Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Міфалагічныя штудыі


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 06-06-2011,
Крыніца: Маладосць № 1 за 2009 год.



У беларусаў, як і ў кожным традыцыйным грамадстве, спрадвеку вёўся свой каляндар. У ім з пакалення ў пакаленне занатоўваўся, перадаваўся светапогляд нашага народа, яго невычэрпная фантазія, глыбокае веданне прыроды і любоў да яе. Нашы продкі заўсёды імкнуліся зразумець хаос, каб упарадкаваць яго. Таму беларускі народны каляндар — гэта міфапаэтычнае ўяўленне пра час, ён упарадкоўвае, выбудоўвае ў пэўную паслядоўнасць функцыі нацыянальнага космасу. Ен сакральны, як сакральныя і паасобныя беларускія каляндарныя святы, што фіксуюць пэўны час, супрацьпастаўляюць яго паўсядзённаму, «прафаннаму» і з 'яўляюцца данінай даўнім традыцыям і звычаям.

У сваю чаргу, кожнае каляндарнае свята мае сваіх дзейных асоб, і яны ў народных уяўленнях таксама набываюць рысы святасці, бо паўтараюць тыя ці іншыя сакральныя дзеянні. Гэтымі дзейнымі асобамі раней маглі быць пэўныя боствы або легендарныя продкі, якія, паводле старадаўніх вераванняў, уплывалі на жыццё людзей. Таму да іх звярталіся па дапамогу, ім прыносілі ахвяраванні. Так паступова развіваўся культ святых, што ляжыць у аснове народнага календара. І хаця цяпер беларускі народны каляндар уключае ў сябе хрысціянскія святы і святых — з 'ява гэтая не толькі хрысціянская, яе карані губляюцца ў далёкім мінулым. Цяпер імёны святых у трансфар- маваным выглядзе з'яўляюцца назвамі святаў, а самі святыя ўспрымаюцца як персаніфікаваныя святы. Шмат якія хрысціянскія святыя замянілі ў народнай свядомасці паганскіх бостваў, пераняўшы іх функцыі і месцы ў пантэоне. Адпаведна старадаўнім уяўленням, за кожным святым замацаваліся пэўныя сферы прьіроды і чалавечай дзейнасці. Прапануем увазе чытачоў аповеды пра некаторых з іх.


«СВЯТЫ ЮРА ЎПЕРАД ПАЙШОЎ...»

На Беларусі вобраз святога Юр'я (Юрай, Ягор'я, Георгі) настолькі шматпланавы і насычаны рознымі асацыядыямі, што ў кароткім аповедзе немагчыма напоўніцу раскрыць ягоную сэнсавую глыбіню і значэнне для традыцыйнай культурнай спадчыны беларусаў. Пра тое, што правобраз гэтага святога быў першасным, сведчаць фрагменты валачобных песень, дзе ён завецца «першым святам». «... Першы празьнік — святы Юра, \\ Святы Юра ўперад пайшоў, \\Асядлаў каня варанога \\ I паехаў аж да Бога. \\ Узяў ключы залатыя, \\Адамкнуў з'ямлю, пусціў расу...» Як бачым, істотным у вобразе Юр'я з'яўляюцца залатыя ключы, якімі ён адмыкае зямлю і неба ды замыкае зіму. Таму ў песнях нярэдка Юр'я завецца — Божы Ключнік.

Юр'я — таксама старажытнае свята народнага календара, якое адзначалася нашымі продкамі два разы на год: 6 мая і 9 снежня. Цяпер веснавое свята Юр'я (54KB) Віцебск, святая крыніца на Юр’евай гары. адзначаецца 23 красавіка — у католікаў па новым стылі, а ў праваслаўных — па старым (фактычна 6 мая). У беларускім календары свята ў дзень святога Георгія Пераможцы наклалася, як і ў шматлікіх іншых выпадках, на традыцыйнае паганскае свята, прыняўшы ад яго некаторыя функцыі, вобразы, паэтыку. Веснавы Юр'я знаменаваў сабою сапраўдны пачатак вясны. Менавіта з гэтага дня пачынае куваць зязюля, сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае палеткі. 3 Юр'ем звязваўся і першы выпас жывёлы. Верылі, што « пад Юр'еву апеку здавалася жывёла на ўсё лета ». Драпежнікі, найперш ваўкі, лічыліся яго служкамі і маглі ўзяць сабе са статка толькі тое, што Юр'я дазволіць. Нездарма ў снежні, калі надыходзіў зімовы або «халодны» Юр'я, у народзе казалі: « Зімовы Юр'я адмыкае раты ваўкам ». I лічылася, што менавіта з гэтага дня крыважэрныя ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі і нападаць на скаціну. На вясновага або «галоднага» Юр'я рабілася шмат магічных дзеянняў, якія павінны былі засцерагчы статак: жывёлу абкурвалі дымам асвечаных зёлак, перакідвалі цераз яе каменне, праводзілі праз агонь, сцябалі вярбовым ці арэхавым дубчыкам і да т. п. Запасванне на Юр'ю станавілася і святам пастухоў — для іх гаспадары рыхтавалі добрыя закускі, а тыя на пашы ладзілі сабе пачастунак. Але, найперш, Юр'я — апякун коней. З глыбокай старажытнасці нашы продкі даражылі канём. У ахвяраваннях, якія прыносіліся язычніцкім багам, ахвяра каня была па значнасці другой пасля чалавечай. Менавіта на кані Юр'я аб'язджае свае статкі і прызначае тую ці іншую жывёліну ў здабычу ваўкам. Існуе паданне, якое тлумачыць, чаму Юр'я стаў апекуном коней. Нібыта аднойчы Бог склікаў усіх істот і прызначыў кожнай сваю ежу. Жадаючы быць уладаром коней, чорт выпрасіў у бога сабе авёс. Юр'я ж прыпазніўся, і яму застаўся толькі асот. Але Бог дазволіў Юр'ю ўзяць сабе авёс, калі той здолее забраць яго ў чорта. Чорт, каб запомніць назву сваёй ежы, ішоў і паўтараў: авёс, авёс, авёс. Раптоўна, знарок пакліканы Юр'ем, чорт злякаўся і забыўся слова. Юр'я ж падказаў яму, што гэта слова «асот». Так чорту дастаўся калючы асот, а Юр'ю — авёс і коні.

Такім чынам, з Юр'ем звязвалася шмат абрадаў і магічных дзеянняў, якія сведчаць пра старажытнае дахрысціянскае паходжанне гэтага вобраза. Генетычна вобраз святога звязаны з Ярылам — сонечным боствам вясновага адраджэння і ўрадлівасці зямлі. Свята Ярылы таксама было святам перамогі жыцця над смерцю, вясны над зімой. I ў гэтых сваіх функцыях Ярыла «зліваецца» ў народнай свядомасці са святым Юр'ем (Георгіем). Але ў Ярылы былі яшчэ і ваярскія функцыі. Падчас вайны залаты шчыт Ярылы неслі перад войскам, а ў народнай свядомасці ён уяўляўся вершнікам на белым кані з жытнёвымі каласамі ў адной руцэ і чалавечай галавой у другой. У юр'еўскіх песнях таксама падкрэсліваецца, што святы Юр'я «... будзе вас сабіраць і меччу галовы адсякаць ».

I хоць святога Юр'я час ад часу завуць святым Георгіем, яго не трэба блытаць з апошнім. Культ святога Георгія Пераможцы пайшоў з гістарычнага прататыпа, які рэальна нарадзіўся і жыў у III ст. н.э. у Кападокіі — вобласці ў Малой Азіі, што ўваходзіла ў тыя часы ў склад Рымскай імперыі. Юнаком ён пайшоў у войска і, зрабіўшы бліскучую кар'еру ваяра, дасягнуў высокага звання на службе ў рымскага імператара Дыяклітыяна. За прыняцце хрысціянскай веры Георгій быў закатаваны. Яго пакаралі смерцю ў Нікамедыі ў 303 г. ва ўзросце каля трыццаці годоў. Адным з самых вядомых пасмяротных цудаў святога Георгія з'яўляецца забойства ім Змея або Цмока, які патрабаваў сабе ў ахвяру штогод па дзяўчыне. Паводле легенды, калі было наканавана ісці на смерць царскай дачцэ, з'явіўся Георгій і наскрозь прабіў пачвару дзідай, выратаваўшы царэўну. Цяпер выява Георгія Пераможцы на кані, які забівае Цмока, упрыгожвае абразы, гербы, палацы і храмы па ўсім хрысціянскім свеце. У хрысціянскай культуры яго перамога над Цмокам стала сімвалам выратавання людзей хрысціянства ад паганства. Пра тое, што святы Георгій таксама замяніў сабою нейкае магутнае старажытнае боства, гавораць прыклады з сусветнай міфалогіі, дзе забойства хтанічных пачвар заўсёды здзяйсняюць багі-дэміургі, да прыкладу, Мардук, Ра, Апалон, Індра. Сюжэт змагання са Змеем ці Цмокам і выратавання дзяўчыны надзвычай старажыгны, ён прысутнічае ў былінным і казачным эпасах усіх народаў. Не выключэнне і беларусы, у нашых казках з трох-шасці-дванаццацігаловымі Змеямі змагаюцца такія багатыры, як Ілья Мурамец, Кірыла Кажамяка, Дабрыня Нікіціч, Алёша Паповіч, Пакацігарошак, Іскарка-парубак, Іван Падвей і інш.

3 прыняццем хрысціянства нашымі продкамі культ святога Георгія Пераможцы (76KB) Горка, Дзятлаўскі р-н, каменная камлыга на вяршыні Святой Гары. зліўся з культам Ярылы і трансфармаваўся ў культ святога Юр'я. На карысць такой гіпотэзы сведчыць і тое, што ў часы Сярэднявечча ў беларусаў таксама быў папулярны сюжэт балады пра Юр'я і паганага Цмока, які хацеў зжэрці прынесеную яму ў ахвяру каралеўну, але яго перамог Юр'я са сваім канём («Юрай з канём, конь з капытом»). Аднак балада не звязваецца з веснавым святам, яна болып вядомая як «паставая». З цягам часу, калі старажытнай дзяржаве — Вялікаму княству Літоўскаму — даводзілася абараняць сваю дзяржаву ад ворагаў, фальклорны вобраз героя-ваяра зрабіўся адным з самых любімых і шануемых для нашых продкаў. Сімвалічна незлічоныя заваёўнікі адпавядалі хтанічнай пачвары — магутнаму Цмоку, а родная краіна — прыўкраснай каралеўне, якую адважны ваяр выратоўвае. Нездарма святы Юр'я спрадвеку лічыцца апекуном Беларусі, у ягоны гонар маліліся ў шматлікіх сакральных мясцінах, у некаторых з іх яму ўзводзіліся храмы. Яго шанавалі вялікія князі і простыя ваяры, сяляне і рамеснікі. Таму выява ўзброенага ваяра-вершніка, якому ўласцівыя адвага, моц, недасяжныя для простых смяротных, знайшла сваё адлюстраванне ў старадаўнім гербе Вялікага княства Літоўскага — Пагоні. Яна сімвалізуе сабою абаронцу дзяржавы і прафесійнага вайскоўца-шляхціца, для якога любоў да айчыны і жанчыны былі абсалютнымі чыннікамі.

Ушанаванне гэтага святога дажыло і да нашага часу. Як адзначалася вышэй, у гонар святога Юр'я або Георгія ўзводзіліся як каталіцкія, так і праваслаўныя храмы. Юраўскія касцёлы ёсць у Варнянах Астравецкага, Восаве Навагрудскага, Паланечцы Баранавіцкага, Пяршаі Валожынскага раёнаў і ў іншых мясцінах. Праваслаўныя храмы знаходзяцца ў Альбе Івацэвіцкага, Будчы і Вялікіх Круговічах Ганцавіцкага, Вялікай Волі Дзятлаўскага і іншых раёнах. На свята Юр'я пры такіх храмах адбываюцца вялікія фэсты, ладзяцца кірмашы. Пры некаторых храмах (62KB) Горка, Дзятлаўскі р-н, святая крынічка пад Святой Гарой. захаваліся вясковыя святыні. Так, каля Віцебска на вяршыні Юр'евай гары была некалі царква пакутніка Георгія, пабудаваная ў пачатку XVIII ст., а пад гарою калодзеж з узведзенай над ім капліцай. Перад святам у храме абавязкова служылі ўсяночную, а на само свята — літургію і вячэрнюю малітву. Падчас фэсту каля храма ладзіўся вялікі кірмаш, куды з навакольных мястэчак і вёсак з'язджалася незлічоная колькасць людзей, і дзе можна было набыць вырабы рамеснікаў, прысмакі ад пекараў і шмат-шмат што іншае. У гэты дзень з царквы да крыніцы абавязкова праводзіўся хрэсны ход.

Са святым Юр'ем або Георгіем быў звязаны ўзгорак каля пасёлка Перавоз непадалёк ад вёскі Харытонаўка ў Капыльскім раёне. Паводле аднаго з паданняў пра (69KB) Жабін, Салігорскі р-н, драўляны крыж з абразом Святога Юр’і. ўзгорак, нейкаму хвораму чалавеку аб'явілася ў сне Божая Маці і параіла яму паставіць на гэтым узгорку крыж, пасля чаго ён абавязкова паправіцца. Так і адбылося. 3 тых часоў людзі пачалі ставіць тут крыжы, і неўзабаве на ўзвышшы ўтварылася прошча. Як сведчылі мясцовыя жыхары, крыжы тыя трэба было ставіць позна ўвечары, ці ўвогуле — ноччу. Прычым, крыжы абавязкова неслі на сабе. На пачатку XX ст. на ўзгорку налічвалася больш за тысячу драўляных і металічных крыжоў. Да іх прымацоўвалі вяночкі з палявых кветак, пасмачкі лёну, грошы, абразы. I больш за ўсё было абразоў з выявай святога Георгія, што сведчыла пра сувязь гэтай прошчы з культам дадзенага святога. За савецкім часам прошча неаднаразова знішчалася і адраджалася. У канцы 1945 года на ўзгорку ў брацкай магіле пахавалі мясцовых партызан, але большасць з іх сваякі потым перанеслі ў іншае месца. Падчас «перабудовы» на пяцікутную зорку з жоўтага жвіру, што знаходзіцца на самым версе ўзгорка, вяскоўцы паставілі пяць крыжоў — па крыжу ад кожнай з навакольных вёсак. Тымі самым узнавіўшы старадаўні звычай і спалучыўшы яго не толькі з хрысціянскім, але і савецкім. Няўміручая душа беларуская і яе прага да жыцця!

На свята Юр'я пакланяліся і пэўным камяням. Ёсць інфармацыя пра чатыры такія камяні. Так, у вёсцы Сімахі Драгічынскага раёна каля каменя збіраліся пастухі і ладзілі застолле. У вёсцы Горка Дзятлаўскага раёна пра агромністую каменную камлыгу з лазам на вяршыні вялізнай гары людзі і цяпер распавядаюць, быццам некалі падчас кірмашоў, што ладзіліся на свята Юр'я, праз лаз на кані праехаў Пётр Першы. Пад той гарой ёсць святая крыніца, да якой і сёння падчас юр'еўскага свята ад вясковай царквы ладзіцца хрэсны ход. Цікавы звычай, звязаны са святым і камянямі, існаваў да сярэдзіны XX ст. у вёсцы Ажурайці каля мястэч- ка Лынтупы на Пастаўшчыне. Святочнай раніцай чатыры дзяўчыны станавіліся на камень і, абняўшыся, гучна спявалі юр'еўскія песні, — так гучна, каб іх чулі ў суседніх вёсках. А за вёскай Жабін Салігорскага раёна, што знаходзіцца зусім непадалёк ад тэрыконавых саляных гор, сярод поля, пакрытага саляным пылам, захаваўся драўляны крыж з прымацаваным да яго абразом святога Георгія. Распавядаюць, што сюды яшчэ ў 50-я гады XX ст. на свята Юр'я сыходзілася шмат вернікаў, яны ладзілі тут дзіўны абрад: «апраналі» крыж у чалавечае адзенне, спецыяльна для яго пашытае, была нават адпаведная «шапачка». Прычым, старое адзенне здымалі, разрывалі яго на кавалачкі і забіралі з сабою як талісман. Сёння ў вёсцы амаль не засталося людзей, якія маглі б падрабязна распавесці пра гэта, — яна вымірае...

На жаль, адыходзяць і нашы звычаі, і нашы святыні. Але хочацца верыць, што памяць пра самага любімага і шануемага на Беларусі святога не знікне назаўсёды, а пераўтворыцца ў новы сімвал, які дасць нам сілы, волю і надалей будаваць нашу дзяржаву.

«...ЗА ІМ СВЯТЫ МІКОЛА...»

Мы ўжо прызвычаіліся да сучаснай казкі пра тое, што святы Мікалай жыве ў снежнай Лапландыі, якая знаходзіцца на поўначы Еўропы. Менавіта туды дзеці пасылаюць свае лісты. I святы прыязджае да іх ва ўсе гарады свету на санях, запрэжаных аленямі, і прывозіць шмат падарункаў. Прыгожая казка, але мала хто ведае з нас, што парэшткі святога Мікалая захоўваюцца ў паўднёвым горадзе на беразе Адрыятыкі, дзе растуць пальмы і дзе снег выпадае зрэдку. А за святочным навагоднім персанажам хаваецца жыццё рэальнага чалавека — Мікалая Мірлікійскага, які жыў у IV ст. н. э. у старажытным горадзе Міры Лікійскія і там жа былі пахаваны ягоныя мошчы. Сёння горад мае назву Дэмрэ і знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі. Калі сарацыны заваявалі горад, узнікла небяспека, што яны знішчаць парэшткі святога, і мошчы былі перанесены ў італьянскі горад Бары, дзе і знаходзяцца цяпер у кафедральным саборы.

Пасля смерці бацькоў Мікалай атрымаў вялікую спадчыну і стаў раздаваць яе бедным. Святаром ён стаў у даволі маладым узросце, але пры ўладзе імператара Дыклетыяна, калі хрысціянства ва ўсёй Рымскай імперыі пераследавалася, святы Мікалай быў арыштаваны і высланы. Калі ў 313 г. імператар Канстанцін зняў забарону на хрысціянства, святы Мікалай быў вызвалены і зноў выконваў абавязкі біскупа. Пазней ён узяў удзел у Нікейскім саборы, а на схіле свайго жыцця наведаў Папу Рымскага. Культ святога Мікалая, якога яшчэ клічуць Мікалаем Цудатворцам або Мікалаем Угоднікам, стаў адным з самых шанаваных на тэрыторыі Усходняй Рымскай імперыі, пазней Візантыі, дзе ён лічыўся абаронцам вернікаў ад няверуючых. Адсюль культ святога перайшоў на старажытна-рускія землі, і святы Мікалай зрабіўся ўлюбёным святым праваслаўнай царквы. У Заходняй Еўропе яго культ распаўсюджваецца толькі з VII ст., а ў XVII ст., дзякуючы галандскім перасяленцам, культ святога быў перанесены і ў сённяшні Нью-Йорк, які тады засялялі галандцы і называлі горад Новым Амстэрдамам. Цяпер царква ў Турцыі, у якой св. Мікалай чытаў свае казанні, ушаноўваецца як хрысціянамі, так і мусульманамі.

Хрысціянскія паданні сведчаць пра тое, што святы Мікалай зрабіў шмат добрых спраў: абараняў несправядліва асуджаных, ратаваў ад пагібелі маракоў і тых, хто не мог сам выбрацца з вады, дапамагаў галодным, уваскрашаў людзей. Аднак у гісторыю сусветнай культуры ён увайшоў перш за ўсё сваім знакамітым учынкам: дапамог грашыма сям'і, у якой было трое дзяўчат, а бацька збіраўся аддаць іх у блудніцы, каб уратаваць ад галоднай смерці. Даведаўшыся пра гэта, святы Мікалай ноччу непрыкметна падкінуў у хату грошы, якія і дапамаглі сям'і пазбегнуць непапраўнага ўчынку. З таго часу ва ўсім свеце ведаюць святога Мікалая як Санта Клауса, і распаўсюдзілася традыцыя класці пад навагоднія ёлкі падарункі дзецям.

Святы Мікалай адзін з найболын паважаных хрысціянскіх святых таксама і ў нашай краіне, і ў той жа час адзін з самых папулярных персанажаў беларускага фальклору. Як жа ён патрапіў да нас? Амаль на ўсёй Беларусі быў характэрны звычай завівання « бародкі Міколу », які паходзіць ад старажытнага павер'я пра завіванне барады Вялесу-Воласу — боству падземнага свету, жывёлагадоўлі і багацця. Гэтае боства, апроч іншага, апекавалася аграрнымі справамі, таму дбайны гаспадар заўсёды ў дар Вялесу пакідаў на полі некалькі каласкоў, якія называлі « Воласавай бародкай ». Пасля прыняцця хрысціянства адным з заменнікаў Вялеса на нашых землях зрабіўся Мікалай Мірлікійскі, празваны ў народзе святым Міколам. Культ яго быў пашыраны на Беларусі асабліва. Лічылася, што ён, апроч спрыяння земляробам, звязаны з зямнымі водамі, апякуецца жывёламі, пчалярствам. Існавала і пэўная сувязь паміж шанаваннем Міколы і мядзведжым культам, бо ў беларускім фальклоры адным з вобразаў Вялеса быў мядзведзь. Вядома, што амаль ва ўсіх усходніх славян, у тым ліку і ў нас, мядзведзя часам называюць чалавечымі імёнамі, адно з якіх — «брат Мікалай», або «пан Міка».

Згодна беларускаму культу ўшанавання святога Мікалая, ён па сваёй значнасці набліжаецца да ўшанавання самога Бога. У адной з легенд, запісанай на беларускім Палессі, гаворыцца, што «святы Мікола не толькі старэйшы за ўсіх святых, ды, мабыць, старшы над імі і, калі Бог памрэ, Мікола Цудатворны будзе багаваць як ніхто іншы». Таму можна без перабольшвання сцвярджаць, што ў сістэме народнага хрысціянства святы Мікалай успрымаўся не іначай як Уладар свету. Па дапамогу да яго звярталіся ў розных сітуацыях. Да прыкладу, калі нехта з зайздрасці хацеў нашкодзіць суседу, ён ішоў да чараўніка і прасіў яго, каб той на жытнім полі ненавісніка закруціў асаблівым чынам пучок зламаных сцяблін жыта або іншай збажыны і такім чынам сапсаваў ураджай. У выпадку выяўлення заломаў у жыце напярэдадні жніва гаспадар зачараванага поля не мог сам зняць тыя чары, а вымушаны быў шукаць або таго самага знахара, або новага. Знахар, які «адрабляў» залом, маліўся святому Мікалаю Цудатворцу: «Мікалаю Цудатворац і святы Божа! I памілуй нас ад худога, ад ліхога, ад злога. Мікалай святы па межах ходзіць да рож росціць па цёплых начах, па вутраніх зарах, а ліх чалавек па межах хадзіў да залом ламіў па цёплых начах, па халодных росах. А пашлі яму, Божа, на смерць, на балесць, а на куту ляжаць; яму хлеба ня з'есці, вады ня піць, а ў магіле быць, а рабе (назваць імя) здаровай быць, Мікалаю святому малебен служыць. Амінь».

Паўсюль у фальклоры святы Мікола выступае як апякун земляроба, клапоціцца пра ўраджай, хоць часам можа быць і помслівым. Ён аглядае пасевы і папраўляе іх пасля зімы. Свята ў гонар Міколы адзначалі двойчы: вясновы або летні (цёплы) Мікалай, які святкаваўся толькі праваслаўнымі 22 мая, і зімовы — адзначаўся католікамі і праваслаўнымі 6/19 снежня. Менавіта ён выступае пачынальнікам сапраўднай зімы: «Да Міколы няма зімы ніколі». I Мікола зімовы, і Мікола летні як бы адкрывалі кожны свой сезон: «Мікола — сапраўдная зіма, Мікола— сапраўднае лета». Ды зноў жа надвор'е, якое год на год не прыпадала, уносіла папраўкі ў народныя назіранні, і часам казалі: «Ніводнаму Міколу не вер ніколі». Затрымка зімы на Міколу была знакам, што маразы прыйдуць няскора і наогул уся зіма будзе бяспутная.

Сярод усходніх славян вядомы ўяўленні пра Міколу Дуплянскага, які жыве ў дупле ў лесе, апякуецца паляваннем і сябруе з Лесуном. Менавіта на Міколу жанчыны збіралі першыя лекавыя травы вясны, запарвалі іх і мыліся гэтым узварам, надаючы асаблівую ўвагу дзетародным органам, каб лёгка склаліся роды. Відаць, якраз гэтае светапогляднае ўяўленне і стала перадумовай узнікнення ў замовах матыву «Мікольскай травы», а таксама міфалагічнай сентэнцыі: «На вешняга Міколу і варона ў рунь хаваецца». Вадой, прыгатаванай на Мікольскіх зёлках, лячылі ад спуду і «падзіву», нагаворваючы яе словамі: «Ідзе Гасподзь, за ім айцец Мікола, за ім спуд, на сямі межах зелле рвалі, рабе Божай (імя) пудзіў выгаворвалі. Ліст апаў, спуд прапаў».

Як гаварылася вышэй, святы Мікалай ад першых гадоў хрысціянізацыі Беларусі — адзін з самых шанаваных святых. Так, у канцы XVI ст. у беларускім праваслаўным набажэнстве важнейшае месца займалі малітвы да Божай Маці і святога Мікалая. Абразы гэтага святога былі ва ўсіх дамах, яму ж маліліся і за памерлых. Сярод царкоўных знаходак археолагаў ёсць каменныя разьбяныя абразкі з яго выявай у Наваградку, якія датуюцца XII ст., Мінску — XIII ст., Тураве — XV—XVI стст. У гонар святога Мікалая былі асвечаны першыя ў Вільні хрысціянскія храмы: каталіцкі касцёл і праваслаўная царква, заснаваныя ў XIV ст. У міжваенны перыяд менавіта каля гэтага віленскага касцёла групаваліся нацыянальна свядомыя беларусы-католікі. Мікалаеўская царква ў Вільні звязана з важнай падзеяй у беларускай гісторыі: яна была нанова пабудавана каля 1514 г. Канстанцінам Астрожскім у памяць перамогі ў бітве пад Оршай. Святому з Міроў Лікійскіх прысвечаны старажытныя касцёлы ў Свіры (1454 г.) і Геранёнах (1529 г.), а таксама Радзівілаўскі касцёл у Міры (1599—1605гг.). Мікалаеўскія манастыры здаўна існавалі ў Полацку і Магілёве. Царкоўная унія 1596 г. заключалася ў Брэсцкай кафедральнай царкве св. Мікалая.

Імя святога захавалася нават у тапонімах. Так, на Уздзеншчыне ёсць вёска (76KB) Целякава-Міколка, Уздзенскі р., Крыж каля святой крыніцы. Міколка, дзе яшчэ на пачатку XX ст. шанаваўся асабліва распаўсюджаны культ святога Мікалая. Некалі тут была уніяцкая Мікалаеўская царква, каля яе рос магутны святы дуб, стаяў вялікі драўляны крыж, а за вёскай знаходзілася святая крыніца. Дарэчы, яна захавалася і да сёння. Напярэдадні вясновага Міколы і ў само свята сюды з'язджалася мноства людзей, яны палілі ў лесе вогнішчы, танцавалі, спявалі песні, усе разам ішлі ў царкву, складалі там ахвяраванні. Завяршалася свята хрэсным ходам ад святой крыніцы, дзе святар асвячаў ваду, да храма. У царкве адбываўся малебен у гонар святога Мікалая.

У 1886 г. вядомы навуковец Мікалай Янчук, вандруючы са Слуцка ў мястэчка Грозаў, убачыў камень-следавік. Мясцовыя жыхары распавялі яму, што «слядок на камені пакінуў святы Мікалай». У наш час экспедыцыя «Явара» знайшла гэты камень. Цяпер ён ляжыць на ўскрайку вёскі Маяк (былая Дзюдзелева). Па расповедах мясцовай 90-гадовай жынчыны, раней камень ляжаў на скрыжаванні дарог паміж вёскамі Дзюдзелева і Мусічы, а побач стаяў драў- ляны крыж. У самае вялікае паглыбленне на камені вернікі на свята Мікалая складалі грошы, каласкі, скібкі хлеба...

Дарэчы, як кажа паданне, святы Мікалай пакінуў след на камені, калі ішоў у царкву паказваць цуды — рабіць людзям дабро. У паданнях пра цуды святога Мікалая, распаўсюджаных па ўсім свеце, цвёрда гучыць думка, вельмі важная для ўсіх нас: дабро павінна здзяйсняцца не за ўзнагароды, не для задавальнення асабістага самалюбства, а з сапраўднай любові да блізкіх, і лепш за ўсё здзяйсняць яго ананімна, самому застаючыся непрыкметным і невядомым.

Як мы казалі, у сістэме народнага хрысціянства Святы Мікалай успрымаўся не іначай, як Уладар свету. У беларускіх казках і паданнях менавіты ён сустракае душы людзей на тым свеце. Яшчэ да канца ХІХ стагоддзя ў рукі памерлым клалі невялікі кавалак паперы – “ліст да Святога Мікалая”, дзе пералічвалі добрыя якасці нябожчыка і просьбы пра заступніцтва перад Богам. Цікавае павер’е існуе на Кіеўшчыне, дзе больш ушаноўвалі Святога Юр’я. Калі хавалі памерлых, казалі: “Як приідемо на Тоі Світ, то за москалів будэ Микола, а за нас Юрій. То як іде москаль, Микола кажэ “Мій”, -- тай бэрэ собі, а як наш, то Юрій собі бэрэ”. Павер’е існуе яшчэ з тых часоў, калі гэтыя землі Украіны ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, а беларусы з украінцамі былі адзінай нацыяй – ліцвінамі, жыхары ж Маскоўскага княства называліся “маскалямі”. Сёння ў Беларусі таксама дзе-нідзе захаваўся культ Святога Юр’я, пераемніка іншага боства, варожага Вялесу. Але пра гэта ў асобнай гаворцы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX