Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Ад слова "ведаць"


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 24-04-2012,
Крыніца: Маладосць №3-2011.



Слова "ведзьма" даўно страціла першапачатковы сэнс. Некалі так называлі жанчын, якія ведалі і заўважалі тое, што было схавана ад другіх. (36KB) Варажея са свечкай. Аўтар Арэст Кіпрэнскі. Ведзьма ў дахрысціянскім свеце была ганаровым чалавекам, да яе меркаванняў прыслухоўваліся, без яе парады не прымалася ніводнае важнае рашэнне. І калі сеялі хлеб, і калі яго збіралі, і пры нараджэнні чалавека, і пры ягоным пахаванні.

У часы хрысціянства адносіны да ведзьмаў змяніліся. Царкоўныя святары бачылі ў іх небяспечных канкурэнтаў і зрабілі ўсё, каб ачарніць іх патаемныя веды. Незвычайных жанчын абвінавачвалі ў чарадзействе, эпідэміях, сухмені, неўраджаі... Запалалі вогнішчы, ненажэрнае полымя інквізіцыі знішчала іншадумцаў. Паступова ведзьмы ператварыліся ў адмоўныя персанажы легедаў і казак, а самі сябе яны пачалі называць ўжо знахаркамі або лекаркамі.

І чараваць, і шаптаць, і варажыць...

Вядзьмарка, знахарка, чараўніца, варажэя, шаптуха... Столькі азначэнняў для пэўных людзей, якія валодаюць таямнічымі ведамі і (68KB) Чарадзейнае варыва на шабашы. Гравюра  16 ст. надпрыроднымі здольнасцямі. Мы ўжываем гэтыя словы ў розных інтэпрэтацыях і ўкладаем у кожнае з іх свой сэнс, які сфармаваўся ў нас яшчэ з дзяцінства пад уплывам страшных гісторый, аповядаў, казак і легенд. Варта нам сказаць слова "ведзьма", як з падсвядомасці выплывае вобраз старой з растрапанымі валасамі, якая нешта шапоча над агромністай чашай з кіпнем. Дарэчы, такую чашу нашы далёкія продкі называлі чарай . У ёй на вогнішчы гатаваліся розныя напоі з магічных зёлак і лекавых раслін. А жанчын, якія ведалі старадаўнія рэцэпты тых напояў, а потым ўжывалі іх у розных абрадах, называлі чараўніцамі . Адсюль пайшлі і такія словы, як чарка , чараваць ...

Хто ж такая знахарка? Як правіла, гэта жанчына, якая займаецца народнай медыцынай і тлумачэннем сноў. Яна і цяпер у многіх беларускіх вёсках лічыцца важнай і дасведчанай фігурай. Як верылі здаўна, знахарка шэпча замовы-малітвы, замаўляе ваду, хлеб, соль. Такая традыцыя ідзе з глыбокай даўніны. Яна не робіць шкоды, не выклікае злыдухаў, але можа часам навесці псоту. Вось чаму знахарак часта называюць шаптухамі, а дзеяслоў шаптаць разумеўся раней нашымі продкамі як намаўляць. Жанчыны, якія займаліся знахарствам, маглі быць і вясковымі павітухамі, або як іх яшчэ называлі - баба, бабка.

Слова варажэя ідзе ад дзеяслова вражыці і азначае практыкаваць магію, займацца варажбой. Часцей такім словам называлі тых жанчын, якія прадказвалі лёс. Імі маглі быць і іншаземкі, да прыкладу, цыганкі або татаркі. Варажэі выкарыстоўвалі жераб'і, карты, чайнае лісце, вугаль, соль, яны варажылі па руцэ або глядзелі на ваду, апускаючы туды магічныя прадметы. Звычайна варажэй выкарыстоўвалі для пошукаў скрадзенага і таго, хто здзейсніў крадзеж. У XVIII ст. некаторыя жанчыны, якія займаліся варожбамі прафесійна, мелі пэўны сацыяльны статус, і іх нават пазнавалі па асаблівай вопратцы.

Але як бы гэтыя жанчыны не называлі сябе самі, сэнс заставаўся адным - усе яны валодалі звышнатуральнымі здольнасцямі. Такія здольнасці, як правіла, прымушалі ставіцца да іх з асцярогай і падазрэннем. Сітуацыя пагоршылася з надыходам хрысціянства, калі афіцыйная царква пачала змагацца са старажытнымі язычніцкімі вераваннямі, а магічныя здольнасці незвычайных жанчын абвесцілі д'ябальскімі. Маўляў, яны сябруюць з самім Д'яблам, атрымліваюць ад яго патаемныя веды і сакрэтныя заданні, а ўсё для таго, каб нашкодзіць людзям. Таму сёння вобраз ведзьмы-чараўніцы ўспрымаецца амаль заўсёды адмоўна, больш таго лічыцца жахлівым прыкладам разбэсты і ліха.

Народжаная і навучаная

У народзе вераць, што ведзьмы бываюць народжанымі і навучанымі. У першым выпадку, калі вядзьмарства дасталася ў спадчыну, у другім (42KB) Дазнанне святой інквізіцыі. Сучасная рэканструкцыя. - калі жанчына па асабістай волі заключыла дамову з нячысцікам. Пры гэтым казалі, што народжаная вядзьмарка ведае больш і можа як лекаваць, так і наводзіць псоту, а навучаная робіць толькі апошняе і не можа выправіць нават ёю самой насланую шкоду. Ведзьмай ад нараджэння станавілася дачка ведзьмы або дзяўчынка, народжаная паза шлюбам, чые маці і баба таксама былі пазашлюбнымі дзецьмі. Вядзьмаркай магла стаць і пятая або сёмая дачка ў сям'і, дзе ўзапар нараджаліся адны дзяўчынкі.

Казалі, каб зрабіцца навучанай ведзьмай, трэба прайсці абрад ініцыяцыі. Такі абрад праводзіла старая вядзьмарка, якая навучала сваім уменням маладую жанчыну. Разам яны бралі па кавалку хлеба або тварагу і ішлі ў патаемнае месца, дзе кожная клала сваю ношу на белы ручнік. Неўзабаве на ручніку ведзьмы збіраліся змеі, жабы, яшчаркі, мышы і пачыналі жэрці хлеб, раздзіраючы яго на яшчэ больш дробныя кавалкі. Хлеб маладой жанчыны заставаўся некранутым. Тады старая ведзьма казала: "Як раздзіраюць мой хлеб, так пасля смерці будуць раздзіраць маю душу. А твой хлеб пакуль цэлы, як і твая душа". Калі маладая жанчына згаджалася на такую пасмяротную долю, яна працягвала далей навучацца ў старой.

Нават сёння лічаць, што ведзьмы выглядаюць асаблівым чынам. А што казаць пра старажытныя часы. Тады тым больш верылі, што ведзьма вылучаецца сярод астатніх людзей сваімі паводзінамі і знешнім выглядам. У яе можа быць падвойны рад зубоў, бародаўка ці пучок вусоў на твары, па ўсім хрыбце ад патыліцы да пояса -- тонкая паска валасоў, "лішнія" пальцы на руках ці нагах або іх адсутнасць. Таксама яе можна было пазнаць па яе кульгавасці і доўгім загнутым уніз носе, кастлявых руках. Але самай яркай адзнакай вядзьмаркі быў хвост - голы ў маладой, парослы валасамі ў дасведчанай. Лічылася, што ў ведзьмаў незвычайна змрочны выраз твару, бліскучыя вочы, хрыпаваты ці гартанны голас. Ведзьма не можа глядзець вам проста ў вочы, таму яе ўласныя скачуць, а ў зрэнках адлюстроўваецца перавернутая выява чалавека. Яна можа вельмі доўга маўчаць ці няспынна буркатаць, нібы, размаўляе сама з сабою. Ведзьма няздольная спачуваць чужому гору і не дзеліцца сваім уласным, пазбягае вясёлых людскіх сходак.

Што могуць ведзьмы

Ведзьма можа ператварацца амаль у кожную істоту і кожны прадмет, але часцей за ўсё пераварочваецца коткай, сабакам, свіннёй, зайцам, вялікай жабай, з птушак - варонай, савой або сарокай. Таксама верылі, што вядзьмарка любіць ператварацца ў кола ад воза, клубок нітак, капну сена, палку або кошык. Але можа стаць і нябачнай. Найбольшую сваю сілу ведзьма набывае на поўню, у навальніцу, а таксама напярэдадні вялікіх свят. Асабліва яна сябе праяўляе на Купалле, другі дзень гэтага свята называлі нават Ян Вядзьмарскі. Небяспечны ведзьмы таксама на Юр'я, Вялікдзень, Сёмуху, Каляды. А на працягу сутак іх час, безумоўна, ноч, асабліва поўнач, радзей - поўдзень і час перад узыходам сонца.

(25KB) Пошукі д’ябальскай меткі. Карціна невядомага мастака.

У народзе да вядзьмарак ставіліся дваіста - карысталіся іх паслугамі, але і баяліся. Ім прыпісвалі мноства ліхіх спраў. Лічылі, што самую моцную шкоду ведзьма робіць тым, што псуе свойскую жывёлу і адбірае малако ў чужых кароў. Робіць яна гэта рознымі спосабамі. Але часцей за ўсё так: у купальскую ноч вядзьмарка выходзіць на чужое поле, здымае з сябе хустку, фартух або прыхоплівае з хаты асаблівы ручнік-цадзілку і валочыць іх па расе. Пры гэтым яна кажа: " Бяру пажытак, але не ўвесь ". Набрынялы расой ручнік ведзьма адціскае ў вядро і дае выпіць сваёй карове або абмывае яе гэтай расой. Пасля гэтага карова вядзьмаркі пачынае даваць вельмі шмат тлустага малака, затое ў суседскіх кароў малако ўвогуле знікае або робіцца вадкім, без вяршкоў.

(83KB) Катаванні няшчасных. Сярэднявечная гравюра.

Ведзьма крадзе не толькі малако, але і ўраджай з чужых палёў. Яна ўначы ідзе на жытнёвае поле і выцягвае з коласа спор або спарыну - жыццёвую сілу, заключаную ў хлебе. Дзеля гэтага ведзьма выстрыгае невялікую паску каласкоў - перажын і забірае яго сябе ў хату, каб зерне з каласкоў суседзяў перайшло да яе. У выніку суседскі хлеб робіцца пустым і няўежным. Магла ведзьма забіраць чужы ўраджай і па-іншаму - з дапамогай залома, закруткі або чортавай барады , зробленых на поле суседзяў. Залом - гэта пук недаспелых каласкоў, зблытаных паміж сабой, надламаных на карані, закручаных у вузел і прыціснуты да зямлі. Залом, які робіцца з пэўнымі слоўнымі праклёнамі, не толькі памяншае ўраджай хлеба, ён небяспечны для гаспадароў поля цяжкімі хваробамі і нават смерцю. Калі падчас жніва жняя не заўважыць залома і выпадкова дакранецца да зблытаных каласкоў, з ёю абавязкова здарыцца няшчасце. Каб пазбавіцца ад залома гаспадар поля не павінен да яго дакранацца, а паклікаць на дапамогу другую знахарку або чараўніцу. Калі тая апынецца мацнейшай за папярэднюю ведзьму, яна сваімі замовамі і пэўнымі магічнымі дзеяннямі здыме шкоду.

Ведзьма шкодзіць па-рознаму. Яна псуе не толькі жывёл, але і людзей, сурочыць дзяцей, пасля чаго тыя плачуць па начах, яна разладжвае вяселлі, сварыць закаханых і сямейнікаў. Асабліва баяліся раней і баяцца дагэтуль, калі ведзьма насылае цяжкую хваробу на вецер : пускае па ветру пасмы поўсці, габлюшкі, трэскі, абрыўкі нітак, пыл, і пры гэтым нагаворвае на іх шкодныя замовы. І той, на каго трапляе такі парыў ветру, а ад такой з'явы прыроды ніхто не застрахаваны, пачынае пакутаваць ад хваробы. А на пэўнага чалавека шкоду можна навесці так: ведзьма выкопвае з зямлі след чалавека і падкладае яго ў чыюсьці труну або ў печ, каб тая зямля высахла. Лічаць, што ўласнік следу неўзабаве памрэ або будзе сохнуць ад сухотаў, як сохне ў пячы адбітак ягонай ступні.

Ну і бясспрэчна, калі ведзьма - д'ябальскае стварэнне, то яе любімы занятак - гэта палёты на шабаш, да свайго гаспадара - самога Люцыпара. Згодна з павер'ямі, шабаш звычайна адбываецца на гарах пад назвай Лысая. На тэрыторыі Беларусі амаль у кожнай акрузе ёсць такія горы. Некалі для нашых продкаў яны мелі сакральны сэнс, таму што там адбываліся культавыя дзеянні, звязаныя з урадлівасцю прыроды, а за хрысціянскім часам Лысыя горы набылі негатыўнае адценне. Дык вось казалі, што на шабашы ведзьмы разам з рознымі нячысцікамі ўсю ноч балююць, весяляцца і чыняць непрыстойнасці. І натуральна, спавядаюцца пра зробленае ліха самому Люцыпару, атрымліваюць ад яго парады, як надалей рабіць ліха. Для таго, каб дабрацца на шабаш, ведзьмы мажуць сабе пад пахамі спецыяльнай маззю, потым садзяцца на чапялу або хлебную лапату і вылятаюць праз комін. Але ведзьма можа ўсесціся верхам і на якую-небудзь жывёліну або на першага стрэчнага чалавека.

Пакутлівая смерць

Людзі верылі, што ведзьма не зможа памерці, пакуль яе веды не пяройдуць да другога чалавека. Сваё ўменне чараваць чарадзейка перадае адзін раз у жыцці, цалкам або часткова, і, як правіла, перад смерцю. Калі няма сваякоў, то магічныя веды перадаюцца кожнаму, хто пажадае. Але калі не знаходзіцца і такіх, то ведзьма намагаецца перадаць свае здольнасці кожнаму стрэчнаму хітрасцю. Да прыкладу, з дапамогай непасрэднага датыкання да чалавека або даўшы яму ў рукі які-небудзь прадмет: венік або клубок. Пры гэтым яна павінна сказаць: "На табе!" Часам распавядаюць пра тое, што перадаць веды можна і неадухоўленаму прадмету, прыкладам, той жа трэсачцы, якую потым вядзьмарка кідае на дарозе. А хто падыме яе, да таго і пяройдзе чарадзейная сіла.

Паўсюль лічылася, што ведзьма за свае грахі і сувязь з нячыстай сілай караецца цяжкай смерцю. Яна не можа памерці, пакуль у яе хаце не разбяруць столь або не выламяць адну дошку са страхі. Пры пахаванні ведзьму клалі ў труну тварам на ніз, а саму труну нельга было несці па звычайнай дарозе да могілак, у такім выпадку раілі дабірацца задворкамі і "свінячымі сцежкамі". Так рабілі, каб пасля смерці чарадзейка не знайшла зваротнай дарогі да дому і не турбавала людзей. За труной ведзьмы падчас пахавальнай працэсіі заўсёды бягуць мясцовыя каты або сабакі, скачуць жабы і паўзуць змеі. Менавіта гэтыя жывёлы лічацца памочнікамі вядзьмаркі пры яе жыцці.

Верылі, што ведзьму і пасля смерці чакаюць жахлівыя пакуты. Існавала павер'е, нібыта вядзьмаркі, якія памерлі раней дамовы, падпісанай з нячыстай сілай, не губляюць сваёй моцы і пасля смерці, працягваюць шкодзіць людзям. Апроч таго, такіх жанчын, як вялікіх грэшніц і богаадступніц, не прымае зямля, і яны вымушаны бадзяцца па свеце. Месца пахавання ведзьмы лічылася небяспечным, яго заўсёды абыходзілі здалёк. Але ў тых мясцінах, дзе часта здараліся засухі, сяляне былі вымушаны рабіць на магіле вядзьмаркі спецыяльныя абрады. Яны верылі, што такія прыродныя катаклізмы абрынуліся на іх, толькі дзякуючы памерлай. Таму, каб выклікаць дождж, другія "дасведчаныя" жанчыны прыходзілі ўначы на яе магілу і лілі туды ваду, або разрывалі пахаванне, выцягвалі труп і прабівалі яго асінавым калом. Гэта было апошнім, але самым дзейсным сродкам супраць вядзьмарак і чарадзеек.

Распятыя на вогнішчы

Зразумела, што ўсе жахі, якія прыпісвалі вядзьмаркам, знахаркам і чарадзейкам, сёння адносяцца да фальклорнай спадчыны. Навукоўцы лічаць, што (62KB) Спальванне на вогнішчы. Сярэднявечная гравюра. асновай для аповядаў пра ведзьмаў з'яўляецца старажытная міфалогія, дзе культ памерлых продкаў аб'яднаўся з культам ўрадлівасці. Гэтыя даўнія вераванні бяруць свой пачатак яшчэ з часоў Матрыярхату, калі асноўнымі захавацелькамі і носьбіткамі старажытных ведаў былі жанчыны. У тыя часы людзі не аддзялялі сябе ад прыроды, а асэнсоўвалі сябе яе часткаю, верылі ў яе сілу і абагаўлялі прыродныя з'явы. Старажытныя жанчыны, якія валодалі незвычайнымі здольнасцямі, а такія нараджаліся ва ўсе часы, і якія перанялі ў спадчыну тайныя веды, былі жрыцамі -- служкамі духаў Сонца, Месяца, Ветру, Дажджу, Зямлі... Яны свята верылі, што могуць кантактаваць з магутнымі духамі прыроды, і нават выкарыстоўваць іх на сваю карысць. Па ўсім свеце знахарства і чараўніцтва звязаны з магіяй выкарыстання сіл і з'яў прыроды, увесь час яны былі значнай і неад'емнай часткай жыцця аграранага грамадства. Але заўжды паміж добрай знахаркай, якая лекавала травамі, замовамі і шэптамі, і ліхой вядзьмаркай, якая магла наклікаць няшчасце і навесці шкоду, не было дакладнай мяжы. І першая лёгка ператваралася ў свядомасці нармальных людзей у другую. Як станоўчыя, так і негатыўныя аповяды пра людзей з надпрыроднымі здольнасцямі былі вельмі папулярнымі ў народзе ва ўсе часы, захаваліся яны і сёння.

На працягу ўсяго Сярэднявечча афіцыйная царква імкнулася супрацьдзейнічаць язычніцкім прымхам, асуджала іх. У той жа час вера ў ведзьмаў лічылася царкоўнымі ўладамі забабоннай, насланай на людзей нячыстай сілай. Таму спачатку царкоўнікі нават выступалі супраць тых сялян, якія час ад часу самастойна здзяйснялі расправы над ведзьмамі. Так працягвалася да XIII ст. А потым у сувязі з унутраным крызісам царквы і стратай поўнага кантролю над духоўным жыццём людзей адносіны царкоўнікаў да пераследу вядзьмарства карэнным чынам памяняліся. Шматлікія багасловы, схаласты і інквізітары пачалі прызнаваць у пэўных жанчынах, радзей мужчынах, здольнасць рабіць maleficia - чорную магію, ад якой пагаршаецца жыццё, здароўе і дабрабыт людзей.

(20KB) Падрыхтоўка да пакарання. Гравюра 17 ст.

Паступова набіраюць абароты судовыя працэсы над ведзьмамі, якія перарастаюць у масавы псіхоз. Паўсюдныя неўраджаі, войны, эпідэміі чумы і пранцоў нараджаюць адчай і паніку, узмацняюць схільнасць людзей шукаць схаваную прычыну сваіх няшчасцяў. Лічыцца, што канец Сярэднявечча -- XV-XVIІ стагоддзе - эпоха Адраджэння і Рэфармацыі, самы прагрэсіўны час для ўсяго еўрапейскага грамадства, але ў гісторыі хрысціянства ён адзначыўся як небяспечны і ганебны. Менавіта ў гэты перыяд праз казанні святароў у грамадскую свядомасць уводзяцца шматлікія калектыўныя фобіі, накшталт, хуткага канца свету, з'яўлення Антыхрыста, чакання Страшнага суда, узмацняецца роля Д'ябла і ягоных памагатых. У якасці "казлоў адпушчэння", на каго можна скінуць усе грахі чалавецтва перад Богам, становяцца ерэтыкі і ведзьмы. Адзін за адным з'яўляюцца "навуковыя" трактаты па дэманалогіі - інструкцыі па пошуку і знішчэнню вядзьмарак. Самая ўплывовая такога кшталту - знакаміты "Молат ведзьмаў", напісаная манахамі-дамініканцамі Якубам Шпрэнгерам і Генрыхам Інстыторысам. Кніга была выдадзена ў 1487 годзе па даручэнні папы Інакенція VIII і зрабілася такой папулярнай, што на працягу наступных двух стагоддзяў вытрымала 29 перавыданняў. Гэты твор, наскрозь прасякнуты антыфемінізмам, успрымаўся свецкім і царкоўным судом як асноўны дакумент супраць жанчын, абвінавачаных у вядзьмарстве. "Молат ведзьмаў" даў прыклад другім шматлікім дэманалагічным трактатам, дзе багасловы і юрысты апраўдвалі неабходнасць палявання на вядзьмарак. Такім чынам у сэрцах і галовах той публікі, якая чытала падобныя опусы, вымалёўваўся вобраз д'ябальскай прыслужніцы - ведзьмы.

Судовы пераслед такіх жанчын пачынаўся звычайна з абвінавачвання іх у вядзьмарстве, якое высоўвалася ім другімі людзьмі. Жыхары гарадоў, мястэчак і асабліва вёсак былі на той час асабліва прымхлівымі. Яны верылі, што ведзьма або знахарка магла пазбавіць мужчыну патэнцыі або мужа і жонку магчымасці мець дзяцей. Пры гэтым імпатэнцыя і бясплоддзе лічыліся адной хваробаю. Нярэдкімі былі і абвінавачванні суседзяў, быццам маральна і фізічна пацярпелых ад шкадлівых жанчын. Аднак падчас судовай справы суддзям было цікава ўстанавіць не сам факт чорнай магіі, яны імкнуліся атрымаць ад вядзьмарак прызнанне таго, што тыя знаходзяцца ў саюзе і нават у любоўных зносінах з самім Д'яблам, робяць з яго дапамогай злачынствы. Калі трыбунал святой інквізіцыі прызнаваў сувязь з нячыстай сілай і служэнне ёй, гэта разглядалася як самае цяжкае злачынства і непазбежна вяло да смяротнага пакарання.

Царква тых часоў бачыла ў абвінавачваемых жанчынах ўжо не адзіночак, а "антыцаркву" на чале з Д'яблам. Таму пытанне пра шабаш было для царкоўнікаў галоўным у доказе існавання гэтай "антыцарквы" са сваім культам.

Каб атрымаць адпаведныя прызнанні, выкарыстоўваліся самыя бязлітасныя катаванні. Часта мяркуемых вядзьмарак выпрабоўвалі вадой. Так, звязаную па руках і нагах жанчыну кідалі ў вадаём, і калі вада - чыстая і святая стыхія, выштурхоўвала ахвяру, гэта было доказам яе бясспрэчнай віны. А паколькі верылі ў палёты ведзьмаў і былі перакананыя, што яны надзвычай лёгкія, няшчасных гвалтам узважвалі на шалях. Такія выпрабоўванні рабіліся ў адвольным парадку, вагу жанчыны маглі параўнаць з вагою бібліі. У тыя часы святая кніга ўяўляла сабою агромністы фаліянт. Але якою б цяжкою не была біблія, яна зрэдку пераважвала нават мініяцюрную жанчыну. Шырока былі распаўсюджанымі і пошукі вядзьмарскіх адзнак, своеасабівых неадчувальных да болю, плям на скуры. Лічылася, што гэтыя пячаткі Д'ябла засталіся ад ягоных кіпцюроў або зубоў. Каб знайсці іх, пакутніц распраналі, галілі з галавы да ног і дасканала даследавалі іх цела. Калі знаходзілі радзімкі, канапушкі або шнары, іх бязлітасна праколвалі іголкамі. Часам асуджаных на некалькі дзён пакідалі без ежы, вады, не давалі спаць і нават прысесці на хвілінку. Некаторых звязвалі ў самых ненатуральных позах і пакідалі так на доўгі час.

Можна і надалей распісваць усе тыя жахі і катаванні, якія выкарыстоўвалі для няшчасных ахвяр, але пашкадуем псіхіку чытача. Скажам толькі, што зрэдку хто з абвінавачваемых у чарадзействе вытрымліваў такія пакуты. Многія жанчыны нагаворвалі на сябе, прызнаваліся ў тым, чаго не было і не магло быць насамрэч, некаторыя проста вар'яцелі. А былі і такія, якія выдавалі ўсё новых і новых саўдзельніц, з кім нібыта сустракаліся на шабашах. У выніку лічба асуджаных, дзе былі і мужчыны, і нават дзеці, вырастала ў геаметрычнай прагрэсіі. Сярод няшчасных жанчын аказваліся людзі самых розных заняткаў і сацыяльных слаёў, маладыя і старыя, самотныя і замужнія, прыгожыя і нязграбныя, калекі.

Пасля атрымання патрэбнага прызнання, як правіла, мяркуемых вядзьмарак спальвалі, некаторых вешалі, вельмі зрэдку выганялі з гораду або вёскі. Спальванне жанчын адбывалася на спецыяльным вогнішчы на цэнтральнай гарадской плошчы, пры вялікім натоўпе. Пасля кары суддзі і другія ўдзельнікі расправы за кошт канфіскаванай маёмасці ахвяры ладзілі ўрачысты абед. Лічылася, што хрысціяне атрымалі новую перамогу над Д'яблам.

Здаецца неверагодным, што людзей спальвалі ў часы Н'ютана і Дэкарта, Канта і Моцарта, Шылера і Гётэ! Сотні тысяч "вядзьмарак" пайшлі на вогнішча ў пару навуковай рэвалюцыі, а сярод суддзяў былі ўніверсітэцкія выкладчыкі. Пра ганебнае паляванне на ведзьмаў гістарычная навука да нядаўняга часу ведала мала, нават колькасць ахвяр ідэалагічнай пошасці ніхто не лічыў. Да таго ж, многія судовыя пратаколы допытаў і прыгавораў былі спалены разам з ахвярамі. Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі, дзякуючы сістэматычнай і карпатлівай апрацоўцы судовых дакументаў, манастырскіх і муніцыпальных архіваў, удалося аднавіць прыблізную карціну тых жахлівых падзей. Згодна з архіўнымі дадзенымі Англіі, Галандыі, Нямеччыны, Італіі і Францыі на працягу з 1600 па 1736 гады ў Заходняй Еўропе на вогнішчах і шыбеніцах загінулі больш за 220 тысяч жанчын. А былі ж яшчэ Іспанія, Партугалія, Амерыка, краіны Усходняй Еўропы, у тым ліку Вялікае Княства Літоўскае, Расія. Што тычыцца нашай краіны, у архівах таксама захавалася нямала судовых спраў так званых "вядзьмарскіх" працэсаў. Некаторыя з іх ужо даследаваны і апублікаваны, другія, а іх нямала, чакаюць сваіх даследчыкаў. Але гэта ўжо тэма другога артыкула.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX