Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Волаты, асілкі, багатыры…


Аўтар: Клімковіч Ірына,
Дадана: 05-10-2014,
Крыніца: Дзеяслоў № 2(69), сакавік-красавік 2014.



Першапродкі людзей

Шмат у якіх народаў свету захаваліся старажытныя паданні і міфы пра людзей велічэзнага памеру -- вялікалюдаў, якія існавалі на зямлі з векапомных часоў. Шмат хто лічыць такіх вялікалюдаў дачалавечай расай або першапродкамі людзей, якія жылі пасля багоў ці нават папярэднічалі ім. Так, у старажытнагрэцкай міфалогіі алімпійскім багам папярэднічалі гіганты і тытаны - багі першага пакалення, увасабленне стыхіі прыроды з усімі яе катастрофамі, у скандынаўскай міфалогіі такімі веліканамі былі ётуны, а ў стараіндыйскай -- асуры. Беларускія легенды і паданні таксама захавалі падобныя міфічныя вобразы, гэта волаты, асілкі, багатыры. Праўда, шматлікія фальклорныя апісанні адносяць іх да першага пакалення людзей: " Гэто цяпер людзі здрабнелі, а даўней былі такія велізарныя, што роўна з лесам. Яшчэ й цяпер у зямлі знаходзяць іх косці, дак тая адна костачка ў косы сажэнь". А калі веліканы злаваліся і пачыналі біцца паміж сабой, здараліся навальніцы і непагадзь. Магчыма і сапраўды, наш народ уяўляў першапродкаў вялізнымі волатамі, якія былі яшчэ не аддзелены ад прыроды, а таму не маглі засвоіць такія культурныя навыкі, як земляробства, жывёлагадоўлю і рамёствы. Тым не менш, волаты бралі ўдзел у стварэнні прыродных аб'ектаў - азёраў, рэк, камянёў і гор, а з прыходам сапраўдных людзей самі ператварыліся ў тыя аб'екты. (55KB) Волат, невядомы мастак. Жалезны волат, ахоўнік беларускіх балот, мастак В. Славук. Волат, мастак В. Славук. Вось як апісваюць волатаў беларускія паданні:

" Першымі людзьмі на нашай зямлі былі векалюды - волаты. Гэта такія вялізныя людзі, што цяперашнія нават ім да калена не дасталі б. Кажуць, найглыбейшыя рэкі ім не глыбей, як да калена былі. У іх галовы, кажуць, былі, як цабры, вялізныя. Ідзе волат праз лес, возьме за верх агромністую сасну, вырве з карэннем і папіраецца ёю як кіем…Волаты павытоптвалі зямлю, пааралі яе карчамі так, што на тых месцах стаяць азёры і рэкі, панасыпалі горкі ды параскідалі ўсюды па свеце вялізарныя камяні, якія і цяпер трапляюцца дзе-нідзе на полі ці ў лесе. Яны, бывала, набяруць камення вялізарнага, бы валы, ды як пачнуць шыбаць іх угору, дык яны толькі ввуу!... А як пойдуць барукацца ці біцца, ды пачнуць рваць дуб'ё, дык аж зямля стогне.

(31KB) Гара Валотоўка на Полаччыне.

Не было на зямлі нікога, хто б мог з волатамі памерацца сілаю. От яны смела хадзілі сабе ды сваволілі. Ведама, калі хто нікога не баіцца, то ён заўжды пачне дурэць, пачне рабіць ліха. Так і тыя волаты пачалі губіць на зямлі жывёлу і ўсялякую расліну, а ў неба шыбаць каменнем. Хацелі нават з Богам дужацца.За тое Бог і пакараў волатаў. У адных адняў розум, так што яны пачалі лбамі разбіваць каменныя горы. Разгоніцца той волат, бы баран, ды як рэзнецца лбом аб камень, дык мазгі і пацякуць, а ён сам зваліцца на зямлю, патрапеча трохі нагамі дый дух вон...Іншую частку волатаў, якія пайшлі супраць Бога, ён закляў: «Быць вам дужымі і стаяць вякамі, а плады вашы будуць свінні есці». I ператварыў іх у дубы. Астатніх абярнуў у малых ды кволых людзей, якія і цяпер жывуць".

Паводле паданняў, зафіксаваных у многіх месцах Беларусі, волаты пахаваны ў доўгіх курганах - валатоўках - невысокіх валападобных земляных насыпах. Гэтая назва пашырана на поўначы Беларусі і ў сумежных раёнах Смаленшчыны, Пскоўшчыны, Латвіі, у мінулым карэнных землях крывічоў. Месцамі на Віцебшчыне валатоўкамі называюць таксама звычайныя могілкі. Заўважым, што ў некаторых месцах нашай краіны існаваў звычай на Радаўніцу перад наведваннем магіл блізкіх заходзіць на валатоўкі, каб пакінуць там яйка і другую ежу, а часам і частавацца імі на курганах. У Паўночна-Усходняй і Цэнтральнай Беларусі існуюць нават назвы паселішчаў кшталту Волаты, Валатоўкі і ім падобныя. Так, вёскі Валатоўкі ёсць у Лепельскім, Міёрскім, Расонскім і Шумілінскім раёнах, вёскі Валатава ў Гомельскім і Валаты ў Слуцкім раёнах, а засценак Волатаў і ўрочышча Волаткава Поле каля Барысава. У некаторых мясцовасцях Беларусі каня таксама называлі " волат", а жарабя - " валаток" або " валацёнак". Шмат якія беларускія паданні гаспадара лесу - лесуна малююць як вялізнага волата, памеры якога сягаюць самага вялікага ляснога дрэва. Украінская мова ведае слова " велетень", што азначае чалавека велізарнага росту і сілы. Дзе-нідзе ў Расіі падчас жніва аўса пакідалі нязжатымі некалькі пучкоў каласоў -- " волотей", існаваў нават звычай у час дажынак пакідаць " волотку на бородку". Верагодна, некалі ў даўнія часы нязжатыя каласы лічыліся " Воласавай бародкай", а сам звычай пакідаць іх у такім выглядзе - частка архаічнага земляробчага абраду старажытных славян, прысвечанага боству плоднасці і багацця Вялесу. Цікава, што падобны звычай захаваўся ў беларусаў у выглядзе шкоднай магіі і называўся " рабіць залом" на ніве ці на лузе.

Улічваючы вышэйсказанае і тое, што назвы " Вялес-Волас" і " волат" маюць агульную этымалогію, некаторыя даследчыкі звязваюць міфічных вялікалюдаў з богам Вялесам. Як гэты бог, так і волаты маюць адносіны да замагільнага свету і забяспечваюць урадлівасць.

Міфічныя жыхары гарадзішчаў

Але не толькі пра волатаў расказвалі ў народзе. З вуснаў у вусны перадаваліся паданні пра другіх вялікалюдаў - асілкаў, якія нібыта некалі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і пакінулі пасля сябе старажытныя гарадзішчы ды велізарныя камяні з адбіткамі рук ці ног. Былі тыя веліканы таксама агромністага росту і сілы, кідаліся яны камянямі " нібыта мячыкамі" і цягнулі дрэвы з каранямі з лесу.

" Даўно-даўно, калі яшчэ людзі жылі па лясах дрымучых, прыйшлі на нашу зямлю асілкі і пачалі сяліцца па берагах рэк. У лясах вадзіліся звяры ўсялякія: мядзведзі, ваўкі, ласі, кабаны, лісіцы, рысі, а па рэках і азёрах жылі выдры. Рыбы ў водах было такое мноства, хоць кашолкай чэрпай. Асілкі былі людзі здаровыя, ростам цэлы сажань, у плячах аршыны з два. Голас мелі магутны. Бывала, калі крыкне на увесь голас ды свісне, дык якое б дрэва ні было вялікае, а зваліцца. I жонкі іхнія былі у пару ім: рослыя, дужыя і раджалі кожны раз па двое, па трое дзяцей. Гаспадарку асілкі ніколі не трымалі. Не было ў іх ніякай худобы, ні скацінкі дамашняй, ні прыпасу, ні запасу. Hi хлеба, ні лёну не сеялі. Карміліся яны тым, што лавілі па лясах звяроў ды па рэках рыбу. Адзежу сабе яны шылі са звярыных скур. Вось так і жылі.

Спадабалася асілкам наша зямля, бо тут ім усяго досыць было. Звяр'я па лясах было не злічыць. Рыбы ў рэках таксама, а ім больш нічога і не трэба было. Задумалі яны тут пасяліцца і пачалі будаваць гарадзішчы. Інструменту ў іх амаль ніякага не было, толькі на ўсіх адна сякера, ды і тая не жалезная, а якаясь медзяная. Не маючы досыць інструменту, асілкі перакідвалі сякеру з гарадзішча на гарадзішча, бо не хацелі траціць часу на хаджэнне. Зыкне асілак з аднаго гарадзішча ў другое: сякеру давай! На другім гарадзішчы нехта возьме сякеру ды і кіне яму. Гэта яшчэ нішто - сякеру перакінуць вярсты за тры. Калі была патрэбна на будоўлю драўніна, пойдзе асілак у лес, вырве дрэва з коранем ды так і прыцягне на гарадзішча. Спатрэбіцца камень, дык ён возьме яго ды і кіне за вярсту, а то і больш - прама на гарадзішча.

Ёсць такія мясціны, якія ледзь не засыпаны камянямі. Дзяды казалі, што на гэтых самых мясцінах асілкі ваявалі, кідаючы камяні адзін у аднаго. Яны і звяроў забівалі камянямі, ад таго камяні ляжаць і па лясах. Потым асілкі сышлі адсюль, як толькі перавяліся ў лясах звяры і паменшала рыбы ў вадзе, бо ім не стала з чаго жыць. 3 той пары і гарадзішчы іхнія запусцелі, бо посля іх не скора прыйшлі сюды нашы дзяды".

Асабліва шмат беларускіх паданняў пра тое, як веліканы-асілкі перакідваліся адзін з адным дзеля забаўкі агромністымі каменнымі сякерамі або нават млынавымі жорнамі. Так, на гары Літоўка каля в. Чарнавокі Верхнядзвінскага раёна нібыта ‹‹ ў час даўняй вайны жылі асілкі-літоўцы, якія кідалі каменныя сякеры на гару Заточынку каля вёскі Дабраплёсы", месца святкавання Купалля. З некаторых паданняў мы даведваемся, што ранейшыя вялікалюды жылі на розных гарадзішчах па абодвух берагах ракі і, каб не згубіць час на пераправу праз раку, перакідваліся сваім рыштункам праз ваду. Захавалася паданне пра гарадзішча-свяцілішча каля вёскі Дзямідаўка на этнічна беларускай Смаленшчыне, якое падцвярджае гэта. Нібыта на гарадзішчы некалі жыў велікан, ён перакідваўся сякерай праз Дняпро з іншым веліканам. Апроч таго, ён бясплатна шыў людзям вопратку. Толькі трэба было прынесці тканіну, пакінуць яе на гарадзішчы і парасіць неабходнае адзенне. Самога велікана ніхто ніколі не бачыў, але на наступны дзень вопратка была гатовая. Тым не менш, знайшоўся чалавек, які папрасіў пашыць яму " ні тое, ні сёе". Раніцай ён атрымаў абы як пашытае адзенне - рукаў да палы, каўнер збоку… Велікан пакрыўдзіўся і кінуў увогуле шыць. Дарэчы, матыў падобнага падання аналагічны паданням пра камяні-краўцы, звязаныя з хтанічным культам.

Некаторыя міфічныя асілкі гінуць ад удару каменнай сякеры. Да прыкладу, каля фальварка Тупічын непадалёк ад вёскі Валынеж Касцюковіцкага раёна адзін з вялікіх насыпаў у курганным могільніку называлі Волатава Магіла. Расказвалі, што малодшы брат забіў каменнай сякерай старэйшага брата і пахаваў у кургане. Часам у такіх паданнях рысы асілкаў пераймаюць легендарныя князі. Як у паданні, дзе на Рагнедавай Гары ў Расонскім раёне нібыта ў бітве быў забіты каменнай сякерай полацкі князь Рагвалод. А на Расоншчыне з гарой Літоўшчынай звязана паданне, паводле якога, літоўцы біліся каменнымі сякерамі праз раку Свольну. Часам зброя ў руках асілкаў -- каменная булава. Так, у маляўнічым урочышчы Каменная Гара на поўнач ад вёскі Чамярня Веткаўскага раёна знаходзяцца рэшткі старажытнага культавага гарадзішча-свяцілішча. З пятнаццаціметровага ўзвышша добра бачна наваколле Свяцілавіч і Вялікіх Нямкоў. Месца гэтае жыхары Чамярні завуць Чортавай Гарой. Паводле падання, у спрадвечныя часы на гары жыў асілак, які кідаў адсюль вялізарныя каменныя молаты. І молаты тыя чароўным чынам даляталі да наваколля Вялікіх Нямкоў. Апроч назвы Чортава, гэтая святая гара мае назву Серыкава Гара. А па суседству з Чамярнёй у вёсцы Вялікія Нямкі знаходзіцца ўрочышча Чэнчыкава Гара, дзе таксама маецца гарадзішча. Паводле другога падання, у глыбокай старажытнасці на Серыкавай і Чэнчыкавай гарах жылі князі-асілкі Серык і Чэнчык, якія таксама перакідваліся паміж сабою каменнымі сякерамі.

Хто ёсць хто

Азнаёміўшыся з паданнямі пра асілкаў і волатаў, на першы погляд здаецца, што тыя і іншыя нічым не адрозніваюцца. І волаты, і асілкі - вялізнага росту і маюць агромністую сілу, якая дазваляе ім вырываць з каранямі магутныя дубы і кідацца камянямі, млынавымі жорнамі.

(24KB) Помнік легендарнаму асілку, г. Свіслач, Гродзенская вобл.

Часам у некаторых паданнях асілкаў і волатаў блытаюць: як адным, так і другім прыпісваюць разбуральныя сілы. Але больш уважлівае параўнанне беларускiх легендаў (47KB) Камень Асілак, Смаргонскі р. дазваляе прасачыць рознiцу памiж гэтымi мiфалагiчнымі персанажамі. Так, у адрозненні ад волатаў, якія звязаны з курганамі-валатоўкамі, асілкі з'яўляюцца жыхарамі старажытных гарадзішчаў. І зброяй гэтых вялікалюдаў у асноўным з'яўляюцца каменныя сякеры, молаты і жорны. Апроч гэтага, у беларускіх чарадзейных казках асілкаў звязваюць з громам, яны без асаблівых высілкаў кідалі свае каменныя булавы ў неба, чым выклікалі грымоты: кінутая імі ўверх булава " гудзе ў небе, бы гром гудзіць". Са Случчыны вядомая казка пра тое, як асiлак разбiвае булавой каменную сцяну, за якой пакутвалi выкрадзеныя цмокам людзi. У некаторых казках цар Гром, як i асiлкi, разбiвае камянi i дрэвы.

З іншых легенд і міфаў мы ведаем, што ўсе гэтыя атрыбуты адносяцца да бога маланак і грымотаў - Перуна. Тыя ж самыя камяні і каменныя сякеры называюцца ў народзе " перуновымі стрэламі". А яшчэ ў народзе кажуць, што Пярун трымае ў руках вялікія жорны, трэ імі і б'е адзін аб другі, ад чаго і ўтвараюцца гром і маланкі. Такім чынам, нашы асілкі ў фальклоры асацыююцца з атрыбутамі бога навальніцы. Да таго ж, ад назвы каменнай прылады, якою даўней выкрасалі агонь, паходзіць слова " асялок" - тачыльны камень, а таксама стараславянскае " осла", " аселак". З гэтымі словамі навукоўцы і звязваюць этымалогію слова " асілак" і мяркуюць, што міфічныя вялікалюды з'яўляліся разнавіднасцю веліканаў, пэўным чынам звязаных з Перуном.

Назва ж " волат" паходзіць ад кораня vel- і звязана, як мы казалі вышэй, з богам замагільнага свету і ўлады - Вялесам. Цікава, што гэтае боства пазней, ужо ў хрысціянскія часы стала асацыіравацца з д'яблам. Так, захавалася апакрыфічнае паданне пра паходжанне балота і чорта, дзе апошні паказаны ў выглядзе волата:

" Ішоў Спас па сіняму мору, бачыць - мора пачынае пеніцца, пачынаюць біць незвычайна моцныя хвалі, з'явіўся аграмадны вадзяны стоўб. Спас падыходзіць да гэтага стаўба паглядзець і бачыць у сярэдзіне яго жывога волата, які паварочваецца, але не можа ўстаць. Спас узяў гэтага волата і выкінуў на бераг. З'явіўся такі прыгажун, што прыгажосці яго здзівіўся сам Спас…"

Далей апавядаецца, як Спас, па другім варыянце - Бог, разам з гэтым волатам ствараюць свет, дзе апошняму прыпісваецца ўдзел у стварэнні балот, гор, камянёў і падобнага нязручнага для чалавека ландшафту. Пазней за непаслушэнства і пыху перад Богам той ператварае волата ў чорта і скідвае яго ў балота, месца, якое велікан і стварыў. У выніку былы паплечнік Бога робіцца ягоным антаганістам. Варта звярнуць увагу, што ў згаданай легендзе пра паходжанне д'ябла волат з'яўляецца з вады. А Вялес, як мы ведаем, таксама звязаны з вадой, балотамі і другімі зямнымі водамі. Адной з іпастасяў Вялеса ў міфалогіі беларусаў з'яўляецца вобраз агромністага Змея - Цмока. З другіх беларускіх міфаў вядома пра заўсёдную барацьбу Перуна з Вялесам або Чортам ці Змеем. Зразумела, што ў гэтых міфах функцыі ранейшага Бога пераходзяць да пазнейшага Перуна. А прыналежнасць волата да чорта пацвярджаецца яшчэ адным беларускім павер'ем, згодна з якім, крыніцай надзвычайнай сілы гэтага велікана з'яўляецца наяўнасць у яго " чортавага рабра". Так называлі ў народзе трынаццатае, суцэльнае, " бы абруч", " лішняе" рабро, якое прыпісвалася міфічным волатам і вельмі моцным людзям: " задужыя, бо маюць чортава рабро".

Такім чынам, нашы легендарныя асілкі, якія звязаны з вышэйшым нябесным боствам і карыстаюцца ягонай зброяй - каменнымі сякерамі і жорнамі, таксама яўляюцца супернікамі Вялеса ў ягоным хтанічным пераўвасабленні. Ва ўсялякім разе, пра гэта нам кажуць іншыя беларускія легенды, паданні і казкі, дзе асілкі набываюць рысы культурных герояў - міфічных кавалёў ці аратых і б'юцца з разбуральнымі хтанічнымі сіламі. Так, у чарадзейных казках такі каваль выкоўвае цудоўную булаву, якой змагаецца супраць Цмока. Прыкладам, возьмем легендарных Кузьму і Дзям'яна або Мікіту Кажамяку, якія майструюць агромністае рала, перамагаюць пачварнага Змея і робяцца першымі ратаямі. У выніку іх культурнай дзейнасці таксама з'яўляюцца горы або валы, ці вытокі і рэчышчы. У Беларусі, згодна з легендамі, так узніклі Зміевы валы па баках Дняпра, рака Сож, прыток Дняпра і рака Віць, прыток Прыпяці. Паводле падання, Камянецкую вежу пабудаваў велізарны каваль, легендарны князь Радар і, седзячы ў ёй, чакаў прыходу агромністага змея Крагавея, які служыў у польскага караля Ляха, панадзіўся ва ўладаннях каваля губіць жывёлу. Але Радар не проста сядзеў, а пры дапамозе свайго гіганцкага молата стварыў агромністы плуг. І, калі Крагавей, прыцягнуты незвычайнымі ўдарамі молата, прыляцеў, каваль-князь разам са сваёй дружынай прымусіў яго ўпрэгчыся ў плуг. Потым Радар стаў араць на змеі, а калі дайшлі да ракі, загадаў: " Гайда, бух!", каб той кінуўся ў раку. Змей жа паспеў вырвацца, затое ўтапіў плуг, які, паводле падання, яшчэ доўга тырчэў з вады. Напалоханы змей прыбег да свайго гаспадара Ляха і, канаючы, паспеў крыкнуць: " Помні, ляша, па Бух наша!" З таго часу мяжа з Польшчай стала праходзіць па Бугу (Буху), а пабудаваная Радарам вежа дагэтуль стаіць у Камянцы.

Як бачым, у гэтых паданнях асілкі выступаюць ужо яркімі архетыпамі эпічных герояў, якія, дзякуючы сваёй мужнасці і адвазе змагаюцца з увасабленнем хаосу і неўпарадкаванасці, увасобленымі у вобразе пачварнага цмока ці змея. Да таго ж, гэтыя багатыры з'яўляюцца пасярэднікамі паміж Богам і людзьмі - даюць пачатак кавальству і земляробству, а пры дапамозе сваёй вялікай фізічнай сілы ствараюць культурную прастору: не толькі выкарцоўваюць дрэвы, але займаюцца і будаўніцтвам.

Легендарныя разбойнікі і багатыры

Легендарнага асілка, князя-каваля Радара, дзякуючы якому з'явілася рака Буг і Камянецкая вежа, можна параўнаць (12KB) Першы араты. Мастак невядомы. з другім, не менш легендарным і міфічным асілкам - таксама князем, млынаром і чарадзеем Менескам. Але гэты вобраз выступае ў нашым фальклоры не зусім адназначна станоўчым. Згодна з паданнем, Менеск быў заснавальнікам Мінска (Менска, Менеска) і жыў паміж пазнейшым Татарскім канцом і Пярэспай. Кажуць, што ён пабудаваў на Свіслачы вялікі мураваны млын з сямю коламі, дзе мука малолася не са збожжа, а з камянёў. Менеск быў чараўніком, яго ніхто ніколі не бачыў, толькі ўначы на млыне былі чутны нейкія няўцямныя крыкі, кшталту гікання, музыка і скокі. Ды яшчэ апоўначы чулі, як Менеск раз'язджае на сваім млыне па навакольных дарогах ды збірае сабе ў дружыну дужых і адважных людзей, ад якіх потым тут і ўтварыўся асобны народ. Сцвярджаюць, што дружыннікі Менеска былі яго хаўруснікамі ў разбойных справах: разам яны рабавалі наваколле. У тутэйшых жыхароў захавалася нават прымаўка: " Не пайду я да Менска ад шяху Віленска, а (калі) пайду па шляху Віленскім, спаткаюся з Менескам". Нарэшце людзям надакучыла рабаўніцтва князя Менеска і яны звярнуліся па дапамогу да яшчэ больш магутнага чараўніка. Той і сапраўды дапамог: спаліў небяспечны млын, прагнаў назаўсёды Менеска, але памяць пра князя-рабаўніка захавалася ў назве горада. (58KB) Менеск і ягоны млын. Мастак В. Кульваноўскі. Узнікае пытанне, як успрымаць вобраз Менеска, намаляваны ў гэтым паданні. З аднаго боку, няўцямныя начныя крыкі і гіканне на млыне, рабаўніцтва свайго насельніцтва, што вельмі нагадвае выхадкі чартоўскай сілы. Тым больш, млын заўсёды працуе на вадзе і, паводле беларускіх павер'яў, ягоная праца залежыць ад вадзяніка - больш пазнейшага ўвасаблення таго ж Вялеса, які апроч іншага загадваў зямнымі водамі. Тым не менш, з другога боку, Менеск мае справу з млыном, дзе перамолваюцца вялізныя камяні, што нагадвае выкрасанне Перуном-Грымотнікам маланак з камянёў ці каменных жорнаў. Да таго ж, Менеск, як князь, з'яўляецца правадыром дружыны, што, безумоўна, зноў збліжае яго з богам маланак і навальніцы, апекуном вайсковай справы. Парадокс, але вобраз асілка і чарадзея Менеска ўвабраў у сябе рысы абодвух бостваў, што кажа пра ягоную архаічнасць, калі функцыі асноўных беларускіх бостваў яшчэ не былі канчаткова размеркаваны, або, наадварот, яны прыпісваліся адзінаму богу.

Цікава, што матыў паданняў пра разбойнікаў, імя якіх потым дало назву гораду, быў вельмі пашыраны на беларускіх землях. Дастаткова прыгадаць паданне пра назву Магілёва, дзе распавядаецца, што на месцы сённяшняга горада стаяў цёмны, непраходны лес, і там жыў страшны разбойнік Машэка. Прычым у паданні падкрэсліваецца, што ён валодаў такой жа моцнай фізічнай сілай, як і вышэйзгаданыя асілкі і волаты. Ён " адною рукою спыняў экіпаж з васьмірыком коней на ўсім скаку, ухапіўшыся за калясо, і за раз вырываў з карэннем высокія сосны, а хадзіў ён у мядзвежай скуры, поўсцю наверх. Машэка наводзіў жах на ўсе навакольныя селішчы. Не раз выходзілі супроць Машэкі цэлымі палкамі; але ён жыў у такой непраходнай пушчы, што ніхто не знаходзіў не толькі яго бярлогі, але і дарогі назад, і ўсе або паміралі з голаду, або гінулі ад удару кісцянём".

Калі Машэку напаткала смерць ад каханай жанчыны, яго пахавалі ў пушчы разам з касцямі ягоных ахвяр, насыпаўшы над імі велічэзную гару. Потым высокую Машэкаву магілу сталі зваць "Магілай льва". З часам на гэтым месцы з'явіўся горад Магілёў. Верагодна, у дадзеным выпадку мы бачым, як старажытныя паданні пра асілкаў накладаюцца на больш познія, звязаныя з канкрэтнымі міфалагічнымі героямі, заснавальнікамі дадзеных паселішч.

У беларускіх легендах, паданнях і казках даволі часта можна сустрэць яшчэ адну разнавіднасць веліканаў, не менш магутных і дужых. Гэта багатыры. Яны таксама ўтваралі рэкі, перасоўвалі горы, вытоптвалі азёры, вырывалі дрэвы… Навукоўцы лічаць, што слова "багатыр" паходзіць ад цюркскага "багатур". Тым не менш, у сучаснай беларускай мове слова "багатыр" семантычна звязана са словам "багаты". І багатага чалавека ў наш часам называюць "багатыр".

Вельмі пашыраны вобраз багатыра у казках, дзе мы можам сустрэць такіх герояў, як Мікіта Кажамяка, Кацігарошак, Івашка Мядзвежае Вушка ды іншыя. Усе яны багатырскага росту, валодаюць незвычайнай цудадзейнай сілай, мужнасцю, цярпеннем і пры дапамозе агромністай булавы, спецыяльна выкаванай для іх, перамагаюць пачварнага Змея або Кашча Неўміручага. Але, не гледзячы на бытаванне гэтага вобраза ў казках, зразумела, што яно пазнейшае. Фальклорная назва "багатыр", хутчэй за ўсё, традыцыйна звязана з эпічнымі падзеямі і персанажамі, замацаванымі ў міфах, паданнях, былінах. Да прыкладу, у некаторых месцах Беларусі былі распаўсюджаны паданні пра старажытнарускіх былінных герояў-багатыроў, кшталту Іллі Мурамца, Вольгі Усяслававіча, Мікулы Селянінавіча і г.д.

Багатырка, валатоўна, ваярка

Калі слова багатыр у адносінах да мужчын-героеў у беларускім фальклоры сустракаецца даволі зрэдку, часцей іх называюць волатамі ці асілкамі, у дачыненні да жанчын яно сустракаецца часцей. Таму доказам шматлікія паданні і павер'і. Так, у ваколіцах Полацка ёсць узгорак пад назвай Багатыр-Гара. Як сцвярджае паданне, на гары калісьці жыла жанчына велізарнага росту і гэткай жа сілы. " Ваду на гару яна насіла за дзесяць вёрст з возера Нешчарда, адразу па два цэбры, у якія ўлазіла па 15 судаў (30 вёдраў ). Каромыслам ёй служыў дубовы калодзежны вочап. Аднойчы яе затрымалі татары і спыталі: як бліжэй патрапіць у Полацк? Жанчына адказала, што не чула пра такі горад, а між тым з гары ў яснае надвор'е была бачна Святая Сафія. Татары раззлаваліся і накінуліся на багатырку. Яна сваім (40KB)  Помнік Машэку та тэрыторыі старажытнага замку, Магілёў. каромыслам бадай што ўсіх перабіла, але адна з татарскіх стрэл трапіла ёй у сэрца. Багатырку пахавалі на гэтай гары. Адсюль і назва гары - Багатыр-Гара. Кажуць, што з цэбраў пацякла вада, і ўтварылася рэчка Багатырка".

(18KB) Багатырка Настасся,  мастак С.Саломка.

Тое, што жанчыны багатырскага росту суадносяцца з горамі, гаворыць паданне пра Дзявочую Гару ў Мсціславе, якую быццам насыпалі фартухамі дзяўчаты-багатыркі на месцы пахавання багатыра. Потым яны ўсе аплаквалі яго і штогод у пэўны дзень спраўлялі па ім трызну, ладзілі ігрышча. У ваколіцах вёскі Колкі Петрыкаўскага раёна ўздоўж правага берага ракі Трэмлі цягнецца града ўзвышшаў ("горкі") пад назвай Хімкіны Горы. Яны, паводле падання, названы ў гонар жанчыны-багатыркі Хімкі, якая быццам жыла тут спрадвеку. І хаця людзі штораз з ёй сутыкаліся на "горках", жытла яе ніхто не бачыў. Казалі, што Хімка валодала нямалай фізічнай сілай, лёгка ўскарасквалася на дубы, хавалася ў шатах і чакала, пакуль непажаданыя госці сыдуць. Узброена Хімка была лукам, і занадта цікаўныя рызыкавалі атрымаць ад яе стралу.

У паданнях жанчыны-багатыркі маюць непасрэднае дачыненне і да камянёў. Да прыкладу, некалі на беразе Свіслачы ляжаў валун пад назвай " След Валатоўны", які быццам пакінула дзяўчына, калі пераступала праз раку. А ў Паазер'і існаваў камень " Дзявочы след", пра які расказвалі, што след на камні належаў таксама валатоўне. Вядомае паданне пра Сіні Калодзеж, што побач са Слаўгарадам, былым Прапойскам, распавядае пра багатырку Кацярыну. Да яе сваталіся два багатыры - Сцяпан і Марка, але ёй падабаўся больш Сцяпан, хаця ён быў і не такі дужы, як нялюбы Марка. Кацярына сказала, што пойдзе замуж за таго, хто далей кіне валун з высокага правага берага Сажа на луг. Нялюбы Марка кінуў камень якраз туды, дзе цяпер вёска Кліны, а любы, але слабейшы Сцяпан кінуў не так далёка. Каб не пайсці за нялюбага, Кацярына стала на ягоны камень і сказала: " Лепш пайду вадой служыць, чым з нялюбым жыць". Потым падскочыла, грымнулася аб валун, разлілася вадой і выскачыла з-пад зямлі вёрстаў за пяць ад Прапойска, дзе і ўтварыўся Сіні Калодзеж. Пасля гэтага на камні Марка застаўся след Кацярыны, а на Сцяпанавым валуне сляды пальцаў ягонай рукі.

Часта ў паданнях міфічныя багатыркі надзелены тымі ж чароўнымі якасцямі, што і вышэйапісаныя асілкі і волаты. Так, на востраве Асвейскага возера ёсць гара Пярунка, на якой, паводле падання, здаўна жыла багатырка і чараўніца на імя Княгіня, якая на Купалле перакідвалася вялізнымі бярвёнамі са сваёй знаёмай валатоўнай Даротай. А тая Дарота жыла на гары, назва якой і пайшла ад яе імя - Дароціна Гара, што каля вёскі Канчаны. Іншым варыянт гэтага падання наступны, нібыта, Дарота была жанчынай-воем, якая змагалася з ворагамі ў нейкую даўнюю вайну і загінула на гэтай гары.

Некалькі паданняў пра багатырак вядома з тэрыторыі былога Лепельскага павета. У адным з паданняў Багатырка перамагла волата і ягонае войска, а затым перакуліла і паставіла дагары каранямі вялізную елку. У другім лепельскім паданні Багатырка падымае высока над галавой коней і ідзе " валяць" чужаземнае войска. У Смалявіцкім раёне багатырка гары Замак білася з багатыром Юзэфаўскага замка. Бойка адбылася праз балота, па якім цячэ рака Усяж.

Падобны вобраз беларускай багатыркі-ваяркі сустракаецца нават у былінах кіеўскага цыклу. Адным з герояў былін з'яўляецца багатыр Дунай Іванавіч. Яму, як паслу, даручылі прывезці годную нявесту для князя Уладзіміра. Дзеля гэтага ён і паехаў у " харобрую Літву" сватаць " літоўскую" Апраксу-каралеўну. Прычым Дунаю было наказана ў выпадку нязгоды з боку каралеўны ўзяць яе сілай. Гэты былінны эпізод вельмі нагадвае гістарычны факт "сватання" Уладзіміра да полацкай князёўны Рагнеды. Падчас свайго візіту Дунай пазнаёміўся з сястрой Апраксы Настасяй-каралеўнай, дзяўчынай-рыцарам, якая была не толькі вельмі прыгожай, але моцнай і адважнай, да таго ж, пераўзыходзіла ў майстэрстве стральбы з лука нават юных ваяроў. Закахаўшыся ў Дуная, Настасся з'язджае з ім у Кіеў. Там, пасля жаніцьбы, Дунай вырашае паказаць сваю перавагу над ёю на адным з кіеўскіх спаборніцтваў, але прайграе каралеўне. Абражаны, ён вырашае застрэліць сваю абранніцу. Настасся просіць дараваць ёй жыццё, бо носіць у сабе дзіця Дуная. Багатыр не паслухаў яе і застрэліў багатырку з луку. Калі ж разрэзаў цела, пераканаўся, што каралеўна і сапраўды была цяжарнай. У роспачы Дунай скончыў жыццё самагубствам. Там, дзе пралілася ягоная кроў, пацякла рака Дунай, а дзе пралілася кроў багатыркі, пацякла Настасся-рака.

Найбольш ярка і падрабязна багатырскі вобраз дзяўчыны-воя намаляваны ў беларускіх народных баладах. Вядомы стараліцвінскі звычай падчас варожай небяспекі склікаць паспалітае рушэнне - "Пагоню" зафіксаваны ў адной з такіх балад. Так, стары войт з-за таго, што ў яго няма сыноў, а толькі адна дачка, вымушаны па загадзе караля ісці на вайну сам. Каб дапамагчы бацьку, дзяўчына бярэ каня са збруяй, падпярэзваецца мячом і, апрануўшы рыцарскі строй, ідзе ў войска, дзе яе лічаць хлопцам. Падчас бітвы з ворагам дзяўчына-рыцар здзяйсняе багатырскія подзвігі: " Адным замахам маханула - семсот казакоў заснула.// Другім замахам маханула - палавіна войска заснула.// Трэцім замахам маханула - ды ўсё войска заснула". Ашаломлены кароль хоча выдаць за адважнага "ваяра" сваю дачку, а ў адказ чуе: " Нашто мне дачка-каралеўна,//Калі я сама вайтоўна.// Я твайго каралеўства не хачу,// А свайго вайтоўства не трачу". Пасля гэтага кароль прапаноўвае ваярцы ўсынавіць яе, але зноў атрымлівае адмову.

На думку шмат якіх навукоўцаў, вобраз багатыркі-валатоўны ў беларускім фальклоры падобны да вобразу Вялікай Багіні-Маці ў яе іпастасі Дзевы-ваяркі. Таму што ў большасці прыведзеных вышэй выпадкаў міфічная багатырка выступае перад намі ўжо не як захавацелька плоднасці, урадлівасці і дабротаў, як, да прыкладу, багіні Мокаш і Лада, ці Лёля, а нясе разбуральныя сілы, вайну і смерць. У гэтым беларускія валатоўны падобныя да кельцкай багіні вайны Марыган, скандынаўскай Брунгільды, германскіх ваяўнічых дзеў-багатырак Валькірыі і Дысы ў прускай міфалогіі.

Літаратура:

Акты, издаваемыя Виленскою археографическою комиссиею (АВАК). Т. XIII. Вильна, 1886. С. 373, 375-376.

Балады. Кн.2. (укладальник Л.М.Салавей, Т.А Дубкова), Мн., 1978. С. 130-139.

Бараг Л.Г. "Асілкі" белорусских сказок и преданий (к вопросу о формировании восточнославянского эпоса)// Русский фольклор. Вып. VIII. М.-Л. 1963. С. 29, 37, 40.

Беларускі народны каляндар. Мн., 1993. С. 180.

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Гродно, 1895. С. 76.

Віцьбіч Юрка. Плыве з-пад Сьвятое горы Нёман: Рэпрынтнае выданне. Мн., 1995. С. 35.

Дучыц Л.У. Гарадзішчы ў светаўспрыманні беларусаў //Гісторыя і археалогія гарадзішча Маскавічы. Рыга, 2013. С. 337-338.

Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер'і. Кн. 2. Мн., 1998. С. 62, 179.

Зайкоўскі Э.М. Месца Вялеса ў дахрысціянскім светапоглядзе насельніцтва Беларусі. Мн., 1998. С. 10,12.

Иванов Вяч. Вс. Кузнец// Мифы народов мира. Т.2. М., 1992. С. 21-22.

Иванов Вяч. Вс., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974. С. 95.

Касьпяровіч М.І. Валатоўкі і звязаныя з імі перажыткі (першапачатковыя вынікі даследавання) //Наш край. 1929. № 6-7. С. 84-89.

Криничная Н.А. Русская народная историческая проза: Вопросы генезиса и структуры. Л., 1987. С. 118-153.

Легенды і паданні. Мн., 1983. С. 40-41; 48-51, 133-134, 274, 277-278, 400, 415.

Ляпушкин И.И. Славяне Восточной Европы накануне образования дрквнерусского государства //МИА. Л., 1968. № 152. С. 5-12, 170-171.

Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992. С. 150.

Марзалюк І.А. Магілёў у XII-XVII стст. Этапы роста гарадской тэорыі// Старонкі гісторыі Малілёва. Магілёў, 1998.

Мачинский Д.А. "Дунай" русского фольклора на фоне восточнославянской истории и мифологии //Русской Север: Проблемы этнографии и фольклора. Л., 1981. С. 110-171.

Міфалогія Беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік. Мн., 2011. С. 24, 26-27, 36, 68, 87-89, 113, 149, 161-162, 207, 233, 262-265, 287-288, 298, 300-301, 392-393, 394, 396, 469.

Писаренко Ю.Г. Могилы волотів на Русі //Украінський історичний журнал. 1988. № 5. С. 123-129.

Писаренко Ю.Г. Велес-Волос в язичницькому світогляді давньо і Русі. Ки ів, 1997.

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Т. 1. Вып. 4. Сказки космогонические и культурные. Витебск, 1891. С. 173.

Сементовский А.М. Белорусские древности. Вып. 1. СПб., 1890. С. 21.

Сержпутоўскі А. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926. № 23.

Чарадзейныя казкі. Ч. 1. Мн., 1973. С. 340.

Шпилевский П.М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Мн., 1992. С. 132.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. А-Б. Мн., 1978. С. 168-169, 174-175.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX