Часта пры старых шляхах, каля храмаў, па краях вёсак, на могілках і ў іншых мясцінах можна сустрэць крыжы, высечаныя з валуноў. На многіх з іх бываюць літары, надпісы, знакі і нават малюнкі. Да некаторых каменных крыжоў яшчэ і сёння носяць ахвяры - манеты, ручнікі, кветкі. У народзе аб такіх крыжах расказваюць паданні.
Падобныя крыжы вядомы амаль па ўсёй Еўропе. Шмат іх у Чэхіі, Польшчы, Англіі, на Пскоўшчыне, але больш за ўсё такіх помнікаў менавіта ў Беларусі, што неаднаразова падкрэслівалася даследчыкамі. На жаль, у нас, як нідзе, шмат каменных крыжоў было знішчана ў савецкія часы з з мэтай барацьбы супраць рэлігіі. Крыжы разбівалі, скідвалі ў вадаёмы, засыпалі пры будаўніцтве дарог. Пасля пагрому беларускага адраджэння ў 30-я гады вывучэнне культавых кнмянёў было спынена, загінула і шмат сабранага матэрыялу, у тым ліку фотаздымкі [19; 42]. Звесткі аб каменных крыжах сталі зноў збіраць ўжо толькі пачынаючы з канца 50-х гадоў [2; 60]. Між тым гэта каштоўнейшыя помнікі не толькі гісторыі і этнаграфіі, але таксама палеаграфіі, мастацтва і духоўнай культуры.
У наш час аб большасці каменных крыжоў можна скласці ўяўленне толькі па архіўных крыніцах і шматлікай краязнаўчай літаратуры XIX - пачатку XX ст. [7; 9; 13; 15; 27; 28; 32; 34; 40; 44; 46; 47; 49; 51; 52; 53; 55; 17; 59; 63; 64 і інш.] Усяго на тэрыторыі Беларусі на сённяшні дзень улічана больш за 200 месца знаходжанняў каменных крыжоў. Форма і памеры іх самыя разнастайныя (малюнак).
Ва ўсёй Еўропе каменныя крыжы звычайна ставіліся на перакрыжаваннях сухапутных і водных шляхоў, на пераправах, на ўскраінах вёсак і гарадоў для абароны ад эпідэмій і ворагаў, на месцах знамянальных падзей, пры пабудове храмаў, на могілках [39]. Крыжы пачалі з'ўляцца ў часы распаўсюджвання хрысціянства. Іх ставілі яшчэ княгіня Вольга і князь Уладзімір. Як знаменне новай веры ў першую чаргу крыжы ўстанаўлівалі на месцах знішчаных язычніцкіх капішчаў. Да самых старажытных каменных крыжоў на тэрыторыі Беларусі можна аднесці так званыя тураўскія крыжы, пад якімі разумеюцца ўсе каменныя крыжы ў самім Тураве і яго наваколлі. Гэта больш за 10 каменных крыжоў (Тураў, Пагост, Хлупін, Перароў, Верасніца, Аздамічы і інш.). Згодна з паданнямі, тураўскія крыжы прыплылі з Кіева уверх па Прыпяці і затым аказаліся сярод палёў; яны нібыта ахоўваюць ад розных хваробаў. Па адным з паданняў, у вёсцы Рычаў нейкая жанчына аслепла і ўбачыла ў сне, што ёй трэба ісці да каменнага крыжа, ачысціць яго і выпіць крошкі з вадой. Калі яна прачнулася, адразу ж так зрабіла і хутка выздаравела [8, с. 277; 35, с. 281-282]. Вышыня тураўскіх крыжоў ад 1 да 2 м, шырыня ад 0,6 да 1 м. Яшчэ ў пачатку нашага стагоддзя на крыжы вешалі стужкі, лампадкі, пакрывалі іх хусткамі, прыносілі ахвяры - манеты, палатно, мяса, рыбу. Да крыжоў накіроўваліся хрэсныя ходы. Асабліва шмат людзей збіралася на Узвіжанне [28, с. 379:21, с. 21; 30, с. 51-55; 33, с. 34-35]. Па даных Ю. Віцьбіча, адзін з вялікіх тураўскіх крыжоў каля в. Семурадцы знаходзіўся ў рэчышчы Прыпяці. Яго некалькі разоў спрабавалі выцягнуць на бераг і нібыта адразу ж уся рака пакрывалася крывёй (14, с. 38]. Пра адзін з тураўскіх крыжоў яшчэ і сёння расказваюць, што калі бацькі прасілі паслаць выздараўленне іх сыну, то ў небе з'явілася велічная агністая постаць жанчыны, якая сказала, што дапаможа. Хлопчык выздаравеў, і на наступны дзень у Прыпяці знайшлі каменны крыж. Яго выцягнулі на бераг і ўстанавілі на высокім месцы [43]. Самым знакамітым лічыўся "святы" тураўскі крыж, які да 1979 г. стаяў на могілках на беразе Прыпяці каля в. Пагост Жыткавіцкага раёна. Потым яго перавезлі ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей. Вышыня крыжа 2 м, шырыня 0,7 м [43]. Акрамя гэтага крыжа ў Гомельскім музеі знаходзяцца і два каменныя крыжы з Барысаглебскіх могілак у Тураве. Адзін з крыжоў зараз захоўваецца ў Тураўскай царкве [33, с. 34-35]. У літаратуры згадваецца пра каменны крыж у ЖыткавіцкаЙ царкве, што на могілках. Па павер'ях, гэты крыж штогод павялічваецца ў памерах [8, с. 80]. У в. Вільча Жыткавіцкага раёна каменны крыж стаіць на курганным могільніку. У паданні пра яго гаворыцца, што крыж пастаўлены на магіле нейкага шведскага князя ці военачальніка, забітага падчас вайны, а побач у невялікіх курганах пахаваны шведскія воіны [56, с. 37-44].
Даволі старадаўнімі трэба лічыць і большасць каменных крыжоў каля вадаёмаў. Некаторыя з іх маглі быць пастаўлены яшчэ ў першыя стагоддзі пасля хрысціянізацыі Усходняй Еўропы ў памяць аб прыняцці новай веры. Да нядаўняга часу стаяў каменны крыж у лесе каля возера паблізу в. Калюга Капыльскага раёна. Гэта быў груба абсечаны крыж, якому пакланяліся яшчэ ў мінулым стагоддзі. Запісана паданне, паводле якога на месцы крыжа калісьці існаваў горад, які потым затануў разам з царквой [36, с. 13-23]. Свяшчэнным лічыўся крыж на правым беразе ракі Пціч каля в. Парэчча Пухавіцкага раёна. Над крыжам была пабудавана капліца [41, с. 28]. Па востраве Дрысвяцкага возера (Браслаўскі раён) тры крыжы былі пастаўлены ў час пабудовы храма ў імя трох свяціцеляў - Васіля, Грыгорыя Багаслова і Іаана Златавуста [40, с. 12J. Крыжы на берагах рэк вадомы ў Віцебску пры ўпадзенні ракі Віцьбы ў Заходнюю Дзвіну (Іасафатаў крыж), Азярцы, Пількавічах і Аланцьеве Лршанскага, Янаве Гарадоцкага раёнаў, каля Светлагорска і ў шэрагу іншых мясцін.
Каменны крыж з пастаментам знаходзіцца каля гарадзішча пад назвай Царкоўка (або Рагнедзін курган, ці Гара Рагвалода і Рагнеды) на востраве возера Дрыса паблізу в. Перавоз Расонскага раёна [22].
У ранні перыяд хрысціянізацыі з'явіліся крыжы, якія былі перароблены з язычніцкіх ідалаў і нагадваюць чалавечыя фігуры. Да такіх крыжоў можна аднесці тры найбольш выразныя - крыжы каля вёсак Даўгінава Вілейскага, Грабаўцы Жабінкаўскага і Галошава Талачынскага раёнаў. Асаблівую цікавасць ўяўляе даўгінаўскі крыж. Раней ён знаходзіўся каля хутара Мягчылы, што паміж вёскамі Даўгінава і Жары. Зараз крыж перавезены У Музей валуноў у Мінску. Верхні канец крыжа падобны на галаву, а адыходзячыя ў бакі канцы - на расстаўленыя рукі. У сяродкрыжжы два невялікія выступы - "грудзі". На месцы жывата выпуклая фігура - дзіця. На думку даследчыкаў, гэты крыж калісьці быў скульптурнай выявай нейкай язычніцкай багіні - Лады (багіні шлюбу), Мокашы (багіні ўрадлівасці) або Мары (заступніцы жанчын) [38, с. 95-99; 58, с. 168-169]. У народзе два паданні пра гэты помнік. Згодна з адным, крыж паставіў кароль Стэфан Баторы, з другім - крыж паказваў Кацярынінскі шлях.
Верхняя частка крыжа-ідала каля в. Грабаўцы нагадвае галаву ў капюшоне, пад падбародкам у яго высечаны крыж [29, с. 22]. Раней ён стаяў на перасячэнні дарог, а ў 70-я гады быў перавезены ў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.
Каменны крыж каля в. Галошава вядомы пад назвамі Баба ці Кацярынінскі крыж, або Крыж-Баба, ён таксама нагадвае жаночую фігуру. Яшчэ ў нядаўнія часы вернікі неслі да крыжа кавалкі тканіны, манеты, маліліся каля яго. У адным з паданняў пра гэты помнік гаворыцца, што калі Хрыстос хадзіў па зямлі, то зайшоў у тую вёску, на месцы якой зараз возера Глухое. Жыхары яе не пусцілі Госпада пераначаваць і толькі адна бедная жанчына дала яму прытулак. Раніцай Хрыстос сказаў жанчыне ісці за ім і не аглядвацца, што б яна ні пачула. Калі яны пайшлі, жанчына пачула ззаду гул, азірнулася і ўбачыла, як правалілася вёска і на яе месцы ўтварылася возера. За тое, што жанчына не паслухалася, Хрыстос ператварыў яе ў каменны крыж [57, с. 83-85]. Па некаторых звестках, было два крыжы - маці і дачка. Меншы крыж яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя быў пакладзены ў падмурак маёнтка. Па даных Э. А. Ляўкова, пра галошаўскі крыж вядомы яшчэ 4 паданні, якія маглі ўзнікнуць ужо толькі ў апошнія стагоддзі. У адным з іх, дзе фігуруюць два крыжы - вялікі і маленькі, расказваюць, што дачка памешчыка закахалася ў конюха. Памешчык, калі даведаўся пра гэта, забіў юнака і сказаў дачцы, якая чакала дзіця. Дзяўчына села і стала плакаць. Ад яе слёз утварылася возера, і на наступны дзень яна знікла. У памяць дачкі і ненароджанага ўнука памешчык нібыта і паставіў два крыжы - вялікі і маленькі. Па адным з паданняў, галошаўскі крыж застаўся ад затопленага паселішча. Яшчэ расказваюць, што каля крыжа закапаны скарбы, вывезеныя ў 1812 г. французамі з Масквы, і што крыж азначаў граніцу паміж Друцкім І МсцІслаўскІм княствамі.
Да даволі ранніх (XII-XIII стст.) можна аднесці крыжы, якія стаяць на курганах. Так, каменныя крыжы зафіксаваны на курганных могільніках каля вёсак Зяленка Глускага, Рэўча Талачынскага, Гарані Аршанскага, Дакучыка Крупскага, Слідцы Чашніцкага, Слабада Віцебскага, Харчычы і Дулебы Бярэзінскага, Вільча Жыткавіцкага раёнаў і ў іншых мясцінах. Адсюль не выпадкова і з'яўленне такіх мікратапонімаў, як Крэст, Перахрэсце.
Як вядома, курганны абрад пахавання ў XIII ст. пачаў саступаць месца фунтавым бескурганным могільнікам. На такіх магілах рабіліся невялікія насыпы і ставіліся крыжы, як драўляныя, так і каменныя. 3 цягам часу насыпы расплываліся, драўляныя крыжы перагнівалі, а каменныя заставаліся. Многія з іх дайшлі да нашага часу, а некаторыя можна знайсці і ў зямлі. На беразе Заходняй Дэвіны каля в. Вята Міёрскага раёна В. I. Шадырам выявлены сляды такіх старажытных могілак. На адным з крыжоў у сяродкрыжжы высечаны крыжык на падстаўцы. Ён нагадвае крыжы на шырокавядомых Барысавых камянях XII ст. [51; 52]. Яшчэ ў мінулым стагоддзі каля в. Лукомль Чашніцкага раёна сяляне знайшлі ў зямлі на молі каменны крыж. ХутчэЙ за ўсё ён таксама застаўся ад старажытных могілак. Яго выкапалі і паклалі на падводу, але коні нібыта не маглі крануцца з месца. Запрасілі святара, ён адслужыў набажэнства і акрапіў крыж святой надой. Тады ў адно імгненне быццам бы коні давезлі крыж да царквы, а пры пабудове новай царквы крыж быў пакладзены ў падлогу [13, с. 21$]. У дадзеным выпадку можна бачыць прыклад нараджэння падання пра каменны крыж.
У пачатку XX ст. каля г. Дзісна Міёрскага раёна на беразе Заходняй Дзвіны яшчэ налічвалася 16 вялікіх каменных крыжоў са стараславянскімі надпісамі [31, с. 53]. Вядомы былі і каменныя крыжы на месцы старажытных могілак у в. Дрэколле паблізу Віцебска [44]. 12 каменных крыжоў ў 20-я гады XX ст. стаялі на ўзвышшы каля Віцебска [1]. Усё гэта, несумненна, рэшткі сярэдневяковых могілак. Сёння такія помнікі можна убачыць каля вёсак Слабада Докшыцкага, Дубраўка Гарадоцкага, Гапанавічы, Шынкі, Клішына і Худава Крупскага, Кукарава Чэрвеньскага, Перавоз, Кішы, Бабруйшчына Глыбоцкага, каля былой в. Рыбакоўшчына Сенненскага, вёсак Панара Смаргонскага, Касцяшы Любанскага, Стары Лепель і Юркоўшчына Лепельскага, Глушкавічы Лельчыцкага раёнаў і ў шэрагу іншых мясцін. Каменныя крыжы ад старажытных могілак захаваліся таксама ў Мінску на схіле Траецкай гары, зараз яны - на тэрыторыі 2-й гарадской бальніцы.
Як адзначалася, на многіх крыжах захаваліся надпісы, знакі, малюнкі. Так, напрыклад, каля в. Лубяны Бялыніцкага раёна вядомы надпіс "Дарька", каля в. Шынкі Крупскага раёна "ИИСУСЕ ВО ХРИСТЕ СПАСИ МЯ...", каля в. Пабокавічы Бабруйскага раёна "ЕСТОПОМЕТ" і ўнізе "ВОИНЕ". Каля в. Кеты на Полаччыне, згодна з данымі К. Гаворскага сярэдзіны XIX ст., на адным з крыжоў надпіс: "СТО ВЪХРЬ СТАНЬКО...", а ў Екімані - "ВО МЫ. ЦАИСЫА И СВЯТОГО ДУХА АМИНЬ. СИЙ ПАМЕТЬ ПОСТАВЛЕНА ПО РАБЕ БОЖІИЫ... ХАУУ СТАВ... А ПОСТАВИЛЬ СЫНЪ ПО ТШ...АХЛ", а на другім крыжы "ІОАНКО НЪМАНУШ-КЕВИЧЬ" [15, с. 98-103]. Цікава, што ў нашы дні, асабліва на поўначы Беларусі, паверх старых надпісаў на каменных крыжах высякаюцца новыя. Вядомы і выпадкі абнаўлення старых надпісаў фарбай. Некаторыя крыжы проста беляць. Такі звычай асабліва распаўсюджаны ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Старажытнаславянскія надпісы акрамя Дзісны вядомы яшчэ каля вёсак Рудня Гарадоцкага, Заполле Бялыніцкага, Азярок Аршанскага раёнаў. На адным з крыжоў каля в. Пабокавічы Бабруйскага раёна ёсць лацінскі надпіс [10, с. 37]. Лацінскі надпіс на каменным крыжы вядомы і на месцы старых могілак у Валожыне.
На месцы сярэдневяковых могілак каменны крыж са схематычнай выявай чалавека знаходзіўся каля в. Вітунічы Докшыцкага раёна, ва ўрочышчы Каралёў Стан (паміж Докшыцамі і Бягомлем). Упершыню гэты помнік згадаў Я. Тышкевіч у 1847 г. Ен так апісваў крыж: "...У 715 кроках ад фальварка, з паўночна-заходняга боку, на схіле гары, у полі, фасадам на поўнач, у доле, выкладзеным камянямі, стаіць шэры камень цвёрдай пароды, высечаны ў форме крыжа. Называюць яго Каралеўскім каменем: ён мае два локці... На ім пасярэдзіне выбіты рыцар з мячом у правай руцэ і са шчытом у левай руцэ. З двух бакоў маленькія крыжыкі. Над галавой рыцара высечана каралеўская карона. Каля ног літары RSB, а ніжэй яшчэ два кругі (адзін ў адным). Унутры выбіта накшталт місы..." У гэтай жа публікацыі прыведзена і паданне, што тут ва ўрочышчы Стан-Круль спыняўся кароль і абедаў на гэтым камені. Выява чалавека адлюстроўвае караля-воіна, а літары азначаюць Rex Stehanus Batoreus. Кругі абазначаюць міску [64, с. 52]. Другое паданне пра гэты крыж надрукаваў П. Шпілеўскі таксама ў сярэдзіне XIX ст. Згодна з гэтым варыянтам падання, войска Стэфана Баторыя размясцілася каля хутара аднаго беднага шляхціца. Разгуляўшыся, салдаты перарэзалі ўсіх гаспадарскіх кароў, бараноў, абабралі сховішчы. Няшчасны шляхціц пакінуў хату, узяў жонку і малых дзяцей і адправіўся на дарогу, па якой павінен быў ехаць кароль. Убачыўшы караля, шляхціц спыніў яго каня і сказаў: "Стань, Круль!" Здзіўлены кароль запытаў, што трэба ад яго. Шляхціц, абкружаны плачучым сямействам, расказаў пра тое, што нарабілі салдаты, і папрасіў кампенсацыі.
"Чым жа мне цябе ўзнагародзіць?" - спытаў кароль. Шляхціц адказаў: "Кароль! Зямля, на якой ты стаіш, належыць табе. Падаруй яе мне!" "Бяры і маўчы!" - адказаў кароль. На гэтай зямлі шляхціц пабудаваў два хутары. Адзін назваў Каралеўскім Станам, ці Стан-Крулем, и другі - Мільчам [59, с. 186-187]. Мяркуючы па такіх сюжэтах паданняў, узвядзенне крыжа можна адносіць да XVI ст. Трэба адзначыць, што падобная выява вядома таксама на надмагільным каменным крыжы на тэрыторыі Сербіі [12]. Хутчэй за ўсё гэта не выпадкова. Як вядома, Стэфан Баторый паходзіў са старажытнага венгерскага роду Баторыяў Шомліо. Магчыма, калі ён быў каралём Рэчы Паспалітай, то у яго акружэнні служылі людзі, якія былі родам з блізкіх яго радзіме зямель. Можа, помнік у Вітунічах і быў пастаўлены на магіле нейкага прыбліжанага да Стэфана Баторыя чалавека?
У краязнаўчай літаратуры шырока вядомы і так званы ажараўскі крыж, што стаяў на беразе возера Пола каля пірогі, якая ішла з Улы ў Сушу, паблізу маёнтка Сокарана на Полаччыне. Надпіс на крыжы быў наступнага зместу: "1569. ТУТ ПОЛОЖЕНО В ПОЛЕ 200 ВОИНОВ /ЖОВНЕР/ ВО ХРИСТЕ ПОСТАВИЛ ПОСЛЕ БИТВЫ ПО..." Далей разабраць немагчыма [32, с. 92-93]. Да памятных крыжоў на месцы бітвы адносяць і каменны крыж каля в. Неплы Пружанскага раёна. Лічыцца, што ён быў пастаўлены ў памяць аб бітве Серакоўскага ў 1794 г.
XVI ст. датуюцца каменныя крыжы ў вёсках Вендараж Магілёўскага і Купяцічы Пінскага раёнаў. На вендаражскім крыжы ў верхняй частцы быў высечаны маленькі чатырохканцовы крыжык, а ніжэй славянскія літары АФЧИ (1598) і пад імі надпіс ИВАНЪ. Народнае паданне звязвае гэты крыж з забойствам, я кое адбылося менавіта на гэтым месцы [49, с. 3-4].
Каменны крыж у Купяцічах стаяў побач з надмагільным каменем. Надпіс на ім сведчыў: "...ПРЕСТАВІЛСЯ РАБ БОЖИЙ КИРИЛЛ СЕМЕН ТЕРЛЕЦКИЙ... ЕПИСКОП ПИНСКИЙ И ТУРОВСКИЙ, А ПОЛОЖЕН БЫЛ ЗДЕСЬ... ЛЕТА БОЖИЯ... МЕСЯЦА МАЯ...". Вядома, што Цярлецкі быў апантаным прыхільнікам уніі і запомніўся сваёй дзейнасцю. Захавалася павер'е, паводле якога маланка сотні разоў біла ў гэты крыж за тое, што нябожчык пры жыцці ганьбіў праваслаўную веру [43].
Наогул з месцам забойства або ўстаноўкай крыжа на магіле забітага звязана шмат паданняў. Дарэчы, такі сюжэт паданняў вельмі распаўсюджаны ў Беларусі. Так, пра тры крыжы недалёка ад возера Сялява Крупскага раёна расказваюць, што яны пастаўлены на магілах двух рускіх генералаў (Макараўскі крыж, Маісееўскі крыж) і аднаго французскага (крыж Скарпіён) [5, с. 11-13]. Крыж з надпсам каля дарогі паблізу в. Шылавічы Слонімскага раёна нібьгга пастаўлены на магіле велікана-рабаўніка Семака. Семаком разбойнік зваўся таму, што рабаваў у наваколлі сем год. Велікана атруціў кухар, які напаіў яго віном, а потым апарыў кіпятком [47, с. 20]. Заслаўскі крыж (МІнскі раён) звязваецца з месцам забойства нейкага Федзькі. Лічыцца, што на гэтым месцы рабаўнікі забілі Федзьку, каб забраць грошы, якія ён атрымаў за прадацзеную карову [37, с. 51-53]. У дадзеным выпадку мы маем ўжо яскравы прыклад позняга падання пра каменны крыж. Крыж жа стаяў паблізу курганнага могільніка, што дазваляе яго лічыць вельмі старажытным. Каля в. Азярок Аршанскага раёна крыж нібыта пастаўлены на магіле нейкага генерала, забітага ў час шведскай вайны [11, с. 40-41]. Лічыцца, што каменны крыж каля в. Пляцы Сенненскага раёна пры дарозе з Оршы ў Сянно ўстаноўлены на месцы пагібелі княгіні Сангушкі. Расказваюць, быццам бы княгіня бясследна правалілася на мосце. Князь Сангушка пракляў гэтае месца і закрыў дарогу. Праз нейкі час тут з'явіўся крыж [5, с. 11-13]. У вёсках Сымонічы і Дуброва Лельчыцкага раёна расказваюць аб каменным крыжы на магіле Івана, які глядзеў пчол, зваліўся з дрэва, забіўся і тут жа пахаваны [35, с. 344]. У Мішневічах Шумілінскага раёна расказваюць, што крыж стаіць на магіле закаханых [4].
Асаблівай увагі варты каменны крыж з могілак каля в. Стража Кіраўскага раёна. На ім з вонкавага боку барэльефная выява чалавека ў даўгаполым жупане з гузікамі і поясам. На галаве шапка, на нагах боты. Менавіта так апраналася беларуская шляхта ў XVII-XVIII стст. Рукі сагнуты ў локцях, далоні на поясе. Рысы твару выразныя. Трэба меркаваць, што гэта і ёсць партрэт нябожчыка. Па краях лопасцей крыжа высечаны раўнабокія крыжыкі. З тыльнага боку ў сяродкрыжжы таксама выбіты крыжык. Па баках крыжа барэльефныя выявы гепардаў [20, с. 169-172].
Надмагільнымі крыжамі былі і так званыя екіманскія крыжы каля Полацка. Назва "екіманскія" абагульняе каменныя крыжы каля самой Екімані, а таксама каля пёсак Бяздзедавічы, Ксты, Сітна, г. п. Ветрына і іншых месцаў. Аб гэтых помніках пісалі Е. Канкрын [3, с. 256- 265], К. Гаворскі [15, с. 98-103], Н. Кайгародаў [27]. Каля аднаго з екіманскіх крыжоў даследавана пахаванне, дзе знойдзены какарда з сярэбранай парчы і манета рускага цара Міхаіла Фёдаравіча (першая палова XVII ст.). Раскапаны пахаванні і яшчэ каля некалькіх крыжоў паблізу Полацка. У в. Чаркасова Аршанскага раёна ў 20-я гады каля каменных крыжоў на глыбіні паўметра былі знойдзены касцякі і познасярэднявечны гліняны посуд |18, с. 71, 791. Чалавечыя косткі знаходзілі таксама каля каменнага крыжа ва ўрочышчы Пяскі паблізу в. Ветча Ушацкага раёна [6, с. 193].
Паколькі могілкі звычайна мясціліся каля дарог, то з цягам часу каменныя крыжы ператвараліся ў прыдарожныя. Многія каменныя крыжы пераносіліся з аднаго месца на другое, што звычайна звязвалася з нейкімі падзеямі. Напрыклад, каменны крыж каля в. Ксты пад Полацкам раней стаяў на кургане, а потым быў перанесены бліжэй да дарогі. У народзе ведома наступнае тлумачэнне пераносу крыжа. Неяк конь станавога прыстава, які ехаў з Полацка ў Ксты, спужаўся крыжа, кінуўся ўбок, а станавы зляцеў у канаву. Прыехаўшы потым у Кеты, ён патрабаваў ад сялян зняць крыж і закапаць. Сяляне на гэта не згадзіліся і заявілі, што іх бацькі, дзяды і прадзеды зберагалі гэты крыж і пакланяліся яму. Тады было прынята рашэнне каменны крыж пераставіць да бліжэйшага драўлянага - "халернага" крыжа, які быў пастаўлены з мэтай збаўлення ад эпідэміі халеры [27]. Наогул, у Беларусі вельмі часта ставіліся крыжы па краях вёсак для абароны ад эпідэмій, а таксама ад ворагаў. Па старых звычаях, да такіх крыжоў вяскоўцы праводзілі нябожчыка. Па павер'ях, нельга было пераносіць толькі крыжы з могілак, бо тады людзей чакалі розныя няшчасці. Напрыклад, у в. Забалоцце Асіповіцкага раёна расказвалі, што неяк адзін чалавек забраў крыж, што стаяў каля яўрэйскіх могілак, і надумаў прадаць яго. Але адразу ж ў яго сталі балець ногі. Ён выздаравеў толькі тады, калі адвёз крыж на месца [10, с. 87].
Да многіх каменных крыжоў ішлі хрэсныя ходы, а то і проста па пэўных днях збіралася шмат людзей. Так, да каменнага крыжа, што стаяў калісьці каля в. Пярэжар Пухавіцкага раёна, у мінулым стагоддзі хадзілі ва ўсе вясеннія і летнія маладзіковыя нядзелі. Асабліва шмат людзей ішло 30 лістапада (па старому стылю). Жаніхі і нявесты прыходзілі прасіць у крыжа добрага сямейнага жыцця [17, с. 423].
Вялікай папулярнасцю яшчэ і ў нашы дні карыстаецца крыж каля в. Палачаны Маладзечанскага раёна. Крыж упрыгожваюць фартушкамі, стужкамі, кветкамі, у маленькае паглыбленне наверсе кладуць манеты. Вядома паданне, паводле якога калісьці гэты крыж знаходзіўся на полі і на ім ляжалі тры яблыкі. Аднойчы адзін злы чалавек з'еў яблык і адразу ж аслеп. Збегліся людзі, давялі яго да вёскі, і ўсе дзівіліся такому выпадку. Раніцай чалавек папрасіў адвесці яго да крыжа. Ён паклаў ахвяры і ў адну хвіліну да яго вярнуўся зрок. 3 тых часоў каменны крыж стаў лічыцца цудадзейным. Яго спачатку перанеслі пад дубкі, якія раслі на шляху ў в. Кабылкі, а потым на перакрыжаванне Яхімаўшчына - Палачаны і Палачаны - Кабыльнікі [62, с. 112-114].
З вялікай пашанай у мінулым стагоддзі адносіліся мінчане да каменнага крыжа, што стаяў на Аляксандраўскай плошчы. Існавала павер'е, што пакуль стаіць крыж, усе жыхары бліжэйшых дамоў застрахаваны ад усякіх эпідэмій, пажараў і іншых няшчасцяў [24, с. 21].
Часта ў паданнях каменныя крыжы выступаюць як арыенціры закапаных скарбаў. Звычайна ў якасці скарбаў называюць крамлёўскія багацці з Масквы, якія нарабавалі французы ў 1812 г. Аб гэтым расказваюць у вёсках Пабокавічы Бабруйскага раёна, Вялікія Споры на Пастаўшчыне, Палачаны Маладзечанскага, Галошава Талачынскага раёнаў. Звычайна такія паданні з'яўляюцца ўжо наслаеннямі на больш раннія.
Ёсць і паданні аб каменных крыжах як аб межавых адзнаках. Так, паданне аб двух каменных крыжах каля в. Зачысце Барысаўскага раёна звязваецца з абазначэннем мяжы ў часы вайны з Сігізмундам [6, с. 532], а ў в. Заполле Аршанскага раёна каменны крыж нібыта азначаў мяжу Літоўска-Полацкага княства. Але часта каменныя крыжы і на самой справе выступалі ў якасці адзнак зямельных уладанняў. Такія звесткі сустракаюцца ў дакументах XVI-XVII стст. Напрыклад, у "Гісторыка-юрыдычных матэрыялах" знаходзім наступнае; "...Го мху ў валатоўкі, у могільнікі, і ў крыж каменны, ад таго ў дуб, у рубяжы старыя, даўныя...", або "...Першае поле Плітніца, другое поле з курганамі, на каторых каменны крыж...", ибо "...Каторыя землі і ляда яго міласці Пішніцкіх прылеглыя паабапал дарогі вялікай, якая ідзе ад Віцебска да Ілемніцы, ац воласьці. Волак ад крыжа каменнага..." [25, с. 496; 26, с. 429].
Можна прывесці І яшчэ шэраг цікавых паданняў пра каменныя крыжы. Так, пра крыж у в. Пліса Глыбоцкага раёна, які яшчэ І сёння стаіць каля старажытнага Альгердавага шляху ("гасцінцу вялікага"), паведамляюць, што яго зрабілі жыхары суседняй вёскі Крывічы пасля таго, як дарэмна спалілі аднаго чалавека за чарадзейства. Дым найшоў роўна ўгору, а гэта азначала, што чалавек быў сняты і душа яго паляцела на неба [23, с. 4].
Цікавае паданне існуе і пра каменныя крыжы пад назвай "Два браты". У 20-я гады яно было запісана ў в. Радзілавічы (Дзяржынск) Лельчыцкага раёна. У паданні расказваецца, што калісьці было дзве вёскі: адна Радзілавічы, а другая на іншым баку балота, на месцы, якое завецца Забалота або Селішча. Вёскі не ладзілі паміж сабой, і асабліва ўзнікалі спрэчкі з-за жывёлы. Пагоняць адны пасвіць жывёлу, а другія займуць, парэжуць і з'ядуць. Жылі ў цяперашняй вёсцы браты-асілкі. Раз пайшлі яны ў другую вёску ўначы і выразалі ўсіх людзей. Зазлаваў за гэта на іх пан і паклікаў да сябе на суд. Браты зрабілі па жалезнай булаве і пайшлі. Пан запытаў іх: "Навошта вы столькі народу парэзалі?" "Гэта не мы,- адказалі асілкі,- а нашы палачкі" - ды як стукнуць булавамі аб падлогу. Павысыпаліся ўсе шыбы ў вокнах хаты і праламілася падлога. Паглядзеў на іх пан дый кажа: "Шкада мне траціць такіх асілкаў, ідзіце сабе дадому..." і адпусціў іх. Браты, ідучы ад пана, захапілі сабе па вялізным каменным крыжы, якія пасля іх смерці паставілі на магілах. Адсюль і назва "Два браты" [48, с. 49].
Несумненна, у дадзеным артыкуле прыведзены не ўсе звесткі аб каменных крыжах. Шмат яшчэ такіх помнікаў не трапіла на вочы навукоўцам. Асаблівую цікавасць уяўляюць надпісы на крыжах, вывучэннем якіх яшчэ ніхто не займаўся. Каменныя крыжы застаюцца той катэгорыяй помнікаў, якія патрабуюць пошукаў і дасканалага ўсебаковага вывучэння.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Аврахов. Археологическая загадка // Заря Запшіа (Витебск). 1926. № 281.
2. Алексеев Л. В. Археологические памятники эпохи железа в среднем течении Западной Двины // Труды Прибалтийской комплексной экспедиции. Вопросы этнической истории народов Прибалтики. М., 1959. С. 273-315.
3. Алексеев Л. В. Е. Ф. Канкрин и история открытия "Борисовых камней" в Белоруссии // Советская археология. 1991. № 2. С. 256- 265.
4. Анапрыенка Ф. Адзінокая сасна // Герой працы ( г. п. Шуміліна ВІдебскай вобласці). 1982. 16 лют.
5. Аникиевич К. Т. Сенненский уезд Могилевской губернии. Могилев. 1907.
6. Апытальныя лісты 1924 года па Мінскаму і Барысаўскаму ўездам // Архіў адзела археалогіі Інстытута гісторыі АН Беларусі. Справа № 71.
7. Апытальныя лісты 1924 года // Архіў аддзела археалогіі Інстытута гісторыі АН Беларусі. Справа № 70.
8. Апытальныя лісты 1928 года // Архіў аддзела археалогіі Інстытута гісторыі АН Беларусі. Справа № 72.
9. А. С. (Спицын). Заметка о каменных крестах, преимущественно новгородских // Записки Отделения русской и славянской археологии Императорского Русского археологического общества. Т. V. Вып. I. СПб., 1903. С. 203-234.
10. Асіповіцкі раен Бабруйскай акругі (Краязнаўчае апісанне). Вып. II. Менск, 1928. С. 79-87.
11. Васілеўскі Д. Помнікі старасветчыны на Аршаншчыне // Наш край. 1927. № 2 (17). С. 40-41.
12. Велецкая Н. Н. Языческая символика славянских архаических ритуалов. М., 1978. Малюнкі.
13. Веревкин М. Записка об археологических памятниках Витебской губернии // Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Вильна. 1893. С. 187-224.
14. Віцьбіч Юрка. Плыве з-пад сьвятое гары Неман // Спадчына. 1991. № 5. С. 34-44.
15. Говорский К. Археологические изыскания в окрестностях Полоцка // Записки Императорского археологического общества. Т. 5. СПб., 1853. С. 98-103.
16. Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понеманья. Л., 1962.
17. Довнар-Запольский М. Заметка по этнографии белорусов // Живая старина. Вып. III. СПб., 1893. С. 422-423.
18. Дубінскі С. А. Чаркасоўскае гарадзішча пад Воршай // Запіскі аддзела гуманітарных навук: Працы. Кн. II. Т. 2. М., 1930. С. 71-79.
19. Дубінскі С. А. Бібліяграфія па археалогіі Беларусі і сумежных краін. Мн. 1933.
20. Дучыц Л. У. Культавыя камяні Беларусі // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: Новыя даследаванні. Мн., 1989. С. 169-172.
21. Завитневич В. Археологическая экскурсия в Полесье // Чтения в историческом обществе Нестора Летописца. Кн. 4. Киев, 1890. С. 21.
22. Зайкоўскі Э. М. Справаздача аб палявых доследованнях 1979 года // Архіў аддзела археалогіі Інстытута гісторыі АН Беларусі. Справа № 647.
23. Зайкоўскі Э. М Справаздача аб палявых даследаваннях 1981 года // Архіў аддзела археалогіі Інстытута гісторыІ АН Беларусі. Справа № 771. Ліст. 4.
24. Зянькевіч Рамуальд Стары Мінск у беларускіх успамінах // Пачынальнікі. Мн., 1977.
25. Историко-юридические материалы. Вып. 22. 1891.
26. Там жа. Вып. 25, 1894.
27. Кайгородов Н. Н. Екиманские древности (Из поездок по Витебской Белоруссии. Археологическая заметка). СПб., 1912.
28. Киркор А. Поселения в Белорусском Полесье // Живописная Россия. СПб., М., 1882. Т. III. С. 357-428.
29. Короткевич В. Б. Памятники истории и культуры. Мн., 1978.
30. Ж Крукоўскі А. Старадаўні Тураў і яго наваколіцы // Наш край. 1928. № 8-9 (11-12). С. 51-55.
31. Крывіч. 1923. № 2. С. 53.
32. Кустинский М. Ф. Надгробный камень над павшими в сражении 1568 года // Древности. Труды Московского археологического общества. Т. IV. М" 1874. С. 92-93.
33. Лабынцев Ю. А. В глубинном Полесье. М., 1989.
34. Лазаревич-Шепелевич Л. Ю. Извлечение из отчета об исследованиях и раскопках, произведенных в 1901 году в Витебской губернии // Известия Археологической Комиссии. Вып. VI. СПб., 1904. С. 1-15.
35. Легенды і паданні. Мн , 1983. С. 344.
36. Летопись Талядовичской Троицкой церкви Слуцкого уезда // Минские епархиальные ведомости. 1878. № 1. С. 13-23.
37. Ляўданскі А. Н. Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўль Менскай акругі // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. V: Працы катэдры археалогіі. Т. 1. Мн., 1928. С. 1-92.
38. Ляўкоў Э. А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992.
39. Малышевский Ив. О придорожных крестах // Труды Киевской духовной академии. 1865. Т. [П. С. 323-429.
40, Мельников М. Новые вести из Браславской окраины. Ковна, 1908.
41. Мікіцкі Усевалад. Дванаццань дзён краязнаўчага вандравання // Наш край. 1929. № 3 (42). С. 28.
42. Мялешка М. Камень у вераваннях і паданнях беларуса // Запіскі адзелу гуманітарных навук. Кн. 4: Працы катэдры этнаграфіі. Т. 1. Мн., 1928. С. 155-182.
43. Ненадавец А. Каменныя крыжы // Голас Радзімы. 1989. 13 ліп.
44. Н. Ф. Старинное кладбище // Витебский вестник. 1914. № 172.
45. Об обычае ставить кресты при дорогах, площадях, на полях и других открытых местах северо-западного края России // Литовские епархиальные ведомости. Вильно, 1870. №21. С. 877-891.
46. Покровскй Ф. В. Археологическая карта Виленской губернии. Вильно, 1893.
47. Покровский Ф. В. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильно, 1895.
48. Радзілавічы (Букчанскі с/с, Тураўскі раён, Мазырская акруга) // Наш край. 1928. № 8-9 (35-36). С. 49.
49. Романов Е. Каменный крест 1598 года // Сборник статей "Могилевских губернских ведомостей". Вып. I. 1898 и 1899 гг. Могилев-губернский, 1900. С. 3-4.
50. Рынейскі А. Археалагічныя разведкі на р. Пцічы // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Працы катэдры археалогіі. Т. III. Мн., 1932. С. 197-214.
51. Сапунов А. Памятники времени древних и новейших в Витебской губернии. Витебск, 1903.
52. Сапунов А., Друцкий-Любецкий В. Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск, 1896.
53. Сведения 1873 года о городищах и курганах // Известия Императорской Археологической комиссии. СПб., 1903.
54. Седов В. В. Восточные славяне в VI-ХШ вв. М., 1982.
55. Семенов-Тянь-Шанский А. Россия. Полное географическое описание нашего отечества. Т. IX. СПб., 1905.
56. Тарановіч В. Старасветчына Мазыршчыны ў матэрыяльных помніка // Наш край. 1928. № 8-9 (35-36). С. 37-44.
57. Турбин Н. М. Раскопки 1885 года // Древности. Труды Московского археологического общества. Т. XI. 1886. Вып. II. С. 83-85.
58. Чарняўскі М. М., Звяруга Я. Г. Каменная выява э-пад Даўтінава // Помнікі мастацкай культуры Беларусі. Мн., 1989. С. 168-169.
59. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Мн., 1992. С. 186-187 (факсімільнае выданне).
60. Штыхов Г. В. Археологическая карта Белоруссии. Мн., 1971.
61. Holub-Pacewiczowa Z. Z geografii Prutafezczyzny // Ziemia. 1935. №6-7. S. 117.
62. Jankowski Сz. Powiat Oszmiahski. Cz. II. P-g, 1897.
63. Jarocki St. Glaz w Jachimowczyznie i tajemnicze cmentaizysko // Ziemia. 1933. N 12. S. 241-242.
64. Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu Borysowskiego. Wilno, 1847.