Папярэдняя старонка: Чарнякевіч Андрэй

Беларус, беспартыйны, актывіст: Яўген Міткевіч і ягонае палітычнае крэда 


Аўтар: Чарнякевіч Андрэй,
Дадана: 14-10-2015,
Крыніца: pawet.net.



94(476)(092
Я.Міткевіч)

К.г.н. Андрэй Чарнякевіч
(Гродна)

Беларус, беспартыйны, актывіст: Яўген Міткевіч і ягонае палітычнае крэда

Сярод беларускіх паланафілаў няма прыцягальных вобразаў. Гэта, амаль, адныя палітычныя авантурысту, агенты дыфензівы ды паляўнічыя на дзяржаўныя субсідыі. Аднак, ці апошняе азначае, што тым самым, яны павінны быць меньш цікавымі для гісторыка? Здаецца, пытанне рытарычнае. Гэты невялікі артыкул, прысвечаны дзейнасці аднаго з "актывістаў" паланафільскага асяродка, павінен закончыць сваеасаблівую галерэю постацей, у якую ўжо ўвайшлі Павел Аляксюк, Арсен Паўлюкевіч, Вячаслаў Адамовіч-малодшы, Рамуальд Зямкевіч, Станіслаў Булак-Балаховіч ды Яўгеній Ладноў.

Яўген Антонавіч Міткевіч нарадзіўся ў 1890 годзе [1, Арк. 31]. Пры гэтым ягоная асабістая біяграфія застаецца справай дастаткова цмянай. У ёй шмат "чорных плямаў" ды ўпрост сумнеўных фактаў. Гэтак, паводле газеты «Беларускі звон», пад час польска-савецкай вайны Я. Міткевіч меў служыць на польскім вайсковым тэлеграфе ў Мінске, аднак пры адступленні палякаў застаўся пад бальшавікамі, дзе быў камісарам тэхнічна-тэлеграфнай часткі, пасля чаго, скраўшы вялікую суму грошай, зноў перабег у Польшчу [10, № 29, Ст. 3]. Падобныя кампрамітуючыя падрабязнасці з жыцця палітычных апанентаў вельмі часта сустракаюцца на старонках міжваеннай беларускай прэсы. Мы можам толькі здагавдацца, на колькі яны адпавядаюць рэчаіснасці.

Бадай упершыню ў беларускім руху Я. Міткевіч з'ўяляецца восенню 1920 года ў якасці сябра створанга Паўлам Аляксюком эфімернага Беларускага палітычнага камітэта, які павінен быў забяспечыць палітычнае прыкрыцце акцыі генерала С. Балаховіча. Тады ж, ён ўдзельнічаў і ў складзе дэлегацыі ад беларускага насельніцтва да польскага ўрада [4, Str. 48; 14, № 6; 9, № 2].

Тут, аднак, варта задацца пытаннем, а што наогул уяўляў з сабе паланафільскі асяродак у беларускам руху? Гродненскі гісторык А. Горны падае дыфініцыю паланафільства, як "грамадска-палітычную плынь, прадстаўнікі якой выказвалі ідэю супрацоўніцтва з інстытутамі польскай дзяржавы дзеля дасягнення пэўных нацыянальна-культурных і палітычных саступак для беларускага народа, нават коштам адмовы ад пастулату незалежнасці Беларусі" [12, Str. 294]. Гэта трошкі разгорнуты варыянт вызначэння прапольскага накірунка беларускага руха, які да гэтага сфармулявала іншая даследчыца - Крыстына Гамулка, толькі там мэтаю паланафілаў называлася: "Захаваць добрыя адносіны з польскімі ўлaдамі" [19, Str. 63].

Праблема, аднак, у тым, што далека не ўсе беларускія дзеячы, якія ў розны час шлі на супрацоўніцтва з Польшчай, разглядалі ўласна "дабрыя адносіны" ці "ідэю супрацоўніцтва" у якасці сваёй галоўнай палітычнай мэты. Прычым, настолькі, каб ахвяраваць дзеля гэтага нацыянальную незалежнасць! Менавіта рэалізацыя «урадавай праграмы», на нашую думкі, і з'яўляецца галоўным крытэрыям вызначэння «паланафільства», як пэўнай палітычнай плыні. Фактычна, гэта быў, нават, не самастойны ідэалагічны накірунак, а ўсяго толькі інструмент уплываў з боку польскай адміністрацыі на беларускі нацыянальны рух. Інструмент вельмі неэфектыўны, дададзім ад сябе…

Менавіта Я. Міткевіч паспрабаваў замяніць П. Аляксюка ў якасці лідэра беларускіх паланафілаў, пасля спектакулярнай паразы апошняга на выбарах у сейм Сярэдняй Літвы. У канцы 1921 г. замест Краёвай Сувязі, фактычна, адной з першых паланафільскіх арганізацый, на палітычным небасхіле і з'яўляецца г.зв. Арганізацыя беспартыйных актывістаў на чале з Я. Міткевічам [19, Str. 65].

"Некалькі гадоў прайшло з таго часу, - Тлумачыў Я. Міткевіч свой крок, - як пры досыць спрыяючых матэрыяльных варунках і карыстнай палітычнай сітуацыі вядзецца нацыянальная праца сярод беларускага грамадзянства, але пажаданых рэзультатаў у гэтым пакуль-што не відаць. …Было шмат дзеячоў, якіе сядзелі тутака, у Вільні і Варшаві і запэўнялі нас і огул палітычны, што усюды маюць свае пляцоўкі і вядомасьць сярод селянства і наогул сярод беларускага грамадзянства - і мы ім ахоча верылі.

Не гледзячы на цэлую сэрыю палітычных абмылак, зробляных гэтымі дзеячамі ў мінулым, мы слухалі іх парадаў, як старшых ад нас палітычных працаўнікоў. Абмылкі іх апраўдывалі, палітычную недазоркасьць і леніцтва выбачалі, маючы надзею на тое, што ўсе з часам высьветліцца, зразумеецца і самое цяжкае жыцьце навучыць адгадываць палітычныя нешты. Іх амбіцыі аб асабістай вялікасьці нас мала абходзілі, бо мы жадалі ад іх толькі і перад усім карыстнай працы дзеля падняцьця ў народзі здаровай нацыянальнай сьвядомасьці самаго народу. Хіляньня іх у той, ці іншы бок вельмі трывожылі нас і выклікалі у нас апаску і злосьць. У такіх выпадках мы зрывалі з імі ўсякія зносіны у пракананьні, што ідэя для ніх есьць хлеб, а ў лепшых выпадках - кар'ера, альбо толькі мара аб гэтуй далекуй асабістуй кар'еры.

…Словы засталіся словамі. Амбіцыі асабістай вялікасьці нарабілі шмат абмылак і непаразумленьняў. Канцовые рэзультаты колькігодняй працы гэтых дзеячоў зусім незначны і як-ніяк шкадлівы для справы.

…Прад намі стаіць аж-надта труднае заданьне рушыць з мейсцоў тыя спячыя, пасыўныя сілы беларусоў, якія патрэбна скіраваць у пэўным напрамку, каб напраўду мець заўседы вытрыманую здаровай логікі моц беларускага народу, які маець у Польскай Дзержавы усе правэ пэўнай нацыянальнай меньшасьці.

Мы бяремо гэтую працу на сябе, бо выйшлі з пад апекі старшых дзеячоў з аднага боку і ачураліся тых, якіе зманапалізавалі ў сваіх рукох беларускую справу - з другога, і мусімы усё тое, чаго пажадае ад нас наш народ - беларускае грамадзянства, зрабіць у як найхудчэйшым часі [11, № 1, Ст. 1].

У выніку, на арганізаваным Я. Міткевічам 23 красавіка 1922 года ў Гродна г.зв. беларускім з'ездзе прадстаўнікоў ад вёсак гродзенскага павета было пастаноўлена вынесці парэцанне старшыне Краёвай сувязі П. Аляксюку за тое, што той павёў працу ў "шкадлівым эканамічна-палітычным напрамку патрэбнасцям сялянства". Разам з тым, з'езд выказаўся за саюз з Польшчай [11, № 2, Cт. 3].

Фактычна, папярэдні досвед палітычнай барацьбы павінен быў навучыць паланафілаў пазбягаць адкрытага супрацьстаяння з іншымі беларускімі інстытутамі. Замест гэтага, 18 верасня 1922 г. Я. Міткевіч у якасці старшыні цэнтральнага камітэта Арганізацыі беларускіх беспартыйных актывістаў праводзіць з'езд новай арганізацыі, ды яшчэ ў Вільне, з мэтаю вылучыць асобны спіс ад беларусаў на будучых выбарах у Сейм. Як саркастычна адзначаў "Беларускі звон", атрымалася "цеплая кампанія мала каму ведомых "актывістаў"", якія не вядома каго прадстаўлялі ды не вядома ад імя каго выступалі" [11, № 2, Ст. 4]. Чарговы "з'езд" быў сустрэчаны вострай крытыкай з боку віленскіх беларусаў, а сам Я. Міткевіч патрапіў ў адзін спіс з С. Балаховічам ды "Зеленадубцамі", атрымаўшы прыдомак "Здраднік" да якога дадавалася адпаведная характэрыстыка: "…Дэфензыўшчык, пераняў спадчыну Аляксюкоўскай авантуры. За польскія грошы выдае польскую газету на беларускай мове "Беларускі Шлях" і з адзінак сабе падобных залажыў партыю, так званых беларускіх актывістаў, каб ачмучываць беларускіх сялян і вясьці полонізатарскую працу на Беларусі…" [10, № 29, Ст. 3] (Пазней агенты АДПУ ўпрост называлі Я. Міткевіча кіраўніком адной з груп С. Балаховіча [15, Ст. 87-89]).

"Здрадніцкай", у сэнсе паўсталай на польскія грошы, успрымалася і сама Арганізацыя беларускіх беспартыйных актывістаў. Дарэчы, гэта добра разумеў і Я. Міткевіч. У сваім артыкуле з характэрнай назвай: "Над намі смяюцца", сярод іншага, ен пісаў: "…Мы ня хочамо сказаць, што ня можна для адбудовы і пашырэньня ідэі браць ад каго бы та ні было грошаў. Калі іх у самуй нацыі няма, дык на справу можна яшчэ і як браць, але не за хіляньне і прадажу сумленьня…" [12, № 6, Ст. 1]. Праблема была, аднак, у тым, што, фактычна, фінансавая падтрымка з боку польскіх дзяржаўных устаноў і з'яўлялася, на сам рэч, адной з галоўных рысаў беларускіх паланафілаў.

Праўда, нават прыхільнае стаўленне ваяводскіх уладаў да стварэння новай арганізацыі, не абараніла яе ад негатыўнага рэакцыі з боку мясцовай адміністрацыі. Ужо беларускі з'езд у Ваўкавыску, які беспартыйныя актывісты паспрабавалі правесці ў канцы мая 1922 г., быў фактычна сарваны. Невыпадкова, артыкулы у тым жа "Беларускім шляху" набіраюць усе больш палемічны характар, напрыклад, крытыкуючы выбарчую сістэму Польшчы, якая крыўдзіць беларусаў "як раўнапраўных гармадзян" [11, № 6, Ст. 1]. Акрамя таго, адчувалася ўнутраная канкурэнцыя паміж самімі паланафіламі, уперш за ўсе, за дзяржаўныя субсідыі.

Вынікі выбараў у сейм для Актывістаў былі больш чым прадказальныя. Агулам па двух акругах - лідскай да віленскай, Аб'яднанне беларускіх актывістаў і "Зялёнага дуба" атрымала ўсяго... семьдзесят адзін голас. Трошкі больш паловы за гэтае сабраў Я. Міткевіч на сенацкіх выбарах па віленшчыне [16, Str. 164]. Адным з наступстваў вабараў сталася змена геаграфіі дзейнасці паланафільскіх арганізацый. Магчыма, менавіта па гэтай прычыне Я. Міткевіч замест Вільні выбірае для далейшай дзейнасці Гродна, дзе разам з семнаццацігадовай жонкай Любай пасяліўся ў гатэле "Славянскі" [3, Арк. 31]. Фармальна, ен па ранейшаму заставаўся кіраўніком Аб'яднання беларускі актывістаў. Я. Міткевіч пачынае выдаваць "орган незалежнай думкі" газету «Селянская гутарка» ды супрацоўнічае з рэдакцыяй гродзенскай рускай газеты «На рубеже». Адначасова, ён вядзе барацьбу за ўплывы на легальныя беларускія ўстновы, якія ўсе яшчэ заставаліся ў горадзе: беларускі прытулак ды школу.

Аднак, акрамя, уласна, легальнай палітычнай дзейнасці, грамадская актыўнасць кіраўніка беларускіх актывістаў мела і іншы бок. У польскам цэнтральнам вайсковам архіве ў Рэмбертова намі, разам з гісторыкам А. Пашкевічам, выяўлены рапарты аднаго з польскіх агентаў, які карыстаўся крыптанімам J. Musiewicz. Большасць са справаздач былі напісаны ў Гродна за перыяд з сакавіка па кастрычнік 1923 г. З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што сапраўдным іх аўтарам з'яўляўся менавіта… Яўген Міткевіч.

«У гарадах Вільне ды Гродна, - Пісаў J. Musiewicz у рапарце за 9 сакавіка 1923 г. - дзе найбольшая колькасць беспрацоўных беларусаў, праз некалькі тыдняў павінны адбыцца з ініцыятывы беларускага пасольскага клуба дэманстрацыя працоўных. Пакуль што праводзіцца толькі агітацыя… У Гродна арганізацыя беларускіх гэтак званых Актывістаў імкнецца ўзяць ініцыятаву ў свае рукі, каб накіраваць масы беспрацоўных у бок стварэння штосьці падобнага на саюз беспрацоўных, галоўнаю мэтай якога было б арганізацыя самапомачы… У Гродна гэтую справу напэўна магчыма выйграць, калі мясцовая адміністрацыя не будзе перашкаджаць ініцыятыўнай групе, а ў рэчаіснсці Актывістам, замаскаваным у гэтай групе…" [5, K. 226]

Аўтар рапартаў намагаецца прыводзіць вялікую колькасць прозвішчаў, час ад часу, спасылаючы на сваі крыніцы: "Вышэй узгаданае спісана са слоў Міхала Якаўчыка, які працуе ў якасці літоўска-беларускага партызана" [6, Dokument 29]. У іншым рапарце J . Musiewicz сцвярджае пра сваіх агентаў у Нясвіжы, Стаўпцах, Ваўкавыске, Лунінце, піша пра падзеі ў Мінске ды Гданьске, што павінна было пераканаць у ягонай кампетэньнасці ды ўплывах. Пры гэтым, уплывы гэтыя мелі толькі павялічвацца: "Больш пэўнай інфармацыі буду ў стане пераказаць праз чатыры-тры тыдні, калі высланыя ў павет агенты пачнуць працу і вайдуць у пастаянны кантакт з мясцовымі дзеячамі" [6, Dokument 25].

Часам, J. Musiewicz упрост займаўся палітычным даносам. Гэтак, кіраўніка электратэхнічнага аддзела ў Беластоке Петра Шульца, ён, адначасова, абвінавачваў у прыналежнасці да манархічна-рускага асяродка, ды ў тым, што, у свой час, ен паспеў пабудаваць для бальшавікоў тэлефонную станцыю [6, Dokument 23].

Некаторыя з прыведзянных у справаздачах звестак павінны былі пераконваць вышэйшыя ўлады ў здольнасцях канфідэнта атрымліваць інфармацыю непасрэдна ад беларускіх дзеячоў. Прычым, наратыўная канструкцыя саміх рапартаў свабодна рухаецца ад фіксацыі падзеі да яе суб'ектыўнай інтэрпрытацыі, у патрэбным для самаго аўтара накірунку. Гэтак, апісваючы гарадзенскіх беларускіх паслоў С. Якавюка ды С. Барана, аўтар, які сам неўдала абіраўся ў сейм, робіць адназначную выснову аб тым, што апошнія "зусім не падыходзяць да парламентнай барацьбы і з'яўляюцца для Польшчы ды беларускага народа вельмі шкоднымі". У іншым месцы, узгадваючы пра выданне мясцовым расейскім асяродкам газеты "На рубеже", ен, быццам бы незнарок, прасоўвае ідэю пра выдання Актывістамі ўласнай газеты "Колакал", прычым, адразу ў двух мовах - па расейску ды беларуску [6, Dokument 21] (Трошкі інакш гэтае гісторыя падавалася Я. Міткевічам на старонках "Селянскай гутаркі": "…Праўда, я меў уплыў нейкі у "На Рубеже", але, паночкі, які з мяне быў бы палітычны працаўнік, калі б я гэтага не меў і дазволіў бы "На Рубеже" усесца мне на карку як раз у тым вокруге, дзе я больш усяго працую?.." [18, № 1, Ст. 2]).

Так сама, чытаючы ў рапартах пра субсідыі літоўскага ўрада на карысць беларускіх партызанаў, цяжка пазбавіцца ўражання, што гэтым самым, аўтар упрост суадносіў іх з недастатковым фінансаваннем беларускага руха польскім урадам: "Амаль усе партызанскія банды, - Данасіў J. Musiewicz у красавіку 1923 г. - … добра аплочаны (норма для добраахвотніка), абмундараваны ды ўзброены. …Прыкладна кожны пяты партызан мае каня. Настроі сярод партызан, падобна, добрыя; паднечаныя, толькі і размовы, што пра вайну з Польшчай ды вяртанні на Бацькаўшчыну. Узмацнілася беларуская культурна-асветніцкая праца, так як пан Цвікевіч здолеў атрымаць ад літоўскага ўрада на яе некалькі міліенаў літаў.." [6, Dokument 29]. Калі параўнаць змест данясення з фактычным станам беларуска-літоўскіх дачыненняў, якія вясной 1923 г. перажывалі чарговы крызіс, іх маніпуляцыйны характар падаецца яшчэ больш відавочным.

У іншам рапарце, агент шоў яшчэ далей, ствараючы пазітыўны малюнак "актывіскай" працы: "На весцы паступова ўзмацняюцца настроі супраць беларускіх паслоў. У гродзенскам ды ваўкавыскам павеце ўжо былі выпадкі, калі іх сцягвалі з трыбуны (Баран у Скідзелі); сяляне скардзіліся, што пасля таго, як яны паслалі дурняў у Сейм, сталася яшчэ горш: арыштоўваюць людзей, грошы нічога не вартыя ды г.д. Вялікая цікавасць на весцы зараз да новай арганізацыі, за якую яны ўспрымаюць Актывістаў, прадстаўляючых сабе ўжо з прыдомкам "сацыял-нацыяналісты"…" [6].

На карысць версіі аб тым, што аўтар рапартаў у ІІ аддзел ды Яўген Міткевіч - гэта адна і тая ж асоба, сведчыць, так сама, супадзенне прапанаваных на старонках справаздач канкрэтных палітычных крокаў з тым, што пазней адбывалася ў тым жа Гродна. Яшчэ вясной 1923 г., адзначаючы варожую дзейнасць для Польшчы з боку пасла Сяргея Барана, агент прапанаваў "за ўсялякі кошт скампрамітаваць яго", выкарыстаўшы дзеля гэтага сітуацыю вакол беларускага прытулка ў Гродна, якой С. Баран, фактычна, апекаваўся [6, Dokument 29]. Аўтар рапартаў, спасылаючыся на ўмову Актывістаў з беластоцкім ваяводай, пісаў пра патрэбу перадаць кіраўніцтва над прытулкам у рукі апошніх, што канчаткова "ліквідуе уплывы літоўска-бальшавіцкія беларускія ў Гродна" [6, Dokument 19].

Вельмі характэрны, у гэтым сэнсе, рапарт ад 13 мая 1923 г., напісаны як раз напярэдадні беластоцкага працэса над беларускімі партызанамі, у якім J. Musiewicz зноў вяртаўся да самарэкламы: "Зараз у гродзенскам округе дзякуючы інтэнсіўнай працы г.зв. Актывістаў настроі насельніцтва да Польшчы амаль добрыя, ва ўсякім разе, значна лепшыя чым у іншых усходніх ваяводствах…" [6, Dokument 31]. Судзячы па ўсім, аднак, прадстаўнікі польскага генштаба былі куды лепш паінфармаваны наконт рэальнай сітуацыі. На складзеным у сярэдзіне чэрвеня 1923 г. вялікім на некалькі старонак рапарце стаіць рэзалюцыя адпаведнага эксперта з ліка афіцэраў ІІ аддзела : "Nic nowego nie powiedziano" [6, Dokument 17].

Гэты недавер адчыў, мабыць і сам J. Musiewicz. У выніку, у канцы чэрвеня 1923 г. ен зноў нагадвае пра цяжкі матэр'яльны стан мясцовых паланафілаў : "Адсутнасць часопіса ў прыхільнікаў Міткевіча не дазваляе апошнім праводзіць шырокую працу. Прычына ў адсутнасці сродкаў, прычым не хапае, нават на жыцце… Беластоцкі ваявода прасіў для Міткевіча сродкі ва ўрадзе, прадставіў асобны рапарт, аднак, яму адказалі, што справай зноў павінен заняцца палітычны камітэт пры радзе міністраў. Магчыма, што прыхільнікі Міткевіча ў худкам часе ліквідуюць наогул сваю дзейнасць і адсунуцца ад палітыкі… Адсутнасць жа беларускай контрагітацыі супраць [варожай] агітацыі прывядзе да напажаданых наступстваў адносна Польшчы" [6, Dokument 12].

Тым ня меньш, ен працягваў пераконваць польскі бок у эфектыўнасці створанай ім арганізацы. "У сувязі з тым, - Даносіў агент ІІ аддзела, - што праца беларускіх Актывістаў знаходзіць усе большую падтрыіку сярод праваслаўнаг анасельніцтва, галоўным чынам, Гродзеншчыны, дзе яшчэ дазваляюць працаваць szczupłe środki. Актывісты ўзяліся "апрацоўваць" расійскую інтэлегенцыю на чале з Кошалевым у Гродна ды папом Міцкевічам у Баранавічах… Беларуская шавіністычная моладзь у Гродна, якая да гэтага амаль заўседы выступала перад селянамі супраць гэтак званай польскай арыентацыі, зараз перайшла на бок Актывістаў і з імі супрацоўнічае, што вельмі станоўча адбілася на настроях сялян.

Агітацыя прыхільнікаў Літвы на Гродзеншчыне амаль поўнасцью страціла грунт пад нагамі. Паспрыяла гэтаму і тое, што разам з прыняццем Актывістамі пад сваю апеку беларускага дзіцячага прытулка ў Гродна, Актывісты праз Пракурора распачалі крымінальную справу супраць прыхільнікаў пасла Барана…

Канспіратыўная праца Актывістаў супраць ворагаў Польшчы пастаўлена вельмі добра, аднак ім вельмі перашкаджае палітычная паліцыя, якая распаўсюджвае сярод знаемых "вялікую таямніцу": што Актывісты, гэты людзі, якія працуюць толькі для Айчыны ды інтарэсаў Дзяржавы, але не для беларускаг абеднага народа, які ім ня верыць.." [6, Dokument 15].

Судзячы па ўсім, на прыканцы 1923 г. у Я. Міткевіча пачынаецца канфлікт з мясцовай палітычнай паліцыяй. "Арганізацыя Актывістаў, - Скардзіўся 4 верасня 1923 года агент, - увесь час змагаецца супраць ворагаў Польшчы на Крэсах, дзякуючы ей дзейнасці тэрыторыя Беласточынны амаль ачышчана ад іх працы; у самім Гродна пад уплывамі беларускіх Актывістаў знаходзіцца былая галоўная сядзіба ворагаў Польшчы у былым праваслаўным кляштары (беларускі прытулак у Гродна), аднак розныя прадстаўнікі гродзенскай бяспекі, як мы даведаліся, з невядомых прычын распаўсюджваюць сярод мясцовага насельніцтва чуткі, быццам бы Актывісты - гэта "агенты" Генеральнага Штаба ў Варшаве, а с другой - складаюць рапарты аб тым, што Актывісты, гэта самыя небяспечныя беларускія дзеячы…

…Як падаецца, усе гэта не падабаецца людзям з 5 G у Гродна: Ліс, Позера, праваслаўная прастытутка Зоф'я Крышаловіч ды інш., якія кампрамітуюць людзей, што фактычна шчыра працуюць дзеля дабра Айчыны і без усялякай фінансавай дапамогі з боку ўрада выдалі ўласны ворган "Сялянская гутарка", ладзяць вечарыны на карысць будовы польскіх Народных дамоў на Крэсах ды г.д.

Мне казалі, што Актывісты гатовыя, калі ўзгаданая вышэй правакацыя не спыніцца, прыпыніць усялякую палітычную працу на тэрыторыі, якую яны да гэтуль апанавалі.

Дзейнасць Актывістаў, як адміністраціўная, заўседы кіравалася праз асабістае паразуменне з панам гродзенскім старастай Рагалевічам, ці з панам ваяводай Папельскім, акрамя таго іх спосаб палітычнай дзейнасці павінен быць добра вядомы і рэферэнту нацыянальнасцей Генеральнага Штаба…

Маю мацнае перакананне, што адносныя адміністрацыйныя ворганы ў Варшаве ды Беластоке будуць праінфарманы на дадзены конт праз Генеральны Штаб, у іншым выпадку супрацоўнітва Актывістаў з урадам будзе спынена, як мяне праінфармавалі ў Камітэце Актывістаў…" [6, Dokument 2].

Што праўда, гродзенскія паланафілы спрабавалі арганізаваць некалькі камерцыйных фірм - першую хрысціянскую фабрыку мыла "Зубр", бюро эксплуатацыі леса [18, № 2, Ст. 2, 3]. Магчыма, што Я. Шурпа трымаў разам з Л. Шыпоўскім фірму па продажы вугля, аб чым паведамляла рэклама ў паланфільскім «Беларускім шляху» [11, № 7]. Арганізацыя беларускіх беспартыйных актывістаў вяла рэгістрацыю спецыялістаў-аграрыяў, вучыцілей, інструктараў па зямельнаму дзелу і інш. [6, № 3, Ст. 2]. Калі ж польскія ўлады канчаткова ўстрымалі фінансаванне, гэта прымусіла Я. Міткевіча засяродзіцца выключна на прытулку, які, фактычна, заставаўся апошняй крыніцай сталых субсідый для беларускіх устаноў у Гродна. Фактычна, ужо на пачатак 1924 г. паланафільскі асяродак у Гродна перастаў існаваць. Частка былых паланафілаў - як Я. Міткевіч ці Я. Шурпа, замест бесперспектыўнай у матэр'яльным сэнсе палітычнай дзейнасці ўзялі на сябе кіраванне гродзенскім беларускім дабрачынным таварыствам, астатнія ж апынуліся незапатрабаванымі праз дзяржаўныя структуры.

Аднак, ужо восенню 1924 г., са зменай унутрыпалітычнай кан'юнктуры, адбываецца раптоўная актывізацыя беларускіх паланафілаў. Паўстаюць две новыя арганізацыі - Цэнтральны камітэт беларускіх спраў на чале з Цяўлоўскім ды Часовая беларуская рада А. Паўлюкевіча [8, K. 9]. Яны амаль адразу пачынаюць паміж сабою жорсткае супрацьстаянне. Акрамя перадзела дзяржаўных субсідыяў, як падаецца, барацьба шла паміж рознымі польскімі сілавымі структурамі, што стаялі за кожнай з устаноў.

Менавіта ў гэты момант, Яўген Міткевіч разам з Янам Шурпай і звяртаецца да польскіх уладаў з «Мемарыялам у беларускай справе», у якім прапанаваў зноў аднавіць арганізацыю беларускіх актывістаў, перамясціўшы весь цяжар палітычнай працы, на гэты раз, на тэрыторыю навагрудскага ваяводста. Аўтары звароту прапанавалі "перакінуць" частку сяброў арганізацыі з Гродзеншчыны у Слонім ды Баранавічы. На штодзень яны меліся выкарыстоўваць назву "заходня беларуская аўтаномія", аднак, на самой справе, поўнасцью падтрымліваюць саюз з Польшчай. Пры гэтым, рэальная праграма Актывістаў абмяжоўвывалася ставрэннем змешаных школ, так як "беларуская школа не абавязкова патрэбна"… У дадатку да "Мемарыяла" было пададзена лічыць працу Актывістаў адноўленай з 22 верасня 1924 г. Пры гэтым сам "Мемарыял" павінен быў заховывацца ў тайне нават ад сябраў арганізацыі [3, Арк. 33-36].

І тут, судзячы па ўсім, Я. Міткевічу не хапіла палітычнай інтуіцыі: спачатку ен прыстаў да палітычнага камітэта Цяўлоўскага, адкуль, вельмі худка, быў выключаны разам са сваім памочнікам Я. Шурпай за "фальшывую дзейнасць"! Намагаючыся выратаваць сітуацыю, ен пасылае Я. Шурпу у Вільню для перамоваў з з А. Паўлюкевічам аб уваходжанне ўжо ў склад яго Часовай беларускай рады. Можна толькі здагадвацца пра ход гэтых перамоваў. Вярнуўшыся з Вільні Я. Шурпа парывае з Я. Міткевічам, супраць якога напярэдадні былі высунуты абвінавачвання ў фінансавых злоўжываннях у кіраваным праз яго гродзенскам беларускам дабрачыннам таварыстве. 28 кастрычніка на паседжанні арганізацыйнага камітэта Беларускіх беспартыйных актывістаў у Гродна было прынята рашэнне… выключыць з арганізацыі Я. Міткевіча, які "скампрамітаваў сябе членствам у Беларускам дабрачыннам таварыстве" [3, Арк. 608 зв. - 610].

Характэрна, што самі польскія ўлады не мелі сумненняў адносна характару ўласна паланафільскіх установаў. "У беларускіх справах на працягу некалькіх год, - Пісаў на гэты конт адзін з афіцэраў ІІ аддзела, - дзейнічае група людзей, якая ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў краіне стварае нейкія камітэты, будзь то федаралістычныя, будзь то актывістычныя... Гэтая група складаецца выключна з шантажыстаў, якія зарабляюць на жыццё інфармуючы "органы улады" аб беларускіх справах. Найважнейшыя ролі ў гэтай групе адыгрываюць: Цяўлоўскі, У. Фёдараў, Я. Шурпа, Міткевіч, Зямкевіч. На фінансавай глебе паміж вышэй названымі часта ўзнікалі спрэчкі, у выніку якіх адны абвінавачвалі астатніх у антыдзяржаўнай дзейнасці супраць Польшчы, ці нават упрост у супрацоўніцтве з савецкай місіяй у Варшаве…" [5].

У выніку, 2 студзеня 1925 г. Я. Міткевіч быў арыштаваны разам з былым кіраўніком беларускага прытулка за грашовыя злоўжывання (паводле газеты «Жыцьцё Беларуса», "на падставе даноса А. Паўлюкевіча")[13, № 6]. Ужо худка ен апынуўся на воле, аднак, у выніку, быў вымушаны пакінуць Гродна і перанесці сваю працу ў Баранавічы, дзе з'яўляўся фактычным рэдактарам газеты "Сялянская воля" [8, № 14; 14, № 7, Ст. 4]. Пазней Я. Міткевіч супрацоўнічае з беларускай нацыянальна-радыкальнай партыяй, закладаючы ў бранавіцкам павеце «хаўрусы» гэтай арганізацыі. Сярод іншага, ён удзельнічаў у беларускім з'ездзе самаурадаў у Вільні (разам з Я. Мамонькай выступіў з адозвай, у якой намагаўся дэскрэдытаваць дзейнасць А. Паўлюкевіча). Паводле часопіса «Sprawy narodowościowe» «карыстаўся вялікімі уплывамі сярод умеркаванай часткі беларускага насельніцтва» [20, № 5-6, Str. 552-553]. На чарговых выбарах у польскі сейм у 1928 г. Яўген Міткевіч, нават, вылучаўся па навагрудскай выбарчай акрузе ад Беларускага гаспадарчага саюза незалежных сялян і рабочых, аднак, і гэтым разам, беспаспяхова [21, № 1, Str. 66].

Худчэй за ўсе, на гэтым, ягоная палітычная дзейнасць прыпінілася. У газеце "Zycie Nowogródzkie" за снежань 1929 г. з'явілася зацемка за подпісам Я. Міткевіча "У рэдакцыю", у якой той аспрэчваў пададзенныя раней у артыкуле "Трагічныя наступства пазыкі агнястрэльнай зброі" у папярэднем нумары звесткі быццам бы з пазычанага ім нагана была забіта жанчына. З тэкста зацемкі можна зразумець, што Я. Міткевіч на той момант, худчэй за ўсё, узначальваў прыватную адвакацкую кантору [22, № 356, Ст. 3]. Фактычна, гэта апошняя вядомая пра яго звестка.

Дык якім жа было палітычнае крэда гэтага дзеяча і цы існавала яно наогул? Сам Яўген Міткевіч сфармуліраваў яго гэткім чынам: "…Я ніколі ні аб чым нікога не прасіў, сваім разумам і сваей працай грошы на чорны хлеб зарабляў і зарабляць буду…" [18, № 1, Ст. 2].

Крыніцы і літаратура:

  1. Дзяржаўны архіў бресцкай вобласці. Ф. 67. Воп. 1. Спр. 350
  2. Дзяржаўны архіў гродзенскай вобласці (ДАГВ). Ф. 46. Воп. 1. Спр. 52
  3. ДАГВ Ф. 662. Воп. 2. Спр. 8
  4. Archiwóm Akt Nowych w Warszawie (AAN). Towarzystwo straży kresowej. T. 99
  5. Centrałny Archiwóm Wojskowy (CAW). Oddzial II Sztabu Generałnego. Sygn. I.303.4.2663
  6. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2664, Podteczka 5
  7. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.5248
  8. Беларуская доля, 1925
  9. Беларуская справа, 1926
  10. Беларускі звон, 1922
  11. Беларускі шлях, 1922
  12. Горны А. Вобраз беларускага паланафільства на старонках беларускамоўнага друку міжваеннай Польшчы // Acta Albaruthenica. 2013. Tom 13
  13. Жыцьцё Беларуса, 1925
  14. Іскра, 1925
  15. Ліцкевіч А. «Степень достоверности - достоверно…» Армія Булак-Балаховіча и антысавецкі супраціў 1921 - 1927 гадоў у дакументах ВЧК (АДПУ) // "Беларуская думка". 1998. № 7
  16. Пашкевіч А. Беларускія паланафільскія арганізацыі і дзеячы падчас парламенцкіх выбараў у Польшчы ў 1922 г. // Problemy cywilizacyjnego rozwoju Białorusi, Polski, Rosji i Ukrainy od końca XVIII do XXI wieku. - Kraków: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagiellońskiego, 2007
  17. Пяткевіч А. «Беларускі шлях» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Т. 1
  18. Селянская гутарка, 1923
  19. Gomółka K. Bialoruskie partie i organizacje proządowe w II Rzeczypospolitej // Białorusku Zeszyty Historyczne. 1997. № 7
  20. Sprawy narodowościowe, 1927
  21. Sprawy narodowościowe, 1928
  22. Zycie Nowogródzkie,1929
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX