Папярэдняя старонка: Кнігадрук у Полацку (1774–1829)

Кнігадрук у Полацку ад 1774 г. да 1829 г. 


Аўтар: Баўтовiч М.,
Дадана: 17-11-2017,
Крыніца: Полацк: Грэка-каталіцкая парафія Святапакутніка Язафата, 2015.

Спампаваць




Апошняя чвэрць XVIІІ ст. кардынальна змяніла жыццё ня толькі полацкіх езуітаў, але і ўсяго Таварыства Ісуса. Але шлях, які прывёў да зменаў, распачаўся значна раней. Свецкія ўлады шэрагу каталіцкіх краінаў (Партугалія - 1758, Францыя - 1762, Гішпанія, Аўстрыя і Сіцылія - 1767) пачалі выдаляць езуітаў, ускладаючы на іх віну за ўнутраную нестабільнасць. У Рэчы Паспалітай змены наспявалі гэтаксама. Ужо ў лютым-красавіку 1767 года, у часе ўводу дзеля падтрымкі слуцкіх канфедэратаў дваццацітысячнага расейскага вайсковага кантынгента пад началам генэрала Нумарса, на Падзвінні пачалі шырыцца чуткі пра магчымы падзел дзяржавы. У верасні 1767 году храніст Полацкага Сафійскага манастыра занатаваў: "Афіцэр-матэматык з Масквы апісваў маёмасць, землі, яры, рэкі, азёры, млыны, фабрыкі, двары, гарады, мястэчкі, вёскі, уладальнікаў. Адкуль пайшла пагалоска, што хочуць адабраць па Дзьвіну. Напужаныя ваяводскія ўстановы пачалі за Дзвіну пераводзіцца."312 сакавіка 1772 году на загад расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ пяцідзесяцітысячнае войска пад началам генэрал-маёра Кахоўскага заняло тэрыторыю па Дзвіну ды Дняпро і ўжо не сыйшло.

Выданне кніг полацкай друкарняй у 1787-1820 гадах.

Пецярбурская Канвенцыя ад 5 жніўня 1772 году і рашэнне Сойму Рэчы Паспалітай ад 30 верасня 1773 году ўзаконілі анэксію Расеяй паўночна-ўсходняй часткі дзяржавы. На той час на землях, што адыйшлі да Расеі, функцыянавалі езуіцкія калегіі ў Віцебску, Оршы,Полацку ды рэзідэнцыі ў Магілеве і Мсціславе, якія належалі да Мазавецкай правінцыі Таварыства Ісуса. Апрача таго, працавала калегія ў Дынабургу, прыналежная да Літоўскай правінцыі Таварыства.На забраных Расеяй землях знаходзіўся 201 сябар Таварыства Ісуса, у тым ліку 97 святароў. З агульнай колькасці езуітаў 97 працавала ў Полацкай калегіі, між іх - 27 святароў. Адсюль зразумела, чаму пазней Полацк быў абраны за цэнтр Беларускай правінцыі.

Расейскі ўрад адразу засяродзіў дзейнасць сваіх інстытутаў на ізаляцыі каталіцкіх структураў у Расеі ад астатняга каталіцкага свету. З гэтай мэтаю ўжо 25 снежня 1772 году было ўтворанае беларускае біскупства і прынятыя захады па недапушчэнні кантактаў з духоўнымі асобамі іншых краінаў. Але гэткі стан трываў нядоўга. 21 ліпеня 1773 году папа Клімент XIVпад ціскам каралеўскіх двароў згаданых вышэй краінаў сваім брэвэ "DominusacRedemptor" ліквідуе Таварыства Ісуса ва ўсім свеце, а 18 жніўня кангрэгацыя кардыналаў выдае інструкцыю, як мусіць адбывацца ліквідацыйны працэс. Мазавецкі правінцыял Казімір Сабалеўскі, маючы весткі аб надыходзячым няшчасці, 25 кастрычніка яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння ліквідацыі Таварыства Ісуса ў Рэчы Паспалітай, якое адбылося 9 лістапада 1773 году, прызначыў рэктара Полацкае калегіі Станіслава Чарневіча сваім памочнікам (віцэ-правінцыялам) і даў яму ўладу над усімі езуіцкімі асяродкамі, што меліся на далучаных да Расейскай імперыі тэрыторыях. Гэты акт стаўся пачаткам аўтаномнага існавання беларускіх езуітаў.

Імперскія ўлады палічылі для сябе непрыймальным выконваць папскую пастанову, бо яе выкананне дыскрэдытавала інстытут самаўладдзя. Віцэ-правінцыял Чарневіч намагаўся развязаць паўсталую калізію і атрымаць ад імператрыцы дазвол на роспуск Таварыства Ісуса ў Расейскай імперыі. Аднак атрымаў катэгарычную адмову і загад больш не вяртацца да гэтага пытання. У сакавіку 1774 году віцэ-правінцыял, як духоўны кіраўнік, учыніў візітацыю ўсіх калегіяў, рэзідэнцыяў, місіяў, што дазволіла кансалідаваць сяброў таварыства і наладзіць духоўнае жыццё. Частка езуітаў палічыла сваім абавязкам выканаць брэвэ "Госпад і Адкупіцель" і пакінула Таварыства. З гэтае прычыны пачала адчувацца нястача асобаў святарскага стану. Станіслаў Чарневіч вырашыў прыймаць да складу Таварыства асобаў, што раней належалі да былых Мазавецкай і Літоўскай правінцыяў Societatis Jesu, з частак якіх утварылася Беларуская правінцыя. Першыя 20 маладых езуітаў былі высвячаныя на святароў 16 лістапада 1776 году. Біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які апекаваўся ўсімі рыма-каталікамі на далучанных тэрыторыях, 30 ліпеня 1779 году дазволіў адчыніць у Полацку навіцыят дзеля падрыхтоўкі кандыдатаў на езуітаў. Згаданая ўстанова распачала працу 2 лютага 1780 году. З дазволу імператрыцы і біскупа Сестранцэвіча была скліканая кангрэгацыя (з'езд прадстаўнікоў). Яна працавала ў Полацку з 11 па 18 кастрычніка 1782 году і абрала сваім кіраўніком (генэральным вікарыем) Станіслава Чарневіча. Апрача таго, былі развязаныя арганізацыйныя праблемы і падтрыманая кандыдатура заступніка Сестранцэвіча біскупа Яна Беніслаўскага на пасланца да Апостальскага пасаду ў справе легалізацыі Таварыства Ісуса ў Расеі. Вынікам візыту біскупа Беніслаўскага было тое, што наступнік Клімента XIVпапа Пій VIдазволіў Таварыству Ісуса існаваць у межах Расейскае імперыі. Далейшае развязанне праблемаў, што да лёсу Каталіцкае царквы ў Расеі, а між імі і Таварыства Ісуса, настала ў часе знаходжання ў 1783-1784 гг. у Санкт-Пецярбургу папскага легата Джавані Архэці.

Адсюль пачынаецца паступовы развой Таварыства Ісуса ў межах Расейскае імперыі. З розных краінаў Еўропы пачалі прыязджаць адукаваныя асобы, што хацелі звязаць свой лёс з Таварыствам. Першымі з прыбылых былі Луіджы Руснаці, Луіджы Паніцоні, браты Каэтан, Франчэска, Луіджы ды Джузэпэ Анджаліні, Калюмбан Пфайфер, Антон Люстыг, Алоіз Ляндэ, Антон Шэдлер, Аўгустын Маньяні, намаганнямі якіх быў закладзены падмурак адукацыйнае сістэмы Полацкае калегіі.

Большасць даследчыкаў за пачатак друкарскае справы ў Полацку ўважаюць 1787 год, калі імператрыцай Кацярынай ІІ быў выдадзены прывілей на друкарню пры Полацкай калегіі Таварыства Ісуса. Гэтая версія мае некалькі пацверджанняў. Па-першае, у верасні 1787 году варшаўскае выданне "Dziennik Handlowy" паведамляла пра выраб на фабрыцы Пятра Завадскага літараў для Полацкае друкарні. 4Па-другое, да 1787 году выданні "Catalogus personarum et officiorum Societatis Jesu" выходзілі з магілеўскай друкарні архібіскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. Па-трэцяе, творы тэматычна павязаныя з Полацкам і пісаныя былымі езуітамі, такія як К. Беніслаўскага "Pienia całodzienne i całonocne, na przybycie do kraiów swych Biało-Rossyiskich Nayiaśniejszej Katarzyny II, Cesarzowey, Stworzycielki, Prawodawezyni, i Matki całeyRossyi, od poddaństwa prowincyi Dźwińskiey, przez X. Konstantego Benisławskiego, iednego z naypoddańszych poddanych, wierszem Królewskim złożone" (1780) і М. Карыцкага "Carmen Cum augustissima Jmperatrix Totius Rossiae Catharina II Aegra uteretur valetudine, dicatum Honoribus Celsissimi S. R. J. PrincipisGregorii Potemkin Campi-Ducis Exercituum Rossiae, Senatoris, Vice-praesidis Collegii Bellici, Jmperatoriae Majestatis In Guberniis Astrachanensi, Neo-Rossiaci, Azoviensi & Saratoviensi vicarii, Omnium Rossiacorum Nec non Variorum Ordinum Equitis a Collegio Polocensi Societatis Jesu Infinitis Jpsi nominibus Obstricto" ўбачылі святло ў віленскай акадэмічнай друкарні. Урэшце будынак, дзе месцілася друкарня, паўстаў толькі ў 1778 годзе. Аднак прыняўшы ўсё вышэйпісанае, варта звярнуць увагу і на тое, што розныя бібліяграфічныя выданні змяшчаюць звесткі пра больш раннія за 1787 год полацкія друкі (гл. №№ 1 - 7). Цяжка ўважаць гэтыя звесткі за суцэльныя памылкі ўкладальнікаў. Тут у якасці тлумачэння можам дапусціць, што нейкі друкарскі варштат меўся ў Полацку яшчэ да атрымання імператарскага прывілею.

На пачатку сваёй дзейнасці полацкая друкарня мела шчыльныя сувязі з віленскай акадэмічнай друкарняй, дзе ў 1773-1788 гг. прэфектам быў экс-езуіт і будучы біскуп Давід Пільхоўскі. Справамі друкарні ў Вільні апекаваліся напачатку Рафал Літвінскі, а з 1799 году - Мікалай Тамашэўскі. З гэтае прычыны некаторыя полацкія выданні паводле аздаблення маюць падабенства з віленскімі. Варта параўнаць выданні "Augustissimo ac potentissimo Paulo I" (1797, № 85) і "Grammatyka francuzka krótko zebrana" (1798, № 92) з віленскімі "Carmen Cum augustissima Jmperatrix Totius Rossiae Catharina II" (1781) і "Grammatyka francuzka krótko zebrana" (1796) адпаведна. Выданне ж полацкага календара можна ўважаць за працяг традыцыяў календара віленскага, укладанне і друк якога ў Віленскай акадэмічнай друкарні цягам чвэрці стагоддзя здзяйсняў выхаванец Полацкае калегіі Францішак Папроцкі. Арганізатарамі працы полацкае друкарні былі сябры Таварыства. Гэтак пасаду прэфекта ў розныя гады займалі Мацей Ракеты (1787-1797), Тадэвуш Бжазоўскі (1797-1805), Алоіз Лянкевіч (1805-1806), Геранім Гарабурда (1806-1809 i 1811-1814), Ян Заранак (1809-1811), Ігнат Хадыніцкі (1814-1818), Вінцэнт Жолудзь (1818-1820). Друкарамі былі пераважна таксама езуіты: Базыль Шыркевіч (1787-1800), Алоіз Лянкевіч (1800-1805), Ян Корсак (1806-1815), Антон Сакалоўскі (1815-1820), Адам Міхалоўскі (1818-1819), Ян Ляшчынскі (1818-1820), Ян Брукнер (1819-1820), Мацей Дрыкшаў (1819-1820). Апрача таго на працы ў друкарні былі занятыя яшчэ каля дзесятка асобаў. 5

Дзеля забеспячэння навучальнага працэсу Полацкая друкарня перадрукоўвала ня толькі творы, што раней друкаваліся ў Рэчы Паспалітай, але і працы найлепшых езуіцкіх тэолагаў і казальнікаў іншых еўрапейскіх краінаў. Частку друкаў складаюць працы выкладчыкаў полацкае калегіі, а пазней акадэміі. Дзеля вызначэння аб'ёму прадукцыі, выдаванай друкарняй, неабходна валодаць звесткамі аб фармаце, колькасці старонак, накладзе кожнага з выданняў. На жаль выходныя звесткі аб друках полацкае друкарні носяць спарадычны характар, і абагульніць іх не ўяўляецца магчымым. Аднак з пэўнасцю можна казаць, што пры канцы XVIIIст. друкарня па колькасці выданняў стала лідарам на землях сучаснае Беларусі. 6Такі самы стан захаваўся на пачатку XIXст. У 1801-1805 гг. полацкая друкарня выдала сама меней 79 кніг і паводле колькасці саступала адно толькі віленскай акадэмічнай друкарні (115 кніг). Пададзеная ніжэй гістаграма дазваляе прасачыць дзейнасць друкарні цягам гадоў. Не зважаючы на пэўныя спады, выразна праглядаецца ўзыходзячы трэнд. Некаторыя з тых спадаў можна патлумачыць непаўнатой звестак, іншыя - прычынамі зразумелымі. Гэтак вядома, што пасля заняцця 26 ліпеня 1812 году Полацка францускім войскам друкарня прыпыніла працу і аднавіла яе толькі ў наступным годзе. Зачыненая ж полацкая друкарня была адразу пасля атрымання загаду імператара Аляксандра І, падпісанага 25 сакавіка 1820 году. Таму для 1812 і 1820 гг. ёсць магчымасць прыблізна вылічыць колькасць выданняў, што маглі выйсці цягам поўнага году. Да пабудобы гістаграмы з паважных прычынаў не былі скарыстаныя звесткі з укладзенага Шторхам і Адэлунгам сістэматычнага агляду (гл. Бібліяграфічны спіс). Па-першае, звесткі аб часе выхаду выданняў полацкае друкарні не адпавядаюць інфармацыі, атрыманай з іншых крыніцаў. Насуперак пададзенаму часу друку (1801-1805 гг.) на самой справе ў аглядзе апісаныя кнігі, што друкаваліся ў 1790-1810 гг. Па-другое, пераважная частка полацкіх выданняў у аглядзе датаваная 1801-1802 гг. так, што колькасць выданняў у 1802 годзе сягае 42, што больш чым удвая перывышае колькасць, пададзеную ў астатніх крыніцах. Верагодна ўкладальнікі ня мелі дакладных звестак пра час выхаду выданняў з друку і год пазначалі адвольна. Аднак да аналізу моваў выданняў полацкае друкарні звесткі сістэматычнага агляду скарыстаныя, таму тут маем паўнейшую карціну. Гэткім чынам спіс моваў полацкіх друкаў мае наступны выгляд:

1) польская - 243,2;

2) лацінская - 157,4;

3) француская - 22,7;

4) нямецкая - 20,5;

5) латгальская - 18,7;

6) расейская - 4,5;

7) італьянская - 4,2;

8) беларуская - 1,0;

9) літоўская - 0,2;

10) грэцкая - 0,15.

Прыведзеныя лічбы маюць выгляд дробу, бо некаторыя з выданняў з'яўляюцца дзвюх-, трох-, і нават шасцімоўнымі. Як відаць, першыя дзве пазыцыі трывала займаюць мовы польская і лацінская. З кожнай новай знаходкай пададзены спіс моваў можа зазнаць зменаў, асабліва ў такіх пазыцыях як 3-4, 6-7 або 8-10. Найбольш верагодна, што з цягам часу будуць знойдзеныя выданні ў літоўскай мове, бо тэкст у гэтай мове маецца ў матэрыялах петрыкоўскага правінцыйнага сіноду "Rituale sacramentorum ..." (№ 183) і ёсць звесткі пра выданне "Ustawy Bractwa ..." (№№ 68, 70, 204, 495) таксама і па-літоўску. Верагодна адшуканне кніг у грэцкай мове, бо ў выданні "Augustissimo ac Potentissimo Alexandro I ..." (№ 314)змешчаны тэкст па-грэцку і гэтая мова ў калегіі выкладалася. Ня выключана, што выходзілі выданні друкаваныя габрэйскім шрыфтам, бо гэткі шрыфт меўся ў полацкай друкарні. Да таго ж сябры Таварыства Ісуса дапамагалі полацкім марыявіткам у справе хрыстыянізацыі габрэяў, што вынікае з даклада міністра Духоўных справаў і Народнае адукацыі Расейскае імперыі імператару Аляксандру І ад 13 (25) сакавіка 1820 году аб тым, што "у 1801 годзе езуіты скарыстоўвалі гвалт, навяртаючы габрэйскіх дзетак ... Спатрэбілася моц губернскага начальства, каб выцягнуць згаданых габрэйскіх дзетак з манастыра".

Пераважную большасць выданняў паводле тэматыкі складалі кнігі непасрэдна прызначаныя для забеспячэння навучальнага працэсу: праграмы навучання, падручнікі ў розных галінах ведаў. Заімі ішлі выданні больш шырокага ўжытку: катэхізісы, малітоўнікі, духоўныя практыкаванні. Выходзілі выданні мастацкага зместу, аўтарамі якіх былі калі не самі езуіты, дык асобы блізкія поглядамі да кансэрватыўнага кірунку грамадскае думкі (Міхал Карыцкі, Нікадэм Мусніцкі, Адам Нарушэвіч, Ігнат Красіцкі, Францішак Карпінскі).

Значныя непрыемнасці прынес 1800 год. Агульна было вядома, што пасля няўдалых дзеянняў супраць напалеонаўскай Францыі ў Галандыі ў верасні-кастрычніку 1799 году сумеснага англійска-расейскага корпусу і яго капітуляцыі, сатэліты вінавацілі адзін аднаго ў паразе і фактычна дайшло да спынення якіх-колечы дыпламатычных зносінаў. У гэтай сітуацыі езуіты паказалі сябе палітычна недасведчанымі, бо ў выдадзеным полацкай друкарняй календары на 1800 год меўся пахвальны водгук аб англійскім флоце.Калі рапарт Санкт-Пецярбурскага цэнзара Фёдара Туманскага дайшоў да імператара Паўла І, той надта абурыўся. Вынікам стаў выдазены мітрапаліту Станіславу Сестранцэвічу загад ад 6 красавіка1800 году, які абавязваў спаліць усе календары, пераглядзець раней выдадзенныя кнігі, адхіліць ад выканання абавязкаў цэнзара біскупа Яна Беніслаўскага, права цэнзуры духоўных выданняў даць толькі мітрапаліту, а свецкія кніжкі без адпаведнае цэнзуры не друкаваць. 7З гэтае прычыны на вокладцы календара на 1802 год маецца надпіс, што выдадзены ён "З дазволу Пецярбурскай Імперскай цэнзуры" (гл. № 136). Ад часу закладання акадэміі права цэнзуры надаецца сябрам Таварыства Ісуса. Сярод цэнзараў значацца Матэа Малінары, Язэп Цытовіч, Міхал Ляснеўскі.

Езуіты працягвалі інтэнсіўную выдавецкую дзейнасць, хаця варункі пачалі паступова пагаршацца. Гэтак з пачаткам пабудовы цытадэлі ў Дынабургу ў 1811 годзе была зачыненая тамтэйшая калегія. Шляхецкая калегія ў Санкт-Пецярбургу, якая адчыніла свае дзверы ў 1806 годзе, перастала існаваць у тым самым годзе. Верагодна, дазвол на адчыненне акадэміі ў Полацку быў дадзены ў якасці кампенсацыі за ліквідацыю дзвюх згаданых калегіяў, каб скарыстаць наяўны выкладчыцкі персанал, бо сістэма дзяржаўнай адукацыі не была ў стане стаць альтэрнатывай езуіцкаму навучанню.

Пасля аднаўлення на падставе булы папы Пія VII "Sollicitudoomniumecclesiarum" ад 7 жніўня 1814 году Таварыства Ісуса ва ўсім свеце, расейскаму ўраду не было больш патрэбы цярпець існаванне згуртавання ў Расейскай імперыі. Пачалося паступовае абмежаванне дзейнасці езуітаў, да адной з праяваў яго належыць ліквідацыя Пецярбурскай калегіі і выдаленне Таварыства з сталіцыімперыі на падставе імператарскага загаду ад 20 снежня 1815 году (1 студзеня 1816 году паводле грыгарыянскага календара). Урэшце працэс завяршыўся выдаленнем сяброў Таварыства Ісуса за межы Расейскае імперыі на падставе загаду ад 13 (25) сакавіка 1820 году. Выхаванец полацкіх езуітаў Эдвард Масальскі ўспамінаў, што "адразу пасля Велікодных святаў (02.IV - М.Б.) езуіты пачалі ад'язджаць на расстаўленных праз урад конях партыямі па 20, і па двух на адной брычцы, абкладзенай скрынямі і клункамі. ... Каля Зялёных Святаў (21.V - М.Б.), калі ўжо амаль усе езуіты выехалі, прыехаў за мной брат Язэп, з асобнай падводай пад кнігі. Развітаўшыся тады з Полацкам і забраўшы пакункі з кнігамі і партрэт караля Батуры, выцягнуты з рамы і скручаны ў рулон, ад'ехалі з гэтага гораду." 8

Пасля ад'езду езуітаў віцебскі цывільны губернатар АляксейБутовіч ужо 9 верасня 1820 году звяртаўся да міністра Народнаеадукацыі Аляксандра Галіцына з просьбай аб перадачы для губернскіх патрэбаў друкарскага абсталявання, шрыфтоў і хлопцаў, што займаліся абслугоўваннем. Аднак міністр ягонуюпросьбу не задаволіў. Паезуіцкія будынкі з усім абсталяваннем, былі аддадзеныя пад вайсковую ахову. Фаўст Цяцерскі, абраны правінцыялам дамініканаў у 1818 годзе (гл. № 402), пакінуў удзённіку візітацыі гэткія занатоўкі: "1821, Жнівень, 11: Праязджаючы праз Полацк глядзеў на сумную выяву паезуіцкіх будынкаў: абадраныя ўпрыгожанні, спустошаныя склады, падрапаныя муры і г.д., здаецца надыйшло руйнаванне. Кажуць, што будынкі будуць аддадзеныя кадэтам. Бяз слёз і халоднага поту глядзець на гэтае спусташэнне немагчыма. ... 1821, Верасень, 9: Выезд з Вушачаў. Позна прыехалі ў Полацк. Апрача пахвалы нічога немагчыма казаць пра манахаў, што жывуць, як у нашым, гэтак і ў паезуіцкім манастыры. Адно сумна, што прыгожыя і велічныя будынкі пакінутыя. Адстаўныя жаўнеры нясуць варту, інваліды сядзяць пры розных складах."9Адкуль вынікае, што ў гэты час у будынках, пакінутых езуітамі, жылі манахі-дамініканы. Правінцыял дадае, што будынкі, пэўна, аддадуць кадэтам, але нічога не кажа пра піяраў. Падобна дазвол на адчыненне піярскае вучэльні ў Полацку ўлада разглядала як часовы варыянт, пакуль ня будуць вырашаныя арганізацыйныя праблемы, павязаныя з ужо запланаваным закладаннем кадэцкага корпусу.

Урэшце рашэнне аб перадачы будынкаў манахам закону школаў пабожных, то бок піярам, пад вучэльню было прынятае. Адбылося тое гэткім чынам. Урад пасля сканчэння навучальнага году 1821/1822 зачыніў у Віцебску піярскую калегію, што працавала ад 1799 году, і прылучыў касцёл з манастырскімі будынкамі да дзяржаўнае ўласнасці. 10Наўзамен перадаў манахам паезуіцкія будынкі ў Полацку і дазволіў адчыніць тут вышэйшую вучэльню. Урачыстае адкрыццё адбылося 1 верасня 1822 году. Віленская газета "Літоўскі кур'ер" гэтак апісала падзею: "Правінцыял піяраў кс. Купсць 1.ІХ.1822 г. адчыніў у Полацку 4 ніжэйшыя класы, а 15-га таго ж месяца распачаліся вышэйшыя курсы гэтае новае ўстановы. Перад тым у прысутнасці цывільных уладаў і вялікай колькасці грамадзкасці гэты самы правінцыял распачаў пасяджэнне прамовай ад адукацыі моладзі, мэтай якой ёсць удасканаленне сэрца праз узрастанне ў хрысціянскіх цнотах, праз узбагачэнне думак, практыкаванне розуму, і ўрэшце ўмацаванне цела праз неабходныя для таго сродкі і навучанне сціпламу жыццю. Потым выкладчык польска-лацінскае літаратуры кс. Лашкевіч у сваёй прамове заахвочваў моладзь да актыўнага занятку навукамі. Настаўнік жа нямецкае мовы Шлезінгер па-француску тлумачыў, што дасканалае валоданне іншаземнымі мовамі значна спрыяе асвеце. У канцы быў прачытаны расклад лекцыяў для чатырох ніжэйшых і трох вышэйшых класаў. Пасяджэнню папярэднічала ўрачыстая імша аб Святым Духу, са спевам "Veni Creator", а паслясканчэння "Te Deum". На гэтым скончылася сціплая ўрачыстасць адкрыцця піярскай школы ў Полацку."11Аднак друкарня распачала сваю працу пазней, бо сціслы запіс курсу даваных ведаў пад назвай "Wykład nauk dawanych w szkole wyższey połockiey xx. pijarów. Od dnia 1. września 1822 roku, dodnia 4. lipca 1823 roku" выйшаў у 1823 годзе з друкарні віленскіх піяраў. Адшукаць сярод бібліяграфічных запісаў спасылкі на выданні, ранейшыя за 1824 год, не ўдалося. З гэтае прычыны за пачатак працы піярскае друкарні ў Полацку мусім прыняць азначаны год. Пэўна, адчуванне часовасці побыту ў Полацку наклала адбітак як на працу Вышэйшае вучэльні, гэтак і друкарні пры ёй. Навучальны працэс у вучэльні грунтаваўся на падручніках, дасыланых з Вільні, або Варшавы, таму друкарня (у адрозненне ад часоў езуіцкае калегіі) не была засяроджаная на абслугоўванні вучэльні. У выданнях друкарні гэтага перыяду пэўнай тэматычнай скіраванасці не праглядаецца. Аднак піяры працягвалі місіянерскую дзейнасць сяброў Таварыства Ісуса сярод латгальцаў. Сведчаннем таму перавыданне кніг, што раней друкавалі езуіты: "Eysas Łyugszonas ..." (№№ 473, 494), "Abece" (№ 493), "Gromota brolistes ..." (№ 495), "Padumszonas un Łyugszonas ..." (№ 496). Гэтаксама дзеля шырокага ўжытку быў перавыдадзены малітоўнік "Zbiór wybornego i gruntownego nabożeństwa ..." (№ 492). Паводле гістарычных звестак, піярская вучэльня спыніла сваю працу ў 1830 годзе, пэўна пасля сканчэння навучальнага году. Аднак звестак пра выданні друкарні гэтага году адшукаць не пашчасціла.

У часе рэалізацыі ў 1832-1835 гг. плану пераабсталявання паезуіцкіх будынкаў дзеля патрэбаў кадэцкага корпусу дзяржаўная камісія палічыла залішняй прысутнасць друкарні ў Полацку. Абсталяванне было дэмантаванае і перададзенае заснаванаму 8 лістапада 1833 года Кіеўскаму ўніверсітэту Святога Ўладзіміра.

Наступнай кнігі Полацк мусіў чакаць больш за палову стагоддзя. Толькі ў 1885 годзе ў прыватнай друкарні былога віленскага месціча Хайма Вульфава Клячкі ўбачыла святло невялікая, складзеная з 34 старонак, кніжыца святара Міхаіла Дуброўскага пад назвай "Житіе преподобной Евфросиніи, княжны Полоцкой, съ краткимъ описаніемъоснованнаго ею въ г. Полоцке женскаго монастыря и находящейся въ немъ святыни". Але гэта ўжо іншая гісторыя.

----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

3. Дневникъ Полоцкаго Софійскаго монастыря, начатый въ 1746 г. // Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 10. - Вильна : 1874, с. 348.

4. "Dziennik Handlowy. Zawieraiący w sobie wszystkie okoliczności, Pisma, Uwagi i Myśli Patryotyczne do Handlu ściagaiące się". - Warszawa: 1787, T. III, Cz. IX (wrzesień).

5. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564-1995. Opr. L. Grzebień.

6. А. Мальдзіс у працы "На скрыжаванні славянскіх традыцый" (с. 242) падае лічбы друкаў XVIII ст.: у Горадні - 97, Полацку - 82. Паводле нашых падлікаў, з полацкай друкарні выйшлі 122 кнігі, што дазваляе ёй заняць першае месца.

7. Полное собраніе законовъРоссійской имперіи, съ 1649 года. Т. ХХVI.1800-1801. - Санкт-Петербург : Тип. 2-го Отд-ния Собств. Е.И.В., 1830, с. 128.

8. Edward TomaszMasalski: Z pamiętników (1799-1824) / Z filareckiego świata: Zbiór wspomnień z lat 1816-1824. - Warszawa : 1924, s. 258.

9. Дневникъ визитатора Доминиканскихъ монастырей Северо-Западнаго края за 1821-1832 гг. / Археографическій сборникъ документовъ, относящихся къ исторіиСеверо-Западной Руси. Т. 14. - Вильна : 1904, сс. 126, 127.

10. MarekGozdawa. Wspomnienie o Pijarach witebskich / Kwartalnik Litewski. Wydawnictwo poświęcone zabytkom przeszłości, dziejom, krajoznawstwu i ludoznaw-stwu Litwy, Białorusi i Inflant. - Petersburg : 1910, T. 1 (marzec), ss. 107-108.

11. I. G. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół od niej zależnych. - Kraków : 1905, s. 134.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX