Вярнуцца: Чарнякевіч Андрэй

Шпацыр па Гародні


Аўтар: Чарнякевіч Андрэй,
Дадана: 15-10-2015,
Крыніца: Павач Андрэй. Шпацыр па Гародні // Наша Ніва [2] 15 студзеня 2014.

Спампаваць




З Фарштата да кляштара Бернардзінцаў

Вуліца Маставая, 9

Плошча

...Турма

…І вакол яе

З вуліцы Маркса на Рынак

Ад Рынка на Віленскі гасцінец

У цені "закона"

Ад "Галечы" да "Раскошы"

Уздоўж чыгункі

Гарадзенскі мартыралог

Шляхам да Гарадніцы

Гарадніца

"Новы свет" і яго наваколле

Замест заключэння


Кроў блакітная струменіць...
Вусны чорныя маўчаць...
Нарадзіцца ў Бэтлееме,
У Гародні спачываць.
Юра Гумянюк "Шпацыр"

Сапраўды ў гэтага горада шмат абліччаў. Тут побач існуюць польскі, расейскі, жыдоўскі, савецкі, нават "белорусский" Гродна. Аднак прапанову наведаць менавіта беларускую Гародню і зараз пачуеш зрэдку. І калі штодзень углядаюся паміж нашымі старажытнымі камяніцамі, не пакідае адчуванне, што не было сярод іх жыхароў беларусаў, як ты ні шукай.

Тым часам, беларускасць у Гародні заўсёды была з'яваю натуральнай. Іншая справа, у чым яна праяўлялася і дзе яе шукаць? Гэтая прысутнасць занадта розная па свіх знешніх праявах у кожную эпоху, каб умясціць гісторыю беларускай Гародні ў нейкія вузкія рамкі этнічных прыкметаў. Напрыклад, для X II стагоддзя - гэта Каложа, а для XIII стагоддзя - гэта "русіны", аб якіх узгадвае "Хроніка Дусбурга". У XIV стагоддзі гэта маглі быць "ліцвіны", з гарнізону крэпасці, што перайшлі на бок Вітаўта. Пазней, беларуская прысутнасць праяўлялася як у рэлгійным, гэтак і этнічным кантэксце. У XVI стагоддзі прывілеі каралевы Боны кажуць аб тым, што Гародня мела адначасова двух бурмістраў:аднаго літоўскага і аднаго рускага. Калі ў XVIII стагоддзі беларускасць ледзь бачна на старонках гарадскіх кніг у выглядзі лексічных запазычанняў, дык у 1818 годзе прыёр гарадзенскіх кармелітаў, ксёндз Уладыслаў Казакевіч упрост запісаў сваё паходжанне, як "шляхціц" і "беларус".

"...Горадня, - пісаў Уладзімір Курбскі, - уважаецца за адзін з найстарэйшых цэнтраў беларускага адраджэнскага руху. ...Яшчэ падчас паўстання 1863 года Горадня была сядзібай Кастуся Каліноўскага, які да паклікання яго на ролю кіраўніка Беларусі і Літвы быў горадзенскім ваяводам. ...Распачаты Каліноўскім рух… не загінуў, а паўстанцкія традыцыі і ідэя беларускага сепаратызму захоўваліся тут яшчэ доўгія гады, аж пакуль не дакацілася сюды новая ажыўляльная хваля нацыянальна-асветніцкай дзейнасці Францішка Багушэвіча і Браніслава Эпімах-Шыпілы". Па брукаванцы гарадзенскіх вуліц хадзіла шмат беларускіх дзеячаў: Уладзімір Пігулеўскі - будучы консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі, Уладзімір Тамашчык, пазней адміністратар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Дамінік Аніська, карэспандэнт і супрацоўнік беларускіх каталіцкіх выданняў , Вінцэнт Гадлеўскі, Макар Краўцоў, Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі. А чаго вартыя прароцкія ў пэўным сэнсе словы Марыі Канапніцкай: "Гародня… Тое, што там народзіцца калісьці паміж народам, не будзе Польшчай ці Літвою, але - Беларусью...".

Менавіта з гэтага моманту, калі быць беларусам пачало азначаць свядомы грамадскі выбар, само слова "беларус" у Гародні можна было пачуць усё часцей і часцей. Аднак толькі абвяшчэнне незалежнасці БНР удыхнула новы сэнс у паняцце беларускасці, раскідаўшы навокал прыкметы няпростага сталення нацыі. З гэтага моманту наяўнасць беларускасці ў Гародні па-сапраўднаму ператвараецца з этнаграфічнай з'явы ў гістарычную падзею, а лёс самога горада будзе непадзельна звязаны з лёсам беларускай дзяржаўнасці. Гародні яшчэ давядзецца пабачыць, як упершыню падымаецца над ёй нацыянальны сцяг, пазнаць гонар звацца"другой сталіцай БНР", каб пазней схаваць як мага глыбей, быццам самую страшную з таямніцаў, сваё беларускае мінулае...

Ён проста не мог не быць у Гародні. Магчыма, першы раз Вацлаў Ластоўскі завітаў сюды яшчэ на пачатак 1910-х гадоў, аб чым ускосна сведчыць ягоны верш прысвечаны Каложы. Вынікам падарожных нататак Власта, так гучаў адзін з ягоных псеўданімаў, стаў артыкул у "Нашай Ніве" - першая нам вядомая спроба прадставіць беларускі погляд на мінулае Гародні. "Гóрадня, - Пачынаўся ён, - спрадвечнае паселішчэ беларускае, людзі тут жылі ў часы далёка сягаючыя за памяць гісторыі; перажывалі яны каменны і бронзавы век. Сперша будавалі тут надворныя селішчы, а пасьля на прыткім і высокім беразі Нёмана абаснавалі "горадню", г.зн. мейсцо, абведзенае абгародай і, так ці йначы, умацаванае дзеля абароны ад ворагаў. С часам першачарговая "горадня" ператварылася ў абаронны замак, а каля замку пабудавалася "место" з торжышчамі, тарговымі людзьмі і "славэтным" мяшчанствам. С тых часоў многа вады ўцякло з сівога Нёмана ў мора і з маўклівай Гараднічанкі ў Нёман. Плыла вада, і жыцьцё памалу, але безупынна зьмянялося… Адно ўступала мейсцо другому".

Вось з гэткай мэтай - адшукаць беларускае аблічча нашага горада, а дакладней - адрасы ды мясціны, звязаныя з беларускім нацыянальным рухам - і вырашылі мы выправіцца на шпацыр па беларускай Гародні. Наш шпацыр распачынаецца з левага берага Нёмана - з гарадзенскага Фарштата, адкуль мы пойдзем праз увесь горад, трымаючы накірунак у бок Вільні. "Чаму Вільні?"- можа запытацца нехта. Бо менавіта яна была заўсёды крыніцай натхнення і цэнтрам прыцягнення для Гародні, а таму амаль кожны мясцовы свядомы беларус рана ці позна трапляў у Вільню…


З Фарштата да кляштара Бернардзінцаў

На том баку я бачу зоркі -
У зацішнай, беднай нізіне
Уляпілі цёмныя прыгоркі
Раем форштадскіе агне...
Макар Краўцоў

З левага берага Нёмана, ад муроў Францысканскага касцёла, адкрываецца адзін з самых прыгожых краявідаў Гародні.

Само ж слова "фарштат" паходзіць з нямецкай мовы і азначае "тылы вайсковых умацаванняў". Стагоддзе назад галоўныя здабыткі гарадзенскага Фарштата былі даволі сціплымі: некалькі казармаў, піваварняў, лесапільня, аптэка, касцёл, сінагога, царква ды гатэль "Надзея". Праўда, калі ў самой Гародні каталіцкая інтэлігенцыя гаварыла па-польску, праваслаўная - па-расейску, яўрэі - ламанаю расейскаю моваю, дык уласна Фарштат гаварыў па-беларуску.

Кляштар францысканцаў быў заснаваны яшчэ ў 1635 годзе, аднак манахі-францысканцы даўно ўжо яго пакінулі. А паколькі здымаць пакой на другім беразе Нёмана каштавала вялікіх грошай, хлопцы-беларусы з Сакольшчыны, якія прыехалі вучыцца ў гімназіі - Янка Ляўковіч, па мянушцы Капяльдудка, Адольф Зянюк ды Баляслаў Грабінскі, - спыніліся ў кляштары. Яны падзараблялі рэпетытарствам з пляменнікамі ксяндза пробашча, а за гэта мелі сталаванне і келлю на Фарштаце.

Сябры займалі адну з келляў кляштара, якая, пэўна, захавалася і да нашага часу. Утрох яны належалі да гуртка беларускай моладзі «Хатка». Сам гурток лічыцца першай беларускай арганізацыяй у Гародні. Праўда, ён хутчэй нагадваў зямляцтва, аб'яднаўшы пераважна выхадцаў з Сакольшчыны. Сваю працу гурткоўцы пачалі са стварэння ўласнай бібліятэкі, а ўжо ў лютым 1910 года года адбылася першая ў Гародні беларуская вечарына.

Усведамленне свайго месца пад сонцам прыйшло разам з пачуццём уласнай годнасці як народа. "Горад гэты беларускі, - пісаў адзін з гурткоўцаў на старонках "Нашай нівы", - але дагэтуль аб беларусах нешта мала было чутно, і толькі цяпер пачалі яны тут будзіцца. Спачатку, праўда, ішло туга, але пасля штораз болей і болей пачалі цікавіцца беларускім адраджэннем, і вось цяпер ужо маем нямала беларусаў, каторыя душой і сэрцам прыналежаць да сваёй бацькаўшчыны".

Да таго ж у 1913 годзе накладам у пяцьдзясят асобнікаў гурткоўцы выдаюць літаратурны альманах «Колас беларускай нівы». Ен быў напісаны ад рукі беларускай лацінкай і адбіты на шапірографе.

"З радасцью глядзелі мы на гэты колас - гаварылася ў прадмове да выдання, - хоць адно зярня, пранесенае з далёкіх старон не прапало дарма! Ён нам дарагі, бо поўны зернятак новых, можа не велькіх і недаспелых, але здаровых і родных. Цяпер кідаем мы гэты колас на ветры буйныя. Хай ухопяць яны яго, нясуць па нашай старонцы і рассыпаюць зерняткі на раллю родну. А мо хоць адно зернятко ўпадзе на раллю добру і выдасць хоць маленькі, найменьшы каласочык з параю зернятак: зярнятак кахання бацькаўшчыны і братоў родных ".

Гурток праіснаваў амаль да пачатку Першай сусветнай, а лёс ягоных сяброў склаўся па-рознаму: Станіслаў Грынкевіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, Зыгмунт Абрамовіч выступаў у першай беларускай трупе, Адам Бычкоўскі ўдзельнічаў у першай пастаноўцы купалаўскай «Паўлінкі». Гуртковец Канстанцін Пушкарэвіч - перакладчык, мовазнавец, доктар філалагічных навук - загінуў у блакадным Ленінградзе, літаратурны крытык Уладіслаў Чаржынскі перажыў ссылку.

Што ж тычыцца вышэйузгаданых сяброў, дык Адольф Зянюк стаў апошнім старшынёй гуртка, Язэп Лявіцкі загінуў на фронце. Трэці з хлопцаў, Баляслаў Грабінскі, пазней стаў старшынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай партыі.

Усё атрымалася амаль як у прадмове да часопіса, які яны выдалі: "…З радасцю глядзелі мы на гэты колас..! Ён нам дарагі, бо поўны зернятак новых, можа, невялікіх і недаспелых, але здаровых і родных..."

...Прайшоўшы па мосце, які раней насіў назву ў гонар аб'яднання Беларусі, спынімся каля касцёла Знаходкі Святога Крыжа і былога манастыра бернардзінцаў . Сёння можа здавацца дзіўным, што стагоддзе назад гэты беларускі рух нараджаўся ў цеснай сувязі з каталіцкай царквой. Аднак менавіта ксяндзы аднымі з першых пачалі размаўляць з народам на ягонай мове, палічыўшы, што для беларускага селяніна гэта і ёсць найкарацейшы шлях да Бога. Адначасова з місіянерскай працай прыходзіла разуменне, што таксама і яны з'яўляюцца часткай таго ж народа.

Сам касцёл пачаў будавацца яшчэ ў 1602 годзе, а сёння ў былым кляштары размясцілася Вышэйшая рымска-каталіцкая духоўная семінарыя. Менавіта тут адным восеньскім вечарам 1909 года ў цеснай кватэрцы ксяндза Францішка Грынкевіча і быў заснаваны гурток беларускай моладзі.

Айцец Францішак паходзіў з сялянскай сям'і з Сакольшчыны, а беларускай справай пачаў цікавіцца яшчэ падчас вучобы ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Амаль адразу пасля прызначэння на службу ў Гародню ён пачаў беларускую асветніцкую дзейнасць сярод мясцовай моладзі, паказаўшы сябе як добры арганізатар.

Фактычна, ён патранаваў гурток на працягу двух гадоў. Ф. Грынкевіч адным з першых перадаў у бібліятэку гуртка кнігі са сваіх уласных збораў, разам з гурткоўцамі ездзіў дамаўляцца аб правядзенні беларускіх вечарын. Пазней ён супрацоўнічаў з беларускай каталіцкай газетай «Biełarus», дапамагаючы ёй матэрыяльна, ды прымаў удзел у выданні першага беларускага каталіцкага малітоўніка. Памёр айцец Францішак 26 ліпеня 1933 года, пахаваны на старых каталіцкіх могілках у Гародні.

«Рэвалюцыя і вайна, - піша Адам Станкевіч, - а ў іх выніку ўваскрашэнне Польшчы, стварылі цалкам новыя варункі і новыя заданні беларускай справе, да якіх дастасавацца і сярод якіх актыўна працаваць кс. Ф.Грынкевіч ўжо не патрапіў, бо з'явіўся факт змагання з палякамі, а яны-ж яшчэ ўчарайшыя яго саюзнікі. Пры тым трэба ствердзіць, што ён не цалкам яшчэ ў сваей нацыянальнай свядомасці быў вызваліўшыся з польскай стыхіі. Нейкія духоўныя ніці злучалі ягоная беларускае сэрца з польшчызнай і балела яму, калі іх рвалі беларусы. І ён сваю працу спыніў. Прадваенная ж яго беларуская праца - гэта прыгожае бачанне ў гісторыі беларускага культурнага адраджэння, запісаннае беларускім каталіцкім ксендзом, а змест якого хрэсціянскі і беларускі народніцкі».

З іншых дзеячаў беларускага каталіцкага руху, звязаных з Гародняй, варта ўзгадаць Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча, Уладзіслава Талочку, Віктара Шутовіча, ксяндзоў Радзько і Бароўку. Асабісты сакратар віленскага кс. Е. Матулевіча ўспамінаў, што падчас пастарскага візіту ў Гародню той сустракаўся з суполкай мясцовай беларускай інтэлігенцыі, прадстаўнікоў якой ён у сваім лісце назваў "свядомымі". Аднак трохі пазней, у міжваенны час, беларускі нацыянальны рух і каталіцкі касцёл існавалі ў Гародні амаль не сутыкаючыся адзін з адным.


Вуліца Маставая, 9

Вітай жа, Горадзень, дзяціну
Тваіх муроў, тваей раллі.
Хоць ты прытулішчам будзь сыну -
Выгнанцу роднае зямлі!
Макар Краўцоў

Якраз праз дарогу, насупраць касцёла Бернардзінцаў, знаходзіцца будынак драматычнага тэатра . Пабудаваны ён у пачатку 1980-х гадоў на месцы кляштара бернардзінак, пазней зачыненага расійскімі ўладамі і перададзенага Барысаглебскаму праваслаўнаму манастыру . Па сутнасці, адсюль, з Барысаглебскага манастыра па вуліцы Маставой № 9, і пачыналася «другая сталіца БНР», як пасля назавуць Гародню.

Гледзячы на грандыёзны будынак драматычнага тэатра з фантанамі і тэрасамі, вакол якога вечарамі віруе гаваркі натоўп аматараў сцэнічнай драмы, цяжка ўявіць сабе тое павольнае, ціхае жыццё, якое было тут, на гэтым узгорку, за манастырскімі сценамі ў пачатку мінулага стагоддзя. Аднак у гады пераваротаў і рэвалюцый манастыр таксама мог стаць месцам публічных пасяджэнняў і сходаў, нягледзячы на сваё першапачатковае прызначэнне.

У цэнтр беларускага жыцця гэтае месца пераўтварылася выпадкова, калі у 1915 годзе сюды з Краснастока быў пераведзены дзіцячы прытулак для дзяўчынак. Адначасова з пачаткам Першай сусветнай вайны і суцэльнай эвакуацыяй Гарадзеншчыны летам 1915 года адгарнулася новая старонка ў гісторыі беларускага руху. "З адыходам расейцаў з Горадні, - пісала віленская беларуская газета "Гоман", - адразу выявілася, што ўся маскоўшчына ў нас была толькі наносная. Цяпер расійскай мовы на вуліцах зусім не пачуеш. Затое скрозь чутна наша родная беларуская мова. Людзі, каторым перш розныя "дабрадзеі" намаўлялі, быццам "сорамна" гаварыць "па-просту", цяпер смела і голасна гавораць па-свойму…"

Ужо ў 1917 годзе ў Гародні ствараецца філіял Віленскага беларускага дабрачыннага таварыства "Золак" па дапамозе бедным дзецям, сіротам і інвалідам. "Золак" бярэ на сябе догляд праваслаўнага прытулку і адначасова стараецца надаць яму беларускі характар. Да таго ж менавіта тут, у манастырскіх скляпеннях, яшчэ ў красавіку 1916 года па ініцыятыве В.Ластоўскага і А.Луцкевіча была адчынена першая ў Гародні беларуская школка. Яе настаўнікамі сталі васямнаццацігадовая Тэкля Станішэўская і старэйшы за яе на пяць год Аляксандр Грыкоўскі.

"Як прыемна, як хораша было на сэрцы, - узгадваў пазней урокі ў першай беларускай школе карэспандэнт "Беларускай нівы", - чуць першыя дэкламацыі вершаў у родным слове, або спеў харавых мелодый. Дзеці былі захоплены навукаю; мімавольна вычувалася стараннасць у зразуменні навукі і яе багацця. Тут не было перафарбоўкі духу ў дзяцей, але самастойна кавалася і расла любоў да матчынага слова, да бацькоўскай гутаркі".

Два гады цяжкай, самаахвярнай працы каштавалі Тэклі Станішэўскай і Аляксандру Грыкоўскаму жыцця. Кволае здароўе маладых настаўнікаў не вытрымала ўсіх выпрабаванняў, і яны амаль адначасова захварэлі на сухоты. Першым у сярэдзіне сакавіка 1919 года ў самой Гародні памірае А.Грыкоўскі, а яшчэ праз месяц з Вільні прыйшла сумная вестка аб смерці і Тэклі Станішэўскай…

Тым часам, восенню 1918 года, у Барысаглебскім манастыры размясцілася першая ў Гародні легальная беларуская арганізацыя - Сувязь культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі. Утварыла Сувязь невялічкае кола мясцовых "свядомых" беларусаў: А.Грыкоўскі, Я.Натусевіч, А.Якубецкі, Л.Дзекуць-Малей, Р.Злоцкі, У.Курбскі, С.Качынскі - усяго каля дзесяці чалавек.

Аднак, каб весці палітычную барацьбу, трэба было выступаць ад імя ўсяго народа і Сувязь змяніла назву на Гарадзенскі Беларускі нацыянальны камітэт. 1 снежня 1918 года ў будынку манастыра адбываецца з'езд праваслаўнага насельніцтва Гарадзенскай губерні. З амаль двухсот ягоных дэлегатаў толькі два чалавекі адкрыта выступілі ў абарону беларускасці: прадстаўнікі Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта - Янка Натусевіч і Андрэй Якубецкі. Андрэю Якубецкаму нават удалося заняць месца намесніка старшыні схода. Але барацьба была няроўная. Ягоная прапанова, каб выкладанне ў вясковых школах вялося толькі на беларускай мове, выклікала буру пратэстаў. Якубецкага падтрымаў Янка Натусевіч. У пратаколе сходу асобна адзначана, што ён быў адзіным, хто выступаў па-беларуску. «…Мы не павінны адмаўляцца ад сваёй роднай беларускай мовы, - пачаў ён. - Не забудзьце, што за нашу мову шмат хто пацярпеў!.. Той беларус, - скончыў ён сваю прамову, - хто гаворыць па беларуску!"

У той час, калі ў Гародню з Вільні пачалі з'язджацца ўрадаўцы БНР, беларускі прэм'ер Антон Луцкевіч здолеў ацаніць іх працу. "Малая іх жменька, - пісаў ён у сваім дзённіку, - але яны… смела выступілі ад імя беларусаў". Пазней частка сяброў Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта далучаецца да стварэння антыпольскага падполля і партызанскага руху.

Барацьбу ўзначаліла партыя беларускіх эсэраў. Паводле плана, на Віленшчыне паўстанне павінны былі ўзняць літоўцы, тады як на Гарадзеншчыне - урад БНР і эсэры. Кіруючым цэнтрам беларускага антыпольскага руху ў Гародні стаў Гарадзенскі Беларускі нацыянальны камітэт, а канспіратыўныя сустрэчы падполля адбываліся ў будынку Барысаглебскага манастыра ў памяшканні беларускай школкі. Абавязкі падпольнага каменданта горада выконваў А. Трыпуза. Ужо зімою 1922 года распачынаецца падрыхтоўка да тэрарыстычных акцый. Партызаны рыхтавалі ўзрыў штаба польскага камандавання ды замах на гарадзенскага старасту. Аднак здзейсніць свае планы па арганізацыі ўсеагульнага паўстання беларускім эсэрам не ўдалося.

Тым не менш Барысаглебскі манастыр у Гародні яшчэ доўга заставаўся прытулкам беларускасці. Тут размяшчаліся канцылярыя Беларускай вучыцельскай рады, сакратарыят Беларускага пасольскага клуба, і Беларуская школьна-прытулкавая рада, Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны, рэдакцыя газеты "Селянская гутарка", беларуская кнігарня і аддзяленне Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У манастырскіх келлях знайшлі сабе прыстанішча многія з мясцовых беларускіх дзеячаў.

Да таго ж над брамаю манастыра на свята вывешваўся бел-чырвона-белы сцяг як сімвал беларускасці. Даўжэй за іншых пратрымаўся тут беларускі прытулак. Адным з яго кіраўнікоў была Станіслава Буйло - родная сястра беларускай паэткі Канстанцыі Буйло-Калечыц.

«Дзядзечка даражэнькі! - Пісала Станіслава Буйло ў красавіку 1921 года з Гродна ў Варшаву да Л. Дубейкоўскага. - «Як трывога, дык да Бога». Таксама і я. Так цяпер у нас пагана жывецца без грошаў, што… із гэтай бяды села і Вам пісаць. Можа, Дзядзечка, Вы так дзе выклянчыце трохі грошаў… Ад ураду не атрымліваем грошаў саўсім. Нават у магістрату нам не далі за два месяцы… А тут, як на большае нашае гора, цэны страшэнна пайшлі ўгару. Кожны месяц у нас быў расход 40 тысячаў, а ў гэтым дзеці галадалі і расход - 70 тысячаў. На дзяцей я проста глядзець не магу. Вакон няма, дзверы не зачыняюцца. Дзеці лёгка адзеты, галодныя, гэта штосьці страшэннае… Я з гэтага ўсяго расхварэлася і ляжу ўжо другі тыдзень, але добра, што хоць цяпер нічога не бачу і не ведаю… Дык хутка мусіць і трэба будзе перастаць есці - прадуктаў жа амерыканскіх толкі яшчэ на дзён сем хопіць. Палажэнне страшэннае… Калі можаце, Дзядзечка, памагчы чым-небудзь, дык памажыце».

Напрыканцы дваццатых гадоў, пасля больш чым дзесяцігадовага існавання, беларускі прытулак знік з карты Гародні, а разам з ім згас беларускі агеньчык у Барысаглебскім манастыры...


Плошча

Сяджу перад Фарным касцёлам
пры Богу на лаўцы.
Гародня віруе наўкола
на пляцы.

Стараецца час незваротны.
Яму не належаць
Анёлы спрадвечнай Гародні
на вежах…
Данута Бічэль-Загнетава

Рынак, Ратушная, Гандлёвая, Парадная, Саборная, Фарная плошча, plac Stefana Batorego, Kirchplatz - вось няпоўны пералік назваў гэтага месца цягам апошніх шасцісот год. Ад старой, "сапраўднай", плошчы перад Фарным касцёлам ходу ўсяго толькі некалькі хвілін уздоўж былой фабрыкі Шарашэўскіх. Аднак беларусам, перш чым яны выйшлі з-пад манастырскіх скляпенняў на шырокі гарадзенскі абшар, пераўтварыўшы ідэю нацыянальнага адраджэння з кволай мроі ў палітычную сілу, спатрэбілася даволі часу.

На пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя ўслед за Францішкам Грынкевічам і ягонымі паслядоўнікамі, якія кінулі першыя беларускія зярняткі на гарадзенскую глебу, прыйшла чарга для новых сейбітаў беларускасці. Яшчэ ў канцы 1918 года тут, у зале афіцэрскага казіно ў так званым доме Мураў'ёвых (сёння гэта Савецкая плошча № 2), зладзілі першы ў горадзе беларускі мітынг. А. Смоліч праз гады ўзгадваў, што "лозунгі БНР карысталіся тады ў Гародні поспехам". Тады ж тут была створана Беларуская павятовая сялянская рада, якую ўзначаліў Андрэй Якубецкі.

Аднак сапраўдным выпрабаваннем на сталасць для беларускага руху сталі выбары ў першы польскі сейм у канцы 1922 года. Тады ў якасці адзінага палітычнага цэнтра ствараецца Беларускі выбарчы камітэт у Гародні. Першымі гарадзенскімі беларускімі пасламі сталі Сяргей Баран і Сямён Якавюк. Ужо ў хуткім часе яны разам выступалі на мітынгу ў Гародні ў былым палацы Радзівілаў, чые падмуркі сёння апынуліся пахаванымі пад пліткай Савецкай плошчы. "Народу сабралася поўная саля, - апісваў на старонках "Крыніцы" свае ўражанні адзін з прысутных. - Прамову сваіх паслоў выслухалі з вялікай цікавасцю. Ад іх мы многа чаго даведаліся і ўпэўніліся, што не памёр і не памрэ яшчэ беларускі народ. Ах, як было б добра, каб часцей яны прыязджалі!"

Усяго праз месяц пасол быў арыштаваны і ў хуткім часе асуджаны па абвінавачванні ў стварэнні антыдзяржаўнай арганізацыі. Пазней на плошчы ад імя беларускага пасольскага клуба выступіў Сымон Рак-Міхайлоўскі. У Гародню прыязджаюць і іншыя беларускія дэпутаты: Браніслаў Тарашкевіч, Васіль Рагуля і Фабіян Ярэміч, сенатар Аляксандр Уласаў. Толькі Павел Валошын быў тут каля дзесяці разоў. Прамовы гучаць ужо не толькі на плошчы, але па ўсім горадзе і набываюць усё большую рашучасць.

І зноў улады, каб стрымаць беларускі рух, вярнуліся да правераных сродкаў. Аднак арышты беларускіх паслоў-грамадоўцаў і судовы працэс над імі прывялі толькі да часовага зацішша: Флягонт Валынец, Ігнат Дварчанін, Іван Грэцкі і Павел Крынчык неаднойчы наведваюцца на Гарадзеншчыну. У жніўні 1929 года ў самой Гародні пачаў дзейнічаць павятовы сакратарыят "Змагання".

Так атрымалася, што амаль усе беларускія паслы прайшлі праз турмы, прычым не толькі польскія, але і савецкія.


...Турма

- Што ж ты, хлопча, раскідаешся гадамі,
Год - у Гродне, у Вілейцы - год...
Пазнаёміўся з турмой-мадамай,
Зацягнуў цябе дрыгвяны вір балот…
Валянцін Таўлай

Вось яшчэ адзін адрас, па якім можна пабачыць беларускасць нашага горада.

Вуліца Кірава, на якой знаходзіцца "казённы дом", якраз выходзіць на плошчу. Сама вуліца сфарміравалася яшчэ ў ХV стагоддзі. Гісторыя ж вязніцы бярэ свой пачатак з 1802 года, калі пад губернскую турму быў адведзены двухпавярховы каменны флігель, які ўваходзіў у комплекс былога езуіцкага калегіума.

За царскім часам у гарадзенскую турму з беларускіх дзеячаў, здаецца, ніхто патрапіць не паспеў. Затое ў Польшчы гэта сталася беларускай Меккай. Аднымі з першых гарадзенскую вязніцу "пакаштавалі" беларускія эсэры: Т. Грыб, П. Мядзёлка, Я.Натусевіч.

Тым не менш і ў гісторыі здараюцца выключэнні, а таму не заўсёды беларусы былі толькі вязнямі турмы. Гэтак падчас бальшавіцкага панавання старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта С. Баран стварыў камісію па пераглядзе спраў зняволеных. Праўда, пазней ён сам правеў тут некалькі гадоў....

Беларускія партызаны займалі ў гарадзенскай турме дзве камеры - № 2 і 3. Аднак, напэўна, самым вядомым беларускім вязнем гарадзенскай турмы з'яўляецца Браніслаў Тарашкевіч. Сваё зняволенне ён адбываў у адзіночнай камеры пад № 45. Яго ўтрымлівалі як асабліва небяспечнага злачынца і нават на шпацыр выводзілі асобна ад іншых. Праўда, гэта не перашкодзіла яму падчас зняволення перакласці на беларускую мову паэму «Пан Тадэвуш».

У адрозненне ад іншых беларускіх адрасоў, гардзенская турма працуе і зараз.


…І вакол яе

Снег ідзе. Наляцела на Гродна зіма.
Ходнік слізкі і вузкі. Мур высокі. Турма.
Сягоння з гэтага боку гуляю міма яе.
А што адбудзецца заўтра - маўчаць анёлы мае...
Алесь Чобат "Турма"

Раптам на памяць прыйшлі словы Эклезіяста, які, расчаравана назіраючы за навакольным жыццём, калісьці сказаў: "Няма нічога новага пад сонцам…" Прайшло амаль тры тысячы гадоў, а мы толькі можам паўтарыць гэтыя ж словы наўздагон за біблейскім прарокам.

"За панскай Польшчай" у Гародні было больш за дзясятак спраў над мясцовымі беларусамі. За журналісцкую дзейнасць беларусаў спрабавалі судзіць толькі тройчы. Летам 1919 года беларускія эсэры пачынаюць выдаваць у Гародні газету «Родны край», якую ўзначаліў Міхась Маркевіч. У артыкуле пад назвай «Правам ці мячом»было напісана: «Трэба браць у рукі меч ці касу і ісці руйнаваць гнёзды аднагаловых і двухгаловых арлоў», якія расселіся на беларускай зямлі. Гэткія алегорыі не маглі прайсці незаўважанымі, газету закрылі, а яе супрацоўнікі ледзь пазбеглі суда.

Больш чым год у Гародні не было ўласнага беларускага выдання. І вось, нарэшце, з 2 кастрычніка 1920 года пачынае выходзіць газета «Беларускае слова», рэдактарам якой стаў Уладзімір Шалешка. Аднак ужо праз некалькі месяцаў газета была закрыта, а супраць рэдактара была ўзбуджана крымінальная справа за перадрукоўку артыкула "Адна вера, ды не адзін народ". Ратуючыся ад турмы, рэдактар апынуўся ў Вільні, адкуль пазней перабраўся ў Менск.

Трэці раз гарадзенскія беларусы трапілі пад суд летам 1929 года за аднадзёнку "Пралом" - выданне Гарадзенскага акруговага праўлення ТБШ. Увесь наклад газеты быў канфіскаваны, а ягоныя аўтары - Н.Ламашэвіч, І.Баліцкі ды інш. - апынуліся за кратамі…

Ужо ў незалежнай Беларускай дзяржаве праз семдзесят год пасля закрыцця польскай санацыяй апошняй беларускай газеты ў Гародні распачаўся чарговы працэс над беларускім выданнем. Усё паўтарылася, быццам бы ў крывым люстэрку, нават прозвішча: адзін Маркевіч змяніў другога, толькі на гэты раз размова пра рэдактара беларускай газеты "Пагоня"…

Наогул, першай гарадзенскай беларускай газетай можна лічыць "Беларускі народ". Яна пабачыла свет яшчэ ў нямецкую акупацыю на пачатку 1919 года і дажыла толькі да другога нумара. Вясной таго ж года выйшла некалькі нумароў "Бацькаўшчыны", "Зоркі" і "Беларусі". Усяго некалькі нумароў налічвалі паланафільскія "Беларускі шлях", "Сялянская гутарка", "Беларуская доля" ды газеты леварадыкальнага накірунку: "Вясковы пралетары", аднадзёнкі "Выстрал" і "Гудок". Л.Дзекуць-Малей спрабаваў выдаваць беларускі баптысцкі часопіс, быў надрукаваны на гектографе першы нумар газеты «Змагар».

З усіх гарадзенскіх беларускіх выданняў найбольшую колькасць нумароў мела "Беларускае слова" - больш за сто. Даўжэй за ўсіх, каля двух гадоў, выходзіла "Беларуская думка» - з кастрычніка 1930 па 1932 год.

Як гэта ні дзіўна, побач з турэмнымі мурамі можна знайсці адразу некалькі адрасоў, па якіх у розныя часы месціліся рэдакцыі гарадзенскіх беларускіх газет. Рэдакцыя "Беларускай думкі" месцілася побач з турмой у доме Марыі Вэнжык-Відоўскай - зараз гэта дом па адрасе Кірава № 5. Будынак вядомы яшчэ і тым, што тут пэўны час жыў Лазар Земенгоф - стваральнік мовы эсперанта.

А вось "Пагоня" апошняе прыстанішча знайшла сабе па вуліцы Маркса № 11, што якраз па другі бок ад езуіцкага калегіума. Некалькі год запар, перад тым як адсюль былі канчаткова выселены беларускія ўстановы, у тым ліку "Бацькаўшчына", БНФ ды беларуская кнігарня, гэты дом заставаўся адзіным месцам у горадзе, над якім лунаў нацыянальны штандар...


З вуліцы Маркса на Рынак

Гарадзенцы - дзіўныя людзі ( па сабе ведаю ).
Яны чамусьці ўпэўнены, што нават сонца ўстае на захадзе...
Аляксандр Фядута

Сучасная вуліца Маркса ў XVI стагоддзі была вуліцай рамеснікаў і магнатаў. Сённяшні выгляд яна набыла, галоўным чынам, пасля вялікага пажару 1885 года, у якім згінула значная частка Гародні. Сярод таго, што захавалася, былі брыгіцкі кляштар ды Батароўка. Якраз паміж Батароўкай і брыгіткамі, у доме па адрасе Маркса № 4, пэўны час жыла Людвіка Сівіцкая, больш вядомая пад сваім псеўданімам - Зоська Верас.

У Гародню яна прыехала з бацькамі ў 1909 годзе і тады ж стала адной з заснавальніц гарадзенскага гуртка беларускай моладзі. Яна выконвала абавязкі бібліятэкара пры гуртку, выступала ў спектаклях, перакладала для пастановак п'есы польскіх аўтараў, вяла заняткі з малодшай секцыяй, займалася арганізацыяй выступленняў на вёсцы, ліставалася з беларускімі дзеячамі з Пецярбурга і Вільні.

"Наш дом стаў кватэрай гуртка, - узгадвала пазней Л.Сівіцкая. - Сюды перанеслі бібліятэку. Тут адбываліся рэпетыцыі хору, спектакляў, лекцыі і вечарынкі для малодшай секцыі. Заўсёды былі ў нас сябры з гуртка". Трэба асобна адзначыць, што Зосьцы Верас належыць і асабліва важная роля ў захаванні спадчыны гуртка. Менавіта яна прычынілася да захавання памяці пра першую беларускую арганізацыю Гародні, далучыўшы праз гэта да беларускага руху ўжо новае пакаленне мясцовых беларусаў.

У адрозненні ад Вільні, дзе сфармавалася традыцыя беларускага нацыянальнага руха, у Гародню беларускае адраджэнне прыходзіла хвалямі, адшукваючы з кожным разам усё большую колькасць прыхільнікаў, з тым каб пазней зноў знікнуць, амаль не астаўляючы слядоў. Напэўна асаблівую ролю ў гісторыі беларускай Гародні постаць Зоські Верас займае менавіта таму, што гэта яна здолела пранясці праз дзесяцігоддзі ўспамін пра першыя крокі беларускасці ў нашым горадзе. І гэта дзякуючы ёй, упершыню, магчыма захавалася сувязь паміж пакаленнямі, паклаўшы пачатак традыцыі беларускага адражэння ўжо ў сучаснай Гародні.

Дарэчы, гэтая камяніца стала прытулішчам шмат каму з беларусаў. А ўсё таму, што тут нейкі час знаходзілася праваслаўная кансісторыя. Наогул, да Першай сусветнай вайны праваслаўная царква глядзела на «беларускае пытанне» як на польскую інтрыгу. Той постаццю, якая злучыла паміж сабою праваслаўную царкву і беларускі рух, стаўся былы протаіерэй Барысаглебскага манастыра Іаан Карчынскі.

Калі ў канцы вайны айцец Іаан вярнуўся на радзіму, перад ягонымі вачамі паўсталі не толькі зруйнаваныя хаты і скалечаная гаспадарка, але і цэрквы, пераробленыя ў касцёлы. Магчыма, што менавіта гэта і падштурхнула яго да актыўнай грамадскай працы ўжо на новай, беларускай глебе. Пазней ён становіцца адным з арганізатараў беларускага антыпольскага партызанскага руху і нават піша брашуры,напрыклад: «Чаго чакаць беларусам, асабліва праваслаўным, ад Польшчы. Гутарка дзеда да малодшых».

Дарэчы, у гэтым жа самым доме жылі Пётр Юрэчка ды адзін з лідэраў беларускіх эсэраў Рыгор Злоцкі . Абодва яны былі арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да беларускай партызанкі.

Вядома ж, вуліца Маркса багата таксама і на іншыя беларускія адрасы. Тут працаваў беларускі Саюз спажывецкіх кааператываў, знаходзілася Беларуская нацыянальная радыкальная партыя, жылі І. Тарасевіч - настаўнік гарадзенскай беларускай школы - і Францішак Грынкевіч...

Побач, на вуліцы Гараднічанскай жылі бацькі Уладзіслава Талочкі. "Ксёндз Талочка, - Пісаў пра яго Адам Станкевіч, - быў кіраўніком і галавой, і будзіцелем беларускага каталіцкага руху, як такога. Ясё, што тады рабілася беларускае каталіцкае, - гэта была яго справа". Сам Ул. Талочка пад час беларускай канферэнцыі ў Вільні у 1918 годзе меў сказць: "...Няма на сьвеце вялікшага грэху крыўдыяк душагубства, пакрыўджаньне малых, забойства. З гэтых некалькі слоў ужо ясна, дзе маё мейсца, як каталіцкага ксяндза, зьвязанага паходжаньнем з беларускім народам. Яно ж маё места быць з гэтым людам. Для мяне гэта лагічны абавязак, а не якая рэч густу, сымпатыі". "Выдаў на свет мяне беларускі народ, - Меўся ён запісаць у сваім тэстаменце, - і ўміраю як яго верны сын-беларус".

А мы тым часам, абышоўшы вакол турмы, вяртаемся па вуліцы Маркса зноў на стары Рынак…


Ад Рынка на Віленскі гасцінец

Няма Гародні старой! А тое, што засталося, -
чужое даўно, савецкае; вырвалі месту язык,
і не пад Божым сярпом лапоча яго калоссе!
А серп самазванцаў тых, які панаваў даўно,
ссекся, ступіўся таксама, іржавы, кінуты ў зломы...
Алесь Чобат

Далей шлях наш ідзе ўздоўж Савецкай - адной з галоўных вуліц цэнтральнай часткі горада. Раней яна звязвала Рыначную плошчу з Віленскім гасцінцам і ажно да канца XVIII стагоддзя заставалася ўласна гандлёвым шляхам. Менавіта Савецкая вуліца для большасці і атаясамліваецца са "старой Гародняй". І сапраўды, гісторыя гэтага месца настолькі багата рознымі падзеямі, што мы амаль адразу знаходзім тут прыкметы беларускасці, нават там, дзе іх на першы погляд цяжка пабачыць...

Вось, напрыклад, Савецкая № 7 - менавіта тут знаходзілася канспіратыўная кватэра, дзе спыняўся Кастусь Каліноўскі падчас падрыхтоўкі да паўстання.

Гэтак атрымалася, што амаль ці не галоўным абшарам беларускага грамадскага жыцця ў Гародні сталі мясцовыя гатэлі: у гатэлі "Швейцарыя" па вуліцы Ажэшкі знаходзілася рэдакцыя газеты "Беларускі шлях"; у былым гатэлі "Пецярбургскім" па Калючынскай - канцылярыя Цэнтральнай беларускай рады Гарадзеншчыны; у гатэлі "Метраполь" адбывалася рэгістрацыя добраахвотнікаў у беларускі полк пры літоўскім войску, а ў рэстаране пры гатэлі "Раяль" праходзілі беларуска-польскія вечарыны. Нарэшце, у гатэлі «Гандлёвы» па сённяшняй Савецкай працавала бюро Беларускай вайсковай камісіі.

Па іроніі лёсу ў гатэлі пад шматзначнай назвай "Расія", сёння гэта Савецкая № 23, у сакавіку 1919 года праходзілі чарговыя пасяджэнні ўрада БНР. Тут працавалі Беларускі нацыянальны камітэт, Грамада беларускай моладзі, курсы беларускай мовы, адбываліся беларускія вечарыны, працавала рэдакцыя газеты "Беларусь" і Цэнтральная беларуская рада Гарадзеншчыны, беларускі клуб «Наша хатка».

Гародні, так сама, належыць і гонар святкавання першых угодкаў абвяшчэння БНР вясной 1919 года. Пад час урачыстай вечарыны Антон Луцкевіч звярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежнай. «Сягодня, вітаючы адраджэнне нашай дарагой, змучанай другой няволяй бацькаўшчыны, - сказаў іншы з выступаючых, - б'ецца маё сэрца ад радасці. ...Мы не маем аружжа, ды што аружжа без духу, без нацыянальнай свядомасці - гэта цела без душы...»...

Аб гісторыі БНР можа нам распавесці і наступны адрас. Хаця вядомы кожнаму гарадзенцу "Універмаг" па вуліцы Савецкай № 18 на першы погляд не мае нічога агульнага з беларускім нацыянальным рухам. Але не будзем спяшацца. Сапраўды, сам гандлёвы дом наўрад ці ўяляе сабою гістарычную каштоўнасць. Аднак нас хутчэй цікавіць не ён, а той будынак, які раней стаяў якраз на гэтым месцы.

Менавіта тут, у гатэлі "Еўропа", ці "Еўрапейскі", на пачатку 1919 года спыніўся тагачасны прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў урада БНР Антон Луцкевіч. Назва гатэля як нельга лепш адпавядала той мэце, якая прывяла Антона Луцкевіча ў Гародню.

Нарэшце, напрыканцы вуліцы Савецкай пад № 20 знаходзіцца будынак былога гатэля Лейбы Фэдэра, ён жа - гатэль «Камерцыйны» і «Гандлёвы», пазней, у савецкія часы, - рэстаран "Беласток". Менавіта тут восенню 1920 года спыняліся афіцэры з Беларускай вайсковай камісіі - А.Борык, А.Плескачэўскі, Я. Шурпа, Ю. Лявыкін, А. Якубецкі, Э. Якабіні і Ф. Умястоўскі. Магчыма, што тут жыў і сам Вячаслаў Адамовіч-малодшы, больш вядомы як Дзяргач - вайсковы атаман "Зялёнага дуба".

«Далёка, далёка ад мяне ты, мая дарагая... - пісаў ён, быццам бы развітваючыся з Радзімай. - …І зноў малюся, жагнаючыся на вобраз распятага Бога. Пашлі ёй лепшую долю, дай шчасце зноў пабачыцца з ёю. Бо, бачыш, без яе - жыць не магу...»


У цені "закона"

Там, дзе народу няма,
простаму ж люду "ўсё роўна",
можа быць толькі зіма,
толькі глухая зіма,
толькі гнілая зіма -
як у маленстве ў тым Гродна...
Алесь Чобат

Прыгледзьцеся ўважліва да будынка былога акруговага суда (Савецкая № 31) : на самым версе, над вокнамі, і зараз бачна слова "законъ». Гэта менавіта тут выносілі прысуд беларускім партызанам...

На жаль, сёння з героямі напружана. Можа, таму імёны беларусаў, якія не зламаліся, не здрадзілі ды не расчараваліся, яшчэ больш каштоўныя...

Вясной 1923 года ў Беластоцкім судзе пачаўся гэтак званы "працэс 45-і", на якім судзілі захопленых годам раней беларускіх партызан. Толькі сведкаў па справе праходзіла некалькі дзясяткаў чалавек! Першай сярод абвінавачаных суд выклікае... жанчыну! Маладую, беларускую настаўніцу Веру Маслоўскую з Гародні абвінавачваюць у антыдзяржаўнай агітацыі і вярбоўцы ў беларускую партызанку.

Гарадзенскія беларускі - розная, не падобныя на першы погляд: Людвіка Сівіцкая, больш вядомая пад псеўданімам Зоська Верас, Станіслава Буйло - кіраўніка беларускага прытулка, палітычныя дзеячы - Маслоўская, Аляксючанка, Мядзёлка, настаўніцы Сірафіма Кішко, Краўцэвічанка, Кухарчук-Андрушэвіч, Надзея Ламашэвіч... Затое іх аб'ядноўвалі: клопат пра будучыню беларускага народа, змаганне за ідэялы нацыянальнага Адраджэння, пакутлівы лёс быць першымі.

…Сама Маслоўская для Гародні чалавек невыпадковы. За яе плячыма беларускія настаўніцкія курсы, служба ў Наркамаце асветы БССР, першыя літаратурныя спробы ды сяброўства ў партыі беларускіх эсэраў. Адносінаў да Польшчы ніколі не хавала. Паводле адной з газет, у свой час на сустрэчы амерыканскай харчовай місіі ў Гародні В. Маслоўская "прывяла ў лютасць прадстаўнікоў мясцовых польскіх прытулкаў, бо ў сваёй прамове не падзякавала за дапамогу польскай уладзе".

Разумеючы, што гэта, магчыма, яе апошняя публічная прамова, а можа менавіта таму, яна пачынае сваё выступленне па-беларуску, заяўляючы, што польскай мовай не валодае. Суд запрашае перакладчыка. Калі ж яе пытаюць, ці прызнае яна сябе вінаватай у барацьбе супраць Польшчы, падсудная з годнасцю заяўляе, што імкнулася "да ўтварэння Незалежнай Беларускай Рэспублікі..., каб злучыць у адно цэлае ўсе часткі разрэзанай Беларусі. Непасрэдна супраць Польшчы не змагалася, а таму ў гэтым вінаватай сябе лічыць не можа, бо гэта не злачынства, а абавязак кожнага патрыёта-грамадзяніна перад ягонай Бацькаўшчынай, ці будзе гэта беларус, паляк, ці хто-небудзь іншы".

Адзін з агентаў польскага ІІ аддзела, які прысутнічаў на працэсе над беларусамі, пазней адзначыў у сваёй справаздачы: "Вера Маслоўская паводзіла сябе выключна добра і з годнасцью. На пытаньні заўсёды адказвала на выдатнай, чыстай, нават вытанчанай беларускай мове. Заўсёды ўсьмешлівая, спакойная, бесклапотная, бязь ценю робленай штучнасці, яна здабыла сымпатыі і прыхільнасць ня толькі ў публікі, але і суддзяў. Акрамя , вядома, пракурора. Бо той пастаянна выводзіўся ёю і адвакатамі з раўнавагі...".

Прысуд быў нечакана лагодны як на гэткія абвінавачванні. Ужо праз чатыры гады Вера Маслоўская была на волі.

А яшчэ праз два гады, ужо ў акруговым судзе ў Гародні пачаўся "працэс 72-х", на якім таксама судзілі беларускіх партызан…


Ад "Галечы" да "Раскошы"

...Лезла вёска і лезла - і павылазіла.
Не хачу ўплятацца ў тутэйшы букет.
Тут заморскім гасцям лепяць honoris causa
і спяваюць, што маюць Універсітэт.
Алесь Чобат

Адразу за былым судом пачынаецца вуліца Ажэшкі. Яшчэ ў сярэднявеччы на гэтым месцы праходзіла дарога на Верцялішкі - радавое ўладанне гарадзенскага кашталяна Давыда Гарадзенскага. Нейкі час яна называлася вуліцай Раскошы (па назве карчмы, якая знаходзілася пры ўездзе ў горад). Прычым заканчвалася вуліца таксама карчмой, якая насіла назву - «Галеча» ("Нэндза" )…

Ужо ў першым жа будынку (Ажэшкі № 1) , так званым палацы князёў Масальскіх, ці яшчэ інакш - доме купца Фрумкіна, беларуская прысутнасць набывае канкрэтныя абрысы. Улетку 1920 года ў гэтым будынку размясціліся розныя бальшавіцкія ўстановы. А сярод супрацоўнікаў новай улады былі і такія вядомыя беларускія дзеячы, як Аркадзь Смоліч і Сымон Рак-Міхайлоўскі...

Падчас кароткага перыяду існавання ў горадзе савецкай улады С. Рак-Міхайлоўскі працаваў школьным інструктарам аддзела народнай адукацыі і займаўся арганізацыяй школ у Гарадзенскім павеце. Жыў ён на адной кватэры з сям'ёй Смолічаў. Мясцілася яна хутчэй за ўсё менавіта ў былым доме Фрумкіна. Сам Аркадзь Смоліч уладкаваўся ў Гарадзенскі рэўкам кіраўніком агранамічнага пададзела. Дарэчы, у гэты самы час ён працягваў працу над манаграфіяй «Геаграфія Беларусі».

Чарговы будынак па вуліцы Ажэшкі № 4 уяўляе сабою даволі рэдкі для Гародні прыклад стылю канструктывізму. А яшчэ раней на гэтым месцы знаходзіўся гатэль "Швейцарыя". Менавіта ў адным з пакойчыкаў гэтага гатэля ў сярэдзіне 1928 года і размясцілася сядзіба гарадзенскага акруговага камітэта Таварыства беларускай школы. ТБШ мела штатнага інструктара, уласную бібліятэку і драматычны гурток. Таварыства зладзіла вечарыну памяці Максіма Багдановіча…

Прайшоўшы трохі далей па гэтай вуліцы, трапляем да бюста знакамітай польскай пісьменніцы працы Р.Зерыха. «Малодшая сястра Адама Міцкевіча», «гарадзенская самотніца», «стражнічка крэсаў» - гэта ўсё пра яе. Постаць Ажэшкі для Гародні цяжка пераацаніць. У доме па тагачаснай Садовай збіраліся ўсе тыя, хто імкнуўся да ўвасаблення шчырых нацыянальных ідэалаў, і не толькі польскіх. "...Некалькі тыдняў таму, - пісала яна ў адным з лістоў, - у мяне гасціў … пан Багушэвіч. Вельмі прыемна правяла з ім некалькі гадзін. Чытаў мне сваю беларускую паэзію. Нават перапісаў для мяне адзін верш, таксама па-беларуску. На самай справе, гэта вельмі ладныя рэчы; яны маюць нейкую сваю асаблівую прывабнасць, і мне вельмі цікава зразумець іх і пасмакаваць..."

Але - у каторы раз! - гісторыя адкрывае перад намі сваё асаблівае пачуццё гумару. Сёння помнік гарачай польскай патрыёткі апынуўся якраз на тым самым месцы, дзе вядомы журналіст і пісьменнік Л. Саланевіч выдаваў "Северо-Западную жизнь" - орган расейскіх манархістаў...

Наступны прыпынак - каля моста праз Гараднічанку, дзе ў сярэдзіне красавіка 1919 года атрад Польскай арганізацыі вайсковай ажыццявіў напад, каб вызваліць Казіміра Цвірку-Гадыцкага-_былога выкладчыка Слуцкай гімназіі і сябра камісіі БНР па арганізацыі Беларускага ўніверсітэта. Цвірка-Гадыцкі быў арыштаваны па загадзе ўрада БНР за тое, што завёз у Варшаву ліст, у якім ад імя прыдуманага Усебеларускага з'езда абвясціў аб уваходжанні Беларусі ў склад Польшчы.

Адразу насупраць дома Э.Ажэшкі ўзвышаецца галоўны,ці, як яго яшчэ называюць , "стары" корпус Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, што носіць імя Янкі Купалы. Перад будынкам у 1964 годзе быў пастаўлены бюст самога паэта працы скульптара 3. Азгура.

Яшчэ з савецкіх часоў органы дзяржбяспекі былі ўпэўнены, што ўніверсітэт, а тады яшчэ педінстытут, засмечаны "чуждымі элементамі". Найбольш прыкметнай "беларускай" справай стаў арышт у сярэдзіне 1950-х выкладчыка Барыса Ржэўскага, які напісаў ліст да партыйных уладаў у абарону беларускасці. "У Гародні на бясконцых допытах, - узгадваў пазней Янка Брыль,- яго не білі, нават і не надта лаялі. Следчы…, слухаючы беларускія тлумачэнні пажылога педагога, толькі зверху пасміхаўся: "И кому это нужно?.. Ком-му эт-то нуж-но?..".

Уласна цкаванне супраць педагога пачалося з таго, што Б.Ржэўскі прачытаў свой ліст адрасаваны да партыйных уладаў ў абарону беларускасці аднаму з сябраў, а прачытаўшы "схаваў яго туды, адкуль дастаў - пад мармуровы цяжкі пісьмовы прыбор на сваім рабочым стале". У пісьме тым пісалася, што "нават на шматлюдным пахаванні Якуба Коласа галоўны ідэолаг БССР... афіцыйны жаль агучваў з урадавай трыбуны па паперцы ды па-руску, паныла паўтараючы: "Наш дорогой Константин Михайлович Якубколос...". "Калі гэбісты прыйшлі першы раз, - піша Я. Брыль, - яны не сталі нічога шукаць-русшукваць, адразу сеганулі да стала, паднялі той пісьмовы прыбор..." "...Толькі Барыса забралі, на кватэру да іх прыйшлі з ператрусам ...з шуфляды яго стала дасталіся пісьмы, ды многа іх, а ў адным пісьме аказаўся і мой фотаздымак, на якім я ў вясёлым рогаце. І ператрушчыкі, калі адзін з іх уголас зачытаў надпіс на абароце здымка, амаль зусім па-людску засмяяліcя". На адваротным баку фатаздымку з нагоды нейкай літаратурнай прэміі было напісана: "прими от морды, вкусившей славы".

Нездарма тая ж Ларыса Геніюш, якая прызнавалася ў любві да нашага горада, пісала: "У Гародні... закрываюць у цэлых класах беларускую мову, нават тых пару гадзінаў, што давалі. Няма там ніводнай беларусай школы! Гародня - як прорва, чужая, чорная яма, дзе ліквідуецца ўсё беларускае..."

Мы ж паспрабуем адшукаць адрасы, па якіх у міжваенныя часы знаходзілася ў Гародні беларуская школа, хоць справа гэта даволі няпростая. Найперш гэта Барысаглебскі манастыр: на месцы сучаснага драматычнага тэатра з 1916 года дзейнічалі беларуская пачатковая, а трохі пазней беларуская прытулкавая школкі. Тут жа восенню 1920 года адчынілася Гарадзенская беларуская гімназія, якая пасля перанеслася ў былы архірэйскі дом ( зараз гэта камяніца па вул. Горкага, 2 ). Зусім нядоўга, менш за паўгода, праіснавала беларуская школа ў будынку былога Пушкінскага вучылішча( сучасны педагагічны каледж па вуліцы Леніна), адкуль яна была вымушана перабрацца на вуліцу Палявую (зараз вул. Карбышава,10), а адтуль - у былую Марыінскую гімназію. Наступны будынак ,які займала беларуская школка з 1921 прыблізна па 1925 год,- Сапёрная № 6 (сучасная плошча Тызенгаўза), насупраць старога тэатра.

"Школа, - чытаем мы ў "Інструкцыі аб адчыненні беларускіх школ на Гарадзеншчыне…", - абслужвае сама сябе: падмятаюць і мыюць падлогу, праціраюць шкло і рамы, паляць печы, абчышчаюць снег і г.д. - самі вучні разам з настаўнікамі ( водлуг прынцыпаў працоўнай школы ). Бацькі-ж вучняў памагаюць у забяспячэнні школы патрэбнымі мэблямі. Падручнікі выдаець вучням настаўнік з сваіх запасаў, калі мае. Калі кніг бракуе на ўсіх, дык выдае бяднейшым. Калі-ж кніг няма ў настаўніка, дык ён дастаець іх ад Школьнай рады за кошт вучняў. Так сама сшыткі, пёры, алоўкі і інш. купляюцца ім-жа на кошт вучняў. Навука вядзецца па праграмах, зложаных і надрукаваных Цэнтральнай беларускай школьнай радай у Мінску, прычым, акрамя прадметаў агульнай веды абавязковых у беларускай пачатковай школе, трэба звяртаць значную ўвагу на фізычнае выхаванне дзяцей, на беларускія спевы, гульні. У школе ўжываюцца беларускія падручнікі, друкаваныя кірыліцай. У залежнасці ад мясцовасці, пачынаюцца на трэцем годзе навукі знаёмства з лацінскім шрыфтам і чытанне кніг друкаваных лацінкаю…".

Апошні прытулак ажно да свайго закрыцця ў 1927 годзе школа знайшла па вуліцы Паўночнай. Зараз у гэтым будынку па адрасе Валковіча, 1 - філіял сельскагаспадарчага ўніверсітэта.

Вось тут, побач з кніжнай крамай, і прыпынімся на хвілінку.


Уздоўж чыгункі

На вуліцы Леніна ў Гродна Ленін не жыў ні дня
і ні дня не жыла тут ленінская радня.
Але на вуліцы Леніна ленінцаў шмат жыве.
Ленінцы - гэта ў каго ўсё правільна ў галаве.
Алесь Чобат

На гэты раз у якасьці напрамку нашага шпацыру мы выбралі чыгунку, уздоўж якой і выправімся па вуліцах Будзённага, Леніна ды Антонава ў накірунку да старых муніцыпальных могілак.У адрозненне ад цэнтра, вуліцы гэтыя значна маладзейшыя,але ў кожнай з іх ёсць сваё аблічча.

Як і кожны сярэднявечны горад, Гародня таксама бярэ свой пачатак ад гарадскіх брамаў. Праўда, сёння іх замяняе чугуначны вакзал, які адчыняе шлях у горад. Калісьці ён стаў сапраўднай брамай, праз якую ў новае жыццё увайшло шмат людзей. Перш за ўсё гэта былі прадстаўнікі сённяшняга старэйшага пакалення, якія прыехалі яшчэ юнакамі ў Гародню ў пошуках "новай долі". Той жа Васіль Быкаў, напрыклад, пісаў, што сваю "першую гарадзенскую ноч правеў на вакзале". "...Якраз на дзень Перамогі цягніком цераз Баранавічы паехаў у Гародню, горад, дзе ў мяне не было аніводнай знаёмай душы", - узгадваў пісьменнік. Пазней яму прыйшлося правесці ў Гародні "тры доўгія бескватэрныя гады, перажыўшы не адну кватэрную драму".

Праўда, у 1956 годзе ён пераехаў на вуліцу Падгорную, "паблізу ад Нёмана", як сам пазней узгадваў. Адсюль і бярэ пачатак ягоная творчасць: "У кватэры было малаўтульна і сцюдзёна, па ваду трэба было хадзіць праз тры двары. Але я ўвесь дзень быў вольны і пачаў пісаць". Пазней сям'я Быкава змяніла некалькі адрасоў. Па вуліцы Алега Кашавога (зараз Вялікая Траецкая, дом 28, кватэра 20) яны жылі на першым паверсе, у невялікай кватэры, усяго 40 квадратных метраў, да таго ж падзеленай на тры пакойчыкі. Акно быкаўскага кабінета выходзіла якраз на гаманкую гарадскую вуліцу. Другі адрас - Свярдлова, 18-30. Вузкая вулачка Маладзёжная ад Брыгіцкага касцёла выходзіць наўпрост на новы дом Васіля Быкава. Апошняй гарадзенскай кватэрай, з якой Васіль Быкаў з'ехаў у Мінск, сталася чатырохпакаёўка ў доме для партыйных босаў па вуліцы Парыжскай камуны 9-11 ( за значнасць пасадаў, якія займалі ягоныя насельнікі, у народзе гэты дом празвалі "ластаўчына гняздо" ).

Аднак вернемся да будынка чыгуначнага вакзала. Пастаўлены ўсяго толькі год дваццаць назад, ён замяніў сабою адзін са старэйшых вакзалаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У тых старых мурах таксама было месца для беларускасці. Тут, напрыклад, восенню 1919 года Паўліна Мядзёлка чакала цягнік з Антонам Луцкевічам, каб перадаць яму просьбу аб звальненні з турмы Тамаша Грыба. Аляксей Карпюк меў на чыгуначным вакзале свой працоўны офіс, маленькую каморку на першым паверсе. "Звычайна Аляксей сядзеў за друкаркай, -узгадваў В.Быкаў, - чарговы раз перадрукоўваў свае аповесці, на размову ў яго заўжды не хапала часу".

Сёння фасад вакзала ўпрыгожвае памятны знак у гонар удзельнікаў паўстання 1863 года. І ў гэтым таксама прыкмета сучаснай Гародні. У шмат якіх месцах Беларусі няма падобных помнікаў. А ў Гародні ёсць.

Як калісьці прытулкам беларускасці ў горадзе быў Барысаглебскі манастыр, так сёння "самы" беларускі з адрасоў у Гародні - гэта Будзённага № 48а . У мурах былых табачных складоў Акцыянернага таварыства Шарашэўскіх, пабудаваных яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя, зараз як нідзе больш можна пачуць беларускую гутарку. Падаецца, што зусім нядаўна тут, у сядзібе "Ратушы",- вас сустракаў кіраўнік ГА ТБШ А. Задаля, які падрыхтаваў вечарыну з нагоды чарговага беларускага свята. На жаль, яго ўжо няма сярод нас...

Пройдзем адзін прыпынак і спынімся ля былога Пушкінскага вучылішча (сучасная вул. Леніна № 4 ). Знешне яго фасад амаль не змяніўся, калі не лічыць прыбудовы педагагічнага каледжа, якая схавалася за вуглом. Трэба толькі прайсці некалькі крокаў у глыб сквера паміж вуліцамі Леніна і Будзённага і, гледзячы з гэткай перспектывы, ўявіць сабе, што над старым уваходам, зараз зачыненым, развяваецца літоўскі трыкалёр: жоўты, зялёны, чырвоны, а пад ім на сцяне вісіць герб" Пагоня". Побач шыльда па-нямецку: "Litanische Regierung Ministerium für Weissruthenische Angelegenheiten Grodno", што ў прыблізным перакладзе гучыць як "Міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе ў Гародні". Раптам дзверы адчыняюцца і выходзіць малады чалавек, на выгляд год дваццаці сямі, апрануты ў касцюм вайсковага крою, але элеганта і з густам. На ягоным твары нейкі дзіўны выраз, быццам ён спіць на хаду, бо вочы прыжмураны. Гэта і ёсць пан міністр, а ў нядаўнім мінулым - кіраўніка першага ўрада БНР Язэп Варонка, а зараз кіраўнік Міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе…

Ужо пазней у будынку вучылішча размясцілася беларуская школа на чале з дырэктарам Янкам Антонавым. З гэтым месцам звязаны і Лукаш Дзекуць-Малей - адзін з першых пратэстанцкіх святароў, што далучыліся да нацыянальнай справы. Ён з'яўляўся сябрам камітэта нацыянальнага адраджэння Беларусі, клуба «Беларуская хатка», быў адным з ініцыятараў стварэння Грамады беларускай моладзі і нават выступаў на сцэне мясцовага тэатра ў якасці самадзейнага акцёра!..

Аднак пачакайце. Нам трэба зараз звярнуць, каб праз мост патрапіць на той бок чыгункі, на вуліцу Антонава…


Гарадзенскі мартыралог

Маці Марыя на гродзенскіх могілках спіць.
Камень паставіў па ёй Панцялееў Валодзя.
Надпіс і крыж. І ніякае медзі - і годзе.
Маці душа і без медзі на
Небе звініць...
Алесь Чобат

Ёсць у Гародні вуліца Іерусалімская, якая вядзе проста да старых могілак, а ёсць вуліца Антонава - да рэдакцыі «Гарадзенскай праўды» і гарадскога рынка. І хаця гэта адна і тая ж вуліца, большасць з гарадзенцаў спяшаюцца ўздоўж па Антонава з тым, каб рана ці позна выйсці на свой шпацыр па Іерусалімскай...

Былі ў гэтай вуліцы і іншыя назвы - Новая,Новаўдзеляна над акопам, Lange Reich і нават... Танкістаў. Антонава - гэта апошняя з пяці вуліц, закладзеных на каралеўскіх грунтах на ўсходняй мяжы Гародні. Каля 1783 года сюды былі пераселены пятнаццаць сямей з ваколіц Старога замка з нагоды будоўлі каралеўскай стайні. Паступова вуліца ператвараецца ў магістраль да першых гарадскіх могілкаў і вайсковых крамаў.

Менавіта тут, у доме па адрасе Антонава № 15, жыў Мікалай Якімовіч- адзін з найбольш прыкметных беларускіх дзеячаў таго часу.

Сам Якімовіч скончыў мясцовую вышэйшую пачатковую школу. Пазней, калі быў разам з бацькамі ў бежанстве, давучваўся ў Разанскай гімназіяльнай школе. Ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны. На Радзіму ён вяртаецца ўжо сябрам РКП(б) і супрацоўнікам ЧК для канспіратыўнай працы. Вельмі хутка ён заваёўвае агульныя сімпатыі і аўтарытэт сярод мясцовых беларусаў, асабліва той леварадыкальнай часткі, якая са спадзяваннем глядзела на Савецкую Беларусь, чакаючы хуткага вызвалення. М.Якімовіч заўсёды выбіраў найбольш актыўныя, калі не сказаць баявыя, арганізацыі. Быў сябрам БПС-Р, пазней - КПЗБ, з'яўляўся кіраўніком Гарадзенскага павятовага сакратарыята Беларускага пасольскага клуба, актыўна супрацоўнічаў з віленскімі беларускімі газетамі, пад псёўданімам Нёман выносіў на агульнае абмяркаванне праблемы мясцовага жыцця, чым псаваў жыццё польскім уладам. За гэта М.Якімовіча ўвесь час цкавалі і пры першай нагодзе кідалі за краты.

Аднак найбольш напружаны і актыўны перыяд ягонай дзейнасці прыходзіцца на час паўстання Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, калі М.Якімовіч узначаліў яе Гарадзенскі павятовы сакратарыят. На яго кватэры адбываліся сустрэчы беларускіх паслоў - Б.Тарашкевіча, П.Валошына, С.Рак-Міхайлоўскага - і мясцовых беларускіх дзеячаў. У 1928 годзе ў Вільні на працэсе па так званай "справе 56-і" над кіраўнікамі БСРГ ён быў асуджаны на шэсць год цяжкіх турэмных працаў. Падчас самога працэсу адбыўся вельмі характэрны выпадак. На запытанне, адкуль ён паходзіць, М.Якімовіч адказаў: "Я з Гародні". "З Гродна", - паспрабаваў яго паправіць старшыня суда. "З Гародні", - настойваў падсудны. Прыйшлося старшыні пагадзіцца, што па-беларуску Гродна гучыць як Гародня...

М.Якімовіч быў вызвалены з турмы ўсяго толькі за чатыры дні да смерці. Паводле ўспамінаў яго брата, адразу пасля вяртання з вязніцы ён быў паўторна арыштаваны. "Але паколькі той быў хворы, - узгадваў пазней яго брат, - дык польская дэфензіва адаслала яго ў шпіталь. Па ўказцы польскай дэфензівы і спасылаючыся на неабходнасць аперацыі Якімовіча пазбавілі жыцця, г.зн. - зарэзалі, толькі каб пазбавіцца ад непатрэбнага і небяспечнага элемента". На ягоным пахаванні на гарадскіх могілках прысутнічала каля двухсот чалавек. Паводле данясення польскай паліцыі, праваслаўны протадыякан і псаломшчык, пачуўшы рэвалюцыйныя песні, што спявалі прысутныя, дэманстратыўна сышлі з могілак...

Дарэчы, могілкі (гэта побач з рынкам) з'яўляюцца яшчэ адной адметнасцю сённяшняй вуліцы Антонава. Іх тут адразу некалькі - каталіцкія (былыя фарныя); праваслаўныя, ці, як яшчэ іх называюць, рускія, сафійскія; вайсковыя. На фарных могілках сярод іншых пахаваны Эліза Ажэшка ды айцец Ф. Грыневіч. На праваслаўных могілках знайшлі свой прытулак Марыя Багдановіч (Мякота) - маці паэта.

Ёсць у гарадзенскіх беларусаў і свой мартыралог з імёнаў тых, што паклалі сваё ўласнае жыццё на алтар Бацькаўшчыны, служачы ідэі нацыянальнага адраджэння. Сярод іх першыя беларускія настаўнікі ў Гародні Тэкля Станішэўская і Аляксандр Грыкоўскі, загадчыца беларускага прытулку і сястра беларускай паэтэсы Станіслава Буйло, старшыня Гарадзенскай акруговай управы ТБШ Пётр Сяўрук, сябра беларускай павятовай рады Аляксандр Сініла, Аляксандр Гораш ды інш..

«…Праца яго была такой цяжкай і такой шчырай, - пісала гарадзенская газета «Бацькаўшчына» на смерць беларускага настаўніка А. Грыкоўскага ў сакавіку 1919 года. - … З жалем, сумам і слязамі везлі мы яго ў царкву, …праводзілі яго да магілы, пакрылі кветкамі і пайшлі, пакінуўшы яго на горцы каля Нёмана. З гэтага часу векавечным суседам і таварышам яго будзе Нёман. Нёман будзе заспакойваць яго сон сваім сумным гоманам. Нёман будзе казаць яму аб тым, што робіцца на Беларускай зямельцы. Нёман будзе сведкам, ці стрымаем мы тыя клятвы, што давалі пад чырвоным штандарам над раскрытай, незасыпанай магілай у час расставання. Беларусы, памятайце гэту магілу, памятайце сведку - Нёман, памятайце свае клятвы!»

На жаль, сярод сучасных гарадзенцаў няма ніводнага, хто б ведаў, дзе тая магіла, як не ведаем мы і месца апошняга спачынку большасці з гарадзенскіх беларускіх дзеячаў пачатку ХХ стагоддзя…


Шляхам да Гарадніцы

Прыедуць хлопцы з дальніх вёсак -
хто па навуку, хто па долю.
Ў Гародні запалае восень,
і ўжо не скончыцца ніколі...
Алесь Чобат

На самай справе стары Скідальскі рынак знаходзіўся раней не ў канцы, а ў самым пачатку вуліцы Антонава - там, дзе зараз пабудаваны аўтавакзал, і толькі ў 1976 годзе рынак перанеслі на новае месца. Аб гэтым рынку варта ўзгадаць хаця б таму, што гэта менавіта тут у Гародні савецкіх часоў сустракаліся беларуская вёска і ўласна горад, які паспеў ў чарговы раз змяніць свае звычкі разам з новаю уладай. "...Смешна, - пісала ў адным з лістоў да сваіх знаёмых Ларыса Геніюш, - я хіба ў Гародні хадзіла б на Скідэльскі рынак штодня, каб бачыць там нашых людзей і чуць беларускую мову... Іначай у Гародні яе не чутно, і размаляваныя прадаўшчыцы "ня чуюць", калі звяртацца да іх на мове народу, які засяляе гэтыя землі..."

З гэтым месцам было звязана імя Міхала Валовіча - патрыёта, які паклаў сваё жыццё на алтар Радзімы. У 1833 годзе за ўдзел у паўстанні ён быў пакараны смерцю, а само пакаранне адбылося якраз за скідальскай заставаю...

Але вось мы перайшлі зноў на той бок чыгункі і зараз шпацыруем былым Пясочным завулкам, што сёння носіць імя генерала Паўлоўскага. Праўда, з месцаў, звязаных уласна з гісторыяй беларускага руху, тут можна ўзгадаць толькі адзіны адрас - Паўлоўскага № 15 . Менавіта ў гэтым доме, дзе ў свой час працаваў перавалачны пункт яўрэйскай эміграцыі ў Палестыну і Злучаныя Штаты, на пачатку 1919 года жыў прысланы літоўскім камандаваннем капітан-кулямётчык Б.Гедройц. Ён вучыў салдат з мясцовага беларускага палка майстэрству стральбы з танкавага кулямёта сістэмы "Schwarzlose".

З вуліцы Паўлоўскага трапляем на вуліцу Васілька. Яшчэ ў ХVІІ стагоддзі тут знаходзіліся гарадскія выганы і тылы фартыфікацый "пятроўскіх часоў". За сваю гісторыю яна была Пясочнай, Рыдз-Сміглы, затым - Чапаева. Гэта менавіта на вуліцы Пясочнай яшчэ ў 1902 годзе Яніна Міхноўская напісала першыя агітацыйныя брашуры на беларускай мове, якія былі неўзабаве выдадзены ў Лондане. Праўда, усяго праз два гады друкарня на кватэры Міхноўскай была знішчана паліцыяй, аднак ці не з яе бярэ пачатак гісторыя беларускага друку ў Гародні?

З друкам і ўласна беларускай літаратурай звязана жыццё чалавека,імя якога сёння носіць гэта вуліца. Аднапавярховы драўляны дом Міхася Васілька стаяў унізе, на рагу сучасных Васілька і Карбышава. Згодна з афіцыйным заключэннем, будынак гэты "з'еў грыбок", у сувязі з чым ён і быў разабраны.

На вуліцы Карбышава, таксама ёсць на што паглядзець і аб чым узгадаць. Тут мясціўся шэраг каштоўных камяніц - ажно два банкі ( адзін з царскіх, другі - з польскіх часоў ), будынак рэстарана "Беласток", гарадзенская тэлефона-тэлеграфная станцыя і былая ўласнасць павятовага лекара - дом Тальгейма.

Але звернем нашу ўвагу на будынак, які знаходзіцца ўбаку ад астатніх камяніц, быццам бы на нейкай выспе. Сёння там (па адрасе Карбышава № 10 ) працуе мастацкая школа. А трохі менш за сто год таму назад тут знаходзілася Грамада беларускай моладзі. Аднак гэты дом яшчэ і гісторыя аднаго кахання, аб якім варта таксама ўзгадаць. Менавіта ў сценах камяніцы па Палявой успыхнула пачуццё, што звязала паміж сабою дзвюх вельмі прыкметных асобаў - Тамаша Грыба і Паўліну Мядзёлку. Праўда, была яшчэ адна асоба - Бадунова, што ўспрыняла гэтае каханне як уласную трагедыю. Прайшоў час. Загінула ў савецкай вязніцы Бадунова, памёр на чужыне Грыб, і толькі Паўліна Мядзёлка дачакалася такога-сякога прызнання ў савецкай улады, нават выдала кніжку ўспамінаў. Вось толькі на старонках гэтай кніжкі яна прынесла ў ахвяру свае ўласныя пачуцці, апісаўшы свайго былога мужа ў непрывабных фарбах, хаця ў сэрцы трымала зусім іншы вобраз...

Праўда, была яшчэ адна асоба, што успрыняла гэтае каханне, як уласную пакуту. Паплечніца па палітычнай барацьбе Т. Грыба Палута Бадунова - выключная постаць у гісторыі беларускага руху. Аднак, акрамя партыйнай прыналежнасці, яна была яшчэ і жанчынай, якая любіла без узаемнасці. Калі Т. Грыба арыштавалі і кінулі ў вязніцу, П. Бадунова так сама прыязжае ў Гародню.

І зноў не можам не заўважыць іроніі лёсу. Вось яна - былая сядзіба Грамады беларускай моладзі - увасабленне самага лепшага, самага ахвярнага, што было ў беларускім руху, а літаральна насупраць, па адрасе Карбышава № 7, у канцы ліпеня 1926 года пасяліўся чалавек, які ўвайшоў у гісторыю беларускага руху як правакатар і здраднік...

Міхаіл Ханевіч больш вядомы пад сваёй партыйнай мянушкай як Гурын-Маразоўскі. Гэта менавіта ён з'яўляўся адным з кіраўнікоў гэтак званай сецэсіі ў КПЗБ. У Гародні Гурын планаваў стварыць новую беларускую партыю - Бюро сацыялістычнага саюза. Аднак, калі ён вяртаўся ўвечары дахаты, быў цяжка паранены. З васьмі стрэлаў адна куля трапіла яму ў нагу, а другая - у плячо. Польская паліцыя палічыла, што «замах быў арганізаваны на палітычнай глебе». У гэты раз ён выратаваўся, але ўсяго праз два гады быў забіты па загадзе камуністычнай партыі як правакатар. Гэтак ён і ўвайшоў у гісторыю. І ніхто зараз не ўзгадае, што найперш гэта быў чалавек, які таксама шчыра любіў сваю Радзіму...

Збочваем з Карбышава на Сацыялістычную і, прайшоўшы літаральна пару крокаў, падыходзім да самага старога ў Гародні кінатэатра "Чырвоная зорка". Гэта тут у канцы красавіка 1922 года прайшоў Беларускі з'езд прадстаўнікоў ад вёсак Гарадзенскага павета. Згодна са справаздачай, на ім прысутнічала больш за паўтары сотні чалавек, а самім з'ездам кіравалі Яўген Міткевіч і Янка Шурпа. Абодва гэтыя дзеячы трапілі ў гісторыю як дэклараваныя паланафілы і... палітычныя авантурысты. Янка Шурпа паходзіў з-пад Гародні і прайшоў шлях ад беларускга настаўніка да вярбовачнага афіцэра Беларускай вайсковай камісіі. Ужо пазней ён стаў адным са стваральнікаў нацыянальнай радыкальнай партыі "Еднасць" і больш праславіўся сваімі сувязімі з дэфензіваю.

На гэткі выпадак у палітычным лексіконе быў прыдуманы тэрмін "казённыя беларусы"…


Гарадніца

Места Гародня застаецца
вялікай сцэнай тэатра абсурду.
Медны Ленін блішчыць - як вылізаны.
Споўніўся польскі праклён пары міжваеннай:
"Каб цябе немцы акупавалі, а саветы вызвалілі!"
Алесь Чобат

З Сацыялістычнай трапляем проста на плошчу Тызенгаўза - адміністрацыйны і культурны цэнтр Гарадніцы…

Гародня нашых дзён. У старым парку, у самым цэнтры Гарадніцы, амаль што на падмурках былога палаца Тызенгаўза, сабралася трыста-чатырыста чалавек пад забароненымі нацыянальнымі сцягамі. Шлях у цэнтр горада на плошчу перакрыты кардонамі міліцыі, праз які святочнай калоне, у асноўным мясцовай беларускай інтэлігенцыі ў другім-трэцім пакаленні, не прабіцца. Час ідзе і трэба выбіраць, у які бок рухацца далей. Улады падганяюць, загадваюць ісці да Каложы, на пустку. І ў гэты момант пачынаеш разумець, наколькі нам, сучасным гарадзенцам, не хапае ведання ўласных традыцый беларускага руху. Вось жа ён - былы архірэйскі дом, і шлях да яго вольны. Перад ім якраз хопіць месца, каб сабрацца ўсім. Дзе, калі не тут, павінна адзначацца свята Незалежнасці?..

Чырвоны трохпавярховы будынак побач з плошчай па адрасе Горкага № 2/2 у вайшоў у гісторыю пад шмат якімі абліччамі - палац віцэ-адміністратара, "квартэра паўнамоцнага пасла расійскага", дом Дзяконскага, палац Валіцкага, архірэйскі дом, корпус медуніверсітэта. У сярэднявеччы на гэтым месцы, побач са старажытным Віленскім трактам, месцілася царква Святога Мікалая. На жаль, у сярэдзіне XVIII стагоддзя ад царквы засталіся толькі крыж ды могілкі. Сам палац быў спраектаваны І.Мёзерам як частка комплекса Гарадніцы і будаваўся каля дваццаці год. Менавіта тут, пры сядзібе праваслаўнага епіскапа Уладзіміра, у пачатку 1919 года знаходзілася кватэра беларускай камендатуры і частка эскадрона Першага беларускага гарадзенскага палка. Праўда, Першы беларускі гарадзенскі полк можна аднесці да адной з найбольш супярэчлівых старонак гісторыі беларускага руху ў Гародні…

Свой пачатак Першы беларускі гарадзенскі полк бярэ ў снежні 1918 года, калі ў Вільні было вырашана стварыць беларускія часткі ў складзе літоўскага войска. Першапачаткова літоўскім урадам планавалася арганізаваць адну беларускую брыгаду агульнай колькасцю ў 8-10 тысяч салдат. Тым часам да Вільні набліжаюцца бальшавікі і фарміраванне беларускага палка пераносіцца ў Гародню.

Першапачаткова для ўтрымання палка не было ні сродкаў, ні адзення, ні памяшканняў. Першыя дні штаб палка знаходзіўся ў гатэлі, а большая частка салдат жыла па кватэрах. Беларускія часткі ў Гародні размяшчаліся ў Крывой афіцыне пры Аляксандраўскім пляцы, у Сапёрных казармах (зараз вайсковы шпіталь), адзін батальён знаходзіўся па Жандармскім завулку, а конны эскадрон М.Глінскага - у канюшнях С.Якавюка. Страявыя заняткі праводзіліся на плошчы Аляксандра Неўскага (сучаснай Тызенгаўза). Прадукты, абмундзіраванне, зброя закупаліся праз нямецкага каменданта горада. Грошы на ўтрыманне палка выдаткоўваліся літоўскім ўрадам, а таксама выдзяляліся з падаткаў, атрыманых ад мясцовага насельніцтва.

Калі і было ў гарадзенскім палку штосьці сапраўды беларускае, то толькі дзякуючы К.Езавітаву і К.Дзямідаву. Менавіта М.Дзямідаў, які, безумоўна, меў арганізатарскі талент, стварае асобны батальён, эскадрон гусараў, жандармерыю, чыгуначную, пачтовую і тэлеграфныя службы. Своеасаблівая "беларусізацыя" палка пачынаецца з сярэдзіны сакавіка 1919 года разам з прызначэннем Кастуся Езавітава ягоным новым камандуючым. 27 сакавіка полк афіцыйна атрымаў назву Першага беларускага гарадзенскага палка пяхоты. У пачатку красавіка 1919 года, калі распачынаецца эвакуацыя нямецкіх войск з Гародні, беларускія часткі ў горадзе налічвалі каля 500 чалавек.

Польскае Галоўнае камандаванне ўважліва сачыла за фарміраваннем беларускіх частак, асцерагаючыся, каб Гародня не ператварылася ў другі Львоў, вакол якога ўжо некалькі месяцаў ішлі зацятыя польска-ўкраінскія баі, якія канчаткова сапсавалі рэнамэ Польшчы на міжнароднай арэне. Скарыстаўшыся момантам, калі К.Езавітаў разам з літоўскай дэлегацыяй ад'ехаў на перамовы ў Варшаву, упаўнаважаны польскага Генеральнага штаба ў Гародні палкоўнік Нямірскі прапанаваў часоваму камандзіру палка А.Успенскаму заключыць пагадненне, каб беларускі полк не супраціўляўся ўваходу ў Гародню польскага войска. Той згадзіўся, аднак у адказ запатрабаваў ад палякаў прызнаць прыналежнасць палка да літоўскага ўрада і не ўмешвацца ў яго ўнутранае жыццё.

24 красавіка ў горад вяртаецца К.Езавітаў, які катэгарычна выступіў супраць пагаднення з палякамі і загадаў тэрмінова эвакуіраваць беларускія часткі з Гародні, аднак з Коўна прыйшоў загад з пацвярджэннем папярэдняй умовы, згодна з якой полк заставаўся ў горадзе і пераходзіў пад частковае польскае камандаванне. К.Езавітаву заставалася толькі прачытаць гэты загад у прысутнасці ўсіх афіцэраў палка, пасля чаго, перадаўшы камандаванне палкоўніку Антонаву, ён ад'ехаў у Коўна.

Сёння падаецца амаль немагчымым, каб аднойчы ў Гародні з'явілася вуліца імя Канстанціна Езавітава. Немагчымым, таму што для шмат каго ён усё яшчэ калабарнт і беларускі нацыяналіст. Ці інакш - сперша нацыяналіст, а ўжо канчаткова - калабарант. І ўсё ж такі, гэта гучыць - Вам куды? На вуліцу Езавітава!

Напярэдадні канчатковай эвакуацыі немцаў, уначы з 26 на 27 красавіка, штурмавы атрад Польскай арганізацыі вайсковай раззброіў эскадрон беларускіх гусараў. Салдат эскадрона пад вартай палякі адвялі вакольным шляхам у маёнтак Станіславова, дзе забарыкадаваліся ў палацы, выставіўшы перад брамай захоплены ў беларусаў кулямёт. 28 красавіка ў Гародню ўвайшлі польскія рэгулярныя часткі. На наступны дзень беларускі полк перайшоў у падначаленне польскаму камандаванню Гарадзенскай крэпасці.

Лёс Першага беларускага гарадзенскага палка і ў значнай ступені ўсяго беларускага руху ў Гародні вырашыўся летам 1919 года. Роўна праз месяц пасля прыходу палякаў беларускі полк зменшыўся амаль напалову і налічваў усяго 37 афіцэраў і каля 200 салдат. 1 чэрвеня каля 18.00 польская рота была выстраена насупраць штаба беларускага палка. З будынка беларускай камендатуры былі зняты беларускія і літоўскія штандары і шыльда з "Пагоняй", а афіцэры беларускага палка абавязаны былі здаць зброю каменданту крэпасці пад распіску. Яшчэ праз два тыдні жаўнеры-каталікі былі выдзелены асобна і адведзены ў польскія казармы, а ўсе астатнія атрымалі пасведчанне аб дэмабілізацыі. Афіцэры часова заставаліся ў рэзерве крэпасці з забаронай выязджаць з Гародні…

На гэтым Першы беларускі гарадзенскі полк перастаў існаваць.


"Новы свет" і яго наваколле

Ад вуліцы Каліноўскага -
чыстага бору струна.
Снуецца з Нёмана горад,
як ніткі з верацяна.
Данута Бічэль-Загнетава.
Вандроўка па Гародні з Уладзімірам Караткевічам вясной 1965 г.

У назве аднаго з кварталаў старой Гародні - "Новы свет" - увасобілася адразу шмат. Гэта і звычайнае імкненне чалавека да шчасця, і трошкі наіўная вера ў тое, што мінулае магчыма выправіць, перапісаць занава, каб пачаць з чыстага аркуша, спачатку. І, канешне, іронія: вось ён які, наш "Новы свет", што можа змясціцца ў некалькіх вуліцах і завулках. Сёння "Новы свет" - гэта тэрыторыя паміж вуліцамі Станіславоўскай і старой часткай Горкага.

Гэта ў "Новым свеце", на ўскрайку галоўных турыстычных маршрутаў, у драўляным доме на рагу вуліцы Першамайскай прытуліўся музейчык Максіма Багдановіча. Сям'я Багдановічаў пражыла ў горадзе зусім нядоўга: толькі чатыры гады - з 1892 па 1896. За гэты час яны змянілі некалькі адрасоў: жылі ў доме Марушэўскага, Шміта. Здымалі яны пакоі і ў доме Агульніка ў "Новым свеце". Зараз ужо не варта казаць, той гэта дом ці не, бо галоўнае - гэта сам музей і ўласна сама спадчына Паэта.

Зусім побач - мемарыяльная дошка ў гонар Рыгора Шырмы. Гэта той рэдкі выпадак, калі беларускае імя знайшло сваё пачэснае месца сярод гарадзенскіх камяніцаў. Час ад часу да гэтай мемарыяльнай дошкі нехта прыносіць кветкі. Чаго яшчэ можна жадаць? Аднак постаць Рыгора Раманавіча - гэта яшчэ і прыклад таго, як праўдзівая беларушчына ператваралася ва ўмовах псеўдабеларускай савецкай дзяржаўнасці ў бязлікую дэкарацыю. Усё, што было вартаснага ў жыцці гэтага чалавека: ягоная палітычная ды культурна-асветніцкая дзейнасць, гарачая прапаганда беларускай культуры, самаахвярная праца на карысць беларускай асветы - усё гэта было зведзена да ўзроўню фальклорных спеваў у "савецкім Гродна".

У Гародне Р. Шырму "апякалі" прадстаўнікі ворганаў бяспекі, прасунуўшы яму ў кіраўнікі "свайго чалавека". Худка Шырма з'ехаў з Гародні ў Менск, дзе заняў месца ў пантыёне афіцыйных класікаў. Гэтага аказалася дастаткова, каб сёння ягонае імя для большасці гарадзенцаў значыла роўна столька ж, сколькі і імённы тых, каго афіцыйна асудзілі на забыццё.

Адразу за кірхай трапляем на вуліцу Валковіча - былую Паўночную. Гэта менавіта тут жыў Сымон Якавюк - выключная постаць у гісторыі беларускага руху. Шчыра кажучы, нават не ведаем, як яго лепш прадставіць: сябра праўлення Гарадзенскай губернскай беларускай управы, Беларускай Цэнтральнай Рады Гарадзеншчыны, беларускага настаўніцкага саюза, кааператыва «Беларусь», беларускі пасол на сейм… Агент ЧК.

А вось дом па адрасе Валковіча № 5а і разгледзіш не адразу. Найперш ён прываблівае да сябе філіграннаю драўлянаю аздобаю. Аднак ёсць куды больш важкія прычыны затрымацца тут даўжэй. Ёсць падставы лічыць,што менавіта ў ім напрыканцы 1930-х гадоў пасяліўся Вацлаў Пануцэвіч - выдатны беларускі гісторык, які, на жаль, у Гародні амаль невядомы.

Паходзіў Вацлаў Пануцэвіч з-пад самой Гародні і да беларускага руха далучыўся тады, калі ў польскай дзяржавы надыйшлі самыя змрочныя часы. Яшчэ пад час вучобы на юрыдычным факультэце віленскага ўніверсітэта ён стаў адным з арганізатараў "руху маладых адраджэнцаў". З выбухам Другой сусветнай вайны апынуўся ў Гародні, дзе выкладаў у мясцовай школе. Сябра гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта. Далейшая супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі раз і на заўсёды ператварылі яго ў "калабарцыяніста". Пазней, апынуўшыся на эміграцыі, заняўся гісторыяй, аўтар прац: "Жамойдзь і Літва: розныя краіны і народы", "З гісторыі Беларусі, або Крывіччыны-Літвы", "Пачаткі хрысціянства на нашых землях з часоў Ізяслава", «Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918-1919 гадах» ды інш..

Як і былы дырэктар беларускай школы Уладзімір Федарук, чый дом знаходзіцца па вуліцы 17-га верасня №13. Дарэчы, ягоны сын праславіўся як выдатны спартсмен-лёгкаатлет, які здабыў не адзін медаль для роднага горада.

Сваеасаблівым праклёнам для гарадзенскіх беларусаў было тое, што ўсё, без выключэння, да чаго яны дакраналіся амаль адразу пераўтваралася ў палітыку! Іншая рэч, адбывалася гэта, часцей за ўсё, без іх веды і, нават, насупярак іхнім жаданням. Ці варта пры гэтым казаць, што беларуская асвета - амаль пры кожнай уладзе, разглядалася як справа амаль выключна палітычнага гучання. Магчыма менавіта таму, у свой час даведаўшыся пра лёс бяззменнага дырэктара беларускай школкі ў Гародне - Уладзіміра Трафімавіча Федарука, амаль адзінага чалавека, які здолеў на працягу дзесяцягаддзя захаваць сваю беларускасць і нават спрабаваў яе адстойваць. Уладзімір Федарук здолеў захаваць пасаду настаўніка і тады, калі сама беларуская школа была ўжо зачынена, а летам 1928 года ён, нават, з'яўляўся кіраўніком курсаў беларускай мовы для настаўнікаў гарадскіх школ. І толькі ў 1939 годзе, калі беларускасць, нават тая, што здолела ацалець, зноў пачала разглядацца, як палітычная справа, Уладзімір Федарук па даносу быў арыштаваны і рэпрэсаваны ворганамі НКУС.

Не памятаюць (ці не хочуць памятаць) пра Мікалая Марцінчыка - былога старшыню Беларускага студэнцкага саюза ды рэдактара вядомага часопіса "Студэнцкая думка". Ён жыў ужо зусім на ўскрайку "Новага свету" ( Лермантава № 8 ).

Мікалай Марцінчык адносіўся да той новай генерацыі беларусаў, якая прыйшла на смену старым дзеячам часоў БНР. Старшыня Беларускага студэнцкага саюзу, намеснік старшыні Галоўнага праўлення ТБШ, рэдактар вядомага часопісу "Студэнцкая думка", ён з'яўляўся значнай постаццю сярод тых беларусаў, якія спрабавалі трымацца легальнай плыні, аддаваючы перавагу культурніцкай дзейнасці. Беларускую культуру, аднак, Марцінчык прасоўваў не таму, што баяўся займацца палітыкай, а таму што ў тых рэальных умовах лічыў гэта адзіным магчымым крокам дзеля ўсяго руху. Ці быў гэта крок у правільным накірунку, зараз цяжка казаць. Паказальна іншае. За сваю дзейнасць ён амаль адначасова быў "адзначаны" з дзьвух супрацьлеглых бакоў: адна з рэзалюцыяў ЦК КПБ за адмову ад рэвалюцыйнай барацьбы закляйміла яго ў якасці "здрадніка" беларускага народа, тады як польскія ўлады, пасля некалькі арыштаў, наогул выслалі Марцінчыка з Вільні ў мястэчка Нараўка на Беласточчыне. Тут ён сустрэў прыход савецкай улады, адсюль у 1944 годзе пераехаў у Гародню, дзе праз нейкі час працаваў галоўным урачом у мясцовым інфекцыйным шпітале. Трэба адзначыць, што сувязь Мікалая Міхайлавіча з горадам над Нёманам усталявалася значна раней. Менавіта ў 1921 годзе, пад час вучобе ў мясцовай беларускай гімназіі ён, згодна ўласным успамінам, упершыню сутыкнуўся з "нацыянальным вызваленчым рухам». Але, з гэткім мінулым, як у яго, наіўна было чакаць спакойнай працы, тым больш у Гародні, дзе як раз распачалася "паляванне на ведзьмаў". Хапіла аднаго бязглуздага даносу, каб патрапіць на восем пакутлівых год у Варкуту! Ягонае чарговае вяртанне ў горад, які паспеў стаць родным адбылося амаль незаўважальным - пра такіх як Марцінчык, рэабілітаваных былых палітвязняў, у слых не размаўлялі. Выратоўваў увесь час толькі прафесійны досвед. Дзеля дасведчанага лекара зрэшты-рэшт знайшлося месца ў дзіцячым доме, у рэнтгенкабінеце.

Вось толькі адзін квартал, як яго ўзгадвае беларускі паэт Юрась Пацюпа: «…На бульвары Ленінскага камсамолу, што ляжаў тут перпендыкулярна, разам кватаравалі Андрэй Пяткевіч і Юры Карэйва. Яшчэ на адным баку квадрата, на праспекце Будаўнікоў, жыў Юрка Голуб. Побач, у прыватным сектары вуліцы Веры Харужай, разам са сваімі бацькамі пад шатамі садочка пажываў Юры Гумянюк. Далей на поўдзень, у прэстыжным доме па вуліцы Горкага, раскватараваўся Аляксей Карпюк. Непадалёк, крыху на ўсход, на пакручастай вуліцы Каліноўскага, у сярэдняй рукі хрушчоўцы асялілася Данута Бічэль-Загнетава. І, нарэшце, яшчэ ніжэй на поўдзень, у інтэрнаце гістфака, што па завулку Даватара, месціўся Едрусь Мазько…»

Біяграфіі беларускіх дзеячаў цяжка назваць «поўнымі». Часцей за ўсё яны складаюцца з некалькіх сціплых архіўных аркушаў, адной-дзвюх дат ды назвы той ці іншай арганізацыі. Убачыць за ўсім гэтым рэальнага жывога чалавека амаль немагчыма. Вось таму беларускія імёны Гародні хутчэй нагадваюць мартыралог, чым нацыянальны пантэон, дзе памятаць больш істотна, чым пакланяцца. Аднак, як заўважыў Валянцін Тарас: "Агеньчык беларушчыны, які ўсё ж заставаўся, хаваўся ў душы Гродна..."


Замест заключэння

Ларыса Геніюш калісьці напісала: " Я так люблю Горадню. Гэта горад і маіх дзядоў...".

Шырма, Шалкевіч, Тарасевіч, Цыхун, Шыдлоўскі, Амельянчык, Валынчык - усіх гэтых людзей аб'ядновывае тое, што ў нейкі момант у іх жыцці саўпалі адразу тры стыхіі: Гародня, беларускасць і музыка. Апошняя была для кожнага рознай, аднак, яна гарманічна аб'ядновывала і працягвала дзьве іншыя. Больш за тое. У польскім Гродна, савецкім Гродно, як і ў сучасным горадзе, куды худчэй пабычыш беларускую Гародню менавіта праз музыку ці з музыкай. Прыкладаў - безліч: ад першага беларускага хору Грамады беларускай моладзі, што спяваў нацыянальны гмін у мурах бернардынскага кляштара, да дзіцячага гуртка, які выводзіў ужо ў нас час за сваім кіраўнікоў спадарыняй Верай кранальнае "Ластаўкі прыляціці...", ад "Жлобскай нацыі", пасля якой хацелася ці то накласці на сабе рукі ці то кідаць усё і бегчы на барыкады да "Кальяна". А скрыпачака таго ж Цыхуна - яна аказалася мацней духавык аркестраў, якія надрываліся, граючы святочныя маршы чарговым уладарам.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што сёння гэтак цяжка пабачыць беларускае аблічча Гародні. Некалькі шыльдаў на роднай мове не ў стане запоўніць спусташэнне ў сэрцах і галовах сучасных гарадзенцаў. Гэта не беларускай Гародні няма, гэта мы не бачым яе. Аднак аднойчы мы зноў сустрэнемся ў Гародні і, хто ведае, можа ,тады павандруем ужо па праспекце Братоў Луцкевічаў, пройдзем праз завулак Грыкоўскага, а адтуль па вуліцы Слуцкіх паўстанцаў - каб выйсці на плошчу Каліноўскага.

Да спаткання…

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX