Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

"Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына..."


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 04-06-2011,
Крыніца: Маладосць № 10 за 2004 год.



Ракаўская святыня

Наш мікрааўтобус спыняецца каля мястэчка Ракаў, што ў Валожынскім раёне: цікавіць святая крыніца, якая знаходзіцца леваруч ад старой дарогі Мінск—Ракаў, амаль каля самага мястэчка. У 1864 годзе архімандрыт Мікалай пісаў у «Гісторыкастатыстычных звестках пра чудадзейныя иконы і дабратворныя звычаі ў Мінскай Епархіі» пра тое, што мясцовы цудадзейны абраз Ракаўскай Божай Маці (44KB) Ракаў, святая крыніца. з'явіўся аднаму невідушчаму жыхару мястэчка Ракаў на крынічцы ў лесе. А уніяцкі мітрапаліт Афанасій Шаптыцкі стварыў нават камісію па даследаванні сапраўднасці цудаў гэтага абраза і дазволіў пабудаваць на месцы яго з'яўлення новую царкву. Далей пішацца, што тут летам на маладзік ладзяцца хросныя хады з Ракаўскай Прэабражэнскай царквы ў новую — Хрэстаўздвіжанскую царкву.

У «Мінскіх Епархіяльных ведамасцях” (1886 г. неафіцыйная частка) у артыкуле «Становішча праваслаўя ў Мінскай Епархіі» пра гэты абраз таксама ёсць паданне, як мясцовы жыхар, ад прыроды сляпы і пастаянна хворы, у XV стагоддзі заблудзіўся ў лесе. Пасля малітвы сляпы знайшоў крынічку, дзе наталіў смагу, умыўся і раптам зрабіўся відушчым. Ён убачыў на дрэве каля крыніцы лік Божай Маці з прадвечным дзіцём. На памяць пра гэтае здарэнне ён першы ўзвёў тут царкву і змясціў ў ёй абраз Божай Маці. Новая царква была пабудавана ў 1737 годзе. Святы абраз заўсёды шанаваўся вернікамі, найбольш багамольцаў сыходзілася сюды 14 верасня (па старым стылі) і на маладзіковыя дні.

Яшчэ ў канцы 50-ых гадоў мінулага стагодзя тут існавалі драўляная царква, агароджа з цагляных слупоў і жэрдак, і крыніца. Над крыніцай стаяла адкрытая мураваная каплічка. Потым у хрушчоўскія часы ваяўнічага атэізму царкву і каплічку знішчылі. Цяпер, калі мы наведалі старажытную святыню нашых продкаў, то ўбачылі адноўленую каплічку з крыжам усярэдзіне. Сама крынічка выбіваецца з-пад вярбы за некалькі метраў ад капліцы.

ХРАМ, ЯКІ ПРАВАЛІУСЯ ПАД ЗЯМЛЮ...

Наступны аб'ект, да якога мы выправіліся, — камень каля вёскі Бузуны. Яго адшукалі геолагі ў 1991 годзе, тады ж яны і запісалі тры паданні пра камень. Па адным з паданняў, на месцы каменя раней стаяў касцёл, які праваліўся пад зямлю. І калі прыкласці вуха да валуна, то можна пачуць бомканне званоў. Другое паданне распавядае пра тое, што аднойчы адзін хлопец на падпітку прылёг каля каменя і задрамаў. Але раптам пачуў нейкі гоман, расплюшчыў вочы і ўбачыў трох вершнікаў, якія хутка набліжаліся да яго. Адзін з вершнікаў узмахнуў рукой, і ў той жа момант хлопец апынуўся на чужой мяжы. Пры гэтым ён праляцеў скрозь кустоўе, вецце якога абдзёрла яму твар і нарабіла сінякоў па ўсім целе. Потьім хлопец убачыў, як коннікі наблізіліся да каменя і зніклі... Паводле трэцяга падання, выходзіла, што нейкі хлопец таксама заблукаў, прылёг на тым жа месцы і заснуу Усю ноч з-пад каменя ён чуў нейкія дзівосныя гукі, не тое чыесьці спевы, не тое білі званы.

Як бачым, два паданні вельмі падобныя адно да аднаго і з'яўляюцца варыяцыямі пашыранага міфалагічнага сюжэта, пакліканым да жыцця як прыроднымі, так і культурна-гістарычнымі прычынамі. У гэтых паданнях звычайна гаворыцца пра храм (царкву ці касцёл), што праваліліся ў зямлю ці затанулі. Вядома, што на нашай тэрыторыі часам здараліся карставыя правалы, зарастанні азёраў, затапленні пэўных мясцін. Усё гэта адбівалася на лёсе асобных паселішчаў і культавых збудаванняў, якія звычайна размяшчаліся на высокіх узгорках. Доказам таму былі знаходкі каменных і металічных прылад працы, зброі, упрыгожванняў, культавых рэчаў, манет і да т.п. А гукі званоў можна было пачуць у час святочных малебнаў, што рэхам аддаваліся на культавых узгорках, беразе возера і каля вялікіх камянёў.

Такія паданні маюць агульнаеўрапейскае распаўсюджванне і часцей за ўсё звязаны з матывамі святатацтва, пакарання за грахі. Звычайна ў паданнях сцвярджаецца, што пасля таго як касцёл ці царква праваліліся, яшчэ доўгі час на Вялікдзень можна было пачуць з-пад зямлі гукі званоў і малітоўныя спевы.

Што тычыцца нашага каменя, то мы яго не адшукалі. Мясцовыя людзі: Раманьчык і Цыбульская, якія паказвалі геолагам раней гэты камень, памерлі, а болын ніхто з жыхароў вёскі Бузуны паказаць яго не змог. Чуць пра валун і легенду, звязаную з ім, — чулі, а дзе знаходзіцца — забыліся ці не всдаюць.

Склалася ўражанне, што не толькі касцёл, а цяпер, відаць, і камень за чыесьці грахі праваліўся ў зямлю.

ТАЯМНІЦЫ ДЗЯВОЧАЙ ГАРЫ

Гэтая культавая гара знаходзіцца паміж Маладзечнам і Мінскам, каля вёскі Дуброва. Гара надзвычай высокая (каля 40 м) і стромая. Па звілістай сцежцы падымаемся на вяршыню. Па дарозе разглядаем дрэвы, хмызы. Нечым Дзявочая Гара нагадвае Прыкарпацкія свяцілішчы. На самай вяршыні знаходзяцца каменныя курганы сярэдніх памераў. Іх каля 20-ці. У канцы 1980-х гадоў тут праводзіў раскопкі археолаг Эдвард Зайкоўскі. Ім было раскапана 9 курганоў. 3 рэчаў у пахаваннях трапіліся шкляныя з пазалотай пацеркі, срэбнае скроневае колца, бронзавы пярсцёнак з арнаментам, разбіты гліняны посуд. Усе знаходкі датуюцца другой паловай XI ст. і належаць, хутчэй за ўсё, славянізаваным балтам. Што характэрна, пахаванні ў самых вялікіх курганах — мужчынскія, астатнія — жаночыя. У адным з пахаванняў, апроч астанкаў жанчыны, быў знойдзены чэрап дзіцяці.

Яшчэ ў канцы XIX ст. у «Slowniku geograficznym...» пра гэтую гару падавалася легенда:

«...у далекім мінулым жыла тут дзяўчына, у якую закахаліся два хлопцы, а яна не магла ці не жадала зрабіць паміж імі выбар. І вось яна вырашыла развязаць спрэчку паміж сапернікамі бегам навыперадкі да мяжы, што знаходзілася пры камені на вяршыні гары. Сама, чакаючы выракаў лёсу, села на камень. Але вынік спаборніцтваў аказаўся фатальны для абодвух юнакоў, яны беглі з усяе сілы і, не дабегшы да каменя, сканалі. Там іх і пахавалі, на магіле выраслі два дубы. Дзяўчына была бязлітасна пакараная: яе закапалі каля каменя жыўцом, на яе магіле вырасла бяроза”.

Мясцовы люд дагэтуль паказвае легендарны камень, бярозу і дубы. Вядома, што амаль да нашага часу на гары святкавалася Купалле. Да апошніх гадоў на вяршыні, паводле звестак мясцовых жыхароў, ляжаў вялізны камень, на якім, згодна з легендай, сядзела дзяўчына ў час спаборніцтва хлопцаў, але потым ён некуды знік.

Узгоркі з назвай Дзявочая Гара вядомы шмат у якіх славянскіх краінах: і ў нас, і на Украіне, і ў Чэхіі, і ў Славакіі. Паводле меркавання расійскага даследчыка і археолага Б. Рыбакова, узгоркі з такой назвай маглі быць звязаны з культам «жаночага божышча, Багіняй-Дзевай, якая панесла ва ўлонні сваім» і з'яўлялася папярэдніцай хрысціянскай Божай Маці — Дзевы Марыі.

Наогул уяўленне пра нявіннае зачацце распаўсюджана ў старажытных дахрысціянскіх міфах. Да прыкладу, так зацяжарылі старажытныя егіпецкія і эліністычныя багіні: Ісіда — Горам, Нана — Ацісам, Гера — Гефестам. Санкрыцкае devi (багіня) і славянскае deva (дзева), на думку шмат якіх лінгвістаў, этымалагічна ўзаемазвязаны. грэкаў дзевамі лічыліся Афіна і Артэміда, семітаў — Анат, Іх правобразам была неалітычная багіня, маці сусвету, мікенская Ма-Зівіа. У старажытных інгушоў шанавалася багіня ўрадлівасці Тушолі, якую назвалі «Вялікай Маці» і да якой звярталіся малітвай аб нараджэнні дзяцей. Марыя маці Ісуса Хрыста, таксама паходзіць ад неаалітычнай багіні, і ўяўленне пра яе як пра дзеву было запазычана па традыцыі.

Часта з назвамі ўзгоркаў Дзявочая Гара звязаны вельмі старажытныя рытуальнья традыцыі і паданні, якія генетычна паходзяць ад культу Багіні Кахання. У беларускай міфалогіі найбольш верагоднымі персанажамі, што адпавядаюць такому жаночаму культу з'яўляюцца Лада і Леля (Ляля). Лада ў балтаў і паўночных славян была багіняй шлюбу і дабрабыту. Святы ў яе гонар ладзіліся 1 траўня і ў першую палову лета («зялёныя святкі»), Боствам, якое спадарожнічала Ладзе, была Леля, Багіня Кахання, вясны, вясновай зеляніны, росквіту абноўленай прыроды. Свята ў гонар Лелі ў беларусаў называлася Ляльнікам і, паводле звестак этнографаў, адзначалася 22 красавіка, а ў некаторых мясцінах і 10 траўня. На гэтае свята дзяўчаты выбіралі са свайго асяроддзя самую прыгожую, і яна выконвала ролю Лелі. Для Лелі з дзірвану рабілася адмысдовая лаўка, якая, напэўна, сімвалізавала зямлю з першымі зялёнымі парасткамі. На сярэдзіну лаўкі сядала сама Леля з вянком на галаве, а паабапал ад яе на лаўку клаліся падарункі: з аднаго боку — хлеб, а з другога — збанок з малаком, сыр, масла, яйкі, смятана. Каля ног ляжалі сплеценыя вянкі. Дзяўчаты вадзілі карагод вакол Лелі і ўслаўлялі яе як карміцельку і зберагальніцу ўраджаю. Па заканчэнні карагоду Леля раздавала дзяўчатам вянкі.

Хутчэй за ўсё, у старажытнасці на гэтай гары ладзіліся культавыя рытуалы, прысвечаныя Багіні Ўрадлівасці і Кахання. Магчыма, Ладзе, магчыма, Лелі. А можа, і Макошы. Макоша ў нейкай ступені адпавядала такім багіням, як Афрадыта ў грэкаў і Фрэя ў скандынаваў. Цяпер цяжка вызначыць дакладна. На карысць гэтага сведчыць і легенда, і тое, што на гары да нядаўняга часу святкавалі Купалле. Э. Зайкоўскі правёў параўнаўчы аналіз і прыйшоў да высновы: нешта падобнае адбывалася і ў раннекласавых грамадствах Міжрэчча – у старажытнай Месапатаміі, у Бабілоне, яшчэ раней ва Уры. Гэта былі святы ў гонар багіні Іштар. Хоць тэрытарыяльна і этнічна вельмі далёка, але трэба памятаць, што ў старажытных абрадах урозных народаў можна знайсці шмат агульнага, асабліва што тычыцца аграрнай магіі. Падчас такіх святаў-карнавалаў у гонар Іштар адбываліся спаборніцтвы ў дужасці, самазнявечанні і г.д. Узгадаем спаборніцтва ў нашай легендзе пра Дзявочую Гару. Шмат якія навукоўцы разглядаюць такія рытуальныя бойкі і самазнявечанне як перажытак абрадаў ініцыяцыі, калі юнакі шляхам фізічных ды іншых выпрабаванняў пасвячаліся ў мужчыны. А матыў закопвання жывой дзяўчыны ў нашай легендзе пераклікаецца з урскай легендай пра багіню Інану, якая сыходзіць у іншасвет на сем год, сем месяцаў і сем дзён, але вяртаецца праз нейкі час на зямлю. Такім чынам старажытныя людзі праводзілі алегорыю з культам расліннасці -- кінутае ў зямлю зерне захоўваецца там да пары, да часу, а ў весну прарастае новым жыццём. І зноў настае час Урадлівасці і Кахання.

Вельмі цікава, што галоўную ролю ў кульце Інаны-Іштар адыгрываў жрэц-мужчына, якія лічыўся за зямнога мужа багіні. Падобны звычай быў засведчаны старажытнарымскім аўтарам Тацытам на пачатку нашай эры амаль па суседстве з Беларуссю – у племені лугіяў (захад Польшчы). Тацыт прыводзіў звесткі, што тую частку культу, якая прысвечана святому гаю, абслугоўваў жрэц у жаночым адзенні. У святле гэтых аналогій можна растлумачыць мужчынскія пахаванні менавіта ў самых буйных курганах на Дзявочай Гары. Можна зрабіць высновы, што нешта падобнае да згаданага гаю багіні плоднасці існавала і на Дзявочай Гары. А пахаванні жрацоў і жрыц на гары можна параўнаць з пазнейшай хрысціянскай традыцыяй, калі памерлага святара хаваюць на цвінтары – каля царквы ці касцёла. Ці, наадварот, такі звычай захаваўся ў наш час яшчэ з пракаветных часоў.

ЛЕГЕНДАРНЫ ДУБОК

Далейшы наш шлях ляжаў на культавую крыніцу каля вёскі Дубок. Уздоўж левага берага Віліі ідзе дарога. Пры лесе злева стаіць высокі драўляны крыж, а праз 10—20 метраў вялікая капліца з камянёў і цэглы. Дзверы не на замку, можна зайсці і памаліцца. Ідзём далей, з правага боку дарогі – столік і лавачкі, але ўжо напаўразбураныя. Яшчэ далей з гэтага ж боку, на самым беразе ракі Віліі стаіць драўляны крыж і мураваная адкрытая каплічка вышынёй каля 6 метраў з жалезным крыжам наверсе, падзеленая на дзве нішы. У адной з ніш скульптура Маці Божай, у другой з-пад камянёў у цымбравіну сцякае вада. Крыніца, як лічаць мясцовыя, дапамагае ад усіх хвароб. Расказвалі, што раней у пілігрымку людзі прыязджалі за сотні вёрст, а апошнія метры перад святыняй паўзлі на каленях. Цяпер набажэнствы адбываюцца ў пэўныя святы. У першую нядзелю ліпеня ад Жодзішкаўскага касцёла і Курганскай капліцы сюды кіруюцца працэсіі. Згодна брашуры Рамуальда Дроніча “Pamiątka z Żdziszek wojewodztwa Wiłenskiego”, каля крыніцы было шмат курганоў.

ПРОШЧА КАЛЯ ВЁСКІ МОРАЧ

Наступны прыпынак – вёска Морач Салігорскага раёна. Непадалёк ад яе ў лесе, на месцы былой царквы ці манастыра, павінна быць прошча, апісаная ў кнізе М. Раманюка «Беларускія народныя крыжы». У кнізе ёсць спасылка на мясцовую (59KB) Прошча, в. Морач, Салігорскі р-н. жанчыну Зінаіду Галавастую. Сустрэчныя паказалі нам хату Зінаіды Паўлаўны, але замест гаспадыні дома аказаўся яе муж — 66-гадовы Пётр Галавасты. Ён прывёў нас на прошчу з правага берагу ракі Морач і паведаміў, што на гэтым месцы стаяла царква, але ў 1943 г. яе спалілі немцы, так яны адпомсцілі партызанам. Пасля гэтага людзі пачалі ставіць крыжы проста ва ўрочышчы, якое празвалі Царкавішчам. Насамрэч, побач з крыжамі, упрыгожанымі мноствам стужак і ручнікоў, бачна некалькі камянёў ад падмурка царквы і абгароджаныя сямейныя пахаванні.

Па словах Пятра Прохаравіча, людзі прыходзяць сюды на Міколу, Спас, Вялікдзень, на «рукі» (гарызантальныя канцы) крыжоў ставяць свечкі, абвязваюць крыжы фартухамі, завіваюць ручнікамі, абнаўляюць абразкі. Пеўчыя спяваюць духоўныя песні, моляцца Богу.

Вяртаемся на канец вёскі. Пётр Галавасты прапануе нам паглядзець яшчэ крыжы ва ўрочышчы Капліца, што за 1,5—2 кіламетры ад Царкавішча. Да нас далучаецца крыху старэйшы за Пятра Прохаравіча яго аднавясковец Адам Катовіч. Яны разам зноў вядуць нас у лес, на правы бераг Морачы. Вось і паляна, на якой калісьці стаяла капліца, а цяпер — тры драўляныя крыжы. Адзін з іх мае стрэшку. Па словах нашых праваднікоў, упрыгожанні для крыжоў вернікі абавязкова робяць сваімі рукамі: ці то ткуць у хаце, ці то вышываюць. Блізка заўважаем пасму нефарбаванага лёну, павязаную на архаічны лад — звычай, які ў наш час рэдка сустракаецца. Адам Катовіч паказвае на адзін з крыжоў і кажа: «Гэты я сам паставіў. Па сыне-чарнобыльцу...»

ТАМІЛАВА ГАРА

Вось і паказаўся Салігорск, яго адметныя саляныя горы, так званыя тэрыконы, што ўзвышаюцца каля самога горада. Нам патрэбны культавы аб'ект пад назвай Тамілава Гара, якая дала назву бліжэйшай вёсцы. Аднайменная гара неаднаразова згадвалася ў краязнаўчай літаратуры 1920-х гадоў, у прыватнасці, у часопісе «Наш край». Пра яе хадзіла некалькі паданняў. Па адным з іх, французы вельмі стаміліся, пабіўшыся з рускімі каля вёскі Міцявічы, і адпачывалі на гары. Адсюль і яе назва — Тамілава. Другое паданне расказвае пра тое, што швед закапаў на гары тры бочкі золата на залатых калёсіках. Калі золата ў зямлі перасущваецца, гара гарыць бліскучымі агнямі. А калі пабачыць тыя агні і перакінуць цераз плячо зняты бот, то куды ён упадзе, там і адкапаеш скарб.

Але як мы ні аглядаліся навокал, не ўбачылі славутай гары. Тады звярнуліся з роспытамі да сталых жанчын, якія завіхаліся каля сваіх хат. Ад іх мы даведаліся, што ахутанай легендамі Тамілавай Гары — адметнасці тутэйшага ландшафту — даўно няма. Калі будавалі Салігорск, на яе месцы выкапалі кар'єр, а грунт вывезлі на дарогі. Пазней побач з кар'єрам насыпалі тэрыкон. Адна з жанчын прыгадала, як пасля вайны яшчэ дзяўчынкай коўзалася з Тамілавай Гары на санках, што чула ад старэйшых, быццам на гары швед шапку згубіў. Гара, па яе словах, была невялікая, але стромкая з усіх бакоў.

Шкадаванне праз словы расказчыцы перадалося і нам. Падумалася: няўжо ж нельга было выкапаць кар'ер у іншым месцы, захаваць унікальны прыродны і гістарычны аб'ект, любімы мясцовымі людзьмі, які меў імя і ўвайшоў у паданні?

ЕЎЛІЦКАЯ ПРОШЧА

Вёска Еўлічы Слуцкага раёна. Спадзяёмся знайсці тут вельмі папулярную на пачатку XX стагоддзя Еўліцкую прошчу. Як узнікла тая прошча, напісаў А. Сержпутоўскі ў кнізе «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930).

Жыла ў Еўлічах дзяўчынка 8—9 гадоў ад роду. Гуляла яна з дзецьмі на загуменні, паглядзела угору і кажа, што бачыць там Багародзіцу. На другі дзень паўтарылася тое ж. Збегліся людзі, і дзяўчынка сказала, што Маці Божая загадвае паставіць на тым месцы крыж, бо там будзе царква. Адзін чалавек зрэзаў вішню, расшчапіў нажом трэсачку, зрабіў крыж і ўваткнуў яго ў зямлю на тым месцы, дзе стаяла дзяўчынка. I пайшлі на гэтае месца людзі, прыносілі палатно, воск, воўну, лён ці нешта іншае. Назбіралася шмат людзей, і ўсім Бог даў палёгку. Але праз некалькі дзён дзяўчынка захварэла і памерла. Перад смерцю яна сказала, быццам Багародзіца кліча яе да сябе на неба. І людзі яшчэ больш началі хадзіць на прошчу. Збудавалі там цэркаўку, кожную першую нядзелю туды прыязджаў служыць поп. Побач стаялі 4 крыжы.

Мы ехалі ў Еўлічы з надзеяй убачыць хоць крыж на месцы знакамітай прошчы. Але аказалася, што цяпер там нічога няма. Не ўсе людзі і памятаюць прошчу. Вера Марцінчык, 1940 года нараджэння, пацвердзіла, што раней на прошчу сыходзілася пешшу шмат людзей, нават здалёк. Паломнікі спыняліся ў хатах вяскоўцаў на 2— З дні, звычайна на галоўныя рэлігійныя святы. Бяздзетныя маліліся за нараджэнне нашчадкаў, бацькі за здароўе дзяцей. Быў такі выпадак: з Урэчча прыйшла жанчына з немаўляткам на руках. Трое дзяцей у яе да гэтага памерла, і яна прасіла Божую Маці, каб засталося ў жывых чацвёртае дзіця.

Сама Вера Макараўна памятае толькі крыжы на адкрытым месцы за вёскай. У 1960-я гады, на чарговай хвалі барацьбы з рэлігіяй, крыжы знеслі, прошчу зааралі і засеялі поле. Цяпер у вёсцы мала хто памятае, што яна і была.

Зноў не збераглі, не адстаялі сваю святыню. Сумна...

ВЁСКА ПРОШЧЫЦЫ

Наступны і апошні аб'ект — святая крыніца ў вёсцы Прошчыцы Слуцкага раёна.

У вёсцы нават не ўсе ведаюць пра тую крыніцу. Настаўніца беларускай мовы Уласевіч Алена Уладзіміраўна ўзялася паказаць нам месцазнаходжанне крыніцы. Каля крыніцы з дзесятак курганоў даволі вялікага памеру. Настаўніца сказала, што была тут і ахоўная шыльда, але яе нядаўна скралі. Мясцовыя жыхары звязваюць курганы з вайной 1812 года, але называюць іх Горкі Шведскія. Што тычыцца назвы самой вёскі — Прошчыцы, то існуюць два супярэчлівых паданні.

Па адным з іх, вакол вёскі на полі былі раскіданыя камяні, якія нагадвалі след Божай Маці. Другое паданне распавядае, што ў вёсцы Вясея жыў пан, у яго была дачка Прошча. Яна папрасіла, каб бацька пабудаваў ёй дом. Затым Прошча выйшла замуж і жыла тут. Адсюль і назва вёскі — Прошчыцы.

Такім чынам, вясковыя святыні — каларытны пласт народнай культуры, які мала вывучаўся ў савецкія часы. Ён вымірае, але не паўсюль. Некаторымі «святымі мясцінамі» пачала апекавацца Царква. Аднавіўся хросны ход да іх па рэлігійных святах, прошчы наведвае і моладзь. Аналагічныя з'явы адбываюцца і ў іншых еўрапейскіх краінах, дзе цікавасць да архаічнай культурнай спадчыны апошнім часам узрасла. Гэтай тэме прысвячаюцца нават міжнародныя навуковыя сустрэчы. У Расіі аднавіліся часопісы «Живая старина» і «Этнографическое обозрение». Значыць, і нам, беларусам, неабходна даследаваць, фіксаваць і зберагаць нашы святыні, адзначаныя і апетыя ў народнай творчасці. I расказваць пра іх людзям.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX