Вярнуцца: Баўтовіч Міхась

Ерархі Полацкай праваслаўнай епархіі часоў "Патопу" (спроба групавога партрэту)


Аўтар: Баўтовіч Міхась,
Дадана: 19-05-2017,
Крыніца: Баўтовіч Міхась. Ерархі Полацкай праваслаўнай епархіі часоў "Патопу" (спроба групавога партрэту) // Полацкі музейны штогоднік: (зборнік навуковых артыкулаў за 2014 г.) / уклад. Т.У. Явіч. - Полацк: [НПГКМЗ], 2015. cс.193-205.



Насамперш варта ўдакладніць, што на ўвазе маецца адносна невялікі адцінак часу ў межах вайны 1654-1667 гадоў, калі існавала ўтвораная з парушэннем царкоўных канонаў Полацка-Віцебская праваслаўная епархія. Да пачатку вайны праваслаўныя вернікі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў з'яўляліся паствай Магілеўска-Мсціслаўскае епархіі Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. Полацка-Віцебская епархія была ўтвораная ў 1656 годзе Маскоўскім патрыярхам Ніканам бяз згоды Кіеўскага мітрапаліта Сільвестра Косава з парушэннем 8-га пункту пастановы ІІІ-га сусьветнага сабору (Эфес, 431 г.), які патрабуе, каб "ніхто з багалюбных япіскапаў не пашыраў сваёй ўлады на чужую епархію, якая раней і адпачатку не была пад началам ягоным, або ягоных папярэднікаў: але калі нехта ўжо пашырыў і гвалтоўна падпарадкаваў сабе якую-небудзь епархію, дык хай верне яе, каб не былі парушаныя законы айцоў, каб не пралезла пад выглядам духоўнага служэння пыхлівасць свецкае ўлады, і каб ня страцілі паступова і незаўважна тае свабоды, што падараваў нам праз Сваю кроў Госпад наш Ісус Хрыстос, вызваліцель усяго людзтва". Скончыўся ж азначаны перыяд гэтаксама некананічным высвячэннем 4 траўня 1661 году на япіскапа Магілеўска-Мсціслаўскага Мятода Філімановіча з наданнем яму правоў адміністратара Кіеўскае мітраполіі.

Полацк быў заняты маскоўскім войскам 27 чэрвеня 1654 году на самым пачатку вайны. Пасля цяжкой трохмесячнае аблогі 22 лістапада здаўся і Віцебск. Цар Аляксей Міхайлавіч сваю пазыцыю, што да рэлігійных стасункаў, выклаў у верасні 1654 году віцебскай шляхце ў часе перамоваў аб здачы горада: " Костелам не быть, а петь у себя в домех. ... Уніатом не быть". 1) Пазней цар удакладніў тэрыторыю, на якой дзейнічаў ягоны загад: дазвалялася існаванне касцёлаў за ракой Бярэзінай, да Бярэзіны ж толькі праваслаўныя цэрквы. У адносінах да ўніятаў усё заставалася бяз зменаў.

КАЛІСТ РЫТАРАЙСКІ.

Ідэя ўтварэння Полацка-Віцебскай епархіі дзеля лепшага кантролю занятай тэрыторыі саспела ў Маскве пэўна ў часе падрыхтоўкі паходу 1656 году на Рыгу. 13 сакавіка 1656 году маскоўскі патрыярх Нікан, які да таго прыняў тытул "Вялікі ўладар і гаспадар, архіяпіскап Масквы і усёй Вялікай, і Малой, і Белай Расеі, і ўсіх паўночных краёў і памор'я і мноства краінаў Патрыярх", прызначае (60KB) Патрыярх Нікан і цар Аляксей Раманаў - ініцыятары вайны супраць Рэчы Паспалітай. (мал. XVII ст.). ў новаствораную епархію сваім намеснікам ігумена віцебскага Маркавага манастыра Каліста Рытарайскага. Пазней на маскоўскім саборы 1666 году Нікан у якасці апраўдання казаў, што "у Полацк і раней, пры цары Фёдары Іванавічы ставілі япіскапаў Маскоўскія патрыярхі".2) Аднак "Вялікі Ўладар" схлусіў, бо япіскапы ў Полацк прызначаліся на загад цара Івана Жахлівага ў часе акупацыі Полацка 1563-1579 гг., а маскоўскі патрыярхат закладзены толькі ў 1589 годзе.

Мінулае новапрызначэнца цмянае. Падаецца паходжаннем ён з Украіны, як і калі трапіў у Віцебск невядома. Крыніцы падаюць, што на чале Маркавага манастыра стаў у 1655 г. Пасаду ігумена заняў з парушэннем царкоўных канонаў і запавету закладальніка манастыра цівуна Троцкага Лява Самуіла Агінскага. Пацверджання духоўных начальнікаў Кіеўскае мітраполіі ня меў, бо Магілеўска-Мсціслаўскі япіскап Язэп Канановіч-Гарбацкі спачыў яшчэ 25 лютага 1653 году і ад таго часу катэдра была вакантнай, трапіць жа да Кіева ў часе вайсковых дзеянняў было немагчыма.

Сваім прывілеем 1656 г. Маскоўскі патрыярх надаў Калісту "уладу духоўную кіраваць у Полацку, і ў Віцебску, і на ўсіх абшарах, што раней пад уладай былых япіскапаў Полацкіх былі".3) Накірункаў дзейнасці Полацкага япіскапа было некалькі:

- перацягванне праваслаўных прыходаў Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату;

- падпарадкаванне паствы зачыненных уніяцкіх цэркваў, што знаходзіліся ў зоне маскоўскае акупацыі;

- здабыванне інфармацыі аб знаходжанні войскаў, планах адміністрацыі Рэчы Паспалітай, а папросту - шпегаўство.

Служак для выканання плану не хапала, таму большасць святароў былі дасланыя з Расеі. Падаецца дзейнасць Рытарайскага задавальняла і духоўнае і палітычнае кіраўніцтва ў Маскве, бо патрыярх Нікан, скарыстаўшы часовае безуладдзе ў Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі (скон 13 красавіка 1657 году мітрапаліта Сільвестра Косава), амаль адразу надае яму годнасць япіскапа Полацкага і Віцебскага. 22 чэрвеня Каліст прыязджае ў Полацк. Яго ўрачыста сустракаюць манахі Багаяўленскага манастыру. Дзятва дэкламуе верш манаха Сімяона "Вітанне багалюбнага япіскапа Каліста Полацкага і Віцебскага". Важна адзначыць, што ўдзячнасць за прызначэнне выказваецца не духоўнай уладзе ў асобе патрыярха, а маскоўскаму цару, бо ўсім ясна, што Каліст "Од цара православна на сей сан избраны". 4)

Наступнага дня, то бок 23 чэрвеня, Рытарайскі выдае загад, каб усе духоўныя асобы, ня толькі праваслаўныя, але і ўніяцкія падпісвалі стаўленыя граматы ў яго. На ўзор маскоўскага начальства япіскап тытулуе сябе Вялікім Уладаром. 5) З дакументаў выглядае, што падпарадкаванне праваслаўных прыходаў япіскап усклаў на свайго намесніка ігумена полацкага Багаяўленскага манастыра Ігната Яўлевіча. Уніятамі і латіннікамі пэўна заняўся асабіста. Да прыкладу загадаў разбурыць у Полацку драўляны касцёл езуітаў і з дрэва збудаваць сабе палац. Ня выключана, што пра арганізаваныя ім рэпрэсіі супраць іншаверцаў у Полацку, згадвае графіці ў Спаскай царкве наступнага зместу: "Року 1657 свщенноинок Калист соверших сде резню". 6) Япіскап паведамляў патрыярху, што "... римские веры ксензы ныне ис Полши приезжают в Полоцк и в Полоцкий уезд и в иные государевы городы и уезды. И втай меня, богомольца твоего, с шляхтою, приезжая в Полоцк, многих по своей римской вере исповедают и причащают ...". 7) Аднак ён не апускае рук і, скарысоўваючы расейскі вайсковы кантынгент, выходзіць нават за межы вызначанае яму тэрыторыі. Гэтак у сакавіку 1658 году ў в. Вольберавічы, што знаходзілася па-за межамі былое Полацкае епархіі і за Бярэзінай, ім быў зачынены касцёл і захопленая касцельная маёмасць, а ксёндз арыштаваны і некуды зведзены. Япіскап быў жорсткім ня толькі да супраціўнікаў, але і да сваіх. У красавіку 1659 г. супраць манахаў, што прычыніліся да атрымання ад патрыярха Нікана прывілея на стаўрапігію (незалежнасць) Полацкага Багаяўленскага манастыра, былі прымененыя рэпрэсіі. Пяцёра законнікаў трапілі ў вязніцу для духоўных асобаў, якую заклаў япіскап ля сваёй рэзідэнцыі на Верхнім замку.

Рытарайскі меў уласную выведку, інструмантам якой былі вернікі і падпарадкаваныя яму духоўныя асобы. Збор звестак скіраваны быў ня толькі, і нават ня столькі на высвятленне канфэсійнай сітуацыі ў рэгіёнах ВКЛ, але найперш вайсковай. Гэтак 26 кастрычніка 1660 г. слуга япіскапа Афоня Іваноў у Дзісне збіраў звесткі аб перасоўванні войскаў Рэчы Паспалітай. 8) У красавіку 1661 г. япіскап разам з ваяводам Сцяпанам Вельямінавым з дапамогай полацкага бурмістра Кузьмы Навумовіча і намесніка Дзісненскага Ўваскрасенскага манастыра Іосіфа спланаваў выведку ў Дзісне. 9) У красавіку-траўні 1661 г. слуга япіскапа Іван Гур'еў здейсніў рэйд у Вільню з мэтай высвятлення стану расейскага гарнізону ў абложаным віленскім замку. 10) Ягоныя падначаленыя займаліся допытам палонных, захопленых расейскімі вайскоўцамі. Гэтак рабіў у траўні 1661 г. ягоны падначалены Ян Радкевіч з палонным Янам Каменскім. 11)

У 1660 г. Каліст Рытарайскі прыймае ўдзел у маскоўскім саборы, дзе вырашаўся лёс патрыярха Нікана. У гэтай справе ён займаў узважанную пазыцыю, хаця лічыў, што патрыярх сам адмовіўся ад пасады. З цягам часу палітычныя акцэнты cсунуліся і наступнік патрыярха Нікана мітрапаліт Піцірым зрабіў стаўку на нежынскага папа Мятода Філімановіча, якога 5 траўня 1661 г. высвяціў на япіскапа Мсціслаўскага і прызначыў яго адміністратарам Кіеўскай мітраполіі. Падобна з гэтага часу Каліст траціць рэальную ўладу, хаця намінальна і застаецца япіскапам Полацкім. 12) З пазнейшага часу вядомы ягоны ліст ад 29 жніўня 1661 г. да ваяводы Івана Хаванскага, дзе аўтар выказвае нязгоду з рабаваннямі, забойствамі, спусташэннямі, чынімымі расейскім войскам на занятых землях і спрабуе пераканаць адрасата, што "ня гэткім чынам перамогі здзяйсняюцца".13) Апрача таго ў красавіку 1662 г. на запыт цара Аляксея Міхайлавіча выказвае крытычнае стаўленне да трапіўшага ў няміласць патрыярха Нікана, дзе вінаваціць яго ў нелюбові і пераконвае цара, што слухаць таго ня варта. Япіскап пачынае разумець, што да разбурэнняў і спусташэнняў прычыніўся сваёй дзейнасцю і ён, бо вайсковыя дзеянні вяліся пераважна на тэрыторыі, дзе жылі патэнцыйныя ягоныя духоўныя дзеці. Канца ж гэтаму не было відаць. У выпадку перамогі войскаў Рэчы Паспалітай япіскапа ў лепшым выпадку чакаў лёс Мятода Філімановіча, які Кіеўскім мітрапалітам Язэпам Нелюбовічам-Тукалькім за свае дзеянні быў увязнены ва ўманьскім манастыры. Агарнуўшая псэўдаўладыку дэпрэсія становіцца прычынай учынка для сапраўднага хрысціяніна непрыймальнага. 15 лютага 1663 году Каліст сканчае жыццё самагубствам, абвесіўшыся ў сваім палацы. Ягоная смерць не выклікае спачування ані ў супраціўнікаў, ані ў падначаленых. Сімяон Пятроўскі-Сітняновіч пакідае запіс, які можна лічыць некралогам Полацкаму япіскапу: "Гэты нягоднік Каліст Дарапеевіч Жытарайскі быў п'яніцай, катам і ваўком, а не пастырам, за што пакараны Богам, сам ганебна абвесіўся 15 лютага 1663 г. у начы на шаснаццатае, то бок з нядзелі блуднага сыну на панядзелак. Многія леты".14)

ІГНАТ ЯЎЛЕВІЧ.

Паходзіў Ігнат Яўлевіч з Магілеву, быў пляменнікам Фамы Яўлевіча колішняга рэктара Кіеўскай брацкай школы, заснаванай Кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілам. Падобна, што як і ягоны духоўны кіраўнік Каліст Рытарайскі быў высвячаны некананічна, бо ягоны папярэднік ігумен Елісей спачыў ужо ў часе расейскае акупацыі недзе пры канцы 1655 г.

Стан з насельнікамі Багаяўленскага манастыра, як і ў віцебскім Маркавым манастыры, быў крытычным, бо ўжо на пачатку 1656 г. Яўлевіч піша ліст да царовага акольнічага Федара Рцішчава, каб той паспрыяў "апусцеламу манастыру Полацкаму"15) і адпусціў у манастыр ераманаха Філарэта (пэўна маецца на ўвазе Нікіцін). Таму ў полацкім манастыры у згаданым перыядзе была пэўная колькасць выхадцаў з Расеі. Аўтарытэту ў вярхоўнай улады ігумен Яўлевіч набраў у часе экспедыцыі цара Аляксея пад Рыгу. Ягоныя прамовы да цара пры сустрэчы 5 ліпеня 1656 г. за Барысаглебскім манастыром перад паходам, 12 кастрычніка пры вяртанні з-пад Рыгі і 2 лістапада ў часе ўрачыстае службы ў Спаскай царкве зрабілі добрае ўражанне 16). З гэтага часу, паколькі паходжаннем Ігнат быў з Магілеву, расейская адміністрацыя намагаецца скарыстаць яго ў канфлікце з кананічным кіраўніцтвам Кіеўскай мітраполіі. Ужо 12 жніўня 1656 г. Яўлевіч выязджае да Магілеву, але ягоная дзейнасць на гэтым этапе выглядае няўдалай, бо ў верасні таго ж 1656 г. Кіеўскі мітрапаліт Сільвэстар Косаў выказвае падзяку магілеўцам за іхную адданасць і вернасць.

Ігната Яўлевіча больш абыходзіў дабрабыт манастыра. У гэтай справе ігумен некалькі разоў звяртаўся да цара, каб аддадзеныя былі землі, што належалі езуітам; каб можна было скарыстаць зямельныя вучасткі збеглых полацкіх габрэяў дзеля пабудовы школкі і ўладкавання могілак; каб можна было ўзяць для ўласных патрэбаў цэглу, што назапашаная ў Друі дзеля пабудову касцёлу. 17) У часе прыезду ў Полацк новавысвячанага япіскапа Каліста ў чэрвені 1657 г. Яўлевіч у атачэнні манахаў сустракае яго ўрачыстай прамовай. Каліст надае ігумену правы намесніка і 18 ліпеня высылае ў Магілеў, каб паставіць у Спаскім манастыры іншага паводле свайго меркаваньня намесьніка, каб "усіх Архімандрытаў, Ігуменаў, Пратапапоў і папоў з іх стаўленымі граматамі выслаць да нас Вялікага Ўладара ў Полацк, і загадаць прыходзіць і падаваць стаўленыя граматы у Сафійскім доме ў казённым прыказе папу Елісею Нікіціну і Федару Дакучаеву".18) А каторыя будуць нязгодныя і не паслухаюць, да тых паводле таго самага загаду трэба было скарыстоўваць служылых людзей, стральцоў і пушкароў, арыштоўваць і пад аховай высылаць у Полацк. Уніяцкіх жа папоў высылаць адразу без прамаруджання. У Магілеве Яўлевіч знаходзіўся месяц. Пра вынік ягонае працы па падпарадкаванні магілеўцаў звестак няма.

Паступова ў Багаяўленскім манастыры нарастае пратэст супраць кіравання Каліста. Законнікам, якія ад пачатку закладання манастыра самастойна абуладжвалі жыццё, не да спадобы было жорсткае кіраванне Каліста. Манахі на чале з ігуменам звярнуліся да патрыярха Нікана з просьбай, каб ім як і раней жыць самастойна. 27 сакавіка 1658 г. Нікан выдаў прывілей на стаўрапігію, у якім забараніў Калісту кіраванне жыццём манастыру. Манастырскае насельніцтва ўзрадвалася. Аднак здарылася тое, чаго ніхто з іх не прадбачыў - 10 ліпеня Нікан пакінуў патрыяршы пасад. Скарыстаўшы гэта Каліст выпрасіў у цара, каб той адмяніў рашэнне патрыярха. 21 лютага 1659 году цар выдаў Багаяўленскаму манастыру свой загад аб падпарадкаванні Полацкаму япіскапу. Рытарайскі пасля свайго маскоўскага візыту прыехаў у Полацк 31 сакавіка. Манахі сустракалі яго ля Віцебскай брамы. З гэтае нагоды вучні агучылі твор Філата Ўтчыцкага "Стихи краесогласныя иже во сретение чудотворныя иконы пресвятая богородицы Полоцкия", з якой прыехаў у горад япіскап. Аднак гэта не ўратавала насельнікаў манастыра ад рэпрэсіяў. Япіскап не адважыўся караць свайго намесніка ігумена Ігната, бо той меў высокіх заступнікаў у Маскве, аднак уладыкаву жорсткасць і помсту зведалі ініцыятары звароту да патрыярха. Сімяон Пятроўскі-Сітняновіч пазней занатаваў: "14 красавіка 1659 году я быў арыштаваны япіскапам Полацкім і Віцебскім Калістам Жытарайскім за прывілей найяснейшага патрыярха Нікана і з ганьбаю праведзены вуліцамі з пяццю іншымі святымі айцамі, з вялебным айцом Гедэонам Дронічам, Фядосам Кукшыным, Калістам Лапінскім, Сільвестрам Сітняновічам, Германам Зямкевічам у атачэнні 50 узброеных ахоўнікаў ад Багаяўленскага манастыра да замку, да храму Св. Сафіі ... дзе жалезныя ланцугі з нашых шыяў былі знятыя. 18-га дня таго ж месяца Фядос, Каліст і Герман былі адпраўленыя ў выгнанне, з 26-га дня таго ж месяца і я быў трыманы ў вязніцы".19)

22 ліпеня Каліст зноў высылае Яўлевіча як свайго генэральнага намесніка ў Магілеў з лістом да ўсіх духоўных, але насамперш службовых асобаў, дзе надае ігумену правы свяціць цэрквы, аглядаць манастыры, а каго трэба судзіць царкоўным судом. Хто асмеліцца непадпарадкавацца, таго загадана арыштаваць і выслаць на суд самога япіскапа. 20) Пра абставіны побыту Яўлевіча ў Магілеве невядома, аднак пэўна з увагі на плён ягонай дзейнасці 10 снежня цар высылае да Каліста загад паставіць Багаяўленскага ігумена яшчэ і архімандрытам у Барысаглебскі манастыр. Але ж япіскап ня надта спяшаўся і выдаў свой прывілей на архімандрыю толькі 15 студзеня 1660 году, ужо пасля таго як з Масквы прыйшоў загад Яўлевічу ехаць на сабор.

10 траўня 1660 г. на маскоўскім саборы Яўлевіч выказаў думку, што судзіць патрыярха могуць толькі ўсходнія патрыярхі. Удзельнікі падтрымалі пазыцыю ігумена, што сталася прычынай новага сабору 1666 году, на якім прысутнічалі ўжо патрыярхі Александрыйскі Паісі і Антыахейскі Макар. Сабор жа 1660 году скончыў працу пры канцы верасня. Цар загадаў забяспечыць ігумена з манахамі вазамі да Полацка і прывілеем пацвердзіў наданне Яўлевічу Барысаглебскага манастыра з усёй прыналежнай да яго маёмасцю. Памёр Ігнат Яўлевіч у Маскве пэўна пры канцы 1663 году ў часе сваёй чарговай паездкі, бо напярэдадні Вялікадня 1664 г. (10 красавіка) Сімяон Пятроўскі-Сітняновіч ужо быў у Маскве, каб забраць засталыя пасля ігумена рэчы. 21)

АФІНАГЕН КРЫЖАНОЎСКІ.

Асоба найбольш неардынарная з духоўных кіраўнікоў Полацкае епархіі. Месца нараджэння яго невядомае, але паводле ягоных уласных словаў пастрыгся ў манахі ў мазырскім Святадухавым манастыры. У пазнейшыя гады меў сталыя кантакты з ігуменам гэтага манастыра Тугарыным, што можа сведчыць пра нараджэнне яго недзе ў ваколіцах Мазыра. Упершыню ў гістарычных дакумантах Афінаген паўстае 24 чэрвеня 1630 года, калі з'явіўся на мяжы з Расеяй у Пуціўлі і пачаў апавядаць ваяводзе пра тое, што быў высвячаны ў 1628 годзе ў Кіеве і пасля княгіня Вішнявецкая ўзяла яго аж архімандрытам у Сялецкі Спаскі манастыр, аднак праз год выгнала. Тады ён паехаў да ўніяцкага мітрапаліта Язэпа Руцкага і той высвяціў яго на архіяпіскапа Харвацкай зямлі. Праз паўгады Крыжаноўскі вырашыў вярнуцца да праваслаўя, з гэтай мэтай падаўся ў Маскву. 22) Звесткі падаюцца сумнеўнымі, бо немагчыма праз год ад пастрыжэння прыдбаць статус архімандрыта, а потым аж архіяпіскапа. Няясна што за Харвацкая епархія, калі тут маецца на ўвазе Перамышальская дык уніяцкім япіскапам там ад 1610 году без пярэрвы быў Апанас Крупецкі. Праваслаўная ж катэдра пуставала пасля ад'езду ў 1625 годзе ў Расею Ісаі Капынскага. Справамі яе з дазволу Кіеўскага мітрапаліта Ёва Барэцкага заапекаваўся Кіева-пячэрскі архімандрыт Пётра Магіла.

Пэўна звесткі Афінагена пра сябе і пададзены прывілей на япіскапства выклікалі сумневы і ў Маскве, бо на загад патрыярха Філарэта Крыжаноўскі быў перахрышчаны і адасланы келарам у недалёкі ад Масквы Мікольскі манастыр на Ўгрэшы. Там прадпрыймальны келар частку манастырскіх сродкаў скіраваў на набыццё падарункаў Канстантынопальскаму патрыярху Кірылу Лукарысу і турэцкаму пашы, дзеля атрымання з іхняй дапамогай вышэйшага духоўнага сану. Апрача таго адсылаў нейкія звесткі пра Маскоўскага патрыярха Філарэта. Калі справа выявілася манаха-злодзея на загад патрыярха ў чэрвені 1632 году выслалі ў Пячэрскі манастыр, што ў Ніжнім Ноўгарадзе. У дадатак патрыярх Кірыла Лукарыс даслаў ліст, у якім паведаміў, што прывілей, які бачылі ў Крыжаноўскага, падробны. У манастырскай вязніцы Афінаген знаходзіўся амаль тры гады.

Пазней вярнуўся ў Рэч Паспалітую і ў 1636 годзе у Чарнігаве ўжо падае скаргу на чаляднікаў Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы за ўвязненне, збіццё і выкраданне ў яго нейкага царкоўнага начыння, выдаючы сябе тут за япіскапа Амафузійскага, пасланца патрыярха Архідонскага. 30 сакавіка 1637 году ў Луцку ён гэтак жа лёгка паведамляе, што былая скарга ў Чарнігаве непраўдзівая, а тым япіскапам быў ён і дзейнічаў з намовы азначаных ім асобаў, і на гэты раз мянуе сябе ўжо япіскапам Карэльскім. 23)

У лістападзе наступнага 1638 году Крыжаноўскі праз Полацк, Рыгу, Дэрпт і Нарву дабіраецца да Івангорада ў шведскай Інгемарландыі. Тамтэйшыя крыніцы падаюць ягонае імя ў скажонай форме Arfimager. Тут ён уступае ў кантакт з уладамі і паведамляе, што яго высвяцілі ў Кіеве з дазволу Канстантынопальскага патрыярха на просьбы праваслаўных падданых шведскае кароны, якія ня маюць свайго ерарха, але маюць на гэта дазвол караля. Рукапакладзены нібыта пазней у Спаскім манастыры нейкай сталіцы Баўгарскага патрыярхату пры ўдзеле архіяпіскапаў і мітрапалітаў ды высланы ў Інгемарландыю. Матарыялы допытаў прыбылога япіскапа былі адасланыя да Стакгольму. Шведскім уладам тлумачэнні Крыжаноўскага прыйшліся не да спадобы і з каралеўскай канцылярыі генэрал-губарнатару Пэру Брагу прыйшоў загад выслаць Крыжаноўскага "у Данцыг або ў ягонае наваколле, з папярджаннем, што калі зноў прыедзе, або будзе затрыманы ў нашых і дзяржаўных межах, дык, як шпег, без літасці будзе асуджаны на смерць". 24) Япіскапа Ігемарландскага адвозяць у Рыгу, каб адтуль морам выслаць у Гданьск. Аднак з прычыны адсутнасці карабля ўлады змушаныя перавезці яго ў Або (цяпер Турку, Фінляндыя), дзе з 23 траўня да 3 ліпеня 1639 года трымаюць у замку. Перад пасадкай на карабель з увагі на эканамічны стан Афінагена шведы забяспечваюць яго харчамі і даюць 12 талераў на дарогу. Як склаўся лёс Крыжаноўскага ў Гданьску невядома. Толькі Сімяон Пятроўскі-Сітняновіч пазьней у сваім вершы з'едліва заўважыў пра пасаду " пробашча гданьскага і каралявецкага".

З цемры часу Крыжаноўскі вынырае 12 красавіка 1651 году і зноў на мяжы з Расеяй, куды ён падаўся не па сваёй волі, але паслалі яго да цара нібыта ўсе беларусцы. Пасля прыезду ў Маскву цяпер ужо дзісненскі ігумен інфармуе дзяржаўных асобаў, што ён з полацкім ігуменам Гядройцам быў у полацкага ваяводы Януша Кішкі і той казаў жахлівыя рэчы, што "кароль і ўся Рэч Паспалітая вынеслі такі прысуд: як толькі яны знішчуць Хмяльніцкага дык тады ўсіх беларусцаў да апошняга чалавека і нават з немаўлятамі пасякуць і Божыя цэрквы і манастыры ўсе спаляць, каб засталіся адны рымляны. ... а кароль палову войска свайго хоча пусціць на Хмяльніцкага, а другую - на Маскоўскую дзяржаву. ... папа пісаў да караля і да біскупаў, каб яны з касцёлаў усё срэбра і золата забралі ды перарабілі ў грошы, толькі па келіху пакінулі, каб канчаткова знішчыць русь, каб рускае веры нідзе не было".25) Выглядае гэта на правакацыю, але расейскія ўлады паставіліся да ягоных рэляцыяў з увагай. Яшчэ двойчы 8 студзеня і 3 чэрвеня 1652 году з'яўляюцца запісы паведамленняў Крыжаноўскага, аднак маскоўская выведка ім больш веры не дае. Прычынай таму пэўна падробны ліст гетмана Януша Радзівіла, дзе той звяртаўся да рыма-каталіцкай шляхты як чалавек адной з імі веры, хаця быў кальвіністам. Маскоўскія баяры не пусцілі яго да Масквы і паведамілі, каб вяртаўся і прыязджаў з праўдзівымі весткамі.

Пра дзейнасць Крыжаноўскага часоў вайны звестак няма, адно захаваўся з 1661 году іранічны верш-віншаванне, напісаны Сімяонам Пятроўскім-Сітняновічам у дзень імянінаў ігумена, які прыпадае на 16 ліпеня. У паэтычным творы згаданыя такія рысы ігумена, як нястрыманасць у прамовах:

"Всякому в лице что ти подобает,

Яко гром, гласно гортань ты рыкает.";

цяга да гучных тытулаў:

"Тем же почтеся премногими саны:

В земле Корельской епископом званы,

Архимандрыта речен Назарейски

Ы протосынгел почтен Голилейски,

На Гданьску пробошч, такоже Кролевецки,

Опат на Рыме, апостал немецки,

В Десне игумен, а у нас - ничого,

Ничто имамы, тако имый много.

Вся всим на земли, но что будеш в небе,

Поне един лик з всих избери себе."

Паэт пагаджаецца, што з увагі на бурлівае жыццё адрасата, ня ў стане ахапіць усё:

"Писал бых болей, да слов им не стает,

Чудный жывот твой ум мой превызшает."

Урэшце пры канцы становіцца зразумела, што духоўнага ў дзісненскім ігумене адшукаць цяжка:

"Друг твой в пиве, в горелце, в тобаце.

Если ты выдал, налай як собаце!"26)

З канцом актыўных вайсковых дзеянняў, пэўна асцерагаючыся за ўласнае жыццё і свабоду, ігумен ад'язджае да Масквы, адкуль трапляе пад Казань. 26 лютага 1667 году Казанскі мітрапаліт Лаўрэнці просіць прыняць "былога полацкага архімандрыта Анфінагена" у валдайскі Іверскі манастыр, закладзены патрыярхам Ніканам і куды пераехалі манахі куцеінскага манастыра. З дакумента вынікае, што пад началам Казанскага мітрапаліта Крыжаноўскі быў 4,5 гады. Зважыўшы на заяву самога Афінагена, што быў ён там "на просьбу ўсёй полацкай шляхты" выкажам здагадку, што знаходзіўся разам з полацкім палком Гаўрылы Гаслаўскага, які быў выведзены з Беларусі і ў 1662-1664 гадах пад началам казанскага губарнатара Фёдара Валконскага спрабаваў здушыць паўстанне башкіраў. Але ўжо 8 траўня наступнага году Крыжаноўскі просіць цара адпусціць яго ў Полацк, а з ім трох манахаў і двух чаляднікаў. Цар дае дазвол і 10 рублёў на дарогу. 15 траўня 1668 году манахі сядаюць на падрыхтаваныя для іх вазы і ад'язджаюць. 27) Далейшы лёс дзісненскага ігумена невядомы.

ЗАКАНЧЭННЕ.

У ацэнцы дзейнасці кожнай з вышэйзгаданых асобаў трэба спрабаваць пазбегнуць суб'ектывізму, а дзеля гэтага варта ацэньваць не з пазыцыяў дня сёняшняга, але грунтуючыся на тагачасных норавах і законах. Спачатку пра царкоўныя нормы. Азначаныя вышэй асобы парушылі дзейнае царкоўнае права, бо самахоць выракліся сваіх ерархаў, якія іх высвячалі. Паколькі царкоўныя нормы ўгрунтаваныя на хрысціянскай любові, ступень суровасці пакарання залежыць ад міласці ерарха. Зважыўшы на згаданы прэцыдэнт з Мятодам Філімановічам мусім адзначыць, што дадзеным асобам па сканчэнні вайсковых дзеянняў не мінаваць было манастырскае вязніцы. Апрача таго яны здрадзілі ідэі, якая была стрыжнем праваслаўнай апазыцыі, традыцыйнаму падпарадкаванню Канстантынопальскаму патрыярху. Дзеі згаданых ерархаў прынеслі праваслаўнай царкве ВКЛ значную шкоду, бо вялікая частка вернікаў ад царквы адхінулася. Але апрача таго ў гэтай справе маецца і юрыдычны аспэкт. Па-першае былі парушаныя ўмовы фундацыі. Ня можам казаць нешта пэўнае пра дзісненскі манастыр, але полацкі і віцебскі ўфундаваў Леў Самуіл Агінскі. У фундацыйным запісе 06.VIII.1642 г. Маркаваму манастыру Агінскі запісаў: "... вышмененому игумену, теперешнему и по ним наступуючим з братьи их законником релiи старожитное греческое, под послушенством светейшого вселенского патриарха Константинопольского и од него нам звыклым порадком стародавным преосвященным митрополитом Киевским, Галицким и всея Руси будучим, таким порадком даем и записуем". То бок адна з умоваў фундацыі - падпарадкаванне Канстантынопальскаму патрыярху і Кіеўскаму мітрапаліту, якая без сумневу была парушаная. Пакаранне ж фундатар вызначыў наступнае: "… теды таковый одступца, не только од отца митрополиты, але од нас самых фундаторов, за згодою всее братіи законников тогож монастыра Марковского, одлучен и декградован быти мает, а на тое мейсце иншій, водлуг вышшого порадку альбо паракграфу, обран и подан быти мает ..."28) Фундацыйны запіс для полацкага манастыра пэўна меў такі самы тэкст. Гэткім чынам за парушэнне волі фундатара гэтыя ігумены мусілі быць пазбаўленыя пасадаў. Аднак і гэта ня ўсё. Найважнейшай дзейнай юрыдычнай нормай быў Статут Вялікага княства Літоўскага, артыкул трэці якога пад назвай "Ображенье маестату нашого господарского в чом се розумети мает и яко за то карати" з разделу "О персоне нашой господарской" паведамляе, што "Хто бы теж з неприятельми нашими порозуменье мел, листы до них або послы, радечи против нам, господару и речи посполитой, або остерегаючи слал, тым неприятелем якую помоч давал" "таковый за слушным доводом … честь, горло и именья тратит".29) Каліст Рытарайскі і Афінаген Крыжаноўскі маглі быць прыцягнутыя да адказнасці ў адпаведнасці з гэтым артыкулам. Аднак правасуддзе ніводнага з іх не напаткала, адзін збег, другі сам вынес сабе прысуд.

БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС.

1) Акты, относящиеся к истории южной и западной России. Т. 14. - Санкт-Петербург: 1889, с.289-290.

2) Макарий, митрополит Московский и Коломенский. История Русской Церкви. Т. ХІІ. Кн.III. - Санкт-Петербург: 1883, c.719-720.

3) Древняя Российская вивлиофика. Ч.ІІІ / ред. Н. Новиков. - Москва: 1788, с.303.

4) Симеон Полоцкий. Вирши / сост. В.К. Былинин, Л.У. Звонарева. - Минск: 1990, с.42-45.

5) Древняя Российская вивлиофика. Ч.ІІІ / ред. Н. Новиков. - Москва: 1788, с.337.

6) Калечиц И.Л. Исторические личности в граффити полоцкой Спасо-Преображенской церкви // История и археология Полоцка и Полоцкой земли, Ч.ІІ. - Полоцк: 2012, с.31-32.

7) Гиббенет Н. Историческое исследование дела патриарха Никона. Ч.2. - Санкт-Петербург: 1884, с.490.

8) Акты Московского Государства, изданные Императорской Академией Наук. Т.IIІ / ред. Д.Я. Самоквасова. - Санкт-Петербург: 1901, с.209-210.

9) Тамсама, с.358-359.

10) Тамсама, с.381-382.

11) Тамсама, с.387.

12) Строев П.М. Списки иерархов и настоятелей монастырей российской церкви. - Санкт-Петербург: 1877, с.498.

13) Древняя Российская вивлиофика. Ч.ІІІ / ред. Н. Новиков. - Москва: 1788, с.393-397.

14) Симеон Полоцкий. Вирши / Сост. В.К. Былинин, Л.У. Звонарева. - Минск: 1990, с.393

15) Древняя Российская вивлиофика. Ч.ІІІ / ред. Н. Новиков. - Москва: 1788, с.299-300.

16) Тамсама, с.309-312, 316-318, 319-322.

17) Тамсама, с.312-313, 314-315, 315-316, 323-324, 324-326, 334, 349-351.

18) Тамсама, с.340-341, 341-342.

19) Голубев С. Отзыв о сочинении В.О. Эйнгорна "Очерки из истории Малороссии в XVII в.". - Санкт-Петербург: 1902. с.27-28.

20) Древняя Российская вивлиофика. Ч.ІІІ / ред. Н. Новиков. - Москва: 1788, с.354-356.

21) Голубев С. Отзыв о сочинении В.О. Эйнгорна "Очерки из истории Малороссии в XVII в.". - Санкт-Петербург: 1902. с.29.

22) Макарий, митрополит Московский и Коломенский. История Русской Церкви. Т. ХІ, Кн.VI. - Валаам: 1996, c.290-291.

23) Архив Юго-западной России, издаваемый временной комиссией для разбора древних актов, высочайше учрежденную при Киевском Военном, Подольском и Волынском генерал-губернаторе. Т.VI. - Киев: 1883, с.731-733.

24) А.И. Пересветов-Мурат. "Епископ Ингомерлянский и всего помория полунощного оцеана": великие комбинации Анфиногена Крыжановского // Scando-Slavica. Vol.56(1). - Oslo: 2010, с.54-59.

25) Заборовский Л.В. Католики, православные, униаты: Проблемы религии в русско-польско-украинских отношениях конца 40-х - 80-х гг. XVII в. Документы. Исследования. Ч.1: Источники времени гетманства Б. М. Хмельницкого. - Москва: 1998, с.97-98.

26) Симеон Полоцкий. Вирши / Сост. В.К. Былинин, Л.У. Звонарева. - Минск: 1990, с.65-66.

27) К.В. Харлампович. Афиноген Крыжановский. (Из истории культурного влияния западной Руси на восточную в XVII в.) // Сборник статей в честь Дмитрия Александровича Корсакова. - Казань: 1913, с.173.

28) Акты издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею. Т. XI. - Вильна: 1880, c.130.

29) Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 / рэд. І.П. Шамякін. - Мінск: 1989, с.80-81.

ДАДАТАК

ІГУМЕНЫ ПОЛАЦКАГА БАГАЯЎЛЕНСКАГА МАНАСТЫРУ XVII СТ.

Час паўстання Багаяўленскага манастыра невядомы. Гіпотэзаў шмат, аднак зразумела адно, што паўстаў ён раней за 1633 год. Хаця ў 1668 годзе манахі пісалі япіскапу Ваўчанскаму пра фундацыю манастыра Агінскімі і Мірскім (Белорусский архив древних грамот. Ч.І. 1824, с.126-127), але гэта трэба разглядаць у кантэксце іншых падзеяў. Пасля раптоўнага нападу на горад маскоўскіх войскаў 03.06.1633 г. Вялікі пасад быў выпалены. Відаць гэтыя фундушы былі скіраваныя на адбудову манастыра, які, магчыма нелегальна, існаваў і раней. Таму 06.06.1633 г. наданне зямлі афармляе асабіста Себасцян Мірскі (Акты издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею. Т.XI. 1880, c.111-112), а на зацвярджэнне ў князя Уладыслава 12.07.1633 г. прыязджаюць манахі.

<1626 - Ян Крэчмер. Быў старэйшым манастыра да 1626 году, калі паводле ягоных словаў ужо знаходзіўся ў Вільні і займаў пасаду казальніка. 11.XI.1647 г. прыняў унію. З прычыны мноства паклёпаў з боку былых аднаверцаў выдаў кнігу "Consideracie podane Panom disunitom około niektorych ich nauk, przećiwnych wierze świętey Katholickiey" (Wilno, 1648), дзе апрача тэалягічных абгрунтаванняў пазыцыі змясціў звесткі пра сябе.

1642, 16.VIІ - Пятроні Табіяшэвіч, ігумен полацкага Багаяўленскага манастыру. Ад імя манахаў 16.VIІ.1642 чарговы раз падаў скаргу на ўніяцкага мітрапаліта Антона Сяляву за спробы парушыць міжканфесійны спакой (Сапунов А.П. Витебская старина. Т.5. Ч.1. 1888, с.195-199).

>1643 - >1651, 28.VI - Мялет Гедройц, княскага роду. Магчыма паходзіў з кальвініскай сям'і. Вядомы як праваслаўны актывіст у часы Полацкага ўніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча (1618-1623). Верагодна ў 1639 г. пастрыгся ў манахі, бо паводле К.Гаворскага 02.VI.1639 г. адпісаў манастыру вёскі Ропна і Аходна (Ахотніца). (Вестник западной России. Год 3. Т.1. 1864. c.200-201). Стаў ігуменам пасля 1643 г., бо 31.VIII.1643 г. полацкі ленвойт Ян Касароўскi скардзіўся на знявагу абразоў полацкімі месцічамі на чале з тады яшчэ папом Мялетам Гедройцам (Археографический сборник документов относящихся к истории Северозападной Руси. Т.1. 1867, с.353-354). Спачыў пасля 1652 г., бо 28.VI.1652 г. ім была пададзена ў полацкую ратушу скарга на месціча Івана Паўловіча за пагрозу таго спаліць Багаяўленскую царкву (Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской. Вып. 5 / ред. А. М. Сазонова. - Витебск: 1874, с.256-259). Патрабуе высвятлення генеалагічная сувязь са стольнікам полацкім у 1613-1634 гг., а ад 1634 г. маршалкам Галоўнага Трыбуналу ВКЛ кальвіністам Марцыянам Гедройцам і езуітам з 1623 г. Юрыям Гедройцам, які ў той час тамсама жыў у Полацку.

>1652, 28.VI - >1655, XI - Елісей, ігумен Багаяўленскі. У дакумантах адзначаны як стары. (Древняя Российская вивлиофилика. Ч.ІІІ, 1788, с.293-5). Верагодна ён 12.IV.1651 г. ездзіў разам з Афінагенам Крыжаноўскім ў Маскву (К.В. Харлампович. Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т.I. 1914, с.93).

<1656, ІІІ - <1664 - Ігнат Яўлевіч, ігумен Багаяўленскі, архімандрыт Барысаглебскі з 1660 г. (Древняя Российская вивлиофилика. Ч.ІІІ. 1788, с.299-392). Намеснік Полацкага япіскапа Каліста. Удзельнік маскоўскага сабору 1660 г.

<1664, 10.ІV- >1670 - Філат Утчыцкі, ігумен Багаяўленскі. Аўтар паэтычнага твору "Стихи краесогласныя иже во сретение чудотворныя иконы пресвятая богородицы Полоцкия" (Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской. Т.28. 1900. с.278-280, 299-302, 321-315; Акты издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею. Т.15. 1888, с.247-248).

>1670- <1682- Гедэон Дроніч, ігумен Багаяўленскі. 14.IV.1659 на загад япіскапа Каліста ўвязьнены за падтрымку незалежнасці манастыра (Голубев С. Отзыв о сочинении В.О. Эйнгорна "Очерки из истории Малороссии в XVII в.". 1902. с.27-28.) >1662 - намеснік манастыру (Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской. Т.22. 1891, с.389-394 і Т.28. 1900, с.299-302, 312-313).

>1681 - >1686 - Ігнат Жыгмантовіч (Цыглер-Жыгмантовіч). 18.II.1682 уніяцкі мітрапаліт Кіпрыян Жахоўскі скардзіўся на ігумена Ігната Жыгмантовіча і Багаяўленскіх манахаў за спробу пабудовы новае царквы. 28.ІІІ.1686 г. Маскоўскі патрыярх Якім даў дазвол ігумену асвячаць цэрквы ў Беларусі. (Сапунов А.П. Витебская старина. Т.5. Ч.1. 1888, с.251-266).

1697, 02.ІІ - Каліст Лапіцкі, ігумен Багаяўленскі. 14.IV.1659 на загад япіскапа Каліста Рытарайскага ўвязьнены за падтымку незалежнасці манастыра (Голубев С. Отзыв о сочинении В.О. Эйнгорна "Очерки из истории Малороссии в XVII в.". 1902. с.27-28.) 02.ІІ.1697 г. патрыярхам Маскоўскім Адрыянам ігумену і манахам дадзены дазвол абслугоўваць праваслаўных вернікаў Рыгі (Белорусский архив древних грамот. Ч.І. 1824, с.128-130).

1699 - Стэфан Івановіч, ігумен Багаяўленскі. Япіскап Магілеўскі і Мсціслаўскі Сэрапіён Палхоўскі пацведзіў дазвол ігумену і манахам абслугоўваць праваслаўных вернікаў Рыгі (Белорусский архив древних грамот. Ч.І. 1824, с.130-131).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX