Вярнуцца: Баўтовіч Міхась

Забытая вайна ў азёрным краі, частка 1


Аўтар: Баўтовіч Міхась,
Дадана: 18-06-2018,
Крыніца: Баўтовіч Міхась. Забытая вайна ў азёрным краі (Баявыя дзеянні жнівень - лістапад 1919 г.) // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў : зборнік навуковых артыкулаў ІІІ міжнароднай навуковай канферэнцыі (Полацк, 14-15 красавіка 2016 г.). - Наваполацк : ПДУ, 2016. - Ч.2. - С. 131-141.

Спампаваць




Па сканчэнні летняга наступу 1919 г., вынікам якога сталася заняццё 8-га жніўня 2-й дывізіяй пяхоты легіёнаў Мінска, польскае вайсковае кіраўніцтва пачало падрыхтоўку да Дзвінскае аперацыі. Ейнай мэтай быў выхад да Дзвіны на адцінку Дынабург - Полацк. Дзеля рэалізацыі гэтае задумы з заходняга супрацьнямецкага фронту пачалі пераводзіцца на ўсход дывізіі, якіх вызваліла ад вайсковае працы Вэрсальская дамова. Але паколькі перамяшчэнне значных вайсковых адзінак (8-й дывізіі пяхоты і 1-й дывізіі вялікапольскіх стральцоў) вымагала пэўных арганізацыйных высілкаў і часу, пераважная частка іх магла з'явіцца на Літоўска-Беларускім фронце не раней за першую дэкаду верасня. З азначанае прычыны кіраўніцтва фронту вырашыла асноўны цяжар першае фазы наступу ўскласці на наяўныя ўжо на фронце часткі, а менавіта на 1-ю і часткова 2-ю дывізіі пяхоты легіёнаў.

У сярэдзіне жніўня 1919 г. лінія фронту на поўначы, пачаўшыся ад лініі размежавання з літоўскімі войскамі ля Лабанараў, пралягала праз Ігналіну, Даўгелішкі (усе Літва), Відзы, Казяны, Паставы, Варапаева, Габы, Станіслаўцы, Параф'янава, Атрубак, Гняздзілава, Шклянцы, Краснік, Броды, Мсціж. На пэўнай адлегласці ад франтавой лініі на загад камандуючага фронтам генэрала Станіслава Шаптыцкага пачалі фармавацца аператыўныя групы пад агульным кіраваннем генэрала Эдварда Рыдза-Сміглага. У раёне Даўгінава сфармавалася група "Усход" пад началам палкоўніка Язвінскага. Група складалася з двух падгрупаў. Усходнюю ачоліў камадзір 5-га палка пяхоты легіёнаў маёр Стэфан Дуб-Бярнацкі. У склад падгрупы ўвайшлі: 1-ы батальён 5-га палка пяхоты легіёнаў, 2-і батальён 1-га палка пяхоты легіёнаў, 3-я батарэя 1-га палка палявой артылерыі (агулам каля 1700 жаўнераў, 32 кулямёты, 6 гарматаў). На чале заходняй падгрупы стаў камандзір 24-га палка пяхоты палкоўнік Уладзіслаў Бэйнар. Падгрупа складалася з 2-га і 3-га батальёнаў 24-га палка пяхоты, 3-га батальёну 4-га палка пяхоты легіёнаў, артылерыйскай батарэі і бронецягніка. Задачай групы было, трымаючыся чыгункі Маладзечна-Полацк, выйсці да ракі Авуты (мал.1).

(181KB)  Мал. 1. Баявыя дзеянні 18.VIII-14.IX.1919 г.

На ўсход ад групы "Усход" стала кавалерыйская група "Бярэзіна" маёра Яна Глухоўскага, якая напачатку складалася з аднога 7-га палка ўланаў. Пазней у дапамогу ёй былі прыдадзеныя 3-і батальён 4-га палка пяхоты і 7-я рота 1-га палка пяхоты легіёнаў. Група ад в. Старынкі (20км на паўднёвы захад ад Даўгінава) праз Крайск выйшла да в. Краснае на р. Дзвінасе, адсюль мусіла рухацца напрамкам Бягомль - Ліпск - Бярэзіна, каб заняць лінію ракі Бярэзіны ў верхнім току і наладзіць сувязь з астатнімі батальёнамі 4-га палка пяхоты, што знаходзіліся ля Мсціжа.

На паўночны захад ад групы "Усход" у раёне Габы - Ваўкалата - Станіслаўцы сфармавалася кавалерыйская група "Дзісна" пад началам падпалкоўніка Ўладзіслава Бяліны-Пражмоўскага, якая пазней перафармавалася ў 1-ю Кавалерыйскую Брыгаду. У склад групы ўвайшлі: 1-ы кавалерыйскі полк пад началам маёра Густава Орліч-Дрэшара, 11-ы полк уланаў маёра Марыюша Зарускага, 1-ы батальён 24-га палка пяхоты і батарэя 1-га дывізіёну коннай артылерыі. Заданнем групы было, рухаючыся на поўнач, выйсці на лінію ракі Дзісны. Леваруч група мусіла трымаць сувязь з 6-м палком пяхоты легіёнаў, які займаў лінію фронта да літоўскіх пазіцыяў пад Лабанарамі і ў першай фазе наступу актыўных баявых дзеянняў ня вёў.

Супрацьстаялі групоўцы Рыдза-Сміглага аддзелы 4-й і 17-й стралковых дывізіяў Чырвонай Арміі. Польскі наступ пачаўся 19 жніўня. Група Дуб-Бярнацкага пасля непрацяглала бою з 153-м палком 17-й дывізіі ўранку 20 жніўня заняла Докшыцы. Увечары таго самага дня група Бэйнара заняла Порплішча і планавала рухацца далей у бок Плісы. Групоўцы Дуб-Бярнацкага было даручанае адказнае заданне. Яна мусіла фарсаваным маршам прайсці блізу 60км на ўсход уздоўж ускрайку багнаў Галубіцкае пушчы і ўдарыць на тылы чырвоных пад станцыяй Зябкі. Марш распачаўся ўранку 21 жніўня і пралягаў праз Слабаду, Ліпаўку, Перавоз на р. Шошы, між азёрамі Шо і Даўгім, Скрыпшчыну. На досвітку 22 жніўня пад Зябкі падыйшла толькі палова групы, бо астатнія тэмпу ня вытрымалі. Начная атака пачалася ад выбуху мосту праз ручай Нехрысць, што дазволіла адрэзаць бальшавіцкім бронецягнікам шлях адыходу да Полацку і пазбавіць тых магчымасці манеўру. Чырвоныя часткі дэзарыентаваныя ўдарам з усходу не былі ў стане доўга супраціўляцца. Каля 550 чырвонаармейцаў здаліся ў палон, былі захопленыя 2 бронецягнікі (лёгкая і цяжкая частка бронецягніка №45 "Імя 3-га Інтэрнацыяналу"), 7 лакаматываў, 154 вагоны, 7 гарматаў, 24 кулямёты і шмат тавару. Гэткім чынам аддзелы групы "Усход" выйшлі да ракі Авуты.

Фронт, які быў недзе далёка, уранку 22 жніўня нечакана для чырвоных камандзіраў пралёг на адлегласці аднаго пераходу ад Полацка па лініі 1-га планаванага імі рубяжа абароны горада. Гэта надзвычай спалохала ня толькі кіраўніцтва 17-й стралковай дывізіі, штаб якой месціўся тут, але і Заходняга фронту. Уладзімір Гіціс, які стаяў на чале фронту, у загадзе №05040 ад 22.08.1919 г. абвінаваціў кіраўніцтва дывізіі ў бязладздзі і адсутнасці пільнасці, ды загадаў камандарму 16-й Чырвонай Арміі любым коштам спыніць польскія войскі [7]. На падтрымку дывізіі былі кінутыя 1-ы, 98-ы і латыскі палкі, апрача таго з Віцебска дзеля папаўнення стратаў высланыя 2 маршавыя роты. У Полацку пачалася паніка. Таго самага дня ў горадзе было абвешчана аб асадным становішчы, пачаўся вываз на ўсход чарчоў, паліва, каштоўнясцяў. Быў распушчаны павятовы савет і ўтвораны рэвалюцыйны камітэт. Віцебскі губкам адразу запатрабаваў ад яго асудзіць рэвалюцыйным трыбуналам (то бок расстраляць) усіх, хто "ганебна збег і выклікаў паніку". Полацкі рэўкам 28.08.1919 г. прыняў пастанову аб высяленні за межы павету ўсіх землеўладальнікаў з сем'ямі і прыслугай, арандатараў, буйных кулакоў, нелаяльнае духавенства. Права вызначэння тых, хто падлягае выгнанню, ускладалася на высыланых з Полацку ўпаўнаважаных [31].

Аднак перад польскім войскамі ў гэтым часе стаяла іншая задача: выпхнуць за Дзвіну чырвоныя аддзелы і заняць лінію Дынабург - Дзісна - р. Авута - р. Бярэзіна. З гэтаю мэтаю група "Дзісна" Бяліны-Пражмоўскага яшчэ 19 жніўня пад Маліноўшчынай адкідае 157-ы стралковы полк, а наступнага дня 1-ы кавалерыйскі полк і 11-ы полк уланаў зкаардынаваным ударам з захаду і ўсходу здабываюць Глыбокае. Пасля гэтага 1-ы кавалерыйскі полк працягвае рух на поўнач і 24 жніўня займае Шаркаўшчыну. 11-ы полк уланаў у цяжкім баі з 146-м савецкім палком 21 жніўня займае Мамаі і, працягваючы рухацца праз Забор'е, увечары авалодвае Лужкамі. 1-ы батальён 24 палка пяхоты 23 жніўня займае Германавічы. Для групы "Усход" пачынае падыходзіць дапамога. 23 жніўня да Лужкоў праз Плісу прыбывае 2-і батальён 33-га палка пяхоты 8-й пяхотнай дывізіі. Разам з 1-м батальёнам 24 палка пяхоты яны змяняюць 11-ы полк уланаў. 24 жніўня да Зябак падыйшлі 2-і і 3-і батальёны 24 палка пяхоты, якія змянілі батальёны групы Дуб-Бярнацкага, і пачалі рух на поўнач уздоўж Авуты. 24 жніўня да Зябак чыгункаю прыбываюць 1-ы і 3-і батальёны 21-га палка пяхоты 8-й пяхотнай дывізіі.

Заданне для групы "Бярэзіна" не было гэткім складаным, як іншых групаў, з погляду на невялікую адлегласць, якую яна мусіла пераадолець, каб выйсці да Бярэзіны, і невялікія сілы бальшавікоў, што адыходзілі пабітыя 19 жніўня пад Докшыцамі ў сутыкненні з групай Дуб-Бярнацкага. 7-ы полк уланаў пад началам маёра Глухоўскага 19 жніўня ў другой палове дня выйшаў з Краснага на р. Дзвінасе ў паўночна-ўсходнім кірунку. Рухаючыся ўначы група да Бягомля не сустрэла аніякіх вайсковых адзінак бальшавікоў. А 3-й гадзіне ранку 20 жніўня група заняла Ліпск на р. Бярэзіне. А гадзіне 16-й таго самага дня польскія аддзелы ўвайшлі ў мястэчка Бярэзіна. Бальшавіцкім часткам з-пад Докшыцаў заставаўся адзіны шлях адыходу: праз Туміловічы і Вялікую Чарніцу на Пышна. З захаду на іх ціснулі высланыя палкоўнікам Бэйнарам 3-і батальён 4-га палка пяхоты і 7-я рота 1-га палка пяхоты легіёнаў. Глухоўскі прыняў рашэнне перакрыць бальшавіцкім часткам дарогу на ўсход. З гэтаю мэтаю 21 жніўня 7-ы полк уланаў рушыў на поўнач да Вялікай Чарніцы. 151-ы і 153-ы чырвонаармейскія палкі вырашылі прарывацца ўначы некалькімі групамі, але трапіўшы пад абстрэл кулямётаў 7-га палку ўланаў пакідалі рыштунак і пайшлі ў рассыпку. У часе бою быў узяты ў палон начальнік штабу 51-й брыгады 17-й стралковай дывізіі. 22 жніўня 7-ы полк уланаў заняў Вялікую Чарніцу і Адрубак.

Па дасягненні, вызначаных кіраўніцтвам Літоўска-Беларускага фронту, мэтаў польскія часткі пачалі перагрупоўвацца, каб размеркаваўшы роўнай мерай сілы ад лініі судакранання з літоўскім войскам да р. Авуты, сінхронным наступам па ўсім фронте спіхнуць бальшавіцкія часткі за Дзвіну. З гэтай мэтай 6-ы полк пяхоты легіёнаў згрупаваўся і перайшоў у раён Дукшты - Відзы. Батальёны 1-га і 5-га палкоў пяхоты легіёнаў, што раней занялі Зябкі, пагрузіліся і чыгункай пераехалі да месцаў канцэнтрацыі сваіх палкоў: 1-ы полк пяхоты легіёнаў на захад ад Дукштаў, 5-ы полк пяхоты легіёнаў - на поўдзень ад Відзаў. 11-ы полк уланаў з Лужкоў адыйшоў уздоўж Дзісны на захад да Барэек, каб забяспечыць сувязь між 5-м палком пяхоты легіёнаў і 1-м кавалерыйскім палком, які стаяў у Шаркаўшчыне. Чарговы польскі наступ распачаўся 29 жніўня. Група пад началам маёра Баляслава Паповіча, якая знаходзілася на левым крыле і складалася з 6-га палка пяхоты легіёнаў і 1-га, 2-га батальёнаў 1-га палка пяхоты легіёнаў (3-і стаяў на літоўскай мяжы), завязала цяжкія баі пад Турмонтамі. З Відзаў праз Опсу, Браслаў, Іказнь рушылі на Друю 1-ы і 2-і батальёны 5-га палка пяхоты легіёнаў (3-і знаходзіўся ў адводзе ў Вільні). З Шаркаўшчыны на поўнач праз Стары Пагост пайшоў 1-ы кавалерыйскі полк. Група пад началам маёра Выспянскага (1-ы батальён 24 палка і 2-і батальён 33 палка) пайшла ўздоўж Дзісны на паўночны ўсход. 30 жніўня 5-ы полк пяхоты легіёнаў пасля цяжкога бою авалодаў Друяй. 31 жніўня 1-ы кавалерыйскі полк заняў Мёры, а група маёра Выспянскага ўвайшла ў Дзісну. Група маёра Паповіча разам з літоўскімі аддзеламі, што ішлі паралельным курсам на захад ад яе, падыйшлі да дынабурскага прадмесця Грывы. З літоўскага боку ў наступе на Дынабург брала ўдзел беларуская асобная рота Ўладзіміра Міхайлоўскага.

Занепакоенае кіраўніцтва Заходняга фронту 01.09.1919 г. у загадзе 16-й бальшавіцкай арміі канстатавала, што далейшае прасоўванне польскім частак "прымусіць нас пакінуць апошнюю пераправу ля Дрысы, што абсалютна недапушчальна, бо дрысенскі плацдарм прызначаны камандарму 15 для канцэнтрацыі ўдарнае групы 15-й арміі" і загадала "неадкладна запатрабаваць ад начдыва 17 самага энергічнага наступу ў кірунку Дзісны дзеля адцягнення на сябе ўвагі і сілаў праціўніка" [7]. З мэтаю рэалізацыі плана кіраўніцтвам фронту з боку Дрысы былі дадаткова ўведзеныя часткі 3-й брыгады 1-й стралковай дывізіі, што дазволіла адкінуць польскія аддзелы 1-й кавалерыйскай брыгады (1-ы кавалерыйскі полк і 11-ы полк уланаў) амаль на лінію ракі Вяты. З усходу ўздоўж Дзісны ўдарылі аддзелы 17-й дывізіі, якія адціснулі польскія батальёны амаль да сутокі р. Мнюты. Гэты контранаступ пагражаў парваннем лучнасці між аддзеламі 1-й дывізіі пяхоты легіёнаў у раёне Друя - Дынабург і 8-й дывізіі пяхоты, што толькі пачынала канцэнтравацца ў раёне Язна - Зябкі.

Каб не дазволіць часткам Чырвонае Арміі развіваць наступ 1-ы батальён 5-га палка пяхоты легіёнаў з-над Вяты ўдарыў 2 верасня 1919 г. ва ўсходнім кірунку ўздоўж Дзвіны, што прымусіла бальшавіцкае камандаванне разварочваць правафланговыя аддзелы. За гэты час швадроны 1-й кавалерыйскай брыгады здолелі замацавацца і баі пачалі прыймаць пазіцыйны выгляд. З дапамогай падыйшоўшых падмацаванняў (2-і батальён 5-га палка пяхоты легіёнаў і 1-ы батальён 24-га палка пяхоты) польскія войскі 10 верасня зноў рушылі ў кірунку Дрысы. У гэты час, скарыстаўшы аслабленне польскіх пазіцыяў пад Краславай пасля пераводу 5-га палка, бальшавікі перакінулі на паўднёвы бераг Дзвіны 34-ы, 35-ы і 36-ы палкі са складу 3-й брыгады 4-й стралковай дывізіі, і таго самага дня 10 верасня ўдарылі ў кірунку Браслава. У выніку былі расцярушаныя 3-і батальён 6-га палка пяхоты легіёнаў і застаўшыяся дзве роты 5-га палка. Але дарогу савецкім часткамі перакрыў 9-ы полк 3-й дывізіі пяхоты легіёнаў. У цяжкіх баях пад Саланаем (Саліенэ, Латвія) чырвоныя аддзелы 12 верасня былі спыненыя, а з дапамогай 5-га палка пяхоты, які вярнуўся з-над Вяты, разбітыя і адкінутыя за Дзвіну. У выніку польскага супрацьудару плацдарм, які трымалі чырвоныя часткі пад Краславай, быў ліквідаваны. Адначасова актыўна пачалі наступаць часткі 1-й кавалерыйскай брыгады і 13 верасня выйшлі да Дзвіны. Бальшавікі спалілі масты і адыйшлі за раку. У гэты самы час паасобныя батальёны 8-й дывізіі пяхоты (2-і батальён 33-га палка, 2-і батальён 24-га палка, 3-і батальён 21-га палка, 3-і батальён 36-га палка), прасоўваючыся на поўнач уздоўж Авуты, таксама выйшлі да Дзвіны. 14 верасня іхнімі намаганнямі зноў была занятая Дзісна. Польскія войскі дасягнулі лініі, якую кіраўніцтва Літоўска-Беларускага фронту акрэсляла, як "галоўную лінію абароны" [39].

Юзаф Пілсудскі да пачатку чарговага наступу сваім загадам №3329/III ад 31.08.1919 г. акрэсліў межы восеньскае кампаніі: " Канчатковай абарончай лініяй, якую належыць заняць супраць бальшавікоў, ёсць лінія Дзвіны да Вулы, Вулай да Леплю, адкуль Бярэзінскім каналам да Бярэзіны, уздоўж Бярэзіны да Бабруйску цяпер існуючай лініяй. Далей на ўсход без увагі на варункі ісці ня варта" [39]. Некалькі дзён пайшло на тое, каб прывесці да ладу часткі, што ўдзельнічалі ў баях над Дзвіной. Аднак 8-я дывізія пяхоты да азначанага часу сканцэнтравацца ня здолела: на лініі фронту з 12-ці батальёнаў стаялі толькі 8. З чатырох палкоў дывізіі цалкам укамплектаваным быў адзін 36-ы полк, які займаў пазіцыі пад Дзісной. З гэтае прычыны кіраўніцтва фронту дзеля падтрымкі скіравала да Язна 2-гі полк вялікапольскіх стральцоў у складзе двух батальёнаў. Былі ўтвораныя тры ўдарныя групы: на поўначы - палкоўніка Язвінскага ў складзе 36-га палка і 2-га палка вялікапольскіх стральцоў, у раёне Зябак - група пад началам камандзіра 15-й брыгады палкоўніка Браніслава Каплінскага ў складзе 2-га батальёна 33-га палка і двух батальёнаў 21-га палка (1-ы і 3-і), у раёне мястэчка Бярэзіна - група пад началам камандзіра 13-га палка падпалкоўніка Баляслава Краўпы ў складзе двух батальёнаў 13-га палка (1-ы і 3-і) і 7-га палка ўланаў без 2-га швадрону. Чарговыя наступальныя дзеянні распачаліся 19 верасня ( мал. 2). 36-ы полк, пераадолеўшы супраціў аддзелаў 17-й чырвонай дывізіі, рушыў праз Палюдавічы, Бяздзедавічы, Банонь, а 2-і полк вялікапольскіх стральцоў - праз Арэхаўну, Ветрына да Фарынава. 20 верасня ля Фарынава палкі злучыліся і ўначы з 20 на 21 верасня супольным ударам праз Ксты авалодалі Экіманню і Задзвіннем. Часткі 17-й дывізіі і 474-ы полк 53-й дывізіі спаліўшы масты адыйшлі за Дзвіну. Частка жаўнераў 36-га палка перабегла па разбураным чыгуначным мосце, але на загад кіраўніцтва была змушаная вярнуцца. Ужо 27 верасня 2-і полк вялікапольскіх стральцоў ад'язджае да Барысава.

(176KB) Мал. 2. Баявыя дзеянні 19.IX-04.X.1919 г.

Група Каплінскага 20 верасня займае Вушачы. 23 верасня пад Усаяй 2-і батальён 33-га палка адкідае 145-ы полк 17-й дывізіі. Каб ня даць магчымасці польскім войскам пераправіцца на паўночны бок Дзвіны спецкаманда Заходнедзвінскай флатыліі пускае ў паветра мост праз Дзвіну ў Вуле. Найдалей уздоўж Дзвіны прасоўваецца 5-я рота 33-га палка на чале з падпаручнікам Скарынам, якая на кароткі час займае Бешанковічы. Рота, адкінутая 95-м палком 11-й стралковай дывізіі, што прыйшла на дапамогу 17-й дывізіі, змушаная пад сталым ціскам чырвоных войск вяртацца да батальёну і цягам тыдня разам з ім весці цяжкія баі пад Павуллем, Бортнікамі, Пашкоўцамі Дыбалямі, Пілатоўшчынай, Вяркудамі. На лініі р. Вулы група Каплінскага замацавацца ня здолела, чырвоныя войскі ўтрымалі значную прастору на левым баку рэчкі ад Дзвіны да Чашнікаў.

Група Краўпы, рушыўшы з мястэчка Бярэзіны, 20 верасня заняла Пышна, аднак наступ на Лепель сустрэў значны супраціў 461-га, 463-га і 464-га палкоў 52-й стралковай дывізіі. Толькі пасля таго як 23 верасня 7-ы полк уланаў перайшоў на поўнач, дзе таго самага дня бяз бою заняў Ворань, 1-ы батальён 13-га палка супольна з 3-м батальёнам 33-га палка пачалі рыхтавацца да новага наступу. Лепель быў заняты 27 верасня. Па заняцці Лепля 7-ы полк уланаў рэйдам на ўсход перарэзаў тракт Лепель - Віцебск і 29 верасня заняў Камень. Рэйды 4 кастрычніка далей на ўсход на лінію ракі Вулы 7-га палка ўланаў і 2-й роты 13-га палка дазволілі заняць Бачэйкава і Чашнікі адпаведна, аднак ціск чырвоных частак змусіў польскія аддзелы да вяртання.

У гэты час на самым заходнім адцінку савецка-польскага фронту 1-я дывізія пяхоты легіёнаў, разбіўшы ў баях 27-29 верасня часткі 4-й стралковай дывізіі і эстонскай чырвонай брыгады, заняла на левым баку Дзвіны дынабурскае прадмесце Грыву. Чырвоная Армія пазбавілася на левабярэжжы Дзвіны апошняга плацдарму.

Ужо 24 верасня кіраўніцтва Заходняга фронту, дзеля падрыхтоўкі контраўдару, у загадзе №064 патрабавала да 30 верасня палкам 11-й дывізіі змяніць часткі 17-й дывізіі на паўночным беразе Дзвіны, а 17-й дывізіі сканцэнтравацца на левым беразе Вулы. Аднак загад выкананы ня быў. 6 кастрычніка выдадзены другі загад №0150, каб да 10 кастрычніка сканцэнтравацца і ўдарыць з лініі Лукомль - Красналукі. І гэтым разам стомленыя працяглымі баямі часткі згаданых дывізіяў выканаць яго ня здолелі. Трэцяга разу камандуючы фронтам Гіціс 11 кастрычніка (загад №068) патрабуе неадкладна правесці змену і пачаць наступ [7]. Урэшце ўначы з 14 на 15 кастрычніка ўдарам на Лепель пачынае контранаступ 52-я стралковая дывізія, і толькі 19 кастрычніка здолела пайсці наперад 17-я дывізія ( мал. 3).

(175KB) Мал. 3. Баявыя дзеянні 14.X-24.X.1919 г.

Паводле планаў штаба Заходняга фронту 52-я дывізія з раёну Валасовічаў праз Асецішча, Ліпск мусіла рухацца па тылах польскіх войскаў у раён Вілейка - Паставы - Докшыцы, дзе потым злучыцца з часткамі 17-й дывізіі. Пачатковы этап для 52-й дывізіі прайшоў даволі ўдала, яна абыйшла Лепель і ў баях 16 кастрычніка пад Пышнам выціснула на поўнач у раён Ворані 13-ы полк Баляслава Краўпы ды рушыла да Бярэзіны, аднак польскія часткі вырашылі прарывацца з Ворані за Бярэзіну і ў начным баі 18 кастрычніка змяшалі аддзелы 52-й дывізіі. Таго самага дня акольным шляхам праз Вялікую Чарніцу з-пад Камяня на дапамогу 13-му палку прыйшоў дывізіён 7-га палка ўланаў пад началам паручніка Зыгмунта Пясецкага, а наступнага дня падыйшоў 31-ы полк канеўскіх стральцоў 10-й дывізіі пяхоты. Іх супольныя дзеянні не дазволілі аддзелам 52-й дывізіі перабрацца на другі бок Бярэзіны. Спадзевы дывізійнага кіраўніцтва пераправіцца праз раку ля вёскі Броды, што ў 35 км на поўдзень Ліпску, зруйнаваў супраціў тэхнічнага швадрону 7-га палка ўланаў, які цягам баёў 15-19 кастрычніка ўтрымаў мост. Лінію ракі Бярэзіны 52-я дывізія пераадолець ня здолела.

Удар 17-й дывізіі з раёну Камяня прыйшоўся на ўжо парушаныя шэрагі 8-й дывізіі пяхоты. Можна было чакаць удару з поўдня на польскія пазіцыі аддзелаў 52-й дывізіі, таму кіраўніцтва прыняло рашэнне адыйсці на лінію ракі Вушацы. Два дні 19-21 кастрычніка батальёны 21-га і 33-га палкоў вялі баі на гэтай лініі аднак, ня вытрымаўшы ціску, былі змушаныя адыйсці на Празарокі - Зябкі і заняць 23 кастрычніка лінію ракі Авуты. Адыход частак прыкрываў перакінуты 22 кастрычніка з-пад Бабруйску 1-ы батальён мінскага палка стральцоў. Сюды ж наступнага дня адыйшлі з-пад Полацка аддзелы 36-га палка, якія цягам некалькіх дзён стрымлівалі спробы 11-й дывізіі пераправіцца праз Дзвіну.

Наступныя 10 дзён адбываліся невялікія сутыкненні на лініі р. Авута - р. Бярэзіна. Апрача таго бальшавікі рабілі спробы прарвацца на польскія тылы, перабраўшыся праз Дзвіну ў раёне Дынабург - Краслава, аднак выніку яны ня мелі. За гэты час польскае камандаванне ўмацавала фронт. Палкі 21-ы і 33-і, што займалі лінію Авуты былі ўкамплектаваныя цалкам. Апрача таго з раёну Ігналіна - Свянцяны на дапамогу падыйшлі 5-ы і 6-ы палкі лёгіёнаў, якія стаялі там на адпачынку пасля вераснёўскіх баёў пад Дынабургам. У дадатак 8-й дывізіі пяхоты з рэзэрву была прыдадзеная 19-я брыгада 10-й дывізіі пяхоты ў складзе 29-га і 30-га палкоў канеўскіх стральцоў. На лінію Верхняе Бярэзіны таксама падыходзілі часткі, скіраванай сюды 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі. 24 кастрычніка ў дапамогу 13-му палку пяхоты прыйшоў полк мінскіх стральцоў, пры канцы кастрычніка з'явіліся віленскі і гарадзенскі палкі. З прычыны немагчымасці змены пад Бабруйскам наваградскага палка стральцоў часова ў раён Броды - Мсціж быў пераведзены з-пад Барысава беластоцкі стралецкі полк 2-й Літоўска-Беларускай дывізіі. Гэткім чынам агульная колькасць польскіх жаўнераў на лініі ад Дзісны да Бродаў, займанай праз 8-ю дывізію пяхоты, павялічылася блізу ў 2,5 разы. Колькасць жа чырвоных войскаў на лініі трохі паменшыла, бо кіраўніцтва Заходняга фронту запатрабавала адну брыгаду 17-й або 52-й дывізіі вывесці з 26 кастрычніка ў рэзерв, каб пры патрэбе мець магчымасць скарыстаць яе на фронце супраць Юдзеніча. На загад камандуючага Літоўска-Беларускім фронтам генэрала Шаптыцкага дзеля контранаступу былі ўтвораныя тры групоўкі. Першая - на чале з генэралам Эдвардам Рыдзам-Сміглым у складзе 36-га палка, 5-га і 6-га палкоў пяхоты легіёнаў, якая мела ісці на Полацк. Другая - на чале з генэралам Стэфанам Макрэцкім у складзе 21-га і 33-га палкоў 8-е дывізіі, 30-га палка канеўскіх стральцоў і дывізіёна 7-га палка ўланаў, рухаючыся шырокім фронтам, мусіла выпхнуць чырвоныя часткі за лінію азёраў. Трэцяя - на чале з камандзірам 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі генэралам Юзафам Ласоцкім у складзе згаданае дывізіі і 13-га палка 8-е дывізіі, фарсаваўшы Бярэзіну, мусіла зноўку заняць Лепель і Камень. Кожная групоўка ў сваю чаргу складалася з двух падгрупаў (можна сказаць брыгадаў) са сваімі камандзірамі. Стаяўшая на поўдні ў раёне Зэмбіна 2-я дывізія пяхоты легіёнаў і 13-ы полк уланаў мусілі імітаваць наступ на Красналукі - Барысаў, дзеля адцягнення сілаў 52-й савецкай дывізіі. Бальшавіцкае кіраўніцтва ў Полацку не было спакойным за свае тылы, таму між актыўнымі баявымі дзеяннямі пачало маштабную зачыстку, былі арыштаваныя 37 асобаў, між іх начальнікі станцыяў Полацк і Грамы. У горадзе абвешчана аб увядзенні рэжыму надзвычайнага становішча.

Польскія войскі 3-га лістапада пачалі новы наступ ( мал. 4). Надвор'е для гэтае пары было надзвычай халодным, часам тэмпература апускалася ніжэй за 20 градусаў. 36-ы полк пайшоў шляхам, якім хадзіў на Полацк ў верасні, праз Палюдавічы, Банонь, Экімань. Задзвінне было занятае 4-га лістапада. 5-ы і 6-ы палкі легіёнаў, сканцэнтраваўшыся па-за лініяй фронту ў Лужках, рушылі адтуль праз Арэхаўну, Ветрына. 7-8 лістапада яны выйшлі на лінію рэчкі Тураўлянкі і праз некалькі дзён ад'ехалі назад да Свянцянаў - Падбродздзя. 1-я падгрупа групоўкі Макрэцкага складалася з 21-га і 33-га палкоў пад началам камандзіра 16-й брыгады палкоўніка Фабіяна Каборды. Выйшаўшы з лініі Зябкі - Слабодка аддзелы рушылі на Бабынічы, Кублічы, Селішча. 4-5 лістапада з боем былі занятыя Вушачы. Наступаючы далей да 8-га лістапада 33-і полк выйшаў на лінію Астраўляны на Дзвіне - воз.Усвея - Ляхава, 21-ы полк заняў лінію Усая - Мугірына - воз. Стаўбы (Цяменіца) - воз. Смудзіна (Катоўскае). Падгрупа ў складзе 30-га палка канеўскіх стральцоў і дывізіёна 7-га палка ўланаў на чале з камандзірам 30-га палка маёрам Казімірам Яцынікам пайшла з Бродаў, што на поўдні ад воз. Шо, праз Валатоўку, Дольцы. Неспадзяваным ударам 4-га лістапада ў Дольцах яны захапілі штаб 464-га палка 52-й дывізіі. 5-га лістапада групай была занятая Ворань.

(175KB) Мал. 4. Баявыя дзеянні 02.XІ-17.XІ.1919 г.

На паўднёвым адцінку значныя баі пачаліся яшчэ 30-га кастрычніка, дзе палкі 52-й дывізіі намагаліся зламіць польскую абарону. Яны здабылі Вялікую Чарніцу і Адрубак, ды нават пераправіліся праз Бярэзіну ў Масцішчы. Аднак знясіленыя ў баях з пачаткам польскага наступу 3-га лістапада пачалі адыходзіць. Падгрупа палкоўніка Краўпы ў складзе двух батальёнаў 13-га палка пяхоты і мінскага стралецкага палка пайшла на Лепель паўночным шляхам праз Пышна. Падгрупа палкоўніка Бэйнара, камандзіра 1-й літоўска-беларускай брыгады, у складзе віленскага стралецкага палка і батальёна гарадзенскага палка, зламіўшы супраціў 461-га палка 52-й дывізіі, рушыла на Лепель праз Асецішча, Гарадок. 5-га лістапада пасьля баёў з 460-м і 463-м савецкімі палкамі быў заняты Лепель. Польскія страты ў баях за мястэчка склалі 75 жаўнераў, 150 чырвонаармейцаў трапілі ў палон. Аднак абарона занятай лініі для камандавання Літоўска-Беларускага фронту падалася надзвычай цяжкой з погляду на мноства азёраў, таму палкі пачалі адводзіцца і займаць зручнейшую лінію: р. Тураўлянка ад сутокі з Дзвіной да воз. Гомель - ф. Востраў - р. Воўча - воз. Ваўчо - Гарадок - воз. Вячэлле - воз. Доўжыца - Броўчына - воз. Звонь - воз. Ворань - Прудок - Шаркоўка - Бароўна - Вялікі Поўсвіж - Верабкі - воз. Бярэшча - Бярэзінскі канал - воз. Плаўна - воз. Манец - р. Сяргуч - р. Бярэзіна. Гэтая лінія ў адрозненні ад лініі Авуты займела назву першая лінія супраціву (у польскіх крыніцах званая лініяй 1а).

Часткі бальшавіцкій 11-й дывізіі 9 лістапада зрабілі некалькі спробаў атак праз Дзвіну, але дзеянні аддзелаў былі няўзгодненыя і 36-ы полк здолеў не дапусціць іх умацавання на паўднёвым баку Дзвіны ды прымусіў адыйсці за раку. 13-16 лістапада 154-я і 155-я брыгады 52-й дывізіі спрабавалі ўдарамі з усходу і паўднёвага ўсходу вярнуць пад свой кантроль Лепель. Найбольш цяжкія баі адбываліся на адцінку Бароўна - Поўсвіж - Рудня, якога баранілі мінскі, віленскі і гарадзенскі палкі. Страты абаронцаў сягалі 20% асабовага складу. Страты атакуючых частак 52-й дывізіі былі значна большымі, бо з прычыны нізкіх тэмператураў (-20С) параненыя ня мелі шанцаў выжыць. 17 лістапада змучаныя аддзелы 52-й дывізіі пачалі адыход. Далей на адцінку фронту Дзісна - Броды цягам шасці месяцаў актыўныя баявыя дзеянні не вяліся, калі не лічыць паасобных выпадаў з абодвух бакоў. Асобна стаіць зімовая кампанія ў Латгаліі і Дрысенскім павеце, ладжаная супольнымі польска-латыскімі сіламі, што прывяло да выхаду 4 лютага 1920 г. 1-га і 5-га палкоў 1-й дывізіі пяхоты легіёнаў і 7-га і 8-га палкоў 3-й дывізіі пяхоты легіёнаў на лінію Асяткі - Прошкі - Мілеўшчына - Востраў - Асвея - ф. Заручаны - Божкі - Марціна - Валькова - Узмёны(на Дзвіне).

Закладзеная польскім войскам першая лінія супраціву складалася з двух частак, ліній 1а і 1b. Вышэй апісаная лінія 1а была лініяй умацаваных пляцовак або рэдутаў, задачай якіх было распазнанне войскаў супраціўніка і стрыманне іх да падыходу адводаў. Размяшчаліся рэдуты на адлегласці недзе 2 км адзін ад другога, між імі былі загароды з калючага дроту. На лініі 1а такіх рэдутаў было 36, між іх Туроўля, Суя, Гомель, Гарадок. Лінія 1b праходзіла на адлегласці 4-10 км ад лініі 1а, часцяком звалася Вушацкай, бо ішла ўздоўж р. Вушачы. На ёй было 15 рэдутаў і стаялі адводы, якія ў выпадку атакі мусілі прыйсці на дапамогу абаронцам лініі 1а. Падобна збудаваную абарону мела і Чырвоная Армія. Яе першая лінія пралягала 7-11км на ўсход ад польскай і праходзіла праз Астраўляны - Увалокі - Чарсвяты - Белае - Бабчу - Зорніцу - Валасовічы.

На занятых польскім войскам тэрыторыях пачалі закладацца структуры цывільнае ўлады пад началам Цывільнага ўраду Ўсходніх земляў, які ачольваў Ежы Асмалоўскі. Гэтак 23 і 24 кастрычніка 1919 г. адпаведна былі ўтвораныя паветы браслаўскі і дзісенскі (цэнтр Глыбокае), далучаныя да Віленскай акругі [8], а 31 студзеня 1920 г. - лепельскі (цэнтр Кублічы), які далучаны да Мінскай акругі [9].

Да аб'ектаў, што нагадваюць пра тую вайну, або могуць стаць такімі, варта аднесці рэшткі абарончае лініі, а таксама нешматлікія вайсковыя пахаванні. Лінія польскае абароны будавалася ў складаных зімовых варунках і пазней увесну 1920 г. была трохі папраўленая, таму сёння ейная захаванасць надзвычай дрэнная. Гэтая лінія была нашмат слабейшай за нямецкую, збудаваную ў часе 1-е сусветнае вайны ў раёне Нарачы - Паставаў - Тверачы і якой польскія войскі скарысталіся ў маёвых баях 1920 г. Палявымі даследваннямі выяўленыя рэшткі акопаў у палову росту на левым беразе Тураўлянкі ля сутокі яе з Дзвіной. Тут увосень 1919 г. польскія войскі зрабілі земляныя ўмацаванні і на правым беразе рэчкі выпалілі некалькі дамоў в. Гарадзішча, каб забяспечыць вольнае поле абстрэлу.

Польскія пахаванні на разгляданай тэрыторыі захаваліся ў частцы, што ў міжваенным часе знаходзілася ў складзе Польскай рэспублікі. Такія масавыя пахаванні маюцца ў Глыбокім, Падсвіллі, Лужках, Язне, Мёрах, Ваўкалаце, Дунілавічах, Задарожжы і інш.

(120KB) Мал. 5. Пахаванні польскіх жаўнераў на могілках Копцеўка. Глыбокае; Мал. 6. Выгляд польскіх пахаванняў на каталіцкіх могілках Лепля. 1920-я гг.; Мал. 7. Помнік палеглым чырвонаармейцам. Язна.

Аднак абсалютная большасць іх належыць да часу польскага контранаступу ў чэрвені 1920 г., хаця колькасць стратаў за восеньскую кампанію 1919 г. і за час зімовага пастою 1919-1920 г. ня меншая за страты ў часе баявых дзеянняў май-чэрвень 1920 г. [19] Гэта сітуацыя склалася таму, што весці ўлік палеглых і фіксаваць месцы пахаванняў лягчэй у часе наступу, калі былое поле бою застаецца ў тыле. Аднак некалькі надмагільных крыжоў разгляданага часу і калона з надпісам "Poległym żołnierzom 5 P.P. Leg. w wojnie polsko-bolszewickiej. Strażnica Czuryłowo" захавалася на могілках у Драгунах, што амаль ля Дзвіны. Пахаваныя тут жаўнеры 5-га палка легіёнаў, што загінулі ў часе баёў 3-10 верасня 1919 г. У абшары на ўсход ад лініі р. Авута - р. Бярэзіна польскіх пахаванняў не захавалася, бо гэтая частка знаходзілася ў складзе СССР. А магілы былі. Уладзіслаў Гальчэўскі ва ўспамінах згадвае, што 23 жаўнеры 1-га батальёну 33-га палка, якія загінулі 20 студзеня 1920 г. у часе абароны рэдуту "Гомель", былі пахаваныя на могілках у Мяніцы [12]. Сёння на старых мяніцкіх могілках засталіся толькі парослыя імхом камяні, бо ў пасляваенным часе тут ужо амаль не хавалі. Шмат палеглых у баях за Лепель былі пахаваныя на каталіцкіх могілках, аднак сёння слядоў не засталося.

Савецкіх пахаванняў тае вайны па абодва бакі былое савецка-польскае мяжы практычна не знайсці, хаця чырвонаармейцаў гінула значна болей з прычыны слабога ўзбраення, навучання і нястачы камандзірскіх кадраў. Нельга лічыць выключэннем помнік на лепельскіх могілках з надпісам "Тут пахаваны 18 чырвонаармейцаў. 17 з іх растрэляны германскімі акупантамі у 1918 годзе. 1 закатаваны польскімі інтервентамі у 1919 г.", бо колькасць палеглых чырвонаармейцаў толькі ў баях 13-16 лістапада 1919 г. перавышала 200 чалавек. Адзіны адшуканы помнік чырвонаармейцам належыць да часу чэрвеньскіх баёў 1920 г. і пастаўлены польскімі жаўнерамі на праваслаўных могілках у Язне.

Пададзены тэкст з'яўляецца толькі эскізам вялікае карціны вайсковых дзеянняў, што прывялі да значных сацыяльных і палітычных зменаў у рэгіёне. Сёння на амаль стогадовай адлегласці даследчык ня мае ўжо магчымасці апытання сведкаў тых падзеяў і далейшыя пошукі варта працягнуць у вайсковых архівах, спалучыўшы іх з палявымі доследамі.

ЛІТАРАТУРА.

1. Aleksandrowicz, S. Zarys historji wojennej 13-go pułku ułanów wileńskich / S. Aleksandrowicz. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

2. Bąbiński, K. Zarys historii wojennej 5-go Pułku Piechoty Legionów / K. Bąbiński. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

3. Bełdowski, L. Zarys historji wojennej 29-go pułku strzelców kaniowskich / L. Bełdowski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

4. Ciapka, J. Zarys historji wojennej 33-go pułku piechoty / J. Ciapka. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

5. Davies, N. Orzeł biały, Czerwona gwiazda. Wojna polsko-bolszewicka 1919-1920 / Norman Davies. - Kraków : Znak, 1998.

6. Dąbrowski, J. Zarys historji wojennej 81-go Pułku Strzelców Grodzieńskich / J. Dąbrowski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

7. Директивы командования фронтов Красной Армии (1917-1922 гг.) : в 4 т. / Главное архивное управление при Совете Министров СССР ; редкол.: Н.Н. Азовцев [и др.]. - Москва : Воениздат, 1972. Т. 2 : март 1919 г. - апрель 1920 г.

8. Rozporządzenie (I 4415/239) Komisarza Generalnego Ziem Wschodnich w sprawie utworzenia powiatów Dziśnieńskiegu i Mozyrskiego // Dziennik Urzędowy Zarządu Cywilnego Ziem Wschodnich. - 1919. - № 26. - Wilno.

9. Rozporządzenie (518/428) Komisarza Generalnego Ziem Wschodnich w sprawie utworzenia powiatu Lepelskiego // Dziennik Urzędowy Zarządu Cywilnego Ziem Wschodnich. - 1920. - № 9(53). - Wilno.

10. Erlich, J. Zarys historji wojennej 19-go pułku artylerii polowej / J. Erlich. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

11. Fularski, M. Zarys historji wojennej 21-go warszawskiego pułku piechoty / M. Fularski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

12. Golczewski, W. Nasza wojaczka // Panteon Polski. - 1927-1928. - №33-51. - Lwów.

13. Goch, K. Zarys historji wojennej 13-go pułku piechoty / K. Goch. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

14. Гражданская война: Боевые действия на морях, речных и озерных системах. / под ред. И.В. Егорова и Е.Е. Шведе. - Ленинград : Редакционно-издательский отдел морских сил РККФ, 1926. Т. 2, Ч. 2 : Озерные и речные флотилии. (Север и Северо-Запад).

15. Jędrzęjczak, L. Zarys historji wojennej 80-go Pułku Strzelców Nowogródzkich / L. Jędrzęjczak. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1930.

16. Karcz, J. Zarys historji wojennej 1-go pułku szwoleżerów Józefa Piłsudskiego / J. Karcz, W. Kryński. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1931.

17. Laudyn, W. Zarys historji wojennej 7-go pułku ułanów lubelskich / W. Laudyn. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1931.

18. Lewicki, A. Zarys historji wojennej 4-go pułku piechoty legionów / A. Lewicki. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

19. Lista strat Wojska Polskiego : polegli i zmarli w wojnach 1918-1920 / - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1931.

20. Łukomski, G. Wojna polsko-bolszewicka 1919-1920 : działania bojowe, kalendarium / G. Łukomski, B. Polak, M. Wrzosek. - Koszalin : Wyższa Szkoła Inżynierska, 1990 T. 1 : (1 stycznia 1919 - 29 lutego 1920 r.)

21. Makowski, T. Zarys historji wojennej 30-go Pułku Strzelców Kaniowskich / T. Makowski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

22. Markiewicz, F. Zarys historji wojennej 7-go pułku piechoty legionów / F. Markiewicz. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

23. Mieczkowski, S. Zarys historji wojennej 86-go mińskiego pułku piechoty / S. Mieczkowski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

24. Mularczyk, J. Zarys historji wojennej 1-go pułku strzelców konnych / J. Mularczyk. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1931.

25. Odziemkowski, J. Leksykon wojny polsko-rosyjskiej 1919-1920 / J. Odziemkowski. - Warszawa : Rytm, 2004.

26. Pałac, J. Zarys historji wojennej 24-go pułku piechoty / J. Pałac. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1930.

27. Piotrowski, B. Zarys historji wojennej 3-go pułku strzelców konnych / B. Piotrowski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1930.

28. Pomarański, S. Pierwsza wojna polska (1918-1920): Zbiór wojennych komunikatów prasowych Sztabu Generalnego (za czas od 26.XI.1918 r. do 20.X.1920 r.) / S. Pomarański. - Warszawa : Głowna księgarnia wojskowa, 1920.

29. Pomarański, S. Zarys historji wojennej 1-go pułku piechoty legionów / S. Pomarański. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1931.

30. Pomarański, S. Zarys historji wojennej 36-go pułku piechoty Legii Akademickiej / S. Pomarański. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1930.

31. Революционные комитеты БССР (ноябрь 1918 г. - июль 1920 г.): сборник докуметов и материалов / сост.: В.А. Круталевич [и др.]. - Минск : Издательство Академии наук БССР, 1961.

32. Siuda, S. Zarys historji wojennej 56-go Pułku Piechoty Wielkopolskiej / S. Siuda. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

33. Skarbek, E. Zarys historji wojennej 6-go pułku piechoty legionów / E. Skarbek. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1929.

34. Soninski, J. Zarys historji wojennej 11-go pułku ułanów legionowych / J. Soninski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

35. Szatner, Z. Zarys historji wojennej 9-go Pułku Piechoty Legjonów / Z. Szatner. Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

36. Targowski, M. Zarys historji wojennej 8-go pułku piechoty legionów / M. Targowski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

37. Waligóra, B. Zarys historji wojennej 85-go pułku strzeców wileńskich / B. Waligóra. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

38. Witkowski, S. Zarys historji wojennej 23-go Pułku Piechoty / S. Witkowski. - Warszawa : Wojskowe Biuro Historyczne, 1928.

39. Zawadzki, B. System obrony w 1920 roku / B. Zawadzki. - Warszawa : Wojskowy Instytut Naukowo-Wydawniczy, 1926.

ДАДАТАК

СПІС ВАЙСКОВЫХ ФАРМАВАННЯЎ, ЯКІЯ ПРЫЙМАЛІ ЎДЗЕЛ У БАЯВЫХ ДЗЕЯННЯХ

Польскія вайсковыя адзінкі.

1-я літоўска-беларуская дывізія (на схемах1DLB)

І-я літоўска-беларуская брыгада

мінскі полк стральцоў (Мр), віленскі полк стральцоў (Wр).

ІІ-я літоўска-беларуская брыгада

навагрудскі полк стральцоў (Nр), гродзенскі полк стральцоў (Gр).

3-і полк конных стральцоў (3рsk)

1-я дывізія пяхоты легіёнаў (1DP)

I-я брыгада пяхоты

1-ы полк пяхоты легіёнаў (1р), 5-ы полк пяхоты легіёнаў (5р).

IІІ-я брыгада пяхоты

6-ы полк пяхоты легіёнаў (6р),

2-я дывізія пяхоты легіёнаў (2DP)

IV-я брыгада пяхоты

4-ы полк легіёнаў (4р), 24-ы полк пяхоты (24р).

3-я дывізія пяхоты легіёнаў (3DP)

V-я брыгада пяхоты

7-ы полк пяхоты легіёнаў (7р), 8-ы полк пяхоты легіёнаў (8р).

VI-я брыгада пяхоты

9-ы полк пяхоты легіёнаў (9р), 23-і полк пяхоты (23р).

8-я дывізія пяхоты (8DP)

XV-я брыгада пяхоты

13-ы полк пяхоты (13р), 33-ы полк пяхоты (33р).

XVI-я брыгада пяхоты

21-ы полк пяхоты (21р), 36-ы полк пяхоты (36р).

10-я дывізія пяхоты (10DP)

XIX-я брыгада пяхоты

29-ы полк канеўскіх стральцоў (29р), 30-ы полк канеўскіх стральцоў (30р).

1-я кавалярыйская брыгада

1-ы кавалярыйскі полк (1psz), 7-ы полк уланаў (7puł), 11-ы полк уланаў (11puł).

1-я дывізія вялікапольскіх стральцоў (1DSW)

I-я брыгада вялікапольскіх стральцоў

2-і полк вялікапольскіх стральцоў (2рsw), прыдадзены часова.

Вайсковыя адзінкі Чырвонай Арміі

4-я стралковая дывізія

10-я стралковая брыгада

28-ы стралковы полк 29-ы стралковы полк 30-ы стралковы полк

11-я стралковая брыгада

31-ы стралковы полк 32-ы стралковы полк 33-і стралковы полк

12-я стралковая брыгада

34-ы стралковы полк 35-ы стралковы полк 36-ы стралковы полк

11-я стралковая дывізія

31-я стралковая брыгада

91-ы стралковы полк 92-ы стралковы полк 93-і стралковы полк

32-я стралковая брыгада

94-ы стралковы полк 95-ы стралковы полк 96-ы стралковы полк

33-я стралковая брыгада

97-ы стралковы полк 98-ы стралковы полк 99-ы стралковы полк

17-ястралковая дывізія

49-я стралковая брыгада

145-ы стралковы полк 146-ы стралковы полк 147-ы стралковы полк

50-я стралковая брыгада

148-ы стралковы полк 149-ы стралковы полк 150-ы стралковы полк

51-я стралковая брыгада

151-ы стралковы полк 152-ы стралковы полк 153-і стралковы полк

52-я стралковая дывізія

154-я стралковая брыгада

460-ы стралковы полк 461-ы стралковы полк 462-ы стралковы полк

155-я стралковая брыгада

463-і стралковы полк 464-ы стралковы полк 465-ы стралковы полк

156-я стралковая брыгада

466-ы стралковы полк 467-ы стралковы полк 468-ы стралковы полк

53-я стралковая памежная дывізія

157-я стралковая брыгада

470-ы стралковы полк 471-ы стралковы полк

158-я стралковая брыгада

472-ы стралковы полк 473-і стралковы полк 474-ы стралковы полк

159-я стралковая брыгада

475-ы стралковы полк 476-ы стралковы полк 477-ы стралковы полк

Эстонскаястралковая брыгада

1-й Эстонскі стралковы полк 2-й Эстонскі стралковы полк 3-й Эстонскі стралковы полк

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX