Папярэдняя старонка: Анішчанка Я.К.

Жульніцтва за картамі 


Аўтар: Анішчанка Я.,
Дадана: 29-11-2013,
Крыніца: Анішчанка Я.



(За кулісамі падрыхтоўкі Генеральнай карты Беларусі да другога тома "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі"). Замест рэцэнзіі.

Пры азнаямленні з гістарычнымі помнікамі і працамі ў любога чытача натуральна ўзнікаюць пытанні адносна таямніц паходжання розных звестак, дакладнасці фактаў, тэхналогіі ці сакрэтаў стварэння пэўных крыніц ведаў.

Паспрабуем заглянуць за кулісы такой крыніцы, якая толькі што -верасень 2013 г. - пабачыла свет як калектыўная праца.

Некалькі гадоў таму назад выклікаў мяне да сябе Вячаслаў Насевіч, дырэктар Беларускага навукова-даследчыцкага цэнтра электроннай дакументацыі і адначасова адказны рэдактар выдадзенага ўжо 1-га тома "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі". Ён прапанаваў мне стварыць да другога тома згаданага атласа Генеральную карту тэрыторыі Беларусі па звестках другой паловы 18 ст. Яна меркавалася ў выглядзе некалькі дзесяткаў лістоў разам з суправаджаючымі іх спісамі населеных пунктаў, землеўладальнікаў і іншай рознай інфармацыяй, патрэбнай для дакладнай лакалізацыі гэтых паселішчаў. Мы дамовіліся, што я намалюю ўсе лісты Генеральнай карты і разам з суправаджэннем аддам у выдавецтва для пераводу іх у кампутарны варыянт і патрэбны маштаб. Там зробяць неабходную тэхнічную працу, якую я праверу і падцверджу сваім подпісам як аўтар і выканаўца. У сувязі з тым, што карту трэба было рыхтаваць, па словах Насевіча, хутка, то мы дамовіліся, што кампутарны набор спісаў населеных пунктаў з перакладам іх на беларускую мову і прывязкай да сучаснай адміністрацыйнай сеткі браўся рабіць сам Насевіч. Мы таксама дамовіліся, што на карце і ў яе легендзе будуць адлюстраваны ў першую чаргу межы буйнейшых зямельных уладанняў - дзяржаўныя эканоміі, латыфундыі, кшталту графскіх, епіскапскія маёнткі. Я настойваў на гэтым таму, што прыняты маштаб не дазваляў адлюстраваць дробную сетку іншых, пераважна прыватнаўласніцкіх, уладанняў, межы якіх пастаянна мяняліся з-за падзелаў, спрэчак, падараванняў, закладу, арэнды і г.д. Мы пагадзіліся не абцяжарваць карту граніцамі прыватных ўладанняў з-за іх пастаяннай мабільнасці і стракатасці маёнткаў, заўчасна у выглядзе адной вёскі ці засценка.Мы выразна пагадзіліся пабудаваць аснову Генеральнай карты на падставе аднастайнай і адначасовай крыніцы-тарыфаў або спісаў пасяленняў і іх уладальнікаў ва ўсіх ваяводствах і паветах ВКЛ, складзеных у 1775 г. Гэтую зыходную аснову намячалася ўдакладніць звесткамі іншых тагачасных крыніц. Спрэчныя пытанні адносна межаў ваяводстваў і паветаў ВКЛ мы вырашылі сумесна разабраць у апошнюю чаргу.

У выніку 1 кастрычніка 2009 г. я заключыў з дырэктарам Рэспубліканскага прадпрыемства "Белкартаграфія" М. А. Верзунам пісьмовую дамову пад № 66 на тое, што мне аднаму даручалася "стварыць аўтарскія арыгіналы тэматычнага зместу Генеральнай карты другога тома Вялікага гістарычнага атласа Беларусі".

Пасля гэтага я ліст за лістом аддаваў Генеральную карту у выдавецтва разам са спісамі пасяленняў, каб не замінаць працы тэхнікам пры пераводзе маіх рукапісных малюнкаў у кампутарны варыянт. Натуральна, я правяраў і адзін распісваўся пад кампутарным варыянтам усіх лістоў карты. Адначасова я паведамляў В. Насевічу пра здачу у набор кожнага ліста з дадаткам пасяленняў. Насевіч жа своечасова праглядаў іх і раз пораз прасіў унесці нейкія змены ці дапаўненні. Я заўжды пагаджаўся і рабіў пэўныя карэкцыі. 3 снежня 2009 г. я зрабіў і здаў апошні ліст-з усіх 70-Генеральнай карты ў Атлас. Пасля завяршэння маёй працы В. Насевіч вярнуў мне увесь мой спіс паселішчаў (гэта склала 21560 назваў), пераведзены ім на беларускую мову і прывязаны ім да сучаснай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сеткі, з тым, каб я праверыў іх і як мага дакладней дапоўніў патрэбнымі звесткамі. Што я і зрабіў паўторна практычна па кожнаму пасяленню. Насевіч месцамі уставіў у мой першапачатковы спіс і свае паселішчы з імёнамі, якія я таксама праглядаў і, пры згодзе, зацвярджаў. Я пагаджаўся, паколькі на гэты момант Насевіч у той спіс унес мінімальныя дапаўненні. Я аддаў яму і маю прадмову да Генеральнай карты. Там гаварылася, што Генеральная карта адлюстроўвае шматгадовыя высілкі складальніка (Анішчанкі) па выяўленню, збору і сістэматызацыі разнастайнай інфармацыі адносна пасяленняў Беларусі ў другой палове 18 ст. Пасля гэтага я атрымаў звыш 1 мільёна рублёў за падрыхтаваную працу.

Аднак, як толькі я праверыў і падпісаў усе лісты Генеральнай карты і аддаў дапоўнены спіс паселішчаў, так спадар Насевіч тут жа некалькі разоў у прысутнасці дырэктара выдавецтва і рэдактараў адпаведнага аддзела заявіў, што Анішчанка дрэнны аўтар, што ён слаба ведае крыніцы, што ён многія звесткі не адлюстраваў або паказаў няправільна, што ў яго, Насевіча, ёсць інвентары і ўласная крыніцазнаўчая база, якая дакладней усякага там Анішчанкі. Я пярэчыў яму тым, што заяўленую віртуальную базу ведае толькі сам Насевіч і яе трэба папярэдне публікаваць і абнародваць, што карту трэба абапіраць не на асобныя інвентары, а на больш масавыя, адначасовыя і аднастайныя крыніцы, якія і пазначаны мной ва ўводзінах. Я казаў у прысутнасці адказных асоб, што Насевіч без майго ведама і тлумачэнняў, насуперак дамоўленасці, змяніў межы многіх маёнткаў, што калі Анішчанка -"прафан", тады навошта было прасіць яго рабіць такую адказную працу. У рэшце рэшт на адным пасяджэнні Насевіч абарваў спробу урэгуляваць спрэчныя пытанні, заявіўшы, што Анішчанка - кепскі гісторык і непакорны чалавек, а таму такі чалавек не будзе аўтарам Генеральнай карты. І хлопнуўшы дзвярыма, сп. Насевіч зышоў. Ён так спяшаўся, што не дазволіў мне удакладніць кавалак мяжы Ашмянскага павета з Мінскім ваяводствам, что я прадметна паказваў на карце сведкам размовы.

І вось у сярэдзіне студзеня 2012 г. у выдавецтве мне паказалі макет Генеральнай карты Беларусі другой паловы 18 ст., дзе змест прадмовы цалкам зменены, з якой Насевіч выкінуў словы пра тое, што карта складзена адным Анішчанка, і побач з подпісам Анішчанкі паставіў свой. Ён напоўніў прадмову сваімі разважаннямі пра этнас, пра адмысловыя крытэрыі адносна гарадоў, нават не пытаючы мяне - зараз, ужо быццам бы сааўтара, - ці згодны я з гэтым ягоным маралізатарствам. Новы, так бы мовіць, сааўтар нават не паведаміў мне папярэдне пра свае змены на ўсіх лістах Генеральнай карты. Яна выходзіць з праўкамі Насевіча, з якімі гэты "сааўтар" не пазнаёміў мяне загадзя, як гэта мае быць у навуковым свеце, і як гэта рабіў я на працягу працы.

Больш таго, Насевіч бессаромна заяўляе, што "істотна" перарабіў першапачатковы варыянт Анішчанкі, хаця гэты зыходны варыянт дэманструе мізэрныя высілкі Насевіча. Ён бярэ на сябе адказнасць за канчатковы вынік і за разыходжанні, якія маюцца з раней "апублікаванымі картамі" Анішчанкі. Вось так Насевіч смела заяўляе, што ён прысвойвае сабе ўсю працу у канчатковым выглядзе і сцвярджае гэта так, што перад падпраўленай ім Генеральнай картай меркнуць усе зробленыя і надрукаваныя Анішчанкам карты. Вось так бессаромна робяцца мізэрнымі мае высілкі пры падрыхтоўцы лістоў і геаграфічна-тэматычнага паказальніка дадзенай Генеральнай карты. Практычна ўся прастора ўладанняў на тэрыторыі Полацкага і Магілеўскага намесніцтваў, адлюстраваная мной на падставе інструментальных здымак Генеральнага межавання і межаў 1767 г. (пра што, дарэчы, гаворыцца ў прадмове), раптам зменена ў розных месцах Насевічам. Відаць яму карцела адлюстраваць плошчы пэўных маёнткаў паводле вядомых яму аднаму інвентароў. Але ж такіх інвентароў і мне можна набраць шмат. Гэта парушае адзінства картаграфічнага выяўлення, пра што мы і дамаўляліся. Такое свавольства нельга цярпець у навуцы.

Калі я убачыў вынікі гэтага махлярства і паспрабаваў пярэчыць у выдавецтве, то мне там сказалі, што карта ўжо падпісана да друку і ніякія перамены ў ёй недапушчаюцца. Са мной там гаварылі як з капрызным халопам, ад якога патрабуецца адно - пагадзіцца з фактам.

На старонках пераробленай Генеральнай карты я з вялікім здзіўленнем убачыў, што тэрыторыі Берасцейскага, Віцебскага, Менскага і Новагродскага ваяводстваў названы Насевічам паветамі. Такія "навуковыя" адкрыцці пазначаны рэдактарам на зборным лісце. Атрымліваецца, што ў 18 стагоддзі на Беларусі існавалі толькі Полацкае і Мсціслаўскае ваяводствы. Да ўсяго, плошча Мельніцкага павета абведзена Насевічам так, быццам бы яна складала частку ВКЛ. Аднак тады ён павінен даказаць, што ў 18 ст. на сейміках (заканадаўчых сходах шляхты) Бресцкага ваяводства рэгулярна прысутнічалі мельніцкія дэпутаты або што яны былі ў складзе прадстаўнікоў гэтага ваяводства на сеймах Рэчы Паспалітай. Мне стала нецікава высвятляць па чыёй віне дапушчаны такія, здавалася б, мізэрныя нялепіцы. Я не прадастаўляў іх у сваім зыходным варыянце і ніякім чынам не прапусціў бы у друк падобных бязглуздзіц. Але ж сп. Насевіч благаславіў іх і , так бы мовіць, свядома "падставіў" мяне. Гэтыя дзікунскія "навуковыя" навіны мяне так абразілі, што я адмовіўся падпісваць прадстаўленыя Насевічам праўкі і катэгарычна адмовіўся атрымліваць апошні ганарар.

Галоўны рэдактар выдання паступіў як звычайны злодзей - скраў чужую працу, перарабіў яе на свой "правільны" капыл і нахабна запісаўся ў сатаварышы. Пры гэтым парушана не толькі афіцыйная дамова наконт аўтарскага права, але і элементарная карпаратыўная этыка ў такіх выпадках. Начальнік скарыстаўся сваім службовым становішчам, каб выдаць сябе за ледзь не стваральніка на дадзены момант самай падрабязнай карты тэрыторыі Беларусі 18 ст. Ён выдатна разумее, што навуковыя спрэчкі не вырашаюцца ў судзе, куды знявага штурхае пакрыўджаных. Яму нельга прыкрыць свае жульніцтва агульнымі інтарэсамі справы, карысцю нейкай граматнай навукі, бо я загадзя не згадзіўся і не збіраюся цярпець падобнае махлярства.

Я ніколькі не сумняваюся, калі ў будучым з'явяцца тэматычныя карты, аўтарам якіх будзе сп. Насевіч, які не мае ніякіх адпаведных артыкулаў ці распрацовак па пэўных тэмах ці сюжэтах гісторыі. Паглядзіце ў першы том выдадзенага пад яго рэдакцыяй атласа. Там у спісе адказных радцаў значацца тытулаваныя асобы, якія не стварылі ніводнай карты, якія запісаліся ў Галоўны штаб выдання толькі таму, што носяць, так бы мовіць, лампасы камандзіраў нейкіх устаноў. І мне вельмі горка зараз усведамляць сябе іхнім даверлівым халопам ў якасці так званага гарматнага мяса.

Суцішае мяне толькі тое, што я змагу паведаміць пра такое шулерства галосна, і што я магу гэтым самым засведчыць, што і як рабілася на сакрэтных кухнях адной афіцыйнай установы ў гады яе ручнога кіравання.

Анішчанка Яўген, канд. гіст. навук


Прадмова да Генеральнай карты "Беларускія землі ў канцы XVIII ст"

Беларускія землі ў канцы XVIII стагоддзя

Генеральная карта адлюстроўвае вынікі шматгадовай дзейнасці аўтара па зборы, сістэматызацыі і лакалізацыі звестак па гісторыі населеных пунктаў беларускіх зямель другой паловы XVIII ст. Папярэднія вынікі гэтай працы ўвасобіліся ў карце "Беларусь у у другой палове XVIII ст". маштабу 1500000, выдадзенай у рамках Нацыянальнага атласа Беларусі, а таксама карце "Вялікае княства Літоўскае (сярэдзіна XVIII ст.)" маштабу 1:200000, што выйшла ў першым томе "Гістарычнага атласа Беларусі ў 2008 г." Гэтыя выявы ўпершыню прадстаўляюць рэканструкцыю адміністрацыйна -тэрытарыяльнай будовы і размешчанай унутры ваяводстваў і паветаў структуры зямельных уладанняў па відах уласнасці. Мэтай дадзенай карты ставілася прадставіць у абраным маштабе максімальна поўны звод паселішчаў на момант першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.), якія згадваюцца ў гістарычных крыніцах другой паловы XVIII ст.

Пры стварэнні карты выкарыстоўваліся выключна ненадрукаваныя архіўныя пісьмовыя крыніцы, якія, на жаль, яшчэ не сталі прадметам капітальнага навуковага вывучэння і адпаведнага буйнамаштабнага картаграфавання, нягледзячы на шэраг спецыяльных напрацовак іншых аўтараў, у тым ліку і польскіх даследчыкаў, якія даўно цікавіліся картаграфічнымі выявамі 18 стагоддзя адносна тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Трэба адзначыць, што ў згадваемы час такіх крыніц маецца дастаткова і яны рознастайныя. У храналагічнай паслядоўнасці самыя масавыя з іх наступныя.

На сярэдзіну XVIII ст. гэта матэрыялы рэвізіі (люстрацыі) дзяржаўных уладанняў (старостваў, каралеўскіх эканомій) 1765-1766 гг., праведзенай па усёй тэрыторыі ВКЛ з азначэннем як іх межаў, так і складу паселішчаў. Гэта дазволіла практычна поўнасцю улічыць на карце структуру дзяржаўнай маёмасці за выключэннем тых старостваў, якія налічвалі проста адну вёску і якія з-за прынятага маштабу было немагчыма адлюстраваць у іх мізэрных межах. Тым не меней, на карце змешчаны самыя паселішчы гэтых карлікавых старостваў.

Галоўнай крыніцай і фундаментам, на які абапіраецца дадзеная Генеральная карта, з'яўляюцца вопісы зямельных уладанняў ВКЛ 1775 г. (тарыфы падымнага падаткаабкладання). Вопіс гэты праводзіўся па пастанове сейма Рэчы Паспалітай 1773-1775 гг. для падліку даходаў дзяржавы пасля скарачэння яе межаў па выніках першага падзелу, ухваленага гэтым жа сеймам. Па традыцыі аб'ектам тагачаснага падліку служылі хаты (дымы) і іх уладальнікі. Такія тарыфы маюццца ў нашым распараджэнні па большасці тэрыторыі сучаснай Беларусі. Адсутнічаюць толькі тарыфы па Віцебскаму, Мсціслаўскаму ваяводствах, паколькі на гэты час яны ўжо не існавалі. Не усе наяўныя тарыфы аднастайныя. Асноўная частка іх паведамляе толькі пра уладальніка і падае назву уладання, не раскрываючы якія іншыя пасяленні ўваходзілі ў яго склад. Самыя змястоўныя -накшталт тарыфаў Брэсцкага, Мінскага ваяводства, Аршанскага і Лідскага паветаў, маюць падрабязныя звесткі пра склад уладанняў, размешчаныя ў іх цэрквы, манастыры, кляштары, корчмы. Пэўныя складанасці ўзнікаюць пры лакалізацыі гэтых крыніц, паколькі часта тарыфы гавораць некалькі разоў пра адно і тое ж пасяленне, але ў сумесным валоданні розных асоб. Гэта выяўляецца пры вывучэнні наступных крыніц, якія служылі дапаможнай падставай для рэканструкцыі падымных тарыфаў 1775 г., хаця, зразумела, што яны самі па сабе з'яўляюцца самадастатковай першакрыніцай гістарычных ведаў.

Найперш гэта вопісы парафій ВКЛ 1784-1785 гг., якія захаваліся пераважна ў рукапісы. З улікам канфесіянальнай структуры, гэтыя вопісы істотна удакладняюць падымныя тарыфы, бо дазваляюць заглянуць унутр іх сціплых запісаў У іх паведамляецца пра абшары касцельных (каталіцкіх) прыходаў з дэталёвым пералікам складаючых іх паселішчаў і разбіўкай іх на тыпы паводле адміністрацыйнага значэння (сёлы, вёскі, засценкі, ваколіцы, абрубы). Пакуль што надрукаваныя вопісы ахопліваюць так ці інакш абшары Полацкага ваяводства, Ашмянскага, Браслаўскага, Гродзенскага, Лідскага, Пінскага, Слонімскага і Мазырскага паветаў(Przyszlosc kultury polakow na kresach //Prace Bialystokskiego towarzystwa naukowego/ Bialystok-Drohyczyn. 2000. № 50).

Прынцыповай крыніцай удакладненняў паслужылі матэрыялы Генеральнага межавання усходнебеларускай тэрыторыі, які па выніках першага падзелу склалі Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (губерні) і якія былі інструментальна абмежаваны ў 1783-1785 гг. Дадзенае мерапрыемства ўжо стала прадметам падрабязнага навуковага аналізу (Я. Анішчанка. Генеральнае межаванне на Беларусі.-Мн., 1996 і ён жа. Генеральнае межаванне ў Беларусі­Горкі-Магілёў.,2002) і вызначэння яго годнасці і каштоўнасці. Высветлена, што сярэдняя памылка межавых здымак дасягае 3, 26 мм. ці каля 3 % дакладнай характарыстыкі мясцовасці. Таму на дадзенай Генеральнай карце смела выкарыстоўваліся звесткі межавых атласаў, генеральных планаў і эканамічных заўваг да іх, што дазволіла з ліхвой кампенсаваць недахопы папярэдніх тарыфаў на адсутныя ваяводствы і паветы. Вельмі істотна, што згодна з афіцыйнай мэтай, мэжаванне павінна было адлюстраваць у буйным маштабе (у памеры 1:42000 для генеральных планаў на кожны павет) межы усіх наяўных уладанняў па стану на 1767 год. Таму гэта акалічнасць значна спрыяла паказу існаваўшых на момант першага падзелу паселішчаў, якія ў наступным былі перанайменаваны або зніклі ўвогуле.

Наступнай першакрыніцай служылі тарыфы чарговага падымнага ўліку, арганізаваныя Чатырохгадовым сеймам 1788-1792 гг. на усёй тэрыторыі краіны, але якія, на жаль, захаваліся не ўсе, а тым больш, з улікам тэрытарыяльных страт, не на ўсе адміністарцыйныя адзінкі. Для нас істотна, што дастаткова падрабязнымі з іх з' яўляюцца скарыстаныя тарыфы па Лідскаму, Ашмянскаму паветах, Навагрудскаму ваяводству і інш.

У поўнай меры тут выкарыстаны картаграфічныя матэрыялы і тэкставыя тлумачэнні да іх (т. зв. эканамічныя заўвагі) Атласа Мінскай губерні 1797-1800 гг., якія нядаўна сталі прадметам вывучэння іх паходжання (Я. Анішчанка. Крыніцы і аўтары Атласа Мінскай губерні 1800 года//Тэзісы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі. Мн., 1993. Ч. 1. С. 127-132"). У гэтым жа рэчышчы аўтар звяртаўся і да адпаведных Атласаў Гродзенскай і Віленскай губерняў пачатку XIX ст. для удакладненняў па той частцы ВКЛ, якая слаба адлюстравана на папярэдніх падымных тарыфах.

У мэтах рэканструкцыі памежжа Гродзенскага павета з Каронай (Польскім каралеўствам) ужываліся буйнамаштабныя здымкі Беласточчыны Барэнвілем, што захаваліся ў рукапісным выглядзе і якія адлюстроўваюць вынікі дэмаркацыі мяжы паміж Расіяй і Прусіяй, якія яны распачалі ў 1797 г. на аснове трохбаковай канвенцыі і якія Расія саступіла Прусіі ў 1796 г.(Я. Анішчанка. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў паделах Рэчы Паспалітай.­Мн., 2003)

Замыкаюць блок скарыстаных першакрыніц інвентары ці вопісы асобных маёнткаў, што знойдзены таксама ў рукапісным стане у розных архівах Мінска, Масквы, Вільна, Львова.

Пры карыстанні усёй сукупнасцю крыніц улічваліся наступныя абставіны.

У разглядаемы час ваяводствы і паветы мелі аднолькавае самастойнае адміністрацыйнае становішча і ў публічна-прававых актах як мясцовых сеймікаў, так і вальных сеймаў Рэчы Паспалітай не гаворыцца пра іх іерахічную падпарадкаванасць. Выключэнне, хіба, складае адзін выпадак з рэарганізацыяй абшару ВКЛ паводле рашэння Вялікага сейма 1788-1792 гг., так і не ўведзенага ў жыццё з-за інтэрвенцыі 1792 г. Таму на Генеральнай карце межы ваяводстваў і паветаў ВКЛ даюцца згодна з паказаннямі крыніц, а не па гістарыяграфічнай традыцыі з 16 стагоддзя.

Інструментальныя здымкі межаў уладанняў, як ужо адзначалася, маюцца толькі на правабярэжжа З. Дзвіны і левабярэжжа Дняпра. На ўсю астатнюю тэрыторыю Беларусі скарыстаныя крыніцы дазваляюць рэканструяваць межы маёнткаў умоўна, прыблізна, на падставе складу уваходзячых у іх пасяленняў. Увогуле, немагчыма паказаць дакладныя межы ўладанняў, паколькі адсутнічаюць суцэльныя і аднастайныя крыніцы іх уліку на канкрэтны час і паколькі землеўласніцкая структура пастаянна мянялася з-за продажу, залогаў (заставы), арэнды, шлюбаў, дарэнняў і г. д.. Таму у дапаможным паказчыку да Генеральнай карты канкрэтныя пасяленні адносіліся да таго ці іншага цэнтра ўладання таксама адносна ўмоўна, з улікам гэтай мабільнасці землеўладанняў.

Вядома, што ў палітычна-гаспадарчым жыцці краіны вялікае значэнне мела дыферэнцыяцыя фармальна роўнай шляхты на шараговую шляхту дробных засценкаў і ваколіц і саноўнікаў, валадароў вялізных латыфундый. За магнатаў у літаратуры прыняты ўладальнікі больш 1 тыс. двароў ці больш 3500 мужчынскіх або рэвізскіх душ (Козловский П. Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в в. Мн., 1982). Да валадароў такіх зямельных комплексаў у адпаведнасці з выкарыстанымі данымі масавага ўліку аднесены роды Агінскіх, Аскеркаў, Гільзенаў, Галынскіх, Жабаў, Завішаў, Зіберхаў, Любамірскіх, Платэраў, Пацэеў, Патоцкіх, Радзівілаў, Сангушкаў, Сапегаў, Салагубаў, Тышкевічаў, Храпавіцкіх, Храптовічаў, Чартарыскіх, Шчытаў, Шадурскіх, Юдыцкіх. Для нагляднай дэманстрацыі асабліва буйныя магнацкія вотчыны -накшталт найбольш часта сустракаемых у крыніцах "княстваў" і "графстваў"--вылучаны на карце ў іх межах.

Населеныя пункты у разнастайных вопісах таксама маюць сваю класіфікацыю­ гэта сёлы, сельцы, засценкі, ваколіцы, абрубы, пустыні, вёскі, мястэчкі, гарады. Каб на блытаць карыстальнікаў карты, на ёй паказаны толькі гарады, якімі былі цэнтры ваяводстваў і паветаў, мястэчкі, ці пасяленні гарадскога тыпу, вёскі, у якіх звычайна пражывала паднявольнае працоўнае сялянства, і засценкі-ваколіцы, насельнікамі якіх былі асабіста вольныя шляхцюкі. Назвы пасяленняў прыведзены з улікам правіл сучаснай арфаграфіі, а ў геаграфічным дапаможніку падаюцца і варыянты гістарычных назваў, якія прывязаны да сучаснай адміністрацыйнай прасторы. Гэту працу па ідэнтыфікацыі выканаў В. Насевіч.

Першымі на карце рэгістраваліся тыя з пасяленняў, якія захаваліся да нашых дзён і якія адлюстраваны на сучасных картах маштабу 1: 200000. Для ўпэўненасці населеныя пункты папярэдне былі нанесены на карты маштабу 1:100000, у выніку чаго вызначалася ўся адміністрацыйная сетка і складаючая іх канфігурацыя паселішчаў. Пры адсутнасці пэўнай вёскі на сучаснай карце праводзілася лакалізацыя іх на падставе шырокапрызнанай сваёй дакладнасцю "трохвёрсткі", або "Ваенна-тапаграфічнай карты Еўрапейская Расіі" маштабу 1:126000 сярэдзіны 19 стагоддзя. Гэта дазволіла досыць упэўнена атаясаміць і лакалізаваць шмат сучасных назваў штучнага паходжання (накшталт Пралетарская Слабада або Слаўгарад) з сапраўднымі старадаўнімі пасяленнямі. Выпадкі супадзення старадаўніх і сучасных назваў на карце часта азначае проста факт размяшчэння паселішча на тым ці іншым месцы або паблізу яго згодна з узятым маштабам і ўмоўнасцю паведамлення крыніц.

Уласніцкая прыналежнасць паселішчаў пазначалася колерам умоўных знакаў (пунсонаў) карты. Дзяржаўныя ўладанні ў адпаведнасці з тагачаснай практыкай паказаны у двух тыпах- у якасці каралеўскіх эканомій, даходы з якіх ішлі на ўтрыманне манарха, і староствы, якія раздаваліся каралямі на розных умовах у карыстанне прыватным асобам. Хаця на працягу другой паловы 18 стагоддзя адбыліся канфіскацыі і шырокія раздачы дзяржаўных уладанняў, аднак задачы па адлюстраванні гэтага працэсу пры выкананні карты не ставіліся. У дапаможным паказальніку даецца таксама дыферэнцыяцыя ўладанняў царквы на разнавіднасці іх трымання праваслаўным, уніяцкім або каталіцкім духавенствам. Яшчэ большая стратыфікацыя, што дазваляюць зрабіць крыніцы, магла б толькі ускладніць карыстанне картай. Розначасоваць зямельнага ўліку на скарыстаных крыніцах не дазволіла пазначыць роўнамерна абшары прыходаў і іх цэнтры. Гэтай мэце не цалкам задавальняе і спецыяльная праца польскага даследчыка В. Літака, якая суправаджаецца адпаведнай картай па стану на 1772 г.(Litak W. Koscioly wshodnie w Rzeczypospolitej okolo 1771 roku. Lublin,1998). На дадзенай Генеральнай карце ўпершыню самым падрабязным чынам прыводзіцца тэрытарыяльнае размяшчэнне святынь ­цэркваў, касцёлаў, манастыроў і кляштараў з пазначэннем, калі гэта было магчыма, іх колькасці ў пэўным населеным месцы. Зразумела, што карту істотна ускладніла б дэманстрацыя змен веравызнальнай прыналежнасці святынь у выніку неаднаразовай рэлігійнай канверсіі ўладаў.

Паштовыя дарогі (тракты) з іх станцыямі падаюцца ў адпаведнасці з вопісам скарбовай камісіі ВКЛ за 1767 год, а таксама зменамі, якія ўнеслі ў маршруты расійскія ўлады па стану на 1777-1782 гг.

Маштаб карты, розная шчыльнасць папярэдняга засялення і асваення тэрыторыі, акрамя згаданых асаблівасцей крыніц, абумовілі тое, што на дадзенай карце ўдалося амаль поўнасцю змясціць населеныя пункты ніжэй умоўнай лініі Ваўкавыск-Навагрудак-Мінск-Орша. На вышэйляжачай прасторы гэта не ўдаецца зрабіць. З улікам усяго згаданага на Генеральнай карце размешчана звыш 21 тыс.паселішчаў, што складае каля 44-45 % іх колькасці на канец 18 стагоддзя у адпаведных адміністрацыйных межах.

Я. Анішчанка


Умоўныя абазначэнні на Генеральнай карце

"Беларускія землі ў канцы XVIII стагоддзя"

Населеныя пункты

­Вільня сталіца Вялікага княства Літоўскага

­Мінск - цэнтры ваяводстваў і паветаў

­Нясвіж- цэнтры уладанняў

­ Гарады

­ Мястэчкі

­Вёскі

­ Засценкі і ваколіцы


­ Цэнтры парафій

­Касцёлы каталіцкія

­Цэрквы праваслаўныя

­ Цэрквы ўніяцкія

­Манастыры праваслаўныя

­Манастыры ўніяцкія

­Кляштары каталіцкія


Уладанні паводле тыпу уласнасці

­дзяржаўныя

­царкоўныя

­шляхецкія

­магнацкія


Межы

­дзяржаў

­Рэчы Паспалітай

­ВКЛ

­Ваяводстваў і паветаў

­маёнткаў

­Сучасная граніца Беларусі

­

­Паштовыя дарогі (тракты)

­ паштовыя прыпынкі (станцыі

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX