Вярнуцца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына

Міфалагічны персанаж "чорт" у беларускім ландшафце


Аўтар: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына,
Дадана: 10-11-2017,
Крыніца: Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына. Міфалагічны персанаж "чорт" у беларускім ландшафце // Фалькларыстычныя даследаванні : Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі. : зб. навук. арт. Вып. 13 / рэдкал.: Т.І. Шамякіна (старш.) [і інш.]; пад навук. рэд. В.В. Прыемка. - Мінск : РІВШ, 2017. С. 32-44.



Для беларускай міфалогіі, фальклорных паданняў і выслоўяў характэрны вобраз чорта, прататыпам якога было язычніцкае хтанічнае боства, звязанае з культам мёртвых і жывёл, чалавечым лёсам і земляробствам, са жрацамі і музыкамі, яму адводзілася важная роля ў сферы эротыкі. Вобраз чорта лічыцца адпаведнікам старажытнага бога Вялеса. У хрысціянскія часы чорта пачалі супрацьпастаўляць Богу. Імем чорта называліся ўсе язычніцкія боствы. Некалі чэрці лічыліся добрымі духамі, а ліхія, дэманічныя рысы ім пачало прыпісваць хрысціянскае духавенства, якое імкнулася знішчыць язычніцкую міфалогію [28,40;29,155-161].

(83KB) Віншаванн ад Д'ябла, паштоўка; Гара Шайтан або Чортава Гара, Мазыр.

Па ўсёй Беларусі сустракаюцца ўзгоркі з назвамі Чортава Гара, ці блізкія да яго (Чартоўка, Чортаў Човен, Бесава Гара і інш.). Чортава Гара ёсць у Вілейскім р-не на беразе Віліі, каля в. Пустошка на Браслаўшчыне, в. Варонічы і в. Гаравыя Полацкага р-на. Так, у Гаравых зафіксавана паданне, згодна якому, адно племя жыло на Чортавай Гары, а другое на суседняй гары Таўкач. Назва Чортава Гара, нібыта, з'явілася ад таго, што тутэйшыя ваяры насілі (78KB) Чертаў Камень-кравец,  в. Воранава Сенненскі р-н; Камень-кравец, в. Гогалеўка Чашніцкі р-н. рагатыя шаломы (запіс Л.Дучыц у 1980 г.). Пра Чортаву Гару ў лесе паміж вёскамі Альсевічы і Брусы на Мядзельшчыне адно з паданняў распавядае пра Чорта, які нёс мех зямлі, мерыўся засыпаць храм, але прапяў певень, і ён выпусціў мех. Па другой версіі падання, Чорт жыў на гары і ноччу хадзіў у вёску да жанчыны. Аднаго разу, калі пачало віднець, Чорт пабег да гары і пацягнуў за сабой начоўкі. Дацягнуўшы да гары, ён кінуў іх, ад чаго там утварылася яміна. Яшчэ і сёння мясцовыя жыхары кажуць, што непадалёк на балоце часта бачаць маленькага старога з сівой барадой [1, № 91].

Паданні пра мех з зямлёй, якую чорт нясе, каб засыпаць раку, храм, вёску, горад - адзін з асноўных сюжэтаў паданняў пра Чортавы Горы і горы з падобнымі назвамі. У Мазыры такое паданне добра вядома пра Шайтан- або Чортаву Гару. Каля в. Мар'янполе паблізу Браслава сінонімам назвы Чортава Гара з'яўляецца назва Вялюніна Гара [26, 10]. Пра Чортаву Гару паміж вёскамі Чамярня, Свяцілавічы і Вялікія Нямкі Веткаўскага р-на Гомельшчыны паданне расказвае пра Волата, які жыў на гары і шпурляў адтуль велізарныя каменныя молаты [17, 127].

Больш за трыццаць вялікіх камянёў у Беларусі маюць назву Чортаў Камень, або сугучныя ёй - Чартолле, Чортава Печ, Чортавы Жорны, Чортава Крэсла, Чортаў Ложак, Чортаў Млын, Чортаў Ступень і інш. Назвы Чортаў Камень сустракаюцца ў сярэднявечных дакументах. Так, у "Літоўскай Метрыцы" пад 1582 г. каля в. Тарасава ў ваколіцах Мінска згадваецца Чортаў камень са знакамі. Пра Чортавы Камяні шырока распаўсюджаны такія ж паданні, як і пра Чортавы Горы, толькі замест меха зямлі чорт нясе валун. Пасля таго, як пяе певень, чорт выпускае камень (Чортава Грэбля на воз. Нарач, Чортаў Мост каля в. Данюшава Смаргонскага р-на). Каля в. Няцеч Лідскага р-на яшчэ ў пач. ХХ ст. ляжаў Чортаў Камень. Паводле падання, яго нёс д'ябал і хацеў забіць біскупа, але раптам на дакудаўскім балоце запяяў певень, ён страціў сілу і выпусціў камень [30, 102-103]. Часта такія сюжэты дубліруюцца і іншымі [10 ; 92, 170, 187]. Напрыклад, у Няцечы расказвалі, што пад Чортавым каменем у 1812 г. французы закапалі скарб [30, 102-103].

Спевы пеўня фігуруюць і ў другіх расповядах. На Пастаўшчыне існуе паданне, дзе каля каменя музыку сустракаюць незнаёмцы ў фраках і прымушаюць яго граць і танчыць. Знясіленага хлопца выратоўвае крык пеўня, і незнаёмцы знікаюць. Другія паданні кажуць пра камяні, на якіх уначы бачны агеньчыкі, а чэрці там гуляюць у карты. Або каля каменя можна пачуць гукі званочкаў [4, 56].

На беразе святой крыніцы, з якой выцякае р. Вільня (левы прыток Віліі) каля в. Кемяны Ашмянскага р-на раней ляжаў Чортаў Камень. Лічылася, што тут вяліся чэрці і прывіды. Пры раскопках археолаг Э. Зайкоўскі выявіў кераміку і рэчы сярэдзіны і другой паловы І тыс. н.э. На думку навукоўца на гэтым месцы магло існаваць свяцілішча [8, 170-171].

З чортам звязаныя і некаторыя камяні-"краўцы" (не менш за тры) і камяні-"шаўцы" (не менш за пяць). Паводле сюжэтаў паданняў, чорт-майстра жыве ў камянях і за невялікую плату шые адзенне ці абутак. Працэс стварэння адзення і абутку ў дадзеным выпадку можна параўнаць з працэсам стварэння Сусвету, самога майстра з медыятарам паміж чалавекам і іншасветам, а ўмоўнае акенца ў камені, праз якое чорт атрымлівае заказы, з мяжой паміж гэтымі прасторамі [10, 70-88].

Адзін з "чортавых краўцоў" ляжыць на беразе р. Абалянка каля в. Вароніна Сенненскага р-на на Віцебшчыне. Паданне расказвае, што некалі людзі прыносілі тканіну, клалі яе на камень, а побач грошы. Праз ноч, нават без меркі, вопратка была гатова. Але аднойчы прыйшла нейкая жанчына, паклала сукно і сказала : "Пашый мне ні тое, ні сёе!". Чорт-кравец адно рукаво ўшыў ў плячо, другое ззаду, а пасля ўвогуле кінуў шыць. Другое паданне распавядае пра краўца, які шыў на Вялікдзень, і таму скамянеў. Пра гэты камень існуе яшчэ адно паданне, дзе гаворыцца, што побач, у Чортавым балоце жылі чэрці, а паблізу стаяла карчма, у якую хадзілі жыхары бліжэйшых вёсак. Позніх наведвальнікаў каля ганку пільнавалі чэрці, а потым вадзілі іх па балоце. Раніцай чалавек прачынаўся распранутым на камені, а ягоны распрэжаны конь пасвіўся побач [1, № 64; 15, 80-81; 24, 172].

У в. Шкленнікова Мядзельскага р-на пра Чортаў Камень распавядаюць, што калісьці ў камені жыў чорт, які па начах бясплатна шыў адзенне. Але аднойчы нейкая жанчына сказала: "Чарток! Пашый мне за ўсіх ладней!". Чорт прышыў два рукавы як звычайна, а трэці на спіне. Баба, калі ўбачыла такое, то раззлавалася і крыкнула "Каб ты праваліўся, чым такое рабіць!" Чорта адразу ж панесла з каменя да возера, дзе ён і знік [6, 70-71].

(78KB) Чортаў або Адолеў Камень вв. Задвор'е, Сцяцкі і Ячнае, Стаўбцоўскі р-н; Камень Чортавы Жорны або Чортаў Млын, в. Асавы Докшыцкі р-н.

Часам з чортам звязваюць і Змееў Камень каля в. Гогалеўка Чашніцкага р-на на Віцебшчыне, які таксама з'яўляецца "краўцом", і, згодна з паданнем, некалі за невялікую плату шыў людзям якасную вопратку: "... занясуць яму сукно шыць, і пададуць праз вакно, і папросяць: "Майстрок, пашый абы надзець, хоць ба дрэнна!" Але варта было папрасіць у яго адзенне, каб у царкву хадзіць, "...дык ён адзін рукаў над задам прышыець, а (70KB) Камень са следам Божай Маці і Чорта, в. Сянежычы Навагрудскі р-н; Dозера Чортава Вока, в. Рацюны Браславскі р-н. другі ў плячах, ...так што ні сабе, ні людзям" [24, 170-172]. Зусім нядаўна пра гэты камень, які людзі называлі ўжо як Чортаў Камень, было запісана зусім іншае паданне. Паводле яго, у камені жыў Чорт, які закахаўся ў мясцовую дзяўчыну, выкраў яе і перанёс у свой камень, дзе яны жылі разам. Бацькі вырашылі вызваліць дачку, але Чорт схапіў дзяўчыну і панёс праз возера. Была навальніца, ўдарыла маланка, і яны патанулі [21, 240-241].

Пра шыючы Чортаў Камень каля в. Стары Пагост Мёрскага р-на Віцебшчыны вядома тры паданні. Паводле аднаго з іх, у камені жыў кравец (шавец). Праз акенца яму давалі тканіну і прасілі пашыць якое-небудзь адзенне. На наступны дзень заказ быў гатовы. Але аднойчы прыйшла ліхая баба, накідала ў акенца гною і прасіла пашыць ёй чаравікі. Бабу на месцы скруціла, акно зачынілася, і краўца ўжо больш ніхто не бачыў. Па другому паданню, камень-"кравец" блукаў па свеце. У нейкім горадзе будавалі храм. За дзень людзі звозілі шмат камянёў, а нейкі чорт за ноч перакідваў іх на другі бераг ракі. Кравец дачуўся пра гэта, ператварыўся з каменя ў волата і пайшоў на тое месца, дзе чорт бузаваў. Перакіне чорт праз раку камень, а волат яму назад два камені. Чорт колькі ні высільваўся, не змог перамагчы краўца і нарэшце здаўся. У выніку сабралася столькі камянёў, што хапіла пабудаваць храм. Трэцяе паданне распавядае, нібыта, чорт нёс камень каб заваліць дзверы храма, але прапяяў певень, і чорт выпусціў камень [2, 46-47].

Камянёў-"шаўцоў" больш, чым "краўцоў". Паданні пра іх ідэнтычны паданням пра падобныя камяні ў Літве і Латвіі [5, 117-121]. У Валожынскім р-не Міншчыны такія камяні ляжаць каля вёсак Ратынцы і Камень. Паводле падання, ў Ратынцах пад каменем жыў Чорт, які рамантаваў боты. На камень клалі ірваныя боты і грошы, а раніцай заказ быў гатовы. У такіх ботах можна было хадзіць толькі на ігрышчы, а калі пайсці да касцёлу, то яны адразу ж развальваліся. Па другому паданню, Чорт нёс камень, каб разбурыць храм, але закрычаў певень, і ён выпусціў валун [15, 74-79]. У в. Камень нейкі чорт таксама шыў боты. Іх заказвалі праз акенца і клалі грошы. Рэшта грошай потым выкідвалася праз вакно. І таксама, як і ў Ратынцах, у такіх ботах можна было хадзіць толькі на ігрышчы. У адным з паданняў пра гэты камень гаворыцца, як прайшоў час, і людзі сталі думаць, што ў камені жыве ліхі дух, таму праклялі яго. З грамады выйшаў стары, наблізіўся да акенца і сказаў: "Каб ты каменем стаў!" [6, 74-75].

Два Чортавы камяні-"шаўцы" знаходзяцца ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Адзін з іх ляжыць каля в. Сяменчыцы. Па аднаму з паданняў, ён рамантаваў абутак, а па другому варыянту, каля каменя адбылася бітва шведаў з нейкім войскам. Выйшлі два палкаводцы і змагаліся, а суддзі сядзелі на камені [1, № 44]. Другі камень ляжыць на ўзвышшы сярод поля, паміж вёскамі Задвор'е, Сцяцкі і Ячнае. Яго называюць яшчэ Адолеў Камень і расказваюць, што ён даваў людзям боты [1, № 46]. Шыў боты і Чортаў Камень каля в. Вялічкі на Пастаўшчыне. Апоўначы людзі быццам чулі там грукат малатка. Балаціна праз дарогу ад каменя завецца Чортава Лазня. Яшчэ расказваюць, што ў гэтай мясцовасці некалі было сем касцёлаў [4, 59].

Ёсць камяні з назвамі Чортавы Жорны (Чортаў Млын). Напрыклад, адзін з такіх камянёў ляжыць у лесе на ўзгорку каля в. Асавы Докшыцкага р-на. Яшчэ і сёння ў навакольных вёсках расказваюць, што тут жыў чорт, які рабіў жорны, але не паспеў дарабіць [1, № 72]. Непадалёк ад в. Брындзяняты Лідскага р-на ў лесе ляжыць камень з натуральным паглыбленнем, яго называюць Чортава Чарка ці Гоманава Чарка. Паданне кажа, быццам у гэтай мясцовасці жыў п'яніца і бядняк Гоман. Ён так дапіўся, што не меў грошай купіць гарэлкі. На грэблі Гоман сустрэў д'ябла і прадаў яму сваю душу за цудоўную чарку ў выглядзе каменя, у якой гарэлка ніколі не пераводзілася. Бядняк увесь час сёрбаў з гэтай чаркі, пакуль аднойчы не памёр. Яшчэ ў наваколлі расказвалі, што ёсць адзін дзень у годзе, калі ў выемцы на камені не дажджавая вада, а сапраўдная гарэлка. Але таго дня нікому не ўдавалася дапільнаваць [30, 102-103].

Сустракаюцца камяні-следавікі з назвамі Чортаў Ступень, Чортаў След і да т.п. Каля в. Сянежычы Навагрудскага р-на на камені два слядкі - вялікі і малы. Малы лічыцца следам Божай Маці, а вялікі - следам Чорта. Паводле падання, Чорт гнаўся за Багародзіцай, але не здолеў дагнаць. Яна схавалася ў манастыры і стала праяўляць цуды. Камяні са слядкамі чорта ёсць паміж вёскамі Булавішкі і Якубянцы Браслаўскага р-на, каля вёсак Наўгароды Мёрскага і Пушкары Сенненскага р-на Віцебскай вобласці [10, 97-99].

Паданні пра Чортавы камяні надзіва разнастайныя. Так, пра Чортаў камень каля в. Сверынава Стаўбцоўскага р-на расказваецца пра чорта, які завабліваў людзей на камень і там іх марозіў [1, № 44]. З Чортавым каменем каля в. Масцішча на Браслаўшчыне звязана паданне пра закапаны скарб (гаршчок з грашыма). Апоўначы тут нібыта з'яўляюцца прывіды і танчаць чэрці, а некалі каля каменя было заклятае вяселле (запіс Л.Дучыц у 1977 г.).

Чэрці ў беларускай міфалогіі маюць адносіны і да вады. Паводле народных уяўленняў, вада разам з зямлёй, паветрам і агнём лічыцца адной з галоўных касмічных стыхій. Даволі часта сустракаюцца такія назвы, як Чортава Возера, Чортава Акно, Чортава Вока, Чортаў Ручай. Асабліва шмат балот з назвамі накшталт Чортава Балота, Чортаў Лог, Чортава Даліна, Чортава Багна, Чортава Міса, Чортава Лазня, Чортава Пячора і інш. [ 7, 98; 12, 321-322; 18, 253; 23, 78-81].

(49KB) Чортава балота, в. Парэчча Гродзенскі р-н; Чортаў Камень, в. Камень Валожынскі р-н.

У паданнях пра паходжанне балот фігуруюць два персанажы - Бог і Чорт. У самым распаўсюджаным беларускім міфе пра паходжанне зямлі і балот гаворыцца, што найперш была адна вада, і па ёй хадзіў Бог. Аднойчы ён ішоў і убачыў вадзяны пухір, які лопнуў, і з яго выскачыў Чорт. Яны разам з Богам пачалі думаць пра стварэнне зямлі, бо нязручна хадзіць па вадзе. Бог паслаў Чорта на дно, адкуль той прынёс "подал" зямлі і яшчэ схаваў поўна за шчокамі. Прынесенае Бог раскідаў па вадзе, і з таго ўзялася зямля. Потым ён загадаў, каб раслі дрэвы і трава. Яны пачалі расці не толькі на зямлі, але і ў чортавым роце, бо той нічога не сказаў Богу пра схаваную зямлю. Чорта расперла, і ён выплюнуў зямлю. Куды пляваў чорт, там і рабіліся балоты [7, 94-95; 11, 74-90; 19, 301-302].

(156KB) Чортаў Камень Ратынцы, Валожынскі р-н.

Вельмі блізкае па сюжэце паданне было запісана А. Сержпутоўскім пра паходжанне Чучавіцкага Чортавага балота на Палессі. У гэтым варыянце падання з чортавага насення, схаванага ад Бога, ствараецца не толькі балота, але і расце ўсялякая непатрэбная трава, у тым ліку, лаза. У выніку лазы вырасла так шмат, што яе не здолела ні сонейка спаліць, ні мароз вымаразіць. Неяк чалавек наздзіраў з лазы кары і віў з яе вяроўкі. Калі Чорт пачаў гэтым цікавіцца і падышоў да чалавека, то той звязаў нячысціка вяроўкай і прывязаў да велічэзнага дубу. Чорт спужаўся, выдраў дуб з карэннем і пачаў з ім бегаць па балоце, пакуль яго не ўзараў. Так і ўтварылася Чучавіцкае Чортава Балота [25, 177-179].

Чортава або Чорнае Балота ў в. Баравуха Полацкага р-на звязваюць з ведзьмай, якая нібыта жыла там, і таму людзі баяліся хадзіць рыбачыць. У в. Скрунды Пастаўскага р-на расказвалі, што на Чортавым балоце нешта " грукае, і звяры нейкія здаюцца". Чортавымі балотамі называюць балоты каля вёсак Ткачова Полацкага і Кастрыца Лепельскага раёнаў, яны топкія і маюць т.зв. вокны балотнай вады, якія не замярзаюць нават у лютыя маразы. Лічаць, што там жыве чорт і зводзіць з дарогі мінакоў, калі тыя спрабуюць скарыстацца кароткай дарогай праз балота. Многія доўга блукаюць, а некаторыя знікаюць назаўсёды. Чорт, які нібыта жыве ў Чортавым Балоце каля в. Баяршчына Сенненскага р-на, таксама зацягвае людзей у дрыгву. Побач з гэтым балотам знаходзіцца вялікая гара пад назвай Начоўкі [21, 182-185].

На Слонімшчыне паміж вёскамі Перавалока і Вострава, паводле падання, у балоце жыў чорт. Таго, хто там праходзіў, ён доўга вадзіў і не выпускаў. Так здарылася з адным селянінам, які паехаў на кані праз балота. Ехаў ён некалькі гадзін, пакуль не ўбачыў, што так нікуды і не ад'ехаў ад сваёй вёскі [14, 111].

Некаторыя балоты маюць назвы Чортава Вока (в. Адэльск Гродзенскі, в. Азярніца Слонімскі р-н і інш.). Пра такое балота ў в. Азярніца легенда распавядае пра аднаго дзяка, які вельмі любіў выпіць. Ён дапіўся да таго, што пачаў прадаваць каштоўныя рэчы з царквы. Аднойчы дзяк нёс у суседнюю вёску срэбны крыж на продаж. Праходзячы праз балота, сустрэў там Чорта. Чорт збіраўся зацягнуць дзяка ў балота, але той успомніў пра крыж, выцягнуў яго з кішэні і пайшоў на Чорта. Раптам крыж пачаў свяціцца дзіўным агнём, Чорт скамянеў і знік пад зямлёй. З таго часу людзі пачалі называць тую мяcціну Чортавым Вокам [14, 112-113].

Апроч балот, ёсць і Чортавы азёры. Зрэшты існуе навуковая тэорыя, што ўсе балоты раней былі азёрамі, а з часам пазарасталі і ператварыліся ў багністыя мясціны. Паводле ж паданняў, гэта здарылася пасля таго, як некаторыя анёлы здрадзілі Богу, паддаліся на крамольныя словы ягонага антаганіста - прыгажуна-волата, і пачалі каламуціць азёры і рэкі. Пасля гэтага на галовах тых анёлаў выраслі рогі, а замест языкоў у іх з'явіліся вогненныя джалы. Ім пачалі даваць розныя імёны: чорт, д'ябал, шайтан, нячысцік і інш. Жыць жа ім было прызначана богам у тых водах, якія яны замуцілі і ператварылі ў балоты [27, 340-341].

Каля в. Парэчча Гродзенскага р-на ёсць Чортава возера, Чортава балота і Чортава Гара. Распавядаюць, што тут нідзе няма ніякага жыцця: не селяцца жывёлы, птушкі, не вядзецца рыба. Усё ад таго, што пад ваду сышла багатая вёска, а разам з ёй і ўсё жывое. Па начах на гэтым гіблым месцы можна ўбачыць агеньчыкі на гары і свячэнне пад вадой, пачуць стогны тапельцаў. Другая легенда адсутнасць жыцця тлумачыць тым, што ў 1812 г., адступаючы з Масквы, Напалеон загадаў пераплавіць усе свае каштоўнасці ў пяцьсот кілаграмаў золата і пяць тон серабра. Аднак падчас пераправы праз возера скарб знік і дагэтуль не знойдзены. Некаторыя ўпэўнены, што золата і срэбра ляжаць на дне возера, і таму там няма нічога жывога [3].

Каля в. Багданаўка Шчучынскага р-на на Гродзеншчыне ёсць глыбокае возера пад назвай Чортава Вакно. Паданне сцвярджае, што на месцы возера некалі была высокая гара, і на ёй месціўся палац пана Карпінскага. Пан быў злосны і ўвесь час, нават на святы, ганяў людзей на працу. Людзі клялі яго, і з таго пракляцця палац разам з панам праваліўся, а на яго месцы ўтварылася возера. Людзі ўзялі вяроўку, прывязалі камень і пачалі мераць глыбіню. Дна ўсё не было і не было, і раптам з возера пачуўся голас: " Не мерай вяроўкаю, бо памераемгалоўкаю!" З таго часу больш ніхто не наважваўся мераць глыбіню возера. Таму і празвалі яго Чортавым Акном [13, 262].

Азёры, звязаныя з чортам, ёсць і ў іншых мясцінах Беларусі. У Чашніцкім р-не Віцебшчыны Чорнае возера называюць яшчэ і Чортавым. Азёры з такой назвай знаходзяцца каля в. Падлужжа Глускага р-на Магілёўскай вобл. і на тэрыторыі Расонскага р-на Віцебскай вобл. У Браслаўскім р-не ёсць возера пад назвай Чартоўскае, а каля в. Расохі Мядзельскага р-на возера Чарток. Чартоўскі Омут месціцца ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. каля в. Ястрабель і інш. [9, 724-725].

Захаваліся паданні пра ўрочышчы пад назвай Чортава Дарога, Чортаў Мост, Чортава Ляда, Чортаў Памёт, Чартоўка і інш. Так, на Браслаўшчыне на воз. Рычы ёсць мыс, які называюць Чортавай Дарогай. Паданні пра такія мясціны падобныя да паданняў пра Чортавы балоты і азёры. Звычайна чорт доўга "водзіць" або "круціць" падпітага чалавека, пакуль той не змерзне, а потым прапаноўвае яму адпачыць ці пагрэцца на камені, або на купіне. Лічыцца, што на некаторых такіх Чортавых Дарогах і Чортавых Мастах, асабліва каля балот, людзям з'яўляюцца чэрці, якія набываюць выгляд заможнага пана або "немца" ці пэўных жывёл (козліка, ката, барана). Найчасцей за ўсё нячыстая сіла быццам бы збіраецца на мосце ці каля яго. На Пастаўшчыне на рацэ Спарыца, якая перасякае дарогу Паставы-Лынтупы, размешчаны Чортаў Мост, а непадалёк Чортава або Лысая Гара. Па легендзе, на гары жыў чорт, а на мосце ён ладзіў свае "чортавы забавы". Кажуць, што да нядаўняга часу, пакуль мост быў драўляным, на ім нечакана правальваліся вазы, жывёла, тэхніка, знікалі людзі [22, 99].

Урочышча Чортава Ляда непадалёк ад в. Гадзіўля Лепельскага р-на называецца так ад таго, што яго нібыта капаў сам чорт. Паміж вёскамі Тухаціна і Афераўшчына Ушацкага р-на знаходзіцца ўрочышча Чортаў Памёт. Расказваюць, што, калі тут праходзяць маладыя людзі, спяваюць, тады ўсё нармальна, а калі старыя і моляцца - чорт пачынае іх дражніць і кідацца карчамі. Таксама кажуць, што ва ўрочышчы Чартоўка каля в. Варонічы Полацкага р-на " зданкі здаюцца" [ 21, 254-255, 260].

Легендарны Чорт мае дачыненне і да марэннай грады, якая падзяляе воз. Свібла (Свібельскае). Цяпер гэта на тэрыторыі Себежскага р-на Пскоўскай вобл. Расіі (былая Віцебская губ.). Паводле падання, на беразе некалі жылі ў поўнай згодзе два племені - свевы і лівы. Дачка свеўскага цара Рожа пакахала прыгожага цара ліваў Ліграя. Ужо пачалі рыхтавацца да вяселля, і раптам аднекуль з'явіўся багаты нямецкі рыцар Ліхдзей, які падарункамі і пагрозамі стаў дамагацца кахання свеўскай царэўны. Бацька Рожы, каб адпрэчыць немца, прапанаваў яму цягам адной ночы пабудаваць праз возера мост. Ліхдзей згадзіўся, і на дапамогу яму прыйшла нячыстая сіла. Усю ноч яны будавалі мост, але перад світанкам запяяў певень, і з гары зваліўся велізарны камень. Мост застаўся недабудаваным, а рыцар, у якога пераўвасобіўся чорт, назаўсёды знік. Рожа пабралася з Ліграем і зажылі яны шчасліва. Возера і дагэтуль падзяляе града Чортаў Мост, на пачатку якой ляжыць вялізны валун [13, 84-90].

Пры дарозе з в. Ісаевічы на Слонім цягнецца у выглядзе даволі доўгай дугі земляны вал, які ў народзе называюць Чортава Грэбля. Непадалёк, у ваколіцах Пеннага Балота, у далёкія часы існаваў глыбокі доўгі роў, які мясцовыя жыхары называлі Чортавай Сцежкай [20, 21-33].

Вядома, што возера Нарач вельмі глыбокае, месцамі глыбіня дасягае 25 м. Тым не менш, непадалёк ад гэтай яміны на дне знаходзіцца вялікая града, «пабудаваная» самой прыродай з пяску і валуноў. Паводле легенды, тут працавала нячыстая сіла. Таму і назва грады адпаведная - Чортава Грэбля [Блакітнае люстэрка Беларусі. Эл. рэсурс].


Пра тое, што вобраз чорта - гэта персаніфікацыя даўняга боства нашых продкаў, сведчыць інфармацыя пра яшчэ зусім нядаўняе пакланенне "чортавым" сакральным аб'ектам. Так, у пачатку ХХ ст. у в. Стары Пагост Мёрскага р-на Віцебшчыны на Купалле ішлі да Чортавага каменя-"краўца", дзе і адбывалася святкаванне [2, 46-47]. Да 1970-х гадоў у в. Лапухова Слонімскага р-на на Купалле моладзь хадзіла да Чортавага Каменя на выспу сярод вышэйзгаданага Пеннага балота і ладзіла там ігрышчы. Потым падчас меліярацыі камень знішчылі. Паводле падання, на гэтым месцы некалі стаяў горад, які за нейкую правіннасць спаліў Змей [8,176].

Такім чынам, вышэйпрыведзеныя легенды і паданні адлюстроўваюць тое, што да ўстанаўлення ў свядомасці нашых продкаў хрысціянскіх догмаў, падобныя ландшафтныя аб'екты выконвалі сакральныя функцыі, якія мяняліся з цягам часу пад уздзеяннем рэлігійных рэформ і знешніх фактараў. Таксама, як і сама рэлігія: ад культу продкаў да культу плоднасці, ад вялікага хтанічнага боства да лакальных "нячысцікаў", якія ў хрысціянскія часы працягваюць рэўнасна ахоўваць локусы свайго існавання.

Літаратура:

1. Архіў Этна-гістарычнага цэнтра "Явар". Справы №№ 44, 46, 64, 72, 91.

2. В-т, Аб камянях-краўцах /В-т //Крывіч. 1923. № 6.- С. 46-47.

3. Гаврицкий, И. На то и Чертово, чтобы козни творить /И. Гаврицкий //Гродзенская праўда.[Электронны рэсурс].-2016.-Рэжым доступу: grodnonews.by/category/priroda-i-ekologiya/news1779.html -- Дата> доступу:19.03.2016.

4. Гарбуль, А. Скарбы сівых валуноў /А.Гарбуль. Паставы. 2002.-103с.

5. Дучыц, Л. Крыўска-літоўска-латышскія паданні пра культавыя камяні /Л.Дучыц //Druvis.2005. № 1.- С. 117-121.

6. Дучыц, Л.У. Камяні-"краўцы" і камяні-"шаўцы" /Л.У.Дучыц [ і інш.] //Палявая фалькларыстыка і этналогія: даследаванні лакальных культур Беларусі /уклад. І.Ю. Смірновай; БДУК і М. Пад навук. рэд. В.А. Лаюачэўскай. Мн.: 2008.- С. 69-86.

7. Дучыц, Л. Сакральная геаграфія Беларусі /Л. Дучыц, І. Клімковіч. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. - 384с.

8. Зайковский, Э.Предания о языческих культовых памятниках Беларуси и археология /Э. Зайковский //Kulturas krustpunkti.-3. Laidiens.-Riga : 2006. - S. 163-182.

9. Иванов-Смоленский, В.Г.Все озера Беларуси. Справочник. /В.Г. Иванов-Смоленский. Минск: Рифтур принт. 2013 - 751с.

10. Карабанаў, А.К. Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі /А.К. Карабанаў [і інш.]; Нац. Акад. Навук Беларусі, Інстытут прыродакарыстання.-Мінск: Беларуская навука, 2011. - 235с.

11. Клімковіч, І. Балота як элемент культурнага ландшафту. Міфалогія балот./І. Клімковіч // Культурны ландшафт Вілейшчыны. Матэр. Вілейскай рэгіянальнай навукова-практ. канф. Вілейка, 26-27 ліпеня 2003г. - Мінск: РУП Мінсктыппраект, 2004. - 144с.

12. Ламака, В.М. Анамастычны слоўнік Гродзеншчыны //В.М.Ламака [і інш.]. У 2-ух частках. Ч.1. Мікратапонімы. Гродна. 2005. - 346с.

13. Легенды і паданні /склад. М. Я. Грынблат і А.І. Гурскі.-Мінск: Навука і тэхніка, 1983. - 544с.

14. Легенды і паданні Слонімскай зямлі (укладанне: С.Чыгрын). Мінск. - 120с.

15. Ляўкоў, Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны /Э.А.Ляўкоў. Мн. Навука і тэхніка. - 207с.

16. Ляўкоў, Э.А. Чортавы камяні /Э.А.Ляўкоў [ і інш.];// Гістарычна-археалагічны зборнік. Вып. ХІ. Мн. 1997. - С. 151-156.

17. Макушников, О.А. Гомельское Поднепровье в V- середине ХIII вв. Социально-экономическое и этнокультурное развитие./О.А. Макушников. Гомель. УО « ГГУ им. Ф. Скорины, 2009-216с.

18. Мікратапаніміка Беларусі. Матэрыялы. Мн.: Навука і тэхніка. 1974 - 326с.

19. Никифоровский, Н.Я. Простонародныя приметы и поверья: Суеверные обряды и обычаи, легендарныя сказания о лицах и местах /Н.Я. Никифоровский. Витебск: Губернская Типо-Литография. 1897.-307с.

20. Покровский , Ф.В. Археологическая карта Гродненской губернии /Ф.В. Покровский.Вильна: Тип. А.Г. Сыркина, 1895. - 166с.

21. Полацкі этнаграфічны зборнік /уклад., прадм. І паказ. У.А. Лобача.- Вып.ІІ : Народная проза беларусаў Падзвіння. У 2 ч. Ч.1.-Новаполацк: ПДУ.2011. - 292с.

22. Пракаповіч, І.М. Фізічная геаграфія Пастаўскага р-на /І.М. Праккаповіч. Мн. Кнігазбор. 2007. - 122с.

23. Рогалев, А.Ф. Скрытый смысл географических названий, легенд и преданий ( по материалам Беларуси) /А.Ф. Рогалев. Гомель « Барк». 2012 - 207с.

24. Романов, Е.Р. Белорусский сборник. Вып.4. Сказки космогонические и культурные /Е.Р. Романов. Витебск : 1891. - 219с.

25. Сержпутовский, А. К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков /А.К. Сержпутовскийй. Мн.: Універсітэцкае. 1999. - 192с.

26. Шыдлоўскі, К. У прадчуванні сапраўднага Бога ( дахрысціянскія вераванні і культы жыхароў Браслава і наваколля) /К. Шыдлоўскі //Браслаўскія сшыткі. Браслаў, 1997. № 2. - С. 5-12.

27. Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края /П.В. Шейн. - Спб: Типография Императорской Академии Наук, 1893. - 715с.

28. Maciejek, A. Postać diabła w tradycyjnych wierzeniach ludu białoruskiego /A. Maciejek //Euhemer/ Przegląd religioznawczy. Rok XVII.-Warszawa. Państwowe Wydawnictwo Naukowe. 1973.№ 4 (90). - S. 39-48.

29. Szepielewicz, L. Zły duch w wiekach średnich /L. Szepielewicz //Ateneum. Pismo naukowe i literackie. T.1. Rok 14. Warszawa: Drukiem K. Kowalewskiego,-1889. - S.155-161.

30. Szymielewicz, M. Zabytkowe kamienie /M. Szymielewicz //Ziemia Lidzka. Miesięcznik krajoznawczo-regionalny. 1937. № 10. - S. 102-103.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX