Вярнуцца: Цьвікевіч А. І.

Пагляд П. Бяссонава на беларускую справу


Аўтар: Цьвікевіч A.,
Дадана: 22-06-2012,
Крыніца: Спадчына №6-1997 С. 31-72.



Самотны сярод абрусіцеляў, або некалькі словаў пра Пятра Бяссонава

Хоць сучаснікі Пятра Бяссонава (1828-1898), фалькларыста, этнолага-славяназнаўца, у ацэнцы яго як чалавека i вучонага ў бальшыні сваёй схіляліся да н егатыву (маўляў, і характар меў невыносны, i блытанік у навуцы), быў ён, у сутнасці, постаццю неардынарнай. След Бяссонава ў народазнаўстае XIX ст., асабліва ў выданні помнікаў народнай творчасці, - значны, праца ягоная заслугоўвае ўважлівага, сур'ёзнага разгляду i вартая добрай памяці нашчадкаў.

Ніхто да Пятра Бяссонава ды i пасля яго так самавіта, грунтоўна не падступіўся да выдання твораў такога няпростага жанру традыцыйнай народнай культуры, як духоўныя вершы або песні старцаў. Бяссонаў выдаў ажно 6 выпускаў ix пад агульнай назвай "Калікі вандроўныя. Зборнік вершаў i даследаванне". Зрабіў ён даступнымі чытачу ў Расеі, сабраны маладымі балгарскімі патрыётамі зборнік "Балгарскія песні" ў 2-х частках, забяспечыўшы яго прадмовай i кваліфікаваным каментаром. Напісаў біяграфічны нарыс пра Канстанціна Калайдовіча, які, дарэчы, адным з першых сярод расейкіх навукоўцаў зацікавіўся асаблівасцямі беларускай мовы. Бяссонаў удзельнічаў у завяршэнні шматтомнага выдання "Песні, сабраныя П.М.Рыбнікавым". Апублікаваў у ім разгорнутае даследаванне пра быліны, дзе доказна пярэчыў канцэпцыі Уладзіміра Стасава ў пытанні паходжання быліннага эпасу.

Пасля смерці Пятра Кірыеўскага Бяссонаў здолеў завяршыць яго шматтомны збор "Песні, сабраныя П.В.Кірыеўскім". Далучаны Кірыеўскім да здабыткаў беларускай народнай культуры, захоплены ix багаццем і старажытнай красой, падрыхтаваў назапашаныя ў архіве знакамітага расейкага фалькларыста "Беларускія песні, з падрабязнымі тлумачэннямі ix творчасці i мовы, з нарысамі народнага абраду, звычаю i ўсяго быту". Беларускія карэспандэнты П.Кірыеўскага былі людзьмі, выхаванымі на польскай культурна-асветнай традыцыі, i Бяссонаву давялося пачаць падрыхтоўку беларускага зборніка з пераводу тэкстаў, запісаных лацінкай, на кірылічнае пісьмо.

9 кастрычніка 1863 г. выступіў Бяссонаў на паседжанні Таварыства аматараў расейскай славеснасці з дакладам пра выданні помнікаў беларускай народнай творчасці, апублікаваным пазней у газеце славянафілаў "Дзень".

К 1864 г. меў трыццацішасцігадовы Бяссонаў рэпутацыю знаўца фальклору славянскіх народаў, у тым ліку беларускага. Апошні факт прычыніўся да службовай перспектывы, што раптам адкрылася перад колішнім выпускніком гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага універсітэта.

К гэтаму часу ў Беларусі i Літве расейскім царызмам было задушана нацыянальна-вызвольнае паўстанне i pacпачалася шырокая праграма па абрусенні ўціхаміраных земляў. Расейскія "начала", згодна з задумай генерал-губернатара Мураўёва, павінны былі ўсталёўвацца з дапамогай акупацыйных войскаў, узмацнення паліцэйска-жандарскага апарату, запрашэння з Расеі чыноўнікаў, настаўнікаў i праваслаўных святароў. Была думка запрасіць i нянек для належнай апекі над немаўлятамі, каб раслі адданымі дзецьмі "царя и Отечества". Праўда, апошняе здзейсніць не ўдалося, як i ў цэлым дасягнуць канчатковай мэты - перарабіць беларусаў на расейскі капыл. Праз стагоддзе пасля Мураўёва крыху з большым поспехам пад знакам новай ідэалагемы ажыццяўлялі гэтую задачу іншыя. Ды i ім, здаецца, не ўдалося i не ўдасца рэалізаваць задуманае.

З камплектаваннем корпуса ўрадавых службоўцаў i духавенства было прасцей: у тры разы большыя, чым у цэнтральнай Расеі, службовыя стаўкі гарантавалі наплыў люду, ахвочага да лоўлі шчасця i чыноў. Цяжэй было ў адной з найважнейшых пазіцыяў мураўёўскай праграмы. Яна датычыла навуковага асэнсавання этнічнай спецыфікі прылучанага да імперыі ды так i не асвоенага ў сваёй істоце краю.

Мясцовыя навуковыя сілы былі сціплыя з-за неспрыяльных умоваў, створаных царызмам, a галоўнае - ненадзейныя ў сэнсе відаў пецярбургскага ўраду тут, яго задачаў. Для вывучэння беларускай гісторыі, лёсаў праваслаўя ў Літве-Беларусі ў патрэбным Расеі духу неабходныя былі сур'ёзныя навуковыя захады.

Дзеля гэтых мэтаў, згодна з каланізацыйнай палітыкай імперыі, i стваралася Віленская археаграфічная камісія, закліканая збіраць i публікаваць дакументы з гісторыі Паўночна-Заходняга краю, як афіцыйна было "высочайше" прадпісана называць надалей Беларусь i Літву.

На думку апекуна Віленскай вучэбнай акругі І.П.Карнілава, a менавіта на яго была ўскладзеная задача асветы краю ў праваслаўна-манархічным духу, Бяссонаў быў якраз тым навукоўцам, якому можна было даручыць кіраўніцтва такой важнай у сістэме ўрадавых планаў установы, як Віленская археаграфічная камісія. Скажам наперад, Пётр Бяссонаў не апраўдаў надзеяў Мураўёва i Карнілава, не стаў казённым службоўцам у пажаданым імі кірунку, не зрабіўся абрусіцелем Беларускага краю. A спакушалі моцна. Урадаўцам высокага рангу Мураўёў асабіста, уладнай рукой вызначаў казённае ўтрыманне.

Акрамя старшынствавання ў Археаграфічнай камісіі i загадвання музеем Бяссонаваў быў прызначаны дырэктарам Віленскай гімназіі i Віленскай рабінскай вучэльні, загадчыкам публічнай бібліятэкі i краязнаўчага музея. Магчымасці кар'еры былі надзвычай шырокія, але ён застаўся неспакушаны мураўёўскімі дабротамі. Для прыкладу, адзін з пераемнікаў Бяссонава на пасадзе старшыні Археаграфічнай камісіі І.А.Нікоцін хутка здолеў перасесці ў крэсла менскага генерал-губернатара.

Бяссонаў не прыняў здзейсненага імперыяй падаўлення сілаю ўсяго мясцовага, польскага, беларускага, гвалтоўнага насаджэння ў краі "истинно русского". У прадмове да "Беларускіх песень" ён скажа пра сваю пазіцыю абагульнена, але не двухсэнсоўна: "Палітычнае, па-нашаму, было не тое самае, што паліцэйскае, дзяржаўнае не тое ж, што чыноўніцкае". I яшчэ: "Заходнерускіх людзей" не жадалі мы вітаць у такім мундзіры. (...) Мы шукалі ix у мясцовых ураджэнцах, якія вывучалі б i растлумачвалі сваю гісторыю, збіралі б i выдавалі свае народныя помнікі, займаліся б гаворкаю беларускай".

У сваіх мемуарах "Русское дело в Северо-Западном крае" (1905 г.) Карнілаў адзначыў, што "Бяссонаў быў грубы не толькі з тымі, хто быў ніжэйшы за яго, але i з роўнымі сабе" (чытай - з кіраўніцтвам краю).

У адным з лістоў у Пецярбург колішні апякун Віленскай навучальнай акругі скардзіўся, што Бяссонаў не ходзіць на яго "сямейныя вечары", на якія збіралася віленскае чынавенства, трапіць куды лічылася за вялікі гонар.

За тры гады побыту ў Вільні, пасля чаго Карнілаў настойліва папрасіў міністра асветы выдаліць Бяссонава за межы Беларусі, археограф здолеў добра прыгледзецца да ўправіцеляў краю i ацаніць ix грубую палітыку абрусіцельства, зблізіўся з адным-двума тутэйшымі інтэлігентамі і, галоўнае, сабраў шмат i каштоўнага матэрыялу па беларускай культуры: арыгінальныя музычныя творы, пазначаныя сінтэзам усходніх i заходніх традыцыяў, самабытныя помнікі народна-паэтычнай творчасці. У дадатак праверыў на слых, з вуснаў народу гучанне шмат якіх беларускіх песень, вядомых яму з фальклорнай калекцыі, захаванай у архіве Кірыеўскага.

Бяссонаву ўдалося ўратаваць ад загубы ўнікальны архіў Тодара Нарбута, навочная сустрэча з прадстаўнікамі беларускага зтнасу дапамагла навукоўцу скласці рэальнае ўяўленне пра беларусаў i Беларусь. Бяссонаў убачыў у духоўнай культуры беларусаў, ix мове, гісторыі не нейкае вартае жалю адгалінаванне ўсходніх славянаў, адно прыбітае лацінствам i паланізмам, як ix прадстаўляла расейская публіцыстыка i афіцыйная навука 60-х гг. XIX ст. Дасведчаны i аб'ектыўны ў сваіх назіраннях, ён угледзеў у беларускім этнасе перш-наперш самабытную народнасць, якая выявіла на працягу сваёй старажытнай i сярэднявечнай гісторыі рэдкасную жыццястойкасць, масу творчых сілаў, годных вялікага народу.

Бяссонаў выказаў здзіўленне, як пры такім жыццёва-творчым патэнцыяле, магутнай культурнай энергіі беларуская народнасць не патрапіла завяршыць метафізічны гмах свайго духу дзяржаўнасцю ў сучасным разуменні гэтага паняцця. Згодна з яго выкрываннямі, усе перадумовы для гэтага былі.

Шмат думак, часам супярэчлівых, асабліва ў тых выпадках, калі Бяссонаў спрабаваў спрагназаваць лёс беларускага літаратурнага слова, выказана даследчыкам у прадмове да падрыхтаваных ім "Беларускіх песень". Уступ Бяссонава да песень уяўляе сабой вялікі, ёмісты аналітычны нарыс з элементамі публіцыстыкі.

На той час гэта было новае, адрознае ад усяго ў тагачаснай расейскай навуцы слова пра Беларусь. Аляксандр Пыпін, які ў прынцыпе падзяляў погляд Бяссонава на Беларускі край i яго народ, назваў бяссонаўскую публікацыю "голасам, прагучаўшым у пустыні". Афіцыйная Расея не хацела чуць, падзяляць такіх поглядаў на Паўночна-Заходні край, які Бяссонаў настойліва называў Беларускім. У прыдворных ідэолагаў была ўласная канцэпцыя, што датычыла этнічна нярускіх тзрыторыяў імперыі. Украінцам i беларусам, адмаўляючы ix самаіснае этнічнае аблічча, афіцыйна дазвалялася называцца малодшымі братамі, падбраццямі. Адсюль - настойлівае змяненне гістарычнай назвы тэрыторыі ix этнічнага рассялення i пражывання, адпаведная палітыцы расейскага ўраду інтэрпрэтацыя іхняга мінулага.

Знаходзячыся на сціплай пасадзе бібліятэкара ў Маскоўскім універсітэце, Бяссонаў падрыхтаваў i выдаў у 1871 г. 1-шы выпуск "Беларускіх песень". У ацэнцы народных твораў i каментары да ix выявіў сябе паслядоўным прыхільнікам міфалагічнай школы. Найвышэй цаніў абрадавую паэзію, як творчасць, якая найпаўней увасобіла светапогляд народу, унутраны лад яго жыцця. Том адкрываюць тэксты валачобных песень, гэты своеасаблівы эпас беларусаў. У створаным у валачобных песнях свеце дабрыні, зычлівасці, працавітасці, каштоўнасцяў, узнятых валачобнікамі да касмічнай усеабдымнасці, яскрава выяўляецца нацыянальная ментальнасць творцаў i носьбітаў валачобнай традыцыі як прадстаўнікоў беларускага этнасу.

У "Беларускіх песнях" Бяссонава, як ні ў адным фальклорным выданні, рэпрэзентатыўна пададзены творы беларускай Масленіцы, свята гаманкога, вясёлага, насмешлівага, якое ў старажытнасці мела магічна-прадуцыраваны сэнс.

На жаль, другога выпуску "Беларускіх песень", як абяцаў тытул першага тома Бяссонаўскага выдання, не з'явілася. Жніўныя песні з беларускага архіва Кірыеўскага, a належалі яны таксама да ранніх запісаў, калі фальклор складаў арганічную частку народнага быту, у нечым істотным акрэсліваў сутнасць быцця народу, засталіся, за малым выключэннем, да нашага часу неапублікаванымі.

Пры канцы 70-х гг. у Пятра Бяссонава адбыліся новыя пярэбары. На гэты раз ён быў запрошаны ў Харкаўскі універсітэт загадваць кафедрай славянскіх моваў i літаратураў. У Харкаве i закончыў ён сваю педагагічную i навуковую кар'еру. Пэўна, варта пашукаць у харкаўскіх архівах нейкіх слядоў, спадкаў славіста. Можа, сярод ix знойдзецца i яшчэ нешта з беларушчыны, з сабраных ім у Вільні рукапісаў, пра адзін з якіх у прадмове да зборніка "Беларускіх песень" ён казаў як пра ўнікальны.

З апублікаванай спадчыны самога Пятра Бяссонава пакуль што найбольшую ўвагу беларускіх даследнікаў прыцягнула менавіта ўспомненая ўжо прадмова да песень. У гісторыка, філосафа i палітыка Аляксандра Цвікевіча ў ковенскі перыяд яго жыцця i творчасці на пачатку 20-х гг. нашага стагоддзя яна выклікала патрзбу грунтоўнай публікацыі пад назваю "Погляд Бяссонава на беларускую справу". Сваю працу, прысвечаную аналізу Бяссонаўскага нарыса, Цвікевіч надрукаваў у трох нумарах часопіса "Беларускі Сьцяг" за 1922 г. У Коўне ж яна была выдадзеная асобным адбіткам. Публікацыя Цвікевіча пра погляды Пятра Бяссонава на Беларусь з'явілася для беларускага навукоўца прыступкаю да ягонай галоўнай праблемы як даследніка, рэалізаванай ужо пасля звароту з зміграцыі ў Менск у кнізе "Западноруссизм. Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў XIX i пачатку XX в.".

Публікацыя Аляксандра Цвікевіча, прысвечаная поглядам Бяссонава на Беларусь, вызначаецца навуковай грунтоўнасцю i аналітыкай, уласцівымі гэтаму высокаталенавітаму гісторыку беларускай грамадскай думкі.

Пры строга гістарычным падыходзе да поглядаў Бяссонава ў публікацыі А.Цвікевіча даволі выразна выяўлены кантэкст нацыянальна-вызвольнай ідэі, актуальнай для Беларусі не толькі на пачатак XX ст., але i сёння.

Арсень ЛІС


Аляксандар ЦЬВІКЕВІЧ
ПАГЛЯД П. БЯЗСОНАВА НА БЕЛАРУСКУЮ СПРАВУ

Друкуецца паводле: адбітак "Беларускага Сьцягу", Коўна, 1922 г.

У каго у руках слова народу, у таго i
думка, i жыцьцё народу, у таго рука
уладарная, i завецца яна ўжо не
кулаком, але кіруючай правіцай.
П.Бязсонаў

I.

Сярод аграмаднага літэратурнага матэр'ялу аб Беларусі, маючагася на расійскай мове, рэдка можна трапіць на нешта такоя, што затрымлівало-б увагу сваей арыгінальнасыдю, сваей нязгоднасьцю з раз на заўсёды прынятымі трафарэтамі. Расійская грамадзка-навучная апінія ў большасьці пытаньняў так зв. "окраиной" палітыкі йшла звычайна сьледам палітыкі офіцыальнай, якая адзіна была з імі знаёма i ў ix больш-менш разьбіралася. Быць у курсе так зв. "окраннных" пытаньняў для урадовых, офіцыальных кол было патрэбным, бо само жыцьцё ix да таго прымушала; што-ж датыча расійскага грамадзянства, дык яно, занятае спэцыальна сваімі унутраннымі расійскімі справамі, пачынала цікавіцца "окраинами" толькі тагды, калі ў жыцьці апошніх здараліся якія-небудзь надзвычайныя падзеі. Пры гэтым яно звычайна годзілася з тым, што думала i што рабіла датычна "окраин" офіцыальная улада. У гэтым напрамку сьмела можна сьцьвердзіць арганічную згоднасьць паміж двума лагерамі - уладай i грамадзянствам.

Што датыча Беларусі, то, дзякуючы яе сваеаблічнаму становішчу ў старой імпэрыі, манаполію на веданьне мясцовымі стасункамі, побач з урадовымі коламі, мела яшчэ праваслаўная царква ў асобе сваей вышэйшай іерархіі, якая так сама, як i ўрад, вяла безупынную барацьбу з паланізмам i лацінствам i таму выступала часта як рашаючы фактар.

Гэтыя два чыньнікі мелі дзеля гэтага i патрэбнае пераконаньня ў беларускім пытаньню, i адпаведную літэратуру аб ім. Падобнага зьместу літэратура - офіцыальная, полуафіцыальная i царкоўная творыць перэважаючую частку ўсяго таго, што напісана аб Беларусі.

Быў, праўда, караценькі час, калі i расійскае грамадзянства імкнулася сказаць аб беларускім пытаньню дзе-што ад свайго імяні. Але ўсе гэтыя спробы, прыпадаючыя больш-менш нa 60-я годы мінулага сталецьця, былі выкліканы польскім паўстаньнем, цесна з ім былі зьвязаны i так-жа хутка счэзьлі, як i паўсталі. Да таго-ж яны былі мала самаістны, бралі свае аргуманты i настроі ўсё з тых жа ўрадовых ці офіцыальна-царкоўных крыніц, калі спачатку i шукалі свайго шляху, дык хутка зьбіліся i пайшлі на шлях казённа-патрыатычны разам страціўшы той інтэрас, які маглі-б мець.

I толькі, можа, адзін П.Бязсонаў (1828-1898) аставіў для будучыны нешта такоя, што можа зацікавіць чытача нават i ў нашы дні.

Свой пагляд на беларускую справу, разумеючы гэтае слова шырока, П.Бязсонаў вылажыў у прадмове да свайго вядомага "Сборника білорусскнхь пісень", выйшоўшага ў Маскве ў 1871 г. коштам "Общества Любителей Россійской словесности". Як зазначае Пыпін, гэты Зборнік быў адным з першых выданьняў падобнага роду, як сам Бязсонаў быў адным з першых расійскіх этнографаў. Аб навучнай вартасьці памянёнай працы Бязсонава ў крытыцы ўстанавіўся даволі нэгатыўны пагляд. Як сучасная, так i пазьнейшая крытыка не ўбачыла ў ей таго, што хацеў бачыць Бязсонаў, i нават не прызнала за ім права першага дасьледчыка i зьбірача беларускай песьні, якім да сяго часу лічыцца П.Кірееўскі (брат вядомага славянафіла), чаму да пэўнай меры не пярэчыць i сам Бязсонаў. На аснове гэтага факту i другіх доказаў, С.Венгеров адмаўляе Бязсонаву нават званьня вучонага i называе яго "хутчэй выдаўцом" памятнікоў беларускае народнае творчасьці, чым дасьледчыкам ix. Паважаны крытык даходзіць у сваім скептыцызьме нават да таго, што пры жыцьці Бязсонава ставіцца крытычна да абраньня яго пачэсным доктарам славянскай філёлёгіі i прафэсарам славянскіх моў i літэратуры Харкаўскага ўнівэрсытэту.

Так сама нэгатыўна паставілася крытыка i да бязсонаўскай Прадмовы, у якой, па заяве Котлярэўскага "німа ніякае карысьці для навукі". У свой час Буслаев так сама публічна злаваў на Общество Любителей Россійской Словесности, што яно "дапусьціла сапсаваць песьні Кірееўскага далучэньнем да ix аграмаднае бязсонаўскае прадмовы".

Мы з гэткай заявай згадзіцца ня можам. З пункту погляду філёлёгічнага, Прадмова, запраўды, мала, a можа i зусім, не цікава. Але як спроба затрымаць увагу расійскага чытача над беларускай праблемай, як спроба даць сваю, незалежную ад устаноўленага курсу адповедзь на шмат якія пытаньня тагочаснага беларускага жыцыдя, урэшці, як жывая характэрыстыка таго ладу i тых асоб, якія былі ў той час на Беларусі, - Прадмова Бязсонава i вельмі цікавая, i вельмі карысная.

Лепш за ўсё нашае цьверджэньне Прадмова можа быць апраўдана тым фактам, што А.Пыпін, не лічыўшы раней для сябе магчымым "застанаўляцца над разглядам філёлёгічных досьледаў" Петра Бязсонава ў т. IV пазьнейшай "Исторіи русской этнографіи", прысьвячае нашаму дасьледчыку цэлых шэсьць страніц [1], якія зьяўляюцца амаль што ні літэральным перадрукам найбольш яскравых месц тэй самай Прадмовы, якую так бязьлітасна лаяла сучасная Бязсонаву крытыка. Больш таго, калі мы ўважна будзем чытаць тыя страніцы ў Пыпіна, у якіх ідзе мова аб Беларусі 50-60 гадоў, аб грамадзкіх настроях эпохі, аб навучных напрамках i аб паасобных дзеячох, дык мы лёгка можам угледзіць, што шмат чаго ўзята масцітым вучоным ласьне ад П.Б. з яго Прадмовы.

Таму мы ня можам згадзіцца з Буслаевым, што Бязсонаў "сапсаваў" "беларускія песьні" сваей Прадмовай, a наадварот, павінны дзякаваць О-ву Люб. Рос. Словесности за тоя, што яно дало змогу нам азнаёміцца з думкамі аднаго са сьведкаў жыцьця Беларусі ў адну з найбольш важных эпох.

Адзіна з чым мы павінны згадзіцца, дык гэта з заявай крытыкі, што "выклад думкі ў Бязсонава па форме сваей цёмны i дрэнна напісаны" [2]. Запраўды, стыль яго пісьма надзвычайна завілы i блутаны, больш прыпамінае модэрнізаваную царкоўна-славяншчыну з безканечнымі паўтарэньнямі i модуляцыямі, чым выпрацаваны стыль расійскай публіцыстыкі часу найбольшага розквіту. Да чытаньня ён трудны, i ў напісаным з першага разу не заўсёды можна разабрацца.

Але зьвернемся да самой Прадмовы.

Яна абнімае восемдзесят страніц зьбітага тэксту іп 4-to пісаных амаль што без абзацаў. Апошняе так сама вельмі ўтрудняе чытаньне i магло быць выклікана толькі мяркаваньнямі таннасьці выданьня, на што жаліцца сам аўтар. Калі прыняць пад увагу, што песьні "Сборннка" зьмешчаны на 175 страніцах, з каторых 70 заняты тлумачэньнямі да тэксту i каля дзесятка страніц прыпіскамі, - дык можна згадзіцца, што Прадмова адносна да песень непрапорцыанальна вялікая.

Цікавячая нас Прадмова зьявілася вынікам прац Бязсонава над беларускай этнографіяй i падарожы яго з гэтай мэтай на Беларусь. Да часу падарожы Бязсонаў, пасьля аканчаньня Маскоўскага ўнівэрсытэту, пяць гадоў працаваў у Касовіча i Петрова, пасьля служыў у Камісіі друкаваньня дзяржаўных грамат, a з 1857 да 1864 г. служыў старшым раднікам маскоўскай сынодальнай друкарні. У гэты час ён ужо займаўся славянскай філёлёгіей, досьледам старых актаў i выдаў цэлы шэраг прац сваіх, з каторых найбольшай вядомасьцю карыстаюцца "Болгарскія песни", "Калики перехожія" i інш. [3]

Ужо ў гэты час, разам з працаю над польскай, сэрба-харвацкай i баўгарскай мовай, П.Бязсонаў цікавіцца i беларускай мовай. Разам з П.Кірееўскім i пад яго кіраўніцтвам ён працуе ў Маскве над зьбіраньнем беларускіх народных песьняў, але гэта праца, да'лёкая ад безпасярэднай крыніцы, насіла чыста тэорэтычны характар i не выходзіла далей габінэту, тым больш, што ў шырокіх колах расійскага грамадзянства яшчэ не было да падобнага роду поэзіі ніякай цікавасьці. Як мы ведаем, да народнай творчасьці ставіліся ў той час нэгатыўна нават такія людзі, як Бялінскі.

Справу выданьня ўсяго сабранага матэр'ялу пасунула наперад польскае паўстаньне 63 году, калі ўвага ўсей думаючай Расіі зьвярнулася да Беларускага Краю. Карыстаючыся з гэтага, П.Бязсонаў прэдставіў свой зборнік Обществу Люб. Рос. Слов.; у зборніку было ўжо тагды да 500 беларускіх народных твораў, сярод каторых шмат старых беларускіх рукапісаў, разам з песьнямі i вершамі на нотах. О-ва згадзілася прыступіць да выданьня, але за цэлы 64-ты год справа друку не пасунулася наперад; пэрашкаджалі рожныя прычыны - між іншым, запросіны П.Бязсонава прыехаць для працы ў Вільню.

Беларусь у гэты час перажывала гострыя, неспакойныя дні. Дзякуючы паўстаньню, увесь край быў на вайсковым палажэньню; ішла мураўёўская "вісельная" разправа з рухам, полымя якога абхапіла добрую палову Беларусі i пачынала пагражаць спакою цэнтральнай улады. Расійская прэса ў Маскве i Пецярбургу дыхала шовіністычным угарам i была поўна адозвамі супроць «мятежа и преступной польской пропоганды». Разам з тым зьявілася якаясь хвараблівая цікавасьць да беларускага народу, - "страстотерпца", якога "открыли" i зрабілі об'ектам сваей апякунчай увагі. Разварушанае паўстаньнем шляхты, выведзенае з роўнавагі селянскай рэформай, якая прыняла тут даволі невыразны выгляд, жыцьцё Беларусі ў тыя часіны ўяўляла сабой ускаламучанае мора, якоя прыводзілі да парадку самымі драконаўскімі захадамі. Пачалася ўзмацаваная адпраўка ў край расійскіх чыноўнікаў, пасыпаліся незьлічоныя пісаньня "карэспандэнтаў з месц" - расійскі ўрад i расійскае грамадзянства павялі чародную атаку на заваяваньне "Северо-Западнаго края" (тэрмін, пачынаўшый ухадзіць у моду). Быў створаны асобны тып "западно-русскаго человека", які пераняў на сябе манаполію рэпрэзэнтацыі на Беларусі праваслаўя i рускай народнасьці, a па за межамі яе прызваны быў бараніць інтэрасы яе жыхароў прад урадам.

Прад вачыма расійскага грамадзянства хутка ўскрыліся ўсе супраціўнасьці жыцьця Беларусі - дзержаўна-палітычныя, нацыональныя, соцыальныя i рэлігійныя, - супраціўнасьці нагэтулькі глыбокія i трудныя да разьвязаньня, нагэтулькі часам небасьпечныя, што нават некаторыя чэсныя i сьветлыя галовы зьбіваліся ў крайнасьці. I калі благачэсьцівы М.Каяловіч у сваіх патрыотычных "беларускіх" пісаньнях дапісываўся да чыста бальшавіцкіх лёзунгаў аб зьніштажэньні двароў, публіцыст Скарятін у "Вести", у мэтах абароны дваранскаго шляхоцкага земляўладзтва на Беларусі, заклікаў уладу абуздаць падобныя сэн-сімоніцкія выступленьня.

Цэнтрам барацьбы i разам з тым цэнтрам публіцыстычнай i ўселякай іншай палемікі была ў той час Вільня, дзе сядзела краёвая ўлада i дзе прабывала i працавала, як тагды казалі, "мрачнае сонміща" - "Вестник Западной Россіи" на чале з Гаворскім, Гільдебрантам i К°. Адсюль патаемна разсылаліся загады: аб паўстаньню, тут працаваў Канстантын Каліноўскі са сваім штабам, тут-жа пачаліся літэратурныя казаньня аб барацьбе з лацінствам, хлопаманствам, жыдоўскім засільлям i г. д. Вільня захоўвала ў апініі ўсяго месцовага грамадзянства пераконаньне, што яна зьяўляецца ня толькі палітычным цэнтрам, ня толькі географічным цэнтрам, які кіруе ўсім жыцьцём краю, але так сама яго душою i яго розумам. Так яно запраўды i было, бо ўся больш-менш выдатная інтэлігенцыя Беларусі, Літвы i часьцю Польшчы сядзела i працавала ў Вільні. Хоць старога асяродка, групуючага сілы - Віленскага Ўнівэрсытэту, - ужо не было, але шмат культурных сіл у месьце заставалася, групуючыся каля тых устаноў, якія ўзьніклі пасьля закрыцьця Ўнівэрсытэту. Аднэй з галоўнейшых інстытуцый падобнага роду быў знамяніты ў тыя часы Віленскі Музэум, заснаваны ў 1856 годзе граф. Эўстахіям Тышкевічам.

Расійскі ўрад парашыў у мэтах барацьбы з "крамолай" ліквідаваць гэны Музэум, прыдаўшы ліквідацыі форму "преобразованія". Была створана адпаведная камісія з расійскіх вучоных, якой было пастаўлена заданьне ператварыць Віленскі Музэум "з установы, імкнуўшайся падтрымліваць у месцовым жыхарстве пераконаньне, што іхні край ёсыдь край польскі, у ўстанову напамінаючую аб расійскай народнасьці, праваслаўі i спагадаць найлепшаму ўзмацненьню зьвязей, злучаючых "літоўскія" губэрні з Расіяй.

Вось, ласьне, для ўчасьця ў працах памянёнай камісіі i запрашалі П.Бязсонава прыехаць на Беларусь. У канцы 64-га году ён на гэтыя запросіны згодзіўся i прыехаў у Вільню.

Ня можна сказаць, каб мэты пастаўленыя камісіі, i асабліва тая праца, якую гэта камісія зрабіла, характэрызавалі яе з добрага боку i разам ня клалі пэўнай цені на імя П.Бязсонава. I калі-б ня тоя, што П. Б. напісаў у сваей Прадмове, можна было-б думаць, што ён належаў да ліку тых полёнофагаў, жыдаедаў i казённых абрусіцеляў, якія вызначаліся ў той час у Вільні.

Сам П.Бязсонаў вось як тлумачыць мэты сваей падарожы:

"Пры ўсіх труднасьцях, з сэрдэчнай гатоўнасьцю на самую цяжкую працу i з поўнай верай калі не ў палітычныя задачы, дык у сусьпех грамадзкай i народнай справы, імкнуліся мы на чакаючую нас працу... Вельмі сорамна цяпер, але трэба прызнацца, што мы кіраваліся гарачымі пераконаньнямі чароднага роду. Палітычная i дзяржаўная дзеяльнасьць са ўсімі яе заданьнямі ў краю, не адкідае, але, наадварот, заклікае ў дапамогу дзеяльнасьць грамадзкую i навуковую; хто ня здолен ці ня хоча аддаць свае сілы задачам першага роду, той прызваны спагадаць задачам апошнім".

Такім чынам, мы бачым, што мэтаю падарожы П.Бязсонава ў Вільню была не палітыка, але навука; ён сам прызнаецца, што да палітыкі ён i ня здолен i ня мае да яе сымпатыі. Ён хоча ўпрост служыць на Беларусі навуцы:

"Дзе месцовая гісторыя заснула, - зазначае аўтар далей, - i груды памятнікаў яе лежаць бяз руху ці марнеюць без увагі; дзе шматлічныя бібліотэкі, выраз мінулай адукаванасьці i спосаб для будучай, ня толькі залежваюцца без карысьці, але ўпрост трацяцца i шчэзаюць, дзе музэумы служаць толькі адным палітычным, знача аднабокім тэндэнцыям, дагаджаючы тэй ці іншай старане... - там, думалі мы, шырокае поле для навукі i веды".

Знаючы энтузыастычную любоў П.Бязсонава да ўселякай народнасьці, гісторыі i старасьветчыны, мы маем права лічыць, што ён ехаў на Беларусь без якіх-небудзь асабістых плянаў зрабіць на гэтай справе выгодную чыноўмую кар'еру. Служба ў камісіі не тварыла спэцыальнай задачы яго падарожы, што відаць, напр., з таго, што П.Бязсонаў большую частку свайго часу прысьвячаў іншай працы: ён быў старшынёю Віленскай археографічнай камісіі, працаваў над цэнтральным віленскім архівам, над архівамі эпархіальным, капітульным, варшаўскім каронным: быў разам з тым, дырэктарам рабінскага вучылішча i інш. жыдоўскіх школ, быў дырэктарам віленскай клясычнай гімназіі i г. д. A глаўнае - дасьледаваў народнае жыцьцё.

Зьяўляючыся адначасова ня толькі расійскім вучоным, але i расійскім чыноўнікам, П.Бязсонаў, аднак, вельмі далёк ад тыпу так зв. "западно-русскаго человека". Апошні знайходзіць у яго адразу-ж рашучую нэгатыўную характэрыстыку:

"Заходна-рускіх людзей не жадалі мы вітаць у гэткім мундуры i з форменнымі гузікамі; не карэспандавалі ім у Пецярбург i не кланяліся ім на месцы пры ix прыезьдзе. Мы ix шукалі сярод месцовых ураджэнцаў i сталых жыхароў, каторыя-б дасьледавалі i разьясьнялі сваю гісторыю, зьбіралі-б i выдавалі-б свае народныя памятнікі, займаліся бы мовай беларускай, не пакідалі-б асаблівых адзнак месцовай грамадзкай i літэратурнай гутаркі, наадварот, апрацовывалі-б гэтую апошнюю ў месцовых творах i соцыальных варунках".

Зусім па свойму, па славянафільску, разумее ён моднае ў той час "обрусеніе" Беларусі, для чаго, ласьне, прызваны былі "западно-русскіе люди" i для чаго нават праектавалі прысылаць для беларускіх дзяцей маскоўскіх няняк. Зазначаючы, што ён не вызнае слушнасьці ў назове "маскаль" ці "вялікарус" i згаджаючыся ўглядаць у тых расейцах, што прышлі на Беларусь, проста "русскихъ", П.Бязсонаў кажа:

"Мы разумелі "русеньне" i "обрусеніе" ня ў грубым, гэтак хутка загідзеўшым сэнсе ці, лепш, не ў вочавіднай бязсэнсовасьці, але як пад'ём месцовых сіл гістарычных, прызваных пасуваць наперад лёс краю i такжа аднародных, брацка прынесеных адкуль бы то ні было расійскіх сіл на дапамогу, для дружнага супрацоўніцтва. Нам здавалася, што гэтыя апошнія сілы павінны былі быць пераважна сіламі моральнымі, інтэлектуальнымі; тагды-б яны запраўды былі-б "сіламі", a не прэтэнсіямі, не дзяржаўным аблачэньнем, a тым больш - не падробкай i прытворствам".

У другім месцы ён кажа аб тым самым больш малюнкова:

"Памятуючы правіла "служыць бы рады, ды прыслужацца тошна", мы ніяк не маглі згадзіцца, што дзеля асабістых карысьцей трэба асабіста дагаджаць уладаючай асобе... Займаючыся гісторыяй краю, мы не ўглядалі яе ў апісаньнях патрыотычных сьвяткаваньняў; клапочучыся аб прасьвеце, мы не лічылі, бытцым гэта адно i тоя, што рэгулярна адседжываць "пэдагогічныя вечары". Сьледзячы на месцы беларускую песьню, мы не дабачалі пабеды расійскай народнасьці, калі хто-небудзь у апьяненьні садзіўся на берагох Віліі ў шырокі круг i пачынаў пеяць "Вниз по матушке по Волге".

Зразумела, што гэткае разуменьне свайго абавязку, гэткая незалежнасьць думак i адпаведная пазыцыя ў грамадзянстве Віленскім, не маглі спрыяць дзеяльнасыді П.Бязсонава i хутка прычыніліся непрыхільнасьці да яго вышэйшага начальства ў асобе губэрнатара, папячыцеля i інш. У сваей Прадмове П.Бязсонаў ня раз жаліцца, што "шэраг папераў, скіраваных супроць яго дзеяльнасьці даў довад яму, што гэтая дзеяльнасьць не прытасавана "відам начальства" - што ён з пункту погляду апошняга безкарысны i нават шкодны".

Дзякуючы неспагаданьню i варожасьці з боку месцовай улады, П.Бязсонаў праз два гады, у канцы 1866 году, выехаў з Беларусі, не пакінуўшы, як сам казаў, па сабе ў краю трывалай памяці ў форме "рускага" земляўладзтва i нават не дабіўшыся ў Вільні выданьня сабранага тут этнографічнага матэр'ялу.

Апазыцыйнае становішча П.Бязсонава не магло не спрыяць, з другога боку, больш блізкаму азнаёмленьню яго з тымі коламі, якія так сама стаялі ў апазыцыі да месцовай улады, i асабліва з тымі прэдстаўнікамі вольнай веды i вольнага слова, якія засталіся пасьля разгрому Віленскага Ўнівэрсытэту. З некаторымі з ix П.Бязсонаў быў знаём з працы ix яшчэ ў Маскве, але асабістае спатканьне дало яму магчымасьць пазнаць ix лепш i засьведчыць для патомных тое ўражэньне, якое яны рабілі на сваіх сучасьнікаў. Адрыўкі Прадмовы прысьвячаныя характарыстыцы як паасобных віленскіх вучоных польскай школы, так i літэратурных напрамкаў тхнуць шчырай пашанай да ix i захопленьнем. Тоя, што ён бачыў i чуў у тагочасным духоўным цэнтры краю, зрабіла на яго вялікае ўражэньне, бо Вільня 60 гадоў у дзедзіне прац аб Беларусі, яе гісторыі, этнографіі стаяла інтэлектуальна не ў параўнаньню вышэй Масквы i Пецярбурга.

У той час, калі ў Вільні былі нагэтулькі вядомыя імёны, як Ярошэвіч, Ігнат Даніловіч, Крашэўскі, Круповіч, Кіркар i шмат іншых гуманістаў, калі віленскія кнігарні бачылі ўжо працы Яна Чэчота, Рыпінскага, Зенкевіча, - у Расіі можна было знайсьці ня больш двох-трох вучоных, якія хоць цікавіліся Беларусьсю, але чаго-небудзь значнага аб ей не далі.

Прадмова Бязсонава сьведчыць, што аўтор добра ведаў кождага з памянёных дзеячоў i лёгка разьбіраўся ў вартасьцях кождага навуковага твору. Што важна падчыркнуць, дык тое, што сваеаблічная "польскасьць" усей плеяды беларуска-польскіх патрыотаў не сустрэчала з боку аўтора прынцыповых закідаў у якіх-небудзь старонных мэтах. Хутчэй наадварот - ён прыхілен гэтаму напрамку. Кажучы, напр., што літэратура i навука на Беларусі перайшла ў рукі палякоў, - ці то прышоўшых з Польшчы, ці то апалячэных беларусаў i літвіноў, - ён зазначае толькі актуальную старану зьявішча: "К вялікай чэсьці ix, трэба сказаць, што яны ў параўнаньню (з Масквой) даўно зьвярнулі сваю ўвагу на Беларусь". П.Бязсонава не раздражняе той факт, што яны называлі Беларусь сваей польскай правінцыяй i ўжывалі для запісі беларускіх народных твораў лацінку. Па ходу разьвіцьця краю гэта было натуральна: "Калі мы цяпер, вельмі позна, схапіліся называць Беларусь сваею, мову яе сваей, літары ўжываем расійскія, то мы ніяк не адважымся дакараць літэратуру польскую ці апалячаную за тоя, што яна так сама, толькі шмат раней за нас, лічыла гэтую справу сваей роднай".

Але, будучы об'ектыўным, П.Бязсонаў з некаторымі старонамі дзейнасьці месцовых патрыотаў ня годзіцца. Калі яму здаралася заўважыць у навуковай чыннасьці элемэнт палітыкі, ён супроць гэтага пратэсгаваў. Але пратэст яго быў прыстойны, не выходзіў з рамак свабодна выказанай i не абавязковай для праціўнай стараны, навучнай апініі.

"Дрэнна, - кажа П.Бязсонаў, - калі ў гэтую (навучную) справу замешваецца палітыка з выключнаю польскай тэндэнцыяй; але, - дабаўляе ён тут жа, - гэта здаралася рэдка i датаго апраўдывалося адпаведнымі спробамі, a хутка ўжо цьвёрда праведзянай сыстэмай з боку расійцаў". Нэгатыўна ставячыся да такіх твораў, як "Беларусь" Рыпінскага, ("зьявішча - паводле яго слоў - ня столькі злое, як сьмешнае, ненавучнае, памфлетнае"), ён так жа нэгатыўна i можа ў больш рэзкіх тонах ставіўся да полёнафобскіх закідаў пецярбурскіх часопісаў.

Аб сваім поглядзе на так зв. "полёнізм" на Беларусі i аб спосабах барацьбы з ім, ён гавора ў гэткіх словах:

"З полёнізмам, у яго выключнасьці i палітычных разчотах пры захопленьні непалітычных сродкаў, лічылі мы законным змагацца правільна, на арэне самых глыбокіх i істотных для яго інтэрасаў, але тымі самымі сродкамі - сродкамі адукацыі, навукі, прасьветы".

За гэтым мы трапляем на надзвычайна цікавае пытаньне - адносін П.Бязсонава да беларускага руху як гэткага. Як славянафіл, як чалавек прыхільна ставячыйся да народу, ён ня мог ставіцца варожа да культурнай стараны яго, асабліва ў тым разуменьні, як гэта ўяўлялася некаторым пазьнейшым народнікам (у беларускім выяўленьні - братам Раманскім, Жуковічу, Хлебцевічу i інш). Палітычны бок пытаньня, зразумела, яму не па смаку. Ён проста зазначае, што ён "не разумеў беларусаў у форме палітычнай". Каго ён пад гэтым разумеў, - ці пасобных асоб, якім быў у тыя дні Каліноўскі, ці цэлы палітычны напрамак, - німа ведама. Так сама, як i ў Кояловіча, мы знаходзім тут толькі глухоя ўпамінаньне, што беларускі палітычны рух ці бліжэй, дзе-якая палітычная беларуская ідэалёгія, у тую эпоху ўжо давала сябе адчуваць. Відаць, што i ў часе побыту П.Бязсонава ў Вільні сярод месцовага жыхарства ідэя беларуска-літоўскай дзяржаўнасьці, зьявіўшаяся ў мурах Віленскага Ўнівэрсытэту i быўшая лёгічным завяршэньнем гістарычных раскопак Нарбута, была жывая i знайходзіла адэптаў. Нажаль, мічога большага П.Бязсонаў ня кажа аб гэтым вельмі важным для нас моманце, абмежываючыся заблутанай увагай, што гэтае зьявішча "выражае ці то налог пропагандуючай тандэнцыі, ці то - што вельмі характэрна ў вуснах П.Бязсонава, - месцовы адпор Маскве, гранічачый з пачуцьцём варожасьці".

Наагул, як відаць хоць бы з наведзяных вышэй прыкладаў, П.Бязсонаў вельмі асьцярожан у адносінах сваіх да месцовага жыцьця, не паддаецца скрайнасьцям i заўсёды шукае такога выхаду, пры якім можна было-б палагодзіць абодвы варагуючыя элемэнты - польскі i расійскі. Гэткае прымірэньне ён імкнуўся знайсьці ў славянстве, беларускасьці i асабліва ў "літоўскасьці" (у чужаслове), якая тагды разьвівалася польскай стараной. Апошнюю ён сьвядома i горача вітае:

"Пяцідзесятыя гады нашага сталецьця былі шчасьлівы: староны, засуджаныя вечна змагацца i спрэчацца, але нічым не забавязаныя ненавідзець адна другую, пачалі рашуча шукаць збліжэньня, якога-небудзь modus vivendi, якой-небудзь магчымасьці жыць i працаваць разам. Палітычнае мінулае, некалісь зьвязаўшае ix суровай сілай i назовай Літвы, адазвалася ізноў: натужліва пачалі ўсе прыймаць назову Літвы, літоўцаў, літоўскага i пад гэтай назовай дзеяць..."

"Ня гожа было-б нам, па звычаю другіх, сьцежыць i тут хітрае ўкрывацельства польшчыны: ня дзіва, калі паляк, ня маючы магчымасьці жыць у сваей статуры, пераабражаўся ў літвіна, a Русь адзягалася "Літвою", каб адрожніць сябе ад вядомага русызму - шуканая формула прымірэньня была простая i натуральная".

Да гэтага пытаньня П.Бязсонаў варочаецца не адзін раз. Ён з вялікім i шчырым жалям зазначае, што, магчыма, ён не адразу зразумеў i разабраўся ў палітычным становішчы краю i ў гэтай самай "літоўскасьці" пасьля свайго прыезду ў Вільню: "калі мы працавалі на гэтым грунце (мова ідзе аб Віленскім музэуме), шмат што пад уплывам палітычных абставін уяўлялася нам у іншым сьвятле, чым цяпер здалёку i пры халоднай безстароннасьці: калі ўкрадывалася сюды якая-небудзь абмылка, дык ласьне тая, што не заўсёды ў той час мы маглі дагадацца аб значэньні памянутай формулы "літоўскі".

Праз некалькі гадоў пасьля ад'езду з Вільні, калі ў краю i Пецярбурзе значна збольшыліся i пашырыліся настроі ў духу безагляднага зьнішчаньня ўсяго асобна-месцовага, усяго "літоўска-беларускага", ён мае мужаства перэпрасіць усіх - у першую чаргу, гр. Тышкевіча, Круповіча, Кіркара - за тую псэўдонавуковую працу, якую зрабіла камісія па рэформе музэуму. "Мы не маглі не бачыць тут грамады таго, што аказалася сабраным ласьне для Беларусі..." "Ніхай даруюць нам тыя асобы, яшчэ жывыя, з якімі ў гэтай справе змагаліся мы так доўга - не асабіста, не паліцэйска, але навучна i літэратурна".

Сумныя зьявішчы, меўшыя месца на Беларусі пасьля задушаньня паўстаньня, - упадак творчай энергіі краю, занепад духоўны, разпыленьне навучных сіл, каторыя, паводле П.Бязсонава, "пасьля пагрому як бытцым былі змыты з аблічча зямлі, якіх як бытцым зьняла якаясь невідомая рука", - знаходзяць у П.Бязсонава так сама вотклік; ён зусім сьвядома ня верыць "новаму курсу", новаму пэрыоду - Пецярбурскаму, які паўстаў замест старога - Віленскага, i скэптычна зазначае: "цэнтр перасунуўся ў Пецярбург, дзе мае месца працяг даўнага няведаньня, узмацаваўшыхся абмылак і, сваей адмены, выключнасьці ў стасунку да Беларусі".

Так ставіўся П.Бязсонаў да польскай стараны на Беларусі.

Ня менш згодліва i запраўды культурна паставіўся ён да трэцьцяй часткі жыхароў - да жыдоўства. У той неспакойны час жыды служылі мэтай для самых агідных i глупых нападак з боку ўсіх тых, хто прыслужваўся мураўёўскай уладзе i лічыў сябе на гэтай аснове "расійскім патрыотам". У процілежнасыдь чарнасоценным завываньням патрыотычнай прэсы, П.Бязсонаў ставіць сабе ў заслугу, што ён быў блізак жыдоўству ў Вільні, кіраваў жыдоўскай асьветай i "пакінуў яе без пакрыўджаных жыдоўскіх дзяцей".

"Жыдоўства, - кажа П.Бязсонаў, - лічылі мы патрэбным прыцягаць i збліжаць, ня грэбаваць ім, ня лаяць i злословіць, асабліва грамадзка i ў друку, не ўзбуджаць да яго ненавіднасьці".

Калі параўняць гэтыя словы з пісаньнямі тагочасных, як тагды гаварылася, "жыдаедаў", якія, трэба зазначыць, не тварылі ў гушчы насланых з Маскоўшчыны прэдстаўнікоў дзержаўнага велікарасейства асаблівага якога-небудзь выключэньня, - нам будзе зразумела становішча інтэлігентнага маскоўскага лібэрала, які быў трапіў туды, як белая варона ў чорны табар.

П.Бязсонаў добра ведаў гісторыю жыдоўскага народу i зьвертаў увагу на яе слаўныя страніцы: "відаць, нямногім ведама, што жыдоўская навука ў Беларусі мае здаўна сваю літэратуру, знамянітыя друкарні, шэрагі шматтамовых выданьняў i да сяго часу гэткіх прэдстаўнікоў, якія лічуцца ў жыдоўстве першымі для Эўропы, a заразам для цэлага сьвету".

Так сама як у пытаньні адносін да русыфікацыі краю, адносін да польскага элемэнту, так сама i ў пытаньні адносін да жыдоў П.Бязсонаў займаў опозыцыйнае становішча i ў сваей Прадмове зазначыў, што "мысьлі яго ў гэтым напрамку не тасаваліся з панаваўшымі тагды поглядамі ў літэратуры".

Аб офіцыальнай месцовай палітыцы i казаць німа чаго.


II.

Ужо ў часе подарожы сваей на Беларусь, калі толькі пераступіў яе мяжу, Бязсонаву ў вочы кінулася нешта такоя, чаго ён ня мог забыцца доўга пасьля звароту дамоў, i з прычыны гэтага ўражэньня ён робіць надзвычайнай гістарычнай вагі прызнаньне.

"Да гэтай пары (г. зн. да 60-70 гг. мінулага сталецьця), уступаючы ўнутр абшару краю, які нідаўна [4] прынята называць не зусім точна "Паўночна-Заходным", як ні ацяжэла над ім рука апошніх сталецьцяў, бачыш, чуеш i адчуваеш ўсюды, што тут ненадуманыя i ня выкрэсьленыя толькі географічныя i дзяржаўныя граніцы".

Патрэбнасыдь, абавязковасьць гэтых дзяржаўных граніц тлумачыцца П.Бязсонавым тым, што ўнутры ix ёсьць запраўдная самаістасьць, што тут свой грунт, свой народ, некалі валадзеўшый, хоць аблічча яго схавана сёньня ад вашых вачэй у руінах мінулага, хоць-бы ён з тупым тварам i бязслоўнымі вуснамі сустрэчаў на руінах новых гасьцей.

Тагочасную селянскую Беларусь аўтор малюе ў словах, у якіх крозіць натуральная, ня выціснутая штучна з душы, любоў да вёскі, да ўсяго вясковага жыцьця: "Быт просты, паважны, неяк асабліва грунтоўны, усяго менш дзікі ці грубы, найбольш ветлы, для сябе ўтульны, заможны бяз роскашы, пры спакойным характары i ўстрыманым гумары, прыемны мяккой аздобнасьцю. Праца ня сьпешная, але доўгая i ўпорчывая; гаспадарка ў істоце грамадзкая, але вольная для прыватнай уласнасьці; палі даволі вырабленыя, лясы i вазёры з сеткамі тысяч рыбаловаў навокал; не шырокія, але выгодныя i добра ўтрыманыя шляхі".

Чытач можа знайдзе гэтыя строчкі крыху сэнтымэнтальнымі, прыпамінаючымі добрай памяці карамзінаўскі стыль. Але яны вельмі характэрны, бо сьведчаць аб запраўды мілым уражэньні, якоя зрабіла на падарожнага наша Бацькаўшчына; уражэньне, якоя ня толькі не пакінула яго пасьля звароту ў Маскоўшчыну, але, відаць, узмацнілася як "прыгожае далёкае" ў параўнаньню з усім благім, якога ён раней у сябе пад бокам не заўважаў.

Гэткімі-ж актуальнымі барвамі малюе ён i другія староны жыцьця тагочаснай Беларусі: "Прамысловасыдь i рамёслы далёка разьвітыя, гандаль забасьпечаючый поўны дабрабыт, i таннасьць, нават да апошніх дзён, баечная. Месцовае жыцьцё, даўно забасьпечанае акрэсьлянымі правамі (намёк на майборскае права) - грамадзянства не адарванае ад звычайнай рускай асновы (указаньне на беларускае мешчанства, якое з даўных часаў, аж да апошніх дзесяцілецьцяў мінулага веку тварыла па гарадох асобны, грамадзкі, добра арганізаваны i даволі культурны стан, ад агульных улад не залежны), - не адстаўшае ў разьвіцьці ад заходных суседзяў, нават самых далёкіх; адкрытае, публічнае судатварэньне, з ім адпаведнае судаўстройства, з XVI в. статут - адзін з велічайшых юрыдычных памятнікаў" i г. д.

Азнаёміўшыся падробна з жыцьцём краю, цікуючы за яго разьвіцьцём у гістарычным маштабе, П.Бязсонаў робіць другое, ня менш важнае прызнаньне, якое выцекае з першага як лёгічны вынік: Беларусь уяўляецца яму як нешта суцэльнае, як нешта акрэсьлянна адзінае: "Беларусь абняла, аб'еднала i абасобіла сваю зямлю, цэлы i абшырны край ад Дзьвіны i Нёмана да Днепра i Чарнігаўскай губэрні". "Адзінства гэтае падкрэсьляецца i агульнай народнай масай Беларусі" i "беларускай мовай у яе цэльным адзінстве".

Беларусы, як народ i беларускасьць, як нацыанальная асобнасьць, злажыўшыеся векамі на сваей уласнай аснове, уяўляўшая свой асобны сьвет, была ў свой час сілай, панаваўшай ня толькі над жыцьцём свайго абшару, але ўплываўшая нa жыцьцё суседніх народаў.

"Беларуская нацыанальнасьць выказала надзвычайную моц i жывучасць. Яна здолела на роўных правох ужыцца з гэтулькі суседнымі нацыанальнасьцямі, як літоўская, польская, жыдоўская. Не падбівала ix аружжам, наадварот, часта сама падбіваная, яна безупынна перэмагала ix сваім духоўным, маральным, бытавым прасьвечаючым уплывам. Пра Беларусь можна справядліва сказаць, што яна не здала ні кроку зямлі, ніводнага каменя сваей будовы: наадварот, стварыла зямлю i цэлы край, з асноў збудавала свой вялікі гмах".

"Мову сваю налажыла яна на большую частку другіх нацыанальнасьцяў, з мовай пісьменнасьць (грамату), з тым i другім - сьветагляд i ўсе іншые цывілізуючыя ўплывы".

Пасьля падобных заяў натуральным зьяўляецца пытаньне, чаму Беларусь у мінулым не стварыла асобнага гаспадарства. Аўтар Прадмовы так сама задае сабе гэтае пытаньне: "Як бы там ні было, - кажа ён, - але гэты народ не дасягнуў аднаго завяршэньня сваей будовы: дзяржавы i дзяржаўнасьці".

Чаму-ж гэта так? Чаму Беларусь, меўшая ўсе данныя, пачынаючы ад здольнага народу з самаістай культурай i канчаючы натуральнымі географічна-дзяржаўнымі межамі, ня ўсьцігла замацаваць усё гэта ў асобным гаспадарстве, ня здолела забасьпечыць сабе дзяржаўнага істнаваньня.

На гэтае пытаньне П.Бязсонаў акрэсьлена не адказвае. "Ці дзеля таго, - з сумам кажа ён, - што прамежныя дзяржавы наагул не ўдзюцца, a прынамсі, не доўгавечны, ці таму, што ўжо ўсім славянам такая нядоля, што ўсе іхніе былые самаістые дзяржавы аказваліся чамусыді i паміж кімсь прамежнымі, патрэбнымі для апоры таму ці іншаму сільнейшаму суседу, - але шукомага не знайшлося".

Для П.Бязсонава ясна было толькі адно, што галоўнай прычынай бездзяржаўнасьці Беларусі зьявілася сумнай памяці Люблінская унія. Да XVI веку, да гэтай уніі, Беларусь мaглa перэтварыцца ў самаістую дзяржаву; пэрыод да уніі быў пэрыодам розквіту Беларусі, як нацыанальнаадзінага, паволі, безупынна сьпеўшага арганізму. Пасьля уніі з Польшчай пачаўся яе няўпынны занепад.

Аб гэтым другім пэрьюдзе жыцьця Беларусі, аб фактарах яго выклікаўшых, з ім зьвязаных i пасьля яго вынікшых, мы знайходзім у Прадмове Бязсонава такую ацэну: "Дзяржава чужога (Беларусі) карэня, інародная i інаверная схібанула да астой роўнавагу складных часьцей створанага Беларусьсю сьвету, унясла разлад i задор, раздувала ўнутраны закалот карысталася ім для сваіх мэт... Усе сілы Беларусі, даволі яшчэ багатыя ад мовы да пытаньняў рэлігійных напружыліся. Натуральны, спакойны шлях разьвіцьця стаў немагчым, i заразам была страчана ўселякая надзея на дзяржаву".

"Напружанасьць палітьічнага жыцьця Беларусі пасьля Любліна, выкліканая нагіорам полёнізуючых сіл, вызвала на Беларусі надзвычайнЫ ўздойм грамадзкай энергіі: паказаўшый сьвету ўсю моіД беларускага творчага духу, аднак-жа дзякуючы пера^азе, якую давала насуваючайся польшчыне польская дзяржава, ня толькі ўступіў апошняй, але прычыніўся яшчэ большаму занепаду Беларусі".

"Падняліся асоцыацыі ва ўсіх напрамках жыцыдя: праваслаўныя брацтвы, школы, літэратура... Навука, з асновай сяродвечнай схоластыкі, зле з пэўнай доляй рэформацкага адраджэньня, абхапіла ўсе дзедзіны веды, ад граматыкі да тэорыі музыкі i пеяньня, да богаслоўскага катэхізму i полемічнага богаслоўя, але надарванае палітычнае жыцьцё азначылося адсутнасьцю палітычнай гісторыі ў значэньню досьледу i падручніка, a для ям быў падгатаваны матэр'ял у мільёнах рукапісных памнікаў за ўсе эпохі".

"Грамадзкі ўздойм сваімі ачуняўшымі сіламі пераступіў рубяжы Беларускага сьвету i разьліўся далёка за імі ва ўсіх кірунках. Школы беларускіе з ix шкалярнасьцю папярэдзілі самую Украіну, у шмат чым перадалі ей тып свой i ў канцы XVII веку цалком перанясьліся ў Маскоўскае гаспадарства; літэратурная беларуская мова, пад уласным сваім імянем, зрабілася агульнай для ўсей заходнай Русі".

Але, як зазначана вышэй, пад націскам польскае дзяржавы беларускасьць ня вытрымлівае, i "маса беларусаў, прайшоўшы ў дому, a па часьці заграніцай, найлепшую па свайму часу школу i балеўшых палажэньнем спраў i заблутаннасьцю i нескладнасьцю дзяржавы, пачалі векавую каланізацыю туды, дзе бачылі роўню прасьветы ніжэйшай i дзе разам з тым можна было знайсьці сабе спакойны прытулак i пашану". "Беларуская культурная каланізацыя пасунулася ў Маскоўшчыну. Выходцы занялі тут самые відные i ўплывовые мейсцы, уключаючы выхаваўцаў царскай сям'і, рэктараў імі ж самымі створаных школ, габінэтных i друкарскіх вучоных. Амаль усё падпала ix рэформе".

На жаль, слушна зазначае Бязсонаў: "сколькі не прынесла гэтая эміграцыя карысьці другім краём, як ні пакрыла Беларусь славай, але самую Беларусь вынішчыла лепшымі прэдстаўнікамі - падарвала яе самаістасьць, бо выходцы ўжо не верталіся на Бацькаўшчыну, прападалі бязсьледна для месцовых, пакінутых інтэрасаў". Пётр Першы, як ведама, палажыў гэтаму канец, працягнуўшы руку сваю ўпрост ад Расіі да заходнай Эўропы.

Сёньня вылажаныя тут думкі знаёмы большасьці грамадзянства. Іx можна сустрэнуць у кождым падручніку па гісторыі Беларусі. Але ў той час, калі выкладаў ix П.Бязсонаў, яны былі новымі, нячуванымі, мала каму вядомымі. З тым, што ведаў П.Бязсонаў, быў у той час знаём можа адзін П.Баброўскі, раней - Борычэўскі, першы расійскі вучоны, зьвярнуўшый сур'ёзную ўвагу на гісторыю Беларусі; яшчэ раней - Коніскій, прагледзіўшый вялікшую частку старабеларускіх архіўных матэр'ялаў. Магчыма, што ў правільным асьвятленьні быў знаём з гісторыяй Беларусі так сама П.Кірееўскі, які, як i П.Бязсонаў, капаўся ў беларускай старасьвеччыне i быў знаём з адпаведнай літэратурай. Але так сама, як пазьней М.Кояловіч, усе яны ня былі цьвёрды ў "беларускасьці" Беларусі, зьбіваліся на "Западную Россію", не ўжываючы звычайна нават уласнага імяні Беларусі. Не ўжывалі гзтага імяні так сама i польскія гісторыкі, як напрыклад Ярошэвіч, дзякуючы каторым уся чытаючая Расія часу П.Бяссонава лічыла Беларусь быўшай часткай Польшчы i думала, што ніякай уласнай гісторыі Беларусь ніколі ня мела.

У параўнаньню з імі, гістарычныя хоць i схэматычныя спраўкі бязсонаўскай Прадмовы вельмі карысна адрожніваюцца, i тое, што ён напісаў у 1871 годзе, нічым не зьмяніла i мала ў чым дапоўніла i пазьнейшая i нават сучасная навука.

Веданьне беларускай гісторыі давала П.Бязсонову права з патрэбным аўторытэтам застанавіцца над тым палітычным станам Беларусі, які ён знайшоў.

Уражэньня яго i думкі гэтак цікавы i так характэрны, што мы дазволім сабе зрабіць выпіску з адпаведных мейсц Прадмовы больш шырокую.

Пасьля петроўскай рэформы далучаная да Расіі Беларусь уяўляецца П.Бязсонаву якімсь гістарычным "междоумкам". Такім жа ён бачыў яе на ўласныя вочы ў 60-х гадах мінулага сталецьця.

"Край палітычна i дзяржаўна зрабіўся зусім рускім, i ў гэтым ласьне палітычным разуменьню не перастае заставацца i абецае яшчэ доўга заставацца хворым мейсцам Расіі. Кожды, жыўшы ў краю, ведае, як пры стрыманым палітычным супакою i бачным роўным ходзе спраў, адчуваецца штомінутна i на кождым кроку якоесь непакойства, трывога... пры найменшым хітаньні ад злуднай роўнавагі пераходзіце безпасярэдна да пякучага палітычнага пытаньня".

Дзякуючы гэтаму ў староннага чалавека: "Мімаволі пры гэтым зьяўляецца думка аб месцовым сэпаратызме, як лёгічным выніку палітычнай няпэўнасьці, палітычнай неспакойнай хвараблівасьці. Але гэта не зусім так, на Беларусі німа сэпаратызму, a ёсьць толькі патрэба жыць сваім, іншым ад цэнтру жыцьцём, дыхаць сваім нацыанальным духам.

"Сэпаратызм, - кажа П.Бязсонаў, - ва ўсім сьвеце разумеецца толькі ў палітычным значэньні: ня прыдзе ў галаву прытасоўвываць гэтую назову там, дзе гаворыць асобная мова, творыцца свая народная творчасьць, вызнаецца іншая вера, дзеюць месцовыя сілы, грамадзянства разьвіваецца ў месцовым духу - адным словам, кіпіць i дасканаліцца месцовае жыцьцё па за палітыкай".

"Сусьпех i розквіт беларускі, хоць бы самы месцовы з месцовых, ніколі ня быў бы сэпаратызмам, наадварот, разам з тым сусьпехам быў бы рускім мейсцовым, a палітычная будучына Расіі лепш за ўсё была бы забасьпечана ў самых астоях".

"Наадварот, выключнасьць таго, што зусім не месцовае, a разам i не нагэтулькі агульнае, каб прырасьці да месцовага ці замяніць яго, непасьледавацельнасьць сыстэмы i нястача плодатворнай арганізацыі, калі жыцьцё ўжо ні з якога боку не кіпіць i не разьвіваецца, наадварот, таўчэцца у аднэй сумяціцы, a стыхіі ўсё-ж застаюцца на дне рожнародныя, - такое зьявішча, хоць бы не палітычнае, гранічыцца з трывогай палітычнай, калі ў яе пераходзіць i пры найменшым хітаньні перэтвараецца ў запраўдны сэпаратызм".

"Гэтак кажучы, німа калі жыць i разьвівацца ўсяму іншаму, калі дзеець адно палітычнае, да таго яшчэ аружнае, a не аружнае вааружаецца чыноўнымі тэндэнцыямі, заўсёды на старожы, заўсёды чагось баіцца, штосьці прасьледуе i карае, з чымсьці амаль неўхватным i няўгледным змагаецца да ўпадку сіл".

"Калі, - канчае П.Бязсонаў свае разважаньня, - увесь інтэрас у скарупе, унутранае зярно руйнуецца i сохне. Гэта ўжо не небасьпека сэпаратызму, бо німа чаму сэпаравацца, a небасьпека хваробы, цяжкой ампутацыі i сьмерці".

У гэтых адрыўках, ня гледзячы на эзопаўскі характар стылю (да гэтага прымушала аўтора тэма, у варунках мураўёўскага рэжыму далёка не спрыяючая), схавана многа здаровых думак. Так яно i было: Беларусь была хворым месцам Расіі за ўвесь доўгі час, калі была ей падбітай. Яна імкнулася стыхійна, можа не зусім выразна, не зусім акрэсьлена, але імкнулася да сваей уласнай нацыанальнай самабытнасьці. Гэтае саматужнае, не прыметнае для простага вока імкненьне цягнулася векамі, паволі пад цяжарам нівэлюючай расійскай дзяржаўнай машыны, спадаючы i пэраходзячы ў хранічную хваробу. Беларусь нацыянальна не памірала, але i не жыла. Гэга быў гістарычны нацыанальны анабіоз, калі ўсе сілы, уся энэргія народу спынялася, не выяўляючыся ў актыўнай творчасыці, як бы чакаючы часу свайго ўскросу. Жыцьцё Беларускага Народу было скалечана, але ня ўсе бачылі гэта. Каб бачыць гэта, трэба было блізка стаяць да гэтага жыцьця, трэба было разумець душу народную, быць знаёмым з яго смуткамі i радасьцямі ў ix гістарычнай пэрспэктыве, наагул, мець ахвоту i здольнасьць убачыць тое, што ня б'е ў вочы пры падарожы па Беларусі ў добрай карэце, але што жыве ў старой, далёкай ад гораду беларускай вёсцы, пад стрэхай селянскай курнай беларускай хаты.

П.Бязсонаў убачыу гэта i зразумеў. I ня толькі зразумеў, але голасна сказаў аб гэтым. Ці зразумеў яго хто - іншае пытаньне; мы пэўны, што каму трэба было зразумець, той не зьвярнуў на словы П.Бязсонава ніякай увагі, бо гэта ня ўходзіла ў пляны гаспадароў, седзячых на гарэ.

Трагічныя i прарочыя словы П.Бязсонава аб небасьпецы нацыанальнай сьмерці Беларусі былі асабліва патрэбны ў той час, калі мураўёўскі рэжым, разам са ўсім польскім, пачаў душыць i ўсё беларускае, калі край быў заціснуты ў ціскі "вайскова ахраннага палажэньня", калі на Беларусь пачало зьлетацца груганьнё са ўсей Расіі, a "дзяржава i царква жадалі ўсюды пранікнуць i ўсё сабою замяніць". Не дармо крыху пазьней этнограф Раманаў жаліўся, што "сельская паліцыя па загаду вышэйшай улады змагалася з народнымі беларускімі звычаямі, старымі ігрышчамі i інш., саджала ў халодную селян за народныя сьпевы, у якіх гаварылася аб цяжкім жыцьці i дрэннай уладзе" i г. д.

Выхад з палажэньня П.Бязсонаў знайходзіць у тэй самай "народнасьці", якая была прыдушана ўсесільнай дзяржавай, пры чым называе яе сваім уласным імянем - "селянствам". Разглядаючы Беларусь як быўшую дзяржаву, што стварыла i спраўляла сваім народам, i разважаючы над яе сумнай сучаснасьцю, аўтар прыходзіць да праконаньня, што застаецца нанова што небудзь тварыць з простага народу".

"Дзяржава расійская, узяўшая на сваю адпаведальнасьць лясы краю, не магла не зразумець гэтага значэньня з першага разу пры апошнім крызісе: паднята i пушчана ў ход месцовае селянскае пытаньне, зразумела, у зьвязі з земляўласнасьцю, i гэта corda rerus для цэлага краю. Калі яно пойдзе наперад сколькі-небудзь без перашкод, дык па закону гістарычнай абавязковасыді само сабой высунецца наперад народ беларускі, бо: "Ён жыў да сяго часу, як апошні, аснаўны, нераствараемы стыхійны элемэнт".

Так уяўляў сабе П.Бязсонаў беларускае пытаньне ў плашчыне палітычнай. Націск яго на селянства, як галоўны стан народу, на які павінна апірацца будучына Беларусі, зусім зразумелы. Так сама зразумела папярэджаньне, што нормальнае разьвіцьцё краю будзе адбывацца толькі пры варунку, калі селянскае пытаньне будзе вырашана на Беларусі без перашкод. Бо трэба згадзіцца, што ў варунках старога, дарэформеннага прыгоннага быту Беларусь ніколі не змагла-б падняцца. Усе тыя спробы беларускага адраджэньня, якія рабіліся рукамі романтычных памешчыкаў не маглі пайсці i фактычна не пайшлі далей прыпеўкі аб добрых панох. Па істоце сваей да звольненьня селян беларуская справа не магла пайсьці шырока, - яна рабілася ня тымі рукамі. Ня дзіва i зусім натуральна, што ў 60-х гадох, калі вызвольныя ідэі шырокай хваляй пракаціліся ў Расіі i шмат каго з інтэлігенцыі захапілі на чорную працу "ў народ", на Беларусі не было нічога, што гаварыла-б аб тым ці іншым еднаньні інтэлігенцыі з народам. Гэтыя годы прашлі для Беларусі без ніякага сьледу, хоць, здавалася, акурат у гэты бурны пэрыод павінны былі наймацней узьняцца лёзунгі беларускага народнага адраджэньня. Асабліва ясна стане гэта нам, калі мы параўнаем тоя, што тварылася ў тыя часы на Украіне i на Беларусі - краінах у шмат чым зусім аналёгічных. Прычына - у адсутнасьці ўласнай, з народу вышоўшай i з народам зьвязанай інтэлігенцыі, інтэлігенцыі жыўшай з народам хоць не ў аднальковых соцыальных варунках, але гаварыўшай з ім аднэй мовай. Так званыя беларуска-польскія пісьменьнікі шляхоцкай школы маглі даць толькі тоя, што яны далі (гл. М.Гарэцкі. Гісторыя беларускай літэратуры"); пасьля вызваленьня селян яны ня толькі нічога не маглі даць беларускаму адраджэньню, але i самі, як прэдстаўнікі пэўнага i адпаведнага грамадзкага сьветапагляду, пэўнага соцыальнага ладу, павінны былі зьнікнуць. Будучына належала новым сілам.

Каб пагляд П.Бязсонава на беларускую справу быў высьвятлен да канца, застановімся цяпер над разважаньнямі яго аб беларускай мове. Пасьля тых дэфірамбаў, якія ён прапеяў беларускай мінуўшчыне, беларускай нацыанальнай стыхіі - гэтак моцнай i гэтак творчай, пасьля яго справядлівых ссылак на беларускую пісьменнасьць, стварыўшую свой уласны сьвет i гэтак глыбока ўплынуўшый на літэратуру расійскую, можна было-б спадзевацца, што ён вызнае за сучаснай яму народнай беларускай мовай права на вольнае разьвіцьцё, ня толькі прызнае, але сам пойдзе яму на сустрэчу i дапаможа чым толькі мага.

Аднак мы гэтага ня бачым. Разважаньня, якія мы знайходзім у Прадмове на тэму аб мове, сьведчаць аб адваротным. П.Бязсонаў не вызнае сучаснай яму беларускай мовы, ня бачыць ніякай будучыны для яе i нават адмаўляецца ад гутаркі на падобную тэму. Ці можа лепш, ён разумее гэтую будучыну так сама па свойму, робячы ў тлумачэньні свайго пераконаньня якіясь невыразные i незразумелые скокі думкі, пакідаючы за сабою цёмныя месцы. Пагляды яго ў гэтай дзедзіне цікавы для нас толькі нагэтулькі, насколькі знаёмяць нас з паглядамі на падобнага зьместу пытаньня расійскай стараны наагул.

Перш на перш П.Бязсонаў робіць дарэмные спробы адрожніць паняцьце беларускай "мовы" ад "наречія" мовы расійскай. Спробы канчаюцца на нічым, аўтар ужывае мову беларускую i як "наречіе племенной ветви", i як "наречіе общаго языка русскаго". Разам з тым ён гавора аб "беларускай творчай мове, прычыніўшайся да вышэйшага творчага будаваньня", націскаючы на слова "творчая" i ўкладаючы ў яго якісь асобны зьмест. Вельмі шкадуючы, што шмат якія беларускія словы з часам прападуць, што маладоя пакаленьне пачынае не разумець ix, П.Бязсонаў гаворыць аб "адзінай мове для ўсей Беларусі" i аб яе "гісторыі, граматыцы".

Чароднае заданьне яго - давесьці, што слаўная беларуская пісьменнасыдь аджыла свой век i не адродзіцца, a вусная мова павінна i будзе разьвівацца.

''Пісьменная мова беларуская адрожніваецца з самага пачатку ад старэйшай нашай (г. зн., расійскай), i гэта зразумела, бо, ня будзь гэтых адзнак, - не было-б Беларусі, з яе мовай, бытам гісторыяй". "Асобнасьці гэтыя мала па малу разрастаюцца, і, напрыклад, пісьменныя памятнікі беларускія адыйшлі ад нашых у XVI веку вельмі далёка".

Гэтыя цэнныя прызнаньня дапаўняюцца зазначэньнем: "у старой пісьменнай мове беларускай ня ў меру больш акрэсьлянасьці i гукавой цьвёрдасьці, чым у сучаснай народнай гутарцы" i што "доўгі час на ўсім вялікім заходным абшары ад Дзьвіны да Днепра ўглыб чужых старон пісьменная мова беларуская была адзіна жывой i роднай народу" i нават сьведчыць, што ў часе яго побыту на Беларусі разгаворная мова асьвечанага, адукаванага грамадзянства, як напрыклад, гаражан, духавенства, памешчыкаў, чыноўніцтва i г. д., была пранікнута гэтай пісьменнай беларускай мовай, трымалася старой адзінааблічнасьці.

Але факт стаўся - пісьменнасьць беларуская дзеля тых ці іншых прычын шчэзла i нанова ўзнікнуць ня можа. "Яна мае адно толькі мінулае, у той час як прад вуснай мовай - уся будучына", - цьвердзіць П.Бязсонаў.

"З пад'ёмам селянства гэта вусная мова абецае яшчэ больш расьці i разьвівацца, - яна будзе пранікаць у гарады, у жыцьцё грамадзкае, будзіць літэратуру, багаціць навуку, запладняць мастацтва. "Яна пойдзе далей" - яна "осмыслнть" дзяржаўную ўладу: у каго ў руках слова народу, у таго i думка i жыцьцё народу, у таго рука ўладарная, i завецца яна ўжо не кулаком, але кіруючай правіцай".

Апошнія словы гэтак рашучы, ясны i праўдзівы, што яны маглі-б зрабіць чэсыдь любому з сучасных беларускіх патрыотаў. Запраўды, хто валадае словам народу, толькі адзіна той можа знайсьці шляхі да сэрца народнага, да.яго пачуцьця, да яго думак, толькі адзіна той можа зразумець жаданьня народныя, пайсьці ім насустрач i збудаваць будучыну народу, згодна гэтым жаданьням. Толькі той адзіна, хто разумее народ праз яго роднае слова, толькі той можа памкнуць народ на актыўны чын, на змаганьня i разам з тым на перамогу. Па за родным народу словам ляжыць холад непаразуменьня паміж ім i ўладай, ляжыць адарванасьць i арганічная варожасьць. Ляжыць тоя, што вядзе народ i край да хранічнай хваравітасьці.

Са ўсяго відаць, што П.Бязсонаў добра гэта разумеў.

Але як разумее ён збаўчае "слова народнае", як уяўляецца яму істнаваньне гэтага "слова" ў жыцьці?

Адказ на гэтае пытаньне даюць па часьці тыя думкі яго, якія вылажаны вышэй аб "вуснай мове", і, галоўным чынам, тыя цьверджаньня, якія ён робіць у стасунку да новачаснай беларускай літэратурнай мовы i беларускай літэратуры наагул. Заявы яго ў гэтым пункце так сама ясны i рашучы, але, на жаль, i памылковы. Зрэшта, як будзе паказана ніжэй, падобныя цьверджаньня, выходзячыя ня столькі ад розуму, сколькі ад пачуцьця, не маглі быць у вуснах маскаля П.Бязсонава іншымі, i таму нам німа чаго ім асабліва дзівіцца. "Слова народнае", як хутка кажа ён, разумее ў самым вузкім, абмежаным значэньні, як слова селянства, слова неграматнага i непісьменнага чалавека. "Як хутка, - кажа ён, - мова вусная даходзіць да пapory пісьменнасьці, літэратуры, кніжнага адукаванага слова, тут яе рашучы руб i хоць не канец, але nec plus ultra. Беларуская народная мова ніколі ня будзе мовай літэратурнай, пісьменнай i кніжнай; ня здольна, ня ў сілах яна ўтварыць сёньня з уласных элемэнтаў i пад уласным імянем; страціла, згубіла той час, калі магла стварыць".

"Калі селянін возьмецца за пяро, - цягне П.Бязсонаў далей, - i будзе пісаць, ён з таго самага моманту будзе пісаць не па беларуску, a па расійску; калі толькі не абмежыцца дамовымі рахункамі i лістоўнай перапіскай".

Заканчае П.Бязсонаў свае разважаньня на гэту тэму формальным заклінаньнем: "Прэдстаўнікі сэпаратызму павінны абезнадзеіць, ворагі яго могуць супакоіцца: у Беларусі была польская літэратура, кормленая месцовымі сокамі, дзеля таго што была чужая, i толькі эксплёатавала. Беларуская-ж народная літэратура немагчыма ні ў сучасным, ні ў будучым".

Як бачым, П.Бязсонаў крэпка памыліўся ў сваіх прароцтвах. Памыліўся ласьне дзеля таго, што пачаў праракаваць датычна тых пытаньняў, якія належаць да найбольш няпэўных пытаньняў аб магчымых магчымасьцях.

Каб вылезьці з круга супярэчнасьцяў, створаных аўторам Прадмовы ў адносінах да "народнай творчай мовы, якой належыць уся будучына" i немагчымасыдю разьвіцьця беларускай літэратуры, П.Бязсонаў імкнецца разьвіць туманную тэорыю "общерусской" літэратуры, якая пасьля ў пэўных модыфікацыях беларускаму грамадзянству добра знаёма. Мова ідзе аб "месцовай расійскай літэратуры", павіннай узьнікнуць на Беларусі i карміцца крыніцамі беларускай нацыянальнай стыхіі.

"Калі ў край прынясецца гатовая літэратура з іншай стараны, яна ня выклічэ месцовай літэратурнай творчасьці, сярод так зв. адукаваных станаў, каторыя ў мове сваей, упадабаньнях, паняцьцях, выразах выхаваліся i вырасьлі на мінулай месцовай пісьменнасьці. Хоць бы прыносная літэратура менавала сябе "расійскай", хоць бы імкнулася падрабіцца пад "беларускую" ці зусім бы няправільна маскавалася "Белай Русью", яе жыцьцём i формай, яна застанецца для месцовага жыцьця заўсёды чужой маскай і, па меншай меры, Велікарускай, магчыма, Маскоўскай, як некалі яе называлі i па часыді называюць дагэтуль. Яна не адыграе ролі нават мінулай пісьменнасьці беларускай, нават у вузкім яе значэньню i хутчэй зойдзе, пакінуўшы на месцы шмат менш уплыву, чым тая. Гэта будзе прынесеная кніга, аркуш, папера, блянк - не жыцьцётворчасьць. Селянству асабліва яна будзе чужой, як з першага разу незразумелай, яна не падніме яго да далейшай, лепшай разумнай дзеяльнасьці", дзеля таго, што "натуралізацыя, вядомая ў палітычным сэнсе, тут немагчыма".

Па думцы П. Бязсонава, трэба падыйсьці з другога канца: "Трэба, каб расійская літэратура ўзьнікла тут на месцовых асновах, месцовымі пабудкамі i інтэрасамі, сіламі месцовых ураджэнцаў i дзеячоў, з жыцьця месцовага, - a гэткае толькі жыцьцё народнае: каб першае слова расійскай літэратуры пачалося тут з апошняга слова беларускага, выляцеўшага з вуснаў; каб гэта апошняе слова, гранічучы з самым першым літэратурным, належала месцовай мове ў народнай песьнятворчасьці... Тагды зьявіцца месцовы паэт, літэратар, вучоны, мастак для Краю i ўсей Расіі: як Гогаль-маларус, як Міцкевіч, Залескі i Сыракомля - літвін-маларус-беларус польскі".

Гэткі быў ідэал П.Бязсонава ў напрамку беларуской нацыянальнай культуры. Яму здавалася, што калі ён паўторыць дзесяць разоў у рад слова "месцовы", праскланяе яго па ўсіх падзяжох i "прыблізіць" першае слова расійскае з апошнім беларускім - дык атрымаецца нешта новае i натуральнае. Яму здавалася, што ад мэханічнага змешываньня можна атрымаць хімічны сінтэз. I ўся роля Беларусі зводзіцца, па яго праграме, да абагачэньня коштам беларускасьці расійскай літэратуры, г. зн. да паўтарэньня спробы XVI-XVIII стст. i падараваньня Маскве свайго новага "беларускага Гогаля".


III.

Бязсонаўская Прадмова ў стасунку да беларускай справы важна перш за ўсё тым, што ў ей высьветляюцца амаль усе пытаньня беларускага жыцыця, - у кождым разе найбольш пякучыя, - i даецца на гэтыя пытаньня магчыма акрэсьляны i шчыры адказ. Бязсонаў нічога ня замаўчывае i ні ў чым не прытвараецца. На ўсё ён адказвае, як кажуць, "у прастаце душэўнай".

Па другое, яна важна тым, што ў ей мы знайходзім пагляд на беларускую справу асьвечанага, інтэлігентнага маскоўца 60-х гадоў. Мы падкрэсьляем, ласьне маскоўца, г. зн. чалавека прыехаўшага на Беларусь, a не расійскага інтэлігента выехаўшага з Беларусі, родам адтуль. Бязсонаў родам не беларус, i гэта шмат што тлумачыць у яго поглядах на беларускую справу i шмат у чым яго апраўдывае. Паходжэньне Бязсонава апраўдывае яго ў пытаньнях беларускай літэратурнай мовы, a ў пытаньнях палітычнага характару выгадна адрожнівае яго ад тых вучоных, публіцыстаў i проста дзеячоў, якія былі родам з Беларусі i для каторых беларуская справа павінна была-б быць роднай справай.

Усе беларусы-расійцы таго часу, як прыкл. Міх.Каяловіч, Турцэвіч i інш. (пазьней, Сьнітко, Раманаў, Саланевіч), уяўлялі сабой большай часткай ласьне "западно-русских людей", аб якіх гіранічна гаварыў Бязсонаў. "Беларусафільства" гэтых дзеячоў, аб якім яны заяўлялі, выклікалася ня столькі ix пераконаньнямі ў беларускім пытаньню, сколькі ix антыпольскім настроем. Яны разглядалі сваё "беларусафільства" як рэакцыю полёнізму i глядзелі на Беларусь вачамі актыўных русыфікатараў. Дзеля гэтага німа чаго дзівіцца Бязсонаву ў яго прароцтвах аб беларускай мове, калі такі паважны "беларускі" вучоны, як Баброўскі, прапаведваў, што "расійскія школы на Беларусі больш патрэбны, чым у самой Расіі" [5].

Ці далёка адыйшла акружаючая нас сучаснасьць ад цьверджань П.Бязсонава?

Можна думаць, што не. Пытаньня, закранутыя ім у Прадмове, да сяго часу належаць да адмены тых, што выклікаюць найбольш гарачыя супярэчкі i служаць прычынай найбольш варожых адносін да беларускага адраджэньня. Але ўсё-ж такі пэўныя крокі наперад можна заўважыць. Застановімся над пытаньнем аб мове.

Пяцьдзесят гадоў таму назад П.Бязсонаў заклінаў усіх i ўся, што "пісьменнасьць беларуская памерла i ня мае прад сабой ніякай будучыны." A ў 1920 годзе проф. лінгвіст Бодуэн-дэ-Куртэнэ пісаў, што "зa беларускай літэратурнай мовай ён вызнае ўсе правы на істнаваньне i разьвіцьцё як за ўсякай іншай літэратурнай мовай". Праўда, паважаны лінгвіст дадае пры гэтым, што ён асабіста мала верыць, каб беларуская літэратурная мова ўтрымалася побач з мовай расійскай; але гэта ўжо дзедзіна яго асабістай веры i яго асабістых гаданьняў. Даволі i таго, што ён "жадае беларускім патрыотам уселякага посьпеху на ніве адраджэньня мовы". Ад чужака нам большага ня трэба. Бо, па нашаму разуменьню, вызнаньне "права" мовы на жыцьцё, - калі толькі яно вызнаецца шчыра i не пярэчыць адпаведнай палітыцы, - творыць рашучую палову ўсяго пытаньня. Пастараемся разтлумачыць нашую думку.

Калі П.Бязсонаў цьвердзіць, што "беларускай літэратуры ня можа быць", дык за гэтымі словамі мы чуем зусім яўны імпэратыў: "беларускай мовы быць не павінна". Пераконаньне ў безварунковай праўдзівасыді сваіх цьверджань у такіх выпадках звычайна выклікае актывізм, пераходзячый у воражасьць i барацьбу супроць іншых пераконаньняў. Прыклады таму бывалі: каталіцтва да часу протэстантызму, як i паганства да часу хрысьціянства, - былі нагэтулькі пераконаны ў правільнасьці свайго веравучэньня, што спалялі на грудох усіх іначымысьлячых. Калі-ж у душу ix жрэцоў закралася зьнявера, калі яны ўбачылі, што адступнікаў ix веры ня б'е пярун, што вераадступнікі могуць жыць спакойна i без пакланеньня закону - фанатычная думка страціла сваю гастрыню, - i гэта была першая азнака перамогі новай веры. Тое-ж бывае з псэўдонавучнымі цьверджаньнямі. Сумніў ёсьць вынік развагі, ёсьць вынік безстароннага досьледу. Чым пытаньне сур'ёзьней, глыбей i неакрэсьляней, тым больш асьцярожна i крытычна ставіцца да яго навучная мысьль, баючыся трапіць у абсурд.

Пытаньне мовы, як было зазначана вышэй, асабліва тых магчымасьцяў, якія зьвязаны з яе разьвіцьцем, належыць да найбольш неакрэсьляных пытаньняў навукі. I таму ўселякае безгранічнае цьверджаньне, уселякае "так" ці "не" сустрэчаецца з боку вучоных вельмі рэдка. Асыдярожнасьць у цьверджаньнях тут можна сьмела прызнаць за азнаку сур'ёзнасьці.

Таму за словамі Бодуэн-дэ-Куртэнэ мы ня чуем імпэратыва: "быць не павінна". Вызнаючы "права" беларускай мовы на будучыну, хоць i сумневаючыся ў ей, ён пакідае беларускай мове магчымасьць паказаць у жыцьці, ці здольна яна зьдзейсьніць ускладаныя на яе надзеі i дайсьці да вымаганай вышыні, ці не. Справа, гэт. чын., апіраецца толькі аб саму мову: у поўнай свабодзе, без уселякага ўціску разьвівацца i ў сваім разьвіцьці зьдзейсьніць надзеі, якія на яе ўскладаюцца яе патрыотамі.

Адсюль пытаньне аб мове безпасярэдна зьвязваецца з пытаньнем аб школе. У Прадмове П.Бязсонава аб школе німа ні воднага слова. Для аўтара німа пытаньня аб тым, якая школа павінна быць на Беларусі: беларуская ці расійская. Школа, па яго думцы, магчыма тoлькi расійская, бо выхоўваць мову, прад якой закрыта будучына i якая наперад вызнана нежыцьцёвай - рэч, па меншай меры, нелёгічная. Школа паводле Бодуэн-дэ-Куртэнэ мoжa быць беларускай. Як бачым, рожніца паміж аднэй i другой пастаноўкай вельмі значная. Яшчэ большай яна будзе ў выніках.

У першым здарэньні прад беларускай нацыанальнай стыхіяй наагул зачыняюцца дзьверы: свабодна разьвіваючыся ў варунках вёскі i безпісьменнасьці, яна прымушана спыніць свае разьвіцьцё, сохнуць i паміраць, як толькі выйдзе з сяла, як толькі захоча прыняць культурныя формы. Бо толькі школа даводзіць вясковую, народную культуру да дасканаласьці, да тае ступені, адкуль ідзе вольны шлях да вышэйшага літэратурнага выяўленьня яе. Калі ёсьць нацыональная школа, тагды прад "народным словам" ёсьць будучына; калі яе німа - німа i будучыны, i нацыанальная стыхія засуджана на павольную сьмерць. Да слоў Бурачка - "трымайцеся мовы нашай беларускай, каб ня ўмерці", трэба сёньня дадаць: "трымайцеся школы вашай нацыональнай, каб мець будучыну".

Бязсонаў глыбока мыліцца, калі кажа, што пры адсутнасьці беларускай літэратуры народная стыхія i яе праява - вусьменная народная творчасьць, будуць істнаваць i разьвівацца далей. Такі парадак магчымы быў бы ў нашыя часы, толькі пры тым варунку, калі былі-б пазачыняны ўсе без вынятку школы i мы наагул вярнуліся ў варункі XII ст. Бо нават для таго, каб на Беларусі ўзьнікла расійская літэратура ў бязсонаўскім разуменьню (беларускі Гоголь) - трэба, каб была школа. Школа, зразумела, расійская. A калі так, дык праз 50, a то i менш гадоў, пры абавязковасьці агульнага навучаньня i пры сучаснай тэхніцы народнай асьветы, на беларускай мове калі-б i гутарылі, дык толькі старыя бабы ды вучоныя этнографы. Мы i цяпер бачым, як далёка пайшла русыфікацыя нашай вёскі i як упала ў ёй пад уплывам русыфікацыі народная песьнятворчасьць. Заўважыў i жаліўся на гэта Раманаў, жаліўся раней i сам Бязсонаў. Пры гэтых варунках зрабіць так, каб "за апошнім словам беларускім у хаце выляцела першае слова расійскае ў школе" - рэч безнадзейная. Як немагчыма натуралізацыя расійскай літэратуры на Беларусі, так сама немагчыма ўзьнікненьне на беларускай ніве расійскай літэратуры. Пры чым, па нашай думцы, хутчэй магчыма першае, чым другое. Дзьве культуры на грунце двох нацыанальных стыхій ня могуць паўзьбежна істнаваць, калі адна мае магчымасьць разьвіцьця, a другая не. Вынік будзе - як i быў да сяго часу - той, што тая культура, якая ў форме школы мае засабы для разьвіцьця, забівае ў літэральным сэнсе тую, якая падобнага засабу ня мае. У гэтым, ласьне, ляжыць сумная абмылка П.Бязсонава, які так любіў Беларусь, беларускую нацыанальную стыхію, які жадаў ей як найлепшага розквіту i ў той самы час адмаўляў ей у адпаведным забасьпечаньні.

"Дазваленьне", даванае беларускай мове навейшымі праграмамі, "дапушчэньне" яе ў школу ёсьць у пэўным разуменьні ня толькі ўступка духу часу, але поўная капітуляцыя акадэмічнай думкі перад жывым жыцьцём. Бо што фактычна знача падобнае "дапушчэньне", як не ігольнае вушко, праз якое лёгка працягаецца ўвесь вярблюд т. зв. "усерусызма"? Калі "дапусьціць" беларускую мову ў народную школу, дык чаму не "дапусьціць" яе ў сярэднюю i вышайшую школу? Калі навучыць дзіця па беларуску "А", то чаму ня вучыць "Б"? Нястача падручнікаў i вучыцялёў таму прычынай? Знача, гэта пытаньне часу, a ня прынцыпу.

I мы адважаемся думаць, што калі праграмы, падобныя праграме Бодуэн-дэ-Куртэнэ прапануюцца не дзеля адводу вачэй i сумыснай маны, то яны абавязкова павінны прывесьці да лёгічнага канца: да прызнаньня ўсіх бяз выніку лёзунгаў беларускага адраджэньня, уключна да права Беларусі на незалежнае дзяржаўнае істнаваньне.

Ясна, што на падобны шлях "дапушчэньняў" П.Бязсонаў стаць ня мог, бо гэта неўнікнёна прывяло-б да катастрофы ўсяго яго сьветапагляду. На гэты шлях можа стаць сучасны вучоны, да таго яшчэ ў "акадэмічнай плашчыне", г. зн. далёка ад практыкі жыцьця. Практыка жыцьця, як ведама, рэдка калі кіруецца акадэмічнымі паглядамі. Так, напрыклад, калі ў свой час Расійская Акадэмія Навук пасьля доўгіх спрэчак вырашыла, урэшці, што ўкраінская мова такі "ёсьць", - то на Украіне ў практыцы нічагусенькі не зьмянілася. Яшчэ горш можа здарыцца з мовай беларускай, якая шмат маладзейшая ад украінскай у сэнсе літэратурнага апрацаваньня i мае менш магчымасьцёў абараняць сябе ў плашчыне акадэмічных спрэчак. Дзеля таго, што падобныя спрэчкі звычайна мала што рашаюць - ix трэба кінуць. Барацьбу за мову i яе будучыну трэба перанесьці ў жыцьцё i вырашыць у жыцьці. Трэба даводзіць аргумэнтамі не ад розуму, але аргумэнтамі ад сэрца, зьвертаючьіся з не да вучоных, a да народу. Так сама як за зямлю - трэба падняць народ на барацьбу за родную мову.

Сваім паглядам на беларускую справу ў дзедзіне культурнай Бязсонаў вельмі прыпамінае свайго антыпода Рыпінскага. Гэты этнограф так сама любіў Беларусь, але "як частку Польшчы"; так сама "перахоўваў каля сэрца яе песьні", клікаў усіх адносіцца з пашанай да беларускага мужыка (кмётка) i г. д. Але заразам, так сама як Бязсонаў, лічыў, што грамаце беларус павінен вучыцца па-польску, бо беларуская мова - мова простая, для літэратуры ня годная, што Беларусь павінна вярнуцца ў нетры Польшчы i беларускі народ павінен зьліцца з народам польскім, частку якога ён становіць. Як слушна зазначае Пыпін: "ён з жарам гавора аб патрэбе дасьледаваньня народнасьці, чакае тут адкрыцьця нацыянальнай сьвятыні i заразам, фактычно, жадае ей шчэзнуць". Ні Бязсонаў, ні Рыпінскі не заўважалі ўнутранай супярэчнасьці сваіх думак.

Скажам цяпер некалькі слоў аб палітычнай старане паглядаў Бязсонова.

Па агульнаму характару разважаньняў аб палітычна-грамадзкіх пытаньнях, П.Бязсонава можна залічыць у лік т. зв. "лібэральных славянафілаў" найбольш раньняга тыпу (Хомяков, бр. Кірееўскіе i інш.).

У сваіх філёзофскіх шуканьнях славянафільства пераходзіла часта ў дзедзіну чыстага містыцызму, карэньнямі сваймі сягаючы Візантыі i гістарычных асноў праваслаўя. У гэтым кірунку яно было разплывістым i туманным. Але ў практычнай дапасоўцы яно было даволі рэальным. Так, напрыклад, у палітыцы яно зазначылася ярка апазыцыйнымі настроямі супроць пецярбурскага цэнтралізму, супроць нацыянальнай нівэліроўкі, супроць сухога бюрократызму i чыноўніцтва, супроць усяго таго, што ўяўляла народ i нацыянальнасьць як нерухавую сілу, варожую навізьне, варожую сучаснай асьвечанай уладзе. Таму першыя славянафілы былі разам i першымі народнікамі, першымі этнографамі, першымі зьбірачамі народнага багацьця - народных твораў. Да ліку гэткіх людзей належаў П.Бязсонаў.

Думкі яго, вылажаныя намі ў папярэднім разьдзеле, сьведчаць, што ён быў цьвёрда сьвядом сваіх славянафільска-народніцкіх прынцыпаў, хоць ніколі не ўжываў ix пад уласнай назовай. Мінулае палітычнае Беларусі ўяўляецца яму ў самых сьветлых барвах, i ён творыць яму запраўдны апотзоз: беларуская песьня - жывая крыніца для будучай палітычнай працы; народная мова - аснова ўселякай нормальнай улады; "месцовы" характар i кірунак дзяржаўнага жыцьця - выхад з агульнай хваравітасьці i забасьпечаньне здаровага істнаваньня дзяржавы. Пецярбург i ўсё пецярбурскае аўтар ачавіста ня любіць i яго высьмеівае. Вочы яго i любоў яго скіравана на народ, на зямлю, на правінцыю, якой ён гатоў даць як мага больш, каб яна разьвівалася незалежна ад цэнтру, завязшага ў абмылках i грахох.

Іншымі словамі, у стасунку да Беларусі ён праводзіць програму краёвага аўтанамізму. Разам з тым П.Бязсонаў старэнна падкрэсьляў, што ён далёк ад палітычнага сэпаратызму, ад прызываў Беларусі аддзяліцца ад Расіі. Ён жадаў толькі ўважлівых адносін да таго скарбу, які ўяўляе сабой месцовы патрыотызм, як вынік пашаны да ўсяго свайго, уласнага, самаістага. Ён хацеў бачыць Беларусь не палітычным трупам, але жывой краінай; краем, які жыве для ўласных інтэрасаў у складзе расійскай дзяржавы. Ён пратэставаў толькі супроць трупехлага палітычнага формалізму, які душыў праявы месцовай энэргіі, не даваў выхаду месцовай ініцыатыве. Ён імкнуўся прабудзіць цікавасьць да Беларусі, зьвярнуць патрзбную ўвагу на гэты палітычна забіты, жыцьцёва-зьневажаны край, хацеў "падняць" Беларусь да таго пачэснага мейсца, якое прысуджано было ей мінулай гісторыяй.

* * *

Як ведама, думкам i імкненьням Бязсонава ня суджана было зысьціцца. Яны былі сказаны не да часу. Сямідзесятыя гады зазначыліся ўжо прытным паваротам палітыкі расійскага ўраду ў бок рэакцыі. "Освободительная эпоха" мінала, i на сцэну пачалі выходзіць рыцары чорнага стану. Лібэральнае славянафільства, насіўшае ў сабе семя ўнутранай супярэчнасьці ў форме аполёгіі консэрватызму, пачало выраджацца; больш актыўныя элемэнты яго, зьмяшаўшыся з "западнмчеством", пайшлі ў рэвалюцыйнае народніцтва; больш пасіўныя, буржуазныя пайшлі па лініі найменшага адпору i праз Каткова дакаціліся да Пабеданосцава.

Пытаньня, паднятыя Бязсонавым, праз гэты доўгі пэрыод палітычнага зьмерку, былі грунтоўна зацёрты. Расійская цэнзура забараняла кранаць ix нават у самых аддалёных "эзопаўскіх" формах. Небасьпечны былі нават намёкі на якую-б то ні было асобнасьць Паўночна-Заходнага Краю.

Падняць на нова пытаньне аб Беларусі, аб яе правох i будучыне - лёс судзіў толькі ў констытуцыйныя часы рэвалюцыі 1905 году.



[1] Гл. "Русская Старина", 1872, № 3.

[2] Усім іншым этнографам аўтор адводзіць зазвычай адну, дзьве страніцы.

[3] Матэр'ялы аб біографіі Бязсонава знайходзяцца ў "Записках Харьковского Университета" (у пратаколах) за 1879 г.; у "Словаре" Берзина "De Gubernatis internationale".

[4] Імператор Мікалай I указам скасаваў названьне "Беларусь" i забараніў ужываньне яго. "Города Россійск. Имперім, III, Могилевь, Изд. Мин. Вн. Д.- Реклю: "Земля н Люди".- СПб., 1883. - Стр. 162.

[5] У сваіх разважаньнях аб беларускай мове, яе значэньні i будучыне, Бязсонаў не дае нам нічога новага. Ён паўтарыў у 1871 г. у сваей Прадмове i прытасаваў да Беларусі тую тэорыю, якую ў 60-х гадох шэраг вучоных праектаваў у стасунку да Ўкраіны. Вось што пісаў аб украінскай мове i ўкраінскай літэратуры вядомы славіст В.Ламанскі:

"Прызнаемся, думка аб магчымасьці асобнае малорускае літэратуры (а не месцовай славеснасьці) уяўляецца нам надзвычайнай нісянеціцай. Гэтая літэратура магчыма ў варунках самых немагчымых. Так, напрыклад, трэба пераканаць усіх думаючых малоросіян у яе патрэбнасьці, трэба забыцца ўжываньня расійскае мовы, перастаць чытаць расійскія кнігі, трэба выхаваць цэлыя пакаленьня малоросіян у няведаньню расійскае мовы i літэратуры. Бяз гэтых варункаў украінская літэратура немагчыма. Але калі немагчыма самаістая літаратура малоруская, дык магчыма i карысна літэратурнае апрацаваньне нарэчча малоросійскага побач з агульна расійскай мовай, асобная малоросійская славеснасьць, побач з расійскай літэратурай, з расійскай навукай i асьвечаннасьцю". Пры гэтым рэдакцыя, дзе артыкул быў надрукаваны, дабавіла: "для домашняго обихода" ("День", 1861 г. № 21. Аб тым жа i ў падобных словах пісаў Хомяков у "Русской Беседе"). Рэдакцыя "Дня" ў перадавіцы № 20 за 1882 г. пісала: "мы ня думаем, каб разьвіцьцё малорускай народнай літэратуры калі-небудзь раздвоіла рускую літэратурную мову, - мову асьвечаннага грамадзянства". У стасунку да Беларусі тая-ж рэдакцыя пісала: "трэба, каб селянін разумеў гасудараў указ i внушэньня расійскай улады зусім выразіста, бяз непаразуменьняў, трэба, каб адчуў сябе зусім рускім, a для таго ён павінен адчуць сябе перш за ўсё беларусам: разам выляпіць з яго велікарускага мужыка немагчыма, ды i німа патрэбы. Мы лічым, дзеля гэтага, што было-б надзвычайна карысным выкладаць першапачатковыя названьня i сэнс урадовых загадаў беларускаму селяніну на беларускай мове, навучаць чытаць i пісаць яго па-беларуску, a пасьля безварункова па-расійску i царкоўна-славянску (1863, № 25). Дзякуючы падобным думкам у беларускіх гуртках Пецярбурга i ў самым краю думалі аб выданьню беларускай газэты, аб выданьню падручнікаў для школ на беларускай мове i г. д. Скончылася ўсё гэта толькі тым, што ў 1863 г. у Вільні Управленіем Внленскаго Учебнаго Округа была надрукавана кніга "Разсказы нa простонародном наречіи" i некалькі стацей на беларускай мове ў "Книге для чтенія в народных училищах Виленскаго Учебнаго Округа".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX