Папярэдняя старонка: Баўтовіч Міхась

Дарогі Торвалада Кодрансана 


Аўтар: Баўтовіч Міхась,
Дадана: 05-05-2017,
Крыніца: Баўтовіч Міхась. Дарогі Торвалада Кодрансана // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24-25 кастрычніка 2007 г.), Полацк, 2009, сс. 15-29.



Нарадзіўся Торвалад (Þorvaldur Koðránsson) у сям'і карэннага ісляндца Кодрана недзе каля 950 г. Тэрмін карэнны вымагае тут пэўных тлумачэньняў. Ісляндзкая выспа была адшуканая ў 861 г. вандроўнікам Гардарам Сваварсанам. За часы валадараньня (872-930) ў Нарвэгіі караля Харальда Прыгожыя Валасы (Harald Haarfagr), які гвалтам далучаў да сваіх ўладаньняў іншыя паўночныя землі, у Ісляндыю зьбеглі больш за 10 000 нарвэсцаў. Гэтыя ўцекачы і сталіся першымі пасяленцамі. Адзін зь першых ісляндзкіх летапісаў "Кніга аб засяленьні", апавядаючы пра род Эйліва Арла [LNB: 3.6], паведамляе пра ягонага сына Кодрана зь Цясьніннае Ракі (Koðrán at Giljá). Пра нашчадкаў Кодрана гэты летапіс ня згадвае, аднак "Аповед пра Торвалада Вандроўніка", падаючы той самы радавод, дадае, што ў Кодрана было два сыны: старэйшы Орм і малодшы Торвалад [ÞÞV: 1]. Кодран болей любіў старэйшага сына, хаця ягоная добрая знаёмая прарочыца Тордыс прадказала, што вялікая будучыня належыць малодшаму.

Радавод Торвалада Кодрансана.

У 965 г. у Ісляндыі была праведзеная адміністрацыйная рэформа, у адпаведнасьці зь якой краіна сталася падзеленай на квадры, кожная зь якіх дзялілася яшчэ на тры акругі са сваім асобным сходам (тынгам). Выключэньнем была Квадра Паўночнае Зямлі (Norðlendingafjrðungi), дзе жыла сям'я Торвалада, у якой былі ўтвораныя чатыры акругі. Мястэчка Гільля знаходзілася ў Азяровай Даліне (Vatnsdal), што ўваходзіла ў акругу Мядзьвежага возера (Húnavatnssýsla). Тынгі зьбіраліся штовесну дзеля вырашэньня агульных праблемаў і разьвязаньня спрэчак. Справы, якіх ня здолелі вырашыць на акруговых або квадравых тынгах, перадаваліся на вышэйшы сход (alþing), што зьбіраўся ўлетку. Зь цягам часу Орм завёў сваю гаспадарку, нарадзіў нашчадкаў. Малодшы сын працягваў жыць з бацькамі.

Калі Торвалад набраўся сілаў, дык вырашыў пашукаць шчасьця за межамі сваёй радзімы. Краіна паходжаньня продкаў Нарвэгія на той час знаходзілася пад кантролем Даніі, валадаром якой быў Харальд Сіні Зуб (Harald Blaatand). Таму малады ісляндзец скіраваўся ў гэтую краіну выспаў. Сагі не паведамляюць, якія мясьціны наведаў ён. Ці то быў у Роскільдэ, новай сталіцы краіны, закладзенай каралём Харальдам, ці то ў старым Елінгу, заснаваным папярэднім уладаром Гормам Старым. У Даніі Торвалад пазнаёміўся з сынам дацкага караля Свэйнам (960-1014), якога пазьней празвалі Вілабародым (Sveinn Tjúguskegg). Кароль ня надта прызнаваў сына, бо быў той пазашлюбным дзіцём. З гэтае прычыны, пасталеўшы, амбітны Свэйн вырашыў сам здабываць сабе славу. Ён пачаў зьбіраць дружыны дзеля заморскіх паходаў. Найбольш яго вабіла багатая Брытанія.

Дацкія караблі ля берагоў Брытаніі.(Выява з рукапісу бэрскага бенэдыктынскага манастыра, 1130 г.);  Мапа рэйдаў дацкіх вікінгаў на Брытанію ў 980-982 гг.

Ісляндзкія крыніцы не падаюць назваў канкрэтных мясьцінаў, куды былі скіраваныя ўдары ачольваемых Свэйнам дацкіх вікінгаў, да якіх далучыўся Торвалад. Тутака можа дапамагчы Англа-саксонская хроніка. Пасьля таго як у 954 г. у бойцы ля Стэйнмара загінуў нарвэскі кароль Эйрык Крывавая Сякера (Eirikur Blódöx) і зьнікла вікінгаўскае каралеўства Ёрку (Jorvik) і Паўночнае Ўмбрыі хроніка цягам 25 гадоў не паведамляе пра нейкія напады данаў. Справа ў тым, што караля Харальда акрамя неабходнасьці цэнтралізацыі ўлады абыходзіла праблема падпарадкаваньня Нарвэгіі, якую ён вырашыў у 970 г. паставіўшы там падкантрольнага намесьніка Хакона Сігурдсана. Аднак галоўную праблему - супрацьдзеяньне войску Ота І, імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі, вырашыць ня здолеў і нават страціў частку паўднёвых земляў з буйным горадам Хэдэбю. Толькі з 980 г. хроніка пачынае зноў паведамляць пра напады дацкіх вікінгаў. Напады гэтыя доўжыліся два гады і былі скіраваныя на гарады паўднёва-ўсходняга ўзьбярэжжа: Сэндвіч, Саўтгэмптан, Портлэнд [ASC: part 3].

У часе аднога з такіх нападаў войска пад началам Свэйна здабыло перамогу і захапіла шмат здабычы. Аднак гэта дацкаму прынцу падалося замала і ён вырашыў рушыць далей. У выніку атрымаў паразу, быў схоплены і зьняволены. Пэўна чакаў яго незайздросны лёс, калі б не дапамога Торвалада, што дазволіла Свэйну здабыць свабоду. Маладога ісляндца чакала кар'ера ўдалага ваяра. Ён мог застацца з прынцам і здабыць шмат дабротаў, бо ў 986 г. Свэйн стаў каралём Даніі, у 1002 - Нарвэгіі, а ў 1013 - Англіі.

Кароль Свэйн Вілабароды заваёўвае Англію. (Выява з рукапісу сэнт-олбанскага бенэдыктынскага манастыра, 1250г.);  Адміністрацыйны падзел Ісляндыі ў Х ст.

Але душа прагнула іншага. Частку здабытых у паходах сродкаў Торвалад выдаткоўваў на выкуп захопленых людзей і вяртаў ім волю. На такую пазыцыю ўплывала ня толькі выхаваньне ў дэмакратычным ісляндзкім асяродку, але найперш засваеньне хрысьціянскага сьветагляду.

Далей сагі паведамляюць, што Торвалад пакінуў службу і пачаў падарожнічаць. У часе вандроўкі ў Саксоніі быў ахрышчаны біскупам Фрыдрэкам [ÞÞV: 3]. Крыніцы не даюць адказу на пытаньне, чаму Торвалад прыняў хрост у Нямеччыне. Ахрысьціцца не пакідаючы Даніі не складала праблемы. Сьвяты Ансгар яшчэ ў 850 г. заклаў цэрквы ў дацкіх гарадах Хэдэбю і Рыбэ. У 965 г. кароль Харальд Сіні Зуб абвясьціў краіну хрысьціянскім каралеўствам, дзе дзеялі тры эпархіі з цэнтрамі ў Хэдэбю, Рыбэ, Аргусе. Згаданыя эпархіі падпарадкоўваліся Гамбурска-Брэменскаму архібіскупу, якому рымскі папа Агапі ў 948 г. даручыў апекавацца царквой у Скандынавіі. Падаецца, што да Брэмену (Brimaborg), гораду дзе месьціўся пасад Гамбурска-Брэменскай эпархіі, Торвалад паехаў, каб атрымаць ад архібіскупа блаславеньне і падтрымку ў рэалізацыі ўзьніклай у яго ідэі прынесьці сваім ісляндзкім землякам праўдзівую веру. Царкоўны храніст Адам Брэменскі ня згадвае біскупа зь імем Фрыдрэк [AB: 2.4]. Аднак той мог быць адным з так званых падарожных біскупаў, што займаліся ўладкаваньнем царкоўнага жыцьця ў краінах, дзе яшчэ не было сталае гэрархіі. Такім да прыкладу быў Сьвяты Мэйнард. Высьвячаны Гамбурска-Брэменскім архібіскупам Гартвігам II ён стаўся першым біскупам закладзенай у 1188 г. эпархіі Ікскюль у Рутэніі, катэдра якой у 1201 г. была пераведзеная ў Рыгу. Атрымаўшы блаславеньне на місію Торвалад і Фрыдрэк недзе ў 981/2 г. выбраліся да Ісляндыі.

Паведамленьні пра ісляндзкую місію сустракаюцца ў значна большай колькасьці сагаў і маюць больш падрабязнасьцяў, бо ў складальнікаў была вялікая колькасьць відавочцаў, што дазваляла намаляваць дакладнейшую карціну. У некаторых сагах зьвесткі зусім караценькія. Аднак прывязкі розных падзеяў да місіі і частыя спасылкі на яе дазваляюць думаць аб значнасьці ейнага ўплыву на духоўнае і сацыяльнае жыцьцё Краіны Лёду. Першы ісляндзкі гісторык Ары Торгільсан (Ari Þorgilsson) у сваёй "Кнізе аб ісляндцах" толькі згадвае біскупа Фрыдрэка, які "прыехаў у часы паганства" [ÍLB: 8]. Паводле грунтоўнейшага "Аповеду пра Торвалада Вандроўніка" базай місіянэрскай групы, якая складалася з 13 чалавек, напачатку была Гільля, дзе гаспадаром быў Кодран. Торвалад быў галоўнай кантактнай асобай, бо біскуп не валодаў мовай, а да таго ж быў чалавекам чужым для жыхароў Азяровае даліны ды і ўсёй Ісляндыі. Торваладаў бацька спачатку не хацеў пакідаць веру продкаў, але пасьля таго як здарыўся цуд і ахвярны камень, апырсканы сьвятой вадой, раскалоўся на часткі, ахрысьціўся. Тады ж былі ахрышчаныя і іншыя сваякі.

Наступнай вясной місія рушыла на захад у Вярбовую даліну (Víðidal) і асела ў двары Сутока Ручаёў (Lækjamót) [GS: 13]. Гэтае месца сталася цэнтрам місійнае дзейнасьці на наступныя чатыры гады. Тут Торвалад пазнаёміўся зь Вігдыс, жонкаю Торкеля Зграбалы, які стаяў на чале тынгу Мядзьвежага возера. Увосень ейны бацька Олаў ладзіў паганскае сьвята і запрасіў на яго Торвалада зь біскупам. На ўрачыстасьці зьехалася багата люду з розных паселішчаў Азяровае даліны. Былі тут і два бэрсэркі (шалёныя ваяры-чараўнікі), абодвух звалі Хаўк. Яны зьбіраліся, скарыстоўваючы чараваньне, прайсьці празь вялікае вогнішча. Але біскуп Фрыдрэк перад тым асьвяціў агонь, і абодва чараўнікі згарэлі. Прысутныя на сьвяце, убачыўшы гэткае дзіва, пайшлі да хросту. Ахрысьціліся гаспадар Олаў і прысутны галава тынгу Торкель Зграбала. У памяць аб здарэньні мясцовасьць празвалі Цясьнінай Хаўкоў (Haukagil). Падзея была надзвычайная, таму апісаньне яе знайшло адлюстраваньне ў некалькіх сагах [LNB: 3.4; ÞÞV: 1; KS: 8; VDS: 46].

З пашырэньнем колькасьці прыняўшых Хрыста пачала нарастаць і апазыцыя місійнай дзейнасьці, якую праводзілі біскуп і Торвалад. Ужо не такой удалай выглядае паездка на захад у паселішча з назовам Лагчына (Hvamm), дзе яны спыніліся ў жончынай сястры Атлі Моцнага Фрыдгерды. Ейны сын Скегі пачаў насьміхацца з Торвалада, але той даў яму вельмі ўдалы адказ, які прысутным прыйшоўся да спадобы. У выніку гэтае паездкі хрысьцілася пэўная частка людзей у Квадры Заходніх Фьёрдаў (Vestfirðingafjórðungi). У Квадры Паўночнае Зямлі вера ў Хрыста ўсё шырылася, што штурхала супраціўнікаў на радыкальныя меры. Напачатку Кляўфі з Пратокаў (Fljótum), сабраўшы групу зь дзесяці асобаў, спрабаваў спаліць першую царкву ў Грэбні (Ási), што ў даліне Х'ялці (Hjaltadal). Пазьней тое самае намагаўся зрабіць з большым гуртом Арнгейр.

Выгляд даліны Х'ялці (ХІХ ст.).

Найбольш праблемаў зьявілася пасьля таго, як у наступным годзе Торвалад адважыўся на альтынгу ў Тынгвэдліры (Þingvellir) абвяшчаць веру ў Хрыста. На яго ўзьнялося багата паганцаў, між якіх асабліва вылучаўся Хэдын з Узьбярэжжа Выспавага фьёрду (Eyjafjarðarströnd), які шмат ачарняў Торвалада і зьневажаў веру. Пасьля альтынгу, карыстаючыся падтрымкаю паганскае часткі, два насьмешнікі склалі абразьлівую вісу (верш) пра веру ды паўсюдна агучвалі яе. Торвалад быў надзвычай абураны, нестрымаўся і ў бойцы забіў абодвух. Трэба адзначыць, што для ісляндзкага тагачаснага грамадзтва такое здарэньне было шараговай падзеяй, бо звычаі ваяўнічых вікінгаў, якія цягам ІХ-ХІ стст. трымалі ў страху Эўропу, вымагалі збройнага вырашэньня і пры меншых абразах. Забойства некага не зьмяняла статусу забойцы ў грамадзтве, абы толькі была вырашаная праблема кампэнсацыі сям'е забітага. Калі ж канфлікт не ўдавалася залагодзіць забойца асуджаўся на пэўны тэрмін выгнаньня. Гэтак за забойства суседзяў быў асуджаны на тры гады выгнаньня адкрывальнік Грэнляндыі знакаміты Эйрык Руды, а Торкель Зграбала празь нейкі час пасьля асуджэньня вярнуўся ў Ісляндыю і стаў на чале тынгу. Грэты, герой аднайменнае сагі, увогуле не пакінуў краіны і цягам амаль 20 гадоў караў пазбаўленьнем жыцьця тых, хто намагаўся забіць яго. Пэўна і Торвалад за свой учынак быў асуджаны, але ня зьехаў. Місіянэры падаліся на поўнач да Ўзьбярэжжа Мысавага Фьёрду (Skagaströnd) у месца большае патрымкі місіі і працягвалі закладаньне хрысьціянскіх асяродкаў.

Наступнай вясной Торвалад зь біскупам выбраліся на тынг Мыса Чапляў (Hegranes). Гэтая паездка была павязаная зь вялікімі складанасьцямі, бо ў дарозе натоўп паганцаў намагаўся іх забіць, але ўрэшце ўсё скончылася добра. Тым самым летам вялікі гурт паганцаў колькасьцю блізу 200 чалавек на конях намагаўся захапіць іхную рэзыдэнцыю ў Лайкьямоўце і спаліць усю місію разам зь біскупам. Але Бог бараніў сваіх слугаў. У часе руху празь цясьніну коні спужаліся й паляцелі. Шмат жывёлаў пабіла і паламала ногі, шмат вершнікаў звалілася з коняў і разьбілася на сьмерць. Нападнікі ўбачылі, што маюць вялікія праблемы. Паўстала пытаньне ці здолеюць яны жывымі дабрацца да сваіх хатаў, а ня тое што зьнішчыць нянавісных хрысьціянаў. Міжсобку параіўшыся, паганцы вырашылі вярнуцца.

Група пражыла ў Сутоцы Ручаёў яшчэ год, але ўрэшце Торвалад і біскуп Фрыдрэк былі змушаныя пакінуць Ісляндыю. Сталася гэта ў 986 г. пасьля пяці гадоў нястомнае працы. Як апавядае "Сага аб грэнляндцах" адбылося гэта "калі Эйрык Руды з 25-цю караблямі каляністаў паплыў да Грэнляндыі і за 15 год да часу калі хрысьціянства стала законам у краіне" [GLS: 1]. У тым самым годзе, калі адплылі місіянэры, у краіне здарылася "вялікая няўрода і шмат люду памерла ад голаду" [STAK: 1].

Лэйв Эрыксан - сучасьнік Торвалада і хрысьціцель Грэнляндыі(Помнік у Рэйк'явіку);  Шлях Торвалада Кодрансана да Візантыі.

Ацэньваючы плённасьць працы місіі, частка сучасных дасьледнікаў уважае яе за няўдалую. Калі браць пад увагу змушаны ад'езд кіраўнікоў, дык гэта выглядае на праўду. Калі ж зважаць на гістарычную пэрспэктыву, дык такая адзнака ня можа лічыцца слушнаю. Па-першае таму, што місія адпрацавала пяць гадоў, час значны. Даўжэй гэтага тэрміну да часу абвешчаньня ў 1000 г. хрысьціянства законам ніводная місія не працавала. Пазьнейшыя місіі Стэфні Торгільсана (996 г.) і Тангбранда (998-999 гг.) дзеялі ў іншых рэгіёнах і былі менш значнымі. Па-другое за згаданы час былі збудаваныя самае малое тры царквы: у Хаўкагілі, Аўсі, Холці, і магчыма ў Лайкьямоўце і Гільлі. На чале сфармаваных парафіяў былі пастаўленыя сьвятары [ÞÞV: 5], якія пэўна працягвалі працу і пасьля ад'езду біскупа. Улічыўшы, што ў той час самай населенай часткай краіны была Квадра Паўночнае Зямлі [LNB: 3.0], а дзейнасьць місіі ахоплівала 4 з 13 акругаў (Хунавант, Хэгранэс, Вадлаватн і Торснэс), колькасьць ісляндцаў прыняўшых хрысьціянства магла скласьці 15-20%. Значнасьць місіі пацьвяржаецца і тым, што менавіта тут у даліне Х'ялці (Hjaltadal) у Холюме недалёка ад Асі, дзе некалі паўстала першая царква, у 1056 г. была закладзеная эпархія для Паўночнае Ісляндыі. У скрыпторыі пры катэдры ад 1199 г. вялося перапісваньне багаслужбовых тэкстаў. Тут жа ў 1530 г. выйшла першае ў краіне друкаванае выданьне, а ў 1584 г. пабачыла сьвет першая Біблія ў ісляндзкай мове.

Адплыўшы зь Ісляндыі Торвалад зь біскупам прыплылі ў якісьці нарвэскі порт, дзе нейкі час знаходзіліся. Нечакана Торвалад стрэнуў тут таго самага Хэдына, які абражаў яго і зьневажаў веру Хрыстову на альтынгу. Той прыехаў у Нарвэгію, каб нарыхтаваць будаўнічага лесу. Аднавіўся стары канфлікт, у выніку Хэдын загінуў. Біскуп, калі атрымаў вестку пра забойства, прыняў рашэньне скончыць сваё падарожжа па Скандынавіі і вярнуцца ў Саксонію, дзе неўзабаве ў цішы і сьвятасьці адыйшоў да Бога.

Торвалад жа падаўся ў Данію. У крыніцах наўпрост пра гэта ня пішацца, але пасьля сумеснага падарожжа на ўсход ягоны спадарожнік Стэфні вярнуўся менавіта сюды [KS: 43]. Тут у сына Кодрана зьявілася ідэя наведаць Сьвятую Зямлю, дзе прыйшоў у сьвет Сын Божы. Пэўны час спатрэбіўся на падрыхтоўку. Падарожжа мусіла быць працяглым, бо плаваньне зь Ютляндыі (Данія) да швэдзкае цьвердзі Aldeigjuborg (Старая Ладага) займала паводле сагаў каля месяца. Гэтая ж вандроўка з стаянкамі, волакамі, рознымі іншымі складанасьцямі магла доўжыцца каля 6 месяцаў.

Трэба адзначыць, што ў сярэднявеччы існавалі тры шляхі, якімі скандынавы падарожнічалі да Візантыі і Палестыны. Адзін зь іх так званы "заходні" праходзіў морам вакол Пэрынэйскае паўвыспы і далей Міжземным морам. Шлях гэты быў даволі небясьпечным з прычыны актыўнасьці ў рэгіёне войскаў халіфату і арабскіх піратаў. Існаваў другі шлях - "паўднёвы", што пралягаў празь Нямеччыну ў Італію, і дзе ў Рыме або Генуі, сеўшы на карабель, можна было, адолеўшы тое самае Міжземнае мора, дасягнуць мэты падарожжа. Гэты шлях таксама ня быў бясьпечным, зважаючы на тых самых піратаў, а таксама на сталыя канфлікты Сьвятое Рымскае Імпэрыі з Вугоршчынай. Торвалад жа абраў трэці шлях "усходні" (Austurveg). Хаця ён быў пэўна даўжэйшым за паўднёвы, але на той час бясьпечнейшым. Шлях пралягаў з Балтыцкага мора ў Ліўскую затоку, далей уверх па Дзьвіне, якую ў сагах менавалі Дынай (Dyna), да волака ў Дняпро (Nepr), і гэтым водным гасьцінцам да Чорнага мора.

Пачаў Аўстурвэг асвойвацца вікінгамі ад пачатку ІХ ст. Пэўна тады полацкія муры зьведалі моц зброі вікінгаў, на чале якіх стаяў легендарны дацкі конунг Фрода I, сын Хадынга [SG: 2.1.7]. Урэшце ў 839 г. няўрымсьлівыя вандроўнікі дасягнулі Канстантынопалю, які яны назвалі Miklagarðr, то бок Вялікі Горад. Як мяркуюць на падставе знаходак латыскія архэолягі, ужо ад пачатку Х ст. на Дзьвіне існавалі падкантрольныя Полацку (званаму ў сагах Palteskja), прыгарады Кукенойс і Гэрцыке. Рака скарыстоўвалася ня толькі ў рэгіянальным, але і ў транскантынентальным гандлі. Сьведчаньнем таму шмат рэчаў іншаземнага паходжаньня, у ліку якіх знойдзеныя ў Казьянках і Струньні пад Полацкам скарбы манэтаў Арабскага халіфату, бітых на розных манэтных дварах у першай палове Х ст. Урывак у "Кнізе з Пляскатае выспы" (Flaterjabók) паведамляе пра тое, што на гэтым Усходнім шляху Торвалад меў сустрэчу з будучым нарвэскім каралём Олавам Тругвасанам (Ólafur Tryggvason) і падштурхнуў таго да хросту Ісляндыі. Але гэтая падзея наўрадці мела месца ў рэальнасьці, бо паводле сагаў Олаў нарадзіўся недзе ў 960/961 г., ва ўзросьце дзевяці гадоў трапіў у Ноўгарад (Hólmgarðr) да двара князя Ўладзіміра, дзе прабыў яшчэ 9 гадоў і потым ад'ехаў на захад. То бок гэты рэгіён Олаў пакінуў недзе каля 978 г., а можа нават і раней, бо "Сага аб Олаве Тругвасане" [ÓST: 8, 21] ня згадвае ані пра пазьнейшы канфлікт Ноўгарада зь Кіевам або Полацкам, ані нават пра ўцёкі Ўладзіміра ў Швэцыю дзеля найму вікінгаў, што паводле "Аповесьці мінулых часоў" адбылося каля 977 г. [ПВЛ: год 6485]. Пасьля ад'езду прэтындэнт на нарвэскую карону жыў у Памор'і, Ірляндыі, Ангельшчыне, і толькі там недзе каля 985 г. прыняў хрост. Згаданы ўрывак зьяўляецца пазьнейшым улучаньнем, каб падкрэсьліць пераемнасьць працэсу хросту Ісляндыі ад першае місіі да прыняцьця хрысьціянскае веры на альтынгу пад ціскам тагачаснага караля Олава.

Торвалад з спадарожнікамі дасягнулі Візантыі ў 988 г. пасьля таго як браты-імпэратары Базыль і Канстантын пагадзіліся на прапанову кіеўскага князя Ўладзіміра і аддалі за яго сваю сястру Ганну, пры ўмове, што той верне захоплены ім Хэрсанэс (Корсунь), і калі войскі Базыля ІІ Баўгарактонаса ў бойцы пры Абідосе разьбілі аддзелы паўсталага ваяводы Барды Фокі. Крыніцы сьцісла паведамляюць пра тое, што Торвалад абыйшоў усю Грэцыю і прыйшоў у Міклягард. Каб выказаць нейкія меркаваньні пра лад жыцьця Торвалада ў згаданы пэрыяд, трэба зірнуць на стан тагачаснае Візантыйскае імпэрыі. Ад 976 г. на чале дзяржавы, як было згадана, стаяў Базыль ІІ. Кіраваньне не было лёгкім: частыя спробы захопу ўлады ў сталіцы, сталыя канфлікты на межах. У такіх варунках імпэратар мусіў трымаць мабільнае і вернае войска. Як падае "Аповесьць мінулых часоў" яшчэ князь Уладзімір пасьля таго як захапіў Кіеў і ня здолеў разьлічыцца за аказаныя паслугі з нанятай вараскай дружынай, адпусьціў яе па заробкі ў Візантыю [ПВЛ: год 6488]. У 987 г. вараская дружына ў Канстантынопалі складалася з 6000 ваяроў. "Сага аб Грэты", апісваючы знаходжаньне ў 1030-х гадах у Канстантынопалі Тарстэйна Дромунда, паведамляе, што тут склаўся значны скандынаўскі асяродак, ня толькі ваяры, але і гандляры і іхныя сем'і [GS: 86, 90]. Вараскія дружыны былі самымі надзейнымі імпэратарскімі аддзеламі. У 1081 г. візантыйскі ваявода Аляксей Комнін плянуючы захоп улады, шукаў шляхоў, каб незаўважна прабрацца ў горад. Цэзар Ян ня раіў яму зьвяртацца "да варагаў, барбараў з Туле, што насілі на плячах двухбаковыя сякеры. Яны трывалей за ўсіх трымаюцца сваіх старых звычаяў, славу нязьменнае вернасьці, здабытак продкаў, варагі захоўваюць нібы каштоўную спадчыну, запавяданую іхнымі бацькамі, яны ніколі не парушаюць яе. Няма чаго размаўляць зь імі аб здрадзе, бо пераважна за вернасьць яны і абраныя ў імператарскае ахоўнае войска." Цэзар параіў завесьці перамовы зь нямецкімі наймітамі. Гэта мела посьпех. Здрада немцаў адкрыла Аляксею дарогу да ўлады. Калі ж ён стаўся імпэратарам, варагі пакляліся яму ў такой самай вернасьці. Дзеля чаго тутака мова пра вараскія аддзелы ў візантыйскім войску і вялікую павагу да іх з боку імпэратараў? Таму што, на нашую думку, у Канстантынопалі Торвалад уступіў у вараскую дружыну і, маючы багатую вайсковую практыку ў Даніі і Ангельшчыне, пэўна стаў не апошнім ваяром. "Сага аб спаленым Ньяле" падае падобную гісторыю пра Кальскэга, які ў часы Свэйна Вілабародага ахрысьціўся ў Даніі, а потым зьехаў у Візантыю, дзе "стаў рыцарам Гасподнім" [BNS: 81]. "Аповед пра Торвалада Вандроўніка" паведамляе пра ўшанаваньне Кодрансана ня толькі імпэратарам але і патрыярхамі Грэцыі ды Сырыі. Натуральна наведаньне ісляндцам Сьвятой Зямлі, куды ўжо не адно стагодзьдзе цягнуліся пілігрымы з Эўропы, Азіі й Афрыкі не магло быць прычынай вялікае павагі. На тую пару прыпадаюць дзьве вялікія выправы войскаў імпэрыі. Першая была скіраваная ў Македонію (991 г.) супраць Баўгарскага царства, царква якога аддзялілася ад Канстантынопальскага патрыярхату і сталася аўтакефальнай. Другая - у Сырыю (995 г.) дзеля вяртаньня захопленых раней арабамі земляў і вызваленьня хрысьціянаў ад рэлігійнага ўціску. Частка Сырыі пасьля працяглага амаль 300-гадовага панаваньня арабаў была вызваленая ў 969 г. войскамі імпэратара Нічыпара ІІ Фокі. Вольна сталі пачувацца хрысьціяны, што належалі да антыяхійскага патрыярхату. Кожны чарговы ўдалы паход супраць арабаў уважаўся за перамогу хрысьціянства. Пэўна ў тым паходзе ў Сырыю Торвалад і паказаў сябе сапраўдным ваяром Хрыстовым, такім, што ня толькі імпэратар і патрыярхі канстантынопальскі Мікалай ІІ Хрызавэрг (984-996) і антыяхійскі Агапі ІІ (978-996), але і ваяводы ды старэйшыя манастыроў усёй Грэцкае імпэрыі (Візантыі) ушанавалі яго [ÞÞV: 10]. Маюцца зьвесткі, што Торвалад наведаў Ерусалім (Jórsala), хаця ў тую пару гэта было складаным, бо ў часе актывізацыі вайсковых дзеяньняў між Візантыяй і халіфатам стаўленьне да хрысьціянаў пагаршалася. Гэтак у 939 г. арабы разбурылі царкву Багародзіцы ў Аскалоне, тройчы бурыўся храм Уваскрошаньня ў Ерусаліме, у 966 г. па-зьвярынаму быў закатаваны ерусалімскі патрыярх Ян VІІ.

Пэўна прыняўшы да ўвагі жаданьне самога Торвалада, імпэратар прызначыў яго "старэйшым і правадыром над усімі князьмі ў Русляндыі і ва ўсёй Зямлі Гарадоў (Garðaríki)" і паслаў зь місіяй у Austurveg, то бок дарогай з грэкаў у варагі. Высылка імпэратарам місіі на поўнач тлумачыцца тым, што хрыстыянізацыя паўночна-ўсходняе Эўропы не была працэсам аднаактавым і на гэтым абшары дзеялі розныя канкураваўшыя між сабой місіі, як усходнія, гэтак і заходнія. Яшчэ ў 961 г. імпэратар Сьвятое Рымскае імпэрыі Ота І высылаў да Кіева місіянэра Адальбэрта. У 989 г. у Корсуні ў часе шлюбу князя Ўладзіміра з цэзароўнай Ганнай прысутнічае прысланы з Канстантынопалю мітрапаліт Міхаіл. Але ад 991 г. на чале мітраполіі стаяць мітрапаліты Лявон і Ян, павязаныя з аўтакефальнай Ахрыдзкай баўгарскай мітраполіяй. Зважаючы на працяглую вайну Візантыі з Баўгарыяй ёсьць падставы ўважаць Торваладаву місію за несыметрычны адказ Канстантынопаля на актыўную дзейнасьць баўгарскае царквы ў паўночных землях. Візантыя намагалася рознымі шляхамі забясьпечыць сабе спакой у прычарнаморскіх стэпах. Баўгарская дзяржава і царква былі падпарадкаваныя толькі ў 1018 г. пасьля заваёвы рамэямі баўгарскае сталіцы Ахрыды. Пасьля гэтага зьявілася магчымасьць уладкаваньня адзінай Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату, што было кананічна аформлена ў 1037 г. "Аповед пра Торвалада Вандроўніка" паведамляе, што сын Кодрана на ўласныя сродкі збудаваў ля галоўнае царквы Яна Хрысьціцеля манастыр. Той манаскі прытулак сярод люду атрымаў назву манастыра Торвалада. "Сага аб хросьце" удакладняе, што знаходзіўся ён ля Полацка [KS: 44]. Паўстае пытаньне чаму Торвалад асеў менавіта ў Полацку, хаця прызначаны быў для ўсёй Русляндыі. Тут трэба прыгледзіцца да тагачасных мясцовых рэаліяў. Пасьля забойства ў 960 г. нарвэскага караля Хакона Добрага пачаліся рэпрэсіі супраць ягоных прыхільнікаў з боку сыноў Эйрыка Крывавай Сякеры. Шмат паважных людзей пакінулі радзіму. Такімі выгнанцамі сталі і будучы кароль Олаў Тругвасан і князь Рагвалод (Rögnvald або Ragvald - моц багоў). Ён пакінуў краіну разам з жонкай, сынамі, дачкой Рагнэдай (Ragneið - гонар багоў) і дружынай ды знайшоў прыстанак у Полацку. У часе прыбыцьця Торвалада ў сталіцу Полацкага княства па дарозе ў Візантыю, тут ўжо пэўна былі адасланыя зь Кіева ў 988 г. Ізаслаў з Рагнэдай і частка былое нарвэскае дружыны князя Рагвалода. Пры канцы Х ст. Полацкая зямля не ўваходзіла ў сфэру дзейнасьці Кіеўскай царквы, таму ў рускіх летапісах пра закладаньне катэдры ў Полацку і ня згадваецца. Веданьне гэтых рэаліяў і вызначыла месца дзейнасьці пасланца Канстантынопальскае царквы. Збудаваўшы манастыр і праводзячы хрыстыянізацыю разам з князем Ізаславам, без спрыяньня якога (Cuius regio, eius religio - Чыя ўлада, таго і вера) такая дзейнасьць была б немагчымай, і першай манахіняй Анастасьсяй (Рагнэдай) Торвалад стаўся той асобаю, якая дзейна ўплывала на хрост Полацкай зямлі. На жаль ніводная з пайменаваных асобаў да збору беларускіх сьвятых ня трапіла, хаця выразнае паведамленьне пра набожнасьць Ізаслава маецца ў Ніканаўскім летапісу, а "Сага аб хросьце" паведамляе, што менавіта ў Полацку Торвалада называюць сьвятым. Манастыр, дзе правёў апошнія гады Торвалад знаходзіўся ля высокае гары ў Дроўне (Dröfn) [ÞÞV: 10; KS: 44]. Узяўшы пад увагу адметнасьць хросту Паўночнае і Ўсходняе Эўропы, што адбывалася паводле схэмы "князь-дружына-горад-вёска", не выпадае шукаць пазначанае ў сагах месца недзе далёка, але непасрэдна ля Полацка. Манастыр Яна Хрысьціцеля на Востраве ў Полацку згадваецца ўжо ў Дабрылавым эвангельлі 1164 г. Зусім верагодна, што недзе тут (можа на месцы сёньняшніх экіманскіх могілак) знаходзіцца ягоная магіла. Спачыў Торвалад у манастырскай цішы на мяжы тысячагодзьдзяў. "Сага аб хросьце" паведамляе аб 14-ці гадах вандраваньняў ісляндца, але пункт адліку няясны. Калі браць за пачатак вандраваньня ад'езд зь Ісляндыі, дык памёр сын Кодрана ў 1000 г. Калі ж за пачатак лічыць ад'езд з Даніі, бо ісляндцы паездку ў Нарвэгію або Данію за вялікае падарожжа не лічылі, дык тады дата сьмерці можа быць ссунутая да 1003 г. Са спачынам Торвалада Кодрансана, а таксама князя Ізаслава (+1001) і княгіні Рагнэды (+1000) скончыўся пачатковы этап хрыстыянізацыі Полацкай зямлі. Кампілятар "Сагі аб хросьце", які быў схільным да дакладнага пазначэньня датаў і месцаў падзеяў, дадае, што празь 50 гадоў, то бок у часы Ўсяслава Чарадзея, іншы вандроўнік імем Бранд наведаў магілу Торвалада і засьведчыў наяўнасьць у Полацку культу шанаваньня гэтага Сьвятога.

Крыніцы:

AB - Adamus Bremensis. Gesta Hammaburgensis Ecclesiae Pontificum (Дзеяньні архібіскупаў Гамбурскай царквы)

ASC - The Anglo-Saxon Chronicle (Англа-саксонская хроніка)

BNS - Brennu-Njáls saga (Сага аб спаленым Ньяле)

Í LB - Íslendingabók (Кніга аб ісляндцах)

GLS - Grænlendinga saga (Сага аб грэнляндцах)

GS - Grettis saga (Сага аб Грэты)

KS - Kristni saga (Сага аб хросьце)

LNB - Landnámabók (Кніга аб засяленьні)

Ó ST - Heimskringla. Ólafs saga Tryggvasonar (Зямное кола. Сага аб Олаве Тругвасане)

SG - Saxo Grammaticus. Gesta Danorum (Дзеяньні данаў)

STAK - Svaða þáttur og Arnórs kerlingarnefs (Аповед пра Свады і Арнора Старэчага Носа)

V DS - Vatnsdæla saga (Сага аб людзях Азяровае даліны)

ÞÞ V - Þorvalds þáttur víðförla (Аповед пра Торвалада Вандроўніка)

ПВЛ - Повесть временных лет (Аповесьць мінулых часоў)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX