Папярэдняя старонка: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Сакральныя ўзгоркі Беларусі 


Аўтар: Дучыц Л.У., Клімковіч І.Я.,
Дадана: 08-11-2016,
Крыніца: Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў: мат. Міжнароднай навук.-практ. канф. (28-29 лістапада 2013 г., гор. Мінск): У 2 частках. Ч. 2 :/ уклад. Н.С. Бункевіч [і інш.]; гал. Рэд. А.І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. - Мінск : Права і эканоміка, 2014. С. 248-256.



Культ узгоркаў характэрны для большасці народаў свету. Паўсюдна ўзвышша ўшаноўваюцца больш чым іншыя прыродныя аб'екты. Паводле міфалагічных ўяўленняў, гара -- мадэль свету і найбольш распаўсюджаны варыянт сусветнага дрэва. Яна складаецца з трох ярусаў: на вяршыні жывуць багі, на зямлі - чалавечы род, а пад гарой - злыя духі. Вобраз гары ў фальклоры з'яўляецца працягам міфалагічнай і рытуальнай традыцый. У замовах адлюстраваны дзеянні, паводле якіх на гары адбываецца сустрэча з багамі [5, с. 1-15; 9, с. 196-200; 14, с. 242-251; 16, с. 91-94; 22, с. 107--113].

Святая Гара (Гара Крыжоў, Францысканская Гара), Ашмяны.

Нягледзячы на адсутнасць у нашым ландшафце вялікіх узвышшаў, традыцыйны вобраз гары займае значнае месца ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў. Паданні пра паходжанне гор вельмі разнастайныя. Згодна з адным з сюжэтаў, Бог стварыў зямлю пляскатай. Чорт вырашыў паўтарыць дзеянні Бога, але папярхнуўся скрадзеным пяском, схаваным у роце і кінуўся ўцякаць ад Творцы. Тады Бог наслаў на яго гром і маланку, і тыя сталі пераследаваць чорта. Бегаючы па зямлі, чорт нарабіў розных горак. Шэраг паданняў тлумачыць паходжанне гор падчас Ноевага патопу, калі вада сцякала ў мора. Ёсць паданні аб утварэнні ўзгоркаў з камянёў, якія кідалі волаты ці асілкі. Паводле аднаго з паданняў, горы ўтварыліся ад камянёў, якія Бог кідаў у тыя месцы, дзе грашылі Адам і Ева.

Трохкрыжовая (раней Лысая) Гара, Вільнюс.

Шырока распаўсюджаны звычаі рабіць на ўзгорках ахвярнікі, могільнікі, узводзіць храмы [4, с. 64-70; 7, с. 163-182; 19, с. 121--163]. На многіх узгорках ў эпоху жалезнага веку ўзнікалі ўмацаваныя паселішчы, рэшткі якіх захаваліся ў выглядзе сённяшніх гарадзішчаў. Потым некаторыя з такіх пунктаў перарасталі ў дзядзінцы першапачатковых гарадоў. Існуюць паданні пра з'яўленне на ўзгорках самой Божай Маці ці абраза з выявай Божай Маці (Суцін, Пухавіцкі, Старчыцы/Акцябр, Салігорскі, Сорагі, Слуцкі, Васькаўцы, Мазырскі раёны і інш.). На многіх святых узгорках традыцыйна яшчэ і цяпер спраўляюць Купалле (Гара Вясёлая каля в. Каптаруны Пастаўскага, Гара Кудра каля в. Вавукі Смаргонскага, Гара Валатоўка каля в. Масенкава Полацкага, Гара Горад каля в. Замасточча Докшыцкага раёнаў і інш.).

Пачынаючы з сярэдзіны ХIХ ст. мэтанакіравана вялася праца па ўліку народных назваў узвышшаў. Спачатку гэта рабілі афіцэры Генеральнага штаба падчас апісання рэльефа. У 1867 г. у Вільні быў створаны Паўночна-Заходні аддзел Імператарскага Рускага Геаграфічнага таварыства, які займаўся складаннем карт [23, с. 63--68]. На карты наносілі не толькі існуючыя на той час назвы, але і старажытныя. У 1872 г.былі распрацаваны праграмы па збору геаграфічных звестак. Значная ўвага надавалася апісанню пагоркаў і фіксацыі паданняў пра іх. У наступным годзе Імператарская Археалагічная Камісія, збіраючы звесткі пра гарадзішчы і курганы, улічвала таксама і сакральныя ўзгоркі. У канцы ХIХ - пачатку ХХ стст. шмат інфармацыі пра паклонныя ўзгоркі друкавалася ў навуковых і краязнаўчых выданнях, у тым ліку і ў перыядычным друку. Цікавасць да ўзгоркаў адзначалася і ў часы ўздыму краязнаўства ў 1920-я гг.

На тэрыторыі Беларусі на сёняшні дзень занатавана інфармацыя пра больш чым паўтысячы сакральных узгоркаў. На жаль, многія з іх ужо знішчаны. Многія былі выяўлены ў час экспедыцый "Этна-гістарычнага цэнтра "Явар", пачынаючы з 2000 г.

Больш за два дзесяткі ўзгоркаў вядомы пад назвай Святая Гара ці такога кшталту, як Свяцец (Мікуліна, Полацкі р-н), Свенціца (Ясянец, Баранавіцкі р-н), Святая Грыва (былы Рэчыцкі павет) і г.д. Адна са Святых гор знаходзіцца каля в. Сорагі Слуцкага р-на. Яна яшчэ мае назву Мір-Гара. У ХVI ст. Соф'я Слуцкая (Радзівіл) пабудавала на вяршыні гары Пакроўскую царкву, якая праіснавала да 1937/38 гг. Штогод на Пакроў сюды ішлі пакланіцца святому пяньку, які застаўся ад сасны, на якой, паводле падання, аб'явіўся абраз. У гэты дзень на схілах гары быў вялікі кірмаш [1, с. 24--25]. Яшчэ не так даўно падчас Пакравоў на гары адбываліся малебны. Сюды ішоў хрэсны ход ад царквы з в. Сорагі.

Да сярэдзіны 1970-х гг. існавала Святая Гара каля вёскі Стралкі Верхнядзвінскага р-на [14, с. 242--251]. Каля вёскі Гудавічы Чэрвенскага р-на на Святой Гары ляжыць паклонны камень, і за апошнія сто гадоў тут утварыўся вялікі могільнік [2, с. 356--357]. Гара Дзяржынская каля в. Скірмунтава Дзяржынскага р-на, якая лічыцца самай высокай кропкай Беларусі (вышыня 345м над узроўнем мора), раней насіла назву Святая Гара. Адна з горак каля Мазыра, на якой быў манастыр з царквой Святога Міхаіла, некалі таксама мела назву Святая Гара. Святой Гарой звалі і Гару Крыжоў або Францысканскую Гару ў Ашмянах. Апошняя назва ўзнікла ад кляштара францысканцаў, які існваў там раней. Пачынаючы з 1990 года, у Вербную нядзелю, перад каталіцкім Вялікаднем на гару штогод узносяць і ўкопваюць вялізны драўляны крыж.

На тэрыторыі Беларусі ўлічаны і такія назвы ўзгоркаў, як Лысая Гара, іх больш за сотню. Ёсць і сугучныя назвы - Лысуха, Лыска, Лысагор, Лысоўка, Лыськова Гара і да т.п. Лысыя Горы розныя па вышыні і памерах, а часта і ўвогуле мала вылучаюцца адносна агульнага ландшафту. Такія ўзгоркі ўяўляюць з сябе вельмі цікавы пласт культуры і вартыя ўвагі. Успенская Гара ў Віцебску і Гара Алтарыя ў Вільні некалі таксама насілі назвы Лысая Гара. У Польшчы Лыса Гура з'яўляецца агульнанацыянальнай святыняй (алімпам), там і сёння існуе кляштар. Гара Шатрыя, або Лысая Гара непадалёк ад Шаўляя лічыцца агульналетувіскай гарой. Згодна з павер'ямі, сюды на Купалле злятаюцца ведзьмы з усёй Летувы. Аналагічныя павер'і зафіксаваны і пра Лысую Гару пад Кіевам.

Паданні пра Лысыя Горы ў большасці сваёй звязаныя са святкаваннем на іх Купалля, са з'яўленнем тут апоўначы ведзьмаў і чарцей (в. Стары Капыль, Капыльскі р-н, г. Петрыкаў, Гомельская вобласць, в. Лысая Гара, Мінскі р-н, в. Шыркі, Пастаўскі р-н і інш.). Ёсць паданні, дзе распавядаецца пра тое, што на Лысай Гары правалілася царква (Гаравая, Шумілінскі р-н), што гэта магіла маладых (Крамяніца, Ваўкавыскі р-н), магіла хана (Целяханы, Івацэвіцкі р-н), на гары пахаваны паляўнічыя сабакі графа Шадурскага (Асвея, Верхнядзвінскі р-н), гару насыпалі французы (Залессе, Глыбоцкі р-н), закапаны скарбы (Латочкі, Браслаўскі, Спярыжжа, Брагінскі раёны) і г. д. На некалькіх Лысых Горах ёсць курганныя і пазнейшыя могільнікі (Карытнае, Асіповіцкі р-н, Браслаў).

На Лысай Гары ў прадмесці Смаленска на рубяжы ХIХ і ХХ стст. месціліся могілкі, дзе пасля Троіцынага дня збіраліся памаліцца за дзяцей, памерлых без хрышчэння, узгадаць тых тапельцаў, вісельнікаў і другіх людзей, якія раней часу сышлі на той свет. За могілкамі на самай вяршыні гары разводзілі вогнішчы і пяклі бліны. Пасля заходу сонца на магілах такіх нябожчыкаў запальвалі свечкі і служылі агульную паніхіду [15, с. 168-169].

Сустракаюцца назвы ўзгоркаў, якія паўтараюць назвы археалагічных аб'ектаў: Гарадок, Горад, Гарадзец, Гарадзішча (больш за 15), Замак, Замчышча (больш за 12) і да т.п.

Даволі частыя назвы ўзгоркаў кшталту Капішча, Царкавішча, Касцелішча. Яшчэ не так даўно месцамі былых язычніцкіх капішчаў называлі Гаштольдаву Гару ў Дзяржынску (Койданаве), Праабражэнскую Гару ў Крычаве, узгорак, з-пад якога выцякае крыніца ў в. Хаценчыцы Вілейскага р-на. Пра Малібоўскую Гару ў в. Быстрыца Капыльскага р-на казалі, што там " была кумірня", у в. Караліна Мінскага р-на, нібыта " было язычніцкае капішча", а ў в. Паўлавічы Клімавіцкага р-на гару Царкавішча называлі яшчэ " месцам паганскіх гульняў". З былымі капішчамі атаясамлівалі Чорную Гару ў Заслаўі пад Мінскам, гару, дзе стаіць Барысаглебская царква ў Наваградку, гару Кадзідлу каля в. Урведзь Клецкага р-на і інш.

Паданні пра ўзгоркі з назвамі Царкавішча звычайна гавораць пра царкву, што правалілася пад зямлю. Яшчэ дадаецца, што тут з-пад зямлі можна пачуць гукі храмавых званоў, асабліва на Вялікдзень (Галбея, Пастаўскі , Людчыцы, Лепельскі, Зубкі, Глыбоцкі, Панара, Смаргонскі раёны). На гары Царкавішча каля в. Крывое Сяло ў Вілейскім р-не царква правалілася нібыта пасля таго, як яе заваражыла цыганка [8, с. 64--73]. Каля в. Лебедзева Маладзечанскага р-на быў узгорак Царкавішча (цяпер зрыты). Паводле расказаў, там таксама правалілася царква. У 1866 г. на гары знайшлі камень з паглыбленнем (язычніцкі ахвярнік) і чалавечыя шкілеты. Распавядалі і пра закапаную на грары карэту. Раней пад гарой існавала крыніца, якую ўшаноўвалі як праваслаўныя, так і католікі. [17, с. 120--164].

Шэраг узгоркаў мае назвы Касцелішча, Касцёл-Гара, Касцельная Гара (Какорычы, Капыльскі, Крыўск, Смаргонскі, Губы, Вілейскі, Вялікія Споры, Пастаўскі раёны). У в. Мурзы Маладзечанскага р-на жывуць патомкі татараў, паселеных тут яшчэ князем Вітаўтам. Яны лічаць, што на гары каля вёскі некалі "правалілася мячэць".

Дзявочая Гара, Мсціслаўль.

Даволі часта сустракаюцца такія назвы ўзгоркаў, як Княжая(больш за 15), Каралеўская (больш за 5) ці Царская Гара (больш за 3). Княжая Гара ёсць каля в. Перавоз Расонскага тр-на. Лічыцца, што там жыла і пахавана княжна Рагнеда. На другім беразе возера Нешчарда ўзгорак мае назву Княжая Магіла. Расказваюць, што там пахаваны з дзвума вернымі сабакамі нейкі князь, які спрабаваў завалодаць востравам. Сюжэт нагадвае паданне пра міфічнага князя Бая і ягоных сабак Стаўры і Гаўры. Яшчэ адно з паданняў гаворыць, што на гары быў забіты ударам каменнага молата князь Рагвалод. Занатавана паданне, што напярэданні вайны з гары на белым кані з'язджае рыцар у панцыры [20, с. 1--2]. Княжыя Горы ёсць паблізу г.п. Рось Ваўкавыскага, в. Чудзін Ганцавіцкага, в. Прусінічы Талачынскага, в. Красава Верхнядзвінскага раёнаў і іншых месцах. Княгініны ўзгоркі знаходзяцца каля в. Поціна Верхнядзвінскага, Ляхчыцы Кобрынскага раёнаў. Тут ў паданнях згадваецца пра княгіню Вольгу. У в. Хатавічы/Акцябр Лагойскага р-на гара звязваецца з нейкай княгіняй Орскай.

Каралеўскія Горы ёсць каля в. Любоўшы Вілейскага, пас. Першамайск Шчучынскага, г.п. Радашковічы Маладзечанскага, Горск Бярозаўскага раёнаў. Царавы Горы ёсць каля в. Зябкі Верхнядзвінскага р-на, каля в. Крынкі на Беласточчыне. У Зборску Асіповіцкага р-на, паводле падання, на гары жыла каралева Домна.

Валова Гара , в. Валова Гара, Лепельскі р.

Вялікую цікавасць ўяўляюць узгоркі з назвамі Дзявочая(больш за 7), Паненская (больш за 3), Мар'іна (больш за 10), Бабіна Гара(больш за 15). Большасць даследчыкаў лічыць, што такія назвы звязаны з культам жаночага боства - багіняй-дзевай, папярэдніцай Багародзіцы (Дзевы Марыі) [9, c. 196--200]. Ёсць меркаванні, што слова "дзявочая" атаясамліваецца з летувіскім словам " dievas" (бог), якое мае праіндаеўрапейскую этымалогію.

Дзявочыя Горкі ёсць каля в. Любонічы Кіраўскага, в. Сарнаполле Полацкага, в. Дуброва Маладзечанскага, Малыя Гарадзяцічы Любанскага раёнаў і інш. Назву Дзявочая Гара маюць і некаторыя гарадзішчы (Мсціслаўль, Гаравец Полацкага р-на), а таксама вялікія насыпы сярод курганных могільнікаў (Косіна, Лагойскі, Залужжа, Смалявіцкі раёны). На Дзявочай Гары каля в. Дуброва знаходзіцца курганны могільнік ХI-ХII стст. [6, с. 71--87].

Частыя назвы кшталту Мар'іна Гара. Так, пра узгорак з такой назвай на беразе Лукомльскага возера ў Чашніцкім р-не расказваюць, што назва паходзіць ад імя чараўніцы Мар'і. Каля в. Пеляса Воранаўскага р-на некалі знаходзілася Маруленя-Гара (цяпер зрыта). Паводле падання, там пахавана княгіня Маруленя. Яшчэ на памяці старажылаў на вяршыні гары ляжаў камень з выемкамі ў выглядзе талерак, які лічылі святым.

Паненская Гара размешчана на ўскрайку Лагойска. Згодна з паданем, князь скінуў сваю жонку з гэтай гары за тое, што тая выдала таямніцу суседняму князю. Яшчэ не так даўно на гары ставілі вялізныя драўляныя крыжы. Пані-Гара ёсць і на ўскрайку Белавежскай Пушчы.

Бабіны Горы і сугучныя ім па назвах ёсць каля в. Валеўка Наваградскага, Цётча/Мосар Ушацкага, Навінкі Пастаўскага, Кажан-Гарадок Лунінецкага раёнаў. Каля в. Хрост Барысаўскага р-на на Бабінай Гары захаваўся вялікі камень з выпуклай выявай крыжа і агароджай з камянёў вакол яго. Паводле падання, на гэтым месцы нібыта замерзла жанчына, і ў памяць пра яе паставілі камень. Магчыма слова "баба" абумовіла такі казачны персанаж, як Баба Яга. Некалі гэты вобраз успрымаўся ў якасці першапродка, архетыпа маці-прарадзічкі. Парная назва Бабінай Гары - Дзедава Гара. У адным з паданняяў пра такую гару на Падзвінні гаворыцца, што ўначы можна ўбачыць, як адтуль спускаецца сівы дзед на белым кані. Калі хто спрабуе да яго наблізіцца, то стары адразу ж знікае [20, с. 1--2].

У назвах беларускіх узгоркаў шырока фігуруюць міфалагічныя персанажы Пярун і Чорт. Адсюль Перуновы Горы (больш за 10), Чортавы Горы (больш за 20). Мольбішчы, прысвечаныя богу навальніцы, згодна з паданнямі, былі на Туравай Гары ў Тураве, на Чорнай Гары каля в. Некасецк і каля мястэчка Свір на Мядзельшчыне, на востраве Асвейскага возера, каля в. Аношкі Нясвіжскага р-на. Каля в. Вензаўшчына Шчучынскага р-на непадалёк ад Перуновай Гары знаходзяцца ўзгоркі Манастыршчына і Царкавішча. Высокая Перунова (Перынова) Гара размешчана ў лесе на мяжы Асіповіцкага і Старадарожскага раёнаў. Ёсць Перунова (Пердунова) Гара і на Лепельшчыне.

У лесе паміж вёскамі Брусы і Альсевічы Мядзельскага р-на ёсць Чортава Гара. Паводле аднаго з паданняў, гэтую гару нёс чорт, але праспяваў певень, і чорт выпусціў яе. Другі сюжэт падання гаворыць, што чорт хадзіў у вёску да жанчыны. Неяк, калі пачало віднець, чорт пабег да гары і пацягнуў за сабой начоўкі, якія там і пакінуў. Сцвярджаюць, быццам на гары бачылі дзіўныя здані і маленькага старога з сівой барадой.

Раней каля Мазыра існавала Шайтан-Гара (цяпер зрыта). Паводле падання, чорт/шайтан за нешта раззлаваўся на гару і вырашыў яе знішчыць. Схапіўшы гару, ён панес яе каб скінуць на Мазыр. Але раптам праспяваў певень, і чорт выпусціў гару. У Веткаўскім раёне на Чортавай Гары каля в. Вялікія Нямкі нібыта жыў асілак (велікан), які мог за дзесяць вёрст кідаць каменныя молаты. Ёсць назвы ўзгоркаў кшталту Гара Чартоўка (Заскаркі, Полацкі р-н), Вялюніна/Чортава Гара каля в. Мар'янполле Браслаўскага р-на. На Асвейшчыне ў Верхнядзвінскім р-не ёсць гара Чортаў Човен.

На этнічных беларускіх землях існуе шэраг узгоркаў з назвамі Змеева Гара ці да таго падобныя - Змяёўка, Змяінец, Змеявіца (больш за 12) і інш. Адна з такіх гор знаходзіцца ў лесе на беразе ракі Лясная каля в. Млыны Камянецкага р-на. Паданне гаворыць, што ў даўнія часы Змей пераплываў раку і рабаваў сялян. Людзі вырашылі забіць Змея. Накармілі яго салёным мясам. Ён пакутаваў ад смагі і пайшоў да ракі каб напіцца. Яго падпільнавалі, забілі і закапалі на гары. Адсюль і назва Змева (Зміева) Гара [12, с. 29]. У 2011 г. пра гэту гару людзі расказвалі, што яе нібыта нанасілі шапкамі, і што там былі падземныя хады, а пасля вайны на гары жылі адныя мужчыны, а жанчын не было. У некаторых паданнях Змеева Гара атаясамліваецца з магілай Змея. Прычым, у паданні ўдакладняецца: каб засыпаць цела Змея, зямлю неабходна вазіць у старых лапцях, запрэжаных пеўнікамі (в. Сінякі Гарадоцкага, Вароніна Сенненскага раёнаў).

У паданні пра Змееву Гару (Змяёўку) каля в. Даўгінава Вілейскага р-на расказвалі, што на гары стаяла хата чарнакніжніка. Калі прыйшла пара паміраць, ён ніяк не мог гэта зрабіць, тады давялося разбіраць дах хаты. Але святар забараніў хаваць знахара на могілках, і таму яго пахавалі на гары. Адсюль і назва - Змеева Гара [8, с.72--73].

Існуе шэраг Туравых Гор (больш за 5). У ХIХ ст. гару, на якой знаходзіцца гарадзішча ў Тураве, звалі Турава Гара або Мольбішча Перуна. Турская Гара ёсць каля Рагачова, а Туроўская Гара каля Докшыцаў. У старажытнасці тур лічыўся сімвалам мужчынскай сілы і ўрадлівасці. Рогі тура выкарыстоўваліся падчас паганскіх абрадаў. Вобраз тура характэрны для старажытнарускіх былін [13, с. 82--109].

Сугучны Туравай і назвы кшталту Валова Гара (в. Валовая Гара, Лепельскі, Старыя Шчаўры, Крупскі раёны). Пра Валовую Гару на Лепельшчыне расказваюць, нібыта назва ад таго, што калі капалі канал, то зямлю вазілі на валах [18, с. 280--281]. Яшчэ ў ХIХст. захоўваўся звычай ахвярнага заклання быка для святочных агульных піроў, асабліва ў дзень Святога Іллі Прарока, які атаясамліваецца з Перуном.

Шмат узгоркаў, назвы якіх суадносяцца з міфалагічнымі персанажамі, хрысціянскімі святымі, гістарычнымі асобамі, з назвамі этнасаў. У Зборску Асіповіцкага р-на ёсць Гара князя Коршака, а каля Мазыра Каршакова Гара, якая лічыцца магілай волата Коршака. На мяжы Расонскага і Полацкага раёнаў знаходзіцца Багатыр Гара, дзе нібыта калісьці жыла жанчына велізарнага росту і гэткай жа сілы. Ваду яна насіла з возера Нешчарда аграмаднымі вёдрамі (адразу па два цэбры). Аднойчы яе затрымалі татары і спыталі як бліжэй патрапіць у Полацк. Яна адказала, што не чула пра такі горад. Татары раззлаваліся і накінуліся на жанчыну. Яна сваім каромыслам усіх перабіла, але адна з татарскіх стрэлаў патрапіла ёй у сэрца. З цэбраў пацякла вада, і ўтварылася рэчка Багатырка. Жанчыну пахавалі на гары, і таму назва ўзгорка цяпер Багатыр-Гара [11, с. 25]. Вобраз жанчыны багатыркі-воіна характэрны для ўсёй еўрапейскай традыцыі, згодна з якой, багатыркі жывуць на ўзгорках і валодаюць чарадзейнай вадой.

З назвамі ўзгоркаў звязаны міфалагізаваныя асобы: скамарохі, казакі, разбойнікі, салдаты, рыцары і інш. Гэта Скамарошая Гара каля Грэска Слуцкага р-на, Казацкая Гара каля в. Манчыцы Лельчыцкага р-на, Магіла Рыцара каля в. Саранчаны Пастаўскага р-на.

Пасля прыняцця хрысціянства ў назвах гор язычніцкіх бостваў сталі замяняць імёнамі хрысціянскіх святых. Адсюль Юр'ева Гара (Віцебск, Крэва Смаргонскага, Асташын Карэліцкага раёнаў), Янава Гара (Смаляры, Барысаўскі р-н), Ільінская Гара (Абольцы, Талачынскі р-н) і г.д. Многія з такіх узгоркаў і цяпер з'яўляюцца вясковымі святынямі, дзе і ў наш час адбываюцца фэсты (Стайкі, Ушацкі, Суцін Пухавіцкі, Сорагі, Слуцкі раёны).

Шэраг узгоркаў мае адносіны да гістарычных асоб. Пра Авідаву Гару (Вітаву Гару, Відуш-Гару, Авідушаву Гару) у Кажан-Гарадку Лунінецкага р-на расказваюць, што нібыта на ёй жыў калісьці выгнаннікам рымскі паэт Авідзій. Ён загінуў на Палессі і быў тут пахаваны [24, с. 18--19]. Такое паданне магло нарадзіцца ў канцы XVIII ст. у асяродку мясцовай шляхты, калі назіралася захапленне антычнасцю. У ХIХ ст. выказваліся думкі, што назва гары пайшла ад славянскага бога Віта, які меў сем галоў і сем мячоў на поясе [25, с. 505--527]. Назва можа быць звязана і са святым Вітам, культ якога быў шырока распаўсюджаны ў паўднёвых славян і з ранняй кніжнасцю трапіў на Палессе [10, с. 37--38]. У 2012 г. мясцовыя жыхары назву Відуш-Гара звязвалі ўжо з " нейкім яўрэем".

Ёсць Гара Рагвалода і Рагнеды каля в. Перавоз Расонскага р-на, Гара Міндоўга ў Наваградку, Вітаўтава Гара каля Веліжа і каля Трокаў, Гара Стэфана Баторыя ў Белавежскай Пушчы, Гара Міцкевіча каля в. Радагошча ў Наваградскім раёне.

У розных раёнах Беларусі сустракаюцца Красныя ўзгоркі (больш за 12), што азначае - прыгожыя. Лічыцца, што назва паходзіць ад язычніцкага свята, прысвечанага ініцыяцыі дзяўчат. Пазней яно прымяркоўвалася да свята вясны - першай нядзелі пасля Вялікадня. Гэта свята называецца яшчэ Ярылавіца.

Ёсць назвы кшталту Белая Гара (больш за 20), Чорная Гара (больш за 5), Сіняя Гара (больш за 2), Залатая Гара (больш за 14), Срэбная Гара (больш за 3). Асаблівую цікавасць ўяўляе назва Сіняя Гара. У міфалагічнай традыцыі сіні колер звязаны з архаічнымі ўяўленнямі пра замагільны свет, з культам памерлых. У Валожынскім р-не Сіняя Гара дала нават назву вёске. Паводле аднаго з паданняў, на гэтай гары праваліўся замак, па другой версіі - касцёл, а па трэцяму варыянту - тут была нейкая святыня. Яшчэ ў расказах дадаюць, што на гары была крыніца, гара дымілася, а назва "Сіняя" нібыта ад таго, што раней тут расло шмат сініх кветак і г.д.

Назвы Залатая Гара асацыіруюцца з золатам, сонцам, багаццем. На многіх такіх узгорках размешчаны могільнікі (Мінск, Прошкава Глыбоцкага, Вярба Дрыбінскага раёнаў). Залатыя Горы ёсць каля в. Мішневічы Шумілінскага, Бакінічы Пінскага, г.п. Халопенічы Крупскага раёнаў.

Паходжанне многіх узгоркаў паданні прыпісваюць розным войнам і захопнікам. Адсюль назвы Шведская Гара (больш за 10), Татарская Гара (больш за 5), Французская Гара (больш за 5), Турэцкая Гара (больш за 8 ). Пра Тамілаву Гару (цяпер зрыта) каля Салігорска паданне расказвае, што там быццам былі разбіты войскі Карла ХII. У час бойкі з караля збілі шапку. Уцякаючы, ён сказаў, што яшчэ вернецца за ёй. Паводле другога варыянту падання, " на гары швед закапаў тры бочкі з золатам, бочкі не простыя, а на залатых калёсіках. Часам золата перасушваецца, і тады гара быццам гарыць бліскучымі агнямі." Побач з гэтай гарой была яшчэ Гара Ганчарыха [21, с. 44].

Зафіксаваны шматлікія паданні пра закапаныя на ўзгорках скарбы (залатыя і срэбраныя рэчы, залатая карэта, срэбны посуд, зброя, куфар з каштоўнасцямі і інш.). Асабліва частыя паданні пра скарбы Напалеона. Звычайна пра закапаныя на гары скарбы сведчаць розныя прыкметы і прывіды (сінія агеньчыкі, серабрыстыя бараны і коні, " нехта у белым": дзяўчына, жанчына, старац, сівы дзед на белым кані.

Шмат назваў узгоркаў паходзіць ад імёнаў і прозвішчаў нейкіх міфічных герояў: Мацейкава Гара, Рымшава Гара, Сідарава Гара і інш.

Асаблівае стаўленне беларусаў да ўзгоркаў яшчэ ў эпоху жалезнага веку сфармавала новы тып паселішчаў - гарадзішча. Яны, калі гэта дазваляў рэльеф мясцовасці, месцілася ў асноўным на ўзвышшы. Гэта праявілася ў асноўным у паўночнай частцы Беларусі. Як вядома, большасць старажытных беларускіх гарадоў (Полацк, Віцебск, Браслаў, Нясвіж, Лукомль, Мінск, Наваградак, Ваўкавыск і інш.) узніклі на прыродных узгорках, якія потым сталі ўмацаваным ядром горада - дзядзінцам. Культавыя гарадзішчы-свяцілішчы таксама імкнуліся размяшчаць на прыродных узгорках. Як вядома, хрысціянскія храмы таксама будаваліся на ўзгорках, месцах былых свяцілішч і капішч. Вобраз сакральнай гары, дзе адбываецца сустрэча з багамі адлюстраваны і ў замовах .

Такім чынам, зробім высновы.

Гара як сакральна вылучанае месца, культавая прастора і аб'ект ушанавання -- даволі пашыраная з'ява для тэрыторыі Беларусі. Гэта і вобраз Сусветнага дрэва, і Цэнтр Сусвету, і вобраз верху, і шлях на верх. Але ў міфалагічнай карціне свету гара для беларусаў мае і амбівалентнае значэнне. З аднаго боку, гара - чыстае, боскае месца, дзе лакалізуюцца як язычніцкія культавыя месцы, так і хрысціянскія, месцяцца сакральныя пахаванні продкаў. Тут дзейнічаюць старажытныя багі, гістарычныя асобы, хрысціянскія святыя, з'яўляецца Божая Маці, адбываюцца ініцыяцыі герояў, у пэўныя святы кантактуюць з багамі і памерлымі продкамі, атрымоўваюць ад іх сакральныя веды. З другога боку - гэта дэманічнае месца, звязанае з нячыстай сілай. Гэта небяспечнае месца розных войн і боек, тут правальваюцца храмы, можна сустрэць такія персанажы, як міфічнага Змея, Чорта, вядзьмарак, чараўнікоў і прывідаў. Нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, вобраз гары ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў застаецца сакральным і шануемым месцам, дзе адбываюцца значныя і важныя ў духоўным жыцці падзеі.

ЛІТАРАТУРА:

1. Ажэўскі, П. Прыгожыя куткі ў Слуцкім раёне / П. Ажэўскі // Случчына. Першы зборнік Слуцкага таварыства краязнаўства. -- Слуцак. 1930. -- С. 24-25.

2. Бубенько, Т. С. , Исследования Белорусской экспедиции /Т.С. Бубенько, Э. М. Зайковский, В. С. Поздняков // Археологичнские открытия 1986г. -- М. Наука. 1988. -- С. 35-357.

3. Веревкин, М. Запискм об археологических памятниках Витебской губернии ( По документам Витебского Центрального архива ) / М. веревкин //Труды Виленского отделения Молсвовского предварительного комитета по устройству в Вильне 1Х Археологического съезда. - Вильна: Тип. А.Г. Сыркина, 1893. -- С. 187-224.

4. Віцязь, С. Звесткі пра камяні і могільнікі Полаччыны / С. Віцязь // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Матэрыялы ІІІ міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. 21-23 красавіка, 1997 г. -- Полацк. 1998. -- С. 64-70.

5. Зайкоўскі, Э. М. Месца Вялеса ў дахрысціянскім светапоглядзе насельніцтва Белапрусі (ХІІ Міжнародны з'езд славістаў. Даклады) / Э.М. Зайкоўскі. - Мінск, ЗАО "Проплеи", 1998 - 15 с.

6. Зайкоўскі, Э. М. Раскопкі на Дзявочай Гары / Э.М. Зайкоўскі //Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 1994. -- № 4. -- С. 71-87.

7. Зайковский ,Э. Предания о языческих культовых памятниках Беларуси и археология / Э. Зайковский //Kulturas krustpunkt. 3. Laidien. Latvijas Kulturas akademijas zinatnisko rakstu krajums. - Riga, 2006. -- S. 163-182.

8. Зайцаў, А. Сакральная геаграфія Вілейшчыны (паганскія культавыя помнікі Вілейшчыны) / А. Зайцаў // Культурны ландшафт Вілейшчыны. Матэрыялы Вілейскай рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі. 26-27 ліпеня 2003 г. - Мінск, РУП "Мінсктыппраект", 2004. -- С. 64-73.

9. Иванов, В. В. Исследования славянских древностей: лексические и фразеологические вопросы реконструкции текстов / В.В. Иванов, В.Н. Топоров. -- М.: Наука. --1974. - 342 с.

10. Йовчева, М. Святые италийского происхождения в древнеславянской книжности : культ св. Вита / М. Йочева // Древняя Русь (вопросы медиевистики). № 3(21). -- 2005. -- С. 37-38.

11. Карандзей, І. Помнікі Старасветчыны і краявіды Вульскага і Расонскага раёнаў Полаччыны // Най край. - Мінск, 1925. -- № 8-9. - С. 25.

12. Квятковская, А.В. Ятвяжские могильники Беларуси (к. Х1-ХVIII вв.) / А.В. Квятковская / Институт истории Литвы. - Вильнюс, 1998.-327с.

13. Липец, Р. С. Образ древнего тура и отголоски его культа в былинах / Р.С. Липец // Славянский фольклор. Сборник статей АН СССР. - М.: Наука, 1972. -- С. 82-109.

14. Лобач, У. Міф, прастора, чалавек (Традыцыйны культурны ландшафт беларусаў у семіятычнай перспектыве) / У. Лобач. - Мінск: Тэхналогія, 2013. -510с.

15. Лявданский, А. Н. Материалы для археологической карты Смоленской губернии / А.Н. Лявданский // Труды Смоленских государственных музеев. -- Вып. 1. - Смоленск, 1924. -- С. 124-184.

16. Міцкевіч, В.У. Семантычныя тыпы ўзвышшаў у тапаніміі старабеларускіх пісьмовых помнікаў / В.У. Міцкевіч // Беларуская анамастыка. Гісторыя і сучаснасць. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мінск. 20 красавіка 2010 г. - Мінск: Права і эканоміка, 2010. - С. 91-94.

17. Покровский, Ф. В. Археологическая карта Виленской губернии / Ф.В. Покровский. - Вильна: тип. А.Г. Сыркина, 1893. - 164 с.

18. Полацкі этнаграфічны зборнік. Вып. ІІ. Народная проза беларусаў Падзвіння. Ч. 1. (укладальнік У.А. Лобач). - Новаполацк: ПДУ, 2011. - 291 с.

19. Рыбаков, Б. А. Язычество Древней Руси /Б.А. Рыбаков. -- М.: Наука, 1987. - 782 с.

20. Статистическое описание Витебской губернии // Витебские губкернские ведомости. -- 1860. -- №21. - Отд. 1. Неоф. Часть. -- С. 1-2.

21. Тамковіч, М. Да пытання аб санітарна-бытавым стане вёсак / М. Тамковіч // Наш край. -- № 12 (27). - Мінск, 1927. - С. 43-54.

22. Токарев, С. А. О культе гор и его месте в истории религии / С.А. Токарев // Советская этнография. -- 1982. -- № 3. -- С. 107-113.

23. Яковер, М.Б. Северо-Западное отделение Русского географического общества и его роль в изучении Литвы и Белоруссии в XIX - нач. XX вв. / М.Б. Яковер //Известия Всесоюзного географического общества. - Т. 103. - Вып. 1. - М., 1973. - С. 63-68.

24. Kontrym, K. Podróż Kontryma urzędnika banku polskego odbyta w roku 1829 po Polesiu / K. Kontrym. - Poznań: W. Stefanski, 1839, -- 69 s.

25. Zienkiewicz, R. O uroczyskach i zwyczajach ludu Pinskiego oraz o charakterze jego piesni / R. Zienkiewicz // Biblioteka Warszawska. - Warszawa, 1852. -- T 4. -- S. 505-527.

ДАДАТАК

Народныя назвы ўзгоркаў

Адамуха, Авідава Гара, Акураўшчына, Арнучча, Бабіна Гара, Бабруйкава Гара, Бабулін Бугор, Бабуліна Гара, Багародзіцкая Гара, Багатыр-Гара, Балган, Бараняя Гара, Батурава Гара, Белая Гара, Богава Гара, Ботвіна Гара, Братняя Гара, Брык-Гара, Будровая Гара, Букатка, Быстрая Гара, Бяседа, Валатоўка, Валовая Гара, Варганская Гара, Варціха, Весялуха, Вітагор'е, Віткава Гара, Воласа-Гара, Волатава, Воўчая Гара, Вышкоўская Гара, Вялюніна Гара, Вясёлая Гара, Гара Авідзіўша, Гара Вялікая, Гара Змея Вяля, Гара Крыжоў, Гара Кумата, Гара Міндоўга, Гарадзец, Гарадок, Гаштольдава Гара, Горад, Горка, Грабарка, Гроб-Гара, Гуменная Гара, Дароціна Гара, Дарціна Гара, Дзевіна Гара, Дзедава Гара, Дзявіча Гара, Дзявочы Курган, Дуб, Елісеева Гара, Еўцава Гара, Жуганова Гара, Залатая Гара, Залатыя Горы, Замак, Замкоўка, Звонаўка, Злота Гурка, Змеева Гара, Змеева Магіла, Змяёўка, Змяіная Горка, Ігрышча, Ізбійск, Ільіна Гара, Ільінская Гара, Кабыльніца, Кавалкавая Гара, Кавальская Гара, Кадзідла, Казацкая Гара, Казлова Гара, Калавурская Гара, Калечая Гара, Калнас, Калпак, Камчын, Капішча, Капішча Перуна, Капказ, Капліца, Каралёва Гара, Карлава Гара, Каршакова Гара, Касцелішча, Касцельная Гара, Касцёл-Гара, Касцюшкіна Гара, Катовая Гара, Каўпаковая Гара, Каціна Гара, Клубінішча, Кляштар, Княгінука, Княгіння, Княжая Горка, Князева Гара, Козьі Горкі, Козья Гара, Копішча, Копная Гара, Корбутава Гара, Коска, Красная Гара, Краўцова Гара, Крукава Гара, Крыжовая Гара, Кстовая Гара, Купалка, Купалле, Купстас, Латышкіна Гара, Лігаліна, Літвінская Гара, Літоўка, Літоўскі Груд, Ліцвінава Гара, Лысая Гара, Лыска, Лысуха, Ляхава Гара, Магіла Рыцара, Макрыцкая Гара, Малібоўская Гара, Манастырок, Мануха, Мар'іна Гара, Маркава Гара, Марціна Гара, Маруленя-Гара, Марысіна Гара, Матруніна Гара, Маскоўская Гара, Мацейкава Гара, Мацешская Гара, Метка, Міндоўгава Гара, Мір-Гара, Начоўкі, Нежынская Гара, Пабедная Гара, Пабедня, Пагулянка, Пакроў-Гара, Паненская Гара, Папова Гара, Перунова Гара, Петухоў Гаршчок, Піваварава Гара, Піліканка, Піліканя, Порзіца, Прошча, Прусава Гара, Пукшта-Калнас, Пырова Гара, Пярдуніха, Пярдуноўка, Пярунка, Пятралевіцкая Гара, Пяцічна-Гара, Рагнедзіна Гара, Райскі Гарадок, Рымшава Гара, Сабачая Гара, Сакава Гара, Салдацкая Гара, Сарафін-Гара (Серафім-Гара), Святая Гара, Святая Грыва, Святаянская Гара,Свяціца, Сівая Гара, Сіняя Гара, Сіянская Гара, Скамарохава Гара, Славянская Гара, Сонная Гара, Судова Гара, Сукромна, Сярэбраная Гара, Табола, Тамілава Гара, Тарэлка (Талерка), Татарская Гара, Трайманова Гара, Трондзін Груд, Турава Гара ,Туроўская Гара, Турская Гара, Турэц, Турэцкая Гара, Успенская Гара, Французская Гара, Французскі Касцёл, Францысканская Гара, Фурсава Гара, Хімкіны Горы, Царава Гара, Царкавішча, Царскія Вароты, Царыцына Гара, Цыганская Булка, Цыганская Магіла, Цэрква, Чапуроўка, Чорная Гара, Чортава Гара,Чортава Града, Чортаў Човен, Чырвоная Гара, Шайтан-Гара, Шаманскія Горы, Шарая Гара, Шведская Гара, Шпілёўская Гара, Юр'ева Гара, Язева Гара, Янава Гара, Янаўская Гара, Яцвязскія Горы, Яшукова Гара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX