Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

На крыжы дарог


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 11-10-2012,
Крыніца: Маладосць №5-2012.



Раней казалі, што ўсе дарогі вядуць у Рым. Тым не менш сёння адна з іх прывяла нас у Старыя Дарогі. У старажытнасці гэта было невялікае паселішча, якое называлася проста Дарогамі і ляжала сярод дрымучых лясоў і топкіх балот на сярэдзіне шляху паміж Слуцкам і Бабруйскам. І ўжо тады тут шмат думалі пра тыя самыя дарогі: з прычыны вялікай забалочанасці заўсёды даводзілася пракладаць гаці і грэблі. Ішлі часы, яны патрабавалі новых, больш сучасных дарог. І вось пасля пабудовы шашы Масква-Варшава паселішча ў пачатку старой гаці атрымала назву Старыя Дарогі. Каля новай гаці ўзнікла яшчэ адно паселішча - Новыя Дарогі.

ПАМЯЦЬ ПРА ДЗЯДОЎ І СЫНОЎ

Першая згадка пра населены пункт Дарогі знойдзена ў дакументах архіва канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, датаваных 1524 годам. Але народная пагалоска сцвярджае, што паселішча мае больш старажытную гісторыю. Некалі на месцы гэтага горада была непралазная дрыгва. Таму (20KB) Сафія Слуцкая. людзі, якія пасяліліся тут, зваліся дрыгавічамі. Згодна з легендай, дрыгавічы, а гэта сённяшнія палешукі, пайшлі ад двух смелых і дужых хлопцаў, якія аддзяліліся ад сваіх дзесяці братоў. З часам паміж братамі пачалася варажнеча і зайздрасць, яны ніяк не маглі падзяліць багацце, нажытае памерлым бацькам. Каб не варагаваць з братамі, двое малодшых выправіліся шукаць лепшай долі. Дарога прывяла іх у балоцістыя мясціны, парослыя непраходным дзікім лесам. Браты настойліва працярэблівалі дарогі, масцілі грэблі і ставілі кладкі, пакуль не вырашылі застацца тут назаўсёды. Зразумела, што сярод непралазных нетраў і гушчароў зручней хавацца ад ворагаў і зайздросных братоў. Можа і цяпер на Палессі і Старадарожчыне сустракаюцца грэблі, якія некалі зрабілі легендарныя браты. Гэта легенда, а што кажа гісторыя?
Вядома, што ў Х стагоддзі землі дрыгавічоў пэўны час уваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Менавіта ў гэты перыяд тут інтэнсіўна асвойваліся пашавыя тэрыторыі, развіваліся рамёствы, узнікалі гарады і самыя старажытныя феадальныя дзяржавы-княствы. Землі Старадарожчыны ўваходзілі ў склад Тураўскага княства, якое знаходзілася на тэрыторыі паўднёвай Беларусі ў басейне ракі Прыпяць. У летапісах пад 980-м годам згадваюцца старажытныя тураўцы з легендарным правадыром дрыгавічоў - князем Турам. Кажуць, што ён быў першым князем Тураўскага княства і прыйшоў на гэтыя землі з Рагвалодам, першым гістарычна вядомым полацкім князем. А яшчэ кажуць, але гэта недакладна, што князі былі братамі. Калі так, то гісторыя паўтарае легенду. Як бы там ні было, а далейшы лёс Тура невядомы. Што датычыць Тураўскага княства, яно праіснавала да XVI стагоддзя, тэрыторыя ж сучаснай Старадарожчыны яшчэ ў 1160 годзе адышла да Слуцкага ўдзельнага княства. У 1396 годзе князь Вітаўт падарыў гэтыя мясціны свайму паплечніку і прыхільніку Івану Гальшанскаму, які неаднойчы дапамагаў яму падчас барацьбы за вялікакняскую ўладу.
У Гальшанскага было шмат дзяцей. Ягоная дачка Ульляна стала жонкай Вітаўта. Другая дачка - Ганна Гальшанская - пабралася шлюбам з Альбрэхтам Гаштольдам, а іх сын Станіслаў уладарыў на гэтых землях. Сённяшнія старадарожцы захавалі памяць пра князёў Гальшанскіх, іх родавы герб - гіпацэнтаўр упрыгожвае і сучасны герб Старых Дарог. Неўзабаве Станіслаў падараваў вотчыну Хадкевічам, адзін з іх у 1572 годзе свой маёнтак і Дарогі прадаў слуцкаму князю Алелькавічу.
На працягу стагоддзя Дарожчынай і Старадарожчынай валодаў беларуска-літоўскі княжацкі род Алелькавічаў, які шмат зрабіў для развіцця тагачаснай беларускай культуры і адукацыі. Самы вядомы прадстаўнік роду, ягоны заснавальнік - Аляксандр, або Алелька, Алесь, Олік, сын кіеўскага князя Уладзіміра, унук вялікага князя ВКЛ Альгерда, праўнук Гедыміна, князь слуцкі і капыльскі, военачальнік і дыпламат Вялікага Княства. Каб абараніць радзіму, ён вёў няспынныя войны з татарамі. Апошні князь з роду Алелькаў па мужчынскай лініі Юрый. У 1600 годзе ягоная дачка Соф'я пабралася шлюбам з Янушам Радзівілам. З таго часу Слуцк і Капыль, шматлікія землі і маёнткі, у тым ліку і Старадарожчына, перайшлі ва ўладанне магнатаў Радзівілаў. Трэба сказаць, што княгіня Соф'я - годная прадстаўніца свайго роду і прадаўжальніца ягоных слаўных традыцый.
Ішлі часы, мяняліся ўладары, будаваліся дарогі, сканчаліся і пачыналіся людскія лёсы. Сёння, нягледзячы на тое, што горад завецца Старымі Дарогамі, у ім амаль не засталося старых будынкаў. Калі не лічыць колішнюю паштовую станцыю, якая будавалася даволі працяглы час і канчаткова была ўзведзена ў 1850 годзе. Будавалася станцыя пры дарозе Масква-Варшава, якая злучала Расійскую імперыю з Еўропай. Па гэтай дарозе ездзілі знакавыя асобы: манархі, іх сем'і, дыпламаты, навукоўцы... Дзеля таго, каб было больш зручна і ўтульна, кожныя 22 вярсты ствараліся паштовыя станцыі з пастоем для гасцей і экіпажаў, стайняй для коней, карчмой, кузняй.
Магчыма, Старыя Дарогі так бы і засталіся невялікім паселішчам, каб не багатыя лясы вакол вёскі. Яны і прыцягнулі ўвагу камерсантаў, якія ў 1893 годзе пабудавалі тут лесапільна-фанерны завод. А каб вырабы завода вывозіць на ўсерасійскі рынак, сюды з Асіповічаў працягнулі чыгунку. Дзякуючы ёй, вёска пачала ператварацца ў горад, тут адкрываліся майстэрні і крамы. Сённяшняя чыгуначная вежа і гандлёвыя рады, якія працуюць дагэтуль, таксама захаваліся з тых часоў. Але нездарма гэтае месца некалі назвалі Дарогамі - трэба ўвесь час трымаць марку! Вось і першы аўтавакзал у Беларусі з'явіўся не дзе-небудзь, а менавіта ў Старых Дарогах. Справа ў тым, што чыгунку давялі толькі да Старых Дарог, а людзям трэба было ехаць далей, на Слуцк. Таму туды пусцілі аўтобус, пабудавалі аўтастанцыю, яна і дагэтуль працуе.
Што ў будучым? Вядома, старадарожцаў чакаюць не толькі новыя падзеі і лёсы, але і новыя дарогі.

ТАЯМНІЦЫ СТАРАДАРОЖСКІХ КУРГАНОЎ

Сённяшнія даследчыкі Старадарожчыны таксама сцвярджаюць, што гэтыя цудоўныя, добра прыстасаваныя для жыцця мясціны былі заселены чалавекам у глыбокай старажытнасці. І пра гэта яскрава сведчаць археалагічныя знаходкі. Яшчэ на мяжы ХІХХХ стагоддзяў тут рабілі фрагментарныя даследаванні археалагічных помнікаў. Але (11KB) Старадарожныя каменныя сякеры. яны былі далёкія ад навукі. У 1979 годзе сюды прыязджала вядомы археолаг Таццяна (32KB) Шкілет дрыгавіча з курганнага насыпу. Каробушкіна і падчас разведкі тых самых помнікаў зафіксавала на тэрыторыі раёна знойдзеныя школьнікамі тры каменныя сякеры, вырабленыя і старанна адшліфаваныя яшчэ ў другім тысячагоддзі да нашай эры. Упершыню на тэрыторыі раёна ёю былі выяўлены ўмацаваныя паселішчы-гарадзішчы, на якіх жылі людзі ў раннім жалезным веку. Такія гарадзішчы ёсць вакол вёсак Новыя Ісаевічы, Асавец і Клятное. Кавалкі керамікі са штрыхамі і ямачным арнаментам, знойдзеныя пры даследаванні гэтых гарадзішчаў, сведчаць пра тое, што тэрыторыю Старадарожскага раёна насялялі прадстаўнікі Мілаградскай і Зарубянецкай культур. Калі казаць проста - балцкай і праславянскай.
Разведкі разведкамі, а сапраўдных раскопак да пэўнага часу тут ніхто не праводзіў. Таму старадарожскі краязнаўца, настаўнік гісторыі гарадской гімназіі Віталь Юрэвіч заўсёды марыў наладзіць у наваколлі праўдзівыя археалагічныя раскопкі. Ён адчуваў, што дрыгва і лясы, якіх сапраўды тут было шмат, заўсёды выступалі своеасаблівай камерай захоўвання, дзе на працягу не тое што стагоддзяў, а тысячагоддзяў праляжалі і захаваліся ўнікальныя артэфакты. Колькі разоў знаходзіў настаўнік сёе-тое падчас сваіх паходаў са школьнікамі. Ведаў, што непадалёк ад вёсак Паставічы і Новыя Дарогі, уздоўж ракі Арыжна, не проста шэраг узгоркаў, як можа падацца простаму грыбніку, а старажытнабеларускія пахаванні - курганы-могільнікі. Юрэвіч налічыў іх каля сямідзесяці.
Трэба было спяшацца з раскопкамі, таму што неўзабаве на курганах у пошуках скарбаў пачалі гаспадарыць «чорныя» капальнікі. А ўсё таму, што мясцовыя людзі называюць гэтыя пахаванні «французскімі» або «шведскімі» могілкамі і лічаць, нібыта ў курганах пахаваны ваяры з войска Напалеона або шведскага караля. А ў магілах разам з нябожчыкамі - золата... Віталь занепакоіўся і звярнуўся спачатку да археолага Міколы Крывальцэвіча, з ім ён тыдзень рабіў разведкі па раёне і знайшоў шэраг дадатковых помнікаў. Пасля няўдалых самастойных спроб ён разам з яшчэ адным прафесійным археолагам - Алегам Іовым - ужо два гады афіцыйна раскопвае дрыгавіцкія курганы. Дапамагаюць дарослым юныя археолагі старадарожскіх школ. Намаганнямі Юрэвіча яны збіраюцца кожнае лета непадалёк ад курганоў у турыстычны дзіцячы лагер.
У выніку на могільніках Х-ХІ стагоддзяў знайшлі кавалкі керамікі, срэбныя пярсцёнкі, нож, грузіла, а таксама тры чарапы, яны добра захаваліся. Кажуць, што цяпер антраполагі з дапамогай сучасных камп'ютарных тэхналогій па знойдзеных костках могуць дазнацца, як выглядалі нашы продкі, колькі ім было гадоў і што стала прычынай іх смерці. Навукоўцы кажуць, што тысячу гадоў таму пахаванне адбывалася паводле язычніцкіх уяўленняў. Нябожчыка клалі на зямлю галавой туды, дзе заходзіць сонца і сканчаецца жыццё - на Захад. Потым зверху раскладвалі пахавальнае вогнішча, пасля чаго на попеле ўзводзілі высокі насып, а вакол рабілі роў. Тут жа спраўлялася трызна па памерламу: ладзіліся баявыя спаборніцтвы і калектыўныя прыгашчэнні. Але нябожчыка спальвалі не цалкам, а часткова, так працягвалася і ў раннія хрысціянскія часы. Таму акуратна зняты з кургана слой зямлі адкрывае, калі пашанцуе, парэшткі шкілета і чэрапа.
Нярэдка стагоддзі ператвараюць у пыл адзенне нябожчыка, ягоныя ўпрыгожванні з косці і дрэва. А вось метал, кераміка і камень захоўваюцца і даносяць сучасным археолагам карысную інфармацыю. Так, адзін з насыпаў захаваў у сваім чэраве цела маладога дрыгавіцкага ваяра, які праспаў тут тысячу гадоў. Спераду і ззаду чэрап моцна пашкоджаны, а ў руках ваяра баявая сякера. Да думку Алега Іова сякера - рэдкая і каштоўная знаходка. Ад драўлянага дрэўка нічога не засталося, а вось каванае жалеза толькі трохі заіржавела. Сякерка зусім не вялікая: па форме і памерах нагадвае побытавы сякач для мяса. Але менавіта такой прымітыўнай зброяй у тыя часы перамагалі ворагаў у адкрытым двубоі. Таму ўладальнік такой зброі мусіў быць фізічна моцным, спрытным. Пра тое, што знойдзены ваяр быў малады, гаворыць цудоўны стан зубоў і добра захаваны касцяк пад 170 сантыметраў росту. Узнікае пытанне: чаму і як загінуў наш ваяр? Пра гэта можна толькі гадаць. Тураўскае княства, куды ўваходзіла тэрыторыя Старадарожчыны, у Х стагоддзі актыўна ваявала з Кіеўскім. Тураўшчына належала Святаполку Акаяннаму. Ягонага бацьку, Яраполка, забіў кіеўскі князь Уладзімір, а цяжарную маці ўзяў сабе ў наложніцы. Калі Святаполк вырас, ён вырашыў адпомсціць за бацьку і пайшоў вайной на Кіеў.
За два гады раскопак у Старадарожскім раёне даследавана шэсць курганоў. Мяркуючы па знаходках, людзі, якія тут жылі ў Х стагоддзі, належалі да славянскага племені дрыгавічоў перыяду ранняга хрысціянства. Яшчэ высветлілася, што далёка не ўсе старажытныя людзі былі дробнымі: знойдзеныя шкілеты, у асноўным, мужчын да дваццаці гадоў, загінулых падчас войнаў, малымі не назавеш. Але наперадзе яшчэ не адзін курган, і ў выніку яшчэ не адна таямніца...

СЛЯДАМІ БОЖАЙ МАЦІ

Са старадаўніх часоў жыхары Старадарожчыны захоўваюць дзівосныя легенды і паданні пра найбольш загадкавыя, патаемныя мясціны і прыродныя помнікі.
Так, шмат дзе на Старадарожчыне ходзяць чуткі пра з'яўленне людзям самой Божай Маці, а сведкамі такой падзеі з'яўляюцца цудадзейныя камяні. Адзін з такіх камянёў - следавік каля вёскі Старыя Дарогі. У цэнтры каменя выразна відаць след чалавечай нагі. Верагодна, жаночай, бо па сённяшніх мерках - 37-ы памер. Як расказваюць старэйшыя жыхары, гэты незвычайны помнік ляжаў раней паблізу старых могілак. Вяскоўцы заўсёды шанавалі камень, бо былі ўпэўнены, што на ім адбіты след Божай Маці, Яна і надала следавіку цудадзейную сілу - лекаваць людзей. Лічыцца, калі прыкласці нагу да адбітка, хвароба праз некаторы час адступіць. Па словах людзей, многія з тых, хто ўшанаваў камень і папрасіў дапамогі ў Багародзіцы, адужалі. Пасля меліярацыі камень знік, і доўга ніхто не ведаў, дзе ён знаходзіцца. Зусім нядаўна валун апынуўся паблізу вясковых могілак.
Таксама распавядаюць, што некалі каля вёскі Паставічы, па дарозе са Слуцка ў Бабруйск, ляжаў камень з незразумелымі знакамі. Каля каменя быў крыж, а на самім валуне знаходзіўся вобраз Божай Маці. Паданне распавядае пра аднаго моцна хворага чалавека, які пакутаваў ад нясцерпнай болі. Аднойчы ў сне яму з'явілася Багародзіца і ўказала месцазнаходжанне крыніцы, вадою з якой хворы мог ацаліцца. Чалавек знайшоў тую крыніцу, выпіў з яе вады і ачуняў. У падзяку паклаў каля крыніцы вялікі камень і ўсталяваў крыж.
Паводле сведчання мясцовых жыхароў, яшчэ адзін цудадзейны камень са следам Божай Маці знаходзіўся ў былыя часы на Святой гары каля вёскі Новы Рабак. Дарэчы, сам узгорак, які быў утвораны падчас перасоўвання ледавіка па нашых землях, вельмі шануецца ў наваколлі і з'яўляецца не толькі цікавым прыродным помнікам Старадарожчыны, але і яе сакральнай святыняй. Яго другая назва - Мір-Гара. Па меркаванні навукоўцаў, гара стала для нашых продкаў паганскім капішчам - месцам, дзе адбываліся рэлігійныя рытуалы язычнікаў. На паўднёвым схіле Мір-Гары знаходзяцца шматлікія курганы, яны, паводле легенды, лічацца пахаваннямі княжых ваяроў. Пасля бітвы або размовы яны заключалі мір, таму і гару, кажуць, так назвалі. Яшчэ паданне распавядае, што некалі на гары расла сасна, і аднойчы на ёй цудоўным чынам з'явіўся абраз Божай Маці, Святую сасну пачалі ўшаноўваць. Цікавасць да гэтых мясцін узрастала яшчэ і таму, што побач з-пад зямлі бруіла крыніца з гаючай вадой, якая шмат каму дапамагла ад цяжкіх хвароб.
Мінаў час, і ад Святой сасны застаўся толькі пень, на які доўгі час раз на год, на Пакравы, сяляне зносілі масла, сыр, мёд, палатно. Пасля над гэтым пнём была пабудавана драўляная царква з купалам, якая насіла назву Свята-Пакроўская. Цікава, што царкву заснавала князёўна Соф'я Слуцкая, пра якую мы ўзгадвалі вышэй. Гэта адбылося ў XV стагоддзі. З таго часу на Пакравы тут пачалі адбывацца вялікія святы і кірмашы, сюды з'язджаліся сяляне, рамеснікі, купцы з вёсак і мястэчак Случчыны, Старадарожчыны, Любаншчыны. Калі ва ўзросце 26-ці гадоў пры родах Соф'я памерла разам з дзіцем, яна была далучана да ліку праваслаўных святых, а яе абраз змясцілі ў той царкве. І людзі, перш чым пачаць гандаль, маліліся Святой Соф'і Слуцкай. Пры савецкай уладзе ў 1933 годзе царква была разабрана атэістамі з вёскі Сорагі і больш ужо не аднаўлялася. У 1995 годзе на гэтым месцы ў памяць пра Соф'ю Слуцкую быў пастаўлены крыж, да якога і сёння прыходзяць вернікі.
Сляды знаходжання на землях Старадарожчыны Божай Маці захаваліся і каля вёскі Шчыткавічы. Там, як кажа паданне, яна з'явілася ў лесе, і ўжо не адна, а са сваім немаўляткам - Ісусам Хрыстом. Гэта адбылося ў 1910 годзе. Месца, празванае ў народзе прошчай, адразу было прызнана святым, і кожную маладзіковую нядзелю тут збіраліся людзі, пераважна жанчыны. Яны прыносілі сюды ахвяраванні, маліліся і бралі жмені зямлі з таго месца, дзе, паводле аповедаў, ляжала боскае дзіцяня. У святочныя дні пасля абедні ў Шчыткавіцкай царкве святар і вернікі хрэсным ходам ішлі да прошчы, дзе служылі малебен. Праз некаторы час тут была пабудавана капліца. Яна, на жаль, не захавалася. Дарэчы, пясок з прошчы і сёння лічыцца лекавым, яму прыпісваюцца неверагодныя ўласцівасці - лекаваць вочы і жаночыя хваробы. А раней, хто жадаў вылекавацца, трэба было паставіць на прошчы крыж, а да яго прыбіць скрыначку для ахвяравання грошай.
Можна і надалей апісваць святыні Старадарожчыны, іх яшчэ шмат. Тут я пералічыла самыя вядомыя і толькі тыя, якія звязаны з культам Божай Маці. Даследчыкі мінулага кажуць, што хрысціянскія вераванні, звязаныя з Багародзіцай, пайшлі ад больш старажытных, прысвечаных язычніцкаму жаночаму боству. Калі так, гэтыя мясціны найбольш насычаны водгаласамі такіх старадаўніх вераванняў. І цікавасць да іх вымагае заняцца даследаваннем гэтай унікальнай з'явы нашай культуры.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX