Вярнуцца: Цьвікевіч А. І.

Чатыры гады 1918-25.ІІІ.1922


Аўтар: Цьвікевіч Аляксандар,
Дадана: 06-02-2012,
Крыніца: Спадчына № 3-1996. С. 137-148.



РУПЯЧЫСЯ ПРА БЕЛАРУСКУЮ ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ

Аляксандр Цвікевіч належыць да таго пакалення беларускай інтэлігенцыі пачатку стагоддзя, высілкамі якога адбудоўвалася наш а я дзяржаўнасць, Беларускі Дом, як выразна выслоўліваліся яго маладыя дойліды.

Да нацыянальнага ўсведамлення, працы на беларускай грамадска-культурнай ніве браты Цвікевічы, старэйшы Іван і малодшы Аляксандр, прыйшлі не з-за студэнцкага стала. Сын фельчара з Берасця (бацька служыў на чыгунцы), Аляксандр Цвікевіч пасля заканчэння юрыдычнага факульт эта Санкт-Пецярбуprскага ўніверсітэта працаваў прысяжным павераным у Пружанах, пазней у Берасці, аж пакуль віхор Першай сусветнай вайны не выкінуў яго з сотнямі тысячаў суродзічаў у Расію. Там у Туле, потым у Маскве далучыўся да грамадскай працы ў Камітэце помачы ахвярам вайны. Як удзельнік уцякацкіх з'ездаў у снежні 1917 г. быў абраны дэпутатам на Ўсебеларускі кангрэс у Менску. У парадку дня работы Кангрэсу быў пазначаны даклад А.Цвікевіча па ўцякацкім пытанні... Паводле ўспамінаў старога грамадоўца, з той першай Беларускай рэвалюцыйнай грамады пецярбуржца Язэпа Сушынскага, Цвікевіч на Кангрэсе голас падаваў, але гаварыць па-беларуску яшчэ не ўмеў. Праз чатыры гады выйдзе актуальная на той час кніга А.Цвікевіча, у якой гісторык-эканаміст, аналітык на добрай навуковай беларускай мове, з эканамічнымі, гістарычнымі, этнаграфічнымі аргументамі ў руках пакажа сутнасць і беспадстаўнасць прэтэнзіі польскіх шавіністычных сілаў на беларускія землі. Але гэта было на пачатку 20-х, калі Беларусь у Рызе хаўрусна дзялілі двое моцных суседзяў. Станаўленне А.Цвікевіча як палітыка і публіцыста пачалося раней, калі паўставала да жыцця Беларуская Народная Рэспубліка. Вясной 1918 г. Рада Рэспублікі накіроўвае яго ў складзе ўрадавай дэлегацыі на Ўкраіну. Разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім і прафесарам Доўнар-Запольскім Цвікевіч вядзе перамовы з у радам Украінскай Народнай Рэспублікі, бярэ ўдзел у арганізацыі ў Кіеве Беларускай гандлёвай палаты, выступае ў друку з прапагандай ідэі беларускай дзяржаўнасці, рэальнай абаронай суверэнітэту Беларусі. З бласлаўлення аўтарытэтнага беларусазнаўцы М.В. Доўнар-Запольскага, які тады жыў у Кіеве, выдае на рускай мове "Нарыс узнікнення Беларускай (16KB) Аляксандр Цвікевіч. Пачатак 1920 гг. Народнай Рэспублікі", фактычна фіксуе як гісторык першыя крокі адбудовы беларускай дзяржаўнасці. Праз год, вясной 1919 г., А.Цвікевіч узначальвае Надзвычайную дыпламатычную місію БНР у Берлін дзеля азнаямлення палітычных колаў Заходняй Еўропы з беларускім пытаннем, каб дабіцца міжнароднага юрыдычнага прызнання маладой беларускай рэспублікі. Да мемарандуму "Асновы дзяржаўнасці Беларусі", напісанага Доўнар-Запольскім, гістарычнага трактата, які адыграў своеасаблівую ролю дыпламатычнага пашпарта ў руках прадстаўнікоў Беларускай Рэспублікі, А.Цвікевіч дадаў экстранна выдадзены ім у Берліне палітычны нарыс "Беларусь". Да строгай навуковай аргументацыі прафесара Доўнар-Запольскага на карысць абгрунтавання ідэі беларускай дзяржаўнасці малады гісторык і палітык Цвікевіч дадае філасофскія абагульненні і заканчвае свой твор, поўны веры у разняволеныя творчыя сілы свайго народу, з жарсцю: "Мы перакананы, што наканавання гісторыі не пазбегнуць і абуджаная Беларусь не здасць сваіх пазіцыяў. Багаты слаўным культурным мінулым, поўны маладых творчых сілаў, якія ён да гэтага часу адно часткамі аддаваў Маскве і Варшаве, палаючы энтузіязмам і верай у правату сваёй справы - беларускі народ у блізкім часе дасць славянству і ўсяму свету яскравыя доказы свайго ўваскрэшання і прынясе на пышны алтар людской цывілізацыі плён свайго нацыянальнага генія, лепшыя кветкі свайго разняволенага духу."

Далейшы лёс А.Цвікевіча на бліжэйшыя пяць гадоў быў цесна звязаны з лёсам беларускай дзяржаўнасці, барацьбой за яе дома і ў свеце.

На снежаньскай сесіі Рады Рэспублікі ў 1919 г. перамагаюць антыпольску настроеныя сілы. Ім удаецца сфармаваць эсэраўскі ўрад В.Ластоўскага, сяброў якога польская ўлада адразу паспяшалася арыштаваць. Неарыштаваныя ўрадаўцы і частка вызваленых зтурмы перабіраюцца ў Літву, з у радам якой заключаецца палітычная дамова аб узаемападтрымцы. З пачатку 1920 г. А.Цвікевіч - сябра ўрада БНР: Ластоўскі, выклікаўшы яго з Берліна, прызначае міністрам замежных справаў, улічваючы адукаванасць, інтэлект і пэўныя дыпламатычныя навыкі трыццацігадовага палітыка. Пазней Ластоўскі прызнаецца, што ўсё дакументальнае забеспячэнне дыпламатычных акцыяў у рада БНР - ноты пратэсту супраць Рыжскага польска-савецкага пагаднення коштам Беларусі, мемарандум БНР да канферэнцыі дзяржаваў у Генуі, апеляцыя да сусветнай грамадскасці ў справе палітычнага становішча беларускага народа, прызнанне яго дзяржаўна-палітычных правоў ды шмат іншага складалася, рыхтавалася А. Цвікевічам. Дзейсны быў удзел А.Цвікевіча ў верасні 1921 г. і ў рабоце Першай агульнабеларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі ў Празе. Гэта ў сэрцы Чэха-Славаччыны, Празе, падчас абмеркавання стратэгіі і тактыкі беларускага вызваленчага руху прадстаўнікамі ўсіх, дзе жылі беларусы, краёў, А.Цвікевіч у сваім выступленні ўсклікне: "Наша ідэя (ідэя палітычнага вызвалення беларускага народа) - святая!". Дзеля яе ажыццяўлення А.Цвікевіч застаўся па лістапад 1925 г. у Коўне і ня мала зрабіў як даследчык і публіцыст. У выдаваным там інжынерам-архітэктарам, беларускім грамадска-палітычным дзеячам К.Дуж-Душэўскім часопісе "Беларускі сьцяг" А.Цвікевіч публікуе цэлую серыю артыкулаў, гістарычна-філасофскіх эсэ, прысвечаных адраджэнскаму руху, нацыянальнай ідэі як ідэалу і яе практычнаму ўвасабленню ў жыццё: "Да пытаньня аб незалежнасьці Веларусі", "Незалежнасьць - як пpaграма сёнёшняга дня", "Чатыры гады" (апошні напісаны да чацвёртых угодкаў акту 25 сакавіка 1918г.). Усе яны вызначаюцца высокім узроўнем тэарэтычнай думкі, філасофскай рэфлексіі, доказнасці вылучаных палажэнняў. Да ад'езду ў Савецкую Беларусь А.Цвікевіч у Рызе і Вільні паспеў надрукаваць яшчэ два вялікія эсэ, у якіх разглядаў маральна-этычныя аспекты вызваленчага руху і літаратурна-філасофскі сэнс, на даны жыццю грамадства нацыянальнай ідэяй. У "Беларускім сьцягу" было апублікавана і першае даследаванне А. Цвікевіча, прысвечанае гісторыі грамадскай думкі на Беларусі у сярэдзіне XIX ст., пад назовем "Погляд П. Бессонава на беларускую справу". Гэта быў першы подступ да знакамітай кнігі А. Цвікевіча, напісанай ім па звароце ў Менск, - "Западно-руссизм", якая, як і ўсе працы таленавітага беларускага гісторыка і палітыка, не страціла актуальнасці па сёння.

Якраз цяпер, калі па злой іроніі лёсу разбураюцца рыштаванні на доме беларускай дзяржаўнасці, карысна і ўсцешна ўсведамляць, што некалі на іх уздымаліся натуры высакародныя, людзі інтэлектуальныя, для якіх найвялікшым сацыяльным ідэалам народа была яго нацыянальная свабода. Чэсць іх памяці!

Арсень ЛІC.

ЧАТЫРЫ ГАДЫ 1918 - 25.ІІІ.1922

Чатыры гады - у палітычным жыцьці Беларусі тэрмін не малы. Калі прыняць пад увагу, што наша бацькаўшчына прыняла актыўны ўдзел у палітычным змаганьні за сваё істнаваньня толькі з моманту падзеньня старога расійскага ладу, г. зн. з 1917 г., дык акажацца, што час, прайшоўшый ад даты выданьня акту аб незалежнасьці Беларусі, абнімае сабой амаль у весь пэрыод істнаваньня яе як асобнай нацыянальна дзержаўнай адзінкі. За гэты пэрыод павінны былі-б выявіцца аснаўныя тэндэнцыі нашага палітычнага жыцьця, павінны былі-б зазначыцца галоўнейшыя прынцыпы руху, як явішча дзержаўна-вызвольчага, на аснове якіх прынцыпаў мы маглі б рабіць пэўныя прагнозы на будучыну. I запраўды: за мінулыя чатыры гады гэткія тэндэнцыі і праявы можна зусім акрэсьляна зазначыць. Акрэсьляньне іх з'яўляецца нам пякуча патрэбным як з пункту гледжаньня гісторыі руху, так і ў зьвязку з інтэрасамі бягучай палітычнай працы.

Каб правільна падыйсьці да цікавячай нас тэмы, спынімся ў першы чарод на гісторыі акту 25 сакавіка, яго агульным характары і значэньні. Успомнім, як гэта было.

На Ўсебеларускім Зьезьдзе думка аб незалежнасьці Беларусі ня мела сусьпеху: агульна лунала па ўсіх сходах і камісыях толькі формула "фэдаратыўнай Расіі", пры чым Беларусь мысьлілася як частка яе. Прынцып фэдарацыі мала каму быў ведам, але спрэчацца з ім, значыла наражацца на непрыемнасьці. Нязнайства фэдэратыўнай сыстэмы было нагэтулькі вялікае, што прапазыцыя назваць Беларусь рэспублікай, хоць бы і ў складзе Расійскай фэдарацыі, выклікала сярод дэпутатаў абураньня, супярэчкі і варожыя адносіны. Трэба адзначыць, што супраць гэтае прапазыцыі найбольш былі настрояны прадстаўнікі валасных земстваў, вёскі і наагул селянскія дэлутаты, палітычна мала сьвядомыя і знайходзіўшыяся пад уплывам расійскіх с.-эраў. Што датычэ прэдстаўнікоў ад войска, дык яны, як больш маладыя, сьвядомыя і рэвалюцыйныя, супроць формулы "Беларуская Рэспубліка" нічога ня мелі, а некаторыя групы сярод іх зусім ясна вычувалі думку аб дзержаўнай незалежнасьці Беларусі. Усё-ж большасьць гэтага кроку баялася, баялася, каб падобным крокам не пашкодзіць "адзінаму фронту расійскай рэвалюцыі".

Дзеля гэтага трэба было ўжыць назвычайных высілкаў, каб пагадзіць усе групы і апрацаваць супрыймый для ўсіх кампраміс. Падобны кампраміс знайшлі ў формуле "ўстанаўленьня рэспубліканскага ладу на беларускай зямлі". Хоць у гэтай формуле ў зьвязку з далейшымі пастановамі і была ўжыта думка аб Беларускай Рэспубліцы, але сваім найменьням гэтае паняцьця не было названа, і таму яго прынялі.

Разкрыць скобкі "рэспубліканскага ладу" і паставіць пункт над "і" прыйшлося ўжо Выканаўчаму Камітэту Зьезду. За два тыдні да дня незалежнасьці, а ласьне, 9 сакавіка 1918 г., была, як ведама, выдана Другая Ўстаўная Грамата, у якой была абвешчана "Беларуская Народная Рэспубліка". Дзеля таго, што зьвязь з фэдаратыўнай Расіяй гэтым актам захоўвалася, яго трэба разглядаць толькі як сваей адмены комэнтарый да пастановы зьезду, як лёгічнае зацьверджаньне констытуцыі, якую зьезд даў у агульных і нясьмелых контурах. Так ласьне разумелі гэты закон прадстаўнікі земства і гарадоў, а таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў. Усе яны ўходзілі ў склад Выканаўчага Камітэту і пасьля акту 9 сакавіка ўвайшлі ў склад новаўтворанай Рады Рэспублікі. У стасунку да цэнтральнай улады Часовага Ўраду, як наагул да дэмакратычнай Расіі, гэтым групам трэба было захаваць у сваей палітычнай дзейнасьці на Беларусі аблічча "законнасьці". Запраўды, акт 9 сакавіка ў пэўным разуменьні гэтага. слова зьяўляўся "законным". Ён зьяўляўся працягам нацыанальнага самаазначаньня Беларусі, галоўнай праявай якой быў і Ўсебеларускі Зьезд, самаазначаньня, якое дазвалялася ў рамках Расійскай фэдарацыі. Толькі да гэтага рубу, па іх думцы, мог сягаць беларускі вызвольчы рух. Вышэйшай установай, поўным гаспадаром "усяе Расіі" было "Всероссийское Учредительное Собраніе" як спадкаберца ўлады расійскіх манархаў. Прадстаўнікі земстваў і гарадоў, як і нацыанальныя меншасьці, верныя няпісанаму с.-р'скаму закону аб прэрогатывах "Учредительного Собранія", не маглі і думаць, каб выступіць супроць гэтых прэрогатыў. Дэеля гэтага Ўсебеларускі Зьезд разглядаўся як праява арганізацыі месцовых сіл, асабліва патрэбная ў зьвязку з пагрозай захвату Беларусі немцамі і хітаньня пад націскам камуністычнай партыі самага цэнтру.

Пасьля таго, як матрос Жэлезьняк разагнаў Ўчред. Сабраньне

і пасьля таго, як у Бярэсьцю была падпісана 3 сакавіка нямецка- бальшавіцкая ўмова, стымул "законнасьці" палітычмых актаў паасобных краёў, у тым ліку Беларусі, павінен быў адпасьці: вярхоўнага гаспадара больш не было, а фактычная ўлада перайшла да партыі, што лічылася толькі з сілай і абвесьціла "законнасьць" грамадзкай вайны. Другая ўстаўная Грамата, дзеля гэтага, магла-б парваць зьвяз Беларускай Народнай Рэспублікі з расійскай дзержавай. Аднак яна гэтага не зрабіла. Адпаведныя словы ўперша прагучэлі ў акце аб незалежнасьці 25 сакавіка.

Акт 25 сакавіка застае нас акурат у гэты момант - развалу праўна-юрыдычнай сыстэмы расійскай улады, у час панаваньня партыі, прызнаўшай правы народаў быўшай Расіі на самаазначаньне - "усутыч да аддзяленьня". Натуральна было-б чакаць, што закон 25 сакавіка перш за ўсё зробіць ссылку на гэтыя факты і гэтым самым зробіць спробу якбы апраўдаць свае паяўленьне. Аднак ніводнага слова аб гэтым мы не знайходзім: чытаем толькі аб тым, што "расійскі царызм, душыўшый Беларусь і ўкінуўшый яе ў пажар вайны скінут", і аб тым, што "чужы для Беларусі Ўрад, на аснове старых дзержаўных зьвязей, падпісаў Берасьцейскі трактат, забіваючый на сьмерць беларускі народ". Пасьля гэтых сказаў, маючых агітацыйны і гістарычны характар, Грамата абвешчае аб "разрыве дзержаўных зьвязей Беларусі з Расіяй".

Гэткім чынам мы бачым толькі ссылку на адбыўшыйся факт і на практычную патрэбу бараніць Беларусь ад падзелу. "Права" на незалежнасьць разумеецца само сабой, а абвешчаньня незалежнасыді - разглядаецца як пытаньня часу, як фактычная магчымасьць, якой карыстаюцца як толькі яна паўстае.

Дзеля таго, што акт 25 сакавіка не шукае для сябе апраўданьня, што ён сваім зьместам зацьверджае правечнае права народаў Беларусі на волю - акт гэты зьяўляецца актам рэвалюцыйным. Будучы сьвядом нацыанальнай асобнасьці беларускага народу, якая асобнасьць больш за ўсё іншае дае права будаваць уласную дзержаву, адчуваючы ў той самы час патрэбу змагацца супроць падзелу Беларусі, які праводзіў бальшавіцкі ўрад, - Рада Рэспублікі абвесьціла разрыў з Расіяй.

Рэвалюцыйны характар акту 25 сакавіка павялічаецца ў значнай меры таму, што ён быў выдан органам, як звыкла гавораць "неправамочным" гэта рабіць. Разам з закідам у "незаконнасьці", прэдстаўнікі земска-гарадзкой групы, ласьне, зьверталі ўвагу ўсіх радных, што калі аб незалежнасьці Беларусі і можна было-б гаварыць, дык толькі ў Беларускім Устаноўчым Сойме ці ў другім адпаведным прэдстаўнічым органе беларускага народу.

Аргумант у пэўных варунках не пазбаўляны слушнасьці, але ў істоце рэчы нічога ня зьменяючый. Запраўды, ні Ўсебеларускі Зьезд, ні Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (першага складу) не маглі лічыцца правільна абранымі прэдстаўнічымі органамі Беларусі. Але ў час абвешчаньня незалежнасьці, Рада Рэспублікі была адзінным прэдстаўнічым органам беларускага народу: усе іншыя арганізацыі на падобную ролю не прэтэндавалі і, у параўнаньню з Радай, прэтэндаваць не маглі. Яна была фактычна галавой беларускага руху, установай, што складалася са ўсіх нацыанальна сьвядомых галін беларускага грамадзянства. Гэтая ўстанова ўзяла сьвядома на сябе адпаведальнасьць за гістарычны крок. Падкрэсьляемо, што маласьць лікам людзей пайшоўшых на гэтулькі надзвычайнай вагі акт, толькі павялічае рэволюцыйнасьць самога акту.

Як і заўсёды, запраўды рэволюцыйны крок не клапаціцьця аб фактычным суадношэньні сіл, але выкідае лёзунг, за які ваюе да сьмерці. Лёзунг, ці гіне пад навалай контррэволюцыйных варожых сіл, ці сьвяткуе сваю перамогу. Перамога бывае найбольш бліскучай тады, калі за лёзунгам у першыя часіны яго нарадзін стаіць невялічкая група людзей. Чым большая мэта і чым меншая магчымасьць яе асягненьня - тым большы эфэкт гэтага асягненьня.

Усё сказанае ў поўнай меры датыча акту 25 сакавіка. Сучасьнікі памятаюць, як малая лікам, і як вялікая верай і духам была частка Рады, што выносіла рэзалюцыі аб незалежнасьці. Цяжар падыймаўся на плечы аграмадны, страшэнны. Сіл было мала, край маўчаў і мадзеў. Усё жыцьцё Беларусі было скалечана, яна была падзеляна фронтамі: заходная частка была заціснута нямецкай акупацыяй, а на ўсходзе панаваў хаос і безладзьдзе.

Як і кожды рэвалюцыйны акт, закон 25 сакавіка быў адданы на суд жыцьця.

***

Першы, хто выступіў супроць абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, былі дэлегаты земстваў і гарадоў і прэдстаўнікі жыдоўскага грамадзянства. Рожнасьць дзержаўна-палітычнай ідэалёгіі, гэтай часткі Рады Рэспублікі ў параўнаньні з ідэалёгіяй беларускіх нацыанальных партый выяўлялася шмат раней: яшчэ ў часе скліканьня Ўсебеларускага кангрэсу. 25 сакавіка непрымірымасьць іх пазыцый выявілася нагэтулькі яскрава, што памяненная група (за выключэньнем дэлегатаў партыі Поалей-Ціон) выйшла са складу Рады Рэспублікі. Паміж абодвымі лагерамі пачалася адкрытая барадзьба.

Як было заўважана вышэй, галоўным аргументам у барадзьбе з боку земцаў і прэдстаўнікоў гарадоў было абвінавачаньня Рады ў "незаконнасьці" яе кроку. Хоць Учредительного Собранія ужо не было, постуляты эс-эраўскай расійскай праграмы аднак жылі ў умох. Па іх думцы, дэкрэтаваньня разагнаным Учредительнымъ Собраніемь расійскай фэдаратыўнай рэспублікі захоўвало сваё значэньне; ніхто ня меў права йсьці супроць гэтай пастановы. Апроч таго, гэтая група ўжывала і другіх аргумантаў: яна казала, што абвешчаньне незалежнасьці пасварыць Беларусь і беларускі рух з Расіяй, што яно зробіць расійскую рэволюцыйную дэмократыю ворагам самога беларускага пытаньня, што падобны крок ёсьць удар у сьпіну рэвалюцыі, што гэта ёсьць зло ня меншае, чым бальшавізм. Яны пужалі беларускае грамадзянства неўнікнёным эконамічным занепадам Беларусі, калі яна адмовіцца ад сваіх зьвязей з Расіяй, што сэпаратыя ад Расіі неўнікнёна прывядзе Беларусь у абоймы палякаў і немцаў, што народ беларускі ня толькі не пагодзіцца з гэтай пастановай, але пракляне і г.д. Не сароміліся адкрыта гаварыць, што рашэньне абвесьціць незалежнасьць Беларусі падсказана польскімі панамі ці нямецкімі генераламі, што наагул справа беларускай незалежнасьці ёсьць вынік чужаземнай варожай інтрыгі і т. п.

Актуальней праграмай гэтай групы было - захаваньня зьвязі з фэдаратыўнай дэмакратычнай Расіяй і супольная барацьба супроць бальшавікоў. Шмат хто з прэдстаўнікоў земств, гарадоў і нацыанальных меншасьцяў не вызнавалі асобнасыці і самаістасьці беларускага народу, як нацыанальнага цэлага, не вызнавалі беларускай мовы і культуры і на гэтай аснове не гадзіліся нават з думкай аб дзержаўнай незалежнасьці Беларусі. Большасьць з іх належала да партыі расійскіх с.-р., якая лічыла, што расійская фэдарацыя павінна зьдзейсьніцца не ад перыфэрыі да цэнтра, а ўпрост з цэнтра.,

Барацьба Рады Рэспублікі з памяненымі групамі была вельмі цяжкая. Расійскія с.-р. у той час мелі за сабой большасьць сярэдняи інтэлігенцыі на Беларусі і амаль манапольна панавалі ў вёсцы, дзякуючы г. зв. "керенскім" выбарам і значным матэр'альным засабам. Барацьба была тым цяжэйшая, што супроць Рады йшлі палякі, якія заўсёды вялі прапаганду польскасьці і ўхіляліся ад супрацоўнгцтва з беларусамі. Можна сьмела сказаць, што на старане групы Рады, праголасіўшы незалежнасьць Беларусі, стаяла толькі адна сіла - сіла правай ідэі.

I што-ж мы бачым? Мы бачым, што праз пару гадоў (у 1920 г. гэта ўжо зусім ясна зазначылася) ідэалёгія земска-гарадзкой групы, ці, інакш сказаць, беларуска-расійская фэдаралістычная ідэалёгія, была разшматана. Партыя с.-р. аказалася задаўлянай, надзеі на дэмакратычную расійскую фэдарацыю былі ўтрачаны. Большасьць дзеячоў пры камуністычным ладзе на Беларусі перайшла на нелегальнае становішча і пачала вызнаваць лёзунгі беларускай незалежнасьці.

Дзеячы быўшай земска-гарадзкой групы імкнуцца тлумачыць сваю згоду з праграмай незалежнасьці Беларусі чыста-тактоўнымі мяркаваньнямі. Як прыклад яны даводзяць, што лёзунг незалежнасьці Беларусі вызнаецца імі таму, што гэта дае ім магчымасьць з наибольшим сусьпехам вясьці барацьбу з камуністычнай партыяй; што гэтая плятформа робіць іх менш уязьвімымі пры польскай акупацыі. Вызнаньне незалежнасьці, як бы афарбовуе іх у абаронную барву. Есьць і другое, больш прынцыповае тлумачэньня гэтага зруху. Вызнаньне незалежнасьці Беларусі прыймаецца як этап на шляху будучай фэдарацыі. Пры гэтым незалежнасыдь вызнаецца якбы варункова - мы вызнаем незалежнасьць Беларусі, але заразам наўзмечаем, што вольная і незалежная Беларусь неўнікнёна прыйдзе (павінна прыйсьці) да фэдарацыі са ўсей Расіяй.

Аб'ектыўна кажучы, падобныя спробы апраўдаць зьмену паглядаў менш за ўсё значуць у нашым пытаньні. Падобныя спробы - гэта прывычка струся хаваць сваю галаву ў пясок і думаць, што ўсяго цела не відаць.

Што да будучай фэдарацыі вольных народаў Усходу Эўропы, дык гэтая магчымасьць заўсёды стаяла і будзе стаяць як актыўнае пытаньне іх усіх, у тым ліку і Беларусі. Для нас няважна, што будзе рабіць незалежная Беларусь; нам важна, каб незалежная Беларусь была створана і была прызнана. А ў гісторыі барацьбы за гэтую незалежнасьць для нас мае вагу сам факт, што ідэя незалежнасьці перамагла, што яна аказалася больш жыцьцёвай, больш рэальнай. Што яна больш за ўсё адпаведае гістарычным, палітычным, нацыанальным і ўсялякім іншым варункам, у якіх жыве Беларусь. З якіх бы то ні было мяркаваньняў - прынцыповых ці тактычных, - але БЕЛАРУСКА-РАСІЙСКАЯ ФЭДАРАЛІСТЫЧНАЯ ІДЭАЛЁГІЯ КАПІТУЛЯВАЛА ПРАД ІДЭАЛЁГІЯЙ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЙ.

Калі перамога ідэі незалежнасьці Беларусі над праграмай фэдарацыі з Расіяй стала не зусім яшчэ ачавістай, - была зробляна другая па чародзе спроба адмовіцца ад яе, звальчыць яе. На тэты раз плян барацьбы з актам 25 сакавіка быў апрацаваны не рукамі чужых, а рукамі сваіх-жа. Ня ўсьціг пятух прапеяць тры разы - як слабыя духам адмовіліся ад служэньня ідэалам незалежнасьці. Мы гаворым аб вядомых спробах утварэньня "Рады Найвышэйшай" і іх імкненьняў пайсьці на згоду з Польшчай. На гэты раз замест праграмы беларуска-расійскай фэдарацыі была высунута праграма беларуска-польскага еднаньня. Тая група, што паднялася супроць акту аб незалежнасьці Беларусі вызнавала тыя-ж самыя погляды на беларускую незалежнасьць, што і група земска-гарадзкая, толькі вочы яе былі скіраваны ў другі бок. Яны казалі: незалежнасьць Беларусі - адна мана. Беларусь ня можа быць незалежнай - у яе німа для таго ніякіх засабаў. Незалежнасьць Беларусі - гэта шкодны міраж, гэта забаўка для неразумных дзяцей. Трэба быць рэальнымі палітыкамі, трэба будаваць тое, што забудаваць магчыма. Трэба еднацца з Польшчай.

Чаму трэба было Беларусі еднацца з Польшчай, а не з Расіяй, гэта адэпты рэальнай палітыкі імкнуліся даказаць з найбольшай глыбінёй і пераконаньнем. Польшча - старана заходнай культуры, праваднік эўрапэйскай цывілізацыі на Усходзе. Нам прыстала йсьці толькі з культурным Захадам. Польшча толерантна ставіцца да беларускага нацыанальнага адраджэньня, яна нават зацікаўлена ў ім; доказам таго служаць польска-беларускія адносіны ў прошласьці і об'ектыўны аналіз сучаснасьці. Польшча заўсёды будзе падтрымліваць беларускі рух, бо адраджоная Беларусь - лепшая абарона яе самой ад "навалы са У сходу". Процілежнасьці польскай і беларускай культуры не ў параўнаньню большыя, чым процілежнасьці беларуска-расійскія, што спрыяе разьвіцьцю беларускай культуры і забеспячае яе ад староньніх уплываў.

Аргуманты былі вельмі сур'ёзныя, і на аснове гэтых аргумантаў вера ў Польшчу была цьвёрдая.

Што да форм еднаньня, дык група найвышэйшых рэалістаў пайшла далей расійскіх фэдаралістаў: максімум магчымасьцяў для Беларусі яна ўбачыла ў аўтаноміі Беларусі ў складзе адзінай і непадзельнай Рэчы Паспалітай. Зразумела, што фэдарацыя гэтых двох дзержаўных адзінак, аб чым за год перад тым пісалі амаль усе польскія часопісі, была-б для іх больш пажадана. Але прыймаючы пад увагу нічым ня скрытую іронію ў стасунку да падобнай фэдарацыі, якую пачалі праяўляць быўшыя яе, у польскім абозе абаронцы і прыймаючы пад увагу "рэальныя суадносіны сіл" абедзьвех старон, прыйшлося згадзіцца на культурна- нацыанальную аўтаномію. "Лепш сініца ў рукі, чым журавель ў небе", - вось які лёзунг быў выкінуты два гады таму назад.

Мы бачым цяпер, якая "сініца ў рукі" дасталася гэтай рэальнай палітыцы. Мора сьлёз: нявінных ахвяр; аграбаваныя каапэратывы, разгромленыя школы і прытулкі: "Kulka w leb" - за чытаньне беларускіх газэт, бацькі са зьбітымі тварамі і дзеці са скалечанымі душамі - вось што дала Польшча аўтаномнай Беларусі. Крык народу, якога душаць на сьмерць, заглушыў галасы нідаўных адэптаў, абурыў іх сумленьня і прымусіў іх адрачыся і ад сваей веры і ад сваей праграмы. Програма беларуска-польскага еднаньня ходам жыцьця была разьбіта ў шчэнт. Крушэньне яе было вa многа раз бліскучэй, чым крушэньне беларуска-расійскай фэдаралістычнай праграмы. У выніку гэтага чароднага крушэньня з падвойнай сілай засьвяціліся заветы акту 25 сакавіка аб незалежнасьці Беларусі. Толькі ў іх быў знайдзен выхад, толькі яны падавалі надзеі.

Ня ў суд і ня дзеля асуджэньня каго-б то ні было ўспамінаем мы аб гэтым сумным і трагічным моманце беларускага жыцьця, а адзіна ў інтэрасах агульнай для ўсіх і дарагой усім праўды. Нам важна акрэсьліць правільна Шлях беларускага адраджэньня і толькі з гэтай мэтай мы адзначаем этапы і вехі, якімі ён ішоў і якімі павінен ісьці. Toe, што перажыта, асабліва тая спроба беларуска-польскага еднаньня, якая была зроблена, павінна была быць, павінна была быць зробленай. Польшча надзвычай важны фактар у гісторыі Беларусі, каб спробу ўсталеньня адносін да яе можна было абмінуць.

З другога боку - мы сьвядома пакідаем без адказу пытаньня - чаму ўсё так сталася. Чаму ідэі беларуска-расійскай фэдарацыі і ідэя беларуска-польскага еднаньня капітулявалі прад ідэяй незалежнасьці Беларусі. Падкрэсьляем, што мы сьвядома пакідаем без адказу гэтае вельмі важнае пытаньне. Яму мы лічым патрэбным пасьвяціць спэцыальны артыкул.

Сёньня, 25 сакавіка 1922 г., прад намі ляжыць яшчэ адна нераскрытая страніца. Загаловак яе: "Савецкая Беларусь", Гісторыю стварэньня гэтае храміны мы добра ведаем. Створана яна чужымі, не беларускімі рукамі, і таму на ей ляжыць спэцыфічная печаць штучнасьці, няшчырасьці і фарызэйства. Прымірыць яе са ўсім папярэднім беларускім рухам, думаць, што ёй заканчаюцца імкненьня нашага рэнэсансу - па меншай меры наіўнасьць.

Створана яна не беларускімі рукамі і менш за ўсё служыць інтэрасам беларускага народу. У аснове сваей нёвыразная храміна "Савецкай Беларусі" сьпіраецца на той самы грунт, на якім стаяла земска-гарадзкая група. У аснове яе ляжыць усё таяж беларуска-расійская фэдарацыя, якая станавіла мэту ўсіх расійска-эс-эраўскіх груп на Беларусі. Па істоце рэчы перэканацца ў выгаднасьці і патрэбнасьці гэткай "фэдарацыі", гаданай раней абвешчаньня незалежнасьці, можа толькі адна старана - беларуская. Праціўнай старане выгаднасьць і патрэбнасьць "фэдарацыі" ясна была наперад, калі дэкрэт аб Савецкай Беларусі быў па дарозё з Масквы да Менска. I мы пэўны, што Беларусь у гэтай выгаднасьці і патрэбнасьці ўжо перэканалася.

Пакідаючы ў старане далейшыя разважаньні аб сучаснай істоце гэтае храміны, мы хочам зазначыць у стасунку да яе толькі два палажэньня. Першае, што жывіцельны акт 25 сакавіка зьявіўся адным з галоўнейшых фактараў зьяўленьня на сьвет гэтае храміны, і другое, што гэтая храміна раней ці пазьней, але ўступіць свае мейсца жывому жыцьцю. Абрываючы ў прагнозе сваім гэтую невыразную страніцу - мы ўглядаем на чароднай страніцы кнігі Беларусі ўсё тыя-ж агнявыя словы: "Беларусь абвешчаецца дзержавай вольнай і ні ад каго незалежнай". На пачатку пятага году з дня абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, нашая Бацькаўшчына апынулася ў зусім аднальковых варунках. Як і тагды, яна не мае ўласнай улады на роднай зямлі, як і тагды на яе абшарах пануе жах акупанцкага ладу і стогне народ ад чужацкага зьдзеку. Рожніца толькі ў тым, што немцаў зьмянілі палякі, часовых камкараў - камісары камуністычныя, Брэст-Літоўск замяніла Рыга. На пачатку пятага году барацьбы за незалежнасьць мы можам паставіць сабе пытаньня - як быць далей? Ці ня трэба пераглядзець да сяго моманту нерэалізаваны акт 25 сакавіка, ці ня выпаліць з душы сваей яго заветы, ці ня апусьціць сьцяг беларускай волі?

На гэтае пытаньня мы адказываем са ўсёй цьвердасьцю, на якую здольны сыны Беларусі - не, ніколі! Праўда, дзякуючы акту 25 сакавіка Беларусь не стала незалежнай дзержавай. Але гэта ня зменшае надзвычайнай, гістарычнай вартасьці гэтага акту, як галоўнейшага закону беларускага вызвольчага руху, усяго беларускага адраджэньня. Ён не стаў законам, праведзеным у жыцьцё, але стаў законам беларускага жыцьця. Калі ён ня быў да сяго часу рэалізаваным у аб'ектыўных формах, дык суб'ектыўна ён апанаваў масы і жыве ў народнай сьвядомасьці як імпэратыў, што пазбаўлян толькі зьнешняга, фізычнага прымусу. Ён стаў лёзунгам, каля каторага аб'едналіся ўсе сьвядомыя сілы беларускага народу, пад якім ідзе змаганьне на ўсім беларускім абшары. Ён дыстыплінаваў і прыдаў сталую форму ўсяму вызвольчаму руху, што ў сваю чаргу ўплывае на эканомію сіл і стройнасьць арганізацыі.

Шлях, які быў адкрыт у жыцьці Беларусі 25 сакавіка 1918 году, ёсьць адзіны шлях, які магчым. Чатыры гады, што прайшлі з таго моманту, былі сьведкамі шуканьня новых шляхоў, і сьведкамі таго, як спробы гэтыя канчаліся неўнікнёнай катастрофай. Мінулыя чатыры гады з ачавістай яснасьцю сьцвердзілі грунтоўны пастулят беларускага руху: барацьба за адраджэньне Беларусі ёсьць барацьба за яе незалежнасьць. Мы стаімі ласьне, на гэтым шляху. Становішча наша цяжкое, - німа аб чым гаварыць, - але яно ў шмат разоў лягчэйшае за тоя, што было чатыры гады таму назад. За час барацьбы мы змацнелі на сілах, мы шмат чаму навучыліся і лепш адрожнім благое ад добрага, менш паддамося ільлюзіям. Край наш хоць і падзеляны і акупаваны, але народ наш ужо ня той. Мы ведаем, што сьвядомасьць мас узрасла надзвычайна і што былога мадзеньня ўжо німа. Шырокімі хвалямі ўздымаецца на Беларусі энэргія селянскай грамады - адзінай сілы, з якой не страшна будучына. Мы йдзем за ей.

Вызнаючы поўнасьцю загад, дадзеный у акце 25 сакавіка, мы маем сьмеласьць цяпер, пасьля чатырохгадовых горкіх спроб, унесьці да яго толькі адну папраўку: не адмаўляючыся ад дапамогі любячых волю народаў, што прызываліся дапамагчы нам у нашай барацьбе за незалежнасьць, - мы ўсё-ж такі перш за ўсё апіраем свае надзеі на ўласныя сілы.

А. Галынец.


Ад Рэдакцыі. А б нацыональна-політычнай сьвядомасьці ўчасьнікоў Усебеларускага Зьезду істнуюць іншыя погляды, чым высказаныя на пачатку гэтай стацьці аўтарам; дзеля высьвятленьня чаго Рэдакцыей будуць памешчаны ў чародных нумэрох "Б. С." адносныя артыкулы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX