Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Аздобы-даспадобы


Аўтар: Дучыц Л.У.,
Дадана: 24-04-2012,
Крыніца: Маладосць №3-2012.

Спампаваць




Жанчыны заўсёды звярталі на свой знешні выгляд асаблівую ўвагу. Строі, сукенкі, кашулі, абутак… Нават такая дробязь як аздабленне для валасоў з'яўлялася вырашальнай для ўсіх жанчын, не зважаючы ні на ўзрост, ні на сацыяльнае становішча. А ці не зазірнуць нам у далёкія часы эпохі ранняга Сярэднявечча? З тым, каб даведацца, якія ўпрыгожванні насілі жанчыны нашай зямлі.

ТРЫ А: АБЯРЭГ, АЗДАБЛЕННЕ, АЗНАЧЭННЕ

Спачатку гэта былі іклы і косткі татэмных істот, пазванкі рыб і нават маленькія прасвідраваныя каменьчыкі. Іх нанізвалі на сухажыллі жывёл і сцябліны раслін, нашывалі на адзенне або пускалі на каралі. Пазней былі вынайдзены метал і шкло, і тады асноўнай часткай аздаблення жаночых строяў сталі яны, матэрыялы прагрэсу. Але якія часы ні вазьмі, упрыгожванні былі ахоўным сродкам чалавека, яго абярэгам, і таму ў першую чаргу, канечне ж, адлюстроўвалі міфалагічныя ўяўленні. З цягам часу абярэгі сталі выконваць і эстэтычную функцыю і нават пачалі вызначаць прыналежнасць да таго ці іншага этнасу. Упрыгожванні ў большасці сваёй рабіліся мясцовымі майстрамі, а таму дэманстравалі традыцыйныя вераванні і густы пэўных этнічных суполак.
Ішоў час. Некаторымі з такіх прадметаў пачалі абменьвацца. На тэрыторыі Беларусі археолагі знаходзяць шкляныя пацеркі і некаторыя віды фібул - засцежак для адзення, якія паходзяць з іншых краёў. Такія знаходкі адносяцца яшчэ да часоў ранняга жалезнага веку.
Гісторыю нацыянальных строяў без аздоб уявіць немагчыма. Яны характэрны для ўсіх эпох, асабліва гэта датычыць жаночых строяў. Самыя цікавыя, багатыя і разнастайныя ўпрыгожванні на нашых землях насілі ў часы Полацкага і Тураўскага княстваў, у канцы І - пачатку ІІ тысячагоддзя. Сучасным жанчынам ёсць чаму пазайздросціць і ёсць што пераняць.
У гэты час тэрыторыя сучаснай Беларусі была ўключана ў шырокія гандлёвыя сувязі. Актыўна функцыяніравалі шляхі ПрыпяцкаБугскі і «з варагаў у грэкі». У гарадах будаваліся храмы, пры якіх існавалі школы і вяліся летапісы. Вывучалі ў гэтых школах не толькі царкоўнаславянскую, але і грэчаскую, лацінскую мовы. У асяроддзі знаці зараджалася свецкая культура і этыкет. І строі, а таксама ўпрыгожванні былі вонкавым паказчыкам сацыяльнага становішча. Як і ў іншыя часы, аздобы, якія мелі магічны сэнс, насілі штодня, некаторыя - на святы і падчас урачыстасцей. Рэчы строга дзяліліся на аздобы сялянак, гараджанак і жанчын княска-баярскага кола. Упрыгожванні вясковых кабет, самай шматлікай тагачаснай сацыяльнай групы, выконвалі ролю этнічнага маркера і сведчылі пра рэгіянальныя асаблівасці культуры. У першую чаргу гэта датычыць галаўных убораў.

ВЯНОК, ЧАПЕЦ І СКРОНЕВЫЯ КОЛЬЦЫ

Дзявочыя і для замужніх жанчын - так падзяляліся тагачасныя галаўныя ўборы. Дзяўчаты насілі вяночкі з тканін, шаўковай тасьмы, скураных раменьчыкаў, металічных спіралек, нацягнутых на лыка. Жаночымі ўборамі лічыліся рознага тыпу чапцы, у тым ліку з шаўковых тканін, лямцу, скуры, а таксама ручніковыя ўборы. У халоднае надвор'е (28KB) Упрыгожванні: а - крывічанкі, б - радзімічанкі, в - дрыгавічанкі. ХІ стагоддзе. дзяўчаты і жанчыны насілі цёплыя хусткі і шапкі, вязаныя і футравыя. Галаўныя ўборы, асабліва святочныя, як правіла, дапаўнялі скроневыя кольцы. Кольцы гэтыя або пры шываліся, або на стужках ці раменьчыках прымацоўваліся да вяночкаў, шапачак, чапцоў над скронямі. Часам такія ўпрыгожванні красуні насілі і як завушніцы, а некаторыя нават упляталі іх у валасы.
(27KB) Галаўныя ўборы сялянак: а - вяночак,  б - чапец,  в - ручніковы ўбор. Х-ХІ стагоддзі. Скроневыя кольцы, увогуле, маюць вялікую разнастайнасць, але некаторыя з іх усё ж характэрны толькі для пэўных рэгіёнаў. На землях крывічоў, напрыклад, насілі дротавыя кольцы, падобныя да бранзалетаў. У дрыгавічоў яны падобны да пярсцёнкаў з нанізанымі на іх металічнымі зярнёнымі пацеркамі. На тэрыторыі Заходняга Палесся і часткова Панямоння скроневыя кольцы таксама выглядаюць як пярсцёнкі, толькі патоўшчаныя і з S-падобнымі завіткамі, а ў Пасожжы - сяміпрамянёвыя. Тонкія дротавыя пярсцёнкападобныя кольцы былі агульнымі для ўсёй тэрыторыі Беларусі. Часам на такія кольцы нанізвалі шкляныя ці сердалікавыя пацеркі, сустракаліся нават пацеркі з костачак слівы і вішні або з пазванкоў рыбы. У якасці скроневых упрыгожванняў выкарыстоўвалі падвескі або старыя манеты, у якіх рабілі адтулінку, каб прапусціць у яе нітку для падвешвання. У сялянак скроневыя аздобы былі ў асноўным з бронзы або білону, нізкапробнага срэбра, але даволі часта і з чыстага срэбра.
На кожнай скроні насілі ад аднаго да трох кольцаў, а часам здаралася, што і больш. Сустракаліся выпадкі, калі на адной скроні былі кольцы аднаго тыпу, а на другой - іншага. Зафіксаваны строі, дзе налічвалася дванаццаць скроневых бранзалетападобных кольцаў. Яны былі ўплецены ў валасы. Шмат дзе ў Беларусі ў тыя часы былі моднымі шапачкі і вяночкі, абшытыя металічнымі пласцінкамі або спіральнымі пранізкамі - ад аднаго да чатырох і болей радоў. Пласцінкі рабілі рознай формы і ўпрыгожвалі разнастайным арнаментам. Некаторыя з іх аздабляліся пазалотай. Такія галаўныя ўборы насілі ў вярхоўях Віліі, у Крупскім і Бярэзінскім раёнах Мінскай вобласці, Воранаўскім, Шчучынскім і Навагрудскім раёнах Гродзеншчыны. У некаторых вёсках галаўныя ўборы багата расшывалі залатымі і срэбнымі ніцямі, прывезенымі з Візантыі ці Іспаніі.
На поўначы Беларусі многія сялянкі насілі вяночкі з бронзавых спіральных пранізак у тры-шэсць радоў, часам ў спалучэнні з пласцінкамі. Спіралькі і пласцінкі нанізваліся або на лыкавыя жгуты, або на скураныя тонкія раменьчыкі. Да такіх вяночкаў над патыліцай прымацоўваліся ланцужкі, якія заканчваліся званочкамі або падвескамі ў форме трапецыі. У Цэнтральнай Беларусі таксама насілі бронзавыя і срэбныя пласціначныя вяночкі. Яны мелі выгляд стужкі, шырынёй 0,5-2 см і таўшчынёй 0,1 см. Было два варыянты - або на канцах рабіліся адтуліны для матузка, або канцы гэтыя загіналіся трубачкамі, скрозь якія прапускаўся раменьчык для злучэння.

МОДА НА КОЛТЫ І РАСНЫ

Скроневымі ўпрыгожваннямі гараджанак лічыліся колты - вырабы з дзвюх пласцін у выглядзе круга ці зоркі. Унутр іх укладалася тканіна, змочаная пахучым алеем. У Мінску быў знойдзены сярэбраны колт з ціснёнымі выявамі птушак, абкружаны ажурным карункам. Другі мінскі колт зроблены з алавяністасвінцовага сплаву і мае на вонкавым баку несапраўдны зярнёны ўзор і па кромцы пласціны пустацелыя шарыкі. Гарадскімі скроневымі ўборамі былі невялікія дротавыя кольцы з нанізанымі на іх трыма полымі металічнымі пацеркамі. Моднымі лічыліся шкляныя скроневыя кольцы, дыяметрам 2,5-5 см.
У княска-баярскім асяродку скроневыя ўпрыгожванні, як і ўсе іншыя, былі з золата і высокаякаснага срэбра, часта з пазалотай. Апроч таго, яны аздабляліся выемчатай эмаллю, чэрню, зерню, сканню. Абавязковым элементам параднага ўбору знатнай жанчыны былі два колты і некалькі трохпацеркавых кольцаў або раснаў. Расны - гэта упрыгожванні, складзеныя з медальёнчыкаў і ланцужкоў, якія спускаліся з абодвух бакоў да плячэй. У склад скарбу, знойдзенага на месцы былога замка каля вёскі Вішчын Рагачоўскага раёна, уваходзілі два колты з двухбаковымі выявамі птушак, выкананымі ў тэхніцы перагародчатай эмалі, зоркавы шасціканцовы колт і яшчэ адзін - з ажурным кантам, выявамі дзвюх птушак і «крынай» - знакам урадлівасці. Залатыя трохпацеркавыя скроневыя кольцы знойдзены пры археалагічных раскопках у Полацку і Барысаве. Знатныя жанчыны насілі і разнастайныя завушніцы. Пра гэта таксама сведчаць скарбы. Шмат такіх упрыгожваняў уваходзіла ў склад скарбаў, знойдзеных каля вёсак Шаўнева ў Горацкім, Дзегцяны ў Капыльскім раёнах, ды і ў іншых мясцовасцях.

КАРАЛІ ДЛЯ МОДНІЦ

Вялікая ўвага ў строях надавалася аздабленню такой прыгожай часткі жаночага (29KB) Нагрудныя ўпрыгожванні: а, а-1- фібулы, б - пацеркі, в - каралі. ХІ-ХІІ сттагоддзі. цела, як шыя. Сялянкі насілі каралі з пацерак і падвесак. Пацеркі куплялі на кірмашах, у карабейнікаў. Як правіла, наборы пацерак былі розныя: шкляныя і сердалікавыя, крышталёвыя, бурштынавыя і бронзавыя, з яшмы, агату, перлін… Дзяўчаты абменьваліся пацеркамі - адной або некалькімі - у знак сяброўства. Увогуле, каралі з аднаго віду пацерак насілі нячаста. У іх складзе пацеркі перамяжоўваліся з падвескамі, якіх на тэрыторыі Беларусі на той час было не менш як дзвесце відаў: манетападобныя падвескі, бразготкі, лунніцы - у выглядзе месячыка, (68KB) Упрыгожванне знатнай жанчыны з колтаў і раснаў. ХІ-ХІІ стагоддзі. лыжачкі, ключыкі, конікі, птушачкі, якары, петлепадобныя і гэтак далей. Дрыгавічанкі насілі шмат металічных зярнёных і ажурных пацерак, памеры якіх часам былі з галубінае яйка. Такія пацеркі чаргаваліся з падвескамі шклянымі і манетападобнымі. Радзімічанкі больш упадабалі пятлістыя падвескі і дробныя шкляныя пацеркі. На поўначы і ў цэнтры Беларусі жанчыны на сваіх шыях насілі яшчэ і металічныя абручы-грыўні. Яны былі з вітога, гранёнага ці пляскатага дроту, пашыраныя пасярэдзіне. Заканчваліся абручы конусам або спіраллю. Часам на грыўні з пашыранай сярэдзінай прымацоўвалі падвескі-трапецыі або бразготкі. У модзе былі і ланцужкі, але ў параўнанні з сучаснымі яны выглядалі больш масіўнымі, і да іх амаль заўсёды прымацоўвалі падвескі.
Да нагрудных упрыгожванняў адносяцца яшчэ і фібулы - металічныя зашпількі для адзення. Найчасцей іх выкарыстоўвалі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі, а таксама на Пасожжы. Шырока бытавалі рознай велічыні фібулы ў выглядзе падковы са спіралепадобнымі канцамі. Такімі фібуламі зашпільвалі не толькі світы і наплечныя пакрывалы, але і тканыя паясы, імі ж упрыгожвалі і галаўныя ўборы. У жанчын радзімічаў попытам карысталіся прамянёвыя фібулы, якія нагадвалі сучасныя брошкі. На ланцужках да фібул прымацоўвалі падвескі-амулеты, у тым ліку нават маленькія ножыкі ў скураных, вышытых залатымі ніцямі, футаралах. Сярод нагрудных упрыгожванняў былі яшчэ шпількі з завостраным канцом, верх якіх меў выяву або крыжа, або птушынай галавы. Звычайна такімі шпількамі замацоўвалі наплечныя пакрывалы.
Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожванні гараджанак мала чым адрозніваліся ад таго, што насілі вясковыя жанчыны. Гараджанкі выкарыстоўвалі шмат караляў з пацерак і падвесак. Але падвескі ў гараджанак былі больш разнастайныя. Менавіта гарадскімі ўпрыгожваннямі лічыліся падвескі-крыжыкі, аздобленыя выемчатай эмаллю - таннае перайманне ўбораў знаці. Уборам гараджанак уласцівы былі крыжыкі з оўручскага шыферу, якія абрамлялі серабром з пазалотай. Часам крыжыкі замяняліся маленечкімі абразкамі з шыферу і косці. Даволі часта на сваё адзенне і галаўныя ўборы гараджанкі нашывалі металічныя пласцінкі з пазалотай.
Жанчыны з княска-баярскага асяроддзя шкляныя пацеркі амаль не насілі, іх асноўным упрыгожваннем былі пацеркі з каштоўных металаў, аздобленыя зерню і сканню. Параднымі нагруднымі ўборамі знаці былі бармы - круглыя медальёны з выявамі хрысціянскіх святых і арнаментаў, што азначалі ўрадлівасць. Каб абшыць адзенне, галаўныя ўборы і абутак, выкарыстоўвалі перліны і іншыя каштоўныя пацеркі.

ПЯРСЦЁНКІ І БРАНЗАЛЕТЫ - СУАДНОСНА СТАТУСА

Рукі нашых прабабуль упрыгожвалі пярсцёнкі і бранзалеты. Іх насілі шмат, і ва ўсіх пластах грамадства - ад сялянак да княгінь. Адрозненні датычыліся знешняга выгляду, выкарыстаных матэрыялаў, а таксама колькасці. Сярод вясковых жанчын карысталіся папулярнасцю гладкія ці вітыя кольцы і пласціначныя нешырокія пярсцёнкі, аздобленыя арнаментам. Падобнымі былі і бранзалеты. Але палачанак адрознівалі своеасаблівыя бранзалеты - яны мелі выгляд зааморфных істот. Сячэнне такіх бранзалетаў было заўсёды ў выглядзе сегмента, верх - багата арнаментаваны, а канцы - у выглядзе стылізаваных змяіных галовак.
У адрозненне ад сялянак, гараджанкі любілі больш разнастайныя пярсцёнкі - з пашыранай сярэдзінай, са шчытком, з устаўкамі са шкла ці паўкаштоўных камянёў. Большай папулярнасцю ў іх карысталіся пласціначныя арнаментаваныя бранзалеты. Але асноўным упрыгожваннем гараджанак, што адразу ж падкрэслівала іх статус, з'яўляліся шкляныя бранзалеты і пярсцёнкі. Бранзалеты былі даволі танныя, таму што яны неўзабаве біліся. Іх насілі адразу па некалькі штук на кожнай руцэ. Такія бранзалеты мелі разнастайную форму - гладкія, кручаныя, дробнакручаныя, рыфлёныя, і колер - блакітны, жоўты, зялёны, сіні, чорны, карычневы, фіялетавы. Мода, аса бліва на колер, мянялася даволі часта. У кожным горадзе яна мела свае асаблівасці. Жыхаркі Віцебска любілі бранзалеты смарагдавага і травяністага колераў, пінскія модніцы ўпадабалі карычневыя, фіялетавыя і зялёныя, тураўчанкі карычневыя, зялёныя і бірузовыя, спецыфічна навагрудскімі лічыліся шырокія і рыфлёныя шкляныя бранзалеты, а таксама бранзалеты, упрыгожаныя гарызантальнымі палосамі і жалабкамі. (23KB) Пярсцёнкі і бранзалет. ХІ-ХІІ стагоддзі.
Знатныя жанчыны насілі пярсцёнкі і бранзалеты з золата і срэбра. Залатыя пярсцёнкі былі знойдзены пры раскопках у Брэсце, Віцебску, Полацку, Гродне, Наваградку. Пярсцёнак з Полацка меў устаўку з сапфіра, а з Навагрудка - з граната. У Мінску пры раскопках храма ХІІ стагоддзя непадалёк ад пахавання знатнай дзяўчыны знойдзены залаты бранзалет вагой прыкладна 75,5 г. Ён сплецены з тонкіх дроцікаў і заканчваецца стылізаванымі змяінымі галоўкамі. Падобны срэбны бранзалет знойдзены і ў складзе скарбу на гарадзішчы Вішчын Рагачоўскага раёна. У гэтым скарбе быў яшчэ срэбны бранзалетнаруч, злучаны па баках шарнірамі, упрыгожаны крынамі і выявамі птушак. Падобны бранзалет выяўлены і на гарадзішчы каля вёскі Раманава, цяпер Леніна Горацкага раёна.
Трэба адзначыць, што большасць упрыгожванняў, у тым ліку і для знаці, зроблена мясцовымі майстрамі. У Навагрудку нават узнікла аб'яднанне ювеліраў-златакавалёў. Пра гэта сведчыць раскапаны багаты квартал жытлаў і майстэрняў, прылады працы і ліцейныя формачкі. Рэшткі такіх майстэрняў знойдзены і ў шэрагу іншых мясцін. Старажытныя майстры нашай зямлі ведалі коўку, чаканку, цісненне, валачэнне дроту і іншыя ювелірныя аперацыі. На жаль, сёння такіх умельцаў мала…
Падагульняючы, можна зрабіць вынік, што ўпрыгожванні сялянак у першую чаргу адлюстроўвалі міфалагічныя ўяўленні і рэгіянальныя традыцыі. Уборы гараджанак сталі сінтэзам элементаў разнастайных сялянскіх строяў і таннага пераймання ўзораў ад строяў знаці. Наборы ўпрыгожванняў княска-баярскага кола спалучалі не толькі мясцовыя традыцыі, але і візантыйскія, і заходнееўрапейскія ўплывы.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX