Папярэдняя старонка: Баўтовіч Міхась

Балтызмы ў беларускiх гаворках як адзнака этнiчных працэсаў 


Аўтар: Баўтовіч Міхась,
Дадана: 18-04-2017,
Крыніца: Баўтовіч Міхась. Балтызмы ў беларускiх гаворках як адзнака этнiчных працэсаў // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы III Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 21-23 красавіка 1997 г., Полацк, 1998, c. 31-39.



Мэтаю досьледу ёсьць збор дадзеных аб распаўсюджаньні балтызмаў у беларускіх гаворках. У перспектыве праглядаецца стварэньне карты балцкіх дыялектаў Беларусі і беларускага балцкага слоўніка. Напачатку досьледу былі вылучаныя блізу 500 шырока распаўсюджаных лексічных адзінак. Для 150 зь іх знойдзеныя адпаведнікі ў балцкіх мовах. Складзены апытальны ліст дзеля адмысловага апытання карэннага насельніцтва. Пакуль удалося сабраць дадзеныя па 38 лексічных адзінках (25%), якія былі згрупаваныя й нанесеныя на карту. Пададзеныя ніжэй вынікі маюць прамежкавы характар, але і яны мусяць быць прааналізаваныя і асэнсаваныя.

Мал. 1.

Карціна пашырэння балтызмаў мае наступны выгляд. Зонамі з найменшай колькасьцю балтызмаў ёсьць скрайні паўночны ўсход (раён Віцебску) і паўднёвы ўсход (прыблізна адпавядае этнаграфічнай зоне VI паводле В.С.Цітова). Пэўна, што гэтыя зоны даволі рана сталіся аб'ектам славянскай экспансіі (мал. 1). Межы добра праглядаюцца па такіх балтызмах, як сакатаць (sakoti - лет.; sakot - лат.); бурбалкі (burbulas -лет.; burbulis - лат.); рапуха (rupúże - лет.; rupucis - лат.). Іншая карціна на захад ад Дняпра. Тут ізаглосы маюць накірунак поўнач-поўдзень і паступова набліжаюцца да межаў балтыцкіх краінаў Летувы і Латвіі (мал. 2).

Мал. 2.

Прастора неаднародная і паводле рэгіянальных асаблівасьцяў можа быць падзеленая на 3 зоны:

I - Заходняе Падзьвінне (зона полацкіх гаворак);

II - прастора, што абыймае этнаграфічныя зоны II (Панямонне) і III (Цэнтральную Беларусь) паводле В.С.Цітова;

ІІІ - Заходняе Палесьсе, адпавядае этнаграфічнай зоне V паводле В.С.ЦІтова. Зона V абмяжоўваецца лініяй, якая спачатку мае накірунак поўнач-поўдзень і ідзе на захад ад Віцебску. Потым паступова паварочвае на захад і пралягае спачатку па водападзеле рэк Дзьвінскага і Дняпроўскага водазбораў, а далей Дзьвінскага і Нёманскага. Большасьць ізаглосаў праходзяць паміж Вяльлёй і Нараччу ды сягаюць далей у Летуву, што блізу адпавядае мяжы этнаграфічных зонаў I i II паводле В.С.Цітова. Адносна большую колькасьць балтызмаў зьмяшчаюць гаворкі левага берага Дзьвіны. На правым беразе нягледзячы на значны лексічны літоўскі (у гістарычным сэнсе) пляст, адчуваюцца ўплывы іншых культур. Гаворкі зоны I маюць шмат агульных балтызмаў з гаворкамі зоны II: гірса (girse - лет.) - каласоўнік; гізаваць (gizuoti - лет.) - бегаць ад сьляпнёў; шашок (šéškas - лет., sesks - лат.) - тхор; пойсаваць (paisyti - лет.) - каласаваць ячмень; тарпа (tarpa - лет., starpa - лат.) - застаронак у гумне і інш.

Але ёсьць балтызмы, уласьцівыя толькі гэтай зоне: вягал (vegele - лет., vedzele - лат.) - мянтуз; гігель (gigelis - лет.) - хвошч; гегні (gegne - лет.) - браднік. Заходняя частка зоны I, дзе фіксуецца найбольшая колькасьць балтызмаў, пэўна адпавядае терыторыі, што ў летапісах менавалася Нальшанамі. Пачыналася яна непадалёк ад Дзісны й межавала з карэннай Полаччынай. Пацьверджаннем гэтаму ёсьць поўная адпаведнасьць акрамя мовы жніўных песень раёна Сьвенцяны - Ігналіна (Летува): «Da i kreno tas valakas», «Tai ramus laukeliai», «Oi, saulete, oi, motule» i зь беларускага боку песень раёну Мядзельшчыны, Глыбоччыны, Мёршчыны «А чыё гэта поле», «Дрэмна поле, дрэмна поле», «Жну я, жну, пажынаю» (Ванда Місявічэне. Рэгіянальныя асаблівасьці бытавання жніўных літоўскіх і беларускіх песень // Albaruthenica № 3, Мн., 1991, ст. 199). Адпаведнікі толькі ў зоне I. Ёсьць гэтаму абгрунтаваньні і ў архэалёгіі. Найбольшае падабенства паводле абраду пахавання й характару знаходак Дрысенскай і Дзісенскай кургановых груп, якія непасрэдна уваходзілі ў склад Полацкай зямлі, і адрозьненьне богінскай і браслаўска-мёрскай групаў, што сьведчыць пра розную ступень славянізацыі (Л.У.Дучыц. Беларускае Паазер'е ў IX-XIV ст., Мн., 1991, ст. 20).

Зона II вызначаецца большаю колькасьцяй балтызмаў у гаворках і сваім памерам - гэта найбольшая з зонаў. Балтызмы, што фіксуюцца ў зоне II, часта ўласьцівыя гаворкам зонаў I i III. Але ёсьць значная колькасьць балтызмаў, што фіксуецца толькі тут: гіль (gylus - лет.) - сьляпень, венцар venteris - лет., лат.) - сетка; рата (rata - лет.) - чарга; кудра (kudra - лет., лат.) - сажалка; руя (ruja - лет.) - зграя і інш.

У зоне II (асабліва ў заходняй частцы) у адрозьненьне ад зонаў I i III не выяўлена ніякіх лякальных асаблівасьцяў, таму цяжка пацьвердзіць гіпотэзу М.Ермаловіча аб гістарычнай Літве, як востраве між славянскіх земляў. Хутчэй розьніца была рэлігійнага пляну, a ступень моўнае асыміляцыі аднолькавай. Таму тую частку Іпацеўскага летапісу, дзе пісана, што «по том лете Данил возведе на Кондрата Литву Мендога Изяслава Новгородского» пэўна трэба чытаць праз «і»: «Мендога и Изяслава Новгородского». Пэўнай часткаю Літвы валодаў Мендоўг, пэўнай - Ізяслаў Наўгародзкі.

Асаблівасьцю зонаў I і II зьяўляецца канцэнтрычнасьць ізаглосаў: для зоны I цэнтар недзе між Дзьвінскам (Даўгаўпілс, Латвія) і Езяросамі (Зарасай, Летува), для зоны II цэнтар месьціцца недзе ля Вільні. На поўначы зоны I ізаглосы выходзяць за межы краіны і пэўна ахопліваюць тэрыторыю, што прылягае да Латвіі з гарадамі Невелем, Себежам, Апочкай. Усходняя мяжа зоны II выходзіць на Бярэзіну (Дняпроўскую), якая здаўна лічылася ўсходняй мяжою Літвы.

Зона III, нягледзячы на значную колькасьць балтызмаў, вызначаецца хаатычным разьмяшчэньнем ізаглосаў, як з усходу на захад, так і з поўначы на поўдзень, што ўказвае на складаны гістарычны лёс Заходняга Палесься, якое й сёньня вызначаецца стракатасьцю мясцовых гаворак. 3 улікам гідранімічных дадзеных У.Тапарова і А.Трубачова, a дакладней амаль адсутнасьцю балцкіх гідронімаў на Заходнім Палесьсі, трэба думаць, што балтызмы ў мясцовых гаворках позьняга часу.

Хочацца тут зьвярнуць увагу, што па пэўных балтызмах (кіндзюк, сьцірта) зона мае форму языка, прасунутага далёка на поўдзень і межы гэтага масыву даволі блізкія да мяжы дрыгавічоў з валынянамі паводле А.В.Усьпенскай, Е.І.Цімафеева, П.Ф.Лысенкі.

Мал. 3.

Вызначаецца надзвычай цікавы фэномэн: наяўнасьць лякальных ізаляваных балтызмаў у міжрэччы Дняпра і Птыча (зона IV) з працягам тонкай стужкай абапал Бярэзіны на поўнач (мал. 3) да зоны, якая акаляецца тапонімамі кшталту Латыгава - Латыголь - Латыголічы. Балтызмы, зафіксаваныя ў зоне IV маюць аналёгіі ў латыскай мове: лоўж (Iaužas - лет., лат.) - вогнішча; цяльпух (celt - лат. секчы) - кругляк; крываўнік (asins zale - лат. кроў-трава) - зьверабой, дзяды (dadzis - лат.) - лопух; пелька (pelke - лат.) - палонка. У беларуска-расійскім слоўніку М.Байкова і С.Некрашэвіча фіксуецца пелька ў сэнсе балотца, але дзе не пазначана. Зафіксаваная тут форма назвы цясака "шлют" бліжэй да латыскай (šlute), чым летувіскай (sklute) мовы. Адзначаецца наяўнасьць дыялектных формаў слова рапуха: вярэпаўка (Менск - Слуцак - Бабруйск) і курапа (krupis - лат.) (Магілёў - Мсьціслаў - Чачэрск), што можа ўказваць на падзел у асяродзьдзі дняпроўскіх балтаў. Зона, якая абыймаецца тапонімамі кшталту Латыгава - Латыголь - Латыголічы мае яшчэ тую асаблівасьць, што ў ёй курганы мянуюцца «валатоўкамі» - магіламі волатаў (мал. 4).

Мал. 4.

Калі улічыць, што (в) можна ўяўляць зь сябе пратэзу, як у словах вакно, востраў, вуха зусім мажліва, што назва курганоў пайшла ад плямёнаў лотвы. Маем аналёг у польскай ды чэскай мовах, дзе імя асіпка olbrzym утварылася ад прыхадняў обраў (авараў). Сьведчаньнем знаходжаньня лотвы ў Падзьвіньні можа быць і фіксацыя М.Касьпяровічам (Віцебскі краёвы слоўнік, 1927) ля ўсходняй мяжы (дарэчы падаецца, больш жорсткай, чым іншыя межы гэтай зоны, што мы адзначалі, апісваючы адсутнасьць балтызмаў ва ўсходнім кутку Падзьвіньня, гл. мал. 1) такіх формаў як лотаўка (балбатуха) - вёска Мазолава Кузьмінскага раёну і лотва - дзеці (гурт дзяцей) - в.Луб'ева Азярышчанскага раёну. Падобна на тое, што тапонімы Латыголь - Латыгава - Латыголічы трэба ўспрымаць не як назву племені, а літаральна перакладаць як мяжу Лотвы (gals - лат. «канец»). Як дадатак да вышэй сказанага можна прывесьці вытрымку з дакладу латыскага археолага Я.Цыгліса «Роля ўсходніх сувязяў у працэсе фармаваньня латгальскае культуры» на канфэрэнцыі «Беларусь у сістэме трансэўрапейскіх сувязяў у I тыс. н. э., 1996, ст. 88»: «У другой палове I тыс. н. э. у мэталёвай культуры Усходняе Латвіі не прасочваецца разьвіцьцё многіх мясцовых вырабаў папярэдняга часу. Замест паўднёва-заходніх у VI-VII ст. пашыраюцца сувязі ў паўднёва-ўсходнім кірунку. Зьяўляюцца тыпы ўпрыгожаньняў вядомых раней у Падняпроўі. Зьяўленьне рэчаў падняпроўскага паходжаньня можна тлумачыць ня толькі культурнымі сувязямі, але і прытокам насельніцтва. Пазьней, у Vll-ІХ ст. рэчы паўднёва-ўсходняга паходжаньня сьведчаць толькі аб культуральных і гандлёвых сувязях». Дапаўняюць карціну й даклады на вышэй азначанай канфэрэнцыі этнамузыколягаў М.Бойкі (Рыга) «Бурдоннае шматгалосьсе й этнічныя працэсы I тыс. н.э. на тэрыторыі Балтыі й Беларусі» і Г.Кутыровай (Менск) «Беларускі песенны каляндар у хронаэтнічнай дынаміцы», зь якіх вынікае, што носьбіты бурдоннае манэры сьпеву (антрапатып з масыўным чэрапам), першапачаткова жыўшыя ў міжрэччы Дняпра и Прыпяці, мігравалі ў паўночным кірунку, пэўны час жылі ў сярэднім Падзьвіньні і пазьней адышлі на захад, дзе аселі ў некалькіх раёнах Латвіі. Наяўнасьць у курганах Дымава (Шклоўскі раён); Латыгаўка (Талачынскі раён); Плусы, Баркі (Полацкі раён); Кублічы, Пуцілкавічы (Вушацкі раён) рэчаў, падобных да латгальскіх, сьведчыць на карысьць гэтае гіпотэзы. Сувязь назваў валатовак з лотвай сьхіляе да думкі пра магчымае дачыненьне лотвы да культуры доўгіх курганоў, бо падзеі блізкія па часе. Падаецца, што міграцыя плямёнаў лотвы праходзіла пераважна па левым беразе Дзьвіны, бо тут у курганах сустракаецца латгальскі інвентар: Язна, Лясная, Казлоўцы (Мёрскі раён), Перавоз (Глыбоцкі раён).

Магчыма важным цэнтрам Лотвы - Волатаў быў Нізгалаў (Нізгалава) Бешанковіцкага раёну, бо такі самы тапонім існуе ў Латгаліі.

3 усяго вышэйсказанага хацелася б вылучыць наступныя моманты:

1) Практычна ўвесь абшар Беларусі на пачатку славянскае калянізацыі быў заселены балтамі, апроч Заходняга Палесься, куды балты (ці збалтызаваныя славяны) прыйшлі пазьней.

2) У сьвятле прыведзеных фактаў не атрымала пацьверджаньня гіпотэза пра заходні шлях пранікненьня славянаў на Беларусь, верагодна гэты працэс быў кароткатэрміновым i не пакінуў сьлядоў у мове насельнікаў. A вось паўднёвы шлях па Дняпры цалкам пацьвярджаецца. Тэрыторыя, чыстая ад балтызмаў, блізкая да тэрыторыі кіеўскай археалягічнай культуры V ст. Верагодна пачатковы шлях пранікненьмя ішоў на поўнач уздоўж Дняпра, бо на ўсход ад лініі Мазыр - Бабруйск - Невель балтызмаў значна менш. Больш позьні шлях калянізацыі пралягаў па Беразіне (Дняпроўскай) зь пераходам у рэчышча Вяльлі. На вастрыі гэтага шляху стаіць Вільня.

3) Гістарычная Літва ўяўляла сабою паўднёва-ўсходнюю частку суцэльнага балцкага масыву.

4) Радзімаю плямёнаў Лотвы было міжрэчча Дняпра i Прыпяці;

5) Зважаючы на супадзеньне тэрыторыі расьсяленьня Лотвы ў Падзьвіньні з пазьнейшаю карэннай Полаччынай верагодны ўплыў гэтых плямёнаў на мясцовы дзяржаваўтваральны працэс;

б) Балтызмы ў беларускіх гаворках зьяўляюцца неадрыўнаю архаічнаю складоваю часткай, таму неабгрунтаванае ix аднясеньне да словаў іншамоўных, як ёсьць гэта ў працы АМ.Булыкі «Слоўнік іншамоўных слоў», Мн., 1993, дзе туды залічаныя шырокараспаўсюджаныя балтызмы: атоса, венцар, дзірван, кумпяк, пакульле, пуня, сьвіран, склюд, сьцірта, шула i г.д.

Як відаць, у розных галінах гістарычных ведаў назапасілася дастаткова матэр'ялу па даславянскай гісторыі Беларусі. Паўстае пільная патрэба ў комплексных досьледах.

Літаратура

1. Беларусь у сістэме трансеўрапейскіх сувязяў у I тыс. н.э. Тэзісы дакладаў. - Мн., 1996.

2. Дучыц Л.У. Браслаўскае Паазер'е ў IX-XIV ст ст. - Мн., 1991.

3. Касьпяровіч М.І. Віцебскі краёвы слоўнік. - Віцебск, 1927.

4. Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. - Мн., 1993-96, т.1-3.

5. Рапановіч Я.Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласьці. - Мн., 1977,

6. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча. - Мн., 1979-86, т.1-5.

7. Топоров В., Трубачев О. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. - М., 1962.

8. Штыхаў Г.В. Крывічы. - Мн., 1992.

9. Юрчанка Г.Ф. Дыялектычны слоўнік. - Мн., 1966.

10. Albarutnenica № 3. - Мн., 1994.

11. Krievu-Latviešu vārdnīca. - Riga, 1990.

12. Lietuvių-Anglų kalbų žodynas. - Vilnius, 1991.

13. Varlyha Adam. Krajovy słoŭnik Łahojščyny. - New York, 1970.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX