Вярнуцца: Харэўскі Сяргей

Беларускі стыль у будаўніцтве 1921-1939 гг.


Аўтар: Харэўскі Сяргей,
Дадана: 22-06-2011,
Крыніца: Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 18.



(Лявон Вітан Дубейкаўскі)

Беларускi нацыянальны рамантызм складаўся ва ўмовах запаволенага разьвiцьця дэмакратычнага руху, дэнацыяналiзаванасьцi вышэйшых клясаў i мясцовай iнтэлігенцыi, iх адрывам ад традыцыйнае культуры. У лiтаратуры, музыцы рамантычныя тэндэнцыi даволi рана знайшлi спэцыфiчна нацыянальнае ўвасабленьне ўжо ў сярэдзіне XIX ст. Але ў архiтэктуры шлях да нацыянальнага самавыяўленьня быў больш складаным. Больш пасьлядоўна i красамоўней нацыянал-рамантызм увасобiўся ў шэрагу помнiкаў драўлянае архiтэктуры. Зварот да традыцыйнага народнага матар'ялу быў невыпадковы. Менавiта ў дрэве архiтэктары, часьцяком з салiднаю практыкай капiтальнага будаўнiцтва, шукалi тую цяплыню й натуральнасьць, якiя ўласьцiвыя дрэву. Яны чарпалi натхненьне ў драўляным дойлiдстве, якое мае багацейшыя народныя традыцыi. У 20-я гады была распрацаваная й вялiкая тэорыя драўлянага будаўнiцтва (у тым лiку i культавага). Трэба адзначыць, што ў 20-я - 30-я гады дрэва не было танным матар'ялам. У выніку першае сусьветнае вайны ўзьнік попыт на драўнiну, i як наступства, дэфiцыт на яе. З-за эканомii сродкаў некаторыя бажніцы пераносiлi з аднае мясцовасьцi ў iншую. А часам адмыслова некаторыя элемэнты канструкцыяў i дэкору выконвалiся з дарагiх i прывезеных пародаў дрэва.

Вялiкi ўплыў на фармаваньне беларускага стылю ў драўляным дойлiдстве зрабiлi пошукi польскiх i ўкраiнскiх нацыянал-рамантыкаў. Стыль "закапанскi" атрымаў шырокае распаўсюджаньне ў паўднёва-ўсходняй Польшчы напрыканцы ХІХ і на пачатку XX cт. Ён вызначаўся актыўным перайманьнем народных канструктыўных i вобразных прыёмаў, iх утрыраваньнем й камбiнаваньнем на гэтай аснове новых тыпаў будынкаў i iх канструкцыяў. Падобныя ж тэндэнцыi набiралi сiлу на Галiцыi, дзе цэнтрам прапаганды народнага дойлiдства стаў факультэт архiтэктуры Львоўскае палiтэхнiкi. Архiтэктары Юлiян Захарэвiч, Васiль Нагорны, а пазьней i Яўген Нагорны праектавалi дзясяткi культавых аб'ектаў ва "ўкраiнскiм" стылi, у тым ліку і ў паўднёвай Беларусі.

Першыя спробы сфармуляваць "беларускi" стыль у архiтэктуры прыпадаюць на другое дзесяцiгодзьдзе ХХ ст. Сьвядома працаваць у гэтым накiрунку пачаў Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Роля гэтага дойлiда ў гiсторыi беларускае архiтэктуры выключная. Архiтэктар, палiтычны дзеяч, педагог, фальклярыст, паэт, ён першы абгрунтаваў i практычна ўвасобiў iдэю нацыянальнага беларускага стылю ў тагачасным будаўнiцтве. Ён нарадзiўся 5 лiпеня 1867 г. ў фальварку Дубейкава, пад Мсьцiславам, у клясычнай шляхецкай сям'i гэрбу "Вiтан" ("Вiдун"), якая вяла свой старажытны радавод ад лiтоўскiх князёў. Крынiцы свае беларускае сьведамасьцi ён называў сам: мацi, якая нiколi не цуралася роднае мовы i кнiжачка Багушэвiча, якую паказаў яму мсьцiслаўскi ксёндз. Яшчэ напрыканцы XIX стагодзьдзя, працуючы ў Смаленску, Дубейкаўскi пачаў зьбiраць беларускi фальклёр. Пiсаў па-беларуску вершы, байкi, лiставаўся з беларускiмi газэтамi. Па сканчэньнi Мсьцiслаўскае школы, бацькi адправiлi яго на вучобу ў Варшаву. Варшаўская Школа будаўнiчых рамёстваў стала першым крокам у архiтэктуру.

Пасьля Варшавы Дубейкаўскi перабраўся блiжэй да родных мясьцiнаў, у Смаленск, дзе адкрывае сваё прыватнае бюро. Сярод галоўных ягоных твораў тае пары: цэрквы ў Манастыршчыне i Ярцаве, скарбнiца ў Вязьме. У 1894 г. ён перамагае ў конкурсе на будаўнiцтва вялiкага мураванага касьцёла ў Смаленску. На гэты ж час прыпадае "рэстаўрацыйны" пэрыяд у творчасьцi маладога дойлiда. Дубейкаўскi - першы беларускi архiтэктар-рэстаўратар. З 1895 па 1901 г. ён праводзiць рэстаўрацыю касьцёлаў у Крычаве, Смалянах (разам з літоўскім дойлідам Янам Даўкшам), Воршы, Сьвiслачы (каля Асiповiчаў) i вядома, у родным Мсьцiславе. Пазьней, жывучы ў Вiльнi, ён кiраваў рэстаўрацыяй многiх помнiкаў, у прыватнасьцi, кляштараў бэрнардынаў i францiшканаў, якiя ацалелi дзякуючы ягонае рупнасьцi.

У 1901 г. Дубейкаўскi будуе ў Смаленску, першую ў ХХ стагодзьдзi ў Беларусi, фабрыку жалезабэтонных вырабаў. У 1902 г. едзе ў Пецярбург, дзе працягвае вучобу ў Iнстытуце цывiльных iнжынераў, якi сканчае ў 1903 г. з дыплёмам iнжынера-архiтэктара. Пасьля вяртаецца ў Смаленск, ва ўласнае бюро. Але ён прагне Парыжа. Тры гады вучобы ў францускай Акадэмii Архiтэктуры (Ecole d'Аrchitekture), дзе ён атрымаў дыплём архiтэктара-мастака, дакончылі ягонае прафэсыйнае фармаваньне. Наблiжалася сусьветная вайна... У 1910 г. Дубейкаўскi прабывае ў Варшаве, дзе працуе ў фiрме Лiльпопа й Янкоўскага i выкладае ў Тэхнiчна-прамысловай школе. Бывае і ў Бэрлiне. Пасьля закладае ўласнае бюро i становiцца сябрам "Koła Architektów w Warszawie". У 1915 г. ён у Арле, пасьля ў Менску, у 1916 г. у Петраградзе, iзноў у Менску, Арле, Смаленску i нарэшце, у 1918 г. - у Варшаве, дзе ачольвае Беларускi Нацыянальны Камiтэт. Пры тым, паўсюль, дзе б ён ня быў, ён праектуе i будуе заводы, дамы, сядзiбы. У яго не было праблемаў нi з перамяшчэньнем праз лiнii фронту, нi з грашамi.

У 1916 г. у Петраградзе на замову ксяндза Будзькi ён выканаў праект касцёла ў Янатрудзе Полацкага павету ў "беларускiм" стылi. Як пiша сам Дубейкаўскi, заданьне было "даволi цяжкае, бо ў лiтаратуры нi тэхналягiчнай, нi архiтэктанiчнай пра беларускi стыль не было нiякiх згадак". Праект быў зацьверджаны мiнiстэрствам у студзенi 1917 г., але, натуральна, застаўся нерэалiзаваны. Пазьней сам Вiтан-Дубейкаўскi напiсаў: "Спусьця нейкага часу дачуўся, што i ксёндз Будзька ад рэвалюцыi, у цяжкiх абставiнах, расстаўся з гэтым сьветам. Гэтыя сумныя падзеi, а так-жа недаскончаная сымфонiя архiтэктурнай паэзii, абнялi мяне цяжкiм сумам". Пра свой твор Дубейкаўскi пiша ў стылi часу: "Не зусiм тут мая заслуга - галоўна дапамаглi думы-думы з духу Нашага Народа". Пазьней Дубейкаўскi рэалiзаваў iдэю драўлянае бажнiцы ў "беларускiм" стылi ў 1927-1928 гг. у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на, выкарыстоўваючы праект 1916 г. як эскiз iдэi. У гэтым касьцёле сьв. Пятра i Паўлы Дубейкаўскi ўвасобiў цалкам свае ўяўленьнi пра кампазыцыйныя i дэкаратыўныя адметнасьцi беларускае архiтэктуры. У першую чаргу гэта выявiлася ў вельмi дынамiчнай кампазыцi i ў шырокiм выкарыстаньнi дрэва, як самакаштоўнага элемэнту традыцыйнае эстэтыкi. Нават бэтонныя калёны i роспiсы грызайлю ў кесонах столi iмiтуюць разьбу па дрэве. Гэты прынцып быў абгрунтаваны Дубейкаўскiм i тэарэтычна ў працы Эволюцыя i рэформа дзераўлянага будоўнiцтва.

У кнiзе Эволюцыя i рэформа дзераўлянага будоўнiцтва Дубейкаўскi апiсвае працу над гэтым праектам: "Заданьне было, хоць i прыемнае, але даволi цяжкое, бо-ж у лiтаратурэ - анi тэхнiчнай, анi архiтэктанiчнай аб беларускiм стылю ня было нiякага ўспамiну. Але, як трэба -то трэба! Застаўшыся без лiтэратурнай падмогi, глыбока ўдумаўся ў заданьне, у iдэю нашага стылю, i запраэктаваў касьцёл. Праўда, не зусiм тут мая заслуга - галоўна памаглi думы-думы з духа Нашага Народу". Гэтая кнiга - першая нацыянальная тэорыя беларускага дойлiдства. Дубейкаўскi бачыў адметнасьць беларускага кшталту ў дрэве, тутэйшым матар'яле: "Першабытны спосаб рубкi дзераўлянага зрубу цэнiцца ў нас, на Беларусi - з прадвеку. Як i цяперыка бачым - увесь наш край: сёлы, мястэчкi, гарады разам з Вiльняю аб гэтым ясна сьведчаць". Падчас праектаваньня Дубейкаўскаму давялося шукаць уласнага сыстэму драўлянага зрубу, дзеля выяўленьня якасьцяў дрэва як паўнавартаснага эстэтычна матар'ялу". Прыняўся натужна, каб сканструяваць нешта адпаведнейшае, i ўзяўся шкiцаваць - класьцi на паперу ўсялякiя магчымасьцi, i ў рэзультаце дайшоў к памыснай разьвязцэ". Адальф Клiмовiч, у Матэрыялах да бiяграфii дзеячоў беларускай культуры i нацыянальнага руху адцемiў: "Собскую тэхнiку будаваньня з дрэва выясьнiў Дубейкаўскi ў падручнiку будаваньня". Новая сыстэма Дубейкаўскага была ўхваленая ў 1923 г. Таварыствам архiтэктараў у Вiльнi. Але гэта была пакуль тэорыя. У 1924 г. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi праектуе касьцёл для мястэчка Дрысьвяты, што на Браслаўшчыне. Тым часам ён будуе царкву старавераў у Вiдзах, факультэт мастацтва Вiленскага Унiвэрсытэту (сёньня Акадэмiя Мастацтваў), лясьнiцтва ў Шумску, падлясьнiцтва ў Кене, прыватныя дамы, уласную сядзiбу ў Вiльнi.

Прыкладам творчасьцi Дубейкаўскага можа служыць i царква старавераў у Вiдзах, перабудаваная ў 1910 г. (па розных зьвестках у 1905, 1912 г.). Моцна пашкоджаная падчас вайны, яна заставалася недабудаваная, i новы праект яе быў складзены ў 1922 г. Вiтанам-Дубейкаўскiм. Царква старавераў - простакутны ў плане будынак з пяцiграннаю аўтарнаю апсыдаю i двусхiльным дахам. Мяркуючы па муроўцы i па стылiстычных асаблiвасьцях (iмiтацыя драўлянага дойлiдзтва) Дубейкаўскi ўзьвёў дзьве вежы, галоўны фасад аформлены трох'яруснай вежай (два чацверыкі i васмярык), завершанай невялiкай гранёнай шатром-цыбулiнай. Над аўтаром пастаўлены яшчэ адна вежа (васьмярык на чацьверыку). Гэткім чынам ён імітаваў прыёмы драўлянага дойлізтва ў цаглянай муроўцы.

Увесь час Дубейкаўскі не перапыняе настаўнiцкую працу. У нашу гiстрыю ён увайшоў i як выбiтны педагог, першы беларускi выкладчык архiтэктуры. Яшчэ ў 1919 г. ён выкладаў на беларускiх настаўнiцкiх курсах у Гораднi i ў Вiльнi. А ў 1925 г. стварае й кiруе Школай Будаўлянага Рамяства ў Вiльнi.

У 1927 г. Дубейкаўскi нарэшце прыступiў да будаўнiцтва першай у сьвеце бажнiцы ў беларускiм стылi. На гары замчышча, якое паўвыспаю заходзiць у Дрысьвяцкае возера, распачалася будова. Праз два гады касьцёл узьнёсься па-над дрысьвяцкiмi разлогамi. "Бярэ ахвота пахвалiцца монумэнтальнай будовай - дзераўляным, трохнавовым з высокай вежай касьцёлам, пабудованым - тымi-ж 16-18-летнiмi вучэньнiкамi, у два летнiх сезоны - у 1927-ым i 1929-ым гадох у Дрысьвятах, у павеце Браслаўскiм (...) сьцены агэблёваны нагладка, у злучвах, мiж вянцоў нi вiдаць анi мшэньня, анi шчэлак, столь - на закладку, а на кантах бэлек цягнiцца разьба шнурочкам (...) i ўсе паасобныя фрагмэнты выпаўнены па-мастацку, а ў агульнасьцi даюць сымпатычную сынтэзу, добра вiдаць прапорцыi асобных часьцiнаў, якiя ствараюць монумэнтальную форму, прыпамiнаючы наш Беларускi стыль".

Касьцёл Пятра i Паўла ўяўляе сабою прастакутную ў пляне бажнiцу з пяцiграннаю апсыдаю, прытворам i двума бочнымi сакрыстыямi. Страха двухсхiльная, над апсыдаю i прытворам - з крыху выгнутымi вальмамi. На галоўным фасадзе высокi, шырокi навес страхi абапiраецца на чатыры тонкiя жалезабэтонныя калёны i ўтварае прасторны портык з бэтонным парапэтам i шырокiм лесьвiчным маршам. На такiя самыя тонкiя калёны з жалезабэтону абапiраюцца кроквы навесаў стрэшкаў над уваходамi ў сакрыстыi. Пакрыцьцё страхi выкананае з мяккае альховае гонты i ўтварае ў нiжняе частцы характэрныя плястычныя выгібы - прыём, спэцыфiчны для традыцыйнага дойлiдзтва Паазер'я. Званiца цэнтральнага фасаду - шасьцiярусная: два нiжнiя ярусы чацьверыковыя, па-над iмi - васьмярык, яшчэ вышэй два цылiндры i невялiкi вэлюмападобны дэкаратыўны лiхтарык, завершаны каваным крыжам. Кожны ярус сканчаецца шырокiмi гзымсамi, трохкутнымi ў сячэньнi, з стрэшкамi з альховае гонты. Самi сьцены вежаў ашаляваныя вэртыкальна ў нахлёст i прарэзаныя нетыповымi для драўлянага народнага дойлiдзтва Беларусi круглымi й арачнымi вокнамi. Дах над апсыдаю завершаны невялiкiм фiгурным купалам зь лiхтарыкам, якi ўзбагачае абрыс i плястыку касьцёла. Але iстотней, што ён намякае на сэмантыку каталiцкае бажнiцы, прысьвечанай сьвятым Пятру i Паўлу. Iнтэр'ер вырашаны крайне проста i цэласна: восем круглых драўляных калёнаў падтрымлiваюць кесанаваную столь, сьцены амаль нешаляваныя. У верхняй частцы прытвора разьмешчаныя вялiкiя хары. Агульная калярыстычная гама iнтэр'еру ўтвараецца за кошт спалучэньня нефарбаванага дрэва розных пародаў (сасна, лiпа, дуб) рознае ступенi апрацоўкi i манахромных арнамэнтальных роспiсаў (пад дрэва) у кесонах i ў аўтары.

Iдэя нацыянальнага стылю разыходзiцца ў Дубейкаўскага з рэтраспэктывiзмам i мэханiчным этнаграфiзмам. Разумеючы "беларускасьць" i як абсалютнае дамiнаваньне дрэва (на манер нарвэскiх дойлiдаў пач. ХХ ст.), ён, аднак, рашуча ўводзiць жалезабэтон i дэкаратыўную каменную бутоўку (невысокi цокаль i прасторная агароджа). Пры гэтым дасягаецца максымальная натуральнасьць, "умантаванасьць" у ляндшафт. Простыя i ясныя абрысы касьцёла ўтвараюць уражваючую дамiнанту на высокiм пагорку замчышча, пасярод паўвыспы, над возерам. Касьцёл зьлiваўся з краявiдам, успрымаўся як ягоная неад'емная частка. Для дасягненьня гэтае мэты Дубейкаўскi адрынуў клясычныя прыёмы архiтэктуры i стварыў сваю iмправiзацыю на народныя тэмы беларускага дойлiдзтва.

На жаль, даводзiцца канстатаваць, што падчас апошняе рэстаўрацыi ў 1993-1995 гг. касьцёла Пятра i Паўла, якi знаходзiўся ў аварыйным стане доўгiя гады, воблiк бажнiцы быў моцна скажоны. У прыватнасьцi, гонтавае пакрыцьцё замененае на блiшчастую бляху, сьцены ашаляваныя i пафарбаваныя, вокны зашклiлi рознакаляровым шклом. Першапачатковы выгляд амаль цалкам страчаны, хоць аб'ём касьцёла па-ранейшаму дамiнуе па-над ваколiцамi, актыўна фармуючы абрыс далягляду. Адсутнасьць дэкору й чужародных матар'ялаў стваралi нязвыклую, арганiчную зьнiтаванасьць будынка з натуральным атачэньнем.

Мысьленьне катэгорыямi арганiчнае архiтэктуры было для Вiтана-Дубейкаўскага вынiкам эвалюцыi ўсяго дойлiдства i ён дакладна гэта адчуў. Дойлiдства i прырода мусяць быць сплеценыя ў суцэльны гуманiстычны асяродак. Цi ня першым сьведчаньнем беларускай экалягiчнай думкi гучаць ягоныя словы: "Лес страшэнна эксплёатуецца i вывозiцца ў нашы гарады i за гранiцу - лесу ўсё малей i ён ужо не спраўляецца з патрэбамi чалавецтва расьцi". На жаль, i гэтая думка выбiтнага дойлiда-патрыёта патанула ў каламуцi ХХ стагодзьдзя.

У 30-я гады Дубейкаўскi па ранейшаму шмат настаўнiчае, працуе ў Беларускiм Iнстытуце Гаспадаркi i Культуры, аднаўляе кляштар у Друi, будуе кляштар пад Варшаваю, мiкрараён на Антокалi ў Вiльнi. Але цяжкая хвароба прыкавала яго да ложка. Ягоная жонка, дзяячка беларускага руху, мэмуарыстка Юльяна Вiтан-Дубейкаўская, у кнiзе Мае ўспамiны пiша: "Сумныя былi Каляды 1938 г. Ляля (сястра) не змагла прыйсьцi, як раней прыходзiла да нас з мужам. Толькi нашыя прыяцелi - беларусы наведвалi хворага мужа. Трывожныя тады былi гутаркi. Справа Данцыга нiчога добрага ня варажыла. (...) Сумна й цяжка мне было, мой добры муж амаль ужо год пасьля цяжкой апэрацыi (рак кiшак), чакаў, калi Бог яго выбавiць ад ягоных мукаў. (...) 6 лiстапада 1940 г. Бог адазваў яго, i ксёндз Адам Станкевiч, якi ў 1922 г. нас вянчаў, яго й пахаваў на Россе ў роднай Вiльнi". I дасёньня нейкiм таямнiчым чынам, пад Дзяды на магiле дойлiда - жывыя кветкi й сьвечы. Пад простым каменным крыжам словы са Сьвятога Пiсаньня: "Ня сумуйця, як тыя, што надзеi ня маюць".

Значны ўклад у нацыянальна-рамантычны кiрунак беларускага дойлідзтва зрабіў Юлiюш Клос, выбiтны польскi архiтэктар, прафэсар Вiленскага Унiвэрсытэту. Найбольш значны ягоны твор у сакральным будаўнiцтве - касьцёл Мацi Божае Анёльскае ў Мяжанах з 1923 г. У гэтай бажнiцы, як i ў Петрапаўлаўскiм касьцёле ў Дрысьвятах, вявiлася квiнтэсэнцыя беларускага нацыянал-рамантызму -прынцыповы зварот да традыцыйных мясцовых будаўнiчых матар'ялаў і канструкцыяў, падкрэсьленая ўвага да ляндшафту, жывапiсная дынамiчная кампазыцыя. Некаторыя запазычэньнi з "закапанскага" стылю, толькi ўбагацiлi плястыку будынка (у прыватнасьцi, загнутыя кроквы вальмавага даху). Аб'ёмна-прасторавая кампазыцыя гэтага драўлянага касьцёла складаецца з асноўнага аб'ёму, да якога прымкнуты прытвор, якi ўвянчаны званiцаю i дзьве апсыды: прастакутныя ў пляне аўтарная, з сакрыстыяй, i пяцiгранная збоку, са званiцаю. Прытвор аточаны адкрытаю галерэяй з шырокiм навесам. Сцены з абчасаных бёрнаў прарэзаныя прастактутнымi й паўцыркульнымi праёмамi, падзеленыя гзымсавым пасам. Будынак пакрыты высокай страхою з выгнутымi вальмамi й плаўна перацякаючымi абрысамi. Выгiны ў нiжняй частцы страхi створаны адмыслова дадатковымi кроквамi, якiя моцна выступаюць за сьцены будынка. Пакрыцьцё страхi выканана з мяккае гонты. Кампазыцыйныя дамiнанты касьцёла - дзьве розныя па абрысах васьмiгранныя вежы, якiя завяршаюць асноўны аб'ём i званiцу. Iнтэр'ер - зальнага тыпу, з плоскай падшытай стольлю.

Касьцёл Божае Мацi Анёльскае ў Мяжанах вельмi блiзкi па духу i канструктыўным асаблiвасьцям да дрысьвяцкага касьцёла. Падкрэсьленая ўвага да месца бажнiцы ў краявiдзе, максiмальнае выкарыстаньне натуральных якасьцяў дрэва, непасрэдная сувязь з традыцыяй i адначасова арыгiнальнасьць кампазыцыi, якая выявiлася ў гульнi рознапамернымi аб'ёмамi, у прасторава разьвiтых крытых галерэях, у дэцэнтралiзацыi дамiнант, таксама наблiжаюць гэты аб'ект да касьцёла ў Дрысьвятах. Творчасьць Дубейкаўскага й Клоса запачаткавала цэлы стыль у беларускiм дойлiдзтве, стаўшы ўзорамi для шырокага перайманьня ўжо ў 30-я гады. Можна пералiчыць некалькi прыкладаў: касьцёл у вёсцы Хаценьчыцы Вiлейскага павета, 1937 г., архiт. Ян Бароўскi i архiтэкт-iнжынер Людвiк Фаркевiч; касьцёл у Крэва, 1933 г., архiт. Пётра Стаброўскi; каплiца ў в. Драздавiчызна Дзiсненскага павета, 1937 г., архiт. Шакiбелка; касьцёл у в. Дукшты Сьвянцянскага павета, 1933 г., архiт. Маркевiч; касьцёл сьв. Станiслава ў вёсцы Далёкiя, Браслаўшчына, 1934 г., адметны сваiм паўцыркульным купалам; а таксама касьцёлы ў Варапаеве, Негарэлым, Лоску, Наваельні, Дукштах.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX