Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

"На гранай нядзелі русалкі сядзелі..."


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 11-10-2012,
Крыніца: Маладосць №6-2012.



Хто яны - прывабныя вадзяныя німфы або падманутыя ў мінулым жыцці маладыя каханкі - дзяўчыны з трагічным лёсам, якія здзейснілі самагубства? Такія вобразы русалкі вельмі пашыраны ў масавай свядомасці пад уплывам мастацкай літаратуры і фальклору. Адны даследчыкі лічылі русалку духам вады, другія даводзілі, што яна - тапелец, трэція раілі звярнуць увагу на боскую сутнасць русалкі. Давайце і мы паспрабуем разабрацца з гэтым няпростым вобразам.

ЗВЫЧАЙНАЯ ЖАНЧЫНА З ВЯНКОМ НА ГАЛАВЕ

У навуцы няма адзінай думкі пра тое, што азначае слова «русалка». У наш час заведзена лічыць, што яно бярэ пачатак ад (86KB) Русалкі. Карціна К. Макоўскага. антычнага свята руж «rosalia», прысвечанага душам памерлых. Свята было прымеркавана да росквіту руж і прыпадала на канец вясны - пачатак лета. Падчас яго адбываліся ахвярапрынашэнні памерлым, памінальныя частаванні на могілках, упрыгожванне магіл вянкамі з руж і іншых кветак. Пазней грэкарымскія русаліі прыйшлі разам з хрысціянствам да нас і зліліся з мясцовымі вясновалетнімі земляробчымі абрадамі. Аднак, магчыма, вобраз русалкі спрадвечна славянскі і дайшоў да нас з глыбокай старажытнасці. Паданні пра русалак зафіксаваны ў першых славянскіх рукапісах, пачынаючы з XI стагоддзя. Пазней, калі вобраз пашырыўся і нават ператварыўся ў архетып, іх пачалі называць не толькі русалкамі, але і вадзяніцамі, азярніцамі, купалкамі, начніцамі і нават казытухамі. Кажуць, нібыта русалка можа заказытаць чалавека да смерці.
Дзякуючы літаратуры ХІХ стагоддзя, мы бачым русалку маладой і прывабнай дзяўчынай у вяночку, часам у белым адзенні, а часам і аголеную, з доўгімі непрыбранымі валасамі. Так апісваюць русалку шматлікія павер'і і легенды. Асабліва ў тых мясцінах, дзе вераць, што ў русалак ператвараюцца памерлыя маладыя дзяўчыны. Палешукі лічаць, нібыта замест валасоў у іх рачная асака або водарасці, а цела амаль празрыстае, пяшчотнае з вялікімі пульхнымі грудзямі. А вось блакітныя або зялёныя вочы русалак не заўсёды можна ўбачыць: русалчын твар закрываюць валасы. Калі раптам усё ж давядзецца зазірнуць у іх, раяць як мага хутчэй адвесці погляд, бо вочы робяцца шклянымі і нерухомымі, як у нябожчыка, і быццам магніт прыцягваюць да сябе ахвяру.
Як бачым, русалка ў нашых краях выглядае амаль як чалавек, прынамсі, ніякага рыбінага хваста ў яе няма. Паўжанчыныпаўрыбы, пра якіх складаюць легенды заходнія еўрапейцы, да айчынных русалак дачынення не маюць. У вёсцы Стаўбун адна жанчына казала, што яна не толькі чула пра русалку, але і бачыла яе: «Звычайная жанчына, з вянком на галаве. Аніякага хваста ў яе няма. Да рыбы зусім не падобная. Гэта ўсё выдумкі».
Аднак у народнай традыцыі сустракаецца і іншы вобраз русалкі - жахлівай, пачварнай, калматай, парослай поўсцю, гарбатай, з вялікім пузам і гострымі кіпцюрамі, апранутай у лахманы. У народзе яе яшчэ завуць расамахай. У расамаху, кажуць, ператвараюцца жанчыны, якія забілі свайго дзіцёнка, а самі патапіліся. Нярэдка русалак малююць з даўгімі абвіслымі грудзямі, часам нават жалезнымі, якімі яны забіваюць людзей. Такія русалкі, кажуць, хаваюцца ў жыце ці каноплях і не з голымі рукамі, а са ступой і таўкачом або з качаргой ці пранікам. Імі яны «...забіваюць людзей або таўкуць іх у сваёй жалезнай ступе». «- Не ідзі ў жыта, бо Русаўка заказыча! - А чым яна, мамачка, заказыча? - Ля, у яе цыцкі жалезныя, шылаватыя, то імі дзеці на смерць заказытвае».
Прыведзеныя вышэй рысы русалкі даюць падставу казаць, што перад намі, безумоўна, дэманічная істота або сапраўдны нячысцік. А ці заўсёды гэты вобраз быў адмоўным?

НЕПРЫКАЯНЫЯ ДУШЫ

Вядома, што русалкі большую частку года праводзяць у вадзе - рэках, азёрах, балотах, крыніцах і нават калодзежах. Некаторыя мяркуюць, што русалкі залазяць у рэкі з (25KB) Русалка прываблівае да сябе хлопца. восені і жывуць там усю зіму. Пад Сёмуху яны выходзяць з вады і застаюцца на беразе на ўсё лета. Відавочна, што раней русалак успрымалі як рачных багінь накшталт грэчаскіх німф, якія вымагалі сабе ахвяр. Нездарма ж у многіх міфах і легендах русалка заваблівае ў ваду людзей усіх узростаў, а калі ёй гэта не ўдаецца, імкнецца ўсяляк нашкодзіць чалавеку. Каб маленькія дзеткі не падыходзілі да калодзежа, іх пужалі: «Не хадзі да калодзезя, а тое русаўка зацягне». Верылі, што на дне вадаёма ў рачных німф ёсць жытло. Адны кажуць, што гэта нешта накшталт птушыных гнёздаў, другія распавядаюць пра прыгожыя палацы. І сапраўды, у былічках пра русалак іх часцей можна сустрэць каля вады: яны сядзяць на платах, берагавых камянях, мыюцца і расчэсваюць свае валасы касцяным або жалезным грабеньчыкам. Расчэсваючы мокрыя валасы цягам гадзіны, русалка можа вычасаць столькі вады, што затопіць вёску. Але варта русалцы заўважыць чалавека, як яна ўмомант дасць нырца.
Існуе шмат паданняў і легенд пра тое, што ў русалак ператвараюцца маладыя дзяўчаты-самагубкі, якія патапіліся з-за няшчаснага кахання або памерлі гвалтоўнай смерцю, не дажыўшы да замужжа. Тады ў абліччы русалкі нябожчыцы «дажываюць свой зямны тэрмін», а потым адбываецца іх натуральны скон. Пры гэтым русалкі маюць такі ж выгляд, характар, звычкі і густы, якія былі ў нябожчыц. Найбольш актыўныя з іх тыя, што загінулі незадаволенымі, з якім-небудзь нявыкананым жаданнем, або тыя, што пры жыцці былі неспакойнымі. Згодна з іншымі народнымі вераваннямі, русалкамі могуць стаць душы яшчэ не народжаных немаўлят, каго праклялі ў мацярынскім улонні, або народжаных мёртвымі, ці задушаных, утопленых адразу пасля нараджэння, або душы тых дзяцей, якія прапалі без вестак ці былі пракляты бацькамі. Пры гэтым існавала ўпэўненасць, што душы мёртванароджаных або памерлых да хрышчэння немаўлят могуць усё ж атрымаць збавенне. Калі ім спаўняецца сем гадоў, яны выходзяць з вады ў паветра і жаласліва просяць, каб іх пахрысцілі. Калі хто, пачуўшы іх, прамовіць: «Крэшчаю вас у імя Айца і Сына, і Святага Духа», то гэтыя душы ўзносяцца ў неба.
У старажытнасці верылі: усе тыя людзі, каго напаткала незвычайная і раптоўная смерць, з'яўляюцца закладнымі нябожчыкамі. Назва пайшла ад таго, што раней гэтых нябожчыкаў хавалі не ў зямлю, а адносілі падалей ад жытла ў яры, балоты, нізінныя і топкія мясціны, там іх закідвалі-закладалі галлём, ламаччам і мохам. Паводле народных уяўленняў, памерлых ліхой смерцю не прымае зямля, з іх атрымліваюцца «хадзячыя» або «нячыстыя» нябожчыкі, прывіды, крывасмокі, русалкі і іншыя нячысцікі. У хрысціянскія часы гэта вераванне яшчэ больш умацавалася, душы раптоўна памерлых лічыліся несупакоенымі, а таму і небяспечнымі. Яны, помсцячы, усяляк імкнуліся нашкодзіць жывым. Па новай жа рэлігіі ўсё адно мусіў адбыцца традыцыйны абрад пахавання з закопваннем цела ў зямлю. Але язычніцкія перакананні забаранялі нашым продкам хаваць такіх нябожчыкаў разам з усімі памерлымі. Таму іх доўгі час хавалі не на тэрыторыі могілак, а толькі паза агароджай. Лічылася, што калі пахаваць закладнога нябожчыка на асвечанай зямлі могілак, то прырода адкажа на такую абразу сухменем або маразамі, навальніцамі, неўраджаем, морам і іншымі жахамі. Гэты звычай існаваў даволі доўга. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя падчас сухменю ці неўраджаяў такіх нябожчыкаў выкопвалі з магіл і перахоўвалі ў яры ці балоце або проста кідалі ў раку ці возера.
І хаця пазней раптоўна памерлых пачалі хаваць на могілках, іх усё адно лічылі небяспечнымі, шкадлівымі і ўсяляк асцерагаліся. Як русалак. «Русалкам пахавання не робілы, зарыюць і ўсё. І вось соваецца душа непрыкаяная...» Не зведаўшы ў жыцці шчасця кахання і мацярынства, яны зайздросцяць закаханым парам, якія гуляюць каля рэчак, і палохаюць іх. Увогуле, сустрэча з русалкай небяспечная і амаль заўсёды заканчваецца для чалавека трагічна. Асабліва неабыякавыя русалкі да маладых хлопцаў. Быццам, помсцячы ім за сваё няспраўджанае зямное каханне, яны ўсяляк імкнуцца завабіць небараку да сябе ў вадаём і ў лепшым выпадку зрабіць сваім каханкам, а ў горшым - заласкатаць да смерці.
Каб задобрыць і ўлагодзіць такія несупакоеныя душы, трэба было выканаць спецыяльныя памінальныя абрады. Звычайна яны адбываліся на Сёмуху або Тройцу, пачыналіся недзе напрыканцы траўня і працягваліся да канца чэрвеня. Верылі, што менавіта ў гэты перыяд душы дзяўчат, якія ўтапіліся, і памерлых няхрышчанымі дзетак выходзяць на зямлю і цягам тыдня бавяцца там. Гэты тыдзень так і называюць у народным календары - русальны або «граная нядзеля».

СУСТРЭЧА РУСАЛАК

Як сцвярджаюць навукоўцы, наведванне могілак на Тройцу ў палешукоў было больш трывалым, чым на Вялікдзень. Асаблівымі днямі ў гэты перыяд з'яўляліся пятніца і (59KB) Свята Русалкі на Любаншчыне. субота перад Тройцай, так званыя Траецкія Дзяды, калі ўласна і паміналі закладных нябожчыкаў. А на Чарнігаўшчыне так і казалі: «Топленікаў, даўленікаў памінаюць на Траецкія Дзяды - самыя галоўныя». Існаваў і звычай тапіць лазню для памерлых на Тройцу. Несумненна, што менавіта ад гэтага звычаю з'явілася шмат народных показак пра сустрэчу з русалкамі ў лазні. Гэтыя памінальныя звычаі былі абавязковымі для тых сем'яў, дзе нядаўна пахавалі незамужніх дачок. У такіх дамах перад Траецкай суботай пакідалі на сталах памінальную вячэру, вешалі на паркан вопратку, што належала памерлым. Апроч гэтага, існавалі шматлікія табу на жаночую працу: забаранялася шыць, прасці, бяліць хату, пячы хлеб, працаваць у гародзе. Нельга было купацца ў рэках. Усё гэта рабілася, каб не нашкодзіць русалкам, заручыцца іх падтрымкай у будучых справах і, натуральна, каб самім не стаць іх ахвярамі. Калі не выказаць такім памерлым патрэбнай пашаны і павагі, яны былі здатны наслаць непагадзь, сапсаваць будучы ўраджай і ўвогуле нанесці непапраўныя страты людзям.
На думку навукоўцаў, сёмушныя святы былі вельмі важнымі для нашых продкаў і залежалі ад прыродных з'яў, у першую чаргу ад часу з'яўлення лісця на культавых дрэвах. Такімі лічыліся бяроза, дуб, клён, ліпа, рабіна і іншыя. Яшчэ і сёння на Тройцу беларусы ўпрыгожваюць свае падворкі і дамы зялёнымі галінкамі. Раней жа падчас траецкіх святкаванняў такі абрад быў абавязковым. Зеляніну раскладвалі па падлозе, затыкалі ў шчылінах сцен як у хаце, так і ў гаспадарчых пабудовах, рабілі з яе вянкі, якімі ўпрыгожвалі не толькі сябе, але і накідвалі іх на рогі каровам, кідалі зялёнае галлё ў гарод, закопвалі маладыя дрэўцы бярозы ў двары каля хаты, пад вокнамі, пры ўваходзе, па кутах… Рабілі так, бо верылі: менавіта ў гэты час душы памерлых родзічаў, у тым ліку і русалкі, наведваюцца ў хату і хаваюцца ў прынесенай зеляніне, быццам адпачываючы там.
Але самым галоўным дрэвам на Тройцу была бяроза. У гэтыя дні ссечаная маладая бярозка павінна была стаяць перад кожным акном сялянскай хаты. А ссякалі яе як правіла дзяўчыны і маладыя жанчыны. Толькі перад гэтым яны павінны былі выканаць абрад «завівання бярозкі». Дзеля гэтага ў чацвер траецкага тыдня яны ішлі ў лес і выбіралі самае прыгожае дрэўца, упрыгожвалі яго, завівалі на галінках вянкі або прыгіналі галінкі да зямлі, перапляталі іх з травою. А потым выконвалі абрад кумавання: разбіваліся па парах і праходзілі пад бярозавымі аркамі, абдымаліся, цалаваліся, пасля чаго сядалі пад дрэва і частаваліся абрадавай стравай, вадзілі карагоды, варажылі. Такім чынам, бярозавыя гаі ў гэты перыяд рабіліся свайго роду месцам духоўнай ініцыяцыі дзяўчат перадшлюбнага ўзросту. Абрад завівання вянкоў на бярозе ў некаторых мясцінах Беларусі называлі «сустрэчай русалак». У русальных песнях беларусаў бяроза - любімае месца баўлення часу і для русалак: яны таксама плятуць вянкі з яе галінак або гушкаюцца на іх. «Сядзела русалка // На белай бярозе. // Касу расплятала. // Дзяцей напужала». Любяць русалкі вадзіць карагоды - там, дзе яны танчаць, трава вырастае буйнейшая.

ПРОВАДЫ РУСАЛКІ

Калі тыдзень ушанавання русалак падыходзіў да канца, канчаўся тэрмін іх знаходжання сярод жывых, ім даводзілася пакі- (26KB) Карагод вакол ссеченай бярозки. Архіўнае фота. нуць зямлю і вярнуцца на той свет. Русалкі сыходзілі ў ваду, на могілкі, у зямлю на жытнім полі або ў лес - праз тыя каналы, якімі (88KB) Сядзела русалка... на белай бярозе. і з'яўляліся ў свеце жывых. Таму ў канцы Русальнага тыдня ладзілі спецыяльны абрад «провады русалкі», падчас якога гэту незвычайную істоту ўрачыста праводзілі за межы вёскі. Абрад быў досыць разнастайны, у кожнай мясцовасці меў свае асаблівасці, але заўсёды здзяйсняўся пасля захаду сонца і выключна жанчынамі. Звычайна ў кожнай вёсцы на ролю русалкі выбіралі маладую прывабную дзяўчыну з даўгімі валасамі. Усе ўдзельнікі абраду, у тым ліку і русалка, апраналіся ў белае адзенне, на галовах - вянкі. Русалку з ног да галавы ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі, кветкамі і вянком з папараці. Каб не было бачна твару, ёй распускалі валасы: так яна больш нагадвала істоту з таго свету. Часам на яе нацягвалі драную вопратку, выпацканую сажай, часам яна быццам ехала на качарзе з памялом у руцэ. У некаторых вёсках выкарыстоўвалі русалку-пудзіла - яе рабілі з ануч і саломы і апраналі ў жаночую вопратку. Часам гэта была ссечаная бярозка, апранутая як дзяўчына, упрыгожаная кветкамі і стужкамі. Тады тое пудзіла або дрэўца напрыканцы абраду «палілі», або «тапілі», або «закопваліхавалі».
Удзельнікі «провадаў русалкі» ўрачыстым шэсцем праходзілі праз усю вёску: яно суправаджалася спевамі, барабанным боем у дошкі і засланкі, а завяршалася выдаленнем русалкі за межы паселішча. Яе заводзілі ў жытняе поле, лес або да ракі, возера, здымалі з яе вянок, разрывалі на ёй адзенне і збягалі. «Русалка» пляскала ў ладкі і рабіла выгляд, нібыта кідаецца ў пагоню, хоча злавіць каго-небудзь з удзельнікаў. Калі замест дзяўчыны-русалкі было пудзіла, яго, разарваўшы на кавалкі, спальвалі на вогнішчы, пры гэтым вадзілі карагоды і спявалі: «Правадзілі мы русалачку, правадзілі // Каб яна да нас не хадзіла, // Ды нашага жыта не ламіла, // Ды нашых дзяўчынак не лавіла». Верылі, што пасля праведзенага абраду русалкі ўжо не патурбуюць людзей да наступнага года.
Разам з «провадамі русалкі» трэба было знішчыць усю павялую траецкую зеляніну, якой былі ўпрыгожаны сялянскія падворкі, бо яна сімвалізавала саміх русалак. У некаторых рэгіёнах Беларусі яе спальвалі або на купальскім вогнішчы, або зносілі ў глухія балоцістыя мясціны, пускалі па вадзе, закідвалі на дрэвы. Зрэшты, ва ўсе тыя мясціны, дзе некалі хавалі заўчасна памерлых, і адкуль прыйшлі іх душы, і куды, як верылі, яны павінны вярнуцца напрыканцы Русальнага тыдня. На Берасцейшчыне засохлую зеляніну прыбіралі з хаты праз тыдзень пасля Тройцы, «а тое на ёй русалка будзе сядзець». На Гомельшчыне пра бярозку, якую спальвалі па заканчэнні свята, казалі, што гэта «русалку паляць». Рэшткі зеляніны захоўвалі надалей у якасці абярэгаў ад шкодных сіл або для лекавых мэт, варожбаў.

ХТО ЯНЫ, АРХАІЧНЫЯ ДЗЕВЫ ПЛОДНАСЦІ?

Узнікае пытанне: каго ці што сімвалізавала таямнічая істота? Ужо даўно некаторыя ўспрымаюць русалак як інкарнацыю душ заўчасна памерлых у дрэвы і расліны. На іх думку, расліны - адна з форм замагільнага існавання такіх памерлых. Сюды стасуецца і тэорыя пра закладных нябожчыкаў. Менавіта ў вяснова-летні час русалкі - маладыя нябожчыцы - актывізуюцца, таму што іх душы, так бы мовіць, «прарастаюць» у раслінах. Гэта падобна да агульнаіндаеўрапейскіх архаічных вераванняў пра вясновае абуджэнне душ памерлых, якія вяртаюцца да жыцця разам з першымі палявымі кветкамі, пяшчотнай рунню і квеценню на дрэвах.
Тое, што русалак можна сустрэць на жытніх або канапляных палетках, у народзе тлумачылі па-рознаму. Адны лічылі, нібыта русалкі ахоўваюць жыта менавіта ў той час, калі яно квітнее, сочаць, каб ніхто не ламіў каласкоў, а іх танцы ў каноплях або жыце спрыяюць добраму ўраджаю. Разам з тым яны могуць нашкодзіць гаспадарам, якія парушылі табу і працавалі на свята. Тады яны вытоптваюць пасевы, «высушваюць» іх, аб'ядаюць зерне, насылаюць на палі залевы і град. На Берасцейшчыне казалі: «Па жыце вона ходзіць: каму зародзіць добрэ, а каму - ніяк, знічтажае жыта». Як і іншыя нябожчыкі, якія памерлі заўчаснай смерцю, русалкі могуць кіраваць прыроднымі стыхіямі і атмасфернымі працэсамі: насылаць непагадзь, сухмень або дождж. У аграрным грамадстве ад наяўнасці вады залежыць само жыццё. Розныя магічныя дзеянні русалак кшталту гушкання на галінах дрэў спрыялі павелічэнню ўраджаю, а расчэсванне імі валасоў азначала вызваленне вільгаці. Таксама вядома, што на рытуальных ігрышчах падчас Русальнага тыдня жанчыны пераапраналіся ў русалак і выконвалі танец урадлівасці.
Аналізуючы ўвесь комплекс сёмушнатраецкіх абрадаў, міфы, паданні і павер'і пра русалак, можна прыйсці да высновы, што гэтыя звышнатуральныя істоты былі для нашых продкаў сімвалам найвышэйшага росквіту прыроды, культу ўрадлівасці і ўраджайнасці. Русалкі, якія з'яўляюцца на зямлі ў перыяд напружання ўсіх яе сіл, падчас вясновага росквіту зеляніны і паспявання збажыны, былі ва ўяўленні нашых прашчураў духамі прыроды, звязанымі з жыватворнай для расліннасці вільгаццю - сілай вады. На пачатку лета гэтыя духі быццам з'яўляюцца з вады, зямлі, расліннасці, а потым у іх жа і сыходзяць. Можна сказаць, што русалкі - архаічныя дзевы пладаноснай прыроды і жыватворнай вільгаці, апекуны расліннасці і пасеваў.

НАШЧАДКІ ВЯЛІКАЙ БАГІНІ

Такім чынам, ва ўяўленнях славян русалкі з'яўляюцца, па-першае, істотамі, звязаны- мі з духамі вады; па-другое, міфалагічнымі персанажамі культу ўрадлівасці; па-трэцяе, шкоднымі стварэннямі, набліжанымі да наўяў - ажылых нябожчыкаў. (39KB) Упрыгожванне хаты майскай зелянінай.
Але ўсе гэтыя істоты адносяцца да ніжэйшай міфалогіі і маюць у асноўным адмоўныя рысы, якія сфарміраваліся ўжо ў хрысціянскія часы. Цалкам магчыма, што яшчэ ў пракаветныя часы, часы матрыярхату, калі людзі жылі родавым ладам, яны верылі ў адзінае і (26KB) Палеалітычная 'Венера'. ўсемагутнае жаночае боства - Вялікую Багіню. Гэта самы старажытны міфалагічны вобраз - вобраз Маці, якая нараджае людзей і ўсе сілы прыроды. З часам кожная такая сіла ўспрымалася асобным боствам. Спачатку Вялікая Багіня асацыіравалася са спрадвечнымі водамі - сусветным акіянам. Пазней прыняла зямны аспект і стала Багіняй Урадлівасці, якая адказвала за плоднасць жывых істот і ўрадлівасць раслін, за прыродныя катаклізмы: навальніцы, залевы, паводкі, сухмень. З надыходам патрыярхату Вялікая Багіня адышла на другі план і ў розных вобразах стала выконваць ролю жонкі чарговага мужчынскага бога, ад якога была ва ўсім залежная. Шмат якія рысы яе магутнасці і непаўторнасці перайшлі на яго. Але нават сёння Вялікая Багіня ўсё яшчэ існуе як архетып у калектыўным падсвядомым. Цяпер яна, як у крывым люстэрку, адлюстроўваецца ў шматлікіх істотах ніжэйшай міфалогіі, да якіх належаць і русалкі.
Безумоўна, што Вялікую Багіню ўшаноўвалі як Стваральніцу і як Разбуральніцу. Яно і зразумела, за нараджэннем заўсёды ідзе смерць - усё на Зямлі падпарадкоўваецца гэтаму закону. Узгадайце саламянае або зробленае з ануч пудзіла русалкі, якое знішчалі падчас вясёлых вясновых свят, прысвечаных вегетатыўным сілам прыроды. Цікава, што падобнае пудзіла, якое беларусы рабілі на Купалле і якое таксама спальвалі або разрывалі на кавалкі, называлася Марэна або Мара. У некаторых мясцінах яго яшчэ называлі Мажанай. Таксама вядома, што ў міфалогіі беларусаў і некаторых славян існуе багіня з такім імем, якая ўвасабляла смерць і пагібель. Так, чэшская Марана атаясамлівалася з грэчаскай Гекатай - багіняй цемры, начных прывідаў і чарадзейства. У глыбокія паганскія часы гэтае боства вымагала ахвяр, у тым ліку і чалавечых, асабліва падчас войнаў і стыхійных бедстваў. Водгаласам гэтых старажытных абрадаў ахвярапрынашэння і з'яўляецца знішчэнне саламянай лялькі Марэны як сімвала той самай ахвяры, прысвечанай боству. Не выключана, што русалкі не самагубкі і выпадковыя тапельцы, а наўмысна ўтопленыя ахвяры боству плоднасці, якіх пазней, у больш цывілізаваныя часы, замянілі на ляльку або пудзіла.
Магчыма, таму амаль ва ўсіх міфах пра русалак гэтая істота выступае такой злоснай і крыважэрнай, яна імкнецца адпомсціць і нашкодзіць людзям або звесці іх у тагасвет. А тое, што некаторыя беларускія русалкі маюць вялікія грудзі, часам жалезныя, таксама тлумачыцца. Пры раскопках стаянак палеаліту індаеўрапейскай цывілізацыі і ў іншых месцах былі знойдзены шматлікія жаночыя фігуркі багінь-парадзіх. Усе так званыя палеалітычныя «Венеры» мелі перабольшаныя дзетародныя органы. І гэта невыпадкова. Адна з першых функцый кожнай рэлігіі абарона і падтрымка жыцця. Таму такую важную ролю ва ўсіх старажытных цывілізацыях мелі абрады ўрадлівасці. Каб гэта падкрэсліць, выява Багіні-Маці вельмі часта мела непамерна вялікі бюст. Натуральна, што раней Вялікая Багіня мела некалькі іпастасей. Як і кожная жанчына, яна сімвалізавала маладосць і росквіт, перыяд мацярынства і старасць. Таму невыпадковыя ў нашым фальклоры сустрэчы са старой і непрывабнай русалкай, пра якую мы пісалі вышэй.
Бясспрэчна, што ўвесь комплекс святочных рытуалаў напрыканцы вясны - пачатку лета з'яўляецца водгаласам старажытных абрадаў ушанавання магутных прыродных сіл, якія некалі належалі Вялікай Багіні і абуджаліся ў гэты час. Невыпадковымі з'яўляюцца і маніпуляцыі з бярозай. Гэтае дрэва заўсёды асацыіравалася з жаночымі боствамі, а маладая бяроза акумулявала ў сабе магічную энергію ўрадлівасці, якая неабходна ўсім жывым істотам і раслінам. Пра гэта сведчыць і звычай у некаторых рэгіёнах Беларусі закопваць сярод жытняга поля маладую бярозку, ссечаную на Тройцу. Абрад «провады русалак» нагадвае пра абрад провадаў боства прыроды, якое штогод памірае і штогод уваскрасае.
Пляценне вянкоў - звязванне галінак у кола і ваджэнне карагодаў - гэта сімвалічнае адлюстраванне кругавароту прыроды ў яе бясконцым адраджэнні ад смерці-звядання да нараджэння-красавання. Нездарма ў Сёмушных і Траецкіх абрадах удзельнічаюць у асноўным жанчыны, а галоўная роля адводзіцца дзяўчатам шлюбнага ўзросту і маладым жанчынам, якія ўжо нарадзілі, але здольны доўжыць жыццё роду. Такая традыцыя мае глыбокія і старажытныя карані: здаўна ў абрадах ушанавання бостваў урадлівасці ўдзельнічалі дзяўчаты. Яны заўсёды з'яўляліся «жрыцамі» Вялікай Багіні. У розных народаў яна мела розныя імёны: Кібела - у шумераў, Дземетра - у грэкаў, Веста - у рымлян, Ізіда - у егіпцян. А як называлі яе нашы продкі?
Прайшлі тысячагоддзі, і сёння мы можам толькі здагадвацца. Гэта магла быць і Марэна, і Мокаш, і Лада... Ясна адно: багіня мела няпростую прыроду і магла злучаць свет жывых са светам памерлых, чым і падтрымлівала сусветны парадак. Ва ўсялякім разе, у гэта верылі нашы продкі, таму і праводзілі на пачатку лета спрадвечныя абрады ўшанавання магутных сіл прыроды. З часам сутнасць абрадаў змянілася, але іх складанасць і супярэчлівасць нарадзіла ў народнай фантазіі самы складаны і супярэчлівы вобраз нашай міфалогіі - вобраз русалкі. Вобраз, які спалучае ў сабе істоту дэманічную, небяспечную і разам з тым вабіць зазірнуць у яе загадкавы свет.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX