Папярэдняя старонка: Баўтовіч Міхась

Полацкі сьлед Тадэвуша Рэйтана 


Аўтар: Баўтовіч Міхась,
Дадана: 10-07-2018,
Крыніца: Першая навукова-практычная канферэнцыя 'Рэйтаны. Гісторыя роду - гісторыя краіны', Мінск, 22 сакавіка 2014 г.



Перш чым засяродзіцца на асобе пасла Наваградскага ваяводства на сойм Рэчы Паспалітай 1773 году варта распавесьці пра абставіны набыцьця Рэйтанамі земляў у Полацкім ваяводстве. 26-га сьнежня 1620 шляхціч Станіслаў Барымоўскі, за вайсковыя заслугі атрымаў ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы прывілей на землі ў Полацкім ваяводстве. 3-га кастрычніка 1621 году на паставе гэтага прывілею скарбовы дваранін Міхал Рагоза, прыехаўшы да Неўля, аформіў на месцы ўвядзеньне Барымоўскага ў валоданьне падоранымі землямі [1, с. 360]. Прайшло даволі часу і 22 красавіка 1659 году на просьбу сына Станіслава Барымоўскага Мацея Казіміра кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір дазваляе зямельныя валоданьні "што знаходзяцца на невельскім тракце ў полацкім ваяводстве, званыя Лаўцы, Тапары, Беразова, Балаздыні, Падлужжа ... перадаць высакароднаму Марціну Рэйтану ... за тое, што годна змагаўся супраць маскалёў і швэдаў, і цяпер рабіць гэта працягвае" [1, с. 313]. Болей даведацца пра згаданых у прывілеі асобаў дазваляе Каспар Нясецкі, які ў сваім гербоўніку паведамляе, што Станіслаў Барымоўскі шмат гадоў у розных баталіях змагаўся пад началам вялікіх гетманаў Яна Караля Хадкевіча і Крыштапа Радзівіла [2, s. 21]. Лідскі жа войскі Марцін Рэйтан быў сынам Яна, які прыехаў у Вялікае Княства з Прусіі [3, s. 295 ; 4, s. 45] і доўгі час служыў у войску пры Радзівілах. Жонкай Яна, а маткай Марціна была Барымоўская [2, s. 860]. З пададзенага вынікае, што Ян Рэйтан і Станіслаў Барымоўскі былі сябрамі па зброі, абодва кліенты Радзівілаў, а сястра Станіслава пабралася зь Янам шлюбам. Гэткім чынам Мацей Казімір Барымоўскі і Марцін Рэйтан былі дваюраднымі братамі. Год выданьня прывілея 1659 быў адным з гадоў вайны Рэчы Паспалітай з Расейскай дзяржавай. Адметнасьць ягоная тая, што ў Падзьвіньні ў гэты год было адносна зацішна і шляхта спрабавала скарыстаць гэта дзеля вырашэньня маёмасных праблемаў. Землі, якія Мацей Барымоўскі перадаваў Марціну, яшчэ былі пад маскоўскай акупацыяй, і гэтым Барымоўскі скідаў з сябе клопат аб тым, што на той час фактычна яму не належала. Вось ад гэтага часу, а дакладней ад Андрусоўскага замірэньня (1667 г.) Марцін Рэйтан стаў уладаром Лаўцоў, Тапароў, Беразова, Балаздыні і Падлужжа. Прывілей Яна Казіміра дадае, што апісанымі землямі "можа вольна карыстацца ён сам, жонка і ягоныя дзеці".

Цягам стагодзьдзя згаданыя ўладаньні, што знаходзіліся ля самай мяжы Вялікага Княства перадаваліся ў спадчыну. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя імі валодаў бацька Тадэвуша Рэйтана Дамінік Міхал Рэйтан. Захаваўся дакумэнт ад 10-га чэрвеня 1741 году, дзе між іншых земляўласьнікаў Полацкага ваяводства, што ня выплацілі пасольшчыны на карысьць пасла на пацыфікацыйны сойм 1736 году Пятра Корсака, пазначаны мазырскі стольнік Дамінік Рэйтан, які на той час не сплаціў падатак з трыццаці дымоў маёнткаў Беразова і Балаздыня [5, с. 174]. А вось як апісвае ва "Ўспамінах пана Севярына Сапліцы" гаспадарчую дзейнасьць Дамініка на памянёных землях Генрык Ржавускі: "Быў з багатага роду, маёмасьць стала памнажалася, але здавалася, што ён аб ёй ня дбаў. Калі хто спытае, хочучы парады, што на ягоных палетках робіцца, ён адказваў: "У мяне Госпад Ісус - гаспадар, а Найсьвяцейшая Дзева - гаспадыня". Меў маёнтак Бераздоў у полацкім ваяводстве, недалёка ад Вялікіх Лукаў, да якога за ўсё жыцьцё толькі аднойчы завітаў і пару тыдняў высядзеў. Але ж калі атрымаў яго пасьля бацькі, шэсьць фальваркаў там было, і столькі іх прыкупіў, што пакінуў дзецям пятнаццаць" [6, s. 42]. У апісаньні Ржавускага заўважна пэўнае перабольшаньне, бо за пару тыдняў немагчыма збудаваць вялікі двор у Беразове, пра які ён згадвае, ды і не было патрэбы яго будаваць, калі там ніхто з сямейнікаў амаль ня жыў. Афармленьне ў Полацкім земскім судзе дакумэнтаў на набытыя фальваркі, пра якія згадвае Ржавускі, вымагала даволі часу і яго старэйшы Рэйтан мусіў прабавіць у Полацку, або ў сваім маёнтку. Сьляды дамоваў варта пашукаць у полацкіх земскіх кнігах, або ў кнігах полацкага магістрату. Выглядае на тое, што Дамінік Рэйтан бываў у Полацку неаднойчы, бо шлях з Грушаўкі да Беразова пралягаў менавіта праз ваяводскі горад. Як землеўладальнік Дамінік пэўна неаднойчы браў удзел у сойміках Полацкага ваяводства, дзе добра пазнаўся зь мясцоваю шляхтаю. Вынікам гэтых знаёмстваў было тое, што сястра Тадэвуша Рэйтана, а бабуля Генрыка Ржавускага, Марыяна пабралася шлюбам з стальніковічам полацкім Язафатам Каралем Сялявам. Сядзібай Сяляваў быў двор Павульле на воз. Цётча. Бацькі Язафата, Пётар і Тэрэза Сялявы, збудавалі ў сваім маёнтку капліцу, якая належала потым да Чашніцкай парафіі і ахвяравалі значныя грашовыя сродкі на касьцёл дамініканаў у Чашніках. Язафат Караль атрымаў ад бацькоў маёнткі Забалоцьце і Пышна і стаўся закладальнікам забалоцкага адгалінаваньня роду [7, s. 201].

Цяпер падыходзім да галоўнай тэмы: дзейнасьці Тадэвуша Рэйтана ў часе Барскай канфедэрацыі. Юліян Нямцэвіч сцісла падае, што Рэйтан "знаходзячыся ў свайго дзядзькі архібіскупа рускага на Ўкраіне, сабраўшы казацкі аддзел, часта нападаў і адважна разьбіваў групоўкі захопнікаў" [8]. Аднак кіеўскі мітрапаліт Філіцыян Піліп Валадковіч, пра якога гаворка, з пачаткам канфедэрацыі пакінуў сваю рэзідэнцыю ў Радамышлі і толькі праз пятнаццаць месяцаў пры канцы 1769 году вярнуўся на Валынь [9, s. 155-156]. Першы час ён знаходзіўся ў Варшаве, потым у Трышчыне, што ля Быдгошчу на мяжы з Прусіяй [10, s. 58].

Мал. 1 Партрэт Тадэвуша Рэўтана (мастак Уладзіслаў Аляшчынскі, 1836 г.).

Генрык Ржавускі паведамляе, што ў часе абвяшчэньня Барскай канфедэрацыі Тадэвуш Рэйтан знаходзіўся ў Бераздове (Беразове). За прычыну знаходжаньня пісьменьнік падае жаданьне Рэйтана пабыць на самоце, але ведаючы дзейны характар будучага пасла, як у Беразове, гэтак і пазьней на сойме 1773 году, больш прыймальнай падаецца версія неабходнасьці вырашэньня маёмасных справаў пасьля спачыну бацькі. Аднак дадзём слова аўтару "Успамінаў пана Севярына Сапліцы" : "Пан Тадэвуш на той час знаходзіўся ў Бераздове, дзе мог аддавацца самотнасьці болей чым у Грушаўцы. Там адзінай ягонай забавай было паляваньне ў небасяжных пушчах. Але ледзьве да яго дайшла вестка аб намаганьнях народу, хацеў быць між першых паўстанцаў" [6, s. 49].

Польскі гісторык Ежы Міхальскі ня даў веры ані Юліяну Нямцэвічу, адзначаючы, што паведамленьне ягонае мала падобнае да праўды, ані Ржавускаму, заявіўшы, што "баявыя подзьвігі Рэйтана" ёсьць прыдумкай пісьменьніка [11, s. 232]. Гісторык ня выказаў нейкай альтэрнатыўнай думкі, дзе ж цягам 1769 году мог знаходзіцца Тадэвуш Рэйтан, але ў якасьці пацьверджаньня сваёй высновы спаслаўся на інфармацыю, пададзеную Вандай Канчынскай, што Рэйтан 5-га лютага 1770 г. падпісаўся пад даверчым лістом Самуэлю Корсаку на дэпутацтва ў Літоўскі Трыбунал [12, s. 11], а значыць з канфедэратамі ня быў і іх не падтрымліваў. Падаецца гісторык пасьпяшаўся з высноваю.

Інфармацыя пра дзейнасьць Рэйтана за канфедэрацкім часам, пададзеная Нямцэвічам і Ржавускім, паходзіць з сямейнага асяродку. Нямцэвіч, зьбіраючы матэрыялы пра Тадэвуша, зьвяртаўся да сям'і ў гэтай справе і атрымаў пададзеныя зьвесткі ад малодшага брата Тадэвуша Станіслава [13, s. 5-8]. Ржавускі жа сам быў сваяком Рэйтанаў, бо ягоная бабуля Марыяна, у якой ён гадаваўся цягам пяці гадоў, была сястрой Тадэвуша [14, s. 252]. Цяжка ўявіць, што абедзьве асобы, якія чэрпалі інфармацыю ад бліжэйшых сваякоў героя памыліліся. Праўда зьвесткі што да месца падзеяў розьняцца, але гэта можна палагодзіць калі ўявіць, што Нямцэвічу і Ржавускаму была даведзеная аднолькавая інфармацыя кшталту "Тадэвуш на той час знаходзіўся ў Бераздове …". Аднак калі Ржавускаму ўдалося ўдакладніць, дзе знаходзіўся той Бераздоў, дык Нямцэвіч пэўна даходзіў да гэтага сам і натуральна ведаючы месцы значных баёў канфедэратаў, але ня быўшы абазнаным што да паўночнае часткі Вялікага княства, палічыў, што месца гэтае ня надта далёкі ад Юліянавай радзімы Бераздоў на Валыні.

Мал. 2 Фрагмэнт карты паўночнае часткі ВКЛ [15] (чырвоным колерам пазначаныя ўладаньні Рэйтанаў, блакітным - мясьціны павязаныя зь імі).

З завязаньнем Барскае канфедэрацыі, як адзначаў Нямцэвіч, рассыпаныя па ўсім краю купкі, што падтрымлівалі яе, швэндаліся паўсюль, не спыняліся доўга нідзе, ды нішчылі лютаранаў, кальвіністаў і сваіх супраціўнікаў [16, s. 13]. У сьпісе маршалкаў канфедэрацыі, адным з першых ейных дакумэнтаў, укладзеным пэўна 29-га лютага 1768 году, былі вызначаныя прадстаўнікі ва ўсіх паветах Вялікага княства Літоўскага, не мінаючы і паўночна-ўсходніх. Гэтак аршанскі павет прэзэнтаваў пасол ад Віцебскага ваяводства на сойм 1767 году аршанскі харужы Ежы Галінскі, віцебскі - віцебскі стражнік Шышка, полацкі - нейкі Корсак [17, s. 29], ідэнтыфікаваць якога не выпадае, бо паводле старое прымаўкі ў Полацкім ваяводстве "што ні хмызок, то Карсачок". Працэс кансалідацыі канфедэратаў у ВКЛ быў надта павольным і як падае храніст полацкага Сафійскага манастыра на той час "да канфедэрацыі Літва не далучылася" [18, s. 349]. Неспрыяльным чыньнікам было тое, што праз ваяводскія Полацк, Віцебск у бок Вільні стала праходзілі аддзелы расейскіх войскаў. Асобаў згаданых у вышэйпазначаным дакумэнце пазьней у шэрагах канфедэратаў не зафіксавана, пэўна былі гэта людзі выпадковыя, ня здольныя аб'яднаць шляхту. Толькі 14 верасьня 1768 году ў дзёньніку полацкага Сафійскага манастыра сустракаем запіс аб тым, што "Літва пачала далучацца да канфедэрацыі" [18, s. 351], але храніст тут жа ўдакладняе, што мае на ўвазе далучэньні да канфедэрацыі шляхты паветаў Віленскага ваяводства. На ўсходзе ВКЛ нічога не зьмянілася. Недзе толькі ў лютым 1769 году паводле недатаванага дзісьненскага маніфэсту полацкім маршалкам быў абраны мсьціслаўскі ваяводзіч Каэтан Міхал Сапега [19, s. 29-30]. Аднак актыўныя дзеяньні распачаліся ў чэрвені - ліпені ў часе паходу на Палесьсе аддзела Францішка і Казіміра Пуласкіх. Пэўна з надыходам у Беразова зьвесткі пра далучэньне да Барскае канфедэрацыі Полацкага ваяводства Тадэвуш Рэйтан пачаў дзейнічаць: "Навязаўшы сувязі с суседзямі, ажывіўшы ў іх любоў да Айчыны, што цеплілася ў іхных сэрцах, намагаўся ў беларускіх лясах зладзіць жорсткае змаганьне. Але ня мог перадаць сілу свайго духа тамтэйшым жыхарам. Большасьць зь іх спрыяла грамадзкай справе, але болей хінулася да бясьпечнейшых рэчаў, а былі і такія, што Маскве спрыялі. Досыць, што насілу больш за сотню узброіў, і гэта з большага з уласнае маёмасьці. Што да насельнікаў, хаця было некалькі тых, што далі яму слова, і нават далучыліся да яго - як толькі аднаму зь іх маскалі спалілі двор зь вёскай, адразу астыла любоў да Айчыны, так што ледзьве пару дзесяткаў шляхты зь ім засталося. Аднак ён трымаўся ў пушчы, але калі маскалі выслалі па яго сваіх ягероў, і знайшліся такія, што ім дарогу паказалі, каб гэтай паслугай добра вылучыцца перад царыцай і гэтым сьцерці памяць аб першых сьведчаньнях супраціву, цяжка стала пану Тадэвушу. Але аднак рабіў, што мог: са сьлязьмі прасіў сваіх, каб бараніліся да апошняга і ня ганьбілі імя. Казаў ім:

- У лесе адзін за дзесяць будзе, бо яны ня ведаюць колькі нашых.

- Як ня ведаюць? - адказвалі яму тыя, што зь ім былі. - Мы, дык сапраўды ня ведаем колькі іх, а яны да аднаго падлічыць нас могуць, ці ж той і той не дапамаглі ім вывучыць на памяць.

А пан Тадэвуш, стомлены, супакойваў:

- Дазвольце мне іх палічыць: мо іх толькі жменька, для страху, і вы дарэмна трывожыцеся. Не разьбягайцеся толькі, пакуль не даведаюся.

І не на каго не спадзеючыся, бо быў спрытным, на вялізную сасну залез, і як потым нам неаднойчы казаў, на самой справе не было іх столькі, каб ім не супраціўляцца, але тамтэйшая нямоглая шляхта, як толькі ён ня стаў ім уводзіць у вушы аб абавязку, разьбеглася, толькі лесьнікі дачакаліся, і ўбачылі маскалёў, але і тыя перад імі ў ногі паваліліся, як убачылі сябе кінутымі. Тады маскалі ў лесе, а пан Тадэвуш на сасьне. Шчасьце, што яго не заўважылі, а так бы нібы глушца падстрэлілі. Дык ён толькі позна ўначы з сасны зьлез, але да Бераздова не было яму дзеля чаго ісьці, бо там ужо былі госьці, якія ягоны дом да званьня абрабавалі, а пасьля запалілі: сьвірны, стайні, усе пабудовы, што яшчэ бацька нябошчык гадоў з дваццаць таму збудаваў, за адну гадзіну ў попел ператварыліся. Пан Тадэвуш, як мог, да Грушаўкі прабіраўся, блукаючы па лясах нібы зьвер, і Госпад Бог, які яго да значнейшых справаў рыхтаваў, ня даў яму трапіць у рукі маскалёў, бо тыя б яго без сумневу закатавалі." [6, s. 49]

Ня толькі невялічкая групоўка Тадэвуша Рэйтана, але і значна большы, складзены з канфедэратаў заходніх паветаў ВКЛ, аддзел полацкага маршалка Сапегі ня здолеў ставіць супраціў рэгулярнаму расейскаму войску і пасьля некалькіх цяжкіх баёў быў у верасьні 1769 году выціснуты ў Прусію. У сьвятле згаданага паведамленьне Генрыка Ржавускага, запісанае хутчэй за ўсё з успамінаў сваёй бабулі, не выглядае такім ужо нерэальным, тым больш, што пісьменьнік паведамляе не пра кантакты Рэйтана з канфедэратамі, а пра ўздым які той адчуў, даведаўшыся пра паўставаньне супраціву расейскім войскам, якія залілі Рэч Паспалітую. І гаворка хутчэй ішла не пра баі, а пра няўдалую спробу арганізацыі паўстанцкага аддзелу. З напісанага вынікае, што партызанская дзейнасьць Рэйтана прыпадае недзе на чэрвень - верасень 1769 году. Пасьля доўга ў Полацкім ваяводстве нічога не было чуваць пра канфедэратаў. Полацкія соймікі, якія адбываліся пад сталым наглядам расейскіх вайскоўцаў, вырашалі насамперш пытаньні забеспячэньня акупантаў. Толькі праз два гады манах полацкага манастыра пакідае ў сваім дзёньніку наступны запіс: "1771 год. Верасень. З 12-га на 13-ы, то бок з чацьвярга на пятніцу, уначы празь Дзьвіну пераправілася канфедэрацыя, або хутчэй свавольная аршанская купка. Маршалак ейны Штэйн, каморнік ВКЛ, віцэ-маршалак Навацкі. Зранку 13-га каманданты Гозей і Шалуха, узяўшы з сабой 50 вершнікаў, падаліся да Струньні. Бралі коней, зброю. … пан маршалак і іншыя прыехалі да манастыра, пайшлі проста да ваяводскага архіву і забраўшы ўсе кнігі пачаўшы ад каралеўскае каранацыі, запячаталі і ў манастырскай кельлі склалі, дзьверы той кельлі апячатаўшы. Уначы … ўсе паны канфедэраты выйшлі на Махіроў, Белае да Валынцоў, … бо масква ў некалькіх мілях ад Полацка ішла за імі. … 14-га пад вечар прыйшло масквы каля 700. … 15-га ў нядзелю канфедэраты спавядаліся ў Валынцах. У часе абеду нечакана напала масква, каго забілі, каго разагналі, каго пакалечылі, каго забралі. Больш за мілю за імі гналіся, аднак Штэйн і Навацкі сыйшлі." [18, s. 359-360] Пасьля некалькіх сутычак [20, s. 146] аддзелу пад началам ротмістра аршанскага павету Тадэвуша Штэйна і ротмістра лукомскай парафіі таго ж павету Людвіка Навацкага ўдалося перабрацца праз Дзьвіну ля Друі. Аднак пад Відзамі паўстанцы былі разьбітыя значна большым расейскім аддзелам і змушаныя хавацца ў лясах. Увесну 1772 году аддзел склаў зброю [21, s. 247].

Пазьней маёнткі Рэйтанаў як і Нойбурскія маёнткі іхняга патрона Караля Станіслава Радзівіла, што адыйшлі да Расейскай імперыі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, падпалі пад канфіскацыю і былі раздадзеныя расейскім вайскоўцам, прадстаўнікам акупацыйнай адміністрацыі, асобам заслужаным для імпэрыі. Гэтак у 1778 годзе землямі, што раней належалі Рэйтанам, валодаў кавалер ордэна Аляксандра Неўскага за кампанію супраць барскіх канфедэратаў генэрал-маёр Іван Міхельсон [1, с. 360].

ЛІТАРАТУРА

1 . Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской / ред. М. Веревкин. - Витебск : Типо-литография Г. А. Малкина, 1891. - Вып. 21.

2 . Niesiecki, Kasper. Korona Polska przy Złotey Wolnosci Starożytnemi Rycerstwa Polskiego y Wielkiego Xięstwa Litewskiego Kleynotami, Náywyższemi Honorámi, Heroicznym Męstwem y odwágą, wytworną Náuką a naypierwey Cnotą, Pobożnością y Swiątobliwością Ozdobiona ... / Kasper Niesiecki. - Lwów : Drukarnia Collegium Lwowskiego Societatis Jesu, 1740. - T. III.

3 . Niesiecki, Kasper. Korona Polska przy Złotey Wolnosci Starożytnemi Rycerstwa Polskiego y Wielkiego Xięstwa Litewskiego Kleynotami, Náywyższemi Honorámi, Heroicznym Męstwem y odwágą, wytworną Náuką a naypierwey Cnotą, Pobożnością y Swiątobliwością Ozdobiona ... / Kasper Niesiecki. - Lwów : Drukarnia Collegium Lwowskiego Societatis Jesu, 1743. - T. IV.

4 . Krzepela, Józef. Rody ziem pruskich / Józef Krzepela. - Kraków : Gebethner i Wolff, 1927. - Cz.1.

5. Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской / ред. Д.И.Довгялло. - Витебск : Губернская типо-литография, 1901. - Вып. 29.

6 . Rzewuski, Henryk. Pamiątki Pana Seweryna Soplicy, cześnika parnawskiego / Henryk Rzewuski. - Lipsk : F. A. Brockhaus, 1868.

7. Żychliński, Teodor. Złota księga szlachty polskiej / Teodor Żychliński. - Poznań : Nakład i druk Jarosława Leitgebera, 1885. - Rocz.VII.

8. Niemcewicz, Julian. Żywot Tadeusza Rejtana / Julian Niemcewicz // Potrety wsławionych Polaków / ogł. A. Chodkiewicz. - Warszawa : Drukarnia przy Nowolipiu № 646, 1820.

9. Likowski, Edward. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVII i XIX wieku / Edward Likowski. - Warszawa : Gebethner i Wolff, 1906. - Cz. 1, - wyd. 2.

10. Nabywaniec, Stanisław. Unicka archidiecezja kijowska w okresie rządów arcybiskupa metropolity Felicjana Filipa Wołodkowicza 1762-1778 / Stanisław Nabywaniec. - Rzeszów : Wyższe Seminarium Duchowne, 1998.

11. Michalski, Jerzy. Reytan Tadeusz / Jerzy Michalski // Polski Słownik Biograficzny. - Wrocław : Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1988. - T. XXXI/2, - Z. 129 : Rewoliński Teofil - Rodecki Aleksy. - S. 231-237.

12. Konczyńska, Wanda. Rejtan, Korsak i Bohuszewicz na sejmie 1773 roku: materjały do monografji posła nowogródzkiego / Wanda Konczyńska. - Wilno : Nakład autora, 1935.

13 . Geryczowa, Anna. Z pamiętników Anny z Rejtenów Geryczowej zmarłej w Paryżu roku 1857 / Anna Geryczowa. - Lwów : Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1858.

1 4 . Kridl, Manfred. Rzewuski, Henryk (1791-1866) / Manfred Kridl // Wiek XIX. Sto lat mysli polskiej. Życiorysy, streszczenia, wyjątki. - Warsawa : Gebethner i Wolff, 1913. T. VIII : Wypisy nr 881-932.

15. Zanoni, Rizzi. Li Palatinati di Minsk, Mscislaw, Polok, e Witebsk Nella Littuania. Tratta dall' Atlante Polacco del Sigr. Rizzi Zanoni / Rizzi Zanoni. - Venezia : Presso Antonio Zatta, 1781.

1 6 . Niemcewicz, Julian. Pamiętniki czasów moich. Dzieło pośmiertne / Julian Niemcewicz. - Lipsk : F. A. Brockhaus, 1868.

1 7 . Morawski, Szczȩsny. Materyały do konfederacyi barskiej r. 1767-1768 : z niedrukowanych dotąd i nieznanych rękopisów / Szczȩsny Morawski. - Lwów : Zakład Narodowy Ossolińskich, 1851. - T. 1.

18 . Acta monasterii Polocensis S.Sophiae O.S.B.M. … inchoata anno Dni 1746 // Археографический сборник документов, относящийся к истории Северозападной Руси, издаваемых при управлении Виленского учебного округа. - Вильна : Типография О. Блюмовича, 1874. - Т.10. - С. 340-378.

1 9 . Kriegseisen, Wojciech. Sapieha Kajetan Michał (1749-1771) / Wojciech Kriegseisen // Polski Słownik Biograficzny. - Wrocław : Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1994. - T. XXXV/1, - Z. 144 : Sapieha Jan - Sapieha Władysław.

20 . Konopczyński, Władysław. Konfederacja barska: wybór tekstów / Władysław Konopczyński. - Kraków : Nakładem Krakowskiej Spółki Wydawniczej, 1928.

21 . Szczygielski, Wacław. Nowacki Ludwik / Wacław Szczygielski // Polski Słownik Biograficzny. - Wrocław : Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1978. - T. XXIII/2, - Z. 97 : Nos Aleksander - Nussbaum Hilary.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX