Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Скарбы, абмытыя хвалямі


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 27-06-2011,
Крыніца: Маладосць № 4 за 2009 год.



Нашу краіну вельмі часта называюць азёрным краем. І нездарма: апроч 20 тысяч рэк і крыніц густы зялёны дыван беларускай зямлі ўпрыгожваюць 11 тысяч азёр. Быццам блакітныя вочы глядзяць яны з надзеяй і спадзяваннем на лепшую долю ў нябесныя прасторы. З гэтай нагоды Беларусь завуць яшчэ і сінявокай. Амаль у кожнага возера ёсць свае легенды, паданні, якія прайшлі праз тысячыгоддзі нашай гісторыі і з'яўляюцца нацыянальным скарбам Бацькаўшчыны. Яны захавалі ў сабе непаўторнае светабачанне і ўсведамленне нашым наодам свайго месца ў Сусвеце. Яны натхнялі нашых песняроў на стварэнне адметных твораў. Памятаеце караткевічаўскія «Званы ў прадоннях азёр»:

Кажуць балады Палесся,
Што ў даўнія злыя гады
У правалах танулі замкі,
Цэрквы і гарады.
Азёры ўставалі над шпілямі,
Палі заліваў разліў,
І рыбкі ў байніцах вежаў
Сотняй вясёлак плылі.
Але кажуць дасюль, што ў прадоннях,
Над якімі бяжыць чарот,
Жывы ў гарадах падводных
Стары палескі народ.
Жывыя яго паданні,
і песня, і мовы строй
У недасяжных глыбінях,
Пад сіняй азёрнай вадой...

Азёры над шпілямі вежаў

Ледзь не ў кожным раёне Беларусі знойдзецца возера, якое мясцовыя жыхары назавуць «Святым». А на картах тыя ж самыя азёры пазначаны іншымі, савецкімі назвамі, накшталт, Добрае, Светлае, Сасновае, Асіновае, Камсамольскае... У 1920-1930-я гады, змагаючыся з рэлігіяй і спрабуючы знішчыць народную памяць, такія назвы найчасцей давалі азёрам ваяўнічыя атэісты. У краязнаўчай жа літаратуры ХІХ-ХХ стст. і ў пісьмовых крыніцах згадваецца вялікая колькасць азёраў са старадаўнімі назвамі, утворанымі ад слова «святы» - Святое Азярко, Свяціца, Святазер'е, Святцэ, Свята-Гошч і г. д. Так, вялікае Выганаўскае возера на Заходнім Палессі ў ХІХ ст. называлі Свяціцкае. А каля в. Заазер'е ў Сеннінскім раёне раней былі азёры: Вялікае Святое і Малое Святое. Пасля правядзення меліярацыйных работ на месцы Малога Святога возера ўтварылася балота. Азёры пад назвай «Святое» існуюць у наш час каля в. Баравыя Чашніцкага, Дубна Слаўгарадскага, Зарэчча Касцюковіцкага, Шапялевічы Круглянскага раёнаў і інш. Лічыцца, што вада з такіх азёр валодае лекавай сілай, асабліва па пэўных каляндарных святах.

(79KB) Святое возера каля вёскі Дубяні Барысаўскага р-на.

Святым заўсёды лічылі і возера Свіцязь, пра якое захавалася шмат паданняў. Адно з іх расказвае пра старажытны горад Свіцязь, што стаяў на месцы сённяшняга возера. «Князь - уладар горада, быў у саюзе з навагрудскім князем Міндоўгам. Аднойчы на Навагрудак напаў рускі цар, і князь адразу прыйшоў на дапамогу свайму саюзніку. У горадзе засталіся толькі жанчыны, старыя і дзеці. Сярод іх была і дачка князя. Войскі навагрудскага і свіцязянскага князёў былі разбіты, і рускі цар падышоў да брамы горада Свіцязі. Тады раптам перад дачкой князя з'явіўся дух і сказаў, што не дазволіць ворагу ўвайсці ў горад. І, каб гэтага не здарылася, і людзі не патрапілі ў палон, дух ператворыць горад у возера, а людзей у кветкі».

Апроч сюжэта пра затанулы горад Свіцязь, на Беларусі шырока распаўсюджаны падобныя расповяды і пра іншыя гарады. Так, на месцы возера Ула ў Вілейскім раёне нібыта стаяў горад, які па нейкай прычыне праваліўся пад зямлю. На месцы возера Крывое на Лепельшчыне некалі быў горад Яга, які быццам бы затануў у невялічкім лясным возеры. Каля вёскі Калюга Капыльскага раёна на былым возеры калісьці вельмі даўно час ад часу ўсплывалі на паверхню царкоўныя царскія вароты. А ў вёсцы Пярэжыр Пухавіцкага раёна, паводле падання, на месцы возера быў горад Жыр, частка якога раптоўна правалілася, а з рэшткаў ўтварылася вёска Пярэжыр.

Для азёр з назвамі «Святое» характэрны шырока распаўсюджаныя па ўсёй Беларусі амаль біблейскія паданні, дзе абавязковым галоўным персанажам з'яўляецца сам Бог або Ісус Хрыстос. Яны ходзяць па нашай зямлі ў выглядзе старцаў - жабракоў. Так распавядаецца, да прыкладу, у паданнях пра азёры ў вёсках Дубяні Барысаўскага, Галошава Талачынскага, Вялікая Крушынаўка Рагачоўскага раёнаў... Звычайна старац завітвае ўвечары ў кожнаю хату і просіцца на начлег, але ніхто з вяскоўцаў не пускае яго да сябе. І толькі адна бедная ўдава з малым дае яму прытулак. Раніцай стары загадвае жанчыне збірацца і ісці з ім прэч з вёскі, і ні ў якім разе не азірацца. Жанчына бярэ дзіця на рукі і рушыць за старым. Калі яны выходзяць за вёску, раптам ззаду чуецца неверагодны грукат і лямант. Жанчына не вытрымлівае і азіраецца. І тут жа яе родная вёска знікае пад зямлёю, а на яе месцы ўтвараецца возера.

На берагах святых азёр краязнаўцамі і навукоўцамі зафіксаваны і розныя сакральныя аб'екты. Так, каля Святога возера паблізу вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёна археолагамі раскапаны рэшткі язычніцкага свяцілішча канца Х ст.; каля возера Святцэ непадалёк ад вёскі Юр'ева ў Смалявіцкім раёне некалі стаяў язычніцкі ідал; на беразе возера Святое каля Браслава была Святая Гара; каля в. Нічыпаровічы Шклоўскага раёна - курганны могільнік. А святасць свайго возера жыхары вёскі Стралкі Верхнядзвінскага раёна тлумачаць тым, што некалі на яго месцы рос лес, які таксама звалі Святым, і які таксама праваліўся. Цікава, што і тут на беразе возера, вада якога лічыцца лекавай, апроч іншага знаходзіцца яшчэ Святая Гара са Святой крыніцай унізе. Як бачым, такая колькасць сакральных аб'ектаў вакол некаторых святых азёр, дазваляе зрабіць высновы, што ў дахрысціянскія часы гэтыя аб'екты і азёры мелі надзвычайны культавы статус.

Паселішчы і храмы, што праваліліся

Шмат з якімі азёрамі, што завуцца «Святое», звязаны паданні пра зніклы, правалены храм. У вёсцы Гарожа Асіповіцкага раёна гаварылі, нібыта, «некалі падчас службы правалілася царква, хлынула вада і заліла навакольныя землі ажно на 12 вёрст. На Вялікдзень з возера гучаць званы, а бывае, што на паверхню выплываюць царскія вароты, або выходзіць крыж ад купала». У шмат якіх месцах Беларусі да гэтага аповяда дадаюць яшчэ адну дэталь: калі кінуць ў ваду камень, то можна пачуць як ён грукне аб вежу храма, а падчас такіх святаў, як Вяліклдзень або Тройца, з-пад вады можна пачуць гукі царкоўных званоў. Пра Святое возера ў Капланцах Бярэзінскага раёна занатавана паданне пра тое, як нейкія прыхадні зрабілі з царквы стайню, таму яна і патанула.

(103KB) Возера Бязодніца каля в. Бязоднніца, Дзяржынскі р-н.

Сюжэты паданняў, якія распавядаюць, што раней на месцы возера былі храмы, вёскі, гарады і г. д. даволі распаўсюджаныя і характэрныя не толькі для азёр пад назвай «Святыя», але і для азёр з іншымі назвамі. Да прыкладу, з назвай «Бяздоннае» або «Бязоднніца». Так, пра возера Бяздоннае ў Слонімскім раёне расказваюць паданне, якое тлумачыць паходжанне шматлікіх камянёў на ягоным беразе. Сюжэт тыповага для беларускай прасторы падання, дзе галоўным героем з'яўляецца сам Бог, мы распавядалі трохі вышэй. У дадзеным расповядзе Усявышні таксама раззлаваўся на сквапных вяскоўцаў і вырашыў пакараць усіх, апроч жанчыны, якая накарміла яго, дала прытулак і нават паклала ў яго жабрачую торбу кавалак хлеба ў дарогу. Як звычайна ў такіх паданнях, Бог загадаў ісці разам з ім прэч з і не азірацца. Калі жабрак з жанчынай выйшлі з паселішча, ззаду пачуліся дзіўныя гукі, жанчына, вядома ж не вытрымала і азірнулася. На месцы вёскі яна ўбачыла возера, а сама за непаслушэнства ператварылася ў камень. Усіх астатніх жыхароў вёскі Бог таксама ператварыў у камяні і раскідаў на бліжэйшай гары.

(71KB) Малы Азярэцк. Возера Азярэцкае.

Правальваюцца пад зямлю не толькі гарады, вёскі, цэрквы і касцёлы. На Вілейшчыне ў сярэдзіне ХІХ ст. расказвалі, што каля дарогі з мястэчка Рэчкі ў фальварак Орпы калісьці стаяла карчма. Аднойчы на Ўсяночную перад Святой Нядзеляй замест таго, каб ісці ў храм, людзі сабраліся на пагулянку ў карчму. Не сцярпеўшы такога святатацтва, зямля разыйшлася і паглынула карчму разам з людзьмі, а на яе месцы разлілася вада.

Часта ў падобных паданнях падкрэсліваецца, што вёска правальваецца разам з храмам. У пачатку ХІХ ст. на Навагрудчыне расказвалі, нібыта некалі на месцы святога возера была вёска Навасёлкі, якая правалілася разам з усімі жыхарамі. Гэта здарылася ў нядзелю перад апоўднем, напрыканцы імшы, калі людзі былі ў касцёле. Уратаваліся толькі дзве дзяўчыны, якія збіралі ў лесе ягады. Каля в. Паганцы Светлагорскага раёна ёсць Сіняе або Мёртвае возера. Паводле падання, яно ўтварылася на месцы патанулайй вёскі. Разам з вёскай правалілася і царква, ад вежы якой у вадзе нібыта бачны крыж. Паданне, звязанае з царквой, што праваліліся, ёсць і пра возера Омх каля Кажан-Гарадка ў Лунінецкім раёне. А ў Грэску на Случчыне некалі «швед здзекваўся з царквы». За гэта Бог зрабіў так, што цэркаўка разам са шведамі затанула ў возеры. Каля Чэрвеня ў возеры Дзікім «царкву ў возеры патапіў волат».

На нашу думку, не выпадкова, што большасць святых азёр і капішчаў на іх берагах вылучаюцца маленькімі памерамі і акруглымі формамі. Круг, як міфалагічны сімвал, у традыцыі нашых продкаў заўсёды адлюстроўваў цыклічнасць часу і своеасаблівую ўпарадкаванасць беларускага сусвету, выступаў як мяжа замкнёнай, ахоўваемай прасторы, аддзяляў свет людзей ад свету памерлых. І таму, відаць, ў міфапаэтычнай традыцыі святое возера ўспрымалася як вока, або акно з іншасвету і канал камунікацыі з ім. Вядома, што шэраг беларускіх азёр, як правіла лясных і забалочаных, лічацца топкіпі ці ўвогуле бяздоннымі і маюць адпаведныя назвы: Акно , Акенца на Полаччыне, Вокнішча ў Гарадоцкім раёне, Чортава вока на Браслаўшчыне і д.п. Што тычыцца апошняй назвы, катэгорыя сакральнасці тут не заўсёды адпавядае катэгорыі свяшчэннага, і аб'ектам сакральнай геаграфіі ў роўнай ступені могуць з'яўляцца як Святое, так і Чортавае возера. Таму у нас, відаць, шэраг азёр носяць назвы, звязаныя з чортам - Чортава возера, Чортава Вока, Чортава акно. Як правіла, у такіх паданнях і павер'ях вобраз чорта з'яўляецца персаніфікацыяй старажытнага язычніцкага боства. Вада з такіх азёраў традыцыйна лічыцца лекавай, і па глыбокім народным перакананні дапамагае ад хвароб вачэй.

Багацце назваў і паданняў.

Пра самае вялікае возера Беларусі Нарач таксама існуе безліч паданняў. Расказваюць, што з даўніх часоў Нарачанскі край славіўся сваімі чараўнікамі. Неяк адна з чараўніц, каб пазбегнуць лютай расправы, уцякала ад пагоні. Яе дагналі якраз на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца возера, а раней было балота. Зразумеўшы, што ёй не выратавацца, яна прамовіла нейкія магічныя словы, у выніку чаго на месцы балота ўтварылася возера, вада якога паглынула ўсіх людзей, у тым ліку і саму чарадзейку.

Існуе і паданне, звязанае з імем дзяўчыны Нейрыта (Нара), яно тлумачыць паходжанне возера па-свойму. Нара добра спявала і грала на гуслях. Пан, стары ўдавец, паквапіўся на прыгажосць дзяўчыны і вырашыў сілком узяць яе за жонку. Жаніх Нары - вясковы хлопец Андрэйка, вырашыў заступіцца за любую. Пан загадаў схапіць адважнага хлопца і адвезці ў свой маёнтак. З таго часу Андрэйку ніхто не бачыў. Пазбавіўшыся ад суперніка, падступны пан паехаў сватацца. Дзяўчына зрабіла выгляд, нібыта яна згодная. Яе завялі ў панскія пакоі і прыбралі да шлюбу. Але, перш чым ісці ў царкву, яна папрасіла, каб яе пакінулі на некаторы час адну. Калі пан выйшаў, яна хуценька падпаліла пакой і выскачыла праз вакно. На панскай фурманцы Нара пад'ехала да старога клёна за вёскай каля возера - туды, дзе неаднойчы сустракалася з Андрэйкам, і горка заплакала. У хуткім часе паказаліся панскія слугі, якія імкліва набліжаліся да дзяўчыны. Яна крыкнула ім, што жывой яе не возьмуць і, не марудзячы, скочыла ў човен, які імгненна знік у хвалях. З таго часу возера атрымала назву ад імя гэтай смелай і прыгожай дзяўчыны.

Другое вялізнае возера Беларусі - Чырвонае або Князь-возера, у дакументах XVI-XVII стст. называецца як Жыцкае або Жыценскае возера, а ў краязнаўчай літаратуры ХІХ ст. ужо як Жыд-возера. У народзе расказваюць, што адзін з князёў (Радзівіл Вітгенштейн або Ягелон) закахаўся ў габрэйку, дачку мясцовага карчмара, і пабудаваў для яе на выспе пасярод возера замак. На будаўніцтве замка працавала шматлюдная Случчына. Але, калі вясення паводка заліла наваколле, амаль усё ўшчэнт было разбурана. Другое паданне пра гэта возера гаворыць, як уXVIIст. манахі Вісарыён і Палікарп заснавалі на беразе возера скіт, а пазней тут з'явілася і царква. Паводле трэцяга падання, адзін са слуцкіх князёў Алелькавічаў узненавідзеў малодшага брата і замкнуў яго ў замку на выспе пасярэдзіне возера. Падчас паводкі вада разбурыла замак, а пад яго развалінамі загінуў князь-нявольнік.

Дарэчы, па ўсёй Беларусі сустракаюцца невялікія азёры пад назвамі тыпу Князь, Княжынка, Княгінка або Княжае. Да прыкладу, пра возера Княжынка каля в. Бабруйшчына Глыбоцкага раёна расказваюць, што некалі на яго беразе жыў князь, які аднойчы зусім п'яны вяртаўся дахааты і па сваёй неасцярожнасці патануў разам з коньмі.

Каля в. Дабрыно Дубровенскага раёна знаходзіцца даволі вялікае возера, на беразе якога месцяцца тры курганы. Кажуць, што калісьці там жыў Змей-Волат, які патрабаваў, каб штодзень яму прыносілі ў ахвяру жывёл і людзей. Адважныя людзі змагаліся з ім, але ніяк не маглі адолець. Неўзабаве з'явіўся асілак, які забіў змея і рассёк яго на тры часткі: галаву, тулава і хвост. Кожную частку ён закапаў у асобны курган.

(95KB) Чортава вока каля в. Рацюнкі на Браслаўшчыне.

Каля Полацка існавала возера пад назвай Валовае. Паводле падання ў дахрысціянскія часы на беразе знаходзілася капішча Перуна і Бабы-Ягі.

На Глыбоччыне паміж вёскамі: Зубцы, Зарубчыкі і Залессе даволі вялікае возера. Старажытнае паданне распавядае, што некалі на ягоным беразе, на гары стаяў драўляны замак, у якім жыла прыгажуня-князёўна. Падчас адной з войнаў, ворагі падпалілі замак. Князёўна запрэгла шасцёрку коней у павозку са званочкамі, разагналася і скрозь агонь і шэрагі ворагаў шыбанула з гары проста ў возера. Штогод, калі надыходзіць дзень, у які адбыўся пажар, тутэйшыя жыхары чуюць з глыбіняў возера тупат конскіх капытоў і меладычныя гукі званочкаў. Тады людзі кажуць, што гэта княжна шасцярыком раз'язджае пад вадой.

Сустракаюцца і такія назвы азёр, як Дзевіна, Дзявіцы або Дзявічае. Да прыкладу, возера Дзевіна ёсць каля в. Сімахі Аршанскага раёна, на яго беразе знаходзіцца курганны могільнік і невялікі ўзгорак, дзе пабудавана царква. Возера Дзявіча існуе каля вёсак Камень і Парэчча Лепельскага раёна. Паводле падання, некалі на Вадохрышча праз возера па лёдзе ішлі дзевяць дзевак, і дзве з іх праваліліся. На думку шматлікіх сучасных навукоўцаў, нашы тапонімы, утвораныя ад слова «Дзева» з'яўляюцца адгалоскам імя старажытнай індыйскай багіні Devi. А яе культ у сваю чаргу паходзіць ад распаўсюджанага ва ўсім індаеўрапейскім свеце ушанавання Багіні-Маці, адна з іпастасяў якой была Багіня-Дзева. І, хутчэй за ўсё, на азёрах з падобнымі назвамі, некалі існавалі свяцілішчы, дзе адбываліся таямнічыя абрады ў гонар Вялікай Багіні.

Таму, відаць, шмат дзе ў паданнях пра святыя азёры галоўным дзеючым персанажам з'яўляецца жанчына, па віне якой і ўтвараецца вадаём. На Лепельшчыне лічаць, што возера Тэкліца атрымала сваю назву ад таго, што быццам у ім утапілася панская дачка Тэкля. Каля в. Ідуты на Ушаччыне ёсць возера Паладзіна, якое лічыцца бяздонным. У ХІХ ст. пра возера было запісана паданне, згодна якому, нейкая радавітая дама Паладдзя раззлавалася на сына Сліву і забіла яго абцасам. Але, праехаўшы ад гэтага месца на дзве вярсты, сама разам са сваім экіпажам правалілася ў бездань, дзе потым і ўтварылася возера.

Апроч таго, шматлікія назвы азёраў захавалі ў сабе адгалоскі часоў язычніцтва. На Аршаншчыне зафіксавана назвы Купелішча, Перыца. На Вілейшчыне каля старой дарогі з Касцяневіч у Арлу ёсць азярцо Паганаўка ці Паганішча. Паводле падання, ў возеры патанула вяселле. Пра возера Ольжанка каля Друі на Браслаўшчыне паданне расказвае, што ў ім княгіня Вольга хрысціла людзей. Сустракаюцца і такія назвы азёр, як Ігрышча, Лысае, Тур, Багушэўка, Балваны, Валовае, Гуслішча, Дзедава, Бабіна, Крэсцішча, Царкавішча, Янава і інш.

Існуе шмат азёр з назвамі Белае і Чорнае, Сіняе і Чырвонае. Часта Белае і Чорнае азёры знаходзяцца побач. Да прыкладу, такія парныя азёры ёсць каля мястэчка Здзітава паблізу вялікага Спораўскага возера на Заходнім Палессі, на Слонімшчыне, каля Брэста. У Чашніцкім раёне два азяркі маюць назвы Малое Чорнае возера або Чортава і Вялікае Чорнае возера або Стражавіцкае.

Сіні ж колер у назвах азёр яшчэ са старажытных часоў і амаль ва ўсіх міфалогіях звязваецца з архаічнымі ўяўленнямі пра замагільны свет, з культам продкаў і хтанічнымі боствамі, сімвалізуе сабою месца збору злыдухаў. Сінія азёры знаходзяцца каля вёсцы Паганцы Светлагорскага раёна, на Чэрвеншчыне, каля вёскі Крынкі Свіслацкага раёна. Пра возера каля Крынак паданне расказвае, быццам некалі ў замку жыў граф, у якога была дачка. Граф хацеў выдаць яе замуж за старога князя, а яна кахала маладога конюха, які рабіў на бацькавай стайні. Закаханыя дамовіліся збегчы. Пра гэта ведала толькі служанка, яна і расказала ўсё маці дзяўчыны. Трагедыя здарылася ў 12 гадзін ночы, калі маладыя пакінулі замак. У гэты момант маці пракляла сваю дачку і яе каханага, і тут жа замак праваліўся скрозь зямлю, а на яго месцы ўтварылася возера. З тых часоў кожнай ноччу ў 12 гадзін на возеры з'яўляюцца два чорных лебедзі, але плывуць яны не побач, а па крузе, і ўсё ніяк не могуць наблізіцца адзін да аднаго з-за матчынага пракляцця.

Да дзiвосных краявiдаў, якiмi славіцца Браслаў, можна дадаць яшчэ і дзiвосныя паданнi, звязаныя амаль з кожным возерам. Як, напрыклад, легенда пра ўзнiкненне азёраў Дрывяты, Навяты i Снуды, што вакол Браслава, ды i самога горада. Яна распавядае пра трох братоў Браса, Нова i Снуда, якiя кахалi князёўну Дрыву. Капрызлтвая паненка заявiла, што выйдзе замуж за самага моцнага з братоў. Самы дужы з iх быў Брас, таму малодшыя вырашылi забiць яго. Але памылiлiся - забiлi слугу. Самi ж, не ведаючы пра памылку, пачалi двухбой - жывым павiнен быў застацца толькi адзiн, Дрыва не змянiла сваёй умовы. Урэшце браты забiлi адно аднаго, князёўна з раскаяння кiнулася ў возера, а цудам выратаваны Брас заснаваў горад i назваў яго сваiм iменем. Таму азёры вакол паселiшча атрымалi назвы ў памяць яго няшчасных братоў ды прыгажунi, якая давяла iх да смерцi...

Жывая традыцыя

Пакланенне святым азёрам дажыло і да нашага часу. Так, увагу даследчыкаў з этна-гістарычнага цэнтру «Явар» даўно вабіла святое возера пад назвай Хіцімля. Возера, якое знаходзіцца каля вёскі Шапялевічы ў Круглянскім раёне, называюць яшчэ Хацімля, Хатомель, Святое. Менавіта яго яшчэ ў 20-я гады ХХ ст. згадваў Аркадзь Смоліч у сваёй «Геаграфіі Беларусі» і падкрэсліваў, што вада з возера дапамагае ад хвароб скуры. У сярэдзіне 90-х гадоў таго ж стагоддзя ў лесе каля возера быў знойдзены каменны крыж архаічнай формы. Да даследчыкаў даходзілі чуткі, што мясцовыя жыхары кожную купальскую ноч пускаюць ў азёрную ваду невялікія драўляныя крыжы, а 7 ліпеня, на дзень святога Яна, або Іаана Хрысціцеля, на возеры адбываюцца фэсты.

Пасля наведвання возера і распыту мясцовых жыхароў высветлілася: раней каля возера стаяла каплічка, каля яе біла крынічка, людзі прыходзілі сюды маліцца і кідалі ў ваду манеты. І ў нашыя дні штогод у ліпеньскія святы сюды з'язджаюцца людзі з наваколля за 20-30 кіламетраў. Прыязджаюць яны сем'ямі, каб убачыць далёкіх сваякоў і знакомых з іншых вёсак і, каб па традыцыі продкаў правесці разам з імі купальскую ноч. Тады ў навакольным лесе, што акаляе невялічкае возера акруглай формы, робіцца людна і шумна. Паўсюль паркуюцца розныя транспартныя сродкі, аўтамабілі, матацыклы і калёсы, запрэжаныя коньмі. Па-святочнаму апранутыя прыезджыя ставяць каля возера намёты, ладзяць абеды і сняданкі на спецыяльна для гэтага змайстраваных драўляных сталах і лавах. Многія з іх купаюцца, а некаторыя проста стаяць на мастках, што спукаюцца з топкага берага ў возера, і акунаюць ў ваду дзяцей і нават хатніх сабачак. Усе чакаюць прыезду святара, які штогод ў гэты дзень вядзе тут набажэнства і асвячае возера, апускаючы туды крыж. Пасля асвячэння вады старыя жанчыны кідаюць у ваду кветкі, абрываюць лісточкі са шматлікіх маленькіх дубкоў вакол возера, таксама акунаюць іх у ваду і потым нясуць дахаты, дзе кладуць за абразы. Гэтае лісце лічыцца такім жа святым, як і вада са Святога возера і ахоўвае ад розных няшчасцяў і хвароб.

Сёння незвычайныя расповяды можна пачуць і пра іншыя святыя азёры. Так, жыхары Чэрыкаўскага раёна ўпэўнены, што з іх возера Светазер'я ў святочныя дні на паверхню вады падымаюцца крыжы. А са Святога возера каля Мсціслаўля падчас свята, нібыта, падымаюцца нават вежы затанулых некалі храмаў і чуюцца гукі званоў і храмавых спеваў.


З усяго вышэй сказанага вынікае бясспрэчны факт: дзякуючы веры дзядоў і прадзедаў, мы маем жывую і непаўторную традыцыю, якая дае нам права быць гаспадарамі на сваёй зямлі, любіць і шанаваць нашу мову, культуру і звычаі. Шлях спасціжэння саміх сябе вельмі няпросты і вымагае ад нас пэўных высілкаў і напружання, але ён варты светлай памяці продкаў. Яны зноў і зноў прамаўляюць да нас словамі вялікага песняра - Уладзіміра Караткевіча:

...Але мы зберагаем Сэрца.
Але нашы й вашы грахі
Выкупляем мы ў прорвах азёраў,
Як калісьці ў пажарах ліхіх.
Прыйдзіце. І словамі продкаў
Вады ўскалыхніце свінец,
Каб ведаць, што вы - жывыя,
Што мы недарэмна - на дне.
Што недарэмна чакаем,
Калі на паверхню зямлі
Узрынуць, амытыя хвалямі,
Белых званіц караблі...
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX