Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Калі бог і божая маці хадзілі па зямлі 


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 02-07-2011,
Крыніца: Маладосць № 5 за 2009 год.



Амаль ва ўсіх раёнах Беларусі, асабліва ў паўночных і цэнтральных, сустракаюцца каменныя крыжы, высечаныя з ледавіковых валуноў. Каменныя крыжы гэта не толькі святыні, але і помнікі археалогіі, гісторыі, палеаграфіі, мастацтва і духоўнай культуры. Падобныя крыжы вядомыя па ўсёй Еўропе. Шмат іх у Чэхіі, Польшчы, Англіі, на Пскоўшчыне. І нягледзячы на тое, што ў савецкія часы падчас змагання з рэлігіяй шмат каменных крыжоў на Беларусі было знішчана, мы ўсё роўна на першым месцы па іх колькасці.

Што для беларуса азначае гэты сімвал, мы і паспрабуем высветліць на некалькіх прыкладах.

Згодна са старадаўнімі індаеўрапейскімі вераваннямі, крыж сімвалізуе сабою жыццё і паходзіць ад салярнага знака, якім пазначалі рух Сонца па нябеснай сферы. Яшчэ крыж - старажытнае ўяўленне прашчураў пра навакольную прастору, сусвет, дзе ідзе адлік ад чалавека ва се чатыры бакі. Крыж заўсёды успрымаўся як сімвал выбару шляху, дарогі, быў сімвалам перакрыжавання дзвюх супрацьлегласцей, зліцця іх у месцы сутыкнення. Таму, як у нас, так і па ўсёй Еўропе каменныя крыжы звычайна ставілі на язычніцкіх капішчах, у храмах, на курганах і могільніках, на перакрыжаваннях сухапутных і водных шляхоў, на пераправах, на ўскраінах вёсак і гарадоў для абароны ад эпідэмій і ворагаў, на месцах знамянальных падзей. З імі звычайна звязаны агромністы пласт дахрысціянскіх вераванняў, пра іх захавалася безліч паданняў і павер'яў.


Крыжы, якія «растуць»

У прыродным і культурным ландшафце Беларусі асабліва вылучаюцца і заслугоўваюць увагі палескія каменныя крыжы, якія нібыта «растуць». Згодна з павер'ямі, каменныя крыжы з часам павялічваюцца ў памерах, робяцца вышэйшымі, іншымі словамі, «растуць». Народныя ўяўленні пра такія незвычайныя здольнасці з'яўляюцца водгуллем язычніцкіх вераванняў каменнага веку, заснаваных на спецыфічных фізічных якасцях прыродных валуноў, у аснове якіх ляжыць глыбокае перакананне ў тым, што камень здольны расці, нават хадзіць: «Калі Бог і Божая Маці хадзілі па зямлі, камяні вырасталі памерам з хату, але пасля таго, як Бог збіў нагу аб камень і пракляў, яны перасталі расці ці растуць, але памалу». Ёсць меркаванне, што каменныя крыжы, якія датуюцца ХІ-ХIV стст. і адносяцца да перыяду ранняга хрысціянства, зроблены з культавых валуноў. Да таго ж, структура ўсіх выяўленых каменных крыжоў, якія «растуць», і звычайных культавых камянёў аднолькавая - усе яны гранітныя.

Самымі вядомымі і шануемымі на Палессі Каменны крыж у тураўскай царкве Усіх Святых. лічацца тураўскія каменныя крыжы. Па гістарычных звестках, некалі ў Тураве і яго ваколіцах стаялі чатыры вялікія каменныя крыжы. Яны былі ўпрыгожаны стужкамі і лампадкамі, іх пакрывалі хусткамі, да іх падножжа клалі манеты, скруткі палатна і да т. п. Згодна з мясцовымі паданнямі, што шырока распаўсюджаны і ў наш час, гэтыя каменныя крыжы самі прыплылі ў Тураў з Кіева па Прыпяці супраць плыні падчас хрышчэння Русі. Калі людзі заўважылі іх і вынеслі на бераг, то «…ўся вада зрабілася крывёю». У былыя часы людзі збіраліся з усёй Прыпяці ўшаноўваць тураўскія крыжы. Лічылася, што яны цудатворныя і дапамагаюць ад розных хвароб. Цяпер засталіся два двухметровыя крыжы, яны знаходзяцца ў тураўскай царкве Усіх Святых. Таму, што яны нічым не пакрытыя, завуцца «голымі». Іх шануюць хрысціянскія вернікі, перад імі чытаюць малітвы. Асабліва шмат людзей прыязджае ў царкву на Узвіжанне, тады тут адбываюцца ўрачыстыя набажэнствы. Паводле сучасных легенд, яны яшчэ завуцца «маці» і «бацька», бо на тураўскіх могілках Барыса і Глеба ў апошнія гады «вырас з-пад зямлі» іх «сыночак». Гэта шырока вядомы маленькі каменны крыж, які лічыцца новай тураўскай святыняй і звязаны з адраджэннем культа Кірылы Тураўскага як нябеснага ахоўніка горада і ўсяго Беларускага Палесся. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць - крыж штогод вырастае ўвышкі і ўшыркі. Адна з легенд, якая тлумачыць яго з'яўленне, распавядае, што ў 30-я гады мінулага стагоддзя падчас вясновай паводкі мясцовы жыхар дабіраўся на чаўне да Барысаглебскіх могілак і ўбачыў каменны крыж, які таксама, як і яго «бацькі», плыў па вадзе. Але часы тады былі неспрыяльныя для рэлігіі, з ёю змагаліся, і чалавек быў вымушаны закапаць крыж на могілках. У наш час, калі адносіны да рэлігіі памяняліся, крыж пачаў патроху выходзіць з-пад зямлі.

Другая легенда звязана з Кірылам Тураўскім, які быццам бы пахаваны на гэтых могілках, а перад смерцю прамовіў такія словы: «Вярнуся, калі прыйдзе час…». І тое, што крыж расце, некаторыя звязваюць менавіта з яго вяртаннем. Асноўнае паломніцтва да крыжа адбываецца ў дзень памяці свяціцеля - 11 мая. Лічыцца, што і гэты крыж лекавы, дапамагае шмат ад якіх хвароб, здымае галаўны боль і нармалізуе артэрыяльны ціск. Да яго прыязджаюць з усёй Беларусі, нават з Расіі.

На Тураўшчыне падобныя каменныя крыжы знаходзяцца яшчэ ў вёсках Старажоўцы, Сямурадцы, Верасніцы і Пагост. У вёсцы Пагост крыж, што расце, знаходзіцца ў невялікай царкве на могілках і мае назву «Чэсны крыж». У адрозненне ад сваіх тураўскіх «братоў» ён абвешаны фартушкамі, стужкамі, палотнамі, аздоблены кветкамі. Каля яго заўсёды знаходзіцца маленькі ножык, ім мясцовыя вернікі сашкрабаюць з крыжа парушынкі і ўжываюць як лекі.

У вёсцы Аздамічы Столінскага раёна вераць, што мясцовы каменны крыж таксама «вырас з-пад зямлі». Некалі яго паставілі пасярод капліцы, а ў 1980-я гады перанеслі ў куток і прымацавалі скобамі да сцяны. Цяпер на крыж вешаюць фартушкі, хусткі, ручнікі, побач кладуць кветкі, спадзяючыся, што ён дапаможа пазбавіцца ад хвароб, і ў памяць пра памерлых продкаў. У вёсцы Дарапеевічы Маларыцкага раёна пра каменны крыж існуе паданне, паводле якога, на грэблі сярод балота сустрэліся два вяселлі. Паколькі пакідаць вазок маладым было нельга, яны спрабавалі раз'ехацца, не выходзячы, але коні спужаліся, рванулі, вазок перакуліўся, і маладых паглынула багна. Прайшоў час, і на тым месцы з балота пачаў уздымацца ўзгорак, а потым на ім з-пад зямлі «вырас» і крыж. Лічыцца, што ён валодае чароўнай сілай і дапамагае хворым вылечыцца. У 1993 г. на ўскрайку могілак вёскі Здудзічы Светлагорскага раёна быў выяўлены каменны крыж вышынёй паўтара метры, зроблены з гранітнага валуна шэрага колеру. Цяпер крыж перанесены ў царкву г.п. Парычы. Вернікі сцвярджаюць, што пасля адпаведнай просьбы-малітвы крыж дапамагае ад шматлікіх хвароб.

Крыж-Баба

Захаваліся да нашых дзён старадаўнія каменныя крыжы антрапаморфнага выгляду. А дакладней, амаль усе падобныя крыжы нагадваюць жаночую фігуру і, на думку навукоўцаў, маюць адносіны да пэўных жаночых культаў. Асаблівую цікавасць уяўляе даўгінаўскі крыж-ідал, культавы помнік Даўгінаўскі крыж з 2-х бакоў – два фота, фота В.Вінакурава. часоў язычніцтва і хрысціянства XII-XIV стст. На думку даследчыкаў, крыж быў некалі скульптурнай выявай Багіні-Маці - боства ўрадлівасці. Крыж-Баба каля Святога возера ў в. Галошава Талачынскага р-на. Ягоны верх вельмі падобны да галавы, а гарызантальная частка - на выцягнутыя ў бакі рукі. На пярэдняй роўніцы відаць схематычная выява дзіцяці, а на супрацьлеглай - магічныя знакі ў выглядзе чатырох васьміканцовых крыжоў і кратаў. Першапачаткова крыж знаходзіўся каля вёскі Даўгінава ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці, пазней неаднаразова перасоўваўся. Апошяе ягонае месца было каля дарогі Вілейка-Докшыцы на тэрыторыі Жарскага сельсавета. Па адным з паданняў, пачутых ад мясцовых людзей, крыж паставіў кароль Стэфан Баторый, па другім - крыж вызначаў Кацярынінскі шлях. Цяпер каменны крыж лічыцца помнікам гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння і знаходзіцца ў Мінскім музеі валуноў.

Каменны крыж каля вёскі Галошава ў Талачынскім раёне на беразе невялікага возера не толькі мае антрапаморфны выгляд, але і адпаведную назву: Крыж-Баба. Часам яго называюць проста «Бабай» або Кацярынінскім крыжам. Лічыцца, што гэта акамянелая жанчына, якая некалі дала прытулак самому Хрысту, калі той у выглядзе жабрака вандраваў па свеце і аднойчы зазірнуў у адну з навакольных вёсак. Вёска ператварылася ў возера за сквапнасць і бяздушнасць яе жыхароў, якія ўсе, апроч жанчыны, адмовілі ў начлезе Збаўцу. Сама ж кабета ператварылася ў камень, бо не выканала перасцярогі - не азірацца пры выхадзе з вёскі. У аповедзе фігуруе і дзіця, якое сыходзіла разам з маці. Дарэчы, па звестках жыхароў з Галошава, раней з вялікім Крыж-Бабай знаходзіўся і маленькі каменны крыжык, але ў савецкія часы быў некуды знесены. Існуюць і іншыя версіі паданняў. Паводле аднаго з іх, крыж застаўся на памяць пра дзяўчыну, якая памерла ад няшчаснага кахання, а ад яе слёз утварылася возера. Па іншай версіі, каля крыжа закапаны скарб, вывезены французскім генералам падчас вайны 1812 г. з Масквы. Трэці варыянт сцвярджае, што крыж азначаў мяжу паміж Друцкім і Мсціслаўскім княствамі.

У вёсках Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці навукоўцамі таксама зафіксаваны антрапаморфныя каменныя крыжы. Адзін з іх мае назву «Святы камень», або «Каменная Дзевачка», і знаходзіцца ў вёсцы Данілевічы. Гэты невялікі і невысокі каменны крыж быў выяўлены і апісаны даследчыцай Вольгай Лабачэўскай, якая сцвярджае, што ў раёне і дагэтуль існуе лакальны культ пакланення камяням. Паводле падання, «Каменная Дзевачка» насамрэч некалі была сапраўднай дзяўчынкай, але за непаслушэнства маці пракляла яе: «што б ты камнем стала!» Цікава, што гэтаму каменнаму крыжу пакланяюцца выключна мясцовыя жанчыны, яны шкадуюць «каменную дзевачку» лічаць яе жывой, прыносяць ёй на Вялікдзень ежу, грошы і палявыя кветкі, яе апранаюць у фартушкі, павязваюць хусткі, упрыгожваюць пацеркамі. Мясцовая рытуальная традыцыя, безумоўна, з'яўляецца водгласам шанавання на Беларусі жаночага боства.

Могілкавыя крыжы

Калі рухацца лесам ад бялыніцкай вёскі Заазер'е ў бок Святога возера, абавязкова сустрэнеце агромністы каменны крыж, які ганарліва Могілкавы крыж за в. Заазер’е Бялыніцкага р-на. ўзвышаецца на два метры праваруч ад дарогі. Сярод соснаў з-пад моху вызіраюць колькі дзесяткаў розных памераў цясаных валуноў. Велізарны крыж і яго атачэнне называюць мясцовым «Стоўнхенджам», ён быццам ахоплівае прастору сваімі агромністымі рукамі. З аднаго боку волат пукаты, з другога - пасечаны і ў сколінах. Такое ўражанне, што паглыбленне спераду зроблена спецыяльна. Але для чаго?

Каменны крыж на могілках в. Майск Бялыніцкага р-на.

Ёсць некалькі думак адносна заазерскага «Стоўнхенджа». У мясцовых краязнаўцаў вельмі папулярная версія, што гэтае месца звязана са старажытным культам багіні Мажаны, якая, згодна з паданнямі, суправаджала людзей на той свет. Тым больш, непадалёк цячэ рака Можа і месціцца вёска Мажаны. Можна прытрымлівацца і іншай думкі. Калі ўявіць, што некалі камяні стаялі ў пэўным парадку, яны маглі адлюстроўваць нябесныя свяцілы з мэтай вядзення календара. Калі сыходзіць з напісаных літар на валунах вакол волата-крыжа, можна меркаваць - знойдзеныя камяні і крыж - грунтавы могільнік эпохі Сярэднявечча. На карысць дадзенай эпохі гавораць і выбітыя на некаторых камянях класічныя для праваслаўнай традыцыі шасціканцовыя крыжы. А сам крыж-волат можа быць звычайным могілкавым каменем, своеасаблівым помнікам. І яшчэ, калі на беларускіх могілках раней ставілі такія вялікія крыжы, яны маглі азначаць усыпальніцу роду, быць цэнтральнай магілай, і там хавалі, хутчэй за ўсё, шляхту. А можна аб'яднаць усе гэтыя тэорыі. Да прыкладу, камяні апрацавалі язычнікі, а затым іх скарысталі хрысціяне. У шмат якіх цяперашніх рэлігійных святах на Беларусі адчуваецца дух язычніцкіх традыцый. Мясцовыя ж жыхары ўспрымаюць камяні без асаблівага піетэту, яны лічаць, што тут пахаваны жаўнеры напалеонаўскага войска, якія загінулі ў 1812 г. А пад вялікім крыжам, на іх думку, пахаваны французскі генерал.

Што пад камянямі могуць быць пахаванні, праверылі і жыхары суседняй вёскі Майск, дзе на ўскрайку мясцовых могілак з зямлі тырчыць паўтара дзесяткі каменных крыжоў. Сяляне паспрабавалі раскапаць некаторыя крыжы, але натрапілі на чалавечыя косці, і пасля гэтага перасталі хаваць у гэтай частцы могілак. Дарэчы, тут таксама сустракаюцца валуны з выбітымі на іх крыжамі і надпісамі, падобнымі да рунічных і кірылічных. А таксама выява крыжападобнага чалавечка без галавы. Адкуль гэта? Магчыма, што пад каменнымі крыжамі ляжаць продкі сённяшніх вяскоўцаў, якія жылі 400 гадоў таму.

Рубяжом XVII-XVIII стст. датуецца крыж, які не так даўно знаходзіўся на могілках у вёсцы Стража Кіраўскага раёна. З вонкавага боку крыжа пасярэдзіне вылучаецца барэльефная выява чалавека ў шапцы, ботах і даўгаполым жупане, зашпіленым на гузікі і перацягнутым пасам. Па баках помніка выявы гепардаў. Хутчэй за ўсё, чалавек на крыжы - партрэт нейкага нябожчыка-шляхціца. У вёсцы Азярок Аршанскага раёна каменны крыж нібыта з'явіўся ў гады Паўночнай вайны і пастаўлены на магіле нейкага генерала, які загінуў у тутэйшых мясцінах. У Мішневічах Шумілінскага раёна мясцовыя людзі ўпэўнены, што каменны крыж пастаўлены на магіле закаханых, якія трагічна загінулі. Пра крыж на полі каля вёскі Вялікія Дольцы Ушацкага раёна кажуць: ён стаіць на магіле некалі забітай самасудам дзяўчыны Казі, якая нарадзіла пазашлюбнае дзіця. У вёсцы Радзілавічы (Дзяржынск) Лельчыцкага раёна два каменныя крыжы маюць назву Два Браты. Лічыцца, што яны з'яўляюцца помнікамі на магіле братоў.

Шмат цікавых каменных крыжоў сустракаецца не толькі на некаторых старых могільніках, а і на вяршынях курганоў. У вёсцы Вільча Жыткавіцкага раёна каменны крыж, які знаходзіцца на вялікім кургане, паводле расповедаў мясцовых людзей, пастаўлены на магіле шведскага князя, забітага падчас вайны. А побач у невялікіх насыпах нібыта пахаваны шведскія воіны. Можна прыводзіць безліч прыкладаў і варыянтаў узнікнення могілкавых каменных крыжоў. Але, як бы там ні было, несумненна адно: яны з'яўляюцца яркім арэфактам і сведчаннем высокай культуры старажытных людзей, якія жылі на нашых землях сотні і тысячы гадоў таму.

Прыдарожныя крыжы

Нікога цяпер не здзівіш прыдарожнымі драўлянымі крыжамі. Гэтая традыцыя прыйшла да нас з глыбіняў часу. Яна настолькі ужылася ў звычаі і культуру нашых продкаў, што нават 70 гадоў савецкай улады не змаглі яе знішчыць. Але на перакрыжаваннях дарог раней ставілі не толькі драўляныя крыжы. Шмат якія з каменных крыжоў стаялі раней, а некаторыя з іх стаяць пры дарогах і цяпер. Як, да прыкладу, тры каменныя крыжы каля лясной дарогі з Бераснёўкі ў Заляддзе Докшыцкага раёна. Урочышча мае назву Дзедаў Шмат. На крыжы і цяпер кладуць кветкі, грыбы, ягады... Каменнымі крыжамі асвячаўся стары шлях з Вільні ў Полацк, так званая Альгердава дарога. Адзін з такіх каменных крыжоў захаваўся каля мястэчка Пліса ў Глыбоцкім раёне. Пра «Федзькаў крыж», які стаяў пры дарозе непадалёк ад Заслаўя, расказвалі, што ён пастаўлены на месцы забойства рабаўнікамі нейкага Федзькі, які вяртаўся з кірмаша пасля ўдалага продажу каровы.

Крыж са схематычнай выявай рыцара стаяў пры лясной дарозе ва ўрочышчы П'яны Лес або Каралёў Стан непадалёк ад вёскі Вітунічы Докшыцкага раёна. Цяпер ён знаходзіцца ў Мінскім музеі валуноў. У цэнтры крыжа - выява рыцара з мячом у правай і са шчытом у левай руцэ. Над галавой рыцара карона, каля ног літары «RSB», а ніжэй - дзве, адна у адной, акружнасці. Па баках выявы маленькіх крыжыкаў. Як сцвярджае адно з паданняў, на каменным крыжы палуднаваў кароль Стэфан Баторый і выбітыя кругі азначаюць місу. Тады зразумела, што ўзброены рыцар - выява караля-воіна, а літары - лацінская абрэвіятура: Rex Stehanus Batoreus.

На скрыжаванні дарог бліз вёсак Палачаны і Яхімоўшчына, што непадалёк ад Маладзечна, стаіць каменны крыж антрапаморфнага выгляду. Пра тое, што ён таксама некалі «рос» і звязваўся з жаночымі культамі, гаворыцца ў паданні пра крыж, якое жыве не адно стагоддзе і перадаецца ад бацькоў дзецям, а тыя расказваюць яго сваім унукам і праўнукам.

Каменны крыж у Камаях.

«Гэта было даўным-даўно. Эканому панскай сядзібы ў Яхімоўшчыне прысніўся незвычайны сон. Быццам прыходзіць да яго каменны крыж, а рос ён непадалёк - на яхімоўскім балоце, і гаворыць: «Перавязі мяне на крыжавыя дарогі». Прачнуўся эканом і забыўся на недарэчны сон, бо і так было шмат іншых клопатаў. А ў наступную ноч зноў сніцца той жа камень-крыж і зноў ужо не просіць, а загадвае: «Перавязі мяне на крыжавыя дарогі!» На раніцу пайшоў эканом да пана і расказаў яму пра свой дзіўны сон. Пан здзівіўся, але даў коней і падводу, каб перавезці незвычайны камень на крыжавыя дарогі. Калі ўсё было зроблена, і камень паўстаў на скрыжаванні, ён пачаў прыцягваць да сябе навакольных людзей. Хто б ні шоў ці ні ехаў, усе абавязкова спыняліся каля каменя, хрысціліся і кланяліся яму. А ў Вялікую Пятніцу да каменнага крыжа ішлі ўсе жанчыны з навакольных вёсак, каб пакласці ахвяраванні: грошы, яйкі, лён ці проста акрайчык хлеба. Так заўсёды рабілася для падарожных і вандроўных людзей. Але даведаўся пра незвычайны камень ксёндз з вёскі Аборкі і загадаў сваім прыхаджанам, каб тыя перавезлі каменны крыж да касцёла. Ксёндз думаў толькі пра адное: «Будзе вялікая ахвяра». Паехалі мужчыны на конях і хацелі зрушыць камень з месца, ды не здолелі. Тады ксёндз загадаў запрэгчы валоў і перацягнуць камень-крыж жывёлай. Але і валы не дапамаглі людзям. Так дзіва-камень і застаўся на тым самым месцы, дзе яго паклалі. Неўзабаве каля яго выраслі дзве цудоўныя ліпы. І гэта яшчэ больш прываблівала падарожных: можна было пасядзець у цяньку, схаваўшыся ад спякоты, ці пастаяць пад густой лістотай, каб перачакаць дожджык. А то і спыняліся людзі, заміралі ў спакоі, заглядваліся на навакольную прыгажосць, зачараваныя непаўторным водарам квітнеючых дрэў.

У хуткім часе гэтая мясціна стала любімай для жыхароў усіх навакольных вёсак. Людзей быццам цягнула сюды неверагодная сіла. І з цягам часу людзі пачалі заўважаць, што і сапраўды ёсць у камені такая сіла. Прайшла чутка, калі тройчы абысці каменны крыж і памаліцца, то ўсе хваробы, ад якіх пакутаваў чалавек, знікаюць, і ён пачынае адчуваць сябе як бы народжаным наноў…»

З усяго вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што нашы старажытныя продкі верылі не толькі ў магічную сілу вады, агню, зямлі, але і камянёў. І хоць хрысціянства прыйшло на нашу зямлю не пазней за 980 год, людзі не спяшаліся забываць сваіх адвечных Багоў. А пра тое, што каменныя крыжы былі некалі язычніцкімі ідаламі, што іх шанавалі, ім пакланяліся, гаворыць гісторыя каменнага крыжа з вёскі Камаі ў Пастаўскім раёне. Вельмі адметны крыж, вышынёй каля двух з паловай метраў, стаіць перад 400-гадовым касцёлам. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што гэты валун быў крыжам не заўсёды, раней гэта быў паганскі каменны ідал. І людзі, нягледзячы на наяўнасць касцёла, хадзілі пакланяцца і яму. І тады святары вынайшлі арыгінальны спосаб вырашэння праблемы: выбілі з гэтага ідала крыж. Людзі як хадзілі да яго, гэтак і працягвалі хадзіць, але фактычна атрымалася, што пакланяліся яны ўжо не ідалу, а крыжу.

Такіх прыкладаў багата - сёння вядомыя некалькі дзясяткаў беларускіх каменных крыжоў. Хто ведае, колькі з іх раней былі паганскімі ідаламі...

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX