Папярэдняя старонка: Цьвікевіч А. І.

Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі 


Аўтар: Цьвікевіч А.,
Дадана: 30-01-2011,
Крыніца: Менск. Навука і тэхніка. 1993.

Спампаваць




ББК 63.3 (2Б)

Ц 93 УДК 947.6


2-е выданьне
Друкуецца па выданьні: Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і начатку XX в. Менск: Беларускае дзярж. выд-ва, 1929. 340 с.


Пасьляслоўе Арсеня Ліса


На франтысьпісе - А. Цьвікевіч пад час Пражскай палітычнай канферэнцыі 1921 году (фота з Цэнтральнага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь).



Цьвікевіч А.

Ц93

«Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. / Пасьляслоўе А. Ліса. 2-е выд.- Мн.: Навука і тэхніка, 1993.- 352 с.


Увазе чытачоў прапануецца глыбокае, шмат у чым і сёньня не пераўзыйдзенае дасьледваньне А. Цьвікевіча (1888-1937), выдатнага навукоўца, былога старшыні ўрада БНР, пра ідэалогію і практыку русіфікатарства на Беларусі ў часы Расійскай імперыі. Адразу пасьля друкаваньня, у 1929 годзе, трохтысячны наклад кнігі быў зьнішчаны бальшавікамі. Да сёньняшняга дня захаваліся адзінкавыя паасобнікі з ліку тых, што пасьпеў узяць аўтар. Гэтае выданьне зроблена з паасобніка, які належаў У. Пічэту, затым перашоў да М. Улашчыка, а цяпер знаходзіцца ў кнігазборы М. Купавы.
Для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.

ББК 63.3(2Б)

ISBN: 5-343-01425-9

Кніга ў DJVU
Сканы: Міхася Матусевіча



ЗЬМЕСТ

Ад аўтара ... 5

РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ

Агульныя заўвагі
Азначэньне паняцьця «западно-руссизма». Пачаткі і грунт яго ў мінулым. Спраўка аб русыфікатарскіх плянах Кацярыны II. Становішча пры Аляксандры I і Мікалаі I. Абмежаваньне дасьледваньня «западно-руссизма» яго беларускімі прадстаўнікамі ... 7

РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ

К. Гаворскі і «Вестник Западной России»
«Вестник Юго-Западной и Западной России» ў Кіеве. Агульны выгляд яго. Рэдактар часопісу Ксэнафонт Гаворскі, яго пахаджэньне. Даныя аб узьнікненьні «Вестника». Характарыстыка тагачаснага жыцьця на Украіне. Першыя гады дзейнасьці К. Гаворскага і прыхільнасьць да украінафільства. Зьмена настрою і барацьба супроць «хлопоманіі» і «лацінства». Прычыны гэтае зьмены. Заняпад «Вестника» ў Кіеве і надзеі рэдакцыі на Муравьёва ... 17

РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЦІ

«Вестник Западной России» ў Вільні
I. Віленская прэса пад час паўстаньня: барацьба Муравьёва з польскімі культурнымі ўплывамі. Проекты яго папярэднікаў ген.-губ. Назімава і папячыцеля Шырынскага-Шыхматава аб выданьні ў Вільні «народного журнала». Пераезд і першыя крокі «Вестника» ў Вільні. Падтрыманьне русіфікатарскае політыкі Муравьёва і барацьба з полёнізмам. Выступленьні К. Гаворскага ў справах асьветы на Беларусі.
II. Абарона «истинно-русского» чынавенства на Беларусі і полеміка ў гэтай справе з Скорятіным. Програма «обрусения» Беларусі шляхам пашырэньня расійскае зямлеўласнасьці. Чаму К. Гаворскі бараніў дробную расійскую зямляўласнасць? Клясавы інтарэс «западно-русской» партыі і яе экономічная аснова. Прычыны няўдачы «Вестника Западной России»: фальшывы тон у справах «западно-руссизма» і нядбаласьць да мясцовых работнікаў. Спыненьне «Вестника» і яго спадчына ... 40

РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЕРТЫ

Пасьля-мураўёўскі пэрыод на Беларусі
Расьцярушанасьць культурных сіл Вільні пасьля паўстаньня. Ген.-губ. Потапов і так. зв. «патапаўскі» пэрыод на Беларусі: спыненьне адміністрацыйнага «обрусения», заняпад школ, «прымірэньне» з палякамі. Прычыны зьмены расійскае політыкі на Беларусі. «Адыход» Польшчы з Беларусі ў 70-х гадох у сувязі з разгромам шляхецкага двара і ўзростам польскага прамысловага капіталу ў Каралеўстве. Адмова ад «гістарычных праў» на Беларусь у польскім грамадзтве і навуцы. Агульная характарыстыка грамадзка культурнага жыцьця Беларусі ў 70-х гадох ... 104

РАЗЬДЗЕЛ ПЯТЫ

М. О. Каяловіч. Яго погляды і дзейнасьць
Месца М. Каяловіча ў гісторыі «западно-руссизма». Яго вуніяцкае пахаджэньне і блізкасьць да беларуска-польскіх работнікаў Вільні ў 50-х гадох. Працы над вуніяй і першыя выступленьні супроць Польшчы ў расійскай прэсе. Спроба стварэньня на Беларусі «западно-русской» партыі, програма гэтае партыі і яе няўдача. Адносіны М. Каяловіча да М. Муравьёва. Значэньне навуковых прац М. Каяловіча аб вызначэньні беларуска-польскай мяжы. Заняпад «западно-руссизма» ў 70-х гадох у сувязі са зьменай расійскай політыкі ... 142

РАЗЬДЗЕЛ ШОСТЫ

«Западно-руссизм» у ідэолёгічным аформленьні
А. Экономічны пералом на Беларусі ў пэрыод 70-80-х гадоў. Ф. Багушэвіч і узьнікненьне беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня. Першыя этапы барацьбы «западно-руссизма» з беларускай ідэяй і патрэба ў яго ідэолёгічным угрунтаваньні. Падарожы з гэтай мэтай М. Каяловіча па Беларусі, яго ўражаньні. Славянафільскі ўхіл «западно-руссизма».
Б. Кароткая нататка аб сутнасьці славянафільскае тэорыі. Захапленьне «народнасьцю» у першай палове XIX в. у Расіі. Думка аб «абранасьці» Расіі ў сусьветнай гісторыі. Рэакцыйная сутнасьць славянафільства апошняга пэрыоду ... 185

РАЗЬДЗЕЛ СЁМЫ

Становішча Беларусі ў 80-90-х гадох
А. Наступ расійскага капіталу на Беларусь пры канцы XIX в. Пропаведзь колёнізацыі Беларусі С. Южаковым. Узрост прамысловасьці на Беларусь экономічны ўздым і разьвіцьцё расійскае асьветы.
Б. Крытычнае становішча польскага маёнтку на Беларусі ў 80-х гадох і пачатак яго ўздыму. Сувязь гэтага ўздыму са становішчам польскае прамысловасьці; зацікаўленасьць да беларускага рынку. Новы пэрыод у грамадзкім жыцьці Польшчы і яе «зварот» на Беларусь. Агульны фронт магнатаў і ППС у гэтай справе. Перасьцярогі «западно-руссов» ... 239

РАЗЬДЗЕЛ ВОСЬМЫ

«Западно-руссизм» пры канцы XIX веку
Ажыўленьне надзей «западно-руссов» у сувязі з наступам Расіі на Беларусь у канцы веку і далейшыя расчараваньні. Падвойнае значэньне расійскае асьветы на Беларусі. Праявы беларускага руху ў настаўніцкіх сэмінарыях.
Выступленьні С. Южакова і Б. Соловьева, скіраваныя супроць «западно-русской» ідэолёгіі; марнае становішча «западно-руссов». Абарона «западно-руссами» сваіх позыцый супроць Расіі. Падвойнасць «западно-русских» кадраў, роля «западно-русских» культурнікаў ... 270

РАЗЬДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

Характарыстыка «западно-руссизма» ў пачатку XX веку
Росквіт «западно-русской» партыі з пачаткам XX веку. Значэньне соцыяльнага разлажэньня беларускае вёскі. Кулацкая аснова «западно-руссизма» и стаўка на яе Сталыпіна. Узмацненьне «западно-руссизма» пры выбарах у 3-ю Думу і пры правядзеньні проекту аб земстве на Беларусі. Прыхільны стасунак да «западно-руссов» з боку ўлады.
Першыя «западно-русские» організацыі ў Вільні і Пецярбурзе: «Общество Крестьянин» и «Окраинный Союз». Пашырэньне беларускага руху. прычыны гэтага пашырэньня і барацьба з ім «западно-русских» гуртаваньняў. Часопіс «Крестьянин» і «Наша Ніва».
Запіска Н. Янчука ў Акадэмію Навук. Спрэчка аб беларускай мове. Політычная сутнасць акадэмічных аргумантаў; «западно-руссизм» супроць беларушчыны.
Фальшывае становішча «западно-русских» культурнікаў. Сапуноў, Стукаліч. Раманаў і інш. Іх хістаньні на ўзьмежжы этнографізму і беларускага культурнага адраджэньня. Дэмократызацыя «западно-руcсизма». «Белорусское Общество» ў Вільні, «Кружок студентов СПБ университета». «Союз Белорусской Демократии» 1917 г. і яго програма ў школьным пытаньні. «Западно-Русское Общество» ў Пецярбурзе.
Выступленьне П. Струвэ і значэньне гэтага выступленьня для ўмацаваньня «западно-руссизма» на Беларусі ... 295

Пасьляслоўе (Арсень Ліс) ... 343


Ад аўтара

Прапанаваная чытачу праца зьяўляецца спробай даць характарыстыку аднэй з праяў грамадзкага жыцьця на Беларусі ў XIX і пачатку XX в., якая носіць назву «западно-руссизма». Я паставіў сабе пры гэтым задачай ня толькі дасьледваць «западно-руссизм» як пэўную гістарычна-палітычную школу, але разам з тым акрэсьліць тыя эканамічныя ўмовы і тыя клясавыя суадносіны на Беларусі, ад якіх залежала яе разьвіцьцё і якія ў сваю чаргу акрэсьлялі яе клясавую сутнасьць.

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і начатку XX в..

Спроба падобнага аналізу, безварункова, тоіць у сябе шмат труднасьцяй. Першая і галоўная труднасьць - гэта надзвычайна слабая распрацаванасьць эканамічнае гісторыі Беларусі. Калі прыходзіцца стыкацца з тым або іншым зьявішчам у галіне культуры і грамадзкасьці наБеларусі і калі пры гэтым узьнікае жаданьне знайсьці тлумачэньне гэтага зьявішча ў эканамічным яго акаленьні ў залежнасьці яго ад адпаведных соцыяльных фактараў - прыходзіцца канстатаваць выключную беднасць патрэбных матар'ялаў.

У сваёй працы, як убачыць чытач, я паставіў адну галоўную тэзу: разьвіцьцё грамадзка-культурнага жыцьця на Беларусі ўвесь час знаходзілася ў беспасрэднай залежнасьці ад барацьбы польскага і расійскага капіталу за беларускі рынак. Выцісканьне польскага маёнтку з Беларусі ёсьць адна з праяў гэтае барацьбы.

I вось прыходзіцца канстатаваць, што маё жаданьне - як мага дакладней давесьці гэтую бясспрэчную тэзу - напатыкалася на нястачу, а то й поўную адсутнасьць патрэбных крыніц: ніводзін з аўтараў па эканамічнай гісторыі Беларусі не разглядаў пытаньне ласьне у гэтым разрэзе. Тыя працы, якія існуюць на расійскай
і польскай мовах, ніколі не закранаюць Беларусь як асобны об'ект дасьледваньня. У тэй эканамічнай польскай літаратуры, якую я меў магчымасьць скарыстаць (Janowicz, Daszynska-Dolinska, Kempner, radziszewski, Lewy, Gasierowska і інш.), толькі ў самай нязначнай частцы закранаюцца беларускія тэмы. Тым самым адзначаюцца і працы расійскіх дасьледчыкаў. Калі польскія аўтары ідуць у сваіх дасьледваньнях, гэтак кажучы, «з захаду» - ад польскіх эканамічных цэнтраў на беларускія «крэсы», дык расійскія, наадварот, «з усходу» - з гледзішча інтарэсаў эканамічнага разьвіцьця Расіі.

Непараўнальна большае значэньне маюць спэцыяльныя дасьледваньні беларускіх аўтараў, у першую чаргу М. Доўнар-Запольскага. Але нават і яго апошняя праца, найбольш салідная для нашае тэмы, грашыць на тое-ж: яна разглядае эканамічную гісторыю Беларусі, калі можна гэтак сказаць, «у расійскім контэксьце». Паважаны аўтар як-бы забываецца на тое, што апрача Расіі Беларусь была прадметам экспансыі і Польшчы, што апрача расійскага капіталу тут дзеяў і польскі капітал.

Падобны падыход да сёнешняга дню быў зусім натуральным, і мы ня скардзімся на яго, а толькі канстатуем. Даць належны аналіз эканамічнага становішча Беларусі ў мінулым так, як гэтага вымагае нашая агульная гісторыя, складае пачэсны абавязак маладых беларускіх эканамістых. Толькі тады, калі гэтая праца будзе прароблена, мы будзем мець магчымасьць абаперці на яе
з посьпехам нашыя досьледы па грамадзкай і культурнай гісторыі Беларусі.

Пакуль што прыходзіцца даволіцца тым, што ёсьць.

Гэта - адно. Другое - няхай чытач не чакае ад нашае працы грунтоўнейшае распрацоўкі ўзьнятага пытаньня. Мы характарызуем «западно-русснзм» толькі нарысамі, а ня робім монографічнага дасьледваньня. Таму тут няўнікнёны пропускі, ня поўнае, а часам можа прыпадковае распрацаваньне некаторых тэм. Нам хадзіла аб тое, каб даць найбольш яскравыя моманты «западно-руссизма», прасачыўшы найбольш выразістыя яго выяўленьні ў разгляданы пэрыяд.

Буду спадзявацца, аднак, што, ня гледзячы на паказаныя недахопы, праца мая знойдзе сабе чытача, выкліча абмен думак і, што галоўнае, прычыніцца да ўзбуджаньня жаданьня знайсьці больш дакладныя адказы на проблемы нашае гісторыі.

Менск, 11 лістапада 1928 г.

АЛЯКСАНДР ЦЬВІКЕВІЧ


ПАСЬЛЯСЛОЎЕ

Невядома, ці стаў бы Аляксандр Цьвікевіч (1888-1937) палітыкам, каб лёс не сутыкнуў яго з адкрытай, як рана, народнай бядой. Напэўна, зрабіў бы неблагую адвакацкую кар'еру (пасля заканчэньня юрыдычнага факультэта Пецярбургскага універсітэта ён працаваў прысяжньім павераным y Пружанах, Берасьці), быў бы добрым сямейнікам (сведчаньнем таму чацвёра дзетак, прыдбаных з гожаю маладою жонкаю), ня нёс бы галавы на шыбеніцу i ціха, мірна ў старым веку адышоў бы ў лепшы свет.

А. Цьвікевіч пад час Пражскай палітычнай канферэнцыі 1921 году.

Менавіта народнае гора яго землякоў, сялян з Гарадзеншчыны, выгнаных y бежанства сусьветнай вайной, асуджаных на беспатольнае туляньне, галечу, голад, далучыла Аляксандра Цьвікевіча да грамадскай справы. У турэмных камерах, якія ён вымушаны быў «абжываць» пачынаючы з 1930 г.у пры вяртанні памяцьцю ў перажытае, пэўна, мог убачыць, бачыў разумовым зрокам тыя абозы з небагатым сялянскім скарбам, дзятвой i старымі на вазах, што бясконцай чарадою цягнуліся на ўсход. Вайна раскідала сем'І гэтых гаротнікаў na гарадах Расіі аж да Сібіры. Непрыкаянасьць y чужым сьвеце прымушала выгнанцаў трымацца разам, успамінаць страчаную родную старану, дачасныя магілы, пакінутыя на цярністым бежанскім шляху. Уважліва слухалі яны ўсіх, хто ішоў да ix з шчырым сэрцам, дапамогай, словам спагады.

Сам выгнанец з родных парогаў, Аляксандр Цьвікееіч y Туле ў 1916 г. далучаецца да людзей, што стараліся неяк аблегчыць лёс абяздоленых вайной. Ён уваходзіць у склад Камітэта помачы ахвярам вайны, завінаецца ў ім каля рознай бягучай працы, удзельнічае ў бежанскіх зьездах. Клапоцячыся аб надзённым, каб дапамагчы выжыць бежанскім сем'ям, ён міжволі прасякаецца думкай аб ix заўтрашнім дні, аб лёсе сваёй бацькаўшчыны - Беларусі. Гэта была натуральная эвалюцыя сьветапогляду дваццацісямігадовага Аляксандра Цьвікевіча. Але калі з Я. Дылам, Я. Васілевічам ды іншымі суродзічамі ён арганізоўваў «Беларускую народную грамаду», y 1917 г., y Маскве, яшчэ наўрад здагадваўся, што ўступае на дарогу, якая вядзе ў вялікую палітыку. Ды наогул, ці мог уявіць тады нядаўні радавы чыноўнік, які толькі здалёк нешта чуў пра беларускі адраджэнскі рух, што той захопіць сабою ўсю яго неспакойную натуру, азорыць вялікім шчасьцем творчасьці.

"Наша ідэя сьвятая",- вырвецца з грудзей Аляксандра Цьвікевіча як найвышэйшае прызнаньне беларускаму адраджэньню, глыбокае усьведамленьне яго значэньня ў справе палітычнага вызваленьня беларускага народа. Але гэта скажа ён пазьней, на вяршыні свайго ўзыходжаньня як палітычнага дзеяча. A пакуль што, y сьнежні 917 г., Аляксандар Цьвікевіч - радавы ўдзельнік Усебеларускага зьезда. Праўда, яго даклад аб бежанскім пытаньні ўключаны ў парадак дня работы зьезда. Яго рэплікі з месца выклікаюць увагу, падтрымку залы.

Аднак палітычная дзейнасьць y строгім значэньні гэтага слова пачынаецца для Цьвікевіча з вясны 1918 г., калі Рада Беларускай Народнай Рэспублікі камандзіруе яго на чале ўрадавай дэлегацыі на Украіну. Там сумесна з прадстаўнікамі беларускай калоніі ў Кіеве арганізуе ён. Беларускую гандлёвую палату, выпуск газеты «Белорусское эхо», робіць нямала, каб мацаваць маладую беларускую дзяржаўнасьць. Сярод іншых спраў разам з праф. Доўнар-Запольскім праз кіраўніка савецкай дэлегацыі X. Г. Ракоўскага пасылае ноту Савецкаму ўраду з патрабаваньнем вызначыць заходнія межы РСФСР, прызнаць суверэннасьць БНР, як гэта было зроблена ім y дачыненьні да Украіны.

У Кіеве ў 1918 г. асобнай брашурай выходзіць праца А. Цьвікевіча з гісторыі беларускага адраджэнскага руху «Кароткі нарыс узнікненьня Беларускай Народнай Рэспублікі». Такім чынам, будучы непасрэдным удзельнікам барацьбы за беларускую дзяржаўнасьць, ён становіцца першым яе гісторыкам. У нарысе аглядае шлях беларускага вызваленчага руху зa 1917-1918 гг., асобна спыняецца на найвышэйшым акце беларускага адраджэньня - абвяшчэньні Радай рэспублікі 25 сакавіка 1918 г. незалежнасьці Беларусі. А. Цьвікевіч перакананы, што яго народ «павінен дабівацца, каб y грохаце вайны ня быць навекі разрушаным, каб на сусьветным кангрэсе міру заявіць аб сваім існаваньні, аб сваіх нацыянальных ідэалах. Дасягнуць жа гэтага можна адзіна пры ўвасабленьні ў жыццё Акта аб незалежнасьці, агалошанага Радай БНР 25 сакавіка 1918 года».

Вясною 1919 г. А. Цьвікевіч узначальвае беларускую дыпламатычную місію ў Германію. 3 мэтай азнаямленьня палітычных колаў Заходняй Еўропы з беларускай праблемай выдае ў Берліне палітычны нарыс "Беларусь". Да гэтаму часу А. Цьвікевіч -адзін з лідэраў беларускіх сацыялістаў-федэралістаў. Погляд яго на дзяржаўнае аб'яднаньне народаў знайшоў выказ i ў названай брашуры, дзе аўтар прасачыў станаўленьне беларускай ідэі, акрэсьліў сучасны стан вызваленчага руху. Беларускія федэралісты бачылі шлях да аб'яднаньня, федэрацыі толькі праз незалежнасьць. «Сапраўдная федэрацыя,- пісаў Цьвікевіч,- можа нарадзіцца толькі праз устаноўчыя сходы ўсіх незалежных дзяржаў i затым - праз усеагульны Федэратыўны Кангрэс народаў. Толькі пры гэтым дабравольным федэрыраваньні будзе дасягнута даступная чалавецтву справядлівасьць i забяспечана спакойнае, заснаванае на добрай волі сужыццё».

У палітычным нарысе Цьвікевіча вельмі доказна гаворыцца пра згубнасьць для еўрапейскага міру перспектывы падзелу Беларусі паміж адроджанай Польшчай i Расіяй. "Толькі беларуская нацыянальная ўлада,- даводзіў аўтар брашуры,- вырашыць праблему ўсталяваньня жыцьця беларускага краю". Словам гісторыка i публіцыста А. Цьвікевіч перад усім сьветам сьведчыў пра Беларусь, гісторыю i палітычныя памкненьні яе народа.

Адно ўсьведамленьне сьвятасьці ідэі, гістарычнай, маральнай праваты ды вера ў нераскрытыя духоўныя сілы свайго народа падтрымлівала маладых адраджэнцаў, y тым ліку А. Цьвікевіча, y ix барацьбе за самастойны беларускі дзяржаўны быт. Змагацца за суверэннасць Беларусі даводзілася ў неверагодна цяжкіх умовах. He пасьпела адкаціцца кайзераўская навала, як закамуфляваны пад беларускую ўладу вяртаўся y Мінск «Облисполкомзап», a на захадзе ўжо маячыў другі «гістарычны» прэтэндэнт на беларускія землі - паўсталая з палітычнага нябыту Польшча.

Яшчэ будучы дыпламатам y Берліне, А. Цьвікевіч пачынае niсаць кнігу «Адраджэньне Беларусі i Польшча». У ёй усебакова разглядае канцэпцыі польскіх гісторыкаў, публіцыстаў, палітыкаў, датычныя «ўсходняга пытаньня». Аналіз зканамічных фактараў дазволіў беларускаму дасьледчыку пераканаўча паказаць, што не «гістарычнае права», на якое паклікаліся асобныя польскія аўтары, не стратэгічныя меркаваньні аб надзейных польскіх граніцах на ўсходзе (палітыкі i вайскоўцы цьвердзілі аб гаранце дзяржаўных межаў пры ўмове лакалізацыі ix на Бярэзіне i Дняпры), a перадусім наяўнасць польскага памешчыцкага стану на Беларусі (абшарніцкім дварам належала да палавіны земляў) перадвызначае характар польскай "усходняй палітыкі", імкненне кіраўнічых вярхоў Польшчы зрабіць Беларусь сваёй калоніяй.

Гісторык-эканаміст А. Цьвікевіч вельмі канкрэтна паказвае значэньне беларускіх земляў для польскага капіталу, ix магчымую ролю ў эканамічнай палітыцы адноўленай Польшчы. Прааналізаваўшы гістарычны i сучасны стан польска-беларускіх адносін, праекты інкарпарацыі, вуніі, двух-, трохкантоннай федэрацыі, снаваныя польскай дзяржаўнай думкай y дачыненьні да Беларусі i Літвы, беларускі практык-палітык i гісторык робіць рэалістычныя вывады i прагнозы. Як на самую рэальную апору беларускага адраджэньня глядзіць ён на сялянства, y радыкальным паляпшэньні становішча якога бачыць заруку палітычнага вызваленьня беларускага народа, перспектыву адбудовы яго дзяржаўнасьці. Тым часам легіёны Пілсудскага стаялі на Бярэзіне, прывід падзелу Беларусі паміж уладарнымі суседзямі станавіўся рэальнасьцю.

Аляксандр Цьвікевіч y гэтую пapy - адзін з самых актыўных беларускіх палітыкаў незалежніцкага кірунку. У сацыял-дэмакратычным урадзе А. Луцкевіча - ён незаменны кансультант y дзяржаўна-прававых пытаньнях, міністр юстыцыі. Удзельнічае ва ўсіх захадах гэтага ўрада ў адстойваньні інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне, прызнаньні яе дзяржаўнасьці. У сьнежні 1919 г. антыпольска настроеная бальшыня Рады Рэспублікі перавыбірае свой прэзідыум, практычна ўневажняе ўрад А. Луцкевіча i фармуе эсэраўскі паводле складу ўрад В. Ластоўскага. Новавыбраны беларускі ўрад y выніку перасьледу польскай адміністрацыяй (аж да арышту прэм'ера i членаў кабінета) быў вымушаны пакінуць Менск. Апынуўшыся на экстэрытарыяльным становішчы, мусіў быў прасіць прыстанішча ў Літве. Пры асталяваньні ў Коўні яго старшыня выклікаў з Берліна Цьвікевіча i прызначыў яго міністрам замежных спраў БНР.

Ковенскі перыяд, нейкія 3-4 гады, выдаўся наўзьдзіў плённым y жыцьці А. Цьвікевіча. Перш-наперш як палітыка, ня ў меншай меры як вучонага i публіцыста. Цяжка перабольшыць яго асабісты ўклад y акцыі пратэсту ўрада БНР супраць польска-савецкага падзелу Беларусі. У верасьні 1921 г. А. Цьвікевіч удзельнічае ў беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе, якая адыграла паважную ролю ў кансалідацыі беларускіх палітычных сіл, каардынацыі ix дзейнасьці. Увесну 1922 г. Цьвікевіч з Ластоўскім уручаюць канферэнцыі дзяржаў y Генуі мемарандум Беларускай Народнай Рэспублікі, бяруць удзел y яе рабоце, апелюючы да сусьветнай грамадскасьці ў справе палітычнага становішча беларускага народа, прызнаньня яго дзяржаўна-палітычных правоў.

Асобную старонку ў гэтым часе складае яго інтэнсіўная публі- цыстычная праца, накіраваная на сцьверджаньне беларускай ідэі, на высьвятленьне стратэгічных i тактычных задач беларускага вызва- ленчага руху. У часопісе «Беларускі сьцяг» (выходзіў y 1922 г. y Коўні пад рэдакцыяй К. Дуж-Душэўскага) А. Цьвікевіч надрукаваў аналітычныя эсэ «Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі», «Незалежнасьць як праграма сёньняшняга дня», філасофскі эцюд к 4-м угодкам акту 25 сакавіка, артыкулы «Беларусь перад Генуэзскай канферэнцыяй», «Эўразійцы» (апошнія пад крыптонімам «А. Ц.»), a таксама манаграфічную працу «Погляд П. Бяссонава на беларускую справу» (выйшла i асобным выданьнем).

Наперад скажу, што неяк няёмка перадаваць высокі лад думак асобных з гэтых твораў звычайным складам. Ix трэба чытаць, каб не адмовіць сабе ў інтэлектуальнай i эстэтычнай асалодзе. Глыбіня думкі ў ix арганічна. спалучана з дасканалай формай выкладу. I ці не галоўнае ў тым, што гэтыя філасофска-аналітычныя эсз, эцюды, прысьвечаныя ідэі беларускай незалежнасьці, не выглядаюць сёньня састарэлымі сваім палітыка-філасофскім i чалавечым зместам. He прывязаныя да вузка зразуметай сучаснасьці, яны адлюстроўваюць свой час i разам з тым узвышаюцца над ім, бо ў аснове аўтарскіх разваг ляжаць праблемы вечныя, катэгорыі агульначалавечыя, пры нацыянальных зыходных матывах ix.

1923-1925-я гады былі пераломнымі ў барацьбе беларускіх незалежнікаў на эміграцыі за суверэннасць Беларусі. Пасьля таго як нарада паслоў y Жэневе дэ юрэ зацьвердзіла ўсходнія граніцы Польшчы, літоўскія палітыкі рэзка зьмянілі сваё стаўленьне да ўрада Беларускай Рэспублікі, з дапамогай якога яны спадзяваліся ажыцьцявіць свае прэтэнзіі на Вільню i Віленшчыну. Летам 1923 г. літоўскі ўрад дэнансаваў беларуска-літоўскі дагавор ад 1920 г., i ўрад БНР вымушаны быў перабрацца ў Прагу, дзе, трэба сказаць, знайшоў добрае разуменьне, прытулак. В. Ластоўскі, які заставаўся ў Літве, падаўся ў адстаўку. Апошні ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ўзначаліў А. Цьвікевіч. Гарачы прыхільнік незалежнасьці Беларусі i дзейны на працягу сямі гадоў змагар за яе, з канца 1924 г. ён стаў задумвацца аб мэтазгоднасьці беларускай замежнай акцыі. Дыпламатычныя лемантацыі, як ён пазней назаве дэмаршы ўрада БНР ne- pad міжнароднымі арганізацыямі, зварот да сусьветнай грамадскасьці, не давалі вынікаў. ГІрактычна заходнееўрапейскія дэмакратыі, выключаючы хіба чэшскую, былі абыякавыя да пытання дзяржаўнасьці беларусаў.

A тым часам «храміна, збудаёаная чужымі рукамі», як называў яшчэ ў 1922 г. А. Цьвікевіч дзяржаўнасьць Савецкай Беларусі, рабіла відавочны поступ, напаўнялася беларускім зьместам. Менск станавіўся кансалідоўным чыньнікам y беларускім жыцьці, набывае прыцягальную моц для беларусаў з усіх этнічных беларускіх земляў, пад чыю б уладу яны ні трапілі. Ужо летам 1924 г. колішні дзеяч БНР i адзін з лідэраў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Б. Тарашкевіч з трыбуны сойма гаварыў пра «новы беларускі дом», які, паводле яго слоў, «з вялікай цяжкасьцю, але разам i з незвычайнай настойлівасьцю будуе бальшавіцкі ўрад».

А. Цьвікевіч, сустрэўшыся летам 1925 г. на беларускай канферэнцыі ў Гданьску з некаторымі дзеячамі беларускага замежжа, перадусім з Тарашкееічам i Рак-Міхайлоўскім, ідзе на кантакт з савецкімі прадстаўнікамі, y прыватнасьці з А. Ульянавым (мяркуючы па яго ролі y арыентацыі беларускіх палітычных дзеячаў, дыпламатам поліфункцыянальным i на многае правамоцным). На Берлінскай канферэнцыі ў канстрычніку 1925 г., куды сабраліся беларускія прадстаўнікі з розных краін i палітычных асяродкаў, было прынятае рашэнне «спыніць дзейнасьць урада Беларускай Народнай Рэспублікі i прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі». Бальшыня палітычных дзеячаў БНР пераехалі ў Савецкую Беларусь. У лістападзе 1925 г. з сям'ёю вярнуўся ў Менск i A. Цьвікевіч.

Незадоўга да выезду ў СССР, напрадвесьні 1925 г., y часопісе «Студэнцкая думка» ў Вільні было надрукавана літаратурна-філасофскае эсэ А. Цьвікевіча «Аб аргументах ад розуму i аб аргументах ад сэрца». Праз няцэлых пяць гадоў y менскай турме ён успомніць словы М. Чарота, сказаныя яму на Фрыдрьіхштрасэ пасьля здачы мандата ўрада БНР: «Пакуль вы былі тут, нам там было лягчэй». Зрэшты, магчыма, гэтую простую фразу згадваў ён i раней, калі працаваў кансультантам y Наркамфіне, беларускім аддзеле Таварыства Чырвонага крыжа ці ў Беларускай Акадэміі Навук.

Адно, за што, напэўна, А. Цьвікевіч быў удзячны Менску 20-х гадоў дык гэта за магчымасьць папрацаваць над кнігай, задуманай яшчэ ў Коўні, калі пісаў манаграфію «Погляд П. Бяссонава на беларускую справу». XIX стагоддзе вабіла яго ў асьпекце гісторыі беларускай грамадскай думкі. I ня столькі тым, што на золку яго зазарэла ідэя беларускага адраджэньня, але ўсім сьпектрам ідэй гэтага стагоддзя. І перш-наперш такой плыні грамадскай думкі, інспіраванай царскім самаўладдзем, як «западно-руссизм».

«Западно-руссизм» узьнік y эпоху Мікалая I y абставінах змаганьня рускага царызму з рэшткамі дзяржаўнай самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага: забароны дзейнасьці «Статута», вуніяцкай царквы, самой назвы «Беларусь». Як сістэма поглядаў, асобная школа, ён канчаткова аформіўся пасьля задушэньня паўстаньня 1863 г. Яго галоўным тэарэтыкам-ідэолагам быў сын вуніяцкага сьвятара з Пружаншчыны, праф. Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі гісторык М. Каяловіч. Непасрэдным натхняльнікам, уладнай апорай - М. Мураўёў, генерал-губернатар «Северо-Западного края». Асноўны пастулат западно-руссизма палягаў на непрызнаньні самастойнасьці, ідэнтычнасьці беларускага этнасу. У сферы практычнай дзейнасьці ён зводзіўся да барацьбы з г. зв. лацінствам, з польскім i апалячаным эканамічным i культурным элементам i яго ўплывам на Беларусі.

З ўзьнікненьнем беларускай ідэі адну з сваіх найважнейшых задач «западно-руссизм» убачыў y барацьбе з ёй. Тэарэтыкі i практыкі «западно-руссизма» пачатку XX ст. Саланевіч, Каранкевіч, Кавалюк стала змагаліся з беларускім адраджэньнем y сваіх перыядычных выданьнях, ня грэбуючы элементарным палітычным даносам на «Нашу Ніву», беларускіх адраджэнскіх дзеячаў. Рабілася гэта традыцыйна пад выглядам абароны праваслаўя, інтарэсаў беларускага селяніна. У цэлым жа ідэолагі i практыкі «западно-руссйзма» аб'ектыўна засьведчылі пра сябе як заўзятых адэптаў царскага абсалютызму, рэакцыі.

Паказальна, што асобныя групоўкі правых радыкалаў y Беларусі i сягоньня спавядаюць амаль не падноўленую сістэму поглядаў «западно-руссйзма». Гэта лішні раз сьведчыць, што незалежны беларускі гісторык 20-х гадоў, выбіраючы ласьне гэтую плынь аб'ектам свайго даследваньня, не перабольшыў яе значэньня ў грамадзкім жыцьці Беларусі.

Застаецца дадаць, што Аляксандр Цьвікевіч падзяліў трагічны лёс пакаленьня беларускай інтэлігенцыі 20-30-х гадоў. Расійскі таталітарызм ня мог дараваць яму барацьбы за незалежнасьць Беларуci, мары аб беларускай свабодзе. Семнаццатага сьнежня 1937 г. ён быў другім разам арыштаваны, ужо не ў Пярмі, куды быў адміністрацыйна сасланы ў 1931 г. a ў Сарапуле, прывезены ў Менск i 30 сьнежня расстраляны. Канчаткова рэабілітаваны 31 траўня 1989 г. «Западно-руссизм» - трэцяя i апошняя кніга таленавітага вучонага, палітыка i публіцыста.

Арсень Ліс



На Павеце, да кнігі Цьвікевіча, артыкул Аляксандра Вабiшчэвiча "Аляксандр Цвiкевiч (1883-1937)" (Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne № 14)

Аляксандр Цвiкевiч (1883-1937)

Iмя гэтага чалавека пачало вяртацца з небыцця толькi ў 1990-я гады, калi айчынная мiнуўшчына паступова пазбаўлялася ад фальсiфiкацыi i iдэалагiзацыi. На жаль, укладальнiкi выдання "Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Брэста. У 2 кн.", кн. 1. (Мінск 1997) не ўзгадалi гэтага славутага сына Берасцейшыны. А здзейсненае iм набыло асаблiвую актуальнасць менавiта цяпер, калi няпроста iдзе станаўленне беларускай дзяржаўнасцi. Хто ж ён, Аляксандр Цвiкевiч?

Аляксандр Iванавiч Цвiкевiч нарадзiўся 22 чэрвеня 1883 г. у Брэст-Лiтоўску ў сям'i фельчара чыгуначнай бальнiцы. Паводле звестак краязнаўца Юрыя Рубашэўскага, да сённяшняга дня ў Брэсце захаваўся дом, у якiм жыла тады сям'я Цвiкевiчаў. Спадзяемся, што архiўныя дакументы з Пецярбурга пацвердзяць гэтую iнфармацыю. Добрая адукацыя, атрыманая ў прыватных настаўнiкаў i ў мужчынскай гiмназii (цяпер яе будынак - адзiн з карпусоў Брэсцкага дзяржунiверсiтэта), дазволiла юнаку паступiць на юрыдычны факультэт Пецярбургскага унiверсiтэта, якi скончыў у 1912 г. Да 1914 г. працаваў прысяжным павераным у Пружанах i Брэст-Лiтоўску. Паводле водгукаў калег i начальства, малады юрыст меў усе падставы для неблагой службовай кар'еры. Аднак далейшыя падзеi карэнным чынам змянiлi лёс Цвiкевiча. Першая сусветная вайна i набліжэнне ў 1915 г. лiнii фронту да беларускiх зямель прымусiлi накiравацца ў эвакуацыю на ўсход. Як адзначае даследчык Арсень Лiс, менавiта народнае гора яго землякоў-бежанцаў, асуджаных на тулянне, галечу, голад, далучыла Аляксандра Цвiкевiча да грамадскага, а пазней i да нацыянальна-вызваленчага руху1.

Апынуўшыся ў Туле, прымаў актыўны ўдзел у працы камiтэта дапамогi ахвярам вайны. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. абудзiла нацыянальную свядомасць прадстаўнiкоў беларускага народа. Група iнтэлiгенцыi на мiтынгу ў Маскоўскiм унiверсiтэце 9 мая 1917 г. заснавала Беларускую народную грамаду (БНГ). Сярод кiраўнiкоў гэтай арганiзацыi быў i Аляксандр Цвiкевiч. Яе касцяк складалi бежанцы-беларусы. Мэтай БНГ з'яўлялася аўтаномiя Беларусi ў складзе федэратыўнай рэспублiкi Расii. Аўтанамiсцкiя настроi тлумачылiся тым, што значная частка тагачаснай iнтэлiгенцыi была выхавана на каштоўнасцях рускай культуры. Цвiкевiч таксама належаў да яе, аднак пазней перайшоў на незалежнiцкiя пазiцыi.

У снежнi 1917 г. ён прымаў удзел у рабоце I Усебеларускага з'езда ў Мiнску. Дэлегаты з удзячнасцю ўспрынялi яго прывiтальнае слова ад бежанцаў-беларусаў. "Бежанцы пралiлi мора слёз, калi яны ўцякалi са сваiх родных гнёздаў у 1915 годзе. Па шляху свайго руху з'явiлася маса могiлак. Дзецi адлучаны ад мацi, жонкi ад мужоў. Нi ў кiм так не сказваецца любоў да роднага краю, як у бежанцаў. Любоў да роднай зямлi i да родных могiлак цягне iх вярнуцца на свае месцы"2. У парадак дня з'езда было ўключана пытанне аб бежанцах, даклад па якім павiнен рабiць Аляксандр Цвiкевiч. Яго выступленне аб становiшчы гаспадаркi краiны ўтрымлiвала шэраг прапаноў па вырашэнні праблем бежанцаў. Бальшавiкi разагналi з'езд, але гэта толькi паскорыла працэс станаўлення дзяржаўнасцi Беларусi. У сваёй брашуры "Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики" Аляксандр Цвiкевiч адзначаў, што "Усебеларускi з'езд першую частку сваёй задачы ажыццявiў. У прысутнасцi сатрапаў з "Савета", пад пагрозай штыкоў i расстрэлу з браневiка, ён аднагалосна (...) вынес рэзалюцыю «аб зацвярджэннi на беларускай зямлi рэспублiканскага ладу», аб непадзельнасцi Беларусi i аб замацаваннi за яе грамадзянамi асноўных правоў, заваяваных рэвалюцыяй"3.

У студзенi 1918 г. Выканкам I Усебеларускага з'езда накiраваў Аляксандра Цвiкевiча ў Брэст-Лiтоўск для ўдзелу ў мiрных перагаворах. Разам з Сымонам Рак-Мiхайлоўскiм ён пешшу перайшоў лiнiю фронту ля Баранавiч. "Нямецкая вайсковая часць, што там стаяла, прыняла iх, як трэба, падрыхтаваўшы ўжо i вагон для ад'езду ў Берасце, як раптам пасля тэлеграфнага запытання, атрымала паведамленне, што Троцкi (...) нiякай Беларусi не прызнае"4. Пасля мноства выпрабаванняў беларускiм дэлегатам удалося прысутнiчаць на канферэнцыi, але толькi ў якасцi дарадцаў дэлегацыi Украiнскай Народнай Рэспублiкi.

Заклапочаныя праблемамi ў Брэст-Лiтоўску, Цвiкевiч i Рак-Мiхайлоўскi не ведалi аб тых гiстарычных падзеях, што адбывалiся ў Мiнску. Пра гэта сведчыць iх лiст, што датуецца 28 лютага 1918 г.

"Дарагiя браты! Надта трудна была наша праца ў палiтычным кiрунку ад таго, што нам было невядома аб палажэннi беларускага пытання ў Вас, за кардонам. Толькi сёння, прачытаўшы Вашу газету "Гоман", мы даведалiся, што ў Вас адбылася Канферэнцыя, на якой было прызнана патрэбным дабiвацца Беларускай незалежнай Рэспублiкi5. Звесткi гэтыя надта глухiя, таму просiм Вас паведамiць нам дэтальна, якi змест Вы ўкладаеце ў паняцце незалежнасцi i як Вы мыслiце сабе шлях да гэтага. Справа ў тым, што мы ясна ўсведамляем са свайго боку, што (...) нi палiтычна, нi эканамiчна беларускi народ жыць незалежна не можа: ён слабы сiламi культурнымi i бедны эканамiчна (...). Мы сваiм прыездам ужо трохi перамiтусiлi карты i толькi шкада, што трохi спазнiлiся, але наша мэта - незалежнасць Беларусi ў этнаграфiчных яе гранiцах - ужо зрабiла ўражанне на немцаў i ўчора вечарам Карахан6 па тэлефоне адмовiўся з намi гаварыць доўга"7.

Пасля Брэсцкага мiру Аляксандр Цвiкевiч быў накiраваны ў Кiеў у складзе спецыяльнай дыпламатычнай мiсii для вядзення з зацiкаўленымi бакамi перамоў аб пераглядзе яго i прызнаннi незалежнасцi БНР. З дапамогай Цвiкевiча ў Кiеве быў наладжаны выпуск газеты "Белорусское эхо", арганiзавана Беларуская гандлёвая палата. А летам 1918 года ён узначалiў надзвычайную мiсiю ўрада БНР у Маскве.

Летам 1918 г. Аляксандр Цвiкевiч таксама трапiў у кiруючыя органы Беларускай партыi сацыялiстаў-федэралiстаў, для якой былi характэрны цэнтрызм у дзейнасцi i жаданне змагання як за нацыянальныя, так i сацыяльныя правы. Мэтай партыi з'яўлялася дэмакратычная рэспублiка ў супольнасцi сусветнай федэрацыi.

Вясной 1919 г. Аляксандр Цвiкевiч быў накiраваны ў Берлiн. Урадавая дэлегацыя БНР iмкнулася там вырашыць фiнансавае пытанне - атрымаць па акрэдытыве ўкраiнскую пазыку. Пасля адмовы германскiх улад выдаць грошы Аляксандр Цвiкевiч ездзiў у Вену, каб атрымаць частку з iх у Аўстрыйскiм банку. Трохмесячнае знаходжанне ў Берлiне суправаджалася актыўнай iнфармацыйна-папулярызатарскай дзейнасцю - у час сустрэч з нямецкiмi палiтыкамi, журналiстамi, у ходзе кантактаў з дзяржаўнымi i прыватнымi ўстановамi Германii. Дзеля iх азнаямлення з беларускiм пытаннем пад аўтарствам мiнiстра юстыцыi ўрада БНР Цвiкевiча ў Берлiне ў 1919 г. была выдадзена брашура Беларусь: палiтычны нарыс. У гэтай працы яскрава прагледжваюцца незалежнiцкiя погляды аўтара. Наконт падзелу беларускiх зямель быў дадзены адназначны адказ - народ не згодзiцца. Зроблена спроба аналiзу i прагнозу характару мiжнацыянальных адносiн на Беларусi. "Шматвекавое сужыццё беларускага народа з рознымi нацыянальнасцямi, якiя жывуць на яго тэрыторыi, даюць падставу думаць, што яўрэй, паляк, вялiкарос, украiнец, лiтовец i г.д. - усе яны будуць адчуваць сябе ў вольнай Беларусi свабодна, як на сваёй другой радзiме"8. Гэтая думка грунтавалася на добрым веданнi айчыннай гiсторыi. Менавiта народ, якi "паспытаў на сабе ўвесь цяжар нацыянальнага прыгнёту, пазбаўлены шавiнiзму i агрэсiўных памкненняў", дасць "кожнаму чалавеку на сваёй зямлi права на яго культуру i жыццё згодна асабiстым жаданням". Такую аснову Аляксандр Цвiкевiч бачыў у нацыянальным характары беларусаў, галоўнай рысай якога выдзяляў непрыняцце гвалту. "Можна прызнаць, што гэта слабасць беларусаў у сучасным, але сiла i гонар яго ў будучым"9. Наогул, кнiга прасякнута верай у патэнцыяльныя сiлы народа, яго лепшую будучыню.

Такi ж аптымiстычны накірунак мае i яго артыкул Усе дарогi вядуць у Беларусь, што быў апублiкаваны пад псеўданiмам Аляксандр Незалежны ў адной з вiленскiх беларускiх газет у кастрычнiку 1919 г. Асноўны аргумент у абарону беларускай дзяржаўнасцi наступны: народ, якi меў некалькi стагоддзяў сваю дзяржаўнасць, культуру, лiтаратуру, свае яркiя этнаграфiчныя адметнасцi, мову, мае ўсе правы на дзяржаўную незалежнасць10.

Асаблiва небяспечнымi для Беларусi былi ў той час планы кiраўнiкоў Польскай дзяржавы, якiя iмкнулiся пераўтварыць яе землi ў "крэсы ўсходнiя". Аляксандр Цвiкевiч з гэтай нагоды напiсаў кнiгу Адраджэнне Беларусi i Польшчы, якая была выдадзена ў 1921 г. Дэталёвы аналiз розных гiстарычных фактараў у адносiнах Польшчы да Беларусi даў магчымасць аўтару зрабiць выснову, што галоўнымi з'яўлялiся не столькi палiтычныя, колькi эканамiчныя iнтарэсы польскiх памешчыкаў.

У новым урадзе БНР Вацлава Ластоўскага, якi вымушаны быў размясцiцца ў Коўне (сучасны Каўнас), Аляксандр Цвiкевiч займаў у 1921-1923 гг. адказную пасаду - мiнiстра замежных спраў. Па-ранейшаму працягвалася змаганне за прызнанне права Беларусi на сваё месца ў Еўропе. Падзел беларускiх зямель пасля Рыжскага дагавору 1921 г. прымусiў розныя палiтычныя партыi пераадолець супярэчнасцi i кансалiдавацца. Гэта адбылося на Першай Усебеларускай канферэнцыi ў канцы верасня 1921 г. у Празе. Старшынёй згаданай нарады з'яўляўся Аляксандр Цвiкевiч. У яго рэдакцыi была прынята рэзалюцыя па вiленскім пытанні. Асаблiвае абурэнне выклiкалi ў яго выступленнi паланафiльскiх дзеячаў. Вось урывак з адной з такiх прамоў (паводле газеты "Воля России" ад 1 кастрычнiка 1921 г.): "Не арыентацыя, а воля народная, не эвалюцыя, а ўсенародная рэвалюцыя. I не будзем чакаць ласкi пана Варшаўскага i камунiста Маскоўскага. Нават у змрочныя часы, калi па беларускай нiве прайшоў першы плуг нацыянальнага руху, арыентацыi не было. I цяпер яе не будзе. Мы аб'яднаемся вакол аднаго лозунга: свабодная i незалежная Беларусь. А Вы, пан Аляксюк, замест таго, каб з трыумфам праехацца ў аўтамабiлi пад аховай штыкоў Балаховiча ад Пiнска да Мазыра, прайшлiся пешшу, то пабачылi б увесь жах польскага прыгнёту i дазналiся iсцiнныя патрэбы беларускага народа"11.

Вынiкамi працы канферэнцыi Цвiкевiч падзялiўся ў iнтэрв'ю газеце "Час" (надрукавана ў нумары ад 5 кастрычнiка 1921 г.): "Беларусь ляжыць на дарозе памiж Варшавай i Масквой - i не дзiўна, што пры кожным польска-рускiм сутыкненнi вынiкае беларуская справа, таму што фактычна на яе тэрыторыi вядзецца бойка. Гэта наша гiстарычнае няшчасце"12. Згодна яго слоў, перашкаджала беларускаму народу i адсутнасць рэлiгiйнага адзiнства, наяўнасць дзвюх канфесiй - каталiцкай i праваслаўнай. "Лозунгам яднання ёсць незалежнасць Беларусi i поўнае адмежаванне ад усялякiх арыентацый на суседзяў", - так ён вызначыў асноўны пункт сутыкнення пазiцый розных палiтычных сiл13. У згаданым iнтэрв'ю ён падкрэслiваў, што жорсткi акупацыйны рэжым бальшавiкоў на ўсходзе беларускiх зямель i польскi шавiнiзм на захадзе прымусiлi асудзiць iх i прыняць рашэнне аб арганiзацыi паўстанняў.

Далейшы ход падзей паказаў, што пэўны час яму i яго паплечнiкам па палiтычнай эмiграцыi ўсё-такi даводзiлася арыентавацца на Лiтву, якая таксама прытрымлiвалася антыпольскiх настрояў. Аднак працягвалася дыпламатычная барацьба за прызнанне ўрада БНР еўрапейскай грамадскасцю, iнфармавалiся колы палiтыкаў аб культурна-нацыянальным стане беларусаў. Вацлаў Ластоўскi i Аляксандр Цвiкевiч рабiлi спробу ўключэння беларускага пытання ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыi 1922 г. У пададзенай на iмя старшынi канферэнцыi ноце яны прызнавалi Вiльню сталiцай Лiтвы i пагаджалiся з уключэннем Вiленшчыны i часткi Гродзеншчыны ў склад Лiтоўскай рэспублiкi. Гэта прывяло да ўрадавага крызiсу БНР.

У перыяд знаходжання ў Коўне праявiўся з поўнай сiлай яго талент выдатнага публiцыста. Артыкулы, змешчаныя ў часопiсе "Беларускi сцяг" i iншых выданнях, не страцiлi сваёй злабадзённасцi i зараз. Часцей падпiсваўся крыптонiмам А. Ц. цi псеўданiмам Алесь Галынец. Вельмi цiкавыя думкi выказаны iм у эсэ Да пытання аб незалежнасцi. Аўтар сцвярджае, што ўстанаўленне нацыянальнага суверэнiтэту "ёсць масавы псiхалагiчны працэс", а не проста фармальна юрыдычны акт. "Кожны народ, якi хоча знайсцi i акрэслiць самога сябе, якi хоча стаць у роўню са сваiмi суседзямi, павiнен перажыць гэты працэс"14. Нiчога незвычайнага ў гэтым няма, бо ўсведамленне самастойнасцi жыцця - з'ява доўгатэрмiновая. Гэта адбываецца, як падкрэслiваў Цвiкевiч, з цягам часу, "таксама, як адчуваецца фiзiчная даспеласць кожнага арганiзму"15.

Адданасць свайму народу прагледжваецца i ў эсэ Незалежнасць - як праграма сённяшняга дня. Дадзеная праца таксама прасякнута жаданнем даць тэарэтычнае абгрунтаванне iмкнення беларусаў да дзяржаўнай самастойнасцi. Разважанні аўтара сведчаць аб яго высокiм iнтэлектуальным узроўнi. Ён выступае як аптымiст, бо лiчыць, "пакуль у душы народнай гарыць агонь iмкнення да яе - датуль барацьба будзе трываць"16.

Не меншую iнтэлектуальную асалоду пры чытаннi выклiкае i наступная праца Цвiкевiча - Вялiкае апрашчэнне цi вялiкае ўдасканаленьне?. Намаганнямi беларускага дзеяча Канстанцiна Езавiтава яна была надрукавана асобнай брашурай у Рызе пад псеўданiмам А. Галынец у 1926 г., калi сам аўтар ужо быў у Мiнску17. Цвiкевiч спрабуе даць адказы на многiя пытаннi, што хвалявалi тагачасную свядомую i адукаваную частку разарванага беларускага грамадства. На пытанне: "чаму трэба ратаваць народы (у тым лiку беларусаў) ад этнiчнай смерцi, знiкнення?" прывядзем у якасцi адказаў толькi некалькi яго выказванняў: "рознаадметнасць i навiзна найбольш цiкавяць нас у творчасцi народаў", "мова - душа народу i найкаштоўнейшы скарб усяго чалавецтва", "мы павiнны берагчы i ўзбагачаць свае духоўныя скарбы", "можна, а нават патрэбна, паважаць i любiць кожны народ, але пасля Беларусi" i iншыя. Увесь змест гэтай работы звернуты да iнтэлiгенцыi. "Iнтэлiгенты павiнны стаць сапраўднымi сынамi беларускага народу!" - менавiта гэты лозунг-настаўленне адлюстроўвае iдэйную накiраванасць публiкацыi. Ва ўяўленнi аўтара шлях да гэтага ганаровага i адначасова адказнага звання - сапраўдны сын народа - нялёгкi i цярнiсты. Найперш патрэбна было адчуць, якiмi праблемамi жыве народ. "Вярнуўшыся да народу, iнтэлiгенцыя не толькi апрасцiцца, але духоўна ўдасканалiцца". Паводле Цвiкевiча, назвацца сынам Беларусi - значыць не дарма прыйсці да нацыянальнай справы. Ён ахрысціў гэтыя пуцявiны не iнакш, як беларуская Галгофа. Якраз яна прынясе iнтэлiгенту "мiльён цярпенняў", але разам з гэтым "родзiць з яго Чалавека новага жыцця". Думкi, разважаннi, выкладзеныя ў гэтым своеасаблiвым катэхiзісе беларускай iнтэлiгенцыi, даволi актуальныя i цяпер, калi назiраецца тэндэнцыя да згортвання нацыянальна-культурнага адраджэння.

Як ужо адзначалася, у вынiку ўрадавага крызiсу БНР беларуская палiтычная эмiграцыя аказалася расколатай. Адносiны памiж ранейшымi паплечнiкамi па нацыянальна-вызваленчай барацьбе значна пагоршыліся. Аляксандр Цвiкевiч рэзка выступаў супраць Вацлава Ластоўскага, Клаўдзія Дуж-Душэўскага. У прыватнасцi, ён не прызнаваў створаны ў Парыжы Камiтэт паняволеных Польшчай нацый, у склад якога ўваходзiў былы кiраўнiк урада БНР Вацлаў Ластоўскi. А гэты камiтэт выступаў супраць нацыянальнага i сацыяльнага ўцiску заходнебеларускага насельнiцтва з боку польскiх улад.

23 жнiўня 1923 г. на сходзе беларускiх грамадскiх i палiтычных дзеячаў у Коўне была негатыўна ацэнена дзейнасць В. Ластоўскага i К. Дуж-Душэўскага, сфармiраваны новы ўрад БНР на чале з Цвiкевiчам. Антыбеларуская палiтыка лiтоўскага ўрада прывяла да пераезду структур БНР у Прагу. Сярод прадстаўнiкоў беларускай палiтычнай эмiграцыi былi i заўзятыя працiўнiкi прызначэння Цвiкевiча, што заставаўся ў Коўне, на пасаду кiраўнiка ўрада БНР. Палiтычныя апаненты кiдалi ў яго бок папрокi ў здраднiцтве, рэнегацтве. Нярэдка танальнасць такiх выказванняў насiла даволi абразлiвы характар. Напрыклад, у адным з лiстоў (датуецца 28 жнiўня 1924 г.) К. Дуж-Душэўскi адзначае, што "ў Берлiне ўсё грамадзянства, якое толькi так цi iнакш звязана з беларускiм рухам, абурана подлым паступкам "жулiка Цвiкевiча", як яго тут называюць". "Сярод найiдэйнейшых людзей бываюць здраднiкi i правакатары, - працягвае далей Дуж-Душэўскi. - Што ж, ёсць правакатары-аферысты i сярод беларусаў, а главаром гэтай шайкi з'яўляецца А. Цвiкевiч (...). Ён, вiдаць, толькi не ведае, дзе больш плацяць: у маскоўскiм ГПУ цi ў польскiм "sądzie polowym"18. А вось яшчэ вытрымка з iншага лiста "Пах 2-х мiльёнаў лiтаў, якiя гр. А. Цвiкевiч i К° ужо лiчылi ледзь не атрыманымi ад лiтвiнаў, адурманiлi гэтую публiку зусiм i яна страцiла астаткi розуму i ўсялякага пачуцця этыкi".

Варта адзначыць, што Цвiкевiч не быў палiтыкам-летуценнiкам. Ён не ўскладваў вялiкiх спадзяванняў на Лiтву ў справе адраджэння Беларусi: лiчыў супрацоўнiцтва з лiтоўскiм урадам часовым, скептычна ставiўся да iдэi супольнай федэратыўнай дзяржавы. Сама рэчаiснасць пацвярджала слушнасць яго сумненняў. Хоць доўгi час Цвiкевiч непрыхiльна ставiўся да БССР, аднак паступова яго пазiцыя змянiлася пад уздзеяннем поспехаў i дасягненняў палiтыкi беларусiзацыi. I Цвiкевiч, нягледзячы на здзеклiвыя закiды ў яго бок, не хаваў свайго намеру пераехаць у Мiнск. Таму i пайшоў на прыняцце рашэння аб спыненнi дзейнасцi ўрада БНР i прызнаннi Мiнска адзiным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусi - на Берлiнскай канферэнцыi ў кастрычнiку 1925 г. Аляксандр Цвiкевiч рабiў даклад "Аб сучасным моманце ў нацыянальным i дзяржаўным будаўнiцтве Беларусi", тэзiсы якога захавалiся19. Прынятыя дакументы (Пратакол пасяджэння Рады Мiнiстраў БНР, пастанова да пратаколу), а таксама лiст А. Цвiкевiча былi апублiкаваны ў прэсе БССР20. Быў унесены раскол у шэрагi беларускай палiтычнай эмiграцыi. Некаторыя даследчыкi лiчаць, што пэўную ролю ў гэтай справе адыгралi савецкiя агентурныя органы. З гэтым не пагадзiцца таксама нельга. Аднак Аляксандр Цвiкевiч прыняў рашэнне аб вяртаннi ў БССР (як i некаторыя iншыя дзеячы) па ўласным жаданні, зыходзячы з iдэйных перакананняў. У адным з лiстоў (адрасат невядомы) ад 22 лютага 1925 г. ён прызнаваўся: "Не скрываю, што не ўсiм, што ёсць у Менску, я задаволены i што, мне здаецца, шмат што ў працы трэба змянiць (...). Кожны з нас ведае, што сапраўды Менск сёння яшчэ далёкi ад таго, каб быць беларускiм". "У гутарцы, якую я меў тут (у Коўне - А. В.) з мясцовым паўпрэдам, - працягваў ён далей, - я зазначыў некаторыя моманты майго адменнага погляду на справу. Зазначыў я i тое, што ў Менску прэса "казённая", што кiраўнiкi савецкай палiтыкi мала рэвалюцыйныя ў напрамку культурным, што iм шкада расейскай культуры, дзецьмi якой яны з'яўляюцца, што толькi ў апошнiя гады яны зрабiлi ўступкi, гэтак дабрадзейныя ў нацыянальнай справе, што ў гэтым напрамку трэба пайсцi далей - зрабiць сапраўды нацыянальнае адраджэнне Беларусi фактарам «новага жыцця»"21.

Пазней, у час турэмнага зняволення ў 1930 г., Аляксандр Цвiкевiч у паказаннях згадваў тыя падзеi сярэдзiны 1920-х гадоў. Хоць выказанаму за турэмнымi кратамi нельга поўнасцю давяраць, усё-такi варта звярнуць увагу на асобныя меркаваннi. Паводле Цвiкевiча, нялёгка было яму псiхалагiчна пры прыняццi рашэння ў Берлiне. "Для гэтага трэба было перажыць цяжкую ўнутраную барацьбу, рашыцца на папрок у рэнегацтве, у здрадзе "нацыянальнай справе" - папрок, якi быў сапраўды кiнуты ў твар мне, маiм таварышам на наступны дзень пасля рашэнняў Берлiнскай канферэнцыi". Ён лiчыў, што лiквiдацыя БНР не была манеўрам, каб абмануць савецкiя ўлады. "Гэта быў зусiм паслядоўны палiтычны акт, вынiк трох прычынаў: абсалютнага i безумоўнага росту БССР, якая ператварылася ў рашучы фактар беларускага вызваленчага руху, нацыянальна-культурнага i дзяржаўнага будаўнiцтва; раскол адзiнага нацыянальнга фронту ў Заходняй Беларусi ў сувязi з падрыхтоўкай Рабоча-сялянскай грамады; у незацiкаўленасцi суседнiх з Беларуссю буржуазных дзяржаў у iснаваннi БНР"22.

У лiстападзе 1925 г. Аляксандр Цвiкевiч разам з сям'ёй пераехаў у Мiнск. Спачатку працаваў кансультантам у Наркамфiне, потым - неадменным (вучоным) сакратаром у Iнбелькульце, старшынёй камiсii па вывучэнні асветы ў Беларусi, у Iнстытуце гiсторыi. Ён нiколькi не адмовiўся ад сваiх нацыянальна-дэмакратычных перакананняў. Невыпадкова, што пазней у турэмных паказаннях Аляксандр Цвiкевiч прызнаваў: "застаўся беларускiм нацыяналiстам, з той рознiцай, што свой нацыянальны настрой iмкнуўся рэалiзаваць i задаволiць не ў старых формах "народнай" Беларусi, а ў новых формах Беларусi савецкай"23.

У 1929 г. у Мiнску была надрукавана фундаментальная навуковая праца Аляксандра Цвiкевiча «Западно-руссизм»: Нарысы з гiсторыi грамадскай мыслi на Беларусi ў XIX i пачатку XX в. Па глыбiнi даследавання i праблематыцы кнiга не страцiла свайго значэння i цяпер. Аўтар усебакова прааналiзаваў iдэалогiю i практыку русiфiкацыi Беларусi ў перыяд Расiйскай iмперыi. Удумлiвае прачытванне гэтай кнiгi дае магчымасць знайсцi адказ на пытанне чаму i цяпер пэўныя палiтычныя сiлы ў нашым грамадстве жадаюць бачыць i надалей беларусаў "заходнерусамi". Каранi гэтай з'явы бяруць пачатак у змрочныя дзесяцiгоддзi сталiнскага таталiтарнага рэжыму. Невыпадкова, што са згортваннем палiтыкi беларусiзацыi з канца 1920-х гг. згаданая кнiга была забаронена. Увесь тыраж (3000 экземпляраў) быў поўнасцю знiшчаны. Уцалела толькi некалькi кнiг у прыватных зборах. У 1993 годзе даная праца была перавыдадзена.

Сам Аляксандр Цвiкевiч быў арыштаваны 4 лiпеня 1930 г. Яго абвiнавачвалi ў прыналежнасцi да неiснуючай антысавецкай арганiзацыi "Саюз вызвалення Беларусi". Найперш удалося выбiць уласнаручнае прызнанне "вiнатавасцi". Аднак неўзабаве ён адмовiўся ад яго. Спатрэбiлася няшмат часу, каб з дапамогай прымусовых метадаў вязень iзноў пагадзiўся з бязглуздымi абвiнавачваннямi. Вось урывак з паказанняў Аляксандра Цвiкевiча ад 24 жнiўня 1930 г.: "Iнакш i быць не магло: маё нацыяналiстычнае "нутро", мае нацыянальныя настроi i накiраванасць, натуральна, штурхалi мяне ў нацыянальны лагер. У гэтым i праявiлася мая контррэвалюцыйная сутнасць"24. Гэтая "споведзь" сведчыць аб тым, што чалавек застаўся верным сваiм нацыянальна-дэмакратычным поглядам, нягледзячы на самабiчаванне, учынены над iм гвалт.

10 красавiка 1931 г. Аляксандр Цвiкевiч быў асуджаны на 5 гадоў ссылкi. Адбываў яе ў Пярмi, Iшыме, потым Сарапуле (Удмуртыя). Пазней тэрмiн пакарання прадоўжылi на 2 гады. Жыў там разам з сям'ёй - жонкай Зiнаiдай Осiпаўнай, дзвюма дачкамi (трэцяя дачка - Iрына - памерла ў пачатку 1924 г.) i сынам. Аб знаходжаннi ў ссылцы ўспамiнае дачка Марына, 1925 г. нараджэння (цяперашняе прозвiшча - Ляскова, жыве ў Хабараўску). "Я была занадта малой, каб ведаць якiя-небудзь падзеi, што былi да 30 года. Нягледзячы на арышт i ссылку, бацька заўсёды быў вясёлым i жыццярадасным, у яго ўсюды было шмат сяброў, ён добра спяваў, складаў усялякiя гiсторыi i расказваў мне ранiцай у вольны час". Безумоўна, што малая дзяўчынка яшчэ не адчувала той пагрозы, якая навiсла над яе бацькам. "У нас збiралiся часта сябры бацькi - вясёлыя, вялiкiя кампанii". Магчыма, што дзеля бяспекi дзяцей размовы аб мiнулай палiтычнай дзейнасцi Аляксандр Цвiкевiч не вёў. Аднак, як узгадвае яго дачка Марына, "бацька вельмi любiў Беларусь i ў сям'i часта гаварыў па-беларуску". "Калi прыходзiлi госцi, я часта расказвала вершы на беларускай мове. Адзiн з iх я добра памятаю.

Гусi, гусi, вырай вольны

Шумны крык ваш, гусi,

Ляцiце вы ў свет раздольны

З нашай Беларусi.

Страшэнныя часы "яжоўшчыны" не абмiнулi Цвiкевiча. Iзноў звяртаемся да ўспамiнаў дачкi Марыны. "У 1937 годзе ноччу за бацькам прыйшлi, усё перарылi, забралi яго кнiгi i, мабыць, яшчэ нешта акрамя кнiг, бо ў яго была невялiкая бiблiятэка. Праз тры днi бацька вярнуўся i сказаў маме, каб не хвалявалася. Аднак потым яго зноў забралi. А праз некалькi дзён да нас прыбеглi нейкiя жанчыны i сказалi, што Аляксандра Iванавiча павезлi на вакзал. Мы з мамай пабеглi i на вакзале знайшлi вагон, дзе ён быў. Канваiр дазволiў нам пагутарыць з iм. Бацька мне сказаў, каб добра здавала экзамены (я заканчвала пяты клас) i ён прывязе падарунак. Болей пра яго мы нiчога не чулi"25.

Арыштаванага Аляксандра Цвiкевiча 17 снежня 1937 г. прыгаварылi да вышэйшай меры пакарання. 30 снежня 1937 г. ён быў расстраляны ў Мiнску.

Такi ж лёс напаткаў i яго брата Iвана, таленавiтага вучонага-медыка. Iван, якi быў на тры гады маладзейшы за Аляксандра (нарадзiўся ў лiстападзе 1891 г.), пасля сканчэння медыцынскага факультэта Варшаўскага унiверсiтэта ў 1914 г. прымаў удзел у першай сусветнай вайне ў якасцi франтавога ўрача. На фронце трапiў у нямецкi палон. Пасля вызвалення працаваў у 1921-1923 гг. у Берлiне ў Дзяржвыдавецтве РСФСР. Менавiта тады ён даволi часта кантактаваў з братам Аляксандрам. З 1923 г. працаваў у Мiнску. Пазней разам з братам уваходзiў у склад правадзейных членаў Iнбелкульта, узначальваў там медыцынскую секцыю. Тэрмiналагiчная камiсiя пад яго кiраўнiцтвам шмат зрабiла ў галiне распрацоўкi медыцынскай тэрмiналогii, якая выдавалася на лацiнскай, рускай i беларускай мовах. Вынiкам работы камiсii было складанне шэрагу слоўнiкаў, апублiкаваных у 1926-1928 гг. У 1926 г. Iван Цвiкевiч надрукаваў у Мiнску падручнiк для сярэднiх школ Анатомiя, фiзiялогiя i гiгiена (пераклад з рускай), якi быў перавыдадзены ў 1929 i 1930 гг. Акрамя таго, Iван Цвiкевiч праявiў сябе як добры знаўца замежных моў - перакладаў на беларускую мову творы Рабiндраната Тагора i iншых. Цiкавiўся i айчыннай гiсторыяй. У адным з нумароў часопiса "Полымя" (1924 г.) быў змешчаны бiяграфiчны нарыс пра Кастуся Калiноўскага.

Iван Цвiкевiч быў арыштаваны 18 лiпеня 1930 г. Пазней быў асуджаны на 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у Нарыме, на Алтаi. 1 лiпеня 1938 г. асуджаны паўторна - да расстрэлу.

Аляксандр Цвiкевiч быў рэабiлiтаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988 г., па другiм - 31 мая 1989 г. Рэабiлiтаваны i Iван Цвiкевiч.

Жыццёвыя лёсы дзяцей Аляксандра Цвiкевiча былi даволi складаныя. Спасылаемся на ўрыўкi з лiста Марыны Лясковай (Цвiкевiч). "Пасля арышту бацькi нас высялiлi з кватэры, маму звольнiлi з працы, але ў школе я нiякiм ганенням не падвяргалася. Брат [Вiктар; памёр тры гады назад у Пецярбургу - А. В.] у час арышту бацькi вучыўся ў Ленiнградзе ў фiзiка-матэматычным iнстытуце. Яму ўсё жыццё давялося скрываць, што бацька ў яго арыштаваны".

У цэлым, даны матэрыял ахапiў толькi асноўныя вехi ў жыццяпiсе Аляксандра Цвiкевiча, яго палiтычнай, грамадска-культурнай i навуковай дзейнасцi. Аднак нават вышэйпералiчанага дастаткова, каб пераканацца ў тым, наколькi шматгранным быў талент Аляксандра Iванавiча Цвiкевiча. Удзячныя землякi маглi б з упэўненасцю ўшанаваць яго iмя ў назве вулiцы Брэста. Варта было б устанавiць памятныя знакi на будынку, дзе жыла сям'я Цвiкевiчаў, а таксама на будынку гiмназii, дзе вучыўся Аляксандр Цвiкевiч. Гэтае iмя сапраўды ўваходзiць у кагорту выдатных ураджэнцаў Берасцейскай зямлi.


1 А. Цвiкевiч, "Западно-руссизм". Нарысы з гiсторыi грамадскай мыслi на Беларусi ў XIX i пачатку XX в., Мінск 1993, с. 343.

2 "Беларуская рада", 10.12.1917.

3 А. Цвикевич, Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики, Киев 1918, с.10.

4 "Спадчына", 1998, № 1, с. 84-85.

5 Беларускi дзяржаўна-архiўны музей лiтаратуры i мастацтва (далей: БДАМЛiМ), ф. 3, в. 1, спр. 261, арк. 25.

6 Л. Карахан (1889-1937), савецкi дыпламат, сакратар савецкай дэлегацыi на перамовах у Брэст-Лiтоўску.

7 Там жа, арк. 25-26.

8 А. Цвикевич, Беларусь: Политический очерк, Берлин 1919, с. 26.

9 Там жа, с. 27.

10 "Спадчына", 1997, № 3, с. 3-4.

11 БДАМЛiМ, ф. 3, в. 1, спр. 169, арк.103.

12 Там жа, спр. 282, арк. 18.

13 Там жа.

14 "Беларуская мiнуўшчына", 1993, № 3-4, с. 13.

15 Там жа.

16 "Культура", 24.04.1993.

17 "Спадчына", 1997, № 2, с. 7-30.

18 БДАМЛiМ, ф. 3, в. 1, спр. 256, арк. 98 адв.

19 Нацыянальны архiў РБ (далей: НАРБ), ф. 4, в. 7, спр. 82, арк. 218-219.

20 "Савецкая Беларусь", 15.11.1925.

21 БДАМЛiМ, ф. 3, в. 1, спр. 282, арк. 10.

22 "Полацак", 1992, № 2, с. 11.

23 Там жа, с. 11-12.

24 Там жа, с. 13.

25 З лiста дачкі Цвікевіча Марыны Аляксандраўны Лясковай (Хабараўск) Палiне Панасюк (Брэст) ад 7.11.1998 г. Аўтар выказвае П. Панасюк удзячнасць за магчымасць выкарыстання перапiскi.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX