Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Да пытання аб гайненскіх "радавітых літоўцах"


Аўтар: Дучыц Л.У.,
Дадана: 07-02-2017,
Крыніца: Дучыц Л.У. Да пытання аб гайненскіх "радавітых літоўцах" // Научные чтения, посвященные Виктору Владимировичу Мартынову : сб. науч. тр. Вып. IV. В 2 ч. Ч. 1 / редкол.: Г. А. Цыхун (отв. ред.), С. П. Витязь (зам. отв. ред.) [и др.]. – Минск : РИВШ, 2016. – С. 49—64.

Спампаваць




Вялікі князь літоўскі Ягайла 22 лютага 1387 г. выдаў дэкрэт, дзе гаварылася аб прымусовым хрышчэнні ў каталіцтва ўсіх "прыродных літоўцаў абоіх палоў" і аб узвядзенні касцёлаў у Вілкаміры, Майшаголе, Немчанах, Медніках, Крэве, Абольцах і Гайне [63, с.177; 11, с.153; 88, s.75; 78, s.147-158]. На латыні гэта гучала так: "Fundat insuper septem paroehiales ecclesias in locis opportunis et necessaries,videlicet in Volkomaria, Miszohola, Nyemczani, Myedniki, Krewa, Obolcze et Hayna; item praebendam Sancti Martini in castro Vilnensi altiori; et tam ecclesiis parochialibus praedictis, quam praebendae Sacti Martini bona dotalia inscribit et…" [72, s.469]. Далей, у перакладзе Ю.Туронка ва ўказе гаварылася: "... Жадаючы ў краях нашых літоўскіх і рускіх таксама веру каталіцкую памножыць са згоды і дазволу братоў нашых наймілейшых, князёў і ўсёй шляхты зямлі літоўскай, пастанавілі мы, загадалі і нават пакляліся, заручыліся мы і пры краненьні сьвятых таямніц прысягнулі, усіх радавітых літоўцаў абоіх палоў, усялякага стану, паклікання і ступені, што жывуць у дзяржавах нашых літоўскіх і рускіх, да каталіцкай веры і паслушэнства сьвятому рымскаму касцёлу схіліць, уцягнуць, заклікаць і нават зьняволіць да якога вызнання яны не належалі..." Абавязак прыняцця хросту ў лацінскім абрадзе тычыўся не толькі літоўскіх паганцаў, але і тых літоўцаў, якія ўжо прынялі праваслаўе ці асіміляваліся атачэннем русінаў [61, с.188-189].

Пабудову касцёла ў Гайне Е. Ахманьскі адносіць да 1430 г. [79, s.63]. Паводле выдання "Kodeks Dyplomatyczny Katedry i Diezji Wileńskiej" у 1498 г. касцёл тут ужо дакладна існаваў [76, s. 271, 450, 527]. Пазней ён шмат разоў перабудоўваўся, некаторы час дзейнічаў як праваслаўны храм. У 1860-я гады, па згадках мясцовага праваслаўнага святара, у Гайне моцна трымаліся каталіцкай веры [41, 133-141]. На высокай гары захаваліся падмуркі храма і цяпер там устаноўлены вялікі драўляны крыж. На схілах гары знаходзіцца познесярэднявечны могільнік з каменнымі надмагіллямі.

Непадалёк ад Гайны, у в. Астрошыцы касцёл існаваў ужо ў 1500 г., а ў в. Вязынь - у 1550 г.[61, с.188-189]. У 1582 г. касцёл са званіцай і каталіцкі прыход згадваюцца ў мястэчку Корань. Потым на нейкі час прыход быў зліквідаваны і прыхажане прыпісаны да Гайненскага касцёла. Але ўжо ў 1605 г. коранскі прыход быў адноўлены [43, с.6-7]. Неабходна падкрэсліць, што ўзвядзенне ўсіх гэтых касцёлаў адбывалася задоўга да масавага акаталічвання шляхты, і, прытым, далёка на ўсходзе ад асноўнага тагачаснага балцкага арэала. Варты ўвагі і той факт, што грамата вялікага князя Аляксандра Казіміравіча віленскаму епіскапу ад 18 верасня 1501 г. давала права прызначаць валодаючых літоўскай мовай ксяндзоў ў Лідзе, Беліцы, Слоніме, Моўчадзі, Валожыне, Радашковічах і інш. месцах [73, s.267-268; 75, s.264-277; 32, с.44-45]. Гэта сведчыць аб існаванні ў названых паселішчах аўтахтоннага балцкага насельніцтва, хрысціянізацыя якога пачалася толькі з ХІV ст. Падцвярджэннем такого факта з'яўляюцца пісьмовыя крыніцы, дзе згадваюцца тыповыя старабалцкія імёны і прозвішчы-адзін з важнейшых элементаў памяці культуры народа. Па даследаваннях М. Грынблата арэал распаўсюджвання літоўскіх прозвішчаў на ўсходзе Беларусі дасягае Узды, Дзяржынска і Лагойска [10, с.532; 11, с. 152].

Напрыклад, інвентар Радашковіцкага замка і яго наваколля за 1549 г. называе прозвішчы Жукгар, Жукгаровіч, Юркгелевіч, Савулевіч, Мажутэвіч, Найдаровіч, Раўша, Вейкшыч, Мастэйковіч, Палікша, Мігуновіч і інш. [34, с.90-119]. Э. Зайкоўскі, спасылаючыся на "Акты, издаваемые Виленской Археографической комиссией" (Т.14. 1887.с.542-546) прааналізаваў інвентар маёнтка Сялец і шэрагу вёсак Мінскага павету за 1596 г. Вёскі Акулічы, Заелле і Бусловічы даследчык атаесамлівае з аднаіменнымі вёскамі Лагазінскага і Янушкавіцкага сельсаветаў Лагойскага р-на і Астрашыцкагарадоцкага с/с Мінскага р-на. У спісках сялян называюцца тыпова балцкія антрапонімы: Кгінюшэвіч, Вайшковіч, Кадут, Белан і інш. [24, с.47-59; 27,с.25]. У інвентары Дзекшнянскага маёнтка за 1595г. таксама згадваюцца балцкія прозвішчы: Вазгеловіч, Нарушэвіч, Якштэлевіч, Локштутэвіч і інш.[33, с.510-517]. Е. Ахманьскі, грунтуючыя на шэрагу інвентароў і пісьмовых крыніц (Устава на валокі і інш.), заўважыў, што Мінск і Мінскі павет ў ХVI ст. згадваецца "на баку літоўскім"[80, s.55,73]. В. Насевіч ў манаграфіі, прысвечанай гісторыі разглядаемага рэгіёна, прааналізаваў вялікую колькасць інвентароў і таксама адзначыў шмат тыпова старабалцкіх прозвішчаў (Барэйка, Стасюлевіч, Шейна, Балцэвіч, Шульговіч, Вашкевіч), а таксама ў асноўным існаванне каталіцкіх імёнаў [45, с.117-124].

Па заключэнні этналінгвіста Ю. Гурскай, якая дэтальна вывучала метрычныя кнігі Гаенскага касцёла за 1786-1807 гг., значная колькасць згаданых прозвішчаў мае бяспрэчна балцкія карані. Даследчыца вылучыла прозвішчы, узыходзячыя да балтыйскіх антрапанімічных кампазітаў (Бутрымовіч, Вазгеловіч, Норбут, Рандвід); к апелятывам з балтыйскімі асновамі (Гайлуш, Картуш, Кеўліч, Кутас, Лашук, Локштутэвіч, Скрундзь, Сурынт, Шыкуціс, Шэйпа); к літуанізіраваным хрысціянскім імёнам (Вайткун, Мацейковіч, Юргель) і к балцкім і славянскім этнонімам (Ліцвін, Мазуркевіч, Прусовіч, Жамойцін, Гудзельскі). Значнае скапленне прозвішчаў тыпу Літвін, Латыш, Лотвін, Прусовіч, Літвіновіч і да т.п. на думку даследчыцы сканцэнтраваны ў раёнах вёсак Айнаравічы, Мураваны Двор, Слабада і інш. магчыма маркіравалі этнамоўныя групы [12, с.264-315; 13, с.227-229].

У сярэднявечных дакументах месца Гайна ўзгадваецца як горад [41, с.133]. Увогуле, Гайна называецца па-рознаму: Гайна, Айна, Ганевічы, Ганявічы, Гайнова і інш. Цікавасць уяўляе Каралеўская грамата 1516/1517 гг. канонікам капітула касцёла св. Станіслава ў Вільні адносна спрэчнай справы іх з кіеўскім мітрапалітам Іосіфам аб зямлі і данніках ганявіцкіх, і суднае рашэнне па гэтай справе. У дакуменце згадваецца "Пётр с братьею, Литва"..."з вами игоди свои звечные в Ганевичах, Овсеевичи а Охромевичи, старые данники, а к тому земли служебныи, где седели Пётр с братьею, Литва, который ж дей данники..."і далей "и тыи роспаши, где седели Пётр з братьею, Литву, держачы с предков своих…" [38, с.49-50].

У Гайненскім мікрарэгіёне адзначаецца шмат балцкіх тапонімаў. Е. Ахманьскі называе на захад ад Гайны засценак Гірша (літ.Girsiai), Ейнаравічы (Айнаравічы) (ад літ. імя Einaras), Бакшты (літ.boksta-вежа)[ 78, s.148]. П. Гаўчас на захад і на поўдзень ад Гайны вылучае балцкія назвы - Бакшты, Рануцева, Бросты, Ляўда, Шапялі, Буйкі, Ліцвінкова, Міселеўшчына, Коўшычы, а на поўнач: Гілеўшчына, Нарбутова, Жырблевічы, Ейнаравічы і інш. Даследчык робіць выснову аб вялікім старалітоўскім анклаве каля Радашковічаў і называе Гірэвічы, Вялікія і Малыя Бакшты, Вазгелы (Вазгілы), Верамейкі, Дзекшняны, Заосцішкі, Пецюлі, а на ўсход ад Радашковічаў назвы вёсак Удра, Раўкуцевічы (Раўкуцічы), Боўблі, Ашманцы, Дайнава. Дайнаву ён узгадвае на захад ад Радашковічаў і на захад ад Астрошыцаў [9, с.197,201].Сучасная вёска Жырблевічы ў дакументах ХVIII ст. згадваецца як Жырбляне, а Нястанавічы як Нестанішкі [45, с27,67]. Жылічы ў дакументах ХVI ст. называюцца Жыляне (Жыляны) [43, с3-28; 44, с.61]. Паўленяты ў тым жа стагоддзі называліся Паўлінента [82, s.115] і г.д. Каля Бяларучаў, якія недалёка ад Гайны, яшчэ ў 1923 г. указваецца былы маёнтак Дайнава [52, № 173]. Дайнава гэта экстэрытарыяльная назва. У навуковым свеце прынята лічыць, што так усходнелітоўскае насельніцтва называла яцвяжскіх каланістаў. Даследчык ХІХ ст. Н.П. Барсаў гаворыць аб існаванні некалькіх паселішчаў пад назвамі Дайнава ў паўднёвай частцы Вілейскага павета, а таксама ў раёне Беразіны Нёманскай на мяжы Мінскага павета. Гісторык лічыў, што паселішчы яцвягаў у ІХ-ХІІ стст. знаходзіліся ў верхнім Панямонні і аддзялялі рускія ўладанні ад Літвы. У выніку прасоўвання ўсходніх славян з поўдня і літвы з паўночнага ўсходу, частка яцвягаў была адсунута на паўночны захад к Прусскай азёрнай вобласці, а другая частка, якая засталася ў Панямонні, злілася са славянамі на поўдні і з літвой на поўначы [1, с.234, 237, 324].

Вартая ўвагі назва вёскі Саўдзеневічы, якая знаходзіцца непадалёк ад Гайны. Яна сугучна з племяннымі назвамі заходніх балтаў паводле польскіх і нямецкіх пісьмовых крыніц (soudinoi, sudini, sudowite, sudziny, sudwy, sudus) [10, с.540; 51, с. 238; 7, с. 331].

У 1898 г. ананімны аўтар гаворыць аб пражыванні старалітоўцаў, якія карысталіся сваёй мовай, у Радашковічах, Ільі, Будславе, Корані, Вызыні. У Вязыні такіх ён называе "23 ліцвіны ці латышы" [69, s.4, 72]. У 1929 г. С. Гажухоўскі піша, што ў раёне Радашковічаў і Докшыц "жывуць ліцвіны, якія размаўляюць дыялектам літоўска-славянскім" [74, s.6]. Паводле матэрыялаў Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі (1897) у Барысаўскім павеце, у склад якога ўваходзіла Гайна і наваколле, 199 мужчын і 194 жанчыны (без павятовага горада) роднай мовай назвалі літоўскую. Гэта былі ў асноўным сяляне [48, с.80-93]. У 1911 г. у выданні "Минская старина" Н. Тызенгаўзен па Мінскай губерніі называе 613 літоўцаў. З іх 496 належалі да сялян. Пры гэтым літоўскай мовай карысталіся 350 чалавек і з іх 295 сялян [60, табл.8,12]. Адсюль вынікае, што ў пач. ХХ ст. не ўсе, хто лічыў сябе літоўцам, карысталіся літоўскай мовай. На жаль, у матэрыялах перапісаў не вылучаны канкрэтныя пункты з літоўскім насельніцтвам. Але вядома, што на Барысаўшчыне ў к. ХІХ ст. была толькі адна калонія літоўскіх перасяленцаў паблізу Барысава. У 1929 г. там налічвалася 180 літоўцаў [8, с.84,98]. У 1929/1930 гг. у былым Амнішаўскім с/с на Лагойшчыне таксама некаторыя жыхары запісаліся як літоўцы [39, с. 198].

Для вырашэння пытання дэмагенэзу гайненскіх "радавітых літоўцаў" неабходна звярнуцца да дадзеных археалогіі. Як агульнавядома, зараджэнне беларускага этнасу пачыналася з прыходу славян на землі , дзе пражывалі балты. У заходняй і цэнтральнай Беларусі адначасна са славянскай ішла і заходнебалцкая каланізацыя. Па гэтаму пытанню ўжо існуе вялікая гістарыяграфія [4, с.166-167; 5, с.93-102; 6, с.44-54; 11; 37, с.31-42; 42, с.14-17; 53, №1, с.15-21; 53, № 2/3, с.11-16; 54, с. 353-411; 66, с.101-110]. Многія гісторыкі яшчэ ў к. ХІХ - пач. ХХ стст. падкрэслівалі, што ў этнагенэзе беларусаў бралі ўдзел славяне, усходнія і заходнія балты. Напрыклад, паводле Я. Карскага, ў фарміраванні беларусаў удзельнічалі дрыгавічы, радзімічы, палачане, крывічы, яцвягі, голядзь. У. Пічэта продкамі беларусаў называў дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў, драўлян, літоўцаў і яцвягаў [17, с.50-53; 23, с.31-38].

Засяленне чалавекам Гайненскага мікрарэгіёна фіксуецца пачынаючы з часоў каменнага веку. У раннім жалезным веку тут жылі плямёны культуры штрыхаванай керамікі, якая з'явілася падмуркам складвання раннесярэдневяковых лета-літоўскім плямён. У сярэдзіне І тыс. у лясной зоне Усходне-Еўрапейскай раўніны археолагі фіксуюць з'яўленне рэчаў правінцыяльнарымскага сярэднееўрапейскага паходжання, якія былі прынесены перасяленцамі з Сярэдняй Еўропы. Так, каля в. Чырвоны Бор Гайненскага с/с знойдзены наборныя паясы з эмалямі [83, s.115-138]. Непадалёк, каля в. Старое Гарадзішча знаходзіцца гарадзішча ( Замкавая Гара), якое адносіцца да банцараўскай археалагічнай культуры трэцяй чвэрці І тыс. і да канца 1 тыс. [ 67, с.201]. К канцу І тыс. ў бассейне ракі Гайны ўтварыліся балта-славянскія (літва) і славяна-балцкія (крывічы) асяродкі [58, с.81-88]. На рубяжы І і ІІ тысячагоддзяў тэрыторыя сучаснага Лагойскага р-на ўваходзіла ва ўсходнюю частку гісторыка-этнаграфічнай вобласці Літва, якая ўпершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009 г., а ва ўсходнеславянскіх летапісах пад 1040 г. "Аповесць мінулых часоў" называе Літву сярод плямёнаў і народаў, якія плацілі даніну Русі [28, c.33-34].

У заходняй частцы Лагойскага р-на і прылягаючай частцы Мінскага р-на знаходзіцца больш за дзесяць курганных могільнікаў з каменнымі насыпамі. Як выявілася пры археалагічных раскопках, гэтыя пахавальныя помнікі адносяцца да ХІ-ХІІ стст. Вялікія могільнікі сканцэнтраваны менавіта вакол Гайны (Прудзішча, Селішча, Сухая Гара, Харужанцы, Буды, Лысая Гара, Айнаравічы, Янушкавічы, Чырвоны Бор). У той жа час могільнікі з землянымі курганнымі насыпамі зафіксаваны толькі на ўскрайках акрэсленага мікрарэгіёна: Дубніца [23, с.131-140], Бяларучы [35, с.145-155], на берагах ракі Гайны каля Лагойска [62, с.137-138; 87, s.18-23], побач з г.п. Плешчаніцы [2, с.138-145]. На жаль, нам невядомы выгляд курганоў каля в. Міхалкавічы ( паблізу мястэчка Корань), дзе ў к. ХІХ ст. іх было больш сотні. Там жа, ва ўрочышчы Рабіннік, захаваўся яшчэ і могільнік, дзе ёсць пахаванні, абкладзеныя камянямі, і пахаванні, якія вызначаюцца вялікімі валунамі ў галавах [45, с.65]. У пач. ХХ ст. пра могільнік людзі казалі, што "гэта магіліцы былі нейкіх нехрысцяў" [3, с.14].

Каменныя курганы навукоўцамі агульнапрызнаны пахавальнымі помнікамі яцвягаў-саюза роднасных заходне-балцкіх плямёнаў [36; 54, с.353-411]. Абрад пахавання пад каменнымі курганамі быў распаўсюджаны ва ўсіх заходнебалцкіх плямёнаў яшчэ ў І тыс. да н.э. У І тыс. н.э. у прусаў і галіндаў на змену курганам прыйшлі грунтовыя пахаванні, дзе камяні пакладзены ў выглядзе вымастак. Яцвягі ж захоўвалі абрад пахавання пад каменнымі курганамі яшчэ і ў пач. ІІ тыс. Пазнейшыя каменныя курганы, асабліва ў водападзеле Дняпра і Нёмана, часта знаходзяцца ў адных могільніках побач з жальнічнымі магіламі (круглыя ў плане і па перыметру абкладзеныя вялікімі валунамі) і каменнымі магіламі (прамакутнай формы з каменнымі вымасткамі, з вялікімі валунамі ў галавах і нагах) [16, с.38-41; 15, с.58-70]. У сярэдзіне ХІХ ст. К. Тышкевіч падкрэсліваў, што ў ваколіцах Лагойска яму часта трапляліся "такія могільнікі якіх адна частка складаецца з курганоў, а другая заканчваецца жальнічнымі магіламі" [62, с.138; 46, с.51-56]. На жаль, даследчык не назваў канкрэтныя месцазнаходжанні такіх помнікаў.

У к. ХІХ ст. археолаг Т. Саподзька ў вярхоўях Беразіны Дняпроўскай зафіксаваў курганна-жальнічныя могільнікі пад народнымі назвамі Жальнікі і Грабоўцы-Курганы [86, s.1-7]. Назва Жальнікі ў адносінах да магіл, абкладзеных камянямі, характэрна для Мазовіі (Жалі, Жальнікі, Яцвяжскія Магілы), а таксама для Пскоўшчыны і Наўгародчыны [56, с.10;71, s.742-743]. Як раней называлі каменныя курганы і курганна-жальнічныя могільнікі ў ваколіцах Гайны, высветліць пакуль што не ўдалося. У ХХ ст. іх ужо звалі Шведскія Магілы.

Каменныя курганы ваколіц Гайны і прылягаючай тэрыторыі шмат вывучаліся археолагамі. На гэтыя пахавальныя помнікі ў сярэдзіне ХІХ ст.увагу звярнулі К. Тышкевіч, Я. Тышкевіч, А. Кіркор. Каля сучаснай вёскі Селішча Лагазінскага с/с (былое ур. Селішча) у 1859 г. К. Тышкевічам было раскапана 8 каменных курганоў і выяўлены шкілеты ў ямах, забутаваных камянямі. Рэчы знойдзены толькі ў адным жаночым пахаванні. Сярод упрыгажэнняў былі шкляныя, бронзавыя і сердалікавыя пацеркі, металічныя бразготкі, плоская падвеска-конік, падвеска-коўшык, ромбашчытковыя скроневыя кольцы, два зааморфныя бранзалеты і бронзавы пярсцёнак [62, с.47-48].

У 1862 г. К. Тышкевіч раскапаў 10 курганоў паблізу маёнтка Відагошча на беразе воз. Вяча (цяпер пас. Камсамольск Мінскага р-на). Тут у 8 курганах выяўлены пахаванні па абраду трупапалажэння на гарызонце, а ў 2-х - у ямах. Сярод пахавальнага інвентара шмат тыпова балцкіх падковападобных фібул (з макападобнымі, ромбападобнымі і спіральнымі галоўкамі) [62, с.46-47; 26, с.163].

Паводле паведамлення П. Шпілеўскага ў сярэдзіне ХІХ ст. арандатар маёнтка Янушкавічы (Лагойскі р-н) раскопваў каменныя курганы дзе знайшоў шматлікія ланцужкі, кавалачкі тканін з уплеценымі бронзавымі спіралькамі, якія ўтваралі ўзоры, манетападобную падвеску з выявай галавы быка і інш. [64, с.110]. Частка рэчаў з гэтых раскопак патрапіла ў музеі Польшчы [49, с.143-144].

У пач. 1890-х гадоў курганы, у тым ліку і каменныя, паблізу Радашковічаў (Загор'е, Хаценчыцы, у басейне ракі Іліі) вывучаў археолаг Ф.В. Пакроўскі. Паміж курганнымі насыпамі ён зафіксаваў аградкі з камянёў. Такія ж каменныя агароджы былі выяўлены і на падэшве ў раскапаных земляных курганах. Сярод знаходак разнастайныя шкляныя пацеркі, ромбашчытковыя скроневыя кольцы дыяметрам каля 6 см. Некаторыя пахаванні маюць тыповыя рысы ўсходнелітоўскіх курганоў(спаленыя косткі пакрытыя перавернутым гляняным посудам і інш.) [31, с.370; 50, с.139-146].

У 1924 г. звесткі пра многія каменныя курганы ваколіц Гайны пададзены ў анкетах, якія рассылаліся па ўсіх валасцях тагачаснай тэрыторыі Беларусі. Яны захоўваюцца ў Архіве Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Напрыклад, пра могільнік каля в. Сухая Гара згадваецца так : "...Група курганаў па дарозе з Бяларучча на Гайну, улева ад хутара Слабодкі...На усход і на поўнач ад хутара Лінія 143 курганы. Усе пакрыты камянямі... Курганы ад мінулай вайны са шведамі пры Пятры Вялікім" [47, с.77]. У гэтых жа анкетах падаюцца звесткі пра падобныя курганы каля хут. Яцэўшчына: "...Адны расказваюць, што быў забіты нейкі начальнік і там жа пахаваны. Другія гавораць, што ў вялікім кургане закапана золата і таму на камені выбіта падкова. Некаторыя сведчаць аб існаванні ў старыя часы звычая нейкага народа Паганусь хаваць сваіх нябожчыкаў не ў зямлю, а нарываць на яго курган. Усіх памерлых звозілі ў адно месца і такім чынам утвараліся курганы"[47, с.99, 100].

У канцы 1920-х гадоў на курганы разглядаемага мікрарэгіёна ўвагу звярнуў археолаг А. Каваленя. Ён пісаў; "...У паўкіламетры на захад ад Лысай Гары гарадзішча...У ваколіцах гарадзішча многа курганаў, абкладзеных каменьнем... Каля Беларуч курганы, але без камянёў" [35, с.145-155]. У 1963 г. каменнымі курганамі зацікавіліся археолагі Э. Загарульскі і Л. Побаль. Першы каля в. Буды раскапаў 5 курганаў (усяго там 130 насыпаў) дзе былі выяўлены пахаванні па абраду трупапалажэння без рэчаў [65, с.180], а другі раскапаў 1 курган каля в. Чырвоны Бор і выявіў пахаванне па абраду трупапалажэння таксама без рэчаў [65, с.184]. У 1979 г. археалагічныя помнікі Лагойскага р-на абследваў М.Лашанкоў, які ўдакладніў месцазнаходжанне курганнага могільніка каля в. Селішча і адкрыў каменныя курганы каля вв. Прудзішча і Харужанцы [30, с.240-265]. У 1993 г. Ю.Заяц тэзісна надрукаваў абагульняючыя вынікі раскопак (у асноўным сваіх) курганных могільнікаў ваколіц Заслаўя (Анусіна, Абрыцкая Слабада, Барздынь, Коўшава і інш.) Навуковец прыйшоў да высновы, што "Земляныя курганы пакінулі крывічы і дрыгавічы, а каменныя -іншае насельніцтва: усходнія літоўцы ці яцвягі" [29, с.52].

У 1994 г. Э.Зайкоўскі раскапаў 9 каменных курганоў на вяршыні Дзявочай Гары каля в. Дуброва Маладзечанскага р-на, што нападалёк ад Радашковічаў. Даследчык адзначыў іх сувязь з заходнімі балтамі, у прыватнасці, з дайнавой. Антрапалагічнае вывучэнне чарапоў паказала блізкасць да тыпу чарапоў з каменных магіл Х-ХІІІ стст. Панямоння [25, с.71-87]. Варта падкрэсліць, што каменныя кругавыя аградкі на падэшве пахавальных насыпаў зафіксаваны таксама і ў некаторых земляных курганах паблізу разглядаемага рэгіёна: Гатовіна [59, с.129], Ізбішча [68] і інш.

На рубяжы ХХ і ХХІ ст. вывучэнне курганных могільнікаў каля вв. Сухая Гара, Селішча, Прудзішча і Дубніца праводзілася пад кіраўніцтвам аўтара. У першых трох могільніках знаходзяцца каменныя курганы і магілы па перыметры абстаўленыя вялікімі валунамі, а каля Дубніцы ўсе курганы земляныя.

У могільніку Сухая Гара , дзе налічваецца 143 курганы, ровікаў вакол насыпаў не прасочваецца. Дыяметр курганоў ад 3 да 6м, а вышыня ад 0,3 да 0,7 м. Вылучаецца адзін насып дыяметрам 8 м і вышынёй 0,7 м. які па перыметру абстаўлены вялікімі валунамі. Тут раскапана 25 курганоў. Абрад пахавання - трупапалажэнне на гарызонце і ў ямах глыбінёй ад 0,3 да 1 м. Арыенціроўка шкілетаў разнастайная. У пахавальных ямах былі вуголлі і камяні. Сярод рэчаў бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, бразготкі, скроневыя кольцы, падвеска-коўшык, білонавыя ромбашчытковыя скроневыя кольцы, разнастайныя шкляныя і металічныя пацеркі, жалезныя ножыкі ў скураных похвах, фрагменты глінянага посуду. На схілах некаторых насыпаў пад дзірваном выяўлены фрагменты бітых познесярэднявечных гаршчкоў, што сведчыць аб доўгім трыманні звычая памінання продкаў. У цэлым жа, мяркуючы па пахавальнаму абраду і інвентару, курганна-жальнічны могільнік каля в. Сухая Гара датуецца ХІ-ХІІІ стст. [18, с.115-120; 20, с.181-190].

У могільніку Прудзішча захавалася 57 насыпаў вышынёй ад 0,3 да 1,8 м і дыяметрам ад 2 да 6 м. Памеры трох падоўжаны курганоў 5 м х 11 м. Ровікаў няма. Тут раскапана 9 насыпаў. Выяўлены пахаванні па абраду трупапалажэння на гарызонце і ў яме. У ямах былі камяні і мелкія вуголлі. Сярод знойдзеных рэчаў бронзавыя ромбашчытковыя скроневыя кольцы і пярсцёнак. Паводле пахавальнага абраду і інвентару могільнік адносіцца да ХІ-ХІІ стст. [19, с.196-200].

Селішчанскі курганны могільнік налічвае 68 насыпаў вышынёй ад 0,3 да 1 м і дыяметрам 5-6 м. Адзін насып мае вышыню 2 м. Вакол некаторых курганоў ёсць даволі глыбокія ровікі. Тут раскапана 12 насыпаў. У адным з іх выяўлена пахаванне па абраду трупаспалення, а ў астатніх-па абраду трупапалажэння ў яме глыбінёй да 1 м. Цікавасць ўяўляе курган з пахаваннем па абраду трупаспалення. Тут перапаленыя і чыста прамытыя косткі ляжалі на дне ямы, такой жа па памерах як і ў курганах па абраду трупапалажэння. Падобны абрад зафіксаваны на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства [77, s.256,274]. Сярод знаходак бранзалетападобныя і пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі, бразготкі, алавяныя трубачкі і бляшкі, жалезныя нажы і інш. Могільнік датуецца ХІ-ХІІ стст. [21, с.131-140].

Варты ўвагі і курганна-жальнічны могільнік (36насыпаў) каля в. Малявічы Вілейскага р-на ў басейне ракі Ільі, які знаходзіцца непадалёк ад гайненскага анклава і ў народзе вядомы як Паганскія Магілы ці Каменныя кругі. Тут пад кіраўніцтвам аўтара вывучана 7 насыпаў.Усе пахаванні былі ў ямах з камянямі і вуголлямі. Шматлікі пахавальны інвентар ідэнтычны інвентару з каменных магіл Панямоння і могільнікаў на тэр. сучаснай Усходняй Літвы. Датыроўка помніка ХІІІ-ХІV стст [22, с.152-166]. Цікавасць уяўляе яшчэ і курганнік на паўночным усходзе Лагойскага р-на паміж вёскамі Прусавічы і Далькавічы, дзе налічваецца каля паўсотні насыпаў. Большасць курганоў тут каменных, але ёсць і земляныя. Пасярэдзіне могільніка знаходзіцца каменны вал вышынёй 0,5-0,6 м і даўжынёй каля 20 м. Падобная канструкцыя існуе ў Вількяўцінскім могільніку на тэрыторыі Літвы [54, с.415-416]. Можна ўзгадаць і некалькі курганна-жальнічных могільнікаў паўночней ад разглядаемага рэгіёна - каля в. Ваўча Докшыцкага, в. Пуцілкавічы Ушацкага, в. Перавоз Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Напрыклад, у Перавозе частка могільніка складаецца з земляных курганоў з ровікамі і перамычкамі. Тут ёсць некалькі каменных курганоў і побач шматлікія каменныя магілы з вялікімі валунамі ў галавах і нагах. Земляныя курганы ў народзе завуць Валатоўкамі, а каменныя курганы і каменныя магілы - Галодным Могільнікам. Аўтарам сумесна з А. Квяткоўскай тут раскапана 13 земляных насыпаў, 1 каменны курган і 14 каменных магіл. У земляных курганах знойдзены тыпова крывічанскія рэчы (бранзалетападобныя скроневыя кольцы, зааморфныя бранзалеты сегментападобныя у сячэнні і інш.), але ў адным з курганоў быў пярсцёнак падобны на пярсцёнкі з прускага могільніка Рувніна Дольна на тэр. Польшчы. У каменным кургане на чэрапе захаваліся пазалочаныя бляшкі ад галаўнога убору, якія характэрны для Панямоння [15, с.58-70; 81, s.190-192].

У Пуцілкавічах таксама былі земляныя курганы, каменныя курганы і магілы жальнічнага тыпу. У к. ХІХ ст. раскопкі праводзіў Ф. Вярэнька, а ў 1920-я гады чарапы вывучаў антраполаг Л. Седлячак. Вучоны адзначыў, што чарапы з земляных курганоў і з каменных істотна адрозніваюцца. Знаходкі з пахаванняў з камянямі блізкія чарапам каменных магіл Панямоння [85].

Самыя бліжэйшыя да Гайны вывучаныя каменныя курганы гэта помнікі каля вв. Сухая Гара, Прудзішча і Селішча. Агулам тут налічваецца 268 насыпаў. З іх раскапана 54, што значыць каля 15%. Усе тры могільнікі аднаго часу. Знешне, на першы погляд, пахавальныя збудаванні нібыта падобныя. Але, калі ўважліва аглядаць гэтыя тры могільнікі і параўноўваць іх, то можна назваць і шмат адрозненняў. Так, у Селішчы выразныя каменныя курганы, якія маюць вакол падэшвы даволі глыбокія ровікі і на іх перамычкі. Раўкі вакол пахавальных насыпаў характэрны для славянскіх і ўсходнелітоўскіх курганаў. Такім чынам, тут спалучаюцца такія элементы як тыпова яцвяжскія каменныя насыпы і вакол іх іншаэтнічныя па паходжанню ровікі. У Сухой Гары каменныя курганы невялікія па памерах і ровікаў не маюць. Тут шмат яшчэ магіл жальнічнага тыпу ў выглядзе невысокіх, круглых у плане, узвышэнняў, якія абкладзены вялікімі валунамі, а некаторыя зверху пакрытыя камянямі. Аналагічныя надмагіллі характэрны для Мазовіі і Падляшша, а больш пазнейшыя - для тэрыторыі Пскоўшчыны і Наўгародчыны [55, с. 165-176; 56, с.7-22; 84, s.435-656].

Знешні выгляд пахавальных збудаванняў і пахавальны абрад (запаўненне магільных ям валунамі, арыенціроўка нябожчыкаў на ўсход, поўнач, паўночны-ўсход, паўночны-захад) характэрны менавіта для заходнебалцкага насельніцтва і мазаўшан, якія мелі моцны яцвяжскі субстрат [55, с.165-176; 57, с.75-84]. Шэраг знойдзеных рэчаў ідэнтычны рэчам з каменных курганаў і каменных магіл Панямоння [ 36]. У каменных курганах наваколіц Гайны пакуль што не знаходзілі зброю і сякеры, што характэрна звычайна для ўсходнелітоўскіх курганоў пач. ІІ тыс. Увогуле, у пахаваннях пач. ІІ тыс. разглядаемага рэгіёна шматлікія тыпова балцкія ўпрыгажэнні (змеепадобныя бранзалеты, разнастайныя падковападобныя фібулы і ланцужкі).

Асаблівай увагі заслугоўваюць ромбашчытковыя скроневыя кольцы. Па памерах яны такія ж як і бранзалетападобныя кольцы і маюць 3-4 расплюшчаныя пашырэнні ў выглядзе ромбаў са штампаваным арнаментам з кропак і рысачак. Усяго на тэр. Беларусі вядома шэсць пунктаў з такімі знаходкамі і чатыры з іх прыходзіцца менавіта на ваколіцы Гайны (Сухая Гара, Селішча, Прудзішча, Радашковічы). Адно скроневае кальцо знойдзена на Валожыншчыне і адно на Пасожжы. Трэба заўважыць, што арнамент, падобны арнаменту на ромбашчытковых кольцах, ёсць на шчытковых пярсцёнках з каменных магіл Панямоння [70, mal.№ 22]. У ваколіцах Гайны ромбашчытковыя скроневыя кольцы знойдзены разам з рэчамі ХІ ст., значыць раней, чым на Наўгародскіх землях, дзе такія ўпрыгажэнні датуюцца ў асноўным ХІІ-ХІІІ стст. і былі там этнічным маркерам славенаў [ 40, c.17]. Не выключана, што гэтыя скроневыя ўборы нарадзіліся пад уздзеяннем крывічанскіх бранзалетападобных калец і з'яўляліся гібрыднымі крывічанска-яцвяжскімі ўпрыгажэннямі. З цягам часу разам з носьбітамі курганна-жальнічнага пахавальнага звычаю былі перанесены далёка на поўночны-ўсход [56, с.7-22; 14, с.386-395].

Такім чынам, курганна-жальнічныя могільнікі ХІ-ХІІ стст. у ваколіцах Гайны пакінула этнічна змешанае насельніцтва, якое ўяўляла сабой сімбіёз нашчадкаў культуры штрыхаванай керамікі, заходнебалцкіх і славянскіх каланістаў. Доля заходніх балтаў (яцвягаў) была значнай і іх пахавальны абрад дамініраваў.


Літаратура:

1. Барсов, Н.П. Очерки русской исторической географии /Н.П. Барсов. 2-ое изд.- Варшава. Тип К. Ковалевского, 1885-371с.

2. Вайцяховіч, А. Курганны могільнік Слабада ў вярхоўях Дзвінасы /А. Вайцяховіч //Гістарычна-археалагічны зборнік /НАН Беларусі. Ін-т гісторыі.-Мн., 2011- Вып.26.- С.138-145.

3. Варлыга, А. Карэншчына //Літаратура і мастацтва.- 1994.- № 14.- С.14.

4. Віцязь, С.П. Яцвягі на тэрыторыі Беларусі: пытанні бібліяграфіі /С.П. Віцязь //Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Вып.7.- Мн. Інстытут гісторыі НАН Беларусі, 2003.- С.166-167.

5. Віцязь, С.П. Звесткі пісьмовых крыніц аб пражыванні яцвягаў на тэрыторыі Беларусі /С.П. Віцязь // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып.V. Мн.(б.в.).- 2004.- С.93-102.

6. Віцязь, С.П. Помнікі яцвягаў перыяду ранняга сярэднявечча ў Верхнім Панямонні /С.П. Віцязь //Весці НАНБ. Серыя гуманітарных навук. № 2.- Мн.- 2009.- С.44-54.

7. Віцязь, С.П. Судзіны /С.П. Віцязь //Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя. Т.2. Мн. Бел. энцыклапедыя імя П. Броўкі. 2011.- С.331.

8. Внуковіч, Ю.І. Літоўцы Беларусі (этналагічнае даследаванне).- Мн. Беларуская навука.-168с.

9. Гаучас, П. К вопросу о восточных и южных границах литовской этнической территории в средневековье /П.Гаучас //Балто-славянские исследования 1986 года.- М. Наука,- 1988.- С.195-213.

10. Гринблат, М.Я. К вопросу об участии литовцев в этногенезе белорусов /М. Я. Гринблат //Вопросы этнической истории народов Прибалтики. По данным археологии, этнографии и антропологии. Труды Прибалтийской объединенной комплексной экспедиции.- М. Из-во Акад. наук СССР,-1959.- С. 523-543.

11. Гринблат, М. Я. Белорусы. /М.Я. Гринблат.- Мн. Наука и техника, 1968.-285с.

12. Гурская, Ю. Антропонимы балтийского происхождения в верховьях реки Вилии (Нерис)./Ю. Гурская, В. Вайткявичюс //Kalbos istorijos ir dialektologijos problemos. 2.-- Vilnius. 2008.- P.264-315.

13. Гурская, Ю.А. Древние фамилии современного белорусского ареала на славянском и балтийском фоне. //Ю.А. Гурская.- Мн. Право и экономика. 2011.- 446с.

14. Дучиц, Л.В. Каменные курганы Полоцкой земли /Л.В. Дучиц //Археология и история Пскова и Псковской земли (Материалы 50 научного семинара).- Псков, 2004.- С. 386-395.

15. Дучыц, Л. Пахавальныя помнікі наваколіц Падсвілля /Л.Дучыц, А. Квяткоўская //Гістарычна-археалагічны зборнік. /АН Беларусі, Інстытут гісторыі; Уклад. А.А. Мяцельскі.- Мн., 1994. -№ 4.-С.58-70.

16. Дучыц, Л. Курганна-жальнічныя могільнікі на тэрыторыі Полацкай зямлі (да пастаноўкі пытання) /Л. Дучыц //Гістарычна-археалагічны зборнік/АН Беларусі, Інстытут гісторыі ; Уклад.: А.М. Мядзведзеў, А.А. Мяцельскі.- Мн., 1996.-№ 10.- С. 38-41.

17. Дучыц, Л.У. Балта-славянская праблема паходжання беларусаў у гістарыяграфіі /Л.У. Дучыц //Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця. Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Інстытута гісторыі НАН Беларусі (Мінск, 6-7 кастр. 1999г.)-/Ін-т гісторыі НАН Беларусі; М.П. Касцюк, У.І. Навіцкі, Л.М. Лыч і інш. -Мн., 2000.- С.50-53.

18. Дучыц, Л. Курганна-жальнічны могільнік каля в. Сухая Гара ( вынікі раскопак 1995-1997гг.) /Л.Дучыц, І. Ганецкая, А. Іоў, В. Пазнякоў //Гістарычна-археалагічны зборнік./НАН Беларусі. Інстытут гісторыі; Уклад.: калектыў аўтараў; Навук.рэд.А. Калечыц. - Мн., 2001.-№ 16.- С.115-120.

19. Дучыц, Л. Прудзішчанскі могільнік /Л.Дучыц, І. Ганецкая, А. Іоў, М. Лашанкоў //Гістарычна-археалагічны зборнік: Да 80-годдзя з дня нараджэння Я.А. Шмідта /НАН Беларусі. Ін-т гісторыі; Навук.рэд. Г.В. Штыхаў.-Мн, 2002.-№ 17-С.196-200.

20. Дучыц, Л. Новыя раскопкі могільніка Сухая Гара ў Лагойскім раёне /Л. Дучыц, І. Ганецкая, А. Іоў, М. Лашанкоў //Гістарычна-археалагічны зборнік/ НАН Беларусі. Ін-т гісторыі: Рэдкал.: М. Касцюк ( гал. рэд.) і інш.-Мн, 2004. -№ 19-С.181-190.

21. Дучыц, Л. Раскопкі курганных могільнікаў каля вв.Селішча і Дубніца Лагойскага р-на /Л.Дучыц, А. Вайцяховіч, І. Ганецкая, А. Іоў, М. Лашанкоў //Гістарычна-археалагічны зборнік /НАН Беларусі.Ін-т гісторыі; Рэдкал.: А. Калечыц (гал.рэд) і інш.-Мн., 2005.-№ 20.-С.131-140.

22. Дучыц, Л.Курганна-жальнічны могільнік каля в. Малявічы Вілейскага р-на /Л.Дучыц, А. Вайцяховіч, М. Кенька //Гістарычна-археалагічны зборнік/НАН Беларусі; Рэдкал.: А. Каваленя( гал. рэд.) і інш.-Мн., 2007-№ 23.-С.152-166.

23. Дучыц, Л. Этнакультурная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі ў к. І-пач. ІІ тыс.(паводле археалагічнага матэрыялу) /Л.Дучыц //Druvis (almanach centru etnakasmalogiji) Гал. рэд. Т. Кашкурэвіч.-Менск, 2008.- № 2.-С. 31-38.

24. Зайковский, Э. Балто-славянские контакты в Центральной и Восточной Беларуси в средневековье (по данным археологии и письменных источников) /Э.Зайковский //Acta Baltico-Slavica. T.30. -Warszawa. 2006. Slawistyczny osrodek wydawniczy.-С.47-59.

25. Зайкоўскі, Э.М. Раскопкі на Дзявочай Гары /Э.М. Зайкоўскі //Гістарычна-археалагічны зборнік/АН Беларусі. Ін-т гісторыі. Уклад. М.І. Лашанкоў, А.А.Мяцельскі .-Мн.,-1994-№ 4.-С. 71-87.

26.Зайкоўскі, Э.М. Відагошча //Археалогія Беларусі. Т.1. Энцыклапедыя.- Мн. Энцыклапедыя імя П. Броўкі. 2009-С.163.

27. Зайкоўскі, Э. М. Этнічная і канфесійная сітуацыя ў гістарычнай Літве на рубяжы ХІV-XVстст./Э.М. Зайкоўскі //Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў XIV-XVстст.(саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі).Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Гродна, 8-9 ліпеня 2010 г.- Мн. Беларуская навука. 2011.-С. 11-25.

28. Зайкоўскі, Э.М. Літва /Э.М.Зайкоўскі //Археалогія Беларусі. Т.2. Энцыклапедыя. Мн. Энцыклапедыя імя П. Броўкі. 2011-С. 33-34.

29. Заяц, Ю. К вопросу о сельском населении Изяславского удела Полоцкой земли в Х-ХIIвв. /Ю.Заяц //Час, помнікі, людзі (Памяці рэпрасаваных археолагаў). Тэз. дакл. міжнар. канф. Мінск, 27-30 кастр.- Менск.Ін-т гісторыі АН Беларусі, Беларус.асац. ахвяраў палітычных рэпрэсій. 1993.-С.50-53.

30. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобл. Кн.1. Лагойскі раён.Мн. Бел. сав. Энцыклапедыя імя П. Броўкі. -1987.-С.240-265.

31. Звяруга, Я.Г. Усходнелітоўскія курганы /Я.Г.Звяруга //Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя. Т.2.- Мн. Энцыклапедыя імя П. Броўкі. 2011. -С.370.

32. Зинкявичюс, З. Восточная Литва в прошлом и настоящем.- Вильна. 1996.-387с.

33. Инвентарь имения Декснян , в воеводстве Минском лежащего, составленный при вводе во владение этим имением князя Федора Григорьевича Друцкого-Горского /Инвентари имений ХVI-го столетия // Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (Из актовой книги Минского гродского суда за 1595-6гг.).- Вильна. В тип. А.Г. Сыркина, 1887. Т.14.- С. 510-517 (документ № 67).

34. Инвентарь Радашковичского замка //Документы Московского архива Министерства юстиции. Т.1. М.Тип. « Мамонтова»,1897-569с.

35. Каваленя, А.З. Археалагічныя разведкі ў Магілёўскай, Бабруйскай і Менскай акругах /А.З. Каваленя //Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн 11. Працы археалагічнай камісіі. Т.2.- Мн. 1930.-С.145-155.

36. Квятковская, А .В. Ятвяжские могильники Беларуси (к.ХI-XVIIвв.). /А.В. Квятковская.- Vilnius. Diemedžio, 1998.-327.

37. Клімаў, І. Балтызмы ў беларускай мове і тэорыя балцкага субстрату /І. Клімаў //Латвія-Беларусь: дыялог двух культур. І Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. 14 снежня 2004г. ( Рыга).- Б.г., Б.м.-С.31-42.

38. Королевская грамота каноникам капитула костела св. Станислава в Вильне, касательно спорного дела их с Киевским митрополитом Иосифом о земле и данниках Ганевицких, и судное решение по тому же делу // Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т.1.- Спб. В тип. Э.Праца, 1863.- С. 49-52 (документ № 62).

39. Костюшко, И.И. Польское национальное меньшинство в СССР (1920-ые годы).- М. ИС РАН, 2001-222с.

40. Лесман, Ю.М. Погребальные памятники Северо-Запада Новгородской земли и Новгород ХI-XIVвв. (синхронизация вещевых комплексов). Автореферат диссертации на соискание учен.степени канд. ист. Наук.- М. 1988.-26с.

41. Москалевич, Р. (свящ.) Историко-статистическое описание местечка Гайны и Гаинского прихода /Р. Москалевич //Минские Епархиальные ведомости.- 1869-№ 5-С.133-141.

42. Мядзведзеў, А.М. Аб часе прыходу славян на тэрыторыю Беларусі /А.М. Мядзведзеў //Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Тэзісы дакладаў і паведамленняў.- Мн.Універсітэцкае. 1994.-Ч.І.-С.14-17.

43. Насевіч, В. Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка /В. Насевіч // Беларускі гістарычны агляд.- Т.7. Сш.1(12).- Менск. Чэрвень. 2000. С.6-7.

44. Насевіч, В. Фарміраванне шляхецкага землеўладання (1-ая палова-сярэдзіна XVI ст./В. Насевіч. //Памяць. Лагойскі р-н. Ч.1.- Мн. 2003.- С.57-68.

45. Носевич, В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе /В. Носевич.- Мн. Тэхналогія. 2004. -350с.

46. О древних могилах в Минской губернии и в Литве (без автора) //Сын Отечества. Т.VI.Отд.VI. 1938. C.51-58.

47. Опросные листы Наркомпроса по Минскому и Борисовскому уездам //Архіў археалагічнай навуковай дакументацыі Дзярж. Навук. установы "Інстытут гісторыі НАН Беларусі". Справа № 71.

48. Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897. Минская губерния. Т.XII.- Спб. Изд. Центр. Статистического комитета, Мин. Внутр. Дел. 1904-241с.

49. Поболь, Л.Д. Древности Белоруссии в музеях Польши /Л.Д. Поболь.- Мн. Наука и техника. 1979-205с.

50. Покровский, Ф.В.Археологические прогулки в окрестностях Радошкович /Ф.В. Покровский //Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда.- Вильна. Тип. А.Г. Сыркина, 1893.- С.139-146.

51. Рапановіч, Я.Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці/Я.Н. Рапановіч.- Мн. Навука і тэхніка. 1981-360с.

52. Савецкая Беларусь. 1923. № 173 (2 жніўня).

53. Свяжынскі, У. Балты і балцкія гаворкі старажытнай Беларусі /У. Свяжынскі //Кантакты і дыялогі. Інфарм.-аналіт. і культуралаг.бюл.-Мн. 1999. № 1-.С.15-21; № 2/3.-С.11-16.

54. Седов, В.В. Балты /В.В. Седов //Финно-угры и балты в эпоху средневековья. Археология СССР. М. Наука.-С. 353-411.

55. Седов, В.В. Влияние западных балтов на культуру соседних славянских племен в раннем средневековье (каменные могильники Мазовии и Подляшья) /В.В. Седов //Vakaru baltai: etnogenezė ir etninė istorija.-Vilnius. 1997. -С. 165-176.

56. Седов, В.В. Жальники /В.В. Седов //Российская археология. 2000. № 1. -С.7-22.

57. Седов, В.В. Голядзь /В.В. Седов // Iš baltu kultūros istorijos: Skiriama Adolfo Tautavićiaus 75-mećiui.- Vilnius. Diemedzio. 2000.-С. 75-84.

58. Седов, В.В. Литва и кривичи /В.В. Седов //Lietuvos archeologija. T. 21.Vilnius. Lietuvos istorijos inst. 2001.-С.81-88.

59. Семянчук, Г. Курганны могільнік каля в. Гатовіна Мінскага р-на /Г. Семянчук //Гістарычна-археалагічны зборнік. Вып. 16.- Мн. Інстытут гісторыі НАНБ. 2001. -С.121-129.

60. Тизенгаузен, Н. Некоторые статистические данные о народонаселении Западного края /Н. Тизенгаузен //Минская старина. Труды Минского церковно-археологического комитета. Вып. II.- Мн. Тип. С. Некрасова. 1911.-С.1-110. Табл. 8, 12.

61. Туронак, Ю.Фарміраванне сеткі рымска-каталіцкіх парафіяў ў Беларусі ( 1387-1781) /Ю. Туронак //Беларускі гістарычны агляд. Т.2. Сшытак 2.- Мн. 1995.С.173-194.

62. Тышкевич, К. О курганах вЛитве и Западной Руси.- Вильна. В тип. А.К. Киркора, 1865.-144с.

63. Христианское чтение, издаваемое при С.-Петербургской Духовной Академии. Ч.II-Спб. 1851-346с.

64. Шпилевский, П. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю /П. Шпилевский. Мн. Полымя, 1992-251с. (факсимильное изд.).

65. Штыхов, Г.В. Археологическая карта Белоруссии /Г.В. Штыхов .Вып. 2.-Мн. Полымя, 1971-274с.

66. Штыхов, Г.В. Ятвяги по Ипатьевскому летописному своду /Г.В. Штыхов //Lietuvos archeologija. T. 21. -Vilnius. Lietuvos istorijos. inst., 2001.С.101-110.

67. Штыхаў, Г.Археалагічныя даследаванні на рэчцы Лагазінка ў наваколлі Лагойска /Г. Штыхаў //Гістарычна-археалагічны зборнік. Вып.21.- Мн. Інстытут гісторыі НАНБ. 2006.- С.201.

68. Штыхаў, Г.В.Курганны могільнік Ізбішча-Дзвінаса /Г.В. Штыхаў //Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Вып.16.- Мн. Інстытут гісторыі НАНБ. 2008-248с.

69. Anonim. Obszar języka litewskiego w gub. Wileńskiej /Anonim //Materyaly antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne. T.3. Dzial 2. -Kraków. 1898.-S.1-72.

70. Antoniewicz, W. Czasy przedhistoryczne i wczesnodziejowe Ziemi Wileńskiej /W. Antoniewicz //Wilno i Ziemia Wileńska. T.1. 1930-S. 103-123.

71. Chętnik, A. " Zale" /A. Chętnik //Ziemia. Organ T-wa Krajoznawczego. N 45.- 1911.-S.742-743.

72. Długosz, J. Senioris Canonici Cracoviensis Opera omnia gura Aleksandri Przezdziecki edina. Tomus XII ( Joannis Długossii seu longini canonici cracoviensis Historiae Polonicae. Libri XII. Tomus III. Libri IX.X). Cracoviae MDCCCLXXVI.-595s.

73. Fijłek, J. (X.Dr.) Kościoł rzymsko-katolicki na Litwie. Uchrześcijanie Litwy przez Polskę i zachowanie w niej języka ludu po koniec Rzeczypospolitej /J.Fijłek //Polska i Litwa w dziejowym stosunku.- Warszawa-Lublin- Lódz-Kraków. G. Gebethner i spólka. 1914.-S.1-333.

74. Gorzuchowski, S. Ludność litewska na kresach Państwa Polskiego /S. Gorzuchowski. Warszawa. 1929.-23s.

75. Ivinskis, Z. Litwa w dobie chrztu i unii z Polska /Z. Ivinskis //Chrystianizacja Litwy. Kraków. 1987. S. 264-277.

76. Kodeks Dyplomatyczny Katedry i diecezji Wileńskiej. T.1 (1387-1507). Wydali J. Fijalek I W. Semkowicz.-771s.

77. Musianowicz, K. Przyczynki do osadnictwa Mazowieckiego na Podlasiu w XII-XIII wieku /K. Musianowicz //Swiatowit. T.XXI. -Warszawa.1955.-S. 256-274.

78. Ochmański, J. Ludność litewska we wlości Obolce na Bialorusi wschodnej w XIV-XVI wieku /J. Ochmański //Acta Baltico-Slawica. T. V. Białystok. Polonia. 1967.-S. 147-158.

79. Ochmański, J. Biskupstwo Wileńskie w sredniowieczu: ustrój i uposażenie /J. Ochmański //Uniwersytet im. A. Mickiewicza w Poznaniu. Ser. Historia. N 55.- Poznań.- 1972-118s.

80. Ochmański, J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI wieku /J. Ochmański // Uniwersytet im. A. Mickiewicza w Poznaniu. Seria historia. N 96.- Poznań.- 1981-82s.

81. Odoj, R. Sprawozdanie z prac wykopaliskowych w miejscowości Równina Dolna, pow. Kytrzyn /R. Odoj //Wiadomości archeologiczne. T.23. Z. 2.- Warszawa. Państwowe wydawnictwo naukowe.- 1956. -S. 190-192.

82. Pietkiewicz, K. Kiezgailowie i ich latyfundium do polowy XVI wieku /K. Pietkiewicz.- Poznań. Wyd. Naukowe UAM. 1982-164s.

83. Pobol, L. Skarb metalowych pasów z okresa rzymskiego odkryty w miejscowości Krasnyj Bor (BSSR) /L. Pobol //Wiadomości archeologiczne.T.37. Z.2.- Warszawa.- 1972.- S. 115-138.

84. Rauhut, L. Wczesnosredniowieczne cmentarzysko w obudowie kamiennej na Mazowszu i Podlasiu /L. Rauhut // Materialy starożytne i wczesnosredniowieczne. Państwowy museum Archeolodiczny. T.1.- Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk.- 1971.-S. 435-656.

85. Sedlaczek, L. Dregowiczanie ( Studjum antropologicznie: przyczynek do paleoetnologii) /L. Sedlaczek.- Warszawa-Kraków-Lublin-Zakopane. 1929-53s.

86. Sopodzka, T. Poszukiwania archeologiczne w powiecie Ihumeńskim gubernii Mińskiej w r.1875 i 1883 dokonane przez Tytusa Sopodzkę ( odbicie osobne z XIII tomu Zbioru wiadomości do antropologii krajowej).- Podgórze. 1889. -7s.

87. Tyszkiewicz ( Eus. Hr. T.). Opisanie zabytków niektórych starożytności odkrytych w zachodnich guberniach cesarstwa rossyjskiego /E. Tyszkiewicz //Przyjciel Ludu (czyli Tygodnik potrzebnych i pożytycznych wiadomości). Rok dziesiąty. T. 1. N 3-.W Lesznie.- 1843.-S. 18-23.

88. Wapowski, B. Dzieje korony Polskiej i Wielkiego Księstwa Litewskiego od roku 1380 do 1535. T. 1.- Wilno. Glűcksberg. 1847-491s.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX