Папярэдняя старонка: Баўтовіч Міхась

Дамінік Мора: Хрысціянскі рыцар на Полацкім замку 


Аўтар: Баўтовіч Міхась,
Дадана: 03-01-2018,
Крыніца: Баўтовіч Міхась. Дамінік Мора: Хрысціянскі рыцар на Полацкім замку // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 1-2 лістапада 2017 г., Полацк.

Спампаваць




У другой палове 1589 году ў сталічнай Вільні з-пад варштату друкара Даніэля Лянчыцкага выйшла незвычайная кніга пад назвай "Il cavaliere in risposta del gentil'huomo del sigr. Mutio Iustinopolitano, nella precedenza del armi, et delle lettere" (Рыцар, у адказ на "Шляхціча" сіньёра Муцыя Юстынапольскага 1) аб вышэйшасці зброі і літаратуры) Неардынарнасць ейная насамперш была ў мове выдання, бо болей у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-м стагоддзі ніводнае кніжкі ў італьянскай мове пэўна ня выйшла [1, cc. 13-29]. Аўтар падаў пра сябе звесткі даволі разлегла: "Рыцар балонскі Дамінік Мора, шляхціч грызонскі 2) і палкоўнік непераможнага і найяснейшага Жыгімонта трэцяга, караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага, Рускага, Прускага, Мазавецкага, Жамойцкага, Валынскага, Кіеўскага, Падляскага, Ліфляндскага, і караля электа Швэцкага ды князя Фінляндскага". Але галоўная неспадзяванка чакае нас на апошняй старонцы твора, дзе палкоўнік Мора адзначае, што кніга напісаная "у Полацку ў Белай Русі першага красавіка 1585 году" [2, c. 289]. Як ні гучыць парадаксальна, але гэта першая напісаная дакладна ў Полацку кніга. Якія ж абавязкі выконваў у Полацку італьянскі афіцэр на каралеўскай службе. Пра гэта дазнаемся з наступнага ягонага выдання пад назвай "Належыць або не весьці вайну супраць туркаў", дзе на тытуле аўтар падаў сябе, як "praefecti militum Polociae" [3]. У тагачасных дзяржаўных лацінамоўных дакумэнтах гэтак менавалі начальнікаў замкавых гарнізонаў. Такімі былі аршанскі стараста Філон Кміта ў Вялікіх Луках і вугорскі ротмістар Дзёрдзь Шыбрык у Неўлі і Завалоччы.

Якім жа быў шлях балонскага рыцара да горада на Дзвіне. Нарадзіўся Дамінік Мора ў 1536 годзе, што вынікае з заўвагі, пакінутай аўтарам на старонцы ягонага "Il cavaliere", дзе той піша, што пачаў працу над кнігай маючы 49 гадоў [2, c. 151]. Бацькі да шляхецкага стану не належалі, а былі месцічамі [4, c. 52].Шляхецтва ж Мора імаверна атрымаў за ўдзел у розных вайсковых акцыях найманых швайцарскіх аддзелаў [5, c. 302]. Пра тое сведчыць саманазва "gientil'huomo grisone" (шляхціч грызонскі), якой пазначаныя большасць ягоных кніг. Чым займаўся пасьля вяртання на радзіму неясна. Адно вядома, што недзе ў 1565-1570 гадах быў сябрам адной з балонскіх, утвораных на ўзор Платонаўскай, акадэмій, што надавала ўвагу найперш абароне хрысціянства, шляхецкаму гонару, навукам. Мела гэтая інтэлектуальная супольнасць назву "Accademia degli Storditi" (Акадэмія агаломшаных). Закладальнікам яе быў радца балонскага магістрату і пісьменнік, аўтар кнігі пра землятрусы Луцый Маджі [6]. Духоўным настаўнікам напачатку быў філосаф, камэнтатар Арыстоцеля і біскуп казэрцкі 3) Антоніё Барнардзі, які пры вялікай урачыстасці ў 1565 годзе быў пахаваны акадэмікамі ў балонскай базыліцы Св. Пятронія [7, с. 35]. Да згаданае супольнасці належалі рыцары, духоўныя асобы, выкладчыкі Балонскага ўніверсітэту. На сходах акадэмікі чыталі прыродазнаўчыя, філасофскія даклады, ставілі п'есы. Гэтак выкладчык маральнай тэалогіі Клаўдыё Бэці на адным з паседжанняў меў прамову аб гонары, якая ў 1567 годзе ўбачыла святло ў балонскай друкарні Алесандра Бэначы [8]. На іншым паседжанні прысутныя сталіся сведкамі пастаноўкі духоўнай трагедыі "Святы Юры", напісанай сябрам акадэміі Ларэнцам Валеры [9]. У гэтым жа часе распачаў сваю дзейнасць як пісьменнік і Дамінік Мора.

Верагодна першым друкаваным выданнем балонца з'яўляецца пакуль неадшуканая кніга "Discorso di Domenico Mora degli antichi istrumenti di Guerra" (Прамова Дамініка Моры аб старажытных прыладах вайны). Назва гэтая ўмоўная, бо выданне згадана ў тлумачальным слоўніку да кнігі пра вайну Атылы, што ўбачыла святло ў Венецыі ў 1569 годзе і дзе ўкладальнік Алеманіё Фіна паведамляе наступнае: "... усе гэтыя старажытныя прылады вайны сцісла апісаныя ў адной цудоўнай прамове таленавітага балонскага шляхціча Дамініка Моры" [10, с. 114b ].Паводле логікі гэтая кніга Моры мусіла папярэднічаць іншым ягоным творам, што надаюць ўвагі спосабам вядзення вайны ўжо XVI стагоддзя. Балонскі даследчык Джавані Фантуцы меркаваў, што выйшла кніга ў нейкай іншай краіне, таму знайсці яе надта цяжка [11, с. 104].

У 1567 годзе у Венецыі выходзіць праца ў вайсковай справе "Тры пытанні ў дыялогу пра збудаванне батарэі, умацаванне горада, і ладжанне бою ў карэ, з адной спрэчкай аб перавазе між зброяй і пісьменствам" [12]. Яна мае прысвячэнне Казіма Мэдычы, князю Фларэнцыі і Сіены, заснавальніку ўгрунтаванага на бенэдыктынскіх нормах рыцарскага закону Святога Сцяпана. Адным з абавязкаў закону было змаганне з турэцкай агрэсіяй. Другое прысвячэнне адрасаванае "да высакародных сіньёраў акадэмікаў Стардыці", дзе аўтар паведамляе, што абяцаную працу "Ваяр" выдасць у наступным 1568 годзе. Дыялогі адбываюцца між Атылам, які выкладае погляды самога аўтара, і Таркватам. Дыялог другі "аб умацаваннях" багата аздоблены малюнкамі розных варыянтаў фартыфікацыяў.

Выява тытуловае старонкі 'Тры пытанні ў дыялогу ...' (Венецыя, 1567); Выява тытуловае старонкі 'Ваяра' (Венецыя, 1569); Рыцар з выдання 'Ваяра' (Венецыя, 1570) Ня выключана, што на ёй адлюстраваны аўтар; Выява тытуловае старонкі 'Рыцара' (Вільня, 1589).

Праанансаваная аўтарам у "Трох пытаннях..." кніга "Ваяр" з'явілася ў 1569 годзе. Поўная ейная назва: "Ваяр сп. Дамініка Моры, балонца, шляхціча грызонскага і рыцара Акадэміі Стардыці, у якім ёсць усё, што сапраўдны ваяр, і высакародны рыцар мусіць ведаць, і дасканаліцца ў вайсковым майстэрстве" [13]. Кніга гэтая запачаткавала задуманую, але да канца не рэалізаваную Морам, ідэю выдання трылогіі, дзе выкладаюцца погляды афіцэра на арганізацыю вайсковых дзеянняў, місію і месца вайсковага стану ў грамадзтве.

Ужо амаль паводле традыцыі Мора прысвячае твор яшчэ адной асобе, якая сымбалізуе змагара за веру, сапраўднага рыцара Хрыстовага. Асобай гэтай быў князь Пармы, П'ячэнцы і Кастры, сцяганосец Святое Царквы 4) Атавіё Фарнэзэ. Другое прысвячэнне адрасаванае акадэміку Стардыці і сябру балонскага магістрату Маркантонію Ф'юбі, дзе аўтар тлумачыць чаму ён ня выбраўся на вайну да Францыі 5) . Мора паведамляе, што яго ніхто не запрашаў, хаця ён і прапаноўваў некалькі карысных рэчаў, што да вайсковае справы. У адказе чуецца пэўная крыўда, якая пазней будзе паўтораная ў ягоным віленскім "Рыцары", дзе ён крыўдуе на духоўных асобаў, якія прыймаюць рашэнні нічога не разумеючы ў вайсковай справе. У кнізе шмат напісана пра тактыку вядзення боя рознымі аддзеламі, будаванне абарончых пабудоваў.

Прысвячэнні напісаныя ў Венецыі 23 чэрвеня 1569 году, куды Дамінік пэўна прыехаў, каб паступіць на вайсковую службу Венецыянскае рэспублікі. Пэўныя раздзелы кнігі з'яўляюцца развіццём або разгорнутым тлумачэннем таго, што сцісла выкладзена ў папярэдняй ягонай працы.

У гэты час Венецыя інтэнсіўна рыхтавалася да вайны з Турэччынай і набірала вайскоўцаў дзеля ўмацавання сваіх калоніяў у Адрыатыцы. Мора як раз быў прыдатным да гэтае справы. Накіраванне балонcкі капітан атрымаў на востраў Дзантэ 6), што суседзіць з адысеевай Ітакай, атрымаўшы пасаду каманданта тамтэйшага замкавага гарнізону [14, с. 126]. Улетку 1571 году туркі цягам 30 дзён намагаліся заняць замак, але ня здолелі. Пасля бітвы пад Лепанта 7) паўстаў канфлікт Моры з праведытарам 8) і губарнатарам Дзантэ Паўлам Кантарыні, які хацеў вызваліць месца для свайго стаўленіка. У выніку Мора змушаны быў звольніцца з венецыянскае службы і вярнуцца на радзіму [15, с. 683].

Не маючы чым заняцца ў Балонні Мора вырашыў прааналізаваць прамінулую антытурэцкую кампанію, удзельнікам якой быў. Вынікам стала невялікая кніжка па назвай "Думкі капітана Дамініка Моры аб тым, якім чынам весці вайну супраць турка, і што ён лічыць неабходным зрабіць, каб перамагчы яго" [16]. Не зважаючы на ўдалую для Святой Лігі марскую баталію пад Лепанта пяхотны капітан Мора цвёрда трымаўся думкі, што турак можа быць спынены толькі пераможнай кампаніяй на зямлі. Твор прысвечаны Джакому Бонкампанні, сыну тагачаснага папы Рыгора ХІІІ, кашталяну замка Святога Анёла ў Рыме, а пазней сцяганосцу Святое Царквы.

Між тым у Францыі ад 1562 году доўжыўся канфлікт між каталікамі і гугенотамі, і калі ў 1568 годзе капітан Мора ня трапіў на трэцюю вайну, дык дакладна прыймаў удзел у пятай і шостай войнах. Скіраваны ён быў да графства Венесэн, якое разам з горадам Авіньёнам з'яўлялася часткаю Папскае дзяржавы. Адбылося гэта недзе ў сярэдзіне 1573 году, бо генэрал-намеснік Маркантоні Мартыненга граф дэ Вілак'яра, пад началам якога служыў Мора, прыбыў у Авіньён як вайсковы прадстаўнік папы 2 ліпня 1573 году. Пасля сканчэння актыўных баявых дзеянняў балонскі афіцэр апісаў у дыялогах падзеі, што мелі месца на поўначы графства пры ягоным асабістым удзеле. Кніга мае назву "Адваёва Камарэта і Баўмы 9), і як кіраваць батарэяй, ды погляд на малое мястэчка Авіньёнскага графства, з адной спрэчкай між гарністам і гугенотамі адносна іх рэлігіі ў дыялогу" [17]. Аўтар прысвячае кнігу каралеўскаму генэралу-намесніку ў суседняй з Венесэнам правінцыі Лангедок пэру Францыі Жаку дэ Крусолю графу дэ Юзэс. Нават змяшчае невялікі прысвечаны Крусолю санэт. Прыведзеныя ў кнізе дыялогі больш разгорнутыя, чым у "Трох пытаннях ...", маюць розных дзейных асобаў, розныя месцы дзеяння, розны час. Размовы адбываюцца цягам пяці дзён баёў за Камарэта і Баўму. Гэта адпавядае рэальнай хадзе падзеяў, бо баі за згаданыя мястэчкі сапраўды мелі месца 3-8 траўня 1575 году [18, с. 175]. У дыялогах бяруць удзел гістарычныя асобы: генэрал Мартыненга, графы Ліньяні, Мандзола, дэ Сюз, дэ Со і шмат іншых асобаў, між якіх і сам капітан Мора. Сканчаюцца дыялогі вяртаннем 15 траўня 1575 году Моры да мястэчка Палюдэ 10), дзе ён займае пасаду губарнатара. Апавядаючы пра гугенотаў аўтар не хавае пагарды, бо тыя ня толькі бунтаўнікі супраць сваіх гаспадароў, але найперш разбуральнікі Царквы Хрыстовай.

Невядома як доўга знаходзіўся Мора ў наваколлі Авіньёну, але з захаванага ліста Ерусалімскага патрыярха Джавані Факінэці 11) да князя Пармы Атавіё Фарнэзэ ад 21 лістапада 1579 году вынікае, што ў той час капітан быў вольным і шукаў працы пры княскім двары [19, с. 409].

Да Рэчы Паспалітай трапіў Мора пэўна праз Трансільванію, дзе на княскім пасадзе ў Альба Юліі 12) сядзеў брат Сцяпана Батуры Крыштап і дзе адбываўся набор наймітаў на маскоўскія кампаніі 1579-1582 гадоў. Натуральна, што ў Полацкай кампаніі 1579 году балонец прыняць удзелу не паспеў. Але ўдзел у Вялікалуцкай кампаніі 1580 году выглядае даволі рэальным, бо пачалася яна з канцэнтрацыі войскаў 5 ліпня у Чашніках і скончылася 23 кастрычніка заняццём войскам Яна Замойскага Завалочча. Італьянскі гісторык Карла Проміс піша, што Мора "быў прысутны пры ўзяцці горадоў Лукі, Невель, Езярышча, Завалочча, Варонеч і Востраў", аднак пра крыніцу інфармацыі не паведамляе [15, с. 683]. Дакументальна ж засведчаны ўдзел капітана ў Пскоўскай кампаніі 1581-1582 гадоў. Легат папы Рыгора ХІІІ у справе замірэння Рэчы Паспалітай з Масковіяй Антоні Пасэвіна ў лісце да дзяржсакратара Папскае дзяржавы кардынала Таламеа Галі 13 лістапада 1581 году з-пад Пскова пісаў: "Я знайшоў тут некалькі італьянскіх капітанаў, адзін з іх Андрэа Пульезэ ўдзельнічаў у баях за Полацк, быўшы начальнікам артылерыстаў". І далей працягвае: "Але з прычыны таго, што полацкі ваявода 13) з'яўляецца ерэтыком, я прасіў караля, каб зрабіў ягоным намеснікам капітана Мору, які ня толькі каталік, але з глыбокай пашанай ставіцца да Святога Пасаду" [20, №102, с. 106]. Гэтаксама ў справе балонца звяртаўся да канцлера кароннага Яна Замойскага апостальскі нунцы ў Рэчы Паспалітай Альбэрта Балан'еці, які быў земляком Моры і добра ведаў яго.

На пачатку вясны 1582 году пасля вяртання Пасэвіна з Масквы Мора суправаджаў яго ў плаванні па Дзвіне ад Віцебска да Рыгі на сустрэчу з каралём Батурам. 3 красавіка яны ўжо былі ў Рызе. Мора прысутнічаў на першай пасля вялікае пярэрвы каталіцкай імшы ў манастыры, якую адпраўляў Пасэвіна і на якой прысутнымі былі тры манашкі, што памяталі Рыгу яшчэ да лютэраўскай рэфармацыі. Старэйшай з іх абатэсе фон Тэпель было 100 гадоў.

З прычыны вялікіх высяленняў, якія ў часе акупацыі Ліфляндыі ўчыняла маскоўская вайсковая адміністрацыя, значныя тэрыторыі абязлюднелі. Кіраўніцтва Рэчы Паспалітай меркавала засяліць апусцелыя землі каталікамі з Заходняй Еўропы, каб зрабіць памежжа бяспечным. Праектаў каланізацыі было некалькі: нейкі ліфляндец збіраўся заагітаваць людзей у Нідэрландах, Пасэвіна - у Баварыі, а Мора - у Італіі, аднак арганізаваць масавага засялення яны ня здолелі [21, №250, с. 106]. Адносіны Моры з Пасэвінам не былі сяброўскімі, хаця балонец уважаў езуіта за асобу "на самой справе народжанаю, каб вырашаць найскладанейшыя і важныя справы" [2, с. 51]. Даведаўшыся пра ідэю пабудовы ў Полацку фартэцыі паводле праекту Моры езуіт ацаніў яе негатыўна, адзначыўшы, што "найвялікшае ўмацаванне, якое ў стане збудаваць у Полацку, мусіць складацца з казанняў і частага спажывання святых сакрамантаў, у адваротным выпадку ўсё знікне" [21, №42, с. 88]. Верагодна гэтае меркаванне было выказанае і каралю, што магло стацца прычынай для адыходу ад ідэі ўмацавання Полацка.

Пры канцы 1582 году італьянскі афіцэр застаўся без пэўных заняткаў і сродкаў да існавання. Трохі дапамог яму грашыма нунцы Балан'еці. Мора пачынае думаць пра вяртанне на радзіму. З гэтай мэтай дасылае ў лістападзе 1582 году кардыналу коменскаму Таламеа Галі праект рэканструкцыі порту Анкона на Адрыатыцы. Калі верыць Гэйдэнштэйну, не зважаючы на значную затрымку заробкаў, у снежні 1582 году - красавіку 1583 году шмат ваяроў рушыла з Янам Замойскім у паход на ніз Дняпра супраць туркаў і татараў [22, с. 133-135]. Верагодна і Мора прыймаў у ім удзел, што дадало яму матарыялу для кнігі "Належыць або не весьці вайну супраць туркаў". У лютым 1583 году пры спрыянні Балан'еці Мору прапанаваны заробак у 32 флорыны і пасада полацкага каманданта. У другой палове красавіка 1583 году капітан Мора прыязджае з каралеўскага абозу да Варшавы, дзе сустакаецца з нунцыям. Далей пачынаецца полацкі перыяд у жыцці грызонскага шляхціча, самы працяглы, але і найменш даследаваны. У гэтым часе ў лістах Альбэрта Балан'еці згадак пра Мору няма.

Толькі ў 1589 годзе на гістарычным дальаглядзе зноў паўстае постаць рыцара Дамініка, калі ў Вільні выходзіць з друку згаданая напачатку кніга "Il cavaliere". Гэта самая аб'ёмная і самая амбітная кніга Моры. Прысвячэнне ў ёй адрасаванае канцлеру і вялікаму кароннаму гетману Яну Замойскаму, пад началам якога Мора ваяваў у часе пскоўскай кампаніі 1581-1582 гадоў. Завадовай прычынай для напісання гэтага твору, як адзначае сам аўтар, сталася кніга літаратара Джыролама Муцыя "Шляхціч" [23], дзе той абгрунтоўваў перавагу літаратуры над зброяй, апавядаючы, што літаратура патрэбная і ў спакойным часе і ў часе вайны, а зброя толькі ў ваенным часе. Муцый без увагі на вайсковыя заслугі менаваў Юлія Цэзара нягоднікам, і толькі адно апраўдвала імператара ў вачах аўтара, ягоныя "Занатоўкі аб Гальскай вайне". Ваяроў жа прыраўноўваў ён да сабак, што пільнуюць хаты. Трымаўся Муцый пункту гледжання Цыцэрона, што "зброя павінна саступіць тозе" 14). Спрэчка аб перавазе зброі або літаратуры пачалася задоўга да Муцыя і не спынілася на адказе Моры, але суцішылася значна пазней. Маладзейшы за Мору, удзельнік бітвы пад Лепанта і знакаміты літаратар Мігель дэ Сэрвантэс Савэдра таксама не прамінуў згаданае тэмы, уклаўшы ў вусны свайго Рыцара Жаласнага Выгляду гэткія словы: "Цяпер ужо ня можа быць сумневу, што рыцарскае майстэрства вышэйшае за ўсе іншыя, вынайдзеныя людзьмі, бо павязанае з найбольшай небяспекай. Хай мне не кажуць, што літаратура вышэйшая за зброю, хто б ні былі тыя людзі, я кажу, яны ня ведаюць што кажуць" [24, с. 355]. Звяртаўся да гэтай тэмы і сам Мора яшчэ ў 1567 годзе ў працы "Тры пытанні ў дыялогу ... ". Напачатку, як піша аўтар, кніга Муцыя падалася яму чытвом прыдатным у часе лютых зім у Полацку. Аднак чым болей чытаў, тым станавіўся злейшым. Урэшце вырашыў напісаць адказ, каб абараніць сяброў па зброі. Пазначаная пры канцы кнігі дата "першага красавіка 1585 году" хутчэй азначае пачатак працы над кнігай. Мора крытыкуе Муцыя паслядоўна па пунктах. Ён сцвярджае, што навучанне і літаратура з'яўляюцца заняткамі бяздзейных мужчынаў, і што вайсковую дзейнасць і кіраванне дзяржавай лепш пакінуць для людзей дзеяння з практычнымі ведамі вайсковых рашэнняў і падтрымання міру. Мора каламбурна мянуе муцыявага героя Цыцэрона (гр. Kikérōn) балбатуном (іт. Сhiacchierone) [2, с. 223-245]і прызнае за ім адну заслугу, што той кіраваў і войскамі. Паводле Моры рыцары людзі справы, мужнасці, дзённага святла і ўлады, а літаратары - людзі словаў, жаноцкасці, цемры ночы і падпарадкавання. Вайна не з'яўляецца людзкім вынаходніцтвам, кажа Мора, бо Анёлы вялі вайну адзін з адным у барацьбе за старшынства. Гэткім чынам вайна мае пачатак у Богу гэтак сама як і мір. І няма большае дабрадзейнасці, чым выкананне пад эгідай праўдзівае Веры абавязкаў, якія вызначаныя ў гэтым свеце Рымскай Царквою.

Мора атакуе Муцыя за крытыку Мак'явэлі, які разглядаў вайну ў якасці законнага інструмэнта палітыкі. Ён цалкам пагаджаецца з думкамі фларэнтыйскага сакратара аб тым, што "бяз добра арганізаванага войска ў дзяржавах не могуць падтрымлівацца добрыя законы, і дзе ёсць добра арганізаванае войска, там звычайна існуюць і добрыя законы" [25, с. 36], уладары ж, якія прысвячаюць свой час больш вытанчаным рэчам, часта губляюць свае дзяржавы. Але што да вайсковых справаў, балонец не падзяляе захаплення Мак'явэлі антычнымі аўтарамі і перакананы, што сучаснікі болей за іх ведаюць пра вайну.

Палкоўнік падсумоўвае паходы Сцяпана Батуры ў апошняй фазе Ліфляндскае вайны [2, с. 48-51], і дадае свае ўласныя сведчанні відавочцы, што да асабістай мужнасці і палітычнай кемлівасці караля [2, с. 137-138]. Ён ухваляе клопат Батуры і Жыгімонта III аб каталіцкай веры і іх патранаж езуітаў. Паводле аўтара гэтыя кіраўнікі мелі культурныя паўнамоцтвы пацверджаныя іхняй вайсковай мужнасцю. Мора таксама ўхвальна адзначае, што высакародныя польска-літоўскія выбарцы ніколі пры элекцыі манарха не бралі пад увагу навучання, толькі засведчаныя вайсковыя здольнасці [2, с. 48]. Мора аб'яўляе, што чалавекам найбольш здольным ацэньваць адносныя вартасці зброі і пісьма з'яўляецца Ян Замойскі, бо мае найбольшую кваліфікацыю, гэта значыць з усіх людзей, якіх ён сустрэў у сваіх падарожжах. І гэта, піша Мора, "пасля таго, як абыйшоў большую частку Францыі, Леванта, усю Італію, імперскую Германію, а таксама цалкам прасторы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, дзе я зараз знаходжуся ў той частцы Белай Русі званай Полацкім княствам". Мора з захапленнем дае партрэт каманднага складу літоўскага войска і параўноўвае яго з італьянскай практыкай, цалкам на карысць вайскоўцаў ВКЛ [2, с. 39-40]. Жаўнеры, на дзіва, выдатна цярпелі ўсё і вытрымлівалі не толькі нягоды вайны, але і экстрэмальныя кліматычныя ўмовы [2, с. 250-253]. Працягваючы аповед пра ўнікальны клімат далёкай ад Італіі поўначы, ён прапаноўвае чытачу дзве гісторыі пра прывідаў [2, с. 262-265]. Адна адбываецца ў цёмных лясах заходняй Масковіі, а другая на дарозе з Полацка ў Вільню, у неверагодным прыцемках летняе начы. У абодвух выпадках Мора сцвярджае, што сустракаўся са сведкамі гэтых прывідных падзеяў. Ён прыпісвае прысутнасць зданяў таму, што Масковія і Літва, як і некаторыя вулканічныя раёны Італіі, з'яўляюцца землямі, размешчання Божага провіду, дзе агонь і лёд, чысцец і пекла ўздымаюцца блізка да зямлі жывых. Суровыя зімы і дзіўныя леты, а таксама прывідныя з'явы з'яўляюцца папярэджаннямі аб пякельных пакутах, прызначанымі жывым, каб пакаяліся ў сваіх грахах [26, с. 71]. Экстрэмальным кліматычным звесткам (і апавяданням пра зданяў таксама) аўтар дадае рэалізму, падаючы вызначаны ім дакладны кут летняга сонца ў Полацку (58°) і іншыя дэталі падарожжаў.

Мора крытыкуе італьянскае грамадства за згубную дэмілітарызацыю, што сталася вынікам дзейнасці літаратараў і навукоўцаў, якія крычаць аб перавазе літаратуры і пісьменства над вайсковым майстэрствам і гэтым здраджваюць рыцарскаму кодэксу гонару, у якім спалучаныя хрысціянская пабожнасць і сацыяльны абавязак. Ён відавочна аддае перавагу прадпрыймальным гараджанам (бо сам мяшчанскага паходжання) над збяднелымі, але бяздзейнымі арыстакратамі, і нават больш за тое "філосафамі, якія збядняюць свае сем'і дзеля філасофствавання" [2, с. 128]. Паводле Моры гарадская эліта, асабліва гандляры, добрыя і карысныя для дзяржавы людзі, бо яны вырабляюць багацці і спрыяюць росквіту. Мора перакананы, што хрысціянская Еўропа знаходзіцца на мяжы катастрофы з прычыны ўласнага заняпаду, атакаў пратэстанцкіх ерэтыкоў у сябе дома і паганцаў і бязбожнікаў з-за мяжы. Ён ня робіць розніцы між лютэранамі, гугенотамі, анабаптыстамі і гусітамі, а абвяшчае іх усіх ганіцелямі праўдзівай веры, і забойцамі езуіцкіх місіянераў. "Гэтыя ерэтыкі звялі Фландрыю, Францыю, Вугоршчыну, Чэхію і іншыя вялікія народы да галечы" [2, с. 58].

Выява тытуловае старонкі 'Належыць або не весьці вайну супраць туркаў ...' (Вільня, 1595); Выява тытуловае старонкі 'Пра паводку Тыбра ў Рыме ...' (Рым, 1600).

Далей Мора малюе карціну грамадства будучыні. Ён прыймае як тэрміналогію так і асаблівасці хрысціянскай традыцыі міленарызма. Міленарызм, ідэя якога ў тым, што апошні імператар або анёльскі папа пераможа антыхрыста і ўступіць у перыяд зямной славы, у якім усе народы зямлі будуць жыць ва ўмовах спакою і духоўнай дасканаласці адзіныя ў Хрысце цягам тысячы гадоў, падабаўся рыцарству, знаёмымі рысамі ідэяў крыжовых паходаў. Пасля таго, як хрысціянская Еўропа будзе падрыхтаваная ў ваенных і маральных адносінах, кажа ён, рыцарскія аддзелы, на чале з законнымі князьмі і імператарам, раздушаць пратэстанцкіх ерэтыкоў, а затым правядуць крыжовы паход у Азіі, у Афрыцы і ў іншых частках Еўропы супраць ворагаў Бога. Будзе вельмі доўгая вайна, але скончыцца яна заваёвай і навяртаннем няверных мусульманаў. Пасля мусульманскага навяртання свет будзе адзіны, "будзе адзін статак і адзін Пастыр" 15), і будзе вечны спакой. Каталіцтва пераможа, але будзе ачышчанае ад шматслоўных казаняў і тэалагічных складанасцяў: простае евангелізацыі будзе дастаткова. Мора прапаноўвае распачаць працу па рэстытуцыі, спальваючы ўсе юрыдычныя і філасофскія кнігі, бо філасофія з'яўляецца "загубай чалавецтва". У агонь таксама пойдуць і ўсе тэалагічныя працы. З кніжным навучаннем будзе скончана, людзі больш ня будуць патанаць у хітрасцях кніжнікаў. Шкоднае паветра, выкліканае дымам літаратары разыйдзецца, і верх возьмуць мір і спакой. Кожны горад заменіць усё гэтае бескарыснае навучанне простым зборам законаў на роднай мове, лёгка зразумелых і лёгка выкананальных [2, с. 91]. Там, дзе літаратура не будзе пры ўладзе, там будзе залаты век. Свайго роду рэспубліка рыцарства заменіць згубную рэспубліку літаратуры. Натуральная дабрыня будзе пераважаць, і людзі будуць жыць у вернасці, гонары і веры. Рыцары цягам 6-7 гадоў будуць практыкавацца ў турнірах, скачках, кіданні дзіды і іншых падобных практыкаваннях, і развіваць свае рыцарскія здольнасці, выконваючы «дабрадзейныя абавязкі» і жорсткія і цяжкія заданні. Ваенныя або рэлігійныя групы, паменшаныя версіі рыцараў мальтыйскага закону або закону Святога Сцяпана, будуць створаныя ў розных рэгіёнах Еўропы, у кожнай з якіх па 300 рыцараў, і кожная названая ў гонар святога або Багародзіцы ў знак баявой адданасці каталіцкай веры. Фінансавая падтрымка гэтых груп прыйдзе не з прыватных ахвяраванняў, бо існуючыя законы дэманструюць адкрыццё дзвярэй шмат якім людзям, што ня вартыя звання і прывілеяў рыцарства. Замест гэтага яны будуць падтрыманыя царкоўнымі сродкамі. Падпарадкоўвацца рыцары будуць толькі рыцарскаму закону, карыстаючыся адмысловымі прывілеямі. Спалучэнне ў Моры духоўнага і ваеннага ў ідэальным грамадстве з'яўляецца незвычайным, калі не унікальным. У адрозненне ад выключна духоўных памкненняў сярэднявечнага міленарызма, канцэпцыя Моры больш адпавядае секулярызацыйнай тэндэнцыі культуры Адраджэння, у прыватнасці ўтапізму. [27, с. 607].

Да часу знаходжання Моры ў Вялікім Княстве апрача падарожжа па Дзвіне належыць яшчэ адно, пра якое пазней згадваў ён сам: "плаваў … па Дняпры ўздоўж мяжы Масковіі ўніз на некалькі міляў …" [28, с. 7]. З якой мэтай і куды мог плыць спецыяліст па абарончай архітэктуры? Прыймем да ўвагі, што ў 1590 годзе пасля нападу "нізавых казакоў" гетмана Мацюшы Федаровіча значна былі пашкоджаныя драўляныя сцены Быхаўскага замку і ўладальнік Быхава вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч атрымаў ад караля Жыгімонта дазвол на пабудову новых мураваных умацаваньняў. Не выключаем што Мора быў запрошаны ў якасці эксперта для накіду плану і вызначэння аб'ёму працы. Магчыма ягоныя замалёўкі і зацемкі пазней сталіся асновай праекта пабудовы замка, які быў рэалізаваны ў 1610-1619 гадах.

Праз шэсць гадоў пасля "Il cavaliere" у той самай Вільне выйшла чарговае выданне Дамініка Моры "Належыць або не весьці вайну супраць туркаў ..." [3]. Убачыла яно святло падобна ў друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі. Змест гэтай, напісанай у лацінскай мове кніжкі, ёсць актуальным абнаўленнем ідэяў, выкладзеных у 1572 годзе ў балонскім выданні "Думкі капітана Дамініка Моры...". Кніга прысвечаная першаму кардыналу з ВКЛ Юрыю Радзівілу, які быў прыхільнікам утварэння каталіцкае антытурэцкае лігі.

Твор напісаны ў форме звароту "да славутых і адважных, высакародных сенатараў і рыцараў Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага". Мора заклікае іх да Святое вайны супраць туркаў, якія на захопленых землях не захоўваюць ані веры, ані нацыянальнай адметнасці. У сваіх поглядах на патрэбу арганізаванага супраціву турэцкай навале Мора не памыляўся. Толькі больш як праз стагоддзе ў выніку перамог кааліцыйных войскаў пад началам Яна ІІІ Сабескага ў 1683 годзе пад Венай і габсбурскіх войскаў на чале з Яўгенам Савойскім у 1697 годзе ля Зэнты турэцкая экспансія ў Еўропе была спыненая канчаткова.

Неўзабаве палкоўнік Мора вяртаецца ў Італію. У 1600 годзе ў Рыме выходзіць ягоная апошняя кніга "Пра паводку Тыбра ў Рыме ... " [28].Сваю працу балонец прысвяціў сябрам кардынальскае камісіі, утворанай для вызначэння захадаў, патрэбных для абароны Вечнага Горада ад свавольнае ракі. Кніга сталася рэакцыяй на твор Джакама Кастыльёні "Даследаванне паводкі Тыбра" [29], у якім аўтар распавядаў, што Тыбр з'яўляецца ракой унікальнай і пазбегнуць такіх разбуральных паводак як у снежні 1598 году наўрад ці магчыма. Мора раскрытыкаваў аўтара кажучы, што ён не дае веры гэтым сцверджанням, бо сам "плаваў па По ад П'ячэнцы да Венецыі, па Роне ад Ліёну да мора, па Арно ад Фларэнцыі да Пізы, па Дунаі ад Ала да Вены, па Дзьвіне на Русі, ад Віцебску да Швэдскага мора, якая цягнецца на 400 італьянскіх міляў, па Дняпры ўздоўж мяжы Масковіі ўніз на некалькі міляў …" [28, с. 7]. Паколькі на ўзровень вады ў часе паводкі ўплывае і людзкая дзейнасць (забруджанне рэчышча, пабудова млыноў), дык гэтая праблема цалкам вырашальная.

Яшчэ на адной са старонак свайго "Рыцара" Мора пісаў, што хутка выйдзе ягоная чарговая кніга "Імператар", якая ахопіць усё неабходнае вайсковай прафэсіі, як у наступе, гэтак і абароне. Яна мелася стаць апошняй часткай трылогіі разам з "Ваяром" і "Рыцарам". Аднак з невядомых прычынаў гэтая напісаная недзе каля 1590 году таксама ў Полацку кніга святла ня ўбачыла. Сёння ў Bibliothèque Nationale de France захоўваецца рукапіс пад назвай "Strategiemi, et inventioni di guerra atti alla conservatione, augumento et espugnatione d'uno Imperio" (Прылады і вайсковыя вынаходніцтвы, зробленыя дзеля захавання, умацавання і заваёваў Імперыі) [19, с. 411]. Твор прысвечаны імператару Святой Рымскай імперыі Рудольфу ІІ, змагару з пратэстанствам у Аўстрыі, Чэхіі і Вугоршчыне. Італьянскі даследчык Джамп'ера Брунэлі лічыць рукапіс фрагментам апошняе часткі трылогіі нязвыклага на тле беларускіх рэаліяў полацкага каманданта.

Апрача таго ў бібліятэцы Турынскага ўніверсітэту захоўваюцца два рукапісы: "Tractatus de militia regni Poloniae" (Агляд войска Польскага каралеўства) у лацінскай мове і "Ordine della milizia Polacca" (Уладкаванне Польскага войска) - у італьянскай [30, с. 36-37]. На думку гісторыка Карла Проміса другі рукапіс ёсць перакладам першага. Даследчык, зважаючы на манеру апавядання і погляды аддае аўтарства Мору. На старонцы дзясятай згаданага рукапісу паведамляецца пра экспедыцыю ў Ліфляндыю ў 1601 годзе, і гэта дазваляе думаць, што былы полацкі камандант палкоўнік Дамінік Мора вярнуўся да сваёй другой радзімы.

Заўвагі

1) Джыралама Муцый (1496 - 1576) Італьянскі прыдворны і літаратар. Сям'я паходзіла з Кападыстрыі (Копер, Славенія), якая ў VI-X ст. мела назву Юстынаполь.

2) Грызон - у ламбардыйскай гаворцы назва швайцарскага кантона Граўбюндэн.

3) Казэрта - горад у 30 км на поўнач ад Неапаля.

4) Вайсковая і палітычная пасада ў Папскай дзяржаве. Часта стаяў на чале папскіх войскаў.

5) Тут маецца на ўвазе трэцяя гугеноцкая вайна ў Францыі, што доўжылася з 1568 да 1570 г.

6) Zante - адзін з Іянічных астравоў (па-грэцку Закінтас)

7) Марскі бой эскадраў Святое Лігі і Атаманскае імперыі 07.Х.1571 ля ўваходу ў Патраскую затоку.

8) Цывільная пасада ў Венецыянскай рэспубліцы, на якую ўскладзеныя абавязкі нагляду за дзеяннямі капітана наймітаў.

9) Мястэчкі ў былым графстве Венесэн (35 і 55 км на поўнач ад Авіньёну адпаведна). Сёння маюць назвы Камарэ-сюр-Эг і Бом-дэ-Транзі.

10) Мястэчка ў былым графстве Венесэн (45 км на поўнач ад Авіньёну). Сёння мае назву Лапалю.

11) З паходжання балонец Джавані Факінэці у 1572-1585 гг. быў Ерусалімскім патрыярхам, а з 29.Х. да 30.ХІІ.1591 г. Рымскім папам пад імем Інакенці IX.

12) У вугорскай мове горад мае назву Дзюлафэхервар.

13) Пасэвіна мае на ўвазе ваяводу полацкага ў 1576-1597 гг. Мікалая Монвіда Дарагастайскага, які быў кальвіністам.

14) Тут у сэнсе падпарадкавання вайсковага стану волі палітыкаў (Cicero. De Officiis I: 77)

15) Евангелле ад Яна 10: 16

Бібліяграфія

1. Čepienė, K. Vilniaus akademijos spaustuves leidiniai, 1576-1805: bibliografija / K. Čepienė, I. Petrauskienė. - Vilnius : Lietuvos TSR Mokslų akademijos Centrinė biblioteka, 1979.- 543 p.

2. Mora, Domenico. Il cavaliere in risposta del gentil'huomo del sigr Mutio Iustinopolitano, nella precedenza del armi, et delle lettere. Del caualiere Domenico Mora bologniese gientil'huomo grisone, et colonello del' inuitiss.mo et ser.mo Sismundo terzo, re di Polonia, et gran duca di Lituania, Russia, Prussia, Masovia, Samogitia, Volinia, Chiovia, Podlachia, Livonia, et eletto re di Suetia, et principe di Finlandia / Domenico Mora. - In Vilna : appresso Danielle Lanciense, 1589. - 326 p.

3. Mora, Domenico. Iudicium columnelli Dominici Morae bononiensis, praefecti militum Polociae. Sit necne Turcae bellum inferendum, deq[ue] eius belli gerendi ratione, cum nulla unquam amplius fides Turcis haberi debeat / Domenico Mora. - Impressum Vilnae : [Typis Academicis], 1595. - 21 p.

4. Dal Fiore, Abate. Blasone bolognese / Abate Dal Fiore. - In Bologna : Presso Floriano Canetoli, 1792.-T. III. - Part. I.Arme gentilizie delle famiglie bolognesi cittadinesche.- 102 p.

5. Bongi, Salvatore. Annali di Gabriel Giolito de' Ferrari da Trino di Monferrato stampatore in Venezia, descritti e illustrati da Salvatore Bongi / Salvatore Bongi.- Roma: Presso i principali librai, 1895. - Vol. II. - 543 p.

6. Maggio, Lucio. Del terremoto dialogo del signor Lucio Maggio gentil'huomo Bolognese / Lucio Maggio. - In Bologna : per Alessandro Benacci, 1571. - 57 f.

7. Orlandi, Pellegrino Antonio. Notizie degli scrittori bolognesi e dell' opere loro stampate e manoscritte, raccolte Fr. da Pellegrino Antonio Orlandi / Pellegrino Antonio Orlandi. - Іn Bologna : per CostantinoPisarri, 1714. - 356 p.

8. Betti, Clavdio. De l'honore : consideratione de l'eccell.mo filosofo M. Clavdio Betti modonese, de la morale, & ordinaria, filosofia publico lettore ne lo studio di Bologna / Clavdio Betti. - In Bologna: appresso Alessandro Benacci, 1567. - 24 f.

9. Valeri, Lorenzo.Giorgio Santo. Tragedia Spirituale di Lorenzo Valeri, Romano nell'Accademia degli Storditi detto il Volubile / Lorenzo Valeri.- In Pesare : appresso Flaminio Concordia,1619.

10. Fino, Alemanio. Dichiaratione d'Alcvne Voci oscure che nell'opera sono sparse, aggiuntaui da M. Alemanio Fino, per ordine d'Alfabeto / Alemanio Fino // La Gverra d'Atila Flagello di Dio. Tratta dall' Archiuio de' prencipi d'Este. Di nvovo ristampata con gli argomenti inanzi a ciascun libro, & con la tauola delle cose più notabili, poste parimente nel margine, aggiuntaui da M. da Alemanio Fino. -In Venezia : Apresso Domenico Farri, 1569.- F.113-115.

11. Fantuzzi, Giovanni. Notizie degli scrittori bolognesi, raccolte da Giovanni Fantuzzi / Giovanni Fantuzzi. - In Bologna : Stamperia di S. Tommaso d'Aquino, 1788. - T. VI. - 399 p.

12. Mora, Domenico. Tre quesiti in dialogo sopra il fare batterie, fortificare una città, et ordinar battagliequadrate, con una disputa di precedenza tra l'arme & le lettere, di m. Domenico Mora, bolognese, gentilhuomo grisone, & caualliere academico Storditi/ Domenico Mora. - In Venetia : per Giovanni Varisco, 1567. - 68 p.

13. Mora, Domenico. Il soldato di M. Domenico Mora, bolognese, gentilhuomo grisone, & caualliere academico Storditi: nel quale si tratta di tutto quello, che ad un uero soldato, & nobil caualliere si conuiene sapere, & esercitare nel mestiere dell'arme/ Domenico Mora.- In Vinetia: per Giouan. Griffio, 1569. - 264 p.

14. [Bianchi, Filippo]. Trattato Degli Huomini Illustri di Bologna diviso in tre parti. Nella prima parte si contengono i Prelati, Nella seconda i Titolari, Nella terza i Dottori, i Cavalieri, i Capitani, et il Senato. Raccolto per Bartolomeo, di Galeotti Bolognese / [Filippo Bianchi]. - In Ferrara : Appresso Vittorio Baldini, 1590. - 135 p.

15. Promis, Carlo. Domenico Mora / Carlo Promis // Miscellanea di storia italiana. Regia deputazione di storia patria. - Torino : Stamperia Reale, 1863. - T. IV. - P.682-689.

16. Mora, Domenico. Parere del capitano Domenico Mora da Bologna, sopra l'ordine di guerreggiare la potenza del Turco, & quello, сhe inciò egli giudica necessario di fare per superarlo/ Domenico Mora. - In Bologna : per Alessandro Benacci, 1572.- 16 p.

17. Mora, Domenico. Racquisto di Camereto, e Bauma, e come si deve fare una Batteria, e guardare le piccole ville del Contado di Avignone, con una Disputa fra il Trombeta, et Ugonoti intorno la loro Religione in Dialogo/ Domenico Mora. - In Avignone : per M. Pietro Rosso, 1576.

18. Perussis, Louis de. Histoire des guerres du Comté Venaissin, de Provence, de Languedoc, &c. / Louis de Perussis // Pieces fugitives, pour servir a l'histoire de France avec des notes historiques et geographiques. - Paris : Hugues-Daniel Chaubertet Claude Herissant, 1759. - T. 1.- Partie 1. -693 p.

19. Brunelli,Giampiero. Mora, Domenico / Giampiero Brunelli // Dizionario Biografico degli Italiani. - T. 76.Montauti - Morlaiter.- Roma : Istituto della Enciclopedia italiana, 2012.-P. 408-411.

20. Monumenta Poloniae Vaticana - Cracoviae: Academiae Polonae Litterarum et Scientiarum, 1922-1933. - T. V. Alberti Bolognetti Nuntii Apostolici in Polonia epistolae et acta 1581-1585. ParsI aa. 1581-1582. -748 p.

21. Monumenta Poloniae Vaticana - Cracoviae: Academiae Polonae Litterarum et Scientiarum, 1938. - T. VI. Alberti Bolognetti Nuntii Apostolici in Polonia epistolae et acta 1581-1585. ParsІI a. 1583. - 850 p.

22. Hejdensztejn, Rajnold. DziejePolskiodśmierciZygmuntaAugustadoroku1594 / Rajnold Hejdensztejn. - Petersburg: Nakładem i drukiem Bolesława Maurycego Wolffa, 1857. - 484s.

23. Muzio,Girolamo. Il gentilhuomo : In questo volume distinto in tre dialoghi si tratta la materia della nobiltà, & si mostra quante ne siano le maniere, qual sia la vera, onde ella habbia havuto origine, come si acquisti, come si conservi, & come si perda : si parla della nobiltà de gli huomini, & delle donne, delle persone private, & de' signori : et finalmente tra la nobiltà delle arme, & delle lettere si disputa qual sia la maggiore : con la tavola delle cose notabili/ Girolamo Muzio.- In Venetia : Appresso gli heredi di Luigi Valvassori, & Gio. Domenico Micheli, 1575. -286 p.

24. Cervantes Saavedra, Miguel de. El ingenioso Hidalgo don Quijote de la Mancha / Miguel de Cervantes Saavedra. - Barcelona : Biblioteca Salvatella, 1895.- T. 1. - 487 p.

25. Machiavelli, Niccolo. Il principe: e discorsi sopra la prima deca di Tito Livio / Niccolo Machiavelli. - Firenze : Felice le Monnier, 1857. - 426p.

26. Gehl, Paul F. Military Courtesy in Sixteenth-Century Lithuania: Il Cavaliere of Domenico Mora / Paul F. Gehl //Archivum Lithuanicum. - 2001. - №3. - Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, - P.55-76.

27. Weinstein, Donald. Crusade, chivalry, millennium and utopia : the vision of Domenico Mora (ca. 1540-ca. 1595) / Donald Weinstein // Acta Histriae.- 2002. -T.10. - №2.- Koper : Znanstveno-raziskovalno središče Republike Slovenije.- P.601-610.

28. Mora, Domenico. Del colonello Domenico Mora bolognese Sopra l'innondatione del Teuere di Roma, della fortificatione di Castel S. Angelo, & del porto da farsi alla foce del Teuere/ Domenico Mora. - In Roma:Appresso Guglielmo Facciotto,1600. - 23 p.

29. Castiglione, Giacomo. Trattato dell'inondatione del Tevere. Di Iacomo Castiglione Romano. Dove si discorre delle caggioni, e rimedij suoi, e si dichiarano alcune antichita, e luoghi di autori vecchi. Con una relationedel diluuio di Roma del 1598. Raccolta da molti diluuij dalla fondatione sua, & pietre poste per segni di essi in diuerse parti di Roma; con le sue altezze, e misure. E con vn modo stvpendo col qvale si saluarono molte famiglie in Castel Sant'Angelo/ Giacomo Castiglione.- In Roma : Аppresso Guglielmo Facciotto,1599. - 88 p.

30. Peyron, B. Codices italici manu exarati qui in Bibliotheca taurinensis Athenaei ante diem XXVI ianuarii M.CM.IV asservabantur / B. Peyron. - Taurini : apud Carolum Clausen, 1904. - 690 p.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX