Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Травіца брат-сястрыца


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 12-10-2012,
Крыніца: Маладосць №7-2012.



У міфах, легендах, казках, мастацкай літаратуры і выяўленчым мастацтве адлюстраваліся ўяўленні і думкі розных народаў пра блізнятаў. Як рэдкая і дзіўная з'ява ў чалавечым грамадстве, яны заўсёды заставаліся таямніцай для іншых людзей, натхнялі на стварэнне міфаў і легенд. І беларусы - не выключэнне. Асабліва ўражвалі шлюбныя звязы блізнятаў. Як вядома, такая сувязь завецца інцэстам, або кровазмяшальным шлюбам найбліжэйшых сваякоў. Заведзена лічыць, што інцэст парушае пэўныя маральныя і этычныя нормы ў грамадстве, прынамсі, у наш час, таму асуджаецца і мае негатыўнае адценне. Але так было не заўсёды.

Таямнічыя блізняты

Вялікі Шэкспір ў сваёй камедыі "Дванаццатая ноч" паказаў двух блізнятаў - брата і сястру. Гэты сюжэт быў падказаны яму самім жыццём і ўвагай з (76KB) Cузор’е Блізняты. Атлас Яна Гевелія. боку грамадства, у якім жыў драматург. І нездарма. Незвычайнае нараджэнне адразу дваіх дзяцей заўсёды абуджае ў людзях містычныя традыцыі мінулага, якія звязаны з блізнечным культам, і якія да часу дрэмлюць у іх. Як паказваюць міфы і легенды, розныя народы ўспрымалі нараджэнне (70KB) Азірыс і Ізіда. Эрмітаж, зала Старажытнага Егіпта. блізнятаў па-рознаму. Для адных гэта была шчаслівая з'ява, таму ў такіх асяродках за двайнятамі замацоўвалася дадзенае ад нараджэння права карыстацца прыхільнасцю багоў, здатнасць прадказваць будучыню.

Але звычайна нараджэнне блізнятаў лічылі негатыўнай з'явай, небяспечнай "гульнёй" прыроды. Ёсць народы, дзе блізняты былі сведчаннем шлюбнай нявернасці з боку маці або наяўнасці нейкіх дэманічных якасцяў у бацькі. У гэтым выпадку аднаго з блізнятаў закопвалі жыўцом у зямлю або прыдушвалі, а маці прымушалі прайсці рытуальнае ачышчэнне. Часам у такіх грамадствах адмаўляліся адразу ад усіх блізнятаў, а іх магло быць і больш за пару. Тады іх саджалі ў гаршчкі ці корабы і кідалі ў ваду або адносілі на балота, пакідалі ў лесе на з'ядзенне дзікім звярам. У такім выпадку самі блізняты і іх бацькі ўспрымаліся як небяспечныя і незвычайныя істоты, іх баяліся і вельмі часта пазбаўлялі права жыць сярод супляменнікаў, выдалялі са свайго асяродку і прымушалі будаваць жытло ў бязлюдным месцы. Дарэчы, вытокі такіх паводзін можна знайсці ў вышэйшых прыматаў. У статку малпаў нараджэнне блізнятаў у самкі выклікае здзіўленне і агрэсію. Важак гоніць маці з дзіцянятамі ад статку і не дае ёй вярнуцца.

Дваістае стаўленне да блізнятаў і ў беларусаў. Прыкладам, вядома балада пра ўдаву i яе сыноў-блiзнятаў (двайнюкоў, трайнюкоў), якіх яна, уклаўшы ў карабец, сплаўляе па Дунаі. Гэты сюжэт амаль дакладна паўтарае хецкi міф пра царыцу Канеса. Хецкая царыца таксама нарадзiла сыноў-блiзьнюкоў - ажно трыццаць, i сплавiла іх у судзіне па рацэ. У некаторых раёнах Палесся лічылі, што нараджэнне блізнятаў прыносіць радасць і нават прыбытак у гаспадарцы. Больш таго, блізнятаў, а дакладней двойню, выкарыстоўвалі для абароны ад хвароб і прыродных стыхій: эпідэмій чумы, халеры, граду, сухменю... У гэтым выпадку праводзіўся абрад абворвання вёскі, які здзяйснялі блізняты-браты на блізнятах-валах або быках. У іншых рэгіёнах Палесся былі ўпэўнены, што " блізняты ніколі не будуць жыць - адзін абавязкова памрэ", або пры іх нараджэнні памрэ хто-небудзь з бацькоў. Па некаторых уяўленнях нашых продкаў, полавае супадзенне блізнятаў або наадварот, несупадзенне, рашуча ўплываюць на іх лёс. Так, былі ўпэўнены, што пры нараджэнні рознаполавых блізнятаў шчасця ім не будзе, яны абавязкова памруць, а нараджэнне блізнятаў-хлопчыкаў або блізнятаў-дзяўчынак абяцае ім доўгае і шчаслівае жыццё.

Калі беларусы Віцебшчыны знаходзілі ў жыце "спарыш" - падвойны колас, яны верылі, што хутка ў доме з'явяцца двайняты, і гэта кепска. Але калі спарыш аддаць авечцы, то блізняты народзяцца ў яе, а гэта ўжо прыбытак і багацце, затое ў гаспадароў іх не будзе ніколі. У той жа час, каб засцерагчыся ад нежаданых двайнятаў, у нашых продкаў існавала забарона для цяжарных жанчын ужываць у ежу што-небудзь падвойнае, да прыкладу, зрослыя плады або яйкі з двума жаўткамі.

Такія адмоўныя міфалагічныя ўяўленні наконт блізнятаў знайшлі сваё апраўданне ў павер'і беларусаў, што яны з'яўляюцца на свет у выніку іх зачатку напярэдадні "Дзядоў", калі шлюбныя стасункі забараняліся. Іншымі словамі, у тыя дні, калі на зямлю з нябёсаў вярталіся нашы боскія продкі - "дзяды", і калі ўсе намаганні жывых павінны былі быць накіраваны на іх сустрэчу і ўшанаванне.

Кровазмяшальны шлюб як неабходнасць

Вышэй мы казалі пра тое, як з-за падазронага стаўлення да блізнятаў і іх бацькоў небаракаў выдалялі за межы племені. Гэта тлумачылася перакананнем, нібыта да такога нараджэння спрычыніліся звышнатуральныя сілы. Ва ўяўленнях людзей з першабытным мысленнем ад адной жанчыны і (111KB) Гера і Зеўс. Барэльеф з храма Геры ў Сіцыліі, 480—460 гг. да н.э. аднаго мужчыны за адзін раз не можа нарадзіцца больш за аднаго дзіцёнка. Таму бацькоўства другога дзіцёнка прыпісвалі духу, боству або татэмнай жывёліне.Так, згодна з уяўленнямі дагонаў, у кожнага чалавека ёсць свой блізнюк - жывёліна, а самі блізняты гэтага народа знаходзяцца ў цеснай (45KB) Клеапатра і Пталемей. Фрагмент роспісу з палаца Эль-Амарны. сувязі са скарпіёнамі. У народаў Ніжняга Амура, чыё жыццё было звязана з тайгой, бацькам блізнятаў лічыўся "лясны чалавек" - мядзведзь. Дарэчы, культ блізнятаў і культ мядзведзя вельмі цесна звязаны, што тлумачыцца верай у сваяцтва людзей і мядзведзяў. Верылі, што маці блізнятаў зацяжарвала падчас сну, у якім апыналася ў тайзе і кантактавала з маладым мядзведзем. А ў Судане, дзе і дагэтуль існуе блізнечны татэмізм, правадыр племені лічыцца блізнюком татэмнай жывёліны - ільва.

Такія вераванні былі характэрны для народаў, якія знаходзіліся на самым раннім этапе свайго развіцця -- паляўнічым. Пазней, калі грамадства зрабілася аграрным, рэлігійныя погляды змяніліся. Змянілася і стаўленне да блізнятаў. Іх пачалі ўспрымаць як сімвал падвоенай урадлівасці, а таму -- сакралізаваць і ўшаноўваць. Лічылі, што яны пасланцы Неба, сыны самога Сонца, што дзякуючы ім, людзі навучыліся не толькі вырошчваць і збіраць ураджай, а і іншым прафесіям. Асабліва абагаўлялі шлюбныя зносіны паміж блізнятамі.

Людзі верылі, што і самі багі былі некалі блізнятамі, або роднымі братам і сястрой, а ад іх боскага шлюбу з'явіўся свет і ўсё, што яго напаўняе. Таму пацверджаннем, шматлікія сусветныя міфы, дзе інцэст не падаецца, як парушэнне пэўных норм паміж блізкімі родзічамі. Больш таго, вельмі часта ён успрымаецца як неабходная, а таму боская з'ява. Як да прыкладу, шлюб першапродкаў - прародзічаў ўсіх людзей, якія з'яўляліся не толькі братам і сястрою, народжанымі ад адной маці, але і адзінай парай у свеце.

Так, па старажытным кітайскім міфе першымі багамі, якія далі жыццё людзям і жывёлам, былі блізняты, брат і сястра Фу-Сі і Нюй-Ва. А брат і сястра Яма і Ямі ў ведыйскай міфалогіі лічацца першымі людзьмі. Яма - сын Сонца і першы, хто памёр, таму ён уладар царства памерлых, лютае боства. Ягоная сястра-блізнюк -- спадарожніца Ямі і ўвасабленне творчай энергіі брата. Іх інцэстуальны шлюб даў пачатак чалавецтву. У егіпецкай міфалогіі боства Зямлі Геб з'яўляецца мужам і братам багіні Неба Нут. А іх дзеці-блізняты Азірыс і Ізіда былі першымі царом і царыцай Егіпта. Яны мудра кіравалі краінай, клапаціліся пра яе жыхароў. Азірыс навучыў людзей вырошчваць пшаніцу і ячмень, будаваць дамы, плавіць руду, рабіць посуд. У грэцкай міфалогіі Гера -- сястра і жонка магутнага бога Зеўса. Яна не толькі галоўная алімпійская багіня, але і апякунка сямейнага агменю, законных шлюбаў. Прыкладаў шмат. Нават хрысціянская гісторыя "несвабодная" ад інцэсту - дзеці Адама і Евы былі роднымі сёстрамі-братамі, тым не менш браліся шлюбам адзін з адной і таму з'яўляюцца прародзічамі ўсіх людзей на Зямлі. А пасля ўсясветнага патопу было і другое нараджэнне людзей, якія з'явіліся на свет у выніку шлюбу паміж выратаванымі ад пагібелі дзецьмі праведнага Ноя, яны на той час засталіся адзінымі на Зямлі людзьмі.

Такім чынам, інцэст у старажытным свеце меў сакральны сэнс, таму што менавіта ад такіх кровазмяшальных шлюбаў паміж багамі залежала нараджэнне людзей і другіх бостваў. Некаторыя даследчыкі міфаў нават увялі такія тэрміны, як "злачынны" і "незлачынны" інцэсты. Так, прыклады кровазмяшэння, неабходнага для засялення Зямлі - гэта прыклады "незлачыннага" інцэсту. Яму і надавалі сакральны сэнс. Таму ў старажытных грамадствах практыкаваліся магічныя рытуалы і абрады, прысвечаныя інцэсту --сакральнаму шлюбу паміж боствамі і людзьмі. Нешта падобнае адбывалася ў афрыканскіх плямёнах, калі там праходзілі ініцыяцыю пасвячэння падлеткаў у дарослых мужчын і жанчын. Дзяўчат і хлопцаў час ад часу зводзілі разам на рытуальную начную цырымонію, дзе пад гукі тамтамаў, узбуджаныя музыкай і танцамі, яны павінны былі шматкроць злучацца ў эратычным экстазе. Сярод маладых людзей сустракаліся і крэўныя сваякі - браты і сёстры, прычым як родныя, так і дваюродныя. У тыя часы падобная з'ява не лічылася нечым жахлівым, гэтыя эратычныя святы былі неад'емнай часткай жыцця і ўспрымаліся як норма.

Традыцыя інцэсту на працягу стагоддзяў шанавалася і ў асяродку ўладарных дынастый. І не дзіва -- цары і імператары заўсёды лічыліся спадкаемцамі багоў, на якіх распаўсюджвалася іх боскае права. Так фараоны старажытнага Егіпту і вярхоўныя ўладары інкаў браліся шлюбам толькі з блізкімі сваякамі. Гэтага вымагала, як традыцыя, так і нежаданне змешваць сваю боскую кроў з крывёю простых смяротных. Прыкладам, фараон Эхнатон быў аднаяйкавым блізнюком сваёй жонкі, цудоўнай Ніферціці. Гэта не перашкодзіла ім даць жыццё прыгожаму Тутанхамону. Мы ведаем з гісторыі пра сувязь Клеапатры з Цэзарам і Маркам Антоніем, але першапачаткова Клеапатра, згодна са старадаўнімі егіпецкімі традыцыямі, была жонкай свайго малодшага брата Пталемея, а калі той памёр, яе наступным мужам стаў другі брат, таксама Пталемей. Такім чынам захоўвалася чысціня праўладнай дынастыі, а блакітная кроў не змешвалася са "старонняй". Пазней шлюб паміж братамі і сёстрамі стаў папулярным і сярод простага насельніцтва Егіпту, якое пераймала звычаі сваіх уладароў. А яшчэ археолагі знайшлі рэлігійныя тэксты, створаныя напачатку нашай эры на тэрыторыі Ірана, яны ўслаўлялі сувязь паміж братам і сястрой, як самую дасканалую форму шлюбных зносінаў. У Кітаі яшчэ да 20-х гадоў мінулага стагоддзя існаваў звычай адначасова з нараджэннем хлопчыка браць у сям'ю дзяўчынку і ўдачараць яе. Калі дзеці падрасталі, яны браліся шлюбам.

"Злачынны" інцэст

Але, што дазволена багам і іх улюбёнцам, тое з'яўляецца табу для простых смяротных. Гэта пацвярджаюць і шматлікія міфы, дзе асновай сюжэта з'яўляецца "злачынны" інцэст. У такіх міфах і легендах ад героя не патрабуецца нічога асаблівага, яму як родапачынальніку зусім не трэба (42KB) Купальскія містэрыі. здзяйсняць неабходны кровазмяшальны шлюб, каб стварыць наноў свет або адрадзіць жыццё. Усё і так добра. Тым не менш, ён усё ж такі робіць недазволенае каб паказаць сваю незвычайную сексуальную моц. Тады ягоныя дзеянні асуджаюцца і ўспрымаюцца як парушэнне заведзеных для ўсіх (23KB) 'Будуць дзеўкі краскі рваці і брата з сястрой успамінаць'. правіл і табу. І як вынік, за здзейсненае яго чакае пакаранне. Менавіта таму вельмі часта сустракаюцца міфы, дзе ў аснову сюжэта пакладзена выгнанне героя з грамадства, племені, сям'і, або вырашэнне ім невырашальных задач - каб "ачысціцца" ад грахоў.

Прыкладам, у балгарскай легендзе Сонца хоча ажаніцца са сваёю сястрой Зарніцай (ранішняя Венера), па іншаму варыянту з Месяцам, а тая на сваёй сястры Вечарніцы (вечаровая Венера). Ранішняя і вячэрняя іпастасі Венеры апынаюцца блізнятамі, братам і сястрой. Тут мы бачым сюжэт "нябеснага вяселля", калі інцэст паміж блізнятамі аднесены да часу стварэння, і таму не асуджаецца. Але гэта адзіная ў славянскім фальклоры сітуацыя, калі інцэст успрымаецца нармальна і апраўдваецца. Сюжэты ж беларускага фальклору заўсёды трактуюць такія шлюбы і любоўныя сувязі як злачынства і страшны грэх, якога ўсе імкнуцца пазбегнуць. А калі і дапускаюць, то па няведанні, што тлумачыцца трагічнымі і неспрыяльнымі абставінамі: брат і сястра, якія зграшылі па няведанні, сканчаюць жыццё самагубствам, часам іх пазбаўляе жыцця і сама маці. Так, у адной баладзе распавядаецца пра аднаго з дзевяці братоў - " татарына", які яшчэ ў юнацтве сышоў з дому і пайшоў служыць у татарскае войска. Неўзабаве ён сустракае дзяўчыну, бярэ яе гвалтам, а потым высвятляецца, што гэта ягоная родная сястра. Іхняя маці ўдава, каб выправіць ганьбу вырашае іх атруціць: " Маці бяжыць із піўніцы, //Нясе ў руках дзве шкляніцы. //Ў правай руцэ - то та дачцэ, //Ў левай руцэ - то та сыну". Пасля здзейсненага і пахавання " сына пры касцёле", а " дачушкі ў чыстым полі" яна раскайваецца: " Што ж я бедна, нарабіла, //Дзеткі свае родны патруціла". У іншым выпадку браты-разбойнікі, якія забілі швагра і зняславілі сястру, раскайваюцца і ператвараюцца ў вапну, каб потым людзі, выпальваючы вапну ў печах, агнём здымалі іх грахі, і такім чынам ачышчалі.

У беларускіх баладах маральнае неўспрыняцце і асуджэнне інцэсту перадаецца праз стан прыроды: там, куды ідуць брат з сястрою - высыхаюць рэкі, у лесе ад іх збягаюць дзікія звяры, а на іх супляменнікаў насылаюцца розныя стыхійныя бедствы - град, залевы, крывавы дождж, паводка, або сухмень. Некаторыя з'явы быццам папярэджваюць пра недапушчальнасць такога дзеяння: падчас вянчання брата з сястрою ў храме пачынаюць падаць абразы, вада ператвараецца ў кроў, Евангелле - у камень. Як пакаранне за грэх кровазмяшэння нараджаюцца хворыя і пакалечаныя дзеці, а тое і ўвогуле розныя пярэваратні, ведзьмы, вупары. Цікава, што ў народзе з інцэстам звязана і паходжанне мацернай лаянкі. На Смаленшчыне існуе легенда пра тое, як Д'ябал спачатку падахвоціў аднаго чалавека на забойства бацькі, а потым - на жаніцьбу на сваёй маці (па іншым варыянце, на старэйшай сястры). З тых часоў і пачаў чалавек сварыцца, узгадваючы ў лаянцы імя маці, з тых часоў і " пайшла па зямлі тая распуста".

Сакральны шлюб Агню і Вады

Тэма інцэсту асабліва характэрна для купальскага цыклу. Ёсць меркаванне, што падчас ігрышчаў на Купалле была дазволена поўная сексуальная свабода. Вядома, што час святкавання Купалля - час найвышэйшага росквіту прыроды. Таму інцэст падчас Купалля параўноўваўся з максімальнай (28KB) Скочванне з гары запаленага кола ў ваду, як адлюстраванне нябеснага шлюбу. урадлівасцю. Адна з купальскіх песень, прысвечаных інцэсту, распавядае пра паходжанне сіне-жоўтых кветак: браткі, Іван ды Мар'я, брат-сястрыца, кветка плачу. Гэта ўсё назвы адной і той жа кветкі, толькі ў розных славянскіх народаў. Такое шматназоўе гаворыць толькі пра шматлікасць пачуццяў і эмоцый, якія выклікае легенда-міф пра таямнічую кветку. Паводле міфу, па волі злога лёсу адбыўся інцэстуальны шлюб паміж братам і сястрой. Даведаўшыся пра сваё кроўнае сваяцтва, маладыя муж і жонка жахнуліся свайму недапушчальнаму граху і ператварыліся ў кветку: " Пойдзем сястра ў поле, //Рассеемся травою: /З цябе будзе сіні цвет. //Будуць дзеўкі краскі рваць //І брата з сястрою памінаць: //Гэта тая травіца, //Што брацейка з сястрыцай".

Гэты старажытны міф пра ўзнікненне незвычайных кветак натхніў Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча на стварэнне першай у новай беларускай лiтаратуры паэмы «Травiца брат сястрыца». У паэме распавядаецца, як ліхая мачаха ўцякла са сваім палюбоўнікам-аканомам і звяла з сабою дачку мужа Алёнку. Праз некаторы час Алёнка пакахала сотніка Мірона. Маладыя людзі хацелі пабрацца шлюбам, але раптам высветлілася, што яны - брат і сястра. Закаханых, якія не перажылі такой весткі і загінулі, пахавалі ў адной магіле: " Мірона ж Алёнку усе жалавалі, //У адной магіле родных пахавалі. //Да на той магіле вырасла травіца, //І людзі назвалі яе "Брат-сястрыца". //Дзеўкі ж маладзенькі траўку тую рвалі //І няшчасных песняй паміналі…"

Даследчыкі міфалогіі прааналізавалі фальклорны і абрадавы матэр'ял усходніх славян і прыйшлі да высновы, што ў падмурку легенд, балад, павер'яў і купальскіх песень пра інцэст, у тым ліку і тэкстаў пра паходжанне кветкі браткі або Іван ды Мар'я, пакладзены архаічны блізнечны міф. Героямі міфа з'яўляюцца двое блізнятаў, адзін з якіх -- Іван або Ян, звязаны з агнём і жыццём, а другі - Мар'я -- з вадою і смерцю. Мы ведаем, што на Купалле нашы продкі з жыта звівалі своеасаблівую ляльку, якая сімвалізавала старажытную багіню матрыярхату. Багіню, якая ўтойвала ў сабе неабуджаныя сілы зямлі, звязаныя з Месяцам і вільгаццю. Называлі тую ляльку Мара або Марэна. Магчыма, так звалі і багіню. Што тычыцца другога блізнюка - Яна або Івана, ён таксама невыпадковы на свяце. І яго сапраўднае імя зусім іншае, таму што ён увасабляе рысы светлага боства кахання, агню і спякотнага Сонца - Ярылы. І калі Марэна носьбітка жыватворнай вільгаці і жаночага пачатку, то ён - сонечнае цяпло, без якога немагчымы ніякі ўраджай.

Каб дамагчыся максімальнай урадівасці зямлі, нашы продкі лічылі неабходным здзяйсненне нябеснага шлюбу паміж двума боствамі - Агню і Вады, Месяца і Сонца. Па старажытным індаеўрапейскім міфам, менавіта Сонца і Месяц з'яўляюцца тымі сакральнымі блізнятамі -- братам і сястрой, ад шлюбнай сувязі якіх і зарадзіўся ўвесь свет і жыццё ў ім. Старадаўнія беларусы таксама верылі, што на Купалу - свята расы, Сонца бярэцца шлюбам з Месяцам. Падчас гэтага свята людзі павінны былі паўтараць на зямлі тыя боскія зносіны, прыклад якім давалі нябёсы. Таму што Купалле - пераломны час дзеяння супрацьлеглых пачаткаў Прыроды, час зараджэння жыцця і гармоніі паміж імі. Менавіта ў гэты пераломны момант з хаосу жарсці, які сімвалізавалі купальскія ігрышчы, нараджалася гармонія жыцця. Невыпадкова саюзы, заключаныя на Купалле, лічыліся непарушнымі, нават калі адбываліся без дазволу бацькоў і родзічаў.

Сімвалам здзяйснення сакральнага шлюбу і была кветка, дзе жоўты колер сімвалізаваў агонь і жаніха, а сіні - ваду і нявесту. Такі самы сэнс меў і абрад скочвання падпаленага кола з гары ў ваду, у якім адлюстроўваўся шлюб паміж стыхіямі Агню і Вады, як сыход жарсці першага ў халодную вільгаць апошняй. Пазней, са зменай рэлігіі, боскі інцэст, які падчас Купалля сімвалізаваў шлюб Сонца і Месяца (Зарніцы), час першатварэння і ўспрымаўся як нармальная і апраўданая дзея, быў дыскрэдытаваны. Гэта прывяло да з'яўлення ў народнай традыцыі розных фальклорных сюжэтаў пра зямное каханне брата і сястры. Але гэта памылкова і не канструктыўна. Вядома, што ўсялякую ідэю можна ўспрымаць літаральна, а таму сэнсава скажонай. Вялікае народнае свята не можа грунтавацца на сюжэце пра парушэнне родавых традыцый. Купальскі міф пра каханне брата і сястры варта разглядаць на ўзроўні святарскіх традыцый эпохі глыбіннага язычніцтва.

А пакуль што мы можам толькі намагацца разгадаць тыя таямніцы і закадзіраваныя веды, якія стагоддзямі захоўваюцца ў міфах і паданнях нашых далёкіх продкаў. Гэта свайго роду своеасаблівы банк дадзеных, дзе зберагаюцца нашы культурныя каштоўнасці і куды ўкладзена столькі пачуццяў, уражанняў і адчуванняў, што хопіць не на адно пакаленне нашчадкаў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX