаўнымі сялянамі як з уласнымі прыгоннымі. Сялян забаранілі здаваць у наём, ганяць на працы ва ўласных фальварках, адбіраць у ix пустыя надзелы, драбіць сем'і i г.д. На пачатку 1794 г. урад загадаў карміць галодных такіх сялян коштам запасаў панскіх фальваркаў. Вываз хлеба за мяжу быў прыпынены, што прывяло да недахопу звонкай манеты i развіцця кантрабанды. Войскам стала бракаваць харчу, i яны заняліся марадзёрствам. Уладам давялося скараціць ix кватараванне i перайсці на камплектаванне арміі з мясцовых ураджэнцаў. Так упершыню ў 1794 г. у Беларусі была ўведзена рэкруцкая павіннасць. Пасля рэвізіі 1795 г. у 25-гадовую службу бралі 5 чал. з 500 сялянскіх душаў.

Царызм прадоўжыў палітычную дыскрымінацыю дробнай шляхты. Пасля ўказа ад 3 траўня 1795 г. выбарчыя правы i права прысутнічаць на дваранскіх сходах захавалі толькі ўласнікі зямлі ды прыгонных. З ліку правадзейных урад выкрасліў таксама арандатараў чужых сялян. Абмежаванні не закранулі тых, хто паступаў на расейскую ваенна-грамадзянскую службу i хто "по заслугам и непоколебимой верности имел прежде чины польские". Аднак ні пасад, ні чыноў шарачковая драбната ў бальшыні не мела.

Больш за тое, яна адчула нечуваны ўціск пасля таго, як урад дапусціў на выбары ў павятовыя ніжнія земскія суды дзяржаўных сялян. Не мог i не жадаў фанабэрысты шляхцюк сядзець у судзе побач з мужыком. Не было таго да Расеі. А што казаць пра шаноўнага пана, які абыходзіўся з вясковым людам нібы з быдлам?

Пакрысе загарэлася вуголле незадаволенасці. У красавіку 1796 г. Рапнін пісаў царыцы з Літвы, што "головы здесь начинают крутить и уже нашлись между мелкой шляхты такие безмозглые, которые заговоры начали". Ён сам злавіў мяцежнікаў у Горадні: камердынера літоўскага падскарбія Андрэя Любавецкага, павятовага ротмістра Міхала Снарскага, шляхцічаў Тодара Занеўскага, Яна Горскага, Міхала Пачобута, Язэпа Нявінскага, Франца Кратовіча, Лявона Канцэвіча i ксяндза Міхала Скідзеля. Данёс на змоўшчыкаў шляхціч Хібоўскі. Ён чуў ад Любавецкага, што ёсць 300 чал., гатовых знішчыць увесь расейскі гарнізон у Горадні разам з Рапніным дый узнавіць каталіцтва. Змоўшчыкі вельмі спадзяваліся на шляхту i сялян Ваўкавыскага павета. Іx пацягнулі на следства ў таемную экспедыцыю Сенату. Пачобут там выкруціўся заявай, што ён згаджаўся на план "шутя и дурача". Т.Яворскі назваў падбухторванні сялян "сумасшествием". Жартаўнікоў адаслалі назад да Рапніна. На ягоную прапанову Любавецкага i Снарскага саслалі ў Сібір, але потым перавезлі ў Аляксандраўскі равелін. Астатніх удзельнікаў "вздорного, глупого и возмутительного заговора... за буйственное поползновение, которое еще не принесло беды", вызвалілі ад пакарання.

Раскрыты замах, зрэшты, сапраўды нязначны, паказаў прыдворным, што галоўная пагроза зыходзіць ад маламаёмных станаў шляхты i сялян. Апошнія, як пісаў Рапнін, хутчэй пагодзяцца "молчать и терпеть все, ожидая чей верх решительно будет", каб затым перакінуцца на бок мацнейшага. Прыведзеныя звесткі надта ж трапна падсумаваныя словамі намесніка Менскай, Ізяслаўскай i Брацлаўскай губерняў Ц.Тутамліна. Ён казаў, што "знатные вельможи" Рэчы Паспалітай спачатку згадзіліся на рэформы Вялікага сойму, "чтобы господствовать по-прежнему". Але з уласных інтарэсаў i пыхлівасці яньі ахвяравалі Айчынаю "в пользу благоприятствующих соседей". Практычна ўсе падзелы Рэчы Паспалітай адбываліся шляхам змовы царызму з мясцовай арыстакратыяй.

Пецярбург паспяхова карыстаўся з сацыяльнага эгаізму знаці ва ўласных мэтах. Анексіі ён абгрунтоўваў то абаронай адзінаверцаў, то захаваннем у непарушнасці старавеччыны, то прадухіленнем грамадзянскай вайны i неабходнасцю замірэння ў суседзяў. Але ж з тымі самымі лозунгам! насіліся i абаронцы рэспубліканскіх свабодаў. Яны гэтаксама заклікалі на дапамогу выратавальныя штыхі ад імя ўсяго літоўскага народу, а потым енчылі ад чужынскага гвалту.

У гэтай палітычнай мітусні варта ўгледзець наступнае.

Афармленне захопаў у выглядзе добраахвотнага запрашэння расейцаў "пакрыўджанымі" i пагалоўнай прысягі на вернападданасць мусілі ўпэўніць у добраахвотнасці далучэння - "воссоединения". Але ж народ да таго не спрычыняўся аніяк.

Па-другое, менавіта з часоў падзелаў паходзіць цэлая тэорыя аб непазбежнасці i дабратворнасці пераходу ад анархіі да моцнай цэнтральнай улады. Маўляў, "палякі" не здолелі падпарадкавацца ўласнаму абсалютызму, то i давялося зведаць гвалт чужога дэспата. Нарэшце, расейскі дэспатызм часоў Кацярыны ІІ замацоўваўся на далучанай тэрыторыі без таго азіяцкага дзікунства, якое наступіць потым.

Інструкцыя кіраўніка знешняй палітыкі Расейскай імперыі М.Паніна паслу ў Варшаве М.Рапніну ад 14 жніўня 1767 г.

"Нашей целью ставится диссидентское дело не для разпространения в Польше нашей [праваслаўнай. - Я.А.] и протестантских вер, но для приобретения себе оным чрез посредство наших единоверных и протестантов одиножды навсегда твердой и надежной партии с законным правом участвовать во всех польских делах не по одному ныне от республики изпрашиваемому ручательству ея законов на целость ея конституции и форму ея вольного правления, но и по присвояемому еще нам себе в вечныя времена покровительству сих законников яко слабейшей части в будущем правительстве польском, которая потому сохранение свое в оном должна всегда заимствовать от онаго нашего покровительства.

Причины нас побудившие в том состоят, что протестантския религии, обуздывая суеверие и сокращая власть духовенства, вывести излишним своим в Польше разпространением могут легко во всем поляков из невежества, в которое они теперь по большей части погружены, а освобождением от онаго довести их еще по ступеням и до учреждения новых порядков, кои б концентрируя в одно место и всю польскую силу, привести ее могли бы скоро обратиться во вред покровительницы их в настоящее время, а соперницы первой и главной в будущее, ибо между политическими обстоятельствами ни злоба за претерпенное, ни благодарность за прежния одолжения известным образом места иметь не могут.

В разсуждении наших единоверных не настоит подобно сему неудобств, но, с другой стороны, приведя их до излишнего разпространения, так чтоб они сами собою, независимо от нас, могли в республике опираться и разделить правление ея, подвергнем мы себя хотя разного рода, но не меншему, однако ж, неудобству в разсуждении и без того так частых и великих побегов, кои тогда, видя в Польше при безопастности большее в вере разпространение с выгодами разного во всем народа и, ежели знать долженствовало бы, натурально усугубит к несказанаму вреду всего государства, из чего Россия могла бы иметь еще некоторыя для переду [на будучыню. - Я.А.] и будущих случаев неоправданные опасения и о самих своих пограничных провинциях, правом и обычаями с Польшею отлагающихся.

На первое из требований короля о вмещении в Сенат белорусского епископа надлежит также требовать и другим епископам униатским, чего нельзя, ибо сие будет в досаду ея императорского величества, коя требует, чтобы все ея желания приняли, а он один бессилен против католических епископов, и надо, чтоб в разсуждении униатов, паче всего о сих стараниях на будущем сойме и в новом трактате совершенно умолчено чтоб было для того, что всякое об них напоминание долженствовало бы по крайней мере для одной пристойности произвесть с нашей стороны новыя и увеличенныя требования, когда ж их по справедливости инако почитать не можем, как отщепенцев нашей веры, отнюдь к католицкой прямо не присоединившихся, кои были первым орудием всему угнетению греческой и кои потому самому долженствовали б и понесть всю тягость ея возстановления вместо того, что они по вышесказанному правилу довольствуются доверить единоверных наших и протестантов в настоящем их количестве до законного с протчими равенства. Не хотим, впрочем, дотрагиваться до униатов, но паче оставить их в полном молчании, только бы шуму и с польской стороны соответственно было, чем сугубое наше намерение верно и достаточно будет.

На второе и третье о выборе польских королей и о признании католицкой веры господствующей, согласны мы, но поставить сие в цену податливости поляков на полное возстановление диссидентов. Надлежит сказать шефам [дысідэнцкіх канфедэрацыяу. - Я.А.], что именование господствующей не может быть угодно ея императорскому величеству как потому, что сие наименование ея не принадлежит, но и паче в разсуждении посторонней державы, которой самое участие в правах разных вер, составляющих корпус республики, основано на публичных правах торжественных трактатов, не упоминая уже, что оное именование ни малейшего основания в фундаментальных польских законах не имеет, где напротив точно поставлена католицкая религия наравне с другими, так и особливо по намерению в коем начато и продолжается, по-видимому, самовольно сие именование, что им сие намерение, конечно, без ошибки проникает, полагая, что господа поляки мнят тонкостию своею одержать то, чего инако достигнуть не могут и что по сей причине самовластным присвоением религии своей качеств господствующей хотят они избавиться одолжения, которое б нам за формальное признание онаго им долженствовало, а выиграв у нас сию первую перчатку, обманываясь тем дешевле в удовлетворении справедливых ея законов желаний, что они, имея перед глазами своими живой пример князей Чарторижских [каралеускае акружэнне. - Я.А.], обольстят нас и будут судить, что мы им тем менее в обман отдались потому для приведения в безопастность религии своей и чтоб ей от иных держав для переду не инако же как чрез посредство наше законным образом характера господствующей с тем знаменитым преимуществом, каков есть изключительный католиков выбор к короне. Остается им, откладывая на сторону всякия пустыя тонкости и замашки, войтить прямодушно в наши виды и содействовать политике их успеху, что в противном случае, естли они не примут тот час в своих двояких замыслах, могут тотчас нам легко наскучить и выводя ея [Кацярыну ІІ. - Я.А.] из терпения в содержании на своем иждивении войск своих в землях республики для пропитания, волею ея находящихся, принудить уже тем одним к перемене сего содержания на их собственной счет и к употреблению сих войск невольно другим образом, нежели как они по сю пору употреблялись, а особливо касательно до имений тех магнатов, которыя более в подобие ея выжидали двояко, следовательно, и под маскою посредников угождающих ея воле будут мешать или же приводить в слабость исполнение оной. А что после так откровенного ея императорского величества изъяснения должно им выбирать хотят ли они сами и для собственной своей пользы и для пользы Отечества своего быть полезным орудием дел наших, кои не далее клонятся возстановления диссидентов персонально во всем их яко согражданах законно принадлежащего права равенства, с которыми, как им прежде уже в сем довольно изъяснено, поправления всех с некоторого времени предприятиях и повреждением вольности и законов польских. Сие обнадежение республики во все времена торжественнаго и сильнаго ручательства России, яко соседней и собственным им своим благосостоянием всем им не менее обязанной империи на целость конституции и форм правления республики, нужно или же в противном сему случае довести нас невольно до исполнения всего того собственно нашими способами и силами без всякаго им в успехе одолжения и что, напоследок, естли б они, паче чаяния, забывая собственное свое благосостояние и лишая себя самих чрез то всей власти и законности, которую мы им за их чистосердечное содействование обещали на ущерб неприятелей их князей Чарторижских, хотели, по одному фанатическому упорству, наклонялись допустить нас до употребления собственных наших способов и сил, в таком случае пускай они по крайней мере разсудят наперед, что из такой крайности выйти может кроме прямо бедствий Отечеству их, ибо мы тут, имея уже всячески свободные руки, не будем более ничего уважать, но только о том мыслим, что б дело совершилось, а между тем употребляем к совершению онаго способы с содержанием войск во всех потребностях, получая без разбору хотя силою от тех, кои, имев все средства к упреждению мер крайности, пренебрегли, однако ж, легкомысленно воспользоваться оными по многим с нашей стороны советам и напоминаниям.

Этого не надобно более откладывать, чтоб не заставить господ поляков думать, что они нам больше нужны, нежели то в самом существе дела может во всякия препроводить причины к скорейшему убеждению их от Вас самих избираемых пристойными разсуждениями, а особливо сущей неприятности или, лучше сказать, невозможности, что какая посторонняя держава вступилась за часть поляков нам противоборствующих и стала нам препятствовать в вожделениях вынуждением употреблять собственных наших способов и сил, когда все Чарторижские вообще совершенно признали справедливость наших требований и когда опять разстояние мест, хотя бы которая и хотела покуситься, не дозволит ей сделать безпосредственно дей­ствительной помощи.

Четвертое королевское требование о установлении по всем законам наказания против отступников господствующей религии не может дозволено быть, ибо оно во всем равного свойства с первым и подлежит, следовательно же, одинаковому с оным решению, тем более, что издревле уже позволено было униатам переходить к нашей религии - право, которое при нынешних обстоятельствах надобно стараться когда нужно именно возобновить, то, конечно, и оставить со всем в молчании для переду для того, чтобы сохранить на настоящее время пред глазами публики непорочность наших намерений, касающихся до нашей собственной веры [тут зроблена заўвага: "возобновить или же без упоминания считать возобновленным в общем подтверждении всех прежних преимуществ нашей церкви". - Я.A.].

Пятое, чтоб диссиденты в Сенате и на сойме определенным числом допущены были, может не только дозволено, но и нами самими желаемо быть потому, что без точного и непременного для переду постановления, коликому числу диссидентов и из каких мест необходимо быть должно в Сенате и на соймах, всегда королю-католику и католическому дворянству, яко числом своим несравненно превосходящему, свободно будет изключать их вовсе от перваго и других королю, не производя диссидентов в сенаторы под видом, что между просителями разных вер проситель католик персональными своими качествами достойнее других, а дворянству католическому, имея всегда на своей стороне превосходное число голосов, не соглашаться добровольно никогда на выбор диссидентов в земские послы. Почему диссиденты, хотя ж и вошли они чрез покровительство наше в Сенат и на соймы, лишились б опять скоро потом сего драгоценнаго права не явным уже насильством, но совершенным отделением онаго в волю и во власть одних католиков, кои им натурально доброохотствовать не могут. Напротив же того, когда при допущении господ диссидентов в Сенат и на соймы число сенаторских, министерских и посольских мест, кои им именно принадлежат, имеют с точностию и таким образом определено будет, чтоб ни Сенат, ни сойм без того определенного числа соучавствующих диссидентов действительно иметь не могли, созидаемое нами самими здание получит сею оградою самую твердость, и диссиденты только волею и вдвое того неволею католиков будут иметь всегдашнее безпосредственное и независимое участие в законодательной власти Отечества своего. Надлежит пользоваться сим королевским требованием, но стараться так, чтобы сие ограниченное число в самом деле не чрезмеру уже ограничено было.

Шестое требование - дабы четыре на унию отступившие епархии в нынешнем их состоянии непоколебимо оставлены были, будучи само по себе согласно с главным правилом, не повстречало бы, конечно, с нашей стороны препятствии, но как всякое о сих епархиях упоминание может подлежать неудобству выше сего описанному, то дабы в разсуждении их ненависти не навесть себе и королю польскому новых и напрасных хлопот, всего лутче будет оставить их со всею униею как на сойме так и в будущем трактате [паміж Расеяй i Рэччу Паспалітай. - Я.А.] в полном и неприкосновенном молчании яко такую секту, которая ни в тех, ни в других законах прямо соединенною считаться не может.

Воображаю заботу Вашу от несообразимости и упрямства и двоякости новых наших партизанов и как в сем лабиринте с одной стороны, весьма похваляя, что Вы, имея от короля точнейшие уверения коим образом он во всем по воле двора нашего и согласно его воли поступать будет, решились допустить на сойм креатур его, дабы способом их стараться о успехе диссидентского дела в полной мере, так, с другой стороны, не могу обойтись, чтобы не повторить с какою нужною осмотрительностию долженствует Вами употребляемо быть королевское и его партии посредство, дабы инако не удалить от себя втуне новых наших партизанов. Тем более на короля и слова его, когда он нам уже единожды изверился, не можно уже до времени полагаться с полною доверенностию, разве новое его поведение заставит нас принять лучшее и со славою его сходственное мнение.

Надлежит також сказать, что диссидентское дело единое всех отвращает. Можно будет после их удержать и утешить разными награждениями здешних знатных и прибыльных мест. А когда главных таким образом удержим, то прочие за ними сами собой последуют и легко уже будет то зделать, изведав довольно ветренность и корыстолюбие господ поляков. Не спорю я против сего заключения, но как опять и то неоспоримо, что, имея содействие королевское, лутче в то же время иметь и содействие новых наших партизанов, нежели совокупя их мы сами толикими трудами и толиким иждивением разрушим дело собственных наших рук, естли б паче чаяния шефы конфедераций стали противиться успеху на сойме диссидентского дела для того одного, что король, переменя прежния свои поступки, начал и сам собою и чрез друзей своих способствовать оному, то дабы с сохранением его польского величества на нашей стороне избавиться, однако ж от сего великого неудобства, чрёз которое можем мы инако лишиться вовсе новой нашей независимости и для переду толь нужной партии.

Советую Вам сказать откровенно о будущем поведении короля в пользу диссидентского дела с теми из начальников ея, на коих Вы с большею надеждою положиться можете, а особливо с новым , примасом и убеждая их не только истинною Отечества пользою, но и собственною своею к согласному с его величеством действованию. Но естли они, невзирая на сии Ваши увещевания и столько же легко обуздываясь чинимыми к сану и ко времени важнейших из них оставили о доставлении сим последним знатных от короля награждений из одной к его злобе или же по сущему фанатизму стали безрассудно шуметь и готовиться к ясному сопротивлению по диссидентскому делу, в таком случае не оставите Вы, повторяя им все выше сего по поводу другого и третьего королевских требований предписанное, решительно сказать, буде иногда необходимость, и до того доведете, что войска ея императорского величества в готовности у них в глазах для употребления чрез 24 часа к таким мерам, которые им не инако, как тягость чувствительная, а смотря по обстоятельствам и весьма бедственны быть могут, что до наступления сойма остается им несколько времени на выбор между сими крайними мерами и между приобретением навсегда милости и покровительства ея императорского величества и что, напоследок, желаете Вы без всякого отлагательства знать от них - Да или Нет, - дабы по ответу разполагать будущее с ними поведение, которое они таким образом сами себе определить властны."

Выяўлена Яугенам Анішчанкам у Архіве замежнай палітыкі Расейскай імперыі, фонд 79, вопіс 6, справа 916, аркушы 84 - 94 адв.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX