Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Цмок з Юбілейнай плошчы


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 02-01-2012,
Крыніца: Маладосць №7 за 2011 г.



Хто стварае легенды, паданні, міфы? Безумоўна, людзі, якія любяць сваю Радзіму, абагаўляюць яе. Жыхары нашага старажытнага горада ва ўсе часы - ад заснавання Мінска да сённяшняга часу знаходзілі ў ягонай гісторыі загадкавыя і таямнічыя здарэнні, імкнуліся патлумачыць іх, а дзе і перабольшыць, надаць містычны сэнс. Не ўсе легенды дайшлі да нашага часу, толькі адзінкавыя засталіся ў народнай памяці і дагэтуль хвалююць сучаснікаў. Вось некаторыя з іх .

Легендарныя князі

Калі ўзнік Мінск, званы раней Менскам або Менескам? Дакладна пра гэта навука сказаць не можа. Пад сумневам і месца ўзнікнення горада - суток Нямігі з Свіслаччу. Таму звернемся да легендаў.

(40KB) Старажытны Мінск. Рэканструкцыя В. Сташчанюка.

Адна з іх, самая старажытная, распавядае пра чарадзейнага волата Менеска, які пабудаваў на рацэ Свіслачы вялікі каменны млын на сем колаў. Ніхто самога Менеска не бачыў, тым не менш, у навакольных мясцовасцях свіслацкай зямлі расказвалі самыя фантастычныя гісторыі пра сілу волата. Гавораць, нібыта ў яго млыне муку малолі не з жыта, а з камянёў, нібыта ўначы з сярэдзіны несліся дзіўныя крыкі, гуканні, песні, музыка і танцы, нібыта апоўначы ездзіў Менеск на сваім млыне па паселішчах і набіраў дружыну з адважных, смелых, моцных людзей, якія пазней утварылі цэлы народ, і рассяліўся ён побач з млыном. Тут і быў заснаваны горад названы імем волата -- Менск.

(16KB) Узяцце Мінска Яраславічамі. Гравюра з Радзівілаўскага летапісу.

Даследчык беларускай даўніны Павел Шпілеўскі лічыў, што гэтае паданне можа мець адносіны да якіх-небудзь дагістарычных падзей, не занатаваных у летапісах. А сама постаць Менеска з'яўляецца прататыпам пэўнага ўдзельнага крывіцкага князя, які збіраў моцных людзей для павялічэння свайго войска і засялення імі новага, толькі што пабудаванага горада на берагах Свіслачы. У дадатак П.Шпілеўскі цытуе прымаўку, якая захавалася на той час па Міншчыне: "Не пайду я да Менска ад шляху Віленска; а калі пайду па шляху Віленскім, спаткаюся з Менескам". Павел Міхайлавіч таксама вызначыў і магчымае месца пахавання легендарнага заснавальніка нашай сталіцы -- Пярэспінскія могілкі, якія выявілі толькі ў 1820 г. Яны ўзніклі на кургане, пад якім, магчыма і быў пахаваны першы жыхар Менска. Назва Пярэспа пайшла ад былой прыгараднай слабады, якая знаходзілася за Старажоўскай заставай. Сёння на згаданых могілках стаіць царква Марыі Магдалены, а ад могілак захавалася толькі каменная брама і частка агароджы. Безумоўна, косткі легендарнага Мененска даўно ўжо спарахнелі, але важна тое, што мы ведаем магчымае месца яго пахавання, і калі-небудзь менавіта тут ушануюць яго памяць цудоўным помнікам.

Па другой легендзе Менск стаяў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, дзе купцы і займаліся сваёй справай - абменам, або менай. Адсюль і Менск. Але легенда ёсць легенда. А што кажа гісторыя? Як ні дзіўна, яна таксама перакрыжоўваецца з легендамі і паданнямі.

Зразумела, што Мінск быў закладзены яшчэ да бітвы на Нямізе. Ёсць меркаванне, што яго заснаваў Усяслаў Чарадзей, які займаў полацкі пасад з 1044 года, альбо гэта зрабілі яшчэ яго бацька Брачыслаў ці дзед Ізяслаў. Ёсць і першая гістарычная згадка пра Мінск, яна пададзена ў знакамітай "Аповесці мінулых гадоў" і звязана з імем Усяслава Брачыслававіча, дзяржаўнага мужа і паспяховага ваяра, полацкага князя з роду Рагвалодавічаў. Дарэчы, сваю мянушку князь атрымаў не проста так, сучаснікі лічылі яго сапраўдным чарадзеем, як і легендарнага Менеска. Больш за тое, паводле паданняў, ён лічыўся пярэваратнем - мог абарочвацца ў розных звяроў і найчасцей у ваўка. Было гэта ў ХІ ст.

Магутны князь полацкі Усяслаў Чарадзей здзейсніў паспяховы паход на старажытны Ноўгарад, абрабаваў яго, чым моцна спалохаў кіеўскіх князёў, дзяцей Яраслава Мудрага - трох Яраславічаў. Чаму яны ўсхваляваліся, зразумела. Раней даніну з ноўгарадцаў збіралі яны, і немалую - 200 грыўнаў, а за 2 грыўны ў тыя часы можна было купіць добрага каня. І вось сабралі яны дружыну і паспяшаліся насустрач Чарадзею ў горад Менск, каб захапіць яго і сустрэць там войска Усяслава. Мінчане ж гарадскую браму ворагам не адчынілі, а пачалі мужна бараніцца. Але сілы былі няроўнымі. Крывёю напоўніліся воды Нямігі, целы забітых ляжалі паўсюль, стагналі параненыя. Лютая расправа чакала мінчанаў - усіх мужчын, якія выжылі, пакаралі смерццю, а жанчын і дзяцей узялі "на шчыт", у палон.

Але не пакінуў Усяслаў Чарадзей Менск. 3 сакавіка 1067 года каля яго спаленых умацаванняў, на рэчцы Нямізе, адбылася сеча паміж полацкім і кіеўскім войскамі. Дзякуючы "Слову пра паход Ігаравы", пра гэта ведаюць ва ўсім свеце. Шмат ваяроў засталося на поле бітвы. А Яраславічы палічылі за лепшае вярнуцца дахаты. Адзін з сыноў Усяслава - Глеб стаў потым князем Менскім.

Як сцвярджаюць некаторыя навукоўцы, плошча 8 Сакавіка, што каля моста праз Свіслач, і ёсць тое самае месца, з якога пачынаецца летапісная гісторыя Мінска. Тут, схаваная ў 30-я гады ХХ ст. ў падземны калектар рака Няміга, злучаецца з Свіслаччу. А справа, дзе цяпер уваход на станцыю Няміга, знаходзілася некалі старажытнае замчышча, якое так мужна абаранялі жыхары горада.

Язычніцкія святыні

Некалі ў Мінску дужа шанавалі камень Дзед або, як яго яшчэ называлі - Стары. Ён ляжаў пад святым дубам на мінскім капішчы, што дзейнічала (39KB) Старое мінскае замчышча і мост да яго праз Свіслач. Малюнак С. Мусінскага. яшчэ ў пачатку ХХ ст. і знаходзілася на беразе Свіслачы, насупраць цяперашняга ліцэя БДУ. Больш за стагоддзе таму гэтая частка Мінска ўяўляла сабой глухі забалочаны лес. На асобных сухіх мясцінах сярод асін і бяроз, вольхаў і елак трапляліся дубы. Тут у схаваным ад чужых вачэй кутку і месцілася капішча, якое называлі «Малельня ля каменя». Гэта была прамавугольная пляцоўка плошчай каля 300 квадратных метраў. У цэнтры (13KB) Мінскае замчышча, здымак 1903 г. пляцоўкі знаходзіліся галоўныя аб'екты пакланення - валун і магутны дуб на чатыры абхваты, на які вешалі ручнікі і стужкі. Дрэва, жалуды якога выкарыстоўвалі як лекавыя, лічылі святым і звалі Волатам. Побач з каменем бруіла крынічка -- таксама святая, з гаючай вадой. Тут жа з невялікіх камянёў слупком было выкладзена круглае вогнішча-ахвярнік, дзе пастаянна падтрымлівалі агонь.

Месца заўсёды было дагледжана, таму што мела святара, якога звалі чараўніком або ведзьмаком: ён лекаваў, як людзей, так і жывёлу, варажыў, прадказваў будучыню, а каму па замовах працягваў ці скарачаў жыццё... Але галоўным элементам пакланення быў, безумоўна, каменны «Дзед», яму ахвяравалі мёд, малако і іншыя прадукты. Цікава, што людзі спачатку ішлі ў царкву, дзе рыхтаваліся да замагільнага жыцця, а потым неадкладныя жыццёвыя праблемы вырашалі з дапамогай каменя і іншых культавых элементаў «малельні».

У канцы 1880-х гадоў, калі святкавалі 900-годдзе хрысціянства на Русі, мінскія ўлады па намове царкоўнікаў, паспрабавалі знішчыць капішча, як апошняе апірышча паганства ў горадзе. Тысячагадовы дуб спілавалі, а святы агонь раскідалі. Тым не менш, мінскае капішча не знікла, як іншыя, у далёкім мінулым, а дзейнічала яшчэ і на пачатку ХХ стагоддзя. Праўда, пазней тут правялі меліярацыю, зраўнялі мясцовасць, а Свіслач закавалі ў бятонныя берагі. А былое боства - камень «Дзед» перавезлі ў Музей валуноў ва Уруччы. Там ён знаходзіцца і цяпер.

Пра камень захавалася легенда. Нібыта ён з'явіўся на беразе Свіслачы ў выніку спаборніцтва Вадзяніка і Лесавіка. Яны павінны былі па-чарзе занесці гэты агромністы валун на вяршыню гары. Вадзянік не выканаў задання, а калі пабачыў, што Лесавік апынуўся спрытнейшым, падставіў яму падножку. Лесавік спатыкнуўся, камень упаў і адразу ўрос у зямлю. Побач забруіла крынічка і вырас дуб-волат.

Дарэчы, у старажытным Мінску быў некалі яшчэ адзін знакаміты культавы камень. І не просты, а камень-следавік пад назвай «Нага Пятра». Архіўныя дакументы сцвярджаюць, што ў пачатку ХІХ ст. ён яшчэ ляжаў на вяршыні Траецкай Гары над ракой Свіслаччу ў Мінску. Цяпер, як вядома, на вяршыні гары -- Тэатр оперы і балету. А раней стаяў храм Святой Тройцы, дзякуючы чаму і гара займела сваю назву. А яшчэ раней, да храма, на ёй, бясспрэчна, існавала старадаўняе капішча або малельня. Камяні-следавікі маюць уласцівасць збіраць і доўга захоўваць дажджавую ваду. Нават у сухое і спякотнае надвор'е выемка-след заўсёды вільготная. З сабранай у слядках вадой звязана мноства легендаў. Паўсюдна такая вада лічыцца гаючай і святой. Да таго ж, след на камені быў ад нагі, а старажытныя людзі ўспрымалі ступню як асобую частку цела, праз якую душа сыходзіць на той свет. Нездарма міфалогія індаеўрапейцаў захоўвае памяць пра культ ступні яшчэ з эпохі бронзавага веку. Магчыма, той камень, які, на жаль, не збярогся, быў сведкам далёкіх і таямнічых памінальных абрадаў нашых продкаў?

Змей, "кракадзілы", яшчаркі…

Існуюць у Мінску і такія легенды, якія нельга патлумачыць ані гісторыяй, ані іншай навукай.

Так, былая Высокая Гара, дзе цяпер знаходзіцца Юбілейная плошча, у даўнія часы называлася Змеевай. Паводле падання, у яе глыбокіх пячорах жыў крыважэрны змей. Звычайны казачны Цмок, якіх тады па ўсёй Еўропе нібыта вялося нямала. Як звычайна здараецца ў падобных паданнях, цмок патрабаваў сабе даніну, выкрадаў сабе на вячэру людзей. Раз на год навакольныя селішчы павінны былі ахвяраваць яму самую прыгожую дзяўчыну. Прыгажунь тых выбіралі па жэрабі. Тая, якая выцягнула нешчаслівае жэрабя, рабілася чарговай ахвярай цмоку. Дзяўчыну адводзілі на самы верх Змеевай гары. Там на палянцы рос вялікі дуб, які ўзнімаўся вышэй за астатнія дрэвы. Пад ім дзяўчыну і пакідалі. Раз на год выбіралі дванаццаць самых прыгожых дзяўчат, і адна з іх рабілася ахвярай змея. З гадамі змей мацнеў і люцеў.

Аднойчы нешчаслівы лёс выпаў дзяўчыне, чыім нарачоным быў па адным з варыянтаў падання -- легендарны Менеск, па іншым варыянце - невядомы асілак, не менш моцны і храбры. Адбыўся жорсткі і крывавы двубой. Легенда захавала два варыянты развязкі. Адзін з іх паспяховы. Асілак перамагае змея, уратоўвае дзяўчыну, яны бяруцца шлюбам, жывуць доўга і шчасліва. Другі варыянт трагічны. У бойцы са змеем асілак перамагае, але і сам памірае ад цяжкіх ран. Труну з целам героя хаваюць на дне Свіслачы ў тое ж месца пад вадой, куды сышоў забіты змей. Паданне кажа, што яшчэ доўгі час, калі ўзровень вады падаў, над яе паверхняй тырчалі агромністыя рэбры цмока.

Такая вось легенда. Але яна ўзнікла не так сабе. Кажуць, што ў Татарскім балоце, на месцы сённяшняга Палаца спорту, сапраўды некалі вадзіліся падобныя да кракадзілаў паўметровыя яшчары. У 1885 годзе злавілі апошняга мінскага "кракадзіла". Зроблены з яго муляж доўгі час захоўваўся ў кабінеце дырэктара аднаго з гарадскіх рэальных вучылішч.

Вядома, што ў міфалогія ліцвінаў-беларусаў і жамойтаў істот накшталт яшчарак называлі жывойтамі. Іх ушаноўвалі старажытныя крывічы, ятвягі і другія заходнія балты. Падобную пачвару бачыў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага Сігізмунд Герберштэйн, калі накіроўваўся ў Масковію. У сваёй кнізе "Запіскі пра Масковію" ён пісаў пра тэрыторыю сённяшняй Паўночнай Беларусі: "Тут сярод шматлікіх гаёў і лясоў можна назіраць жахлівыя з'явы. Менавіта ў гэтых месцах дагэтуль захавалася шмат язычнікаў, якія гадуюць па сваіх хатах нейкіх дзіўных змей на чатырох кароткіх лапах, накшталт яшчарак з чорным тлустым целам. Людзі з невытлумачальным страхам ушаноўваюць тых пачвар, якія выпаўзаюць да падрыхтаванай для іх ежы…" Сыходзячы з гэтых запісаў, навукоўцы лічаць, што гэта мог быць іхціастэг - помесь кісцепёрай рыбы і земнаводнага. Аднак такі драпежнік жыў у балотах 300 мільёнаў год таму.

Скарбы, схаваныя ў нетрах

Заўсёды папулярныя гісторыі пра пошукі і знаходкі скарбаў. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску сярод гараджан можна было пачуць паданне пра паходжанне Камароўскага балота:

Некалі ў XV ст. у горадзе быў Мікалаеўскі манастыр, пры якім жыў нейкі бажавольны Федзька, празваны манахамі Камаром. Аднаго разу па заканчэнні службы ўсе выйшлі з сабора, а манах Антоні азірнуўся на царскую браму і ўбачыў, што адна з пліт на падлозе павольна прыўзнялася. Адтуль выйшаў стары з сівой барадой у саване. Адной рукой ён паказваў на дол, а другой раскідваў манеты, якія каціліся па падлозе і знікалі пад плітою. Неўзабаве і сам стары знік ў сутарэннях, а пліта з грукатам вярнулася на месца. Спалоханы Антоні борзда рушыў да выхаду, але дзверы аказаліся зачыненымі. Манахі потым доўга шукалі свайго таварыша, але ніхто з іх не здагадаўся, што ён мог застацца ў храме. Знайшлі яго толькі раніцай, калі адчынілі царкву. Антоні старанна маліўся і нічога не расказаў пра здань.

Праз тыдзень прывід з'явіўся зноў. Гэта здарылася ў час набажэнства, але ніхто апроч Антонія яго не заўважыў. Манах успомніў, што сабор стаіць на месцы старых могілак, дзе пахаваны разам са сваім багаццем вядомы Сенька Сокал, адзін з дружыннікаў князя Глеба Усяслававіча. Праз тыдзень здань ізноў паказалася Антонію. Тады манах выкраў ключ і ўначы пайшоў у сабор. Там ён падняў пліту ды рыў пад ёй, аж пакуль не натрапіў на труну і на скрыню з золатам, што стаяла побач. Манах спрытна схапіў скрыню і хуценька стаў засыпаць яму. Але пачуўся рогат, і манеты са звонам рассыпаліся па падлозе. Перад Антоніем стаяў бажавольны Федзька Камар. І манаху нічога не заставалася, як прапанаваць палову грошай Федзьку, каб той нікому не расказаў пра скарб.

У лес закопваць грошы яны пайшлі разам. Толькі не падзялілі багацця і пачалі біцца. У нейкі момант, калі Антоні паспрабаваў схапіць жменю залатых манет, рука яго знерухомела, а ногі сталі правальвацца ў зямлю ўсё глыбей і глыбей. І ўсё навокал ператваралася ў дрыгву. Перад манахам стаяў ужо не Федзька Камар, а той самы сівы старац, які паказваўся яму з-пад пліты ў храме. Урэшце, зацягнула Антонія разам са скарбам у балота. З таго часу і ўзнікла назва - Камароўскае балота.

Потым тут паўстала вёска Камароўка, якая да 1812 г. належала князям Радзівілам, а трохі пазней яна ўвайшла ў рысу горада.

Распавядаюць яшчэ пра адзін загадкавы мінскі скарб - скарб езуітаў. У сваім калегіўме езуіты навучалі мясцовых дзяцей лацінскай і грэчаскай мовам, культуры, гісторыі і літаратуры антычнасці, а таксама геаграфіі, матэматыцы, прыродазнаўству. За свае намаганні і добрую справу езуіты атрымлівалі някепскія грашовыя ўзнагароджанні, ім ахвяравалі маёнткі, залатыя і срэбныя рэчы, другія каштоўныя падарункі. Зразумела, што дзякуючы гэтаму, браты-езуіты сталі вельмі багатымі. Але падчас войнаў, якія адбываліся ў той час на нашых землях, яны рызыкавалі страціць тое багацце. Так, напрыканцы 1706 года, падчас вайны Рэчы Паспалітай са шведамі, хто толькі не рабаваў наш горад. Гэта і казакі з калмыкамі, якія ваявалі ў шэрагах саюзнага з намі расійскага войска, гэта і шведы… Але езуіты пацярпелі менш за ўсіх. Хаця шведы і прымусілі іх аддаць у якасці аплаты прыгарадны фальварак, які каштаваў тысячу злотых, асноўны скарб манахаў быў надзейна схаваны ў сутарэннях калегіума і касцёла. У тым жа годзе ў горадзе пачала шырыцца пошасць -- чума, памерла шмат месцічаў. Сярод памерлых былі і манахі ордэна езуітаў, якія лекавалі хворых і рыхтавалі іх у апошні шлях, тыя, каму была вядома таямніца схаванага скарба. Так ён і застаўся пад зямлёй.

Паданні пра каханне

Апроч легендаў пра Мінск, якія склаліся на падставе гістарычных фактаў, існуюць і любоўныя паданні, знітаваныя з некаторымі мясцінамі і будынкамі горада.

Кажуць, што на Камароўцы ў пачатку Лагойскага тракту яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. стаяла струхнелая хатка шынкара, а адразу за ёй - велізарны дуб. За дубам, у густой зеляніне ледзь праглядалася магіла без крыжа. У народзе гэтае месца лічылася нячыстым. У месячным святле можна было заўважыць чыйсьці празрысты сілуэт, прывід блукаў па густой траве каля магілы. А адбылося вось што. Жыў у гэтых мясцінах сталяр, нарадзілася ў яго дачка Ганна. Прайшлі гады, і дзяўчынка вырасла прыгажуняй. Хлопцы цэлымі натоўпамі бегалі за ёй. А яна кахала толькі аднаго - маладога, дужага і прыгожага Янку. Яны штодзень сустракаліся і бавілі час разам. Але неўзабаве надышла бяда. Пакахаў Ганну стары шынкар, габрэй Іцка Сроль. У народзе яго клікалі ведзьмаком. Убачыўшы Ганну, шынкар страціў галаву. Аднойчы ён падпільнаваў дзяўчыну, стаў прызнавацца ў каханні, прапанаваў ёй золата і багатае жыццё. Дзяўчына толькі пасмяялася ў адказ і сказала, што мілей за Янку для яе няма нікога ва ўсім свеце. Тады вядзьмар з дапамогай ліхіх чараў зрабіў так, што Ганна спачатку страціла розум, а праз год памерла. Бацька пахаваў яе побач з дубам. З тых часоў прывід Ганны блукае па начах каля дуба. Непрыкаяная душа дзяўчыны кожную ноч у любую пару года прыхіналася да дуба, абдымала яго, шукала свайго любага Янку. Вялізны дуб тады ўздрыгваў, шамацеў лістотай, скрыгатаў карой, енчыў і плакаў да раніцы. Усё гэта наводзіла жах і роспач на людзей, якія жылі побач.

Даўно няма таго шынка, няма таго дуба, знікла і магіла, але і сёння па начах ў тым раёне Мінска, дзе знаходзіцца маленькі скверык перад МВАВТ, можна ўбачыць цень дзяўчыны, якая шукае сваё згубленае каханне.

Цікавыя любоўныя гісторыі адбываліся на беразе Свіслачы ў Лошыцкім парку. Рэч, відаць, у самім парку, які спрыяе сваёй аўрай развіццю любоўных падзей.

Упершыню Лошыца згадваецца ў 1557 годзе. Аднак адмыслоўцы мяркуюць, што будаваць сядзібу тут пачалі ў канцы XIV ст. Некалі па тутэйшых алеях гулялі каралеўскія асобы, а яшчэ раней менавіта ў гэтых мясцінах спыніўся апошні ледавік, што паспрыяла з'яўленню надзвычай багатага расліннага свету. Тым не менш, самая яркая тутэйшая легенда не пра каралеўскіх асоб і багатую флору, а пра закаханую жанчыну, якая жыла тут і ўжо амаль сто гадоў вяртаецца ў Лошыцу прывідам. Сапраўдная гісторыя яе жыцця закончылася трагедыяй. Найпрыгажэйшая жанчына Беларускага краю, жонка пана Любаньскага Ядвіга наклала на сябе рукі, калі раскрылі яе патаемнае каханне да графа Карла Чапскага, гарадскога галавы ў 1890-1904 гадах. У роспачы яна села ў лодку, адплыла ад берага і кінулася ў ваду. Менавіта тады і з'явіўся ў Лошыцы адзіны ў краіне маньчжурскі абрыкос, які ў памяць пра Ядвігу пасадзіў яе муж Яўстафій Любаньскі. І калі дрэва пачынае квітнець, а адбываецца гэта на поўню ў красавіку, тады і з'яўляецца светлы сілуэт Ядвігі, ён праплывае непадалёк ад зруйнаванай капліцы.

Яшчэ кажуць, што ў напамін пра тыя падзеі Бог беражэ сядзібу. Так, падчас Другой сусветнай вайны, калі ў доме сабраліся высокія нямецкія чыны, падпольшчыцы маці і дачка Чыжоўскія, якія прыслужвалі немцам, заклалі ў печку бомбу, але яе выявілі раней, чым павінен быў адбыцца выбух.

Апроч усяго, у лошыцкім парку маецца цудадзейны заручальны дуб. Як узгадваюць мясцовыя жыхары, сюды здаўна прыходзілі прасіць здароўя і кахання, сяброўства і творчага натхнення. Карацей, каму што трэба было. І ўсе жаданні, асабліва тыя, якія тычацца творчасці, дуб і дагэтуль выконвае.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX