Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Таямніцы каменных валуноў 


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 31-07-2011,
Крыніца: Полымя № 10 за 2007 год.



Мы настолькі звыкліся з заімшэлымі камянямі, якія маўкліва ляжаць у лясных гушчарах, ускрай палеткаў, каля дарог і рачулак нашай радзімы, што ўжо не можам нават уявіць беларускі краявід без іх. Настолькі ён збяднее, стане нецікавым, калі яны раптам знікнуць, гэтыя маўклівыя сведкі мінуўшчыны, што ляжаць на беларускай зямлі ўжо каля 20 тысяч гадоў. Менавіта тады і пачалася наша далёкая гісторыя, пусціла першыя парасткі наша культура. Яны настолькі знітаваліся з тутэйшым духоўным і матэрыяльным жыццём, нашай рэчаіснасцю, нашымі легендамі і паданнямі, што сталі іх неад'емнай часткай. Яны - старонкі старадаўняй каменнай кнігі, якая распавядае нам і пра наша язычніцкае мінулае, і пра часы станаўлення Вялікага княства Літоўскага, і пра набегі крыжакаў, і пра шведскую, маскоўскую, напалеонаўскую, і другія чужынскія навалы. Яны раскажуць і пра некаторых знакамітых нашых землякоў… Шмат што могуць распавесці нам старыя валуны, нашы каменныя спадарожнікі, трэба толькі ведаць іх таямніцы.

«Песню стварыце ясну, як неба…», або
Камяні ў жыцці знакамітых людзей

У свядомасці людзей камяні заўсёды ўвасаблялі вечнасць і непахіснасць. Ім давяралі свае запаветныя думкі, вершы, на іх выбівалі дарагія сэрцу аднаго чалавека і ўсёй краіны знакамітыя імёны. У Беларусі для гэтага выкарыстоўвалі каменныя валуны, якія патрапілі на нашу зямлю разам з апошнім ледавіком і заўсёды былі навідавоку. Не дзіва, бо камень найбольш трывалы матэрыял.

Я не буду падрабязна распавядаць пра вядомыя ўсім на Беларусі камяні, такія, як Камень Кахання паблізу вёскі Балценкі ў Воранаўскім раёне. Ён быў сведкам сустрэч закаханага паэта Адама Міцкевіча і багатай, падуладнай волі сваіх бацькоў, шляхцянкі Марылі Верашчакі. Пра Камень філарэтаў непадалёк ад вёскі Карчова Баранавіцкага раёна, які памятае Адама Міцкевіча, яго сяброў і паплечнікаў - літаратараў Тамаша Зана і Яна Чачота, навукоўца Ігната Дамейку і іншых сяброў таемнага студэнцкага Таварыства філаматаў і філарэтаў. Шырока вядомая гранітная брыла за паўкіламетра ад вёскі Кушляны на Смаргоншчыне, дзе высечаны словы: «Памяці Мацея Бурачка». І такія прыродныя валуны, якія памятаюць вядомых і знакамітых людзей нашай Бацькаўшчыны, можна сустрэць у кожным раёне Беларусі.

Калі пералічваць камяні, што захавалі памяць пра нашых таленавітых пісьменнікаў і паэтаў, хочацца ў гэты знамянальны год, калі мы ўшаноўваем аднаго з лепшых майстроў прыгожага пісьменства, які праславіў і апеў у сваіх геніяльных творах мову беларускага народа, распавесці і пра тыя камяні, што памятаюць Янку Купалу.

На Лагойшчыне ў фальварку Акопы Янка Купала жыў з маці і сёстрамі ў 1911-1913 гадах. Акопы адыгралі ў жыцці Купалы асаблівую ролю, тут ён па сутнасці нарадзіўся як паэт. Цяпер ад фальварка засталіся толькі парослыя шыпшынай падмуркі і цокалі дваравых пабудоў. Вакол лес сцяной. Толькі шэрыя валуны, якія ляжаць тут не адно стагоддзе і памятаюць беларускага песняра, акружаюць невялікае поле. Некаторыя з іх былі некалі пакладзены ў заімшэлыя цяпер падмуркі былога фальварка, некаторыя так і засталіся ляжаць у рэчышчы амаль высахлага ручая. Самы вялікі валун, даўжынёю каля трох метраў, месціцца за ручаём, на краі суседняга вузкага поля. Кажуць, Купала любіў сядзець каля яго, тут яму добра працавалася, нараджаліся новыя творы. А магчыма, гэты камень ды старыя дубы, што растуць побач, натхнялі яго на напісанне твораў. Менавіта ў Акопах была завершана знакамітая «Паўлінка», напісана драма «Раскіданае гняздо», паэмы «Яна і я» і «Магіла льва», а таксама камедыйная п'еса «Прымакі». Таму невыпадкова да каменя нядаўна прымацавалі памятную пліту і выбілі купалаўскае чатырохрадкоўе з верша, напісанага ў перыяд яго знаходжання ў Акопах у 1912 г.: «Песню стварыце ясну, як неба, //У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём - // Гэталькіх толькі скарбаў мне трэба, //Гэткім я толькі жыву пачуццём».

Ёсць і іншае месца, авеянае духам Купалы, святое для кожнага беларуса. Гэта мясціна завецца Яхімоўшчына. Тут Купала ў пачатку ХХ ст. працаваў на бровары памочнікам вінакура. Тут ён пачаў пісаць вершы на роднай мове, якія прынеслі яму славу сусветнавядомага паэта, тут ён зразумеў, што ягоны лёс - быць песняром, выказнікам мар і спадзяванняў свайго народу. Безумоўна, гэтаму садзейнічалі і народныя паданні, легенды, якімі так багаты беларускі народ, іх у кожным мястэчку, кожнай вёсачцы зберагаюць як самае дарагое і перадаюць у спадчыну сваім дзецям і ўнукам. Дзеляцца гэтым скарбам і з тым, каго любяць і паважаюць. А Купалу ў Яхімоўшчыне вельмі любілі і паважалі, добрая памяць пра яго жыве тут ужо амаль стагоддзе. Яшчэ і сёння можна пачуць ад мясцовых цёплыя словы ўспамінаў пра маладога памочніка вінакура.

Ёсць у гэтых мясцінах і свая святыня - каменны крыж, які ляжыць на скрыжаванні дарог бліз вёсак Палачаны і Яхімоўшчына, што ў 18 кіламетрах ад Маладзечна. Крыж гэты паклонны і вельмі шануецца ў народзе ўжо не адно стагоддзе. Вось што распавядае пра яго паданне:

«Гэта было даўным-даўно. Эканому панскай сядзібы ў Яхімоўшчыне прысніўся незвычайны сон. Быццам прыходзіць да яго каменны крыж, а быў ён непадалёк - на яхімоўскім балоце, і гаворыць: «Перавязі мяне на крыжавыя дарогі». Прачнуўся эканом і забыўся на недарэчны сон, бо і так было шмат іншых клопатаў. А ў наступную ноч зноў сніцца той жа камень-крыж і зноў ужо не просіць, а загадвае: «Перавязі мяне на крыжавыя дарогі!» На раніцу пайшоў эканом да пана і расказаў яму пра свой дзіўны сон. Пан здзівіўся, але даў коней і падводу, каб перавезці незвычайны камень на крыжавыя дарогі. Калі ўсё было зроблена, і камень паўстаў на скрыжаванні, ён пачаў прыцягваць да сябе навакольных людзей. Хто б ні ішоў ці ні ехаў, усе абавязкова спыняліся каля каменя, хрысціліся і кланяліся яму. А ў Вялікую Пятніцу да каменнага крыжа ішлі ўсе жанчыны з навакольных вёсак, каб пакласці ахвяраванні: грошы, яйкі, лён ці проста акрайчык хлеба. Так заўсёды рабілася для падарожных і вандроўных людзей. Але даведаўся пра незвычайны камень ксёндз з вёскі Аборкі і загадаў сваім прыхаджанам, каб тыя перавезлі гэты камень да касцёла. Ксёндз думаў толькі пра адное «Будзе вялікая ахвяра». Паехалі мужчыны на конях і хацелі зрушыць камень з месца, ды не здолелі. Тады ксёндз загадаў запрэгчы валоў і перацягнуць камень-крыж жывёлай. Але і валы не дапамаглі людзям. Так дзіва-камень і застаўся на тым самым месцы, дзе яго паклалі. Неўзабаве каля яго выраслі дзве цудоўныя ліпы. І гэта яшчэ больш прываблівала падарожных: можна было пасядзець у цяньку, захінуўшыся ад спякоты, ці пастаяць пад густой лістотай, каб перачакаць дожджык. А то і спыняліся людзі, заміралі ў спакоі, заглядваліся на навакольную прыгажосць, зачараваныя непаўторным водарам квітнеючых дрэў.

У хуткім часе гэтая мясціна стала любімай для жыхароў усіх навакольных вёсак. Людзей быццам цягнула сюды неверагодная сіла. І з цягам часу людзі пачалі заўважаць, што і сапраўды ёсць у камені такая сіла. Прайшла чутка, калі тройчы абысці каменны крыж і памаліцца, то ўсе хваробы, ад якіх пакутаваў чалавек, знікаюць, і ён пачынае адчуваць сябе як бы народжаным наноў…

А былі такія часы, калі казалі наступнае. Некалі французы, якія ваявалі на нашай зямлі, закапалі пад гэтым каменем 60 пудоў золата. Было шмат жадаючых адкапаць скарб. Капалі каля крыжа і пад крыжам, нават адсоўвалі яго, а крыж быццам і не думаў супраціўляцца, адступаў убок і толькі мудра назіраў, што адбываецца. Усім сваім выглядам ён казаў: «Людзі, людзі, не тое і не там шукаеце». Дзіўна, але кожны раз пасля такіх пошукаў каменны крыж зноў аказваўся на сваім ранейшым месцы. І да сённяшнягя дня ўзвышаецца гэтае дзіва прыроды - камень-крыж - каля дарогі Палачаны-Яхімоўшчына. Відаць, і сёння ён дапамагае добрым і сумленным людзям пазбавіцца ад пакут нездароўя. Вось толькі замест дзвюх ліп засталася адна. Што здарылася з другім дрэвам, не памятаюць нават старажылы, якія, дарэчы, многа чаго прыгадваюць і могуць цікава пра гэта распавесці. Толькі дайсці ці даехаць трэба да тых мясцін і людзей. А гасціннасць іх незвычайная...»

Паданне пра гэты дзівосны камень жыве не адно пакаленне, перадаецца ад бацькоў дзецям, а тыя расказваюць яго сваім унукам і праўнукам. Магчыма, і Купала, калі жыў у Яхімоўшчыне, чуў пра яго. Хочацца ў гэта верыць, бо творчасць народнага паэта прасякнута водгаласамі падобных легенд і паданняў. Так народны паэт вяртаў беларускаму народу яго гістарычную і духоўную спадчыну, вяртаў праз паэтычныя і чароўныя вобразы-сімвалы.

Каменны Даўгінаўскі крыж

Гэты Даўгінаўскі або Кацярынінскі крыж, які стаяў некалі пры дарозе паміж вв. Жары і Даўгінава, цяпер у мінскім музеі валуноў. каменны крыж адносяць ужо да Даўгінаўскі крыж з іншага боку.другой групы культавых камянёў, іх называюць крыжы-ідалы. Яскравы прыклад падобнага помніка стаяў да апошняга часу каля дарогі з Вілейкі на Даўгінава. Вышыня высечанага з валуна крыжа дасягае амаль двух метраў. У яго ёсць круглая галава з ледзьве азначанай шыяй, выцягнутыя ў бакі рукі, грудзі, на ўзроўні жывата маецца пукаты знак - дзіцёнак. Усё гэта дае падставы сцвярджаць, што Даўгінаўскі крыж не проста крыж, а стод жаночага боства, а таму лічыцца старажытнай язычніцкай святыняй. На думку латышскіх гісторыкаў, знакі на Даўгінаўскім Ідале падобныя да знакаў, якія высякаліся на культавых камянях Латвіі і азначаюць: «крыж крыжоў», або «вогненны крыж», або «крыж Мары». Ва ўсіх індаеўрапейцаў багіня Мара была вельмі шанаваным боствам, яна ў нечым пераняла асноўныя рысы яшчэ больш старадаўняга боства - Вялікай Багіні Маці і адказвала за свет памерлых, спрыяла працягу роду, апекавалася жанчынамі. Але ў нас замагільная функцыя багіні перайшла да нячысцікаў і злыдухаў, і з цягам часу Вялікая Багіня ў беларускай міфалогіі набыла рысы пачварнай здані. А апекаванне жанчынамі, спрыянне плоднасці і ўрадлівасці адышло да іншых бостваў. Таму нельга выключыць, што Даўгінаўскі крыж ацалеў з тых часоў, калі Вялікую Багіню яшчэ не скінулі з п'едэстала, а ўсяляк шанавалі і пакланяліся ёй. Цяпер мясцовыя жыхары нічога канкрэтнага не могуць сказаць пра гэты унікальны стод, у іх памяці не захавалася ніводнай легенды і падання.

Тым не менш пакуль у Беларусі не выяўлена аналагаў такому ідалу-крыжу. Знаходжанне непадалёк ад магістралі пагражала яму знікненнем, таму дасведчаныя людзі вырашылі не пакідаць стод на адкрытым месцы і перавезлі яго ў Музей валуноў. Захаванне стода ў музеі дазваляе вялікай колькасці людзей бачыць яго, а навукоўцам даследаваць унікальны экспанат і расказваць пра яго, а значыць, і пра Беларусь, усяму свету.

Камяні з ямкамі

Такіх камянёў на Камень з ямкамі каля в. Катлоўцы Вілейскага р-на.Беларусі шмат, асабліва на Вілейшчыне. Геолагі Фрагмент камня з ямкамі ў в.Катлоўцы Вілейскага р-на. жартам называюць іх прыхаднямі, бо патрапілі яны сюды, як і ў іншыя месцы Беларусі, дзякуючы ледавіку. Адзін з самых вялікіх камянёў знаходзіцца на заходняй ускраіне в. Мішуты. Памеры волата проста неверагодныя. Даўжыня яго каля пяці метраў, узвышаецца над зямлёй на паўтара, а ў абводзе камень дасягае дванаццаці з паловай метраў. Навукоўцы кажуць, што на паверхні можна бачыць толькі невялікую частку таго, што схавана ў зямлі, і поўная вага яго дасягае сама меней 150 тон. Мясцовыя людзі сцвярджаюць, што велічэзны камень цягнецца пад зямлёй на поўнач далей за 5 м. Карацей, памеры ўражваюць нават цяперашняга гарадскога чалавека, не тое, што старажытнага. Таму і шанаваліся падобныя волаты, бо выклікалі павагу і забабонны страх. Пра тое, што гэты вялікі камень быў культавым, гавораць 84 штучныя паглыбленні ў ім. Іх, як лічаць навукоўцы, выбілі нашы продкі 2-2,5 тыс. гадоў таму. Для чаго рабілі яны такія ямкі? Магчыма, каб наліваць у іх тлушч альбо алей, класці кнот і запальваць агонь. У прыцемку відовішча незвычайнае. А магчыма, у ямкі наліваўся не тлушч, а кроў ахвярных жывёл. Хто цяпер з пэўнасцю скажа? Камяні з падобнымі паўсферычнымі паглыбленнямі шырока распаўсюджаны на поўнач ад Беларусі: у Літве, Эстоніі, Латвіі, Фінляндыі і Швецыі. Звычайна такія камяні размяшчаюцца па схілах рэк і ручаёў. Большасць даследчыкаў, як замежных, так і нашых, бачаць у камянях з ямкамі праяву культу памерлых. Некаторыя вызначаюць ім ролю таксама і ў культах сонца ці ўрадлівасці. Яшчэ нядаўна панавала думка, што паўднёва-ўсходняя ўскраіна Латвіі з'яўляецца мяжой распаўсюджвання культавых камянёў з невялікімі паглыбленнямі. Але ў нашай краіне знойдзена ўжо 24 падобныя валуны, 17 з якіх абвешчаны помнікамі прыроды. Камяні з такімі ямкамі знаходзяцца яшчэ на Вілейшчыне каля вёсак Дварэц, Камена, Вуткі. Іншымі словамі, арэал распаўсюджвання волатаў, дзякуючы выяўленым на Вілейшчыне камяням, пашырыўся і, па словах навукоўцаў, дазваляе ўдакладніць межы рассялення старажытных балцкіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў, якія, на думку гісторыкаў, і выбівалі сферычныя паглыбленні.

Тое, што ў камянёў з ямкамі адсутнічаюць назвы, а пра частку з іх не захаваліся легенды і паданні, гаворыць пра іх найстаражытнейшае паходжанне. Легенды ж пра некаторыя з іх не ўказваюць на характар абраду, які мог адбывацца каля камянёў, а згадваецца толькі скарб пад імі ці іх сувязь з Богам, што сведчыць пра больш позні характар легенды.

Варацішын крыж

У нашай краіне вельмі Камень Варацішын Хрэст у в. Камена Вілейскага р-на. распаўсюджаны паданні пра так званыя ў навуцы в. Сцебяракі, Вілейскі р. Культавыя камяні. анімістычныя камяні, або камяні-перэваратні. Іншымі словамі, пра тыя камяні, якія па легендах і паданнях раней былі жывымі істотамі, а потым за нейкія правіннасці перад Богам акамянелі.

Як, да прыкладу, «скамянелыя быкі» ў лесе каля вёскі Саковічы. Ляжаць два велізарныя валуны на лясной дарозе і падобны яны да хрыбцінаў гіганцкіх валоў, увагнаных у зямлю звышнатуральнай сілай. Мясцовыя людзі распавядаюць такую легенду. « Аднойчы на Вялікдзень адзін мужык вёз на быках дровы з лесу. Дарога ў тым месцы вядзе пад гару, і быкі не хацеці ісці. Мужык з усяе сілы пачаў хвастаць быкоў пугай, а потым крыкнуў у адчаі: «Каб вы скамянелі!» Быкі ў той жа момант і скамянелі».

Пра камень, які знаходзіцца ў вёсцы Камена, народная пагалоска казала некалі, што гэта скамянелы араты, пакараны Богам за працу на Вялікдзень. Ва ўсялякім разе такую легенду запісаў К. Тышкевіч яшчэ ў 1857 годзе падчас экспедыцыі па Віліі. Цяпер такой легенды ў вёсцы не памятаюць, але да каменя ўсё адно ставяцца з павагай і ўсяляк ахоўваюць. Знаходзіцца камень за драўляным плотам у прыватным двары, гаспадары якога настолькі ўжо прызвычаіліся да шматлікіх экспедыцый на іхні агарод, што не толькі не крыўдуюць на няпрошаных гасцей, але і ганарацца, што спрычыніліся да гісторыі, навукі і культуры свайго краю, і ўсяляк спрыяюць агляду мясцовай рэліквіі.

Чым жа адметны гэты камень? Гэта вялікі валун з нахілам бакоў каля 80 градусаў, які, дзякуючы ледавіку, мае звонападобную форму і згладжаныя, амаль адпаліраваныя бакі. Узвышаецца камень над паверхняй на тры з паловай метры, уваходзіць углыб на два з паловай, абвод яго каля падэшвы складае шаснаццаць метраў. Яшчэ ў мінулым стагоддзі валун называлі найстаражытнейшым помнікам хрысціянскай даўніны, бо на камені выбіты вялікі васьміканцовы крыж з надпісам «Господи помози рабу своему Борису». Лічыцца, што надпіс зроблены па загадзе Полацкага князя Барыса Усяслававіча ў 1102-1106 гг. майстрам па імені Вараціша, таму што па меркаванні гісторыкаў у дадатак да вышэйпрыведзенага надпісу на камені маюцца амаль зацертыя часам словы «Воротишин Хрестъ». Дарэчы, адсюль і назва валуна: «Камень Варацішын крыж».

Хутчэй за ўсё, некалі каля гэтага каменя было язычніцкае капішча, на карысць чаго сведчаць два несіметрычныя акруглыя паглыбленні на яго вяршыні. Апроч таго, за 30 метраў на захад ад апісанай камлыгі захаваўся другі валун, які, па словах гаспадара зямлі, па памерах большы за Варацішын крыж. Але на сёння надземная яго частка даволі сціплая: вышыня ўсяго паўтара метра, а даўжыня тры. Пра гэты камень таксама захавалася легенда. « Кажуць, што каля валуна вельмі часта раптоўна з'яўляўся залаты конь, які скакаў вакол яго і так жа ж раптоўна знікаў. Людзі палічылі гэта знакам, маўляў, пад каменем схавана золата. Два браты вырашылі спраўдзіць. Але пакуль адзін спаў, другі хуценька пачаў падкопваць камень, спадзеючыся, што ўсё знойдзенае золата дастанецца яму аднаму. Золата дзяцюк не знайшоў, а камень ссунуўся ў яму і ад таго часу ледзь узвышаецца над зямлёй».

З прыходам на нашы землі хрысціянства, каб адвесці людзей ад язычніцтва і распаўсюдзіць новую веру, князі і хрысціянскія святары загадвалі выбіваць на вялікіх камянях васьміканцовыя крыжы і словы малітвы. Відаць, тое самае адбылося і з нашым валуном. Камень лічыцца адным з першых так званых Барысавых камянёў.

Сцебярацкія каменныя валы

У лясным урочышчы Сівіха непадалёк ад вёскі Сцебяракі знаходзіцца група з пяці вертыкальна пастаўленых невялікіх валуноў, якія па легендзе таксама з'яўляюцца скамянелымі валамі і аратымі за працу на Вялікдзень. Але навукоўцы лічаць, што камяні каля вёскі Сцебяракі з'яўляюцца найстаражытнейшым культавым помнікам, які ўшаноўваўся як мінімімум тысячагоддзе таму, а можа, і болей.

Сцебярацкія камяні унікальныя яшчэ і тым, што размешчаны адзін за адным па лініі поўдзень-поўнач, і на кожным з іх выявы рога-рытона і стрыжня з трохкутнікам ці паўколам на яго вяршыне. Старажытны помнік на думку навукоўцаў мог выконваць наступныя функцыі. Па-першае, мог быць язычніцкім капішчам. На карысць гэтага сведчаць выявы рога-рытона, якія, дарэчы, на іншых камянях у Беларусі не сустракаюцца, але ў іншых старажытных культурах падобныя знакі характэрныя для язычніцкіх храмаў або капішчаў, перад імі здзяйсняліся абрады, прыносіліся ахвяры. Але менавіта ў такім выглядзе, як на камянях вёскі Сцебяракі рог-рытон сустракаецца на скульптурных выявах язычніцкіх ідалаў Еўразіі, у тым ліку і на сусветнавядомым Збручскім ідале. Па-другое, гэтая група камянёў можа быць звязана з салярнымі культамі, бо той самы рог-рытон сімвалізуе салярныя боствы і з'яўляецца неад'емнай дэталлю манументальнай скульптуры скіфаў, славян, прусаў, чаркесаў, кельтаў, цюркаў і сімвалізуе культ урадлівасці і дабрабыту. Да таго ж, адзін і той жа набор знакаў на кожным камяні можа суадносіцца з пэўным сузор'ем, а змена кампазіцый дае магчымасць сцвярджаць, што на камянях выяўлена нябесная сфера ў розныя поры года. З гэтага вынікае, што каменны комплекс мог быць прымеркаваны да пэўнага гадавога цыкла, калі зоркі на небе займалі адпаведнае становішча. Такой думкі прытрымліваецца даследчык гэтых камянёў, гісторык А. Прохараў. На яго думку, арыентацыя камянёў мае дачыненне да Палярнай зоркі, якая ў шмат якіх народаў, у тым ліку і ў славян, звязана з выявай стрыжня-слупа. Менавіта слуп добра бачны на ўсіх сцебярацкіх камянях, а прымацаваны да слупа трохкутнік ці паўкола займаюць на выявах цэнтральнае месца і сімвалізуюць сабою зорны купал неба. Тады рог-рытон - сімвал дабрабыту і стрыжань-слуп на камянях павінны сімвалізаваць сабою пэўныя сузор'і, трэба толькі даследаваць, якія канкрэтна. Як бы там ні было, мы можам казаць пра наяўнасць старажытнай абсерваторыі на Вілейшчыне, прынамсі, першых спроб нашах далёкіх продкаў разгадаць таямніцы астраноміі. Па-трэцяе, дадзены аб'ект можна ўспрымаць і як пахавальны комплекс. Іншымі словамі, сцебярацкія камяні могуць быць надмагіллямі старажытнага пахавання. І тут няма нічога дзіўнага - па форме камяні вельмі падобныя да надмагільных пліт, а крыжападобная выява з сегментам на стрыжні мае аналаг такога самага знака на камянях, якія знаходзяцца ў Музеі камянёў Інстытута геалагічных навук НАН Беларусі.

Такім чынам, гіпотэз шмат, а ісціна, хутчэй за ўсё, недзе пасярэдзіне. Дзе менавіта? Гэта яшчэ належыць высветліць навукоўцам. А пакуль можна спрачацца і прыводзіць розныя аргументы, бясспрэчна адно: сцебярацкія каменныя валы - наш Стоўнхэндж. Дарэчы, англійская «каменная абсерваторыя» таксама да канца не даследаваная і хавае яшчэ безліч таямніц.

Гомсін камень

Тое, што хрысціянства на нашых землях прыжывалася не адразу і з цяжкасцю, гавораць незлічоныя легенды і паданні, якія захаваліся з часоў супрацьстаяння дзвюх рэлігій. Чырвонай ніццю ў такіх паданнях праходзіць сюжэт Божай кары за працу на хрысціянскае свята, у прыватнасці на Вялікдзень.

Пра ўзнікненне найбуйнейшага ледавіковага валуна Вілейшчыны каля вёскі Куранец таксама захавалася такая легенда. « Некалі на месцы камня стаяла хата шаўца па прозвішчы Гомсін. Ён быў філосаф, ні ўва што не верыў, не хадзіў у царкву і не зважаў ні на якія святы. І вось на Вялікдзень, калі ўсе людзі пайшлі ў царкву, шавец вырашыў у гэты дзень замест адной пары ботаў пашыць дзве. Пасмейваючыся з аднавяскоўцаў, ён узяўся за працу. Калі людзі вярталіся з царквы, Гомсін усё яшчэ працаваў. Але калі аднавяскоўцы наблізіліся да шаўцовай хаты, на чыстым блакітным небе раптам з'явілася хмара, лінуў дождж, у той жа самы момант грымнула, і маланка ўдарыла ў саму хату. Уражаныя і спалоханыя людзі пападалі на калені і прыкрылі вочы рукамі. Калі ўсё сціхла, і людзі наважыліся адсланіць вочы, то замест шаўцовай хаты яны ўбачылі велізарны камень, быццам ніколі і не стаяла нічога іншага на тым месцы. Многія з сялян і дагэтуль упэўненыя, што, як нахілішся да каменя, то пачуеш крык пеўня і грукат шавецкага малатка. Яшчэ яны сцвярджаюць, што ледзь не кожнае лета ў камень б'е пярун». А камень і сапраўды ў многіх месцах расколаты.

Камень вельмі вялікі, а калісьці быў яшчэ большы, пакуль у пачатку ХХ стагоддзя яго часткова не ўзарвалі, пасля чаго ад яго адваліліся пяць буйных кавалкаў. Гомсін камень адносяць да той групы культавых камянёў, якія ў беларускай міфалогіі маюць назвы камяні-краўцы, або камяні-шаўцы. У такіх камянях па легендзе жывуць або чэрці, або змеі, або абстрактныя шаўцы-краўцы, якія вельмі дбайна і за невялікую плату шыюць або адзенне, або боты. Паводле павер'яў, пашытыя такім чынам боты і адзенне нельга надзяваць у царкву, бо там яны адразу распаўзуцца. Яшчэ адно сведчанне супрацьстаяння двух верванняў! Усяго ў Беларусі вядома дзесяць камянёў-шаўцоў і краўцоў.

Лысіна Паца

У мінулым рака Вілія была важнай транспартнай артэрыяй. Па ёй сплаўлялі незлічоную колькасць лесу, на караблях перавозілі шмат тавараў. Людзі, якія кіравалі плытамі і судамі, асцерагаліся буйных валуноў, што хаваліся ў рэчышчы Віліі і заміналі навігацыі. Натуральна, такія валуны неяк называлі, пра некаторыя з іх захаваліся цікавыя паданні. Пра адзін з камянёў, які ляжаў насупраць гарадскога парку Вілейкі ў рэчышчы Віліі і меў назву Лысіна Паца, існуе наступнае паданне.

«У былыя часы над самай Віліяй стаяў маёнтак вілейскага старасты Паца. Насупраць маёнтка з ракі вытыркаўся агромністы, вельмі падобны да лысіны камень. Здавалася, што нехта спецыяльны высунуў свой цвёрды лоб, каб разбіць караблі, што праплывалі тут. Пакуль увесну рака была паўнаводнай, то ні камня над вадой, ні Паца ў акне не было відаць, і караблі смела міналі Вілейку. Але як толькі вада спадала, і камень паказваўся з-пад вады, Пац адчыняў акно і цэлы дзень ад няма чаго рабіць глядзеў на раку. Згледзеўшы лодку або плыт, лысы Пац высоўваўся з акна і крычаў: «Камень! Камень!» Гэта лічылася нядобрым знакам, маўляў, скончыцца бядой. Звычайна плыты і стругі прыпынялі сваю хаду і чакалі будучай вясны. Людзі тады казалі ў адчаі: «Зноў Пац лысіну паказаў!» - і клялі яго бязбожна. А каго з вандроўных Пац не вітаў, той шчасліва даплываў да мора. З тых часоў ахрысцілі пачварную гару-камень Лысінай Паца, або Пацаў камень».

Так пан Пац увекавечыў сваё імя.


Вось некаторыя прыклады знакамітых камянёў Беларусі, гэтых сведкаў мінуўшчыны нашага краю, якія адносяцца да культавых помнікаў нашых старажытных продкаў і з'яўляюцца каштоўнымі помнікамі беларускай прыроды. Гэтыя прыродныя аб'екты тамтэйшыя людзі ахуталі легендамі і паданнямі, у якіх захавалася памяць пра падзеі, што некалі здарыліся ў тых мясцінах.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX