Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Прыродныя сакральныя аб’екты (камяні, дрэвы, крыніцы) у храмах


Аўтар: Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я.,
Дадана: 22-02-2017,
Крыніца: Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я. Прыродныя сакральныя аб’екты (камяні, дрэвы, крыніцы) у храмах // Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў: мат. Міжнароднай навук.-практ. канф. (20-21 лістапада 2014 г., гор. Мінск). Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. - Мінск : Права і эканоміка, 2015. С. 343-346.



Гістарычная, краязнаўчая і рэлігійная літаратура, экспедыцыйныя назіранні Этна-гістарычнага цэнтра "Явар" (2000-2014 гг.) сведчаць, што наяўнасць валуноў, рэшткаў дрэў і крыніцы ў храмах даволі распаўсюджаная з'ява. Ёсць шматлікія звесткі і пра захоўванне там знойдзеных каменных сякер (перуновы стрэлы) і каменных ахвярнікаў [11, с. 25; 12, с. 298]. У артыкуле даводзіцца інфармацыя пра найбольш цікавыя аб'екты, асаблівая ўвага -- зафіксаваным падчас вандровак.

(78KB) Камень следавік у царкве в. Лукава, Маларыцкі р-н, Брэсцкая вобл.; Камень следавік у царкве в. Калодзішчы, Мінскі р-н, Мінская вобл.

Некаторыя з валуноў маглі застацца ў храмах яшчэ з язычніцкіх часоў, калі ім пакланяліся на капішчах, на месцах якіх у часы хрысціянізацыі ўзводзіліся бажніцы новай рэлігіі. Носьбіты хрысціянскай рэлігіі ад пачатку ставілася да камянёў станоўча: паводле легенды, Хрыстос узнёсся на неба з каменя на Елеёнскай Гары. Таму потым над камнем узвялі капліцу - "сень".

(101KB) Камень са следам Святого Антонія каля касцёла ў в. Струбніца Мастоўскі р-н, Гродзенская вобл.; Культавы камень каля капліцы ма могілках в. Кудзінавічы, Капыльскі р-н, Мінская вобл.

Больш за ўсё ў храмах Беларусі ўлічана камянёў-следавікоў (больш за 10). У мястэчку Лукомль (Чашніцкі р-н Віцебскай вобл.) у адзінаццатую пятніцу пасля Вялікадня збіраліся да трох тысяч багамольцаў на пакланенне каменю "Стапа" з выявай чалавечага следу, крыжа і з нечытэльным славянскім надпісам [9,с.63] . Яшчэ ў XVII ст. у Барысаве ў драўляным касцёле Найсвяцейшай Багародзіцы ляжаў камень-следавік, які знайшлі ў лесе разам з абразом і перанеслі туды [19,с.6]. Паводле архіўных дадзеных, у 1866 г. з Барысава маецца паведамленне, што камень знаходзіцца ў касцёле у якасці святыні, а ў выемку-след наліваюць асвечаную ваду [7, с. 225-226]. Магчыма, гэта адзін і той жа камень.

Да нашых дзён у в. Камайск Докшыцкага р-на ў Ільінскай царкве (канец XVIII ст.) пад падлогай захоўваецца камень са слядком Божай Маці. У 1970-ыя гады над каменем падчас рамонту падлогі зрабілі дзверцы, і цяпер праз іх кладуць ахвяраванні [1, № 51]. Звесткі пра гэты следавік былі надрукаваны ў 1869 г. у часопісе "Литовские Епархиальные ведомости" [4, с. 1392]. У кнізе "Описание церквей и приходов Минской Епархии. Борисовский уезд" (1879г.) прыводзіцца паданне, згодна з якім, на камені сляпому жабраку аб'явілася Найсвяцейшая Багародзіца. Яна загадала яму ісці да ўладальніка мясцовасці і перадаць загад пра пабудову на гэтым месцы царквы. Жабрак так зрабіў і стаў бачыць. Паводле другога падання, абраз Божай Маці быў знойдзены на гэтым месцы пад зямлёй. На яго ўказала рагатая жывёла, якая пасвілася побач. Пазней тут пабудавалі царкву і змясцілі ў ёй абраз, а камень застаўся ў алтарнай частцы [14, с. 307]. У нашы дні зафіксавана паданне, дзе гаворыцца, што хлопчык са сляпой бабуляй, якую ён вёў у Камайск, праходзілі каля вялікага каменя і пачулі жаночы голас. Нябачная жанчына папрасіла мінакоў перадаць жыхарам вёскі пажаданне: на месцы, дзе ляжыць гэты камень, пабудаваць царкву. І дадала, што пры выкананні яе просьбы да бабулі вернецца зрок. Цуд адбыўся, і першае, што ўбачыла старая - след Найсвяцейшай Багародзіцы на камяні [18, с. 155].

У наш час пакланяюцца храмавым камяням-следавікам у в. Лукава Маларыцкага р-на Брэстчыны [1, № 145] і ў в. Калодзішчы каля Мінска. Лукаўскі следавік раней ляжаў на беразе возера, а другі следавік быў перанесены ў Калодзішчы з капліцы суседняй вёскі Ліпавая Калода, куды ён патрапіў з Веткаўскага р-на [1, № 141]. Паклонны камень-следавік ляжыць каля Уздзвіжанскай царквы XVIII ст. у в. Бабры Лідскага р-на. Яшчэ ў 1920-ыя гады яго сюды перанеслі з мясцовага балота. [1, №31, 148].

Злева каля ганка касцёла Св. Антонія ў в. Струбніца Мастоўскага р-на Гродзеншчыны знаходзіцца вялікі камень са слядкамі, якія прыпісваюцца Св. Антонію. Калі вернікі заходзяць у храм, асабліва ў дзень Св. Антонія, то на камень кладуць ахвяраванні. Справа ад ганка размешчана вялікая каменная архаічная крапільніца. [1, № 66].

Валун са слядамі Божай Маці і Чорта ляжыць сёння на вяршыні гары каля в. Сянежычы Навагрудскага р-на. Раней побач стаяла драўляная капліца на каменным падмурку, на Пакроў адбываліся фэсты, а напрыканцы XIX ст. тут паўсталі могілкі. У наш час на Радаўніцу над каменем адбываюцца маленні [1, № 71].

(110KB) Камень з выявай крыжа у царкве в. Падлессе, Ляхавіцкі р-н, Брэсцкая вобл.; Каменная кропельніца каля крыжа ў двары каля храма, в. Жупраны, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл.

У сярэдзіне XIX ст. капліцу пабудавалі над камнем са "Слядком Богамацеры" на беразе воз. Заазерскае каля в. Заазер'е Акцябрскага р-на Гомельшчыны. Некалі святары з паліцыяй разбілі гэты камень, але людзі склалі яго кавалачкі, і камень стаў карыстаўся яшчэ большай пашанай. Тады царкоўнікі вырашылі асвяціць яго і пабудаваць над ім капліцу [21]. Побач з рэшткамі каменя захавалася крыніца, а непадалёк святы дуб [1, № 38 ].

(83KB) Цыліндрычная кропельніца ў касцёле, в. Данюшава, Смаргонскі р-н, Гродзенская вобл.; Камель Святого дрэва ў храме, в. Чернякова, Бярозаўскі р-н, Брэсцкая вобл.

Апроч следавікоў з храмамі звязаны і другія камяні з выемкамі і выявамі. Напрыклад, у в. Кудзінавічы Капыльскага р-на на могілках каля капліцы ляжыць вялізны валун з ямкай і барэльефнай выявай крыжа. Побач стаіць драўляны крыж, на які вешаюць аброчныя ручнікі. Яшчэ старажылы памятаюць, што на іх памяці, у сярэдзіне ХХ ст., камень лічыўся лекавым менавіта для жывёл. Калі хварэла карова, то неслі масла і сыр, а калі свіння - сала і каўбасы [1, № 92]. Камень з рэльефнай выявай крыжа, які доўгі час ляжаў у прытворы царквы, у пачатку 2000-га года ўнеслі ў храм в. Падлессе Ляхавіцкага р-на.

Камень з увагнутай паверхняй і цяпер ляжыць на вяршыні ўзгорка паміж вёскамі Верхлес і Гудавічы Чэрвенскага р-на. Раней гэта гара звалася Святой, над каменем стаяла капліца, а з канца ХІХ ст. тут пачалі хаваць нябожчыкаў [26, с. 690; 1, № 126].

Сакральны валун быў у мястэчку Пясочнае, якое знаходзіцца на беразе Нёмана ў Капыльскім раёне. Згадкі пра яго сягаюць да сярэдзіны ХІХ ст. Быццам на ўскрайку мястэчка некалі стаяла Дзмітраўская царква, якую потым перанеслі на могілкі. На месцы прастола царквы ўзвялі каплічку. Усярэдзіне паставілі крыж з іконай, а каля крыжа паклалі камень, які раней ляжаў пры ўваходзе ў царкву. Пра гэты камень існавала паданне, паводле якога, некалі па дарозе з Пясочнага ішлі тры невідушчыя старцы. Яны збіліся са шляху і ў полі натрапілі на камень. Пачалі маліцца, і падчас малітвы адзін са сляпцоў стаў бачыць. Ён давёў сяброў да мястэчка і расказаў усім пра цуд. Камень забралі з поля і паклалі каля царквы. Яму ахвяравалі палатно, лён, грошы і інш. [22, с. 265-266].

Паводле літаратурных і экспедыцыйных дадзеных, капліцы над валунамі існавалі каля г. Вілейка, каля в. Пілатоўшчына Ушацкага р-на, каля мястэчка Вызна (цяпер Чырвоная Слабада) Салігорскага р-на і інш.

Некаторыя сакральныя валуны ў народзе звязваюць з прастоламі былых храмаў (Андрэеўцы Ваўкавыскага, Верасніца Столінскага, Бузуны Валожынскага р-наў і інш.) Лічыцца, што ў Жыровічах Слонімскага р-на пасля пажару галоўнай царквы ў 1520 г. на камні аб'явілася Багародзіца. Гэты камень стаўся падмуркам прастола ў капліцы Св. Ануфрыя, пабудаванай у 1769 г.[10, с. 424-427; 24, s.23]. У літаратуры ХІХ ст. ёсць згадка, што ў Гнезна Ваўкавыскага р-на ў касцёле Св. Міхаіла за вялікім алтаром знаходзіцца камень з выемкай, які некалі выкарыстоўвалі язычнікі для палення ахвяр [25, с. 629--630].

У храмах ёсць і камяні з надпісамі. Так, камень з надпісам другой паловы ХІ ст. знаходзіцца ў Сафійскім саборы ў Полацку. На ім пазначаны імёны "Давыд, Таума, Микоула, Къпьсъ" і больш позняе Петьрь [2, с. 7-12]. Каля в. Дзятлава Аршанскага р-на ляжаў Рагвалодаў Камень з надпісам "В лето 6679 (1171) мая в 7 день доснен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову...". У 1807 г. над каменем пабудавалі Барысаглебскую царкву, якую ў 1812 г. знішчылі французы. У 1830 г. замест царквы ўзвялі капліцу, якая разам з каменем была знішчана ў канцы 1930-х гадоў. Адзін з Барысавых камянёў, які знаходзіўся ў в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на, уяўляў сабой каменную пліту з высечаным васьміканцовым крыжам і надпісам па краях. Над каменем у 1898 г. была ўзведзена каплічка, якая праіснавала да канца 1930-х гадоў. [6, с. 69-70]. Вартыя ўвагі і камяні з надпісамі, у тым ліку, са старых могілак, якія пазней муравалі ў падмуркі храмаў пры пачатку будаўніцтва (Полацк, Заслаўе, Орша, Райцы Карэліцкі, Васілішкі Шчучынскі р-ны і інш.).

У касцёлах захавалася даволі шмат архаічных, груба высечаных з каменя, вялікіх крапільніц. Пакуль што цяжка патлумачыць іх паходжанне. І нават цяпер, калі іх замяняюць сучаснымі, то старыя кладуць побач з касцёлам каля крыжоў ці ганкаў або ў бакавых прытворах (Жупраны Ашмянскі, Быстрыца Астравецкі, Старыя Васілішкі Шчучынскі р-ны і інш.).

(98KB) Святая крыніца ў касцёле, в. Баруны, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл.; Святая крыніца каля капліцы на свята Святога Яна, в. Чарневічы, Глыбоцкі р-н, Віцебская вобл.

Знешне многія з іх ідэнтычныя язычніцкім ахвярнікам, якія знаходзяць на былых свяцілішчах ці паблізу ад іх. Напрыклад, адзін з такіх ахвярнікаў ёсць ў экспазіцыі Бабруйскага краязнаўчага музея. У 1950-ыя гады яго знайшлі на высокім беразе Бярэзіны (Дняпроўскай). Вельмі падобны ахвярнік быў знойдзены ў 1980-я гады, таксама ў Бабруйску, пры пракладцы новай вуліцы. Ён выкарыстоўваецца замест кветніцы і стаіць каля брамы гаражоў.

Большасць крапільніц на тэрыторыі Беларусі мае выгляд цыліндра рознай вышыні (ад 15 да 80 см.) і дыяметру (ад 20 да 50 см). Ёсць і місападобныя крапільніцы. Іх выемкі для вады таксама вельмі розныя, некаторыя даволі шырокія і глыбокія (Данюшава Смаргонскі, Усялюб Навагрудскі, Лаздуны Іўеўскі, Беняконі Воранаўскі р-ны, г. Навагрудак і інш.). Каменныя крапільніцы захаваліся і на месцах разбураных храмаў (Шклянцы Докшыцкі, Новы Двор Мінскі, Волма Смалявіцкі, Леанардава Мядзельскі р-ны і інш.).

Былі крапільніцы-ахвярнікі і ночвападобнай формы. Так, каля в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на яшчэ ў 1930-ыя гады на пагорку Прошча стаяла царква, непадалёк камяні Дзям'ян і Мар'я і побач каменныя ночвы, куды ахвяравалі грошы [8, с. 92]. Дзве ночвападобныя крапільніцы ляжаць і сёння з кожнага боку ганка каля вялікай капліцы на беразе Віліі побач з в. Дубок Астравецкага р-на [1, 105]. На могілках в. Налібакі Стаўбцоўскага р-на каменныя начоўкі ляжалі каля капліцы, а потым іх перацягнулі і падперлі помнік на адной з бліжэйшых магіл [1, № 144].

Шмат сабрана інфармацыі пра пабудову храмаў каля дрэваў (часцей сасны), на якіх паводле падання, аб'явіўся абраз. Так, у Сорагах Слуцкага р-на абраз аб'явіўся на сасне на вяршыні Святой Гары або Мір-Гары. У XVII ст. княгіня Соф'я Слуцкая пабудавала над дрэвам Пакроўскі храм. Яшчэ ў пач. ХХ ст. у царкве пакланяліся "Божаму пяньку" і складалі яму палатно, масла, сыр, мёд і інш. [16, № 69, с. 53-55]. У пач. ХХІ стагоддзя мясцовыя жыхары расказваюць паданне, што падчас Паўночнай вайны на гары Пётр І і Карл ХІІ падпісалі на пні мірнае пагадненне. Адсюль нібыта і назва Мір-Гара [1, № 68].

У Шклове над святой сасной, у дупле якой знайшлі абраз, пабудавалі Уваскрасенскую царкву [3, с. 47]. Камель ад сасны, на якой аб'явіліся два абразы, і цяпер знаходзіцца ў бакавым прытворы царквы, пабудаванай ў XVIII ст. у в. Чарнякова Бярозаўскага р-на Брэстчыны. [1, №86]. Паданні пра дрэвы, на якіх аб'явіўся абраз, і каля якіх пазней пабудавалі царкву, зафіксаваны ў вёсках Залессе Смаргонскага, Гавязне (Навапольцах) Нясвіжскага, Ракавічах Шчучынскага, Жыровічах Слонімскага, Навасёлках Маладзечанскага, Васькаўцы Мазырскага р-наў і інш.). У в. Сукневічы Смаргонскага р-на, паводле падання, у XVII ст. абраз Божай Маці аб'явіўся на грушы. Над ёй пабудавалі храм . Яшчэ і ў наш час пень ад грушы знаходзіцца ў царкве і пасля рамонту ён апынуўся пад падлогай, але прыхаджане памятаюць пра сакральнае дрэва і лічаць яго сваёй рэліквіяй [1, 108]. У Дудзічах Пухавіцкага р-на ікона аб'явілася на ліпе. Над ёй пабудавалі царкву, і потым дрэву насілі холст, лён, шэрсць, масла, гародніну. На пакланенне гэтай ліпе хадзілі як праваслаўныя, так і католікі [13 , с. 54-61].

Храмы будавалі і над крыніцамі. Так, ў в. Баруны Ашмянскага р-на святая крыніца знаходзіцца менавіта ў мясцовым касцёле. Праваслаўны храм існаваў некалі над крыніцай у в. Конкавічы Петрыкаўскага р-на, там адбывалася водасвяцце [15, с. 134-135]. У літаратуры ёсць згадка, што ў ХІХ ст. у в. Мушына Верхнядзвінскага р-на над крыніцай стаяла капліца, а раней там была старая царква з прастолам каля крыніцы [23, с. 652-656]. Капліца над крыніцай існавала і ў в. Лазаравічы Быхаўскага р-на. Над крыніцай капліца, а затым і манастыр пабудавалі ў Пустынках каля Мсціслаўя. Сёння капліцы над крыніцамі знаходзяцца ў вёсках Палыкавічы Магілёўскага, Вець Быхаўскага, Лоск Валожынскага р-наў і інш.

У в. Абруб Пружанскага р-на ў ХІХ ст. была царква і дзве капліцы. У абодвух капліцах знаходзіліся крыніцы, а каля адной з іх ляжала яшчэ і каменная пліта, на якую ставілі свечкі. У адной крыніцы ваду асвячалі да пачатку літургіі, а ў другой - пасля яе завяршэння [20, с. 317-318]. У наш час тут стаіць царква, каля яе ляжыць камень-следавік, стаіць драўляны крыж і бруіць крынічка. Сюды збіраюцца на дзень Св. Багуслава (21 мая), як праваслаўныя, так і католікі [1, № 49].

Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. у в. Рагава Мінскага р-на з-пад старога храма выцякала крыніца. Потым замест царквы над ёй паставілі каплічку са скульптурай Св. Яна Хрысціцеля. Пасля паўстання 1863 г. скульптуру знішчылі, а каплічка спарахнела [17, с. 1300-1308]. Крыніца існуе і сёння [1, № 26]. Каплічка з драўлянай скульптурай Св. Яна знаходзіцца і каля в. Чарневічы Глыбоцкага р-на, яна стаіць над святой крыніцай, якая раней выцякала з-пад дрэва. Дрэва потым спарахнела, застаўся толькі пень, пасля чаго тут і пабудавалі каплічку.

Такім чынам, як бачна з прыведзенай інфармацыі, камяні, дрэвы і крыніцы ў храмах з'яўляюцца помнікамі сімбіёзу і сінкрытызацыі язычніцтва і хрысціянства. Гэтая з'ява, якая назіралася на працягу цэлага тысячагоддзя, стала найлепшым доказам таго, што беларусы здольны да рэлігійнай творчасці, як адметнай рысы сваёй непаўторнай народнай культуры.

Літаратура :

1. Архіў Этна-гістарычнага цэнтра "Явар" . Справы №1, 26, 31, 38, 48, 49, 51, 66, 68, 71, 92, 105, 108, 126, 141, 144, 145, 148.

2. Булкин, В. А., Рождественская Т. В. Надпись на камне из Полоцкого Софийского собора /В.А. Булкин, Т. В. Рождественская //Памятники культуры. Новые открытия. Ежегодник. 1982. Л. 1984. С. 7-12.

3. Грудзіна, А. П. Рэлігійныя ўплывы на Беларусі праз люстэрка Шклова/ А. П. Грудзіна //Магілёўшчына. Вып. У. Магілёў. 1994. С. 44--54.

4. Долгиновское и Ошмянское благочиние в 1784 г. // Литовские Епархиальные ведомости. 1869. № 23. С. 1381-1393.

5. Древнее сказание о Жировицах и о чудотворном образе Жировицкой Богоматери. Гродно. 189. С. 1-9 .

6. Дучыц, Л.У. Барысавы камяні (гістарыяграфічны агляд) /Л. У. Дучыц // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. № 4. Мінск. Навука і тэхніка. 1985. С. 69-73.

7. Лашкевіч, А. А. Эпізоды з канфесійнага жыцця ў Барысаве ў сярэдзіне ХІХ - пач. ХХ стст. (па матэрыялах архіўных фондаў НГАБ) / А. А. Лашкевіч // Колодеевские чтения (200-летию событий войны 1812 года на Борисовщине посвящается). Борисов. Борисовская укрупненная типография им. 1 мая. 2012. С. 225-228.

8. Ляўкоў, Э. А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мінск. Навука і тэхніка. 1992. - 215с.

9. Максимов, С.В. Крылатые слова / С. В. Максимов. М. 1955.

10. Местечко Жировицы и его достопримечательности // Литовские Епархиальные ведомости. 1880. № 49. С. 424-427.

11. Мялешка М. Апытальны ліст да збірання народных вераванняў і прадстаўленняў, звязаных з каменем, і вестак аб каменных помніках гісторыка-археалагічнай значнісці // Наш край. № 1(4). 1926. С. 43-46.

12. Наставление о разрушении ветхого, или по случаю обновления храма, заменяемого новым, престола // Литовские Епархиальные ведомости. 1875. № 35, С. 297-298.

13. (св.) Оберман, Г. Освящение церкви в м. Дудичах Игуменского уезда // Минские Епархиальные ведомости. 1886. № 3. Часть неоф. С. 54-61.

14. Описание церквей и приходов Минской Епархии. Борисовский уезд. Мн. 1879.

15. Описание церквей и приходов Минской Епархии. Мозырский уезд. Мн. 1879. - 194с.

16. Опросные листы Наркомпроса 1924 г. по Бобруйскому уезду // Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Справа № 69.

17. Освещение церквей по Литовской Епархии и пожертвования на них // Литовские Епархиальные ведомости. 1869. № 22. С. 1300-1308.

18. Палачанін Ф. А. Докшыцкі край. Мн. 2009.

19. Путевые заметки стольника П. А. Толстого о Могилевской губернии в 1697-1699 гг. //Сборник статей Могилевских Губернских ведомостей. Вып. 1. 1898 и 1899 гг. Могилев-Губернский. 1900. С. 1-7.

20. С. А. Р. Из м. Шерешева Пружанского уезда //Литовские Епархиальные ведомости. 1895. № 34. Вильна. 1898. С. 317-318.

21. С-цевъ. Пресвятой камень // Минские губернские ведомости. 1868. № 50.

22. (св.)Соловьевич, Н. Выдержки из летописи Песочанской церкви, Игуменского уезда // Минские Епархиальные ведомости. 1869. № 9. С. 263-270.

23. Торжество освящения часовни в посаде Мушино Сарьянского прихода 5 июля с. г. // Полоцкие Епархиальные ведомости. 1904. № 19. С. 652-656.

24. Lorentz, St. Wycieczki Słonimskie. Słonim. 1933.

25. Słownik Geograficzny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. 2. Warszawa. Druk "Wieku". 1881-927s.

26. Słownik Geograficzny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. X1. Warszawa. Druk "Wieku". 1890-960s.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX