Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

У чаканні Дракона


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 02-01-2012,
Крыніца: Маладосць №12 за 2011 г.



Зімовы сонцазварот быў адным з галоўных момантаў у розных культурах неалітычнага перыяду. Не выключэнне і продкі беларусаў. Яны верылі, што менавіта ў гэты час мяжа паміж сусветамі - зямным і тым, куды сыходзяць душы памерлых, дзе жывуць усемагутныя боствы, размываецца. Таму на Каляды і Новы год іх чакалі ў госці і ўшаноўвалі. Падцверджанне таму - калядная куцця для Дзядоў, шэсце калядоўнікаў, варожбы і шмат што яшчэ. Напярэдадні Калядаў і Новага года стаялі самыя халодныя дні зімы і самыя доўгія ночы, калі панавалі цемра і холад, калі сонца надоўга знікала з небасхілу, а жыццё, здаецца, перапынялася. Як вярнуць яго, што для гэтага трэба было зрабіць? Нашы далёкія продкі гэта ведалі і здзяйснялі адпаведныя рытуалы.

"…У залатым крэсле, на арэхавым кусце…"

Дзень зімовага сонцазвароту быў адным з самых халодных дзён зімы і лічыўся ў нашых прашчураў днём магутнага падземнага боства, (49KB) Змей Юша, які трымае Маці-Зямлю. якое цалкам апаноўвала ў гэты час сусветам, спыняла кругазварот Сонца і тым самым перапыняла ўсё жывое. Ад якога, зрэшты, зележалі далейшае жыццё і дабрабыт людзей. Што гэта за боства? Існуюць розныя меркаванні. Але беларуская калядная гульня, якая захавалася да нашых дзён, прыадчыняе таямніцу. Гульня называецца "Яшчур" і вылучаецца багатым міфалагічным і шлюбна-эратычным зместам: " Сядзіць, сядзіць Яшчур //У залатым крэсле, //На арэхавым кусце, //Арэшкі лушчыць, //Вочкамі плюшчыць, //Жаніцца хоча. //Вазьмі сабе панну //Якую хочаш, //Якую любіш".

Выконвалася гульня падчас Калядаў моладдзю шлюбнага ўзросту. На ролю Яшчура выбіралі самага прыгожага хлопца, садзілі яго ў сярэдзіну, а дзяўчаты вадзілі вакол карагод і спявалі вышэйпрыведзеную песню. Хлопец называў імёны дзяўчат, пасля чаго яны па чарзе кідалі яму свае вяночкі і садзіліся побач з ім. Так працягвалася, пакуль ён не пералічваў ўсіх дзяўчат. Затым яны зноў вадзілі карагод, танчылі і спявалі: " Яшчур, паночак, //Аддай мой вяночак. //Мой вяночак залаты, //Загубіла з галавы. //Я ручкі і ножкі мазаліла //Свайго вяночка не знасіла». Але хлопец не спяшаўся аддаваць вяночкі, ён усяляк грымаснічаў, смяшыў дзяўчат жартамі. І свае вянкі атрымлівалі тыя, хто стрымаліся і не паддаліся на правакацыю, засталіся сур'ёзным. Зрэшты, калі вянкі былі раздадзены, гульня заканчвалася.

Як сцвярджаюць навукоўцы, гульня "Яшчур" бытавала амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, у Расіі таксама яшчэ ў пачатку ХХ ст. існавала падобная дзіцячая гульня пад назвай "Яша". Але беларускія варыянты выглядаюць больш кансерватыўнымі і архаічнымі. Пра што гэта гаворыць? Давайце разбірацца.

Плоцкае каханне і рытуальны смех

У першую чаргу варта звярнуць увагу на тэксты песень, дзе спяваецца, што Яшчур сядзіць "у залатым крэсле". Гэта знак таго, што перад намі (37KB) Аднагаловыя яшчары з археалагічных знаходак. прадстаўнік высокага статусу. Магчыма, князь, магчыма, кароль, а, магчыма і нейкае боства, якое выбірае сабе нявесту. Далей спяваецца пра арэхавы куст і пра тое, што Яшчур там "лушчыць арэшкі". З беларускай міфалогіі мы ведаем, што моцны, гнуткі арэхавы куст дае адразу шмат пладоў, часта спараных і празваных у народзе "спарышамі". Спарышы заўсёды сімвалізавалі плоцкае каханне і пладавітасць, з іх дапамогай беларускія дзяўчаты варажылі на шлюб. Таму згадкі пра арэх і арэшнік у нашым фальклоры заўсёды мелі падкрэслена эратычны характар. Прыгадаем загадку: " Рос, рос, вырас, са штаноў вылез. Канчур загаліўся, дзеўкам палюбіўся". Да таго ж, арэхі на Каляды - абавязковая рэч, таксама, як яйка на Вялікдзень. З імі гулялі, імі частавалі, з іх дапамогай варажылі. У той жа час арэхавы куст у славянскім фальклоры азначае месцазнаходжанне міфічнага Змея. Пярун-грымотнік, пераследуючы Змея, ніколі не кідае свае стрэлы на арэшнік, бо менавіта арэшнік - самае бяспечнае месца для Змея, ягоная тэрыторыя.

Са зместу гульні мы даведваемся пра дзявочыя вяночкі, якія патрабуе Яшчур, а потым, атрымаўшы іх, зусім не спяшаецца вяртаць. У народнай традыцыі вянок - увасабленне дзявочай чысціні, а ягоная форма ў выглядзе кола - ахова ад злыдухаў. І таму, адабраны ў дзяўчыны вяночак азначаў пазбаўленне яе цноты, яна трапляла пад уладу небяспечных сіл. Што тычыцца своеасаблівага іспыту, які наладжваў хлопец-Яшчур дзяўчатам, прымушаючы іх смяяцца, то тут мы назіраем складанае магічнае дзеянне, якое мае назву - рытуальны смех. Ён выкарыстоўваўся ў язычніцкіх абрадах старажытных беларусаў і спрыяў наладжванню кантактаў паміж прадстаўнікамі таго і гэтага свету, жывымі і нежывымі істотамі, жанчынамі і мужчынамі. Як бачна з гульні, міфічны Яшчур хаця і увасабляў незвычайнага мужчыну, але -- незямную істоту, таму не ўсе дзяўчыны жадалі ісці з ім на кантакт.

Зробім высновы. Атрымліваецца: песні і гульня ў "Яшчура" даюць нам зразумець, што для нейкай незразумелай, але высокага стутасу, асобы абіраюць нявесту або жанчыну. Пытанне -- каму? Ва ўсялякім разе - не чалавеку. Дый, на што?

Архаічны сэнс гульні

Па сёння не існуе лёгкіх тлумачэнняў, як самой гульні, так і разумення, хто такі Яшчур. Ёсць некалькі версій. Некаторыя навукоўцы лічаць, (39KB) Ахвярапрынашэнне. Сучасны малюнак. што ён з'яўляўся падземных боствам старажытных славян, якога ў пэўныя гадавыя цыклы яны імкнуліся ўлітасцівіць прынясеннем у ахвяру выключна цнатлівых дзяўчат. Як сцвярджаюць, такія няшчасныя дзяўчаты выбіраліся задоўга да самога абраду ахвярапрынашэння, звязанага з урадлівасцю глебы і, натуральна, з ураджаем, псіхалагічна падрыхтоўваліся да магічнага дзеяння, і ў сярэдзіне лета іх тапілі ў рацэ, возеры або балоце. У тых месцах, дзе, па вераваннях старадаўніх людзей і жыло тое боства. Дзейства магло адбывацца на Сёмуху або Купалле, калі жыта толькі пачынала каласіцца, і гаспадарчы вынік сезона быў яшчэ не вядомы. У такіх абрадах перапляталіся: мужчынскае -- апладненне і жаночае - выношванне і нараджэнне. У старажытных грэкаў таксама ў сярэдзіне лета тапілі ў моры, скідалі са скалы, дзве ахвяры - мужчыну і жанчыну. Да падобных рытуалаў, звязаных з падводна-падземнымі сіламі, іх ушанаваннем, можна аднесці вядомыя ў беларусаў "пахаванні" Марэны або Купалы, якія пазней ператварыліся проста ў каляндарныя ігрышчы. Падчас такіх рытуалаў ляльку, апранутую ў адзенне дзяўчыны, тапілі ў вадзе. Ахвяра прыносілася не самім сілам сезоннага дзеяння, а існаму ўладару падземных і падводных сіл, які меў выгляд Змея або Яшчара (па-старажытнаму - Яшчура).

Іншыя даследнікі мінуўшчыны лічаць, што Яшчар або Змей мог быць татэмным продкам славян і ўдзельнічаў у абрадзе рытуальнага шлюбу дзяўчат або ў дзявочай ініцыяцыі. Пасля гэтага кожная дзяўчына, якая брала ўдзел у абрадзе, рабілася патэнцыйнай нявестай і магла працягваць жыццё роду. Магчыма, так. Але некаторыя з іх рабіліся і нявестамі міфічнага Змея, родапачынальніка таго ці іншага племені славян. Тым больш, што этымалогія слова "Яшчур" дазваляе зрабіць некаторыя высновы. Так, слова "прашчур", якое азначае далёкага продка, складаецца з двух кампанентаў: "пра" -- перад і "шчур" - Чур (Цур). Мы ведаем, што Чур-Цур у міфалогіі славян -- боства-апякун роду, ахоўнік усемагчымых межаў і дарог. Вада, куды кідалі няшчасных ахвяр, таксама з'яўляецца памежнай зонай паміж тым і гэтым светам. У беларускіх чарадзейных казках і легендах пашыраны матыў "муж-вуж" ці "муж-змей". Вядомы і казачны Цмок (дракон), які ў выглядзе агромністай яшчаркі прыплывае па вадзе за абяцанай яму каралеўнай або проста прыгожай дзяўчынай, лёс якой наканаваны -- быць жонкай гэтай істоты. Старажытныя людзі лічылі, што такім чынам адбываецца сакральны шлюб паміж утопленай дзяўчынай і падземным боствам - Яшчарам. А значыць жыццё роду, дабрабыт застануцца ў бяспецы.

"Забабоны літоўскія"

Увогуле рытуальнае ўшанаванне розных "гадаў" на тэрыторыі сучаснай Літвы і Беларусі было шырока распаўсюджана з глыбінных часоў. (74KB) 'Аднаногія' драконы і дракона-людзі – старажытнарускае пісала з навершыямі ў выглядзе галоў дракона. 10-12 стст. Ноўгарад. Натуральна, гэта мае сувязь з культам продкаў і пайшло з часоў татэмізму, калі Змея ці Яшчара лічылі сваім родапачынальнікам. Потым культ змей змяшаўся з культам дамавіка. Вядома, што ў даўнія часы амаль у кожнай вясковай хаце трымалі вужоў пад печчу, кармілі і ўсяляк аберагалі іх, таму што ў вобразе вужа ўяўлялі сабе дамавіка, які ахоўвае гаспадарку. Таксама засведчана, што разам з вужамі на Беларусі шанавалі і гадзюк. Так, хатняя змяя-заступніца ласкава называлася "гад-гаспадарык". Паводле старадаўніх звычаяў, хатняя змяя ўвасабляла душу, як памерлага сваяка, так і цяперашняга гаспадара, або іншага чальца сям'і, двайніком якога яна з'яўлялася. Таму смерць хатняй заступніцы магла выклікаць і смерць гаспадара. І наадварот: пасля смерці каго-небудзь з сямейнікаў магла памерці і хатняя змяя.

Вынішчыць вужоў і гадаў, якія меліся ў кожнай хаце, загадаў у 1387 годзе кароль Уладзіслаў Ягайла, чым выклікаў па словах гісторыкаў таго часу страшэннае абурэнне ўсёй Літвы. Так скарочана называлася раней Вялікае Княства Літоўскае. Лічыцца, што ў тыя часы былі знішчаны "забабоны літоўскія" -- ўсе гады і капішчы ў іх гонар. Але пасол імператара Святой Рымскай Імперыі Сігізмунд Герберштэйн, які наведаў Літву больш, чым праз сто год пасля таго выпадку, засведчыў іх ушанаванне. Ён пісаў на лаціне пра нейкіх givoites (гівойтаў, жывойтаў) - змеях на чатырох кароткіх лапках і з чорным тлустым целам, якіх кармілі ў сваіх дамах і "са страхам ушаноўвалі". Як лічаць, жывойт, хутчэй за ўсё, быў нейкім відам вымерлай сёння балотнай яшчаркі. Ягоныя абрысы, асабліва форма галавы, дзіўным чынам нагадвалі вельмі важны для язычнікаў орган. Таму такія рэальныя земнаводныя ўшаноўваліся, і на самрэч маглі быць сімвалам больш значнага боства возера, ракі ці ўсяго падземна-падводнага свету.

У дадзеным кантэксце цікавая палеская легенда пра пачварнага вогненнага змея Агняўца. Ён, як сцвярджаецца, час ад часу лётае ў паветры, але стала жыве ў балоце, і забівае ўсіх, хто трапляе туды. Агнявец падобны да вялікай яшчаркі з касцянымі пласцінамі на лобе і па ўсім целе. Дарэчы, падобныя істоты, толькі, што не вогненнай пароды, і не лятаючыя, зафіксаваны і ў Расіі. Так, у Пскоўскім летапісу 1582 года чытаем: " В лето 7090-е изыдоша коркодилы лютии звери из реки и путь затвориша, людей много поядоша, и ужасашася людие, и моляша Бога по всеи земле; и паки спряташася, а иних избиша". Навукоўцы лічаць, што тут гаворыцца не пра хатніх "гівойтаў", якіх спецыяльна трымалі ў хатах і ўшаноўвалі як бостваў, а пра нашэсце сапраўдных рачных яшчараў. Толькі слова "яшчары" заменена на скажонае "коркодилы" - кракадзілы, па-іншаму. Прыкметы культа яшчара-кракадзіла асабліва заўважны ў Ноўгарадзе, дзе яшчэ да афіцыйнага прыняцця дзяржаўнага язычніцкага культу Перуна ў 980 годзе існавала свяцілішча "бога-Кракадзіла".

Сакральныя законы сонечнага кругазвароту

Археалагічны матэрыял, знойдзены, як у Расіі, так і ў нас, складаецца з шэрагу дзвярных ручак - клямак, рытуальных жэзлаў, вільчыкаў на (49KB) Водасховішча, якое абрысамі нагадвае дракона. Выгляд з космасу. Справа выява дракона на Вялікім кітайскім муры. франтонах хат, аконных ліштваў, каўшоў для вады, разнастайных жаночых упрыгожванняў, аформленых у выглядзе галавы яшчара. Ва ўсіх ягоных выявах - буйная пыса з агромністай пашчай і дакладна пазначанымі зубамі. На шыі яшчараў у той ці іншай форме прысутнічае ідэаграма вады. Падобныя каўшы вядомы і ў Скандынавіі. Выява яшчара на каўшах не выпадковая, таму што коўш -- "чарпала" - неад'емная частка абрадавага разгулу, што згадваецца ў павучаннях супраць язычніцтва.

На прыкладзе гэтых выяў бачна, як магічная язычніцкая сімволіка нашых далёкіх продкаў адлюстроўвае касмалагічную структуру Сусвету. Мы, беларусы, верылі ў тое, што дзякуючы місіі хтанічнага ўладара ніжняга свету - Змея або Яшчара, сакральны закон сонечнага кругазвароту, заснаваны на прыроднай раўнавазе сіл Святла і Цемры, захаваецца назаўсёды, а Жыццё - адродзіцца. Прычым, гэта тычылася як штодзённага кругазвароту, калі падземнае боства кожны вечар праглынае Сонца сваёй заходняй пашчай, так і зімовага, у выпадку якога з-за слабасці сонечнага свяціла "глынаецца", сыходзіць ў нябыт усё жывое. І калі не перашкаджаць боству, не крыўдзіць яго, а ўшаноўваць, штораніцы на Ўсходзе і штогод на Каляды яно абавязкова выпусціць Сонца памаладзелым і поўным сіл. Пра гэта, зрэшты, і гаворыць гульня "Яшчур", якая і па сёння ўтрымлівае ў сабе шмат загадкавага і невытлумачальнага. Але тое, што яна прымеркавана да Каляд, пачатку года, нашага Яшчура можна параўнаць з сусветным драконам, вядомым па шматлікіх міфах іншых культур.


Вы спытаеце, а як жа няшчасныя дзяўчыны, якія павінны былі заплаціць сваім жыццём дзеля сусветнага парадку і спакойнага жыцця сучаснікаў? Не трэба думаць, што нашы продкі былі крыважэрнымі -- толькі і рабілі, што забівалі прыгожых дзяўчат. Па-першае, як сцвярджаюць шматлікія крыніцы, на такія ахвяры людзі ішлі добраахвотна, лічылі гэта гонарам для сябе. Па-другое, чалавечая ахвяра ў тыя часы лічылася самай каштоўнай, а таму і здзяйснялася зрэдчас. Да яе звярталіся толькі ў самыя цяжкія, экстрэмальныя часы, калі паўставала пагроза знікнення грамады: эпідэмія, голад, вайна… Часцей за ўсё імкнуліся прынесці ў ахвяру розных жывёл. Потым, калі вераванні памяняліся, прыйшоў час хрысціянства, у міфах і літаратуры сталі моднымі матывы змагання з драконамі і шматгаловымі змеямі. Узгадайце Святога Юр'ю, які перамог дракона-змея. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX