Вярнуцца: Кнігадрук у Полацку (1774–1829)

Прадмова


Аўтар: Баўтовiч М.,
Дадана: 17-11-2017,
Крыніца: Полацк: Грэка-каталіцкая парафія Святапакутніка Язафата, 2015.

Спампаваць




Прапанаваная праца, не зважаючы на падабенства, не з'яўляецца бібліяграфічным даведнікам з розных, як нам падаецца, паважных прычынаў. Паўстанне яе вынікала з жадання даць аматарам гісторыі магчымасць азнаёміцца з выданнямі полацкае друкарні, а даследчыкаў падштурхнуць да комплекснага вывучэння адукацыйнага працэсу полацкіх езуітаў з (105KB) Выгляд Полацкае калегіі (Г.Грубер, 1785). прыцягненнем звестак аб прадукцыі, што выйшла з-пад варштату мясцовае друкарні. Інфармацыя, збіраная з розных крыніцаў, была даволі фрагментарнай, што не дазволіла для значнае часткі выданняў скласці поўнага бібліяграфічнага апісання. З 496 апісаных у кнізе выданняў (472 езуіцкіх і 24 піярскіх) апісаныя з прагляду ня больш за 60 друкаў. Пераважная ж большасць запісаў угрунтаваныя на старых бібліяграфічных згадках. Назвы некаторых полацкіх выданняў адноўленыя шляхам рэканструкцыі. Апрача таго ў часе працы былі прагледжаныя каля 40 выданняў, выдадзеных у гарадах розных еўрапейскіх краінаў (Рыме, Венецыі, Парыжы, Ліёне, Генце, Кёльне, Лейпцыгу, Аўсбургу, Рэгенсбургу, Інсбруку, Празе), а таксама былое Рэчы Паспалітае (Кракаве, Варшаве, Вільні, Гданьску, Калішы), якія паслужылі ўзорамі для полацкіх друкароў. Сабраныя звесткі дазволілі ўзбагаціць і ўдакладніць інфармацыю, што да полацкіх друкаў.

Спіс друкаў полацкае друкарні ўкладзены паводле храналогіі. У межах аднаго году назвы выданняў размешчаныя паводле альфабэту, бо аўтарства вялікай колькасці твораў засталося нявысветленым. Недатаваныя езуіцкія выданні змешчаныя ў спісе пасля 1820 году. Прозвішчы меркаваных аўтараў (укладальнікаў) пададзеныя ў квадратных дужках. Дзе-нідзе з азначаных вышэй прычынаў не стае звестак пра памер, аб'ём, год выдання. Пасля ўласна апісання канкрэтнае кнігі пазначанае выданне, адкуль паходзіць бібліяграфічны запіс. Хаця трэба прызнаць, што гэтае цверджанне вымагае тлумачэння. Колькасць згадак, сабраных у працэсе пошуку, для аднога запісу вагалася ад адной да адзінаццаці (у сярэднім 3-4). Змясціць усе згадкі пасля кожнага апісання не ўяўлялася магчымым, бо гэта надзвычай пашырыла б аб'ём кнігі. Таму крыніцы, дзе згадвалася канкрэтнае полацкае выданне абіраліся паводле прыярытэту. Для нашае працы прыярытэтам між бібліяграфічных крыніцаў валодае "Польская бібліяграфія" Караля Эстрэйхера, якая налічвае каля 60 тамоў. Калі ў ёй выданне ня згадвалася пошук працягваўся ў наступнай паводле значнасці крыніцы, кнізе Ірэны Кадульскай "Полацкая Акадэмія ..." і г. д. Але напісанае не азначае, што канкрэтныя бібліяграфічныя звесткі (назва, аб'ём, год выдання) маюцца ў пазначанай крыніцы ва ўсёй паўнаце, бо наш запіс фармаваўся шляхам аналізу і адбору з усіх крыніцаў, дзе выданне згадвалася.

У працэсе пошукаў між аўтараў полацкіх выданняў апрача прозвішчаў шырока вядомых тэалогаў, педагогаў, літаратараў такіх, як Тамаш Кемпійскі, Пётр Скарга, Дамінік дэ Калонья, Адам Нарушэвіч, маюцца імёны менш вядомыя: Нікаля Фурго, Рэнэ Аюі, Тадэвуш Кучынскі. Урэшце ўдалося адшукаць і вярнуць імёны асобаў, якія зусім невядомыя даследчыкам гісторыі Полацкае акадэміі: Ёган Шэга, Максымільян Хэль, Жазэф Шэвасу.

Амаль кожны запіс суправаджае заўвага, дзе насамперш змешчаныя спасылкі на полацкія выданні, якія ідэнтычныя або тэматычна блізкія да апісанага. Апрача таго пры наяўнасці інфармацыі падаецца арыгінальная назва твора, які быў скарыстаны дзеля перакладу або друкарскага ўзнаўлення. Прыкладам для перакладу "Набажэнства да найсалодшага сэрца Ісуса" Станіслаў Шантыр скарыстаў кнігу Караля Борга "Навэна дзеля падрыхтоўкі да свята Найсалодшага Сэрца Ісусавага", што ўпершыню выйшла з друку ў Фэрары ў 1786 годзе (гл. № 109). Дадаткова прыводзяцца сціслыя звесткі пра аўтараў або перакладчыкаў (гл. №№ 37, 52 або 268), пра мясціны або асобаў, што згаданыя ў творы (гл. №№ 44, 46 або 73). Часам тлумачыцца з якой нагоды паўстаў той або іншы твор (гл. №№ 85, 122, 306, 329). Зрэдку для зборнікаў падаюцца назвы твораў, якія ў ім змешчаныя, або імёны аўтараў (гл. №№ 94, 120, 210, 211).

Зразумела, што ня ўсе полацкія выданні патрапілі да змешчанага тут спісу. Гэтак між выданняў, апісаных у кнізе, маюцца некалькі тамоў часопіса "Miesięcznik Połocki", кожны з якіх складаўся з чатырох нумароў часопіса. Асобныя ж нумары штомесячніка, якіх было ня менш за 16, да спісу ня трапілі. Колькасць календароў, выдадзеных друкарняй, можа павялічыцца яшчэ прыблізна на 12, бо выходзіў ён пэўна штогод. Да спісу не патрапілі асобна друкаваныя каталогі кніг полацкай друкарні Таварыства Ісуса, хаця маюцца звесткі, што яны выходзілі. Верагодным ёсць друк: другога тому твораў Мусніцкага "Drobnieyszepoetyckie zabawki" (гл. № 217); прамоваў у гонар імператара Аляксандра І, напісаных Сцяпанам Красоўскім і Антонам Кіркорам і выдадзеных асобна, як тое было з прамовамі Даната Жаброўскага і Язэпа Скрудзеўскага (гл. №№ 372, 373). Ня выключана, што "Słownik polsko-łaciński" Бенэдыкта Вараноўскага выходзіў у некалькіх тамах (гл. № 419). Вышэй напісанае дае спадзеў, што спіс выданняў полацкае друкарні будзе папаўняцца, а іх агульная колькасць можа дасягнуць 600.

Укладальнік

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX