Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Папярэднікі


Аўтар: Дучыц Людміла,
Дадана: 28-08-2012,
Крыніца: Маладосць №8 - 2012.



Да дня археолага

Тэрмін «археалогія» ўпершыню быў ужыты ў V стагоддзі да нашай эры антычным гісторыкам Фукідзідам у працы «Пелапанэская вайна». Яшчэ раней вавілонскі цар Набанід збіраў калекцыю архаічных рэчаў, па яго загадзе праводзіліся раскопкі старажытных гарадоў на берагах Тыгра і Еўфрата. А на нашых землях першым пачаў апісваць археалагічныя помнікі Мацей Стрыйкоўскі, храніст. Было гэта ў ХVІ стагоддзі.
Як навука беларуская археалогія пачыналася ці не з даследаванняў Зарыяна ДаленгіХадакоўскага (Адама Чарноцкага). Гэта ён упершыню паказаў, што помнікі археалогіі з'яўляюцца гістарычнай крыніцай. Але зразумелі яго не адразу. Калі ў 1819 годзе вучоны наведваў арыстакратычныя салоны Пецярбурга і распытваў гаспадароў маёнткаў пра гістарычныя помнікі іх уладанняў і звязаныя з імі паданні, з яго пасміхаліся. Малады чалавек займеў рэпутацыю вар'ята. А калі цікавіўся падобнай інфармацыяй у мужыкоў на Балотным Рынку, яго ўспрымалі як шпега або рабаўніка. Нават навуковыя таварыствы спачатку адмаўляліся падтрымліваць экспедыцыі Даленгі-Хадакоўскага: яго даследаванні лічылі праслаўленнем язычніцтва.
Але час ішоў. І таямніцы гісторыі паступова адкрываліся. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Еўропе з'явіліся першыя працы па перыядызацыі, стратыграфіі пластоў і сістэматызацыі археалагічных знаходак. Тады ж пачалося дэталёвае дакументаванне раскопак. Тым не менш, вобраз археолага ў народзе заставаўся міфалагізаваным. За каго толькі не прымалі археолагаў, як толькі не называлі: «пецярбургскі чыноўнік Гедэмін», «чыноўнік з Прусіі», «чалавек з Францыі», «нейкі Віленец», «адзін з князёў Раманавых», «хвранцузская Камісія», «нехто з Германіі», «нейкія з Менску», «прысланыя людзі».

ГРАФСКА-КНЯЖАЦКАЯ НАВУКА

Браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы прадстаўнікі вельмі багатага і знатнага графскага роду - раскапалі сотні курганных пахаванняў у ваколіцах Лагойска, зрабілі планы гарадзішчаў і заснавалі археалагічны музей. Браты падтрымлівалі сувязі з археалагічнымі таварыствамі Еўропы, а вынікі сваіх даследаванняў друкавалі ў спецыяльнай літаратуры. У раскопках Тышкевічаў прымалі ўдзел знаныя людзі: пісьменнік Юзэф Крашэўскі, гісторыкі Адам Кіркор і Міхаіл Гаўсман, маршалак шляхты Менскага павета Генрых Татур, маршалак шляхты Вілейскага павета Мечыслаў Тукала… Асноўную працу, канешне, выконвалі прыгонныя сяляне, якім Тышкевічы шчодра плацілі, але сяляне былі ўпэўнены, што адкапаныя рэчы паны «забіраюць сабе на забаву». Курганы ў народзе лічыліся месцамі святымі, недатыкальнымі, і таму, калі раскопкі даходзілі да касцяка, сяляне спынялі працу і пачыналі маліліцца за ўпакой памерлага тысячу гадоў таму. Курганы прыходзілася дакопваць самім уладальнікам Лагойскага графства.
У другой палове ХІХ стагоддзя археалогіяй захапіліся многія ўладальнікі маёнткаў. Справа аблягчалася тым, што на сваіх землях яны маглі праводзіць раскопкі без дазволаў дзяржаўных устаноў, у тым ліку Імператарскай Археалагічнай Камісіі. Зразумела, што такія памешчыкі былі людзьмі высокаадукаванымі і дапытлівымі. Памешчык маёнтка Завідзічы каля Лепеля Міхаіл Кусцінскі падчас вучобы ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце пасябраваў з графам Аляксеем Уваравым, які пазней заснаваў Рускае імператарскае археалагічнае таварыства і быў арганізатарам першых Усерасійскіх археалагічных з'ездаў. Вакол Кусцінскага заўсёды групаваліся археолагі-аматары ўсіх навакольных раёнаў і Аляксей Рымскі-Корсакаў, і Аляксандр Семянтоўскі, і Вінцэнт Валадковіч, і Генрых Жаба, і Пётр Церабнёў, і Францішак Вярэнька, і іншыя. У Завідзічах Кусцінскі зладзіў археалагічны музей, экспанаты якога пасля смерці археолага набыў Вацлаў Федаровіч для свайго музея ў Віцебску.
Уладальнік маёнткаў Прылукі і Стайкі каля Мінска граф Эмірык Гутэн-Чапскі служыў у Міністэрстве Унутраных Спраў. На сваіх землях ён раскопваў курганы і збіраў старадаўнія манеты. Граф Альберт Патоцкі з Беразіно таксама раскопваў курганы на берагах Бярэзіны, а граф Луі де Флеры вывучаў яцвяжскія пахаванні ў каменных курганах і магілах каля Гродна. Адзін з князёў Паскевічаў у Гомелі ў канцы ХІХ стагоддзя даручыў праводзіць археалагічныя даследаванні свайму землямеру Мікалаю Філонаву, а сам з сям'ёй прыязджаў паглядзець на вынікі раскопак.
У гэтыя ж гады на Барысаўшчыне Тытусь Саподзька пачаў вывучаць курганна-жальнічныя могільнікі з каменнымі выбрукоўкамі, а вынікі даследаванняў друкаваць у польскіх навуковых часопісах. На Быхаўшчыне ў сваіх уладаннях археалагічныя помнікі даследаваў Людвіг Выкоўскі, на Рагачоўшчыне - Станіслаў Цэрха.

ДЭМАКРАТЫЗАЦЫЯ АРХЕАЛОГІІ

Калі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя археалогія лічылася навукай багатых, то пад канец таго ж стагоддзя сацыяльны склад даследчыкаў старажытнасцей істотна пашырыўся. У асноўным гэта былі людзі з адукацыяй, атрыманай у расійскіх і еўрапейскіх універсітэтах, члены Імператарскага рускага археалагічнага таварыства, Віленскай археалагічнай камісіі, Маскоўскага археалагічнага таварыства. Сярод тагачасных археолагаў былі губернатары (Аляксандр Дамбавецкі, Руф Ігнацьеў), чыноўнікі (Сымон Чалоўскі), лекары (Міхаіл Гамаліцкі), вайскоўцы (Міхаіл Цыбышаў, Аляксандр Карэва), мастакі (Дзмітрый Струкаў), інжынеры (Аляксандр КарачэўскіВоўк), супрацоўнікі губернскіх Статыстычных камітэтаў (Пётр Мурамцаў, Аляксей Сапуноў, Генрых Татур). Шмат зрабілі настаўнікі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя выкладчык Навагрудскага дваранскага вучылішча Аляксей Дзмітрыеў раскопваў курганы ў ваколіцах горада. У 1871 годзе дырэктар Пінскіх вучылішч раскапаў у прадмесці адзін з двух вялікіх курганоў. Падрабязная справаздача з малюнкамі была паслана ў Рускае імператарскае археалагічнае таварыства. Інспектар вучылішч Мікалай Авенарыўс падчас летніх вакацый ладзіў археалагічня экспедыцыі на тэрыторыі Мінскай губерні. Матфей Фурсаў, дырэктар Магілёўскай гімназіі, разам з чыноўнікам Сымонам Чалоўскім па даручэнні губернатара Аляксандра Дамбавецкага раскапаў больш як 60 курганоў у басейне Дняпра. Акрамя таго, даследаваў рэшткі мамантаў у аршанскіх вапнавых капальнях. Гарадзішчы і курганы на Ашмяншчыне вывучаў Рамуальд Зянкевіч, старажытнасці Гродна - выкладчык гімназіі Яўстафій Арлоўскі (ім быў надрукаваны шэраг прац).
Цікава падкрэсліць, што многія археолагі змагаліся ў шэрагах паўстанцаў 1863 года: Міхаіл Гаўсман, Зыгмунд Мінейка, Мікалай Віткоўскі, Мечыслаў Тукала...
У ХІХ стагоддзі рабіліся спробы складання археалагічных карт. Археалагічную карту Ашмянскага павета складаў Рамуальд Зянкевіч, Мінскага - Руф Ігнацьеў, Лепельскага - Мікалай Кусцінскі. Карту Мінскай губерні з альбомам археалагічных знаходак стварыў Генрых Татур, карту Магілёўскай губерні паралельна складалі Матфей Фурсаў з Сымонам Чалоўскім і Еўдакім Раманаў. Міхаіл Федаровіч збіраў матэрыялы для Археалагічнай карты Беларусі. Некаторыя даследчыкі ўжо ў канцы ХІХ стагоддзя рабілі хімічныя аналізы археалагічных знаходак.
Надзвычай вялікую ролю ў вывучэнні беларускіх старажытнасцей меў ІХ Археалагічны з'езд, які адбыўся ў Вільні ў 1893 годзе. Камітэт па падрыхтоўцы з'езда працаваў два гады. Напярэданні актыўна праводзіліся археалагічныя раскопкі і збіраліся матэрыялы для Археалагічных карт Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў. З'езд пачаўся 1 жніўня, яго адкрывала старшыня Рускага імператарскага археалагічнага таварыства графіня Праскоўя Уварава. Пасяджэнні праходзілі ў памяшканні 1-й мужчынскай гімназіі, а ў 2-й гімназіі дзейнічалі выстаўкі археалагічных знаходак, малюнкі і фатаграфіі, экспанаты з прыватных калекцый. У будынку Настаўніцкага інстытута праходзілі «вячэрнія чаяванні», падчас якіх працягваліся абмеркаванні дакладаў. Для дэлегатаў з'езда гарадская ўправа вылучыла 30 нумароў у лепшых гатэлях горада. На з'езд прыязджалі вялікі князь Сяргей Аляксандравіч і вялікая княгіня Елізавета Фёдараўна. У Бернардзінскім садзе ў гонар археолагаў ладзілі свята. Былі арганізаваны экскурсіі - у Трокі і Коўна, вандроўкі на параходзе па Нёмане. Княгіня Гогенлоэ ў сваім маёнтку Вяркі зладзіла для ўдзельнікаў з'езда прыём.

ПАЧАТАК ХХ СТАГОДДЗЯ

Далучэнне да археалагічных даследаванняў з боку настаўнікаў і выкладчыкаў вышэйшых навучальных уста ноў працягваецца. У Гарадоцкім павеце на Віцебшчыне курганы раскопвае прафесар Харкаўскага ўніверсітэта Леў ЛазарэвічШапялевіч. У 1908-1913 гадах дырэктар Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі праводзіць каля свайго горада раскопкі замчышча. Сярод выяўленага - фрагменты кафлі ХVІ стагоддзя і рэшткі тынкоўкі з фрэскавым роспісам. У 1911 годзе выкладчыкі Клімавіцкай мужчынскай гімназіі разам з гімназістамі робяць план бліжэйшага курганнага могільніка і раскопваюць некалькі насыпаў. Напярэданні Першай сусветнай да вывучэння старажытнасцей Беларусі далучаюцца вучні знакамітага археолага Аляксандра Спіцына - студэнты Пецярбургскага ўніверсітэта. Сяргей Дубінскі вывучае курганы ў раёне Бельска на Гродзеншчыне, Міхаіл Шавельскі працуе каля Бяларучаў паблізу Мінска, а Канстанцін Шэроцкі праводзіць археалагічныя назіранні ў Полацку. Справаздачы пра гэтыя працы захоўваюцца цяпер у Пецярбургу. У 1913-1914 гадах шэраг помнікаў археалогіі і архітэктуры ў Гродне, Лідзе і Крэве даследуе Восіп Ядкоўскі, выпускнік археалагічнага інстытута ў Маскве.
Аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута з трохгадовым курсам навучання адчыняецца ў 1911 годзе ў Віцебску. Пасаду дырэктара займае Баляслаў Брэжга. Лекцыі па археалогіі прыязджаюць чытаць знакамітыя навукоўцы. Віцебская ўстанова праіснуе адзінаццаць гадоў і будзе скасавана ў 1922 годзе пасля закрыцця Маскоўскага археалагічнага інстытута.
Ёсць шэраг звестак, якія звязаны з правядзеннем археалагічных раскопак падчас Першай сусветнай вайны. Напрыклад, студэнт-гісторык, вучань Аляксандра Спіцына Фёдар Шчытнікаў быў мабілізаваны ў войска. Карыстаючыся тым, што ягонае падраздзяленне стаяла паблізу возера Шо на Глыбоччыне, ён арганізаваў салдат на раскопкі курганоў. Падрабязны дзённік, які вёў Шчытнікаў, захаваўся да нашага часу.
Захапляліся раскопкамі і нямецкія вайскоўцы, якія па прафесіі таксама былі археолагамі. Так, на тэрыторыі Белавежскай пушчы праводзіліся раскопкі курганоў пад кіраўніцтвам берлінскага прафесара Альфрэда Гётцэ. Нямецкія вайскоўцы капалі курганы і каля вёскі Лудчыцы паблізу Быхава, і каля вёскі Забалоцце Лёзненскага раёна.
У 1921 годзе тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж Польшчай і СССР. На тэрыторыі савецкай Беларусі аховай і вывучэннем помнікаў археалогіі займалася камісія пры Наркамаце адукацыі. У 1925 годзе ў Інстытуце беларускай культуры з'явілася камісія па ахове помнікаў археалогіі, а пазней, у 1930 годзе, была створана секцыя археалогіі пры Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Пытанні археалогіі абмяркоўваліся на Рэспубліканскіх краязнаўчых з'ездах.
Актыўна вяліся археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Здзіслаў Дурчэўскі і Раман Якімовіч праводзілі раскопкі ў Гродне, Раман Якімовіч, Юзэф Марціняк - у Давыд-Гарадку, Яраслаў Вайцяхоўскі праводзіў кансерватарскія работы на замчышчы ў Навагрудку. У 1920-я гады археалагічныя помнікі на тэрыторыі Пінскага, Лунінецкага і Столінскага паветаў праводзіў Раман Гарашкевіч, які ў той час працаваў настаўнікам у гімназіях Лунінца і Пінска. У Навагрудку раскопкамі займаўся Язэп Драздовіч, які тады працаваў настаўнікам малявання.

АРХЕОЛАГІ-СВЯТАРЫ

У вывучэнне нашай гісторыі значны ўнёсак зрабілі святары - праваслаўныя і каталіцкія, выпускнікі духоўных навучальных устаноў - семінарый і акадэмій.
Яшчэ ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя архімандрыт Гродзенскага Каложскага, у той час уніяцкага, манастыра Ігнаці Кульчынскі дэталёва апісаў старажытную царкву і на падставе вывучэння цаглянай кладкі датаваў яе ХІІ стагоддзем. Ён даследаваў і іншыя старажытнасці Гродна і Жыровічаў.
На рубяжы ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў архімандрыт Іойль Шулакевіч праводзіў раскопкі на тэрыторыі Бельчыцкага манастыра Полацка - выявіў рэшткі падмурка старажытнага храма. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна мясцовы святар Лонгвін Фармасевіч кіраваў раскопкамі курганоў.
У канцы ХІХ стагоддзя святар Леў Паеўскі служыў у шэрагу прыходаў Гродзенскай губерні. Падчас службы ў Камянцы-Літоўскім ён прыклаў шмат намаганняў для рэстаўрацыі Камянецкай вежы. У 1898 годзе Імператарская Археалагічная Камісія дала яму дазвол на вывучэнне курганоў па берагах ракі Лясной. Паеўскі браў актыўны ўдзел у працы чатырох Усерасійскіх археалагічных з'ездаў (8, 9, 10 і 15) - выступаў з дакладамі.
У канцы ХІХ стагоддзя святар Сынкавіцкага храма (цяпер на тэрыторыі Зэльвенскага раёна) Яўстафі Міхайлоўскі праводзіў археалагічныя даследаванні на Слонімшчыне. Вядома, што калі ён рыхтаваўся раскопваць курганы каля вёскі Арловічы, мясцовае насельніцтва выступіла ў абарону курганоў, пагражаючы «бязбожнаму святару» раптоўнай смерцю за знявагу магіл продкаў.
Многія святары дапамагалі археолагам. У раскопках курганнага могільніка каля вёскі Языль Старадарожскага раёна ўдзельнічаў мясцовы святар протаіерэй Грыгорый Пігулеўскі. Эдуарду Вольтэру і Вандаліну Шукевічу пры даследаванні каменных магіл дапамагаў ксёндз з вёскі Нача Воранаўскага раёна Зміцер Сакалоўскі. Святар Залескай царквы на Глыбоччыне Міхаіл Памеранцаў у канцы ХІХ стагоддзя ў царкоўным летапісе нават вылучыў спецыяльны раздзел па мясцовых старажытнасцях.
У ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя ў духоўных вучэбных установах выкладалася такая дысцыпліна царкоўная археалогія. У Полацкай духоўнай семінарыі гэты прадмет вёў Ксенафонт Гаворскі, член-карэспандэнт Рускага імператарскага археалагічнага таварыства. Ён праводзіў раскопкі курганоў каля вёсак Шпакоўшчына, Рудня і Балотаўка паблізу Полацка, каля мястэчка Селішча на Ушаччыне і на берагах ракі Дрысы. Гаворскі першым у Беларусі акцэнтаваў увагу на структуры курганных насыпаў і раўках вакол іх, а таксама занатоўваў народныя паданні пра помнікі археалогіі.
Уладзімір Завітневіч, Фёдар Пакроўскі, Зміцер Даўгяла сталі знакамітымі археолагамі, але раней скончылі Пецярбургскую духоўную акадэмію. Некаторыя археолагі Беларусі былі выпускнікамі Кіеўскай і Казанскай духоўных акадэмій, многія скончылі духоўныя семінарыі. У жніўні 1909 года члены Мінскага Царкоўнага Гісторыка-археалагічнага Камітэта Андрэй Снітка, Аляксей Папоў і Дзмітрый Скрынчанка з дазволу Імператарскай Археалагічнай Камісіі і губернатара і з блаславення епіскапа Міхаіла правялі раскопкі каля БарысаГлебскай царквы ў Тураве і знайшлі каменны саркафаг.
Максіміліян Рыла, які нарадзіўся ў Пароску на Гродзеншчыне, атрымаў адукацыю ў Полацкай езуіцкай акадэміі, Віленскім універсітэце і Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, стаў каталіцкім місіянерам на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. Ён з'яўляўся членам Папскай археалагічнай акадэміі і Арыенталагічнага таварыства Францыі. Менавіта яму належыць заслуга вывучэння руін старажытнага Вавілона. Рыхтаваўся да духоўнага каталіцкага звання і Міхал Віткоўскі. Пасля паўстання 1863 года яго саслалі ў Сібір. Там ён працаваў разам з Іванам Чэрскім у пойме ракі Ангары, і за вывучэнне помнікаў каменнага веку быў узнагароджаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Раней да помнікаў старажытнасці ставіліся па-рознаму. Адны іх шанавалі і ахоўвалі, а некаторыя разбуралі, не ўяўляючы каштоўнасці. У 1765 годзе полацкі падваявода Траян Корсак з прычыны знішчэння замкавага вала нават узбудзіў крымінальную справу супраць базыльянаў. А ў 1830 годзе тут зафіксавана зусім іншае стаўленне да помнікаў. Міністэрства Унутраных Спраў Расійскай імперыі даручыла віцебскаму губернатару даслаць звесткі пра помнікі даўніны. У сваю чаргу губернатар даў указанне паліцэйскім уладам і земскім судам. Полацкія ўлады адказалі, што ў іх ёсць толькі адзін помнік - домік Пятра І. Толькі пасля паўторнага ўказання з губерні было прыслана кароткае апісанне Спаса-Еўфрасінеўскага і Барыса-Глебскага манастыроў.
У 1790 годзе на Полаччыне ўладальнік маёнтка Мосар раскапаў старажытнае пахаванне разам са шкілетам каня, бронзавымі бразготкамі і гліняным гаршком. Усе знаходкі ён паслаў у падарунак каралю Станіславу Аўгусту. Кароль узнагародзіў даследчыка ордэнам святога Станіслава.
З пачатку ІІ тысячагоддзя ледзь не абавязковай часткай княжацкіх рэзідэнцый былі скарбніцы, у якіх сярод іншага захоўваліся старадаўнія знаходкі. У ХVІІ стагоддзі Радзівіл Крыштап ІІ у скарбніцы Любчанскага замка на Навагрудчыне разам з іншаземнымі дзівосамі выстаўляў рэчы з уласных раскопак. Мясцовыя археалагічныя знаходкі захоўваліся таксама ў палацы суседніх Шчорсаў. У пачатку ХІХ стагоддзя археалагічныя і этнаграфічныя матэрыялы збіраў у сваім гомельскім палацы граф Мікалай Румянцаў. На аснове гэтых збораў у 1831 годзе ў Пецярбургу быў адкрыты Румянцаўскі музей, які ў 1861 годзе перавезлі ў Маскву.
У 1810 годзе курганы каля Рагачова раскопваў Тэадор Нарбут - ваенны інжынер, магчыма, аўтар праекта Бабруйскай крэпасці і ўдзельнік яе будаўніцтва, а пазней - вядомы гісторык. Нарбут спрычыніўся і да раскопак курганоў каля Навагрудка, і ў сваім маёнтку Шаўры Лідскага павета.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX